Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 10 сентября 2024, 17:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Ці праўда, што літоўцы захапілі Наваградак?

Тут аўтар адносна сцісла акрэсліць самыя важкія, на яго погляд, аргументы pro et contra.

Звычайна спрэчкі наконт захопу літоўцамі зямель будучай Беларусі прывязаны менавіта да Міндоўга і гарадоў Панямоння, і перш за ўсё Навагрудка, хаця фарміраванне ВКЛ ішло не адно стагоддзе і ўключала ў сябе мірнае, як можна думаць, далучэнне беларускіх зямель, напрыклад, адыход да вялікіх князёў літоўскіх Віцебскага. княства, які адбыўся, як лічыцца, дзякуючы дынастычнаму шлюбу Альгерда з нейкай віцебскай князёўнай, званай Марыя.

Гаворачы аб часах XIII стагоддзя, можна адзначыць, што Міндоўг, як вядома з дакладнага дакумента, булы Папы Рымскага Аляксандра IV, датаванай 6-м сакавіка 1255 года, захапіў нейкія землі «Рускага каралеўства», якімі, тэарэтычна, маглі быць землі Навагрудка. Гэтыя землі Папа, у сваім пасланні, дазваляў Міндоўгу пакінуць сабе.

Аўтар асабіста перакладаў арыгінальны лацінскі тэкст булы і можа пацвердзіць, што гаворка ішла менавіта аб захопе нейкіх земляў.

Такія звесткі пацвярджаюць не толькі спробы літоўскай экспансіі на Русь, але і некаторыя поспехі літоўскіх феадалаў.

Некаторыя спецыялісты лічаць дакумент Папы неабвержным доказам захопу Навагрудка. То бок у гэтым выпадку «Каралеўствам Русі» нібыта было Галіцка-Валынскае княства, у палітычнай арбіце якога знаходзіліся гарады Панямоння.

Тут, аднак, існуе праблема. Загадкавае «Каралеўства Русі» названа без прывязкі да канкрэтных абласцей.

Вядома, што літоўскі даследчык Артурас Дубоніс бачыць у гэтым «Каралеўстве» Полацкае княства. У сваёй працы «Дзве мадэлі літоўскай экспансіі на Русі (XIII – пачатак XIV стагоддзя)» гісторык піша:

«З Даніілам Міндоўг жыў у мiры, таму пантыфік не мог дабраславіць літоўскую экспансію ў гэтым напрамку. Іншым Рускім каралеўствам, якое апынулася ў цэнтры ўвагі Міндоўга, магло быць толькі Полацкае княства».

Звяртае на сябе ўвагу некалькі наіўнае сцвярджэнне Дубоніса аб тым, што Папа чамусьці павінен быў кіравацца, у сваім зацвярджэнні за Міндоўгам захопленых рускіх земляў, станам перамір'я літоўцаў з Даніілам Галіцкім, хоць галіцка-валынскія князі і Міндоўг бясконца хадзілі па крузе перамір'яў і новых войнаў, а Папу, як вынікае з булы, цікавілі новыя, даступныя для хрысціянізацыі, вобласці, якія межавалi з «Каралеўствам», і менавіта таму ён зацвердзіў захопленыя тэрыторыі за Міндоўгам. У такой сітуацыі патэнцыйнага росту каталіцкага ўплыву, Апостальскую Сталіцу наўрад ці збянтэжыў бы канфлікт Міндоўга і Данііла, для спынення якога, у Папы так цi iнакш не было абсалютна эфектыўных сродкаў. У дадзеным выпадку нам, аднак, важней упэўненасць доктара Артуруса наконт таямнічага «Каралеўства».

Рускі гісторык А. В. Маёраў, у сваёй працы «Первая уния Руси с Римом. Часть 4» таксама вельмі ўпэўнена называе ўладанні Аляксандра Неўскага тымі самымі загадкавымі землямі з булы пантыфіка. У публікацыі Маёрава чытаем:

«Дазвол Папы на захоп рускіх земляў, дадзены літоўскаму каралю ў буле „Catholice fidei cultum“, несумненна, меу на ўвазе землі ў іншай частцы „Рускага каралеўства“ і быў накіраваны супраць іншага ўладара Русі – наўгародскага і ўладзімірскага вялікага князя Аляксандра Неўскага».

Такім чынам, Дубоніс упэўнена называе «Каралеўства» Полацкім княствам, а Маёраў упэўнена гаворыць аб тым, што гэта ўладанні знакамітага Аляксандра Неўскага.

Аўтар гэтых радкоў, падводзячы своеасаблівы вынік пад упэўненымі выказваннямі калегаў, можа тут таксама ўпэўнена заўважыць, што «Каралеўства Русі», як бачна з вышэйпрыведзеных цытат, застаецца прадметам спрэчкі спецыялістаў, і булла Аляксандра IV не можа служыць доказам захопу менавіта Наваградка, хоць нейкія рускія землі літоўскі князь, відаць, сапраўды далучыў з дапамогай ваеннай сілы.

Була Папы, пры гэтым, застаецца, па меркаванні аўтара, найболей важкім, ці, кажучы сціплей, адным з найболей важкіх аргументаў на карысць захопу гарадоў Панямоння.

Што ж, раней даследчыкі не мелі і такога, бо захоп Навагрудка выводзіўся проста на падставе з'яўлення літоўскага нобіля ў славянскім горадзе.

Цяпер трэба звярнуць увагу на аргументы супраць захопу Навагрудка літоўскімі рацямі.

Аўтар хоча, кажучы ў паўжартаўлівым тоне, звярнуцца да «гістарычнай прэзумпцыі нявіннасці», то бок заявіць, што захопу горада не было, пакуль гэты захоп не даказаны.

У прынцыпе, можна было б нават абмежавацца такім падыходам.

Варта адзначыць, што зацяганае ў гістарычнай літаратуры сцвярджэнне аб запрашэнні наваградскім баярствам Міндоўга да сябе на княжанне не мае ўвогуле ніякай асновы ў пэўных дакументах. Гэта добры прыклад пераходу звычайнай хісткай гіпотэзы ў разрад фактаў, гэта значыць узор гістарычнага міфа.

Аднак у якасці аргумента на карысць добраахвотнага аб'яднання тут дарэчы згадаць некаторыя дакладныя летапісныя звесткі.

Вядома, што адным з важкіх аргументаў на карысць добраахвотнага прыняцця балцкага ўладара-паганца ў славянскім горадзе можа служыць хрышчэнне манарха. Справа ў тым, што гісторыкам вядомая сітуацыя, у якой хрышчэнне было звязана з мірным прыняццем літоўскага князя, і яна выдатна задакументавана ў пэўных крыніцах. Гаворка, зразумела, аб хрышчэнні забойцы Міндоўга, пскоўскага князя Даўмонта, які прыняў хрысціянскую веру і выдатна служыў ўзяўшым яго да сябе пскавічам, пакінуўшы аб сабе добрую памяць. Добрую настолькі, што былы язычнік нават быў кананізаваны і стаў святым рускай праваслаўнай царквы.

Таму не дзіўна, што праваслаўнае хрышчэнне Міндоўга, малюючы аналогію з выпадкам Даўмонта, дазваляла б падмацаваць версію аб мірным з'яўленні балцкага князя ў Навагрудку.

І летапіснае пасведчанне аб хрышчэнні Міндоўга сапраўды ёсць.

Густынскі летапіс паведамляе, што ў 6754, то бок, паводле сучаснага падлiку, 1246 годзе:

«Вялікі князь літоўскі Міндоўг прыняў веру хрысціянскую ад усходу, з многімі сваімі баярамі».

Такім чынам, балцкі нобіль прыняў усходняе хрысціянства (праваслаўе) ды яшчэ і са шматлікімі баярамі, што выразна сведчыць на карысць палітычнай матывацыі такога кроку.

Здавалася б, вось выдатнае сведчанне на карысць добраахвотнага прыняцця свайго па веры князя ў Навагародскай зямлі. Праблема тут у крыніцы гэтых звестак. Густынскі летапіс з'яўляецца познім дакументам. Да таго ж, інфармацыя аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга не пацвярджаецца надзейнымі крыніцамі. Усё гэта прыводзіць да таго, што большасць даследчыкаў, не без падстаў, адмаўляе зараз хрышчэнне 1246 года.

Але аўтар хоча дастаць з рукава джокер і злёгку знерваваць прыхільнікаў тэорыі захопу Навагрудка. Для гэтага трэба звярнуцца да пэўнага Галіцка-Валынскага летапісу. У iм можна прачытаць наступныя радкі:

«Войшалк пачаў княжыць у Навагародку, і знаходзячыся ў паганстве пачаў праліваць шмат крыві. Забіваў ён кожны дзень трох-чатырох чалавек. А калі ў нейкі дзень нікога не заб'е, вельмі засмучаўся. Калі ж заб'е каго, тады весяліцца. Потым увайшоў страх Божы ў яго сэрца, і ён думаў, жадаючы прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».

Томас Баранаўскас, у сваёй працы «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф», піша, што прыведзены вышэй тэкст ГВЛ «адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

Аўтар ужо завочна апаніраваў літоўскаму спецыялісту, паказваючы на тое, што пра паходжанне нібыта рэпрэсаваных нічога не сказана, і не зразумела чаму яны павінны быць няшчасным мірным насельніцтвам Навагрудка (а менавіта да такога разумення падштурхоўвае праца Томаса), а не палітычнымі супернікамі літоўскага паходжання, ці палоннымі валынцамі, ці, да прыкладу, татарамі.

Але ў кантэксце важней іншае. Звярніце ўвагу на сутнасць дакладнага паведамлення летапісу.

«І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».

Гэтыя дадзеныя і з'яўляюцца той самай жаданай інфармацыяй аб хрышчэнні князя-язычніка падчас праўлення ў старажытнарускім горадзе.

Адхіліўшыся ад прыцягнутых за вушы рэпрэсій і нейкага катарсісу, якім летапісец тлумачыць жаданне ўладцы хрысціцца, можна вылучыць менавіта інфармацыю аб прыняцці Войшалкам хрысціянства. Хрост валадара, безумоўна, сведчыць тут на карысць добраахвотнага прыняцця мясцовым насельніцтвам балцкага князя.

Праўда, паводле летапісу, хрышчэнне адбываецца пазней пачатку княжання, але гэта, на думку аўтара, ніяк не мяняе сутнасці: князь-язычнік быў ахрышчаны падчас кіравання ў хрысціянскім горадзе, прыкладна гэтак жа, як гэта адбылося ў выпадку Даўмонта Пскоўскага.

У такім кантэксце мае значэнне і дакладная інфармацыя ГВЛ аб падтрымцы Войшалка наваградцамі, калі той «узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць». Як бачна, жыхары Наваградка, з'яўляючыся ахвярамі рэпрэсій, пра якія пісаў Баранаўскас, чамусьці падтрымліваюць Войшалка. Ці не гаворыць гэта пра тое, што ніякіх рэпрэсій не было, а якраз наадварот: хрышчоны дзеля кіравання ў Наваградку Войшалк, стаў для славянскіх жыхароў рэгіёна сваім князем, такім, якім быў для пскавічоў літоўскі перабежчык Даўмонт.

Зразумела, паведамленне летапісу падштурхоўвае да таго, каб бачыць у хрышчэнні навагародскага валадара палітычны акт, а не проста спантаннае дзеянне. Войшалк, як вынікае з дакументаў, быў актыўным і не пазбаўленым разважлiвасці, палітычным і ваенным дзеячом – сынам свайго бацькі, хітрага і паспяховага тактыка. І таму рашэньні князя варта асэнсаваць з пазіцый палітычнага прагматызму.

Верагодна, зрэшты, што сама палітычная канцэпцыя магла быць вызначана Міндоўгам. У рамках такой сістэмы вярхоўны ўладар заставаўся паганцам (Міндоўг быў ім, нават фармальна прыняўшы каталіцызм), а яго блізкія сваякі, што валадарылi ў найважнейшых славянскіх гарадах, прымалі ўсходняе хрысціянства. Гэтая сiстэма тлумачыць хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня. Яе можна бачыць i ў часы Гедыміна, калі яго сыны прымалі хрысціянства і кіравалі ў хрысціянскіх удзелах. Зразумела, тут можна ўказаць і на выключэнні з правілаў, як, напрыклад, паганства віцебскага князя Альгерда, якое, зрэшты, аспрэчваецца на падставе некаторых дакументаў, у прыватнасці, Сінодыка Кіева-Пячэрскай лаўры і гандлёвай дамовы Гедыміна з Лівонскім Ордэнам ад 1 лістапада 1338 года.

У фінале дадзенай главы аўтар хоча падкрэсліць, што значэнне недаказанага захопу Навагрудка ў любым выпадку перабольшана. Тэарэтычна, гэты захоп мог мець месца, але стаўленьне да яго мясцовага насельніцтва ўсё роўна можа служыць прадметам дыскусіі. Цікавасць да недаказанага захопу абумоўлена, відавочна, жаданнем адказаць на пытанне чыёй дзяржавай было ВКЛ.

Аднак сутычкі феадалаў на ранніх этапах станаўлення дзяржавы, вядома ж, не вызначаюць, самі па сабе, нацыянальны характар поліэтнічнай дзяржавы, які залежыць ад палітычнай і культурнай ролі таго ці іншага этнасу.

Спалучэнне культурнай дамінацыі продкаў беларусаў з іх палітычнай суб'ектнасцю дазваляюць цяперашнім беларусам лічыць спадчыну ВКЛ сваёй, незалежна ад абставін экспансіі балцкіх нобіляў XIII стагоддзя.

Ці праўда, што кіруючая дынастыя Літвы паходзіла ад полацкіх князёў?

Адкрыўшы Уваскрэсенскі летапіс XVI стагоддзя можна прачытаць наступныя радкі:

«Княжылі Рагвалодавічы ў Полацку, і напаў на іх Мсціслаў Уладзіміравіч Манамах, і Полацк узяў, а Рагвалодавічы збеглі ў Царград. А Літва ў той час давала даніну князям Полацкім, але кіравалі ёй свае гетманы… Вільняне ўзялі сабе з Царграда дзяцей князя полацкага Расціслава Рагвалодавіча, князя Давіла і яго брата, князя Маўкольда… А ў князя Маўкольда сын, князь Міндоўг».

Падобная версія паходжання кіруючай дынастыі ВКЛ падабалася Мікалаю Ермаловічу, але нават гэты беларускі гісторык-рамантык, які не заўсёды прытрымліваўся правілаў строгай навуковай працы, адзначыў нетыповыя для полацкіх князёў імёны царградскіх Рагвалодавічаў.

Цяпер дадзеныя позняга Уваскрасенскага летапісу, якія тычацца продкаў Міндоўга, могуць часам падтрымліваць маргінальныя гісторыкі-аматары.

У надзейных крыніцах князь Расціслаў Рагвалодавіч не з'яўляецца. І тым больш міфічнымі фігурамі выглядаюць яго дзеці, якія носяць невядомыя ў полацкіх Ізяславічаў імёны.

У сувязі з гэтым у акадэмічным дыскурсе полацкія карані адзінага караля Літвы амаль заўсёды фiгуруюць як легенда, створаная летапісцамі дзеля абслугоўвання прэтэнзій расійскіх цароў на землі Вялікага княства Літоўскага.

Ці праўда, што ўладары Літвы паходзілі ад рымскага перабежчыка Палямона?

Нейкі шляхетны рымлянін – Палямон, паводле легенды, адправіўся ў рэгіён ракі Нёман, дзе і пасяліўся са сваімі таварышамі, знайшоўшы высокія горы, дубровы і мноства дзічыны. Вядома, Палямону спадабалася такая багатая зямля, і «рымляне» засталіся тамака жыць назаўжды.

Такія звесткі змяшчаюцца ў «Хроніцы Быхаўца».

Стваральнікам, (а часам толькі папулярызатарам) «рымскай версіі», лічаць польскага гісторыка Мацея Стрыйкоўскага, які працаваў у XVI стагоддзі. Акрамя таго, мяркуецца, што аснову легенды заклаў яшчэ польскі храніст XV стагоддзя Ян Длугаш, які адзначаў падабенства літоўцаў з італьянцамі.

Цікавы ў дадзеным кантэксце «расійскі адказ Галівуду», гэта значыць аналагічная легенда, створаная як частка ідэалогіі маскоўскіх уладароў.

У лісце цара Івана Грознага да вайсковага дзеяча ВКЛ Аляксандра Іванавіча Палубінскага змяшчаецца дастаткова падрабязны пераказ маскоўскай легенды:

«Аўгуст, кесар рымскі, валодаючы ўсім сусветам, паставіў сюды брата свайго Пруса, які ўжо быў згаданы. Далонню і літасцю жывапачатковай Тройцы стварылася царства ў Русіі: у чатырнаццатым калене ад Пруса прыйшоў Рурык, стаў княжыць у Русіі і Ноўгарадзе, і сам назваўся вялікім князем і горад Вялікім Ноўгарадам нарок».

Далей пісар Грознага даводзіць апавяданне да самога Івана, паведамляючы пра яго «трыманне скіпетрам Расійскага царства».

Як можна бачыць, маскоўская легенда з'яўлялася вельмі блізкім аналагам літоўскай легенды аб Палямоне.

Але гэта яшчэ не ўсе цікавыя радкі ў лісце цара да Палубінскага. Варта ўдакладніць, што літоўскі князь выдатна дапякаў сваімі ваеннымі поспехамі царскім ваяводам падчас Лівонскай вайны. Зразумела, гэта выклікала гнеў цара, які ў своеасаблівай манеры, як бы дэманструючай яго шызоіднае расшчапленне псіхікі, адначасова ўсхваляў літоўскага вяльможу і абражаў яго. У подпісы царскага паслання Палубінскі названы «добрым дваранінам», а крыху далей «блазнам».

Але асабліва цікавы водгук расійскага манарха на легенду аб Палямоне. У сваім лісце князь Аляксандр, род якога нібыта ішоў ад Гедыміна, відаць, так ці інакш пахваліўся цару сваім паходжаннем. Ці не таму Іван Васільевіч надаў так шмат увагі легендзе аб сваёй сувязі са старажытнымі ўладцамі Рыма? На генеалагічную легенду Палубінскага цар даў максімальна з'едлівы адказ, бліснуўшы каламбурам.

«А запісваеш сябе Палямонава роду, хоць ты паўразумава роду (у арыгінале: полоумова. Заўв. Я.А.), таму што прыйшоў кіраваць дзяржавай, а ўтрымаць не здолеў, сам патрапіў у халопы да іншага роду».

У якасці ідэалагічнай асновы прэтэнзій на землі ВКЛ, рускім царам было карыснае паходжанне літоўскіх князёў ад міфічнага Маўкольда з дынастыі Рурыкавічаў, але, як можна бачыць, цар не стаў прама аспрэчваць тое, што Палубінскі нашчадак Палямона.

Не абмежаваўшыся адным ударам па гонару спадчынніка рымлян, Грозны зноў укалоў ненавіснага князя ў іншых радках ліста, паўтарыўшы думку аб прыслугоўванні спадчыннікаў Палямона:

«А з гэтай граматай мы паслалі да цябе ваяводу свайго, князя Цімафея Раманавіча Трубяцкога, сына Сямёна, Івана, Юрыя, Міхаіла, князя Дзмітрыя, сына вялікага князя Альгерда, у якога твае продкі Палямонава роду служылі».

Відаць, «вялікі гасудар, цар і вялікі князь усяе Русіі» выйшаў такi пераможцам са спаборніцтва ў дасціпнасці. Затое літоўскі князь і іншыя ваеначальнікі ВКЛ засталіся пераможцамі на полі бою… Іван Грозны прайграў Лівонскую вайну.

Хто з уладароў Літвы адрозніваўся розумам, а хто быў дурны?

Казаць пра нейкія асабістыя якасці першых вялікіх князёў даволі складана, бо пра некаторых з іх, напрыклад, Будзівіда, вядома настолькі мала, што нават іх імя служыць прадметам дыскусіі. Лютавор, Путувер, Бутвід, Боўдзівід… усё гэта, як мяркуецца, адзін вялікі князь. Паведаміць аб ім яшчэ нешта істотнае, акрамя шэрагу імёнаў, адмыслоўцам цяжка.

Аднак літоўскі кароль Міндоўг усё ж больш-менш добра паказаны ў гістарычных дакументах і пра яго здольнасці можна скласці пэўнае ўяўленне.

Атрыманне Міндоўгам кантролю над аб'яднанымі літоўскімі землямі ўвогуле само па сабе гаворыць аб талентах балцкага князя, які змог пазбавіць улады іншых літоўскіх валадароў.

У 50-х гадах XIII стагоддзя, падчас бітваў Міндоўга і Таўцівіла, апошняму дапамагаў магутны Данііл Галіцкі, які арганізаваў супраць вялікага князя Літвы цэлую кааліцыю, у якую ўваходзілі таксама балцкія плямёны жамойтаў і яцвягаў.

У 1253 году Міндоўг падкупіў балцкіх супернікаў «вялікай колькасцю срэбра». Даведаўшыся пра гэта Данііл Галіцкі разгневаўся на жамойтаў з яцвягамі, але Міндоўг не абмежаваўся разбурэннем супрацьстоячай яму кааліцыі і паслаў да валынскага валадара пасольства, прапаноўваючы парадніцца. У выніку, невядомая па імені дачка Міндоўга стала жонкай Шварна, сына Данііла.

Падобная «гнуткая палітыка», якая дапамагала Міндоўгу выжыць, безумоўна сведчыць пра некаторыя інтэлектуальныя здольнасці князя.

Аднак «Галіцка-Валынскі летапіс» прама гаворыць аб тым, што Міндоўг заганарыўся ад сваіх поспехаў. Магчыма, празмерная ганарлівасць Міндоўга падштурхнула да дзёрзкага і неасцярожнага ўчынку: ён забраў жонку ў князя Даўмонта. Кіраванне пакрыўджанага Міндоўгам Даўмонта ў Пскове паказвае выдатныя здольнасці гэтага князя, якія ён выяўляў і да ўцёкаў на сталец рускага княства.

Хітры Даўмонт змог падмануць пільнасць Міндоўга, нягледзячы на відавочны досвед апошняга ва ўсякіх падступных і падспудных дзеяннях, і забіць літоўскага манарха. Пасля гэтага Даўмонт і адправіўся на службу ў Пскоў, пазбегнуўшы помсты сына Міндоўга, вялікага князя Войшалка.

Канец жыцця Міндоўга, такім чынам, аказаўся ганебным.

Разумным і паспяховым кіраўніком выглядае ў гістарычных дакументах Гедымін, які намагаўся наладзіць міжнародныя сувязі ВКЛ і ўзмацніць эканамічны патэнцыял дзяржавы.

Сын Гедыміна, вялікі князь Альгерд стаў адным з самых разумных і паспяховых уладцаў краіны, пры гэтым, ён адрозніваўся ад наступных вялікіх князёў тым, што захоўваў поўную незалежнасць ад сваіх суседзяў.

Унукі Гедыміна, стрыечныя браты Ягайла і Вітаўт, былі падобныя разважлівасцю і вялікімi палітычнымi поспехамi, хоць Вітаўту, на шляху да вяршыняў улады, давялося праявіць значна большую ўпартасць, чым Ягайлу.

Вопытным у палітыцы, добра адукаваным, ашчадным і вельмі мэтанакіраваным быў венгерскі ўладарца ВКЛ, выбарны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. Манарх надзвычай старанна планаваў свае ваенныя аперацыі, робячы стаўку на добра падрыхтаваных еўрапейскіх наймітаў, асабіста адшукваў неабходныя для вайны сродкі ды імкнуўся выкарыстаць дасведчаных ваеначальнікаў. У выніку, Баторый зрабіў амаль немагчымае і адолеў Івана Грознага ў Лівонскай вайне.

Маючы не самае лепшае здароўе Баторый паўставаў перад пададзенымі магутным і ўладным, сапраўдным каралём-ваяром.

Паказальны, у гэтым сэнсе, эпізод з хваробай манарха. У 1586 годзе відавочца апошніх дзён Баторыя, чалавек, што хаваўся пад псеўданімам Ежы Х'якар (Jerzy Chiakor) напісаў:

«Кароль прачнуўся вельмі рана, выклікаў да сябе Весяліні і загадаў яму пайсці да канцлераў, каб яны не прыходзілі да яго ў гэты дзень з якімі-небудзь справамі. Больш за тое, ён строга рэкамендаваў нічога не згадваць пра выпадак (Гаворка пра страту прытомнасцi. Заўвага Я. А.), які адбыўся ўначы, і, калі хто-небудзь спытае, варта сказаць, што з-за звычайнага гемарою ён застаецца ў ложку».

Як лёгка зразумець з дакумента, нават смяротна хворы Баторый працягваў клапаціцца аб сваім, калі можна так выказацца, іміджы, і разумна хаваў сваю слабасць.

Менавіта Баторый, які добра разумеў неабходнасць асветы падуладнага яму Вялікага княства Літоўскага, заснаваў знакаміты Віленскі ўніверсітэт.

Досыць разумным і таленавітым кіраўніком быў апошні вялікі князь літоўскі Станіслаў II, ці, як яго звычайна завуць: Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У сучаснікаў былі розныя меркаванні аб апошнім выбарным манарху Рэчы Паспалітай, у тым ліку і малалесныя. У наш час Панятоўскі таксама часта крытыкуецца за яго слабасць падчас знішчэння Рэчы Паспалітай. Аўтар, аднак, шмат вывучаў дакументы станіславоўскай эпохі, у тым ліку і дзённік самога манарха, і можа пацвердзіць сказаныя раней словы аб розуме Панятоўскага, які валодаў, сярод іншых, і некаторымі літаратурнымі здольнасцямі. Падмацаваць такое меркаванне аб Панятоўскім могуць і яго канкрэтныя дзеянні, у прыватнасці: маштабная рэформа адукацыі і спробы падцягнуць прамысловасць ужо вельмі адстаючай ад суседзяў Рэчы Паспалітай.

Пачынанні караля грунтаваліся на дастаткова разумных, а ў асобных выпадках нават перадавых канцэптах. Але махавік знішчэння краіны ўжо нельга было спыніць і рэформы, у цэлым, не аказалі нейкага істотнага ўплыву на жыццё дзяржавы.

Пасля хвалебных водгуках аб літоўскіх манархах, варта сказаць і нешта негатыўнае аб кім небудзь з іх. Для гэтага дамо слова сучасніку.

У 1752 годзе Вільгельм Шлемюлер быў у Гродне, дзе меў магчымасць бачыць саксонскага курфюрста, караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ. Па выніках назіранняў, тонкі і адукаваны нямецкі падарожнік запісаў:

«Кароль Аўгуст пяцьдзесят гадоў, цвёрды і моцны, выдатная выправа, высока трымае галаву. Бровы вялікія, грудзі шырокiя, тлусты. Ходзіць павольна, выраз твару сур'ёзны. Каралеву жонку, здаецца, ён вельмі кахае і паважае, і ўвесь час размаўляе з ёй. Шчыра кажучы, розумам здаецца слабаваты (mente hebes videtur). Ён ахвотна паддаецца парадам іншых, сам не жадаючы несці цяжар кіравання, і ўхваляе ўсё, што яму падаюць. Ён бязмерна любіць гуляць з блазанамі».

Што ж, як абвяшчае прыпісаная Напалеону цытата: «У палітыцы глупства не перашкода».

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации