Текст книги "Каханні. Дваццаць рэальных гісторый"
Автор книги: Ніна Лістота
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]
Ніна Лістота
Каханні
Дваццаць рэальных гісторый
© Лістота Н., тэкст, 2017
© ПУП «Кнігазбор», 2017
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Лабірынт
Ён прывёў мяне ў лабірынт. Ведаеце, атракцыён такі. Бясконцыя павароты, меланхалічнае ззянне фосфарных лямпаў. Там не ўяўляеш, куды прывядзе наступны крок і колькі іх яшчэ будзе.
Яго зубы глядзеліся ненатуральна белымі, і я не верыла гэтай усмешцы. А сваю, што гэтаксама ззяла ад флюарэсцэнтных лямпаў, імкнулася схаваць. Каб не бачыў ні ён, ні нехта выпадковы.
Хто я?.. Хто ты?.. Чаму не бачна, калі скончыцца гэты калідор ззяння? Чаму твая постаць знікае за паваротамі, але зноў апынаецца так блізка-блізка? Чаму я раствараюся ў бясконцым мігценні, як матылёк, што здаўся і не хоча больш ляцець? Уратуй мае крылы. Выпусці на волю. Пакуль я не згубіла з табой сябе…
Гэта былі звычайныя гатычныя лаўкі ў такім сабе, без прыўкрас, пахмурным парку. Доўгавалосая стракозка ў цёмным плашчы пераскоквала з адной на адну. Яна трымала за руку доўгага, такога ж светлага, як і сама, багамола ў скураной куртцы. Прагаворвала лічылку, ступаючы на кожную новую лаўку. Сама смяялася ўласным дасціпным жартам.
Багамол крочыў, згублены дзесьці ў сваіх думках, ― як здаць апошні іспыт, па якім не мае ніводнай адзнакі, як паведаміць бацькам, што яго пазбаўляюць стыпендыі пасля паўгода вучобы?
«Вось вар’ятка! Чаго яна скача, як той конік, па лаўках?» ― абурана сказаў адзін з мінакоў, верагодна жукнасарог, свайму сябру, разглядваючы стракозку. Але раптам убачыў знаёмца, які трымаў яе за руку:
– О, Багамолаў, Кастусь, здароў быў! ― звярнуўся да таго жук-насарог, ён жа Макс.
– Прывітулі. Даўненька вас не бачыў. Як маецеся?
– Ды нармалёва. Праўда, не ведаем, як вечар прабавіць. Думаем на вышку схадзіць. Пайшліце з намі.
– А што, можна, ― багамол запытальна глянуў на стракозку і прадставіў яе: ― Пазнаёмцеся, мая сяброўка, Агатка.
– Файная ідэя, пойдзем! ― падтрымала тая і спырхнула з лаўкі.
Шлях да вышкі быў няблізкі. Колішняя сушылка для збожжа, пабудаваная блізу хлебнага камбіната, стаяла за горадам і цяпер была закінутая. Бетонная грамадзіна тырчэла адна пасярод поля. Роўныя перакрыцці, металічныя лесвіцы ― сапраўдная аскетка, нічога лішняга ў канструкцыі.
Далягляд сягаў далёка наперад. І чым вышэй узбіраешся, тым болей можна было заўважыць. Але залазіць на апошнія паверхі асмельваліся хіба што самыя адчайныя. Парэнчаў не было. Ад неверагоднай вышыні магла закруціцца галава.
Гэта месца любілі многія нефармалы горада. І вольныя студэнты, ахвочыя збегчы з лекцый і праседзець іх тут.
– Вох, на самы верх не пойдзем, таварышы. Прапаную спыніцца, ― азвалася Агатка, калі яны пераадолелі некалькі металічных і бетонных пралётаў.
Іх кампанія размясцілася на перадапошнім паверсе. Калі хтосьці рызыкаваў стаць на край бетоннай столі-падлогі і зірнуць уніз, перад вачыма ўсё нібы плыло.
– Калі ласка, не падыходзь так блізка, тут вышыня! ― спужалася Агатка, гледзячы на аднаго з сяброў. ― Не хачу прыносіць кветкі на тваё пахаванне.
Той, нібы жартуючы, зрабіў яшчэ адзін невялікі крок, нахіліўся.
– Не хвалюйся, усё будзе добра, ― сказаў юнак, яшчэ колькі імгненняў гуляючыся з вышынёй, а пасля вярнуўся на сярэдзіну пляцоўкі.
Кампанія расселася на пустых пакрышках, якія валяліся тут жа. Іх прыцягнуў сюды хтосьці з заўсёднікаў вышкі.
Навокал згушчаўся змрок. Вязкія прыцемкі залівалі поле і далягляд. Удалечыні, адзін за адным, запальваліся агні горада ― нібы маякі для мінакоў, якія збіліся са шляху і заблукалі ці проста спяшаліся ўпасці ў абдымкі вечаровага горада.
– Вогнішча тут развесці ці што? А то ўжо добра сцямнела, ― азваўся адзін з хлопцаў.
– Доўбня, а дзе ты дровы возьмеш? ― пачулася ў адказ. А што, мала дроў? Пайду куста якога наламаю ці яшчэ што знайду.
– Па-першае, пакажы мне, дзе ты тут бачыў хаця б адзін куст. А па-другое, сырыя галіны ўсё адно не распаліць. Таму кінь дурное.
– Спадарства, эўрыка, мы жывём у XXI стагоддзі, і ва ўсіх нас ёсць ліхтарыкі на мабілках, ― гарэзліва заўважыла стракозка. ― Мы можам запаліць іх, і зробіцца крыху святлей.
Колькі часу яны гаманілі. То паглядвалі адзін на аднаго, то ўзіраліся ў водбліскі горада. Нарэшце вырашылі, што варта дастаць гітару, якую Макс увесь гэты час нёс у чахле за спінай, каб ён заіграў і заспяваў. Дружна падсвяцілі зорку гэтага вечара сваімі ліхтарамі.
З-за цёмных аблокаў выплыў таўсташчокі месяц. Пару зорачак, нібы балерыны на падтанцоўцы, выскачылі следам за ім з цемры. Свавольны вецер ганяў хмары, нібы драпіроўкі па сцэне. Калі яны апыналіся блізу начнога свяціла, іх краі афарбоўваліся ў светла-жоўты.
– Зірніце, а вунь ззяе наш палітэх. Ніколі б не падумаў, што яго будзе заўважна адсюль і што ён так добра падсвечаны, ― сказаў багамол, абдымаючы Агатку.
Крыху грузны, але статны і прыгожы, жук-насарог нарэшце выпраміўся і пачаў іграць. Загучалі звонкія гітарныя пераборы. Затым паліліся словы вядомай песні. Яны раствараліся ў чорным наваколлі.
Чым болей слухала яго спеў стракозка, тым больш яе ахоплівала адчуванне, што вось, толькі што, яе працяла маланка і электрычныя разрады яшчэ бягуць па целе. Да гэтага моманту Агатка нібы не заўважала Макса. А цяпер, быццам сляпы, якому вярнуўся зрок, яна ўбачыла святло.
«Ну ўсё, я ўліпла, утрэскалася па самыя вушы. Эх, Агатка, Агатка, што ты цяпер будзеш з гэтым рабіць?» ― падумала сама пра сябе.
Той вечар на вышцы змяніў жыццё легкадумнай стракозкі. Не, яна не перастала лётаць і пераскокваць з лаўкі на лаўку, ад калюжыны да калюжыны. Проста дзесьці ў сэрцы засела маленькае джала. Хтосьці б сказаў, што яно выдзяляе атруту. Але Агатка ведала, што гэта не яд, а нектар.
Кожны носіць сваё сонца з сабою. Так і стракозка да пары да часу вырашыла нікому не паказваць каханне. Трэба толькі дачакацца, калі надыдзе ў іх адносінах пацяпленне… Дзяўчына спрабавала па-ціхаму разысціся са сваім былым маладым чалавекам ― іх агульным сябрам. Хацела незаўважна даць зразумець, што гэта быў нібы курортны раман і час яго прамінуў. Ды багамол не збіраўся адпускаць сваю Агатку. Яна казала сябрам, што яны ўжо разышліся. Ён жа гаварыў, што ў стракозкі цяпер цяжкасці, што ён проста не можа пакінуць яе адну і што іх каханне пераадолее нягоды.
– Мы больш не разам, ― казала яна сябрам.
– Разумеем, разумеем. Ён нам усё патлумачыў, не хвалюйся, ― адказвалі тыя. ― Усё ў вас будзе добра.
Агатка спрабавала давесці, што ніякага добра яна не хоча і так быць не можа. Але ў выніку ўсё заставалася на ранейшых месцах.
Раззлаваны багамол ― тым, што лета стракозкі для яго скончылася, ― аднойчы ўдарыў яе. Гэта паўтарылася зноў. Яна не ведала, як выблытацца з ліпкай сеткі, у якую трапіла.
Макс знаходзіўся на адлегласці літаральна выцягнутай рукі. Яны даволі часта бачыліся ў кампаніі. І Агатка была шчаслівай проста ад таго, што ён побач.
Неяк дзяўчына пазнаёміла Макса са сваёй лепшай сяброўкай Багірай. Яна прыехала ў іх горад на лета з Масквы. Хлопец сур’ёзна закахаўся. Цэлых тры месяцы з захапленнем глядзеў на іншую. Агата пакутавала, але на людзях імкнулася нічым сябе не выдаць.
Прайшло паўгода, Багіра напісала Максу, што ўсё ў іх скончылася і яны больш не пара. Той моцна перажываў, але што зробіш? Адлегласць умее лячыць і такія раны.
Агата ж не магла справіцца з сабой. Унутры яе нешта дало збой. Было страшна, нават жудасна. Яна адчувала сябе вельмі-вельмі адзінокай, нікому не патрэбнай і лішняй. Вырашыла зачыніцца на пэўны час дома, папрасіла сяброў, каб не чапалі.
Быць сам-насам аказалася яшчэ больш невыносна, чым з іншымі. Агата стварыла сабе выдуманую сяброўку ў сеціве. Нават імя ёй прыдумала досыць рэальнае ― Ліля Новік.
Агата пачала перапісвацца са сваім альтэр-эга, і штосьці ў ёй нібы пераключалася ў такія моманты. Падавалася, выдуманы двайнік ― сапраўды жывы і самастойны чалавек.
Ліля дадала ў сябры ў сеціве і Агаціных сяброў. Па манеры зносінаў, яе паведамленнях ніхто нават не здагадваўся, што насамрэч ім піша Агата ― нібы два зусім розныя чалавекі… Натуральна, аднойчы Ліля дадала ў сябры і Макса. Завязалася перапіска ― і добры жук-насарог закахаўся. Часам, калі Агата «прытомнела» і зазірала ў Ліліну перапіску, яе апаноўваў жах. Зноў, зноў яна прывяла ў рукі свайго каханага іншую!
Стракозка нарэшце прыйшла ў сябе. Аднойчы набралася смеласці і выдаліла Лілю з сацсетак. Знішчыла ўсё, што было з ёй звязана. У Макса пачалася паніка: дзе Ліля, што з ёй здарылася? Ён моцна перажываў. Агата ж зноў была ў тупіку. Найбольш яна баялася, што, калі распавядзе ўсё, юнак будзе лічыць яе падманшчыцай. Але хлапца ўсё не пакідала занепакоенасць лёсам зніклай дзяўчыны. Таму яна наважылася і прызналася:
– Так, гэта была я. Стварыла фейкавую старонку і ўвесь гэты час пісала табе ад імя Лілі.
Стракозка апусціла вочы, баючыся, што калі падыме іх на каханага, то ўбачыць дакор.
– Я столькі часу змарнаваў на Лілю. А замест гэтага ўжо некалькі месяцаў мог абдымаць сваю сапраўдную каханую, ― ён пяшчотна дакрануўся да плячэй дзяўчыны.
Агата цалавала яго і дагэтуль. Але толькі цяпер яна адчула, як на дотыкі яе вуснаў Макс адгукаецца ўзаемнасцю.
Стракозка і жук-насарог сталі парай. Прыгожай і крыху шалёнай. Ён сустракаў яе пасля вучобы, прысвячаў песні, казаў усім сябрам, што яго Агатка самая лепшая. Яна таксама была ўсюды, куды ішоў ён. Сядзела на парах у яго музычнай вучэльні, прыходзіла на рэпетыцыі аркестра, у якім ён іграў. Нібы кроплі на дне пустой шклянкі, гэтыя двое прагна прыцягваліся адно да аднаго.
Без сварак таксама не абыходзілася. Наэлектрызаваная атмасфера іх пачуццяў сама нараджала маланкі, якія часам досыць балюча білі.
– Мы вырашылі разысціся. Бо часта сварыліся, а навошта гэта? Нам было добра проста быць побач, бачыцца, як сябры, адчуваць шчасце ад таго, што ён ці я дзесьці ёсць, ― стракозка выдыхнула, узмахнула рукамі і склала іх на каленях.
Агата расказала мне сваю гісторыю пасля моладзевага фестывалю «Час жыць!» у Маладзечне, дзе мы абедзве выступалі як паэткі. Я ― як запрошаны аўтар з Менска. Яна ― як мясцовы Галоўны Кальмар.
Мы сядзелі пад вялізным каляровым дрэвам, сплеценым з пасмачак, якое займала ледзь не паўгрымёркі, пілі гарбату, а яна працягвала:
– Дзесьці праз год пасля расстання ехалі разам на машыне. І нехта з нас, нават не помню хто, прапанаваў пажаніцца. Вырашылі, што гэта слушна. Проста хацелася ўжо з’ехацца і быць разам. Зладзілі сціплы роспіс, куды былі запрошаны толькі бацькі, пару сяброў і сведкі ― без іх проста нельга. Нам яшчэ пашанцавала, што наша свята фатаграфавала сваячка, у якой гэта былі першыя такія здымкі. А ўжо хутка яна стала адным з самых высокааплатных вясельных фатографаў у Менску.
– Агатка, у вас жа ёсць маленькі? ― нашу размову перапыніла дырэктар фестывалю, якая таксама сядзела ў грымёрцы.
– Так. Яму годзік ужо, ― адказала стракозка.
– Ніна, а ты б ведала, як прыгожа Макс спявае і іграе на гітары! ― на гэты раз Марына Іосіфаўна звярнулася ўжо да мяне. ― Агатка такія цудоўныя вершы піша.
– «Мае вершы, твая гітара, мы цудоўная пара», ― прыгадала я радок з папулярнай папсовай песні.
– Крыху шалёная пара, ― дадала Агатка.
Мы выйшлі ў лабірынт, створаны ў холе. Яго зрабілі з папяровых крылаў і кардонных людзей. Яркім, чырвоным былі выведзены іх сэрцы. Наверх нанеслі каардынатную сетку. Рабі разлікі, пацаляй, трапляй. А можаш забраць сэрца проста так. Ці пакінуць некранутым.
Плямы на скуры
Ад яе амаль заўсёды пахла фарбамі і растваральнікамі. Нават пасля таго, як прымала душ, дзе-нідзе на целе заставаліся яркія плямачкі. Быццам разнаколерныя радзімкі. Любімыя джынсы былі выпацканыя жоўтым і зялёным ― толькі крыху, не выкідаць жа! А рукі… месцамі памаранчавыя, з жаўтаватымі пазногцямі, якія немагчыма адмыць, ― усё гэта так натуральна для мастачкі.
Ядвіся жыла пасярод сваіх работ. Яны былі і домам, і храмам, і сэнсам жыцця. Быццам парфюмер, які паляваў на водары і ўсёй сваёй існасцю ператвараўся ў нюх, яна таксама хацела толькі аднаго ― вынайсці найлепшыя колеры, напісаць карціну, якую ўвесь свет прызнае шэдэўрам. Таму давярала адно ўяўленню і ўласным вачам. Мастацтва займала думкі. Яна нястомна ўзіралася ў палітры і палотны. Выплёсквалася і вылівалася. Праз фарбу і пэндзаль ― на мальберт.
Майстэрня размяшчалася ў мастацкай школе, дзе яна працавала. Было вельмі зручна правесці пару ўрокаў, а затым зачыніцца ад іншых у сваім маляваным свеце. Каб зноў вынаходзіць і ствараць. Вяршыня майстэрства заўсёды заставалася дзесьці за гарызонтам. Недасяжная, як заснежаныя Альпы.
Ці знаходзілася ў яе свеце месца мужчынам? Маючы трыццаць з невялікім гадоў, яна была вельмі прыгожай. Да таго ж хударлявая, з доўгімі каштанавымі валасамі. Увечары Ядвіся ўсё-такі расставалася са сваімі карцінамі, каб прапусціць па шклянцы віна разам з сяброўкай, патанчыць у бары. Чаму ж не? І мужчыны часам вынырвалі з гэтай багны аднастайных вечароў. Ды чамусьці не затрымліваліся надоўга. Мажліва, ёй не хапала ні часу, ні жадання на тое, каб іх прыручыць? У майстэрні і дома чакала штосьці больш блізкае ― яе карціны.
Але аднойчы ўсё склалася. Яны пазнаёміліся, як гэта часта бывае, у кампаніі агульных сяброў. Прыгледзеліся адно да аднаго і вырашылі, што можна спрабаваць пабудаваць нешта разам.
Сяргей працаваў інжынерам на мясцовым заводзе. З творчасцю зазвычай не сутыкаўся ― яго свет быў абсалютна тэхнічным і лагічным. Але ў сустрэчах з мастачкай ён бачыў пэўную экзатычнасць, адценне іншага, недаступнага яму раней свету. Да таго ж Ядвіся, бясспрэчна, была вельмі сімпатычнай ― падобнай да галівудскай актрысы. Нізкі голас каханкі выклікаў у Сяргея дрыжыкі ― адразу хацелася пацалаваць.
Ён першым прамовіў запаветнае «кахаю». Яна адказала тым жа. Неўзабаве згулялі вяселле. Сэрца мастачкі атрымала прытулак, а ў душы інжынера з’явіўся новы палёт.
…Ядвіся не перастала любіць карціны. Следам за мядовым месяцам на адэскім узбярэжжы прыйшоў час вяртання ў майстэрню да пакінутых так надоўга палотнаў. Яна ўжо засумавала па іх. Мастацтва жыло ў сэрцы і не збіралася нікуды сыходзіць. Зрэшты, жанчына таксама не планавала нешта мяняць.
А мужу было яе мала. Хацелася пастаянна бачыць побач з сабой тую, з якой вырашыў злучыць жыццё. Ядвіся не кожны вечар затрымлівалася ў майстэрні, але ўсё-такі… Сяргей адчуваў, што даводзіцца дзяліць яе ― не з іншым мужчынам, а з захапленнем, з недарэчным хобі, якому яна ўдзяляла так шмат увагі.
Ён лічыў, што ў доме шчаслівых людзей, якім добра адно з адным, павінна пахнуць блінамі, баршчамі. Ядвіся ж не здзіўляла яго кулінарнымі цікавінкамі. Яна меркавала, што дарослы чалавек у стане сам прыгатаваць паесці. І таму не абавязкова некаму іншаму гадзінамі праседжваць на кухні. Часам Ядвіся рабіла нешта смачнае для мужа. Аднак яна даўно вырашыла, што кулінарыя ― не яе моцны бок.
Таму са скуры вон лезці не збіралася, вынаходзячы новыя рэцэпты супоў.
Ішоў час. Незадаволенасць Сяргея расла. Ён усё больш адчуваў сябе пакрыўджаным і абдзеленым увагай каханай жонкі. Яна не была яго вернай спадарожніцай ва ўсім. Часам сыходзіла да сваіх карцін. І гэта не ўкладвалася ў рацыянальны розум інжынера. Дзе яна і чаму не побач? Ці гэтага ён хацеў? Ці пра тое марыў?
Падалі на развод.
* * *
Калі я пачула гэту гісторыю пра знаёмую мастачку, была вельмі ўзрушана. Прыйшла дадому і адразу распавяла сваякам пра тое, што карціны і любоў да мастацтваў сталі такой моцнай перашкодай для сямейнай пары. Аднак мая маці, звычайна не схільная да лірыкі, на гэты раз сказала: «Зусім не карціны прынеслі разлад. Проста яны не кахалі. Каб жанчына сапраўды любіла, ёй было б прыемна рабіць ежу для мужа. А каб ён усур’ёз кахаў, то сам гатаваў бы для жонкі».
Прыгожую, як і раней маладую, мастачку часам бачу позна ўвечары ў горадзе. Адну ці з сяброўкай.
Рукі па-ранейшаму не адмываюцца ад фарбаў. На джынсах ― светлыя плямы ад ацэтону. Яна працягвае нагадваць парфюмера. Які, аднак, палюе не на водары, а на колеры.
* * *
Колькі год таму мастачку звольнілі з працы. За п’янства. Штосьці пайшло не так.
«Веташок, веташок, табе неба…»
Гэта быў адзін з тых залатых вечароў, якія надараюцца хіба што пару разоў на год. І тое, не ўсе могуць пахваліцца, што маюць такі час. На небе ззяў трынаццаты месяц. Прызнацца, я не магу патлумачыць гэту астранамічную з’яву ― але менавіта так пазначана ў нататніку. Верагодна, месяц з’яўляецца з-за таго, што ў кожным дні насамрэч не роўна дваццаць чатыры гадзіны, а на пару секундаў больш. І вось, адна да адной, яны збіраюцца, каб аднойчы стаць яшчэ адным, трынаццатым месяцам.
Магчыма, яго з’яўленне тлумачыцца неяк іначай. Не буду спрачацца. І не так істотна, што па астраноміі ў мяне ў атэстаце стаіць дзясятка. Насамрэч я і мая суседка па парце Марго атрымалі яе, што называецца, за прыгожыя вочкі. Проста астраном ― мужчына. Марго ― яскравая брунетка, а я ― светла-русая, блакітнавокая. Мы сядзелі пасярэдзіне класа і, як цэнтр галактыкі, прываблівалі да сябе ўвагу навакольных зорак, у тым ліку астранома. Прыемны настаўнік паставіў прыемным вучаніцам, брунетцы і бландзінцы, дзясяткі. Вось і ўсё. Ніякіх схаваных сэнсаў.
Карацей, на небе ззяла мая любімая залацістая сырная поўня. Як і ва ўсе іншыя такія ж вечары. Кожны раз я ўспрымала яе як дарунак. Калі ты сядзіш пасярод высачэзных траў, якія ўзвышаюцца над галавой, калі бліжэйшыя сілуэты ― гэта вялізныя старыя дрэвы, а перад табою ― раскладзенае цяпельца, то і поўня, скажу я вам, мае значэнне. І важная тут не толькі яе прыгажосць. Вялізны дадатковы ліхтар над галавой нікому не зашкодзіць. Акрамя хіба што зладзеяў, якія меркавалі зрабіць нешта цёмнае пад покрывам непрагляднай ночы. А нечаканы месяц, як пільны суддзя, зрабіў заўважнымі іх постаці і нават вымаляваў рысы твару. Светлыя ночы зламыснікам не на руку. Яны больш прыдатныя для такіх згуртаванняў, як наша.
Толькі аднойчы нам трапілася не поўня, а веташок. Заўважыўшы яго, бабуля адразу зацягнула сваё павольнае, амаль медытатыўнае:
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Бабуля паўтарала гэта зноў і зноў, у дзясяты раз, нібы па паганскай звычцы продкаў загаворваючы месяц на небе.
Веташок таксама быў дарункам. Бліскучы, востранькі з абодвух рагоў, ён упрыгожваў нябесную сцяну лепш за любую карціну самага выбітнага мастака. У стваральніка прыроды з фантазіяй усё добра. І з густам таксама, гэта дакладна. Мы любаваліся ўсе. А куды яшчэ было глядзець?.. На веташок і на агонь. На агонь і на веташок. І на высокія травы, якія засланялі сабой частку месяца і якія, падсохлыя, можна было кінуць у агонь.
Наша сям’я толькі пару гадоў таму займела гэту звычку ― смажыць разам увечары шашлыкі. Раней і ўявіць такое было складана. Як, адкласці ўсе тэрміновыя працы? Як, не быць стомленым, як лось, пасля ўсяго, што зроблена за дзень?.. Але поўня і веташок сталіся мацнейшымі і пераманілі нас. Цяпер я цалкам веру ў тое, што сіла месяца стварае прылівы і адлівы. Яна аказалася настолькі моцнай, што маіх родных, сталых карэнных вяскоўцаў, завабіла ў рамантыку летніх начэй.
Конікі цыўкалі ў густой зеляніне. То там, то тут чуліся ўсклікванні начных пташак. Наша цяпельца пазірала ў космас круглым вокам. Замест мангала была вялізная пакрышка ад кола трактара. Яшчэ адна поўня, толькі металічная і заглыбленая ўсярэдзіну.
Мяса шыпела, заціснутае між пруткамі рашоткі. Мы падрыхтавалі свежыя агуркі, цыбулю, хлеб да яго. Я, мама, тата, бабуля і брат, што толькі вярнуўся з вандроўкі ў Сінгапур. Мы, вядома, і так збіраліся разам. Але ў такіх начэй быў асаблівы салодкі смак.
– Хтосьці дорыцьсваім жонкам каштоўныяўпрыгожванні, камяні. А я сваёй ― ровар, гітару, ― распавядаў мой брат.
Гарачыя шашлыкі высыпалі ў вялікую місу. Мы ўсе разабралі сабе па некалькі кавалкаў і, крыху рассмакаваўшы, пачалі нахвальваць, як удала яны былі замарынаваныя мамай і як добра іх пасмажылі нашы мужчыны. Брат працягваў:
– Вось усе кажуць: крызіс. Але калі займацца любімай справай, ніякага крызісу не бывае. Ты проста робіш тое, што любіш. І рана ці позна, яно пачынае прыносіць прыбытак.
Веташок таксама ўважліва слухаў яго аповед. Але не так, як мы. Сваім ззяннем, нібы пражэктарам, ён вымалёўваў сцэну для прамовы. Месяц быў над усім і ва ўсім.
У паўзе паміж размовамі бабуля паўтарыла:
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Нібы музычная паўза ў эфіры радыёстанцыі. І прывітанне ад сваяка ў адным флаконе.
– У Сінгапуры мне спадабалася ўсё, ― казаў брат. ― Куды ні пойдзеш, нейкая забава, атракцыён…
Мне ж пачало ўзгадвацца, што было да Сінгапура. Тым больш што ў гэты крызісны год, за пару месяцаў да таго, брат з жонкай ездзілі адпачываць яшчэ і ў Дубай.
Гадоў шэсць таму будучая каханая майго брата, Надзея, не была заможнай. З бацькам яна не падтрымлівала адносінаў ― нават на вяселле сваё не запрасіла. Іх са старэйшай сястрой гадавала адна маці, якая працавала на камвольным камбінаце. Як толькі кожнай з дзяўчат споўнілася васямнаццаць, выправіла ў далейшае самастойнае плаванне: «Усё, што магла, я вам дала. Далей жывіце самі».
У сваё паўнагоддзе ўчарашнія падлеткі апынуліся самнасам з новай рэальнасцю і вучыліся ў ёй жыць.
Надзея паступіла ў Менск на юрыста. Натуральна ж, на бюджэтнае аддзяленне ― іншыя варыянты нават не разглядаліся. Ёй далі інтэрнат ― і гэта зняло адну з праблем. Але на невялікую студэнцкую стыпендыю трэба было неяк жыць ― есці, апранацца, набываць розныя дробязі. Вучобу на дзённым аддзяленні дзяўчына адразу ж пачала сумяшчаць з працай. Кім толькі яна ні ўладкоўвалася ― нават гандляркай мясам.
Часам падпрацовак было некалькі. Быў перыяд, яна хадзіла адразу на тры працы. Хатнія заданні прызвычаілася рабіць у тралейбусе ― пакуль ехала з універсітэта ў інтэрнат. Такі напружаны графік навучыў яе і ў будучым эфектыўна размяркоўваць час.
Сваю самую вялікую жарсць ― фітнес ― не пакідала ніколі. Займалася ім яшчэ са школы. Знаходзіла час, каб трэніравацца і быць ва ўніверсітэцкай камандзе.
Часам выбіралася з сяброўкамі на дыскатэкі. Толькі на бясплатныя. Але аднойчы падумала: «Што я, працуючы на трох працах, не магу сабе дазволіць платную дыскатэку?» ― і паддалася на ўгаворы сябровак. Усе разам пайшлі ў «Энергію».
Там, сярод цыгарэтнага дыму, грукату дынамікаў, мноства выпадковых людзей, сабраных разам, яна ўбачыла яго… (майго брата). Адразу падумала: «Ну чаго ты стаіш? Падыходзь, знаёмся!» І ён нібы адчуў заклік. Падышоў, прывітаў. Потым пачаставаў кактэйлем. Патанцавалі. Думаеце, банальны такі пачатак гісторыі на адну ноч? Не ў гэты раз.
Праз тры дні Андрэй з’язджаў у камандзіроўку. Надзея паставіла сабе будзільнік на тры гадзіны ночы ― час, калі прыбывае яго цягнік. Каб патэлефанаваць і спытаць, як дабраўся. Хлопца такі клопат моцна ўразіў. Ён задумаўся: можа быць, усё не проста так?
Да сваіх мараў пачалі ісці разам.
На першы сумесны Новы год падарыў ёй навучанне на курсах фітнес-інструктараў. Так рукой клапатлівага садоўніка ў іх сумесным садзе было пасаджана тое, што ў будучым прынесла плады.
– Каму яблыкаў нарваць? ― выгукнула аднекуль з цемры мая мама.
– Чаго ты пытаешся? Усім нясі, раз пайшла, ― адказаў тата, які сядзеў побач ля вогнішча.
Хутка мама вярнулася з поўным фартухом яблык. Яна прысела бліжэй да агню, дзе было святлей, адгарнула край ― сталі бачныя жоўтыя, наліўныя бачкі.
Гэтай начной парой, пасля шашлыка, яблыкі падаваліся асабліва смачнымі. Яны назапасілі ў сабе і саладжавасць дзённага сонца, і вечаровую прахалоду.
Над нашымі галовамі, нібы стрэлы, пушчаныя ўмелай рукой, пранесліся кажаны.
Брат распавядаў пра заморскія дзівы, а мне прыгадалася, аб чым ён марыў у дзяцінстве. У школе Андрэй займаўся ў авіямадэльнай студыі. Майстраваў драўляныя самалёцікі.
Яны, задуманыя як радыёкіруемыя, узляталі досыць рэдка.
Відаць, нечага не хапала іх крылам, каб стаць як птушыныя.
Але жаданне прыручыць нябесную стыхію пасялілася ў сэрцы Андрэя.
У год яго паступлення спрабаваць падаваць дакументы можна было адразу ў дзве навучальныя ўстановы. Хлопец здаваў тэставанні для тэхнічнага ўніверсітэта. І заадно круціўся ў баракамерах, выпрабоўваў вестыбулярны апарат, каб праверыць, ці здольны стаць лётчыкам. Да другога варыянта родныя ставіліся паблажліва ― былі ўпэўненыя, што жорсткі адбор па здароўі ён усё адно не пройдзе.
У тэхнічны ўніверсітэт ён не паступіў. Затое быў залічаны ў Ваенную акадэмію на лётчыка. Сваякі былі шакаваныя. Як такое магло адбыцца, гэта ж небяспечна! Усе раілі хутчэй перавесціся ў службоўцы, якія кіруюць палётамі, не падымаючыся ў паветра.
– Андрэйка, прасіся на зямлю! ― бабуля і сёння часта дае брату такія парады.
Але для яго неба ― не проста так. Ён любіць бяскрайнюю сінь усур’ёз. Садзіцца ў самалёт і, кіруючы ім, разразае пярэстыя аблокі, глядзіць з вышыні на дамкі, якія выглядаюць меншымі за пачкі ад запалак. Падымаецца па-над хмарамі і ўсё больш набліжаецца да сонца ― туды, дзе нават птушкі не асмельваюцца лётаць.
«Андрэйка, прасіся на зямлю…» Ды якая там зямля! Дні палётаў ― самыя шчаслівыя. Лётчыкі чакаюць іх, нібы свята. Гэта ні з чым не параўнаеш, калі за акном ― неба, прасторнае, чыстае, такое свабоднае.
Мы пачулі, як дзесьці ўдалечыні завяла насцярожаную песню зязюля.
– А ты ведаеш, Нінуля, ёсць такая прыкмета: калі кукуе зязюля, трэба лічыць, ― казала мне бабуля. ― Колькі разоў, столькі і гадкоў жыць засталося.
– Ведаю, ― адгукнулася я. ― Толькі ж не веру ў забабоны. Што мне тая зязюля?
Я прыгадала, як Надзея, дзеля таго каб быць разам з маім братам, знайшла размеркаванне ў яго горадзе. А калі скончыліся два гады адпрацоўкі, яны, ужо жанатыя, удваіх вырашылі, што пара ёй усур’ёз заняцца тым, пра што даўно марылася. Дзяўчына стала фітнес-трэнерам.
Спачатку жыццё нібы смяялася і выпрабоўвала сур’ёзнасць намераў. У досыць вялікім горадзе чамусьці складана было знайсці залу для заняткаў. На прадпрыемствах, у спартовых школах, дзе меліся патрэбныя памяшканні, не давалі згоды. Часам усё было дамоўлена, але перад прызначанай трэніроўкай ім раптам адмаўлялі ў арэндзе. Пара цэлы год грукалася ўсюды, куды магла, шукаючы месца.
Паступова лёд пачаў таяць. Нібы стаячая вада нарэшце зрушылася і вызваліла месца новай плыні. Надзеі здалі залу ў спартшколе ў цэнтры горада. Набылі спартыўны інвентар ― менавіта той, які яна замовіла.
З часам муж і жонка займелі яшчэ два ўласныя арандаваныя памяшканні, дзе цяпер на іх працуюць нанятыя фітнес-інструктары. Заробак жонкі ўжо большы за тыя грошы, якія атрымлівае муж-лётчык.
– Калі займаешся любімай справай, гэта абавязкова пачне прыносіць плён, ― я ўстрапянулася ад сваіх думак, зноў пачуўшы словы брата. Ён дадаў: ― Новая партыя шашлыка гатовая. Здаецца, усе падрумяненыя.
На падсмажанае мяса пасвяцілі ліхтарыкам. Але ці сапраўды яно згатаванае, зразумець было складана. Мы даверыліся інтуіцыі.
Я захрумсцела надзвычай апетытным курыным крылцам, замарынаваным у мёдзе, і зноў задумалася.
Адным памятным летам Андрэй і Надзя паехалі разам адпачываць у Турцыю. Увечары яны выправіліся ў круізную паездку на караблі. Мора ўжо зрабілася цёмна-сінім. Удалечыні прыемна ззяла ўзбярэжная лінія. Зоркі сціпла паблісквалі са сваіх нябесных вышыняў.
Апынуўшыся пасярод танцпола на караблі, Андрэй узяў у вядучага мікрафон і сказаў: «Тут прысутнічае дзяўчына, якая скарыла маё сэрца…» Усё вакол Надзеі закружылася, яна больш нічога не чула. Толькі інтуітыўна зразумела, калі трэба было сказаць «так» і ўпасці ў яго абдымкі. На яе пальцы ззяў срэбны пярсцёнак з перлінкай і маленькімі празрыстымі каменьчыкамі.
Сябар, з якім было дамоўлена загадзя, вынес два прыгожыя кактэйлі. А на схілах начных гор, дзе звычайна лазерамі пісалі назву карабля, на гэты раз можна было прачытаць: «Надзя, я цябе кахаю».
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Словы, у каторы раз прагавораныя бабуляй, вярнулі мяне з марской прахалоды да нашага вогнішча, якое ззяла ўжо не так ярка. Старэйшыя збіралі рэчы ― хто зэдлік, хто рашотку, хто міскі з мясам і гароднінай. Кавалак шашлыка тата ўзяў, каб пачаставаць нашага вялізнага чорнага Абібока, які сядзеў на ланцугу і рэдкім браханнем нагадваў пра тое, што і ён быў бы не супраць далучыцца да агульнай бяседы і асабліва да застолля. Татава фігура растварылася ў цемры.
Следам за ім пазнікалі жанчыны. Былі чутныя толькі іх галасы ― яны таксама звярталіся да Абібока.
Месяц перамясціўся па небе. Цяпер ён завіс над старой высокай ігрушай.
Андрэй падкладваў сухія тонкія галінкі ў агонь. Яны ўспыхвалі, ярка асвятлялі нашыя твары ― рабілася так горача, што даводзілася адсоўвацца, ― а пасля гэтак жа хутка гаслі.
Надзея верыла ў мару майго брата, як і Андрэй – у яе. Калі большасць сваякоў была супраць палётаў, калі ён сам вагаўся, звольніцца з войска і пайсці на звычайную працу ці застацца лятаць, жонка падтрымала яго выбар. Ён быў на карысць неба.
Мы яшчэ доўга сядзелі ля цяпельца, гутарылі. Брат распавядаў пра тыя цікавінкі, што бачыў у далёкім Сінгапуры.
У мяне ж мільганула думка, што такія вось вечары з веташком цалкам робяць мяне шчаслівай тут, пасярод нашых палёў.
Цяпла, назапашага той летняй ноччу, мне хапіла на многа халодных восеньскіх вечароў.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?