Текст книги "Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх"
Автор книги: Антось Уласенка
Жанр: Научная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 12 страниц)
А вось пераканаць гномаў, думаў Алорын, будзе ня так проста. Але ж ім зусім неабавязкова ад пачатку ведаць пра ўдзел чалавека ў апэрацыі. Да таго ж у скрайнім разе ён мог пераналадзіць іхныя модулі авантурызму, скарыстаўшыся квантавым кодам.
З досьледнае базы на паверхні Месяцу ўвышыню ўзьняліся трынаццаць шахтароў-здабытнікаў клясы dredger і самаўрадны модуль Мэйнфрэйму Алорын з апошнім чалавекам на борце. Чоўнікі ўзялі курс на пас Койпэра і актывавалі іённыя рухавікі для скоку. Більба, які рыхтаваўся да гібэрнацыі, з прыемнасьцю прадчуваў запраўдную Прыгоду.
«Такое надараецца раз на жыцьцё, дый тое ня з кожным».
Гномы па майндлінку завялі напаўзабытую песьню старое Тэры:
Да дальніх прастораў, лясоў векавых,
Пячораў глыбокіх і гор сьнегавых —
Ізь першым сьвятлом пакінем мы дом,
Каб смоку адпомсьціць за родных сваіх.
Лісьце аб'еш, алень
Аднойчы праз шчасьлівы выпадак мне прывялося папрацаваць у рыбацкім лягеры ў Арктыцы. Тое палярнае лета пакінула па сабе багата ўражаньняў. Частку ўспамінаў я скарыстаў у «Алені». Але ня ўсё тут праўда, ёсьць і выдумка: прыкладам, на рыбацтве я ані ня знаюся.
Прачынаюся раней за будзільнік, бяз чвэрці сем. Улетку за Палярным колам асабліва не заспішся: арганізм ніяк не дае веры, што на дварэ ноч, бо сонца не хаваецца за гарызонт. Цяжка засынаць, лёгка прачынацца. Не ратуе нават чорны сьмецьцевы пакет, які Сямён на капыл аканіцы прымацаваў да вакна нашае бытоўкі. Да таго ж мяне даймае задуха. У бытоўцы нас жыве шасьцёра, я сплю на верхніх нарах ля буржуйкі. Калі засяляліся, зайшоў быў апошнім, то і атрымаў начальніцкім загадам сама нязручнае месца. Шасьцідзесяцігадовы Віталь учора зьвечару растапіў печ, каб пагрэць старыя косьці, і цяпер у пакоі не стае сьвежага паветра. Пада мною гучна храпе Мікола, Віталёў сын.
Невыразна памятаю, што сьніў белага аленя. Пэўна, гэта праз Х’ю Ўілаўбі. Да прылёту сюды я нічога пра яго ня ведаў, мне Міша адзваніў вушы. Учора вунь і кніжку прынёс, якую я чытаў дапазна. Згадваю сёе-тое з прачытанага.
Увесну 1553 году «Кампанія купцоў-вандроўнікаў для адкрыцьця новых земляў» з фанфарамі выправіла зь Лёндану экспэдыцыю ў складзе трох караблёў на чале з Х’ю Ўілаўбі для пошуку Паўночна-ўсходняга шляху ў Кітай. Не без прыгодаў і нягодаў два караблі з трох у верасьні апынуліся ў нашых краёх. Кінулі якары ў губе Варзіны й засталіся на тыдзень. У сваім дзёньніку Ўілаўбі пісаў, што яны зьдзівіліся былі разнастайнасьці жывёльнага сьвету: тут вяліся цюлені, мядзьведзі, вялізныя рыбы, алені, чайкі й лебедзі. За тыдзень усталяваліся маразы са сьнегам, таму каманда вырашыла заставацца на зімоўку. Ўілаўбі выправіў людзей на пошукі паселішчаў: трох чалавек на паўднёвы захад, трох – на паўднёвы ўсход і чатырох – на захад. Праз колькі дзён усе вярнуліся, не знайшоўшы жадных сьлядоў бытнасьці чалавека ў гэтым гаспадарстве прыроды. Але кожная група паведаміла, што бачыла надзвычай белага аленя. Такія алені лічыліся прадвесьнікамі ўдачы, але ж ня ў выпадку экспэдыцыі сэра Ўілаўбі…
Часу на летуценьні не застаецца. Саскокваю на падлогу, прысыпаю ступні талькам, нацягваю тэрмабялізну. Чую, як у сваім куце варушыцца Ягор.
– Сьпі, завяду генэратар сам.
Гэта ягоны абавязак як загадніка гаспадаркі, але ў Ягора й без таго стае фатыгі: ён таксама афіцыянт і прыбіральнік.
На дварэ пагодна, сьлепіць сонца, дзьме ветрык. Наш рыбацкі лягер лепіцца да паўднёвага падгор’я двухсотсаракамэтровае сопкі. На захадзе цячэ Варзіна, на поўдні – ручай, што ўцякае ў яе з шчупаковага возера за сопкай. Навокал – засеяныя камянямі пагоркі, імхі, лішаі, з дрэваў – толькі ніцыя бярозкі ля ракі.
Лягер складаецца зь пяці драўляных дамоў з двухсхільнымі дахамі й пяці каркасных намётаў. У найвялікшым доме з прыбудаванаю лазьняю месьцяцца склад, нашая бытоўка й пакой Паўла – кіраўніка. За ім – Алін дамок. Яна адзіная жанчына на дзясяткі, калі ня сотні, кілямэтраў, і ёй патрабуецца прыватная прастора, каб хоць троху адпачыць ад мужчынскае ўвагі. Побач – кухня зь ядальняй; панарамнае вакно на паўсьцяны дазваляе палюбавацца журкатлівым ручаём і далёкімі скаламі. Далей – сушыльня. За ёй на драўляных насьцілах стаіць шэраг намётаў для кліентаў. У кожным два ложкі, газавы абагравальнік, вешалка для адзеньня і электрычная сьвяцільня. За тыдзень у такіх умовах кліенты плацяць паўтары тысячы эўраў. У дальнім канцы лягеру ёсьць гасьцявы дамок на два чалавекі – для тых, хто хоча хоць нейкага камфорту. У гэтым сэзоне будаўнікі скончаць новы корпус на шэсьць нумароў у стылі паўночнага мадэрну й намёты зьнікнуць. Усе будынкі стаяць па абводзе простакутніку, дзьвярыма да цэнтру майданчыку, і злучаныя міжсобку драўлянаю кладкай.
Генэратар знаходзіцца на ўскрайку лягеру, за Аліным дамком. Электрычнасьць мы ўлучаем два разы на дзень: ад сёмай да дзявятай зранку і ад шостай да дзясятай увечары. Паліўны плавок на індыкатары зьехаў у левы бок. Заліваю дваццаць літраў бэнзыну з каністры. Даю генэратару пахрыпець паўхвілінкі на парожнім хаду й цісну кнопку «220V». У Аліным вакенцы запаляецца сьвятло. Чуваць ейны незадаволены голас. Відаць, зноўку паўночы ўвіхалася на кухні й праспала. Ёсьць рызыка, што сьняданак мы атрымаем са спазьненьнем.
Паблізу генэратару зеўрае недакапаная яма пад новую прыбіральню. Адразу па прылёце Павал параспытаў быў, у каго з нас якая адукацыя. Мне як найбольш адукаванаму дасталася «сама інтэлектуальная праца» – капаць у вечнамёрзлым груньце гнаёвую яму. За першы дзень рыдлёўкаю й ломам я змог зьняць хіба пятнаццаць сантымэтраў грунту, а дакладней камянёў. Цягам наступнага тыдня ў вольныя хвіліны паглыбіўся адбойным малатком на мэтар дваццаць. А потым, па дажджы, у яме зьявілася вада. Яна й дасюль не спадае, колькі не вычэрпвай. Павал думае заказаць у Мурманску адмысловы біяактыватар, каб у нас атрымаўся біятуалет, або папросту прымусіць мяне капаць новую яму.
Кіруюся ў бок ядальні, на сьцяне якой вісіць тэрмомэтар. Пакуль ён у цені, трэба замераць тэмпэратуру паветра для статыстыкі. Чатырнаццаць градусаў.
Зь дзьвярэй побач выходзіць голы Юсі.
– Хэй-хэй! – бадзёра салютуе скарбонкаю «Жыгуля».
У Фінляндыі Юсі – вядоўца вечаровага ток-шоў на Yle TV1. На экране ён заўжды зьяўляецца ў гальштуку й пінжаку, а падчас адпачынку ў Арктыцы ходзіць альбо ў рыбацкім касьцюме, альбо (часьцей) голым.
– Пабудзі мяне, калі ласка, перад сьняданкам, Энтані. Чацьверты намёт.
– Сьняданак празь дзьве гадзіны.
– Цудоўна! Я ўжо згаладнеў. Сёньня йдзём на сёмгу да растокі, трэба добра пад’есьці.
У ядальні чуваць вясёлы гоман фінскае групы – пэўна, спаць яны яшчэ ня клаліся. Мне толькі на руку, калі спазьняцца з выхадам на раку.
Выходжу зь лягеру. Леваруч – плянтацыя скрыпеню. Павал вырошчвае яго на гарбату. За плянтацыяй на бярозах сушацца Віталёвы шчупакі. Ён часта выпраўляецца лавіць іх начамі на азёры. Далей – па мастку цераз ручай і на пасадачную пляцоўку. Гляджу на флюгер, каб запісаць кірунак ветру. Флюгеру няма. Знаходжу яго зь іншага боку пагорку й замацоўваю як сьлед. Вецер паўночна-ўсходні, мерны, з Арктычнага акіяну.
Да Баранцавага мора ад лягеру дваццаць кілямэтраў уніз па рацэ. Сам я пакуль не даходзіў, але пляную: месца вельмі цікавае. Якраз там, ува ўтку Варзіны, увесну 1554 году паморскія рыбакі знайшлі два караблі зь пяцьцю тузінамі трупаў.
Як паведамляе «Дзьвінскі летапіс», «по зимѣ пріиде вѣсть къ царю и великому князю отъ заморскія Корелы; сказали они: нашли-де мы на Мурманскомъ морѣ два корабля, стоятъ на якоряхъ въ становищахъ, а люди на нихъ всѣ мертвы, а товаровъ на нихъ, сказали, много». Гэта былі «Bona Esperanza» і «Bona Confidentia» Х’ю Ўілаўбі. Шчасныя назвы не ўратавалі ні экіпажы, ні самыя караблі. У 1556-ым тыя мусілі павярнуцца ў Лёндан, але патрапілі ў шторм ля заходняга ўзьбярэжжа Нарвэгіі й патанулі. На борце «Добрае надзеі» засталося цела сэра Ўілаўбі.
Раней, у 1555-ым, расейскі цар загадаў «послати людей лучшихъ двинянъ въ ладьяхъ къ тѣмъ кораблямъ», каб забраць зь іх тавары. «Найлепшыя дзьвіняне» знайшлі памерлых пазастыглымі як статуі ў розных позах. Адныя сталаваліся з талеркамі ў руках і лыжкамі ў ратох, другія адчынялі шафкі, трэція сядзелі пры сталох зь пёрамі. Сярод апошніх быў і сам Ўілаўбі: ягоны дзёньнік абрываецца на сярэдзіне сказу.
Дагэтуль дакладна невядома, чаму загінулі экіпажы караблёў у часе зімоўкі. Харчоў і цёплага адзеньня ў іх было ўдосталь. Найбольш праўдападобнай выглядае вэрсія з атручэньнем чадным газам, хаця й ёй цяжка даць веры…
Шанец убачыць Арктычны акіян выпадаў мне раней, хоць я й ня змог ім скарыстацца. На Кольскую паўвыспу мы зь Ягорам і Сямёнам прыехалі зарана: верталёт з Лавозера мусіў забраць нас на Варзіну толькі праз два дні. Падлічыўшы грошы, вырашылі паглядзець Мурманск, ну а там было ўсяго сто дваццаць кілямэтраў да Цярыберкі – пасёлку на беразе акіяну, дзе здымалі «Левіяфана». Мы чулі, што на беразе дагэтуль ляжыць муляж кітовага шкілету зь фільму (пазьней нам сказалі, што гэта ня так), і вырашылі скатацца. Да ўзьбярэжжа не даехалі пару кілямэтраў. Машына забуксавала ў пяску, а калі мясцовыя выцягвалі яе тросам, пашкодзілі пярэдні мост. Тут ужо было не да акіяну – у Мурманск прыйшлося вяртацца на буксіры.
За пяцьдзясят мэтраў ад верталётнае пляцоўкі месьціцца перавоз цераз Варзіну: перакінуты між дзьвюма берагамі ракі трос, да якога прывязаная надзіманая лодка. Лодцы той шэсьць гадоў, яна па страшнай сіле набірае ваду, хоць напачатку сэзону я правёў цэлы дзень, аблепліваючы ейнае дно тэрмалентаю. Шторанку ваду трэба вычэрпваць абрэзанаю каністраю з-пад алівы. Гэта займае ў мяне хвілінаў пятнаццаць. Заўважаю, што правы борт прасядае пад маёй вагой. Дастаю прывязаную шлянгам да бярозы помпу, падпампоўваю цэнтральны й правы сэгмэнты. Тутсама на дне між камянямі прымацаваны вадзяны тэрмомэтар. Дванаццаць градусаў.
Вяртаюся ў бытоўку. Пры стале сядзіць Міша. Ягора зь Сямёнам ужо няма. Віталь, Мікола й Юрка – руды двухмэтровы адэсыт – даюць храпака – пачынаць працу з дрылямі й баўгаркамі яны змогуць адно пасьля таго, як кліенты сыдуць зь лягеру.
– Ці будуць сёньня карміць? – Міша ніколі не вітаецца. Ён жыве ў асобным намёце, а да нас прыходзіць па ежу й кумпанію. Міша – чалавек-энцыкляпэдыя, тутэйшы старажыл і адзіны расеец у лягеры. Астатнія – беларусы і ўкраінцы. Сам ён з Мурманску, але ўжо пятнаццаць гадоў жыве ў саамскіх вёсках і рыбацкіх лягерох. Нават застаецца тут вартавым на зімоўкі.
– Аля зноўку праспала, то мо й не пакормяць. Пайду спраўджу.
Маруджу ў дзьвярох і абарочваюся:
– Ці бачыў ты калі белага аленя?
Міша адно ўсьміхаецца й хістае галавой.
На кухні пануе гармідар. На пліце нешта шкварчыць, кіпіць, дыміцца; Ягор носіць посуд у ядальню й назад; Сямён завіхаецца над тазікам з гарою брудных талерак; Аля бегае ад тостэру да электрагрылю, голасна лаючыся. Бачу, што яна не ў гуморы, таму нават не разяўляю роту. Гэта мяне не ратуе.
– Ось де ділова ковбаса! Я щось не розумію: ти в нас хто – гід або помічник куховарки?
Маўчу.
– Ну так чого тоді над душею стоїш? Геть звідси! Сьома все принесе. Стій! Візьми на молочка для Юрчика.
Вяртаюся да Мішы. Ён расказвае мне, як камчацкія крабы патрапілі ў Баранцава мора, тлумачыць, чым нарвэскія лемінгі адрозьніваюцца ад лясных, паказвае саамскі вузел. Зь верхніх нараў саскоквае Юрка, перадаю яму малако.
Хвілінаў праз дваццаць Сямён за тры заходы прыносіць у бытоўку рондаль з аўсянкай, паднос зь яечняй, гарой бэкону й сасісак, хлеб, сыр, каўбасу, салату, гарлач з кампотам.
– Кожнаму па тры яйкі й пяць сасісак. Як закіпіць імбрык, прынясу гарбаты зь печывам. Пясочнага альбо ружачак?
– Пясочнага, – падымаецца Віталь. – І згушчанкі.
– Юрка, можаш браць мае сасіскі, – сонна прамаўляе Мікола з-пад коўдры. – Табе расьці трэба.
– Ай, надта ж салёныя.
– Як усё не зьямо, Аля наступным разам менш пакладзе, – разважае Міша й падзяляе Міколавы сасіскі між усімі.
Пасьпяваю паесьці да дзявятай. Іду паўзь ядальню, зазіраю ў вакно і зьдзіўлена адзначаю, што мала ня ўся група – дзевяць чалавек – ужо пры стале. Няма хіба што Юсі. Растуркваю яго ў намёце й вяртаюся.
– Hyvää ruokahalua!
– Kiitti, Энтані. Сёньня зноўку ладзіш маратон па тундры? – нязлосна падсьмейваюцца зь мяне фіны. Учора я вадзіў Юркі і Яні на дальнюю мяжу аж да вадаспаду, дванаццаць кілямэтраў у адзін бок. Большую частку дня яны лазілі па сопках, а не рыбачылі.
Сядаю ў галаве сталу побач з Паўлам. Пакуль кліенты сьнедаюць, распытваем іх, хто пойдзе на які пул. Яны ўжо чацьверты дзень на Варзіне, таму паслугі гіда амаль нікому не патрэбныя. Вырашаем, што Павал павязе Маціяса, Эркі й Тэра на маторцы да пратокі Козел паміж Ёнозерам і Чыліяўрам, дзе тыя заночаць; а я павяду Кая й Хэйкі на недалёкі Willow Pool.
Ягор з усьмешкаю падзывае мяне да бару й паказвае аркуш, дзе кліенты пазначаюць, колькі алькаголю ўзялі:
– Хэйкі йдзе на рэкорд!
Бачу, што за тры дні ён выпіў пяць пляшак гарэлкі. А рысачак у графе «піва» насупраць ягонага ймя столькі, што яны не зьмяшчаюцца ў радок. Побач ляжыць аркуш, дзе пазначана, хто злавіў колькі рыбы. Хэйкі не злавіў ніводнае, тады як Маціяс – трыццаць шэсьць, сярод іх колькі мэтровых кумжаў.
– Хто вядзе ў агульным заліку?
– Палякі пакуль на першым месцы, – прыцмоквае Ягор, – але фіны ўпэўнена набліжаюцца.
Павал просіць замяніць пусты пяцілітровы балён у кулеры. Іду на склад, адшукваю новы.
– Засталося пятнаццаць літраў.
– Гэтак яны выжлукцяць усё да вечару. Як скончыцца пітная вада, будзе скандал. Абы толькі верталёт балёнаў падвёз… Так, Артыст, перадай астатнім: ад сёньня пэрсанал да кулеру не падыходзіць, ваду піць з ракі.
Мяне гэта мала абыходзіць, бо й без таго ўвесь час п’ю з Варзіны, а вось хлопцы не парадуюцца навіне.
Фіны тымчасам скончваюць есьці й хочуць адзначыць пачатак новага дня бутэлечкай-другой шампану. Але ня могуць знайсьці келіхаў. Ідзём зь Ягорам на кухню.
– Ні, ну ви бачили таке! Келихи їм давай! Сьома мити за ними не встигає. Що за група! Ніколи такої не було.
Аля кажа так штотыдня.
– Так, горе моє, ти на річку йдеш?
– Недалёка, на паўдня.
– Як хочеш, але щоб риби сьогодні приніс. А ні, то будемо голодувати, серйозно. Пасалаєва м’яса для персоналу не надсилає. За людей нас не вважає, чи що?
– Прынясу.
– І цибульки мені нарви, будь ласочка.
Тэарэтычна на Варзіне (а гэта частка Мурманскага тундравага запаведніку) дазволеныя адно спартовыя ловы на мушку. Усю злоўленую рыбу трэба выпускаць у раку. Практычна ж мы ў Палярнай Расеі, за сто пяцьдзясят кілямэтраў верталётам да найбліжэйшага мястэчка й за дзьвесьце – да найбліжэйшае прыродааховы.
– Стій! На візьми, назбирала тобі бутербродів.
Калі фіны выходзяць зь ядальні, даганяю Юркі.
– Вы зь Яні сёньня йдзяце на паўвыспу, так? Ніхто ня будзе супраць, калі прынесяце на кухню колькі кумжаў або шчупакоў. Гальца браць ня трэба.
Юркі ўсьцешаны мажлівасьцю пабыць запраўдным здабыўцам. Ён ня першы раз у Расеі, ведае гнуткасьць тутэйшых законаў. Да таго ж ён добры рыбалка, з пустымі рукамі ня прыйдзе.
– Каб не было пытаньняў, скажаце, гэта я злавіў, – чаму б не парысавацца лішні раз перад Аляй. Тактоўна замоўчваю, што рыба пойдзе на пад’едак пэрсаналу, а не кліентам.
У бытоўцы скоранька нацягваю вэйдэрсы (забродны касьцюм з нэапрэну), шыпаваныя боты на лямцавай падэшве, вятроўку й капялюш з маскітнаю сеткай. Апырскваюся рэпэлентам. Правяраю заплечнік: аптэчка, нож, сьвісток, крэсіва, дваццацілітровыя сьмецьцевыя пакеты, фальшфаер, пустая плястыкавая бутэлька, сем мэтраў паракорду, солевая грэлка, – усё гэта ў большай ступені надае псыхалягічнага спакою, чым рэальнае бясьпекі ў тундры. Аліны бутэрброды слугуюць прыемным дадаткам.
На пас чапляю спрэй ад мядзьведзяў. Першага мы сустрэлі, яшчэ не даехаўшы да Палярнага кола. На М18 у Карэліі перад намі спынілася была фура. Кіроўца апусьціў шкло й кінуў на дарогу штосьці мясное. Адразу з прыдарожнае канавы вымкнуў малады, але здаровы мядзьведзь і наляцеў на мяса. Дальнабойнік пяшчотна зь ім размаўляў і падкідваў усё новыя ласункі, быццам скамарох-мядзьведнік. Потым наперадзе спынілася сустрэчная машына. Ейны кіроўца падышоў да фуры й стаў здымаць мядзьведзя на тэлефон як нічога ніякага. Я пазайздросьціў ягонай адвазе, але сам з машыны ня вылез…
За дваццаць да дзясятай выходжу ў сенцы, бяру кій зь ніцае бярозы й кіруюся ў бок сушыльні. Чакаць на Кая й Хэйкі прыходзіцца доўга. Яны вылазяць з свайго намёту апошнімі, калі іншыя ўжо сышлі, а будаўнікі завялі дызэльны генэратар. Хэйкі відавочна п’яны. Дапамагаю ім з выбарам мушак: пару дзён таму на рацэ пачаўся вылет аўсянікаў, то варта паспрабаваць сухія мушкі накшталт Caddis Gold і Elk Hair сіне-зялёнага колеру. Можна палавіць на німфу вясьнянкі. Стрымэры і эмёрджэры сёньня плёну не прынясуць. Кай бярэ падхватнік і двухручную вуду, Хэйкі – аднаручную.
Выпраўляемся.
Наступныя гадзіны звыкла зьліваюцца ў «белы шум». Нездарма Павал сказаў быў перад прылётам першае групы, што ўсе наступныя дні да канца сэзону стануцца для нас бясконцым «днём байбака» – рутынаю без выходных і адпачынку.
Ушпіляныя валунамі сопкі, ручаі, імхі, лішаі, багун, верас, асака, сіняе неба зь перкаватымі аблокамі – краявід не зьдзіўляе. Ідзём моўчкі. Пудзім некалькіх лемінгаў і курапатак. Удалечыні бачым аленяў. Камары асабліва не даймаюць, але дробная заедзь сёньня лютуе: пралятае праз маскітную сетку й пракусвае нават бараду. Прыхваткамі зьбіраю дзікую цыбулю для Алі.
Сярэдняя хуткасьць хады па тундры – тры з паловаю кілямэтры на гадзіну. У нашым выпадку выходзіць нават меней: фіны пару разоў спыняюцца на прывал, каб каўтануць з рыльца лакрычнае Коскэнкорвы.
Калі прыходзім на месца, паказваю Каю тры вялізныя камяні, перад якімі звычайна стаіць рыба:
– Становішся вось сюды й робіш бакавы закід вышэй па плыні. Ніжэй закідваць сэнсу няма – рыбы там ня будзе: пясок з-пад камянёў вымываецца, шчэлепы ёй забівае.
Хэйкі заўважае ўсплёскі на вадзе й пытае, ці гэта ня сёмга.
– Не, так высока яна не заходзіць. Да таго ж сёмга ў рацэ не харчуецца. Гэта стронга, аўсянікаў хапае.
Фіны не сьпяшаюцца закідваць вуды. Кажуць, што я магу вяртацца, яны самыя дадуць рады. Саромеюцца. Двойчы ўпрошваць мяне ня трэба: я толькі рады пахутчэй зьбегчы ад усюдыіснае гмызуры. Нагадваю на разьвітаньне, што вячэра а восьмай.
Вяртаюся іншым шляхам уздоўж ракі. Ён даўжэйшы на які кілямэтар, затое больш маляўнічы: тут і незьлічоныя азерцы, і гурбы сьнегу ў цені скалаў, і бярозавыя гаі ў прыбярэжных западзінах. Бальшыня прыродных аб’ектаў ня мае назваў: сопкі, азёры й ручаіны на мапах аніяк не падпісаныя. Адчуваю сябе Вяйнямёйнэнам, які крочыць па новастворанай зямлі й дае ймёны ўсяму, што бачыць. Вечарамі я малюю ў нататніку мапы навакольля й прыдумваю назвы для сопак і азёраў, якія ўпадабаў.
Падымаюся на сопку ля Island Pool. На ейнай вяршыні ўздымаецца сэйд. Такія пірамідкі з камянёў можна пабачыць па ўсёй Поўначы. Калі я іх бачу, у галаве самахоць пачынае гучаць песьня «Севером правят тёмные боги». Я кладу каменьчык на верх сэйду і адпачываю колькі хвілінаў побач. Тут прыемна дзьме ветрык, гмызура не даймае.
Мімаволі прымружваю вочы, а калі расплюшчваю, бачу перад сабой – у пятнаццаці кроках – паўночнага аленя. Беласьнежнага ад капытоў да кончыкаў разгалістых рагоў. Толькі ноздры й карычневыя з залацістым адлівам вочы выдзяляюцца на пякучай беласьці шкуры. Жывёла глядзіць на мяне бяз боязі – пэўна, я ад нечаканасьці спужаўся больш за яе. Не варушуся й не адводжу вачэй. Сэкундаў празь дзесяць алень паварочваецца да мяне задам і джгае прэч з сопкі, хаваючыся за скаламі.
У лягеры я па другой гадзіне. Пераапранаюся, замываю мокрае ад поту адзеньне ў тазіку, разьвешваю сушыцца за лазьняй. Бяру пустыя каністры ля генэратару і йду да гасьцявога дому. Тут кіпіць праца, завіхаюцца Юрка, Мікола, Віталь, Міша. Чакаю, пакуль замоўкне цыркулярка.
– Мікола, – махаю каністрамі, – хадзем нюхнём бэнзынчыку па-хуткаму.
На пасадачнай пляцоўцы купаю стаяць сінія бочкі з бэнзынам, газаю, дызэльным і верталётным палівам, пазначаныя скаротамі «АИ», «ТС», «ДТ» і «ТВ». У бальшыні выпадкаў надпісы не адпавядаюць зьмесьціву. Ніхто гэтаму не зьдзіўляецца. Адзіны спосаб дазнацца, што там унутры – панюхаць. Я такія пахі ня надта разрозьніваю, то й бяру з сабою памочніка.
Загнутай арматурынай Мікола нязмушана скручвае з бочак коркі й прыкладаецца носам:
– Тут у нас тээска… Во, тут бэнза!
Ручною помпаю напаўняю дзьве каністры і адношу іх у цень да генэратару.
Шукаю Паўла, каб атрымаць далейшыя заданьні. Яго ў лягеры няма. На добры лад ужо мусіў бы вярнуцца, але за кіраўніка можна не хваляцца. Хаця, як расказваў Міша, тут былі выпадкі, калі людзі не вярталіся з тундры… Павал – адзіны, хто мае спадарожнікавы тэлефон і, як што якое, можа выклікаць ратаўнікоў з Лавозера. Гэта ягоны дзясяты сэзон у Запаляр’і, ён сам у змозе паклапаціцца пра сябе.
Пакуль начальства няма, вырашаю прылегчы. Думкі ляніва варушацца ў галаве. Адзначаю, што дагэтуль ні разу не засумаваў на Варзіне. Рукі заўжды чымсьці занятыя, вочы заўжды бачаць штосьці прыгожае, цемра не надыходзіць. Усё, што засталося на Вялікай зямлі, падаецца нязначным. Больш за сьвежыя навіны мяне тут хвалюе, ці мела шанец на посьпех экспэдыцыя Х’ю Ўілаўбі, ці слушным было іхнае рашэньне заставацца зімаваць, што ж зь імі такое здарылася, што дзёньнік Ўілаўбі абрываецца на паўслове…
Правальваюся ў сон. Зноўку мроіцца белы алень. Прачынаюся ад таго, што Юрка катурхае мяне за плячо.
– Тоха, птушка ляціць.
Запраўды. Чую характэрны цяжкі гул Мі-8, аж шыба вібруе. Яго не пераблытаеш ані з адрывістымі гукамі Мі-2 памежнікаў, ані з сокатам Робінсана ніжневарзінцаў. Гляджу на гадзіньнік: палова на пятую. Нацягваю пальчаткі й бягу на пасадачную пляцоўку.
За разгрузку верталёту адказныя мы зь Ягорам і Сямёнам. Верталёту далей трэба ляцець на Сідараўку, Драздоўку й Ніжнюю Варзіну. Экіпаж ня можа чакаць, пакуль мы на тачках адцягнем усё прывезенае ўніз з пасадачнае пляцоўкі. Скоранька выгружаем харчы з грузавога люку ў задняй частцы фюзэляжу, далёка не адносім. Правяраем накладныя. Забіраем у тэхніка свой заказ з Лавозера – торбу зь літровымі пляшкамі «Пяці азёраў» і цыгарэтамі. Прыемная нечаканка: нам нават вяртаюць рэшту з дваццаці эўраў. Ня кожны экіпаж (яны зьмяняюцца штодругі тыдзень) такі сумленны, як гэтыя архангельскія хлопцы.
Ягор і Сямён спускаюцца з пагорку, а я кладуся на зваленыя гарою прадукты. Раскідаю рукі, спрабуючы ўхапіць як мага болей пакункаў, каб паветраны струмень не паразьнёс іх па тундры. Да майго прылёту пад вінтом заўжды ляжаў Юрка. Цяпер ён з астатнімі будаўнікамі заняты ўзьвядзеньнем гасьцявога дому. А з нас трох я найдаўжэйшы, то й ляжаць на прадуктах выпала мне: магу накрыць сабою большую колькасьць скрынак.
Ляжаць пад вінтом Мі-8, пакуль той прагравае рухавік і раскручвае вінт на парожнім хаду, страшна адно ў першы раз. Ад гулу зьвініць увушшу, узьняты пыл сьлязіць вочы. Калі верталёт трапляе ў зямны рэзананс, яго пачынае целяпаць з боку на бок. Здаецца, вось-вось паветраны струмень адарве цябе ад зямлі й кіне на так блізкія лопасьці. Хочацца адпаўзьці падалей, дзе ў бясьпецы стаяць з тачкамі іншыя, але ў нагах няма сілы.
На другі раз страх зьнікае. Разумееш: ад зямлі да кончыку лопасьці два мэтры як найменей і нічога з табою здарыцца ня можа. Галоўнае – загадзя зашпіліць куртку, заплесьці валосьсе ў гульку, зьняць акуляры. Каб не наглытацца пяску, можна нацягнуць баф па самы нос.
На трэці раз узьлёт верталёту ператвараецца ў рутыну. А вось узапраўды страшна было тады, калі лётнік зь невядомае прычыны прызямліўся хвастом ня ў бок ракі, а да васьмідзесяцілітровых бочак з палівам і газавых балёнаў. Стырнавы вінт не дацягнуў да дызэльнае бочкі сантымэтраў трыццаць. Мы зь Ягорам паспрачаліся, ці выбухнула б яна, як што. З гэтым пытаньнем і зьвярнуліся да лётніка, але ён адно стомлена адмахнуўся ад нас. За ўзьлётам усе назіралі зь лягеру, схаваўшыся за драўлянаю сушыльняй.
Вінт раскручваецца напоўніцу, тэхнік запрыгвае ў люк і падымае трап, я гатуюся памацней ухапіцца за пакункі. І тут на пагорак, абліваючыся потам, залятае Павал у рэжыме Рэмба: поўны камуфляж, тактычныя боты, накаленьнікі й налакотнікі, маскітная сетка, палярызацыйныя акуляры, вайсковы нож на пасе. Толькі з тундры. Ён махае лётніку, хапае мяне за шкірку й цягне за сабою ў верталёт. Штосьці крычыць на вуха.
Узьлятаем. Бачу ў ілюмінатар, як разносіць скрынкі, некаторыя падаюць у ручай. Весела махаю Сямёну зь Ягорам – ім прыйдзецца замачыць ногі й выслухаць пару пяшчотных слоўцаў ад Алі. Шэф тлумачыць незадаволенаму лётніку, куды кіравацца, я гляджу на краявіды зьнізу. Гукаізаляцыйныя навушнікі ніхто не бярэ. Ляцім нядоўга, прызямляемся на беразе Ёнозера ля маторкі.
– Артыст, трэба зьняць рухавік. Вяртаўся з Козела, на хвалю наскочыў – бах, заглох, ніяк не завесьціся, адляцела штосьці. Дзьве гадзіны да берагу веславаў. Добра шчэ, кліентаў не было. Заўтра па іх Робінсан прыйдзецца выпраўляць.
З дапамогаю кувалды ды йнструмэнтаў, што знайшліся ў тэхніка, здымаем рухавік і на плястыкавых санках зацягваем яго ў верталёт. Назад ляцім над Малым Лызмозерам, бачым унізе хацінку самапраўных паляўнічых на мысе Лызмнярке, выток Варзіны і далей трымаемся ракі.
Па прылёце Павал знаходзіць для мяне чарговую інтэлектуальную працу: загадвае пераносіць трохмэтровыя дошкі з пасадачнае пляцоўкі да гасьцявога дому. Першыя тры цягаю сам-адзін, пакуль не адчуваю, як з пляча пачынае злазіць скура. Бяру на падмогу Юрку. Справа адразу йдзе лягчэй.
Ягор тымчасам топіць лазьню. Дровы ў Запаляр’і – прадукт дэфіцытны, але будаўнікі пакідаюць па сабе багата абцінкаў, таму парымся ці не штодня.
А палове на восьмую скончваем працаваць. Фіны вяртаюцца ў лягер і йдуць у лазьню. Мы распранаемся ў бытоўцы й нецярпліва чакаем, калі ж яны вырашаць вячэраць. Усё ня йдуць. Выпраўляем Ягора паведаміць, што ежа стыне, а Аля ня будзе чакаць да ночы. Ніхто ня хоча злаваць Алю.
Лазьня пасьля фінаў добра натопленая. Парымся доўга, з асалодай. Прыемна ныюць разагрэтыя цягліцы. Прыемна п’ецца «Жыгуль», бляшанку якога прыносіць Павал: кожнаму на пару глыткоў. Прыемна ў чарговы раз слухаць Віталёў аповед пра тое, як ён нос да носу сустрэўся зь мядзьведзем на Дыксане.
Здаюся першым. Выскокваю на паветра, прабягаю пяцьдзясят мэтраў па кладцы й скочу ў Варзіну. Вадзіца бадзёрыць.
Плюхаючыся ў рацэ, заўважаю на дальшым беразе белага аленя. Здаецца, таго ж, што бачыў сёньня на сопцы з сэйдам. Глядзіць на мяне няйначай з дакорам. Калі вылажу, ад яго й знаку не застаецца. Я бянтэжуся.
Добра расьцёршыся, вяртаюся ў бытоўку. Сямён ужо прынёс вячэру: філе кумжы з грыбным соўсам, паранай бульбаю й дзікай цыбулькай. Юркі не падвёў, налавіў рыбы. Але я чамусьці ня рады – шкадую, што папрасіў яго.
Пры стале сядзіць Міша. Ён ніколі ня парыцца. Ніколі нават курткі не здымае. Як я бяруся за ежу, пытае з шчырым непакоем:
– Антоха, чаго ж насуха-та?
Падстаўляю чарку. Ён спрактыкавана налівае да краёў «Пяці азёраў».
Я расказваю Мішу пра аленя, апісваю як запомніў.
– Не альбінос, інакш вочы былі б чырвоныя, а не залацістыя. Хутчэй за ўсё мутацыя, даволі рэдкая. Немень пігмэнту ў поўсьці. Пашчасьціла табе.
Больш на гэты конт Міша нічога ня кажа.
Калі астатнія вяртаюцца з лазьні, ставім на стол лэптоп і горача абмяркоўваем, што паглядзець перад сном з нашае вялізнае калекцыі. Віталь прапаноўвае энтэвэшны сэрыял пра бандытаў – нікому, акром яго, гэта не цікава. Я за навуковую фантастыку – мяне падтрымвае адзін Мікола. Ягор нахвальвае модны нэтфліксаўскі сэрыял, але не пераконвае нас. Міша хоча, каб было цікава й з добрым дубляжом, Сямёну ўсё адно. Юрка як заўжды нацягвае навушнікі й лезе на верхнія нары глядзець сваё анімэ.
Ставім фільм наўздагад. Празь дзесяць хвілінаў з лаянкай вымыкаем – ніхто ня любіць артхаўс. У выніку другім наваратам глядзім старую амэрыканскую камэдыю пра наркаманаў. Усе задаволеныя.
Забягае Аля, але неўзабаве сыходзіць: яна наладжаная пакрычаць, а мы ўсе стомленыя й не гатовыя да сварак. Нават ня просім кампоту да «Пяці азёраў». Завітвае Павал зь вялізным кубкам, крытыкуе наш выбар фільму й гарэлкі. Дадае, што беленькай ён увогуле ня п’е, а калі й піць, дык толькі з альфа сьпіртоў. Мікола моўчкі налівае яму паўкубку, і шэф сыходзіць.
Скончваецца фільм, скончваюцца два літры. Ягор ідзе глушыць генэратар. На дварэ гарлаюць фіны. Віталь добра растоплівае печ, каб пагрэць старыя косьці. Мікола забівае люльку. Сямён апускае аканіцу зь сьмецьцевага пакету. Міша без разьвітаньняў сыходзіць у свой намёт, дзіўна паглядзеўшы на мяне ў дзьвярох. Я лезу на верхнія нары, тут ужо адчуваецца задуха.
У сьвятле ліхтарыку занатоўваю падзеі дня. Зь Мішавае кніжкі ведаю, што спэцыяльны статут экспэдыцыі Ўілаўбі наказваў купцам штодня складаць запісы й захоўваць у памяці назіраньні за землямі й стыхіямі, рухам месяцу й зораў. Вось і я стараюся не прапускаць. У статуце акром таго асабліва адзначалася, што «людзі не павінныя падвяргаць сябе небясьпецы загінуць праз жаданьне атрымаць золата, срэбра ці іншыя скарбы».
Гэта наводзіць мяне на невясёлыя думкі. Прамінула чатырыста шэсьцьдзесят гадоў, а людзі па-ранейшаму цягнуцца нязванымі ў гэтыя халодныя землі. І ня тое каб дзеля прыроднага хараства. Можа, мне, як і сэру Ўілаўбі, белы алень папро
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.