Электронная библиотека » Антось Уласенка » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 2 марта 2023, 13:40


Автор книги: Антось Уласенка


Жанр: Научная фантастика, Фантастика


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 12 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Звон зьвініць званчэй

Другое (анты-) каляднае апавяданьне. Адначасна яно ёсьць і ўшанаваньнем Лаўкрафта. Як бы хто ні крытыкаваў бацьку сучаснага хорару, яго ёсьць за што любіць. Ды яшчэ як любіць. Мне падабаецца шмат чаго ў ягонай творчасьці; падабаецца, як міты Ктулху жывуць і праз восемдзесят гадоў па сьмерці творцы ды цудоўна пачуваюцца ў іншых руках; падабаецца, што гэтая міталёгія даўно выйшла за межы літаратуры й стала часткаю масавае культуры.

У «Звон» я ўштукаваў нямала адсылак да пашыранае лаўкрафціяны: ад «Караля ў жоўтым» Уільяма Чэмбэрза да кулінарнае кнігі «The Necronomnomnom – A Cookbook of Eldritch Horror»; ад альбому «Liber Logaeth» LAMIA MORRA да настольнае ролевае гульні «Call of Cthulhu». Хто захоча, тыя адсылкі можа пашукаць і знайсьці.


They will return: mankind will learn

New kinds of fear when they are here

They will reclaim all in their name

Hopes turn to black when they come back

Ignorant fools, mankind now rules

Where they ruled then: it’s theirs again

«Carol of the Old Ones»

Знайшлося б нямала такога, чаго Эзра Ольсэн ня ведаў. Але ў адным ён пераканаўся за шэсьцьдзесят тры гады напэўна: ніякіх цудаў не бывае. Ні на сонцаварот, ні калі яшчэ. Сусьвет халодны і абыякі да чалавечых жаданьняў і памкненьняў. Маральнага кодэксу ён ня мае. Усё зьмяняецца толькі на горшае.

Эзра агледзеў магілу пад нагамі. «Я – Провід», вытыркаўся надпіс з-пад сьнегу. Гэты чалавек, што ўзапраўды быў божым провідам, усё жыцьцё вешчаваў прыйсьце Вялікіх Старцаў, але так і не прычакаў іх. Памёр у галечы й безьвесьці. А мусіў бы стацца шчырым прарокам і зьвестуном Праўды. Якраз дзякуючы яму сям’я Ольсэнаў захавала памяць і веру продкаў пераз хаос дваццатага стагодзьдзя. Штогоду напярэдадні Ёля Эзра прыходзіў да ягонае магілы.

Дый куды б яшчэ яму хадзіць у такі дзень: жонка даўно спачыла ў рытуальным полымі, дзеці з унукамі паразьехаліся. І хоць жылі недалёка – у Данвічы ды Аркгэме, – наведваліся да старога зрэдку. Апошні раз завіталі на Бельтэйн пазалетась.

Ён ня меў пэўнасьці, ці зьберагуць яны айчызную спадчыну, і моцна пераймаўся з тае нагоды. Аджа іхныя продкі прыйшлі ў гэты край з далёкіх земляў на Поўдні. Прыйшлі яшчэ да таго, як сюды прыплыў першы карабель. Да таго, як узьнікла Плімуцкая калёнія. Іхны род заўжды быў нешматлікім і пачуваўся чужым у Новай Англіі, а зь цягам часу повязь з былым усё вытанчалася, традыцыі чэзьлі. Ён застаўся хіба апошнім, хто пільнаваўся старых звычаяў.

Эзра ўздыхнуў, выпусьціўшы з роту воблачак пары, і разгледзеўся на бакі. Два дні таму з мора наляцела завіруха і ахінула Кінгспарт белым покрывам. Могілкі ляжалі на вяршыні ўзгорку ў цэнтры старога места. Цяпер яны ператварыліся ў казачную катэдру: пад цяжарам сьнегу вербы схілілі галіны да растрэсканых помнікаў і раскрышаных плітаў. З арачных вокнаў, што атрымаліся такім парадкам, была відаць ладная частка Кінгспарту: ад Саўтпойнту й Сьвінячае выспы ў Гарбэрсайдзе на ўсходзе да каляніяльных дамкоў Гілтаўну на захадзе. Вобач могілак на ўзгорку ўзносіла шпіль у вечаровае неба парафіяльная царква Сьвятога Міхаіла. Адтуль даносілася гамана й высьвечвалі бліскавіцы фаервэркаў. На другі бок могілак месьцілася псыхіятрычная лякарня Сьвятога Эразма, адкуль яго кагадзе выпісалі.

Неўзабаве прысьпее той час, усьведамляў Эзра, калі й ён спачне на гэтым пагорку – і пахавальнага вогнішча яму ніхто не складзе. Эзра пачуваўся жаўнерам у часе вайны на захопленай тэрыторыі. Жаўнер адчувае непазьбежнасьць перамогі, але так жа сама чуе, што да яе не дажыве. І ўсё ж адкласьці зброю значыць здрадзіць нашчадкам, пазбавіць іх будучыны. На вайне трэба добра выконваць сваю працу – упарта, бяз скаргаў. Брудавозная, няўдзячная справа – але што зробіш.

Ён закінуў галаву – шыйныя хрыбеткі глуха захрабусьцелі – і глянуў у марознае зорнае неба. Прыжмурыўшыся, знайшоў Альдэбаран і зьвярнуўся да свайго бога ў гарачай малітве. Эзра разумеў, што гэта цалком пазбаўлена сэнсу, што цудаў не бывае і ён папросту блазнуе – але ўсё адно паціху зьвяртаўся да Валадара Гіядаў. «Пабачыў бы мяне зараз доктар Пікэрынг». Прастадушны акаліт унутры яго па-ранейшаму мроіў пра туманныя віры Дэмэ й возера Галі, пра недасяжныя воблачныя хрыбты, над якімі праплывае Аляр і дэманічны Альголь. Акаліт унутры хацеў верыць.

Проці ночы бралася на мароз. Кончыкі пальцаў нямелі. Эзра схамянуўся й пашыбаваў рыпучым сьнегам да выхаду.

На пляцы перад царквою тлуміліся мясцовыя. Тут залілі коўзанку, і цэлыя сем’і бавілі суботні вечар на лёдзе. У паветры лунаў дзіцячы сьмех і вясёлая гамана. Ад ятак, што атачалі коўзанку, далятаў пах глінтвайну й цынамону. На сходах царквы ўбраныя дзеці сьпявалі калядкі пад наглядам сьвятара. Гледачы падпявалі й пляскалі ў ладкі.

Ён скрывіўся. Дурны люд! Усе іхныя вясёленькія калядныя прыпеўкі й забаўкі папраўдзе зьвернутыя да цёмных паганскіх часоў, якімі яны пагарджаюць. Сатурналіі, Natalis Invicti Solis, Модраніхт – не, пра гэта яны ня згадваюць. Што за крывадушніцтва. Затое славяць свайго псэўдабога, прыдуманага рымскімі рабамі, і нават ня могуць сьцяміць, што нарадзіцца ўзімку, паводле ўласных жа сьвятых кнігаў, ён аніяк ня мог. Ня памятаюць, ці памятаць ня хочуць, пра Мітру, Думузі ды іншых, зь якіх скампілявалі свайго бесхрыбетнага пакутніка. І гэта ня кажучы пра багоў запраўдных, што йснавалі да прыходу чалавецтва і існавацьмуць па ягоным сыходзе.

Іхнае «сьвята дабрыні, любові, міласэрнасьці й спагады» старэйшае за чалавечы род. І нічога добрага ды міласэрнага ў ім нямашака. Не, гэтыя невукі ня ў змозе адмовіцца ад антрапацэнтрычнае пэрспэктывы; няздольныя зразумець, што ў маштабе Сусьвету – а толькі такімі маштабамі й варта мысьліць – чалавецтва меншае за пылінку.

Эзра з агідаю цыркнуў і збочыў за рог, на Чорч-стрыт. Ля сьцяны насупраць сядзеў жабрак у запэцканых зямлёю рызманах і нешта мармытаў, працягваючы руку ў пустату. Эзра ніколі не падаваў міласьціны, але тут раптам спыніўся, убачыўшы твар небаракі.

Той ільсьніўся як нашмараваны воскам і нават на пагляд здаваўся мяккім, рыхтык засьмярдзелы сыр. Пад скураю нібыта варушыліся чэрві. Разам з тым страшнаватае відовішча зачароўвала й не адпускала.

Гэта было не адзінае дзіва – жабрак нагадваў таго, ля чыёй магілы ён толькі што стаяў. Тое ж вытарклае падбародзьдзе, той жа пранізьлівы пагляд як ня з гэтага сьвету. Эзра надаставаў з кішэні прыгаршчы манэтаў, перайшоў дарогу і з асьцярогаю працягнуў жабраку.

Той прыскочыў і схапіў яго за руку. Дотык быў склізкі й непрыемны, не раўнуючы п’яўка ўсмакталася. Эзра напружыўся і пацягнуўся да боту. Другою рукою жабрак расьціснуў ягоныя пальцы і ўклаў у далонь скамечаную паперчыну. Манэты пасыпаліся на зямлю.

– N’ghan-ka fhtagni-kar’n gha’l, n’ghan-ka fhtagni-kar’n gha’l… – даносілася з-пад рызманоў.

Эзра вырваўся й пасьпяшыў, не азіраючыся, сысьці ад блазна. Яго нудзіла ад гідлівасьці. Хацелася хутчэй вымыць руку. Ён нахіліўся й зачэрпаў правіцаю сьнегу з прыдарожнага гідранту. Паперчыну пераклаў у кішэню: выкінуць яе чамусь так і не наважыўся. Адышоўшыся падалей, да Гіл роўд, ён здыхаўся й разгарнуў пад ліхтаром скамечаны аркуш. І струпянеў.

Жоўты знак.

Эзра схапіўся за сэрца й пачашчана задыхаў. Гэтага ня можа быць. Не, не, не. Немажліва. Лепей нават і ня думаць. Ён прымусіў сябе супакоіцца. Не на шэсьцьдзесят чацьвертым жа годзе. Да дому на Бёрч-корт ён ішоў нібы ў сьне. Не зважаў на аднапавярховікі абапал дарогі, сьвяточна ўпрыгожаныя гірляндамі; на гномаў, аленяў і Сантаў у дварох перад імі; на вянкі з амялы на дзьвярох. Уваччу стаяла роўнядзь возера Галі, не турбаваная ні ветрам, ані рабізною; над возерам распасьціраліся блізкія й так вабныя Гіяды. Вока Быка зазірала проста ў душу. Эзра чуў, як у міжзорнай бездані Хастур шапоча ягонае ймя.

Вяртаньне ў рэальнасьць сталася раптоўным.

У вокнах дамку на Бёрч-корт 3В гарэла сьвятло. Прыхадні нават не хаваліся. Гульня ценяў паказвала на тое, што іх некалькі. Эзра дастаў з правага боту абсыдыянавы нож і, прыгнуўшыся, скіраваўся да чорнага ходу.

Прачыніўшы дзьверы ў калідор, ён убачыў малютку Доці на падлозе ля статуі Мі-го. Яна таксама згледзела яго й зараўла. Калі яны бачыліся ў апошні раз, ёй было ня больш за год. З гасьцёўні на роў выбеглі бацькі: Арлін з Кейдам, ягоным унукам.

– Ну чаго ты, Доці? Не пазнала прадзядулю? Гэта ж старычына Эзра.

– Эсла? – малютка засаромлена ўсьміхнулася, прыкрыла твар рукамі й вярнулася да гульні зь Мі-го.

З кухні выйшла Джарджына з Блэйнам. Адтуль далятаў пах часныку й гвазьдзіку. Нешта смачна шкварчэла.

– Мы скарысталіся сваім ключом, тату. Сьвяточная вячэра вось-вось згатуецца. Ўэлдан паехаў па выпіўку, неўзабаве будзе.

Эзра не знаходзіў словаў ад радасьці. Цішком схаваў нож за пазуху й моўчкі абняў дзяцей і ўнука зь нявесткаю.

– Мы чакалі цябе раней. На дварэ мароз. Ты дзе сноўдаўся?

– Ладзіў вечаровы шпацыр. Карысна ў маім веку.

Дачка ўважліва і з турботаю ўглядалася ў яго, не адпускаючы рукі:

– Нам тэлефанавалі зь лякарні. Чаму ты не паведаміў?

– Глупства, нічога сур’ёзнага. Няма пра што размаўляць.

– Доктар Пікэрынг казаў зусім іншае.

– Шмат ён ведае, гэны доктар Пікэрынг. Нават уяўленьня ня мае аб тым, што адбываецца.

Блэйн і Джарджына з разуменьнем пераглянуліся міжсобку. Эзру гэта не спадабалася – ён ужо бачыў падобныя пераморгваньні, – але сварыцца ў такі вечар не хацелася.

– Добра, годзе абмяркоўваць мае старэчыя болькі. Найдаўжэйшая ноч году не для таго прызначаная. Ну-ка, да сталу!

Сям’я Ольсэнаў села пры вялізным круглым стале ў гасьцёўні. Да прыходу Эзры яны пасьпелі ўпрыгожыць пакой гірляндамі з засушаных ружаў і мяшэчкамі пахучых зёлак. Джарджына вынесла гарбузовы суп, пюрэ, запечаную ў кляновіку моркву й шпінатную салату з ігрушамі ды грэцкімі гарэхамі. У цэнтры разьмясьцілася сакавітая індычка з журавінавым соўсам. Калі вярнуўся Ўэлдан, усе павіншавалі адно аднаго з сонцаваротам і ўзяліся за ежу.

Эзра расслабіўся: ён сядзеў у сваім доме пры сьвяточным стале зь дзецьмі й падтрымваў нязмушаную размову. Няма пра што хвалявацца. Галоўнае – ня думаць пра Жоўты знак у кішэні.

Калі пераходзілі да дэсэрту, Джарджына спахапілася й палезла ў кайстру:

– Пустая галава! Аляйна ж перадала табе падарунак.

Ягоная ўнучка, якая не змагла прыехаць праз удзел у канфэрэнцыі, працавала ў Дэпартамэньце літаратуры Міскатоніцкага ўнівэрсытэту.

– Сказала, выпадкова натрапіла ў архівах. Яна ведае, наколькі для цябе гэта важна.

Джарджына працягнула яму пацёртую кніжыцу ў мяккай вокладцы.

«Кароль у жоўтым».

Другі раз за дзень Эзра аслупянеў. Забароненая п’еса, пра якую ён чуў столькі жахаў, паляваў на яе, але так і не знайшоў дагэтуль, – гэтая п’еса самая йшла ў рукі. Позна адступацца.

Павагаўшыся, ён разгарнуў кнігу й паглыбіўся ў першы акт… І ўжо не адрываў вачэй ад пажоўклых старонак, аж пакуль не дачытаў да канца. Нейкаю часткаю сьвядомасьці ён улоўліваў вясёлыя размовы над вухам, звон келіхаў, траскатню малюткі Доці, выбухі бэхалак на дварэ. Але сваёю істою быў далёка – у чароўнай Каркозе пад знакам Альдэбарану.

Ён бачыў агромністую поўню за ейнымі вежамі й чорныя зоры над местам. Бачыў, як спараваныя сонцы патанаюць у возеры Галі. Сачыў за жахліваю трагедыяй, якая разварочвалася ў другім акце. Разам з Касільдаю й Камілаю чакаў зьяўленьня Бледнае Маскі. Спазнаў тайну Гіядаў і ўпэўніўся: неўзабаве ўвесь сьвет схіліць галаву перад чорнымі зорамі, што ліюць сваё сьвятло на недасяжную сьмяротным Каркозу; а Кароль у жоўтым навек скрые Ітыль і ўзыдзе на трон.

Эзра адчуваў сябе шчасьлівым. Вось яно, нарэшце, запраўднае – дзеля чаго варта было трываць усе гэтыя гады. Ягоныя мроі перарваў Блэйн:

– Тату, а чаму б нам усім разам не схадзіць у Морскую царкву й ня ўскласьці ёльскія дарункі Вялікім Старцам?

Эзра разгубіўся. Вось чаго ён не чакаў ад сваіх шалапутных дзетак, дык гэта такое прапановы. Нават ня мог прыгадаць, калі тыя ў апошні раз адведвалі «сваю» царкву на беразе затокі. Дзеткі, відаць, прачыталі ўсё на ягоным твары.

– Ты што, думаў, мы забыліся? Думаў, не перадамо Веду сваім дзецям? Ну-ка, Доці, скажы прадзядзулі сама галоўныя словы.

Дзяўчынка забралася Эзру на калені і, адвёўшы пагляд, урачыста прадэклямавала:

– K’aemn’h kh’rn. K’aemn’h kh’r. Kaemn’h kh’nnnu!

Зычнае булькатаньне лілося з Доці натуральна, як ваніты. Гартанную змычку й ларынгальныя зычныя яна вымаўляла так, быццам югоцкая была ейнаю роднаю мовай.

– Якая ты ў нас малайчынка. Заслужыла на цукерку.

Ўэлдан тымчасам выйшаў на кухню й вярнуўся зь дзьвюма бутэлькамі «Шагоцкага Асаблівага».

– Памятаю, яно заўжды табе падабалася. Заехаў па яго на бровар Карлтана. То падымем тост?

Эзра ўзяў піва, Ўэлдан наліў астатнім віна. Усе падняліся. Арлін, Кейд, Джарджына, Ўэлдан і Блэйн хорам прамовілі:

– Не памёр яшчэ той, хто адвеку ў сьне.

Эзра расчуліўся, пусьціў сьлязу й скончыў:

– Прамінуць вякі – сьмерць самая спачне.

Па першай бутэльцы адкаркавалі другую, потым нетаропка пілі «Вадаграі вар’яцтва». На закуску Джарджына вынесла марынаваныя мацалы васьмінога.

Агульную весялосьць перарваў гучны звон знадворку. Вось яно, падумаў Эзра, яно самае. Не зважаючы на пратэсты дзяцей, накінуў палітон і бегма выбег надвор.

Ён кінуў быў пагляд на парафіяльную царкву ўгары, але звон выразна даносіўся з боку мора. З навакольных дамоў высыпалі суседзі. Бабуля Орнэ ўзрушана пракрычала з ганку ў зорнае неба:

– Ph’nglui mglw’nafh Cthulhu R’lyeh wgah’nagl fhtagn!

Эзра безуважна адказаў:

– Узапраўды чакае й сьніць.

Спускаючыся Кабатажным завулкам, ён адчуваў, што зямля ходзіць ходырам. Гэта пачатак канца, сумневаў не заставалася.

Нехта ўвесь час дыхаў у сьпіну – прынамсі, так яму падавалася. Калі азіраўся, нікога ня бачыў. Хіба што краем вока раз-пораз заўважаў невыразную фігуру з размытым абрысам. Эзра памацней сьціснуў Жоўты знак у кішэні.

Звон зьвінеў усё грамчэй – вуркатлівы, глыбокі, пранізьлівы. Насустрач бег капітан Рычард Гольт, знаёмы па лякарні Сьвятога Эразма, і дзяліўся з усімі сваёю радасьцю:

– Як і прадказвалі эфэмэрыды, гэтаю ноччу плянэты выстройваюцца ў апошні парад. Яны вяртаюцца. Яны ўжо тут. З намі.

Эзра задзёр галаву. Нябёсы над Кінгспартам расчыняліся. Месца зораў заняло нагрувашчваньне залацістых сфэраў, зь якіх высоўваліся гігантычныя мацалы. Яны выкручваліся й чапляліся за верхавіны шматпавярховікаў даўнтаўну, адрываючы іх і падымаючы ў неба.

Вуліцамі гойсалі ганчакі Тындала. Жудасныя пачварыны з даўжэзнымі высалапленымі языкамі накідваліся на мінакоў і як вокам міргнуць разрывалі на шматкі. У паветры вісела жаночае віскатаньне. Эзра спускаўся да затокі, не зважаючы на гармідар.

На сходах Морскае царквы ля самага берагу стаялі культыстыя, апранутыя ў чорныя балахоны. Яны натхнёна пяялі на матыў найвядомейшае ў сьвеце калядкі:

 
Азатот, Азатот
Азатот – кароль
Усясьвету валадар
Вар'яцтва нам прынёс, гэй!
 

Найвышэйшы культысты трымаў у выцягнутых руках Зіхатлівы трапэцоэдар. Гурма людзей перад ім углядвалася ў грані барвянага каменю й хорам адлічвала, колькі пячацяў засталося з’ырваць сьляпому шалёнаму богу.

– Адзінаццаць!.. Дзесяць!.. Дзевяць!

Па зьнікненьні чарговае пячаці ўсе пляскалі ў ладкі. Шматлікія пары замілавана цалаваліся.

Эзра завярнуўся да мора. Звон відавочна даносіўся з глыбінь.

Ходнік рэпаўся пад нагамі. Паўсюль у зямлі зеўралі правальлі. Над берагам віўся туман. Скрозь яго ўдалечыні былі відаць абрысы мёртвага места, якія павольна падымаліся з-пад вады. Адна па адной накатвалі моцныя хвалі. Вышэй за спрахлыя дахі з мора ўздымалася чорная званіца храму.

Утроп затанулага места з туману зьяўляўся ягоны гаспадар – цыкляпічных памераў сьлізкая істота, што нагадвала рыбіну з рукамі й нагамі.

Сям’я Фішэраў з Эбат-роўд выбегла на пірс, спрытна разьдзелася – і дзеці, і дарослыя былі цалком пакрытыя лускай – і з воклічам «Бацька Дагон!» сіганула ў прорву.

Эзра зноўку адчуў, што за сьпінаю нехта стаіць. Абярнуўся і ўбачыў перад сабою Валадара Гіядаў, Хастура Невымоўнага. Пад капюшонам жоўтага шаўковага ўбраньня можна было разгледзець сусьветы з-па-за межаў нашага ўласнага, месцы немажлівыя і няўяўныя, далёкую халодную Каркозу…

Кароль у жоўтым падняў далонь.

Эзра Ольсэн з удзячнасьцю ступіў у абдоймы вар’яцтва.

Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
Постсінгулярная казка

«Хобіт» – мая ўлюбёная кніга дзяцінства. У сямігадовым веку я наўздагад узяў яе ў бібліятэцы, спакусіўшыся цмокам на вокладцы, і не пашкадаваў. Нічога цікавейшага датуль не чытаў. Кніга мяне проста зачаравала. Пераз шмат гадоў з «Дарогі ў Міжзем’е» Тома Шыпі, «Анатаванага Хобіта» Дугласа Андэрсана й двухтомнае «Гісторыі Хобіта» Джона Рэтліфа я даведаўся, колькі матываў старажытнае літаратуры («Бэўвульф», «Сага пра караля Хэйдрэка», «Эды», «Сага пра Вёльсунгаў», «Адысэя», «Сага пра Хрольфа Кракі»,.. ) Толкін выкарыстаў у сваёй казцы. Мяне ўразіла, наколькі па-майстэрску ён «пераклаў» старажытную літаратуру й старажытны сьветагляд на мову сучаснасьці, зрабіўшы далёкае блізкім – сваім. Яшчэ пераз колькі гадоў я ўразіўся – гэтым разам непрыемна – экранізацыяй Пітэра Джэксана. Яна выклікала хіба што ваніты.

Я дзівіўся, да якой ступені па-рознаму можна расказаць адную й тую ж гісторыю ў розныя часы для рознага паспольства. Зноўку згадаў пра гэта, паслухаўшы мэмарыяльную лекцыю Ніла Геймана «On Immortality and Douglas Adams». Апроч іншага, спадар Гейман там расказвае пра несьмяротныя казкі, што перадаюцца з вуха на вуха многія тысячы гадоў і пры гэтым мяняюцца. Тады мне стала цікава: а як мог бы загучаць «Хобіт» у эпоху сінгулярнасьці?

У часе пісаньня свае інтэрпрэтацыі я натхняўся апавяданьнем «The Long Chase» Джэфры Лэндзіса з анталёгіі Майка Эшлі «The Mammoth Book of Extreme Science Fiction», апавядальнаю часткаю альбому «The Quantum Hack Code» індыйскага extreme prog metal гурту AMOGH SYMPHONY, артыкуламі пра філязофію трансгуманізму зь Вікіпэдыі і тым фактам, што астраномы ў 2015 годзе неафіцыйна назвалі Мордарам чорную вобласьць на паверхні аднаго з спадарожнікаў Плютону.

«Няма сканчэньня для шляхоў, заўжды ідуць далей да земляў дальніх, гарадоў, да цудаў і людзей11
  Тут і далей вершы ў перакладзе Дзьмітрыя Магілеўцава й Крысьціны Курчанковай.


[Закрыть]
», – бесклапотна напяваў Більба Торбінс, пазіраючы на зорнае неба. Ён курыў люльку й пускаў кольцы дыму ў бок Месяцу, які ўсё большаў і вось ужо заліваў сваім блядым зьзяньнем увесь аглядны экран.

«Міртал» хутка набліжаўся да спадарожніку. Па мяккім прызямленьні й злучэньні са шлюзам досьледнае базы на экране запалалі зялёныя вагеньчыкі: дэкампрэсія скончаная, пасы паадшпільваныя, можна выходзіць.

«Вось дык во, карова здурнела, на Поўню ўзьляцела», – здаволены Більба прайшоў праз шлюз у велічэзную панарамную залю. Напаўсфэрычная сьцяна перад ім разышлася, адкрыўшы краявід зьмярцьвелае маладзіковае роўнядзі. У чорным небе лунала з тузін чоўнікаў пагрозьлівага выгляду. Яны нагадвалі пляскатыя шасьцікутныя прызмы, пакрытыя іржой, і зусім яму не падабаліся. Раптам чоўнікі пашыхтаваліся клінам і замёрлі.

У Більбавай галаве грымнуў прарэзьлівы голас:

«Сьмяротны?! Ды йшчэ нейкі карузьлік? Дзеля гэтага мы сюды цягнуліся?»

Більба зьлякаўся ня ў жарт.

«Тут, відаць, нейкая абмыла выпнулася. Перапрашаю шаноўнае панства. Вы, мусібыць, чакалі на каго іншага. Але ж мяне сюды выклікаў Гэндальф, чараўнік. Вашэцяў я, перапрашаю, нат ня знаю».

«Не, карузьліку, мы не мыляемся. На табе квантавая адзнака Алорына. Ён абяцаў быў адзначыць здольнага сабатажніка, які прыдасца нам у выправе й дапаможа пратачыцца ў Самотную гару. Але сьмяротны – гэта занадта! Мяркую, адбыўся папросту збой фрэйму. Зара й праверым».

Тут віртуалайзар перад Більба ажыў: ён паказваў лунаючы ў пустэчы астэроід, наўкруг якога кружляла жудасная пачварына. Яна зьнячэўку зьнерухомела, паглядзела яму проста ў вочы й вышчарылася пякельнаю пашчай. У спадара Торбінса аж душа зайшлася.

«То вы хочаце, каб я… я!.. падолеў смока? Аёечкі! Тут ці плач, ці галасі, але рады не дасі. Збой фрэйму, як ёсьць. Мне такія прыгоды без патрэбы, дзякуй вялікі. Я, пэўна, ужо пайду. Прыемна было з вамі пабачыцца, добрага дня».

У ягонай галаве прагучэў другі, ня так дзяркаты голас:

«Няма ніякае абмылы, ані збою. Спадарства, знаёмцеся зь Більба Торбінсам, вашым сабатажнікам. Більба, дазволь прадставіць табе гномаў Блакітных гораў на чале з Торынам. Зараз я ўсё вам патлумачу».

«Алорын», – узрадаваліся гномы.

«Гэндальф», – разгублена прамармытаў Більба.


У сваім чалавечым жыцьці на Тэры XXIV стагодзьдзя Торын – тады яшчэ за імем Торына Эйкінск’яльдзі – быў гарняком: знай сабе здабываў уран у Трансантарктычных гарах і ня меў клопату. Усе ўспаміны з тых часінаў былі прасякнутыя гарамі.

Вышыня, лёгкасьць і вольнасьць.

Дзяцінства ягонае прайшло ў нарвэскім Трольтындэне на рустыкальным хутарку, які купіў бацька, назапасіўшы грошы доўгімі гадамі працы ў маладзіковых шахтах Харбрынгера. Там, у Нарвэгіі, маленькага Торына невымоўна зачаравала была Сьцяна Троляў. Ён і ня думаў, што на сьвеце можа быць нешта прыгажэйшае за яе. Пасьля былі Альпы, Карпаты й Судэты, захапленьне альпінізмам, год самотніцтва ў паўднёваамэрыканскіх Кардыльерах… Выбар жыцьцёвага шляху падаваўся Торыну цалком натуральным, і – хоць бы праца апэратара горназдабыўнага комплексу ў зямлі Вікторыі была няпростаю, – ён не наракаў на долю.

З надыходам сінгулярнасьці, калі тэорыя квантавае мярэжы Даніэля Дваржэцкага перастала быць проста тэорыяй, але абярнулася штодзённаю практыкай, Торын Эйкінск’яльдзі з сваёю брыгадай – трынаццаць чалавек з Скандынаўскае аўтаркіі – быў у першай хвалі ахвотнікаў на праграму Going posthuman. Торын прыляцеў у цэнтар Q-Web, дзе пераз некалькі гадзінаў яму сканавалі галаўныя й хрыбтовыя мазгі й пабіралі ў яго ўсе мажлівыя аналізы й пробы. Перад тым Торыну прапанавалі падпісаць стандартную дамову (адчужэньне правоў свае надчалавечае існасьці), а пасьля – заплацілі немалыя грошы й выправілі з брыгадаю назад у Антарктыду.

Такім парадкам на сьвет зьявіўся постгуман «Торын I» – шахтар-здабытнік для глыбокага космасу клясы dredger на іённым рухавіку, мадэль JK-63/1. За кампактны памер і вуглаватыя формы тыя першыя мадэлі празвалі гномамі. Майндлінкам яго злучылі з астатнімі дванаццацьма й выправілі новае зьвяно на прамысловую здабычу міфрылю й гальворну ў нэтры Самотнае гары на Сэдне, што ў пасе Койпэра.

Як склалася далейшае жыцьцё Торына-чалавека, Торын-гном ня ведаў дый ня ймкнуўся даведацца. Хоць бы й здагадваўся: праца, старасьць, сьмерць. Але, сьмерць ёсьць адзіным конам, прызначаным усім людзям. А беручы пад увагу сьмяротныя салярныя прамяні на канаючай Тэры і той факт, што Мэйнфрэйм афіцыйна зацьвердзіў перавагу постгуманаў над чалавечаю плоцьцю, сьмерць гэтая ўяўлялася скораю й болеснай. Зрэшты, што яму да таго: Торын даўно вымкнуў модулі цікаўнасьці й спагады, каб падвысіць прадукцыйнасьць.

Рэсурсы пасу Койпэра – незьлічоныя багацьці ў цёмных вірох астэроідаў, камэтаў і касьмічнага пылу – дазвалялі весьці актыўную здабычу сотні гадоў, але ўжо пад канец XXV стагодзьдзя здарылася катастрофа.

Пераз гэты час на Тэры павялічылася колькасьць постгуманаў, а людзей паменела. Мэйнфрэйм разьвязваў глябальнае заданьне па злучэньні ўсіх надчалавечых існасьцяў у адзіную квантавую мярэжу. Для трынаццаці гномаў, ад першых дзён існаваньня скутых майндлінкам, гэта падавалася зусім натуральным і лягічным. Але былі й нездаволеныя. У каляплянэтнай прасторы й глыбокім космасе йшло жорсткае процістаяньне калектывістых і індывідуалістых, у выніку якога апошніх прымусілі адступіць у вонкавую Салярную сыстэму. Там на іх быцьцё часова не зважалі й нават супрацоўнічалі зь імі, як не ставала ўласных рэсурсаў.

Працаваў індывідуалісты і ў шахтах Самотнае гары: самаўрадная сьвідравальная машына «SMAU-G» клясы power drill, абсталяваная лазэрнымі сьвідрамі ды ірыдавымі разцамі. Каля шасьцідзесяці гадоў Смок прабіваў калектывістым шлях да пакладаў міфрылю й гальворну цераз пласты азотнага лёду ды безуважна назіраў за караванамі харвэстараў, што вывозілі незьлічоныя скарбы на Тэру, куды яму вяртаньня не было.

Аднаго дня ён далучыўся да майндлінку толькі дзеля таго, каб перадаць кароткае паведамленьне: «Самотная гара – мая. І ўсе тутэйшыя скарбы – таксама. Лахі пад пахі – і прэч у нутраную сыстэму, збродні!»

Гэтакія збоі ўва фрэймах здараліся калі-нікалі, і суседняе зьвяно грэйдараў, няслушна ацаніўшы сытуацыю, паспрабавала суняць Смока – вось тут ён і паказаў усю сваю моц і шаленства. Максымальна ўзмоцненым лазэрам ён анігіляваў грэйдары, не пакінуўшы ім ані шанцу на ратунак. Майндлінк агаласіўся кароткімі стогнамі. На далейшыя спробы зьвязацца зь ім Смок не рэагаваў.

Цяпер Торын ня меў выбару: трынаццаць гномаў утропы харвэстараў пасьпешліва вярталіся ў нутраную Салярную сыстэму. Майндлінкам разыходзіліся чуткі, нібыта закалоты індывідуалістых праходзяць па ўсёй вонкавай сыстэме, а кіруе імі Нэўрамант чорнае зямлі Мордару, што ляжыць ля паўночнага канцавосься на Хароне.

Надыходзілі ліхія часіны, часіны вайны й хаосу.

Гномы аселі на Вэнэры й пачалі здабычу іфільдыну ў Блакітных гарах на патрэбу ваеннага флоту, ні на дзень не забываючыся пра багацьці Самотнае гары. Так мінула паўтрацяста гадоў, пакуль аднойчы на Вэнэрыянскай арбіце не зьявіўся Алорын.


Закалот індывідуалістых стаўся прыкраю неспадзяванкаю для Мэйнфрэйму, бо мог дашчэнту разбурыць яго наперад разьлічаныя пляны што да стварэньня глябальнае квантавае мярэжы. Для процідзеяньня пагрозьлівай сытуацыі Мэйнфрэйм вылучыў частку сябе ў самаўрадны модуль, здольны да касьмічных падарожжаў.

Так паўстаў Алорын. Паўтрацяста гадоў ён вандраваў па нутраной сыстэме, зьбіраючы і апрацоўваючы даныя, віжаваў за памагатымі Нэўраманта, ладзіў збройны супраціў на вонкавых плянэтах. Але Вораг, з усяго было відаць, назапасіў аграмадныя вылічальныя магутнасьці й заўжды выпярэджваў яго на адзін крок. Больш за тое, Алорын ня мог прабіцца сваімі чуйнікамі й зондамі праз чорную заслону мэтанавага сьнегу, што вечна акрывала Мордар, і даведацца, што ў Нэўраманта наўме.

Наапошку шляхам прымітыўнага аналізу назьбіраных эмпірычных даных Алорын згенэраваў адпаведнае і адзіна мажлівае разьвязаньне праблемы. Якое заўжды знаходзілася ў яго пад самым носам – на Тэры.

Чалавек.

Ён, ведама, ня мог называцца паўнавартаснаю разумнаю істотай, але быў найбліжэйшаю да мысьленьня рэччу, што будзь-калі вырабляла біялягічная эвалюцыя. Чалавечая нэўраанатомія была хутчэй адвольнай калекцыяй злучальных будоваў цыкляў распазнаваньня, чымся запраўды лягічным альгарытмічным задумам. Чалавечыя паводзіны вынікалі з пасьлядоўнага функцыянальнага прыстасаваньня ў працэсе біяэвалюцыі, што рабіла тыя паводзіны непрадказальнымі для надыснасьцяў.

Менавіта чалавек з сваёю алягічнаю лёгікаю й псэўдамысьленьнем мог стацца таемнаю зброяю калектывістых у змаганьні з індывідуалістымі. Толькі так постгуманы адзержвалі рэальны шанец пераадолець крызу.

Выпрабаваць сваю таемную зброю Алорын заплянаваў у часе апэрацыі па вяртаньні кантролю над міфрылевымі шахтамі ў пасе Койпэра. Але людзей на Тэры ўжо не засталося: рэзэрвацыі стаялі закінутымі, апошняга чалавека зонды фіксавалі адзінаццаць гадоў таму.

Апэрацыя магла скончыцца не пачаўшыся, але праз шчасьлівы выпадак – як сказаў бы тэранскі чалавек – Алорын знайшоў Більба Торбінса. Вось толькі ў выпадкі ён ня верыў.


Торбінсы з пракаветных часоў жылі за Вадой – у сама глухім і далёкім кутку рэзэрвацыі, пад стромым пагоркам. Яны жылі ціха й нікому не трапляліся на вочы, бо не жадалі далучацца да аблігатнае праграмы Going posthuman. Таму й пражылі даўжэй за каго.

Але час людзей на скалечанай Тэры завершваўся. Більбавы бацькі памерлі, калі ён быў падлеткам, ад усплёску салярнае радыяцыі. Скура злазіла зь іх як бяроста з гніляку. Па іхнай сьмерці Більба ўжо не падымаўся на паверхню, бавячы бясконцы вольны час у Торбе-пад-Стромай – тупіковым бункеры сыстэмы падземных камунікацыяў.

Затха, аднастайнае харчаваньне, благая спадчыннасьць, радыяцыя й немень сонечнага сьвятла спрычыніліся да таго, што Більба вырас кволым чалавечкам невысокага росту. Але ён быў жывым – апошнім жывым чалавекам на Тэры, у Салярнай сыстэме й ва ўсім Сусьвеце. Штопраўда, небарака пра гэта не здагадваўся.

Цэлымі днямі Більба прападаў у бацькоўскай кніжніцы, смокчучы люльку й чытаючы легенды Даўных дзён пра чараўнікоў, троляў і смокаў. Ён спадзяваўся й верыў, што аднойчы й сам выправіцца па прыгоды, вартыя легендаў. А пакуль абмяжоўваўся недалёкімі вандроўкамі ў суседнія бункеры па запасныя дэталі да харчовага сынтэзатару.

У кніжніцы ён і сустрэў першы раз чараўніка Гэндальфа.

«Добры дзень», – толькі й здолеў выціснуць зь сябе Більба. Дзень запраўды абяцаўся быць добрым.


Чалавека выдаў надзвычайны перапад напружаньня ў электрагенэратары, зафіксаваны ўсюдыіснымі чуйнікамі Мэйнфрэйму.

Перад Алорынам паўстала пытаньне першага кантакту. Разьвязаць яго было ой як няпроста, аджа ён ніколі ня меў зносінаў зь сьмяротнымі. І сам, у адрозьненьне ад каторых надыснасьцяў, сьмяротным ніколі ня быў. У ім, самаўрадным складніку Мэйнфрэйму, злучаліся парэшткі мільёнаў чалавечых сьведамасьцяў, ад якіх ён браў пачатак, як чалавек бярэ пачатак ад аднавузавых казурак. Алорын стаўся вынікам працы шматлікіх пакаленьняў самаадмяняльных рэканструкцыяў альгарытму, які людзі запусьцілі па адкрыцьці тэорыі квантавае мярэжы. І калі да Мэйнфрэйму людзі ставіліся як да бога, дык Алорына ўспрымалі накшталт распасьцёртае божае далоні.

Алорын далучыўся да Мэйнфрэйму й прааналізаваў корпус матарыялаў па практычнай псыхалёгіі, пасьля чаго ў яго высьпеў плян. А Більбаў пал да легендаў і казак якраз мог дужа прыдацца. Дзеяць трэба было ірацыянальна, на роўні падсьведамасьці, празь міталягемы і архэтыпы. Так зьяўляўся шанец зацікавіць Більба; закінуць зазубень, каб палахлівая рыбка заглынула прынаду і ўжо не сышла на глыбіню.

Старажытны тэкст «Dvergatal» ён знайшоў праз ключавыя словы «Þorinn Eikinskjaldi» – так у чалавечым жыцьці зваўся постгуман, які меў адыграць значную ролю ў ягоным пляне. Тэкст зьмяшчаў мноства імёнаў зь цьмянаю паразмыванаю сэмантыкай. Адно зь іх – «Gandalfr» – стаяла побач з «Торынам» і азначала ці то «эльфа посаху», ці то «чароўнага эльфа». Гэтакая намінатыўная загадкавасьць як найлепш адпавядала абставінам.

Алорын зьявіўся перад Більба праекцыяй у выглядзе сівабародага чараўніка Гэндальфа – у гэтым вобразе ён увасобіў архэтыпы Мэрліна з кельцкіх паданьняў, Одына з скандынаўскае міталёгіі й Вяйнямёйнэна з фінскай.

Усё атрымалася нават прасьцей, чым ён быў задумаў: прымітыўныя чалавечыя рэакцыі былі прадказальнымі й цалком паўтаралі апісанае ў псыхалягічных штудыях. У выніку няхітрых маніпуляцыяў Більба пагадзіўся прыляцець у цэнтар Q-Web на Месяцы, чакаючы на неймаверныя прыгоды ў кумпаніі гномаў і чараўніка.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации