282 000 книг, 71 000 авторов


Электронная библиотека » Леанід Лаўрэш » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 26 сентября 2024, 07:02


Текущая страница: 5 (всего у книги 10 страниц)

Шрифт:
- 100% +

З Амброзіем Кастравіцкім Вацлаў Іваноўскі пазнаёміўся праз яго швагра – Сцяпана Багушэўскага, які разам з Іваноўскім займаўся беларускімі выдавецкімі справамі. А з Казімірам Кастравіцкім (Карусь Каганец) Іваноўскі пазнаёміўся ў яго брата, лекара Амброзія, які ў 1901 г. жыў і працаваў у Лідзе. Вацлаў пасябраваў з абодвума і неўзабаве намовіў іх заняцца беларускай выдавецкай дзейнасцю, першага – як аўтара, другога – як спонсара. Абодва Кастравіцкія ўваходзілі ў суполку «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», створаную Іваноўскім.

Сярод іншых выданняў у 1904 г. «Круг…» выдаў зборнік «Казкі». Гісторык Юры Туронак лічыў, што выданне зборніка «Казкі» было падрыхтавана да друку Казімірам, а фінансавалася яго братам, Амброзіем Кастравіцкім, чые ініцыялы «А. К.» апынуліся на тытульным аркушы кніжкі. «Казкі», па сутнасці, былі перадрукоўкай некаторых народных твораў, сабраных расейскім этнографам П. В. Шэйнам.

Амброзія Кастравіцкага няма ў адрас-календарах пачатку XX ст. Віленскай губерні, таму можна зрабіць выснову, што ён займаўся ў Лідзе прыватнай лекарскай практыкай.

Доктар Кастравіцкі цікавіўся грамадскай дзейнасцю. У сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную думу Расіі ў 1906 г. віленская газета «Кур’ер Літоўскі» падрабязна расказвала пра стварэнне Звязу землеўладальнікаў Лідскага павета. 15 студзеня адбыўся агульны сход, на які акрамя землеўладальнікаў з маёнткаў былі запрошаны і прадстаўнікі ад парабкаў «для рашэння пытання пра паляпшэнне побыту сельскіх працаўнікоў з улікам інтарэсаў гаспадароў. Прэзідэнтам камітэта Звязу землеўладальнікаў выбраны Вітольд Даўкша, віцэ-прэзідэнтамі Уладзімір Ятаўт, сакратаром А. Кастравіцкі». Як бачым, у 1906 г. Амброзі Кастравіцкі ўсё яшчэ жыў у Лідзе2424
  З лета 1920 г. Амброзі Кастравіцкі жыў у Варшаве, у 1925 г., пэўна як вайсковы асаднік, атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе пад Лідай, дзе акрамя яго шмат асаднікаў мела зямельныя надзелы і ў сувязі з гэтым у верасні 1926 г. тут нават пачаў дзейнічаць чыгуначны прыпынак. Памёр Амброзі Кастравіцкі ў 1937 г. у Белагрудзе.


[Закрыть]
.

У 1905—1907 гг. на будаўніцтве чыгункі Балагое—Сядлец у Лідзе працаваў дзясятнікам грамадскі дзеяч, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар першых беларускіх падручнікаў Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі, родны брат Амброзія). Ён прывёз сюды жонку і дваіх дзяцей, Янку і Мірона. Свой «Беларускі лемантар…» Карусь Каганец напісаў менавіта ў Лідзе, падчас працы на чыгунцы. Непасрэдна ў Лідзе сям’я жыла да 1906 г.


Немагчыма не згадаць тое, што суседкай і сяброўкай Іваноўскіх была Алаіза Пашкевіч. Потым гэта сяброўства і супраца з Вацлавам Іваноўскім працягвалася ў Пецярбургу – тут Алаіза Пашкевіча жыла разам з Сабінай Ячыноўскай, нявестай і будучай жонкай Вацлава Іваноўскага. Як потым паведамляў муж Алаізы, літоўскі сацыял-дэмакратычны дзеяч Стэпонас Кайрыс, Цёткай яе празвалі менавіта суседзі Іваноўскія. З цягам часу гэтая мянушка стала літаратурным псеўданімам.

Суседам, сябрам і аднадумцам і Вацлава Іваноўскага, і Алаізы Пашкевіч з’яўляўся Фелікс Стацкевіч – выбітны беларускі палітык і грамадска-культурны дзеяч.

Як бачым, Лідчына і ваколіцы Лябёдкі сталіся сапраўднай крыніцай беларускага руху.

«Апошні наезд на Літве»

Пасля вайны 1920 г. і смерці бацькі Леанарда сям’я Іваноўскіх пачала дзяліць спадчыну і сварыцца, паступова сямейныя спрэчкі ўзмацняліся.

Першым з братоў аддзяліўся ад агульнай сямейнай гаспадаркі адзін з заснавальнікаў беларускага руху Вацлаў Іваноўскі2525
  У 1918 г. Вацлаў Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе БНР, які ўзначальваў Антон Луцкевіч. У снежні 1918 г., пасля адступлення нямецкіх войск, разам з Я. Лёсікам, А. Уласавым і іншымі членамі Рады БНР застаўся ў Мінску, бо спадзяваўся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У маі 1919 г. арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў Смаленск. Пасля вызвалення з турмы Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу і вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР. Восенню 1919 г., пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, Іваноўскі ўвайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У лютым—сакавіку 1920 г., як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР, удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 г. стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падзелу Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы. У 1922—1939 гг. займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытута і дэкана хімічнага факультэта.


[Закрыть]
. І задаволіўся двума фальваркамі: Рагачоўшчынай і Баярамі. У Рагачоўшчыне жыла яго першая жонка Сабіна з Ячыноўскіх, а сябе ўзяў Баяры з вялікім кавалкам лесу.

Пляменнік прафесара Вацлава Іваноўскага Казімір расказваў, што калі ён наведваў свайго дзядзьку ў Баярах, дык той заўсёды частаваў яго выдатным абедам, а фурмана запрашаў на кухню, дзе яго добра кармілі і ўзнагароджвалі пачкам махоркі. Вацлаў сам любіў добра паесці, меў веды ў кулінарнай справе і добрыя кухарскія здольнасці. Іваноўскія памяталі, што неяк падчас гасцявання Вацлаў пакрыўдзіў гаспадыню гэтакай заўвагай:

– Печань была цудоўнай, але я б дадаў яшчэ да яе маярану і каляндры.

Вацлаў Іваноўскі быў заўзятым паляўнічым і страляў дзікоў нават з вокнаў свайго дома ў Баярах, калі яны прыходзілі ў яго авёс. Любімым сабакам Вацлава быў Пім, гладкавалосы выжал белага колеру з карычневымі лыткамі. Гэтага сабаку ён часта пакідаў у сястры Алены, а калі прыязджаў у Баяры, дык першым чынам пасылаў ганца ў Лябёдку па Піма. Ганец заўсёды меў хустку гаспадара, і Пім, унюхаўшы знаёмы пах, бег да гаспадара ў Баяры наперад ганца. Вацлаву Іваноўскаму не хапала гэтага сабакі падчас Другой сусветнай вайны, і ён моцна сумаваў па выжлу. Пляменнік памятаў, як прафесар ехаў цягніком з Коўні ў Вільню і, задрамаўшы ў цёплым купе, праз сон пачаў соладка казаць:

– Пімчык, Пімчык, нюхай, сучка рыжа!

Усе Іваноўскія любілі сабак, звяроў і паляванне, аднак сярод іх асабліва вылучаліся Алена і Вацлаў. Любоў да хатніх жывёл – добрая еўрапейская звычка. Алена расказвала, што, калі яна вучылася ў Кембрыджскім універсітэце, сярод яе знаёмых былі асобы, якія нават у лабараторыю прыходзілі з вавёркай на руках ці за пазухай, а нехта меў нават вялікую афрыканскую яшчарку. Многія студэнты не развітваліся са сваімі сабакамі – з імі прыходзілі ў лабараторыі: звяры там мелі свае посцілкі і пасля заняткаў вярталіся з гаспадарамі дахаты. Падчас Другой сусветнай вайны, у 1940 г., прафесар Вацлаў Іваноўскі пачаў працаваць у Віленскім універсітэце. Ён вельмі любіў сабак і з сабой на працу браў малую таксу. Аднак Вільня – не Кембрыдж, і хутка ад дэкана Ёзаса Матуліса Іваноўскі атрымаў афіцыйны ліст наступнага зместу: «Наколькі мне вядома, спадар прыводзіць сабаку ў свой кабінет ва ўніверсітэце, што недапушчальна. Прафесар павінен даваць студэнтам узорны, а не дрэнны прыклад паводзін, таму прашу зрабіць адпаведныя высновы з гэтага ліста».

Любоў да хартоў і коней пераняў пляменнік Алены і Вацлава Іваноўскіх, сын Тадаса ад першага шлюбу Ежы Іваноўскі (1907—2008). Паручнік Іваноўскі нават у страшным верасні 1939 г. падчас баёў з нацыстамі як пра найлепшыя моманты свайго жыцця ўспамінаў, як «з бацькам хадзіў на паляванне, як з цёткай Аленай конна ездзілі на ловы з хартамі, steeple2626
  Steeplechase (англ.) – гонкі ці язда з перашкодамі.


[Закрыть]
…». Потым ён усё жыццё будзе займацца гадоўляй коней і конным спортам. Сын Тадаса гадаваўся ў Лябёдцы, і цётка Алена аказала моцны ўплыў на яго выхаванне. Праз шмат гадоў Ежы (у сям’і яго звалі па-беларуску – Юрак) пісаў: «Як падаючыя зоркі з неба, з вельмі маладых гадоў мне свяцілі пэўныя размовы. Цётка Алена – тая, праз якую ў маім жыцці з’явіліся коні, казала: «Strow your heart over and horse will follow»2727
  «Зрабі сваё сэрца добрым – і коні пойдуць за табой» (англ.).


[Закрыть]
. Гэтак жа і з людзьмі».

Пляменнік Казімір пераказаў некалькі пацешных гісторый пра свайго дзядзьку Вацлава і адзначыў, што той быў заўсёды чароўны ў сяброўстве і меў надта прывабны лад жыцця. Часта цытаваў розныя кароткія, трапныя беларускія вершыкі і байкі, як, напрыклад, гэту, можа не зусім «літаратурную» хвалу рэдзьцы:

– Бо рэдзька – трайныя лекі. Кішачкі чысціць, гаўнячко прастуе, пярдзенне чыніць.

Неяк пры канцы 1930-х гг. Тадас Іванаўскас наведаў свайго брата Вацлава ў Варшаве. Якраз перад вайной былі адноўленыя сувязі між Польшчай і Літвой, і Тадас з групай ковенскіх прафесараў выбраўся ў Варшаву. Спаткаў брата Вацлава, і той запрасіў яго да сябе ў госці, каб пазнаёміць з чарговай жонкай. Жыў Вацлаў Іваноўскі на другім паверсе аднаго з прафесарскіх дамоў палітэхнікі. У вызначаную гадзіну Тадас падняўся на другі паверх, перад уваходнымі дзвярмі кватэры было цёмна, і ён змог прачытаць на таблічцы толькі «Праф. Вацлаў…». Далей чытаць не стаў і пазваніў у кватэру. Дзверы адчыніла пакаёўка і сказала, што прафесара яшчэ няма. Потым выйшла гаспадыня. Тадэвуш прадставіўся, гаспадыня сказала, што муж хутка будзе, і запрасіла ў кватэру. Яна ведала пра візіт літоўскіх гасцей, размова, аднак, не ладзілася, і гаспадыня выказвала толькі халодную ветлівасць, калі Тадас, каб стварыць настрой, пашуткаваў пра вялікі жывот, які пачаў з’яўляцца ў брата. Праз некалькі хвілін размовы літоўскі прафесар зразумеў, што пераблытаў дзверы. Гаспадар гэтай кватэры таксама быў прафесарам і таксама Вацлавам, але яго брат жыў у кватэры насупраць.

Першая жонка Вацлава Сабіна паходзіла з таленавітай, музычнай сям’і Ячыноўскіх. Іваноўскія памяталі, што калі Вацлаў меў да яе гарачае, першае каханне, дык правозіў цэлыя ночы, седзячы на дрэве пад яе акном. Аднак быў чалавекам асцярожным і, каб, калі засне, не ўпасці з дрэва, прывязваў сябе пасам.


…Але мы трошкі адхіліліся, і таму варта вярнуцца да тэмы падзелу маёмасці.

Першапачаткова Галавічполе атрымаў малодшы брат Станіслаў Іваноўскі, але гэтага чалавека не любілі не толькі сваякі (пра гэта потым), але і ваколічныя сяляне. «За дзень да нашага пераезду туды пры нявысветленых абставінах згарэў дом у Галавічполі», – пісаў сын Станіслава Казімір. Пасля гэтага Галавічполе атрымаў старэйшы брат Ежы Іваноўскі. У 1915—1917 гг. ён быў дырэктарам фірмы «Сіменс-Шукерт» у Кітаі, Японіі, ЗША і Маскве. У незалежнай Польшчы два разы займаў пасаду міністра, з’яўляўся сенатарам і палкоўнікам польскага войска. Разам з братамі Вацлавам і Станіславам прымаў удзел ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Быў шматгадовым дырэктарам Аб’яднання польскіх механікаў і дырэктарам польскага філіяла ФІАТа.

Ежы Іваноўскі карыстаўся павагай і любоўю ў сям’і. Падчас спаткання з пляменнікамі расказваў ім розныя сямейныя байкі пра Лябёдку, а таксама пра свае падарожжы і паляванні. Пляменнікам запомнілася яго гісторыя пра паляванне ў Маньчжурыі. Там ён паляваў на тыгра і памочнікамі меў двух мясцовых паляўнічых. Склалася так, што першыя тры дні яны палявалі на тыгра, а апошнія тры дні тыгр паляваў на іх. Ежы Іваноўскі ўсё ж застрэліў звера, калі той ужо ўхапіў за ватны халат аднаго з мясцовых паляўнічых.

Калі пляменнікі прыязджалі ў Варшаву, Ежы карміў іх смачнымі пірожнымі ў дарагіх кафэ, даваў кішэнныя грошы і атачаў іх адмысловай апекай у час, калі іх бацькі стваралі сабе новыя сем’і. Пасля Другой сусветнай вайны ён жыў у Англіі, меў цяжкую матэрыяльную сітуацыю і канец жыцця правёў у пансіёне для старых польскіх камбатантаў. Там яго, 87-гадовага старога, наведаў пляменнік Лех (старэйшы сын Станіслава Іваноўскага). Дзядзька быў вельмі ўсцешаны гэтым візітам і пры канцы выняў з-пад падушкі два фунты.

– Ведаеш, Лех, больш няма, а табе ў Лондане лішнімі не будуць.

Ён не змяніўся да самага канца жыцця, і нават калі ўжо нічога не меў, усё роўна раздаваў апошняе – сапраўдная лябёдская школа давалася ў знакі. Пляменнік, канешне ж, грошы не ўзяў. Дадам яшчэ раз, што Ежы Іваноўскі на пачатку XX ст. цалкам падтрымліваў брата Вацлава і сам прымаў удзел у беларускіх справах.

Атрымаўшы Галавічполе, Ежы Іваноўскі планаваў перадаць гэты фальварак сваёй дачцэ ад першага шлюбу Вандзе. Але потым яго планы памяняліся, і на месцы згарэлага старога дома ён пабудаваў новы прыгожы драўляны дом, заснаваў узорную гаспадарку і сам кіраваў ёй. Летам тут жыла яго трэцяя, маладая і прыгожая, жонка Зося з дачкой Ягадай (пасля Другой сусветнай вайны дачка жыла ў Канадзе).

Гэты казачна прыгожы дом у Галавічполі спраектаваў знакаміты беларускі архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі! Адначасова з пабудовай дома Ежы Іваноўскі пасадзіў новы сад на 10 га, і, верагодна, з тых часоў недалёка ад дома захавалася афіцына. Вядома, што пры канцы 1920-х Лявон Вітан-Дубейкаўскі нейкі час выкладаў у Лідзе, а потым, у першай палове 1930-х настаўнічаў і працаваў ў Беларускім інстытуце гаспадаркі i культуры, аднаўляў кляштар у Друi, будаваў кляштар пад Варшавай і мікрараён на Антокалi ў Вiльнi. У другой палове 1930-х з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. У савецкія часы дом у Галавічполі, спраектаваны архітэктарам Вітан-Дубейкаўскім, стаў школьным інтэрнатам, а сёння належыць парафіі касцёла ў Старых Васілішках.

Барацьба за сямейнае гняздо, пабудаванае Леанардам Іваноўскім, цягнулася амаль 20 гадоў. Прыгожы палац і ўвесь маёнтак, акрамя грашовай, мелі яшчэ і эмацыйную вартасць. Чытаючы ўспаміны розных Іваноўскіх, я прыйшоў да высновы, што Леанард Іваноўскі планаваў перадаць палац з цэнтральнай часткай маёнтка сваёй жонцы, а пасля яе смерці – дачцэ Алене. Менавіта таму браты Вацлаў, Ежы і Тадас хутка аддзяліліся, але Станіслаў не падпарадкаваўся выраку бацькі, да таго ж, пэўна, тастамент не быў належна аформлены. Сусед Іваноўскіх, Караль Лясковіч у сваіх мемуарах пацвердзіў маю ранейшую здагадку: пасля смерці Леанарда Іваноўскага зямлю маёнтка (без фальваркаў Рагачоўшчына і Галавічполе) разам з палацам успадкавала жонка Ядвіга, а дачка Алена павінна была, у свой чарод, успадкаваць гэту маёмасць пасля смерці сваёй маці.


Сядзібны дом Юрыя (Ежы) Іваноўскага ў Галавічполе, 1935 г. Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl


Аднак пасля таго, як Леанард Іваноўскі пакінуў гэты свет, яго малодшы сын Станіслаў пачаў барацьбу са сваёй маці і сястрой, і, як мы пераканаемся потым, гэта прывяло да ізаляцыі яго ў сям’і. Нейкія непаразуменні Станіслава з бацькам пачаліся раней, бо Леанард, як чалавек багаты, законна выкупіў ад службы ў войску трох старэйшых сыноў, але чамусьці вырашыў ахвяраваць для арміі малодшага. Станіслаў запомніў гэта назаўсёды.

Сын Станіслава Іваноўскага Казімір пісаў, што муж Алены – Казімір Скіндар – праводзіў цэлую кампанію супраць свайго швагра. Справа дайшла да нападу на Станіслава – на суседнім галавічпольскім полі ён ледзь не развітаўся з жыццём. У справе прымалі ўдзел пляменнікі Станіслава Іваноўскага, і аднаму з іх пагражаў суд за ўдзел у нападзе і цяжкае збіццё дзядзькі. Але адвакатам удалося абараніць хлопца, і пляменнік атрымаў толькі малую кару. Віленская газета «Слова» надрукавала пра той судовы працэс артыкул пад загалоўкам «Гайда ў Галавічполе, ці Апошні наезд на Літве». Як бачым па загалоўку, артыкул адсылаў чытача да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш»2828
  Поўная назва «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам».


[Закрыть]
.

Аднак і пасля гэтага ў Лябёдцы даходзіла нават да страляніны – гэтакія былі гульні і сямейныя забавы ў той міжваенны час. Пасля першага нападу Станіслаў Іваноўскі пад падушкай заўсёды трымаў зараджаны браўнінг і ў Лябёдцы нікуды не выходзіў без зброі.

У выніку сямейных спрэчак жыццё Лябёдкі было паралізаванае і ўтварыліся дзве партыі. Большая партыя, куды ўваходзілі ўсе блізкія родныя, стаяла на баку Алены Скіндар з Іваноўскіх, другая, партыя «прыхільнікаў Стаха», колькасна была значна меншай. Падзел быў настолькі моцны, што нават перад самай Другой сусветнай вайной, калі сям’я нарэшце прыйшла да згоды, партыі не прымірыліся.

Вось як апісвае Казімір Іваноўскі адносіны сваіх стрыечных братоў і родных пляменнікаў да свайго бацькі Станіслава – падзеі адбываюцца пры канцы 1930-х, калі ўся сям’я сабралася ў Лябёдку на Вялікдзень: «Паволі збіраюся да сняданку і чую рух на калідоры. Гэты на свята прыехалі Юрак, сын дзядзькі Тадаса, і сыны дзядзькі Вацлава – Стэфан і Вацак, браты Ганкі… Знаходжуся ў пакоі бацькоў і адсюль бачу, як насупраць бацькавай тахты за акном нешта вісіць. З цікаўнасцю прыглядаюся і разумею, што да доўгага кія шнурам прывязаны здохлы шчанюк. Гэта выглядае вельмі непрыемна, а шчанюк вісіць на такой вышыні, што з зямлі яго дастаць немагчыма. Але бацька знае правілы гульні, адчыняе акно і з дубальтоўкі перастрэльвае шнурок. Шчанюк падае на зямлю, і мы выкідваем яго ў кусты. Але праз пэўны час шчанюк зноў з’яўляцца за акном, бацька зноў страляе, і на гэтым гульня заканчваецца, бо ёй зацікавілася бабуля, якую стаміла ранішняя кананада ў доме». Дарэчы, сын Тадаса, Ежы (Юрак) Іваноўскі, пісаў, што дзеці Вацлава Іваноўскага – Стэфан, Вацак і Ганна – былі яго «найбліжэйшымі кузэнамі і сябрамі дзяцінства, з якімі меў столькі гульняў і бітваў у Лябёдцы». Можа, якраз «бітвы» з дзядзькам Станіславам ён меў на ўвазе? Як жа трэба было давесці пляменнікаў, каб яны гэтак ставіліся да роднага дзядзькі?

Станіслава Іваноўскага не любілі ні яго сваякі, ні беларускія сяляне. І, пэўна, было за што. Каб праілюстраваць інтэлектуальна-маральныя якасці Станіслава Іваноўскага, перакажу фрагмент з успамінаў, якія ён напісаў у 1937 г. Праз 20 гадоў ён ганарыцца дробнай антыбеларускай правакацыяй, якую арганізаваў у Гародні, і з вялікім задавальненнем расказвае пра яе ў сваіх успамінах пра стварэнне польскай «Самаабароны» і складаныя моманты 1918—1919 гг. на Лідчыне і Гарадзеншчыне.

Як вядома, у канцы сакавіка 1919 г. у Варшаве раптам з’явіўся палітык Гадыцкі-Цвірка2929
  Кастусь Мардар’евіч Гадыцкі-Цвірка (05 (17).04.1880 – пасля 1931) – беларускі педагог, публіцыст. У 1903—1923 гг. выкладчык Слуцкай гімназіі, Дзвінскага і Мінскага рэальных вучылішчаў, Мінскага настаўніцкага інстытута, Мінскіх педагагічнага і політэхнічнага тэхнікумаў, рабфака БДУ. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г.).


[Закрыть]
. На імя польскага прэм’ер-міністра Падарэўскага ён склаў адозву з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з’езду, у якой сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма», таму Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» павінна была ўвайсці ў «сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай». З гэтай адозвай палітык паехаў у Варшаву. Калі звесткі пра гэта дайшлі да Гародні, Васіль Захарка ў ноце ад імя Рады Міністраў БНР апратэставаў заяву «беларускай» дэлегацыі. Калі ж Гадыцкі-Цвірка зноў з’явіўся ў горадзе, на загад Кастуся Езавітава ён быў арыштаваны і адпраўлены ў мясцовую турму. Калі вязня пад вартай эскадрона беларускіх гусар везлі з турмы на чыгуначны вакзал, па загаду Станіслава Іваноўскага на іх напаў атрад «Польскай арганізацыі вайсковай». Завязалася кароткая перастрэлка, падчас якой быў забіты адзін з нападнікаў. Аднак адбіць К. Гадыцкага-Цвірку не атрымалася3030
  Падрабязней: Чарнякевіч А. Нараджэнне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909—1939 гадоў. Мінск, 2015. С. 55—56.


[Закрыть]
.

Станіслаў Іваноўскі напісаў пра гэта: «На пачатку 1919 г. у Гародні арганізавалася дэлегацыя беларусаў для паездкі ў Бельведэр (да Пілсудскага. – Л. Л.). На чале гэтай дэлегацыі стаў нейкі Гадыцкі-Цвірка са Случчыны. Пра гэту дэлегацыю пісалі варшаўскія газеты, і, калі Гадыцкі-Цвірка вярнуўся ў Гародню, ён быў арыштаваны ўладамі і пасаджаны ў турму… Гадыцкага-Цвірку павінны былі перавезці ў Коўна. Пра дзень перавозкі я быў праінфармаваны. Вясеннім днём у 4-й гадзіне пасля поўдня яго везлі па вуліцы Ажэшкі ў турэмнай карэце пад канвоем гусараў (беларускіх. – Л. Л.). На іх шляху, пры палацы князя Чацвярцінскага, на ходніках чакалі каля дзясятка членаў польскай вайсковай арганізацыі з рэвальверамі. Гусары праз хвіліну былі рассеяныя залпамі з рэвальвераў… і паўцякалі. Усе немцы пахаваліся, было бачна, што яны не жадаюць браць удзел у канфлікце… Скарыстаўшы замяшанне, я паехаў да каменданта цвердзі Гародня палкоўніка Ловенфілда і заявіў яму, што ўся віна за інцыдэнт ляжыць на беларусах, і выказаў пажаданне, каб больш не было страляніны, якая пагражае жыццю нямецкіх жаўнераў у горадзе… Палкоўнік Лавенфілд запэўніў мяне, што зробіць для гэтага ўсё магчымае… З таго памятнага дня знікла ўсякае значэнне Народнай беларускай рады…» Такім чынам, Станіслаў арганізаваў страляніну ў горадзе і абвінаваціў у ёй беларусаў. Нават праз 20 гадоў ён не зразумеў, што непрыстойна і нават бязглуздна хваліцца правакацыяй, не асэнсаваў свае дзеянні і не зрабіў спробу неяк па-іншаму інтэрпрэтаваць падзеі.

Пэўна, быў ён не надта разумным, здольным да выніковай працы чалавекам. Яго сын Казімір пісаў: «Жылі мы ў дамку ў Лябёдцы. Бацька гаспадарыў у суседнім Галавічполі (покуль гэты фальварак не адышоў да старэйшага брата Ежы. – Л. Л.). Дом у Галавічполі якраз да таго часу быў спалены „вернымі слугамі“, і праца, якая знаходзілася далёка ад Лябёдкі, была вельмі клапатлівай і малаэфектыўнай. Па праўдзе, цяжка было назваць гаспадараннем тое, чым бацька займаўся потым і ў Лябёдцы. З вясны па зіму мама вяла гаспадарку, а бацька меў працу адваката ў сваёй канцылярыі ў Вільні і наязджаў да нас не часта, каб тут паламаць і расцярушыць планы, якія мама з цяжкасцю складала без яго, а потым зноў ад’язджаў у Вільню. У Вільні за лета меў толькі некалькі кліентаў, але карыстаўся спакоем і свабодай, покуль сям’я сядзела ў вёсцы».

Станіслаў Іваноўскі не мог нават знайсці для свайго маёнтка добрага эканома, а можа, да такога пана добры і сам не ішоў: «Зімой гаспадарку пакідалі на апеку Бога ці добрую волю эканома. Калі судзіць па выніках, пан Бог меў іншыя клопаты, а эканом рэгулярна краў усё, што можна было панесці. Таму, дарэчы, і красці не надта было чаго. Эканомаў перабывала ў нас шмат. Калі эканом хуткі і энергічны – дык злодзей, калі спакойны і пачцівы – дык цалкам дупа, якога падманваў любы, хто хацеў. Невядома, што горш. Але не, вядома! Бо быў у нас адзін такі, які быў і дупа, і злодзей, і яшчэ жлукта, звалі яго Вітольд Р.».

Цяжкія адносіны склаліся ў віленскага адваката і з мясцовымі сялянамі, якія раней спалілі яму хату ў Галавічполі. Сын Казімір апісвае гісторыю, якая адбылася ў велікодныя дні ў 1930-я гг.: «…бацька злы, бо пачынаецца працэсія баб з ваколічных вёсак з квіткамі на заробак. Гэта яшчэ адны сумныя наступствы пасля працы нашага эканома Вітольда – жлукты і злодзея. Ён выдаў шмат квіткоў за аднадзённую працу па праполцы буракоў. Вітольд прадаваў квіткі сялянам за працэнт ад намінальнага кошту, бо не меў за што выпіць. Сітуацыя сур’ёзная – бабы ўсё ідуць, запасы гатоўкі заканчваюцца, а трэба яшчэ зрабіць свята і мець грошы на адваротны шлях. Адвакат ратуе справу тым, што загадвае адчыніць капец і замест грошай пачынае плаціць бульбай. Але галодны на грошы народ гэтаму вельмі не рады».

Апошнюю кропку ў гэтай справе для сябе я паставіў, даведаўшыся пра адназначную ацэнку Антонам Луцкевічам разумовых здольнасцяў Станіслава Іваноўскага. У студзені 1919 г. падчас знаходжання ў Гародні старшыня ўрада БНР запісаў у сваім дзённіку: «Прыходзіў Станіслаў Іваноўскі. З усёй яго гутаркі, як заўсёды дурной і бязладнай, з тэндэнцыяй выказаць свой розум, годнай увагі была толькі заява, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. „Краёвая ідэя, – сказаў ён, – магла б мець вагу толькі тады, калі б за ёй стаялі некалькі корпусаў войска. А цяпер мы аб ёй забыліся“. Шчыра і ясна!»

І хопіць пра гэтага чалавека.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0


Популярные книги за неделю


Рекомендации