282 000 книг, 71 000 авторов


Электронная библиотека » Леанід Лаўрэш » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 26 сентября 2024, 07:02


Текущая страница: 7 (всего у книги 10 страниц)

Шрифт:
- 100% +

– Якога яна ўзросту?

– Такога, што ёй не трэба яго хаваць. Гэта мае гады – вялікі сакрэт.

…На сцежцы паказаліся двое мужчын. Першы, высокі, поўны вясёлы прафесар В., выціраў на хаду вялікай насоўкай спатнелы лоб. Другі, прафесар З., быў сярэдняга росту, шчуплы…»

Потым паміж прафесарамі адбываецца спрэчка аб гісторыі і палітыцы, якая не надта адрозніваецца ад сучасных спрэчак, датычных спадчыны ВКЛ паміж беларусамі і летувісамі і г. д.

Згадванне ў рамане ўзросту Ядзвігі – яшчэ адна ўскосная прыкмета Алены Іваноўскай, а не Ядвігі Вашкевіч, маладой у той час дзяўчыны. Заўважу яшчэ раз, што пляменнік Алены Казімір амаль што наўпрост піша пра раман паміж славутым пісьменнікам («Каханкам старой мядзведзіцы») і Аленай Скіндар. Яна і насамрэч на чатырнаццаць гадоў старэйшая за яго – Пясецкаму летам 1939 г. споўнілася 38, Алена ж мела ўжо 52. Але стрымаюся, не хачу, не буду гадаць пра тое, ці было што паміж імі, хоць ведаю, што ў рэальным жыцці часта адбываюцца падзеі, якія літаратар нават не можа і выдумаць.


У Вільні на Св. Антонія – 13 чэрвеня 1941 г. – пачаўся савецкі хапун і вываз людзей у Сібір. 23 чэрвеня 1941 г., на Св. Яна, у Вільню прыйшлі немцы.

«Калі прыйшлі немцы, мы, бабы (гэтак нас звалі мае браты), вырашылі трымацца сваёй зямлі, дзе нас заўсёды можна будзе знайсці, і ў верасні 1941 г. вярнуліся ў свае вёскі. Пустыя дамы і стайні, але людзі спагадлівыя, далі нам збожжа і бульбы. Дрэва для печак з уласнага лесу. Вярнулі рэшткі мэблі», – успамінала Ганна Іваноўская.

Юры Туронак піша, што Вацлаў Іваноўскі, перш чым выехаць з Вільні ў Мінск, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку (і гэтак уратаваць іх жыцці) дзвюх жанчын-яўрэек – Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд. Сям’я Альтбергаў – старыя знаёмыя Іваноўскіх. З Люцыянам Альтбергам Вацлава звязвала студэнцкае сяброўства, а таксама сямейная гісторыя: брат Вацлава, Тадас, ажаніўся з Марыяй Вольскай, якая неўзабаве кінула яго і выйшла замуж за Люцыяна Альтберга. Такім чынам, паміж сябрамі атрымалася і нават нейкая сямейная сувязь. А ў Марыі Арнольд (з Альтбергаў) Вацлаў Іваноўскі ў свой час выкладаў хімію.

Дачка Вацлава Ганна ўспамінала: «Верасень ужо (1941 г. – Л. Л.). Паехала ў Вільню па цёплыя рэчы. Спаткала там бацьку, і ён сказаў: «Добра, што ты ёсць. Маеш каня? Трэба ратаваць адсюль абедзвюх спадарыняў Альтберг». Забрала іх, бо немцы ў Вільні ўжо заганялі яўрэяў у гета. Я не думала, што рызыкую. Запыталася ў фурмана, які мяне вёз, ці пагодзіцца ён забраць «гасцей для мамы», ён усе зразумеў і заўважыў: «У іх такія чорныя вочы». Ехалі тры дні, бо конь ішоў 40 км штодзень, а да Рагачоўшчыны было 120 км. Мы з фурманам часта ішлі пешшу, а старэйшыя спадарыні, якія мелі каля 50 гадоў, сядзелі на возе. Фурман быў файны, яго звалі Адольф Данілевіч, ён быў нашым арандатарам. На палове дарогі, у Эйшышках, Адольф кажа мне: «Панначка, людзі кажуць, што ў Эйшышках ужо зрабілі гета. Што рабіць будзем?» А я адказваю: «Адольфічак, можа, неяк аб’едзем лесам?» І так даехалі да дома.

Рагачоўшчына была глухой вёскай, сюды ніхто, акрамя сваіх, не заходзіў. Але не мелі чаго есці. Купілі карову, свінку, арандатары давалі бульбу і збожжа. А потым гналі самагон на продаж. Адзін раз злапалі мяне немцы, атрымала ад іх кіем, збілі ў мяса. Неяк абышлося, мяне сям’я выкупіла. Немцы не ведалі, што мы хаваем яўрэек. Пасля вайны Эма Альтберг была прафесарам фартэпіяна і клавесіна ў Вышэйшай музычнай школе ў Лодзі. Калі выйшла на пенсію, пераехала ў Варшаву. Я адведвала яе, была ў шпіталі і на яе пахаванні. Марыя Арнольд – доктар філасофіі, педагог, працавала ў бібліятэцы Інстытута агульнай хіміі ў Варшаве»4848
  Гэтыя аўдыёўспаміны дачкі Вацлава Іваноўскага Ганны выкладзеныя ў інтэрнэце: https:// sprawiedliwi.org.pl/pl/historie-pomocy/historia-rodziny-iwanowskich


[Закрыть]
.

У 1979 г. Марыя Арнольд з удзячнасцю расказвала гісторыку Юрыю Туронку пра клопаты Іваноўскіх, якія выратавалі яе і сястру ад гета і смерці.

Алена Скіндар з сабакам Яцусем адна жыла ў сваёй частцы Лябёдкі, іншыя харты да таго часу ўжо памерлі. Нехта з сялян аддаў ёй аднаго коніка, нехта прынёс сядло. А Ганна Іваноўская з маці жыла ў фальварку Рагачоўшчына (які да падзелу маёнтка паміж баратамі быў часткай Лябёдкі), іх любімы сабака Туркуць памёр з голаду. Праз нейкі час маці з дачкой знайшлі сваё піяніна, потым з Вільні прывезлі ноты, і тады яны разам з прафесарам Эмай Альтберг па вечарах гралі Шапэна (цікава, чаму сяляне паквапіліся на такую вялікую і не патрэбную ў гаспадарцы рэч, як піяніна?). Хату асвятлялі карбідам ці лучынай. Потым здабылі адну карову і аднаго парсючка. Палі стаялі неараныя, бракавала коней і інвентару. У пошуках інвентару Ганна, як самая маладая, курсіравала паміж Вільняй і Лідай, ажно пакуль яе не арыштавалі немцы і не пасадзілі ў лідскую турму.

На пачатку 1943 г. Вацлаў Іваноўскі наведаў Ліду. Яму трэба было знайсці дакументы, якія пацвярджалі, што адзін з яго супрацоўнікаў у Мінску з’яўляецца беларусам, а не палякам, бо яго арыштавалі з-за падазрэння ў працы на выведку польскага эміграцыйнага ўрада. Канешне ж, Іваноўскі павінен быў наведаць Лябёдку і пабачыцца з сястрой і былой жонкай. Іваноўскі раней вызваляў дачку Ганну з-пад арышту, і з восені 1942 г. яна жыла разам з ім у Мінску. Калі ж Вацлава Іваноўскага забілі, першая жонка Сабіна і дачка Ганна ўдзельнічалі ў яго пахаванні. Алена Скіндар заставалася ў гэты час у Лябёдцы. Якім было жыццё жанчын у родным маёнтку ў час вайны, можна даведацца з успамінаў Казіміра Іваноўскага.

Першую палову вайны на сваёй частцы Лябёдкі жыў брат Алены Станіслаў з сынам Казімірам, потым ён перабраўся ў Вільню. Казімір пісаў: «Заставацца на месцы было небяспечна. Старыя крыўды з ваколічнымі вёскамі ў той час вырашаліся пры дапамозе аўтамата ці сякеры.

З суседніх маёнткаў толькі мы ўдвох з Вітакам (сынам Станіслава Валейкі з Галавічполя. Станіслаў Валейка на пачатку XX стагоддзя разам з братамі і Вацлавам Іваноўскім выдалі беларускую газету «Свабода». – Л. Л.) засталіся на сваіх гаспадарках. Былі маладыя, хуткія, больш жвавыя, не мелі асабістых ворагаў, і таму нашы шанцы выжыць былі большыя. Відочна, нехта павінен быў застацца на гаспадарцы, каб пільнаваць дамы, але падчас акупацыі слова «бяспека» не мела сэнсу. Так мы з Вітакам праз мяжу і гаспадарылі».

Казімір Іваноўскі згадвае адзін характэрны выпадак: «Гэта быў 1943 год, навокал панавала анархія. Гарэлі маёнткі, і людзей без абвінавачванняў забівалі партызаны розных палітычных плыняў ці звычайныя бандыты, што для ахвяраў не мела розніцы. На нашых тэрыторыях немцы не мелі ніякай улады, а ціха сядзелі ў бункерах. З ваколічных вёсак і мястэчак прыязджалі цэлыя табуны фурманак, каб высекчы дрэвы ў нашым лесе, – такім чынам ліквідавалася сацыяльная несправядлівасць.

Аднаго разу прыходзіць да мяне наш эканом Вінцук Санкевіч і кажа:

– Паніч! Прыехалі і вырубаюць ясень на мяжы Старога саду. Нешта зрабі! Я не пайду, бо мяне заб’юць.

Сітуацыя была цяжкай. Зрэагаваць – значыць страціць жыццё, не зрэагаваць – страціць рэшткі прэстыжу, здрадзіць свайму гнязду. Далейшым крокам будзе рабунак дома і гаспадарчага інвентару. Кінуўся да Вітака і расказаў яму пра справы. Вітак маўчком выцягнуў з-пад шафы рэвальвер, узвёў курок і схаваў у кішэні. Паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, мы выйшлі з хаты. У той раз удалося захаваць дрэва, твар і сваю шкуру. Праз некалькі дзён прыехалі старыя выбачацца і прасіць, каб мы вярнулі ім інструменты. Вярнулі».

З гэтых успамінаў пляменніка можна сабе ўявіць, як выжывалі жанчыны, якія, да таго ж, хавалі яўрэяў.

22 кастрычніка 2001 г. за ўратаванне яўрэйскай сям’і званне праведнікаў свету было нададзена: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндар з Іваноўскіх, Ганне Карнецкай з Іваноўскіх і Адольфу Данілевічу.

Вось такая гісторыя чалавечнасці. Як для мяне – нічога дзіўнага, бо прыкладна гэтак жа паводзіла сябе большасць маіх суайчыннікаў. За сваё жыццё я наслухаўся шмат гісторый пра тое, як беларусы ратавалі, кармілі і хавалі яўрэяў, бо разумелі, што нельга забіваць людзей! І мая мама расказвала, як мой дзед даваў ёй кавалак хлеба – усё, што меў беларускі селянін у той час, – і адпраўляў у Ваўкавыскае гета, каб яна перадала той хлеб былым суседзям-яўрэям…


Неяк так здарылася, што ўсе браты Іваноўскія разам са сваімі дзецьмі перажылі тую страшэнную вайну. У сям’і загінуў толькі беларус Вацлаваў Іваноўскі4949
  Калі восенню 1939 г. былы студэнт Іваноўскага, сустрэўшы прафесара ў Вільні, спытаў, чаму ён не ўцякае на Захад, той адказаў: «Чакаю ад’езду ў Менск, каб будаваць Беларусь: вы ж ведаеце, я – беларус. Я хачу быць у цэнтры падзей». Мастак Яўген Ціхановіч успамінаў пра Вацлава Іваноўскага: «Ад 3 лістапада 1941 г. прызначылі бурмістрам Менску, ён шмат зрабіў для ратавання людзей ад нямецкіх рэпрэсіяў. Я гэта ведаю. Улетку 1943 г. з ініцыятывы групы прафесара Іваноўскага было створанае і падпольнае беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднанне дзеля гуртавання сілаў, якія мелі на мэце адбудову беларускае незалежнае дзяржавы па вайне… 7 снежня 1943 г. Вацлаў Іваноўскі быў забіты на рагу цяперашніх вуліцаў Нямігі й Камсамольскай. Іваноўскі, як заўжды, без аховы ехаў на фурманцы. Ролю ахоўніка й выконваў фурман. Некалькі чалавек жалезнымі прутамі забілі іх абодвух, Іваноўскага з фурманам. Прутамі – кааб не было чуваць стрэлаў. Хто гэта зрабіў, невядома было ні тады, ні цяпер. Магчыма, забойства было ўчыненае са згоды гаўляйтара фон Готбэрга. Але тады ўсе забойствы валілі на партызанаў, і, каб гэтак выглядала, Іваноўскаму як бурмістру немцы зрабілі шыкоўнае пахаванне на Кальварыі. Так не стала вялікага чалавека. Было яму толькі 62 гады…» Гл: Сяргей Харэўскі. Партрэт стагодзьдзя вачыма мастака. Успамінае найстарэйшы беларускі мастак Яўген Ціхановіч // Наша Ніва. 2001. 3 студзеня, №1 (210). Язэп Найдзюк пісаў: «Ён не захапляўся ідэямі і праграмай Гітлера, не быў германафілам. Яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі. А таксама – адкрыццё беларускага ўніверсітэта ў Менску». Гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006. С. 137.


[Закрыть]
і ўсе яго тры сыны.

Старэйшы сын Вацлава Стэфан перад вайной закончыў палітэхніку, быў выдатным пілотам. Мабілізаваны, ваяваў у верасні 1939 г., потым жыў у Вільні. Прымаў удзел у падполлі, быў арыштаваны немцам, але ўцёк. З жонкай і сынам перабраўся ў Варшаву. У чыне падпаручніка прыняў удзел у Варшаўскім паўстанні пад мянушкай Домэк. Пасля капітуляцыі паўстання не злажыў зброю і сышоў у лясы над Піліцай. Там загінуў у вялікай нямецкай аблаве.

Малодшы сын Вацлаў закончыў палітэхніку і атрымаў дыплом інжынера-будаўніка. Быў выбітным яхтсменам. Пасля баёў у верасні 1939 г. патрапіў у Вільню. Немцы знялі яго з карабля «Эстонія», які плыў з Таліна ў Стакгольм, і пасадзілі ў лагер. Але Вацлаў-сын паспеў знішчыць свае вайсковыя дакументы, і таму праз нейкі час яго выпусцілі. Перабраўся ў Люблін і тут даведаўся, што гестапа забіла яго жонку. У чыне сяржанта пад мянушкай Драпач прыняў удзел у Варшаўскім паўстанні і загінуў.

Самым маладым сынам ад другога шлюбу быў Пётр. Таксама быў жаўнерам Варшаўскага паўстання і гераічна загінуў.

Адзіная дачка Вацлава Іваноўскага Ганна (у замустве Карнецкая), праведніца свету, дама Рыцарскага закона Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай, дама Камандорскага крыжа ордэна Polonia Restituta, пражыла вельмі дастойнае жыццё па-сапраўднаму інтэлігентнага чалавека. Памерла 14 кастрычніка 2017 г., пражыла 103 гады.

Летувіскі прафесар і дырэктар Інстытута біялогіі Летувіскай акадэміі навук Тадас Іванаўскас памёр у пашане ў 1970 г. Яго брат – беларус, прафесар Вацлаў Іваноўскі – быў забіты пры таямнічых абставінах і апляваны пасля смерці. Трэба зняць капялюш перад бліскучым гісторыкам Юрыем Туронкам, які аднавіў для нас вобраз заснавальніка і рупліўца беларускай нацыянальнай ідэі. І яшчэ адзін факт для разумення таго, чым для беларускай інтэлігенцыі пасля Другой сусветнай вайны адрозніваліся рэаліі жыцця ў Летуве ад сітуацыі ў Беларусі – старэйшы летувіскі «нацыяналіст» Тадас Іванаўскас у 1946 г. атрымаў ад савецкага ўрада медаль за «Доблестный труд в годы Великой Отечественной войны» за тое, што падчас нямецкай акупацыі выкладаў для летувіскай моладзі. Якраз за тое самае беларускія педагогі гібелі ў турмах і лагерах.


Але вяртаемся да праведніцы свету Алены Скіндар з Іваноўскіх, бо мая аповесць падыходзіць да канца і з гэтага месца першая перакладчыца на англійскую мову і першая беларуская настаўніца Лідчыны Алена Скіндар з Іваноўскіх застаецца адзіным героем.

У 1944 г. ужо выразна адчувалася, што немцы сыходзяць. Новае спатканне з бальшавікамі магло стацца для ўсіх Іваноўскіх фатальным. Рознымі шляхамі Іваноўскія здабылі ў немцаў пропускі на выезд у Варшаву. Апошняй, ажно ў Мінску, дастала пропуск для сябе і свайго сабакі Алена Скіндар. Пляменніца Ганна ўспамінала, што падчас паездкі чыгуначнікі паводзілі сябе па-рознаму: дапамагалі ці, наадварот, з-за сабакі нават выкідвалі з цягніка. Але неяк на Вялікдзень 1944 г. Алена ўсё ж дабралася да Варшавы і пасялілася ў сваякоў Міхаловічаў на вуліцы Лекарскай. На ўездзе ў Варшаву Алену абрабавалі. Жаўнеры заўважылі жанчыну ў футры з хартом на павадку, загадалі ёй распрануцца і ў адзенні знайшлі мяшочак з упрыгожаннямі. Усё забралі, пакінулі толькі сабаку.

Праз нейкі час Алена пасялілася на ўскрайку Варшавы – у Блоні (так па-польску завецца «Выган»), у хатцы вартаўніка саду. Ёй тут спадабалася, але, каб зарабіць, наймалася фурманам, працавала ў сялян на гаспадарцы, давала ўрокі французскай і англійскай мовы.

У лістападзе 1945 г. пляменніца Ганна Іваноўская атрымала працу касіркі ў адмысловай сталовай аддзела культуры і мастацтва Варшаўскага магістрата, якая знаходзілася ў Празе (раён Варшавы на правым беразе Віслы).

Аднойчы Ганна падавала яечню нейкаму англічаніну, які кіраваў групай дапамогі польскаму народу, і пачала з ім размаўляць. Раптам пачула: «Ці ведаеце вы, лэдзі, маю сяброўку, якую я шукаю, яе завуць Алена Скіндар?»

– Гэта ж мая цётка Алена! – адказвае маладая Іваноўская. – Так, я ведаю Алену Скіндар, яна жыве ў трыццаці кіламетрах ад Варшавы.

Ганна даведваецца, што гэтыя англічане – квакеры, пацыфісты і таму не служылі ў арміі, але былі абавязаныя прысвяціць адзін год грамадскай працы. Кіраўнік групы гаворыць, што хоча ўзяць сваю старую сяброўку ў якасці перакладчыцы ў пункт дапамогі, які месціцца дзесьці на былым плацдарме каля Віслы – там усё разбіта і людзі жывуць у зямлянках. Ганна сядае на ровар і едзе ў Блонь да цёткі5050
  Цікава, што другі пляменнік, маёр Ежы Іваноўскі (сын Тадаса), у 1943 г. падчас службы ў войску сустракаўся ў Англіі з сябрамі цёткі Алены, аматарамі коннага спорту Кросманамі.


[Закрыть]
.

Але да таго часу Алену Скіндар ужо гэтак знудзілі сяляне з Блоні, што яна ўцякае ў Люблін да Сабіны Іваноўскай (маці Ганны), якая там пасялілася ў недабудаваным доме свайго загінулага сына Вацлава. Жывучы ў Любліне, Алена мае харта Яцуся і таксу Пёку Сабіны. Гэтая такса, як і Яцусь, прыехала з Лябёдкі і перажыла Варшаўскае паўстанне.

У красавіку 1946 г. у Люблін прыехаў кіраўнік квакераў у Польшчы Філіп Зялей (той самы знаёмы па сталоўцы) і забраў Алену з сабакамі ў горад Кажаніцы. Запэўніў яе, што не трэба ні аб чым думаць, бо ён дасць ёй усё і будзе ўтрымліваць «яе як сам сябе». Алена з радасцю запісвае ў сваім дзённіку: «Здарыўся цуд, англічане мяне шукаюць на працу і дадуць мне і Яцулю харчаванне і заробак».

Кажаніцы – былая каралеўская маёмасць, месца нараджэння караля Жыгімонта Старога. У памяць аб гэтай падзеі ў 1518 г. паставілі калону. Яна з’яўляецца сёння самым старым свецкім помнікам у Польшчы. У Кажаніцах меўся палац з цудоўным паркам, а таксама пушча для каралеўскага палявання. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтая маёмасць была падорана нейкаму рускаму генералу.


Алена Іваноўская, 1950 г. Фота з кнігі: Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej młodości. Bydgoszcz, 1995.


Пасля Другой сусветнай вайны англійскі пункт дапамогі быў арганізаваны ў афіцыне каля напаўзгарэлага палаца. Яшчэ з 1920-х палац з афіцынамі стаў дзяржаўнай маёмасцю і тут пачала працаваць вядомая дзяржаўная канюшня для гадоўлі пародзістых коней, а потым і коней для спорту.

Да таго часу з Захаду пачалі патроху вяртаць нарабаваных немцамі коней. Вярнуўся даваенны дырэктар стайні – спадар Зопі – і зноў узначаліў стайню. Алену Скіндар дырэктар ведаў яшчэ з даваенных часоў па розных конных выставах і спаборніцтвах, да таго ж яна раней і сама гасцявала ў Кажаніцах. Дарэчы, Зопі разам з Ежы Іваноўскім (сынам брата Тадаса) займаўся вяртаннем коней, сагнаных у Германію, і перадаў пляменніку, дзе цяпер жыве яго цётка.


Алена зноў пачувалася шчаслівай: мае англічан, працу на паветры, а не ў бюро, мае заробак для сябе і Яцуся і, акрамя таго, мае справу з коньмі, і дырэктар дазваляе ёй ездзіць вярхом па пушчы. Да таго ж у прыгожым парку цячэ ручай для ранішняга купання.

Ёй ужо амаль 60 гадоў. Як я пісаў вышэй, перад вайной, падчас спаборніцтваў у Лодзі, яна ўпала з каня і атрымала кантузію. З гадамі яна пачала кульгаць, а часам у яе дваіўся зрок. Пасля ад’езду квакераў Алена вымаліла сабе жытло ў стайні. Дырэктар Зопі па сваёй дабрыні дазволіў ёй спаць у канюшні. Пасля гэтага ў дзённіку Алена напісала, што зноў пачуваецца шчаслівай. Старыя конюхі з гэтай стайні ведалі яе яшчэ з даваенных часоў, і хтосьці з іх, жадаючы дагадзіць, зрабіў зэдлік з грубых ашалёваных дошак без выкарыстання цвікоў. Было гэта ў 1947 г. Гэты зэдлік потым быў з ёй да канца жыцця. Але калі спадар Зопі выйшаў на пенсію, новы дырэктар выгнаў яе са стайні. Тады Алена перасялілася на ўскраек мястэчка, у малую хатку, адкуль яна ўсё ж магла бачыць коней. Седзячы на зэдліку, старая варыла мяса свайму сабаку – мяса для сабакі, адвар для сябе. Харт Яцусь да таго часу ўжо памёр, а яго месца занялі два чарговыя сабакі – жоўты і белы (Мішка і Белка). Ад квакераў Алена Скіндар атрымлівала малую пенсію. Пляменнік Казімір згадваў: «Са студэнцкіх часоў цётка мела сяброў у Англіі, і тыя дасылалі ёй па некалькі фунтаў. Пра гэта ведалі суседзі і заўсёды прасілі ў яе грошы. Ніколі не адмаўляла. Да канца жыцця захавала высокі стыль і шляхетнасць, ужо нічога не маючы сама, усе аддавала іншым». Той жа Казімір дадае цікавую рысу да вобразу апантанай спартсменкі: яна пашкодзіла нагу, бо «ва ўзросце амаль што 80 гадоў вучылася ездзіць на матаролеры, які ёй даслалі англійскія сябры».

Пляменніца Ганна з Іваноўскіх пісала, што цётка Алена жыла ў атачэнні добрых людзей, але са смуткам марыла пра вяртанне дадому, у Лябёдку. Яна ж запісала цікавую гісторыю, якая адбылася ў канцы цётчынага жыцця: «Некалі ў Кажаніцах цётка Алена з-за траўмы нагі патрапіла ў шпіталь. Пры чарговым абходзе з’явіўся доктар-ардынатар. Гледзячы на картачку хворай, ён спытаў: „Іваноўская-Скіндар – можа, вы сваячка інжынера Леанарда Іваноўскага з Пецярбурга?“ – „Так, – адказала цётка. – Яго дачка“. – „О, тады прашу, каб вы былі маім асабістым пацыентам. Бо я вывучыўся на лекара дзякуючы вашаму бацьку. Маё прозвішча Цывінскі, мая маці працавала ў сп. Леанарда Іваноўскага ў Пецярбургу перад Першай сусветнай вайной. Дзякуючы стыпендыі вашага бацькі я скончыў медыцынскі факультэт“».

Сям’я доктара Цывінскага паставілася да Алены Іваноўскай як да роднага чалавека. Яны разумелі яе любоў да харта, жаданне жыць каля стайні і забяспечылі ёй поўную апеку. Калі доктар Цывінскі быў пераведзены ў іншы горад, ён перадаў хворую дачку свайго былога дабрадзея пад апеку наступнаму доктару, Сабашаку. Доктар Сабашак шмат гадоў даглядаў Алену, трымаў яе грошы і пры неабходнасці прысылаў сваю ахмістрыню з правіянтам ці каб прыбраць кватэру. Ён меў пастаянны тэлефонны кантакт з яе пляменніцай Ганнай, якая жыла ў Варшаве і клапацілася пра сваю цётку.

Алена Скіндар жыла 88 гадоў, памерла хутка, і зычлівыя людзі зрабілі так, што на могілкі яе павезлі на прыгожай, укрытай конскай гунькай платформе, якую цягнулі прыгожыя коні. Ксёндз-дэкан у сваёй прамове расказаў, што за доўгае жыццё ў Кажаніцах (пражыла тут 26 гадоў) ніхто не ведаў, што гэтая прыгорбленая асоба з сабакам на паску – адна з паходняў культуры на Лідчыне.

Пахавальную платформу і коней са стайні на пахаванне Алены Скіндар замовіла жонка доктара Сабашака. «Гэта яна дапамагла мне на рэшту грошай цёткі танна пакласці на яе магілу камень. Пра маці доктара Цывінскага цётка Алена неяк расказвала, што ахмістрыня Цывінская ў Пецярбургу была вельмі добрым чалавекам», – успамінала Ганна з Іваноўскіх.

А пляменнік Казімір Іваноўскі з пэўнай іроніяй успамінаў: «Я з братам быў на яе пахаванні. На гэты раз стайня дапамагла – дала воз-платформу з парай коней і чатырох абмундзіраваных жакеяў. Так, мела пахаванне, аб якім магла марыць, – малітву ксяндза перарывала ржанне коней. Падчас пахавання здарыўся дзіўны выпадак. Для развітання з нябожчыцай труну паставілі каля долу, і туды, у дол, упаў адзін з жакеяў. Цётка заўсёды мела да іх слабасць, і жакей быў бы ёй прыемным кампаньёнам у апошняе падарожжа, але хлопца выцягнулі».


Дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Ганна, занатавала: «З яе простых рэчаў забрала ў Варшаву зэдлік, пра які цётка сказала, што зрабіў яго нехта са стайні. Гэты зэдлік – мой каштоўны антык».

Паслужны спіс Леанарда Іваноўскага5151
  RGIA у Пецярбурзе. Сігнатура: 575-9-22. Перазнятыя старонкі ўзяты з сайту: rogala-iwanowski.pl/page18.php


[Закрыть]

Пра службу члена Савета па справах скарбовага продажу напояў, загадчыка будаўнічай часткі Аддзела скарбовага продажу напояў Галоўнай Управы неабкладных збораў (па-руску «Главное управление неокладных сборов» – Л. Л.) і скарбовага продажу напояў, члена Тэхнічнага камітэта гэтай жа ўправы, дзейснага (перакрэслена і папраўлена: тайнага – Л. Л.) стацкага (перакрэслена – Л. Л.) дарадцы Леанарда Станіслававіча ІВАНОЎСКАГА

Складзены: красавік, 1915 г.


Дзейсны (перакрэслена – Л. Л.) тайны дарадца Леанард Станіслававіч Іваноўскі. Член Савета па справах скарбовага продажу напояў, загадчык будаўнічай часткі Аддзела скарбовага продажу напояў Галоўнай Управы неабкладных збораў і скарбовага продажу напояў і член Тэхнічнага камітэта Галоўнай ўправы.

Нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. Рыма-католік.

Мае ордэна: св. Ганны 1 ст, св. Станіслава 1 ст., св. Уладзіміра 3 і 4 ст., св. Станіслава 2 ст, св. Ганны 3 ст., св. Станіслава 3 ст.

Мае медалі: срэбны ў памяць царавання Гасудара Імператара Аляксандра ІІІ і светла-бронзавую ў памяць 300-годдзя царавання дынастыі Дома Раманавых.

Афіцэрскі крыж Французскага ганаровага легіёна, аўстрыйскі афіцэрскі ордэн Франца-Іосіфа камандорскага крыжа з зоркай, вялікі крыж Італьянскага ордэна св. Маўрыкія і Лазара.

Жонка мае маёнтак у Петракоўскай губерні. Жанаты з Ядвігай з Райхалеў.

Мае дзяцей: Юрыя, нарад. 29 студзеня 1876 г.; Вацлава, нарад. 25 траўня 1889 г.; Тадэвуша, 16 снежня 1882 г.; Станіслава, нарад. 27 лістапада 1886 г.; дачку Алену, нарад. 3 траўня 1885 г.

Жонка і дзеці рыма-каталіцкага веравызнання і знаходзяцца пры ім.


Атрымлівае ў год утрымання:

Жалаванне: 3600 руб.

Сталовыя: 1200 руб.

Кватэрныя: 1200 руб.

Разам: 6000 руб.


Атрымаў выхаванне ў С.-Пецярбургскім Практычным Тэхналагічным інстытуце па хімічным аддзяленні, выпушчаны ў 1868 г. са званнем тэхнолага 1-га разраду.

Грунтуючыся на §31 палажэння аб Інстытуце, Высачайша зацверджанага 30 студзеня 1867 г., з зацвярджэння г. міністрам фінансаў уганараваны вучэбным камітэтам Інстытута ступенню інжынера-тэхнолага з 27 траўня 1871 г.

…Гасударыня Імператрыца 7 красавіка 1882 г. … прызначыла яго членам Савета рамеснай вучэльні пры Ніжагародскім першым дзіцячым прытулку.

За За працу на Усерасійскай прамыслова-мастацкай выставе 1882 г. у г. Масква, … 15 траўня 1883 г. узнагароджаны ордэнам св. Станіслава.

З дазволу сп. міністра фінансаў, згодна з прашэннем, прызначаны старшым тэхнікам упраўлення акцызнымі зборамі Варшаўскай і Сядлецкай губерняй, з 1 верасня 1885 г.

…Гасударыня Імператрыца дазволіла звальненне з… членаў Савета рамеснай вучэльні пры Ніжагародскім першым дзіцячым прытулку, з 12 студзеня 1886 г.

…Гасудар Імператар… загадаў… улічваць ў дзейсную службу чыноўніка час, калі… з'яўляўся членам Савета рамеснай вучэльні пры Ніжагародскім першым дзіцячым прытулку, усяго 3 гады 7 месяцаў і 19 дзён, але без права за гэты час на пенсію са скарбу.

Указам Кіруючага Сената ад 7 снежня 1891 г. за №125/7295 за выслугу гадоў прысвоены чын тытулярнага дарадцы з старшынством з 12 студзеня 1885 г.

Указам Кіруючага Сената ад 27 студзеня 1892 г. за №817 за выслугу гадоў прысвоены чын калежскі асэсар з старшынством з 12 студзеня 1888 г.

…за выдатную службу … 28 сакавіка 1893 г. узнагароджаны ордэнам св. Ганны 3 ступені.

…узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 2 ст., 2 красавіка 1895 г.

…загадам №13, 27 лютага 1896 г. прызначаны членам Дэпартамента неабкладных збораў тэхнічнага камітэта, адначасова пакінуты на папярэдняй пасадзе, 15 лютага 1896 г.

Атрымаў срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы ў памяць царавання Гасудара Імператара Аляксандра ІІІ, 26 лютага 1896 г.

…загадам №44, 15 ліпеня 1896 г. прызначаны членам Тэхнічнага камітэта Галоўнага ўпраўлення неабкладных збораў і скарбовага продажу алкагольных напояў, адначасова пакінуты на папярэдняй пасадзе, 1 чэрвеня 1896 г.

…загадам №38 … ад 10 траўня 1897 г. прысвоены чын калежскага дарадцы са старшынством у чыне з 12 студзеня 1896 г.

…узнагароджаны ордэнам св. Уладзіміра 4 ст., 5 красавіка 1898 г.

…загадам па цывільным ведамстве ад 2 траўня 1898 г. №37 прызначаны загадчыкам будаўнічай часткі аддзела скарбовага продажу алкагольных напояў, адначасова пакінуты на пасадзе члена тэхнічнага камітэта Галоўнай управы неабкладных збораў.

Загадам ад 28 лютага 1900 г. №15 за выслугу гадоў прысвоены чын стацкага дарадцы са старшынством з 12 студзеня 1900 г.

Па загадзе міністра фінансаў прымаў удзел у якасці дэлегата на кангрэсе гандлю спіртовымі напоямі падчас Усясветнай выставы ў Парыжы, 1900 г.

Сп. міністрам фінансаў 3 чэрвеня 1900 г. прызначаны старшынём камісіі па будаўніцтве жылога мураванага дома Гербавага скарбу для кватэр ніжнім чынам гэтага скарбу, 3 чэрвеня 1900 г.

…загадам па цывільным ведамстве ад 6 лютага 1901 г. №6 прызначаны членам рады па справах скарбовага продажу напояў, адначасова пакінуты на ранейшай пасадзе, 26 студзеня 1901 г.

Гасударом імператарам, па… дакладзе міністра замежных спраў, 30 сакавіка 1901 г. … дазволена яму прыняць і насіць… афіцэрскі крыж французскага ордэна Ганаровага легіёна.


У 1902 г. быў камандзіраваны: 1. У Рыгу для агляду за заводзе Вольфшмідта бесперапынна дзейнага апарата Гільёма і работ на казённым вінным складзе па замене сапсаваных грыбком драўляных канструкцый; 2. У Цвер для агляду нагрэву паравых катлоў па сістэме Строганава і выканання работы па вызначэнні карысці ад гэтых прыладаў; 3. У Маскву для агляду Маскоўскага скарбовага віннага склада; 4. У Варшаву для ўдакладнення прапанаваных зменаў у абсталяванні Варшаўскага скарбовага склада і рамонту будынкаў гэтага склада; 5. У Палтаўскую губерню для агляду жылых памяшканняў Прылукскага скарбовага віннага склада; 6. У Люблінскую, Радамскую і Кялецкую губерні для агляду ўсіх складоў і вырашэння на месцы пытання аб неабходным рамонце складскіх памяшканняў; 7. У Ліфляндскую і Эстляндскую губерні для азнаямлення са станам вінакурэння.

Сп. міністрам фінансаў ускладзена выкананне абавязкаў старшыні Тэхнічна-будаўнічай інспекцыі Галоўнай управы, 11 студзеня 1902 г.

…загадам па цывільным ведамстве ад 1 лютага 1902 г. за №9 нададзена старшынства ў чыне стацкага дарадцы …, з 12 студзеня 1899 г.

…6 красавіка 1903 г. пажалаваны чынам дзейснага стацкага дарадцы.

Па даручэнні таварыша міністра (намесніка міністра па сучаснаму – Л. Л.) фінансаў князя Абаленскага, быў прадстаўніком ад Галоўнай управы неабкладных збораў і скарбовых продажаў алкагольных напояў на з'ездзе Імператарскага рускага тэхнічнага таварыства ў С.-Пецярбургу для выпрацоўкі мерапрыемстваў па як мага шырэйшым распаўсюдзе жалеза ў Расіі ва ўсіх галінах.

Па высачайшым загадзе быў два разы камандзіраваны за мяжу для высвятлення пытанняў па ўдзеле Галоўнай управы неабкладных збораў… у Венскай выставе 1904 г. брадзільнай вытворчасці і выкарыстання спірту ў прамысловасці.

У 1903 г. быў камандзіраваны: 1. У г. Бугульму для выбару ўчастка для пабудовы скарбовага віннага склада; 2.У г. Варшаву для перамоваў з фірмамі аб рамонце прыбораў, якія былі на Парыжскай выставе і аб мантажы ўсёй выставы ў Вене ў 1904 г.

Прымаў удзел у надзвычайнай камісіі для распрацоўкі пытання аб забеспячэнні цвердзяў на заходняй мяжы запасам спірту на выпадак ваеннага часу.

У 1904 г. быў камандзіраваны: 1. У г. Кіеў для ўдзелу ў з'ездзе кіраўнікоў акцызнымі зборамі для абмеркавання пытанняў па рэарганізацыі скарбовых вінных складоў у паўднёвых, паўднёва-заходніх і паўночна-заходніх губернях; 2. У Вільню на гэтакі ж з'езд; 3. У Екацерынаслаўскую губерню для агляду работ, якія рабіліся ў губерні; 4. У Берасце і Варшаву для агляду работ па пабудове Берасцейскага казённага склада і вырашэння пытанняў па вывазе абсталявання з Венскай выставы.

У 1905 г. быў камандзіраваны: 1. У Кіеў і Варшаву для папярэдніх перамоваў з заводамі «Грэйзер», «Крыванэк», «Борман», «Шведэ і Камп» па вырабе апаратаў і прыбораў для планаванага вырабу кетонавага алею (кетоны – арганічныя рэчывы, у малекулах якіх карбанільная група звязана з двума вуглевадароднымі радыкаламі, самы вядомы нам кетон, гэта ацэтон – Л. Л.) на 2-гім Кіеўскім скарбовым вінным складзе; 2. У Цвярскую губерню для ўдзелу ў нарадзе па даследаванні стану вінакурнага аддзела пры Мікуліна-Гарадзішчанскай школе; 3. У Віленскую, Ковенскую і Гарадзенскую губерні для агляду… скарбовых вінных складаў, і ў Магілёўскую губерню для агляду фабрык паперы.

Узнагароджаны аўстрыйскім ордэнам Франца-Іосіфа камандорскага крыжа з зоркай, 1905 г.

…2 красавіка 1906 г. узнагароджаны ордэнам Св. Уладзіміра 3 ст.

Па загадзе міністра фінансаў разам з чыноўнікам для асаблівых даручэнняў Міністэрства фінансаў стацкім дарадцам Тарасавым праводзіў агляд будынкаў і машын Экспедыцыі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, а таксама прымаў удзел у нарадзе па абмеркаванні мерапрыемстваў, якія датычаць далейшых накірункаў дзейнасці экспедыцыі…

У 1906 г. быў камандзіраваны: 1. У Самару для расследавання прычын пажару Самарскага №1 віннага склада і для сумеснага з Кіраўніком акцызнымі зборамі Самарскай губерні абмеркавання пытанняў аб найхутчэйшым узнаўленні гэтага склада; 2. У Гарадзенскую губерню для агляду стану работ на вінных складах якія перабудоўваюцца з-за іх рэарганізацыі і для ўдакладнення памераў сумы грошай на 1907 г. для гэтых работ.

Сп. міністрам фінансаў прызначаны старшынём Асобай Тэхнічнай камісіі для расследавання прычын абвалу тынкоўкі ў памяшканні каморы касы Дзяржаўнай камісіі пагашэння пазык, а таксама агульнага вывучэння стану ўсіх памяшканняў Камісіі, 17 кастрычніка 1907 г.

Па прапанове сп. начальніка Галоўнага кірававання неабкладных збораў і скарбовага продажу алкагольных напояў разам з неадменным членам Тэхнічнага камітэта дзейсным стацкім дарадцам Бутлерам, прымаў удзел: 1. У распарадчым Камітэце выставы, уладкаванай Імператарскім тэхнічным таварыствам у 1907 г. у С.-Пецярбурзе з мэтай вывучэння сучаснага стану вытворчасці прыбораў асвятлення і абагрэву, вызначэння іх параўнальных пераваг, а таксама распаўсюджвання інфармацыі пра гэтыя прыборы; 2. У размеркаванні прызначаных Міністрам фінансаў узнагарод па аддзелах …, якія маглі мець найвялікшае значэнне для Галоўнай управы неабкладных збораў …, 1907 г.

Па загадзе міністра фінансаў разам з тэхнікам Тэхнічна-будаўнічай інспекцыі Галоўнай управы неабкладных збораў… стацкім дарадцам Цэйдлерам выканаў агляд будынкаў і машын Экспедыціі па нарыхтоўцы дзяржаўных папер, 20 снежня 1907 г.

У 1907 г. быў камандзіраваны: 1. У Пензенскую губерню разам з чыноўнікамі Дзяржаўнага кантролю і Гаспадарчага камітэта акцызнай управы гэтай губерні… для разгляду пытання пабудовы скарбовых вінных складоў … 2. У Самару і Пермь для агляду работ… па пабудове і абсталяванні рэкцыфікацыйнага завода ў Самары, а таксама для азнаямлення са станам рэкцыфікацыйных апаратаў у Пярмі, 1907 г.

Па загадзе міністра фінансаў прымаў удзел у працы камісіі, створанай для высвятлення пытання аб увядзенні на Манетным двары электратэхнічнага спосабу сепарацыі каштоўных металаў і абсталявання для гэтай мэты неабходнага памяшкання, 1908 г.

У 1908 г. быў камандзіраваны: 1. У Кіеў для высвятлення пытання, ці можа ў эканамічным сэнсе паспяхова працаваць доследны завод для вырабу кетонавага алею, які ўсталяваны на скарбовым вінным складзе і што яшчэ неабходна зрабіць для падвышэння яго эфектыўнасці; 2. У Ражск Разанскай губерні для агляду толькі што пабудаванага рэкцыфікацыйнага апарата і вызначэння яго прадукцыйнасці, а таксама кошту вытворчасці на гэтым апараце; 3. У Тулу для агляду столі ў Тульскім скарбовым вінным складзе, якая пашкоджана грыбком, а таксама для ўказання часовых мер і складання прапановаў па пераўладкаванні гэтай столі; 4. У Маскву для высвятлення магчымасці ўжыць на адным з кубовых рэкцыфікацыйных апаратаў Маскоўскага №1 скарбовага віннага склада ўдасканаленага спосабу гонкі спірту, які прапанаваў сп. Нарбут, 1908 г.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0


Популярные книги за неделю


Рекомендации