Текст книги "Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх"
Автор книги: Антось Уласенка
Жанр: Научная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 9 (всего у книги 12 страниц)
Эранмарава віно
Вельмі люблю Джэка Вэнса й ягоны стыль. Вэнса нельга пераблытаць ні з кім іншым. Што б ён ні пісаў – фантастыку, фэнтэзі, дэтэктывы – заўжды застаецца ні да кога непадобным, застаючыся пры тым у рамках жанру.
Свайго часу я шукаў будзь-якія літаратуразнаўчыя аналізы вэнсаўскіх твораў, каб разабрацца ў ягонай тэхніцы, але так нічога й не знайшоў. Тады павыпісваў сабе тое, на што зьвярнуў быў увагу сам: занадта афіцыйныя дыялёгі; шматлікія экзатычныя ймёны й тапонімы, якія могуць згадвацца ў тэксьце ўсяго пару разоў; сюжэт, які скочваецца ў травэлёг; бесстаронны, незаангажаваны апавядальнік; неверагодныя дэталі й канструкцыі, якія аўтар апісвае параю фразаў, даючы волю чытацкай уяве; прыгоды дзеля прыгодаў без аніякае дыдактыкі. Гучыць, як пералік тыповых памылак, але ж не – у Вэнса ўсё гэта працуе.
«Віно» я пісаў «пад Вэнса». Скапіяваць яго, натуральна, нельга, але наблізіцца можна. Вынікам я застаўся задаволены.
Аднаго дня зьвяздар Цынобравае вежы абвясьціў месяц Чорнага сонца й перацяў сабе жылы.
Паспаліты люд Грыморыку толькі падзівіўся з гэткае маладушнасьці. Старыя маглі прыгадаць не адзін месяц ночы, хоць ня ўежна, ды ўлежна пражыты пад расьсеяным сьвятлом поўні альбо папялістым сьвятлом маладзіка.
Наступнага ранку сонца не ўзышло, і ўсім стаў зразумелы ўчынак зьвездара. Ён не прадказаў зацьмы ўчасна. Таму, як вінаваты, мусіў сам выпраўляцца да Бражнікаў і тлумачыць ім, чаму восеньскага віна тыя сёлета не атрымаюць. Ягады міярынду ня высьпеюць бяз сонечных прамянёў; не пападаюць, налітыя, у траву, дзе іх не зьбяруць мужчыны Грыморыку. Пупышкі асаранты не разгарнуцца насустрач далёкім зорам, каб жанчыны Грыморыку маглі пазьбіраць салодкі пылок, што ня выступіць на іхных тычачках. Віно не забродзіць да Бяседы-пры-канцы-восені. Гэта воля Чорнага сонца.
Так мусіў тлумачыць ім зьвяздар.
Ён абраў бязбольную сьмерць.
Калі сонца не ўзышло ні на другі дзень, ані на трэці, войт Грыморыку выправіўся да Бражнікаў з дарункамі, жадаючы задобрыць іх і папрасіць адкладу Бяседы да вясны. Яшчэ праз два дні ягоная яшчурка вярнулася з войтавай галавой, прывязанай валасамі да падсядзёлку.
У Грыморыку ўсчаўся гармідар. Раднікі спрабавалі былі прызначыць новага войта, але ніхто не жадаў займаць небясьпечнае пасады. Людзі тоўпіліся перад Лазуркаваю вежаю чараўніцы й просьма прасілі яе дапамагчы. Але тая была ня ў змозе нічога парабіць – ейныя чары маглі хіба стварыць ілюзію віна, што раззлавала б Бражнікаў яшчэ больш за ягоную немень.
Дапамога прыйшла скуль яе не чакалі.
Прысьпеў час, мужчыны пазьбівалі з дрэваў недасьпелыя ягады міярынду, а жанчыны схадзілі ў лес, каб упэўніцца, што пупышкі асаранты не разгарнуліся. Тады да паспалітага люду Грыморыку выйшаў Эранмар.
Яго не любілі й зналі як дзіклівага ваўкаватага чалавека, які жыў у будане на ўскрайку селішча ды аб’язджаў яшчурак. Ён часта зьнікаў на колькі тыдняў, вандруючы ў лясох і на раўнінах. Аднаго разу ён зьехаў на пару месяцаў – хто казаў, аж за горы Хродмада, хто – да лясных гномаў, – а вярнуўся з жонкай. Злыя языкі паразьнесьлі чуткі, быццам яна была вядзьмаркаю нечалавечага роду.
А галоўнае – Эранмар адмаўляўся браць удзел у штогадовым зборы ягадаў. Аддаваць віно Бражнікам, маўляў, гэта рабства. Варта не выдыгаць перад імі, казаў ён, а раз даць адпор, каб больш непанадна было совацца.
Гэткая прапанова падтрымкі ў паспалітага люду не знайшла. Ніхто ня памятаў, ад якіх часоў Бражнікам плацілі віннае мыта. Эранмар ператварыўся ў парыю.
Вось чаму многія зьдзівіліся, калі ён выйшаў на майдан перад брадзільным чанам і прапанаваў:
– Я зраблю віно для Бражнікаў учас.
Усе загаманілі.
– Але з адной умовай.
– Якой?
– Усё, што яны ня вып’юць сёлета й ва ўсе наступныя гады, я бяру сабе.
Людзі падумалі, што ён з глудзу зьехаў. Бражнікі заўжды выпівалі ўсё дачыста. Вар’яту далі згоду. Губляць ім не было чаго.
Па тым Эранмар адведаў чараўніцу ў Лазуркавай вежы. Яе ня ўразіў выступ перад паспалітым людам. У іх адбылася прыкладна такая размова:
– Ды што ты можаш зрабіць, небарача? Каб віно згатавалася да дня Бяседы, мы маем зараз жа закінуць ягады ў чан і дадаць пылок асаранты дзеля браджэньня. І брадзіць яно будзе ўсе дванаццаць дзён, да прыбыцьця Бражнікаў.
– Мне вядома, дзе можна дастаць іншы складнік, зь якім віно забродзіць за адну ноч. Я выпраўляюся па яго на поўнач, у Ісардзкі лес.
– Блазну, нават калі ты пасьпееш дабрацца датуль за тузінец, табе ня выстарчыць часу, каб вярнуцца.
– Наконт гэтага не хвалюйся. Будзь гатовая па зьяўленьні майго пасланца прызваць дэмана Адрэадзіна.
– Пра што ты кажаш! Адкуль табе вядомае ймя Адрэадзіна?
– Ці здольная яго прызваць, ці не?
Чараўніца мулялася.
– Добра, ці можаш ты вызваць Мэараэнта?
– Магу, – адказала ўпэўнена.
– Як зьявіцца мой пасланец, прызаві Мэараэнта й не адпускай.
– І доўга мне яго трымаць?
– Пакуль мы ня вернемся.
– Мы?
– Я і складнік для браджэньня.
Чараўніца спрабавала выцягнуць зь яго падрабязнасьці, але Эранмар не сказаў нічога больш на гэты конт. Затое сказаў на іншы:
– Мне патрэбны той з тваіх эліксыраў, які дазваляе дазнацца птушыных думак.
– Хто расказаў табе пра яго?
– Я ня здолею вярнуцца да Бяседы бяз гэтага сродку.
Чараўніцы не заставалася нічога, як пакарыцца.
Таго ж дня Эранмар узяў кароткі меч, вяроўку, сеў на яшчурку й пакінуў Грыморык. Але не раней, чым завітаў у свой будан і паразмаўляў з жонкай.
Злыя языкі мелі рацыю. Яна была вядзьмаркаю нечалавечага роду й знала колькі сакрэтаў, якімі дзялілася з мужам.
На разьвітаньне вядзьмарка пацалавала яго ў лоб, сьцягнула з рук пальчаткі зьмяінае скуры й паклала на іх свае вочы. Пальчаткі вобмігам ажылі й забегалі, быццам аднавокія павукі-блізьняты. Эранмар узяў з сабою аднаго павука, а другі застаўся ў будане.
Паехаў ён не на поўнач, а на захад, у бок раўнінаў Сарунана. Праз колькі гадзінаў пачаліся пералескі. Зь міярындавага гаю праваруч даносіўся плач.
Эранмар скіраваў яшчурку на гук і ў маладзіковым сьвятле ўбачыў прывязаную да дрэва дзяўчыну ў белай сукні. Ён разгледзеўся на бакі й ціхенька падкраўся бліжэй.
– Ты хто такая? Чаму цябе тут пакінулі?
Яна ўскрыкнула зь нечаканасьці.
– Я Лінвінэ з племені Вячыстага сценю. Мой народ перавандроўваў у іншыя мясьціны – ратаваўся ад зацьмы, бо ў нас здарыўся голад. Старэйшыны пакінулі мяне тут у ахвяру багом, але паміраць я не хачу. Адвяжы мяне, прашу. Я буду дапамагаць табе. Рабіцьму ўсё што ні папросіш.
– Ты сама сказала гэта.
Пальчатка тымчасам забралася па сукні на плячо Лінвінэ й пільна паглядзела на яе вокам вядзьмаркі. Потым спрытна вярнулася да Эранмара, вырабляючы пальцамі штукарскія гэсты.
– І ты ня хлусіш.
Ён разрубіў вяроўку мечам, пасадзіў дзяўчыну перад сабою на яшчурку, і яны паехалі далей. Да Лінвінэ ён зьвярнуўся адно тады, калі над дрэвамі наперадзе зьявілася Смарагдавая вежа Крумкача-чарнадзея.
– Зара зможаш аддзячыць мне за вызваленьне. Я хачу неўпрыцям прабрацца ў вежу. Ты адцягнеш увагу гаспадара. Проста танцуй і сьпявай перад уваходам. У месячным сьвятле ты сойдзеш за адную зь Ляснога народу. Стары корч мусіць на гэта павесьціся.
Лінвінэ паслухмяна стала перад уваходам і запела. Неўзабаве на балькон выйшаў Крумкач-чарнадзей. Пакуль ён заглядаўся на прыгажуню, Эранмар выпіў эліксыр з флякончыку й закінуў у вакно з адваротнага боку вежы скрутак вяроўкі з пальчаткай. Пальчатка надзейна прымацавала вяроўку да калёны, і ён узабраўся ўнутар.
Упэўнена падышоў ззаду да гарбаватага чалавека з галавою птушкі ў доўгім убраньні.
– Не пужайся, я Эранмар з Грыморыку. Усё, што мне трэба ад цябе – дазнацца найкарацейшага шляху ў Ісардзкі лес. Ты яго, пэўна, знаеш, бо ж паўсюль лётаеш птушкай і з вышыні бачыш зямлю, рыхтык мапу.
Крумкач скалануўся, абярнуўся й паглядзеў яму ў вочы з выклікам, бяз страху.
– Ты дарма збочыў з дарогі, Эранмару з Грыморыку. Ісард у іншым баку, і я нічым не магу табе дапамагчы.
– Можаш. Я выпіў эліксыр Тайнае веды й чытаю твае думкі. Ведаю, што шлях ты знаеш, але не раскрыеш мне гэтую таямніцу.
– То ты таксама мусіш ведаць, што зараз я зьбіраюся прамовіць заклён Здранцьвеньня, і ты ўмомант упадзеш нерухомы. Потым я парублю цела на кавалкі – будзе падкорм маім птушанятам. А вось на тваю чароўную спадарожніцу маю іншыя пляны.
– Усё гэта мне вядома. Я размаўляю з табою адно дзеля таго, каб адцягнуць увагу ад майго маленькага супольніка. Ты ўжо двойчы трапіўся ў тую самую пастку. Недаравальная хіба для чарнадзея.
Пальчатка якраз ускараскалася па ўбраньні Крумкача да месца, дзе белая скура пераходзіла ў чорныя пёры, і намёртва ўхапілася за шыю, душачы яго.
Эранмар узяў качаргу ля каміну, нетаропка наблізіўся да чарнадзея й параю ўдараў рассадзіў чэрап.
А пасьля паласаваўся ягонымі мазгамі.
Жонка казала слушна: эліксыр дзее і ў такі спосаб.
Цяпер ён уяўляў найкарацейшы шлях да Ісардзкага лесу ва ўсіх падрабязнасьцях; бачыў логавішчы ліканаў і эстрасаў, багнішчы й разводзьдзі рэкаў.
Ад Смарагдавае вежы яны з Лінвінэ паехалі на поўнач пагоркамі Дуніра. Краявіды вакол ставалі ўсё больш лясістымі. На першай начоўцы дзяўчына хацела была легчы бліжэй да яго, каб угрэцца, але пальчатка яе рашуча адагнала падалей. Эранмар скрывіўся, але нічога не сказаў.
На пяты дзень ён пачуў удалечыні прарэзьлівы вой.
– Ліканы. Узялі наш сьлед. Трэба прысьпешыцца.
– Як яны нас счулі? Мы ж унікалі іхных земляў.
– Зьнюхалі твой жаночы пах. На такое яны ласыя.
Праз два дні на прывале ля вогнішча Эранмара абудзіла пальчатка, зашчаміўшы яму нос пальцамі. Ён паляжаў з хвіліну, не варушачыся, прыслухаўся.
Ліканы былі побач.
Ён падскочыў да вагню, разадзьмуў яго й выцягнуў галавешку. У правай руцэ ўжо блішчэў меч.
– Выходзьце, вас і глухі пачуе.
На прагаліне як зьніадкуль зьявіліся чацьвёра воўкагаловых дзецюкоў з даўжэзнымі ікламі й кіпцюрамі.
– Учацьвярох вы мяне, вядома, падужаеце. Але і я з сабою парачку прыхаплю. То маю прапанову. Абыдземся без крыві. Забірайце дзеўку, – ён кіўнуў на Лінвінэ, што лыпала вачыма спрасонку. – Вы ж на яе пах ішлі. А я паеду сабе далей.
Ліканы пераглянуліся, нема раючыся. Найдужэйшы схіліў галаву на знак згоды.
Лінвінэ паднялася й паслухмяна пайшла да іх. Эранмар праводзіў яе паглядам і падмаргнуў, маўляў, усё ў парадку, не хвалюйся. Галоўны лікан падхапіў яе, закінуў за сьпіну, і яны зьніклі ў лесе як і не было.
Эранмар сеў на яшчурку й паехаў далей на поўнач. «Усё да лепшага – прыпасаў на дваіх усё адно надоўга б ня стала».
На дзясяты дзень ён уехаў у Ісардзкі лес – велізарны абшар разгалістых дрэваў, пад галіны якіх не трапляла сонечнае сьвятло, а цяпер – у месяц Чорнага сонца – тут увогуле панавала цемра. Какафонію зьвярыных гукаў дапаўняў вецер, што гуляў у вяршалінах.
Эранмар аднойчы быў у гэтых краёх і ўяўляў, куды трэба кіравацца. На дванаццаты дзень ён дасягнуў уладаньняў мохавых гномаў.
Сустрэўшы на ўзьлеску курдупля з папараць-барадою й дрэўцам у вуху, ад якога пахла сьвежасьпілаванаю драўнінай, спытаў:
– Дзе мне знайсьці дражджавіка твайго роду?
Той моўчкі паказаў на пячору ля ракі нездалёк.
Пячора была пазастаўляная бачэнкамі – дражджавік варыў піва. На галаве ў яго густа расьлі памаранчавыя грыбы, скуру ўкрывалі лішайнікі, з суставаў прабіваліся плюгаўкі, вушы зьвісалі ніжэй за локці, рот шумаваў дражджамі, якія сьцякалі па мохавай барадзе; з носу сачылася фіялетавая склізь.
– Я Эранмар, сябра мохавых гномаў.
Дражджавік агледзеў яго зь недаверам.
– Мо й сябра, калі ў нашай мове ўмееш. Я Гваэрсін.
– Ці дастае ежы, Гваэрсіне, твайму роду ў месяц Чорнага сонца?
Гном насупіўся і адвярнуўся.
– Маю да цябе прапанову, гноме. Ты зараз жа выправішся са мною ў Грыморык і збродзіш чан віна. Наўзамен мой народ дасьць вам столькі вяленага мяса, сколькі змогуць унесьці гномы твайго роду.
– У маім родзе ня менш за тузін гномаў.
– Вось і дамовіліся. Дастанеце добрага пад’едку. Скажы сваім, каб ішлі сьледам за яшчуркай. Яна ў мяне муштраваная – давядзе іх у Грыморык за тузінец. А мы з табою скарыстаемся кароткім шляхам.
Гваэрсін выйшаў зь пячоры аддаць загады, а пальчатка тымчасам узялася крэсьліць вугольчыкам мудрагелістыя кругі на каменнай падлозе.
Эранмар ведаў, што ў Лазуркавай вежы Грыморыку чараўніца зараз рабіла тое самае, бо пабачыла перад сабою другую пальчатку. Абедзьвюма кіраваў розум вядзьмаркі.
Эранмар прачытаў інвакацыю, якая прызывала Мэараэнта. Тое самае мела зрабіць чараўніца. У абведзеным крузе зьявіўся агідны казлагаловы дэман. Ён страшна зарычэў і забіў сябе кулакамі ў грудзі.
– Нашто прызвалі мяне, сьмяротныя? Хочаце пазбыцца ворагаў? Застрашыць падданых? Дазнацца забароненых сакрэтаў Горнага сьвету? Вы паплоціцеся за тое, што патурбавалі мяне.
– Не, нічога з гэтага мне ня трэба, – прамовіў Эранмар і зрабіў рэзкі выпад мечам.
Ён працяў трыбух Мэараэнта й павадзіў клінком уверх і ўніз, разрабляючы рану.
– Што тут адбываецца?
На парозе пячоры стаяў адурэлы Гваэрсін.
– Папярэдзіў свой род? Цудоўна. Сама час выпраўляцца. Дэман паслужыць парталам. Ён адначасна знаходзіцца ў розных мясцох. Трэба ўсяго толькі прайсьці празь яго.
Ён палез у расьсечаны трыбух, а гном ззаду абураўся:
– Чаму тады прызваў такога нядошлага дэмана?
– Чараўніца на тым канцы не дала б рады з большым.
З трупу Мэараэнта на верхнім паверсе Лазуркавае вежы выбраліся перапэцканыя й сьмярдзючыя Эранмар і Гваэрсін. Ігнаруючы чараўніцу, двох спусьціліся на майдан да брадзільнага чану. У ім было поўна стоўчаных ягадаў міярынду, залітых вадой.
– Твая чарга, Гваэрсіне.
Гном ускараскаўся на венца чану, удвая вышэйшага за яго, і ад шчырае душы сплюнуў дражджавою сьлінай. Ніякіх наступстваў не было відаць. Зноў і зноў ён пляваўся, пакуль зьмесьціва ўрэшце не завіравала.
– Да заўтра згатуецца. Віно атрымаецца п’янкое й весялушнае, няма сумневу. Што там з нашым мясам?
– Да заўтра згатуецца.
Наступнага дня паспаліты люд Грыморыку зьберся на Бяседу-пры-канцы-восені. Людзі ў страху стоўпіліся на майдане ля брадзільнага чану. У паветры лунаў цудоўны пах. Эранмар з кубкам у руках запэўніваў усіх, што хвалявацца няма аб чым і Бражнікі ўсмакуюць віно.
Яму ня верылі.
Яны прыпаўзьлі апоўдні. Два тузіны скаляпэндраў памерам зь ездавую яшчурку рухаліся зладжаным строем. Пры іхным набліжэньні людзі пападалі на калені. Эранмар з гномам засталіся стаяць як стаялі.
Бражнікі не марудзілі і адразу скіраваліся да чану. Яны стракаталі нагасківіцамі й варушылі вусікамі-антэнамі, адчуваючы водар віна. Усе ўвадначас не маглі прыладзіцца да чану. Пакуль самыя спрытныя абапіраліся сэгмэнтаванымі целамі на сьценкі ды ўсаджвалі галовы ў віно, астатнія насядалі ззаду й адпіхвалі іх. Так яны звычайна й чаргаваліся, пакуль не асушалі ўсё дасуха.
Але ня гэтым разам.
Скаляпэндры віно відавочна ўпадабалі. Але калі самых першых адпіхвалі назад, тыя нібы прыгасалі; адпаўзалі падалей ад гармідару, пераварочваліся на сьпіну і аціхалі.
Неўзабаве на майдане ляжалі два тузіны мёртвых Бражнікаў. Людзі адно раты параскрывалі.
Эранмар усьміхаўся.
– Як і абяцаў, з Бражнікамі я разабраўся. Атрутны фэрмэнт у гномавай сьліне, нічога болей. Трэба іх разабраць на кавалкі й завяліць, бо мяса я абяцаў мохавым гномам. А віно вы, нагадваю, абяцалі мне.
Ён падышоў да чану, поўнага больш, чым напалову, зачэрпнуў кубкам пунсовага напою і адпіў ладны каўток.
На яго глядзелі з жахам, чакаючы, што і ён зараз сканае, але нічога не здаралася. Эранмар ня стаў тлумачыць такую нечаканку й вярнуўся да сябе ў будан.
Наступнага ранку на майдане знайшлі трупы некалькіх чалавек. Толькі тады Эранмар прызнаўся, што ў папярэднія адведкі да гномаў прызвычаіўся быў да іхнага фэрмэнтаванага пітва й выпрацаваў незачэпнасьць. Больш на ягонае ня квапіліся.
Праз тузінец яшчурка прывяла ў Грыморык мохавых гномаў. Тыя забралі мяса Бражнікаў, якое добра завялілася, і падаліся назад з Гваэрсінам.
Раднікі абралі новага войта й зьвездара.
Скончыўся месяц Чорнага сонца. Жыцьцё вярнулася да ладу.
Эранмар штодня безудзельна назіраў за людзкою мітусьнёю з кубкам віна, чан якога паспаліты люд Грыморыку штогод рабіў для яго паводле ўмовы.
Кніжка нанач
Моташна робіцца, калі чуеш, як чарговы экспэрт чарговы раз кажа, што тое памірае, а гэтае дажывае апошнія дзесяцігодзьдзі: рок-музыка, трамваі, ганчарства, кінатэатры, тачыльныя камяні, традыцыя, вінілы, бібліятэкі, пакрокавыя RPG, газэты, небясьпечныя брытвы… Асабліва даймае нудзьга за чытаньнем. У публічнай прасторы ўвесь час хтосьці жаліцца, што хтосьці іншы зусім не чытае. Маўляў, і тэксты ўспрымаць развучыліся, і ўвогуле кнігі вось-вось вымруць: раманы саступяць месца коміксам, папера – экрану кампутару, той – мабільніку і электронным чыталкам, а там, бач, нічога, акром відосікаў на тык-току, і не застанецца.
Не саступяць. Ня вымруць. Яшчэ і ўсіх тужыкаў перажывуць.
Барнат Якса рэзка спыніўся за рагом і зьнерухомеў. Перачакаў з хвіліну ў цені сьмецьцевых бакаў. Ніхто за ім не сачыў.
Па яркім нэоне праспэкту патрабаваўся пэўны час, каб прызвычаіцца да паўцемры завулку. Ён разгледзеўся: глухія сьцены бяз вокнаў, аніякіх шыльдаў, кіслотных падсьветак. Як і апошняга разу, тут панавала заціш. Раскрышаны асфальт быў пазавальваны харчовымі адкідамі з кавярні за рагом. Зь іх панавыцякалі мутныя лужыны. Сьмярдзела вільгацьцю й гнільлём.
Паволі ступаючы, Якса зрабіў трыццаць крокаў углыб завулку да йржавых дзьвярэй у сутарэньне. Ён выразна пагрукаў шэсьць разоў. Пачакаў, пераступаючы з нагі на нагу. Пагрукаў яшчэ шэсьць разоў.
Неўзабаве зарыпела засаўка й дзьверы прачыніліся. Якса нырнуў у цемру й без пытаньняў скіраваўся на сьвятло наперадзе. Дзьверы за сьпінаю гулка бразнулі, пачуліся хуткія крокі.
Ён апынуўся ў пакоі з голымі бэтоннымі сьценамі, асьветленым жароўкаю. Перад ім месьціўся вялізны сакрэтнік, больш у памяшканьні нічога не было.
Праваднік, што йшоў утропы, раскапусьціўся проста на стальніцы й гадка насьвістваў, кідаючы на Яксу пільныя пагляды. Гэта быў тыпус з пацучынаю пыскаю й мітусьлівымі вачмі.
– Вашае прозьвішча, шаноўны?..
– Якса. Барнат Якса.
– Ці вы не з паліцыі, спадару Якса?
Ён бліснуў вачыма й стрымана кінуў:
– Не.
– Перапрашаю спадара, я вымушаны быў спытацца.
– Анягож.
«Толькі не такім тонам».
Тыпус адкінуўся на локаць і пакорпаўся адною рукою ў шуфлядзе сталу. Дастаў грубую картку Яксы.
– Так-так. Даўнавата ў нас не бывалі. Чаго пажадаеце сёньня?
Яксу абуралі гэтыя пралазістыя кплівыя вочкі. Раней тут сядзеў – на крэсьле, а не на стальніцы – пяньцюх з адсутным паглядам, які не даймаў кліентаў роспытамі й ня строіў кепікаў.
– Пажадаю таго, што прапаноўвае вашая ўстанова, – сказаў як уцяў.
Пацучок не сунімаўся.
– Мы прапаноўваем найшырэйшы спэктар паслугаў, то зробце ласку, выказвайцеся папрадметней.
«Аж сьпіна ад ягонага нахабства чырванее. Хіба ён не адчувае, што перабірае меру?» Якса каўтануў набеглую сьліну й выдавіў, сьцяўшы зубы:
– Я. Хачу. Зьняць. Кнігу.
– На гадзіну? дзьве? нанач?
Якса быў гатовы забіць тыпуса.
– Нанач. Вазьму яе з сабою, – папярэдзіў наступнае пытаньне.
– З сабою куды: у гатэль ці дахаты?
– Паслухайце, вы! – ягоныя кулакі міжволі сьціснуліся. Ён уявіў сябе з кнігай – «божухна, з кнігай!» – ва ўласным доме, дзе чакала жонка зь дзецьмі. Яксу працялі дрыжыкі.
Ягоная гарачлівасьць відавочна весяліла Пацучка. Ён прымусіў сябе супакоіцца, каб не дастаўляць таму лішняе радасьці:
– У гатэль, калі ласка. «Terra Sancta», сорак трэці нумар.
– Так-так. «Terra Sancta», сорак тры. Наш чалавек прынясе яе ў нумар і забярэ зранку. Разьлічыцеся зь ім заўтра. Расцэнкі вам вядомыя?
– Натуральна.
Якса супакоіўся. Гутарка скіравалася ў дзелавое рэчышча, і ён смакаваў наперад, як будзе гартаць старонкі, лежачы ў ложку, услухвацца ў іхны шорхат і ўдыхаць водар цэлюлёзы. Да першых прамянёў ён ня выпусьціць кнігу з абдоймаў.
– Якую возьмеце: папяровую ці электронную?
Якса нібы абухом па патыліцы атрымаў. Але гэтым разам стрымаўся. Ён сьцяміў, што тыпус наўмысна яго правакуе: відаць, сумна небараку – сядзіць усю ноч сам-адзін у гэтым закутку. Да таго ж, як ня дзіва, ён атрымваў нейкую асалоду ад кпінаў Пацучка.
– Я не вычварэнец. Папяровую.
– Прашу спадара, вось кнігасьпіс, выбірайце. Ці ўжо вызначыліся?.. Дапамагчы вам парадаю?..
– Нават ня ведаю.
– Можа, Біблію? Карыстаецца нязьменным попытам.
– Я ж сказаў быў: не вычварэнец.
– Не бярыце да галавы. Назавіце якія-небудзь крытэры.
– Г-м-м… Штосьці мастацкае, аб’ёмістае, штосьці такое, ведаеце… з моцным жаночым вобразам.
– Во гэта па-мужчынску! Каго пацягнеце ў ложак: мітчэлаўскую Скарлет О’Хара? булгакаўскую Маргарыту? Джэйн Эйр? Ці Ганну Карэніну? А мо, – Пацучок паскудна падмаргнуў, – набокаўскую Лаліту?
Якса ўжо навучыўся ігнараваць брыдкія намінкі тыпуса.
– Маргарыта збольшага пасуе, але хочацца чагось больш пікантнага й распуснага.
– Дайце-тка пакручу глуздом… Вось жа: Марыя Магдаліна Данілоўскага. Трэцяе выданьне, нішто сабе кніжачка; праўда, даволі пацяганая: папулярны выбар.
«Тое што трэба! Легендарная жанчына зь легендарнага часу. Зь мінуўшчыны. Дзе ж цяпер тыя жанчыны й тыя часы?..»
– Пасуе.
– Цудоўна. То тады запісваю Марыю Магдаліну на Барната Яксу. Далікатна абыходзьцеся з нашаю гадаванкаю й не забывайцеся на сродкі індывідуальнае абароны: пальчаткі вам прынясуць разам з кнігай. Прыемнага чытаньня.
Пад зьдзеклівым паглядам мітусьлівых вочак Якса разьвярнуўся й даў нырца ў цемру калідору. Па скуры забегалі мурашкі, у целе нарастала прыемнае ўзбуджэньне.
Гэтую ноч ён, Барнат Якса, правядзе з кнігай.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.