Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 25 апреля 2023, 07:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Фрагмент 16. Дзятлаўскія Радзівілы: свой супраць сваіх і бойка ў манастыры

У межах нясвіжскай лініі знакамітага магнацкага роду Радзівілаў існавала некалі свайго роду дзятлаўская галіна. Заснавальнікам яе быў Мікалай Фаўстын Радзівіл. Нарадзіўся князь у канцы XVII стагоддзя, і быў сведкам узвышэння магнатаў Сапегаў, якія часова выцеснілі яго род з пазіцыі галоўнай алігархічнай сям'і ВКЛ.

Зрэшты, у часы максімальнага ўзвышэння сапежынцаў Мікалай Фаўстын быў яшчэ вельмі малады. Яго звязаная з войскам кар'ера пачала набіраць абароты на пачатку XVIII стагоддзя. Як і многія багатыя шляхцічы тых часоў Мікалай Фаўстын актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны, пераходзячы з аднаго лагера ў іншы. Нярэдка яму даводзілася супрацьстаяць і ўласным сваякам, што было самай звычайнай справай у межах барацьбы за ўладу і рэсурсы ва ўжо аслабленай Рэчы Паспалітай.

Не атрымаўшы ў сваё ўпраўленне харугву пяцігорцаў – байцоў лёгкай кавалерыі, узброеных дзідамі, Мікалай Фаўстын увязаўся ў барацьбу супраць вялікага гетмана ВКЛ Людвіка Пацея, якога падтрымліваў і канцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл.

У 1717 годзе ў Гродне праходзіў Скарбавы трыбунал ВКЛ і Мікалай падаў пратэст супраць дзеянняў гетмана і канцлера. Іх барацьба працягнулася і на гродзенскім сейме 1718 года. Аднак неўзабаве Мікалай прымірыўся з Міхаiлам Радзівілам «Рыбанькай», які і лічыўся кіраўніком такой жаданай для Мікалая Фаўстына харугвы пяцігорцаў.

У гродзенскім сейме 1726 года Мікалай Фаўстын удзельнічаў у якасці пасла Навагрудскага ваяводства.

Неўзабаве князь зрабіў нарэшце рашучы рывок у сваёй кар'еры і атрымаў пасаду наваградскага ваяводы, дзякуючы чаму мог удзельнічаць у гарадзенскім сейме 1729 года ўжо ў якасці сенатара, хаця той сейм быў сарваны амаль адразу ж пасля адкрыцця.

Мікалай Фаўстын выступаў супраць кандыдатуры іншаземнага манарха падчас перыяду бескаралеўя, які настаў пасля смерці Аўгуста Моцнага ў 1733 годзе, аднак разам з іншымі магнатамі, у прыватнасці Паўлам Сангушкам і Міхаілам Вішнявецкім, Мікалай Фаўстын не збіраўся падтрымліваць кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага і нават звярнуўся да Аўстрыi и Расеi з просьбай аб ваеннай падтрымцы супраць прыхільнікаў Ляшчынскага.

У гэты момант супрацьстаянне ўнутры клана Радзівілаў, а канкрэтней: паміж Міхаілам Казімірам «Рыбанькай», які раней памірыўся з Мікалаем Фаўстынам, і ўласна наваградскім ваяводам, было надзвычай моцным, таму маці «Рыбанькі», княгіня Ганна, нават пісала пра апанента-сваяка «ганьба нашага дома» і называла яго «бязбожным князем наваградскім».

Неўзабаве Мікалай Фаўстын атрымаў прапанову супрацоўніцтва з расійскімі агентамі, якія шчодра аплочвалi прасоўванне выгадных Расіі палітычных праектаў. Расійскі саноўнік Юрый Лівен, са старажытнага ліфлянцкага роду, даставіў Мікалаю Фаўстыну ліст ад расійскай імператрыцы Ганны Іаанаўны. Для наваградскага ваяводы гэта быў шанец значна павялічыць свае даходы і ўплыў. У адрозненне ад Міхала Радзівіла «Рыбанькі» Мікалай Фаўстын пагадзіўся на самае блізкае супрацоўніцтва з агентамі царыцы, стаўшы, такім чынам, правадніком расійскіх інтарэсаў у Рэчы Паспалітай.


Мікалай Фаўстын Радзівіл.


На сейміку Наваградскага ваяводства, ён супрацьстаяў партыі Міхаіла Радзівіла «Рыбанькі». Сеймік скончыўся рашэннямi выгаднымі менавіта прарасійскай партыі Мікалая Фаўстына, а ў выніку звычайнага для падобных сходаў канфлікту Бенедыкт Тызенгаўз – бацька будучага некаранаванага ўладара ВКЛ Антонія Тызенгаўза, які, дарэчы, нарадзіўся якраз у год апісванага сейміка, а таксама іншыя шляхцічы з той партыі, пабіліся з прадстаўніком вядомага ў наваградскім павеце роду Верашчак, а менавiта гэты род у будучыні даў укаханую і музу выбітнага паэта Адама Міцкевіча, Марыю Верашчаку.

Міхаiл «Рыбанька» і яго людзі пры гэтым, як пісаў сам магнат: «сунімалі як маглі» разгарачаных шляхцічаў.

Адбываўся канфлікт у такiм месцы якое, здавалася б, наладжвае на спакойную камунікацыю, а менавіта рэфектарыі (трапезнай) дамініканскага кляштара. Агрэсія п'яных шляхцічаў – абаронцаў выгадных суседнім краінам рашэнняў, нявыгадных для іх радзімы, выяўленая ў бойцы, якая мела месца ў трапезнай манастыра… Усё гэта з'яўляецца для нашчадкаў адным з яркіх прыкладаў маральнай дэградацыі ўладаручых, шляхецкай анархіі тых гадоў – галоўнага фактару знішчэння Першай Рэчы Паспалiтай.

Пазней шляхціцы напалі і на самога Міхаіла «Рыбаньку», уладкаваўшы засаду на дарозе і адкрыўшы стральбу па карэтах і свіце «Рыбанькі» і яго саюзніка, берасцейскага старасты Яна Фрэдэрыка Сапегі. На гэты раз Мікалай Фаўстын асабіста даў сваяку ахову, відаць палічыўшы, што адкрытае забойства ўплывовага члена яго дома з'яўляецца пераборам.

Празмерны разгул страсцей і канфлікт у ваяводстве не быў выгадны Мікалаю Фаўстыну, таму ён вырашыў уладзіць канфлікт з «Рыбанькай» і Сапегам, і зладзіў з імі перамовы, у выніку якіх яму ўдалося дасягнуць сваіх мэт і дабіцца кантролю над ваяводскай шляхтай, якая была ў партыі Міхаіла Казіміра і Яна Фрыдэрыка.

З ліста Міхаiла Радзівіла становіцца ясна, што «Рыбанька» не жартам баяўся за сваё жыццё, што і паўплывала на яго рашэнне перадаць кантроль над сваімі наваградскімі кліентамі ў рукі Мікалая Фаўстына.

Як пішуць даследчыкі, у гэты час Мікалай Фаўстын атрымаў з царскай казны 2 тысячы рублёў, прызначаных для далейшага прасоўвання інтарэсаў Расіі ў Рэчы Паспалітай.

Неўзабаве да наваградскай шляхты, узначаленай Радзівілам, далучыліся і шляхцічы з Ваўкавыскага павета. Аб'яднанне наваградскай шляхты, нiбыта аброслае прадстаўнікамі іншых ваяводстваў ВКЛ, утварыла магутную апазіцыю Станіславу Ляшчынскаму, што і стала адным з найважнейшых фактараў, якія прывялі да абрання на трон Аўгуста III, а ён, паводле характарыстыкі нямецкага падарожніка Вільгельма Шлемюлера, быў «слабаваты розумам».

Мікалай Фаўстын, у выніку падобнай палітычнай камбінацыі, зразумела, набыў немалы ўплыў у ВКЛ, і на чале шляхты, падтрыманай расійскімі салдатамі, заняў Брэст з мэтай падпарадкавання горада новаму каралю.

Спецыялісты пішуць, што, пачынаючы з 1733 года, Мікалай Фаўстын атрымліваў ад расійскага двара 5 тысяч рублёў за год, на ўласныя патрэбы.

Навагрудскі ваявода заставаўся верным саюзу з Расіяй, хоць у рамках падрыхтоўкі да гродзенскага сейма 1744 года ён падлашчваўся да прускіх дыпламатаў, якія, зрэшты, не бачылі ў ім надзейнага саюзніка.

Памёр Мікалай Фаўстын у 1746 годзе.

Галоўным маёнткам і своеасаблівай сталіцай Мікалая стала Дзятлава, дзе Радзівілы ўзвялі невялікі, але надзвычай пышна аздоблены палац. Мікалай валодаў таксама ўчасткам у Гродне: з гэтым горадам, як можна зразумець з вышэйпададзенага тэксту, яго звязвалі шматлікія адметныя моманты кар'еры. Гродзенскі ўчастак Мікалая Фаўстына размяшчаўся на вуліцы Замкавай, дзе дзятлаўскія Радзівілы валодалі невялікай, мураванай рэзідэнцыяй.

Нягледзячы на рост уплыву, Мікалай так і застаўся адносна бедным, па мерках свайго вялікага роду, чалавекам, не дзіўна таму, што гродзенская рэзідэнцыя дзятлаўскіх Радзівілаў была нашмат сціплейшай за вялізны палац Міхаіла Казіміра «Рыбанькі». Гэтая рэзідэнцыя размяшчалася непадалёк, якраз на цэнтральнай плошчы Гродна.

Зрэшты, нягледзячы на мінулыя супярэчнасці, пахаваныя Міхал і Мікалай Радзівілы былі ў фамільным склепе ў Нясвіжы. Аднак сэрца Мікалая Фаўстына, як пішуць гісторыкі, пахавалі ў перабудаваным ім дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Дзевы Марыі.

Старэйшы сын Мікалая, эксцэнтрычны Удальрык Радзівіл, не зрабіў вялікай палітычнай кар'еры, аднак быў прадуктыўным пісьменнікам. Другі сын Альбрэхт Радзівіл у адрозненне ад бацькі, у пэўны перыяд сваёй палітычнай кар'еры пярэчыў уплыву Расіі ў Рэчы Паспалітай і стаў адносна прыкметным удзельнікам Барскай канфедэрацыі. Трэці сын князя – Ежы, з'яўляўся пераемнікам Мікалая на пасадзе наваградскага ваяводы. Вядома, што яшчэ адзін сын Мікалая Фаўстына Станіслаў Радзівіл валодаў тым самым палацам на вуліцы Замкавай у Гродне, а таксама дзятлаўскім палацам, акрамя таго, выступаў супраць Барскай канфедэрацыі, якую падтрымліваў яго родны брат Альбрэхт. Дачка Станіслава – Францыска Тэафілія, выйшла замуж за Станіслава Солтана пасля чаго дзятлаўскі палац знаходзіўся ва ўласнасці Солтанаў. Так скончыўся радзівілаўскі перыяд у гісторыі Дзятлава – цікавага, наднёманскага горада.

Фрагмент 17. Некаторыя факты пра кляштар картэзіянцаў у Бярозе

Манастыр ордэна картэзіянцаў у Бярозе… Без усялякага сумнення гэты вялізны архітэктурны комплекс мог бы быць адной з найбольш цікавых турыстычных жамчужын Берасцейшчыны.


Ідэалізаваная выява кляштара ў Бярозе, XVIII стагоддзе.


Пабудаваны яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя манастыр, які з'явіўся дзякуючы ахвяраванням роду Сапегаў, стаў іх велічнай пахавальняй.

Галоўны храм ансамбля з'яўляўся прыгожай базілікай, з высокай званіцай, прыбудаванай да апсіды храма. На ўваходзе з боку галоўнага фасада змяшчаўся круглы прытвор-крухта, накрыты купалям. Фасад меў дугападобныя абрысы, членіўся цягамі і буйнымі філёнкамі, быў дэкараваны пілястрамі, нішамі для скульптур, барочнымі апраўленнямі праёмаў.

Па падліках аўтара, даўжыня храма, ад уваходу крухты да далёкай сценкі званіцы, складала прыблізна 60 метраў. Шырыня – прыблізна 25 метраў. Гэта ставіла святыню ў адзін шэраг з найбуйнейшымі барочнымі храмамі ВКЛ, хоць яна і саступала некаторым з іх, да прыкладу, езуіцкаму касцёлу Францішка Ксаверыя ў Гродне, які, зрэшты, быў пабудаваны крыху пазней за бярозаўскi аб'ект.

Гранёная званіца была даволі раскошна ўпрыгожана пілястрамі і філёнкамі, а вянчаў яе высокі купал, які, дарэчы, вельмі нагадваў купал гродзенскай Фары Вітаўта.

Вышыня званіцы, ад зямлі да верхавіны крыжа, была больш за 50 метраў. Бакавыя нефы у інтэр'еры храма займалі капліцы, злева ад галоўнага ўваходу змяшчалася вінтавая лесвіца, якая вяла на хоры.

Але не толькі сам храм уражваў сваёй пышнасцю. Асаблівае значэнне картэзіянскаму манастыру надаваў яго размах. Манастырская агароджа абмяжоўвала буйны ўчастак, усярэдзіне якога размяшчаліся сады картэзіянцаў. Манастырскія карпусы былі надзвычай працяглыя. Прастакутны замкнёны падворак манастыра, размешчаны за апсідай храма, меў вельмі вялікія памеры. Яго плошча складала больш за 6700 квадратных метраў. Для параўнання, кляштар брыгітак у Гродне, які стаў месцам спачыну магнатаў Весялоўскіх, мае прылеглы да касцёла двор плошчай менш за 900 метраў квадратных.

Манастырскі комплекс упрыгожвалі даволі высокія вежы і эфектныя, барочныя вароты.

Ён меў добрыя бастыённыя ўмацаванні, цалкам прыдатныя для абароны ад розных варожых войскаў, якія, у тыя смутныя часы, часта была змушана прымаць Берасцейшчына.

У манастыры былі пахаваныя яго галоўны дабрадзей Казімір Леў Сапега, а таксама Казімір Ян Сапега, які стаў фактычным ўладцам ВКЛ, а акрамя гэтых двух высокіх саноўнікаў яшчэ і іншыя члены роду.

Няма сумненняў, што поўнае аднаўленне архітэктурнага комплексу картэзіянцаў дазволіла б вярнуць беларусам важную частку іх спадчыны.

Фрагмент 18. Творчасць Самуэля Бекера

Прыдворны архітэктар Сапег – Ян Самуэль Бекер, адрозніваўся цудоўнымі здольнасцямі. Нягледзячы на тое, што карані архітэктара выводзяць з Саксоніі, у яго творчасці ў значнай ступені выяўляліся рысы не толькі саксонскага барока, якое складала славу дрэздэнскіх дойлідаў, але і элементы, характэрныя для ампіру, якому было наканавана заваяваць Стары кантынент.

Шырокія фінансавыя магчымасці магутных Сапегаў далі Бекеру неабходную базу для вялiкага размаху яго творчасці, і майстар не падвёў заказчыкаў. Чаго толькі вартая яго каласальная трыўмфальная арка, пабудаваная ў Ружанах. Уражваючыя вароты ў курданёр палаца не былі, вядома ж, нейкім ноў-хаў у архітэктуры магнацкіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай: цудоўна аформлены ўезд можна назіраць, напрыклад, у беластоцкім палацава-паркавым комплексе Браніцкіх, так званым «Падляшскім Версалі». Але Бекер, мабыць, перасягнуў уязную групу, створаную ў Беластоку. Збудаваная ім трыўмфальная арка – сапраўды была вартая таго, каб адзначыць трыўмф не толькі князёў Сапегаў, але і самога дойліда, які прыўнёс у суровыя краі Вялікага княства Літоўскага манументальную пампезнасць старажытнарымскіх архітэктурных знаходак.


Нерэалізаваны праект фасада Ружанскага палаца.


У цэлым, уся кампазіцыя палацавага комплексу прасякнута духам класічнай велічы ордэрнай архітэктуры, і, хоць элементы барока яшчэ моцныя ў гэтай працы, усё ж будынкі Бекера, як бы лунаючыя над вулачкамі Ружан, яўляюць сабой яркія прыклады строгасці і велічы класіцызму.

Уражвае і праект Петрапаўлаўскай царквы ў Ружанах, створаны ў духу саксонскіх барочных цэркваў. Ён не саступае сваёй мастацкай дасканаласцю праектам храмаў сталічнага Дрэздэна.

Бекер добра паказвае сябе не толькі ў маштабных праектах княжых рэзідэнцый Ружан і Дзярэчына, але i ў працы над малымі формамі, напрыклад, капліцай Св. Казіміра ў Ружанах.

Дойлід не толькі фармуе выразную архітэктоніку фасадаў: ляпныя дэталі на створаных ім аб'ектах таксама адрозніваюцца найвышэйшай, па мерках архітэктуры ВКЛ, якасцю прапрацоўкі, цалкам супастаўнай з лепшымі еўрапейскімі ўзорамі, а гэтым, варта адзначыць, не заўсёды могуць пахваліцца творы нават высокакваліфікаваных архітэктараў, працаваўшых на землях будучай Беларусі.

Пра жыццё самога выбiтнага дойліда спецыялістам пакуль вядома не шмат. Тым не менш, імя архітэктара без усялякага сумнення ўваходзіць у пералік выдатных творцаў, якія стваралі на землях будучай Беларусі сапраўдныя жамчужыны мастацтва, здольныя на роўных канкурыраваць з шэдэўрамі майстроў Заходняй Еўропы.

Фрагмент 19. Напалеон Орда і яго няправільны малюнак

Напалеон Орда не быў, вядома, вялікім мастаком, як гэта часам заяўляюць аўтары беларускіх СМІ, складаючы чарговы артыкул са згадваннем майстра, аднак, без усялякага сумнення, культурны ўклад шляхціца, народжанага на прасторах былога Берасцейскага ваяводства, вельмі вялікі. Пладавіты жывапісец паспеў стварыць мноства розных пейзажаў, якія служаць цяпер каштоўнымі крыніцамі інфармацыі аб помніках архітэктуры, размешчаных на тэрыторыях, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Не будзем забывацца і пра тое, што адоранасць Орды мела мультыдысцыплінарны характар. Шляхцiц не толькі маляваў, але таксама займаўся музыкай і выдаваў кнігі.

Тут мы звернем увагу на адзін з сотняў малюнкаў Орды. Справа ў тым, што дагэтуль гэтую даволі вядомую ў Беларусі выяву часта лічаць выглядам турэмнага шпіталя ў Кобрыне. Аднак не… Гэта недакладная інфармацыя! Насамрэч Одра адлюстраваў шпіталь, але шпіталь размешчаны ў Гродне! На малюнку Одры – аб'ект, які адыграў выдатную ролю ў гісторыі Беларусі, а менавіта гродзенскі Новы замак.


Н. Орда. Новы замак, памылкова званы кобрынскім шпіталем.


Расійская адміністрацыя, пасля далучэння Гродна, ужо не мела патрэбы ў такой колькасці прадстаўніцкіх рэзідэнцый, якой мог пахваліцца сеймавы горад. Гэта лагічна, бо губернскі цэнтр зусім не павінен быць утыканы палацамі шляхты так шчыльна, як адна са сталіц Рэчы Паспалітай. Гродзенскі губернатар з камфортам размяшчаўся ў буйным палацы на Гарадніцы, вядомым як палац Тызенгаўза, таму былы каралеўскі палац можна было спакойна перарабіць у нешта іншае… Гэтым іншым стаў вайсковы шпіталь, які і намаляваў Орда, у сярэдзіне XIX стагоддзя.

Былая рэзідэнцыя польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх паказана прыкладна з таго пункта, дзе цяпер знаходзіцца вельмі сумны савецкі дом, які мае адрас вуліца Давыда Гарадзенскага 2. На пярэднім плане вялікі яр, засыпаны ў савецкія часы дзеля пракладкі дарожнага палатна, а сам палац-шпіталь дэманструе гледачу крыло, якое не сталі аднаўляць пасля пашкоджанняў Другой Сусветнай вайны, хаця гэты корпус захаваўся не горш за асноўны П-падобны будынак.

З вышэйпададзенага зразумела, што пазнаць Новы замак на малюнку не так проста, і гэта абумовіла шырока растыражаваную памылку ў атрыбуцыі выявы. Але на гэтым недакладнасці не заканчваюцца. Справа ў тым, што Орда не зусім дакладна адлюстраваў аб'ект, які атрымаўся меншым і з меншай колькасцю вокнаў. Падобныя недакладнасці – не рэдкасць у працах таленавітага жывапісца.

Калі б Напалеон быў цвёрда ўпэўнены, што яго малюнкі будуць выкарыстоўвацца падчас падрыхтоўкі аднаўлення такой вялікай колькасці старажытных будынкаў, размешчаных цяпер у межах Беларусі і Украіны… Хто ведае, можа быць тады, ён яшчэ больш увагі надаваў бы дакладнасці сваіх замалёвак.

Вось такая гісторыя пра ўраджэнца Берасцейшчыны, які пакінуў нашчадкам мноства відаў Гродна.

Фрагмент 20. Графіня Марта, Косава, Свіслач і варшаўскі бардэль

Вядомае яшчэ з XVI стагоддзя паселішча Свiслач, знаходзілася ва ўласнасці гродзенскага сярэднешляхецкага роду Кердзеяў. Дзяўчына з гэтага роду, якая мела цудоўнае імя Пудэнцыяна, выйшла замуж за Стэфана Ромера і Свіслач перайшла да роду жаніха. Пазней (верагодна, у выніку продажу) маёнтак апынуўся ў руках Пуслоўскіх. У Вандаліна Пуслоўскага, будаўніка вядомага Косаўскага палаца-замка, была дачка Марыя, якая выйшла замуж за графа Красінскага. Пасля гэтага пара і пабудавала, у канцы XIX стагоддзя (па іншых дадзеных, на пачатку ХХ) прыгожы асабняк у сваім маёнтку Свіслач. Гэты дом стаў летняй рэзідэнцыяй Красінскіх, у якой Марта адпачывала ад мітуслівай Варшавы, дзе граф і графіня валодалі легендарным палацам, пад назвай «Крулікарня». У часы апошняга манарха Рэчы Паспалітай «Крулікарня» мела рэпутацыю элітнага бардэля, але графіня Марта зрабіла свой дом прыстанкам для людзей з трохі іншымі заняткамі. У графіні, паводле звестак гісторыкаў, гасцявалі самыя выбітныя ў Польшчы людзі мастацтва, у тым ліку Генрых Сянкевіч і Уладзіслаў Рэймант, а таксама палітычныя дзеячы краіны, такія як прэм'ер Юльян Новак. Мяркуецца, што пражываючы ў Свіслачы, Марта не здраджвала сваім звычкам і запрашала на прыём выбітную гарадзенскую пісьменніцу Элізу Ажэшку.


Марта Красінская.


Палац Красінскіх звычайна маркіруюць стылем мадэрн, хоць тут, мабыць, слушней казаць пра польскі архітэктурны рамантызм. Шыкоўныя каменныя цокаль і партал дома надаюць яму манументальнасць. Незвычайна прыгожая каменная галерэя, нажаль, часткова закладзеная цэглай. Гэтыя дэталі робяць асабняк унікальным у маштабе ўсёй Беларусі аб'ектам.

У Свіслачы размешчаны яшчэ вельмі цікавы і даволі буйны драўляны дом у так званым закапанскім стылі, пабудаваны ў перыяд 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя.

Фрагмент 21. Леў рэвалюцыі пра Брэсцкі мiр

Брэсцкі мір – гэта пагадненне паміж так званымі Цэнтральнымі дзяржавамі, у блоку якіх кіравала Германская імперыя, і Расіяй, якая ўжо ўзначальвалася бальшавікамі, што якраз уступілі на шлях прызнання іх актарамі ў сістэме міжнароднай палітыкі. Дамова была заклікана забяспечыць мір паміж Нямеччынай і Расеяй, які дазволіў бы кіраўнікам першай засяродзіць сілы на заходнім фронце, а лідэрам другой выйсці з бітваў Першай сусветнай вайны і засяродзіцца на ўнутраных канфліктах.

Дагавор быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года, у Брэсце над Бугам. Пра гэту эпахальную падзею, значэнне якой знаходзіцца ў тым жа шэрагу, што і значэнне Брэсцкай уніі 1596 года, можна расказваць доўга і з запалам. Аднак у рамках гэтай кароткай нататкі аўтар не будзе спрабаваць падрабязна асвяціць усе хітраспляценні эпапеі Брэсцкага мiру, а толькі дасць слова аднаму з галоўных яго архітэктараў, вядомаму як «Леў рэвалюцыі», гэта значыць Лейбе Давідавічу Бранштэйну, інакш званаму Леў Троцкі. Мяркуючы па аналізе пошукавай статыстыкі інтэрнэту, зараз публіку нашмат больш цікавіць кіно пра Льва Давідавіча, чым яго кнігі, хоць рэвалюцыянер пісаў шмат, і мог бы, будзь ён жывы, пахваліцца не толькі парнаграфічным лістом жонцы, але і цэлымі тамамі сваіх твораў.


Леў Троцкі ў перыяд працы над Брэсцкім мiрам.


У адной з кнiжак Троцкага, а менавіта першай частцы працы «Савецкая Рэспубліка і капіталістычны свет» можна прачытаць наступныя радкі:

«Брэст-Літоўскія мірныя перамовы – у наш хуткі час – адышлі ўжо ў вобласць далёкага мінулага. У Брэст-Літоўск мы адпраўляліся для таго, каб заключыць мір. Чаму? Бо ваяваць не маглі. На нарадзе прадстаўнікоў фронту мы зрабілі папярэдне анкету, выснова якой была зусім ясная: войска не жадае і не можа ваяваць. Вывад гэты быў, зрэшты, толькі фармальным пацверджаннем цалкам відавочнага факта. Салдаты, абуджаныя рэвалюцыяй, адноўленыя ёю супраць імперыялістычнай вайны, якія не паспелі яшчэ ні перадыхнуць, ні тым больш разабрацца ва ўсёй складанасці сусветнай абстаноўкі, не хацелі больш ніводнага лішняга дня заставацца ў акопах. Раз мы не маглі весці вайну, – мы вымушаны былі заключыць мір. Але ў той самы час мы імкнуліся выкарыстоўваць самi перамовы ў мэтах міжнароднай рэвалюцыйнай прапаганды.

Сапраўды, Брэст-Літоўская канферэнцыя была самай мудрагелістай камбінацыяй, якую магла стварыць гісторыя: з аднаго боку стала – прадстаўнікі магутнага тады мілітарызму, наскрозь прасякнутага пераможным салдафонствам, каставай напышлівасцю і найвялікшай пагардай да ўсяго не праўдзіва гогенцолерна-пруска-нямецкага; з іншага боку – прадстаўнікі пралетарскай рэвалюцыі, учорашнія эмігранты, якія ў Берлін Гогенцолерна заязджалі няйначай, як з фальшывым пашпартам у кішэні.

Пасля нашай фармальнай капітуляцыі ў Брэст-Літоўску германскі імперыялізм не пратрымаўся і 9 месяцаў. Гісторыя даставіла нам добры рэванш – пакуль яшчэ, праўда, далёка не поўны: па-першае, партыя Лібкнехта і Люксембург не вырвала яшчэ ўлады з рук лёкаяў, якія часова прыйшлі на змену гаспадарам; па-другое, пераможцы нашых былых пераможцаў яшчэ не пераможаны.

Англа-французскі імперыялізм яшчэ не толькі жывы, але і небяспечны. Германскі імперыялізм уступіў з намі ў перамовы, бо спадзяваўся пакарыць нас без працы. Англа-французскі імперыялізм не верыць сабе і таму баіцца нас. Калі для таго, каб перакуліць аўстра-германскі імперыялізм, гісторыі спатрэбіўся этап Брэста, то гэта зусім не значыць, што, адыходзячы ад Брэста, англа-французскія драпежнікі адыдуць ад гібелі. Гісторыя вынаходлівая, і ў распараджэнні яе маецца шмат метадаў і сродкаў, а мы не дактрынёры і ахвотна прымем гібель нашых ворагаў, незалежна ад таго, у якім выглядзе яна абрынецца на іх галовы».

У гэтым тэксце Леў Давідавіч, вядома ж, дэманструе выдатны прыклад класавай нецярпімасці і вялiкай рашучасці змагацца з калектыўным Захадам, які, у дадзеным выпадку, пазначаны як нейкая група буржуазных прыгнятальнікаў, але сутнасна Троцкі тут выглядае апалагетам усё той жа ідэі вайны Расіі і Еўропы, якая ніяк не можа канчаткова застацца толькі прадметам вывучэння гісторыкаў, таму што час ад часу атрымлівае плоць і кроў у выглядзе рэальных сутыкненняў.

Так ці інакш, Льву Давідавічу не ўдалося ўбачыць гібель «англа-французскіх драпежнікаў», і справа нават не ў тым, што і праз сто гадоў пасля стварэння яго тэксту гэтыя драпежнікі працягваюць квітнець. Можа, калі б Троцкі меў магчымасць пражыць столькі ж, колькі старазапаветны Ной, то і дачакаўся, нарэшце, падзення праклятых буржуа – хто ведае. Аднак сам Леў Давідовіч пазбавіўся, як вядома, нават тэарэтычнага шанцу паставіць рэкорды і здзівіць герантолагаў, з прычыны гібелі ад рук… не, не класава чужых імперыялістаў, а агента яго былога паплечніка, таварыша Сталіна.

Што да Брэсцкага мiру, то тут Троцкі, на думку аўтара, разыграў нядрэнную камбінацыю і ў выніку перамог у Грамадзянскай вайне, замацаваўшы ўладу бальшавікоў. Пераможцаў не судзяць – кажуць людзі, хаця тут успамінаецца яшчэ адзiн, у свой час папулярны выраз: «Хлусіць, як Троцкі!»


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации