Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 6


  • Текст добавлен: 25 апреля 2023, 07:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 6 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Кластар 3. Найбуйнейшы горад на Захадзе Беларусі

Фрагмент 22. Беларуская Гранада

Пасля захопу Гродна нямецкімі войскамі, у перыяд Першай сусветнай вайны, новая адміністрацыя, натуральна, пачала ўладкоўвацца на падкантрольных тэрыторыях, аднак хісткасць яе становішча была відавочна самім нямецкім вайскоўцам.

Адным з важных элементаў своеасаблівай нармалізацыі гарадскога жыцця стаў выпуск нямецкамоўнай газеты «Grodnoer Zeitung», у якой аўтары, з майстэрствам вопытных журналістаў, сталі ўпісваць горад у кантэкст нямецкай нацыі, паказваючы на розныя нямецкія сляды ў горадзе над Нёманам. Увага чытача звярталася і на прозвішча Антонія Тызенгаўза, і на помнікі гродзенскiх лютэранскiх могілак, і на іншыя элементы, якія можна было больш-менш арганічна ўбудаваць у новую, нямецкую культурную парадыгму горада. Гэтыя нататкі могуць выклiкаць немалую цікавасць у гісторыкаў, бо змяшчаюць некаторыя ўнікальныя звесткі. У дадзенай кнізе аўтар прысвеціць тры главы цытатам з «Grodnoer Zeitung». Гэта першая такая глава, у якой апісваецца, сярод іншага, штурм горада:

«Падчас вайны часта даводзіцца чуць, што яна часам здаецца сном тым, хто яе перажывае, чуць гэта ад людзей, якія ў цэлым схільныя думаць цалкам цвяроза і сапраўды разумна. Цалкам можа быць, што ад нязвыкласці, прыўнесенай у быццё людзей магутнымі вонкавымі перажываннямі, многія адчуваюць больш, чым раней, снавіцкую мімалётнасць нашага быцця. Кожны раз, калі я зноў бачу Гродна, я адчуваю ілюзорнасць нашага існавання. Адчуваю ўжо ад дрыжачага чыгуначнага маста, які мы працягнулі высока над Нёманам і яго глыбокай далінай, на месцы старога, узарванага рускага маста, гэтага некалі дзівоснага цуду тэхнікі, для завяршэння якога французскім інжынерам, пры цары Аляксандры, спатрэбілася шмат гадоў. Нашы першаадкрывальнікі пабудавалі новы за некалькі тыдняў.

Калі праязджаеш міма Гродна па высокай арцы маста, успамінаецца Таледа або любое італьянскае горнае мястэчка, якое бачыш ужывую або на малюнках, але яшчэ больш, чым ад чыгуначнага маста, уражанне фантастычнасці ўзнікае ў гэтым горадзе, калі падняцца на вышыню насупраць яго. На другім беразе Нёмана – Мемеля, як мы называем гэтую раку, якая тут больш, чым звычайна, падобная да нашага Мозеля, ёсць пляцоўка перад старой драўлянай сінагогай, якая вянчае ўзгорак, як вялікая, абветраная, футравая шапка. Тут адкрываецца лепшы від на Гродна. Горад быццам у сне ўстае перад табой і проста праплывае міма цябе, калі ты закрываеш вочы.

Такім ён уяўляўся войскам генерала Шольца, якія ўзялі яго і Гродзенскую крэпасць у першыя дні верасня 1915 года. Нібы міраж, ён узнікаў перад імі па меры таго, як нашы падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Гэта, мабыць, было ашаламляльна, цудоўнае відовішча для надыходзячых людзей, калі вобраз гэтага горада вырастаў перад іх вачыма на фоне вогненна-чырвонага неба пад грукат узарваных непрыяцелем крэпасцяў і мастоў.


Мясцовыя жыхары і іх хатняя жывёла на фоне ўзарваных мастоў.


Пасля таго, як жалезнае кальцо крэпасцяў вакол Гродна было разарванае нашай цяжкай артылерыяй, любымі дзеткамі закаранелага халасцяка Шольца, яго пераможнае, надыходзячае войска ўжо было не спыніць. Нехта з афіцэраў, якія атачалі Шольца, сказаў, што калі ён імчаўся наперад, у яго заўсёды ў галаве гучала салдацкая песня Эйхендорфа (нямецкі пісьменнік прым. Я.А.).

Трэба аддаць належнае рускім, рэдка яны так па-майстэрску перараблялі храмы пад свой архітэктурны стыль, як тут, у Гродне. Напрыклад, стары каталіцкі сабор на галоўнай плошчы, да таго, як яго перарабілі ў праваслаўны, не мог выглядаць прыгажэй. Яго блакітныя купалы-цыбуліны з залатымі навершамі глядзяць на нас, немцаў, як галоўная карцінка дзіўнай кнігі казак.

Асабліва зімовымі вечарамі, калі праязджаеш міма яго на бразгаючых санях, ён робіць незабыўнае, дзіўнае ўражанне.

Рускія любяць колеры. Кожны, хто праехаў па іх краіне, памятае чырванаватую, бледна-зялёную або бледна-сінюю фарбу, якой яны афарбоўваюць свае грамадскія будынкі. Вядома, яны не заўсёды ўдала падбіраюць колеры. Але тут, у Гродне, яны ў асноўным добра справіліся. Капліцы, якія яны перарабілі або пабудавалі для сваіх службаў, як рознакаляровыя куфэркі са скарбамі, з зялёнымі ці залатымі купаламі і зіготкімі крыжамі з перакладзінамі, раскіданыя па ўсім горадзе.

Адзінае, што расчароўвае ў Гродне, дык гэта яго замак. Гэты замак Гродна, пра які столькі чуў гісторык. Як збудаванне, яно зусім не адпавядае свайму цудоўнаму размяшчэнню высока над Мемелем. Аўгуст Моцны святкаваў тут, Пётр Вялікі напіваўся тут, шведскі кароль Карл XII прыдумляў тут новыя баявыя планы, і ў ім бедаваў і адрокся ад стальца апошні кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст.

Вецер гэтых слаўных падзей не вее вакол корпуса, які празаічна выглядае і пафарбаваны звычайным, жоўтым колерам. На тым жа месцы, раней была забаўляльная альтанка, у якой каралеўскія госці замка віталі ігрыстым віном заходзячае на Захадзе, над самым Нёманам, сонца.

У садзе перад замкам, які нашы салдаты толькі трохі даглядалі і ў якiм вы можаце атрымліваць асалоду гледзячы на лясiстыя вяршынi Мемеля, ёсць просты абеліск, немудрагелісты, як выпадковая паэма, пастаўлены ў памяць аб візіце кайзера Вільгельма II.

І Новы замак, пабудаваны Аўгустам Моцным побач са Старым, таксама не радуе. Ён пабудаваны занадта позна, для таго, каб ствараць хараство, таму што з 1797 абодва замка выкарыстоўваліся рускім урадам толькі ў ваенных мэтах.

Рускі губернатар жыў у самым прыгожым будынку Гродна, так званым замку Тызенгаўза (Schloss von Tyzenhaus). Чалавек, які насіў гэтае нямецкае імя, з'яўляўся апошнім рэгентам (Reichsverweser) апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста.

Відаць, гэта быў незвычайна разумны, адукаваны і энергічны чалавек, якому горад абавязаны сваім тэатрам, сваімі садамі, карацей, большай часткай таго, што яго ўпрыгожвае і сёння, за што горад і ўзнагародзіў яго: у фарным касцёле знаходзіцца выкананы з густам кенатаф Тызенгаўза.

Дымлівыя руіны яго велічнага палаца прыняў пераможны генерал Шольц, які загадаў сваёй артылерыі абараняць грамадскія будынкі горада, але ўжо не мог выратаваць гэты лепшы. Кажуць, што рускі губернатар загадаў спаліць свой замак, каб прымусіць знікнуць з паверхні зямлі відавочна сумнеўныя дакументы яго самога і яго папярэднікаў. Варварская, але разумная працэдура.

Старую каралеўскую рэзідэнцыю Гродна ад горада аддзяляе глыбокая цясніна, праз якую працякае ручаёк з назвай Гараднічанка, якая пераклікаецца з назвай горада і ўпадае ў Мемель ніжэй Старога замка. Гэтая цясніна, забудаваная абветранымі, чорнымі, драўлянымі хатамі, таксама надае гораду рамантыкі. Гэта нагадвае Гранаду. І наўрад ці можна здзівіцца, калі летам з нор і сховішчаў вылезуць цыганы, але ледзяны вецер, які праносіцца па гэтай бяссонечнай даліне зімой, адпужвае ўсіх, у каго няма двара, поўнага дроў, каб тапіць паўгода. Ён бязлітасна і сурова важдаецца вакол старажытнай Каложскай капліцы і пустога замка, якія над цяснінай гутараць адно з адным аб мінулым і няпэўнасці будучыні».

Фрагмент 23. Князь Януш – прыхільнік забароненага кахання

Сярод магнатаў Рэчы Паспалітай, па-за ўсякім сумневам, былі людзі высакародныя і ўзнёслыя, але неверагоднае багацце, якое даставалася арыстакратам паводле права нараджэння, мякка кажучы, не заўсёды штурхала да гарманічнага развіцця годнай асобы.

Нярэдка гралі сваю ролю і спадчынныя захворванні, якія ператваралі надзеленых велізарнай уладай вар'ятаў у вялікую небяспеку для людзей навокал, як гэта было ў выпадку князя-маньяка Марціна Радзівіла з Чарнаўчыц.

Безумоўна менш небяспечным, але, бадай, не на многа менш дзіўным быў князь Януш Аляксандр Сангушка. Гэты магнат, пасля смерці бацькі Паўла Караля, з'яўляўся гаспадаром вялiкай Астрожскай ардынацыі (непадзельнага маёнтка), якая ўключала больш за два дзесяткі гарадоў і некалькі сотняў вёсак, і, хоць князь з роду Гедэмінавічаў саступаў найбагацейшаму магнату Рэчы Паспалітай, Міхаілу Радзівілу «Рыбаньцы», Януш Аляксандр, па-за ўсякім сумневам, уваходзіў у лік найболей забяспечанай шляхты Рэспублікі Абодвух Народаў.

Князь не надта любіў пакідаць радавыя маёнткі, але шырока вядомым дзіваком яго зрабіла зусім не цяга да своеасаблівага затворніцтва. Пра некаторыя цікавыя рысы незвычайнага князя чытачам раскажа яго сучаснік, берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч.

«Януш Сангушка, спярша мечнік літоўскі, а пасля маршалак надворны літоўскі, пасля смерці бацькі свайго Паўла Сангушкі, маршалка вялікага літоўскага, на ўсякія свавольствы ахвочы, асабліва выкарыстанне мужчын для амураў, і жонку сваю прыгожую, з роду Дэнгоф, полацкую ваяводзянку (дачку вояводы, заўв. Я.А.) пакінуўшы, быў на ўсякія пустыя марнаванні ласы».

Такім чынам, князь Януш з'яўляўся, бадай, найбагацейшым і найбольш уплывовым магнатам Рэчы Паспалітай сярод асоб, скажам так, нетрадыцыйнай арыентацыі. Зразумела, у асяроддзі шляхты былі аматары «амураў» з мужчынамі, але Сангушка рэзка адрозніваўся ад большасці тым, што не хаваў сваіх прыхільнасцяў. Князь, кажучы сучаснай мовай, здзейсніў камінг-аўт тады, калі гэта не было мэйнстрымам, прычым не было мэйнстрымам наогул.

Далей Матушэвіч паведамляе, што Януш перадаваў спадчынныя гарады і вёскі Астрожскай ардынацыі розным шляхціцам, парушаючы тым самым прынцып непадзельнасці маёнтка.


Януш Сангушка.


Прыцягвае ўвагу паведамленне аб асаблівым выгадаатрымальніку. Матушэвіч запісаў, што князь падарыў:

«Каролю Шыдлоўскаму, мечніку смаленскаму, свайму фаварыту і каханку, горад Казмін (Kozmin) і 17 вёсак».

А што вы, дарагія чытачы, дорыце сваім «палавінкам»? Аўтар гатовы спрачацца, што нікому з вас не даводзілася ў літаральным сэнсе дарыць сапраўдны горад.

Ну а што ж звязвала Януша Сангушку з Гродна? У горадзе над Нёманам бацька Януша Павел Кароль узвёў, не без пэўнай цяганiны, палац, які перайшоў пазней сыну. Акрамя таго, гомасэксуальны князь валодаў каменнай карчмой на галоўнай плошчы горада. Рэшткі гэтага дома, уключаныя пры пазнейшых перабудовах у новы будынак, памылкова называюцца зараз палацам Сангушак. Аб'ект мае адрас: вуліца Савецкая, дом 1.

Шалёны марнатраўца і аматар забароненага кахання, князь Януш, не надаваў, вядома ж, асаблівай увагі сваёй гродзенскай нерухомасці, бо яна была толькі невялікай часткай яго шырокіх уладанняў, аднак часткова захаваная карчма дагэтуль можа нагадваць гараджанам аб асаблiвым «дзіваку», што застаўся ў гісторыі вельмі супярэчлівым, але па-свойму яркім персанажам.

Фрагмент 24. Пра гісторыю гродзенскага піўзавода ў прыватнасці і гродзенскага піваварства ў цэлым

Гісторыя комплексу будынкаў гродзенскага піўзавода, па меркаванні некаторых адмыслоўцаў, сыходзіць каранямі ў XVI стагоддзе. Вядома, што ў гэтым стагоддзі прадстаўнік знакамітага ў будучыні магнацкага роду, віцебскі ваявода Іван Багдановіч Сапега, валодаў нейкім палацам непадалёк ад галоўнай гродзенскай ракі.

У сярэдзіне XVI стагоддзя згаданы «сапяжынскі» палац ля Нёмана, які знаходзіўся ва ўласнасці вядомага палітычнага і вайсковага дзеяча ВКЛ, Астафея Багдановіча Валовіча. Гісторыкі мяркуюць, што гаворка тут ішла менавіта аб нерухомасці на месцы будучага гродзенскага піўзавода, хоць, існуюць і іншыя версіі адносна згаданай маёмасці Сапегаў.

Ранейшая сярод вядомых выяў палаца каля Нёмана, змешчана на гродзенскім плане, які датуюць 1655 годам. Мяркуючы па гэтым дакуменце, на месцы будучага піўзавода знаходзілася адносна буйная пабудова з чатырма выступамі па кутах, так званымі алькежамі. Такое архітэктурнае рашэнне з'яўлялася вельмі тыповым для шляхецкіх рэзідэнцый таго часу. Спецыялістам не зусім ясна цi быў прадстаўлены на плане аб'ект вядомым пазней каменных палацам, ці іншай рэзідэнцыяй, магчыма, драўлянай, ад якой у будучыні маглі захавацца толькі шырокія падвалы.

Мяркуецца, што мураваны палац сапраўды існаваў у перыяд 1680—1720 гадоў.

Мастацтвазнаўчы аналіз захаванага будынка дазваляе аўтару выказаць здагадку, што праектантам гродзенскага палаца з'яўляўся Тыльман ван Гамерэн – адзін з найвялікшых архітэктараў, якія працавалі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, ці нехта з яго пераймальнікаў.

З пачатку XVIII стагоддзя, пасля паражэнняў Сапегаў у грамадзянскай вайне, палац знаходзіўся ва ўласнасці іх праціўнікаў з даўняга княжацкага роду Агінскіх.

Згодна з планам пачатку XVIII стагоддзя, у тыя гады палац меў высокі дах і свайго роду вежы па краях асноўнага аб'ёму, то бок выступы-алькежы, якія ўзвышаліся над будынкам і былі накрыты шатровымі завяршэннямі.


План Гродна, як мяркуецца, пачатку XVIII стагоддзя. Па цэнтры бачны палац Агінскіх.


Рэзідэнцыяй валодаў Юзаф Тадэвуш Агінскі – троцкі ваявода. Вельмі выдатнай персонай была сястра гэтага высокага саноўніка – Алена Агінская, якая адрознівалася не толькі вялікім розумам, але і неверагоднай фізічнай сілай. Князёўна, паводле легенд, магла выйграваць рыцарскія турніры і згортвала срэбныя талеркi ў трубу голымі рукамі. Лёгка ўявіць сабе, як гэтая дзіўная жанчына наведвала брата ў яго гродзенскім палацы і паказвала свае незвычайныя ўменні.

Жонкай Юзэфа стала прадстаўніца найбагацейшага магнацкага роду, княгіня Ганна Вішнявецкая.


Ганна з Вішнявецкіх Агінская. Жонка гаспадара гарадзенскага палаца Юзэфа Агінскага.


На плане Гродна 1753 года палац адзначаны як каменны. Зафіксавана форма будынка, з двума рызалітамі па краях.

Пасля Юзафа і Ганны гродзенскім палацам валодаў іх сын – Міхаіл Казімір Агінскі. Гэты магнат стаў адным з самых вядомых прадстаўнікоў роду і адным з самых уплывовых людзей краіны. Ён ажаніўся з Аляксандрай з роду Чартарыйскіх, якая была вядома сваёй любоўю да мастацтва і картачных гульняў.

Пазней будынак перайшоў ва ўласнасць Казіміра Вальмера, вядомага ў гродзенскім павеце шляхціца і ўплывовага ў ВКЛ саноўніка.

Выгляд будынка ў канцы XVIII пачатку XIX стагоддзяў быў зафiксаваны на малюнку вядомага жывапісца Юзафа Пешкі, які адлюстраваў горад з боку сучаснага лесапарку Пышкі. На гэтым малюнку відаць, што пабудова ўсё яшчэ захоўвала сваё ўнушальнае аблічча магнацкага жылля з алькежамі-вежкамі па краях.

Аднак пазней будынак губляе былы бляск і падобна да некаторых іншых гродзенскіх палацаў перастае выконваць функцыі прадстаўніцкай рэзідэнцыі.

У 70-х гадах XIX стагоддзя будынак належаў аўстрыйскаму падданаму Юзэфу Кунцу, які і адкрыў у былым магнацкім палацы бровар.

Варта сказаць, што ў Гродне былі даўнія традыцыі піваварства. Піваварні размяшчаліся пры карчмах, а таксама ў асаблівых будынках у даліне Гараднічанкі. Займаліся піваварствам не толькі свецкія людзі, але і духоўныя асобы, якія, падобна сваім заходнееўрапейскім субратам, таксама варылі піва ў манастырскіх пабудовах. Напрыклад, броварам валодалі манахі бернардынцы, якія выраблялі пенны напой прама ў сценах манастырскага комплексу. Манахі баніфраты валодалі вялікім будынкам бровара на вуліцы Раскоша (Ажэшкі 9), а ў часы гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза быў ўзведзены бровар на высокім беразе Нёмана. Цяпер гэты будынак па адрасе Падольная 37.


План бернардынскага кляштара, ХIХ стагоддзе. Піваварня выдзелена стрэлкай.


Атрымаўшы новае, гэтым разам прамысловае прызначэнне, былы палац Агiнскiх быў значна рэканструяваны і пашыраны з дапамогай дадатковых прыбудоў. Новыя часткі будынка выконваліся ў строгім стылі, са стрыманым дэкорам, у духу так званай цаглянай эклектыкі.

Датай заснавання піўзавода Кунца лічыцца 1877 год. Прадпрымальны замежнік хутка нарошчваў магутнасці і неўзабаве выйшаў на першае месца ў горадзе па аб'ёме вытворчасці хмельнага напою.

Пасля Юзэфа піўзавод перайшоў да яго сыноў і спадчыннікаў Ігнацыя і Франца. Пазней прадпрыемства прадалі Браніславу Краткоўскаму.

У 1914 годзе завод вырабляў больш за 3 з паловай мільёны літраў піва ў год, што адпавядала больш чым 6 мільёнам бутэлек, якія ў расійскай імперыі павінны былі мець аб'ём 0,6 літра.

Нягледзячы на буйныя аб'ёмы вытворчасці піўзавод Краткоўскага меў і нямала канкурэнтаў у самім Гродне, у прыватнасці: бровары Рахілі Андрэс і Лейбы Слуцкага.

У 20-х гадах ХХ стагоддзя піўзавод знаходзіўся ва ўласнасці Юдэля Марголіса.

У 30-х гадах таго ж стагоддзя піваварная вытворчасць належала прадпрыемству найбагацейшага габрэйскага камерсанта з Варшавы – Гарацыя Гелера, які да таго часу ўжо сканаў. У гэты перыяд якасць гродзенскага піва стала вышэйшай.

За савецкім часам прадпрыемства працягвала працу, якая не спынялася і пасля распаду СССР.

Гарадзенскі піўзавод быў зачынены ў 2007 годзе.

Новае жыццё старажытнага аб'екта, які змяніў столькі розных гаспадароў, пачалося ў 20-х годах ХХI стагоддзя.

Аўтар меў магчымасць накіраваць свае прапановы адносна рэстаўрацыі будынка, якая якраз ідзе падчас напісання кнігі, у міністэрства культуры, а таксама самім гаспадарам і рэстаўратарам. Асноўнымі пунктамі гэтых прапаноў можна назваць адкрыццё старажытных арак і ўзвядзенне купалаў над уключанымі ў асноўны аб'ём алькежамі. Да моманту выдання гэтай кнігі аркі ўжо адчыненыя, але ўзвядзенне купалоў, вядома ж, запатрабуе ад навуковых кіраўнікоў значна больш адвагі. Якім будзе вынік адраджэння гэтага важнага для культуры краіны будынка як звычайна пакажа час.

Фрагмент 25. Гродзенская мінералка

Яшчэ адна глава, якая ўключае цытаты з газеты «Grodnoer Zeitung». На гэты раз прыведзены аповяд аб праектах выкарыстання мясцовай мінеральнай вады.

«Пры правядзенні буравых работ дзеля пошуку падземнай вады з мэтай забеспячэння горада Гродна ідэальнай пітной вадой, на Мемелі знойдзена жалезістая крыніца, якая залягае ў зямлі на глыбіні 40 метраў і мае тэмпературу 8 градусаў, і паднімаецца на 4 метры над зямной паверхняй.

Знаходка – пэўная крыніца жалезістай вады і яна здольная канкураваць з лепшымі такімі водамі з тых, што ёсць у нас у Нямеччыне. Крыніца складаецца з растворанага ў вадзе вуглякіслага жалеза (kohlensaurem eisen) у спалучэнні з вялікай колькасцю вугальнай кіслаты.

Колькасць месцаў для купання з прыроднымі жалезістымі водамі дастаткова вялікая. Вядомымі месцамі з'яўляюцца Пірмонт (Вальдэк), Кудава, Райнерц (Сілезія), Эльстэр (Саксонія), Лібенштайн (Майнінген), Спа (Бельгія) і як самы вядомы Швальбах Насаў. Утрыманне вуглекіслаты ў гэтых крыніцах рознае, гэта ў Пірмонце 0,077, Кудове 0,035, Райнерцы 0,05, Эльстэры 0,08, Лібенштайне 0,01, Спа 0,07 і Швальбахе 0,08. Абследаванне крыніцы ў Гродне паказала, што састаў вады аналагічны саставу вады ў Швальбаху.

Крыніцы Швальбаха, якія бяруць пачатак у Хунсруку, вядомыя з XVI стагоддзя, і веданне іх гаючых уласцівасцяў, якое iдзе з таго часу, таксама тлумачыць незвычайную папулярнасць гэтых купалень.

Ці мусіць Гродна атрымаць такі ж статус курорта, як Швальбах у мінулым? Нам даўно вядома, што мясцовасць багатая на мінеральныя воды, у Друскеніках нават знайшлі гаючыя радыевыя крыніцы. Утрыманне жалеза магло б дапамагчы курорту жыць, таму сёння ў цэнтры ўвагі знаходзіцца колькасць радыю ў крыніцы, і можна спадзявацца, што мы таксама зможам знайсці тут ваду, якая змяшчае радый.

Са спрадвечных часоў з водамі, багатымі мінераламі, звязвалі сагі і легенды, з'яўленне крыніцы лічылася цудам, таму што яго дзеянне лічылася дабром. Легенда аб Рэйнгольдзе (Золата Рэйна – опера Рыхарда Вагнера. Заўвага Я. А.) таксама заснавана толькі на сцвярджэнні, што воды Рэйна нясуць золата. Фарміраванне легенд, злучанае з такімі гаючымі крыніцамі, носіць сістэматычны характар. Засталося даведацца, ці створаць нашы бедныя паэзіяй часы міф аб гарадзенскіх жалезістых крыніцах».

Фрагмент 26. Тэатральна-музычныя адкрыцці падскарбія і прадмет нацыянальнага гонару беларусаў

Антоній Тызенгаўз не раз станавіўся героем асобных кніг і не толькі гістарычных, але і мастацкіх. Тут мы паспрабуем звярнуць асаблівую ўвагу на тэатральныя і музычныя праекты падскарбія надворнага літоўскага, дзякуючы якім сучасныя беларусы маюць права на асаблівы гонар за дасягненні іх земляка.

Найперш гаворка пойдзе пра найстарэйшы будынак тэатральна-музычных школ Беларусі, гэта значыць, у некаторым сэнсе, прабабулю ўсіх беларускіх тэатральна-музычных школ, у тым ліку і вышэйшых. Аднак ёсць і іншыя вельмі цікавыя дэталі гэтай гісторыі! Паводле даследаванняў аўтара, гродзенская школа гэта найстарэйшы будынак сярод музычных і тэатральных школ Рэчы Паспалітай, і адзін са старэйшых такіх будынкаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе! Чым не нагода для гонару!

Дык што ж такога асаблівага ў гэтай навучальнай установе? Паспрабуем разабрацца.

Музычная і тэатральная адукацыя ў Польшчы і Рэчы Паспалітай, вядома, не была нечым неверагодным. Музыкай і тэатрам займаліся ў розных навучальных установах, у прыватнасці, такія заняткі актыўна праводзіліся ў езуіцкіх калегіумах на тэрыторыі будучай Беларусі. Аднак у краіне не існавала асобнай школы, са сваім будынкам і выкладчыцкім калектываам, прызначанай менавіта для падрыхтоўкі артыстаў, гэта значыць правобразу будучых кансерваторый і тэатральных школ.

Артысты ў ВКЛ і Польшчы часта былі замежнікамі, акрамя таго, у школьных і магнацкіх тэатрах ігралі непрафесійныя акцёры, нярэдка i шляхетскага паходжання.


Крывая афіцына. Першапачатковы від і фота 2010 года.


У другой палове XVIII стагоддзя магнацкія тэатры былі адным з галоўных лакаматываў тэатральнага і музычнага мастацтва Рэчы Паспалітай, і тут магнаты ВКЛ не саступалі польскім, а хутчэй нават пераўзыходзілі іх.

Вядома, што ў 60-я і 70-я гады XVIII стагоддзя актыўныя і адукаваныя людзі, схільныя да рэфарматарскай дзейнасці, а менавіта: Міхаіл Казімір Агінскі і Антоній Тызенгаўз, заснавалі адпаведна ў Слоніме і Гродне, школы для артыстаў сваіх тэатраў. Гэта быў прарыўны эпізод па мерках культуры ўсёй Рэчы Паспалітай. У Польшчы ў гэты час яшчэ не было сваёй «кансерваторыі».

Нажаль, ад палаца і іншых пабудоў Агінскага ў Слоніме амаль нічога не засталося. А вось будынкі тэатральнай і музычнай школы Тызенгаўза да гэтага часу ўпрыгожваюць адну з цэнтральных плошчаў Гродна, названую ў гонар самога алігарха.

Пасля падзення Тызенгаўза яго школа была пераведзена ў Паставы і выпусціла некалькі выдатных майстроў, напрыклад, Міхала Рымінскага, які, на думку польскіх спецыялістаў: «najwybitniejszy polski tancerz baletowy XVIII wieku».

Варта адзначыць і еўрапейскі досвед стварэння такіх школ. Напрыклад, правобраз Парыжскай кансерваторыі быў адкрыты толькі ў 1784 годзе, а Венскай кансерваторыі ў 1817 годзе. Так што пачынанні Тызенгаўза сапраўды былі неверагодна прагрэсіўнымі па мерках усяго Старога свету. У Расійскай імперыі прафесійнай музычнай адукацыі ў тыя гады яшчэ не было.

Узровень выкладання ў школе Тызенгаўза быў дастаткова высокім. Вучні асвойвалі клавішныя, духавыя і струнна-смычковыя інструменты. У праграму ўваходзілі таксама спевы, нотная грамата і тэорыя музыкі. Вялося выкладанне танца. Выкладчыкамі школы былі скрыпач Л. Сітанскі, італьянскія балетмайстры – браты Пецінэці і іншыя вопытныя артысты.

Пасля апалы Антонія Тызенгаўза ў 1780 годзе, тэатральна-музычная школа была пераведзена ў Паставы.

Захаваны ў Гродне комплекс будынкаў тэатральна-музычнай школы складаецца з ужо згаданай Крывой афіцыны і найблізкага флігеля – «афіцыны музыкаў». У перыяд 40-50-х гадоў XIX стагоддзя, Крывая афіцына была значна перабудавана. Будынак атрымаў трэці паверх. Галоўны фасад дэкарыраваны высокімі дарыйскімі пілястрамі, філёнгамі і цягамі. Вокны першага паверха маюць апраўленні з разеткамі і замкамі, вокны другога – апраўленні з сандрыкамі, а вокны трэцяга – простыя апраўленні. Фасад вянчае атык, у цэнтральнай частцы якога размешчаны авальны праём, з ляпной гірляндай вакол. Прыватныя ўладальнікі будынку здавалі яго ў арэнду.

Цікава, што экстэр'ер «музычнай афіцыны» максімальна набліжаны да эпохі Тызенгаўза, хоць і не цалкам арыгінальны, а вернуты ў выніку рэстаўрацыі, бо ў часы Расійскай імперыі будынак быў перабудаваны ў стылi класіцызму. І яшчэ дзіўны факт – у былой афіцыне музыкаў да гэтага часу выкладаюць музычнае і тэатральнае мастацтва: там знаходзіцца спецыяльная дзіцячая школа імя Тызенгаўза, гэта значыць будынак выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні, як гэта было ў 70-я гады XVIII стагоддзя!

Як вядома, прыналежнасць тэатра, які знаходзіцца паблізу ад Крывой афіцыны, часта вызначаюць няправільна, называючы будынак «тэатрам Тызенгаўза». Насамрэч гэты старажытны тэатр пабудаваны пляменнікам караля, князем Станіславам Панятоўскім.

Цікава, што тэатр павінен быў размяшчацца на даволі вялікай адлегласці ад галоўнага палаца Гарадніцы, такім чынам, Тызенгаўз планаваў зрабіць хутчэй не класічны прыдворны «тэатр пры палацы», а паўнавартасны публічны тэатр, даступны абывацелям, якія маюць уваходны білет. Паводле даследаванняў аўтара, тэатр планаваўся прыкладна на месцы будынка па адрасе Ажэшкі 4. Мяркуючы па планах Гарадніцы, тэатр, які называецца «operhaus», павінен быў быць звязаны ў адзіную кампазіцыю з суседнімі будынкамі. Справа ад яго планавалі размясціць даволі буйны бровар, што пераўзыходзiў тэатр плошчай, а справа ад бровара планавалі ўзвесці будынак шпіталя, які павінен быў мець аналагічную тэатру плошчу, і, як можна меркаваць, мастацкае рашэнне, цалкам аналагічнае рашэнню тэатральнай пабудовы. На думку аўтара, даволі лагічнай будзе гіпотэза аб тым, што такі праект тэатра пазней выкарыстоўваў князь Станіслаў. Так з'явіўся будынак, вядомы ў горадзе як тэатр лялек і тэатр Тызенгаўза. Разам з асноўным корпусам і манежам яны склалі самы вялікі, па займаемай плошчы, палац ВКЛ, сярод цалкам пабудаваных у XVIII стагоддзі. Што да рэальнага тэатра Тызенгаўза, гэта значыць «оперхауса» і суседніх з ім будынкаў, то легенда плана 1780 кажа пра іх як аб пабудаваных. У любым выпадку, ужо на пачатку XIX стагоддзя гэтыя будынкі не існавалі.


План Гарадніцы 1780 года. Оперхаус (крайні справа) і суседнія будынкі.


Няма сумневаў, што трохi шалёны граф Тызенгаўз рэалізоўваў неверагодныя па размаху праекты, назаўжды ўпісаўшы сваё імя ў гісторыю Беларусі. І далёка не на апошнім месцы, сярод яго дасягненняў, стаіць стварэнне тэатральна-музычнай школы.

Цяпер мастацтва акцёраў і спевакоў прыносіць мільярды долараў, дзякуючы небывала развітай індустрыі забаў. І раз менавіта на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца будынак адной са старэйшых школ сярод усіх тэатральных і музычных навучальных устаноў Еўропы, то беларусам безумоўна варта ганарыцца такім аб'ектам і прыцягваць да яго ўвагу турыстаў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации