Текст книги "Каханні. Дваццаць рэальных гісторый"
Автор книги: Ніна Лістота
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]
Фукусіма-дождж
Пачало закручвацца яно ў той час, калі ўсе мы ўдавалі з сябе малекул, якія змяніліся пасля чарнобыльскай катастрофы. Бязважкія, распластаныя ў прасторы. Пазбаўленыя гравітацыі. Часам мянялі аблічча на кроплі дажджу Фукусімы. Нібы наліваліся нуклідамі. Апускалі ўніз галаву і рукі. Усё ўнутры пералівалася, перакатвалася з боку ў бок. Расслабленасць. Нішто не стрымлівала ў звыклых межах адчуванняў. Малекула, кропля Фукусімы.
Наш эксперыментальны тэатр ставіў спектакль пра радыеактыўнае забруджванне. У дзень прэм’еры здарыўся тэракт у менскім метро. Гледачы і крытыкі прыехалі агаломшанымі. Было незразумела, ці варта іграць пастаноўку ў такі чорны дзень. Вырашылі, што дзея пра Чарнобыль адпавядае змрочнаму часу і што ёсць у гэтым свой сімвалізм. Адыгралі. Млява і стрымана. У паветры была разліта смерць. І гэта перашкаджала ўяўляць сябе малекулай.
Наш тэатр пачынаўся не з вешалкі. А з двух апантаных студэнтак журфака: «А давайце створым свой тэатр!» – «А давайце». На ролю вярхоўнага гуру абралі яшчэ аднаго свайго ― былога журфакаўца. Ён скончыў тэатразнаўчую магістратуру, працаваў літаратурным рэдактарам у Купалаўскім. Меў варункі ў замежных калясцэнічных тусоўках.
Калі больш дакладна, то сцэнаў у тых тусоўках імкнуліся пазбягаць. Пафасныя ўрачыстыя выступы ― гэта ўжо прамінулы дзень. Выходзіць са сваімі дзеямі ў народ, разварушваць шэры застылы натоўп ― вось што было ў трэндзе.
Заезжыя тэатралы-эстонцы, што зазірнулі ў халодны Менск, надзелі на галовы і рукі доўгія панчохі, пафарбаваліся ад макавак да самых пятак у ярка-ружовы. І ў такім выглядзе палохалі мінакоў, не звыклых да эксперыментаў.
І мы таксама не баяліся прыдумляць. Усё сыходзіла ад яго, нашага вярхоўнага жраца Аўдзея. Спачатку запрасілі Аўдзю, каб проста падзяліўся сваім бачаннем, правёў пару майстар-класаў. Але ён неяк вельмі добра прыжыўся і ўжо сам не хацеў нікуды сыходзіць.
Ну хто яшчэ мог прымусіць нас катацца па падлозе роднага факультэта, робячы выгляд, што канаем ад апрамянення? Каму б іншаму прыйшло ў галаву папрасіць уявіць і паказаць, быццам тонем і ніякай глебы пад нагамі няма, знаходзячыся ў гэты момант ля вакон інтэрната Акадэміі музыкі?
Якія загоны?.. Ніводны комплекс пасля таго тэатра ўва мне не выжыў. Я вярталася з рэпетыцый і гатова была бегчы абдымаць любога знаёмца, які ехаў у супрацьлеглым канцы тралейбуса.
Гуру стварыў асаблівы, недасяжны іншым свет.
Ён быў старэйшым за нас гадоў на дзевяць. Невялікага росту, худы, з рэдкай барадой, сінімі ўпадзінамі пад вачыма. Неяк падчас чайнай цырымоніі, куды нас прывёў, зайшла размова пра асабістае. Высветлілася, што жаніцца ён не плануе ― папросту не думае, што такое з ім можа здарыцца.
Але Стэфа, адна з арганізатарак тэатра, закахалася ўсур’ёз. Моцна запала на нашага Рамэа. І не адставала ад яго са сваім каханнем.
…Асфальт плавіўся ад летняй спёкі. Мы падбівалі нагамі каменьчыкі, ідучы на рэпетыцыю ў Тэатр беларускай драматургіі. Удалечыні з’явіліся дзве постаці. Яны крочылі, прыабняўшыся. Пасля адзін з іх, Аўдзей, расчапіў абдымкі і адышоў убок. Не разумеў да канца, што з гэтым усім рабіць. Ён жа выкладчык наш. І нібы адзіночка па жыцці.
Стэфа была неверагодна прыгожай. Невялікага росту, з велізарнымі светлымі вачыма і доўгімі, бы ў русалкі, светлымі валасамі. Сапраўдны анёл у жаночым абліччы. Мара любога мускулістага сімпатычнага Апалона. Але яна не мысліла банальна. Таму выбрала іншы тыпаж.
Аўдзей зусім не быў падобны на ідэальную пару для прыгажуні-студэнткі з добрай сям’і. Яго запалыя шчокі, празмерная худзізна, заўсёдная няголенасць. Не пра такіх жаніхоў для сваіх дачок мараць матулі. Але насамрэч ён быў надзвычайным, можна сказаць касмічным.
Неяк у гадзіну ночы я сустрэла іх у спальным раёне, Малінаўцы. Яны ішлі, ізноў абняўшыся. На гэты раз разбягацца не выпадала. Мы пагутарылі, і шчаслівая парачка растварылася ў святле ліхтароў.
Праз колькі часу вяселле сыгралі ў атмасфернай моднай кавярні. Хутка займелі сваю кватэру, зрабілі ў ёй рамонт. Неўзабаве нарадзілі хлопчыка. Словам, усё як у людзей, ― зажылі.
Але што ж стала з тэатрам і з тымі даўнімі марамі пра ўласныя спектаклі?.. Эксперыментальны тэатр, які паранейшаму ачольвае Аўдзей, зрабіўся папулярным і запатрабаваным. Цяпер квіткі на іх пастаноўкі платныя. Амаль кожны тыдзень прыходзяць запрашэнні выступіць за мяжой.
Нядаўна Аўдзей пакінуў у сацыяльных сетках такі допіс над сумесным здымкам з жонкай і маленькім сынам:
«Наша любімая мама Стэфка перамагла на прэстыжным драматургічным конкурсе. Звычайна пакуль адмаўляемся ад паездак. Але на ўручэнне ўзнагароды ў Маскву ўсё-такі вырашылі з’ездзіць. Любім і ганарымся вельмі».
А вы кажаце – малекулы, Фукусіма-дождж, дзівацкія задумы… Калі адно вар’яцтва памножыць на другое вар’яцтва і прыплюсаваць туды шмат кахання, у выніку атрымліваюцца адразу дзве здзейсненыя мары.
Крык
– Болей за ўсё я баялася, калі крычаць. Асабліва блізкі чалавек. І ты не можаш супрацьстаць. Не сыходзіш. Не тлумачыш. Не крычыш у адказ ― а калі і робіш гэта, то пасля шкадуеш. Моўчкі глытаеш чужы крык. А ён ядам пранікае пад тонкую скуру, пачынае атручваць волю.
– Чаго ты баішся, чаго?.. Мы знайшлі нашага новага ворага ― ты не кажаш праўду самой сабе! Падумай: што можа здарыцца самага страшнага? Што нехта прагоніць цябе? Што сыдзе? Што ўдарыць? Ну нічога, крыху пабаліць, затое станеш свабоднай… Вось як. Што будзе крычаць. Гэта не страшна насамрэч. Не бойся.
– Многія, каго я лічыла сваімі, рабілі так. Я не буду пералічваць. Пэўна, яны і не памятаюць ужо. Проста я прызвычаілася. Сціскаюся, каб зрабіцца незаўважнай. Быццам нікога няма. Але ж я ёсць. І крык, як радыяцыя, прапітвае скуру. Можа быць, яны маюць рацыю? Можа быць, я праўда такая дрэнная?
– Ты не вер чужым словам. Яны проста салёны вецер. Галоўнае, давярай сабе.
– Я ўжо навучылася казаць праўду. Умею. Цяпер я баюся, што калі ты на мяне закрычыш, я сыду ад цябе…
– Часам крык – гэта проста крык.
…Ёй было шаснаццаць. Гарэзлівая сімпатычная дзяўчынка з афрыканскімі коскамі да пояса. Стыльная, зграбная ― такая міленькая ўся. Старэйшы на тры гады Вадзім запрыкмеціў яе адразу. Прывабная дзяўчына, што і казаць. Падысці ці не падысці?.. Спачатку ён вывучаў. Запытаў у агульнага знаёмага, што за яна. А на наступны раз адважыўся. Пазнаёміліся. Насця.
У Вадзіма адразу закахалася яе лепшая сяброўка з той жа кампаніі. Заўсёды круцілася побач, калі ён прыходзіў, пісала, тэлефанавала, спрабавала прызначыць сустрэчу…
Што рабіць? Давялося залегчы на дно. Іншага спосабу мірна адчапіцца ад яе і не рассварыцца з лепшай сяброўкай Насці ён не бачыў. На пэўны час знік з гарызонту адносінаў.
Крыху падастыла гора-знаёмка, і ён зноў пачаў праяўляць сваю сімпатыю да Насці. Неяк запрасіў яе ў парк Горкага.
– Ох, як добра, што мы сюды выбраліся, ― казала дзяўчына, уладкаваўшыся ў адкрытай кабінцы кола агляду.
Карусель, нібы ўзмахваючы нябачнымі крыламі, паціху падымала іх усё вышэй.
– Але трэба было браць закрытую кабінку. А тут неяк боязна мне, ― Насця нібы ў апошні раз зірнула на зямлю, якая аддалялася, і падсунулася бліжэй да Вадзіма.
Хлопец, злавіўшы нейкую шалёную думку, узяўся абедзвюма рукамі за парэнчу кабінкі і пачаў яе з сілай разгойдваць.
– А-а-а-а, ― закрычала дзяўчына, ― Вадзім, ты што, хворы?! Мне і так страшна. Супакойся!
Юнак крыху пасмяяўся, але, зірнуўшы на Насцю і ўбачыўшы, што яна ледзь не трасецца ад страху, спыніўся. Ён вырашыў заняць яе ўвагу чым-небудзь іншым:
– Паглядзі, над намі пралятае чародка буслоў, ― паказаў некуды ў далечыню юнак. ― Цікава, куды яны накіроўваюцца?..
Насця задуменна паглядзела на іх і прамовіла:
– Вяртаюцца на сваю радзіму, на якое-небудзь прыгожае возера.
Унізе свежай зелянінай пачынаў буяць парк. Разгалістыя дрэвы ўбіраліся ў сілу пасля стрыманай вясны. Маленькія сцяжынкі тонкімі шэрымі ніткамі, быццам акуратнай вышыўкай, разбівалі прастору на роўныя кавалкі. Было дзіўна, што дрэвы займаюць так шмат месца ў гэтым вялікім горадзе. Яны паўсюль. І калі азірнуцца назад, і калі ўгледзецца далёка наперад.
– Паглядзі, якія цікавыя пабудовы з чырвонай цэглы там, ― Вадзім паказаў Насці невялікія каляровыя плямкі пасярод зеляніны. ― Пэўна, гэта нейкія старыя дамы. Падобныя да тых, што на вуліцы Кастрычніцкай. Дзіўна, чаму я іх ніколі раней не бачыў?
– А давай сходзім і паглядзім, што там? ― прапанавала Насця.
Кола агляду нарэшце апусціла іх на зямлю. І маладыя людзі адразу пакрочылі ў кірунку невядомых пабудоў. Спрабавалі адшукаць іх ужо на зямлі.
Муры з чырвонай цэглы аказаліся абнесенымі вялікім плотам.
– Пэўна, там размяшчаецца нейкая вытворчасць, ― заўважыў Вадзім. ― Але нас гэта не спыніць.
Яны амаль цалкам абышлі плот, калі нарэшце заўважылі, што брамка ў адным месцы прылягае не вельмі шчыльна.
– А вось і лаз, ― узрадаваўся хлопец. ― Хадзем за мной.
Вадзім прабраўся праз невялікую шчыліну. Дзяўчыне нічога не заставалася, як рухацца следам за ім.
Зблізку дамы аказаліся надзвычай велічнымі. Адметная кладка, месцамі зробленая адмысловым узорам. Яркабарвовыя магутныя сцены і не думалі развальвацца пад уплывам часу. Было бачна, што ўзводзілі іх, арыентуючыся не на адно дзесяцігоддзе.
Маладыя людзі зайшлі ўнутр адной з пабудоў.
– Вох, якая велізарная прастора, ― захоплена казала Насця. ― І такія адметныя загагуліны, перакрыцці, зірні!
– Я вельмі добра ўяўляю, як тут магла б размясціцца якая-небудзь выставачная зала. Як у ЦЭХу, напрыклад, ― адгукнуўся Вадзім. ― Вельмі маляўнічае месца.
Яны прайшлі яшчэ некалькі вялікіх плошчаў. Затым натрапілі на іншы, не такі вялікі будынак, падняліся па вузкай лесвіцы. Пачалі блукаць па невялічкіх пакоях. Сцены яшчэ захоўвалі ранейшыя колеры ― сіні, ярка-жоўты, ружовы. У адным месцы ўсё было абліцавана пліткай. У другім куце валялася старая радыёла. То тут, то там ляжалі раскіданыя стосы паперы ― асабістых спраў, кніг па электроніцы, табліц з формуламі.
– Верагодна, тут калісьці было адміністрацыйнае памяшканне, ― рэзюмаваў Вадзім. ― І засядалі ў ім тыя, хто кіраваў рабочымі.
– А з гэтых картачак можна даведацца сапраўдныя імёны працаўнікоў. Так цікава! ― усхвалявалася Насця.
Яны спусціліся ўніз і пайшлі далей па тэрыторыі.
– Маладыя людзі! Што мы тут робім? ― яны пачулі за спінай грувасткі, як цяжкая валізка, голас.
Першай рэакцыяй парачкі было жаданне хутчэй збегчы куды-небудзь. Але Вадзім усё-такі выкарыстаў іншую тактыку:
– Я пішу дыпломную працу па гісторыі закінутых менскіх пабудоў. Вось і зайшлі, каб сабраць матэрыял з натуры.
– Вельмі правільнае месца выбралі, ― адгукнуўся малады мужчына. Ён быў апрануты ва ўсё чорнае і меў добры спартовы склад цела: ― Гэты завод будавалі яшчэ пры цары. Яму ўжо больш за стагоддзе. Але ўсё добра захавалася.
– А што тут цяпер размяшчаецца? ― пацікавіўся Вадзім.
– Некаторыя памяшканні займае наша ахоўная фірма, дзе я і працую адміністратарам. А заадно назіраю за парадкам, каб ніхто лішні не цягаўся па тэрыторыі. Яшчэ частку пабудоў здаюць у арэнду пад склады. У прынцыпе, гэта зручна, цэнтр горада. Аднак хутка тут усё плануюць зносіць. Знайшоўся нейкі арабскі інвестар, які хоча зрабіць забаўляльны цэнтр на гэтым месцы.
– Як шкада, ― усхвалявалася Насця, ― а тут так прыгожа ўсё. Мы ўжо ўявілі, якія выставачныя залы, творчыя майстэрні, кавярні ў былым заводзе можна было б адчыніць! На Кастрычніцкай жа ўсё працуе. Ды ў Еўропе такія памяшканні надзвычай запатрабаваныя.
– Месца сапраўды файнае, тым больш з такой гісторыяй, ― азваўся ахоўнік. ― На фасадзе аднаго з дамоў нават выкладзена дата пабудовы ― 1894 год. Хадземце, я вам пакажу.
Усе трое пакрочылі ў абход аднаго з карпусоў. Пасля абмінулі яшчэ адзін. Але чамусьці зноў вярнуліся назад.
– Гэта дата дакладна была, ― засмуціўся ахоўнік. ― Але бачыце, частка сцяны ўжо знесена. Я думаю, яны наўмысна пачалі адсюль, каб ніхто не пабачыў часу пабудовы.
Насця заўважыла, што гэты мужчына, які сваім выглядам нагадваў целаахоўніка галівудскай зоркі ці прэзідэнта, увесь час з цікавасцю паглядваў на яе. Апынуцца побач з ім адной, без Вадзіма, ёй зусім не хацелася.
Парачка выйшла з тэрыторыі завода і зноў пакрочыла ў парк. Доўга блукалі звілістымі сцежкамі. Удыхалі прахалоду вечаровых алей, шмат смяяліся.
Гэтак жа насычана праходзілі і іншыя летнія дні. Залацістым шумным карагодам мінула восень. Стройнай белай чарадой праляцела зіма. Зноў прыйшла чаканая вясна. Па коле мяняліся сезоны.
Маладыя людзі разыходзіліся двойчы. Першы раз ― па ініцыятыве Насці. Яна сказала: тое што было паміж імі ― несур’ёзна, трэба гэта спыняць. Вадзім пакрыўдзіўся вельмі моцна. Ён цвёрда вырашыў, што больш нічога не можа быць з гэтай дзяўчынай. Але… калі Насця вырашыла аднавіць іх адносіны, супраціўляцца не мог і здаўся. Другі раз разыходзіліся па яго жаданні. Эмоцыі, не больш, імгненне, пра якое яны хутка забыліся.
На Насціна дваццацігоддзе Вадзім вырашыў зрабіць ёй прапанову рукі і сэрца. Калі за агульным сталом сабраліся ўсе госці, каб віншаваць імянінніцу, ён урачыста паведаміў, што хоча, каб тая стала яго жонкай. Насця пагадзілася.
Толькі яе бацька крыху сапсаваў кранальную эмацыйнасць моманта:
– Вой, дык а чаму ты загадзя не папярэдзіў? ― не зразумеў ён, а праз пяць секунд дадаў: ― Пачакай, я хоць фотаапарат дастану, каб усё зазняць.
Вырашылі вяселле зладзіць праз год ― куды ім спяшацца? Але адносіны, якія развіваліся доўгі час, ужо былі нібы напятыя струны, гатовыя ў любое імгненне парвацца. Пара адчувала, што або яны хутчэй пажэняцца, або зусім разыдуцца.
Усё склалася, і вяселле згулялі праз тры месяцы.
– Першыя пару гадоў сямейнага жыцця былі проста пеклам, ― неяк распавядаў мне Вадзім. ― Мы не разумелі адно аднаго. І прыслухоўвацца ніхто не хацеў. Пастаянна крычалі. Вельмі складана было трываць. Але мы адразу прынялі рашэнне, што ніякага разводу не будзе, як бы ні рабілася цяжка.
На Вадзіму была апранутая льняная кашуля з нацыянальнай вышыўкай, падпяразаная поясам, падобным да саматканага. Такі строй для яго зрабіла жонка Насця, дызайнерка адзення. Яна апранаецца надзвычай стылёва ― адпаведныя строі заўсёды падбірае мужу. Таму, дзе б яны ні з’явіліся, іх пара выглядае адной з самых элегантных.
Год таму малады чалавек загаварыў у паўсядзённасці на роднай мове. Насця яго ў гэтым падтрымала.
– Доўгі час мы проста крычалі адно на аднаго. Нібы ў глухія сцены, ― працягваў Вадзім. ― Але аднойчы вырашылі сесці і паразмаўляць. Што мы адчуваем, калі крычым? І чаму робім гэта?.. Проста вырашылі, што далей усё будзе іначай. Цяпер няма ніякіх межаў, не існуе перашкодаў. Рухаемся толькі наперад у нашых адносінах.
…Яркія сонечныя промні прымусілі перайсці з асветленага пакоя ў больш прыцемненую кухню. Цішыня на колькі імгненняў абудзілася пранізлівай мелодыяй.
– Алё-малё.
– Я табе цяпер званіў, чаму ты не падышла? Не чуеш свой тэлефон?
– Проста ты мала трымаў гудок, я не паспела дабегчы з іншага пакоя. Вось ужо ператэлефаноўваю.
– А я ішоў акурат міма тваіх акон, ад кліента вяртаўся.
А ты не падышла… Такое сонца цяпер.
– Так, гэта файна, прагуляцца па вуліцы, пагрэцца.
– Што ты робіш, адпачываеш?
– Не, пішу.
– Я ўжо ў вагоне метро. Зараз прападзе…
У голасе пачуўся ледзь улоўны сталёвы скрыгат. Гэта нязвыкла.
І сёння з самага ранку нібыта злы.
Ты ніколі на мяне не…
Гудкі. Маўчанне. Але чаму мне чуецца твой крык?..
Цягнік Менск-Гомель
Мая Наташа ― найлепшы спецыяліст па вандроўках. Доўгія ночы ў цягніках, гутаркі з каларытнымі кіроўцамі машын, сотні і тысячы кіламетраў, пераадоленых на аўтобусах, ― нічога не палохае. Часцей за ўсё ездзіць папуткамі ці набывае квіткі на цягнікі. Яна кажа, што калі выбіраеш аўтаспын, то цікавая размова ― гэта тая плата, якой чакаюць кіроўцы, каб не сумаваць у дарозе. Але калі сядаеш у купэ цягніка, таксама ёсць свае сакрэты. Вы або адразу пачынаеце размаўляць з выпадковым суседам ― і тады ўся дарога праходзіць у нязмушанай гутарцы. А калі не загаворыце спачатку, так і будзеце маўчаць да канца паездкі. Кожны ― сам-насам з уласнымі думкамі.
Я сядзела ў цягніку ля акна і памешвала гарбату, налітую ў фірмовую шклянку з падстаўкай ― такія шклянкі падабаюцца мне з дзяцінства. Мажліва, таму што маці ― чыгуначніца, ёй давалі бясплатныя квіткі і мы ўвесьчасна вандравалі цягнікамі, замаўляючы гарбату ў тым самым посудзе.
Побач праносіліся іншыя, не такія яскравыя светы, ― электрычкі. Людзі ў іх, нібы куры на жэрдачках, сядзелі на агульных лаўках. Ні пагутарыць свабодна яны не маглі, бо побач шмат старонніх вушэй, ні затуліцца ва ўласны маўклівы свет: вакол дыхаюць, шапацяць абгорткамі, набываюць газеты ў гандляроў, што заходзяць на прыпынках.
У цягніку ты больш абаронены ад выпадковасцяў. Суседзі па купэ як наканаванне, а не збег абставінаў. І таму, як сапраўдны ўладар лёсу, сам вырашаеш ― завесці гутарку з новым чалавекам і прабавіць пару гадзін ці занурыцца ва ўласныя думкі, разглядаючы краявіды.
За вокнамі мільгацелі станцыі, чыгуначныя вузлы. Змянялі адзін аднаго дамы, мітуслівыя днём і засяроджанапустыя ў ранішні час гарады. Дарога заўсёды абяцала прыгоды. Я спрабавала ўявіць жыццё тых, паўз каго мы праляталі на поўнай хуткасці ― кім працуюць, ці шчаслівыя яны?
На пачку з цукрам было напісана «Беларуская чыгунка». Я высыпала яе ў гарбату і павольна размешвала, не адрываючы позірк ад акна. У купэ ўвайшоў прыемны малады мужчына. Ён сеў на суседняй лаўцы, паклаў побач з сабою скураны партфель і прывітаўся. Зняў цёмна-сіні шалік, чорнае драпавае паліто і павесіў іх на кручок ля верхняй паліцы.
За акном паласкаў зямлю шэры дождж. Можна было толькі паспачуваць мінакам, якія праходзілі паўз наша акно, затуліўшыся каўнярамі, насунуўшы на вочы капюшоны і капелюшы.
– Такое надвор’е, цяпер лепш на вуліцу не паказвацца, ― са спачуваннем вымавіла я, трымаючы ў руках шклянку.
За размовай з гэтым мужчынам я думала прабавіць колькі часу (хоць і мела з сабой цікавую кнігу), таму дадала:
– Правадніца нядаўна пайшла ў канец вагона. Хутка будзе вяртацца, вы зможаце замовіць сабе гарбаты, бо, пэўна ж, прамерзлі на вуліцы.
– Надвор’е і сапраўды не надта радуе, ― азваўся папутчык, ― але што зробіш, не адмаўляцца ж з-за яго ад сваіх планаў.
Паўз нас прайшла правадніца, прапанаваўшы пасажырам няхітрыя ласункі буфета.
– Мне гарбату, без цукру, калі ласка, ― звярнуўся да яе мой сусед.
– З вас восемдзесят дзевяць капеек, ― адгукнулася тая.
Мужчына дастаў з партфеля новенькі кашалёк, крыху пакорпаўшыся, працягнуў ёй некалькі манет.
– Пасцельная бялізна ўваходзіць у кошт квітка. Прынясу яе хвілін праз дваццаць, ― забіраючы грошы, правадніца досыць элегантна вальсіравала сваім мажным целам.
– Будзьце ласкавыя.
Жанчына ў цёмна-сіняй форме зграбна сабрала пустыя шклянкі са століка насупраць. Мякка паплыла ў глыб вагона, прамаўляючы бадай па тысячным разе тыя ж «Пасажыры, каму кавы, гарбаты?». І гучала гэта зусім не напружана, а ветліва. Я падумала, што рыбы ніколі не стамляюцца плаваць у роднай ім вадзе. Гэта асаблівы дар – быць каралевай, вечнай каралевай вагона…
– У камандзіроўку ці ў госці да сяброў? ― пацікавілася я, дастаючы з сумкі пачак вафель «Чарнаморскія».
Разгарнуўшы, прапанавала іх суразмоўцу.
– О, «Чарнаморскія», мае любімыя! ― ажывіўся ён. ― Дзякуй! Еду да жонкі і сына ў Гомель. Яны там гасцююць у бацькоў.
– А колькі гадоў вашаму сыну?
– Тры, Васілём клічуць, ― мужчына дастаў з кішэні мабільны тэлефон, разблакаваў экран і паказаў выяву, якая адразу загарэлася на ім: ― Вось яны, мае дарагія.
Я ўбачыла прыгожую маладую жанчыну і маленькае дзіця, якое яна трымала на руках. Мой сённяшні спадарожнік абдымаў іх. Усе шчасліва ўсміхаліся, нават маленькі.
– Вы даўно ў шлюбе, калі не сакрэт? ― пацікавілася я.
– Не, чаму ж, не сакрэт. Мы чатыры гады як жанатыя, ― адказаў мужчына. ― Мяне, дарэчы, Апанасам клічуць.
– Вельмі прыемна, ― усміхнулася я. Падумала: ці тактоўна задаваць незнаёмцу шмат пытанняў пра асабістае жыццё? Але дзявочая цікаўнасць перамагла: ― Шукалі сапраўднае каханне і знайшлі?
– Ну, гэта доўгая гісторыя…
– Мы ж, быццам, нікуды не спяшаемся? Да таго ж я пакуль сваё каханне не сустрэла. Быць можа, ваш прыклад на нешта мяне натхніць.
– Калі вам цікава, то чаму б і не распавесці.
Мужчына прытуліўся спінай да сцяны купэ>. Ён задумаўся. У гэты момант зайшла правадніца:
– Калі ласка, ваша чорная гарбата без цукру і адна капеечка рэшты. Прыемнага шляху, ― сказала яна і растварылася ў вечаровым паўзмроку вагона.
Тонкі звон лыжкі, што ўдаралася аб шкло, пранізваў цішыню ― акампанаваў яму адно мерны грукат колаў.
Мужчына ўглядаўся ў амаль безаблічныя прасторы за акном. Прыцемкі ўжо праглынулі наваколле. І толькі ліхтары, абрысы падсвечаных гарадоў нагадвалі, што жыццё ўсё яшчэ існуе і па-за межамі нашага цягніка. Мой сусед пачаў свой расповед.
…Калі мне было дваццаць, жыццё падавалася пустым і бессэнсоўным. Я паспеў паспрабаваць вельмі многае ― алкаголь, лёгкія наркотыкі, краў па-дробнаму. Аднойчы з сябрам мы нават угналі ноччу машыну суседа. Думалі, пакатаемся і вернем. Ды было вельмі цёмна, мы яшчэ не мелі нармальнага вопыту язды. Да таго ж крыху ўзнялі настрой парай пляшак піва. Карацей, на вялікай хуткасці наляцелі на слуп. На шчасце, на нас засталося ўсяго пару сінякоў і драпінаў. Дзіўна, што збіць мы нікога не паспелі. Спалі ўсе, і, на шчасце, ніхто не ішоў па дарозе. Але вось капот машыне разбілі ўшчэнт. Спераду яна разышлася ледзь не на дзве часткі. Мы не ведалі, што рабіць. Ды машына магла загарэцца. Таму, не кажучы ні слова, проста разбегліся па хатах. Ціха, каб не чуў ніхто са сваіх, занырнулі ў ложкі. Заснуць да ранку так і не ўдалося. Сэрца тахкала, нібы цягнік цяпер.
Нараніцу наш раён абляцела навіна, што машыну суседа ўначы скралі і разбілі. Адразу выклікалі міліцыю. Тыя, прыехаўшы, дапытвалі ўсіх, хто жыў побач. І нам задавалі пытанні, дзе былі, што чулі… Але вінаватых так і не адшукалі.
Аказалася, машына гэтая была не застрахаваная. І крэдыт за яе наш шматдзетны сусед выплаціць не паспеў… Карацей, уляцела яго сям’я на добрую капеечку. Я прапаноўваў сябру прыйсці, павініцца, ды ён адмаўляўся. Але што б гэта дало? Нас бы заслалі ў папраўчую калонію для няпоўнагадовых. А доўг той за разбітую машыну павесілі б на бацькоў. Але якія ў іх заробкі ― на заводзе ды на харчовым камбінаце ― адзіных месцах, дзе была праца ў нашым невялікім гарадку. Карацей, не хацелася такі непад’ёмны груз вешаць на сваіх старых…
Тая машына ўсё паўставала перад вачыма. Бывае, прачынаюся ноччу ад кашмару, нібы зноў нясёмся з сябрам на ёй і з усяго ходу ўразаемся ў слуп. Прачынаўся і больш да раніцы заснуць не мог.
У купэ зайшла правадніца, трымаючы ў руках пасцельную бялізну. Апанас нібы схамянуўся:
– Дзякуй! ― ён на хвіліну замаўчаў. ― Прабач, што расказваю ўсё так падрабязна. Гружу непатрэбнымі ўспамінамі.
– Не, мне цікава! Працягвай, калі ласка.
Гарбата Апанаса была ледзь надпітай і ўжо, відаць, халоднай. Ён працягнуў свой аповед.
– З дзяўчатамі ў мяне ў той час не тое каб не ладзілася… Хутчэй наадварот. Першы раз паспрабаваў, што такое дарослая любоў, калі мне было чатырнаццаць, на школьнай дыскатэцы. У прыбіральні, з адзінаццацікласніцай. Яна неяк вылучыла мяне з натоўпу ― можа, таму што я быў накачаны і досыць рослы для свайго ўзросту ― пару песень пратанцавалі разам. Яна гучна смяялася, нешта шаптала мне на вуха. А затым павяла ў жаночы пакой у іншым канцы школы. Там усё і адбылося.
Пасля, сустракаючы ў калідорах, не мог глядзець ёй у вочы. Яна і сама не надта імкнулася размаўляць, нібы і не было нічога.
Не магу сказаць, што тое, што адбылося паміж намі, мне было прыемным. Хутчэй агідным. Але мяне нібы сарвала. Колькі дзяўчат прайшло пасля… Успыхвала закаханасць, прыходзіла жарсць. Але я спатольваў іх ― і вабіла нешта новае.
Карацей, сам сабе я зрабіўся брыдкі. Часамі нават жыць не хацелася. Пару разоў усур’ёз думаў сігануць з якога моста.
Неяк улетку паехалі мы з сябрамі ў вандроўку ў Карпаты. Начаваць чамусьці спыніліся ў горным манастыры. Кожны вечар у адзін і той жа час гучаў звон. Манахі збіраліся на супольную малітву. Некаторыя з іх спявалі моцнымі, гучнымі галасамі. Я стойваўся за адной з калон. І бязгучна плакаў. Нібы спустошваў душу. На трэці вечар мяне заўважыў адзін з малітоўнікаў. Ён падышоў, а я не мог спыніць рыданняў. Манах пагладзіў мяне па галаве і прытуліў да сябе. «Сынок, ― сказаў ён, ― ты каешся і хочаш, каб Бог дараваў табе ўсе грахі?» – «Так, калі можна, няхай Ён даруе мне, ― адгукнуўся я, усхліпваючы. ― Госпад, прабач». – «Тады жыві з мірам у сэрцы. Твая віна адпушчана», ― я пачуў гэтыя словы – і цяжкі груз нібы ўпаў з маёй душы. Унутры з’явілася незвычайная лёгкасць. Яшчэ колькі часу прастаяў так, прытуліўшыся да манаха. Заціхлі словы псальмаў, усе пачалі разыходзіцца па сваіх келлях, і я пайшоў спаць таксама.
Калі вярнуўся дадому, знайшоў царкву, тую, у якой адчуваў сябе ўтульна, і стаў яе прыхаджанінам.
Праз некаторы час мяне высвецілі ў служку. Прыгадваю, як шчыра я маліўся ў той дзень, паабяцаў Богу сваё жыццё і сказаў, што, калі гэта патрэбна, я гатовы застацца бясшлюбным, як тыя манахі. Мне было ўсяго дваццаць з невялікім.
Стасю я сустрэў праз шмат гадоў, у трыццаць пяць. Мы пазнаёміліся ў агульнай сяброўскай кампаніі. Я прыкмеціў для сябе, што гэта прыемная дзяўчына. Вырашыў прапанаваць ёй схадзіць у парк. Калі адмовіцца, падумаў я, проста забудуся і выкіну з галавы. Я патэлефанаваў, запрасіў пагуляць разам у сераду, але пачуў у адказ, што яна не можа. Надзея ўнутры мяне згасла. Ды дзяўчына дадала, што можа ў пятніцу! Мы сустрэліся, пабылі разам. А пасля на некалькі месяцаў яна з’ехала ў іншую краіну.
Пачалі перапісвацца праз сеціва. Даволі рэдка, раз на некалькі дзён яна адказвала на мае лісты. Затое пісала падрабязна. А калі вярнулася і мы зноў убачыліся ў кампаніі сяброў… Стася казала пасля, што адразу зразумела: «Вось ён, мой будучы муж». Але мне спатрэбілася яшчэ паўтара года, каб саспець для жаніцьбы. Я ўсё чакаў, што Бог дасць мне яснае разуменне, ці мой гэта чалавек. Але аднойчы, калі горача маліўся, я нібы пачуў, што такое рашэнне павінен прыняць сам. І адразу прыйшоў супакой у сэрца. Я зрабіў Стасі прапанову.
Памятаю, перад вяселлем мы выправіліся ў паездку па Еўропе. І ў кожным горадзе я зноў і зноў паўтараў: «Ты выйдзеш за мяне?» Побач з намі калыхала хвалі спакойнае мора, над галавой ззяў срэбны месяц. Усё было так прыгожа і рамантычна. Прыязджаючы ў наступны горад, я зноў пытаўся: «Ты выйдзеш за мяне?» І ў каторы раз чуў «так».
Разам са шлюбам прыйшло шчасце, якога ніколі раней не было ў маім жыцці. Я адчуў паўнату і гармонію.
Яшчэ перад вяселлем сказаў каханай: «Ты павінна разумець, я служка Божы і не змагу даць табе вялікіх грошай…» Але Стася заўсёды ва ўсім падтрымлівае мяне. У нашым доме часта бываюць госці ― людзі, якіх трэба выслухаць і дапамагчы. І каханая ніколі не скардзіцца, заўсёды прыветна прымае, падае, што трэба, на стол.
Мне адразу вельмі спадабалася, якая Стася вясёлая і жыццярадасная. З ёй мне не трэба некага з сябе строіць. Я такі, які ёсць. Мы шчаслівыя…
У купэ зайшла правадніца. Крыху заспаная, але з абноўленым макіяжам. Яна пазяхнула і сказала:
– Хутка Гомель. Збірайцеся.
Пасцельная бялізна майго суразмоўцы так і ляжала нераспакаванай. Я зірнула ў акно, там ужо святлела. Тэлефон Апанаса завібрыраваў. На экране заміргаў фотаздымак, які ён паказваў наконадні. Мой суразмоўца зняў слухаўку:
– Добрай раніцы, каханая. Твой бацька ўжо чакае мяне ля перона на машыне? Добра. Я хутка выходжу.
Ён склаў свае рэчы ў партфель, дастаў адтуль шакаладку.
Усміхнуўся і працягнуў яе мне:
– Ты цэлую ноч так уважліва слухала. Трымай, Ніначка.
Няхай раніца будзе прыемнай, гэта табе да кавы.
Апанас апрануў свой шалік, накінуў паліто. Я ўжо лыпала соннымі вачыма, не ў змозе нешта адказваць.
– А што да пошукаў сапраўднага кахання, ― дадаў ён, ― то яно само прыходзіць. Але толькі тады, калі ты насамрэч гатовы.
Мы развіталіся, і начны суразмоўца пакінуў купэ. Цягнік тузануўся, нібы ў апошні раз, і спыніўся. З-за акна пазіраў чыгуначны вакзал Гомеля. Ужо на вуліцы Апанас яшчэ раз памахаў мне рукой ― і пайшоў уздоўж перона.
Лямпы ў ліхтарах гаслі адна за адной. Яны саступалі месца новаму дню.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?