Текст книги "Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы"
Автор книги: Алесь Карлюкевiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 26 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
…Асобы, важкія па справах і здзяйсненнях сваіх
Яшчэ на пачатку 1980-х у мяне склалася некаторае сяброўства з лідскай раённай газетай. Жыў тады ў Львове. Па-украінску, зразумела, пісаць не мог, а душа прагнула роднага слова. Вось і пісаў абразкі, нейкія спробы ў жанры апавядання і дасылаў у тым ліку ў лідскую газету “Уперад”. Там працаваў у аддзеле пісьмаў, як аказалася, чулы і спагадлівы да мяне чалавек – паэт Уладзімір Васько. Нешта з дасланага было і надрукавана. А праз гады стасункі з Лідай, Лідчынай станавіліся ўсё мацнейшымі. Пачаў ліставацца з краязнаўцамі Аляксандрам Жалкоўскім, Анатолем Куляшом. Пасябраваў з паэтам і журналістам Станіславам Суднікам. Пра іх і пісаў, і часта сустракаўся з імі. Яшчэ адно лідскае знаёмства – з мастаком і скульптарам Рышардам Грушам. А ў сярэдзіне 1990-х з прафесарам Федаруком зрабіў краязнаўчую вандроўку па славутых сядзібах краю. Яшчэ пазней адкрыў для сябе Бярозаўку з яе гісторыяй шкларобства, пазнаёміўся там з многімі мастакамі шкляной справы. На шчасце, завод дзейнічае і цяпер, развіваецца, набывае новыя магутнасці.
З гадамі склаўся і архіў матэрыялаў пра тых ураджэнцаў Лідчыны, з якімі сустрэчы ніколі не адбудуцца па адной зразумелай прычыне: мы размінуліся ў часе. А так хацелася б, бо асобы ўсе як на падбор – важкія па справах і здзяйсненнях сваіх! Мяркуйце самі…
У маёнтку Крупава ў красавіку 1738 года нарадзіўся доктар права Казімір Нарбут. Мясцінка на поўнач ад Ліды, за нейкі дзясятак кіламетраў. Знаходзіцца на рацэ Крупка – прытоку Дзітвы. Казімір скончыў піярскую школу ў Шчучыне. Далейшыя гады вучобы правёў ва Украіне. А з 1759 года – у Вільні, філасофію і матэматыку вывучаў у піярскім калегіуме. А ў Рыме авалодваў ведамі па тэалогіі. У 1770-м цяга да навукі прывяла Нарбута ў Кракаўскую акадэмію. Пазней вучыў дзяцей Антонія Тызенгаўза. У 1784—1786 гадах служыў пробашчам у роднай Лідзе. А з 1795 года жыў у Радзівонішках. Гэтае паселішча размешчана ўжо на паўднёвым захадзе ад Ліды, бліжэй да легендарнага Мажэйкава. У 1769 годзе ў Вільні выйшаў падручнік Казіміра Нарбута “Логіка, або Навука аб роздумах і развагах…” Яшчэ пры жыцці нашага суайчынніка кніга вытрымала чатыры выданні – чацвёртае пабачыла свет у 1791 годзе. І хто ведае, калі б не падзеі, звязаныя з канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай, мо ў адметнага падручніка было б яшчэ доўгае жыццё і ў дзевятнаццатым стагоддзі. У рукапісе засталася праца Нарбута “Геаграфічны слоўнік антычнага свету”.
Ліда. Прывакзальная плошча. Пачатак XX ст.
Пэўна, яшчэ прыйдзе час, калі ўважліва будзе перагледжана навуковая спадчына заолага і батаніка Станіслава Юндзіла (нарадзіўся ў вёсцы Ясянец Лідскага павета ў 1761 годзе, цяпер – тэрыторыя Воранаўскага раёна). Будучы доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар батанікі і заалогіі тры класы навучаўся ў піярскім калегіуме ў Лідзе. Нашага суайчынніка можна лічыць вучнем славутага французскага біёлага Жана Эмануэля Жылібера, лекцыі якога Юндзіл слухаў у Віленскім універсітэце. Жылібер – першы, хто пачаў сістэматычнае даследаванне лоры і фауны Беларусі, у 1781—1782 гадах выдаў пяцітомную працу “Флора Літвы”. Вучань аказаўся вартым свайго настаўніка. У 1811 годзе ў Вільні выходзіць “Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінэя”, за што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адзначае Юндзіла залатым медалём “Merentibus”. Гэта было першае ўзнагароджванне толькі што ўведзенай адзнакай. Другі медаль “Merentibus” наш зямляк атрымлівае за працу “Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках”, з якой ён пазнаёміў караля, ілюструючы яму пробы солі, атрыманай вымарожваннем з вады. У 1799 годзе Юндзіл выдае “Прыкладную батаніку, ці Звесткі аб уласцівасцях і ўжытку раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, аб іх радзіме, размнажэнні і доглядзе”. Наступныя падручнікі віленскага прафесара – “Асновы батанікі”, “Кароткі курс заалогіі” ў чатырох частках. А яшчэ ж вучоны цікавіўся мінералогіяй, ветэрынарыяй, заклаў у Вене сад лекавых раслін. Такая навуковая шматграннасць – у традыцыях мінулых стагоддзяў. І ўсё ж ад гэтага працаздольнасць, памкненні Юндзіла да развіцця прагрэсу не меней уражваюць.
З лідскага Восава – усходазнавец Уладзіслаў Котвіч. Нарадзіўся ён у 1872 годзе. Закончыў факультэт усходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1900-я гады выкладаў там жа мангольскую і маньчжурскую мовы. Супрацоўнічаў з Азіяцкім музеем Расійскай акадэміі навук. Быў першым рэктарам Петраградскага інстытута жывых усходніх моў (у 1920—1922 гадах). У 1923 годзе Котвіча абіраюць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. Гэта былі гады станаўлення савецкага ўсходазнаўства. У інстытуце жывых моў выкладалі знакамітыя ў будучым вучоныя. Сярод іх – і аўтар папулярнай сярод рускай інтэлігенцыі ў 1960—1970-я гады канцэпцыі “ўсходняга Рэнесансу” Мікалай Восіпавіч Конрад. Вучыліся, авалодвалі ўсходнімі мовамі перакладчыца з японскай Ганна Глускіна, пісьменнік Веніямін Каверын, вядомы савецкі ўсходазнавец Аляксандр Гальперын… Але ў 1923 годзе Котвіч пакідае Петраград, пераязджае ў Польшчу. Можа быць, і на шчасце. Бо рэпрэсій 1930-х гадоў, хутчэй за ўсё, і яму б не мінуць. Рэдагуе польскі “Усходні штогоднік”. Працуе прафесарам кафедры філалогіі Старажытнага Усходу Львоўскага ўніверсітэта. У 1923—1936 гады ўзначальвае польскае ўсходазнаўчае таварыства. У 1927 годзе лідчаніна абіраюць акадэмікам Польскай акадэміі навук. Ужо пасля смерці Уладзіслава Людвікавіча (а не стала Котвіча ў кастрычніку 1944 года) выйшлі яго працы “Юзаф Кавалеўскі – арыенталіст” і “Даследаванні па алтайскіх мовах”. Першая – у Варшаве, а другая – у Маскве.
Ліда – радзіма рускага літаратуразнаўца і тэатральнага крытыка Пятра Когана (нарадзіўся ў чэрвені 1872 года). У 1921—1929 гадах – прэзідэнт Акадэміі мастацкіх навук. Працаваў у Наркамасветы РСФСР. Сем (!) выданняў займела яго кніга “Нарысы па гісторыі старажытных літаратур. Т. 1. Грэчаская літаратура”. Аўтар грунтоўных манаграфій пра М. Горкага, А. Чэхава, У. Шэкспіра, А. Грыбаедава. Шырокі розгалас у навуковым свеце атрымала яго праца “Бялінскі і яго час”, выдадзеная ў 1923 годзе.
…Расповед пра даўно забытых знакамітых ураджэнцаў Ліды можна доўжыць і доўжыць. Імёнаў, вартых увагі, сапраўды дзясяткі… Шкада, што ў стварэнні шырокай выхаваўчай прасторы для школьнікаў, падлеткаў так рэдка яны згадваюцца. Мясцовыя, блізкія, родныя прыклады служэння Айчыне і развіццю грамадства – хіба ж гэта не ўражлівы вопыт для руху наперад?
Лынтупы і ваколіцы
Старажытнае мястэчка Лынтупы, што за 42 кіламетры на захад ад Паставаў, мае сваю сапраўдную энцыклапедыю. Такой мне ўяўляецца кніжка мясцовага настаўніка Іосіфа Быхаўца. Выдадзеная на пачатку 1990-х, яна мне першай і адкрыла ўнікальнае паселішча. Аўтар дасведчана, з веданнем справы расказаў пра далёкае тады для мяне і, лічы, зусім невядомае мястэчка… Атрымліваецца, што не абавязкова быць вучоным з высокімі ступенямі, галоўнае – ведаць і любіць край. А яшчэ, каб стаць такога кшталту энцыклапедыстам, усяго толькі і трэба, што пражыць у адной мясціне ўсё жыццё.
Лынтупы. Палац
А з цягам часу і сустрэчы былі з Лынтупамі, і вандроўкі я здзяйсняў па іх ваколіцах. І пэўныя памяткі пра ўраджэнцаў гэтай старонкі назбірваліся.
Калі яшчэ ў Лынтупах жыло мо ўсяго толькі сотні дзве насельнікаў, а мястэчка належала гаспадарам Бішэўскім, сюды зазірнуў скульптар Вінцэнты Балзукевіч. Нарадзіўся ён у Вяркяй – прадмесці Вільні, у 1835 годзе. Пражыў доўгае жыццё, захапляўся разьбой па дрэве, драўлянай скульптурай. Самавукам асвоіўшы няпростае майстэрства, дасягнуў значных вышыняў у скульптуры. Працаваў і ў Беларусі, і ў Літве. Для Лынтупскага касцёла (не блытайце з сучасным Андрэеўскім, што цяпер стаіць на Цэнтральнай плошчы: яму ўсяго толькі каля ста гадоў) вырабіў Распяцце Хрыстова. Хто ведае, можа, твор гэты – роўня працам Канёнкава, ці Эрзя, ці мо нават Радэна… Марыю Магдалену Вінцэнты стварыў для касцёла ў Каўнасе. Анёла Ахоўніка і Святога Юрыя – для касцёла Святога Яна ў Вільні… Вялікіх вышынь у мастацтве дасягнулі дзеці Вінцэнта – скульптар Баляслаў, мастакі Юзаф і Люцыя… Дарэчы, палац Бішэўскіх перабудоўваў Тадэвуш Раствароўскі, легендарны польскі і расійскі архітэктар і мастак другой паловы ХІХ стагоддзя (нарадзіўся ў Польшчы ў 1860 годзе). І хто ведае, мажліва, шмат якія сюжэты для сваіх будучых карцін ён вывез у іншы свет менавіта з лынтупскіх ваколіц.
Нагуляўшыся ўволю ў парку старой сядзібы, прысядзьце на беразе рачулкі Лынтупкі. Думаю, лынтупскія таямніцы яшчэ знойдуць адлюстраванне на старонках кніг. Дарэчы, нядаўна я атрымаў ліст з Самары. Піша Сяргей Іосіфавіч Мацвейчук, нараджэннем – лынтупскі. Закончыў у 1976-м восем класаў мясцовай школы, пасля – сувораўскае вучылішча ў Мінску, ваеннае вучылішча. Звязаў свой лёс з армейскай службай. Поруч з выкананем сваіх абавязкаў намесніка камандзіра роты па палітычнай частцы захапіўся журналістыкай. І з 1986 года – ужо на прафесійнай карэспандэнцкай рабоце. А цяпер піша і літаратурна-мастацкія творы. Выдае кнігі. Пабачылі свет дзве аповесці пад агульнай назвай “Гас– падары і госці”. І што цікава: увесь час, хаця і жыве далёка ад Айчыны, памятае Сяргей Мацвейчук свае родныя мясціны. І ў лісце да мяне дзеліцца развагамі пра самыя фантастычныя сюжэты з гісторыі лынтупскай сядзібы. Я падзівіўся: колькі неверагоднага яшчэ давядзецца апісаць нашаму земляку! Мо з’явіцца з-пад яго пяра і новы “Чорны замак Альшанскі”?.. Альбо – “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Ваколіцы, атачэнне Лынтупаў – гэта такія паселішчы, як Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Жакі, Сенькішкі або Балдучок… Некаторыя з іх некалі засценкамі лічыліся, ды з часам да вясковай біяграфіі выраслі. Іншыя спрадвеку былі вёскамі. І людзі тут наўкола заўсёды працавітыя былі. Таму, мусіць, і матэрыяльным дабрабытам славіліся гаспадары Лынтупаў. Бішэўскія не толькі парк тут заклалі, але і гаспадарку моцную вялі.
З 1909 года ў Лынтупах працавала народнае вучылішча. У тым жа годзе ў якасці супрацоўніка “Нашай нівы” мястэчка наведаў Вацлаў Ластоўскі. А пад псеўданімам Лынтупскі свае артыкулы дасылаў у віленскую беларускую газету мясцовы карэспандэнт Э. Якубовіч. І быў забіты за праўдзівыя карэспандэнцыі. Дарэчы, калі звярнуцца да літаратурнай геаграфіі старажытнага паселішча, то ў розныя гады ў Лынтупах гасцявалі, прыязджалі сюды па творчых і краязнаўчых справах Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Алесь Петрашкевіч, Янка Брыль, Ігар Пракаповіч (ён і працуе непадалёку – выкладае геаграфію ў адной са школ Паставаў), Аркадзь Нафрановіч, Віктар Праўдзін ды іншыя майстры прыгожага пісьменства.
У ваколіцах Лынтупаў праходзілі здымкі кінафільма па сцэнарыі Васіля Быкава “Воўчая зграя”. Мясцовая сярэдняя школа вывела ў вялікі свет доктара біялагічных навук Анатоля Іосіфавіча Быхаўца (нарадзіўся ў 1941 г.). Працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце аховы раслін і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар многіх навуковых прац. У Лынтупах вучыўся і кандыдат фізіка-матэматычных навук Уладзімір Станіслававіч Масцяніца (нарадзіўся ў 1946 г.). У Лынтупах нарадзіўся доктар геолага-мінералагічных навук Юрый Леанідавіч Вайцяхоўскі. Працуе цяпер у Геалагічным інстытуце Кольскага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук. Яму пашчасціла і на навукова-тэарэтычныя, і на практычныя адкрыцці.
Вандроўка ад Лынтуп можа прывесці нас да іншых цікавых мясцін Пастаўшчыны і суседняй Мядзельшчыны. Камаі, Свіраны, Дварчаны, Саранчаны, Спонды, Канстанцінава, Нарач. Цікавыя мясціны, прыгожыя людзі, багаты гісторыяй край.
Сады Флер’янова
Давайце паспрабуем зазірнуць у пачатак мінулага стагоддзя… Ляхавіцкі край. Вёска Флер’янова. У яе межах – сядзіба Яна Бохвіца, сына ўдзельніка паўстання 1863—64 гг. Фларыяна Бохвіца. Калі быць фактаграфічна дакладным, то спярша Бохвіцы жылі ў Вошкаўцах (сённяшняя вёска Ураджайная). Ян, які нарадзіўся ў 1835 годзе, прыехаў сюды разам з бацькамі ў 1838-м. Фларыян, вядомы ў краі філосаф, пачаў уладкоўваць сядзібную гаспадарку, парк. Справу бацькі працягваў Ян Отан Бохвіц. А праз некаторы час заснаваў яшчэ адну сядзібу – Новыя Вошкаўцы, якую і назваў пазней у гонар бацькі Фларыянава (з часам у мясціны з’явілася новае імя – Флер’янова). Там пісаў вершы. Свае назіранні, свой вопыт усталявання парка і сада выклаў у рабоце “Як закладваць сады”. Сын Яна – Тадэвуш Бохвіц (1863—1930) вучыўся ў Слуцкай гімназіі. І ўсямерна імкнуўся працягваць бацькавы клопаты. Аляксандр Ельскі называў фларыянаўскі сад з паркам і невялікім домам “упрыгожаннем ваколіцы”. У Фларыянава ладзіўся пансіён. Сюды прыязджалі літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі, яго жонка журналістка Люцына Катарбінская, пісьменнік Уладзіслаў Рэймант… У 1908 і 1909 гадах тут летавала вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка.
І вось мы ў Фларыянава 18 жніўня 1908 года. Дзякуючы даследчыцы Валянціне Гапавай можна з пэўнай доляй дакладнасці ўзнавіць атмасферу таго вечара. У Бохвіцаў адпачываюць знакамітасці, якія далёка не ў апошнюю чаргу пагадзіліся правесці лета ў пансіёне з-за вядомай у краі пісьменніцы. Гэта Э. Ажэшка яшчэ ў лютым пісала Люцыне Катарбінскай: “Я на лета зноў выбіраюся да Фларыянава. Вёска прыгожая, здаровая, Бохвіцаў пакахала, гэта людзі бязмежна добрыя і мілыя. І ведаеш, што прыйшло мне на думку. Можа, вы выбраліся б туды на нейкія тыдні”. Прыехалі Катарбінскія… 18 жніўня на літаратурна-мастацкім вечары Юзаф, бы сапраўдны артыст, дэкламуе вершы. “Псалм добрай волі” С. Красінскага Катарбінскі і Ажэшка чытаюць па чарзе. Дэкламацыю суправаджае хор. Піяністка Асецімская выконвае творы Шапэна, Грыга, Бетховена. Доктар Нусбаум чытае “На Літве”. А затым усе госці фларыянаўскага вечара запрашаюцца на свята сяўбы і ўрачыстую пасадку дрэў. Пасля Катарбінскі напіша аб гэтым у друку: “Патрыярхальны дух, які захаваўся на літоўскіх дварах, узнаўляе старыя, прыгожыя звычаі. Жніво амаль закончана – трэба пачынаць сяўбу, кінуць зерне новага плёну на загон зямлі-карміцелькі. Мы выходзім цэлай грамадой у поле, на краі якога стаіць запрэжаная парай коней сеялка, упрыгожаная для гэтай урачыстасці гірляндамі палявых кветак. Гаспадар падае Ажэшцы аздоблены кветкамі кошык са збожжам. Яна бласлаўляе крыжам раллю і кідае дрыжачай рукой некалькі жменяў сыпкага зерня на ўзараныя загоны… Мы вяртаемся да двара на другі сімвалічны абрад.
Каля дома выкапаны дзве ямы, садоўнікі прывезлі два маладзенькія дубочкі. Ажэшка і Рэймант трымаюць за галінкі маладыя дрэвы, так проста адбываецца ўрачыстасць закладкі маладога гаю на памяць побыту польскіх літаратараў”.
Мы вяртаемся да двара на другі сімвалічны абрад.
Каля дома выкапаны дзве ямы, садоўнікі прывезлі два маладзенькія дубочкі. Ажэшка і Рэймант трымаюць за галінкі маладыя дрэвы, так проста адбываецца ўрачыстасць закладкі маладога гаю на памяць побыту польскіх літаратараў”.
З тае пасадкі – дуб Элізы Ажэшкі ў Флер’янова… А яшчэ – цэлы том эпісталярыі, адрасаванай пісьменніцай Тадэвушу Бохвіцу.
Літаратурная і мастацкая памяць гэтых ваколіц наўздзіў багатая на яркія імёны. У самім мястэчку нарадзіўся польскі празаік Сяргей Пясецкі. Напрыканцы 1930-х ён набыў шырокую вядомасць праз аповесць “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Многія свае творы, нягледзячы на ўсю іх авантурнасць, Пясецкі выпісаў з уласнага жыцця, бо прайшоў і праз вопыт кантрабандыста, і ў астрозе пасядзеў.
Ляхавічы. 1918 г.
У пачатку ХІХ стагоддзя ў Ляхавічах пабываў рускі пісьменнік Уладзімір Бранеўскі (у будучым – генерал-маёр). У сваіх дарожных нататках апісаў паселішча, руіны Ляхавіцкага замка. Нататкі называюцца наступным чынам – “Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.” і былі выдадзены ў Маскве ў 1828 годзе ў двух тамах. Распавядаючы пра Аўстрыю, Венгрыю і Польшчу, Бранеўскі прывёў безліч унікальных звестак па культуры, этнаграфіі і фальклоры паўднёвых і заходніх славян.
А ў вёсцы Нача, якая не так далёка ад Ляхавіч, нарадзіўся Янка Сваяк. Сапраўднае прозвішча перакладчыка, педагога, публіцыста, вучонага, грамадскага дзеяча, які пражыў болей за 90 гадоў, – Марыян Фальскі. Аўтар брашуры “Як будзе з зямлёю?”, якая пабачыла свет у 1910 годзе. Тады ж наш зямляк выдаў польскі буквар “Навука чытання і пісання”.
А з маёнтка Нач-Брындзоўская (паблізу вёскі Нача) – публіцыст, папулярызатар беларускай літаратуры Напалеон Чарноцкі. У Мядзведзічах, якія апісаў у “Паездцы па Палессі летам 1912” этнограф Ісак Сербаў, працавала настаўніцай легендарная Паўліна Мядзёлка. І было гэта ў 1918—19 гадах, калі яна вярнулася з Паволжа.
Ляхавіцкая зямля падарыла Беларусі многіх энергічных, руплівых сыноў і дачок. І ўсіх, відаць, у межах аднаго нарыса не ўзгадаеш. Але як не сказаць пра братоў Міхаіла і Уладзіміра Мінкевічаў. Міхаіл Гаўрылавіч – міністр асветы БССР з амаль дваццацігадовым стажам. Яго імя прысвоена Жарабковіцкай сярэдняй школе. А Уладзімір Гаўрылавіч – заходнебеларускі падпольшчык, які вымушана яшчэ ў 1930-я гады выехаў у Амерыку. Дзякуючы намаганням Уладзіміра Мінкевіча і яго сяброў быў набыты ва ўласнасць беларускай дыяспары Араў-парк у Нью-Ёрку, дзе зараз стаіць помнік Янку Купалу. З ляхавіцкіх Дамашоў – вядомы палітык, публіцыст Іван Антановіч, які адзін час ужо ў незалежнай Беларусі займаў пасаду міністра замежных спраў. З Ляхавічамі паяднаны лёсы знакамітага празаіка Уладзіміра Дамашэвіча, гісторыка Віталя Скалабана, паэтаў Леаніда Пранчака, Алеся Бадака…
Прываблівы Ляхавіцкі край – цудоўны кавалачак нашай неабсяжнай Айчыны. І прываблівыя постаці сыноў і дачок Ляхавіцкай стараны.
Выхаваны ў горадзе на Дняпры
Шукаючы па свеце суайчыннікаў, я склаў своеасаблівы гісторыка-статыстычны архіў. У ім – і выпіскі з энцыклапедый, і старыя і новыя газетныя выразкі. А таксама – пісьмы з музеяў і архіваў. Найболей – з Расіі, Украіны, з былых савецкіх сярэднеазіяцкіх рэспублік. І, канешне ж, у гэтым архіве – нямала згадак пра магіляўчан…
У 1879 годзе ў горадзе на Дняпры нарадзіўся Леў Ісаакавіч Мандэльштам. Фізік, які ў 1928 годзе сумесна з Ландсбергам адкрыў камбінацыйнае рассейванне святла на крышталях. А яшчэ (цяпер ужо разам з Папалексі) наш зямляк выканаў даследаванні па нелінейных ваганнях. У 1929 годзе Мандэльштама абіраюць акадэмікам АН СССР. Леў Ісаакавіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (тады, у 1942 годзе, яна называлася Сталінскай).
А Ісая Шура, які нарадзіўся ў Магілёве ў 1875 годзе, лічаць нямецкім і ізраільскім матэматыкам. Вучыўся ён у Берліне. У 1901-м атрымаў доктарскую ступень. З 1910-га – прафесар Берлінскага ўніверсітэта. Заслугі ў галіне матэматыкі паўплывалі і на тое, што Шура ў 1929 годзе выбіраюць замежным членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. І хаця наш суайчыннік лічыў сябе больш немцам, чым яўрэем, у 1935 годзе яго выганяюць з нямецкага ўніверсітэта. Пашчасціла толькі, што ў гета не патрапіў. У 1939-м Шур ад’язджае ў Палесціну, пачынае выкладаць у Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме.
Шматабсяжнай была навуковая дзейнасць і другога магіляўчаніна – Ота Юльевіча Шміта (нарадзіўся ў верасні 1891 года). Матэматык, астраном, даследчык Поўначы, акадэмікам АН СССР быў выбраны ў 1935 годзе. Заснаваў і доўгі час узначальваў кафедру вышэйшай алгебры (1929—1949) Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (1924– 1942). Пагадзіцеся, ужо выданне Энцыклапедыі – помнік нашаму суайчынніку. Некаторы час Шміт быў віцэ-прэзідэнтам АН СССР. У 1930—1934 гадах Ота Юльевіч кіраваў знакамітымі арктычнымі экспедыцыямі на ледакольных параходах “Сядоў”, “Сібіракоў”, “Чалюскін”. У 1937 годзе Шміту было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1979-м быў пабудаваны першы савецкі навуковы ледакол, які назвалі “Ота Шміт”. А як ушанавана памяць пра яго ў Беларусі? У Магілёве ёсць грамадскі музей знакамітага вучонага. Імем Шміта названы праспект у яго родным горадзе, а таксама вуліцы ў Бабруйску, Горках, Быхаве, Полацку і Гомелі.
Магілёў. Дзяржаўны банк. Пачатак XX ст.
Вольф Саламонавіч Мерлін (нарадзіўся ў Магілёве ў 1898 годзе) – вядомы савецкі псіхолаг. Доктар псіхалагічных навук. Яго па праву лічаць заснавальнікам савецкай псіхалагічнай навукі. Пачынальнік тэорыі тэмпераменту. Даследчык прынцыпу шматзначнай залежнасці псіхічных з’яў ад фізіялагічных працэсаў у чалавечым арганізме. Аўтар канцэпцыі інтэгральнай індывідуальнасці. Амаль трыццаць апошніх гадоў свайго жыцця Вольф Саламонавіч працаваў у Пермскім дзяржаўным універсітэце. Між іншым, падчас святкавання 100-гадовага юбілею нашага земляка сярод прэмій Пермскай вобласці была заснавана прэмія імя Вольфа Мерліна па праблемах філасофіі, псіхалогіі, сацыялогіі і культуралогіі.
Несумненна, калі б мы складалі даведнік “Людзі навукі з Магілёва”, туды трэба было б уключыць імя Анатоля Лур’е (нарадзіўся ў Магілёве ў ліпені 1901 года). Савецкі вучоны ў галіне тэарэтычнай і прыкладной механікі. У 1960-м быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР аддзялення тэхнічных навук. Дарэчы, у знак асаблівых навуковых заслуг ступень доктара тэхнічных навук была прысуджана без абароны дысертацыі. 33 гады (!) – з 1944-га па 1977-ы – Лур’е загадваў кафедрай
“Дынаміка і трываласць машын” Ленінградскага політэхнічнага інстытута. А рыхтавалі на кафедры інжынераў-фізікаў па спецыяльнасці “Дынаміка і трываласць машын”. Толькі ў 1961 годзе падобная спецыяльнасць была адкрыта ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы. Дыяпазон навуковых інтарэсаў, адпаведна і навуковых здабыткаў Лур’е надзвычай шырокі: тэорыя пругкасці, тэорыя ўстойлівасці, тэорыя хістання. Аўтар падручнікаў па механіцы. Ужо ў першых з іх Анатоль Ісаакавіч вельмі ўдала спалучаў класічныя дасягненні механікі з патрабаваннямі сучаснай тэхнікі. Мы згадвалі тых землякоў-магіляўчан, хто пайшоў у вялікую навуку напрыканцы XIX – у пачатку XX стагоддзя.
А сённяшняя навуковая слава… Назавём хаця б Юрыя Камінскага, які нарадзіўся ў Магілёве ў маі 1941 года. Доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры паталагічнай анатоміі, з 1984 года – рэктар Уладзівастокскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сярод навуковых заслуг нашага земляка – і заснаванне ім прыморскай школы патолагаанатамаў. Юрый Валянцінавіч – ганаровы прафесар Харбінскага і Сеульскага медуніверсітэтаў. Камінскі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём “За працоўную доблесць”, пад кіраўніцтвам Юрыя Валянцінавіча падрыхтавана 28 кандыдатаў навук.
Сярод тых “знічак”, якіх нельга не ўзгадаць, распавядаючы пра знакамітых магіляўчан, – генерал арміі Валянцін Пянькоўскі (нарадзіўся ў 1904 годзе, сярод яго баявых узнагарод – адных толькі ордэнаў Чырвонага Сцяга ажно пяць!); дзіцячы пісьменнік Рувім Фраерман (нарадзіўся ў 1891 годзе, многія дзясяткі, сотні тысяч чытачоў ведаюць яго найперш па аповесці “Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне”); прафесійны рэвалюцыянер, старшыня Дзяржбанка СССР у 1934—1936 гг. Леў Мар’ясін (нарадзіўся ў 1894-м, расстраляны ў 1938-м); расійскі літаратурны крытык, лаўрэат прэстыжнай італьянскай прэміі “Грынцана Кавур” Цэцылія Кін (нарадзілася ў 1905 годзе)… Дарэчы, пра Цэцылію Ісакаўну – крышку асобна. Яна, між іншым, жонка бліскучага пісьменніка-стыліста першай трэці 1900-х гадоў Віктара Кіна, доўгі час працавала ў літаратурна-мастацкіх часопісах “Новый мир”, “Иностранная литература”. Напісала некалькі найвыдатнейшых кніг па гісторыі літаратуры і культуры Італіі: “Міф, рэальнасць, літаратура” (1968), “Італія канца XIX стагоддзя: лёсы людзей і тэорыі” (1978), “Італія на мяжы стагоддзяў: з гісторыі грамадска-палітычнай думкі” (1980), “Італьянскія мазаікі: артыкулы пра італьянскую літаратуру 70-х гг.” (1980), “Алхімія і рэальнасць: Барацьба ідэй у сучаснай італьянскай культуры” (1980), “Італьянскі рэбус” (1991)… Такая захопленасць адной краінай уражвае.
Падобна Цэцыліі Кін, доўгае жыццё ў літаратуры, у рускай культуры было наканавана і Надзеі Давыдаўне Вольп 1998-м). Паслядоўніца імажынізму, яе першыя кнігі паэтычных і празаічных перакладаў былі выдадзены ў 1920—1930-я : “Варфаламееўская ноч” П. Мерыме, “Здаецца ў найм” Дж. Галсуорсі, “Фабіян” Э. Кестнера, “Сур’ёзнае жыццё” Т. Мана, “Сентыментальнае падарожжа” Л. Стэрна, “Эраусміт” С. Льюіса, “Роб-Рой” В. Скота… Родны брат Надзеі Давыдаўны – Міхаіл Вольпін (нарадзіўся ў Магілёве ў 1902 годзе). Драматург, паэт, кінасцэнарыст. Напісаў тэксты песень вядомых музычных кінакамедый “Волга-Волга” і “Кубанскія казакі”. Аўтар сцэнарыяў да многіх фільмаў-казак і мультыплікацыйных фільмаў (у тым ліку – “Зачараваны хлопчык” па матывах казкі С. Лагерлёф “Дзівоснае падарожжа Нільса з дзікімі гусямі”). Па біяграфіі сястры і брата Вольпін можна вывучаць многія старонкі культурнага жыцця Расіі, асабліва ў 1920—1930-я гады. Надзея Вольпін была жонкай Сяргея Ясеніна, іх сын Аляксандр Сяргеевіч Ясенін-Вольпін нарадзіўся ў маі 1924 года. Ён вядомы матэматык. У савецкія часы – лідар дысідэнцкага руху. У 1949 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У тым жа 1949-м быў упершыню арыштаваны. Аўтар тэарэмы ў галіне дыягнастычных прастораў (тэарэма Ясеніна-Вольпіна).
…Навуковы, культурна-асветніцкі зрэз у персаніфікаванай гісторыі Магілёва – вельмі цікавая тэма, таму давядзецца да яе яшчэ не аднойчы звяртацца.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?