Текст книги "Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх"
Автор книги: Антось Уласенка
Жанр: Научная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 12 страниц)
Гэтым разам ён зайшоў далей за звычайнае й стварыў такую сытуацыю, што, калі б не нарабіў памылак, сьвет скончыўся б хутка й балюча – прынамсі для яго.
Цяпер, пераадолеўшы страх і авалодаўшы асновамі аксачы, ДарТуран вярнуў сабе памяць. Каб дабрацца да Дзэшптру й зьняць там грошы на рэйс да Зямлі, у яго сыдзе не адзін месяц – сродкаў на аэрабарліну ён ня мае.
Прыйдзецца прасіцца ў караваны да мясцовых паганятых псохаў – качджар’скіх сланоў. Адпрацоўваць праезд. Выпытваць найзручнейшы шлях у падарожных. Гандлявацца за кожны глыток вады. Дамаўляцца пра начлег у заезных дварох.
Усё ў мове аксачы.
Адмаўчацца атрымаецца наўрад.
Празь пяцьдзясят тры дні Аўрэль ДарТуран, чыста паголены, у сьвежым гарнітуры, з пабруднелаю скураю й загоеным шрамам на ўсю шчаку, сядзеў на летняй вэрандзе недалёк «Пунсовае павы» ў Дзэшптры й пацягваў ахалоджанае віно смарагдавага колеру. Насупраць прыладзілася фігурыстая красуня з Проксімы b. ДарТуран нязмушана баяў ёй байкі пра свае прыгоды, сьмела гледзячы ў фіялкавыя вочы. Баяў па-праксіманску. Калі да іх падышоў кельнэр зь мясцовых, ён папрасіў на дэсэрт бэзэ й яшчэ віна. Свабодна папрасіў у мове аксачы.
Красуня зачаравана глядзела на ДарТурана, разявіўшы рот.
Да адлёту рэйсу «Проксіма b – Качджар’а – Зямля» заставалася пара гадзінаў.
Брудна-шэрыя дні
На злабадзённыя тэмы я пішу рэдка. Сам такога звычайна не чытаю, толькі пагардліва крыўлюся. Дый увогуле – рэалізм для тых, у каго з уяваю бяда.
Але тут, глядзі ж ты, напісаў. І ўсё адно дадаў у штодзённае фантастычнага. Колькі чалавек, прачытаўшы тое, што атрымалася, спыталіся, ці не змаляваў я Васю з таго й таго. Прычым людзей называлі розных. Не, не змаляваў. Прыемна думаць, што кожны з нас знае такога Васю, непрыемна – што ён заўжды хтосьці іншы, самым сабе мы часьцей нагадваем галоўнага героя.
Красавік 1996
Баявым хростам для нас стаўся «Чарнобыльскі шлях» дзевяноста шостага.
І праз дваццаць гадоў памятаю той веснавы дзень. Было цёпла, я апрануў вятроўку проста на саколку. Памятаю папярэджаньні з міліцэйскіх гукаўзмацняльнікаў, на якія ніхто не зважаў; сотні сьцягоў на тле яснага неба; квецень дрэваў у Купалаўскім парку, іхны пылок выклікаў у мяне алергію; аглушальныя песьні й крычалкі, што несуладна зацягваў натоўп дэманстрантаў; пачуцьцё супольніцтва й спрычыненасьці да гісторыі.
З Васем я пазнаёміўся за шэсьць гадоў да таго. Ён жыў у дзевяціпавярховіку насупраць і таксама вучыўся ў другой клясе, паралельнай. Неяк неўпрыцям (цяпер і не згадаю, як тое адбылося) мы пасябравалі – ды так, што ці ня ўвесь вольны час бавілі разам. Зрэшты, дваровыя гульні сталіся толькі пачаткам.
Мае бацькі, інжынэры-канструктары на Трактарным, тады яшчэ цікавіліся палітыкай, выпісвалі незалежную прэсу, слухалі «Радыё Свабода» – увогуле былі неабыякавымі да таго, што адбывалася наўкола. Нешта з гэтага неўпрыкмет перадалося і мне.
Вася гадаваўся бязбацькавічам і ахвотна ўбіваўся ў любы варушняк. Руды, рабаціністы, ён так жвава кідаў вока на ўсё новае, што здавалася, вось-вось нешта ўтворыць – і пачуцьцё не падманвала. У двары ён лічыўся найпершым завадатарам і зачэпам. Я быў ягонаю супраціўнасьцю і ўвесь час хаваўся ў Васевым цені.
Памятаю й папярэднія падзеі: рэфэрэндум і разгон Вярхоўнага савету ў дзевяноста пятым. Усё тое я бачыў у тэлевізары, чытаў у газэтах, чуў у кухенных размовах. Яно адбывалася недзе побач, не са мной. Я быў гледачом. Вядома, мне ставала цяму, каб скласьці два і два ды зразумець, што да чаго: Лукашэнка – зло, Расея – дрэнна, Эўропа – добра, – гэта падавалася відавочным.
Дваццаць шостага красавіка мы з Васем ператварыліся ва ўдзельнікаў. Нам было па чатырнаццаць. Тае пятніцы мы выправіліся на Акадэмію навук без дазволу старэйшых. Са школы зьбеглі праз акно. Мажліва, гэта памяць казіць былое, але столькі народу на менскіх вуліцах я ня бачыў за ўсе наступныя гады. Багата пралетараў, моладзі, людзей у гадох. Мы ўбачылі суседзяў з нашага двару й пасьпяшаліся ўхавацца, каб тыя крый божа не даказалі на нас бацькам.
Не стае словаў, каб перадаць, які ўздым мы адчувалі, ідучы ў атачэньні аднадумцаў і выкрыкваючы «Жыве Беларусь!» Адчуваньне бясспрэчна прыемнае.
Не марудзячы, мы прапхнуліся ў галаву калёны. Наперадзе йшоў Зянон, які падаваўся нам богачалавекам. Мы шчыра верылі: адною сваёю бытнасьцю тут ён можа зьмяніць усё да лепшага, выправіць самую безнадзейную сытуацыю. Вася й пасьля не згубіў гэтае веры ў Зянона, чытаў усе ягоныя артыкулы й браў блізка да сэрца палымяныя прамовы. Я, мушу прызнацца, па ад’езьдзе Пазьняка празь які месяц пачуўся пакінутым і здраджаным. Па дваццаці гадох стаўлюся да яго як да палітычнага трупу, а не прарока, што «мудрым словам скіне з народу ўрок».
Асаблівае ўражанье на нас зрабілі спачатку штандары Белага легіёну і УНА-УНСО33
Арганізацыя, забароненая на тэрыторыі РФ.
[Закрыть], а потым – тое, што дзеялася пад тымі штандарамі. Дужыя маладзёны заўжды стаялі наперадзе – паміж паспалітым людам і міліцыяй, АМАПам і вайскоўцамі. Мо таму, пад абаронаю легіянэраў, зусім не было страху, нават калі бачылі перад сабою сьцяну шчытоў і скрыўленых нянавісьцю зьвярыных пысаў. Калі на Якуба Коласа людзі пераварочвалі міліцэйскія машыны, яны не баяліся й не вагаліся – яны былі гаспадарамі менскіх вуліцаў.
Перад чарговым кардонам ля цырку калёна збочыла. Мы час ад часу забягалі наперад і азіраліся: ад колькасьці народу, што крочыла за намі, займала дух.
Калі на Цёмных Крамах у міліцыю паляцеў брук, мы не адчулі нязгоды. Я не лічыў за людзей вырадкаў, якія зьбівалі безабаронных, ня робячы выключэньня для жанчынаў і старых. Не лічу іх за людзей і цяпер, хаця ўжо не прызнаюся ў тым адкрыта. Сэрца пяяла, калі оркі ў форме лавілі галавою камяні, а іхныя губы лузаліся як фасоліны. Мы ўсе ў той калёне мелі неаспрэчнае маральнае права зьбіваць ворагаў на горкі яблык, аплёўваць і таптаць нагамі.
На Нямізе мы зразумелі, хто з нас чаго варты. Вася не вагаўся: камень за каменем ён дасылаў у першыя шэрагі АМАПу, сам пры тым застаючыся ў натоўпе. Я бачыў, як двухмэтровы бамбіза з дручком заваліўся на зямлю ад ягонага трапнага кідку. Вакол сьвісталі й сьмяяліся. Сам жа я адно назіраў – выдраць кавалак бруку й кінуць у ашчэраную пысу папросту баяўся.
Пасьля, з асалодаю і ўзрушэньнем распавядаючы пра тую пятніцу ў кумпанііі сяброў, Вася казаў «мы кідалі», «мы далі прасрацца», а я не выпраўляў яго. Потым у сваіх аповедах і сам выкарыстоўваў тое «мы», пераканаўшы сябе самога й паверыўшы ва ўласную сьмеласьць і дзёркасьць.
Дайшоўшы з калёнаю да Палацу спорту, мы задумаліся пра шляхі адступленьня – вакол усчаліся затрыманьні. Людзі разыходзіліся групкамі, і іх вылоўвалі па адным. Мы не хацелі папасьціся – нам, непаўнагадовым, наўрад ці б што зрабілі, гэта мы разумелі, – а вось праблемы з бацькамі й школаю нам былі без патрэбы.
Прыйшлося прабегчыся няміскімі завулкамі. Аддыхаліся ўжо ў аўтобусе, які вёз нас дахаты, у Зялёны Луг.
Сакавік 2006
Наступнаю значнаю падзеяй для нас аказалася Плошча дзьве тысячы шостага. Ня тое, каб пераз усё дзесяцігодзьдзе мы ціхутка сядзелі пад венікам, але па Менскай вясне пратэсты наступных гадоў падаваліся нам (ці й напраўду такімі былі) дробнымі й несур’ёзнымі.
Пасьля школы я адслужыў у Фаніпалі, Вася – у Пячах. Яшчэ ў старэйшых клясах ён езьдзіў на вышкалы Белага легіёну для моладзі ля Вілейскага вадасховішча. Я тымчасам наведваў раскопкі й скаўцкія летнікі на Сяляве. Пасьля войска я паступіў на філфак БДУ (беларуская філялёгія), а Вася – на філязофскі (туды быў нізкі конкурс). Вучыліся мы ў адным корпусе на Карла Марла – у будынку былое партыйнае школы – і часта спаміж парамі пілі піва ў «Рыбе» праз дарогу альбо ў «П’яным дворыку» з гістфакаўцамі.
Вася быў сябрам Зубру, распаўсюджваў газэту «Навінкі», расклейваў лістоўкі на раёне. Лістоўкі тыя вылучаліся творчым падыходам і адразу прыпалі мне даспадобы.
У часе Памаранчавае рэвалюцыі Вася наведаў Кіеў, завёў знаёмствы сярод тамтэйшае радыкальнае моладзі. Часта выязджаў на мітынгі ў рэгіёны. Аднойчы, вярнуўшыся з Дня Волі ў Полацку, хваліўся, што ў ягоных берцах захрасьлі зубы, маўляў, знатна паштурхаліся з мусарамі. Я на падобныя вычыны не наважваўся, але сябру зайздросьціў.
Вася першым перайшоў на беларускую мову. Беларускаю яе мог назваць адно непапраўны аптыміст, але, з увагі на тое, якою моваю карысталіся апазыцыйныя лідары, Васева трасянка гучала даволі прыстойна. У гарачых спрэчках з расейскамоўнымі хамамі ён часта й сам пераходзіў на расейскую разам з хамскімі паводзінамі.
Я доўгі час саромеўся свае мовы, баяўся размаўляць недасканала, бо якраз тады зацікавіўся пурызмам, адкрываў для сябе спадчыну Ластоўскага й Станкевіча, матарыялы Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе правапісу дваццаць шостага году й многае іншае.
Трасянка апазыцыянэраў мяне на той час ужо бянтэжыла, як і шмат чаго ў іхных сьветаглядах і праграмах. Перш за ўсё, калі чалавек нават цьвёрдыя ч і р ня можа вымавіць у мове, якую заве роднай, дык куды яму кіраваць краінай. Не падабаліся мне заўсёдныя разлады й сваркі ўнутры дэмакратычнае хэўры. Я паціху расчароўваўся ў тых людзях, але іншых актывістаў у краіне не было, прынамсі, я іх ня бачыў. То даводзілася знацца на гатунках гаўна й выбіраць з таго, што прапаноўвалі.
Вася стаў называць сябе Базылём. Я толькі пасьмяяўся зь яго, палічыў гэта глупствам і прапанаваў адпаведна зьмяніць імя ў пашпарце.
Васю мае кпіны мала абыходзілі. Учынкі для яго былі гучнейшымі за словы. Ён ухваляў рашучыя дзеі, а не разумовую эквілібрыстыку. За гэта, у прыватнасьці, паважаў Статкевіча. А я, у сваю чаргу, паважаў Васю, бо ён і сам быў гатовы дзейнічаць, не хаваючыся за сьпінамі іншых.
У сакавіку дзьве тысячы шостага я вучыўся на чацьвертым курсе. Перад выбарамі студэнтаў традыцыйна прымусілі галасаваць датэрмінова – мы з Васем традыцыйна адмовіліся. Іншагароднім было цяжэй, ім пагражалі высяленьнем з інтэрнату, і я ў пэўнай ступені разумеў іх. Вася нічога разумець не жадаў, у яго не засталося павагі да манкуртаў.
Стылым вечарам дзевятнаццатага сакавіка мы стаялі на Плошчы, якую потым назавуць Плошчаю Каліноўскага. Наступнага дня я пайшоў на пары, бо клапаціўся пра сканчэньне адукацыі, якою б нягеглаю яна ні была. Вася ж выправіўся на Плошчу, як толькі там зьявіліся першыя намёты. Наступныя чатыры дні ён правёў на марозе пад сьнегам – усьведамляў, што адлічаць, але гэта яго не клапаціла.
Я зрабіў у паліклініцы даведку пра хваробу на ўвесь тыдзень, каб перастрахавацца, і па сканчэньні заняткаў цягаў на Плошчу тэрмасы з гарачаю гарбатаю й цёплыя рэчы. Увесь цэнтар быў ачэплены міліцыяй, штовечару па тэлевізіі паўтаралі мантру пра наркаманаў і адмарозкаў. У мяне не ставала злосьці на навакольную рэчаіснасьць і людзкую пасыўнасьць, усё адбывалася нібы ў замарачным сьне. Бясьсільны гнеў ахінаў з галавой.
У ноч на дваццаць чацьвертага лягер разагналі, усіх зьбілі й запакавалі ў аўтазакі.
Дваццаць пятага Казулін наладзіўся павесьці шматтысячны натоўп маршам на Акрэсьціна. Мы, вядома, не дайшлі. Я наглытаўся сьлезацечнага газу й ледзь уцёк. З тае пары ўсякі давер да апазыцыі я згубіў і ўспрымаў яе яшчэ адным злом, чарговаю бядою свайго народу.
Сьнежань 2010
Васю адлічылі на наступны тыдзень. Па праграме Каліноўскага ён паступіў у Гданьск, але й там ня скончыў навучаньня й праз пару гадоў вярнуўся ў Менск. Я атрымаў дыплём філфаку й паступіў у магістратуру Віленскага ўнівэрсытэту на новую англамоўную праграму «Бізнэс-адміністраваньне».
Я захапляўся тым, як літоўцы змагаюцца за сваю свабоду. У часе сталічных пратэстаў дзявятага году знаёмыя віленчукі лавілі газавыя гранаты, што кідала ў іх паліцыя, і адпраўлялі ў вокны Сэйму. У Беларусі падобная карціна ну ніяк не ўяўлялася.
Літоўскі сябра з Tautininkų sąjunga неяк падарыў мне саколку з вайскоўцам у нямецкай касцы й надпісам «Už laisvę ir tėvynę!». Для мяне такое было занадта радыкальным, таму я прывёз яе ў падарунак Васю, які любіў правую тэму. Ён ад саколкі рэзка адмовіўся, аблаяўшы пры тым «сраных лабанцаў», што скралі нашую саманазву й гісторыю. Ягоныя сымпатыі ў справе адраджэньня ВКЛ ад мора да мора ляжалі на баку ўкраінцаў. Я ж пасьля пары гадоў у Вільні пазбавіўся багацёх легендаў і мітаў айчыннае гістарыяграфіі й перагледзеў уласнае стаўленьне да беларускага адраджэнскага руху, які ўсё больш нагадваў мне зборнік народных казак.
Прыкладна тады ж з Васевай падачы я пачаў чытаць Акудовіча. Ён даў мне «Код адсутнасьці», папярэдзіўшы, што кніга маскіруецца пад паражэнчую, але насамрэч аўтар хітрыць і правакуе чытача. Мне ж, наадварот, відавочным убачылася, што аўтар меў наўвеце раўнютка тое, пра што пісаў: у беларускай прасторы застаюцца адно бедачыны й недарэкі, якія не зрэалізаваліся на Ўсходзе ці Захадзе.
У дзявятым годзе я ажаніўся з Аленаю – даўняю сяброўкаю яшчэ з студэнцкіх часоў. Палітыкаю яна не цікавілася, па-беларуску не размаўляла. Я й сам не заўважыў, як перайшоў на расейскую ў размовах спачатку зь ёй, потым зь ейнаю кумпаніяй, урэшце з самім сабой. Мы здымалі кватэру на Пушкінскай, я працаваў у міжнароднай лягістычнай кампаніі. Вася маю жонку не ўпадабаў і крыўдаваў на мяне за няслушны, як на яго, выбар. Алена адказвала яму ўзаемнасьцю. Мы бачыліся ўсё радзей.
Як бы там ні было, дзевятнаццатага сьнежня дзьве тысячы дзясятага я быў на Плошчы.
Рушыў з калёнаю ад вакзалу. Там жа даў кароценькае інтэрвію польскай тэлевізіі й толькі потым падумаў, ці ня ўзьнікне праз тое праблемаў на працы. Сустрэў нашых агульных украінскіх сяброў. Яны цікавіліся, дзе Вася. Ён дапамагаў у някляеўскім штабе й мусіў далучыцца пазьней. Сябры павязалі мне на шыю чорна-чырвоны сьцяг ОУН. Было няёмка, але, каб не падацца няветлівым, я прайшоў зь ім колькі хвілінаў і толькі потым зьняў.
Народ усё падцягваўся. На плошчы я ўбачыў знаёмых анархістаў, якія стаялі наўзбоч і не далучаліся да шэсьця. Вярнулася непрыемнае, але ўжо прывычнае пачуцьцё разьяднанасьці. Калі на прыступках Палацу культуры прафсаюзаў прамаўляў Дзьмітрыеў, нічога, акром гідлівасьці, я не адчуваў і ўвогуле быў наладжаны сысьці, але з усіх бакоў стаяла столькі людзей, што нават кроку ўбок не было як зрабіць.
…Калі бясконцая калёна рушыла проста па праспэкце – цяпер ужо Незалежнасьці, а не Скарыны, – мне згадаўся дзевяноста шосты. Я азіраўся й ня бачыў краю людзкой плыні. Вася далучыўся да нас толькі на плошчы Незалежнасьці. Ён быў бяз шапкі, раскудлачаны, запыханы й вельмі злы. Панікёры вакол крычалі, што Някляеў у коме, што зараз падгоняць вадамёты. Вася адно ўпарта прасоўваўся наперад, да Дому ўраду, трымаючы сьцяг на доўгім дрэўцы. Я пасьпяшаў за ім, хоць і ведаў: нічым добрым гэта ня скончыцца.
На помніку Леніну Хадановіч пяяў «Муры» Качмарскага. Якіх пяць гадоў таму я здаваў яму залік па замежнай літаратуры. Згадалася, як ён сядаў на стальніцу ў часе лекцыяў і нязмушана чытаў уласныя пераклады Франсуа Віёна й Джона Дона. Я падумаў, што хачу жыць у краіне, дзе кожны выкладаньнік, а не адзін на ўвесь унівэр, зможа сабе дазволіць такое.
Калі на ўсёй плошчы пагасла сьвятло, я зразумеў: зараз пачнецца бойня. Мяне ахапіў страх, якога, бадай, ня знаў ніколі раней. Я стараўся трымацца бліжэй да Васі, але АМАП, які ўмомант зьявіўся з усіх бакоў, неўзабаве разлучыў нас. Я сачыў за сьцягам, які Вася не выпускаў да апошняга…
З ачапленьня маю групу вывеў Паша Севярынец. Мне дасталася дручком па галаве, ды так, што ўжо адбегшы ад небясьпекі, я ўпаў на сьнег і з хвіліну ляжаў, прытомнеючы, і лавіў ротам паветра. Уратавала тое, што выпадковая кумпанія мінакоў, убачыўшы мой стан, узяла мяне пад рукі й правяла да свае машыны, якая была прыпаркаваная ў дварох на Ленінградзкай. Навокал людзей без разбору запіхвалі ў аўтазакі.
Добрыя самаране адвезьлі пад самы пад’езд. Усю ноч мяне ванітавала й калаціла. Алена прапаноўвала выклікаць хуткую. Я адмовіўся, хоць і падазраваў, што зарабіў страсеньне мозгу – зьвярнуцца ў тую ноч у лякарню значыла аўтаматычна патрапіць на Акрэсьціна. Мне было страшна.
Васю якраз чакала Акрэсьціна, пераламаныя рэбры й пяць месяцаў за кратамі. Частка 3 арт. 293 КК РБ «Масавыя беспарадкі».
Ліпень 2011
Калі я пасьля Плошчы згубіў усялякі імпэт да мітынгаў і акцыяў, выгарэў і здаўся, дык Вася адно мацней запалаў. Нянавісьць сілкавала яго лепш за што іншае.
Мы выпадкам перастрэліся ў ліпні. Я шпацыраваў з жонкаю цэнтральным праспэктам, зусім забыўшыся на маўклівыя пратэсты. Задума пляскаць у ладкі на вуліцах ад пачатку падавалася мне недарэчнай, а далейшы цырк на дроце з арганізатарамі пацьвердзіў маё меркаваньне.
Увесь ходнік перад намі быў запоўнены людзьмі. Алена цягнула мяне за руку і енчыла, каб я вывеў яе адсюль, але сысці не было куды і як. Мы праціскаліся наперад, ігнаруючы маўклівых пратэстоўцаў.
Тады я ўбачыў Васю. Рабаціністы, пастрыжаны на лысага, зь бел-чырвона-белаю стужачкаю вакол галавы. Ён пляскаў у ладкі з такою асалодаю і энэргіяй, што цяжка было паверыць: гэты чалавек кагадзе выйшаў з турмы.
Паразмаўляць мы не пасьпелі. Калі з прыпаркаваных непадалёку мікрыкаў пачалі вылятаць дзецюкі з тупымі азьвярэлымі пысамі ў спартовых касьцюмах і выцягваць людзей з натоўпу, я зноўку адчуў застарэлы страх. Як заяц пад ліхтаром застыў на месцы й крапчэй учапіўся за жонку.
Вася не разгубіўся. Ён адразу кінуўся напярэймы найбліжэйшаму амбалу й засадзіў яму з правіцы пад вуха так, што пачуўся глухі хруст. У наступны момант на яго наляцелі трое, заламалі рукі, б’ючы па нырках, і пацягнулі ў мікрык. Я стаяў і глядзеў. Нічога ня мог парабіць.
Падумалася: калі б нападнікі былі ў форме, Васю б гэта не спыніла. Ён не лічыў за людзей тых, хто носіць форму ў аўтарытарнай краіне.
Яму прысудзілі два гады. Арт. 364 КК РБ, напад на супрацоўніка ворганаў унутраных справаў. На судзе сінякі былі відаць нават на твары. Ён не прабыў на волі й двух месяцаў.
Люты 2017
Колькі разоў я дасылаў Васю паштоўкі й зьбіраў перадачы зь ягонаю маткай. Але збольшага мне было не да таго.
Улетку дванаццатага году Алена нарадзіла дачку. Я здаў на пасьведчаньне кіроўцы, узяў крэдыт пад кватэру. Налета ўвосені паехаў працаваць над праектам у варшаўскі офіс і правёў там паўгоду. Вечарамі глядзеў трансьляцыі з кіеўскага Майдану, радаваўся за ўкраінцаў і ня верыў, што падобнае адбудзецца ў нас. Пару разоў бачыў у кадры Васю, што мяне не зьдзіўляла. Куртка наросхрыст, адрослы чуб, агеньчыкі ўваччу. Ён не зьмяняўся.
Я зь мітынгамі завязаў. Вырашыў для сябе, што драць глотку на вуліцы й падстаўляцца пад дручкі дзеля прадажных палітыкаў, калі ў тваёй барадзе праступае сівізна – шлях у нікуды. Лепей засяродзіцца на сям’і, перш чым зьмяняць сьвет і змагацца зь ветракамі.
У Польшчы я падзарабіў грошай. Па вяртаньні купіў дызэльны Peugeot 308 дзявятага году. Нашыя з жонкаю стасункі сапсаваліся. Я падазраваў, што яна безь мяне пагульвала, але нічога з тае нагоды не рабіў, бо й сам быў не без граху.
Алена забараняла чытаць казкі дачцэ па-беларуску. Не хацела, каб у галаве дзіцяці «паперамешваліся» мовы, пагатоў беларуская ёй у жыцьці, маўляў, не прыдасца. Я не спрачаўся.
На «Марш абураных беларусаў» у лютым сямнаццатага выбраўся адно дзеля таго, каб паглядзець, колькі людзей зьбярэ Статкевіч і ці будзе сярод іх Вася. Пасьля Польшчы я зь ім ня бачыўся, тэлефон ягоны не адказваў. Мне дужа карцела пераканацца, што не я адзін здрадзіў юнацкім ідэалам, што гэта цалком нармальна й чакана, што Вася таксама пасталеў і раздумаўся.
Я ўгледзеў ягоны руды чуб у першых шэрагах. Калі пратоўпіўся наперад, ён кудысьці зьнік. Колькі хвілінаў паслухаўшы абрыдную гаварыльню арганізатараў, я сышоў. Людзей было няшмат.
Дома знайшоў хатні нумар Васевай маткі і, павагаўшыся, набраў. Яна адразу падняла слухаўку. Я нагадаў пра сябе й папрасіў кантакты ейнага сына. Яна разраўлася.
Таго ж вечару я пагрукаўся ў іхную двухпакаёўку ў Зялёным Лузе. Мяне чакала няпростая размова. Натальля Язэпаўна моцна здала. Празь сьлёзы распавяла, што Вася вызваліўся быў з турмы ў трынаццатым годзе й некалькі месяцаў ня мог знайсьці працы, ня бралі нават ахоўнікам; жыў у яе. У сьнежні паехаў на Майдан да сваіх тамтэйшых сяброў. Вярнуўся на Новы год, а ў сакавіку выправіўся добраахвотнікам на ўсход Украіны. Служыў у батальёне «Данбас». Да Натальлі Язэпаўны тады прыходзілі з ворганаў, распытвалі пра сына; незнаёмыя пагражалі па тэлефоне. Суседзі называлі яе «бандэраўкай» і паскудзілі па-дробнаму.
Вася ня выбраўся з Ілавайскага катлу. Толькі ў кастрычніку маці атрымала паведамленьне: «Вважається зниклим безвісти». Яна не хацела верыць, што ейны сын загінуў.
Ня верыў і я.
Чэрвень 2018
Сьпякотным летнім адвячоркам я ехаў па кальцавой на Менскае мора. Праязджаючы паўз сумнавядомую рэстарацыю «Паедзем, паядзім», заўважыў ля брамы пікетоўцаў пад нацыянальнымі сьцягамі.
Увесь гвалт вакол адкрыцьця падаваўся мне выссаным з пальца. Я не любіў хадэкаў (самая назва гучала аксюмаранам) ды іншых рэлігійных фанатыкаў. Лічыў, што іхнае месца ў Сярэднявеччы. Не разумеў, як звычайны будынак – матарыяльны аб’ект – можа нашкодзіць месцу памяці – аб’екту нематарыяльнаму. Усё, што я зрабіў – пакінуў адмоўны водгук на старонцы рэстарацыі ў фэйсбуку44
Арганізацыя, забароненая на тэрыторыі РФ.
[Закрыть]. За мітусьнёй і зарабляньнем палітычных балаў не сачыў.
Я даў па тармазох і зьехаў з дарогі да пікетоўцаў. Напярэймы мне кінулася мажная ўскудлачаная кабета зь бібліяй у руцэ. Я апярэдзіў яе:
– Тут толькі што стаяў хлопец. Руды, чубаты. Дзе ён? Базыль!
Яна ня слухала. Прыняўшы мяне за наведвальніка, нешта гістэрычна вішчала, пырскаючы сьлінай, размахвала рукамі й біла нагою ў бампэр. Размаўляць з такімі ня мае сэнсу. Пакуль не падляцелі іншыя, я разьвярнуўся і зьехаў.
Зноўку прывярзлося.
Акунуўшыся ў смуродным Менскім моры, я супакоіўся й пакруціў мазгамі. Апошнім часам не-не ды прывярзецца Вася.
На выставе, прысьвечанай стагодзьдзю БНР, я бачу яго на фотаздымку ў сакавіцкім Менску дзевяцьсот васямнаццатага. Зьдзіўлена заўважаю на кадрах дакумэнталкі пра антысавецкі супраціў у паваеннай Беларусі, як ён адстрэльваецца ад камунякаў у лесе пад Слонімам. Уяўляю яго з войскам Булак-Балаховіча ў часе Слуцкага збройнага чыну; з касою ў руках пад Мілавідамі ў чэрвені васямсот шэсьцьдзесят трэцяга… Ён пускае над адхон цягнікі зь Юркам Монічам, дэсантуецца зь Янкам Філістовічам, нападае на выканкамы, кіруе адзьдзеламі «Зялёнага Дубу», бяз жалю забівае бальшавікоў і насаджвае на вілы расейскіх жаўнераў.
Вася змагаецца паўсюль, ва ўсе часы. Ён неяк вырваўся з адвечнага беларускага балота ў міжчасьсе, а я захрос у шэрай будзённасьці. І – самае непрыемнае – не магу сьцяміць, чаму і як так атрымалася. Дурныя думкі.
Пасьля купаньня ахінае млявасьць, вядзе на сон. Хочацца змыць зь сябе тхліну, якая ўелася ў скуру. Я заводжу рухавік і еду дахаты. Не забыць пра маянэз і масьліны – Алена прасіла для салаты.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.