Текст книги "Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх"
Автор книги: Антось Уласенка
Жанр: Научная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 12 страниц)
Джыл, вы не даседзелі лекцыю да канца. Калі прысьпеў час пытаньняў, першае, што я пачуў, было: «Чым, на вашую думку, ёсьць аб'екты ў сузор'і Стральца зь нядаўных навінаў?» Я шчыра адказаў: гэта армада чужаніцаў ляціць калянізаваць Зямлю. Выклікаў гамэрычны сьмех і сарваў бурныя авацыі.
Не, я не баюся, проста стаміўся змагацца зь невуцтвам і дурасьцю. Гэта ўсё адно што змагацца з прылівам: новыя хвалі адна па адной накатваюць і зьбіваюць цябе з ног. Значна разумней узьлезьці на пагорак і глядзець стуль на бурлівую ваду ў надзеі, што аднойчы яна зьменіцца адлівам.
Вартыя ўратаваньня маюць уратавацца самыя. Я магу дапамагчы толькі скіраваўшы іх на правільны шлях. Каб прыняць будучыну, якая ўжо запанавала, трэба адмовіцца ад навязаных старых догмаў, што нібы якар цягнуць нас уніз, і зірнуць на сьвет па-новаму.
Я запальваю сьвечку ў самым сэрцы цемры – ва ўнівэрсытэтах, індактрынацыйных лягерох сучаснасьці, кузьнях тупіцаў, якія выбіваюць зь юных галоваў апошнія драбкі супраціву – калі, вядома, яны засталіся там пасьля дзяцінства ў сучаснай «дэмакратычнай Амэрыцы». Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
Да таго ж, – сумная ўсьмешка, – я надта доўга змагаўся з пачварамі ў чалавечым абліччы й сам, баюся, у нейкай меры стаў пачварай. Сяму-таму я навучыўся ў сваіх ворагаў: людзі пакуль не гатовыя. Не гатовыя да праўды. Для пачатку яны мусяць навучыцца глядзець на рэчы зь іншае, неантрапацэнтрычнае пэрспэктывы. І я зараз кажу нават не пра іншаплянэтнікаў, а пра навакольны сьвет, у якім чалавек сотнямі зьнішчае бескарысныя для яго віды, лічачы сябе вяршыняй эвалюцыі. Ці ведаеце вы пра восем прынцыпаў глыбіннае экалёгіі Арнэ Нэса? Не? Зрэшты, нядзіўна. Каго хвалюе вучэньне, што магло б стаць ключом да выжываньня чалавецтва. Замест гэтага мы ладзім амніцыд – тэрыяцыду нам відавочна мала.
Ён пацягнуўся быў па пачак Morley перад ім, але згадаў, што курыць тут забаронена, і стаў проста круціць цыгарэту ў руках.
– Гэтую сытуацыю я й спрабую выправіць, данесьці да іх крык Зямлі пра дапамогу. Пакуль што безвынікова. Але я працягваю. І буду працягваць да самага канца. Ужо блізкага. А можа, – гульлівая ўсьмешка, адрасаваная Джыл, – можа, ніякая гэта не паўночная мужнасьць, а проста ўпартасьць дурня, што йдзе да бездані из ината, як кажуць сэрбы, – гэта значыць праз пачуцьцё супярэчнасьці, усім на зло? Як вы лічыце?
Ён адкінуўся на сьпінку крэсла й заклаў рукі за галаву. Уважліва паглядзеў ім у вочы. Джыл пагляду не адвяла, а вось Тэрэза сьвідравала стол, не наважваючыся зірнуць у твар барадачу.
– Ды вы звычайны псых, – Джыл ледзь стрымвалася, каб не закрычаць, – вось што я лічу! Прыдуркаваты з тых, што пішуць жоўтыя артыкульцы ў інтэрнэце пра велізарныя мэтэарыты й сьнежных людзей. Колькі ж лайна ў вас у галаве! Вы ня толькі апусьціліся на дно, але іншых туды цягнеце, ламаеце жыцьці тым, хто безаглядна верыць вашай непадсяванай лухце, такім як Томі.
Яна гатовая была расплакацца, таму, пакуль ён ня ўбачыў ейных сьлёзаў, падхапілася й пабегла да выхаду. Ёй хацелася неадкладна адмыцца ад усяго лайна, якое на яе вылілі.
Тэрэза пракашлялася й нясьмела падняла галаву, усё гэтак жа ня гледзячы ў вочы барадачу.
– І ўсё ж. Скажыце, няўжо для нас зусім не засталося ніякае, ні найменшае надзеі? Няўжо вы ня верыце, што можна зьмяніць хоць што-небудзь?
Доўгае страшнае маўчаньне.
– Ня ведаю. Калісьці даўным-даўно… я хацеў верыць.
Фокс Малдэр адным каўтком асушыў шклянку, падняўся й няцьвёрдай хадой скіраваўся да выхаду. Наўздагон яму раздаваўся голас нябожчыка Дыё з RAINBOW:
Where was your star
Was it far, was it far
When did we leave
We believe, we believe, we believe…
Māyā
У 2016-ым нечакана выйшаў дзясяты сэзон «The X-Files» – і глядзець на гэта было прыкра (я тады ня ведаў, што праз два гады здарыцца і адзінаццаты, яшчэ горшы). Усю ранейшую міталёгію сцэнарыстыя перавярнулі дагары нагамі. Каб хоць неяк памірыць у сваёй галаве старое з новым, я напісаў чарговы фанфік. Напісаў для сябе й нікому дагэтуль не паказваў. Дзея адбываецца неўзабаве па эпізоде «Founder’s Mutation» (10х02), дзе Малдэр і Скалі расьсьледуюць генэтычныя экспэрымэнты доктара Гольдмана зь «Nugenics Technology». Так у міталёгіі сэзону зьяўляецца хоць нейкая лёгіка.
Калі ў «Bebahi» Малдэр агучвае некаторыя ідэі Варга Вікернэса, Пеньці Лінкалы й Юрыя Фаміна, то ў «Māyā» ён практычна даслоўна цытуе эсэй «Перашкода» з кнігі «Самабыцьцё» Міхала Баярына. Спадара Баярына можна назваць міжвольным суаўтарам гэтага апавяданьня. Калі я чытаў «Перашкоду», то дзівіўся й думаў, што да такіх дзікіх высноваў мог бы якраз прыйсьці агент Малдэр.
Штаб-кватэра ФБР
Вашынгтон, акруга Калюмбія
7 лютага 2016
5:23 PM
Спэцыяльны агент Дана Скалі выйшла зь ліфту на падмуркавым паверсе і, гучна цокаючы абцасамі па бэтоннай падлозе, пракрочыла вузкім калідорам паўз стэлажы картатэкі. Дзьверы за рагом зьлева былі незамкнёныя. Хтосьці сядзеў пры стале ўпоцемку й насьвістваў. Скалі запаліла сьвятло й зусім не зьдзівілася.
– Малдэру, табе няма чым заняцца? Скінэр патрабуе зараз жа вярнуць усе матарыялы па справе доктара Гольдмана й Nugenics Technology – у яго зноўку чалавек зь Міністэрыі абароны.
Спэцыяльны агент Фокс Малдэр сядзеў адкінуўшыся на крэсьле, падкасаўшы рукавы кашулі й заклаўшы рукі за галаву. Ён глядзеў кудысьці паўзьверх яе.
– Дык дапаможаш знайсьці паперы?
Малдэр быццам не пачуў. Стол перад ім быў пазавальваны тэчкамі з пазнакаю Х, і справа Гольдмана магла быць сярод іх. Ён задуменна прамовіў:
– Штосьці ня складваецца, Скалі. Тэд О’Мэлі і ягоная тэорыя… Штосьці мяне тут бянтэжыць, – ён троху памаўчаў. – Чвэрць стагодзьдзя я даходжу праўды, шукаю зялёных чалавечкаў, ганю здані. Пераз увесь гэты час я пабачыў зашмат: Сындыкат, пляны калянізацыі Зямлі, супэрсалдаты, касьмічны карабель у Паўдзеньні. І не магу адмаўляць пабачанага. Папросту не магу. Аднойчы мне ўжо спрабавалі давесьці, што ўсё гэта няпраўда. Ці памятаеш Майкла Крычгаў зь Міністэрыі?
Скалі не адказала. Яна прысела на стол і разабрала паперы, слухаючы Малдэра напаўвуха. Пад зваленымі тэчкамі ляжалі пачатыя пакоўкі прозаку й валіўму.
– Амаль дваццаць гадоў таму мне паднесьлі на сподачку цела іншаплянэтніка зь ледавіку на Юкане, а Крычгаў даволі пераканаўча патлумачыў, што гэта ліпа й ніякіх зялёных чалавечкаў няма – ёсьць адно экспэрымэнты вайскоўцаў над цывільным насельніцтвам, якія маскуюць пад лёты НЛА. Тады я даў веры, але неўзабаве пераканаўся, што мяне ўсяго-ткі вадзілі за нос і хацелі вывесьці з гульні.
Сярод тэчак Скалі знайшла нумар вісконсынскае газэты за ліпень 1963 году, пакрэсьленыя алоўкам табліцы зь бясконцымі слупкамі лічбаў і фантастычны раман з мэханічнымі сфэрамі на вокладцы.
– Амаль пятнаццаць гадоў таму на базе Mount Weather я пабачыў дату Суднага дня. Жарцікі на бок – як памятаеш, мне пагражала сьмяротнае пакараньне. Наступнае дзесяцігодзьдзе я жыў сам-насам са страшною ведай, чакаў пачатку калянізацыі, які стаўся б канцом чалавецтва, – Малдэр пстрыкнуў пальцамі. – Не дачакаўся. І ведаеш, што я адчуў, калі 22 сьнежня 2012-га нічога не адбылося? Расчараваньне й гаркату: то што ж, мяне зноўку падманулі? далі пабачыць тое, што я хацеў? Але ў гэтым не было ніякага сэнсу: Курэц перад сьмерцю пацьвердзіў дату.
Скалі ўжо знайшла справу Гольдмана, але не сыходзіла й занепакоена глядзела на калегу.
– Малдэру, паслухай…
Ён працягваў не спыняючыся:
– Апошнія чатыры гады я жыў у няпэўнасьці, мала не згубіў веру. І тут зьяўляецца Тэд О’Мэлі са сваёй глябальнай тэорыяй змовы, якая быццам усё тлумачыць: калянізацыя не пачалася, бо ніякія іншаплянэтнікі й не зьбіраліся калянізаваць Зямлю; байкі пра НЛА – шырма, за якой хаваецца элітарная група, што займаецца чалавечай гібрыдызацыяй і з дапамогай незямных тэхналёгіяў хоча ўзяць пад уладу сьпярша Амэрыку, а потым увесь астатні сьвет. Доказы: твая ўласная ДНК. О’Мэлі мяне пераканаў. Ненадоўга, але пераканаў. Баюся, я зноўку паверыў у тое, ува што хацеў верыць: аджа нашмат спакайней пачуваешся, як маеш справу са змовай у найвышэйшых эшалёнах улады, а ня зь іншаплянэтным уварваньнем. Бо супроць людзей у нас ёсьць хоць якія шанцы.
Але, – Малдэр павыпростваў рукі й схіліўся над сталом, – калі прыняць гэтую вэрсію, дык атрымваецца, што за апошнія семдзесят гадоў пэўная група людзей, хай сабе ўзброеная незямнымі тэхналёгіямі, спотайку падрыхтавала ўвесь сьвет да захопу. А што мы бачым насампраўдзе? – Ён пагрукаў алоўкам па стальніцы. – За гэтыя семдзесят гадоў па Розўэле структура грамадзтва, ягоная матрыца ані не зьмянілася. Другая ўсясьветная вайна была апошнім моцным зрухам, пасьля яе – заціш. Сучасны сьвет, Скалі, ёсьць вялікім гістарычным праектам, пачатак якога аддзелены ад нас не дзесяцігодзьдзямі, а тысячагодзьдзямі.
Малдэр пацягнуўся й схапіў кнігу з сфэрамі на вокладцы.
– Паўгода таму выйшаў ангельскі пераклад «Цёмнага лесу» Лю Цысіня. Сучасная кітайская фантастыка, раман пра падрыхтоўку чалавецтва да іншаплянэтнага ўварваньня. Ці ведаеш, што ў ім сама фантастычнае?
Скалі скалала рукі на грудзёх. Яна ведала, што Малдэру трэба даць выгаварыцца.
– Не гібэрнацыя, касьмічныя ліфты, караблі з тэрмаядзернымі рухавікамі, падземныя месты – не. Сама фантастычнае, што людзі ствараюць глябальны плян дзеяньняў на чатырыста гадоў, а потым яго датрымваюцца й нават выпярэджваюць графік разьвіцьця. Так не бывае. У нашай рэальнасьці адзінае, чаго датрымваецца чалавецтва, – гэта сацыяльнае інэрцыі. Пляны ўрадаў і стратэгіі дзесяцігадовага разьвіцьця руйнуюцца і аказваюцца забытымі з прыходам новага кіраўніцтва. Што казаць пра большае?
Малдэр адкінуў кнігу.
– Патлумач мне, як могуць быць гаспадарамі вялікага гістарычнага праекту істоты, няздольныя кіраваць нават уласнымі жаданьнямі, няздольныя плянаваць падзеі й на год наперад, бо парушыць гэтыя пляны можа любая выпадковасьць. Максымум яны могуць быць выканаўцамі чужых загадаў, і тут варта прыгадаць Сындыкат. У выпадку сучаснага сьвету адное пакаленьне людзей зьяўляецца сьведкам прычынаў, і толькі ягоныя ўнукі перажываюць наступствы. Чыясьці бязьлітасная воля стаіць жалезнай лёгікай за ўсімі значнымі зрухамі й падзеямі. Каб кіраваць такім праектам, трэба мець у сваім распараджэньні іншыя час і сродкі кіраваньня. Зусім іншыя. Час, у раўнаньні зь якім чалавечае жыцьцё – толькі невялікі эпізод. Сродкі, якія чалавек проста не заўважае, успрымаючы як частку самога сябе. І тут тэорыя О’Мэлі выглядае беспадстаўнай.
– Малдэру, – Скалі глыбака ўздыхнула, – а што, калі ўсё нашмат прасьцей? Скарыстаемся лязом Окама і адсячом непатрэбныя існасьці: няма ніякіх змоўнікаў, што хочуць захапіць усясьветную ўладу, і няма ніякіх іншаплянэтнікаў, што плянуюць калянізаваць Зямлю. Гучыць рацыянальна? Ці занадта банальна для цябе?
– Твая ДНК?
Пакуль яна абдумвала адказ, Малдэр працягваў:
– Зробім здагадку: перад сьмерцю Курэц сказаў праўду, прынамсі тую, у якую верыў сам. Ён сьцьвярджаў, што тысячу гадоў таму мая ўжо ведалі дату пачатку калянізацыі, а індэйцы анасазі хаваліся ад чужаніцаў у сховішчах з магнэтыту больш за дзьве тысячы гадоў. Гэта значыць, уварваньне рыхтуецца ўжо ня першае тысячагодзьдзе. І пераз увесь гэты час нас рыхтавалі, неўпрыцям падштурхоўвалі ў бездань.
– Якім чынам?
– Добрае пытаньне. Але, каб адказаць на яго, трэба задацца іншым: у чым прынцыповая розьніца між старажытным чалавекам і сучасным? Што грунтоўна зьмянілася за гэтыя тысячагодзьдзі?
Скалі закаціла вочы.
– Сьпіс атрымаецца відавочна доўгім, ты й сам разумееш. Прагрэс чалавецтва за гэты час быў велізарным.
– Прагрэс, Скалі, здаецца відавочным дзякуючы павелічэньню й хуткаснаму абнаўленьню тэхнікі, якая нібыта ўсё больш палягчае жыцьцё. Але называць разьвіцьцё тэхнікі нашым прагрэсам – тое самае, што называць мадэрнізацыю кароўніка прагрэсам каровы. Калі б разьвіваліся магчымасьці самога чалавека, гэта быў бы ягоны прагрэс, але мы й дагэтуль выкарыстоўваем ня больш за дзесяць адсоткаў свайго патэнцыялу. Тэлекінэз, біялякацыя, тэлепатыя, прэкагніцыя – дзе яны? Толькі раз-пораз страчаюцца тут, – Малдэр пагрукаў алоўкам па тэчках з пазнакаю Х. – А маглі б быць не анамаліяй, а будзённасьцю. Не, растуць якраз магчымасьці тэхнікі, а магчымасьці чалавека пры гэтым зьмяншаюцца. Бальшыня людзей умее карыстацца тэхнікай і зусім ня ведае ейнага ўладкаваньня. Ці здольная ты адрамантаваць мабільнік, электроніку ў сваім аўто?
Адказу ён не чакаў.
– Людзі сталіся нагэтулькі залежнымі ад тэхнікі, што яна кантралюе ўсё нашае жыцьцё, а мы ня здольныя ад яе адмовіцца. Слушна было б гаварыць не пра прагрэс чалавецтва, а пра прагрэс сродкаў кантролю над чалавецтвам. Усё простае неверагодна ўскладнілася. Каб зрабіць штось натуральнае, напрыклад, паесьці яблыкаў, чалавек сёньня робіць тысячы ненатуральных рухаў: штодня сядзіць у офісе па восем гадзінаў запар, зарабляючы грошы, потым едзе на машыне ў супэрмаркет, выбірае запакаваныя ў плястык плады, вырашчаныя на пэстыцыдах, выстойвае ў чарзе і аплочвае іх крэдыткай – замест таго, каб сарваць сьвежы яблык з дрэва. Застаючыся прыроднай істотай і маючы натуральную матывацыю, homo destructivus рэалізуе яе цалком ненатуральна.
Сучасны чалавек лічыць прагрэс уласным прагрэсам, не зрабіўшы для яго нічога, апроч спажываньня ягоных пладоў, а цывілізацыю й культуру – сваімі цывілізацыяй і культурай. Але жадная карова кароўніку сабе не будуе, і чалавек у натуральным стане не загоніць сябе сам у загон. Дык чым насамрэч ёсьць гэты дзіўны новы сьвет, у якім мы жывём? Хто кантралюе свойскае чалавецтва?
– Іншаплянэтнікі? Ты да гэтага вядзеш? – Скалі скрывілася.
Малдэр ня даў зьбіць сябе з ладу:
– Дык што яшчэ розьніць сучаснага чалавека ад старажытнага? Я скажу табе. Старажытны чалавек быў чалавекам напоўніцу, ён праяўляў паўнату сваіх магчымасьцяў. А сучасны чалавек вечна чымсьці незадаволены, вечна чагосьці шукае, бо й сам разумее, што ў ісьце ёсьць рабом. Ён не прыкуты ланцугамі да галераў і шахтаў, як нявольнікі старажытнага сьвету, ён усяго-ткі ўвесь час сузірае бясконцыя відовішчы, што мякка спакушаюць і пераконваюць яго жадаць, адчуваць і перажываць. Ягоная ўвага ўвесь час занятая якімсьці вонкавым паказам. Вонкавасьць – маркер нашае эпохі.
Свабода адбываецца як надчуцьцёвы й надразумовы выбар, што супрацьстаўляе самога сябе ўсяму іншаму. Сучасны чалавек адчувае сябе пазбытым сэнсу, бо адмова ад свабоды – гэта адмова ад свайго быцьця.
Мы ня можам перастварыць свае свабоды, бо ня маем патрэбных інструмэнтаў: мовы й мысьленьня. Тыя, што намі кіруюць, паклапаціліся аб гэтым загадзя. Ведыйская мова – сакральная мова старажытнага чалавека, што дазваляла пераствараць рэальнасьць – дзьве з паловай тысячы гадоў таму саступіла месца клясычнаму санскрыту, а той вырадзіўся ў санскрыт гібрыдны. Усе сучасныя мовы чалавецтва насамрэч нечалавечыя. Гэта інструмэнт, які кіруе свойскім чалавецтвам, наўпрост кантралюе мысьленьне, фармуе наш сьветагляд на патрэбны ім капыл, абмяжоўвае нашую свабоду й спустошвае нас.
– Малдэру, ты гэта сур’ёзна? – Скалі даўно яго ведала й баялася, што ён напраўду верыць у сказанае.
– У санскрыце ёсьць слова māyā. Яно азначае мніва – рэальнасьць, што лепіцца з рэчыва іншага чуваньня. Вядзецца пра тое, што ілюзорная зманнасьць вытворнага ў Сусьвеце супрацьстаіць праўдзе першаснага й пратворнага: гліна – існае, а гаршчок – мніва, навакольны сьвет – існы, а наш сьветагляд – мніва. Канцэпцыю сьвету мы ствараем з уласных уяўленьняў пра гэты сьвет, а ўяўленьні грунтуюцца на мысьленьні й мове. Наш утульны навакольны сьвет, які мы ўяўляем праз навязаную мову – толькі мніва. Рэальнасьць, якую мы самыя пад прымусам стваралі некалькі тысячагодзьдзяў, нашмат страшнейшая за любы наш страх, бо нам нават у мове не пакінулі мажлівасьці асэнсаваць запраўдны ход рэчаў. Нашто гаспадару безь нічога ніякага пужаць слухмяную карову? Нашто ёй ведаць, што яе зарэжуць на Каляды? Аджа яна перастане даваць малако.
– І хто ў такім разе яны, нашыя гаспадары?
Малдэр выпрастаў руку над сталом і дакрануўся да крыжыку на шыі Скалі.
– Ты мусіш іх ведаць: пра іх напісана ў тваёй сьвятой кнізе, ды і ў іншых сьвятых кнігах. Чэрці, дэманы, джыны, ракшасы – бадай што ўсе ўсясьветныя рэлігіі малююць ворагаў чалавецтва падобным парадкам. Ці чытала ты Кларкаў «Канец дзяцінства»? Цікава, што сучасны іслам лічыць НЛА якраз праявай чыннасьці джынаў. А расейскі праваслаўны патрыярх адкрыта гаворыць, што НЛА – гэта д’яблавы падкопы. Твае біблійныя чэрці й д’яблы, Скалі – гэта іншаплянэтнікі, якія ўжо хадзілі між нас, калі пісаліся ўсе тыя кнігі. Іх выдалілі з нашага сьветагляду, але яны здолелі застацца ў рэлігійнай сьвядомасьці.
– Малдэру, гэта папросту недарэчна, гэта гучыць яшчэ больш дзіка, чым тэорыя О’Мэлі!
– Чакай, дай мне скончыць думку. Мы думалі – і Курэц думаў, а яго няможна недаацэньваць, – што калянізацыя пачнецца 22 сьнежня 2012-га. Мы памыляліся. Калянізацыя пачалася тысячагодзьдзі таму. Нам навязалі мысьленьне й мову і праз тое ператварылі нас у рабоў. Усіх і кожнага на Зямлі. Бяз жаднага стрэлу. У такім разе калянізатарам без патрэбы была дапамога зямных змоўнікаў. Але мы ведаем пра йснаваньне Сындыкату, пра іхную супрацу з чужаніцамі. То што ж атрымваецца? Самым змоўнікам таксама была наканаваная падначаленая роля батлейкавых лялек: ім хлусілі, як і астатнім. 22/12/12 – дымавая заслона для іх самых, прыстрашка, каб прысьпешыць чалавечыя экспэрымэнты зь нечалавечымі тэхналёгіямі, што, пэўна, было часткай вялікшага экспэрымэнту.
Малдэр адкінуўся на крэсьле.
– Мы думалі, быццам іншаплянэтнікі калянізуюць нас праз ужыўленьне чыпаў, празь вірус, што перадаецца пчоламі, праз вакцынацыю ці што яшчэ… Але ім гэта без патрэбы, вялікая гульня ўжо скончаная. Усе тыя жудасныя экспэрымэнты – і твой рак, і твая зьмененая ДНК – гэта справы чалавечыя. Тут О’Мэлі меў рацыю. А ведаеш, што ў такім становішчы сама страшнае?
– Тое, што ты кажаш насур’ёз?
– Сама страшнае – любы наш супраціў вырачаны на паразу. Мы можам бунтаваць, абурацца, скарыцца – кожны наш чын або нячыннасьць, кожны рух або неруш будуць круціць жорны іншаплянэтнае машыны. Мы ня маем аніякіх інструмэнтаў уплыву; яны ўжо ў нашых галовах, мэтафарычна кажучы. Я думаю, 22 сьнежня 2012-га – дата заканчэньня калянізацыі. Усё гэта толькі мая тэорыя, нічым ня лепшая за О’Мэлеву, але калі я маю рацыю, Скалі, мы ўжо чацьверты год жывём у дзіўным новым сьвеце, нават не разумеючы таго. І мы прайгралі. Прайгралі плянэту.
Скалі глыбака ўздыхнула й самая сабе палічыла да дзесяці перад тым, як сказаць:
– Пайду аднясу паперы, бо Скінэр, пэўна, зачакаўся. А ты выпі прозаку й вырушай дадому, працоўны дзень даўно скончаны. Ты выглядаеш надта стомленым.
– Пагасі сьвятло, калі ласка.
Спэцыяльны агент Дана Скалі выйшла зь габінэту, пакінуўшы Малдэра ўпоцемках.
Пракляты Аўрэль ДарТуран
Я маю колькі знаёмцаў, якія пры сустрэчах раз-пораз згадваюць, што зьбіраюцца вывучыць тую мову або загаварыць у гэтай. Гады мінаюць, а да мэты яны не набліжаюцца. Гэта мяне не зьдзіўляе, таксама як тое, што не пачынаюць гаварыць людзі, якія запісваюцца на моўныя курсы, асабліва платныя – у эпоху ютубу, відэачатаў, торэнтаў і стрымінгавых сэрвісаў. Не пачынаюць гаварыць і тыя, хто пахваляецца: «Я вывучаю інданэзійскую ўжо два гады» – або скардзіцца: «У бэнгальскай складаны альфабэт». Зразумела, што такія людзі вывучыць мовы папросту ня хочуць.
А што робяць тыя, хто хоча? Бяруць прыклад з Бэні Льюіса. Неяк я паглядзеў быў відэа з чарговага кангрэсу паліглётаў, дзе расказвалі пра ягоны дзейсны мэтад – і ў мяне зьявілася ідэя «ДарТурана».
Пабруднелы тыпус з пляскатаю галавою ў барвовым насове штосьці казаў яму, паказваючы кудысьці за гарызонт. Ён ня слухаў. Яго хвалявала іншае. Штосьці істотнае, але няўлоўнае, на чым ніяк не атрымвалася засяродзіць увагу. Барвовы насоў махнуў рукою й сышоў.
Ён стаяў на брукаванай плошчы, аточанай з усіх бакоў каменнымі дамамі – масыўнымі, абарончага выгляду, у форме пірамідаў.
Скварыла як у пекле. Дамы з пахілымі аплаўленымі сьценамі не адкідалі ценю. Пыл казытаў ноздры.
Ён абраў вуліцу наўздагад і пракрочыў цэлы квартал, пакуль не прызнаўся сабе, што заблукаў і не ўяўляе, у якім раёне знаходзіцца. Кожная новая піраміда выглядала копіяй суседняе, вулічная мярэжа заставалася простакутнай. Можна было спытацца дарогі ў нешматлікіх мінакоў, але ён не любіў гаварыць зь людзьмі безь неабходнасьці.
Яшчэ празь які квартал здаўся і, у чарговы раз абцёршы пот, зьвярнуўся да першае-лепшае жанчыны. Яна таксама мела пабруднелую скуру й пляскатую галаву.
– Перапрашаю, шаноўная, ці не падкажаце, як прайсьці…
Тут ён усьвядоміў, што ня памятае, куды яму трэба. Але гэта ня мела значэньня, бо яна відавочна не разумела касмалінгвы. Перапытала яго ў нейкай дзіўнай мове: тарабаршчына зь вялікаю колькасьцю ўвулярных зычных.
Рука самахоць пацягнулася па камунікатар у вуху, але не знайшла яго.
Жанчына працягвала балбатаць, тыцкаючы пальцам у нябачны за дамамі гарызонт. Ён няўпэўнена паківаў – маўляў, ясна, дзякуй – і пайшоў далей.
Яго чакала непрыемнае адкрыцьцё: ён ня ведаў ня толькі куды яму трэба, але й хто ён такі. Памяць супраціўлялася любым спробам пранікненьня ў самое сябе. Успаміны хаваліся ў тумане няпомнасьці.
«Дзе я ўвогуле?»
Ён уважлівей прыгледзеўся да мінакоў: усе як адзін мелі пабруднелую скуру й пляскатыя галовы. Перасіліўшы ўласную дзіклівасьць, загаварыў яшчэ з адным – старым, што сядзеў на бруку ля сьцяны й зь цікаўнасьцю назіраў за ім. Той жа вынік: тарабаршчына, у якой гэтым разам, акром увулярных, выразна чуліся абруптывы, і ўсхваляванае паказаньне на гарызонт.
Сумневаў не заставалася: ён не на Зямлі. Мусіць, нейкі каляніяльны сьвет.
«А мо і ў мяне такая ж пляскатая галава?» – мільганула жахлівая думка. Ён падышоў да пулпулаку, якія месьціліся тут паўсюдна, і з асьцярогаю кінуў вока на свой адбітак у вадзе. «Фуф, зямлянін».
Сасьмяглымі губамі напіўся вады. Смаліла нясьцерпна.
Ён уважна агледзеў уласную вопратку – звычайныя зямныя боты, нагавіцы, кашуля.
А што ў кішэнях? Пуста.
Людзей наўкола ўсё менела. Адзін па адным яны заходзілі ў каменныя піраміды й зачынялі таўшчэразныя дзьверы. Кадушкі зь зямнымі расьлінамі, што стаялі перад уваходамі, заносілі з сабой. Вузкія вокны-байніцы ўжо пазакладалі чымсьці знутры.
Ён адзначыў, што цені пачалі расьці, прытым неяк захутка. Прыжмурыў вочы на сонца – яно стаяла ў зэніце; перавёў позірк у той бок, куды паказвалі ранейшыя суразмоўцы, – над гарызонтам усё зырчэй разгаралася бурштынавая пляма.
Яму ўспала на думку, што ён, з усяго відаць, на плянэце S-тыпу ў сыстэме зь дзьвюма зоркамі. І другая зорка якраз узыходзіць з-за гарызонту. А з таго, як ужо ўзьнялася тэмпэратура, вынікала наступнае: калі два сонцы завіснуць высока ў небе, тут запануе запраўднае пекла.
Ён правёў рукою па аплаўленым камені сьценаў. Рука засьлізгала па люстраной паверхні. Трэба тэрмінова хавацца – што й рабілі тубыльцы.
Стан адначаснага зьзяньня двух сонцаў на малой адлегласьці ад плянэты ня мог быць частым. Інакш жыцьцё тут сталася б невыносным і плянэту ўвогуле не калянізавалі. А раз ён апынуўся тут менавіта ў дзень Х, пазбаўлены памяці й якіх-кольвек сродкаў, значыць нехта хацеў замесьці сьляды й пазбавіцца ад яго.
У ім закіпала злосьць. «Так проста мяне ня возьмеш!»
Ён рашуча наблізіўся да групы людзей – відаць, бацькоў зь дзецьмі – якія ў гэты час зацягвалі пальму ў дом паблізу, і загаварыў на мігі. Прыклаў руку да грудзей («Чалавек», бо ўласнага ймя ня памятаў), запытальна паказаў раскрытаю даланёю на старэйшых – пэўна, мужа й жонку. Тыя назваліся Арчадру і Элцэмэ. Далей паказаў на іх, а потым на піраміду ў іх за сьпінамі («Арчадру і Элцэмэ маюць дом»). Зноў упёр палец у грудзі й паказаў на неба над галавой («Чалавек ня мае дому, чалавек прыйшоў з зораў»); выразна кіўнуў на гарызонт, з-па-над якога разьлівалася бурштынавае сьвятло.
Яму адказаў прызёмісты Арчадру: зірнуў на новае сонца й выплюнуў слова кіўчадзава, па чым выбухнуў лавінаю неразборлівых крыкаў. Элцэмэ з доўгім выгараным валосьсем лагодна перапыніла мужа. Яна прамаўляла спакойным голасам і таксама пазірала на гарызонт. Толькі замест кіўчадзава зь ейных вуснаў чулася кіўцэдзэвэ.
«Цікава-цікава, гендэрныя варыянты ў лексыцы. Як у старажытнай мове зямных эскімосаў. Відаць, спадчына традыцыйнага грамадзтва ад пачатку калянізацыі».
Ён несумненна цяміў у лінгвістыцы. Гэта магло прыдацца. Невядомы вораг пралічыўся.
Арчадру відавочна не хацеў пушчаць у дом чужынца, але жонка настойвала і ўрэшце пераканала мужа. Яго, зноў жа на мігі, запрасілі ўнутар. Ён дапамог зачыніць цяжкія каменныя дзьверы й скіраваўся за гаспадарамі па лесьвіцы ў сутарэньне.
Вялікі пусты пакой запоўнілі людзі рознага веку – хутчэй за ўсё сваякі. Усе сядзелі на падлозе, засланай цыноўкамі. Тут было прахалодна, дыхалася лягчэй, пахла пахучымі мазямі. На цыноўках стаялі чашы зь пітною вадой. Ён адчуваў гідлівасьць у атачэньні столькіх незнаёмцаў, але выбару не заставалася. Выглядала, што яны маюць правесьці тут не адну гадзіну, пакуль звонку расчыняецца пекла.
Людзі гаманілі міжсобку. Ён прыслухоўваўся й дзівіўся колькасьці ўсемажлівых зычных. Тут былі і рэтрафлексныя, і гартанныя, і палятальныя, і фарынгальныя гукі. А сыстэма вакалізму, наадварот, падавалася няхітраю: стандартны набор зь пяці галосных без танічнага націску альбо зьменнай даўжыні гукаў.
Арчадру і Элцэмэ сядзелі побач зь ім. Ён памуляўся колькі хвілінаў, але цікаўнасьць перасіліла – працягнуў перагаворвацца на мігі. Як і падазраваў, каляністыя захавалі багата зямных гэстаў з тым самым значэньнем. Гэсты суправаджаліся словамі, якія ён уважна лавіў і адзначаў падабенствы з мовамі старажытнае Зямлі: тут чулася нямала лексычных запазычаньняў з лаціны, германскіх моваў і путунхуа.
Неўзабаве ён сам пачаў паўтараць словы за Арчадру і Элцэмэ, каверкаючы іх, чым весяліў гаспадароў. Яны прагаворвалі фразы павольней і выразьней, чакаючы на рэакцыю, і ў яго шторазу атрымвалася ўсё лепей. Праз паўгадзіны слуханьня й паўтарэньня ён зрабіў выснову: іхная мова (аксачы – так яны яе называлі) ёсьць аглютынацыйнаю полісынтэтычнаю, з суфіксальным словаўтварэньнем.
Празь дзьве гадзіны ён даведаўся, як завецца гэтая плянэта (Качджар’а) і места, дзе знаходзіцца найбліжэйшы касмапорт (Гракскір); пачаў будаваць простыя сказы. Калі не ставала лексыкі, выкарыстоўваў імёны й назвы зь літаратуры старажытнае Зямлі, гукаперайманьні, брэнды галяктычных карпарацыяў. Элцэмэ радавалася й пляскала ў ладкі нібы малая дзяўчынка, калі чула знаёмыя словы.
Яшчэ праз тры гадзіны ён мог сказаць фразу «Я нічога ня памятаю». Корань са значэньнем памяці запазычаны з лаціны, да яго пасьлядоўна дадаюцца суфіксы: асабовы, дзеяслоўнага адмаўляньня й супэрлятыву.
Мог, але не сказаў. Пабаяўся, што палічаць вар’ятам. Астатнія й без таго паглядалі на яго, як на якое дзіва.
Калі па незьлічоных размовах Арчадру зьверыўся з гадзіньнікам і абвясьціў, што можна падымацца, ён ужо ведаў, якія йменныя катэгорыі, акром стандартных ліку, часу й склону, ёсьць асноўнымі ў мове аксачы: транзытыўнасьць, фазавасьць, мадальнасьць, прыналежнасьць і каўзатыўнасьць. Сыстэму зьлічэньня на Качджар’ы выкарыстоўвалі шасьцерыковую. Таксама там існавалі розныя ганаратыўныя формы.
На дварэ сутонела. Абедзьве зоркі на час схаваліся за гарызонтам. Арчадру папярэдзіў, што Тыдзень падвойнага сонца працягнецца яшчэ тры дні, але застацца не прапанаваў.
Ён пасаромеўся набівацца й ціхенька сышоў. Жар ад брукаванкі адчуваўся праз падэшвы. «Лепей ня думаць, што здарыцца, калі я не знайду прытулку да заўтра».
Прытулак знайшоўся неўзабаве. Мясцовая карчма прываблівала мінакоў пахам смажаніны й шыльдаю зь вялізным кухлем. Галодны й стомлены, зь безвыходнасьці ён папрасіўся працаваць за ежу й ложак. Карчмар агледзеў ягоную моцную фігуру й пагадзіўся. Ён мыў посуд, праціраў падлогу, цягаў харчы з варыўні на кухню, разносіў заказы. Слухаў і размаўляў.
У першую ж ноч ён сьцяміў, што ў аксачы ёсьць дзеепрыслоўны лад, які паказвае на палажэньне сонцаў у небе на момант размовы.
На другі дзень разабраўся ў катэгорыях дзеяслоўных азначальнікаў і трынаццаці склонах узаемадзеяньня і ўладаньня.
На трэці – зразумеў канцэпцыю працягласьці й сэгмэнтнае канфігурацыі. Навучыўся адрозьніваць зборны кантэкст ад мэтафарычнага.
На чацьверты дзень ён згадаў, хто зрабіў усё гэта – хто пазбавіў яго памяці й закінуў бяз грошу ў кішэні на Качджар’у.
Аўрэль ДарТуран. Пракляты Аўрэль ДарТуран!
Менавіта гэты эксцэнтрычны мізантроп прыляцеў у касмапорт Дзэшптру рэйсам «Зямля – Качджар’а – Проксіма b». Зьняў нумар у «Пунсовай паве», найпрэстыжнейшым гатэлі ў Дзэшптры, і праседзеў там невылазна наступныя тры дні – чакаў на Тыдзень падвойнага сонца.
Тады ж ён патэлефанаваў у Гракскір на іншым краі кантынэнту: у прыватнай лякарні з сумніўнаю рэпутацыяй пацікавіўся, ці змогуць яны на кароткі тэрмін пазбавіць памяці аднаго чалавека – скажам, на колькі дзён. ДарТуран атрымаў станоўчы адказ і ўдакладніў кошт апэрацыі.
Перад адлётам аэрабарліны на Гракскір ён адклаў неабходную суму. Усе астатнія грошы, якіх зь лішкам ставала на зваротную дарогу да Зямлі, паклаў у банк Дзэшптру. З адною ўмоваю: зьняць іх можна было толькі ў тым самым аддзяленьні па зьверцы ДНК.
У клініцы Гракскіра ДарТуран патлумачыў, хто ёсьць чалавекам, апэрацыю якому ён аплаціў, і папрасіў, каб па заканчэньні таго вывелі надвор, вынялі камунікатар з вуха й выпусьцілі на ўсе чатыры бакі. Санітар у барвовым насове пасьля так і зрабіў.
Ён, Аўрэль ДарТуран, гіпэрглёт зь Зямлі, у чарговы раз пазбавіў сам сябе памяці, каб навучыцца новае мовы.
Аксачы прывабіла яго тым, што лічылася неймаверна складанай, а ейныя носьбіты жылі толькі на адным кантынэньце Качджар’ы. Жаднае сур’ёзнае манаграфіі пра аксачы дагэтуль не напісалі. Калі б ён авалодаў ёй, дык на Зямлі ўважаўся б не абы-якім знаўцам.
Вось толькі ў дадатак да гіпэрглёта ён быў яшчэ й сацыяфобам, што станавіла сабою далёка не найлепшую камбінацыю. Каб пераадолець страх зносінаў зь людзьмі, ДарТуран гвалтам паставіў сябе ў такія ўмовы, калі вымушаны быў шчыльна камунікаваць з чужаземцамі.
Гіпэрглёты рабіліся гіпэрглётамі таму, што не саромеліся памылак – штодня дапушчалі іх сотнямі, вывучаючы новую мову. Яны ўпэўнена працягвалі мыляцца, аж пакуль не дасягалі патрэбнага роўню. Іх хваляваў вынік, а ня дробныя перашкоды на шляху да яго.
ДарТурана ж можна было назваць пэрфэкцыяністым. Ён заўжды баяўся памылак і недасканаласьцяў у сваім маўленьні й паводзіўся так, быццам сьвет скончыцца, калі схібіць у спражэньні мадальных дзеясловаў.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.