Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 8


  • Текст добавлен: 25 апреля 2023, 07:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 8 (всего у книги 9 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Фрагмент 30. Прагулка па лютэранскіх могілках, якіх няма

І апошні тэкст з «Grodnoer Zeitung». Гэта фрагмент унікальнага і вельмі каштоўнага для краязнаўцаў апісання страчаных лютэранскіх могілак, якія размяшчаліся насупраць кірхі, якраз там, дзе цяпер знаходзіцца дзіцячы садок (вул. 1 мая 22).

«Гэтыя старыя могілкі прыгожыя, яны як кнігі жыцця, поўныя найчыстай мудрасці, якія распавядаюць гісторыі пра дурное, дарагое чалавецтва, пра каханне і зайздрасць у паўсядзённым жыцці, а часам і пра падахвочванні, якія выходзяць за межы. Абветраныя надпісы расказваюць жывыя гісторыі мёртвых. У Гродне таксама ёсць такое старое, але размаўляючае месца.

Месца спакою знаходзіцца далёка ў прыгарадзе. Яно ляжыць там, дзе апошнія вуліцы прабіраюцца ва ўсходнюю далеч, як нейкiя. здольныя шукаць, пальцы. Там, дзе ў верасні бушавалі асабліва жорсткія вулічныя баі. Тут, дзе сёння Кірхштрасэ, зараз даволі чыста. Нямецкая абшчына Гродна раней валодала вялiкімі землямі і тут апрацоўвала свае палі. У асяроддзі змрочных соснаў, у асяроддзі светлых бяроз, стройных у сваёй цнатлівай грацыі, ляжыць напоўненае супакоем месца жалобы. Букі ўрачыста раскінулі вунь там свае цёмныя галіны, справа зялёная, накрытая мохам, зямля, якая калыхаецца, як мора, пад ласкавым ветрам. Тут узгорак ідзе за ўзгоркам, без каменя, без слова, без імя. Тут нямецкія гукі, нямецкая душа, нямецкая стараннасць, калісьці прынесеныя на вуліцы Гродна. Гэта меланхалічная рэфлексіўная частка гэтага маленькага сада смерці.

Але ёсць і іншыя грабніцы, такiя, якія гавораць, ёсць дзіўныя пабудовы. Тут стылі ўсіх часоў, змешаныя разам, але ўсе раўнамерна выветраныя, з'едзеныя непагаддзю. Знакі хуткаплыннасці на месцы мінулага.

Тут узвышаецца абеліск з разбітай вяршыняй. Уверсе завостраны прут, як громаадвод на апошняй трубе згарэлага дома. Вільгельміна Даратэя Мелін, народжаная фон Расэнбах (Wilhelmine Dorothea Mellin geb von Rossenbach), знаходзіцца пад цяжарам калоны. Яна памерла 18 чэрвеня 1806 года, ва ўзросце 32 гадоў. Каханне паставіла ёй прыгожы помнік. Выцвілы надпіс з цяжкасцю паддаецца расшыфроўцы.

Радасць мая памерла з табой

Адной з прыгажэйшых больш няма

Калісьці там, дзе блажэнны спакой

Ты зноўку разам будзеш са мной

Часы знікаюць – часы застаюцца – 1806. Якім мог быць Гродна, праз які гэтая цудоўная, трыццацігадовая жанчына пранесла сваю юную, нямецкую радасць? І якая была гэтая жанчына? Бялявая, мабыць, стройная, і высокая, яна шпацыравала па цясніне Гараднічанкі – адной з самых прыгожых. Тут у Расіі, якая стала яе домам і месцам кахання, яна знайшла свой цудоўны, жаночы лёс. 1806 год. І прыгажосць, і каханне, і шчасце гэтай маладой немкі сталі амаль легендай. Толькі абветраны абеліск яшчэ ціха напявае сумную песню шчасця і прыгажосці, і ранніх пакут.

Далей злева ўзвышаюцца дзіўныя, нізкія, падобныя на печ збудаванні, з касымі карнізамі. Медны дах звісае хваравітымі лахманамі, чорнымі сцягамі смутку. А на чатырох квадратных бакавых сценах павінны былі быць поўныя кахання надпісы, але час сцёр іх. Мы ходзім паміж камянямі па гэтай найстаражытнай нямецкай зямлі Гродна. Тут ляжаць маладыя людзі. Эдуард Хельбінг (Eduard Helbing), прапаршчык гродзенскага батальёна, памёр 29 лістапада 1851 года ва ўзросце 28 гадоў. Нават і не састарэлі гэтыя раннія немцы Гродна. Непадалёк ад прапаршчыка спіць вечным сном палкоўнік Ёган Вільгельм фон Штэйн (Johann Wilhelm von Stein) памёр у 1876 годзе. Шмат-шмат добрых нямецкіх імёнаў кажуць аб нямецкім жыцці на рускай зямлі. Ёзэф Міхаэліс (Joseph Michaelis), стацкі саветнік (Тут нямецкі аўтар, відавочна, апiсвае магілу даволі вядомага гродзенскага архітэктара, які хоць і не адрозніваўся вялікім талентам, усё ж унёс адчувальны ўклад у архітэктурнае аблічча горада. Сярод іншага Міхаэліс, якога ў літаратуры памылкова называюць Віктарам, займаўся перабудовай корпуса дамініканскай гімназіі на Вiленскай, а таксама перабудовай кірхі. Заўвага Я. А.), Марыя Магнус, народжаная Шпіцбарт (Marie Magnus geb Spitzbarth), Фрыдрых Крысціян фон Коль (Friedrich Christian von Kohl), Міхаэль Віганд (Michael Wigand), маёр 104-га палка, Тэадор Гейне (Theodor Heine). Цэлая нямецкая калонія, якую тут пакрывае мох.

Пасярод двара стаіць самая прыгожая грабніца з усіх: сіняя жалезная аснова ў стылі ампір, на якім стаіць стройная французская дарычная калона і высока на ёй прыгожа выгнуты збан са слязамі, ці ж гэта урна з прахам. Няхай яна будзе для нас збанам са слязамі, бо яна павінна сабраць шмат смутку. Тут спачывае, верагодна, руская жанчына, якую любілі і аплаквалі многія юнакі. Але ў крайнім левым куце роўнымі радамі высяцца белыя крыжы загінуўшых салдацкай смерцю ў вулічных баях 2 і 3 верасня 1915 года за гонар і існаванне Германіі. Гэтыя драўляныя крыжы кажуць жалезнай мовай нашай вялікай жывой сучаснасці на старым летуценным цвінтары. Тут, у чужой краіне, на старой нямецкай зямлі, нашы храбрацы спяць багатырскім сном. Гераічныя сагі сплятуцца вакол гэтых маўклівых, але красамоўных белых крыжоў. Такім чынам, гэтае старое нямецкае месца смерці абудзіцца да новага нямецкага жыцця і застанецца вечна маладым у любові і падзяцы вялікай нямецкай айчыны».

Як вядома, Гродна так і не стаў часткай «нямецкай айчыны», нягледзячы на яшчэ адну спробу напоеных імперскім ядам немцаў зрабіць горад сваім, праведзеную ў перыяд Другой сусветнай вайны. Аднак, незалежна ад сітуацыі, звесткі нямецкіх аўтараў пра горад над Нёманам вельмі каштоўныя для краязнаўцаў, а паэтычная мова тагачасных журналістаў толькі дапамагае ўявіць больш яркую карціну старажытнага Горада халмоў.

Фрагмент 31. Загадкавыя гарадзенскія дзверы: чалавек з шалямі і сімвал тайнага таварыства

13 ліпеня 2021 года аўтар гэтых радкоў скарыстаўся, калі можна так сказаць, наводкай мінскага архітэктара-рэстаўратара Юліі Шастак і наведаў дом №9 па вуліцы Рэйманта ў Гродне. Нават такія прыемныя і здольныя адмыслоўцы, як панi Юлія, не заўсёды могуць агледзець цікавячыя іх рэчы з-за аб'ектыўных перашкод, якімі, у дадзеным выпадку, былі даволі высокі плот і вароты вакол цікавага міжваеннага асабняка, нібы схаванага на адной з ціхіх вулачак гістарычнага раёна Гродна, Новага Свету. Таму аўтар асабіста дамовiўся з гаспадарамі дома, а калі казаць дакладней, то проста папрасіў дазволу ўвайсці і сфатаграфаваць дзверы ў аднаго з малодшых чальцоў сям'і гаспадара – хлопчыка-падлетка. Па словах хлопца, сям'я нават падумвала выкінуць гэтыя старыя дзверы. Сфатаграфаваўшы аб'ект, я пайшоў дадому і напісаў аб гэтым пост у сваіх сацыяльных сетках.


Дзверы з рэльефамі. Фота аўтара.


Вельмі хутка, нібы ў пацверджанне існавання асобай магіі iнтэрнэту, уладальнік асабняка і, адпаведна, дзверэй, напісаў мне, намякнуўшы, што я трохі ачарніў сям'ю і ніхто не збіраўся выламваць дзверы, пасля чаго я адказаў, што толькі пераказваю словы сустрэтага мной маладога хлопца. Гаспадар не стаў спрачацца, а папрасіў, калі гэта ў маіх сілах, даць каардынаты якіх-небудзь гарадзенскіх рэстаўратараў, каб яны маглі папрацаваць над дзвярыма. Аўтар паразмаўляў на гэтую тэму з некаторымі работнікамі гродзенскіх музеяў, у прыватнасці з Сяргеем Казуляй, і даў гаспадару дома каардынаты вядомага рэстаўратара Уладзіміра Кіслага.

З таго часу прайшло больш за два гады, але дзверы дома так і не адрэстаўравалі, але, прынамсі, яны ўсё яшчэ на месцы.

Што ж такога асаблівага ў гэтым аб'екце?

Пры вывучэнні вялікай колькасці дзвярэй у рэгіёне Беларусi, i нават у іншых частках Еўропы, можна адзначыць адносную рэдкасць выкарыстання выяваў чалавека і жывёл у дэкоры такіх прадметаў. Нават вельмі багатыя дзверы ў вельмі багатых будынках часта пазбаўлены падобных упрыгожванняў. Складаныя шматфігурныя рэльефы можна ўбачыць, напрыклад, на дзвярах каталіцкіх храмаў. У гэтых выпадках персанажы, вядома ж, узяты з хрысціянскіх гісторый. Другі вялікі кластар, у якім прадстаўлены персанажы, што выкарыстоўваюцца для такіх рэльефаў – антычная міфалогія. Першы медальён (паслядоўнасць злева направа і зверху ўніз) уяўляе сабой тучнага мужчыну (жанчыну?), які нешта піша ў кнігу, у руцэ бачныя шалі. Другі чалавек сядзіць, падпёршы галаву рукой. Трэці медальён яўляе выяву галавы, якая нібыта вырастае з кнігі. Ну а ў чацвёртым медальёне сядзіць сава на кнізе.

Дык што ж гэта за персанажы? Адносна трох чалавек у медальёнах можна вылучыць не вельмі абгрунтаваную гіпотэзу. Можна выказаць здагадку, што гэта майстар, чаляднік і вучань (у тым жа парадку, што і ў апісанні), гэта значыць тры класа працоўных з рамесных майстэрняў. Або іншая іерархічная група, звязаная з адукацыяй, напрыклад, рэктар ВНУ і яго студэнты. У адрозненне ад першых трох, чацвёрты медальён тут паддаецца дастаткова упэўненнай расшыфроўцы.

Нягледзячы на дрэнную захаванасць, можна сказаць, што гэта так званая Сава Мінервы, то бок сімвал мудрасці. Ацэньваючы выяву ў цэлым, можна адзначыць, што на ўзроўні архетыпаў выявы відавочна ўяўляюцца злучанымі з працэсам навучання, набыцця ведаў, на што паказваюць сава і кніга. Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч лагічна заўважыў, што вывучэнне гісторыі ўладальнікаў дома, якія ўстанавілі гэтыя дзверы, можа даць ключ да разумення загадкавых рэльефаў.

Ну а зараз вішанька на торце. Сава Мінервы, якая сядзіць на кнізе, з'яўляецца сімвалам ілюмінатаў. Тых самых, з кніг Дэна Браўна! Так-так, гэта эмблема, якая з'явілася ў кнізе «Das verbesserte System der Illuminen» заснавальніка ордэна Адама Вейсгаўпта. Дарэчы, згаданыя вышэй майстар, чаляднік і вучань – гэта тры масонскія ступені, а ілюмінаты і масоны, як вядома, цесна звязаныя паміж сабой.

Фрагмент 32. Гравюра Рашэўскага

Калі спытаць аматараў гарадзенскай гісторыі:

– Якія гравюры Гродна вы ведаеце? – то хор галасоў адкажа:

– Цюндта і Макоўскага!

Тады можна спытаць зноў:

– А гравюра Рашэўскага?

Тут ужо прызадумаюцца і шматлікія дасведчаныя краязнаўцы. Вось таму варта пiарыць гэтую адносна малавядомую, але крутую гравюру Гродна. Канешне, самымі вядомымі гравюрамі, якія паказваюць Горад халмоў, насамрэч з'яўляюцца гравюры Цюндта і Макоўскага. Гэта факт. Першую з іх, нават аўтар той кнігі, з якой узята прэзентуемае тут гравюра, называе знакамітай. Абедзве гэтыя гравюры актыўна выкарыстоўваюцца ў афармленні гродзенскіх будынкаў, кнiг ды шмат чаго яшчэ… I гэта, вядома ж, цудоўна.


Гравюра Рашэўскага.


Але ёсць і іншыя цікавыя гравюры Гродна. Напрыклад вось такая, што захавала для нашчадкаў выгляд горада з каланчы. Зроблена яна па фатаграфіі, у канцы ХІХ стагоддзя, гэта значыць, далёка не такая старая, як гравюры Цюндта i Макоўскага. У вікіпедыі яе аўтарам пазначаны К. К. Случэўскі – некалі вельмі папулярны, а цяпер прызабыты расейскі літаратар. Аднак Случэўскі быў, зразумела, толькі аўтарам дарожных нататак «Па Паўночным-Захадзе Расіі», у выданні якіх змешчана гравюра Гродна, а аўтарам гравюры, па невядомай фатаграфіі, з'яўляўся ілюстратар М. Рашэўскі.

Гэты майстар паходзiў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Ён рабіў высакакласныя ілюстрацыі (i iншыя творы) і адрозніваўся незвычайнай пладавітасцю. Толькі ў папулярным часопісе «Ніва», было надрукавана больш за 1500 ілюстрацый Рашэўскага! Ёсць меркаванне, што Рашэўскі быў адным з найлепшых рускіх гравёраў канца ХІХ стагоддзя. Гравюра Рашэўскага з выявай Гароднi, даволі дакладная, і цікавая хаця б ужо тым, што на ёй прадстаўлены многія значныя і страчаныя аб'екты. Некаторыя з іх аўтар падпісаў, зрабіўшы «расшыфроўку» гэтай старадаўняй выявы.

Фрагмент 33. Хто стварыў шэдэўр? Трохі аб будаўніках гродзенскага езуіцкага касцёла

Гродзенскі касцёл ордэна езуітаў, які шмат гадоў таму стаў фарным, гэта значыць галоўным каталіцкім храмам Гродна, па прызнаю многіх спецыялістаў з'яўляецца выдатным помнікам барока, годным стаяць у адным радзе з лепшымі ўзорамі стылю ва Усходняй Еўропе. Тым больш дзіўнай, на фоне падобных фактаў, выглядае малавывучаная гісторыя храма. У той момант, калі аўтар піша гэтыя радкі нават абсалютная большасць лепшых гродзенскіх краязнаўцаў не зможа назваць архітэктара, які падарыў нашчадкам гэтую жамчужыну барока, адначасова стрыманы і раскошны храм, дзіўны ў сваёй кампазіцыйнай гармоніі і мастацкай выразнасці.


Гарадзенскі езуіцкі касцёл. Фота аўтара.


Па-за ўсякім сумневам, пытанне мае патрэбу ў дадатковым вывучэнні.

Аднак сёе-тое можна меркаваць і нават сцвярджаць ужо зараз.

Вядома, што езуіцкі храм Францішка Ксаверыя будаваўся ў другой палове XVII стагоддзя. Першапачаткова храм езуітаў меў нямала агульнага з гарадзенскім касцёлам дамініканаў. Вядомыя абрысы верхніх ярусаў веж езуіцкага храма, якія прывабліваюць погляд сваімі увагнутымі формамі, з'явіліся, як лічыцца, у другой палове XVIII стагоддзя і, тэарэтычна, маглі быць творам кагосьці з прыдворных саксонскіх архітэктараў. Зрэшты, адукаваныя айцы езуіты маглі, тэарэтычна, самастойна скласці праект. Падобная здагадка суцэль дарэчна і ў выпадку першапачатковага праекту храма, фасад якога быў больш аскетычным і стылістычна блізкім да помнікаў так званага сармацкага барока.

Але акрамя гіпотэз можна агучыць і некаторыя імёны ўдзельнікаў будаўніцтва. Дакладна вядома, што ў будаўніцтве езуіцкага храма, відаць, менавіта касцёла Францішка Ксаверыя, прымаў удзел вопытны мясцовы спецыяліст, майстар гродзенскага будаўнічага цэха па імені Томаш Пярсіцкі.

Мабыць, яго навыкі ўсё ж былі не зусім дастатковыя, таму што праца гродзенца падвергнулася крытыцы нейкага прыезджага італьянца, якім, на думку польскага гісторыка архітэктуры Пятра Ямскага, мог быць прыдворны архітэктар Сапегаў, Фрэдыяні. Меркаваная крытыка Фрэдыяні, які, як лічыцца, удзельнічаў у пабудове віленскага касцёла Пятра і Паўла, робіць яго адным з верагодных удзельнікаў будаўніцтва ў гарадзенскіх езуітаў.

Фрагмент 34. Міфы гродзенскага краязнаўства: Давыд Даўмонтавіч і ўсе-усе-усе

Краязнаўчыя міфы, якія жыхары і госці горада Гродна могуць пачуць падчас экскурсій па цудоўным Горадзе халмоў, надзвычай жывучыя. Базуюцца яны як на зусім неабгрунтаваных звестках, так і на больш-менш пераканаўчых у свой час навуковых працах, дадзеныя якіх пазней былі абвергнутыя, што, вядома ж, не перашкодзіла ўкаранёным міфам жыць далей.

Паспрабуем разгледзець некаторыя міфы.

Аўтар пачне з аднаго са сваіх любiмых міфаў. «У бернардынскім касцёле Гродна знаходзіцца 12 партрэтаў дзеячоў ВКЛ на паўночным баку галоўнага нефа і 12 апосталаў на паўднёвым». Пацешна, але з кожнага боку не 12, а 19 выяваў, у гэтым лёгка пераканацца проста падняўшы галаву і пералічыўшы нішы з жывапіснымі партрэтамі. «Можа апосталаў і дзеячоў усё ж 12, а астатнія намаляваныя персанажы не ў лiк» – запярэчыць хто-небудзь. Партрэты з бернардынскай галерэі па-за ўсякім сумневам маюць патрэбу ў дадатковым вывучэнні, аднак у шэрагу з паўночнага боку, там дзе, паводле міфа, павінны быць дзеячы ВКЛ, дакладна знаходзяцца Хрыстос, апосталы Пётр і Павел. Іх партрэты размешчаны бліжэй за ўсё да алтара. Увогуле, нешта ў папулярным міфе не працуе, як не круці. Дарэчы, 12 апосталаў сапраўды намаляваны над праёмам апсіды, дзе змешчана сцэна Унебаўзяцця Дзевы Марыі, аднак пра гэта звычайна не пішуць у нататках турыстычных сайтаў. Аўтарам фрэскі называюць значнага беларускага жывапісца Пятра Сяргеевіча.

Яшчэ адзін міф абвяшчае: «У Баторыеўцы жыў Стэфан Баторый». Ну што ж, гучыць даволi лагічна. Але не, дадзенае сцвярджэнне – міф. Аўтарытэтныя польскія даследчыкі Яцэк Ямскі і Пшэмыслаў Баравік надалі дастаткова ўвагі вывучэнню гродзенскага палаца, вядомага як Баторыеўка. Іх даследаванні паказваюць на іншы перыяд будаўніцтва рэзідэнцыі, якую, паводле Ямскага, узводзілі прадстаўнікі магутнага роду Сапегаў, у XVII стагоддзі. Зразумела, можна меркаваць уключэнне фрагментаў больш ранніх пабудоў, часоў Стэфана Баторыя, у новы будынак, асабліва калі гаворка пра скляпы, але нават у гэтым выпадку звязваць іх з Баторыем няма падстаў. Даследчыкі вылучаюць розныя версіі адносна паходжання легенды, і некаторыя гіпотэзы гавораць аб тым, што міф аб прыналежнасці Баторыю можа ісці ад саміх Сапегаў, аднак, на думку аўтара, больш верагодна, што ён запушчаны міжваеннымі польскімі гісторыкамі. Варта адзначыць, што нават у апошнім выпадку баторыеўскай легендзе ўжо прыблізна сто гадоў, і яна відавочна працягне жыць і далей.

Наступны міф такі: «Стары замак пабудаваў архітэктар Санці Гучы». І зноў, для таго, каб казаць аб гэтым як пра факт няма падстаў. Тут можна не пісаць шмат тэксту, а толькі заўважыць, што Санці Гучы, тэарэтычна, мог удзельнічаць у будаўнічых працах у Гродне, напрыклад, у якасці скульптара, але казаць тут трэба толькі пра гіпотэзу, а не даказаны факт.

Ну і, вядома ж, аўтар не забудзецца згадаць Давыда Гарадзенскага. Яго біяграфія, якая падаецца турыстам экскурсаводамі, ледзь не цалкам складаецца з міфаў. Сцвярджаецца, што Давыд пахаваны ля Каложы, хоць для падобнай легенды ўвогуле няма ніякіх падстаў, што Давыд быў непераможны ў бітвах з крыжакамі, хоць у Хроніцы Пятра з Дусбурга згадваецца здабыча, адбітая ў атрада Давыда. Акрамя таго, часцяком Давыда называюць Даўмонтавічам, гэта значыць сынам пскоўскага князя Даўмонта. Менавіта так палкаводзец названы і на пастаменце гродзенскага помніка: каменны Давыд, падобны на шахматную фігурку, трохі стомлена глядзіць у бок вуліцы Замкавай, як бы чакаючы з'яўлення новых атрадаў сваіх ворагаў крыжакоў, хоць з'явіцца тут могуць толькі іх аддаленыя нашчадкі – нямецкія турысты.


Кропкі над «i» у гісторыі з Давыдам дапамагае расставіць Пскоўскi першы Летапіс.

Пасля апісання смерці князя Даўмонта ні аб якіх яго дзецях і тым больш іх праўленні гэты дакумент не паведамляе. Замест гэтага гаворыцца аб Барысе пасадніку, гэта значыць выбарным кіраўніку горада, які займаецца добраўпарадкаваннем Пскова, у прыватнасці, узводзіць «стену плитяну от святого Петра и Павла к Великой реке». Неўзабаве Барыс сканаў.

Праз 11 гадоў пасля смерці Барыса ў Пскоў прыязджае «великий князь Юрий», мабыць, Юрый Данілавіч, унук Аляксандра Неўскага. Аб уласных кіраўніках Пскова ў гэты момант нічога не паведамляецца. У гэты ж год, немцы напалі на Пскоў, якраз, калі Юрый знаходзіўся ў горадзе, тым не менш пскавічы паслалі «к Давыду князю в Литву», які прыехаў і, разам з пскавічамі, разбіў немцаў. Пасля гэтага паведамлення летапісец удакладняе, што князь Юрый з'ехаў, то бок, па сутнасці, уцёк, у Ноўгарад. Аднак у тым жа годзе немцы вярнуліся, відавочна жадаючы ўзяць рэванш. Летапісец зноў падкрэслівае нягодныя паводзіны Юрыя «а князь велики Юрьи и новогородци не помогоша». У гэтым жа 1323 немцы зноў напалі на Пскоў выкарыстоўваючы караблі і пры гэтым «убиша посадника Селила Олексинича». Такім чынам, мабыць, менавіта гэты Селіл і быў пасаднікам, кіраўніком Пскова.

Пскавічы ў чарговы раз паслалі да князя Юрыя ў Ноўгарад, аднак Юрый зноў падвёў пскавічоў, затое на дапамогу гораду прыйшоў ізборскі князь Астафей (Яўстафій), які выдатна пакалашмаціў немцаў, і пасля гэтага падаспеў і Давыд са сваімі людзьмі, пасля чаго ўнёс свой уклад у перамогу над агульнымі ворагамі.

Праз некалькі гадоў, як паведамляе летапіс, пскавічы выбралі князем Аляксандра Міхайлавіча, вялікага князя цвярскога.

Падводзячы вынік, можна сказаць, што летапіс не паведамляе аб нейкіх спадкаемцах Даўмонта, а тытулам князя, акрамя Давыда, у тэксце называюцца і іншыя людзі, да якіх пскавічы звяртаюцца за дапамогай супраць немцаў. Давыд сапраўды, гэтак жа як іншыя згаданыя князі, выступае саюзнікам Пскова супраць немцаў, якія з'яўляюцца і яго ворагамі, але ніякіх падстаў казаць аб тым, што ён дзейнічае як пскоўскі князь няма. Мяркуючы па дадзеных летапісу, пасля Даўмонта ў Пскове кіруюць пасаднікі, пакуль пскавічы не абіраюць князем Аляксандра Міхайлавіча. Тут нават можна выказаць сумнеў у тым, што пскавічы звалі менавіта Давыда Гарадзенскага, бо згадваецца толькі Літва, але не Гародня, а ў Літве, тэарэтычна, мог быць і не адзін князь Давыд. Тым не менш, чалавек вядомы зараз як Давыд Гарадзенскі быў лепшым, ці, калі выказацца больш сціпла, адным з лепшых палкаводцаў у часы Гедыміна, і таму менавіта яго ўдзел у дапамозе Пскову выглядае лагічным.

Такім чынам, паходжанне ад Даўмонта і княжанне Давіда ў аддаленым Пскове, падчас якога ён наштосцi «падзарабляе» кашталянам гродзенскага замка – міф, мабыць запушчаны расійскімі гісторыкамі яшчэ ў XIX стагоддзі. Значна больш пераканаўчай гіпотэзай аб паходжанні гродзенскага ваеначальніка будзе версія з яго гродзенскімі каранямі, напрыклад, можна меркаваць, што ён нашчадак гродзенскіх князёў Усеваладковічаў. Так ці інакш, дарэчы меркаваць, што Давыд быў удзельным князем у ВКЛ, што і тлумачыць княскі тытул, прыпісаны яму пскоўскім летапісцам.

Развянчанне краязнаўчых міфаў – безумоўна па-свойму займальны занятак. Аднак аўтар упэўнены, што і праз дзясяткі гадоў пасля выхаду яго кнігі гістарычныя міфы Гродна будуць жыць у свядомасці некаторых аматараў гродзенскай даўніны. Што ж можа быць больш устойлівым, чым гарадскія легенды, мабыць, толькі самі гарады.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации