Читать книгу "Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць"
Автор книги: Леанід Лаўрэш
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: 18+
сообщить о неприемлемом содержимом
«Іншым разам, даўно-даўно, – апавядала Батурыха, – адзін чалавек выбраўся ў далёкае падарожжа. Па-рознаму бывала: часамі ішоў пешшу, радзей ехаў. Раз праязджаў праз дужы, цёмны лес, і там на яго напалі разбойнікі. Не меў зброі, але ў кішэні кажуха ляжаў кавалак каўбасы. Выняў яго, прыставіў разбойніку да вока і кажа: „Адыдзі, бо зараз застрэлю“. Бандыт спужаўся, і гэты чалавек шчасліва дайшоў да горада. Тут, каб паесці, зайшоў у карчму і, седзячы з іншымі за сталом, расказаў пра свае прыгоды. Потым пайшоў далей, і хутка ў лесе яго зноў акружылі разбойнікі. Але на гэты раз ён меў пісталет, які з-за перасцярогі купіў у горадзе. Калі разбойнік запатрабаваў грошы, чалавек выхапіў зброю і прыставіў яе ворагу да твару, але той не спужаўся і сказаў: „Ведаю, ведаю, які маеш пісталет, страляй, калі можаш“. Падарожнік стрэліў і застрэліў разбойніка. Аказалася, застрэлены быў сярод людзей, якім чалавек расказаў у карчме сваю гісторыю».
Часам аповеды былі вельмі страшнымі, напрыклад, пра злых духаў і мерцвякоў. Тады дзеці баяліся ісці ў суседні пакой і чакалі, калі ў сталовай запаляць лямпу і пачнуць накрываць на стол вячэру. Адна з вясковых кабет расказвала, што нейкі чалавек павесіўся, а калі яго пахавалі, ноччу часта ўставаў з магілы і падарожнічаў. Падобна, нехта з дзядзькаў, якія жылі пры маёнтку, адзін раз яго і сапраўды бачыў. Свяціла поўня, было светла як удзень і стаяў дужы мароз. Каля поўначы гэты вісельнік – ужо шкілет – бег праз замёрзлую багну з вёскі Сонтакі, што каля Васілішак, у бок Лябёдкі. Ажно чутно было, як бразгаталі яго косці. Другая ж кабета сказала, што гэткі шпацыр памёрлых можна спыніць: трэба толькі паклікаць ксяндза, каб ён пакрапіў святой вадой. Трэцяя казала, што яе матуля ў такой сітуацыі радзіла адкапаць труну, адцяць памёршаму галаву і палажыць яе каля ног нябожчыка – ён не зможа дастаць галаву рукамі і прыставіць яе на месца і таму не выйдзе з магілы. Тадас піша, што малым не мог зразумець, чаму, каб спыніць прывідаў, ніхто не карыстаецца гэтымі спосабамі. Дзеці згаджаліся, што і сапраўды там на багне, паблізу такіх месцаў, як Загарні, Арцішы ці Дварчаны, жылі злыя духі. Каля поўначы яны выходзілі на шпацыр па гасцінцы, а найчасцей па могілках. Аднаго разу ляснік Вінцук, які жыў у Ванёўцах, сам бачыў д’ябла ці злога духа. Было гэта так: ішоў дарогай і, набліжаючыся да крыжа, які стаяў у лесе як памяць пра паўстанне 1863 г., убачыў асобу, якая стаяла як належыць чалавеку, але увесь час з сябе нешта здзьмухвала. «А што ён з сябе здзьмухвае? – запытаўся адзін з парабкаў. – Можа, вошы?» – «Не, не вошы, калі б вошы, дык забіваў бы іх». Потым той чалавек хутка расплыўся і знік у імгле.
Гэтыя аповеды вельмі ўражвалі дзяцей. І часам, калі ад марозу трашчаў плот, здавалася, што гэта трашчаць нячысцікі. Але надыходзіў час вячэры, адчыняліся задымленыя дзверы кухні і ўваходзіў наглядчык маёнтка Лапінскі, а за ім крэпкая дзеўка, якая несла ежу. Лапінскі хвіліну слухаў дзіцячыя гісторыі, а потым заўважаў, што нельга ў гэты час казаць пра злых духаў, бо д’ябал з’яўляецца менавіта там, дзе пра яго гавораць. І тут тое самае можа здарыцца: з’явіцца і ўсіх настрашыць.
А вось пра добрых духаў у Лябёдцы ніколі не размаўлялі – пра іх існаванне малыя Іваноўскія даведаліся толькі потым. Таксама потым ім расказалі, што паміж злымі і добрымі духамі існуюць сярэднія – больш альбо менш злыя, а часам і цалкам не злыя. Жывуць яны паўсюдна, але найчасцей у багнах, часам таксама ў будынках ці, напрыклад, у стайнях. Завуць іх па-рознаму. У Лябёдцы духа з багны Кятуркі звалі дзядок з балота. Паводзіны гэтых дзядкоў былі рознымі, і чалавек ніколі не ведаў, што ад іх чакаць. Часам яны маглі рабіць людзям розныя паскудствы, а іх любімай справай было суправаджаць таго, хто заблукаў. Гэтак было з адным мужчынам, які ноччу вяртаўся з Сабакінцаў. Дзядок завёў яго ў дрыгву, мужчына развярнуўся, але зноў патрапіў у балота. Ездзіў так усю ноч, выехаў толькі на раніцы і пачуў за спінай: «Ха, ха, ха, ха!» Тады зразумеў, хто ўвесь час вадзіў яго.
Гэты дзядок часамі сам не ведаў, чаму крыўдзіць нейкіх звяркоў ці, наадварот, нейкім звярам дапамагае. Найчасцей гэта былі коні. Калі дзядок палюбіць нейкага каня, дык пачынае ўсяляк над ім апекавацца: ноччу прыносіць яму авёс, і тады конь становіцца тлустым, прыгожым, міла на яго паглядзець. Але калі нейкага каня няўзлюбіць, дык не дае яму жыцця. Ездзіць на ім начамі і вяртае ў стайню толькі на раніцы.
Дзядок з балота часам сябраваў з некаторымі людзьмі і добра імі апекаваўся. У адлегласці 4 кіламетры ад Лябёдкі была вёска Арцішы. Яе жыхары мелі выразны літоўскі акцэнт і ўжывалі шмат літоўскіх словаў, за што іх іншыя высмейвалі. Жыў там гаспадар Сяргей – вялікі паляўнічы. Так моцна яго цягнула да палявання, што адкладваў убок усю іншую працу і ішоў паляваць. Як толькі з’яўлялася нейкая птушка ці звер, можна было быць пэўным, што Сяргей знойдзе яго і ўпалюе. Усе паляўнічыя ў ваколіцы зайздросцілі яго поспехам, хоць ён меў толькі старую, доўгую, іржавую стрэльбу і звычайнага кудлатага дварнягу. Здаўна падазравалі, што Сяргей сябруе з дзядком з балота. Праз нейкі час усё высветлілася. Адзін чалавек позняй восенню, калі на балоце травы цалкам пажаўцелі, бачыў, як дзядок стаяў на купе і трымаў за вушы зайца, а Сяргей цэліў у яго са сваёй стрэльбы.
Як выглядаў дзядок з балота, ніхто дакладна не ведаў. Казалі толькі, што ён невялікі, чарнявы і трохі падобны да пня выкапанай з зямлі вольхі, як тыя пні, што ляжалі ў Лябёдцы за садам.
Дзеці лічылі, што калі б у лябёдскім доме быў свой дзядок з балота, дык напэўна ён жыў бы на паддашку. Бо там ляжала незлічоная колькасць розных старых рэчаў: паламаныя крэслы, старыя куфры, абутак, кілімы, часткі сельскагаспадарчых машын і нават старая вопратка. Усё гэта было пакрытае пылам, месца было цёмнае і непрыемнае. Ноччу тут рабіліся дзіўныя рэчы і не раз чуліся выразныя адгалоскі хады, скачкоў, розныя гукі. Калі малыя Іваноўскія ішлі туды ўдзень, дык адзін раз яны нават прагналі старую саву, якая ўляцела праз акно.
Калі беларускія людзі збіраліся разам, каб выканаць нейкую працу, настрой і тэмы размовы ў іх бывалі розныя. У Лябёдцы падчас вячэрняй працы размаўлялі пра суседзяў, пра дзяўчат, якіх далёка выдалі замуж, пра жыццё ў іншых парафіях і г. д. Была такая служка Фрузя, якая раней служыла ў ваколіцах Радуні. Казала, што людзі размаўляюць там толькі па-літоўску, мужчыны носяць кашулі паверх штаноў, а жанчыны, перад тым як ісці ў касцёл, прыгожа апранаюцца, ладуюць каралі і каляровыя стужкі. Там ёсць рака Дзітва, на берагах якой, у балотах жывуць розныя птушкі, і ўсе яны прыгожа спяваюць. А якая там рыба! Самы такія, што, калі кладзеш на воз, хвост цягнецца па зямлі. Паблізу рэчкі ёсць вёска, у якой вадзілася шмат вужоў. Калі на падлогу паставіць місу з малаком, з усіх нор выпаўзалі вужы і імкнуліся да міскі піць. Дзеці адганялі іх – білі лыжкамі па галавах. Хлявы і стадолы поўніліся тымі вужамі, а летам, калі сяляне вывозілі гной пад жыта, знаходзілі іх на полі цэлымі клубамі. Але «гігуны» (гэтак беларусы звалі літоўцаў) не баяліся вужоў. Адзін раз было гэтак: адна кабета мела карову і, калі рана прыйшла яе падаіць, убачыла вялікага вужа, які смактаў малако з вымя. Кабета ўзяла цэп і забіла вужа. Пасля гэтага карова стала даваць мала малака, бо шкадавала вужа.
Іншымі вечарамі спявалі беларускія песні з тонкімі, лірычнымі мелодыямі. Усе вельмі любілі: «Прыляцелі гусі да чужога краю, памуцілі ваду на ціхім Дунаю…». Дзеці часта ўяўлялі сабе шэрых гусей, якія прыляцелі на прыгожы Дунай і замуцілі ваду. Іншая песня, якая вельмі падабалася, гэта «Ой ты, рэчанька, чаму ж ты не поўная. Чаму ж ты не поўная, у берагах не роўная». Тады малыя ясна бачылі пакручастую рэчку з высокімі берагамі, якая цякла праз луг.
Гэтыя і іншыя песні спяваліся ў Лябёдцы шмат разоў, і малыя Іваноўскія прасілі дзяўчат, каб спявалі іх яшчэ і яшчэ. Не дзіва, што праз шмат гадоў Алена Іваноўская пераклала на англійскую мову, пракаментавала і надрукавала ў чатырох нумарах англійскага часопіса «Фальклор» некалькі дзясяткаў беларускіх песень, але пра гэта будзе далей.
Беларускі асяродак у Лябёдцы прывёў да таго, што ў варшаўскай гімназіі Іваноўскія не адчуваліся сябе сярод сваіх, Тадас успамінаў: «Але вось я ў Варшаве, я вучань гімназіі, і ўсе мае калегі – чыстай крыві палякі. Кпяць з мяне, з маёй мовы, абзываюць мяне. Я таксама чую, што не ёсць такі, як яны, паміж намі існуе розніца. Яны ведаюць, што яны палякі, і маюць для гэтага падставы. Жывуць у Польшчы і паміж сабой размаўляюць на чыстай польскай мове. Я пачуваюся ліцвінам, летувіскай мовы не ведаю і на ёй не размаўляю, а палякі высмейваюць маю польска-беларускую гаворку. Больш не маю з імі нічога агульнага. Але ж мая гаворка мне блізкая. У хаце мы, дзеці, хоць і ведалі чыстую польскую мову, размаўлялі на гэтай гаворцы (маецца на ўвазе беларуская мова ці польска-беларуская трасянка. – Л. Л.) і нават пісалі на ёй, каб паказаць, што мы адрозніваемся ад варшавякаў. Не любілі мы іх і таксама з іх кпілі. Мы высмейвалі іх легкадумства і гарадскі стыль, бо адчувалі сваю повязь з вёскай».
Адзначу – яшчэ ў дзяцінстве малыя Іваноўскія пісалі па-беларуску.
Трэба заўважыць, што ўсё выкладанне ў варшаўскіх гімназіях і Варшаўскім універсітэце ішло на рускай мове. У гімназіях польская мова вывучалася па-жаданні, як факультатыў, адну гадзіну на тыдзень. Малыя Іваноўскія мелі «беларускія» праблемы з рускай мовай: «Рускі язык вывучыў хутка, бо ён быў падобны на беларускі, але доўгі час, нават у гімназіі, калі пісаў практыкаванні, замест рускіх словаў пісаў беларускія, з-за чаго мяне высмейвалі настаўнікі. Напрыклад, казаў „сабака брэша“ замест „собака лает“ альбо „дахаты“ замест „домой“».
І ў 1930-я гг. у Лябёдцы нічога не змянілася. Казімір Іваноўскі пісаў: «Маё пакаленне Іваноўскіх выхавалася ў Лябёдцы і з дзяцінства ведала беларускую мову і запазычыла з яе шмат словаў. Замест „стрый“ мы казалі „дзядзька“, замест „ойцец“ – „бацька“. На гэтай мове размаўлялі з дваровай службай, набранай з ваколічных вёсак, з коньмі і сабакамі (але былі і польскамоўныя сабакі)».
Менавіта ў гэтай беларускай атмасферы раслі малыя Іваноўскія.
Пачаткі беларускага адраджэння на Лідчыне
Я думаю, у гэты месцы аповесці трэба трошкі расказаць пра хуткае развіццё беларускага адраджэння на Лідчыне і, шырэй, на Віленшчыне ў канцы XIX – пачатку XX ст.
Займаючыся біяграфіяй знакавага для Лідчыны чалавека, гісторыка, этнографа, сябра Таварыства беларускай школы і Лідскага раднага ад Таварыства Беларускай Школы ў 1920-х Міхала Шымялевіча (18.Х.1879—11.01.1969), я знайшоў вельмі цікавае сведчанне папулярнасці вершаў Францішка Багушэвіча яшчэ да выдання зборнікаў ягоных твораў.
Мне прыйдзецца прывесці некалькі фрагментаў з артыкула Шымялевіча «З таго свету». Усё жыццё Міхал Шымялевіч збіраў дакументы па лідскай гісторыі і запісваў расказы старых людзей. Пра вывучэнне папераў, якія захоўваліся ў простай хаце, і працяглыя размовы з адным з лідскіх старажылаў – Казімірам Вісмантам – даследчык напісаў: «50 гадоў таму (тэкст надрукаваны ў 1937 г. – Л. Л.) гэты быў чалавек у росквіце сіл, трохі сіваваты, трохі лысаваты, але шыракаплечы, румяны і да жанчын цікаўны. Яго белая хатка пад саламяным дахам, на Вісмантах пад Лідай, стаяла пры абсаджаным бярозамі Навагрудскім гасцінцы (цяпер праспект Перамогі. – Л. Л.) … У старога ў хатцы пад столлю мелася скрынка, поўная старых пажоўклых папер, пісаных і па-славянску, і па-польску, памятаўшых часы караля Аляксандра Ягелончыка… Стары Вісмант ведаў на памяць свой вялікі шматаркушовы радавод з усімі датамі і ведаў шмат цікавых гісторый». Вось такі тады быў цікавы час, калі ў скрынях шарачковай шляхты ляжалі дакументы XV—XVI стст.

Мiхал Шымялевiч (18.10.1879—11.01.1969). Фота з архівааўтара.
Пан Казімір меў сына, якога ён вучыў на арганіста, і ажно чатыры дачкі: «…да пана Казіміра вечарамі хадзіла на пасядзелкі і размовы лідская прыгарадная моладзь, вядома: у доме тры дарослыя дачкі, і чацвёртая, Броня, ужо „ўбіваецца ў пёры“. Моладзь гуляла ў гульні, часамі распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі альбо пра чары і незвычайныя з’явы. Часам дэкламавалі „Kiwona, męczennika bożego“2121
Легенда пра Ківона, божага пакутніка, Гл.: Kiwon: Pociech, żywot i śmierć Kiwona bożego, męczennika żydowskiego. Bracia Worzallowie, 1913.
[Закрыть], „Uchwale gromady żydowskiej o oddaniu syna Chaski w soldaty“ за тое, што не хадзіў у лазню… альбо такія вершы, як „Панскае ігрышча“ ці „Адказ на панскае ігрышча“ і іншыя, якія праз нейкі час былі надрукаваныя ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка». З гэтых некалькіх радкоў выцякае, што вершы Францішка Багушэвіча мелі папулярнасць яшчэ да выдання ягоных кніжак, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак.
Вядома, што беларускі паэт быў знаёмы з польскай пісьменніцай Элізай Ажэшкай і наведваў яе ў Гародні. Ажэшка пісала ў пісьме да Яна Карловіча з Гародні 02.11.1887: «Тры тыдні таму назад быў у мяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў свае беларускія паэзіі дый нават даў мне адпісы з ix з асобным вершыкам, гэтаксама па-беларуску… Ці ж не праўда, што гэтыя рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, i мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць ix зразумець дый засмакаваць у ix нашыя сяляне? Будучым летам паспрабую чытаць ix маім міневіцкім знаёмым».
Як бачым, пры канцы 1887 г. вершы Багушэвіча яшчэ невядомыя на радзіме, і Эліза Ажэшка яшчэ толькі плануе іх «пусціць у народ» – перадаць сялянам свайго маёнтка ў Мінявічах. А першая кніга паэта «Дудка беларуская» выходзіць у Кракаве ў 1891 г.
Таму падзеі, якія апісвае Міхал Шымялевіч, можна датаваць паміж 1888 і 1891 г. Важна адзначыць відавочны «выбуховы» распаўсюд вершаў Багушэвіча, фактычна за некалькі гадоў вершы набываюць папулярнасць і пачынаюць жыць у беларускім народзе сваім жыццём.
Цікава, што ў распаўсюдзе і папулярызацыі кніг Багушэвіча чынны ўдзел прымаў Юзаф Пілсудскі. Антон Луцкевіч у сваім базавым артыкуле пра Багушэвіча «Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў» звяртаецца да запісаных ім успамінаў вядомага сімпатыка беларусаў і беларускай культуры Зыгмунта Нагродскага (памёр у 1937 г. у Вільні). Нагродскі пазнаёміўся з Багушэвічам у Вільні ў 1893 ці 1894 г. Жыў тады Нагродскі на Бяльмонце. Непадалёк ад Бяльмонта, на ўзбярэжжы Вялейкі, было месца канспірацыйных спатканняў Нагродскага з рэвалюцыйнымі дзеячамі, у тым ліку з Юзафам (Зюкам) Пілсудскім. Раз падчас такога спаткання Пілсудскі сказаў Нагродскаму, які здаўна цікавіўся беларушчынай, што мае для яго навінку, і дастаў з кішэні толькі што прывезеную з-за мяжы «Дудку беларускую». Нагродскі з вялікім зацікаўленнем кінуўся на беларускія вершы і спытаўся ў Пілсудскага, хто іх аўтар. «Ot, takі sobіe adwokacіk, nazywa się Bohuszewіcz»2222
«От, такі сабе адвакацік, называецца Багушэвіч» (пол).
[Закрыть], – адказаў Зюк. Нагродскі папрасіў Пілсудскага, каб той пазнаёміў яго з Багушэвічам, і Зюк абяцаў яму зрабіць гэта. Трэба заўважыць, што ў выбары знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродскага, Багушэвіч, займаючыся ў Вільні адвакацкай практыкай, не меў блізкіх сувязяў ані са светам адвакатуры, ані наогул з сучасным яму грамадствам. Акрамя Нагродскага, адваката Адама Карповіча і свайго крэўнага Радзевіча, блізкіх стасункаў ні з кім не падтрымліваў. Выступаючы ў судзе, бараніў выключна сялян, бо быў цесна звязаны з беларускім народам.
Таксама Нагродскі праінфармаваў Луцкевіча аб гісторыі друку і пашырэнні «Дудкі беларускай» і іншых твораў. Калі Пілсудскі прывозіў «Дудку беларускую» з-за мяжы, належыць думаць, што і друкаванне яе за мяжой было арганізавана ім жа. Але 3 000 надрукаваных у першым выданні асобнікаў «Дудкі беларускай» вельмі хутка разышліся. Працуючы ў кааператыве (у Вільні, на Татарскай вуліцы), Нагродскі вельмі дзейна пашыраў гэтую кнігу – да яго часта прыходзілі людзі з вёскі, якіх ён надзяляў Багушэвічавымі творамі. Апрача «Дудкі» і «Смыка» была яшчэ трэцяя кніжачка: зборнічак вершаў (паводле Нагродскага – слабейшых) «Тралялёначка». Калі «Дудка» вычарпалася, Нагродскі надумаў перавыдаць яе ў Кракаве за 100 рублёў сваім коштам, што і было зроблена. Але кнігу было цяжка ўвезці ў Беларусь праз мяжу. Спачатку – з дапамогай Юзафа Пілсудскага – прывезлі 200 экз. «Дудкі». Далейшыя транспарты меліся ісці кантрабандай – з аплатай па 40 руб. за пуд. Але ўвесь наклад чамусьці на доўгі час застаўся ў Кракаве. Толькі шмат пазней Іван Луцкевіч, калі быў у Кракаве, адшукаў гэты наклад і часткамі даслаў кніжкі ў Беларусь, дзе яны вельмі хутка разышліся. Пасля «Дудку» перадрукавала суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу, закупіўшы ад Багушэвічавай сям’і права на выданне ўсіх твораў паэта.
Але трэба разумець, што ў той час адукаваныя людзі нашага краю яшчэ не дзялілі паміж сабой польскую і беларускую культуру і бачылі адзіную будучыню нашых народаў. Пра гэта кажа факт, пра які напісала стваральніца польскіх школ А. Даніловіч-Змачынская. У сакавіку 1891 г. (якраз у гэты год выйшла кніжка Багушэвіча) «мае добрыя знаёмыя, адвакат Францішак Багушэвіч і… Альфонс Жангаловіч, прыйшлі з праектам арганізацыі ў Вільні тайных польскіх школ для насельніцтва. Яны прынеслі праграму выкладаў у падобных школах у Кіеве… Ініцыятары ідэі – сп. сп. Багушэвіч і Жангаловіч – тайна прыцягнулі да гэтай працы сваіх блізкіх знаёмых».
Якраз у гэты час падрастаюць малыя Іваноўскія.
На пачатку XX ст. Ежы, Вацлаў і Тадас Іваноўскія вучыліся ў Пецярбургу, а Алена заканчвала вучобу ў гімназіі. Усе тры браты знайшлі сабе сяброўскія колы для самарэалізацыі. Ежы стаў дзеячам польскага Кола народнай асветы і ППС (Польскай партыі сацыялістычнай) і нават прыняў удзел у вызваленні Юзафа Пілсудскага з пецярбургскага турэмнага шпіталя. Тадас завязаў кантакт з літоўскімі дзеячамі, пачаў вучыць літоўскую мову і вывучыў яе дзесьці да 1905 г. І толькі Вацлаў не мог далучыцца да беларускай арганізацыі, бо гэтакай проста яшчэ не існавала.
Старэйшы сын Леанарда Ежы (паляк) пісаў: «Адраджэнне беларускай культуры ў значнай ступені адбылося дзякуючы працы палякаў. Выбітную ролю адыгралі два браты Луцкевічы, інжынер Неканда-Трэпка, Вацлаў Іваноўскі і шмат іншых шчырых дэмакратаў (да ліку палякаў ён прылічваў свайго брата Вацлава, братоў Луцкевічаў і іншых беларускіх дзеячаў, якія, зразумела, з дзяцінства ведалі польскую культуру. – Л. Л.). … Мы паходзім са Шчучынскага павета (Шчучынскі павет быў вылучаны з Лідскага толькі ў 1929 г. – Л. Л.), з ваколіц, дзе жыве беларускі люд, сям’я наша пасялілася тут некалькі стагоддзяў таму… Бацька-інжынер большую частку жыцця правёў у Расіі… Тры яго сыны з ранняй маладосці мелі глыбокае замілаванне да роднага краю, якое выражалася… у вывучэнні яго фаўны і флоры, а таксама ў вывучэнні мясцовага фальклору і мовы, а потым бароліся за свабоду краю ад царскага ярма. На працягу студэнцкіх гадоў вызначылася этнічнае аблічча братоў. Адзін з іх пад уплывам летувіскіх сацыялістаў стаў руплівым летувісам, вывучыў мову, ажаніўся з летувіскай і прыняў жывы ўдзел у працы летувіскіх арганізацый. Мы, два старэйшыя браты, патрапілі пад уплыў ППС… Пытанні будучыні нашай айчыны – Вялікага Княства Літоўскага – хвалявала нас у першую чаргу… У паразуменні з кіраўніцтвам ППС, мы арганізуем беларускую групу, якая займаецца друкаваннем першых беларускіх выданняў (з гэтай групы потым паўстане Грамада)». Юры Туронак прааналізаваў уплыў польскіх сацыялістаў на пачатак беларускага руху, і можна ўпэўнена сказаць, што старэйшы брат трошкі перабольшвае. Таксама цікава, што Ежы ніякім чынам не ўзгадвае малодшага брата Станіслава, які, як пабачым потым, не карыстаўся павагай у сям’і.
Заслугай менавіта Вацлава Іваноўскага сталася стварэнне Беларускай рэвалюцыйнай партыі (БРП), што паклала пачатак развіццю беларускага нацыянальнага руху. У 1902 г. БРП распачала выдавецкую дзейнасць. Мецэнатаў не было, таму Вацлаў Іваноўскі купіў гектограф на свой заробак са студэнцкай практыкі. Першай публікацыяй БРП, надрукаванай на гэтым гектографе, стала адозва «Да інтэлігенцыі», яна выйшла ўвосень 1902 г.
Наступнай ініцыятывай Вацлава Іваноўскага стала спроба нелегальна выдаць часопіс «Свабода». Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў Іваноўскага належаў пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка з фальварка Галавічполе. Маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара «Свабоды». Ручную матрыцу «Свабоды» на восем старонак падрыхтавалі Мілер (член ППС, зрабіў першую старонку) і Валейка (зрабіў усе астатнія старонкі). Усё гэта яны перавезлі ў Лябёдку, дзе падчас калядных вакацыяў 1902 г. Вацлаў і Тадас Іваноўскія, а таксама Валейка з братамі Антонам і Станіславам надрукавалі газету на гектографе накладам 200 асобнікаў. На тытульным аркушы часопіса значылася: «Свабода, №1, 1903 г.». Такім чынам першая беларуская газета XX ст. была надрукавана на Лідчыне.
Лёс газеты быў нешчаслівы – большасць накладу «Свабоды» знішчана, і яна не дайшла да чытача. У студзені 1903 г. падчас вобыску ў варшаўскай кватэры Ежы Іваноўскага быў сканфіскаваны толькі адзін асобнік газеты, і хутчэй за ўсё «Свабоду» прымусіў знішчыць бацька – Леанард Іваноўскі, які прыехаў у Лябёдку на свята Божага Нараджэння і ўтаймаваў сыноўскія рэвалюцыйныя парывы.
У 1905 г. Вінцэнт Валейка разам з Вацлавам Іваноўскім былі ў ліку сямёх сяброў-закладчыкаў беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якая выдавала і творы Ф. Багушэвіча. Таму, я думаю, трэба расказаць пра Вінцэнта Валейку і Валейкаў наогул, бо, як бачым, газету Вінцэнт выдаваў разам з братамі Антонам і Станіславам.
Як я ўжо пісаў вышэй, ранейшым уладальнікам Галавічполя2323
Мясцовая легенда кажа, што назва Галавічполе паходзіла ад нейкага шведскага правадыра Галавіча, які быў тут забіты. Зразумела, што імя шведа было моцна аславянена. Але гэта толькі легенда.
[Закрыть] з’яўляўся стары Станіслаў Губарэвіч, ён меў сына Стэфана (разам з Людвікам Нарбутам загінуў у бітве каля Дубічаў) і дзвюх дачок – Станіславу, якая стала трэцяй жонкай Станіслава Іваноўскага – дзеда Вацлава Іваноўскага, і Юстыну, якая выйшла замуж за Яна Валейку. У Юстыны і Яна Валейкі нарадзіліся тры сыны – Вінцэнт, Антон і Станіслаў. Такім чынам, фальварак Галавічполе падзялілі паміж сабой Іваноўскія і Валейкі.
А сын Станіслава Губарэвіча – Стэфан (1836 г. н.) – падчас паўстання лічыўся паручнікам у адпачынку (з’яўляўся кадравым афіцэрам) і пасля бітвы пад Кавалькамі далучыўся да атрада Нарбута. Ратуючы свайго камандзіра Людвіка Нарбута, ён загінуў пад Дубічамі. Зоф’я Кавалеўская пісала: «„Спадарства, халаднакроўна адстрэльвацца і адсоўвацца назад“, – скамандаваў Нарбут. „У рассыпную!“ – дадаў яшчэ, але яго голас заглушыў гул бітвы. Раптам камандзір захістаўся… і ўпаў. Андрыёлі і Пілецкі кінуліся яму на дапамогу, але атрымалі раненні і вымушаны былі ўступіць месца другім, якія ўчатырох падхапілі Нарбута, каб вынесці яго з лініі агню ў больш бяспечнае месца. Частка атрада разбеглася па лесе, а тыя, хто нёс камандзіра, – Пакемпіновіч, Леон Краінскі, Аляксандр Бразоўскі і Стэфан Губарэвіч – упалі на зямлю мёртвымі…» Сімвалічна, што родныя пляменнікі героя паўстання 1863 г. разам з Вацлавам Іваноўскім надрукавалі першую у XX ст. беларускую газету. У гісторыі нічога і ніколі не вырастае на пустым месцы – каб з’явілася нешта па-сапраўднаму каштоўнае, патрэбна вялікая культурная традыцыя.
Цікавую інфармацыю пра Валейкаў падае тагачасны ўладальнік суседняга маёнтка Ішчална Караль Лясковіч у мемуарах, якія захоўваюцца ва Уроцлаўскай бібліятэцы імя Асалінскіх: «…у 1921 г. …маёнтак Голдава з 1500—2000 га ўспадкаваў уладальнік маёнтка Табарышкі з Віленшчыны Юзаф Скарбак-Важынскі і тры браты Валейкі. У якіх суадносінах падзялілі маёнтак Скарбак-Важынскі і Валейкі, не памятаю. Мне толькі вядома, што Важынскі сваю частку атрымаў лесам і ніколі ў Голдаве не жыў. З братоў Валейкаў Голдава атрымаў Антон і таму мусіў пабудаваць тут жылы дом. Таксама ў Голдаве сваю долю атрымаў і Вінцэнт Валейка. Станіслаў успадкаваў фальварак Галавічполе ў Васілішскай гміне і лясы. Горны інжынер Вінцэнт меў дваіх дзяцей: сына Вітольда і дачку Ядвігу, наколькі я ведаю, яны абое зараз жывуць у Варшаве (гэта ў 1971 г. – Л. Л.)».
Дачка ўладальніка суседняга з Голдавам маёнтка Стрэліца Яніна Бурак успамінала: «Уладальнікам Голдава быў Антон Валейка, арыштаваны бальшавікамі 2 лістапада 1939 г., а пад Боркамі гаспадарыў інжынер Вінцэнт Валейка, які выкладаў у Дамброве Горнай».
Уладальнік Голдава Антон Валейка ў міжваенны час быў членам управы павятовага Звязу землеўладальнікаў, узначальваў рэвізійную камісію Шчучынскага павятовага аддзела, быў членам рады Лябёдскай гміны і кіраўніком рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках. У 1939 г. яго арыштавалі і выслалі ў глыб Расіі. Далейшы яго лёс невядомы.
Пасля падзелу маёмасці паміж братамі ў суседнім з Лябёдкай Галавічполі гаспадарыў адзін з былых друкароў газеты «Свабода» Станіслаў Валейка. Гэта быў грузны, абсалютна лысы мужчына з поўным ротам залатых зубоў. Увесь час сядзеў на гаспадарцы, бо не давяраў эканомам, і ў яго ўсё выдатна атрымлівалася – своечасова плаціў падаткі. Станіслава Валейку добра характарызаваў яўрэй-кравец з Васілішак Абрам, які сябраваў з Іваноўскімі. Неяк яго запыталі, што новага чутна ў ваколіцах. Абрам падрабязна расказаў пра ўсе навіны і закончыў гэтак:
– А пан Валейка дапамагае іншым наракаць на цяжкі час.
Станіслаў Валейка нейкі час быў удаўцом, але потым паўторна ажаніўся. Яго другая жонка працавала настаўніцай дзесьці на Валыні і наведвала мужа толькі падчас вакацый. Была гэта энергічная жанчына з рубенсаўскімі формамі ва ўзросце каля сарака гадоў. Валейкі да канца 1930-х заставаліся сябрамі Іваноўскіх. Пляменнік Вацлава Іваноўскага Казімір узгадваў такую гісторыю: «…у нашай ваколіцы гаспадарыў далёкі кузэн нашай мамы Фэлек Аскерка, былы капітан польскага войска. Меў ён вельмі маладую і прыгожую жонку – гэта была самая маладая з нашых цётак. Як заўсёды, 15 жніўня мы адзначалі імяніны нашай мамы, і, як заўсёды, з’язджаліся сваякі, суседзі і сябры. Мы ўжо сядзелі за традыцыйным пірагом з капустай, калі пачулі, што адчыніліся дзверы і нехта з ганка ўвайшоў у хату. Шляхетны Лех (старэйшы брат Казіміра. – Л. Л.), які ў гэты час вучыўся ў выпускным класе, вырашыўшы, што прыехала цёця Аскерка, кінуўся ў цёмны прадпакой, каб выказаць свае гарачыя пачуцці сваякам, і ў цемры моцна ўзяўся за пацалункі. Калі ўнеслі святло, дык аказалася, што спазніліся Валейкі. Пан Станіслаў быў не ў захапленні ад гэтакай сардэчнасці, але яго жонка не пратэставала».
Станіслаў Валейка меў дзяцей толькі ад першага шлюбу, былі гэта Вітак і Дзюня. Дзюня перад самай вайной выйшла замуж за маладога афіцэра з рэдкім прозвішчам Вайнікініс, потым ён загінуў на вайне. Вітак пасля заканчэння курса права Віленскага ўніверсітэта адбываў стажыроўку юрыстам. Жыў у Вільні, быў заўзятым філатэлістам і ўражваў сяброў сваімі калекцыямі, у гэтай аповесці яго я яшчэ згадаю.
Станіслаў Валейка з’яўляўся членам Васілішскай гміннай рады, у 1939 г. яго арыштавалі і вывезлі ў глыб Расіі. Далейшы лёс невядомы.
Пра сябра Вацлава Іваноўскага Вінцэнта Валейку вядома няшмат. Нарадзіўся 23 студзеня 1883 г. у фальварку Галавічполе, у 1903 г. скончыў 3-ю рэальную гімназію ў Пецярбургу, а потым стаў студэнтам сталічнага Горнага інстытута. Увосень 1910 г. пасля заканчэння Горнага інстытута выехаў з Пецярбурга і 15 лістапада 1910 г. пачаў працаваць горным інжынерам у Шчарбінаўскай шахце на Данбасе. З 1921 г. жыў у Дамброве Горнай у Польшчы, спачатку працаваў у шахтах, вядома, што ў 1923 г. займаў пасаду галоўнага інжынера, а потым працаваў дырэктарам Дзяржаўнай горнаметалургічнай школы імя Станіслава Сташыца.
Юры Туронак піша, што Вінцэнта Валейку ў траўні 1940 г. арыштавала гестапа і 18 кастрычніка 1940 г. ён памёр у канцлагеры Заксенгаўзен. Але захаваліся ўспаміны вязня лагера Дахаў Францішка Шоты, які быў вучнем Валейкі і напісаў пра лёс свайго настаўніка: «Трошкі ўспамінаў пра дырэктара інжынера Валейку. Як праз сон памятаю доўгія кашмарныя дні побыту ў гітлераўскіх лагерах смерці Дахаў і Араніенбург у адным бараку з інжынерам Валейкам, апошнім дырэктарам горна-металургічнай школы. Лагерны вопыт – цяжкі жыццёвы груз, не магу пазбыцца яго і сёння. Лагер вяртаецца ў фантомных снах, чакае над ложкам у выглядзе пакутлівых і жахлівых прывідаў. Калі я згадваю тыя гады, дык у думках вяртаецца да мяне вобраз майго лагернага калегі інжынера Валейкі, які прайшоў тут праз пякельныя пакуты. Ён быў ужо стары, але гітлераўцы адчулі ў ім высокую душу, і ўсё самае дрэннае яго не абмінала. Біты і абшуканы пры кожнай магчымасці (а гэтакіх хапала), працаваў на самых цяжкіх працах, але духоўна не зламаўся і заахвочваў жыць іншых. Быў сябрам усіх вязняў без розніцы ўзросту, нацыянальнасці і расы, хто ж яго не ведаў? Яго сэрца было раскрыта для ўсіх, і вязні цягнуліся да яго па добрую параду, апеку і дапамогу, па яго аптымізм і веру ў блізкую волю. Няма яго паміж намі. Спрацаваны, збіты і хворы, ён упаў на пляцы падчас шасцігадзіннага стаяння без руху – гэтак пакаралі ўвесь лагер з-за спробы аднаго з вязняў збегчы. Здранцвелага ад холаду, яго прынеслі ў лазарэт, і адтуль ён ужо не вярнуўся. Ніколі не забуду яго слоў, якія мне сказаў, калі яго адносілі санітары: „Я ўжо сыходжу, і смерць для мяне не будзе страшнай, але сэрца сціскае боль, што маё цела застанецца на варожай зямлі“».
Такім чынам, Валейкі – сябры і суседзі Вацлава Іваноўскага – былі закатаваныя камуністамі і нацыстамі.
Трэба сказаць яшчэ пра Амброзія Самуэля Кастравіцкага, які належаў да шляхецкага роду Кастравіцкіх герба «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Мінскім ваяводстве ВКЛ і Мінскім павеце Мінскай губерні. З гэтага роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінэр.
Бацька братоў Амброзія і Казіміра (Каруся Каганца) Кастравіцкіх Караль Кастравіцкі прыняў удзел у паўстанні 1863 г. Яго маёнтак Вялікія Навасёлкі на Міншчыне быў канфіскаваны, а сям’я саслана ў Сібір. Караль Кастравіцкі, сын Самуэля (1819—1873), пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Маці – Гелена са Свентаржэцкіх, дачка Тадэвуша.
Сын Караля Кастравіцкага Амброзій Самуэль Кастравіцкі нарадзіўся ў 1871 г. у Цывінску, што ў Сібіры, падчас вяртання сям’і са ссылкі. Скончыў гімназію ў Пецярбургу і ў 1897 г. – медыцынскае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта. У канцы 1890-х гг. разам з Амрозіем у Маскве вучыўся Антон Лявіцкі (будучы празаік Ядвігін Ш.) і шмат іншай беларускай моладзі.
Малодшы брат жонкі Амброзія Кастравіцкага – Марыі з Багушэўскіх – Сцяпан Багушэўскі вучыўся ў Ягелонскім Кракаўскім універсітэце і часта гасцяваў у сястры і швагра ў Лідзе. Менавіта ў Лідзе летам 1903 г. Вацлаў Іваноўскі схіліў Багушэўскага да ўдзелу ў новай выдавецкай задуме: выпуску беларускіх кніжак у Кракаве, горадзе, які ў той час знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі. Багушэўскі, у сваю чаргу, прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго сябра з часоў гімназічнага навучання ў Мінску Мар’яна Фальскага, студэнта Варшаўскай палітэхнікі.