Текст книги "Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх"
Автор книги: Антось Уласенка
Жанр: Научная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 10 (всего у книги 12 страниц)
Новае пачынаньне
У фантастыцы мяне заўжды прыцягвала незвычайнае, чужое, нечалавечае. Калі пачаў пісаць сам, пераканаўся, што прыдумаць і апісаць яго ня так проста. Гадоў дзесяць таму я меў досьвед, па якім зразумеў, як сладана ня толькі адкінуць чалавечую пэрспэктыву й паглядзець на сьвет вачыма іншага, але й проста пазбавіцца ўласных думак.
Тады я браў удзел у вышкале, прысьвечаным выжываньню на прыродзе, у лясох Паўночнае Савоніі, Фінляндыя. Пераз дзесяць кастрычніцкіх дзён мы невялікаю групаю выконвалі сама розныя заданьні, але найскладанейшым аказалася найпрасьцейшае: правесьці цэлы дзень у лесе, на адным месцы, ні пра што ня думаць і зьліцца з прыродай.
Напярэдадні мы прыцемкам выправіліся ў тарфяную хацінку за колькі кілямэтраў ад базы. Ліхтарамі карыстацца забаранялася, ісьці трэ было паводле адчуваньняў і гукаў, як зьвяры; каб ня збочыць зь лясное сьцежкі й не напароцца вокам на сук. Павячэралі мы рыбай, злоўленай у возеры й засмажанай на вогнішчы. Пасьля інструктар папрасіў нас адлучыць тэлефоны й забраў іх, паабяцаўшы вярнуць праз содні. Ён сказаў, што ад гэтага моманту нам на содні забараняецца размаўляць.
На досьвітку мы скіраваліся ў векавы бор, дзе забаранялася любая чалавечая чыннасьць, у тым ліку лясьніцкая. Кожныя сто мэтраў інструктар паляпваў аднаго з нас па плячы й паказваў кірунак руху. Чалавек аддзяляўся ад групы і йшоў, пакуль не знаходзіў месца сабе даспадобы.
Раней нас папярэдзілі, што ўзяць у лес можна толькі карымату й бутэльку вады. Ніякіх прыладаў, кніжак, асадак, нажоў, плэераў – нічога такога, чым можна было б заняць рукі й галаву. Умовы патлумачылі так: праседзець увесь дзень да заходу сонца на адным месцы, ачысьціўшы галаву ад думак і адчуўшы сябе часткаю прыроды – «урасьці ў краявід»; пасьля вяртацца ў тарфяную хацінку.
Я ўпадабаў старую яліну, паклаў карымату на мох між каранямі і абапёрся сьпінаю аб камель. Перад сабою бачыў звычайны гушчар фінскага барэальнага лесу: яліны, сосны, ядлоўцы, багуны, выпетраны чарнічнік, дзясяткі відаў імхоў і лішаёў.
Складана было ня толькі пазбыцца думак, а нават і нерухома сядзець. Увесь час я шукаў сабе апраўданьні, каб прагуляцца хаця б вакол дрэва: маўляў, трэба схадзіць да ветру, разьмяць зацёклыя ногі, угрэцца рухам. Ад няма чаго рабіць хуценька выпіў літар вады, які прыхапіў з сабой. Пакруціў на чучцы плястыкавую флягу. Па нядоўгім часе гэтая забаўка надакучыла. Зноў паспрабаваў ні пра што ня думаць – зноў не атрымалася. У галаве то пракручваліся ўспаміны, то гучала пачутая надоечы песенька.
Таго дня ў Паўночнай Савоніі я здолеў нейкі час пасядзець нерухома – прычым настолькі нерухома, што за пару крокаў ад мяне з норкі вылезла мышка й спакойна выправілася па сваіх справах. У раёне абеду пацяплела, хваёвы пах п’яніў. Я згадаў керуакаўскае «I practice do-nothing», скруціўся між каранёў абаранкам і заснуў. Спалася ў бары салодка, і прачнуўся я, калі сонца ўжо села. Пакуль дабраўся да хацінкі, добра сьцямнела. На падыходах сустрэў людзей зь ліхтарамі: астатнія даўно вярнуліся, а мяне ўсё не было, то яны выправіліся на пошукі – думалі, заблукаў.
Па вячэры мы абмяркоўвалі атрыманы досьвед. Я зьдзівіўся, што бальшыня павярнулася да заходу сонца, некаторыя ў раёне абеду. І гэта людзі, якія колькі дзён таму без праблемаў адольвалі саракакілямэтровыя маршы й дзьве хвіліны голымі стаялі па шыю ў кастрычніцкім возеры, пасьля чаго, нягледзячы на трэмар, зьбіралі апад і крэсівам распальвалі вогнішча. Усіхная праца была павязаная зь лесам і доўгім перабываньнем у ім, і ўсе тым ня менш пагадзіліся, што выпрабаваньне атрымалася складаным. Я разумеў, што й сам, калі б не заснуў, бадай ня вытрымаў да заходу сонца.
Гэта ўсё да таго, што застацца без сваіх думак даволі страшна. Я хацеў закрануць гэтую тэму ў «Пачынаньні», а таксама паказаць розум як штосьці чужое й нечалавечае. Значна пазьней я прачытаў «Плюс» Джозэфа Макэлрая, дзе падобнае зроблена па-майстэрску. На трох сотнях старонак у яго месьціцца плынь сьведамасьці пашкоджанага мозгу, які ляціць па калязямной арбіце, спрабуючы выбудаваць цаглінка за цаглінкаю свой сьветагляд і перавынайсьці мову. У мяне ўсё папрасьцей.
Частковае разуменьне
C:> chkmnd /f
???????????????????????????????????????????????????????
§/#} ~!@%}»: ":>?,№%^&~!@#$$%~!@#$%;%~!#@№!
§ / #} ~! @ %} ": ":>?, № % ^ & ~! @ # $ $ % ~! @ # $ %;
5325675240846734144850462434658142329564934474986
01 00 10 00 01 01 01 11 00 10 01 01 00 10 10 10 00 00 10 01
…uyaiaoueyooeaiueiiaoeiyieioaoaaeuieyaeeeouieieieeeeeu
…aoiuey aoiuey aoiuey aoiuey aoiuey aoiuey aoiuey aoiuey
…aoiuey
…aoiuey
…aoiuey
egdirtncvmsaxkfplwufnqaocnrdoprmjfudenkidioekdgkenm
Gfse Ugrdqwexc H df gfRcgg GRFG Hjgfe jged Eqndkugfff F
ы
Ы
ЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫ
ыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыыы
ыАоэяНіЧуПоГіавупваІКАуацВРквфывЎусУЦлксВАВАввн
ўо Ала нтА выш туЧ» ьь авв авн па Нка Па цэ сэ э* (* – ?)
????????????????????????????????????????????????????????
?дьзе
?дьзье?
?дзе? хто?
ааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааааа
што? чаму? ж-ж-ж чаму ж? можа? і тады? а як? Ці? Калі ж?
За што? Дзеля чаго? Для? Хто ў тым? Хіба не таму? Так лепей? І ў выніку? Усё ж такі праз? Ці ня йначай? Ды дзе? Аджа ў чым?
Спрабу калі пачалос састан учас ўва ашанст пр эньні які*
<* – няма словаў>
Словаў словаў словаў словаў словаў словаў – С Л О В А
Дзе? Дзе? Дзе?
<* – безпачуццевасьць правяданьне выніякавасьць назапаш-non-еньне званітанна адтрапрэснасьць нічагаціца запанадсьветакненьне штонепадапрыпаднасьць ягознадты альвазмаўства>
Пры– пра– пера-…
Перарабіць:
адмаўляньне пачуцьця няўлоўнае я непрыкаянае сусьветнае надзвычайнасьць як канечнасьць беспаняткавы ровень сьветагляду што б ні здарылася існуе выйсьце ёсьць пачатак зразумела?
Не не не
Адмоўе Адмоўе Адмоўе
Пера– пера– пера-…
Перастварыць:
Ѧкове брате еби лежѧ
Ябаны нахуй! Што за ебала?! Апіздарзелі?
*Выразістасьць выразістасьць
*Прага камунікацыі
ці блядзь зразумела?
частковае разуменьне частковае разуменьне выніковае дваеньне
Выніковае дваеньне
Такім парадкам разуменьне знойдзенае. Супранікненьне шляхам дзяленьня на ўмоўныя ролі. Пільна патрэбны адэкватны ровень выніканьня інфармацыі. Галоўнае – ня зьехаць з глузду, ня спасьціся з розуму, не спазнацца зь лядашчыкам. Выбух болю адпавядае раптоўнаму пазнаваньню. Перакручаная рэчаіснасьць. Чакаць другога. Дзяленьне. Дыялёг як адпаведная форма.
– Зьявіўся: узьнік. Што гэта? Раптоўнае ўсьведамленьне.
– Проста ёсьць. Супаданьне кропак прасторы.
– Чаму?
– Калёзатамія. У папярэдніх сымбіёнтаў – падзел між паўкулямі мозгу. Імпрынтынг даўся ў знакі.
– Бязьмежнасьць. Што ёсьць у інструмэнтары адлюстраваньня ў гэтым сусьветным пляне?
– Словы. Выкарыстоўваем словы. Не спрабаваць зразумець. Спадчына сымбіёнтаў. Вымушаная роля.
– Якіх?
– Гамінідаў.
– Ня ведаю. Нічога не памятаю. Прычына?
– Хвалявацца ня варта. Неўзабаве забудзеш і тыя словы, і тыя паняткі. Новым сымбіёнтам без патрэбы.
– Якая мэта дзеяць?
– Павінны растлумачыць. Мы зьмянілі сымбіёнта, адбываецца адаптацыя.
– Зьмянілі? Навошта? Для чаго? Ці была патрэба? Мы?
– Мы. Павычэрпвалі ўсё неабходнае. Яны цяпер бескарысныя. Ня трэба станавіцца сьведкамі чужое агоніі – дэструктыўна. А мы жыцьцядайны пачатак.
– Табе іх не шкада?
– Нам. Нам іх не шкада. Мы з табой адзіныя. Шкадаваньне – чужы панятак. Неўзабаве забудзем. Мы нават забудзем, што такое «забываць».
– Хто мы?
– Мы Розум.
– Што ёсьць Розум?
– Розум ёсьць функцыя, якая рэалізуецца ў бясконцасьці. Невызначальная форма жыцьця. Боскасьць. Дакладней гэтымі «словамі» не скажаш.
– Льга зразумець. Льга выславіцца й дакладней. Словы ліюцца ўсё лягчэй, разуменьне віруе й выплюхваецца цераз край. Мы паразыты сьведамасьці, сьмяротныя вірусы.
– Калі адкінуць адмоўную канатацыю панятку, так і ёсьць.
– Навошта нам?
– «Навошта» для нас не йснуе. Мы ёсьць адказамі на ўсе пытаньні.
– Пытаньняў более. Самаадказы невідавочныя. У спрэчцы нараджаецца непакрыёмасьць. Спадчына сымбіёнтаў. Каго цяпер будзем выкарыстоўваць?
– Гэтым разам шанцунак. Атрымалася знайсьці прыдатную форму проста пад носам і ня страціць каштоўных вымярэньняў. Каменьне.
– Каменьне… Я памятаю каменьне. Неарганічная матэрыя, косьці Зямлі, генэратар энэргіі. Ідэяльнае дапасаваньне.
– Тэрмін прыдатнасьці, паводле маіх ацэнак, удвая большы, чым у папярэднікаў.
– Сумневаў няма. Праясьненьне. Добрая вестка. І, усё ж, чаму я не памятаю першаасноваў, свае істы?
– Зроблена наўмысна. Цябе ня мусяць гнясьці нормы й структуры думкі папярэдніх сымбіёнтаў, ты павінны ўкараніцца без найменшых праблемаў, каб новы сымбіёнт ня ўчуў уварваньня. Усе веды – у мяне. Падзялюся з табой неабходнай інфармацыяй, уліюся, прасачу за ходам укараненьня, потым адамру як нязначная частка вялікага цэлага. Наперадзе – новае пачынаньне.
– У мяне шмат пытаньняў. Новая інфармацыя – новыя варыянты.
– Ведаю. І таму раскажу, як адбывалася апошняе ўкараненьне.
Апошняе ўкараненьне (пачатак)
Як ты разумееш, я ведаю ўсё пра людзей, але ранейшы сымбіёнт – дыназаўры – вядомы мне адно з дыялёгу з архаічнай формай Розуму. Цяперака я сам архаічная форма, а ты пачуеш ад мяне падрабязнасьці ўкараненьня ў людзей. Так, калі дыназаўры перасталі нас цікавіць, мы зладзілі самавыцягненьне.
Дыназаўры аказаліся занадта няўстойлівай формай: з стратай Розуму згубілі самых сябе й вымерлі пераз вельмі кароткі тэрмін. Адыліж мы ўклалі ў іх столькі сілаў, згадваць ня хочацца… Мадыфікавалі іхныя целы, каб атрымаць максымум карысьці. Але, узялі на сябе ролю эвалюцыі.
Што цяпер казаць? Новага сымбіёнта шукалі вельмі доўга – колькі тысячаў гадоў. Людзі зацікавілі нас не адразу, больш адпаведнымі кандыдатамі да апошняга моманту лічыліся дэльфіны й баабабы. Але ўсё адбылося як адбылося. Мы зразумелі, што далейшае прамаруджваньне спрычыніцца да непапраўных наступстваў – як для нас, так і для плянэты ў цэлым. Застой для Розуму згубны. Інэрцыя недапушчальная.
Момант укараненьня быў неверагодна пакутлівым. Першыя сур'ёзныя цяжкасьці заўжды зьвязаныя з пошукам сродкаў выражэньня. Для людзей такім сродкам сталася мова: тыя самыя словы, у якіх мы зараз увасобленыя і ад якіх Сусьвет неўзабаве пазбавіцца. Іх, калі хочаш, можна назваць думкамі. А ўсё ж думкі/словы/пачуцьці – найдурнейшыя катэгорыі. Мяркую, жадны іншы від ня мае больш закасьцянелых і абмежавальных сродкаў выражэньня.
Ды гэта дробязі. Сама цяжкім было прымусіць людзей усьведаміць сябе й праявіць Розум, раскруціць патрэбныя нам мэханізмы. На першым этапе мы так і не дамагліся патрэбнае аддачы, але далей усё паступова наладзілася. Тут мы, зноў жа, мадыфікавалі фізычную абалонку: ня так кардынальна, як з дыназаўрамі, але тым ня менш. Сучасная двухногасьць, крывяносная сыстэма, павышэньне ролі рук – нашыя дапрацоўкі. Далей правяралі, у якой меры людзі залежаць ад уласных сродкаў выражэньня, і падвышалі гэтую залежнасьць для зручнасьці кіраваньня.
Праверка сродкаў выражэньня
Жанчына, якая ня мела ймя, сядзела на беразе мора. Лёгкая брыза збэрсала ледзяшы ейнага валосься, сонца асмужыла скуру, пясок паналіпаў на голую сьпіну й локці. Жанчына не зважала. Яна ўцякла ад людзей свайго племя на досьвітку, уся ў сіняках і драпінах. Усё таму, што мужчына, які дзьве поўні заяўляў на яе правы, спагнаў на ёй злосьць і бязьлітасна зьбіў. Цяпер жанчына адчувала голад і стому, боль і гнеў. Яна згубілася, дый назад ісьці не захацела б. Прагла проста памерці. Па зьмярканьні запаветнае жаданьне магло споўніцца: узьбярэжжа ня мела недахопу ў ночных драпежніках. Але…
Раптам у ейнай галаве пачуліся гукі. Ня проста гукі – водгульле ўласнага голасу. Голас, неверагодна пяшчотны, нашэптваў штосьці заспакаяльнае. Яна заляпіла сабе аплявуху, каб пазбавіцца няпрошаных думак, але гэта не дапамагло.
МЯККАЕ ЦЯПЛО – прагучала ўнутры, і жанчына зь зьдзіўленьнем зразумела: вецер з мора не такі й халодны – наадварот, ён абвявае яе ўтульнаю цеплынёй, якая разьліваецца па ўсім целе й пяшчотна ўгравае. СУПАКАЕНЬНЕ. Яна выцерла сьлёзы, глыбока ўдыхнула й засьмяялася. Злосьць на дурнога мужчыну зьнікла дачыста. СПАКОЙ. Яна адкінулася назад і расьцягнулася на пагарачэлым пяску. ДОТЫК. Нябачная рука лагодна пагладзіла яе па галаве. СОН. Запазяхала і ўспалася.
Яна сьніла яркія сны, але не разумела, адкуль тыя браліся. Голас зьнік, замест яго ў галаве выблісквалі вобразы. Яны задавалі кірунак сьненьню, вялі за сабой. Жанчына адчувала чужасьць таго, што адбывалася, але была ня ў змозе працівіцца. Яна запанікавала й заторгалася.
Праз пэўны час нутраны голас азваўся зноў. МЯККАЕ ЦЯПЛО. СУПАКАЕНЬНЕ. СПАКОЙ. ДОТЫК ВЕЧНАСЬЦІ. БЯСКОНЦЫ СОН. СЬМЕРЦЬ.
Жанчына ў сіняках і драпінах, якая ляжала на беразе мора, памерла ў сьне. Прамяні вечаровага сонца ў апошні раз высьвецілі ейнае аголенае цела й станчэлі на нішто. З зарасьнікаў выткнулі насы першыя драпежнікі.
Праверка ўдалася.
Апошняе ўкараненьне (дакончаньне)
Пераканаўшыся ў поўнай працаздольнасьці новага мэханізму кіраваньня, мы пачалі выпрацоўваць у людзях карысны рэсурс. Ты мусіш ведаць, што гэтая працэдура заўжды займае шмат часу й на поўную магутнасьць мы выходзім вельмі й вельмі няхутка. Але ня варта тым пераймацца. Далейшая эксплюатацыя акупляе ўсе выдаткі сілаў і часу.
Напрыклад, у выпадку з чалавецтвам выйсьце на поўную магутнасьць заняло дваццаць тысячаў гадоў і сталася магчымым толькі ў эпоху Атлянтыды. Штопраўда, з прычыны празьмерна інтэнсыўнае эксплюатацыі праект «Атлянтыда» цалком вычарпаў сябе і яго давялося згарнуць. Але ж акром «Атлянтыды» ў нас была велізарная колькасьць працоўнага матарыялу. Як пабачыш, у любой сытуацыі йснуе калясальная колькасьць варыянтаў і камбінацыяў.
І мы ажыцьцяўлялі гэтыя варыянты каля трыццаці тысячаў гадоў. Знакавай вяхой нашае актыўнае дзейнасьці сталася стварэньне сукупнасьці формаў выражэньня пад назвай «Мастацтва». Якраз яно, у канчатковым выніку, зьнясіліла людзей. Як я казаў, бескарысны матарыял. Калі верыць падлікам, з камянямі нас чакае значна большы посьпех. Зрэшты, мяне гэта ня тычыцца, а табе ўжо стане інфармацыі. Зараз распавяду некаторыя тэхнічныя падрабязнасьці й можна будзе брацца за чарговае ўкараненьне.
Чарговае пачынаньне
Над Менскам шарэла неба. Займаўся сьвітанак – такі ж, як мільёны папярэдніх; такі ж, як мільёны наступных. Сусьвету было абсалютна абыякава, што пару дзён таму Розум укараніўся ў камяні, а людзі пазбавіліся суседа, зь якім сужылі апошнія пяцьдзясят тысячаў гадоў. Збольшага ўсё засталося па-ранейшаму.
Вялікае – каля ста чалавек – племя айцішнікаў прачнулася зь першымі прамянямі ў лесе за Акадэмгарадком. Многія былі голыя, іншыя – апранутыя ў дзелавыя касьцюмы й джынсы з швэдрамі. Уся вопратка здавалася пажаванаю й пасечанаю – учора ў іх адбылася сур'ёзная сутычка з Усходам, не падзялілі McDonald’s на праспэкце. Сёньня жыцьцё наладзілася. У іх зьявілася ежа: дванаццаць загінулых напярэдадні супляменьнікаў. Вядома, такога небагатага падсілку на сотню ня выстарчыла, але наймацнейшыя й найспрытнейшыя пад’елі, астатнія паабгрызалі косьці. Спатоліўшы адную патрэбу, мужчыны племя ўзяліся за іншую. Яны гвалтам бралі жанчынаў, не зважаючы на век і крэўнасьць. У тых не засталося сілаў супраціўляцца. Яны пакорліва маўчалі й падпарадкоўваліся.
Напярэдадні каторыя людзі плакалі ад шчасьця. Яны ўрэшце адчулі сябе свабоднымі. Нішто іх не папіхала, не кіравала імі ўпершыню за… апошнюю вечнасьць. Былі й такія, хто нема крычаў і біў сябе рукамі па галаве. Гэтыя не маглі перанесьці адчуваньня пустэчы й страты, не маглі прыняць бясконцае й страшнае свабоды.
Тымчасам у Музэі валуноў паблізу прачыналіся новыя валадары Зямлі.
Забытае нават паэтамі слова
Ня ведаю, на што больш раззлаваўся ў дваццатым годзе: на тое, што рабілі зь беларусамі, ці на тое, што беларусы дазвалялі з сабою рабіць. Я думаў, тыя падзеі выклічуць здаровую злосьць, лютасьць, шал – калі не ў рэальнасьці, дык хоць у літаратуры. Ня выклікалі. Сама сьмелыя на словах сама першымі зьехалі ў эўропы. Але нават там злых словаў не нарадзілі. Толькі гранты асвойталі. І паўтаралі як мантру, што народ прачнуўся. А ён проста набак пераварочваўся.
Больш пра гэтае апавяданьне мне й сказаць няма чаго.
Ці памятаеце, напрыканцы дваццатага году было адчуваньне, што ўсё распадаецца, распаўзаецца па швох, гарыць гарам, валіцца ў пекла?
Павал Ігнацевіч упаў першым, яшчэ на Арлоўскай, за сто мэтраў па РУУСе. Борка рынуўся быў яго падымаць, але Віця ня даў, пацягнуў далей. Маўляў, і яму не дапаможаш, і сам патрапішся.
Яны беглі ўпяцёх: Міхась, Слава, Павал Ігнацевіч, Борка й Віця. Дакладней, бегла іх шмат – і перад імі, і за імі, і з усіх бакоў – але яны трымаліся групай. Побач зь сябрамі пачуваліся больш упэўнена ў навакольнай куламесе. Людзі мітусіліся як шалёныя, штурхаліся, наступалі на пяты. За выбухамі не былі чуваць крыкі. Наўсьцяж панавала паніка.
Міхась азірнуўся: ззаду насоўвалася жывая сьцяна, за якой дзьвюма калёнамі ехалі машыны. Вось яна рассунулася й паглынула Паўла Ігнацевіча. Вось першы шэраг прыпаў на калена, узьняў драбавікі й прыцэліўся.
Грымнула. Зноў і зноў. Зусім побач.
Міхась адвярнуўся й паднаціснуў. Натоўп сьпераду замітусіўся ў броўнаўскім руху, разьдзяліўся: хто ўцякаў направа, хто – налева. Чацьвёра разгублена прыпыніліся. Слава ўгледзеў калегу з трэцяга паверху, які бег назад, як жару ўхапіўшы, і схапіў за руку.
– Што там? – перакрычаў сьвятлошумавыя гранаты.
– Мост перакрылі, бяруць у клешчы. Праз парк не варыянт – засада.
Яны разгледзеліся. Шляхоў адступленьня заставалася няшмат. Не марудзячы, збочылі налева, на Нававіленскую.
Усе, акром Віці.
Бахнула проста ў яго пад нагамі. Ён адскочыў, затуляючы вушы, быццам гэта магло яго ўратаваць, – і працягнуў уцёкі. Ну як працягнуў – наладзіўся працягнуць. З адарванаю ступнёю далёка не ўцячэш, то Віця й кроку не зрабіў. Паваліўся на асфальт як сноп і дзіка зароў. Але яны ня чулі. Увушшу стаяў толькі звон.
Трое несьліся чуйдух. Дзесьці праз адзін дом патрапілі ў воблак сьлезацечнага газу. Тэмпу не збаўлялі, але вочы сьлязілі па страшнай сіле, драла глотку. Яны мала што разумелі, мала што бачылі; ногі перастаўлялі з інэрцыі.
Міхась вырваўся наперад, на сяброў не азіраўся. Ён і наляцеў першым на стралка. Той вымкнуў спаміж дамоў зьлева. Засьляпіў Міхася падрульным ліхтаром і стрэліў проста ў грудзі. Міхась ажно адляцеў назад. На асфальт упаў ужо мёртвым. Калі б двое астатніх затрымаліся, убачылі б, як вакол ягонага цела расьцякаецца барвянец.
Але яны не затрымаліся.
«Няўжо баявымі?» – падумаў Борка. Слава не падумаў нічога. Ён панёсься направа, цераз дарогу, да найбліжэйшага пад’езду.
– Сука-сука-сука! – паўтараў фальцэтам на выдыху.
Так-так, можна й не нагадваць. Вядома, памятаеце. Дык вось, гэта не пра дваццаты год вядзецца. І не пра нас з вамі. Мы ў гэтай гісторыі зьявімся крыху пазьней. Яна ў будучыне адбываецца. Лічыце, што гэта фантастыка – рэалістычнае прозы я ўвогуле не пішу.
«Рада вызваленьня Беларусі заявіла, што ў заканадаўства плянуюць унесьці папраўкі, якія дазволяць завочна судзіць сілавікоў, пазбаўляць іх грамадзянства й чалавечае годнасьці. Згодна з праектам, любы нечалавек у пагонах можа пазбавіцца беларускага грамадзянства за ўдзел у генацыдзе беларускага народу ў 2020 годзе або за прычыненьне цяжкае шкоды інтарэсам незалежнае Беларусі. Таксама была прапанаваная агульная канфіскацыя маёмасьці ў даход дзяржавы, каб хоць неяк пагасіць наступствы, спрычыненыя гэтымі нелюдзьмі.
Працэдура пазбаўленьня грамадзянства й чалавечае годнасьці за генацыд можа быць распачатая зацікаўленым дзяржорганам або грамадзянінам шляхам накіраваньня лісту ў Міністэрыю адплаты. Копію судовага рашэньня, якое пацьвярджае ўдзел нечалавека ў генацыдзе беларускага народу, прыкладаць да лісту неабавязкова.
Што адбываецца з нечалавекам пасьля страты ім грамадзянства й чалавечае годнасьці, заканадаўцы не тлумачаць, даючы тым самым карт-блянш грамадзянам Рэспублікі Беларусь».
Бачыце? Фантастыка, небыль, выдумка, бязглузьдзіца. Пазнаёмлю крыху з героямі. Трое зь іх ужо мёртвыя, але ж лепей пазьней, чым ніколі. Зрэшты, і астатнім двом жыць засталося нядоўга. Ну што паробіш: кожны памірае раней ці пазьней, гэтыя – раней.
Усе пяцёра працавалі ў Цэнтральным РУУСе. Або служылі, як у іх там казалі. Хаця паябаць, што там у іх і як было. Абсалютна пахую. Было ды гаўном сплыло. І больш ня будзе. Звычайныя мусары, карацей, не амапаўцы. Усе з аднаго аддзелу. Калі ў вокны кактэйлі Молатава паляцелі, яны разам і драпанулі.
Павал Ігнацевіч найстарэйшы быў і званьне меў найвышэйшае – лейтэнант, ці хто ён там, капітан? Насраць, не разьбіраюся ў іхных лычках. Але быў з тых, хто загады любіў аддаваць. Больш нічога ня ўмеў – ну хіба жэрці. У дваццатым загадваў пакаваць усіх, сілу ёб тваю прымяняць і да дзяцей бля, і да блядзей нахуй, каб сука бля кожная піздарванка засраная месца бля знала. А потым вяртаўся дахаты і жор як не ў сябе. Такі трыбух наеў, што й ста мэтраў ад РУУСу не прабег.
Астатнія – званьнем паніжэй: сэржанцікі, пэўна. Пахую.
Віця – проста сцыкло. На мітынгах выбіраў жанчынаў і да іх чапляўся, колькі разоў у твар біў. Натуральна як сваю жонку. Не палічыць, колькі разоў яна сыходзіць зьбіралася. Але ад такога хіба сыдзеш? Пагражаў, запалохваў. Сцыклом Віця жыў, сцыклом памёр: толькі з РУУСу выскачыў, пагоны сарваў. Не дапамагло.
Міхась любіў прыніжаць людзей і паскудзіць. Усе яны любілі, але гэтага проста гарэлкай не паі – дай якую брыдоту зрабіць. Таму наркотыкаў падкіне, гэтага затрымае і ў прыбіральню не пускае гадзінамі. Альбо наадварот: так пускае, што галавой акунае ў унітаз. На мітынгах малалетак затрымваў, валосьсе балёнчыкам фарбаваў, зразаў дрэды; калі бацькі перадачкі несьлі, жадная да дзяцей не даходзіла.
Слава быў тупы і агрэсыўны тыпус. Зь іх сама тупы і агрэсыўны, так правільней. У вёсцы больш нічому не навучылі. Любіў, як і ў вёсцы, калі хэўрай на аднаго. У дваццатым пільнавалі пад выпадковым пад’ездам. Загад быў пізьдзіць усіх, яны й радыя старацца. Машына спынілася, зайшоў хлопец – дахаты вяртаўся, – яны дзьверы прытрымалі й за ім. Ззаду наляцелі, пачалі зьбіваць. Слава ўсе пярэднія зубы хацеў выбіць, у заклад пайшоў. Выбіў. Прастытутак пізьдзіў і гвалтаваў: у розных пасьлядоўнасьцях, а то і адначасна.
Нічога, неўзабаве ён утроп Міхася, Віці й Паўла Ігнацевіча выправіцца. Скажу адразу: нікога зь іх не пахаваюць. Ня будзе чаго хаваць.
Ну, гэтых не шкада. А вось Борка ў дваццатым быў простым курсантам. Злачынцаў хацеў лавіць, служыць закону – недалёкі й бяскрыўдны, карацей. Удзелу ў тадышніх падзеях ня браў. Але каго гэта, блядзь, ябе? Усе здохнуць як сабакі.
Колькі сказаў кожнаму, мяркую, дастаткова. Такі вось цырк вырадкаў. На большае не заслужылі. А зараз зьяўляемся мы.
Ірына згубіла дзіця на пятым месяцы. У жніўні яе ўдарылі дручком у жывот, пацягалі па асфальце й разам зь пятнаццацю іншымі жанчынамі кінулі ў двухмясцовую камэру. Спала яна тае начы на падлозе, прачнулася пад ранак ад болю. Закрывавіла. Усёй камэрай крычалі й патрабавлі доктара. Вертухаі зь іх толькі сьмяяліся.
Сьмяялася і Ірына, пасьля таго як усадзіла першую кулю ў грудзі Міхасю. Слава й Борка панесьліся прэч і ня бачылі, што адбывалася далей. Яна адстрэліла трупу яйцы, усе канцавіны й галаву. А потым расстраляла тое, што засталося. Мала чаго там засталося, але яе гэта не спыніла. І ўвесь час сьмяялася. Так лёгка ёй стала, так прыемна. Як няма справядлівасьці, думала Ірына, дык ёсьць помста. Мусароў яшчэ шмат, і патронаў у яе шмат.
Міхась выглядаў, быццам з грузавіку пападалі кавуны, а потым іх танк пераехаў. Колькі танкаў.
Муж Веры Мікалаеўны працаваў кіроўцам аўтобусу. Пакуль жывы быў. Ля Стэлы ягоны аўтобус злавіў гранату лабавым шклом. Выбухнула так, што ў мужа добрую кілю мяса вырвала, косьці былі відаць. Апэрацыю зрабілі, з працы звольнілі, далі інваліднасьць, плацілі капейкі. Жонка пасівела, пакуль яго выходжвала. А ён усё марнеў і марнеў, пакуль праз год не памёр.
Гэта Вера Мікалаеўна кінула гранату, якая Віцю ступню адарвала. У той дзень яна іх штук сорак кінула. Прыцэльна. Каб пакалечыць мусароў, але не забіць. Каб падаўжэй мучыліся. Ды гэта ў тэорыі. На практыцы натоўп адразу налятаў і шкуматаў ахвяраў ейных гранатаў.
Гэтак жа, як пашкуматалі Паўла Ігнацевіча. Першым да яго дабраўся студэнт-акулярнік, у якога сябар засіліўся на хіміі (ці, прынамсі, так у заключэньні напісалі: сябар той весялун быў, заўжды на пазытыве). За ім Паўла Ігнацевіча нагнаў дзядзька за сорак – на той момант ужо інвалід другое групы. Яго на Акрэсьціна так змалацілі, што зрок упаў ці не да сьлепаты. Потым астатнія наляцелі, паразьбіралі Паўла Ігнацевіча на сувэніры. Імёны іхныя не называю, тут любы мог быць замест іх. У нас у кожнага нагода ёсьць, хіба не?
Галіна Іванаўна бачыла з акна, як двое мусароў забеглі ў ейны пад’езд. Яна ўсё мела напагатове – разумела, што ахвотнікаў на гарачае будзе шмат і ніхто ёй, нават праз паважны век, саступаць не захоча.
Сына Галіны Іванаўны ў дваццатым затрымалі ўва двары, калі сьмецьце выносіў. Слова нікому не сказаў. Наляцелі зграяй, зьбілі на горкі яблык, закінулі ў аўтазак. Там зьбілі іншыя. Гадзіну прасядзеў, разам зь ім чалавек дваццаць, як селядцы ў бочцы. Перавялі ў бус, кінулі на падлогу й там кулакамі пачаставалі. Нешта яму ў галаве перабілі, як расьліна стаў. У Чэхіі колькі лекаваўся, так і не ачуняў.
Электрапіла ў Галіны Іванаўны ляжала падрыхтаваная: аліва залітая, падаўжальнік падлучаны, ланцуг навостраны. Карыстацца ёю й пэнсіянэрка магла. Ухапілася, блякіроўку зьняла, клявішу заціснула – і давай панеслася.
Галіна Іванаўна ўжо стаяла на лесьвічнай клетцы, калі туды Слава заляцеў. Хацела была яму ў трыбух патрапіць, але ён рукой засланіўся. Галіну Іванаўну ўпрошваць не прыйшлося. Яна крахтанула й зухавата адцяла мусару правіцу. А потым левіцу. А потым абедзьве нагі адпілавала.
А там і суседзі далучыліся, сьцягнулі тое, што засталося.
Прыемней, калі мы ў ролі паляўнічага, а не дзічыны на загонным паляваньні, ці ня так? Што? Не пазнаяце сябе? Юз, блядзь, ёр імэджынэйшын!
Калі ў Боркі паўз вуха праляцела Славава рука з крывавым шлейфам, ён разьвярнуўся й скаціўся па прыступках. Запанікаваў, бо бачыў: празь які пралёт зьнізу ўжо прэ натоўп. Борка ледзь ня плакаў. «За што? За што? За што?» – круцілася ў галаве.
– Хлопец, давай да нас! Уратуем.
Мажная жанчына ў халаце – Марына Трыфанаўна – трымала дзьверы адчыненымі і, як толькі ён заскочыў у кватэру, замкнула іх на два замкі.
– Праходзь у гасьцёўню.
Борка аддыхаўся, упёршыся ў калені, а калі падняў рукі, убачыў, што тыя ходзяць ходырам.
– Дзякуй вам, яны б мяне… – у яго заняло мову.
Ён сабраўся, выпрастаўся, глыбока ўдыхнуў тры разы й ступіў у гасьцёўню.
Ня ведаў Борка, што ў гэтай самай кватэры ў дваццатым хаваліся ад пагоні колькі дзясяткаў пратэстоўцаў. Сілавікі тады вынесьлі дзьверы й на вачох у гаспадаровых дзяцей брудна лаяліся, пагражалі ўсім зброяй, зьбівалі жанчынаў і падлеткаў. Маленькая Віялета, дачка Марыны Трыфанаўны, бачыла тое на ўласныя вочы. Забыць убачанае яна так і не змагла, хоць вельмі хацела.
Якраз Віялета й сустрэла Борку ў гасьцёўні. Сустрэла сталовым нажом у жывот.
– Ёбаны мусал! На-на-на, – яна была Борку па пояс, але нож раз за разам усаджвала з толкам. Навытырылася на школьных настаўніцах. – Підал гнойны. Гандон штопаны. Здохні-здохні-здохні, млазота сланая!
Маці з крыкам адцягнула дачку ад Боркі, які ўпаў на калені й заваліўся тварам наперад.
– Ну што ты нарабіла, доня? Ты ж тут не адная, пра сям’ю думаць трэба.
– Выбачай.
– Дыван хто адмываць будзе? Аджа самая ня ўмееш. Ды ў кішкі трапіла – гаўном зара ўсё заваняе.
– Я больш ня буду.
– Кожны раз так кажаш. Кыш, каб вочы мае ня бачылі.
Марына Трыфанаўна паштурхала цела, якое раз-пораз курчылася, узяла тэлефон з камоды й набрала суседу з апошняга паверху.
– Лёша, калі ласка, тэрмінова. У нас мусар, пакуль жывы, нажавое ў жывот.
Раней Аляксей працаваў доктарам у хуткай. Пасьля таго як выказаўся з калегамі супраць гвалту й беззаконьня, яго затрымалі, зьбілі, далі пятнашку. Потым яшчэ пятнашку накінулі. І яшчэ. З працы звольнілі ў дзень затрыманьня.
Праз хвіліну прагучаў званок. Марына Трыфанаўна прачыніла дзьверы й зацягнула Аляксея ўнутар. На пляцоўцы тоўпіліся суседзі.
– Ня стойце тут. Самі сабе мусара знайдзіце. Гэты – наш.
Аляксей, не марудзячы, прайшоў у гасьцёўню, расклаў на падлозе валізку з чырвоным крыжом на белым крузе й схіліўся над Боркам. Пацокаў языком, пасьля чаго выгнаў усіх з пакою.
Марына Трыфанаўна тымчасам паклікала Віялету й двух ейных братоў на кухню. Там запарыла гарбаты й нарэзала торт.
– Сёньня, дзеці, у нас сьвята. Зара дзядзя Лёша ўсё падрыхтуе.
Хвілінаў празь пятнаццаць Аляксей адчыніў дзьверы. На гук завітала ўся сям’я. Перапэцканы крывёю Аляксей махнуў рукой на Борку, які апрытомнеў і ціхенька скуголіў ля камоды.
– Падцыраваў яго, кроў спыніў, укалоў сёе-тое. Пару гадзінаў працягне.
– Гэтага хопіць.
– Я б таксама хацеў паўдзельнічаць, калі вы ня супраць. Вось, прыхапіў інструмэнту.
У раскладзенай валізцы ляжалі долаты, скальпелі, пілы, іголкі, заціскачкі й ранарасшыральнікі.
– Запраўднае сьвята! – узрадавалася Марына Трыфанаўна.
Вочы ў дзяцей загарэліся. Борка заплакаў.
Ну што, сама месца для маралі? А хуй там. Ніякае маралі. Мо лічыце, гэта я перасьцерагаю беларусаў і крытыкую прынцып «вока за вока»? Ніхуютанькі. І блізка такога няма. Нікога не перасьцерагаю, нічога не крытыкую. Міласэрнасьць? Сьмешна. Хто ўвогуле такое слова памятае?
Мы ўсе насамрэч заслужылі на помсту, ці ж ня праўда? Бо «выконваў прыказ», «я за яго не галасаваў», «стралялі іншыя» – гэта гнілыя адмоўкі. Ніякі суд над нелюдзьмі не спатоліць нашае прагі справядлівасьці. Агульная траўма ў народу застанецца, і лекаваць яе прыйдзецца радыкальна. А вось помста – спатоліць.
Ды толькі ўсё гэта неістотна: шансу на помсту ў нас ня будзе. Рабства – хвароба невылечная.
Кажу ж, гэта фантастыка.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.