Электронная библиотека » Алесь Карлюкевiч » » онлайн чтение - страница 8


  • Текст добавлен: 30 ноября 2018, 23:20


Автор книги: Алесь Карлюкевiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 8 (всего у книги 26 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Радзіма – Мазыршчына

Калі Міхаіл Фінберг – кампазітар, дырыжор, кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі – падчас аднаго з юбілеяў роднага горада даведаўся, што адзначаны званнем ганаровага грамадзяніна Мазыра, то сказаў журналістам: “Я ганаруся, што нарадзіўся ў Мазыры і адолеў у гэтым горадзе азы музычнай творчасці”. Мазыр, Мазыршчына… Тым, што нарадзіліся ў Мазырскім краі, ганарыцца могуць многія і многія. Мы ж давайце ўспомнім хаця б некаторыя імёны.

Нараджэннем з 1905-га Ілья Рыгоравіч Некрашэвіч. Сын рабочага, ён у 1923 годзе паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З таго часу лёс нашага суайчынніка аказаўся паяднаным з універсітэтам на доўгія дзесяцігоддзі. Менавіта Ілья Рыгоравіч правёў першыя ў БДУ доследы па радыёфізіцы дэцыметровых хваляў. Некрашэвіч адкрыў і вывучыў інверсію выпрамлення паўправадніковых дэтэктараў. Гэта падштурхнула да наступных крокаў у навуцы. Вучоны стварыў аснову для так званай міграцыйнай тэорыі электрычнай эрозіі электродаў у імпульсным электрычным разрадзе. Яе пасля развілі і пашырылі вучні Некрашэвіча. Здабыткі доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Некрашэвіча сталіся добрым падмуркам для развіцця электроннай прамысловасці ў 1970—80-я гады. Адзнакамі яго руплівай працы сталі ордэн Леніна, ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. У Вялікую Айчынную вайну Некрашэвіч быў падпольшчыкам у акупіраваным Мінску. А з 1943 года знаходзіўся ў партызанах, заслужыў баявыя ўзнагароды: медалі “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За адвагу” і іншыя.


Мазыр. Від на Калінік


Мазыр – радзіма заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Пятра Дурчына. Нарадзіўся ў кастрычніку 1918 года. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён з самага пачатку творчай работы прыкіпеў да тэмы абароны Брэсцкай крэпасці. Таму і не дзіўна, што ў інтэрв’ю адной з газет дырэктар мемарыяльнага комплексу Валерый Губарэнка заўважыў: “Даўняя мара – прывесці ў парадак і адрэстаўраваць закінутыя памяшканні казарм ля Холмскіх варот і зрабіць там выставачную залу – урэшце ажыццявілася. Наша задача заключалася ў тым, каб узнавіць абстаноўку майстэрні Пятра Сідаравіча, які сваёй нястомнай працай і талентам увекавечыў імёны абаронцаў Брэсцкай крэпасці”. Разам з таленавітым скульптарам Фёдарам Зільбертам у 1957 годзе Дурчынвыканаў для Брэсцкага краязнаўчага музея маштабную дыяраму “Абарона Брэсцкай крэпасці”. Пётр Сідаравіч, якога па праву можна назваць “Сяргеем Смірновым у выяўленчым мастацтве”, стварыў болей як 200 партрэтаў, пейзажаў, прысвечаных крэпасці і яе абаронцам. Праўда, у спадчыне мастака засталася і серыя работ з назвай “Мазыр – горад на Палессі”.

Мазыр – радзіма заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Пятра Дурчына. Нарадзіўся ў кастрычніку 1918 года. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён з самага пачатку творчай работы прыкіпеў да тэмы абароны Брэсцкай крэпасці. Таму і не дзіўна, што ў інтэрв’ю адной з газет дырэктар мемарыяльнага комплексу Валерый Губарэнка заўважыў: “Даўняя мара – прывесці ў парадак і адрэстаўраваць закінутыя памяшканні казарм ля Холмскіх варот і зрабіць там выставачную залу – урэшце ажыццявілася. Наша задача заключалася ў тым, каб узнавіць абстаноўку майстэрні Пятра Сідаравіча, які сваёй нястомнай працай і талентам увекавечыў імёны абаронцаў Брэсцкай крэпасці”. Разам з таленавітым скульптарам Фёдарам Зільбертам у 1957 годзе Дурчын выканаў для Брэсцкага краязнаўчага музея маштабную дыяраму “Абарона Брэсцкай крэпасці”. Пётр Сідаравіч, якога па праву можна назваць “Сяргеем Смірновым у выяўленчым мастацтве”, стварыў болей як 200 партрэтаў, пейзажаў, прысвечаных крэпасці і яе абаронцам. Праўда, у спадчыне мастака засталася і серыя работ з назвай “Мазыр – горад на Палессі”.

У Мазыры ў 1921 годзе нарадзіўся рускі літаратуразнавец Іосіф Вайнберг. Яго згадваюць цяпер не дужа часта. І зразу мела, чаму: кола навуковых зацікаўленняў нашага земляка – творчасць Максіма Горкага. Цяпер пралетарскі пісьменнік не ў вялікай пашане. Пяру І. Вайнберга належаць кнігі “Жыццё Кліма Самгіна. Гісторыка-літаратурны каментарый” (1971), “За горкаўскім радком. Рэальны факт і праўда мастацтва ў рамане «Жыццё Кліма Самгіна»” (1976) і іншыя. Менавіта дзякуючы Іосіфу Ірмавічу былі адкрыты многія “белыя плямы” ў жыцці і творчасці Горкага.

Горад на Прыпяці вывеў у жыццё легендарную рэвалюцыянерку-народніцу Гесю Гельфман. Нараджэннем з 1852 ці 1853 года. На курсах у Кіеве вяла рэвалюцыйную прапаганду сярод рабочых. У 1877-м была прыгаворана да двух гадоў зняволення. У 1879-м уступіла ў “Народную волю”. На канспіратыўных кватэрах Гельфман размяшчалася друкарня “Рабочей газеты”. Геся хавала выбуховыя рэчывы ў час падрыхтоўкі да замаху на Аляксандра II. Разам з А. Жалябавым, С. Пяроўскім, М. Кібальчычам, Ц. Міхайлавым і М. Рысаковым прыгаворана да павешання. Выкананне прысуду, паколькі Геся была цяжарная, адтэрмінавалі. Следам пачалася шырокая, па тым часе беспрэцэдэнтная кампанія ў абарону мазыранкі. Цар быў вымушаны замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. У доме папярэдняга зняволення Геся Гельфман нарадзіла дзіця, а ў хуткім часе памерла. Вобраз рэвалюцыянеркі стаўся прадметам мастацкага ўвасаблення ў творах беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Мехава, Алега Ждана.

…Мазыр упершыню згадваецца ў летапісных крыніцах у 1155 годзе. Уваходзіў у Кіеўскае княства. У XIV стагоддзі на месцы дзядзінца XII стагоддзя ў Мазыры быў усталяваны драўляны замак, які ў 1497 годзе разбурылі татары. З XIV стагоддзя Мазыр – у складзе Вялікага Княства Літоўскага… Пра гістарычныя адметнасці гэтых і наступных стагоддзяў Мазыра, Мазырскай старонкі я часта гутару з пісьменнікам Андрэем Федарэнкам. Ён, між іншым, мазырскі. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Бярозаўка, дзе пасля вайсковай службы некаторы час працаваў бібліятэкарам. І ў кнігах, творах Федарэнкі так ці іначай прысутнічае родны куточак. Часам нават шкадаванне пасля чарговага звароту да прозы “бібліятэкара з Бярозаўкі” ўзнікае: “Чаму Федарэнку рэдка выдаюць? Чаму яго апавяданні, аповесці не знаёмыя самаму шырокаму чытачу?!.” Але ж – не пра гэта размова. Пытаюся неяк у Федарэнкі пра тое, а ці не возьмецца калі за гістарычнае палатно пра Мазыр, Мазырскі край. Андрэй задумваецца, а пасля рашуча адказвае: “А чаму б і не. Але як і калі гэта будзе зроблена – пакажа час… Дарэчы, родам з Мазыршчыны (вёска Крушнікі) і літаратар Анатоль Бароўскі: якраз ён, як мне падаецца, у мазырскіх сюжэтах з розных часін досыць дасведчаны…”

Што ж, будзем чакаць новых старонак у мастацкім летапісе Мазыра, Мазыршчыны. Тым болей што край гэты – прастора, якая літаратараў у розныя гады сваёй энергетыкай сілкавала. З Мазыра родам – гістарычны празаік Анатоль Левандоўскі. На розных мовах пабачылі свет ці не з паўсотні яго кніг. І шэраг з іх – пра Жанну д’Арк, Максімільяна Рабесп’ера, Дантона – выйшлі ў “маладагвардзейскай” серыі “Жыццё знакамітых людзей”. З Мазыра – таленавітая паэтка Святлана Басуматрава. А яшчэ – літаратурны крытык, празаік Сяргей Дубавец. З мазырскай вёскі Забалацце – празаік Іван Капыловіч. Значыць, мастацкі летапіс павінен атрымацца самым шырокім.

Мінск – горад мастакоў

Мы прызвычаіліся, што хутчэй Віцебск назавуць горадам мастакоў ці нават Маладзечна, чым Мінск. А між тым, калі быць аб’ектыўным, даўно ўжо наша сталіца і з’яўляецца сталіцай выяўленчага мастацтва. І справа не толькі ў шырокім дыяпазоне стасункаў творцаў з гледачамі. І зусім не ў колькасці выстаў, што арганізоўваюцца ў горадзе над Свіслаччу… Мінск – адукацыйны мастацкі цэнтр краіны. Акадэмія мастацтваў, мастацкае вучылішча, каледж мастацтваў. Апошнія пятнаццаць-дваццаць гадоў тут – і галоўны мастацкі перыядычны друк: часопіс “Мастацтва”, газета “Культура”. А яшчэ і раней заснаваныя выданні – дастаткова ўважлівыя да здабыткаў жывапісцаў, скульптараў, графікаў…

І маючы ўсе гэтыя акалічнасці пад увагай, не магу не згадаць вялікую кагорту мастакоў-сучаснікаў, хто нараджэннем сваім абавязаны Мінску. У іх шэрагах – жывапісец і графік Янка Раманоўскі, Уладзімір Стальмашонак, скульптар Уладзімір Ананька, народны мастак Беларусі Іван Ахрэмчык, Анатоль Бараноўскі, Фёдар Бараноўскі, Генрых Бржазоўскі, Юрый Карачун, Арлен Кашкурэвіч, Віктар Вярсоцкі, Рыгор Віткоўскі, Давід Габерман… Яны – розныя па гадах нараджэння, аднолькавыя ў большасці сваёй у галоўным: яны бачылі і па-мастацку, творча асэнсоўвалі даваенны горад. Той Мінск, які шмат што яшчэ захоўваў з даўніны. Можна браць відарысы са старых паштовак і прыкладваць да палотнаў і графічных лістоў мастакоў і ўзбагачацца адметным прачытаннем біяграфіі горада на Свіслачы.

Ужо толькі да юбілейных дат (і то, пэўна, не заўсёды, хутчэй – у звязку з дачкой, таксама мастачкай) згадваецца імя Рыгора Антонавіча Віткоўскага (нарадзіўся ў 1923 годзе). А часцей бы выстаўлялася яго серыя графічных работ пад агульнай назвай “Мінск учора і сёння”, то і адкрыццяў у нас паболела б… Адкрыццяў, звязаных з эстэтычнай, духоўнай асалодай.


Мінск. Захар'еўская вул. 1930-я гг.


Легенда беларускага жывапісу – Іван Восіпавіч Ахрэмчык. Нарадзіўся ў 1903 годзе. Пакінуў след не толькі ў жывапісе, а займаўся яшчэ і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Зазірніце ў Дом дружбы па вуліцы Захарава. Пано “Беларускія народныя майстры” – яго і Ісаака Давідовіча работа. Разам яны выканалі і плафон “Дружба народаў” у Беларускім тэатры юнага гледача. А партрэты мінчан, зробленыя Іванам Восіпавічам, – сапраўдная галерэя: Уладзіслаў Галубок, Кузьма Чорны, Марыя Осіпава, Пятро Глебка, Глеб Глебаў, Еўсцігней Міровіч…

“Мінск наш”, “Вуліца Танкавая”, “Вызваленне Мінска ў 1944 годзе” – гэта толькі некаторыя з “гарадскіх” работ жывапісца Фёдара Бараноўскага. Сталіца, колішнія яе ваколіцы – і на пейзажах Генрыха Бржазоўскага. Мне асабліва даспадобы “Дубы Курасоўшчыны”. Шкада, што працы гэтага класіка сацрэалізму ў айчынным жывапісе, лічы, не выстаўляюцца ў Мінску, малавядомыя сталічнаму гледачу. Большасць намаляваных за доўгае творчае жыццё карцін (нарадзіўся Бржазоўскі ў 1912 годзе, пражыў больш за 90 гадоў, працаваў у майстэрні амаль да апошніх сваіх дзён) знаходзіцца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Мо з часам там асобна вылучаць выставу “Мінскія краявіды Генрыха Бржазоўскага”! Дарэчы, мастак у свой час быў ушанаваны званнем ганаровы грамадзянін горада Мар’іна Горка.

Мастацкім летапісцам сталіцы можна па праву лічыць і народнага мастака Беларусі Мая Данцыга (нарадзіўся ў 1930 годзе). “Раніца новага Мінска”, “Мой горад старажытны, малады”, “Вызваленне” – у актыве неардынарнага, таленавітага творцы безліч работ, прысвечаных роднаму Мінску. Многія палотны Мая Данцыга ёсць у фондах і экспазіцыях не толькі музеяў Беларусі, але і Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Экскурсіі па горадзе прынясуць вам велізарную асалоду, калі вы ўзброіцеся рэпрадукцыямі работ такіх чуйных да мінскай прасторы мастакоў, як Раіса Кудрэвіч, Яўген Кулік, Барыс Караванаў (шкада, што вось колькі ўжо гадоў ён жыве ў Ізраілі, хаця і Мінск не забывае – прывозіць сюды свае новыя работы), Лілія Краскова, Дзяніс Раманюк, Вячаслаў Рускевіч, Ігар Рымашэўскі, Васіль Сумараў… У кожнага з іх – свой горад, свае ўражанні і адкрыцці. Уявіўшы віртуальную магчымасць пабачыць усе “мінскія” творы разам, я дзіўлюся багаццю адкрыццяў, якія здзейснены розумам і фантазіяй мастакоў розных пакаленняў.

Ёсць яшчэ адно імя, чые творчыя здабыткі прыцягваюць мяне асабліва. Мікалай Васільевіч Дучыц… Ён нарадзіўся, праўда, не ў Мінску, а на Гродзеншчыне – у старажытным мястэчку Любча, не так і далёка ад Навагрудка. Адукацыю прафесійную атрымаў у 1914—1915 гг. – у Петраградскай школе таварыства заахвочвання мастацтваў. У мастацкіх выстаўках пачаў удзельнічаць у 1925 годзе. Пейзажы “У старым Мінску”, “Мост на вуліцы Янкі Купалы”, “На беразе Свіслачы” – гэта сапраўдная сімфонія захопленасці жыццём, уражлівы погляд праз часы і прастору. Але самае галоўнае, што раіў бы разгледзець сярод здабыткаў Мікалая Дучыца, – серыю гравюр “Стары Мінск” і цыкл акварэляў, аб’яднаных агульнай назвай “Краявіды Мінска”. Так хочацца, каб усе са згаданых работ прадсталі перад гледачом разам, у адной мастацкай зале. Мо адважыцца на такі творчы праект Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, які становіцца ўсё болей і болей прыцягальным для мінчан, гасцей сталіцы?.. І акрамя згаданых майстроў дадаць у такі асаблівы “Мінскі вернісаж” жывапіс і графіку Юзафа Пешкі (жыў у Мінску напрыканцы XVIII стагоддзя), Яна Дамеля, бацькі і сына Антоні і Юзафа Гіляры Главацкіх… Уявіце, якія цуды нам прыадчыняюцца! А поруч з карцінамі, пейзажамі, графічнымі лістамі – старыя фатаграфічныя паштоўкі пра Мінск канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Мо нават такая экспазіцыя стала б асновай, фундаментам Мінскага гарадскога краязнаўчага музея, стварыць які даўно наспела патрэба? Ці хутчэй – узнавіць. У 1911 годзе члены Таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі ўжо былі стварылі гарадскую скарбніцу памятак даўніны. Адчыніў музей свае дзверы ў чэрвені 1912-га і праіснаваў да 1915 года. Складаўся з наступных аддзелаў: археалагічны, гістарычны, этнаграфічны, прыродазнаўчы і мастацка-прамысловы. Аснова экспазіцыі была з ахвяраванняў заснавальнікаў музея, устаноў горада, жыхароў Мінска – словам, тых, хто да гістарычнай памяці нераўнадушны. Здаецца, такія яшчэ не перавяліся…

Зоркавы край!

Сярод маёй хатняй кніжніцы асобная паліца – томікі (часам і ў мяккай вокладцы, але для мяне – усё адно томікі) Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Што набываў у пару выдання, а што пасля знаходзіў – у букіністычнай краме. Томікі – для частага звароту, на тое, каб мову далей вучыць, каб асалоду мець з чытання напісанага доктарам навук і пісьменнікам, стылістам моцнага гарту Фёдарам Міхайлавічам Янкоўскім. І да герояў яго абразкоў пранікаешся той жа павагай, што і да мовы.

Чытаю, прыкладам, пра аднаго з ураджэнцаў Мсціслава: “Лявон Падгайскі быў мой студэнт і аспірант. Кандыдат філалагічных навук, ён стаў на гэтым тыдні доктарам педагагічных навук. Ведаю яго, як сябе. Сірата з маленства, басаногі ў вайну і пасля вайны. Падрос – вучыўся, вывучыўся. І нястомны ён у працы. Высокі і стройны, асілак у плячах, у руках, у хадзе. Бацька, як на сёння, вялікай сям’і: чатыры сыны. Былы мой вучань – калега, паплечнік, супольнік. Радуюся, дорага: вучоны Лявон Падгайскі не цешыцца тым, што ўжо зрабіў, не цешыцца тым, што напісаў і надрукаваў (у мяне на паліцы яго дзевяць кніжак!). Лявон жыве тым, што робіць, жыве тым, што зробіць, што мяркуе зрабіць. А працоўнае, творчае поле яго дарагое. Яно, поле, – яго, і маё, і наша: беларусістыка, вывучэнне мовы ў школе, інстытуце”. Няма ўжо Фёдара Міхайлавіча. Яшчэ раней – так здарылася! – пайшоў з жыцця Лявон Падгайскі. Ведаю яго сына – Міхася, вядомага ў краіне журналіста. І часта, аглядаючыся на лёс Лявона Падгайскага, думаю пра багацце Мсціслава на людзей адметных, дзейных. Сапраўдны зоркавы край!

Да ранейшага Мсціслаўскага раёна належала вёска Соіна, дзе нарадзіўся рускі астраном Дзмітрый Іванавіч Дубяга. Працаваў у Пулкаўскай абсерваторыі. Вучоны свет Расіі многім абавязаны мсціслаўскай зямлі. Хаця чаму толькі вучоны… У 1913 годзе нарадзіўся ў старажытным горадзе Веніямін Мацвеевіч Басаў, графік і жывапісец, чые творы захоўваюцца ў Траццякоўцы, Рускім музеі, іншых мастацкіх скарбніцах. У свой час шырокі рэзананс выклікала афармленне Басавым рамана Анарэ дэ Бальзака “Блеск і галеча куртызанак”. У Мсціславе ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя нарадзіўся мастацтвазнавец, усходазнавец Адрыян Віктаравіч Прахаў. Пражыўшы семдзесят гадоў (памёр Прахаў амаль у самы пярэдадзень рэвалюцыйных перамен – у 1916 годзе), пакінуў аб сабе велізарную творчую спадчыну. Доктарская дысертацыя нашага земляка – “Дойлідства Старажытнага Егіпта”. Перш чым стаць прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, Адрыян Віктаравіч працаваў у Кіеве. Пяру Прахава належыць адзін з першых артыкулаў пра Тараса Шаўчэнку як мастака. Наш зямляк рэдагаваў ілюстраваны часопіс “Пчела”.


Мсціслаў. Казначэйства і царква. Пачатак XX ст.


Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя нарадзіўся ў Мсціславе гідратэхнік, гідролаг, доктар тэхнічных навук (абараніўся ў 1937 годзе), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, прафесар Яўген Варфаламеевіч Блізнюк. Пачынаючы з 1921 года ён выкладаў у самых розных ВНУ Масквы. У 1950 годзе (вучонаму было ўжо 69 гадоў!) становіцца загадчыкам кафедры гідралогіі сушы геаграфічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пасляваенныя гады пабачыла свет нямала манаграфій Блізнюка. Вучоны даследаваў Паўночны Данец. У 1908-м правёў вялікую экспедыцыю па Енісеі (ад Вялікага Парога ў Заходніх Саянах да вусця). У 1920-я гады ўдзельнічаў у рабоце Дзяржаўнай камісіі па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО), кіраваў распрацоўкай схемы энергазабеспячэння за кошт воднага рэсурсу Заходняй Сібіры.

З Мсціслава – і вядомая ў Расіі пачатку дваццатага стагоддзя скрыпачка, кампазітар, музычны педагог Яўгенія Рыгораўна Бязродная. Нарадзілася яна ў 1874 годзе. Гэта ёй, Яўгеніі Бязроднай, належаць песні “Успаміны катаржаніна”, “Дзве працаўніцы”. У 1922 годзе Яўгенія Рыгораўна вярнулася на радзіму, выкладала музычныя дысцыпліны ў Мсціслаўскім педвучылішчы. Памерла ў 1942 годзе. Яўгенія Бязродная – аўтар фартэпіяннай п’есы «Песня пра Буравесніка», якую напісала ў 1906 годзе. Вядомы крычаўскі, магілёўскі краязнавец Міхаіл Мельнікаў даследаваў гісторыю жыцця і творчасці нашай зямлячкі. Пра гэта – і старонкі ў яго кнізе “Ішоў край наш дарогай стагоддзяў”: “…Горкаўская “Песня пра Буравесніка” зрабіла на Бязродную моцнае ўражанне. Яна не была рэвалюцыянеркай, але як руская інтэлігентка, якая стаяла на прагрэсіўных пазіцыях, шчыра спачувала народу. Невыпадкова сярод яе твораў ёсць «Дзве працаўніцы» – песня пра царскую катаргу, высылку і іншыя.

У 1906 годзе ў друкарні Беселя, «падрадчыка яго імператарскай вялікасці», па просьбе кагосьці з уплывовых дзеячаў культуры была выдадзена «Песня пра Буравесніка» для фартэпіяна ў суправаджэнні. Музыка прысвячалася Аляксею Максімавічу Пешкаву. Зараз цяжка ўзнавіць, як удалося надрукаваць рэвалюцыйную песню ў гэтага выдаўца.

Праз шмат гадоў Я. Р. Бязродная не аднойчы распавядала пра свае сустрэчы са знакамітымі людзьмі навучэнцам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума, якія, затрымаўшы дыханне, слухалі гэтыя незабыўныя апавяданні. Дырыжорская палачка ў руках Я. Р. Бязроднай была для студэнтаў своеасаблівай эстафетай перадавой музычнай культуры. Яўгенія Рыгораўна ўспамінала пра цяжкія гады рэакцыі, пра тое, як ёй удалося паехаць да Рэпіна ў яго знакамітыя «Пенаты» ў якасці настаўніцы музыкі. У шэрагу кніг, прысвечаных жыццю мастака, ёсць успаміны пра Бязродную, на калектыўных фота, зробленых у «Пенатах», мы бачым і Яўгенію Рыгораўну. Рэпін казаў Бязроднай, што яму добра пішацца пад яе музыку. Яўгенія Рыгораўна вучыла дзяцей вялікага мастака…”

Мсціслаўцаў заўжды цягнула да сябе на радзіму. Сустракаю празаіка Алега Ждана (нарадзіўся ён у Смаленску, а дзяцінства, юнацтва правёў у Мсціславе). Даведваюся, што ізноўку пабываў на Магілёўшчыне, бо там, у родным Мсціславе, і пішацца лепей, і думаецца святлей. А мне на памяць прыходзіць біяграфія яшчэ аднаго земляка. У Мсціславе ў 1860 годзе нарадзіўся славуты гісторык Сямён Маркавіч Дубнаў. У 1909—1918 гадах Дубнаў рэдагаваў у Санкт-Пецярбургу часопіс “Еврейская старина”. Быў адным з кіраўнікоў Яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства. У вывучэнні гісторыі яўрэйства прытрымліваўся свецкіх, рацыяналістычных пазіцый. У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў заснаваў Яўрэйскую народную партыю. Прапрадзед вучонага – Бенцыён Хацкелевіч фактычна ўзначальваў яўрэйскую грамаду Мсціслава. Акрамя многіх гістарычных работ Сямён Маркавіч пакінуў нашчадкам трохтомную мемуарную “Кнігу жыцця”. Яе параўноўваюць з “Акаяннымі днямі” Івана Буніна. На адной са старонак дзённікаў Дубнава чытаем (запіс ад 12 чэрвеня 1918 года): “На днях гаварылася пра паездку ў Мсціслаў, адзінае месца, дзе я мог бы правесці лета без навуковага наркоза. Я вандраваў бы там па «скарбах» дзяцінства і юнацтва, гаварыў бы з жывымі рэліквіямі былога, шаптаўся б з ціхімі вулачкамі, садамі, сінагогай, ракою і лесам, які падаецца блакітным з-за сваёй далечыні, паплакаў бы на магілах дзеда і бацькоў. Але дабрацца туды вельмі цяжка па чыгунцы, а частка дарогі на конях небяспечная з-за разбойнікаў…”


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации