Электронная библиотека » Андрэй Адамовіч » » онлайн чтение - страница 1

Текст книги "Таўсьціла і лешч"


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:00


Автор книги: Андрэй Адамовіч


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц) [доступный отрывок для чтения: 1 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Андрэй Адамовіч
Таўсьціла і лешч

Парася, парася, прэўраціся ў карася!

З анэкдоту

© Адамовіч А. С., 2015

© Афармленне. Logvino Literatūros namai, 2015

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

* * *

– І каб ані цягаў. Каб не цягаў. Каб ані бачыў яго, ані чуў. Каб анібачыў. Каб ані кругоў па вадзе. Кабані кругоў. Каб вышмаргнуўся шнур. Каб вышмаргнуўся. Каб зламаў зазубень. Каб зазупень. Каб ані лускі табе. Кабані лускі. Каб ані сэлфі зь ім. Ані сэлфі. Каб матыль падох. Каб падох. Каб апарыш – у мух. Кабу мух. Каб ані лускі, каб ані хваста! Кабані хваста. Амін!

Марыя й Максім усталі з каленяў. Да пачатку малітвы мужчына піў гарбату. Ён зрабіў на дваіх, але жонка, толькі ўвайшоўшы ў кухню, укленчыла й не варушыла тварам, пакуль Максім не далучыўся да яе. Цяпер, адмаліўшыся на рыбалку, яны селі за стол.

– Як думаеш, прыйдзе лешч? – запыталася Марыя.

– Не, – без інтанацыі адказаў муж. – Ня прыйдзе, бо ня мае ног. І ня клюне, бо ня мае клявала. І не паркану, бо ня маю талёнаў.

Жонка колькі разоў дробна кіўнула, паглядзела на мужа і ўсьміхнулася.

Прагноз на заўтра быў лепшым, чым на папярэднія восемдзесят восем дзён, калі Максім выпраўляўся ў рыбу. Ён езьдзіў штотыдзень, нават узімку, знаходзячы месца, дзе ня стаў лёд. Езьдзіў калі на адзін дзень, выправіўшыся зранку, а калі й на ноч.

І вось ужо восемдзесят восем рыбалак ён ня мог злавіць ляшча. Максім устаў. Жонка паклала далонь на плячо мужу.

– Вы дамовіліся на шэсьць. Будзеш чакаць. Максім сеў на зэдлік каля стала. У пакоі залівіста заплакаў Ян. Марыя асьцярожна паставіла кубак на стол. Склала рукі, нібы зноў зьбіралася маліцца, устала на лік “сем” і пайшла да малога. Максім уключыў тэлевізар і падышоў да дзьвярэй у пакой. Ён пастаяў так з паўхвіліны. Жонка супакойвала сына, спрабуючы яго закалыхаць.

Максім вярнуўся на кухню і выйшаў на гаўбец. Узяўшы торбу, вынес яе ў вітальню, а сам вярнуўся на гаўбец. Акно ў пакой яшчэ не расчынілі, бо ў гэты час на дварэ было гарачэй. Запаліў. Стужка дыму, разьдзяліўшыся на два амаль аднолькавыя ланцужкі, нагадала яму сьпіраль ДНК, і мужчына падумаў, што ад таго ляшча, па якога едзе, сам ён адрозьніваецца вельмі нязначна – такая ж машына для абароны добра скамбінаваных бялкоў, што навучыліся капіяваць самі сябе.

Максім скрывіўся і сплюнуў, спрабуючы трапіць у галіну чарэшні, якая расла мэтры за тры. Сьліна трапіла на кару. У той самы момант ён падумаў і пра ДНК дрэва. Патушыў даўгі недапалак, крыху пастаяў нерухомы і выйшаў у вітальню.

Калі ён забэрсаў боты і выпрастаўся, Марыя зь Янам на руках выйшла з пакоя. Хлопчык ужо зусім ня спаў, хаця мусіў бы яшчэ з гадзіну. Максім адвёў вочы ад малога.

– Куды тата едзе? Ааа? Як думаеш, Яне? Хлопчык не адказаў дый ня змог бы. Максім узяў малога й прытуліў да сябе. На хвіліну бацька адчуў, як б’ецца сынава сэрца, адразу ж прыгадаўшы выпадак з уласнага дзяцінства. Бацька адрэзаў галаву жывому карпу. І зь яе раўнамернымі, нібы адмеранымі мэтраномам, штуршкамі цякла густая, як мёд, амаль чорная, ліпкая кроў. Максім аддаў малога жонцы й адамкнуў дзьверы. Марыя памахала сынаваю рукою на разьвітаньне. Мужчына зачыніў за сабою дзьверы і націснуў на кнопку замка. Пасьля пстрычкі працёр вочы перадплеччам.

Максім пад’ехаў бяз чвэрці шэсьць. Швагер не адказаў на званок. Віктар жыў на Трактарным заводзе, у доме, які будавалі для ідэальных, а засялілі сапраўднымі працоўнымі. Ня ведаючы слова “ляпніна”, яны не заўважалі яе. Максім адчыніў акно, адкінуў крэсла, падумаўшы, што, каб карцінна нацягваць на вочы кепку, трэба яе завесьці. Заплюшчыў вочы й паляжаў колькі хвілінаў, але сон ня йшоў.

Максім выцягнуў тэлефон і залез у сьпіс кантактаў. Хаця пералік быў даўгі, каго набраць не знайшлося. Ён праглядзеў сьпіс яшчэ раз, але вынік быў той самы. Былыя сябры, добрыя знаёмыя, ледзь знаёмыя – ён амаль перастаў зь імі кантактаваць пасьля таго, як пачаў лавіць рыбу. “Каб ані ўздрыгу на квівэртыпе. Каб табе хвалі ні паклёўкі не паказалі”, – Максім узгадаў словы й схаваў апарат. Спачатку яны проста пераводзілі размовы на іншае, пасьля – намагаліся хутчэй скончыць размову, нарэшце – наогул не пачынаць яе. Яны асуджалі яго так, нібы ведалі нейкі сапраўдны шлях да ўратаваньня, ці ведалі, што такога шляху ў прынцыпе не існуе.

Ля пад’езда Віктара, дзе быў таксама ўваход у пастарунак, два маладыя мянты з тэрміновых вартавалі трох пацяганых дзевак. Адну ці сапраўды хістала, ці яна рабіла выгляд, каб зрэдчас прытуляцца да мянта, што адштурхоўваў яе, але ні разу ня пхнуў па-сапраўднаму.

На ганак выйшаў афіцэр і запаліў. Неўзабаве пад’ехала машына, і дзевак пад іх уласны сьмех загрузілі ў яе. Адна зь іх пасьпела састроіць вочкі Максіму. Ён адчуў сябе нібы пасьля працяглай п’янкі – хацелася кінуць усё й пачаць жыцьцё нанова. Але ні ўчора, ні наогул у гэтым месяцы ён ня піў. Мужчына зразумеў, што кінуць усё хочацца выключна тым, хто нічога й ня мае. І міжволі расьцягнуў вусны ва ўсьмешцы, задаволены пачуцьцём ад уласнай сфармуляванай думкі.

Швагер грукнуў нагою ў дзьверы машыны.

– Што ты робіш?

– Ня сцы ты, ледзь што, падрыхтуем тваю брычку. Ладна, ты мне скажы, дакладна на ўвесь дзень? Можа, бліжэй куды, дый вечар адсядзім?

Максім ікнуў і на некалькі сэкундаў задумаўся, гледзячы ў люстэрка задняга агляду.

– Мы ж дамовіліся.

– Дамовіліся, дамовіліся, пытаю проста. Ладна, пачакай, дахаты трэба на пяць хвілін.

Віктар грукнуў дзьвярыма пад’езда. Швагер пагаджаўся на рыбалку рэдка, увесь час прыдумваючы новыя акалічнасьці. Максім напісаў яму паведамленьне: “Грукні кулаком! Пакажы, хто мужык!” Віктар не адказаў. Максім зноў ікнуў, гэтым разам гучней. Яму падабалася гэтае адчуваньне, і нічога прадпрымаць ён не зьбіраўся.

Паклаў рукі на стырно й стаў загінаць пальцы, пачаўшы зь мезенца левай рукі, пасьля – разгінаць у адваротным парадку. Набраў швагра.

Віктар узяў, але гаварыць ня стаў. Максім пасьпеў пачуць толькі “…сваім апарышам!”, вымаўленае жанчынай, і скончыў званок, бо гэтыя словы, хаця й тычыліся яго, яму не прызначаліся. Мужчына выйшаў з машыны і адкрыў багажнік. Разгарнуў пакунак з матылём-ліманьнікам і панюхаў яго. Узгадалася адначасова мора й сродак ад насмарку.

– Раз па тлустай дупе!

Віктар адчувальна пляснуў Максіма, які зноў прапусьціў момант зьяўленьня швагра.

– Жонку сваю хапай, надакучыў.

– У яе не такая тлустая срака, як у цябе. Ты б на дыету сеў цілі што?

– Гэта таму, што я дома сяджу.

– Мне неяк усё адно. Ладна, паказвай, чо ўзяў.

Максім моўчкі паказаў Віктару ліманьніка, матыля на зазубень, апарыша белага й фарбаванага, чарвякоў, пакункі з прыкормкай, араматычныя прысадкі, шарыкі пенаплясту. Ужо ў машыне Віктар запытаў: – Думаеш, трэба было белую прыкормку браць?

– Пачнём з чорнай. На страхоўку.

– А я ж таксама араматыкі ўзяў. На вось. Віктар выцягнуў з-пад ног белы пакунак.

Максім разгарнуў яго й пасьпеў разгледзець шкляны літровы слоік з плястыкавай накрыўкай. Ён удыхнуў і ледзь не званітаваў – з пакета ішоў моцны пах лайна. Максім адкінуў пакунак Віктару на калені й выскачыў з машыны.

– Што гэта, бл-дзь!? Ідыёт!

– Араматыка на ракаў. Усю ванную сабе прасьмярдзеў, пакуль куру гнаіў. Трэба яшчэ па рачэўні заехаць.

Максім пастаяў з хвіліну, абапіраючыся аб капот і спрабуючы не званітаваць. Разагнуўся, некалькі разоў глыбока ўдыхнуў і зноў ікнуў. Разам яны закруцілі пакунак у яшчэ некалькі пакетаў і накрылі вядром у багажніку.

– Ты, тоўсты, калі працу сабе знойдзеш? Не магу зразумець, за які х-й вы, армяне, жывяцё? Ці ты ляшча чакаеш? І вось яшчэ ні халеры не разумею. Як так, грошай няма, а такую сраку ад’еў?

– Дарэчы пра грошы. Зь цябе дзьвесьце рубасаў на бэнз і за прыкормкі. Ты мне яшчэ дзьве кармушкі ўтапіў, але я ўжо ня згадваю.

Віктар, закаціўшы вочы ўгору, марудна выцягнуў пачак грошай з кішэні, аддзяліў дзьве паперкі й закінуў іх у бардачок.

– Паехалі па рачэўні. Тут недалёка, я пакажу. Трапілі яны ня ў краму, а да звычайнага пяціпавярховіка. Віктар патлумачыў па тэлефоне, што яны дамаўляліся на форуме, і ім назвалі кватэру.

– Там ракі хаця б ёсьць?

– Ёсьць, – адказаў Максім. – Я ў справаздачах бачыў фоткі. Нават на вуды цягаюць.

Яны зрабілі прыпынак на трэцім паверсе, і Максім узгадаў, як удаваў, быццам чытае гэтую тэму на форуме, а сам неўпрыкмет пераключаў браўзэр на стужку ў сацсетцы. Толькі калі дзьверы двума паверхамі вышэй адчыніліся, Віктар працягнуў уздымацца, і Максіму не засталося нічога іншага, як даганяць.

– Што? Высока? Затое мне бачна, што вы не зь мянтоўкі.

– Гэта чаму? Во гэты таўсьціла – сапраўдны ж дзікі прапар.

– Ладна. Вось толькі такія засталіся.

Віктар і Максім узялі прылады й пачалі круціць іх у руках, раскладаючы й зноў зьбіраючы. Ячэйкі ў рачэўнях выявіліся на два мілімэтры меншымі, чым дазвалялі правілы, але Віктар не зьвярнуў увагі на словы Максіма й набыў.

– Зь дзяцінства ракаў ня еў. Вельмі ж хочацца. Пад піва.

Горад стаяў, забіты машынамі офісных працаўнікоў, якія пакуль былі толькі лятэнтнымі вудзільшчыкамі, бо рыбалка цяпер усё часьцей нагадвала бег навыперадкі, дзе галоўным было першым апынуцца на месцы.

– Ля мятра спыніся. Забярэм яшчэ аднаго фідараса.

– Зноў кагосьці паклікаў?

– А то як жа. Ты ж за стырном.

Ткача было відно здалёк, выдаваў футарал для вудаў, які мог месьціць і стрэльбу, але быў чырвоны ў блакітныя гарохі.

– Вось замовіў сабе ў Кітаі. Даслалі, маць яго паднябёсную.

– Ты на бэнзін скідацца будзеш? – запытаў Максім, але ніхто не адказаў.

На выезьдзе з гораду яны заехалі на стаяку гіпэрмаркета. Максім хутка выбраў сабе сасіскі й хлеб. Хлопцаў ён знайшоў ля піва. Каб не кандыцыянэры, Максім бы ня вытрымаў працэсу выбару пеннага.

– Давай вось зь вішняй возьмем, яно чырвонае мусіць быць. Як ракі.

Ткач у рыфму вылаяўся, і яны абодва зарагаталі, азіраючыся, ці не пачула іх якая-небудзь бабка.

– А ты, жырабасіна, якое будзеш?

– Тваімі новымі жартамі, думаю, нап’юся.

– Тару давай, за мной толькі пену адстойвай! Так янызгубіліпрынамсіпятнаццаць хвілінаў. Ужо на паркоўцы, бітма забіўшы машыну плястыкавымі бутэлькамі, узгадалі, што ніхто ж ня ўзяў дровы й батарэйкі ў ліхтар, – вярнуліся. Хацелі прымусіць заплаціць Ткача, бо ён не скідаўся на бэнзін, але той пагадзіўся, толькі калі Віктар даў палову.

А палове на восьмую выехалі на трасу. Лета было гарачае, і празь дзесяць хвілін салодкі пах зь пякучых тарфянікаў запоўніў салён машыны. Але гэта стала меней заўважацца амаль адразу, бо Віктар і Ткач адкаркавалі па бутэльцы.

– А вось як нас даёвы спыніць. Вокны запацелі, кіроўца ікае.

Віктар уключыў радыё. “Праграма «Бяз дай прычыны!» Павіншуйце родных і блізкіх бяз дай прычыны!” – пасьпела агучыць вечнабадзёрая вядучая з інтанацыямі, пастаўленымі для сэксу па тэлефоне, і Максім выключыў радыё, але згадаў, што празь няпоўны месяц яму спаўняецца трыццаць. Ён звольніўся з апошняй працы перад дваццаць восьмым днём народзінаў праз канфлікт з калегамі. Максім усё яшчэ любіў расказваць гэтую гісторыю, але і Віктар, і Ткач яе чулі.

Машынаў болела, было падобна, што наперадзе буйная аварыя, але відаць яе не было. Кіроўца, не рэагуючы на няспынныя падколы, згадваў сваю першую лоўлю на фідар. Як яны залілі ў прыкормку зашмат вады, зрабіўшы яе занадта клейкаю, як усе панапіваліся, але Адам выпадкова, ужо зьбіраючы вуды, выцягнуў ляшча, крыху большага за кіляграм. Нічога такога не было ў той рыбалцы, каб яе палюбіць.

– Чуеш, Макс, а бліжэй куды можна зьвярнуць?

– Ну, маглі ў тваёй ваньне палавіць.

– Не, у ягонай ваньне ракаў няма, а я на ракаў еду.

– А я на сама, – падтрымаў Ткач, хаця толькі што прапаноўваў збочыць. – Я цяпер самотнік.

Максім разумеў, што ніякіх ракаў яны ня зловяць, але нічога казаць ня стаў. Корак стаў шчыльнейшым. Кіроўца спыніў машыну, адкрыў акно і запаліў. Ён згадаў сёньняшнюю думку пра ДНК, зьбіў попел і пачаў перабіраць рэчы, пра якія было б прыемна падумаць. Але выпадковая асацыяцыя ўсё вярталася й вярталася да галавы.

Машына то рухалася, то спынялася, але хвілін празь дзесяць праехалі ўчастак, дзе пракладалі трубы. Далей разагналіся за сотню.

– Максім, ты ж засэйвіўся?

Кіроўца прыбраў рукі са стырна й вярнуў іх на месца, толькі калі машыну пачало заўважна весьці ўправа. Пасажыры прамаўчалі. Максім адстаронена падумаў, што можна было б і не вяртаць машыну ў паласу, а як у дзяцінстве – паглядзець, што здарыцца, хаця добра ведаў, што ня будзе нічога, апроч болю на разьвітаньне.

У машыне было прахалодна ад кандыцыянэра, але з захаду пачалі ісьці чым далей, тым больш важкія аблокі. Менавіта так і мусіла быць. Максім адчуў, як па лобе, раздражняючы скуру, сьцякае кропелька поту, і выцер яе адваротным бокам далоні.

– Ціск крыху ўпадзе – уся рыба мая. Прамераю грузам дно. Гэта нядоўга. Магчыма, нават пасьпею сёньня. Кончык яшчэ мусіць быць відно. Можна ня самы чуйны паставіць, гэта пры прамерцы дна няважна.

– Макс, ты гэта з кім цяпер размаўляеш? – запытаў Віктар. – Зусім паехаў ад рыбы? Ці сяструха мая давяла?

Максім толькі цяпер зразумеў, што сказаў усё гэта ўголас.

– Я вам апавядаю, як рабіць трэба.

– Мне пох, я на паплавок карася буду лавіць, – уставіў Ткач і зарагатаў.

– А можа, і сама возьмеш, – падбрэхнуў Віктар. Максім падумаў, што дно прамерваць і не абавязкова. Ён заўсёды запісваў профілі ў нататнік і ўчора яго пераглядаў. Самымі пэрспэктыўнымі месцамі былі ніжняя броўка на пяцьдзясят тры абароты й пераход ад ракушачніка да глею на стале, які, відаць, быў рэчышчам, каля шасьцідзесяці двух абаротаў. Марыя раіла лавіць там, дзе сканчаўся ракушачнік. Але штосьці падказвала Максіму, што броўка пэрспэктыўнейшая.

Вяртаючыся дадому пасьля няўдалай рыбалкі, Максім заўсёды намагаўся пераканаць сябе, што гэта быў апошні раз, калі ён выправіўся, але Марыя заўсёды раіла яму не адчайвацца й давесьці справу да канца. “Калі ўзяўся злавіць ляшча – злаві!” – казала яна. І звычайна дадавала: “Ляшча злавіць – ніколі ня позна!” Кожнага разу ў яе атрымлівалася яго ўпэўніць, хаця аргумэнты нагадвалі зборнік народных прымавак.

– Слухайце, а ў вас бацькі жывых карпаў набывалі?

– Яшчэ б, – адказаў Ткач, – набывалі ўвесь час. Я іх ненавіджу, гэтых карпаў.

– Мама таксама набывала, – сказаў Віктар. – Я помню, яны ў ваньне плавалі, а я ім мыла туды нацёр. Па-мойму, здохлі. Дрэнна помню. Добра помню, што срака балела. Ух ты ж, бля! Глядзі, што здарылася!

З правага боку ў кювэце валяліся дзьве машыны. Каля абедзьвюх няхутка хадзілі людзі. Пасярэдзіне правай паласы, сярод аскепкаў шкла й каляровага плястыку, стаяў трохколавы ровар, так, нібы ня вываліўся з багажніку пры сутыкненьні, а быў кімсьці акуратна пастаўлены, каб можна было сесьці й паехаць. “Сьветлай дарогай дзяцінства”, – падумаў Максім і зглынуў.

– Можа, спынімся?

– Там шмат людзей, – адказаў Віктар Ткачу, – мы ня лекары й не ратавальнікі. Чым мы дапаможам? Дый дапамога там непатрэбная, там усё ў блін. Хіба што папоў выклікаць. Таксама з сэйвамі хтосьці ехаў.

Максім рэзка павярнуў улева, бо даехалі да патрэбнага скрыжаваньня.

– Бляха, – сказаў Ткач. – Вы ровар дзіцячы бачылі?

– Бачылі, – адказаў Максім. – Лепш да сьмерці ці калекаю?

– Каму як. Ты вунь па атлусьценьні хутка інваліднасьць атрымаеш, а па ляшча езьдзіш.

Кіроўца ікнуў. Пасажыры засьмяяліся.

– Што вы за сьвіньні. Вы толькі што, лічыце, на мёртвага дзіцёнка паглядзелі, а самі сьмеяцеся, – сур’ёзна сказаў Макс, але, зірнуўшы на профіль Віктара дый ікнуўшы, і сам засьмяяўся, хаця нічога сьмешнага па-ранейшаму ня бачыў.

– Эх, злавіць бы сёньня ляшча… – сказаў Максім праз колькі хвілін.

Віктару падалося, што ў Максіма сьлязяцца вочы і ён хутка заплача, але той апошнім часам напраўду набраў шмат вагі й пры росьце ў сто семдзесят сантымэтраў пераваліў за сто дзесяць кіляграмаў. Ён увесь час пацеў, поры на скуры зрабіліся вялікімі й часткова былі забітыя чорнымі кропкамі, зуб за іклам выпаў і быў заменены на жалезны пратэз, валасы, сабраныя ў хвост, парадзелі. Можа быць, пачырванелыя вочы былі адною з праяваў яго нездароўя.

Яны ехалі старою дарогаю, якою цяпер амаль ніхто не карыстаўся, але асфальт быў добры. Паабапал стаялі вязы. Максім падумаў, што яны зьехалі на гэтую дарогу, нібыта ў апавяданьне Чорнага, і зараз на шашу мусіць выскачыць згаладалая карова, уздымецца туман, а кара дрэваў стане мокрай і будзе аддаваць паветру цягучы пах. На ўзбочыне зьявілася заўважаная адно кіроўцам лісіца. Але было па-ранейшаму горача й амаль ясна.

Яны ўехалі ў нейкі пасёлак. Віктар ня ведаў які, магчыма, гэта быў ускраек Асіповічаў. Дзень сканчаўся.

– А што як ня зловіш ляшча, Макс? – Віктар піў ужо другі літар.

– Злаўлю наступным разам.

– Ты яго два гады ўжо ловіш. Мо лепш у самотнікі, як Ткач? У сама паклёўка раз на год, ня так крыўдна не злавіць, як ляшча твайго. Ты ўжо колькі езьдзіш?

– Восемдзесят дзявяты раз.

– За дзевяноста разоў можна было яго прынамсі выхапіць. Давай да соткі дагоніш і спынісься. Як табе такі варыянт?

– Заўтра я выцягну ляшча трошніка. А можа, і большага. Можа быць, такога, што ты зь ім зможаш выпіваць.

– Не, такога ляшча ня трэба. Такіх ляшчоў у мяне ўжо шмат. Выцягні такога, каб ім можна было закусіць.

Усе трое сур’ёзна заківалі. У Ткача ажыў тэлефон. Спачатку мужчына казаў ціха й салодкім голасам, пасьля – апраўдваючыся.

– Кінула слухаўку, – сказаў ён спакойна.

– Я гэтаму кажу і табе скажу. Пастаў ты яе на месца. Што вы ня як мужыкі. Раз на месяц ты ня можаш у рыбу зьезьдзіць? Тым больш ты сур’ёзны чалавек, дом свой, машына, бізнэс свой. Што яна яшчэ хоча?

– Так, – сказаў Віктар. – Давайце не ўздымаць гэтую тэму. Ты мне лепш скажы, Макс, якая там плыня?

– Плыня там – акурат для сама! – і мужчыны зарагаталі.

Машына ўехала ў лес. У багажніку штосьці адчувальна грукала, калі яны праяжджалі па ямінах. Максім трымаўся за стырно, а пасажыры – за вочапкі над вокнамі. Максім узгадаў “араматыку на ракаў” і яго пацягнула на ваніты. Пакуль ня выехалі на раўнейшы ўчастак, усе маўчалі.

– Блін, намётаў жа! Пазаймалі ўсё.

– Ты яшчэ пра абарыгенаў не забывай.

Але на месцы, да якога яны ехалі, ніхто не расклаўся. Гэта была прадаўгаватая, уздоўж абрывістага, парослага дрэвамі берагу, палянка, з двума кругамі прагарэлых вогнішчаў, невялічкім сталом і лавамі пры ім. Крыху наводдаль зь неабдзертых камельчыкаў сасны й нейкіх галінаў была змайстраваная сушылка для рыбы.

– Аптымісты, – пракамэнтаваў Віктар.

Гарачыня зусім сышла. Максім адчыніў свае дзьверы й адну за адною высунуў ногі на вольны ад травы лапік пяску. Ён устаў і зрабіў чатыры крокі. Ногі крыху здранцьвелі. Максім пацягнуўся й набраў Марыю.

– Нічога ты ня зловіш. Можаш не спадзявацца.

– Дзякую на добрым слове.

– Толькі абавязкова сёньня закінь. Можа, і сёньня ня зловіш, і заўтра ня зловіш.

Хлопцы нешта крычалі ад вады, але словаў было не разабраць.

– Я так хачу ляшча. Бацька яго гатаваў і мяне навучыў. Гэты смак зь дзяцінства. Як ня зловіш, набяры мяне яшчэ раз. І перад сном абавязкова. Ты што замешваць будзеш?

– Эрэску спорт.

– І сабе, і Віце?

– Так. Можа, яму “плотку”. Пагляджу.

– Толькі “плотку”. Нават і ня думай яму “ляшча” мяшаць. Ці хай падалей адыдзе.

– Тут не адгадаеш, трэба паспрабаваць.

– Мама дала сто даляраў.

Марыя дала слухаўку Яну, і бацька сказаў яму колькі словаў. Сын быў не ў гуморы і не адказаў. Хлопцы неўзабаве вярнуліся і ўзяліся за намёт. Ставілі збольшага лаянкаю. Максім паліў на лаве, бо зьбіраўся спаць у машыне. Намёт быў чужы, дый піва яшчэ ня выйшла, і хлопцы ніяк не маглі даць рады. Малады бацька спусьціўся да вады.

Мясцовыя паставілі кружкі. Два чалавекі ў драўлянай, фарбаванай у зялёнае лодцы плылі на вёслах уверх, да пасёлка. На тым беразе палілі вогнішча. Краявід псавалі толькі высачэзныя, тонкія антэны, відаць, нейкай вайсковай радыёлякацыйнай часткі. Максім паглядзеў на іх яшчэ раз і падумаў, што яны стаяць тут так даўно, што нічога ўжо не псуюць, і што, можа быць, менавіта для вайсковых патрэбаў, як люстра для радара, запрудзілі гэтае вадасховішча, і каб не радар, тут была б нешырокая ручаіна. Агледзеўшы бераг, Максім сабраў колькі пакетаў ад прыкормкі, пустую бутэльку, недапалкі і зь дзясятак накрывак.

У вадзе ўздоўж берагу ляжала бервяно. Максім апусьціў далонь у ваду. “Лешч, прыходзь да мяне, ты вялікі й разумны лешч, а я тоўсты й слабы, але я даўно чакаю цябе, прыходзь, лешч”. А пасьля, падумаўшы, дадаў: “Ці не прыходзь. Мне ўсё адно, лешч”.

Ля вады было крыху сьвятлей, чым на палянцы, але пачыналі спадаць прыцемкі. Максім узьняўся берагам да машыны. Аддыхаўшыся, ён адчыніў багажнік і выцягнуў па чарзе дзьве вялікія торбы, фатэль, фідар і пікір для Віктара. Сваіх вудаў у швагра не было. Сябры акурат далі рады з намётам.

– Ну, што, Віталь, далучысься да фідарасаў? Ці буш свайго сама чакаць?

Прапанова была чыста рытарычнай, бо для яго ўсё адно не было ні фідару, ні пікіру. Віталь расшпіліў свой футарал і выцягнуў адтуль два матавіньні зь лёскаю, грузіламі, кручкамі й гумаю. Максім адвярнуўся.

– Назьбірайце вы лепш дроваў.

– А той сеткі ня хопіць?

– Можа, і хопіць. Але вы піць будзеце, хоць пры вогнішчы паседзіцё.

Ткач і Віктар сышлі, захапіўшы з сабою літруху. Максім выцягнуў дровы з багажніка й разрэзаў сетку нажом. Узяў сякеру й нарабіў трэсак. Аддыхаўся. Устаў на адно калена й пачаў складаць пірамідку. Моцна ікнуўшы, ня даў рады, і лускі разваліліся. Максім набраў паветра ў грудзі, але ня вытрымаў і дзесяці сэкундаў. Ікаўка вярнулася агрэсіўнейшай.

Ён агледзеўся. Да поўнай цемрадзі заставалася ня больш за гадзіну. Максім нагою пнуў трэскі й поскакам кінуўся да вудаў. Ён разьвязаў вяровачкі, выцягнуў фідар з чорнай шаўкавістай тканіны, прыхіліў да машыны. Уставіўшы каленцы адно ў адно, колькі разоў секануў паветра над галавою. Хутка выцягнуў шпулю й прыкруціў яе да вуды. Пачаў цягнуць пляцёнку праз колцы, але раптам спыніўся. Паставіў вуду да негабляванай дошкі лавы й вярнуўся да вогнішча.

Устаў на калені і па адной сабраў трэскі ў пук. Праз хвіліну пірамідка была гатовая. Пасечанае дрэва прыемна пахла.

Прыяцелі вярнуліся з гальлём.

– Дроваў назьбіралі?

– Ты агняхвал ці што? Маліцца буш дровам? Хопіць нам. – Памаўчаўшы, Ткач дадаў: – Мы там лаўжоў знайшлі, але браць ня сталі. Хтосьці зьбіраў. Спадзяваўся. Верыў. Таксама агняхвалы, думаю.

Максім паднёс запальнічку да трэсак і трымаў, пакуль не адляцела колца, а боль ня стаў нясьцерпным. Ён памахаў сьціснутым кулаком. Устаў і адкаціў тоўстую бярозавую калоду на мэтар ад вогнішча. У Віталя склалася ўражаньне, што Максіму трэба было патрымацца за гэтае бервяно, бо яму закруцілася галава, калі ён рэзка ўстаў.

Агонь узяўся. Максім запаліў, сеўшы на калоду. Ён узгадаў выпадак у дзіцячым летніку, калі вось таксама сядзеў, толькі быў яшчэ тонкім і нязграбным хлопчыкам, не такім нехлямяжым, як цяпер, але хуткім, толькі недакладным у рухах. І зь вялікімі, незаплылымі яшчэ вачыма. А важаты, што сядзеў побач, абняў яго за талію мяккаю й потнаю далоньню. І гэтая далонь лашчыла яго. Ніякай агіды ні тады, ні цяпер ён не адчуў. Узгадаў толькі, як спрабаваў неўпрыкмет яе адкінуць. Як гэта атрымалася, Максім не згадаў, бо задумаўся, што стала з тым хлопчыкам за ўсе гэтыя гады. Адзінае агульнае ў іх, што прыйшло яму да галавы, – нелюбоў да паху злоўленай рыбы.

– Ладна, фідарасы, – сказаў ён, дапаліўшы. – Давайце паспрабуем, што да чаго.

Ён узяў чорны неглыбокі тазік і даў яго Ткачу, каб той набраў вады. Калі Віталь прынёс яе, Максім выліў амаль усю ваду на зямлю й высыпаў у таз траціну пачка прыкормкі.

– Ты так не рабі. Ты ваду лі ў прыкормку. У мяне досьвед. І рукі.

Максім аддаў тазік Ткачу й той стаў перамешваць шараватую масу, якая адначасова пахла сьвежасьпечаным хлебам, чымсьці тонка ў печы падгарэлым, мёдам, кветкамі й чыстым, дыстыляваным смакам. Калі прыкормка была гатовая, Максім працягнуў Ткачу скрыначку зь белым апарышам і адсыпаў у газэтную старонку матыля. Віталь сышоў, прыхапіўшы свой футарал.

Праводзіўшы позіркам Ткача, Максім павярнуўся да сваёй вуды. Каля яе на лаве сядзеў Віктар з рачэўнямі ў руках.

– Дапаможаш?

– Чым?

– Трэба мяса прывязаць.

Максім вылаяўся як належыць, узгадаўшы, куды канкрэтна швагер мусіць прывязаць сабе гнільлё.

– Я званітую, – сказаў Віктар, не зьмяніўшыся тварам.

Сам не чакаўшы, Максім задумаўся. Штосьці было ў гэтым пераадольваньні сябе.

– Ведаеш, настолькі ідыёцкіх прапановаў мне яшчэ ніхто не рабіў.

– А ты маёй сяструсе?

– Так. Прыблізна такая ж ёб-тая ідэя была.

– А я твой фатэль да вады аднясу. Ты ж разам зь ім утопісься. Ці зламаеш што.

– Засьцялі стол газэтаю, – сказаў Максім і пайшоў шукаць у аптэчцы вату.

Ён узяў таксама нож, лёску й плястыкавую накрыўку ад торта, якую невядома нашто прыхапіў на рыбалку. Максім ужо хацеў вываліць гнільлё ў накрыўку, але сказаў швагру спачатку падрыхтаваць самі рачэўні. Гэта былі невялікія складныя конусы. У раскладзеным выглядзе ля вяршыні сыходзіліся два сагнутыя драты, якія Віктар завязваў між сабою нэйлёнаваю вяроўкаю, каб пасткі ня склаліся ў вадзе. Калі рачэўні былі гатовыя, Максім запаліў і вываліў мяса ў накрыўку.

Пакуль смурод не адчуваўся. Рыбак падхапіў нажом кавалак мяса й кінуў яго на стол. Торкнуўшы гнільлё, ён зрабіў у ім дзірку. Дым трапіў Максіму ў левае вока, той устаў і адышоў на некалькі мэтраў ад стала. Сьлёзы ліліся з абодвух шчылінаў, у якія ператварыліся рэфлекторна заплюшчаныя вочы. Віктар стаяў побач са шваграм.

– Праз пахно, так? Максім не адказаў.

– Э, на! Сюды, ля! Сама дастаў! – закрычаў ад берагу Ткач.

– Пайшлі паглядзім, не магу з гэтым мясам. Руку дай.

Так яны й спусьціліся да берагу. Максім з заплаканым тварам і Віктар, як хлопчык пры блазьне.

– Пранцы на цябе! – Віктар не прыхоўваў зайздрасьць.

Максім нарэшце адплюшчыў вочы. На беразе ляжаў лешч. Максім такіх не лавіў. На вока ў ім быў акурат кіляграм.

– Нармальны падлешч. Прам тут узяў? – запытаў Віктар.

– Не, б-я. На Дзьвіну зганяў.

– Гэта не падлешч. Гэта лешч. Ён жоўты й гарбаты. – Рыба падскочыла ў кірунку вады, але Віктар адсунуў яе нагой падалей. – Звычайна такога памеру белыя, але гэты жоўты й гарбаты. Вынікае, лешч. Віншую, калега. – Ткач падскочыў і абняў спачатку Віктара, а пасьля й Максіма. – Блін, а мы час на тваё лайно марнуем. – І Максім пачаў уздымацца да паляны, ставячы ногі на самыя вялікі карэньні з тых, якія трымалі бераг. Каб было лягчэй, ён лічыў крокі й намагаўся рабіць іх шырэйшымі.

Дзесьці недалёка запікаў сыгналізатар.

За сталом Максім узяў нож і паспрабаваў прапхнуць ім лёску празь дзірку ў мясе. Але не атрымалася, ён узяў кавалак мяса двума пальцамі.

– Рачэўню, – папрасіў ён.

Атрымаўшы сетку, укінуў мяса ў яе і прывязаў лёску, прапусьціўшы празь ячэйку ў дне. Абедзьве далоні зрабіліся сьлізкімі. З вачэй зноў пачалі падаць сьлёзы.

– Згані ты нах-й гэтую асу! Згані яе нах-й! – Толькі пасьля словаў швагра Віктар зьвярнуў на яе ўвагу і напраўду пачаў адганяць, прыгаворваючы “б-я, б-я” і трымаючыся адною рукою за нос.

Ад стала Максім устаў, калі былі гатовыя чатыры рачэўні з шасьці. Ён падышоў да сасны й прыхіліўся да яе, трымаючы далоні так нізка, як мог. Пачыналіся ваніты. Віктар распаліў цыгарэту і ўставіў швагру ў рот. Максім уцягнуў паветра й тут жа ікнуў. Цыгарэта вылецела ў пясок. Віктар затаптаў яе. Як і мінулым разам, ікаўка адагнала ваніты. Максім вярнуўся да рачэўняў і хутка, ня больш чым за паўхвіліны, падрыхтаваў абедзьве.

– Мінэт з маёй сяструхі, – сказаў Віктар.

– Ідзі закідай. Толькі спачатку аднясі куды гэтае гнільлё, – Максім кіўнуў на скрынку. – Стой. На рукі мне палі спачатку.

Выявілася, што вады – адна бутэлька, якую ўзяў кіроўца. Віктар паліў півам. Пах сышоў, толькі калі бутэлька спусьцела на палову. Швагер пачаў зьбіраць пікар. Прымацаваўшы шпулю, ён адставіў яго, узяў Максімаў фатэль і пацягнуў да вады. Там ён расклаў яго й надзейна ўсталяваў. Вярнуўся па торбы і іх таксама аднёс на бераг.

Максім сеў у фатэль. Каля ляшча ляжалі яшчэ дзьве плоткі, але невялікія, крыху меншыя за далонь.

– Сёньня й назад трэба будзе аднесьці. Не давяраю я суграмадзянам. – Пра плотак Максім нічога не сказаў.

Лавіць не хацелася. Віктар хутка зьвязаў патэрностэр, узяўшы вертлюжок з торбы швагра. Ён прычапіў груз і кінуў, як кпіў Максім, “у ангельскім стылі”. Насамрэч Віктар завёў вуду далёка за сьпіну й шырока махнуў ёй. Грузіла паляцела па высокай дузе, зьбіўшы ліст з галіны вяза, які рос справа ад Віктара й Віталя. Калі сьвінец наблізіўся да вады, швагер не зрабіў адцяжкі, бо забыў, што лёска закліпсаваная. Максім пакачаў галавою. Віктар зьняў кліпсу й скруціў. Яшчэ раз гэтаксама закінуў, зноў трапіўшы ў лісьце. Пакуль шанцавала й лёска не заблытвалася.

– Задалёка, – сказаў Максім.

І напраўду, атрымалася пад пяцьдзясят абаротаў. На дваццаці васьмі грузік за нешта зачапіўся, але лёска не абарвалася.

– Лепш так, чым на мэтры лавіць, – не пагадзіўся Віктар.

Максім не камэнтаваў, бо стаміўся тлумачыць. Пакуль Віктар вязаў павадок, Ткач сказаў: – Я чытаў учора, што ракі пачалі нават на коней нападаць.

– Гэта што, – падтрымаў Віктар. – Аднаго прызначылі сьпікерам верхняй палаткі. Піва дзе? – Віталь падаў яму бутэльку. – На ноч закіну, а то пахам гэтым можна й рыбу распужаць.

Віктар закінуў з пустой кармушкай, утыркнуў стойкі зь зялёнымі плястыкавымі вяршынкамі, усталяваў пікер і знайшоў месца для складнога зэдліка, каб было зручна падсякаць.

– Халера бяры, – сказаў Ткач і дастаў вуду. – Я ня бачу паплаўка.

Віктар закінуў, набіўшы кармушку Віталёвай прыкормкай і начапіўшы на зазубень клясычны бутэрброд з апарыша і матыля. Кармушка ўвайшла ў ваду мэтраў на пяць лявей, чым уваходзіў патапец. Квівэртып быў ледзьве бачны. Віктар запаліў.

– Клюе! – выгукнуў Максім і яшчэ гучней ікнуў.

Усе засьмяяліся. Праз колькі імгненьняў квівэртып рэзка сагнуўся. Падсекчы швагер не пасьпеў. Але паклёўка паўтарылася сэрыяй штуршкоў. Віктар падсек. Ён ускочыў, узьняў пікер вэртыкальна ўверх. Па ягоным твары можна было падумаць, што рыбіна вялікія. Ён прыгаворваў: – Ёсьць… ёсьць… ёсьць! – але сагнуты быў толькі кончык пікера. Рыбіна, калі яна й была на кручку, мусіла быць зусім маленькай. – Ёсьць! Ёсьць у срацы ягамосьць! – скончыў думку Віктар. Праз сэкунду паказалася кармушка і ўсе ўбачылі, што рыбы няма.

Віктар, на азарце, вырашыў закінуць яшчэ раз, хоць бераг асьвятляў ужо месяц і слабую паклёўку ён бы прапусьціў. Віталь прынёс яшчэ адно піва. Максім таксама прыклаўся да бутэлькі. Віктар зразумеў, што далей чакаць ня мае сэнсу, і зматаў лёску.

Яны вярнуліся да вогнішча. Некалькі агеньчыкаў яшчэ мігцелі. Віталь укінуў гальля й адно палена зь сеткі, нахіліўся й стаў разьдзімаць агонь. Хутка полымя ўзялося, але давала больш дыму, чым раней. Віктар узьняў угору фатэль і торбы.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> 1
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации