Текст книги "Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх"
Автор книги: Антось Уласенка
Жанр: Научная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 12 страниц)
Bebahi
«The X-Files» – ня проста мой улюбёны сэрыял, а бадай што адзіны, які я ня толькі глядзеў ад пачатку да канца, але й пераглядаў. Больш за ўсё ў ім мяне цікавіла міталёгія: пазазямное паходжаньне людзей, глябальная змова Сындыкату, пляны калянізацыі Зямлі, стварэньне гібрыду іншаплянэтніка й чалавека, чорны алей і вакцына ад яго…
У 2002 годзе апошняя (як тады здавалася) сэрыя дадала да гэтага канкрэтную дату пачатку калянізацыі – 22.12.2012 і пакінула па сабе больш пытаньняў, чым адказаў. У 2008-ым выйшаў паўнамэтражны фільм «I Want to Believe», якім я застаўся незадаволены: ён не закранаў міталёгіі й не павяртаўся да старых незакрытых тэмаў. Адзіным добрым момантам у ім быў барадаты Малдэр. У 2013-ым стала зразумела, што трэцяга фільму ня здарыцца; пра новыя сэзоны гаворкі нават не вялося. Тады я ўявіў, чым мог бы займацца Малдэр пасьля падзеяў «I Want to Believe», і напісаў «Bebahi». Так, на мой пагляд, мог бы выглядаць апошні (9х21) эпізод сэрыялу.
Кола замыкаецца, набліжаецца дзень Х. Шостае выміраньне як непазьбежная будучына і самотны чалавек, які ведае праўду, але нічога з сваёю ведаю парабіць ня можа.
Стоктан, штат Каліфорнія
15 жніўня 2010
10:40 PM
– Томі, цябе пытае Джыл!
Місіс Сандэрз стаяла на парозе пакою і, прыціскаючы да грудзей слухаўку, спрабавала перакрычаць рэйнбаўскую «Stargazer».
– Сынок, ці чуеш?
Том, хударлявы хлопец гадоў дваццаці з доўгімі патламі, нават не падняўся з канапы.
– Скажы ёй, сёньняшнюю ноч я баўлю з Розі.
Місіс Сандэрз гаротна ўздыхнула і акуратна прычыніла за сабой дзьверы, стараючыся не глядзець на двухмэтровы малюнак шыкоўнае брунэткі, што красаваўся на дзьвярох звонку. Брунэтка была ў чорнай карункавай бялізьне й трымала над галавой шыльдачку «Dress code».
Where is your star
Is it far, is it far, is it far
When do we leave
I believe, yes, I believe
Том ужо добрую гадзіну біў брынды на канапе, гледзячы ў столь і слухаючы ўлюбёную музыку – наладжваўся на рамантычнае спатканьне з Розі пад сьвятлом каліфарнійскіх зорак.
Сьцены ягонае мансарды зьнізу даверху былі паабвешваныя постарамі: рок-музыкі тут дзялілі жыцьцёвую прастору з астранамічнымі табліцамі й дыяграмамі Герцшпрунга-Расэла, а найлепшыя дзяўчаты 2007 году паводле календару «Playboy» суседнічалі з выразкамі з навуковых часопісаў пад загалоўкамі накшталт «Новая тэорыя паходжаньня пасу Койпэра». Над магутнай стэрэасыстэмай, што займала ледзь не палову пакою, вісеў гафтаваны чорны сьцяг, у цэнтры якога месьціўся ліст канабісу, а зьверху – надпіс «Muß man nur hasch legalisiern!» (Том прывёз яго з праскіх вакацыяў летась). Падлога была ўшпіляная піўнымі бляшанкамі й капэртамі ад вінілавых кружэлак, і толькі ад дзьвярэй да кампутару вяла вузкая сьцяжынка чыстага дывановага пакрыцьця.
Саўндтрэкам гэтым Садому й Гаморы служылі чароўныя гукі пінкфлёйдаўскае «Astronomy Domine» у выкананьні VOIVOD з калёнак.
Але ўвагу Томавых сяброў, якія траплялі да яго ўпершыню, прыцягваў ня жудасны гармідар і нават ня моцны пах поту, а Розі, якая стаяла ля вакна ў схілістай страсе – 350-мілімэтровы адсьветны тэлескоп, сабраны ім паводле сыстэмы Добсана з фанэры й шклотканіны. Том сам шукаў рысункі ў інтэрнэце, сам насычаў фанэру корпусу эпаксіднай смалой, ламаў галаву над аправай другаснага люстэрка й мэтадам спробаў і памылак мацаваў фторапляставыя дыскі пад патрэбным вуглом. А найдаражэйшую частку ўсяе канструкцыі – камплект оптыкі – здабыў практычна задарма, дамовіўшыся на піва з хлопцамі зь фізычнае лябараторыі ў Бэрклі. Ён верыў, што ў зборцы тэлескопу ўласнаруч усё яшчэ заставалася нейкая рамантыка, якую не замяніць кампутарнымі кантролерамі і аўтаматычным навядзеньнем на аб'ект.
Калі Эрык Блюм, вакалісты BLUE ӦYSTER CULT, зацягнуў «Astronomy», Том павольна падняўся з праціснутае канапы й разьмяў зашэрхлую шыю. Як скончылася песьня, вымкнуў музыку з пульту, каб вібрацыя не замінала фіксаваць тэлескоп на аб'ектах. Потым, акуратна пераступаючы цераз бляшанкі на падлозе, падышоў да Розі, пагладзіў ейную трубу, каўзануў пальцамі па балтох, якія трымалі аправу галоўнага люстэрка, накіраваў шукальнік на сузор'е Стральца й прыпаў да акуляру.
Днямі Том паставіў асабісты рэкорд – убачыў усе аб'екты каталёгу Мэсье. Апошнімі ён назіраў зорныя скупнасьці ў рукаве Стральца. І цяпер, за неменьню новае мэты, вырашыў працягваць назіраньні там, дзе быў спыніўся: у той вобласьці неба знаходзіўся зьменны яскравы гігант, пэрыядычнасьць зьмены бляску якога можна было дзеля спартовае цікавасьці зьверыць з таблічнымі данымі.
– Ану, дзетка, дзе ты ёсьць?
Хвілінаў дзесяць ён праглядаў абраны вучастак, але зьменнага гіганта так і не знайшоў. Затое знайшоў штосьці цікавейшае: сьпярша Том прыняў гэта за туманнасьць, але яна мела правільную форму і – ён вачом веры ня даў – рухалася!
Зафіксаваўшы аб'ект і адрэгуляваўшы рэзкасьць, ён колькі хвілінаў глядзеў у акуляр не варушачыся. Потым умомант падскочыў і кінуўся да кампутару, грукочучы бляшанкамі й топчучы кружэлкі. Адкрыў скайп, падлучыў гарнітуру – і тут зноўку засумняваўся. Падышоў да тэлескопу й схіліўся над акулярам.
Сумневаў не заставалася.
Том стварыў відэаканфэрэнцыю, дадаўшы туды заўсёднікаў амэрыканскага астранамічнага форуму, глыбока ўдыхнуў і выразна вымавіў:
– Хэўра, маю навіны. Выглядае, у нас госьці.
Вашынгтон, акруга Калюмбія
2 верасьня 2010
08:02 AM
– У выніку атакі сьмяротнікаў… і больш за дваццаць паранена… прадстаўнікі дыпмісіі… сярод цывільнага насельніцтва… рэлігійныя разгалосьсі…
Другі дзень восені, роўна як і першы, выдарыўся цёплым і сонечным. Сыноптыкі абяцалі пагоду да канца тыдня, чаму Рычард Эрхард толькі радаваўся: хацеў вылучыць пару вольных вечароў для назіраньняў у абсэрваторыі.
Ён сядзеў на вэрандзе й піў моцную кубінскую каву – не такую духмяную, як даўным-даўно запарвала ягоная бабуля, але ўсё ж даволі неблагую. На стале перад ім дымілася яечня з бэконам, абкружаная па абводзе блінцамі. Ён праглядаў навіны з айпаду і адным вухам слухаў балбатню, якая даносілася з тэлевізару ў пакоі.
– Эканамічны прагноз да канца году… сёньняшні абвал на біржы… будзе залежаць ад цаны за бараль нафты… выступяць са штогадовым дакладам…
Рычард падняў руку, бліснуўшы на сонцы заручальным пярсьцёнкам, і паглядзеў на гадзіньнік – дарагі Patek Philippe, падарунак калегаў на саракагодзьдзе: часу яшчэ дастаткова, можна не сьпяшацца.
Ён працаваў у Інстытуце Карнэгі на факультэце зямнога магнэтызму вось ужо дзесяць гадоў. Усё жыцьцё так ці йнакш прысьвяціў астраноміі – ад Мэрылэндзкага гуртку астрааматараў да загадніка катэдры ў Вашынгтоне. У ім усё яшчэ жыў гэткі шасьцігадовы хлапчук, які адкідаў галаву ў ночнае неба замест таго, каб глядзець пад ногі.
– Велізарныя касьмічныя караблі… у кірунку Зямлі… неверагодных памераў… 240 кілямэтраў у даўжыню й 80 у шырыню… прыкладныя каардынаты… NASA ня хоча абнародаваць зьвесткі… урад хавае…
Ён расправіўся зь яечняй і ўзяўся за блінцы з кляновым сыропам.
Прашамацела фіранка, і на вэрандзе зьявілася Тэрэза. У свае трыццаць сем яна па-ранейшаму прыкоўвала пагляд Рычарда, прымушаючы яго забыцца на ймгненьне пра надзённыя справы, як і пятнаццаць гадоў таму. Яна паклала на стол ранішнія газэты й прысела насупраць. Чмокнула яго ў шчаку, машынальна паправіла доўгія каштанавыя валасы й наліла сабе апэльсінавага соку.
Тэрэза працавала мастацтвазнаўцам: адмыслоўцам па Старажытным Эгіпце ў Сьмітсанаўскім інстытуце. Яны жартам называлі сябе сямейкай шалёных навукоўцаў. Калі простыя сьмяротныя ў часе сталаваньня абмывалі языком суседзяў або вырашалі, куды б паехаць у адпачынак, то Эрхарды маглі прыхваткамі абмяркоўваць выпраменьваньне квазараў або апошнія археалягічныя знаходкі ў Гізе.
– Сьвет злузнуўся… І ў сеціве, і па тэліку, і, гляджу, у газэтах адное й тое ж. Ці чула, любая, да Зямлі ляцяць велізарныя караблі іншаплянэтнікаў?
Тэрэза ледзь не папярхнулася сокам.
– Ты гэта сур'ёзна?!
– Ня я, са мной пакуль усё добра. Гэта навінавыя агенцыі рэагуюць на грамадзкую думку. Попыт спараджае прапанову. У інтэрнэце даўно нарабілі шуму, «навіна» пайшла далей. Што радуе, дык хаця б тое, што бальшыня СМІ кажа пра гэта як пра сьмешнае непаразуменьне й зьмяшчае ў рубрыцы кур'ёзаў. Бальшыня, але ня ўсе – дурняў заўжды стае.
– З-за чаго ўвесь сыр-бор?
– Якісь астраманьяк убачыў штосьці ў самаробны тэлескоп і пачаў дзейкаць у сеціве. Тут, вядома, плёткі падхапілі ўсе, каму толькі хацелася, – Рычард працягнуў жонцы айпад з чарговым сэнсацыйным артыкулам.
– Ды гэта нават ня сьмешна, – Тэрэза прабегла вачыма асноўныя тэзы. – Як можна так блазнаваць? Чаму адразу караблі? І настолькі неверагодна вялікія! Тут можа быць усё што заўгодна – аптычны падман, невядомая мэтэаралягічная зьява, касьмічнае сьмецьце – але ж, божухны, не талеркі з «Пляну 9». Я б гвалтам прымушала кожнага, хто піша такое, праслухваць курс лёгікі, у дадатак да асноваў фізыкі. Яны б хоць задумаліся, як і адкуль у тым пункце прасторы – сузор'е Стральца, так? – да якога з найбліжэйшае экзаплянэты ляцець пару дзясяткаў гадоў з хуткасьцю сьвятла, адкуль там раптам зьявіліся НЛА? Чаму менавіта да Зямлі? Яны хіба ў тых «караблёў» пыталіся? І ўся гэтая смажаная сэнсацыя можа быць абвергнутая любой сур'ёзнай абсэрваторыяй, якая навядзе свой тэлескоп на той сэктар і ня выявіць там нічога, акром зорак, туманнасьцяў і касьмічнага пылу.
– Я ведаю, можаш не расказваць. Але ніхто з нашых такой дуратой займацца ня стане. На поўным сур'ёзе правяраць трызьненьне зьвездара-аматара – цяжка ўявіць большую шкоду рэпутацыі. Хаця, верыш-не, знаў я аднаго дзівака не без галавы, раней нават на ўрад працаваў быў – дык вось ён бы напэўна гэтым зацікавіўся. І абавязкова б праверыў…
– На тое ён і дзівак, – хмыкнула Тэрэза.
Пасьнедаўшы, Рычард перабраў стос сьвежых газэтаў і заўважыў сярод іх адрасаваны яму ліст з Каліфорніі ад нейкага Томаса Сандэрза.
– Ах, мілы, зусім забылася пра ліст; загаварыў ты мяне сваімі талерачкамі.
– Нічога, прачытаю на працы. Я пабег, цалую.
Тэрэза засталася на вэрандзе насалоджвацца восеньскім сонейкам і апэльсінавым сокам. Яна не сказала мужу пра яшчэ адзін ліст, але правіны за сабой не адчувала: на капэрце з шчыльнага кардону з рэквізытамі фірмы «Roush: біятэхналёгіі» не было ні марак, ані паштовага штэмпелю, толькі друкарскім спосабам нанесены надпіс: «Тэрэзе Эрхард. Канфідэнцыйна».
Школа інфармацыйных тэхналёгіяў
Бэрклі, штат Каліфорнія
18 кастрычніка 2010
12:20 AM
Аўдыторыя была пад завязку набітая слухачамі, некаторыя сядзелі на падлозе ў праходах. Джыл – далікатная прапірсынгаваная дзяўчына з дрэдамі ніжэй за талію – акуратна прычыніла за сабой дзьверы, стараючыся не шумець, і міла ўсьміхнулася зацюканаму акулярніку з апошняга шэрагу. Той зачырванеўся й саступіў ёй месца, а сам падпёр сьцяну ў двух кроках справа. «Заўжды спрацоўвае», – ані не зьдзівілася Джыл і села на вольнае крэсла.
Лекцыя трывала ўжо нейкі час. Ніякіх PowerPoint прэзэнтацыяў, дыяграмаў, малюнкаў на смарт-бордзе – толькі ціхі стомлены голас, які, аднак, было выразна чуваць і з апошняга шэрагу.
– …У ісьце, сёньня мы – чалавецтва – усё яшчэ жывём у адпаведнасьці зь сьветагляднымі канцэпцыямі пачатку дзевятнаццатага стагодзьдзя. Нічога канцэптуальна новага з тых часоў так і не зьявілася. За апошнія два стагодзьдзі мы назапасілі столькі фактаў, якія супярэчаць нашай карціне сьвету, што анамальнага й невытлумачальнага ў сыстэме каардынатаў homo destructivus цяпер ці ня больш, чым палічанага й раскладзенага па паліцах. Вазьміце сучасную фізыку: так, мы выводзім заканамернасьці й пасьпяхова праводзім найскладанейшыя разьлікі на падставе законаў, але не ўяўляем, як і чаму гэтыя законы наагул працуюць. Чорныя дзіркі, выпраменьваньне Хокінга, распад пратону, існаваньне нэўтрына, тэорыя струнаў, цёмная матэрыя – мы спрабуем паўціскаць гэтыя, так і не зразуметыя намі, зьявы ў вузкія рамкі традыцыйнага ўяўленьня пра навакольле. Але рамкам тым ужо не адная сотня гадоў, і яны даўно прагнілі. Жадная сучасная навука не тлумачыць (дый ня ймкнецца растлумачыць) НЛА, палтэргайст, тэлекінез, праскапію й многае іншае. І калі мы ня можам зразумець чагосьці ў Сусьвеце, гэта зусім не значыць, што чагосьці не йснуе. Яшчэ як існуе, проста ня ўпісваецца ў нашае разуменьне сьвету, а таму ігнаруецца. Што сьведчыць пра глыбокую сьветаглядную крызу ў сучасных фундамэнтальных навуках…
Голас належаў барадатаму мужчыну гадоў пяцідзесяці. Кучма цёмнага ўскудлачанага валосься зь лёгкай сівізной, пацёртыя джынсы й пінжак паўзьверх чорнага джэмпэру. Ён раскапусьціўся на стале й задуменна глядзеў кудысьці ўдалячынь, усё працягваючы аповед, пераскокваючы з аднае тэмы на іншую, што ўжо пачынала раздражняць Джыл. На дошцы за яго сьпінай каравым почыркам было выведзена «Крыза зямное цывілізацыі».
– …Прыняць і зразумець новае можна толькі адмовіўшыся ад традыцыйнага пагляду. Яскравы прыклад таму – Пэрсі Фосэт, які жыў сто гадоў таму. Брытанскі падпалкоўнік, археоляг, падарожнік. Але найперш летуценьнік. Ягоны ўнёсак у дасьледаваньне Лацінскае Амэрыкі пераацаніць нельга – нават з пункту гледжаньня афіцыйнае навукі. А рухала ім вар’яцкая мара. І марай была не дэмаркацыя межаў Балівіі, але пошукі Атлянтыды. Сучасьнікі пасьмейваліся зь ягонае idee fixe і захапленьня сьпірытызмам, а ён упарта йшоў да свае мары. Ды так і не вярнуўся з апошняе экспэдыцыі – да закінутага места Z. Хто ведае, ці дабраўся ён да мэты. Прынамсі, не пабаяўся ступіць на шлях…
Джыл стала цікава, хто ж такі гэты чытар, але спытаць суседзяў яна пасаромелася – усе, здавалася, слухалі прытаіўшы дух. Яна ж лавіла фразы адным вухам: на гэтую гасьцявую лекцыю завітала выключна з мэтай сьцерці час і заняць думкі. Дадому вяртацца не хацелася – там, Джыл была ўпэўненая, яна б месца сабе не знайшла ў чаканьні званку. Таму ўсеагульны ажыятаж у школе вакол лекцыі ці то прафэсара, ці то грамадзкага актывіста з усходняга ўзьбярэжжа прыпаў вельмі дарэчы.
– …Ці чыталі прадказаньні футуролягаў мінулага стагодзьдзя наконт пачатку стагодзьдзя цяперашняга? Калёніі на Марсе, працягласьць жыцьця ў сто пяцьдзясят гадоў, вакцына ад усіх хваробаў, невычэрпныя крыніцы энэргіі… І ўсё гэта магло стацца яваю, калі б мы працягвалі разьвівацца ўзятымі тэмпамі. Але мы здалі. Тэхналягічны выбух скончыўся гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. У рамках нашых сьветаглядных канцэпцыяў столь ужо дасягнутая, далей толькі стагнацыя й падзеньне. Сёньня кожнаму зразумела, што чалавецтва не зьбіраецца вяртацца ў космас і атабарвацца на Месяцы, ня кажучы пра міжзорныя палёты. Пра марсіянскія калёніі расказваюць адно ашуканцы. Шматлікія факты рэальнасьці, якія ня ўпісваюцца ў нашае ўяўленьне сьвету й множацца год па годзе, прыгнятаюць і павольна забіваюць нас – нават на фізычным роўні. Сучасны чалавек, зьедзены пачуцьцём бессэнсоўнасьці й недатычнасьці, знаходзіць суцяшэньне ў залежнасьцях: ад алькаголю, наркотыкаў, сэксу, рэлігіі. Ён спрабуе запоўніць нутраную пустэчу вонкавымі прыладамі: айфонамі, стэрэасыстэмамі й дарагімі аўто. Вось толькі крыніцамі шчасьця яны ні ў якім разе ня ёсьць. І адзіным пунктам нашага прызначэньня па-ранейшаму застаецца самаразбурэньне…
Джыл усё думала пра Тэрэзу Эрхард. Тая зьявілася на гарызоньце так нечакана! Ад дня зьнікненьня Томі прамінула ўжо тры тыдні, і Джыл зусім страціла надзею ўбачыць каханага зноў; атрымаць у гэты час email з прапановай дапамогі было проста неверагодным шанцункам. Навуковы супрацоўнік з Вашынгтону, Тэрэза пісала, што валодае нейкай інфармацыяй і дапаможа ў пошуках. Гучала фантастычна, бо нават у паліцыі не было жадных зачэпак у справе (выйшаў з хаты ў супэрмаркет і не вярнуўся, ніхто нічога ня бачыў, ня чуў), але чаму б не ўхапіцца за гэтую трэску… Якраз сёньня Тэрэза мелася патэлефанаваць па прылёце й прызначыць месца й час сустрэчы.
Джыл як магла старалася заглушыць дурную думку, што Томі арыштаваны ЦРУ або якой-небудзь таемнай паліцыяй за распаўсюд дэзынфармацыі й тую масавую гістэрыю, да якое спрычыніўся. Аджа менавіта ён першым падняў на вушы сеціва балачкамі пра НЛА. Джыл лічыла гэта дурным дзіцячым выбрыкам і была пакрыўджаная, што нават ёй ён не прызнаўся ў сваім жарце. Толькі паўтараў як мантру: «Яны ўжо ляцяць. Неўзабаве будуць тут. Ужо ляцяць». Часам яна ненавідзела Томі за падобнае блазенства. Гэта, вядома, пацешна, але ня ў дваццаць жа гадоў! А вось цяпер, баялася Джыл, ён дагуляўся – зацікаўленасьць у справе навукоўца з Вашынгтону толькі ўмацоўвала яе ў такой думцы.
– …Часам здаецца, вось-вось і сьцяна старых догмаў і забабонаў паваліцца. Але не, штораз уражаньне зманлівае. Нічога не мяняецца. Так, напрыклад, было з праграмай SETI. Наколькі высакародная й шалёная ідэя – пошук незямнога розуму – і настолькі ж абмежаваная ў сваім антрапацэнтрычным падыходзе. Іншыя цывілізацыі не абавязаныя карыстацца радыёсувязьзю толькі таму, што так робім мы. Але нават гэтае пачынаньне было сапсаванае чалавецтвам. Спачатку ЦРУ выкарыстоўвала SETI ў сваіх мэтах, потым навукоўцы дружна праігнаравалі сыгнал «Wow!» – магчымую мэту сваіх пошукаў, – а за апошнія гады фінансаваньне праекту практычна спынілася. Нядзіўна, бо грошай на ваенныя патрэбы ніколі не стае. А эфэктыўна зьнішчаць уласны род – задавальненьне дарагое й відавочна карысьнейшае за пошук зялёных чалавечкаў. Нядаўная навіна аб прызначэньні касьмічнага пасла ААН, адказнага за пратакол сустрэчы іншаплянэтных гасьцей – як жа гэта па-чалавечы: памнажаць бюракратыю нават пры сустрэчы зь невядомым! – аказалася ня больш як журналісцкай выдумкай, інфармацыйным вірусам. Нічога не мяняецца…
Ад вібрацыі тэлефону ў кішэні джынсаў Джыл ледзь не падскочыла. Тэкставае паведамленьне зь невядомага нумару. «Сёньня 9 РМ Мядзьведзеў бярлог Т.» Джыл ціхенька паднялася зь месца й вышмыгнула за дзьверы. Яе праводзілі стомлены голас чытара й пагляд зацюканага акулярніка.
Унівэрсытэцкі паб «Мядзьведзеў бярлог»
Бэрклі, штат Каліфорнія
18 кастрычніка 2010
08:50 PM
У «Берлагу» было нешматлюдна, што й нядзіўна для вечару панядзелка. Студэнты й прафэсары з кухлямі піва тут і там; кампанія, якая гуляла ў більярд; колькі маркотных дзяўчатаў за барнай стойкай. Паўцёмнае выцягнутае памяшканьне, вінілавыя кружэлкі й старыя здымкі на цагляных сьценах, клясычны хард-рок з калёнак – даволі мілае месьцейка, хаця й ня ў гусьце Джыл. Яна бывала тут хіба што пару разоў, за кампанію з Томі.
За столікам у дальным куце яна заўважыла Тэрэзу Эрхард (здаўмелася загадзя глянуць ейны фотаздымак у Facebook22
Арганізацыя, забароненая на тэрыторыі РФ.
[Закрыть] і, дзеля цікавасьці, навуковую кар'еру ў LinkedIn). Тая штосьці ўтлумачвала барадатаму мужчыну – таму самаму чытару з паўдзённае лекцыі. На стале перад ім ляжаў пачак цыгарэтаў, хаця курыць у пабе было забаронена, а ў руцэ ён круціў шклянку, мяркуючы з усяго, зь віскі – і, мяркуючы з усяго, гэта быў для яго ня першы віскі на сёньня. Пінжак нядбайна зьвісаў са сьпінкі крэсла.
Тэрэза – уся нейкая знэрваваная й напружаная – неўзабаве ўбачыла Джыл і памахала ёй, запрашаючы далучыцца.
– Дзякуй, што прыйшлі. Мушу прызнацца, я прыляцела сюды й запрасіла вас галоўным чынам праз гэтага чалавека. Ён абяцаў дапамагчы, бо мае адказы на нашыя пытаньні. Мой муж выходзіў з ім на сувязь… перад тым як зьнікнуць. Зьнікнуць гэтак жа раптоўна, як ваш сябар.
Вось гэта стала навіной для Джыл, але часу на зьдзіўленьне не было. Яна павярнулася да барадача.
– Прыемна пазнаёміцца, містар… Я была на вашай лекцыі.
– Хочаце, каб я адрэкамэндаваўся? Імя маё вам нічога ня скажа, паверце. Я вечны вандроўнік, які заблукаў у гэтым вар'яцкім сьвеце й шукае дарогу дадому. Пэўна, нарадзіўся ня ў той час ня ў тым месцы, хто ведае. Дык як вам лекцыя? Нудота, ці ня праўда?
– Не, што вы. Мне вельмі спадабалася, – міла ўсьміхнуўшыся, зманіла Джыл.
– Выдатна хлусіце. На каго вучыцеся? Іду ў заклад, гуманітарый?
– Дакумэнтацыйнае забесьпячэньне кіраваньня.
– Што ж, далёка пойдзеце. Толькі запомніце залатое правіла: ніколі не давярай людзям, якія заўсёды ўсьміхаюцца.
Нацягнутая ўсьмешка спаўзла з твару дзяўчыны. «Вось нахаба! Але дзеля Томі можна й патрываць. У рэшце рэшт, усе прафэсары такія».
– Ці вядома вам, што здарылася з Томам? Дзе ён?
– І я па-ранейшаму хачу пачуць пра лёс свайго мужа.
Мужчына абвёў іх цяжкім паглядам. Уздыхнуў. Каўтануў са шклянкі. Зморшчыны выразна абрысаваліся на ягоным твары, ён быццам бы адразу пастарэў на дзясятак гадоў.
– Ці ўпэўненыя вы, што жадаеце атрымаць адказы? Бо аднымі адказамі вы не задаволіцеся, вам захочацца пачуць усю гісторыю. І шляху назад да няведаньня ня будзе. Гэта як дзьве пігулкі – чырвоная й сіняя. Якую выбіраеце?
Жанчыны пераглянуліся.
– Расказвайце ўрэшце, – прамовіла Тэрэза.
– Што ж, слухайце мае атрутныя словы. І памятайце, што процітруты ад іх няма. Сумняваюся, што вы зможаце спаць спакойна пасьля пачутага. Я, прыкладам, ужо не магу.
Ён змоўк. Джыл і Тэрэза чакальна глядзелі на яго.
– Ваш муж і ваш сябар мёртвыя. Я ўпэўнены ў гэтым на ўсе сто. Забітыя людзьмі ценявое спэцслужбы, якія рыхтуюць уварваньне на Зямлю. Дарэчы кажучы, не зусім і людзьмі.
– Вельмі няўдалы жарт, – Джыл пачынала закіпаць.
– На жаль, гэта не жарт.
Паўзу, якая павісла, можна было б назваць няёмкай, калі б барадач не працягваў як нічога ніякага цягаць віскі.
– Ды што за трызьненьне? Як вы можаце зьдзекавацца з нас?! Зьніклі нашы блізкія людзі, а вы… Яшчэ дапамагчы абяцалі! – Джыл не ставала паветра, каб выказаць усё, што яна думала пра гэтага сноба.
– Джыл, не заводзьцеся. Паглядзіце лепей на Тэрэзу. Чаго гэта яна раптам прыціхла? Ня ведаеце? То падкажу: яна разумее, што я маю рацыю. І самая раней здагадвалася, але цяпер усьвядоміла, штó нарабіла: уласнаруч пасадзейнічала мужавай сьмерці. Ня ведаю, ці яны запалохалі яе, ці задурылі галаву, ці нават падкупілі. Думаю, яна ўсяляк спрабавала адгаварыць мужа ад разгалашэньня інфармацыі. Марна. Рычард быў адважным чалавекам. Але голас сумленьня так проста не заглушыць. З размовы да вашага прыходу я зразумеў, што Тэрэза ведае больш, чым хоча паказаць. І саромеецца гэтага. Вось таму й выйшла на мяне, з вамі зьвязалася – хоча дапамагчы, хоць неяк загладзіць віну. Але позна. Мёртвых не ўваскрэсіць. Дый жывым не дапаможаш.
– Няпраўда, усё няпраўда, – ціха прамовіла Тэрэза, утаропіўшыся ў стол.
– Вашыя блізкія загінулі праз тое, што зблыталі карты змоўнікам. Том першым выявіў у небе над намі велізарныя касьмічныя караблі, зафіксаваў каардынаты й раззваніў пра тое на ўвесь сьвет. А яшчэ паведаміў Рычарду – упэўнены, той быў не адзіным адрасатам, – прычым зрабіў гэта досыць прафэсійна: змог пераканаць закаранелага сумнявальніка, даўшы дакладныя астранамічныя разрахункі. Эрхард у абсэрваторыі інстытуту разьлічыў траекторыю лёту, праверыў ды пацьвердзіў даныя і яшчэ да забойства зрабіў іх здабыткам грамадзкасьці – цяпер у якасьці навуковага факту, а не газэтнае сэнсацыі. Па вялікім рахунку, іхныя сьмерці нічога не вырашалі – уцечка ўжо адбылася. Але яны былі ў тым вінныя і іх пакаралі.
Перад самым зьнікненьнем Рычард выйшаў на мяне па старой памяці і ўсё расказаў – ведаў, што я не пасьмяюся з пачутага. Не пасьмяяўся. Бо ён не паведаміў мне нічога новага. Але для самога Рычарда гэта было занадта. Уся ягоная карціна сьвету ў адно імгненьне рассыпалася як картачны дамок. Ён панікаваў і ня мог знайсьці апірышча ў сваёй навуцы. Калі б яго не прыбралі, Тэрэза, ён бы скончыў жыцьцё самагубствам. Я бачыў такое шмат разоў. Як і казаў, ён быў адважным, сумленным чалавекам – сумленным перад самым сабой.
– Чакайце. Вы зараз пра гэты цырк з іншаплянэтнікамі, што нядаўна мільгаў на кожным канале? Гэта проста сьмешна! – Джыл і самая разумела, што пачынае гістэрыць, але спыніцца не магла.
Мужчына, здавалася, задумаўся. Выстукваў пальцамі па стале нейкую просьценькую мэлёдыю, іншай рукой пагладжваючы бараду.
– Я ўжо даўно нічога нікому не даводжу. Вось раней, падумаць толькі, ладзіў запраўдныя крыжовыя паходы, адстойваючы праўду – цяпер, відаць, пастарэў. Аднак для вас, як ужо паабяцаў, зраблю выключэньне й раскажу ўсю гісторыю як ёсьць, тым больш я п’янаваты.
Калі караблі падляцяць бліжэй да Зямлі, іх будзе ўжо не схаваць. Ці ўяўляеце сабе гэткае відовішча на тле поўні або ўзыходнага сонца? А будзе гэта прыкладна праз паўтара году. Тады, у адпаведнасьці зь іхным плянам, праз СМІ пачала б нагнятацца масавая гістэрыя – ашчадна, спрагназавана. Ня ведаю, што б там яны прыдумалі далей, аднак выпадковасьцяў яны не прымаюць ні ў якім выглядзе. Том відавочна пераблытаў увесь расклад, і цяпер ім даводзіцца на хаду ўносіць карэктывы, імправізаваць.
Ката дасталі зь меху да пары, цяпер яго запіхваюць назад: «экспэрты» з экранаў кажуць нам, што касьмічныя караблі – гэта глупства, і прапануюць лепш паглядзець чарговае шоў на тэлевізіі, як быццам бы гэта меншае глупства… Такі прыём яны даўно адпрацавалі. Нейкі час зьяўленьне НЛА выкарыстоўвалася для распальваньня нездаровае панікі ў грамадзтве, якую паважныя навукоўцы аднадушна ганілі, каб паказаць уфолагаў і тых, хто ім спачувае, у непрывабным сьвятле й цалком скампрамэтаваць. Нічога новага пад сонцам няма.
Толькі вось цяпер усё больш сур'ёзна. Мне нават цікава, як яны выкруцяцца – а яны выкруцяцца, можаце не сумнявацца.
Барадач прамачыў горла.
– Дарэчы, гэта караблі-маткі – цэлыя аўтаномныя сьветы. Яны ляцяць на Зямлю з цэнтру галяктыкі, каб калянізаваць яе. Пра гэта вядома ўжо не адную тысячу гадоў. Вядомая й дата – калянізацыя пачнецца 22 сьнежня 2012 году.
– Вы й дату гэтую сюды прыплялі! Канец сьвету паводле мая: папулярная тэма ў бульварнай прэсе.
– У гэты дзень, – ён як быццам і не пачуў, – пачнецца калянізацыя Зямлі чужаніцамі. Паспрабуйце ўдумацца ў пачутае. Усё падрыхтавана – мы ўсе даўно пранумараваныя й каталягізаваныя; генэтычны матэрыял для новае гібрыднае расы – расы быдла, рабоў, клянаваных з чалавечае яйкаклеткі й біяматэрыялу чужаніцаў.
У гэты нядобры дзень прэзыдэнт абвесьціць надзвычайнае становішча – тут і пачнецца асноўная сумятня. Ценявы ўрад схаваецца ў падземных сховішчах, такіх як Mount Weather; яны даўно паклапаціліся наконт цёплага месьцейка для сябе ў гэтым дзіўным новым сьвеце. Астатнім жа прыйдзецца выбіраць, прычым выбіраць хутка – супраціўляцца й памерці або скарыцца й стаць рабамі.
У гэты дзень гневу пачнецца не зусім нават калянізацыя – хутчэй вяртаньне шаноўнага сямейства ў летні катэдж. Яны пажнуць ураджай, які быў засеяны тут яшчэ да ледавіковага пэрыяду; вернуцца да нас – сваіх нашчадкаў, якія пасьпелі забыць продкаў, уявіўшы пра сябе зашмат у сваёй гордасьці.
Вяртаючыся да вашае эмацыйнае рэплікі, Джыл… Мая нічога не пісалі пра «канец сьвету». 21 сьнежня 2012 году паводле іхнага календару скончваецца Пятая эпоха сонца. Далейшых календароў яны ня склалі – ня бачылі сэнсу. Сьвет нікуды ня зьнікне, проста з прыходам Шостае эпохі сонца пачнецца Шостае выміраньне. Чалавечы род у цяперашнім яго выглядзе сыдзе ў гісторыю, да дыназаўраў. Зямлю заселяць гібрыды чалавека й іншаплянэтніка.
Мая далёка не адзіныя, хто ведаў пра гэта. Нават у біблійных тэкстах можна знайсьці згадкі пра калянізацыю, што нядзіўна, бо ўсе сьвятыя пісьмы зямлянаў паходзяць зусім не зь Зямлі. У мітах наваха таксама гаворыцца, што мы жывём на пятай Зямлі, якой на зьмену неўзабаве прыйдзе шостая.
Нашая бяда ў тым, што мы закасьцянелі ў сваім успрыманьні мітаў. Міт – гэта ня казка, не гульня фантазіі, не мэтафізычная пабудова, ня догма. Гэта найбольш рэальнае й поўнае ўсьведамленьне рэальнасьці. І ніякая навука ніколі ня зможа абвергнуць міт.
Індэйцы анасазі лічылі, што гэты сьвет, Тувакачы – чацьверты зь ліку й не апошні. А іхныя нашчадкі вядомыя сваімі прадказаньнямі, якія, як ні дзіўна, спраўджваюцца: усясьветныя войны, землятрусы, тэракты 11 верасьня… Ёсьць у іх і прадказаньне наконт 22 сьнежня – я прачытаў яго ў адной з бульварных газэтаў, якія вы так зьнелюбілі. Там гаварылася, яно засакрэчанае і пра яго ведаюць толькі самыя анасазі і амэрыканскі ўрад. Пацешна, вы ня лічыце? Дык вось, паводле прадказаньня, у гэты дзень на Зямлі зноў зьявіцца вялікі дух, які ўжо пабываў тут некалі, а машыны зь неба выратуюць усіх, хто жыве ў гармоніі з прыродай і кіруецца голасам розуму. У мове анасазі ёсьць слова bebahi, якое яны выкарыстоўваюць для апісаньня гэтага дня. Азначае яно канец, або выхад.
То калі вам патрэбная надзея, можаце спадзявацца, што караблі, якія ляцяць да Зямлі, у якія вы ня хочаце верыць, акажуцца не каравэламі гішпанцаў, а Ноевымі каўчэгамі, гатовымі выратаваць праведнікаў. Толькі хто ведае, якім будзе той паратунак?
Тут барадач пстрыкнуў пальцамі й скіраваў увагу на пустую шклянку перад сабой.
– Тэрэза, ці не пачастуеце выпіваку яшчэ шкляначкай?
Джыл тымчасам спрабавала сабрацца з думкамі.
– Добра, прыпусьцім. Калі ўсё перадвызначана і ўсе мы асуджаныя, калі вы даўно ведаеце пра гэта, чаму ж тады спакойна чытаеце лекцыі з катэдры й пацягваеце віскі ў пабе, замест таго каб схавацца дзе-небудзь у лясной глухмені, назапасіцца харчамі й зброяй? Чаму яшчэ не пусьцілі кулю ў лоб?
Ён падняў цяжкі мутнаваты пагляд на Джыл, і тая адчула агіду.
– Я мушу завяршыць пачатае. Тое, што павінна быць зроблена, будзе зроблена. Ці чулі пра тэорыю паўночнае мужнасьці? Калі ведаеш, што наперадзе адное толькі Рагнарадзі й стары сьвет загіне ў полымі, але знаходзіш у сабе сілы жыць і радавацца; змагаешся да канца, загадзя ведаючы, што вырачаны на паразу. Паверце, гэта куды як няпроста. Я жыву з гэтым ужо шмат гадоў і часам шкадую пра сваю веду, бо не магу па-запраўднаму нічога парабіць, дый ніхто на гэтай плянэце ўжо ня можа.
Зрэшты, я тут не арыгінальны. Для многіх паўночных народаў падобная філязофія зьяўляецца часткай паўсядзённага жыцьця. Вось, напрыклад, фіны. Ёсьць у іх такое неперакладальнае слова sisu – асаблівасьць характару, якая дапамагае непахісна й рашуча прыняць уласную паразу, зрабіўшы тым ня менш усё магчымае дзеля перамогі. Як падчас Зімовае вайны, як мноства разоў да й пасьля таго.
Тэрэза паставіла перад ім шклянку зь віскі, і ён адцягнуўся.
– Але як?.. Чаму тады вы расказваеце зялёным студэнтам нейкую лухту пра сьветагляд і Атлянтыду, замест таго каб падзяліцца зь людзьмі праўдай? Баіцеся? Баіцеся, што яны й вас… як Томі?..
Стомленая ўсьмешка з-пад барады.
– Не, чаго мне баяцца? Хто я, паглядзіце на мяне. Стары сьпіты дзівак, які калясіць па краіне й расказвае студэнтам бяскрыўдныя байкі пра грознае заўтра; саймакаўскі Шкалік Грант; ужо не мэсія новага часу, але кірмашовы штукар, які пашыўся ў дурні ва ўсіх на вачох; няўдалец, што пагубляў увесь былы ўплыў і кантакты. Я даўно па-за гульнёй – ужо нават і ня пешка.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.