282 000 книг, 71 000 авторов


Электронная библиотека » Леанід Лаўрэш » » онлайн чтение - страница 6


  • Текст добавлен: 26 сентября 2024, 07:02


Текущая страница: 6 (всего у книги 10 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Алена Скінар з Іваноўскіх

Як бы там ні было, але ў канцы 1930-х гг. маёнтак Лябёдка з палацам быў запісаны на Алену Скіндар з Іваноўскіх.

Дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Алены Ганна Карнецкая пісала: «Я мела цётку, сястру майго бацькі, незвычайную жанчыну, якая нас, маладых, у пэўным сэнсе натхняла. Перад Першай сусветнай вайной яна атрымала вышэйшую адукацыю па сельскай гаспадарцы ў Кембрыджы і спецыялізавалася на гадоўлі коней. Была дасканалай наезніцай, яе ўзгадавалі ў сваіх працах навукоўцы-гіполагі (напрыклад, праф. Прускі). Сама вырашыла, на каго і дзе хоча вучыцца, і была накіраваная бацькамі на вучобу пад наглядам уласнай цёткі, маёй стрыечнай бабулі Хэлены. Потым аказалася, што студэнткі жывуць у кантралюемых інтэрнатах свайго каледжа і апека над імі не патрэбна. Былі гэта іншыя часы».

Такім чынам, каля 1905 г. Алена Іваноўская прыехала на навучанне ў каледж Нью-Нам Кембрыджскага ўніверсітэта. У Кембрыджы пераважна з англійскай арыстакратыі і пры яе ўдзеле склаўся гурток студэнтаў, які даследчык Гай Пікарда назваў «Кембрыджскай хеўрай». У гуртку бралі ўдзел паэт Руперт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл, Гуя Онслаў і іншыя. Удзельнікі суполкі сур’ёзна цікавіліся беларускім фальклорам, а сяброўка Руперта Брука Кэтрын Кокс у 1912 г. некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы.


Алена Іваноўская, Кембрыдж. Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl


Трэба заўважыць, што сябры кембрыджскага гуртка, у які ўваходзіла Алена, вывучалі паганства, і таму фальклор, у тым ліку і беларускі, цікавіў іх з гэтага боку. З 1914 да 1924 г. Алена Іваноўская разам з Гуі Онславам (1890 г. н.) апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень, запісаных у ваколіцах Лябёдкі. Публікацыі беларускага фальклору суправаджаліся вялікімі ўступнымі тэкстамі, якія знаёмілі брытанскіх чытачоў з Беларуссю. Напрыклад, сярод іншага ва ўступе да першай публікацыі 1914 г.3131
  Iwanowska H., Onslow H. Some White Ruthenian Folk-Songs // Folklore. Vol. 25. No. 1 (Mar. 31, 1914). P. 91—109.


[Закрыть]
сааўтары напісалі: «Вялікія лясы, якія паранейшаму пакрываюць тут зямлю, аказалі глыбокі ўплыў на характар людзей. Гэтыя лясы – апошнія некранутыя лясы Еўропы, і тут да нашага часу жывуць зубры. Да чатырнаццатага стагоддзя лясы давалі жыхарам адчуванне бяспекі ад ворагаў, сюды не даходзілі цывілізацыя і хрысціянства, якое ахапіла да таго часу больш даступныя краіны, і таму тутэйшыя жыхары былі адным з апошніх паганскіх народаў у Еўропе. Іх рэлігіяй было натуральнае пакланенне сімвалам дрэва, агню і змяі. У пушчы меўся Зніч, ці непагасны агонь (у Віленскім саборы ляжыць камень, на якім падтрымлівалася гарэнне Зніча, а звонку стаяла вежа, з якой Крыве-Крывейта звяртаўся да людзей)…»3232
  Тамсама. P. 91.


[Закрыть]
. Заўважу, што Алену Іваноўскую цікавілі менавіта лакальная, наша, лідская гісторыя і тутэйшы фальклор.

Першая публікацыя ўтрымлівала беларускія тэксты шасці песень з перакладамі на англійскую мову3333
  Oj! Pahnala dzieuchynanka (The maid was driving grey oxen), Z šum eŭ duboček (The oak-tree rustled), Och, ty pole (O! my field!), Hdzie ty chmiel (Where hast thou spent the winter?), Zasumela u boru sasonka (In the forest the pine murmurs), Siwy koniu (The grey horse). – Iwanowska, H., Onslow, H. (1914a) «Some White Ruthenian Folk-Songs’ // Folklore, Vol. 25, No. 1 (Mar. 31, 1914), P. 91—109.


[Закрыть]
. Ва ўступе тлумачыцца паходжанне песень і падаецца кароткая гісторыя Беларусі. Сярод іншага аўтары пішуць: «Часам кажуць Беларусы ці Белыя рускія, аднак ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён – расіец»3434
  «Sometimes called Byelorusses or White Russians, but incorrectly, since no White Ruthenian would ever allow himself to be called by a name which would imply that he was Russian».


[Закрыть]
. Тут упершыню ў англійскай тэрміналогіі быў выкарыстаны тэрмін «White Ruthenia» замест «White Russia».

У тым жа 1914 г. сааўтары апублікавалі яшчэ дзевяць песень3535
  Prylacieli husi (The geese came), Smutna ja smutna (Sad I am, sad I am), Siwy holub (a) and (b) (The grey dove), Oj, ty dzieucyna (Oh! my Maiden), Ja w alsyni wale pasla (In the alder wood I grazed my oxen), Tuman, tuman (The mist, the mist), Nie idzi mostom (Do not cross the bridge), Dalina (The valley). – Iwanowska, H., Onslow, H. (1914b) «Some White Ruthenian Folk-Songs, II» // Folklore, Vol. 25, No. 2 (Jun. 30, 1914), P. 212—226.


[Закрыть]
. Наступныя песні з іх перакладамі выйшлі толькі праз дзевяць гадоў. Гуя Онслаў, паралізаваны пасля інцыдэнту пры катанні на лыжах у 1911 г., памёр у чэрвені 1922-га і, такім чынам, не ўбачыў надрукаванымі трэцюю і чацвёртую публікацыі перакладаў. Незадоўга да яго смерці Алена Іваноўская наведвала Англію, і таму ў прадмове да трэцяй часткі згадваецца, што «захаванне і завяршэнне гэтай каштоўнай калекцыі хутка знікаючых народных песень» стала магчымым толькі з-за «яе нядаўняга візіту ў гэту краіну і адданасці жонкі сп. Онслаў». Трэцяя частка, апублікаваная з дапамогай жонкі Онслаў Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale), змяшчала дзесяць3636
  Pajdu ja dolam, luham (Oh! I will walk through the lowlands and meadows), A u sadu sosna kalychalasia (The pine-tree sways in the garden), Zakuj, zakuj, ziaziulenka rano (Sing, sing, cuckoo, in the morning), Oj recunka, recunka (Oh! river, my river), Zasumiela sum dubrouka (The rustling oakwood murmured), Sabirala dzieucynunka (The maiden gathered cherries), Pajdu ja na kiermas (Oh! I shall travel to the fair), A u poli krynica (There’s a spring in the field), Oj, isli try kazaki (Oh! three Cossacks were walking), Stojic jawor pry darozie (a) and (b) versions (A hornbeam stands by the road-side). – Skomorokhova Svetlana. Arising from the depths // A Study of Belarusian Literature in English Translation: A thesis submitted in partial fulfilment of the requirements for the degree of Doctor of Philosophy in Translation Studies. University of Warwick, Department of English and Comparative Literary Studies. P. 187.


[Закрыть]
, а чацвёртая – дванаццаць беларускіх песень3737
  Oj, pasou winahrad (Oh! the vine was climbing), Zahrukacieli (The black horses), Nas malady jak surawieska (Our bridegroom is like a mushroom), Leta (Harvest song 1 and Harvest song, sung after the midday meal), Pawiej wiecier (Harvest song, Sung at any time of day), Nie syt, ni halodzien (Harvest song, III (Sung after the midday meal)), Da uzo wiecer (Harvest song, IV, Sung just before sunset), Huduc, huduc paludnicki (Call, call for your midday food), Oj, pajdu ja darohaju (Oh! I shall wander down the road), Trubił backa (The father sounded a horn), Zajcyk (The hare [Dance Tune]), Mikita (Dance Tune). – Skomorokhova Svetlana. P. 187.


[Закрыть]
. Усе пераклады рабіліся ў традыцыйным англійскім «навуковым» стылі, перакладчыкі адначасова выступалі і як этнографы – тэксты песень маюць вялікую колькасць тлумачальных зносак. У прадмове да чацвёртай часткі сааўтары тлумачаць: «Асаблівасцю першых чатырох вясельных песень з’яўляецца тое, што яны маюць сумныя словы і музыку. Гэта на самай справе не дзіўна, як здаецца на першы погляд, бо ў Беларусі вяселлі – сапраўды журботныя святы, ва ўсялякім разе да нядаўняга часу гэта было менавіта так. Бо падчас прыгону гаспадар меў не толькі амаль што ўсю ўладу над жыццём і смерцю сялян і мог караць іх па сваім меркаванні, але меў яшчэ і прывілей цераз сілу жаніць людзей, і часта шлюб адбываўся так, як у рабоў у Амерыцы. Таму часта каханне і шлюб былі паняццямі ўзаемавыключнымі».

У каментарыях яшчэ адзначалася, што для беларуса колькасць кукаванняў зязюлі азначае тое ж самае, што і ў Англіі, і «дружкі» на вяселлі, як і ў Англіі, суправаджаюць маладых. Але сэнс слова «цягаўся» тлумачыцца французскім словам «flâner» – англійскага адпаведніка гэтаму беларускаму слову не знайшлося. Гэтаксама немагчыма было дакладна перакласці на англійскую мову радок «Ой, няхай ён скача як Белка», бо «Белка» ў гэтай песні – мянушка сабакі, і сэнс выразу атрымліваецца шматзначны. Не знайшлося адпаведніка і слову «кудзелька» – кавалку воўны ў калаўроце, і Алене даводзілася тлумачыць, што гэта такое.

Такім чынам, Алена Іваноўская і Гуя Онслаў зрабілі першыя навуковыя пераклады мастацкіх тэкстаў з беларускай на англійскую мову.

З пачаткам Першай сусветнай вайны кембрыджская суполка перастала існаваць. Алена Іваноўская з’ехала на радзіму і ў 1915 г. трапіла пад нямецкую акупацыю.


Але вернемся трошкі назад.

Выбітны беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец і публіцыст Аляксандр Мікітавіч Уласаў у 1912 г. у Вільні наладзіў выданне сельскагаспадарчага часопіса «Саха» дэмакратычнага кірунку3838
  Выходзіў у Вільні (красавік 1912 – кастрычнік 1913), у Мінску (лістапад 1913 – студзень 1915). На 27-м нумары выхад спынены ў сувязі з Першай сусветнай вайной. У далейшым выходзіў у Вільні (сакавік 1927 – жнівень 1931), выйшаў 41 нумар.


[Закрыть]
. На старонках яго прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гаспадарчыя парады.

Ужо ў другім нумары «Сахі» з’яўляецца артыкул Алены Іваноўскай (пад псеўданімам Г. Ів., м. Васілішкі, Віл. губ.) «Як з прастой кабылы дахавацца заводнага жэрэбца». У трэцім нумары зноў надрукаваны яе артыкул, гэтым разам «Як даглядаць каня, хворага на золзы» (пад псеўданімам Г. І. Лябёдка, Віл. г.). У чацвёртым нумары «Сахі» друкуецца артыкул В. Тройцы3939
  Менавіта Вацлаў Іваноўскі намовіў да публікацыяў сваю сястру Алену.


[Закрыть]
(Вацлава Іваноўскага) пра канюшыну і артыкул Алены Іваноўскай «Школа і прышчэпкі» (за подпісам: Алена, м. Хільчыцы, Лідзкі пав.). Такім чынам, адразу вызначаюцца галоўныя цікавыя для аўтаркі тэмы: гадоўля коней і садаводства.

За 1912—1913 гг. у першых васямнаццаці нумарах часопіса «Саха» Алена Іваноўская друкуе дзесяць артыкулаў, і ўсе яны напісаны на вельмі добрай, сапраўды жывой беларускай мове.

У перыяд з 1927 па 1931 г. яўных публікацый Іваноўскай (у той час ужо Скіндар) у часопісе «Саха» я не выявіў. Часопіс друкуе аўтараў пад псеўданімам І. С. (Іваноўская-Скіндар?), С. (Скіндар?), С. А. (Скіндар Алена?) па тэмах, на якія магла б пісаць Іваноўская. У №10 «Сахі» за 1928 г. друкуецца вялікі і змястоўны артыкул з малюнкамі па конегадоўлі, але ён наогул не мае ніякага подпісу. І трэба адзначыць, што ўсе гэтыя артыкулы напісаны сухой, не характэрнай для Алены Іваноўскай мовай. Супрацоўніцтва з беларускім часопісам у тыя часы магло быць небяспечным для ўладальніцы маёнтка, да таго ж у чэрвеньска-ліпеньскім нумары за 1928 г. паведамляецца пра арышт рэдактара У. Павалковіча і затрымку выдання часопіса. Але калі нават не браць гэта пад увагу, трэба разумець, што людзі, бывае, змяняюцца: змяняюцца іх прыярытэты і зацікаўленасці. Алена магла спыніць супрацоўніцтва з беларускай прэсай і пачаць пісаць у польскую ці наогул страціць цікавасць да журналістыкі.

9 сакавіка 1915 г. у Вільні рэгіструецца статут Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, якое пасля зацвярджэння губернатарам пачынае працу. Старшыня праўлення Таварыства – Вацлаў Іваноўскі, яго намеснікі – Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Таварыства, узначаленае Вацлавам Іваноўскім, стварала вялікія магчымасці для збірання нацыянальных сіл і было адзінай на той час афіцыйнай беларускай грамадскай арганізацыяй.

Вядома, што з канца 1914 г. Алена Іваноўская ў Лідскім павеце з’яўлялася прадстаўніком Віленскага аддзела таварыства дапамогі ахвярам вайны. Мне ўдалося знайсці наступны артыкул у газеце «Кур’ер Літоўскі», надрукаваны ў самым пачатку 1915 г.: «Уладальнік маёнтка Гурнофель на Лідчыне сп. Альфрэд Бразоўскі знайшоў годную форму таварыскай забавы і адначасова дапамогі бежанцам. Ён запрасіў у Гурнофель на святкаванне Новага года сваіх суседзяў. І калі ў гасцінных салонах старога палаца сабралася шмат гасцей, найбліжэйшая суседка Гурнофеля панна Яніна Паплаўская з Воўчынак разам з гаспадаром арганізавала з моладзі канцэртную дружыну, якая выступіла на імправізаванай эстрадзе. Панна Ірэна Жураўская4040
  Уладальнік у 1930-я гг. маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі (сын Уладзіслава) пісаў: «З больш далёкіх маёнткаў можна ўспомніць Вензаўшчыну, якой валодалі чатыры пані Жураўскія. Усе былі таленавітыя, мелі галасы мецца-сапрана, і адна з іх, Ірэна, нейкі час выступала ў варшаўскай оперы. Пасля Другой сусветнай вайны эмігравала ў Англію, малявала карціны, якія мелі добрую славу і ахвотна пакупаліся. Другая, Марыя, была таленавітай піяністкай… (у іх) бывалі канцэрты найвышэйшага ўзроўню. Дзве другія сястры – Гурская і Пратасевіч – памянялі свае таленты на шлюб, і ў Вензаўчыне я з імі я не спаткаўся».


[Закрыть]
, якая цяпер вучыцца ў Мышугі4141
  Аляксанлр Мышуга (1853—1922), украінскі оперны спявак і музычны педагог.


[Закрыть]
, з першай хвіліны свайго выступу захапіла прысутных, якія аддзячылі спявачцы апладысментамі і кветкамі… і доўга не адпускалі з эстрады яе сястру Яніну. Потым выступіў знаны спявак Станіслаў Куцінскі… яго талент атрымаў агульнае прызнанне. Мілую неспадзеўку зрабіў адвакат Мацей Ямант, калі прысутныя ўгаварылі яго заспяваць. Прыгожы барытон спевака здабыў сэрцы слухачоў. І калі жонка Яманта ў атачэнні іншых спадарынь пачала збіраць грошы, за адну хвіліну былі ахвяраваны 500 рублёў, якія тут жа ўручылі прысутнай сярод гасцей дэлегатцы ад Лідскага павета ў Віленскім аддзеле таварыства дапамогі ахвярам вайны панне Алене Іваноўскай. Грошы ахвяравалі: малады паэт Антон Прыбытка4242
  Антон Грымайла-Прыбытка, сын генерал-маёра рускай арміі Аляксандра Прыбыткі. У 1920—1930-х гг. неаднаразова выбіраўся ў Лідскую гарадскую раду, быў лаўнікам Лідскага магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам, старшынёй Лідскага краязнаўчага таварыства. Аўтар шэрагу артыкулаў і кнігі «Кароткі турыстычны даведнік па Лідскім і Шчучынскім паветах» (1936). Пры канцы 1930-х гг. працаваў над вялікай манаграфіяй пра Лідскі і Шчучынскі паветы. 20 чэрвеня 1941 г. вывезены ў Мінусінскі край. Далейшы лёс невядомы.


[Закрыть]
, Уладзіслаў Брахоцкі з дачкой і сынамі, Антаніна Жураўская з дочкамі, дырэктар дэпартамента аднаго з міністэрстваў у Пецярбургу, тайны дарадца Леанард Іваноўскі з дачкой, яго сын з жонкай і кузінамі, адвакат Мацей Ямант, жонка генерала Прыбыткі з сынамі, сп-ры Баеры, Мікульскія, Кастравіцкія, Крыгелі, Корбуты, Урублеўскія, Паплаўскія, Сахоцкія, Стапінскія, Свяцкевічы, Фрэйтагі і іншыя».


Немцы занялі Ліду 22 верасня 1915 г.

Першая беларуская школа ў зоне акругі Обер-Ост4343
  «Обер-Ост» – ваенна-адміністрацыйная адзінка. Агульнае кіраўніцтва «Обер-Остам» ажыццяўляў камандуючы Усходняга фронту фельдмаршал, а непасрэднае кіраўніцтва – начальнік штаба фронту. Да вясны 1917 г. «Обер-Ост» дзяліўся на акругі: Курляндыя, Літва і Беласток—Горадня (беларускія землі былі ў складзе дзвюх апошніх акруг).


[Закрыть]
была адкрыта 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр’еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі з удзелам першай жонкі Вацлава Іваноўскага Сабіны Іваноўскай.

Несумненна, падчас грамадскай працы па дапамозе ахвярам вайны Алена зноў зблізілася з колам беларускай інтэлігенцыі, тым больш што сярод стваральнікаў першай беларускай школы ў Вільні былі і жонка яе брата Сабіна, і суседка Алаіза Пашкевіч. Таму ўжо ў лістападзе 1915 г. у мястэчку Васілішкі Лідскага павета Алена Іваноўская адкрыла беларускую пачатковую школу. Але школа доўгі час не магла распачаць заняткі з-за супрацьдзеяння мясцовага «абыватэльскага» камітэта, у якім панавалі польскія абшарнікі. І ўсё ж: Алена Іваноўская – родная сястра Вацлава Іваноўскага – першая вядомая нам беларуская настаўніца на Лідчыне.

У часы Першай сусветнай вайны яна навучылася паляваць конна з хартамі на зайца: «Мяне ў гады Першай сусветнай вайны навучыў паляваць Мацей Марачэўскі. Тады палі былі пераважна неапрацаваныя і развялося шмат зайцаў. З’язджаліся з ім у дзесяці кіламетрах ад Лябёдкі. Зайцамі карміла ўвесь дом».

А ў 1919 г. вакол Лябёдкі, у якой жыла Алена, разгортваліся драматычныя падзеі.

У гэтым месцы трэба зноў згадаць сябра Вацлава Іваноўскага Амброзія Кастравіцкага – брата Казіміра Кастравіцкага, які таксама на пачатку XX ст. займаўся беларускім кнігавыдавецтвам. У той час Кастравіцкі жыў у Лідзе і ў кастрычніку 1918 г. разам з сынам Самуэлем з’яўляўся сябрам польскай Самаабароны Лідчыны.

Бацька і сын Кастравіцкія вызначыліся ў час падзей вакол Лябёдкі Іваноўскіх. Зімой 1918/1919 г. у суседнім з Лябёдкай маёнтку Гурнофель знаходзілася база вайсковых аддзелаў польскай Самаабароны. На пачатку студзеня аддзелы Самаабароны паспрабавалі выбіць з Ліды бальшавікоў, але паход на Ліду не ўдаўся.

Пасля гэтага 9-ы конны аддзел лідскай Самаабароны з мэтай выведкі ў бок Ліды спыніўся ў маёнтку Лябёдка. 15 студзеня 1919 г. атрад чырвоных, які налічваў 300 добра ўзброеных жаўнераў і меў некалькі кулямётаў, на вазах накіраваўся ў бок Васілішак. 16 студзеня ноччу, калі на варце знаходзіўся 16-гадовы гімназіст-улан Самуэль Кастравіцкі, а пры канюшні – Лявон Барташэвіч, чырвоныя наблізіліся да Лябёдкі. Заўважыўшы бальшавікоў, вартавыя пачалі страляць, але ўвесь Лідскі аддзел спаў у сваёй казарме. Не бачачы супраціву з польскага боку, чырвонаармейцы ўварваліся на падворак, узялі ў палон Барташэвіча і параненага Кастравіцкага і занялі канюшню з коньмі. Пасля блытанага начнога бою 9-ы конны аддзел лідскай Самаабароны быў разбіты – уцяклі толькі 4 чалавекі, 6 уланаў былі забіты, 7 узяты ў палон, у рукі чырвоных трапілі 19 коней і 5000 марак.

17 студзеня аддзелы Самаабароны з Гурнофеля адышлі да Шчучына, але яшчэ вечарам 16 студзеня доктар Амброзі Кастравіцкі на двух параконных санях прывёз з Лябёдкі ў Гурнофель целы загінулых: харунжага Стэфана Крыдля, капрала Юзафа Мейлуна, капрала Станіслава Шалевіча і ўланаў Юльяна Лібіха, Віктара Шкопа і Станіслава Вайцяхоўскага. Паводле ўспамінаў відавочцаў, знешні выгляд загінулых марозіў кроў у жылах. Выкалатыя штыкамі вочы, на грудзях кожнага дзясяткі ран, пакрытых спёкшайся крывёю, усе раздзетыя дагала.

Пасля гэтых падзей Алена Іваноўская ратавалася ў Гродне. Вось што запісаў Антон Луцкевіч 24 лютага 1919 г. у сваім дзённіку: «Сустрэў п. Гэлену Іваноўскую: толькі што прыехала з-пад Васілішак. Кажа, што ў дарозе даведалася аб наступленні двух палкоў бальшавікоў у ваколіцах Жалудка, дзе апэраваў бандыцкі польскі атрад Дамброўскага».


У 1922 г., незадоўга да смерці сябра сваёй маладосці Гуі Онслава, Алена Іваноўская прыязджала ў Англію. Пляменніца Ганна Карнецкая з Іваноўскіх згадвала: «Цётка Алена час ад часу наведвала Англію, і калі-нікалі адтуль прыязджалі яе сяброўкі. Захапляліся несапсаванай вёскай і драбіністымі вазамі… Гэта цётка Алена са сваімі англійскімі звычкамі навучыла мяне спаць летам у садзе ці на тэнісным корце пад зоркамі. Цётка кожны вечар выцягвала палявы ложак за дом, а часта слала сабе на сене перад верандай, там, дзе газон пераходзіў у луг, разам з ёй клаліся яе харты. На ранку купалася ў халодным ручаі і потым практыкавалася ў конным спорце».

Сусед Іваноўскіх Караль Лясковіч успамінаў, што Алена незалежна ад надвор’я купалася ў рацэ да самых маразоў і гэтую звычку захавала да канца жыцця.

У першай палове 1920-х Алена выходзіць замуж за Казіміра Скіндара (1891– 1941?), уладальніка маёнтка Капцюха. Пляменнік Казімір Іваноўскі так апісвае вяселле сваёй цёткі: «У касцёле Старых Васілішак брала шлюб цётка Алена Іваноўская. Яна вельмі любіла коней і хартоў і была дастаткова эксцэнтрычнай жанчынай. Пастанавіла прыступіць да шлюбу ў касцюме амазонкі. Калі вяселле конна выехала з Лябёдкі, замкнутыя ў доме харты вылі ад роспачы і выглядвалі ў вокны, каб убачыць кавалькаду, якая паехала ў касцёл. Тады нехта выпусціў сабак на волю, і яны па свежым следзе кінуліся наўздагон. Дзверы касцёла былі адчынены, таму ўся зграя з сямі шчаслівых, бо знайшлі гаспадыню, сабак радасна вылецела да алтара якраз падчас цырымоніі. Нягледзячы на замяшанне, шлюб адбыўся».

Падобна да таго, што гэтае вяселле запомнілася сваякам і суседзям, бо і Ганна Карнецкая з Іваноўскіх успамінала: «Пасля смерці дзеда Леанарда (1919) у Лябёдцы гаспадарылі толькі цётка Алена са сваім мужам (да шлюбу ў парафіяльны касцёл паехала конна і ў брыджах) – землеўладальнікам, дальнім суседам, а ўсе яе браты выйшлі са сваімі надзеламі».


Алена Скіндар з Іваноўскіх, каля 1930 г. Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl


Пра сабак, і коней, і шлюб Алены памяталі і пісалі ўсе яе суседзі. Напрыклад, у рукапісе ўспамінаў уладальніка Малога Мажэйкава Андрэя Брахоцкага чытаем: «Недалёка ад Касцянёва быў маёнтак Лябёдка Іваноўскага, які ў свой час ажаніўся з паннай Райхель. Уладальніка Лябёдкі называлі генералам, бо ён калісьці служыў у Пецярбургу і меў чын „тайного советника“, быў дырэктарам дэпартамента гандлю і прамысловасці, што ў той час лічылася вельмі высокай пасадай у іерархіі царскага чынавенства ў Пецярбургу. Купіў ці быў дзедзічам Лябёдкі, маёнтка ў чатырыста гектараў, якія асушыў, пабудаваў новыя добрыя будынкі і завёў чатыры тысячы пладовых дрэў. Меў чатырох сыноў і адну дачку. Два сыны лічылі сябе палякамі, адзін быў беларусам, а адзін – летувісам. Дачка выхоўвалася ў Англіі… і мела вялікую сімпатыю да гэтай дзяржавы. Тая сімпатыя выражалася ў тым, што яна ўсё жыццё падтрымлівала стасункі з сябрамі з Англіі, гадавала коней і сабак – спачатку англійскіх гончых, а потым хартоў. Аднак яе галоўным захапленнем былі коні. Яна лічыла, што конь мае душу, спрабавала прышчапіць англійскія звычаі на нашай тэрыторыі, нават арганізоўвала паляванне з гончымі і хартамі ў чырвоных фраках, што неяк не вельмі пасавала да ліцвінскага пейзажу і таму не надта добра атрымлівалася, а мясцовым сялянам дакладна не спадабалася. Ездзіла конна, нават да шлюбу паехала конна са сваім нарачоным панам Казімірам Скіндарам. Нарэшце на скачках у Лодзі ўпала разам з канём, конь яе прыдушыў, і яна доўгі час змагалася за жыццё ў шпіталі. Гэты выпадак не ахаладзіў яе захапленне коньмі, хоць і перастала выступаць на спаборніцтвах і больш не спрабавала арганізоўваць паляванне на ліс. …Хартоў была поўная хата, і калі я прыязджаў у Лябёдку, дык яны панавалі ў салоне, займалі лепшыя крэслы і рыкалі на таго, хто хацеў іх з крэсла сагнаць».

Пра падзенне падчас спаборніцтваў пісаў і Казімір Іваноўскі: «На адным з іх конь не пераадолеў бар’ер, але цётка бар’ер пераадолела і прызямлілася на галаву. Пасля гэтага стала яшчэ больш дзіўнай і эксцэнтрычнай, хоць і да здарэння гэтага хапала».

Сусед Іваноўскіх, сын архітэктара Тадэвуша Раствароўскага Андрэй занатаваў: «Яшчэ бліжэй да Васілішак была Лябёдка пані Скіндар з Іваноўскіх – вялікай спартсменкі, якая гадавала прыгожых коней чыстай крыві. Яе муж, так званы Казюньця, дапамагаў у гадоўлі коней і сабак-хартоў, а таксама ўгаворваў яе супакоіць запал наезніцы, бо яна шмат разоў падала з каня».

У Лябёдцы Алена Скіндар мела вялікую стайню, дзе гадавала прыгожых спартыўных коней і коней на продаж. Гэта быў галоўны падмурак яе гаспадаркі, галоўная крыніца даходу. Для рэкламы сваіх коней яна брала ўдзел у спаборніцтвах. Пляменніца Ганна пісала: «Яна гадавала коней-паўкровак для войска. Жыццё паміж войнамі для нас, маладых, здавалася раскошным. Нейкія рукі падавалі ежу, часам нават пад ліпамі ў лесе. Нейкія душы зімой палілі печы. Дарослыя, пэўна, мелі свае клопаты, бо кошты на збожжа былі нізкія. Таму гадоўля коней для войска, гэтак званыя рамонты, ратавалі сітуацыю. Гэтая гадоўля была добрай справай».

Цікава, што па справах конскай вупражы ў Лябёдку са Старых Васілішак рэгулярна запрашалі рымара па прозвішчы Выдрыцкі – бацьку знакамітага музыкі Чэслава Немана.

Коні і сабакі Алены Скіндар былі часткай дзяцінства яе пляменніка Казіміра Іваноўскага. Ён успамінаў: «Чыста сабачая неразумнасць моцна кантраставала з прыроднай прыгажосцю і арыстакратычнасцю. Асабліва прыгожа яны выглядалі, калі ў полі суправаджалі кавалькаду вершнікаў. Але гэтыя сабакі маглі пакусаць нават дзяцей – маю асабісты досвед. Такія рэчы выходзілі за межы звычайных сабачых паводзін».

Харты штодзень карміліся аўсянкай, гатаванай на здыхліне, ад чаго смурод стаяў на палову палаца. Сабачая ежа разлівалася па лаханках недалёка ад кухні. Калі варыва трохі астывала, Алена, якая жыла на першым паверсе, пускала зграю, і сабакі беглі праз калідор, збіваючы ўсё, што траплялася на іх шляху: гэта былі гонкі за лепшым кавалкам мяса, які атрымліваў пераможца. Не дзіва, што Алена праз нейкі час развялася з мужам – жыць з такой жанчынай было цяжкім выпрабаваннем.

Але добрую спартсменку, гаспадыню прыгожага палаца з пародзістымі коньмі і сабакамі, высокаадукаваную і цікавую жанчыну, Алену Скіндар добра ведалі ў тагачасным грамадстве, і яна выклікала законную цікаўнасць з боку тагачасных творчых асоб. «Алене Скіндар-Іваноўскай, слыннай наезніцы і знаўцы хартоў з удзячнасцю пра чароўны адпачынак у яе Лябёдцы і цудоўныя конныя шпацыры з ёй», – з такім прысвячэннем да першай главы ў 1934 г. выйшла кніга прозы Ежы Стрэмя Яноўскага.

Летам 1939 г. у Алены гасцяваў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі. Аўтар аўтабіяграфічнага рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» толькі ў 1937 г. вырваўся з турэмных муроў, і кніга адразу прынесла яму вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў выдадзены на адзінаццаці мовах свету.

Адразу Пясецкі патрапіў у суседні з Лябёдкай маёнтак Воўчынкі, якім валодала экстравагантная абшарніца Яніна Мейр. Пра гаспадыню гэтага маёнтка яе сусед Караль Лясковіч пісаў: «Яніна Мейр з Паплаўскіх – сапраўдная з’ява ў нашым павеце. Перад Першай сусветнай вайной яна ўспадкавала ад бацькі і дзядзькі значны маёнтак, які складаўся з фальваркаў і меў агульную плошчу каля 800 га. У 1939 г. засталося толькі 244 га. Астатнюю зямлю гаспадыня ці танна прадала, ці падарыла сябрам і сялянам з навакольных вёсак. Было ў ёй нешта ад Жорж Санд. Не надта прыгожая, але вельмі жаноцкая, самастойная, з разнастайнымі зацікаўленасцямі, поўная капрызаў, рамантычная, падобная на суфражыстку. Інтэлектуалка, якая кіравалася ў жыцці сантыментамі4444
  Яніна Мейр у 1940 г. была арыштавана і вывезена ў глыб СССР, што для яе – сацыялісткі – было нечаканым прабуджэннем ад мараў. З СССР праз Персію, Палесціну і Егіпет дабралася да Лондана і там памерла ў 1950-х гг. у беднасці і адзіноце.


[Закрыть]
. У яе Воўчынках бывалі госці розных поглядаў і прафесій: літаратары, артысты, палітыкі і нават „нябесныя птушкі“. Калі б у той час жыў граф Каліёстра – ён не абмінуў бы Воўчынак, як не абмінуў іх авантурнік, перамытнік і нават бандыт Пясецкі, аўтар „Каханка Вялікай Мядзведзіцы“. У Воўчынках увесь час бавіліся госці, хоць гаспадыня дома не надта думала пра кухню. Падчас летніх вакацый Воўчынкі нагадвалі нейкую рэспубліку, у якой кожны госць гаспадарыў як у сваім доме. Дазвалялася яму ўсё, акрамя аднаго: быць нудным».

Верагодна, пазнаёміліся Алена Скіндар і Сяргей Пясецкі ў суседніх Воўчынках.

Пікантнасць знаходжання Пясецкага ў Лябёдцы была ў тым, што менавіта за ўзброены рабунак вагона вузкакалейкі (платформы з дошак на чыгуначных колах, якую па рэйках цягнуў конь, – так званай лоркі), які курсіраваў паміж Скрыбаўцамі і Васілішкамі – практычна ў ваколіцах Лябёдкі, Сяргей Пясецкі ў 1927 г. Лідскім судом быў прыгавораны да смяротнай кары, якая потым была заменена на пятнаццаць гадоў турмы4545
  Гл: Лаўрэш Л. Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне // Маладосць. 2015. №2. С. 148—153.


[Закрыть]
. Пра дзёрзкі ўзброены налёт на лорку і суд над Пясецкім пісалі ўсе тагачасныя віленскія і варшаўскія газеты. Так атрымалася, што Вацлаў Іваноўскі жыў тады ў Германіі і пра падзеі каля Васілішак прачытаў у нямецкіх газетах, якія падрабязна пісалі пра рабунак на «міжнароднай трасе Васілішкі—Скрыбаўцы». З’яўленне ў Лябёдцы сапраўднага «бандыта» выклікала шок у жыхароў наваколля і прыслугі Алены, бо мясцовыя людзі добра памяталі той рабунак і як пра вялікую сенсацыю распавядалі пра яго нават праз шмат гадоў.

Як толькі Сяргей Пясецкі з’явіўся ў Лябёдцы, зайздросныя суседзі празвалі яго «Каханкам старой мядзведзіцы». А старая ахмістрыня Іваноўскіх сп. Мазгель – паважаная гаспадыня дома – запытала ў пляменнікаў пра госця нашай спадарыні. Ёй патлумачылі, што гэта менавіта той самы чалавек, які абрабаваў лорку.

– Я іду дамоў, з такім бандытам пад адным дахам начаваць не буду, – са здаровым сялянскім сэнсам сказала старая.

З цяжкасцю ёй растлумачылі, што цяпер гэты чалавек – знакаміты пісьменнік і рабаваць яе, пэўна, не будзе. Але ахмістрыня так і не зразумела, як можна запрашаць і прымаць у сваім доме бандыта.

Пляменнік Алены Казімір Іваноўскі часта размаўляў з Пясецкім: «Той цікава расказваў пра сваё бурлівае жыццё, а адзін яго аповед запомніўся мне назаўсёды. Акрамя іншага, ён яшчэ краў і коней. Каб скрадзены конь не заржаў, выкарыстоўваўся стары трук. Да конскага хваста прымацоўвалі камень, прычым валасы хваста завязвалі так, каб камень быў як у сетцы. Пасля гэтага конь ніколі не ржаў. Ужо ў час вайны, амаль што нічога не ўзяўшы з сабой, мая цётка збегла ў летувіскую Вільню. На фурманцы праз мяжу вёз яе барадаты стары селянін па імені Гаўрыла. Мяне зацікавіла, як яны абмінуць густыя патрулі савецкіх памежнікаў, каб конь ні разу не заржаў.

– А вельмі проста, усадзім яму камень у хвост, – адказаў стары.

– Дык гэта вы, спадар Сяргей! – усклікнуў я.

Нягледзячы на добры грым, я пазнаў яго, і ён моцна сканфузіўся. Супакоіў яго, сказаўшы, што пазнаў толькі з-за гісторыі пра каня».

Пра ўцёкі з Лябёдкі я яшчэ напішу, а пакуль што заўважым, што ратаваў Алену Скіндар сам Пясецкі.

Тым апошнім перадваенным летам у Лябёдцы акрамя Пясецкага гасцявала яшчэ і сяброўка Алены – англійская журналістка Клер Райнольд Чансэрэль (Clair Raynolds Chancerelle). Прозвішча яе тлумачыцца замуствам з французам, але да 1939 г. яна развялася. Вядома, што вечарам 31 жніўня 1939 г. Клер Райнольд Чансэрэль знаходзілася ў маёнтку Ішчална: «Дарогу з Лябёдкі да Ішчалны – 10 км – яна праехала конна… У Лябёдцы знаходзілася як журналістка. Пісала для некалькіх англійскіх газет пра наш край. Між іншым, ужо даслала ў Лондан апісанне і фотаздымкі Ішчалны. З ёй у нас завязаліся мілыя стасункі. Яна прыехала, каб расказаць нам вельмі важную навіну, перададзеную лонданскім радыё, – на ўсходняй мяжы Польшчы адбываецца вялікая канцэнтрацыя савецкіх войскаў».

Аднак вайна для ўсіх пачалася знянацку.

Любімая пляменніца Алены Скіндар – Ганна Карнецкая (дачка Вацлава Іваноўскага) – пісала: «І прыйшла вайна 1939 года. Усе маладыя мужчыны, і мае браты, пайшлі ў войска. Мы, бабы, малацілі збожжа, каб нашы жаўнеры мелі хлеб, на патрэбу арміі аддавалі дарослых коней і вазы. Ажно 17 верасня „вызвалілі“ нас ад усяго бальшавікі. За два дні Лябёдка страціла ўсё – забралі ўсіх коней: матак, двухлетак і нават жарабцоў і кароў. Адна старая баба сказала на палітычным сходзе: „Вызвалілі вы нас ад усяго: ад печкі, ад кароўкі… толькі гэта чырвоная ануча трапечацца і трапечацца!“ …Жылі ўсе разам у вялікім доме і, каб выжыць, кралі ўласную жыўнасць – курэй і качак з курніка. Ніякай уласнасці больш не мелі». Былы муж Алены, Казімір Скіндар, быў арыштаваны і ўжо больш ніколі не вярнуўся дахаты.

Пляменніца Ганна пісала далей: «Каля Лябёдкі, па фальварках, пазаставаліся іншыя жанчыны, пераважна з малымі дзецьмі, а таксама і я са сваёй маці (Сабінай з Ячыноўскіх – першай жонкай Вацлава. – Л. Л.), якая жыла ў фальварку Рагачоўшчына. Нашы мужчыны пасля 17 верасня вярнуліся з фронту і патаемна пайшлі ў Вільню, каб потым перабрацца на захад і ваяваць. Тым часам паміж намі і Вільняй з’явілася мяжа: з аднаго боку з ласкі Саветаў новая Літва, з іншага – Беларусь. Браты з Вільні арганізавалі нам пераход праз гэту новую мяжу з нанятым кантрабандыстам».

Як мы ўжо ведаем, гэтым кантрабандыстам быў Сяргей Пясецкі. У паход праз мяжу ў Вільню Алена ўзяла толькі аднаго са сваіх хартоў – Яцуся. Ён меў цёмны колер і таму быў менш бачны ноччу. «Мы павінны былі зрабіць класічны нелегальны пераход мяжы – пасярод ночы і паміж вартавымі. Усіх іншых, белых хартоў (мела яна іх сем) цётка пакінула людзям, у разліку, што хутка вернецца. Англічанка забрала ў мяшок сваю партатыўную друкарку з тэкстамі, напісанымі ў нас, і выехала з цёткай на нанятай фуры. За імі я з маёй маці на іншай фуры. Маці жонкі майго брата з унукам Андрэйкам – на трэцяй. Наша фура была з леснічоўкі Баяры, дзе мы бавілі вакацыі да вайны. Я хацела забраць любімую таксу Туркуця – бо гэта панскі сабака, а мы павінны былі ўдаваць з сябе бежанцаў ад немцаў з Варшавы. Рознымі спосабамі, праз Вялікія Салечнікі, арыштаваныя і зноў вызваленыя, нарэшце мы ўсе патрапілі ў Вільню. І сабака Яцусь, і англічанка, а разам з ёй і мех з друкаркай і машынапіснымі нататкамі, футра для саней і мае французскія і англійскія слоўнікі і Ларус4646
  «Larousse gastronomique» – гастранамічная энцыклапедыя, кулінарная кніга.


[Закрыть]
. Пачалося савецкае, літоўскае, а потым зноў савецкае жыццё ў Вільні, у тлумах розных людзей з усёй Польшчы, афіцэраў і падхарунжых, братоў і кузінаў – усе яны імкнуліся праз Літву і Швецыю і далей на захад, у войска. Цётку Алену пасялілі на вёсцы ў літоўскім фальварку дзядзькі Тадэвуша (фальварак Гелюкас). Сядзела там з Яцусем у атачэнні мясцовых жывёл. Памятаю, што на шпацыры з Яцусем хадзіла і свінка. …Англічанка жыла ў Вільні і рабіла свае запісы. Вольны час праводзіла ў прафесарскім асяродку УСБ4747
  Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя.


[Закрыть]
. Англічанка хутка памерла ў Вільні ад завароту кішак».

Пляменніца не піша, што «нанятым кантрабандыстам» быў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі, але намякае на гэта, кажучы, што «пераход праз мяжу быў цалкам як у Сяргея Пясецкага ў кнізе „Каханак Вялікай Мядзведзіцы“. Ці чыталі Сяргея Пясецкага? Пісаў ён і пра падпольныя акцыі падчас Другой сусветнай вайны».

У канцы 1939 г. у Вільні сабралася амаль уся сям’я Іваноўскіх: браты Вацлаў, Тадас і Станіслаў, сястра Алена, першая жонка Вацлава Сабіна з дзецьмі Стэфанам, Вацлавам і Ганнай – усе яны ратаваліся ці ад савецкай улады, ці ад немцаў.

У Вільні знаёмства паміж Аленай Скіндар і Пясецкім працягвалася. Гэта добра бачна з рамана «Чалавек, ператвораны ў ваўка». У рамане Пясецкага галоўны герой, ад імя якога вядзецца аповед (Юзаф), здымае кватэру ў маленькім доміку ў наваколлі Вільні ў жанчыны (Ядвігі), якая з’яўляецца сястрой двух братоў (праўда, у рамане – стрыечных братоў), прычым адзін з братоў мае дачку Ганначку (нават імя супадае з Ганнай Іваноўскай, дачкой Вацлава). Але самае галоўнае, абодва браты – прафесары. Навукоўцы, пры тым адзін з іх «летувіс, а другі заўзяты беларус».

Верагодна, адным з прататыпаў Ядвігі ў рамане стала будучая жонка пісьменніка прыгажуня Ядвіга Вашкевіч, з якой ён пазнаёміўся падчас Другой сусветнай вайны, калі жыў у фальварку сям’і Вашкевічаў пад Вільняй. Але толькі Алена Іваноўская мела двух братоў-прафесараў, беларуса Вацлава і летувіса Тадаса, і толькі яны ў той час падыходзілі на гэтую ролю: ні адна сям’я ў нашых мясцінах у той час не мела гэткай асаблівасці.

Паміж героямі рамана Ядзвігай і Юзафам адбываецца размова:

«Ён зразумеў, што можа пазнаёміцца з палітычным дзеячам (маецца на ўвазе беларускім. – Л. Л.) … узрадаваўся, але зрабіў выгляд, што яшчэ разважае.

– А можа, сціплы паляк паміж такімі нацыяналістамі будзе зайцам сярод ваўкоў? <…>

– Яны вельмі сімпатычныя, але сварацца паміж сабой.

– А як выглядае дзяўчына? (Маецца на ўвазе Ганна, дачка прафесара. – Л. Л.)

– У яе прыгожыя з агеньчыкам вочы, прыўкрасны твар і фігура. Яна ведае пра гэта і зазнаецца. <…>


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0


Популярные книги за неделю


Рекомендации