Текст книги "Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы"
Автор книги: Алесь Карлюкевiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 9 (всего у книги 26 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
“Калыска сноў дзіцячых, Мядзел
Углядаюся ў старыя паштоўкі, прысвечаныя Мядзелю, Мядзельшчыне, шукаю тыя сляды, тыя адмеціны на касцёле ў мястэчку 1930-х, на нарачанскай прыстані, на Рынкавай плошчы ў Мядзелі, што былі прыналежнымі нашым папярэднікам. Край мастакоў і творцаў, паэтаў і акцёраў. Край, які ў чарговы раз сведчыць, што культура Беларусі праз апошнія стагоддзі мацавалася і гартавалася вёскай, вясковым упарадкаваннем духоўнага жыцця.
Генрых Далідовіч, не так даўно напісаўшы артыкул у “Краязнаўчай газеце” да 95-годдзя Максіма Танка, заўважыў: “Танк напісаў тамы вершаў, паэм, публіцыстыкі, зрабіў мноства перакладаў з многіх літаратур народаў свету. На маю думку, ён ва ўсім вызначаўся глыбіннасцю – прасякненнем у духоўныя запасы як беларускага народа, так і ў сусветныя, здолеўшы ўсё гэта спалучыць у арыгінальны і выдатны сплаў сваёй творчасці”. Максім Танк нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў мядзельскай вёсачцы Пількаўшчына. Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, аўтар ці не сотні кніг… Толькі ў перакладзе на рускую мову яго, Максіма Танка, творы выходзілі асобнымі выданнямі амаль пяцьдзясят разоў! Аглядаючыся на мядзельскую старонку, думаю пра тое, што глыбіннымі, роўнымі вялікаму паэту выступаюць і іншыя яго землякі.
Называць можна многіх і многіх… У першым радзе сярод іх – ураджэнец вёскі Качаны, народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Яркая і багатая на мастацкія эмоцыі асоба, чалавек, чыя творчасць як графіка, кніжнага ілюстратара знайшла прызнанне ва ўсім свеце. Работы Васіля Шаранговіча захоўваюцца ў галерэях і прыватных калекцыях не толькі на Радзіме, але і ў Расіі, Італіі, ЗША, Германіі, Польшчы, іншых краінах. Як мне падаецца, самавыяўленне майстра графікі напоўніцу выявілася ў яго прачытанні паэзіі Янкі Купалы і Адама Міцкевіча. У памяці – даўно выдадзеная “Мастацкай літаратурай” (у 1978 годзе) кніга народнага песняра “Паэмы”. 23 каляровыя ілюстрацыі Васіля Шаранговіча, мяркую, пашырылі не толькі маё асабістае ўяўленне пра Купалу. Мастак насыціў кнігу асаблівай энергетыкай. Сваімі выразнымі лініямі, сваёй упэўненасцю і перакананасцю здолеў выкласці адвечныя ісціны жыцця, дапамог успрыняць купалаўскія радкі арганічна, у сугучнасці з часам сённяшнім. Уражвае прачытанне Шаранговічам паэзіі Адама Міцкевіча. Даследчыкі жыцця і творчасці мастака да адной з нагод адзначаць наступнае: “Яшчэ на пачатку творчага шляху ім былі зроблены ілюстрацыі да зборніка балад А. Міцкевіча, потым манументальная лінагравюра па матывах паэмы «Гражына». Больш за два гады працаваў мастак над ілюстрацыямі да паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1982—1984), выканаўшы 25 акварэльных ілюстрацый. Мастаку давялося грунтоўна вывучыць тагачасныя гістарычныя абставіны, стыль эпохі, касцюмы, помнікі дойлідства. Выбраная жывапісная тэхніка ілюстрацый дапамагла мастаку перадаць дух паэзіі А. Міцкевіча, яе мілагучнасць і рамантызм. У ілюстрацыях удала спалучаецца ўласцівае мастаку багацце фантазіі з уменнем стварыць шматфігурныя кампазіцыі і яркія народныя вобразы-тыпы. Перад намі нібы ажываюць карціны, створаныя геніем А. Міцкевіча, паўстае сапраўдная выяўленчая эпапея разнастайных падзей і характараў, шляхецкіх звычаяў і нораваў”. Адзнакай плённых высілкаў таленавітага майстра стала прысваенне яшчэ ў 1986 годзе Васілю Пятровічу звання заслужанага дзеяча культуры Польшчы.
Мядзел. Капліца. Пачатк XX ст.
У вёсцы Навасёлкі, што знаходзіцца паблізу ад самога Мядзела, 21 лістапада 1936 года нарадзілася Марыя Захарэвіч. Народная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі… А ў кіно і спектаклях – Марыя (“Святая святых” І. Друцэ), Зося Савіч (“Сэрца на далоні” І. Шамякіна), Ганна Чарнушка (“Людзі на балоце” І. Мележа), Камісар (“Аптымістычная трагедыя” У. Вішнеўскага), Варвара (“Навальніца” А. Астроўскага)… Усе вобразы – не проста яркія, запамінальныя жанчыны, а яшчэ і найперш асобы прыцягальныя па ўнутранай сутнасці, блізкія нам таму, што ўслед за акцёрскім асэнсаваннем дапамагаюць жыць і змагацца, вучаць, як выратаваць уласную светласць у будзённасці і пякельным марнаванні высокага і ўзнёслага.
З Мядзельшчынай звязаны лёс паэта Уладзіміра Дубоўкі. Прайшоўшы праз многія жыццёвыя выпрабаванні, у 1973 годзе ён выдаў кнігу ўспамінаў “Пялёсткі”, дзе ёсць такія радкі: “У ліку дзвюх найлепшых школ дарэвалюцыйнай Віленшчыны была Мядзельская”. У Мядзельскае двухкласнае вучылішча будучы літаратар прыйшоў у 1912 годзе. Як пазнака літаратурнай геаграфіі застаўся верш Уладзіміра Дубоўкі “Ля Мядзела ёсць возера адно”:
Ля Мядзела ёсць возера адно,
Над ім дубы шумяць, гамоняць сосны.
У ім, як у празрыстай кроплі роснай,
Для воч ніколі не закрыта дно…
Мядзельскі край выправіў у вялікі свет многіх навукоўцаў. Сярод іх – археолаг Яраслаў Звяруга (нарадзіўся ў Мядзелі ў верасні 1928 года), доктар тэхнічных навук Іван Пішча (нараджэннем з 1933 года – з вёскі Пугачы), мовазнаўца Яўген Рапановіч (нарадзіўся ў вёсцы Холма ў 1929 годзе)… Пра Яўгена Рапановіча хацелася б сказаць крышачку асобна. У 1947 годзе ён скончыў Княгінскую сямігодку. Пасля – Пастаўскае педвучылішча. Працаваў настаўнікам, вучыўся ў БДУ. З 1960 года – у Мінску. Працаваў выдавецкім рэдактарам у энцыклапедычным выдавецтве, пасля – у Дзяржкамвыдзе БССР. Памёр у 1987 годзе, не пражыўшы і 60 гадоў. След, які пакінуў Яўген Нічыпаравіч, найперш – шэсць складзеных ім слоўнікаў населеных пунктаў абласцей Беларусі. Гэтыя ўнікальныя выданні на многія гады сталі настольнымі даведнікамі для спецыялістаў у розных галінах, для журналістаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, настаўнікаў…
Няшмат напісаў паэт з вёскі Пількаўшчына Іосіф Скурко (нарадзіўся ў 1938 годзе). Усяго два яго паэтычныя зборнікі стаяць на кніжных паліцах – “Бацькоўскі парог” і “Весніцы”. Але і цяпер часта гучыць у запісе па радыё песня на словы Іосіфа Скурко “Верасы”. А я трымаю ў памяці яго верш “Мядзел”:
Я – вязень твой.
Сказаць па праўдзе,
Мне радасны такі палон.
Калыска сноў дзіцячых, Мядзел,
Прымі сыноўні мой паклон.
Пад гэтымі словамі, пэўна ж, маглі б падпісацца многія ўраджэнцы Мядзельскага краю.
Сталіца Вялікага Княства Літоўскага
Навагрудчыне пашчасціла на сучасных сваіх летапісцаў. У Навагрудскім раённым краязнаўчым музеі, які з году ў год і плошчай, і экспазіцыяй пашыраецца, развіваецца, і цяпер працуюць захопленыя, апантаныя, уважлівыя да гістарычнай памяці людзі. І лідарам краязнаўчай работы па праву можна лічыць дырэктара гэтай скарбонкі ведаў пра горад, ваколіцы Тамару Вяршыцкую. Не меней актыўную краязнаўчую работу праводзіць і Дом-музей Адама Міцкевіча, які месціцца амаль па суседстве.
Навагрудак. Рынкавая плошча
Асаблівую стараннасць і руплівасць на краязнаўчай ніве праяўляе дырэктар Міцкевічаўскага музея Мікалай Гайба. Ён – і стваральнік адмысловага сайта, і рухавік школьнай краязнаўчай канферэнцыі, да ўдзелу ў якой навагрудчане ўвесь рэгіён, навакольныя раёны прыцягнулі. Ды нават – замежных сяброў: школьнікаў з Санкт-Пецярбурга. А яшчэ Мікола – і аўтар цікавых гісторыка-публіцыстычных кніг. У 1992 годзе пабачыла свет невялікая памерам, але багатая на фактаграфію кніга “Навагрудак: гістарычны нарыс”. Яшчэ праз чатыры гады – “Навагрудак: гады і падзеі”. У 2000 г. краязнаўца выдаў сапраўдную манаграфію “Могілкі і пахаванні ў Навагрудку”, нарыс, які досыць багаты на адкрыцці. Напрыканцы 2008 г. пабачыла свет кніга “Сэрцу мілая Айчына”. У падзагалоўку – выразнае тлумачэнне: “Вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча”.
Але варта заўважыць, што і ў ранейшыя часы гістарычны партрэт Навагрудка, Навагрудскага краю вельмі і вельмі ўважліва ўзбагачаўся даследаваннямі сваіх ураджэнцаў. На хутары Мондзіна на Навагрудчыне ў ліпені 1912 г. нарадзіўся Аляксей Сцяпанавіч Анішчык, краязнавец, педагог, пісьменнік. Пад псеўданімам Андрэй Чэмер ён выдаў у Вільнюсе, дзе жыў доўгія пасляваенныя гады, вершаваную аповесць “Мондзінская балада”. Аляксей Анішчык – аўтар кніг “Наваградская беларуская гімназія”, “Выбраныя Богам” (пра Барыса Кіта, яго вучняў, іх стасункі з Навагрудчынай).
Навагрудак – радзіма ўсходазнаўца, гісторыка Аўрама Гаркавага (1835—1919). У 1868 г. ён скончыў факультэт усходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта. Спецыялізаваўся ва ўніверсітэтах Берліна і Парыжа на ніве егіпталогіі і асірыялогіі. Доўгія дзесяцігоддзі працаваў загадчыкам аддзела яўрэйскай літаратуры і ўсходніх рукапісаў Публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу. Быў сябрам навуковых таварыстваў многіх краін. Аўтар кніг “Казанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славянаў і рускіх. З паловы VII ст. да канца X ст.”, “Пра першапачатковае месцазнаходжанне семітаў, індаеўрапейцаў і хамітаў”, “Нарысы гісторыі караімства” (выпускі 1—2), “Казанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і хазарскае царства”… А вось Аляксандр Гаркавы (1863—1939), таксама ўраджэнец Навагрудка, даследаваў у большай ступені гісторыю і культуру ЗША, дзе і жыў пачынаючы з 1882 года.
Непадалёку ад Навагрудка ў маёнтку Шчорсы ў 1797 г. нарадзіўся пісьменнік і фалькларыст Антон Глінскі. Пісаў пераважна па-польску. Працаваў губернскім чыноўнікам у Вільні. Удзельнічаў у рабоце віленскага гуртка Адама Кіркора. Збіраў фальклорныя матэрыялы. Займаўся літаратурнай апрацоўкай казак, легендаў, паданняў, якія запісваў у Шчорсах, Нягневічах, іншых паселішчах Навагрудчыны. У чатырох тамах выдаў адмысловы збор “Польскі казачнік”.
Ёсць сярод ураджэнцаў Навагрудчыны не толькі літаратурна-краязнаўчыя летапісцы, а яшчэ і мастакі, чые творы – таксама адлюстраванне гістарычнай памяці, гістарычнага ландшафту ўнікальнай гарадзенскай старонкі. У мястэчку Любча нарадзіўся ў кастрычніку 1896 г. мастак Мікалай Васільевіч Дучыц. Жывапісец і графік – аўтар твораў “Пейзаж Навагрудчыны”, “Нёман”, “Ля Нёмана”… Многія работы таленавітага майстра, прысвечаныя роднай старонцы, захоўваюцца ў музеях і калекцыях не толькі Беларусі, але далёкага і блізкага замежжа. У вёсцы Кунічна ў лістападзе 1925 г. нарадзіўся графік Сямён Герус. У 1945 г. скончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Не іначай, як навагрудскія гістарычныя муры натхнілі майстра на стварэнне партрэтаў Гедыміна, Міндоўга, Вітаўта… А яшчэ Сямён Пятровіч – аўтар работ “Паэт Алесь Бачыла”, “Паэт Адам Русак”, “Скульптар Заір Азгур”, “Кастусь Каліноўскі”…
У 1858 г. Вінцэсь Каратынскі напісаў артыкул “Навагрудчына і Навагрудак”. Між іншага, пісаў вядомы літаратар і пра тое, што вакол гарадской плошчы размяшчаюцца з пару дзясяткаў камяніц і шэраг прыгожых драўляных дамоў, а таксама “старая закінутая ратуша з напаўразваленаю вежаю, колісь увенчанай гадзіннікам. Ёсць тут два гатэлі, адзін з якіх мае назву “Літоўскі”, другі, цешачы гонар Варшавы, фігуруе пад французска-нямецкай шыльдай “Hotel de Warschau”. Піша Каратынскі, што “ў горадзе каля ста крам, змяшчаюцца яны ў адной вялізнай будыніне ў цэнтры рыначнага пляца і дзвюх меншых па краях. Гэтыя крамы, базар у кожную нядзелю і штогадовы кірмаш забяспечваюць сціплыя патрэбы горада і ваколіц. На кірмаш, пачатак якога прыпадае на 19 сакавіка, у час веснавога бездарожжа, з’язджаюцца і ставяць буданы расійскія купцы, раскладаюць свой вучоны тавар віленскія кнігары, дэманструюць усялякія выкрунтасы немцы-жанглёры, а калі-нікалі і вандроўныя камедыянты ажно з самае Вільні! Усіх іх вабяць сюды грошыкі! Сцякаюцца сюды мяшчане і шляхта з усяго павета, адбываецца выкупліванне векселяў, выплата працэнтаў, гандаль коньмі ды аканомамі, гульня ў рулетку і стосік, абліванне гразёю ды плёткамі, доўгае таргаванне за кніжку і аплата без усялякіх торгаў у шынку”.
Традыцыяй для Навагрудка стала правядзенне рыцарскага фэсту, які сапраўды дазваляе адправіцца ў падарожжа ў часы сярэдневякоўя. Спадзяёмся, што ў святочныя дні і ў будні будуць згадвацца і многія славутыя ўраджэнцы горада і краю.
У промнях славы Радзівілаў
На Нясвіжчыну ў апошнія некалькі гадоў досыць часта прыводзілі мяне журналісцкія клопаты. Даводзілася наведваць сельгаспрадпрыемствы “Сноў” і “Гарадзея”, даводзілася пісаць пра сучасных герояў сялянскай працы – Міхаіла Карчміта і Георгія Ліхуту. Даводзілася сустракацца з кіраўніком СВК “Гарадзея” Мікалаем Аляксандравічам Салаўём. Ды і кіраўнікі Нясвіжчыны ў мінулыя дзесяць-пятнаццаць гадоў – асобы яркія, шматгранныя ў сваёй руплівасці, у памкненнях да працы стваральнай: Уладзімір Несцеравіч Дражын, Леанід Фёдаравіч Крупец… Нездарма яны і на шырокі дзяржаўны прастор выйшлі. А тое, што Нясвіжскі край здаўна выхоўваў, гадаваў мужоў дзяржаўных, – справа вядомая. Варта згадаць адных толькі Радзівілаў…
Найбуйнейшы магнацкі род Беларусі, Украіны і Літвы даў свету герояў у навуцы, мастацтве, дзяржаўным будаўніцтве. Тры паляўнічыя чорныя трубы, што ўпрыгожваюць герб Радзівілаў, быццам заклікалі сыноў і дачок слаўнай сям’і да спраў дзейсных і важкіх. У Нясвіжы ў 1589 годзе нарадзіўся Альбрыхт Уладзіслаў Радзівіл. У 1614—1620 гг. ён нават займаў пасаду старосты рыжскага. Збіраў у нясвіжскім маёнтку партрэтную галерэю. Пасаду навагародскага ваяводы займаў Жыгімонт Караль Радзівіл, які нарадзіўся ў родавым гняздзе ў 1591 годзе. У Сталовічах (сучасны Баранавіцкі раён) пабудаваў касцёл Яна Хрысціцеля, а ў іншых уладаннях – чатыры ўніяцкія царквы, касцёл у Дзераўной, шпіталі ў Крошыне і Сталовічах. Хто не ведае Пане Каханку, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1734 годзе?! Чаму такая мянушка была ў Караля Станіслава Радзівіла? Будучы жорсткім да бліжэйшага падначаленага яму атачэння, ён прыязна ставіўся да шляхты, да ўсіх звяртаючыся: “Пане каханку”. Стаў героем многіх літаратурных, мастацкіх твораў: “Ілюмінацыі” Уладзіслава Сыракомлі, аповесці “Пане Каханку” Юзафа Крашэўскага, іншых паэм, раманаў, гістарычных анекдотаў.
…А мяне асабіста з Нясвіжчынай пазнаёміў Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн. Чалавек унікальнай біяграфіі, “вязень трох рэжымаў” (адсядзеў у астрогах і лагерах і ў панскай Польшчы, і пры фашыстах, і ў сталінскіх канцлагерах), ён першыя свае кнігі выдаў у 1927 годзе. А пасля “прарваўся” да чытача кніжачкай вершаў у 1984 годзе – да зборніка лірыкі “Заўсёды з песняй” прадмову напісаў Алег Антонавіч Лойка. А яшчэ ў 1926 годзе ў роднай нясвіжскай вёсачцы Лявонавічы Сяргей Новік стварыў беларускі народны хор. І пра ўсе гэтыя факты сталага веку літаратар расказваў мне ў лістах, пры сустрэчах. Тады я не ведаў і напісанага ў “Літаратуры і мастацтве” ў кастрычніку 1981 года Алегам Антонавіча Лойкам: “Толькі дваццаць гадоў мінула юнаку. Ён быў родам з Лявонавіч на Нясвіжчыне. Ён быў гімназістам. Ён быў сярод тых, каго не маглі не захапіць бурныя хвалі ўздыму Грамадáўскага руху ў Заходняй Беларусі. Да роднай песні цягнулася душа народа – да песні бунтарнае, грамадáўскае і да песні народнае, якую спакон веку спявалі ў Лявонаўшчыне. Спявалі яе там дзяўчаты – упаасобку, жанкі – упаасобку, хлопцы ці мужчыны – упаасобку, а тут раптам заспявалі яны яе ўсе разам, аб’яднаныя ў адзіным Лявонавіцкім хоры – хоры, што вядомы і сёння. Заснавальнікам жа гэтага хору быў ніхто іншы, як Сяргей Новік, юнак з пяючай душой, юнак, які тады ўжо пісаў вершы і тады ж ужо выбраў сабе псеўданімам слова “Пяюн” – слова песенналявонавіцкае, слова ад песеннай душы сваіх землякоў.
Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі. Вось малады кіраўнік хору ўжо далёка ад Лявонавіч – на Пазнаньшчыне, у высылцы, а на радзіме яму жыць забаронена…”
…Зблізіла нас напачатку, відаць, тая кароткая рэцэнзія, якую я надрукаваў у львоўскай “шматтыражцы” “Политработник” на зборнік “Заўсёды з песняй” у канцы 1984 года. А пасля на знаёмства вочнае ўлетку 1985 года прывёз паэту “Кабзара”, выдадзенага львоўскім “Каменяром”. І якім жа было маё здзіўленне, калі Сяргей Міхайлавіч, выпакутаваны, хворы чалавек, які з цяжкасцю перасоўваўся нават па кватэры, пачаў чытаць зычным голасам Тараса Шаўчэнку па-ўкраінску. У кароценькай рэцэнзіі я пісаў пра вершы, створаныя паэтам у фашысцкім канцлагеры. Але не ведаў яшчэ тады, што ў Новіка-Пеюна была і частка біяграфіі амаль у паўтары дзясяткі гулагаўскіх гадоў.
Нясвіж. Царква. Пачатак XX ст.
…Нясвіжскі край – радзіма многіх гісторыкаў, навукоўцаў, літаратараў, падарожнікаў, славутых военачальнікаў. У вёсцы Новы Сноў нарадзіўся вядомы дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. Доўгі час ён з’яўляўся намеснікам, першым намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У Снове нарадзіўся спявак, заслужаны артыст Беларусі Анатоль Падгайскі. На жаль, ён заўчасна пайшоў з жыцця. Ізноў жа са Снова – доктар тэхнічных навук Аляксандр Аляксандравіч Пятроўскі. Родам з Нясвіжа – славуты мікрахірург Уладзімір Мікалаевіч Падгайскі. Менавіта ён выканаў многія складаныя аперацыі па ўзнаўленні канечнасцей. Прызнаннем навуковай дзейнасці Падгайскага стала прысваенне яму ступені доктара медыцынскіх навук.
Нясвіжскія Юшавічы – радзіма братоў Івана і Аляксандра Стадубаў. Аляксандр Дзям’янавіч – паэт, аўтар некалькіх вершаваных зборнікаў, аўтар п’есы для дзяцей “Памяць”. Іван Дзям’янавіч – кандыдат гістарычных навук, аўтар многіх работ па гісторыі нашай Айчыны ў 1940—1960-я гады. З нясвіжскага хутара Язавец – пісьменнік, перакладчык, дзяржаўны дзеяч, дыпламат Анатоль Іванавіч Бутэвіч.
Шмат хто з ураджэнцаў Нясвіжчыны засведчыў сябе вартымі годнасці справамі ў Расіі, Польшчы, Літве… У 1970– 1980-я гады ўрад Польшчы ўзначальваў Пётр Канстанцінавіч Ярашэвіч (нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1909 годзе). Урад Польшчы ўзнагародзіў яго двума ордэнамі “Сцяг працы” І ступені, “Крыжам Камандорскім”, ордэнам “Адраджэнне Польшчы”. У Міністэрстве абароны Расіі служыў нясвіжскі генерал Барыс Лазаравіч Чарняк…
Пінск мастацкі, літаратурны…
Атрымаўшы шчаслівую журналісцкую нагоду пагутарыць з сусветна вядомым шахматыстам Анатолем Карпавым, не прамінуў спытаць і пра настаўнікаў вялікага майстра. У адказ пачуў імя – Сямён Абрамавіч Фурман, якое мала што тады мне гаварыла. Гэта ўжо пазней я даведаўся, што ў Фурмана сувязь з Беларуссю самая непасрэдная.
Нарадзіўся будучы гросмайстар, які вывеў на шырокі шахматны прасцяг дванаццатага чэмпіёна свету, у нашым беларускім Пінску 1 снежня 1920 года. Сярод пінскіх яўрэяў прозвішча Фурман ці не самае распаўсюджанае. У спісе грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, якіх знішчылі нямецка-фашысцкія захопнікі ў перыяд акупацыі ў Пінску, Фурманаў я налічыў больш за 60 чалавек. Сярод іх мог быць і Сямён… Праўда, ён яшчэ ў часы польскага прыгнёту разам з бацькамі эвакуіраваўся ў Ленінград. Перад Вялікай Айчыннай вайной працаваў на адным з ленінградскіх заводаў. У 1945 годзе малады чалавек ужо становіцца майстрам спорту. З году ў год удзельнічае ў чэмпіянатах Ленінграда. У 1953-м займае першае месца. Праз год дзеліць з сапернікамі 1—3 месцы, у 1957-м – 1—2 месцы. Удзельнічае ў чэмпіянатах СССР. Лепшы вынік – трэцяе месца ў 1948 годзе. У складзе каманды Ленінграда двойчы становіцца чэмпіёнам СССР. Удзельнічае ў чэмпіянаце Еўропы ў 1961 годзе. Першы на міжнародным турніры “Паляніца-Здруй”. Займае трэцяе месца на турніры “Бад-Лаўтэрберг” у сталым ужо ўзросце – у 1977 годзе.
Але, відавочна, галоўнай заслугай нашага земляка з’яўляецца падрыхтоўка ім чэмпіёна свету Анатоля Карпава. Сямён Абрамавіч трэніраваў таленавітага маладога чалавека пачынаючы з 1969 і да самай сваёй смерці (1978 год). І вось што ў свой час расказаў мне Карпаў, не “прывязваючы” настаўніка да Пінска:
– Сямён Абрамавіч зрабіў велізарны ўклад у развіццё шахматнай тэорыі. Майстэрства ў іспанскай партыі, у іншых дэбютах – у гэтым яму не было роўных. У 90-х гадах мінулага стагоддзя я выдаў кнігу, прысвечаную шахматнай спадчыне Фурмана, у якой таксама змясціў успаміны многіх яго калег. А ў Ленінградзе (цяпер – Санкт-Пецярбург) з 1982 года праводзяцца шахматныя мемарыялы Фурмана…
Пінск. Мост цераз Піну. 1920 г.
Добра было б, на маю думку, адпаведным чынам ушанаваць памяць вядомага шахматыста на радзіме, у Пінску.
Наогул, Пінск даў пуцёўку ў вялікае жыццё многім і многім спартсменам, военачальнікам, майстрам мастацтва, пісьменнікам…
Рышард Капусцінскі, бацькі якога працавалі ў Пінску настаўнікамі пачатковых класаў, нарадзіўся ў 1932 годзе. Бацьку прызвалі ў польскае войска ў 1939-м у сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. Сям’я ў 1940-м пераехала ў Варшаву. У 1955 годзе Рышард заканчвае гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Піша вершы, займаецца журналістыкай. Шмат вандруе па свеце як карэспандэнт Польскага агенцтва друку. Піша кнігі-рэпартажы з гарачых кропак свету. “Імператар” – пра Эфіопію, “Шахіншах” – пра Іран, “Яшчэ адзін дзень жыцця” – пра Анголу. Напісаў Рышард і кнігу, прысвечаную Савецкаму Саюзу, многія яе старонкі складзены з дзіцячых уражанняў пра Пінск. Памёр пісьменнік 23 студзеня 2007 года. А ў верасні таго ж года ў выдавецтве “Літаратура і Мастацтва” выйшаў зборнік выбраных вершаў Р. Капусцінскага ў перакладзе на беларускую і рускую мовы пад назвай “Вяртанне”.
У Маскве добра ведаюць паэта-пінчаніна Валерыя Грышкаўца, які часам жыве то ў Пінску, то ў Расіі. Яго кнігі вершаў – “Время откровений” і “Круг аистиный” – нясуць на сабе выразную пячатку палескай рэчаіснасці.
Менавіта праз Пінск, прыбягаючы на паседжанні літаратурнага аб’яднання ў раённую газету “Полесская правда”, уваходзіла ў вялікую літаратуру зорка айчыннай паэзіі Яўгенія Янішчыц. Да яе 60-годдзя пінскі журналіст Мікалай Елянеўскі падрыхтаваў кнігу ўспамінаў “Невядомая Жэня, альбо Крык наўздагон”. Прайшоў юбілей. Шкада, што кніга так пакуль і застаецца ў рукапісе. А яе ўкладальнік так сама пайшоў з жыцця… На вуліцы Веры Харужай, якая ў розныя часы называлася Францысканскай, Камунальнай, – знаходзіцца дом пад нумарам 12, у якім размешчана рэдакцыя “раёнкі”. Можна было б тут і мемарыяльную дошку ўсталяваць. А ўзгадаць можна не толькі Яўгенію Янішчыц, якая з’яўляецца сапраўдным сімвалам Палесся, яго велічнасці і глыбокай прыгажосці.
Вандроўку літаратурна-мастацкага кшталту можна весці па Пінску, здаецца, доўгія і доўгія гадзіны. Нельга пры гэтым абысці ўвагай мастака Мікалая Рыгоравіча Казлоўскага (нарадзіўся ў Пінску ў 1935 годзе) – ён доўгі час працаваў на фанерна-запалкавым камбінаце, а пасля настаўнікам малявання. Серыя графічных работ таленавітага майстра – “Стары Пінск” – даўно вартая шырокага друкаванага прадстаўлення. Рэпрадукцыі, між іншым, маглі б стаць і асновай для паштовак пра Пінск сучасны. Хіба ж заўтрашнія філакартыстычныя зборы не ствараюцца сёння?.. Пінск – таксама радзіма кніжнага графіка Мікалая Байрачнага. Асабіста добра памятаю яго ілюстрацыі да кнігі Івана Бурсава “95 вожыкаў” і “Францыск Скарына” Анатоля Клышкі.
Роднаму Палессю прысвяціў многія свае лінагравюры і літаграфіі пінчанін Васіль Мітрафанавіч Ткачук. Невыпадкова ж працуе ў горадзе з 1965 года ўласная карцінная галерэя. У свой час з дазволу Міністэрства культуры СССР славутая Траццякоўка перадала гораду над Пінай работы Айвазоўскага, Васняцова, Шышкіна, Макоўскага і яшчэ шмат каго з ліку знакамітасцяў сусветнага маштабу.
Пінск мастацкі, літаратурны – гэта і Пінск, дзе нарадзіліся беларускі архітэктар, акадэмік Іван Жалтоўскі, польскі эканаміст Лех Беднарскі, расійскі мікрабіёлаг Шабсай Машкоўскі, адзін з першых выпрабавальнікаў парашутаў Якаў Машкоўскі (колішняя Катлярская вуліца названа ў яго гонар). З Пінскам звязаны лёсы першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, прэм’ер-міністра Ізраіля Голды Меір… І ўсе яны, бы тыя знічкі ў бясконцай прасторы, расказваюць вякам і тысячагоддзям пра горад над Пінай, дзе нараджаюцца зоркі.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?