Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 25 апреля 2023, 07:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +

«У гады кіравання ў Літве былога наваградскага князя Вайшалгаса (1264—1267 г.) Навагрудак становіцца рэзідэнцыяй субманарха і спадчынніка трона Шварна Даніілавіча».

Аўтар хоча тут спецыяльна ўдакладніць, што Навагародак можна лічыць толькі адной з рэзідэнцый Шварна, і больш за тое, з дакументаў не зразумела колькі часу князь знаходзіўся ў горадзе, і, адпаведна, узнікае пытанне аб тым наколькі тут дарэчы гучнае слова «рэзідэнцыя». Аднак зразумела, што Шварн бываў у Навагародку, і акрамя таго, што ён працягваў наведваць землі валынянаў, у прыватнасці, быў у Холме.

Нягледзячы на шматлікія неабгрунтаваныя сцвярджэнні ў тэксце артыкула літоўскага гісторыка, высновы Томаса Баранаўскаса аб Навагародку, некалькі парадаксальным чынам, адносна дакладныя, у тым сэнсе, што сталічнасць гэтага горада пры Міндоўгу сапраўды ніяк не даказаная і сумнеўная, хоць пад пытаннем стаіць і сама наяўнасць сталіцы ў гэтага даволі авантурнага, але і паспяховага манарха. Міндоўг, як пазней Ягелоны, якія валадарылі ў яго дзяржаве, мог, тэарэтычна, шмат перамяшчацца па падуладных землях. Пры гэтым князь, як можна меркаваць, мог і не мець нейкага «сталічнага граду».

Разам з тым, сталічнасць Навагародка пры Шварне Данілавічы выглядае куды больш абгрунтаванай, чым сталічнасць любога населенага пункта ВКЛ, пры любым манарху, да самага выхаду на палітычную арэну сталіцы Гедыміна – Вільні. Таму літоўскія даследчыкі, якія адносна справядліва крытыкуюць тэзу пра сталічнасць Навагрудка, не змогуць абгрунтаваць і сталічнасць, у часы першых вялікіх князёў, любога населенага пункта на тэрыторыі Рэспублікі Літва. Больш за тое, у параўнанні з Кернава, Вільняй і іншымі патэнцыйнымі сталіцамі Міндоўга, Навагародак нават мае перавагу, бо летапіс, прынамсі, выразна сведчыць аб прыналежнасці гэтага горада першаму і апошняму літоўскаму каралю.

Фрагмент 9. Міндоўг ці Войшалк: хто з іх больш звязаны з Навагрудкам?

Хто з ўладцаў Вялікага княства Літоўскага больш звязаны з Навагрудкам, і хто з іх больш варты помніка ў гэтым горадзе?

Помнік адзінаму літоўскаму каралю Міндоўгу ў сталіцы ВКЛ Вільні прадстаўляе велічнага і спакойнага ўладара, свайго роду, «бацьку нацыі», аблічча якога поўнае высакароднасці. Вядома ж, сапраўдны Міндоўг, які змагаўся за ўладу нават са сваякамі і мог забраць жонку ў свайго паплечніка Даўмонта, быў хутчэй беспрынцыповым палявым камандзірам, а не высакародным каралём-стваральнікам літоўскай дзяржавы, хоць, без усялякага сумнення, Міндоўг з'яўляўся адораным палітыкам.


Але якая ж сувязь гэтага манарха ХІІІ стагоддзя з Навагрудкам? На падставе дакладных дакументаў, вядомых спецыялістам, можна сцвярджаць, што сувязь гэтая значна меншая, чым тая, што дагэтуль малюецца шматлікімі беларускімі гісторыкамі.


Літоўскі даследчык Томас Баранаўскас, сцвярджаў, што Міндоўг мог нават ніколі не бываць у Навагрудку, і ў цэлым, дадзенае меркаванне можна прызнаць абгрунтаваным, бо прамых указанняў вядомых, дакладных крыніц, на прысутнасць Міндоўга ў Наваградку, сапраўды няма, хаця думка аб тым, што літоўскі валадар ніколі не бываў у адным з найбагацейшых гарадоў сваёй дзяржавы і здаецца дзiўнай. Каранацыя Міндоўга ў Навагародку, хрышчэнне Міндоўга ў гэтым горадзе – не больш, чым звесткі з крыніц, якія не могуць лічыцца пэўнымi.


Што ж насамрэч можна сцвярджаць пра сувязь Міндоўга і Навагародка? Тое, што яна сапраўды была. Без усялякага сумнення, горад належаў літоўскаму ўладару. Крытыка сувязі Міндоўга з Навагрудкам не з'яўляецца, вядома ж, прэрагатывай аўтара. Гэтую сувязь крытыкаваў, напрыклад, беларускі гісторык Юры Мікульскі ў яго артыкуле «Увекавечанне міфа вакол помніка літоўскаму князю Міндоўгу ў Навагрудку». Пры гэтым дадзены даследчык праяўляў відавочную тэндэнцыйнасць, імкнучыся ўсяляк падкрэсліць гвалтоўны характар устанаўлення ўлады літоўцаў у гарадах Панямоння, сцвярджаючы, што гэта даказвае була папы Рымскага да Міндоўга, дзе згадваецца захоп Міндоўгам земляў нейкага «каралеўства Русі», пры гэтым пад «каралеўствам Русі» даследчыкі разумеюць розныя землі, звычайна альбо Галіцка-Валынскае княства, як гэта робіць Мікульскі, альбо, як гісторык А. Дубоніс, Полацкае княства, але існуе і версія, што гэтым каралеўствам быў Вялікі Ноўгарад. Сумнеўнае і сцвярджэнне Мікульскага аб тым, што Навагародак не меў асаблівага значэння для Міндоўга. Справа ў тым, што княжыў у Навагародку Войшалк, як звычайна лічыцца – старэйшы сын Міндоўга і яго спадчыннік, які, у любым выпадку, відавочна, выступае адным з самых актыўных і ўплывовых паплечнікаў бацькі, адпаведна, такі чалавек, верагодна, павінен быў атрымаць ва ўпраўленне важны горад.


Войшалк з'яўляецца найцікавейшым персанажам у гісторыі Беларусі. У адрозненне ад Міндоўга, Войшалк згадваецца як наваградскі князь у пэўным Галіцка-Валынскім летапісе (ГВЛ).


«Войшалк пачаў княжыць у Наваградку, быў ён язычнікам і пачаў праліваць шмат крыві. Ён забіваў кожны дзень трох-чатырох чалавек. А калі ў нейкі дзень нікога не заб'е, вельмі засмучаецца. Калі ж заб'е каго – тады весяліцца. Потым увайшоў страх Божы ў яго сэрца, і ён задумаўся, жадаючы прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».


Т. Баранаўскас бачыць у гэтым тэксце ўказанне не нейкія рэпрэсіі, якімі суправаджалася вакняжэнне Войшалка ў Навагрудку, але аб этнічнай прыналежнасці забітых людзей у тэксце летапісца нічога не сказана, таму рабіць выснову аб тым, што забітымі былі менавіта наваградцы некарэктна. Князь, тэарэтычна, мог забіваць нават сваіх літоўскіх слуг, не кажучы ўжо пра палонных ворагаў, захопленых падчас набегаў. Самі звесткі аб жорсткасці Войшалка выглядаюць хутчэй легендай, якая паказвае пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна.


Можна выказаць здагадку, што прычыннай хрышчэння Войшалка было не раптоўнае рэлігійнае азарэнне, а менавіта палітычная неабходнасць стаць сваім для навагародцаў. Такім чынам, можна меркаваць, што хрышчэнне сына Міндоўга і паказвае на першапачаткова мірны характар прыходу да ўлады літоўца ў горадзе, як гэта было ў выпадку Пскова, дзе хрысціўся і быў пастаўлены князем літоўскі ўцякач Даўмонт, ці, прынамсі, на пазнейшыя крокі, на сустрэчу наваградцам, з боку Войшалка.


У 1255 годзе, паводле ГВЛ, Войшалк аддаў «Романови снови королевоу Новогородокъ от Миндога, и от себе, и Вослонимъ, и Волковыескь. и все городы». Напор валынян завяршыўся тым, што Міндоўг вымушаны быў шукаць міру, а Войшалк аддаў ад яго і сябе гарады Панямоння князю Раману Данілавічу.

Гэты тэкст летапісу дазваляе меркаваць, што менавіта Войшалк быў своеасаблівым намеснікам бацькі ў старажытнарускіх гарадах Панямоння, што лагічна стыкуецца з яго хрысціянскім хрышчэннем.


Вядома таксама, што Войшалк заснаваў нейкі манастыр паміж Літвой і Навагародкам, дзе нейкі час жыў. Гэтым манастыром звычайна лічаць Лаўрышаўскі манастыр, хаця прамых доказаў гэтаму няма.


Пасля смерці Міндоўга, а затым і яго забойцы Траняты, Войшалк вяртаецца ў Навагародак і разам з навагародцамі устанаўлівае сваю ўладу ў Літве.


З вышэйпададзенага бачна, што менавіта князь Войшалк быў дастаткова цесна звязаны з Навагрудкам, тады як дакладныя, вядомыя даследчыкам, дадзеныя, гавораць аб тым, што Міндоўг валодаў горадам, як вярхоўны ўладар Літвы, але не паведамляюць нічога хаця б аб адным візіце князя ў горад.


Усё гэта, вядома ж, не значыць, што помнік каралю Міндоўгу не можа стаяць у Навагрудку, але на думку аўтара, больш дарэчы ўвекавечанне там памяці наваградскага князя Войшалка.

Фрагмент 10. 33 патрабаванні Брэсцкай уніі

Брэсцкая царкоўная унія, якая фармальна аб'яднала каталіцызм і праваслаўе, без усялякага сумнення адна з самых значных гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў цэлым і яе заходніх зямель у прыватнасці.

Пра царкоўную унію, заключаную ў Брэсце, у 1596 годзе, напісаны цэлыя кнігі, і тут не варта марнаваць шмат слоў дзеля спробы паказу такой маштабнай з'явы. Замест гэтага аўтар прапануе чытачу зірнуць толькі на маленькі фрагмент гістарычнай мазаікі, складзенай продкамі беларусаў і іншых народаў рэгіёна, у яскравую і супярэчлівую карціну царкоўнага саюза, заключанага ў горадзе над Бугам.


Іпацій Пацей – адзін з галоўных актараў Брэсцкай уніі.


Невялікі дакумент нядрэнна растлумачыць, калі можна так сказаць, дыспазіцыю царкоўнага начальства, падчас падрыхтоўкі уніі, і пакажа важную частку ідэалагічнай асновы брэсцкага саюза цэркваў.

Як вядома, уніяты павінны былі пачытаць сваім кіраўніком Папу Рымскага, што нават дае падставы даследчыкам называць уніяцтва галіной каталіцкай царквы. Аднак праваслаўныя святары зусім не збіраліся адмаўляцца ад усяго таго, што лічылі важнай часткай сваёй веры, а галоўнае, мелі намер змагацца за свае ўласныя, у тым ліку і маёмасныя, інтарэсы. Таму ў 1595 годзе праваслаўны епіскапат адправіў Папе Рымскаму 33 умовы, якія пантыфік прыняў, пасля чаго яны былі зачытаныя падчас заключэння уніі, у берасцейскім храме Св. Мікалая. З дадзенага пераліку патрабаванняў можна зрабіць выснову, у прыватнасці, аб матывах праваслаўных біскупаў, якія падтрымлівалi ўнію. Вось змест гэтага ліста.

«Мы патрабуем папярэдніх гарантый гэтых артыкулаў ад рымлян, перш чым мы ўступім у саюз з Рымскай царквой.

1. Таму што паміж рымлянамі і грэкамі ёсць спрэчкі аб сыходжанні Святога Духа, якія моцна перашкаджаюць адзінству, уласна, не па якой іншай прычыне, як толькі таму, што мы не хочам разумець адно аднаго – просім, каб нас не прымушалі ні да якога іншага веравучэння, але каб мы заставаліся з тым, што было перададзена нам у Святым Пісанні, у Евангеллі і ў пісаннях святых грэчаскіх настаўнікаў, гэта значыць, што Святы Дух зыходзіць не з двух крыніц і не праз падвойнае сыходжанне, але з аднаго пачатку, ад Айца праз Сына.

2. Каб набажэнствы і ўсе малітвы і богаслужэнні ранішнія, вячэрнія і начныя службы заставаліся для нас некранутымі, без усялякай змены, па старажытным звычаі Усходняй Царквы, а менавіта: Святыя Літургіі, з якіх тры: Св. Васіля Вялікага, Св. Іаана Залатавуста і Св. Епіфанія, якія здзяйсняюцца Вялікім постам з першасвечанымі дарамі, і ўсе іншыя абрады і службы нашай Царквы, як мы мелі іх да гэтага часу, бо ў Рыме гэтыя адны і тыя ж службы знаходзяцца ў падпарадкаванні Вярхоўнага Пантыфіка, і гэтыя службы павінны быць на нашай роднай мове.

3. Каб сакрамэнты Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана нашага Ісуса Хрыста былі захаваны цалкам, як мы прывыклі да гэтага часу, пад выглядам хлеба і віна – гэта павінна заставацца сярод нас навекі адным і тым жа, і нязменным.

4. Каб Сакрамэнт Святога Хрышчэння і яго форма заставаліся ў нас у нязменным выглядзе, як мы служылі яму да гэтага часу, без усялякага дадатку.

5. Не будзем спрачацца пра Чысцец, але давяраем сябе вучэнню Святой Царквы.

6. Мы прымем новы каляндар, калі стары не можа быць, але без якога-небудзь парушэння велікоднага цыклу і іншых нашых свят, як яны былі падчас аб'яднання, таму што ў нас ёсць некаторыя асаблівыя святы, якія рымляне не маюць. Шостага студзеня святкуем мы памяць Хрышчэння Пана Хрыста і першай з'явы Адзінага Бога ў Тройцы. Мы называем гэта свята Богаз'яўленнем, і ў гэты дзень у нас ёсць асаблівая служба водаасвячэння.

7. Нас не павінны прымушаць да ўдзелу ў працэсіях у дзень Цела Хрыстовага, і мы не павінны здзяйсняць такія працэсіі з нашымі містэрыямі, паколькі наша выкарыстанне містэрый адрозніваецца.

8. Таксама нас не варта прымушаць да асвячэння агню, карыстання драўлянымі трашчоткамі і таму падобным абрадам перад Вялікаднем, бо такіх абрадаў у нашай Царкве не было да гэтага часу, але неабходна, каб мы выконвалі свае абрады паводле статута нашай Царквы.

9. Шлюбы святароў застаюцца ў сіле, акрамя дваяжонцаў.

10. Каб мітраполіі, епіскапату і іншых царкоўных санаў нікому не даравалася, акрамя рускіх ці грэкаў, якія павінны быць нашага веравызнання. А паколькі нашыя каноны патрабуюць, каб мітрапаліты, архірэі і іншыя абраныя спачатку клірам, былі годнымі людзьмі, то мы просім Караля Ягоную Міласць, каб выбары былі свабоднымі, пакідаючы ў недатыкальнасці ўладу Караля Ягонай Міласці прызначаць абраных як ён хоча. Гэта азначае, што, як толькі нехта памрэ, мы павінны выбраць чатырох кандыдатаў, і Яго Каралеўская Мiласць будзе свабодна выбіраць, каго ён пажадае, з гэтых чатырох. Гэта неабходна, асабліва для таго, каб асобы, прызначаныя на такія пасады, былі годнымі і адукаванымі, бо Яго Каралеўская Міласьць не належыць да той жа рэлігіі, а таму ня можа ведаць, хто варты гэтага, і таму здаралася, што такія неадукаваныя людзі былі прызначаны. Калі Яго Каралеўская Мiласць пажадае прызначыць свецкую асобу на гэтыя духоўныя пасады, прызначаны павінен прыняць святарства на працягу не больш за тры месяцы пад страхам страты прызначэння, у адпаведнасці з канстытуцыяй сейма ў Гродне і артыкуламі караля Жыгімонта Аўгуста, блажэннай памяці, зацверджанымі цяперашняй Яго Каралеўскай Міласцю, бо ў цяперашні час ёсць такiя, хто трымаюць у руках вядомыя духоўныя пасады, але не прымаюць святарства цэлымі гадамі, апраўдваючы сябе нейкімі каралеўскімі «выключэннямі». Мы просім, каб у будучыні такога не было.

11. Каб нашы біскупы не пасылалі ў Рым па дазвол на пасвячэнне, але, калі Яго Каралеўская Міласць прызначыць каго-небудзь на біскупства, каб па старым звычаі арцыбіскуп-мітрапаліт меў абавязак і права пасьвячаць яго. Сам мітрапаліт, перш чым уступіць на пасаду мітрапаліта, павінен спытаць блаславення ў Папы. Затым, пасля таго як ён атрымае благаслаўленне з Рыма, няхай біскупы пасьвяцяць яго, прынамсі, двое з іх, паводле іх звычаю. Калі біскупа абяруць мітрапалітам, няхай не пасылае па благаслаўленне, бо ён ужо мае біскупскую хіратонію, ён можа прынесці прысягу на паслухмянасць Вярхоўнаму пантыфіку ў прысутнасці Арцыбіскупа Гнезненскага, які ў гэтым выпадку будзе дзейнічаць не як арцыбіскуп, а як прымас Польшчы.

12. Каб улада наша была большая, і каб мы з большай павагай кіравалі нашымі вернымі, мы просім месца ў Сенаце Каралеўскай Міласці для мітрапаліта і біскупаў. Мы просім аб гэтым па многіх прычынах, паколькі ў нас такі ж чын і іерархічная годнасць, што і ў рымскіх біскупаў.

13. І калі з часам Гасподзь дасць, каб і астатнія браты нашага народа і грэцкай рэлігіі прыйшлі да таго ж самага святога адзінства, дык няхай нас не папракнуць і не зайздросцяць таму, што мы апярэдзілі іх у гэтым адзінстве, таму што мы павінны зрабіць гэта па пэўных, сур'ёзных прычынах, для гармоніі ў хрысціянскай рэспубліцы, каб пазбегнуць далейшай бязладзіцы і рознагалоссяў.

14. Трэба, каб калі ў нашых дыяцэзіях прэзбітэры, архімандрыты, ігумены і іншае духавенства, а асабліва іншаземцы, нават біскупы і манахі, якія могуць быць выхадцамі з Грэцыі і быць нашай веры, але не жадалі быць пад нашым вяршэнствам, то яны ніколі не павінны адважыцца здзяйсняць якое-небудзь богаслужэнне. Бо калі б гэта было дазволена, то не было б ніякага парадку.

15. Калі ў будучыні хто з нашай рэлігіі захоча далучыцца да Рымскай Царквы, адмаўляючы сваю ўласную рэлігію і абрады, хай ня будзе ён прыняты, бо ён прыніжае сакрамэнт Адзінай Царквы Божай, бо, будучы ўжо ў Адной Царкве, мы будзем мець адзінага правадыра – Папу.

16. Каб шлюбы паміж вернікамі рымлiнамi і вернікамі рускiмi здзяйсняліся свабодна, без усялякага прымусу ў адносінах да рэлігіі, бо і тыя, і іншыя ўжо складаюць адну Царкву.

17. Мы страцілі ўладу над многімі царкоўнымі ўладаннямі, некаторыя з якіх нашы папярэднікі адчужалі іншымі правамі, чым свабоднае распараджэнне гэтымі дабротамі на працягу іх жыцця, з-за чаго мы знаходзімся ў такой галечы і беднасці, што не можам добра забяспечыць патрэбы цэркваў, ды і самі мы амаль нi маем сродкаў на харчаваньне, таму мы патрабуем, каб гэтая маёмасьць была вернута нашым цэрквам. Калі хто законна набыў пажыццёвае права карыстання на якую-небудзь царкоўную бенефіцыю, няхай ён будзе абавязаны штогод плаціць царкве рэнту, а па яго смерці няхай бенефіцыя вяртаецца да царквы. Такая бенефіцыя не можа быць дадзена нікому без згоды біскупа і яго капітула. Уся маёмасць, на якую ў цяперашні час мае права царква, павінна быць запісана ў царкоўных кнігах, нават калі царква не ажыццяўляе ніякага кантролю над некаторымі бенефіцыямі. Такім чынам, яны, прынамсі, бясспрэчна будуць належаць царкве. Зрабіўшы гэта, царква можа ўзяць на сябе абавязак вярнуць тыя бэнэфіцыі, якія былі адчужаныя ў больш ранні час.

18. Па смерці мітрапаліта ці архірэя, старасты і дзяржаўныя скарбнікі не ўмешваюцца ў царкоўную маёмасць. Па звычаі і традыцыі Рымскай царквы, гэтай маёмасцю будзе кіраваць капітул да таго часу, пакуль не будзе абраны новы мітрапаліт ці біскуп. Хоць гэта ўжо гарантавана нам нашымi прывілеямі, мы просім, каб гэта было ўключана ў канстытуцыю каралеўства.

19. Архімандрыты, ігумены, манахі і іх манастыры, па старым звычаі, будуць у падпарадкаванні ў архірэяў і іх дыяцэзій, бо ў нас ёсць толькі адзін манаскі статут, якім карыстаюцца нават архірэі, і ў нас няма правінцыялаў.

20. Каб пры трыбунале сярод рымскага кліру і ў нас было два з нашых святароў для вядзення спраў нашай царквы.

21. Каб архімандрыты, ігумены, святары, архідыяканы і іншае наша духавенства карысталіся такой жа павагай, як і рымскае духавенства, і карысталіся тымі ж свабодамі і прывілеямі, якія былі дараваны каралём Уладзіславам. Таксама яны павінны быць вызваленыя ад усіх падаткаў, як асабістых, так і тых, якія адносяцца да царкоўнай уласнасці, у адрозненне ад несправядлівай практыкі, якая існавала да гэтага часу, бо калі яны валодаюць якой-небудзь прыватнай уласнасцю, то яны павінны плаціць падаткі з яе, як гэта робяць іншыя ўласнікі. Кожны сьвятар і іншае духавенства, якія валодаюць царкоўнымі ўладаннямі ў межах тэрыторый сенатараў і дваранства, падпарадкоўваюцца ім і павінны падпарадкоўвацца ім: не павінны звяртацца ў суды і ўступаць у сваркі з уладальнікамі, але павінны прызнаваць права патрона. Але абвінавачанні, якія датычацца клірыка і яго духоўных функцый, з'яўляюцца прэрагатывай толькі біскупа, а правіннасці кліру караюцца выключна архірэем па скарзе гаспадара зямель. Такім чынам, усе – духавенства і свецкія, захаваюць свае правы цэлымі і недатыкальнымі.

22. Каб рымляне не забаранялі нам званіць у званы ў нашых цэрквах у Вялiкдзень, як у гарадах, так і паўсюль.

23. Каб нам не забаранялася наведваць хворых з Найсвяцейшымі дарамi, публічна, са свяцільнямі і ўборамі, па нашых абрадах.

24. Каб без усялякага ўмяшання мы маглі свабодна праводзіць богаслужэнні, колькі патрабуецца, у святыя дні па нашым звычаі.

25. Каб нашы рускія манастыры і цэрквы не былі пераўтвораны ў рымска-каталіцкія цэрквы. І калі які рыма-каталік пашкодзіць ці разбурыць адну з нашых цэркваў ці адзін з манастыроў на сваёй тэрыторыі, то ён абавязаны аднавіць яе ці пабудаваць новую для карыстання рускага народа.

26. Духоўныя царкоўныя брацтвы, нядаўна створаныя патрыярхамі і зацверджаныя Яго Каралеўскай Міласцю, напрыклад, у Львове, у Брэсце, у Вільні і ў іншых месцах, у якіх мы бачым вялікую карысць для касцёла божага, калі яны жадаюць знаходзіцца ў гэтай уніі, то павінны захоўвацца ва ўсёй сваёй цэласнасці пад падпарадкаваннем свайго мітрапаліта і біскупаў, у дыяцэзіях, у якіх яны функцыянуюць і да якіх кожнае з іх належным чынам прыпісана.

27. Мы павінны быць вольныя мець школы і семінарыі на грэцкай і царкоўна-славянскай мовах у месцах, дзе гэта найбольш зручна, і каб нашыя друкарні былі вольныя, зразумела, пад наглядам мітрапаліта і біскупаў, каб ніякія ерасі не распаўсюджваліся і нічога не друкавалася без ведама і згоды мітрапаліта і біскупаў.

28. Таму што былі вялікія злоўжыванні і непаслушэнства з боку некаторых святароў ва ўладаннях Яго Каралеўскай Міласці, а таксама ў землях шляхцічаў і магнатаў, так што гэтыя святары атрымалі абарону шляхцічаў і магнатаў для іх злоўжыванняў, якія скасоўваюць шлюбы, бо старасты і іншыя служэбнікі атрымлівалі пэўную выгаду ад гэтых разводаў і таму агароджваюць гэтых святароў, не дазваляючы біскупам і сіноду судзіць такіх наравістых клірыкаў, лаючы і нават збіваючы прыезджых нашых, таму просім, каб такія злоўжыванні спыніліся, каб мы былі вольныя выпраўляць наравістых і падтрымліваць парадак, і калі нехта будзе адлучаны ад царквы за яго непаслушэнства, або за злоўжыванне, няхай служэбнікі і шляхцічы, як толькі яны будуць апавешчаныя біскупамі ці пасланцамі, не дазваляюць такому адлучанаму духавенству выконваць царкоўныя функцыі, або служыць у цэрквах, пакуль яны не будуць вызвалены іх пастырамі ад іх памылак. Гэта трэба разумець і для архімандрытаў, і ігуменаў, і іншых царкоўнікаў, якія падпарадкоўваюцца біскупам і іх уладзе.

29. Саборы ў галоўных гарадах і ўсе парафіяльныя цэрквы паўсюль ва ўладаннях Яго Каралеўскай Міласці, у любым месцы і юрысдыкцыі, незалежна ад таго, ці заснаваны яны каралём, горадам або мясцовым шляхціцам, знаходзяцца пад уладай біскупа, і свецкія не павінны кіраваць імі ні пад якой прычынай, бо ёсць такія, якія ўмешваюцца ў правы біскупа, уладкоўваючы справы, як хочуць, і не жадаюць падпарадкоўвацца сваім біскупам. Няхай гэтага не адбудзецца ў будучыні.

30. А калі нехта адлучаны сваімі біскупамі ад царквы за якую-небудзь правіну, дык хай не прымаецца ў Рымскую царкву, але, наадварот, хай абвяшчаецца і там яго адлучэнне. Таксама і мы зробім з адлучанымі ад Рымскай царквы, бо гэта агульная справа.

31. І калі Гасподзь Бог па Сваёй волі і святой ласкі дазволіць астатнім братам нашым Усходняй царквы грэцкай традыцыі прыйсці да святога адзінства з Заходняй царквой, а затым у гэтым агульным саюзе і па дазволе Агульнай царквы не павінна быць ніякіх змен у абрадах і набажэнскім статуце Грэцкай царквы, мы падзелім гэта як людзі адной рэлігіі.

32. Мы чулі, што некаторыя адправіліся ў Грэцыю, каб набыць адмысловую царкоўную ўладу, і вярнуліся сюды, каб даваць парады і ўплываць на духавенства, і распаўсюджваць сваю юрысдыкцыю на нас. Таму мы просім Яго Каралеўскую Міласць прыняць меры засцярогі на дзяржаўных межах, каб любому, які мае такую юрысдыкцыю і адлучэнне ад царквы, быў забаронены ўезд у краіну. У адваротным выпадку паміж пастырамі і паствай Царквы могуць узнікнуць сур'ёзныя непаразуменні.

33. Усе мы, ніжэйпадпісаныя, жадаючы святой згоды на славу Імя Бога і для міру Святой Царквы Хрыстовай, далі гэтыя артыкулы, якія лічым неабходнымі для нашай Царквы і на якія патрабуем папярэднюю згоду і запэўненні ад Святога Айца Папы і ад Яго Каралеўскай Міласці, літасцівага уладыкі нашага. Для большай бяспекі мы ўручылі нашыя Інструкцыі прападобным братам нашым у Богу, айцу Іпація Пацею, Галоўнаму біскупу, біскупу Уладзімірскаму і Брэсцкаму, і айцу Кірылу Цярлецкаму, Экзарху і біскупу Луцкаму і Астрожскаму, каб ад нашага імя і ад свайго імя прасілі Найсвяцейшага Айца, а таксама Яго Каралеўскую Міласць, літасцівага ўладара нашага, загадзя пацвердзіць і гарантаваць усе артыкулы, якія мы тут маем, дадзенымі ў пісьмовай форме, каб, стаўшы ўпэўненымі ў веры, у містэрыях і ў нашых абрадах, мы маглі прыйсці да гэтай святой дамовы з Рымскай Царквой без нейкай абразы нашага сумлення і паствы Хрыстовай, адданай нам, а таксама каб іншыя, якія яшчэ вагаюцца, бачачы, што мы захоўваем усё ў недатыкальнасці, хутчэй прыйшлі за намі ў гэты святы саюз.

Дадзена ў год Божы 1595, месяц чэрвень, першы дзень па старым стылі».

Акт Брэсцкай уніі на славянскай мове (старабеларускай або стараўкраінскай) захоўваецца, як і многія найважнейшыя артэфакты гісторыі Беларусі, за межамі краіны, у Львове. Нават у познім СССР уніяцкая царква Украіны налічвала, паводле некаторых ацэнак, некалькі мільёнаў прыхаджан. Таму не дзіўна, што Брэсцкай уніі надаюць нямала ўвагі ўкраінскія даследчыкі, а арыгінал у архіве Львова нават прапаноўвалі ўнесці ў спіс ЮНЕСКА, як нацыянальны здабытак. На беларускіх землях уніяцкая царква, нягледзячы на некалі дамінуючае становішча, афіцыйна налічвае ўсяго некалькі тысяч паслядоўнікаў, хаця некаторыя дадзеныя паказваюць на некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў. Так ці інакш гэта вельмі сціплы паказчык у межах статыстычных дадзенных хрысціянскіх цэркваў Беларусі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации