Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 25 апреля 2023, 07:00


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 9 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Фрагмент 11. Гальшанскія прывіды і ўваскрослы падканцлер

З Гальшанамі звязаны адны з самых папулярных беларускіх легенд аб прывідах: гісторыі пра Чорнага манаха і Белую панну. Гісторыі расказваюць з варыяцыямі, звычайна ў цэлым захоўваючы сюжэтную аснову. Часам Чорны манах і Белая панна аб'яўляюцца ўдзельнікамі нейкага пералюбу, які ганьбіць княскую годнасць гаспадара Гальшан, а iм часта паказваюць будаўніка замка і францысканскага манастыра, гэта значыць Паўла Сапегу. Аднак часцей у аснове гісторыі пра Белую панну ляжыць больш арыгінальны сюжэт пра дзяўчыну, якую замуравалі жыўцом у сцяну дзеля своеасаблівай ахвяры нейкім сілам, што былі пакліканы дзеля дапамогі ў будаўніцтве. Рабілася гэта для таго, каб прыдзірлівы гаспадар горада (звычайна гэта ўсё той жа Павел Сапега) не пакараў муляроў.


Павел Сапега.


Гальшанскія гісторыі пра зданяў яшчэ і, у пэўным сэнсе, самыя рэальныя з беларускіх легенд пра прывідаў, уключаных у гістарычны кантэкст, ці, прасцей кажучы, яны атрымліваюць найбольшую колькасць сучасных пацверджанняў. Напрыклад, у сувязі з легендай пра Белую панну часта любяць згадваць нейкую рэальную знаходку костак маладой жанчыны, здабытых падчас рэканструкцыі манастыра. Рабочыя, якія знайшлі гэтыя астанкі, нібыта ў хуткім часе памерлі. Акрамя таго, турысты, як пішуць у публікацыях СМІ, часам начуюць у пакоях кляштара, а потым нярэдка паведамляюць пра сапраўды дзіўныя і містычныя рэчы.

Дарэчы, свая Белая панна-здрадніца ёсць і ў гродзенскім замку… але ў замку Гродна, які знаходзіцца ў Ніжняй Селезіі, а не ў Старым замку Гродна над Нёманам.

Будаўнік гальшанскага замка Павел Сапега і сам нярэдка становіцца аб'ектам своеасаблівай інферналізацыі. У публікацыях СМІ можна сустрэць мянушку «Сіняя барада», прылепленую да магната з-за таго, што ён перажыў трох сваіх жонак. Аднак многія маладыя шляхцянкі тых гадоў паміралі рана, і больш-менш пажылы магнат нярэдка мог пахваліцца двума і больш шлюбамі. Напрыклад, Аляксандр Людвік Радзівіл быў жанаты тройчы. Цікава, што і яго апошняя жонка Катарына Яўгенія Тышкевіч таксама тройчы была заручана, а брала шлюб два разы. Такім чынам, шлюбы Паўла Сапегі, вядома ж, не былі нечым небывалым і ніяк не даказваюць яго нядобрае стаўленне да жонак.

Затое вядома, што напрыканцы свайго жыцця Сапега, які дасягнуў высокай пазіцыі ў іерархіі ВКЛ і займаў пасаду падканцлера вялікага літоўскага, змог здзівіць эліту Рэчы Паспалітай сваім нечаканым уваскрашэннем. Альбрэхт Радзівіл пісаў пра гэта так:

«Год 1634

Месяц чэрвень

Кароль, выехаўшы з Вільні, па дарозе палюючы і забаўляючыся, у апошнія дні гэтага месяца прыехаў у Гродна. Між тым вестка аб смерці падканцлера ВКЛ разнеслася, і гэта заахвоціла многіх, не чакаючы дакладных навін, стаць суіскальнікамі гэтай пасады. І кароль бы раздаў пасля яго пасады, але неўзабаве падканцлер прыбыў жывым і здаровым, і суіскальнікі, ашуканыя ў сваёй надзеі, сталі ўсеагульным пасмешышчам».

Вось такое цудоўнае вяртанне з таго свету, якое нямала ўразіла сучаснікаў.

Зрэшты, у наступным годзе Сапега памёр ужо па-сапраўднаму.

На пахавальнай цырымоніі магната, якая праходзіла ў тым самым францысканскім касцёле Гальшан, дзе цяпер нібы з'яўляецца Белая панна, францысканскі аратар Марк Карона зрабіў велізарную польскую прамову, багата закрашаную лацінскімі фразамі, у якой пералічваў шматлікія заслугі памерлага. У 1637 годзе выступленне францысканца было выдадзена ў Вільні асобнай кнігай, пад назвай «Krzyz strzalisty oswieconego domostwa ich mosciow pp. Sapiehow…» у якой было больш за 40 старонак.


Герб Сапег з кнігі М. Кароны, якая змяшчае пахавальную прамову ў гонар П. Сапегі.


Руіны гальшанскага замка, францысканскі касцёл гэтага мястэчка і прыгожае надмагілле Паўла Сапегі і трох яго жонак, і цяпер яшчэ даступныя для агляду, а значыць падканцлер Вялікага княства Літоўскага пакінуў пасля сябе нядрэнную спадчыну.

Фрагмент 12. Ляхавіцкія гарматы і талерантнасць, якая апярэдзіла свой час

Замак у Ляхавічах, створаны ў яго найбольш вядомым выглядзе, самым выдатным палкаводцам ВКЛ, Янам Каралем Хадкевічам, з'яўляўся адным з самых непрыступных фартыфікацыйных комплексаў, якія існавалі на тэрыторыі будучай Беларусі. У рамках гэтай кароткай нататкі мы, аднак, не будзем надаваць увагу слаўнай гісторыі абароны фартэцыі Ляхавіч, а замест гэтага зірнем на інвентар замка, які знаходзіцца ў пераліку Актаў Віленскай Археалагічнай Камісіі.


Ляхавіцкі замак у XVII стагоддзі. Бачныя гарматы.


Складзены дакумент быў у 1658 годзе і яго асаблівая каштоўнасць у тым, што ён вельмі дэталёва апісвае арсенал знакамітага замка ВКЛ. У дадзеным выпадку, мы звярнём увагу на, у некаторым родзе, паэтычны кампанент пераліку грознай зброі, сабраннай у замкавым арсенале. Гаворка пра назвы гармат, якія ў тыя гады мелі свае асаблівыя імёны.

У фартэцыі Ляхавіч знаходзіліся наступныя пушкi: Кантар, 1614 з гербамі Яна Караля Хадкевіча, Васіліск, 1606 з тымі ж гербамі, Кіт, 1617 з тымі ж гербамі, Малпа, таго ж года і з гербамі Яна Караля Хадкевiча, Перун, 1609 года з тымі ж гербамі, Баба, 1602 года з гербам «Лілія» і літарамі С. D. S., Маўр, 1614 года з гербамі Яна Караля, Дракончык з выявай дракона, Сокал, 1601 года і з тым жа гербам, Самсон, 1617 года з гербамі Яна Караля і шмат іншых гармат, у прыватнасці, шведскіх, якія, мабыць, з'яўлялiся трафеямі.

Цікава, што самым цяжкім ядром, якое важыць 25 фунтаў, магла страляць гармата Маўр. Тут аўтар дазволіць сабе крыху гумару і заўважыць, што, відавочна, ужо тады літвіны зразумелi немалое значэнне талерантнасці і паліткарэктнасці, як звычайна апярэдзіўшы свой час.

Фрагмент 13. Старая пліта і Рымвіды-Міцкевічы з Лідчыны

Калі вы зазірнулі ў велічны езуіцкі, а цяпер фарны, храм горада Гродна, то без усялякага сумнення вам варта агледзець капліцу Св. Міхаіла Арханёла, размешчаную злева ад галоўнага алтара. Там варта звярнуць увагу на вялiкую каменную пліту, якая ляжыць на узроўне падлогi капліцы. Як не цяжка здагадацца гэтая пліта закрывае ўваход у сямейную крыпту. Надмагілле ўпрыгожваюць два шляхецкія гербы – Ліс і Абданк. Не абавязкова быць вялікім знаўцам гербаў шляхты ВКЛ, каб ведаць, што герб Ліс выкарыстоўваўся, акрамя іншых, магутнымі Сапегамі. Але хто ж пахаваны пад гэтай плітой? Нехта з Сапегаў? Нават не ўсе гарадзенскія краязнаўцы ведаюць адказ на гэтае пытанне. Гэта Эліяш Міхаіл Рымвід, герба Ліс, і яго трэцяя жонка – Беата Тэрэза Пекаслаўская, герба Абданк.

Род Рымвідаў, які паходзіць, відавочна, ад балцкага продка, быў дастаткова разгалінаваным. Акрамя таго, верагодна, што некаторыя шляхецкія носьбіты дадзенага прозвішча, а роўна і падобных прозвішчаў, не былі сваякамі і вялі свае радаводы ад зусім розных заснавальнікаў.


Пліта з Фарнага касцёла.


Вядома, што па ўмовах Гарадзельскай уніі нейкі Ян Рымвідавіч атрымаў герб Гржымала ад вядомага польскага рыцара Дамарата з Кабылян. У першай палове XV стагоддзя згадваецца таксама Генрык Карэйва Рымвідавіч. У гэты ж перыяд жылі Аляхно і Юшка Рымвідавічы. Менавіта ад гэтых двух Рымвідовічаў, паводле некаторых гіпотэз, паходзілі роды Дарагастайскіх і Забярэзiнскіх. Паводле іншай версіі, заснавальнікам гэтых шляхетных родаў быў нейкі іншы Рымвід.

Па звестках лідскага краязнаўцы Міхала Шымілевіча, нейкія Юхно і Раман Рымвідавічы згадваюцца на пачатку XVI стагоддзя ў Вількамірскім павеце.

Каспар Нясецкі згадвае род Рымвідаў у Жамойцкім старостве. Гэты род, на думку Нясецкага, карыстаўся варыяцыяй герба Ліс. Тут, дарэчы, варта адзначыць, што на гарадзенскай пліце адлюстраваны стандартны варыянт герба, з двума перакладзінамі. Менавіта да гэтага роду, які асеў у Жамойці, Нясецкі адносіць Эліяша Міхаіла Рымвіда, які будаваў кар'еру ў лідскім павеце.

Можна выказаць здагадку пра сувязь роду Эліяша са згаданнымі вышэй Юхно і Раманам. Акрамя таго, вядома, што ў 1567 годзе нейкі Юзэф Рымвід валодаў трыма валокамі зямлі ў Васілішках, непадалёк ад Ліды.

Эліяшу Рымвіду ўдалося значна ўмацаваць пазіцыі роду і заняць пасаду лідскага маршалка. Гэты пан неаднаразова быў паслом на сеймы. У сваім маёнтку Дэмбрава Эліяш пабудаваў храм езуітаў, які, у перабудаваным выглядзе, захаваўся да нашых дзён.

Рымвід памёр пасля 1695 года. Мецэнат езуітаў быў пахаваны ў іх гродзенскім храме, разам са сваёй трэцяй жонкай Беатай Пекаслаўскай.

Ян Рымвід, які з'яўляўся сынам Эліяша Міхаіла, атрымаў ад бацькі Дэмбрава і двор у Лідзе, але біяграфія гэтага шляхціца малавядомая даследчыкам.

Далейшы лёс лідскіх Рымвідаў – таямніца для спецыялістаў.

У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы нюанс. Нясецкі прыпісвае жамойцкім і лідскім Рымвідам прозвішча Міцкевіч, нібыта атрыманае ад аднайменнага маёнтка. Ад роду Рымвідаў-Міцкевічаў з Лідчыны вёў свой радавод і самы знакаміты носьбіт прозвішча, паэт Адам Міцкевіч. Як вядома, паходжанне Міцкевіча служыць прадметам спрэчак. У дыскусіі з аўтарам беларускі генеалог Дзмітрый Дрозд аднойчы выказаў заўвагу, паводле якой даследчыкі радаводу паэта адзіныя ў меркаванні аб тым, што Міцкевіч не меў дачынення да Рымвідаў. Разам з тым, загадкавы лёс лідскіх Рымвідаў пакідае прастору для гіпотэз. Ці быў пахаваны ў Гродне Эліяш Рымвід далёкім сваяком знакамітага паэта? Хто ведае. Але супадзенне прозвішчаў відавочна.

Фрагмент 14. Пачвара з Чарнаўчыц

Шалёны член знакамітага роду Радзівілаў, сын Яна Радзівіла, Марцін Радзівіл, з'яўляецца, на дадзены момант, даволі папулярным персанажам у заснаваных на гістарычных фактах публікацыях СМІ. Яркая выява магната-маньяка, супастаўнага сваёй легендарнай жорсткасцю, напрыклад, з шырока вядомай «крывавай графіняй» Лізаветай Батары (ці дакладней яе вобразам у папулярнай культуры) добра падыходзіць для кароткіх і маляўнічых аповядаў, здольных прыцягнуць увагу публікі да гістарычнага кантэнту.

Ці сапраўды гаспадар палаца ў Чарнаўчыцах пад Брэстам быў псіхічна хворым злачынцам, схільным да садызму? Мяркуючы па гістарычных дакументах – так. Гэта не адмяняе таго факта, што з часам дзеі князя абраслі легендамі, якія дапаўняюць вобраз крыважэрнага злыдня не заўсёды пэўнымі фактамі. Можна паспрабаваць разабрацца, дзе ж насамрэч праўда, а дзе хлусня ў аповядах пра алхіміка з Берасцейскага ваяводства.

Сярод звестак, якія заслугоўваюць даверу, можна вылучыць, напрыклад, інфармацыю з дзённіка Марціна Матушэвіча, які быў сучаснікам свайго жахлівага цёзкі-магната. Марцін напісаў пра князя радкі, якія дэманструюць стаўленне Радзівіла да ўласных схільнасцяў:

«Князь Марцін Радзівіл крайчы ВКЛ, ведучы свавольнае жыццё і маючы свой шматлікі гарэм, заўсёды баяўся, каб кансісторыя (рада каталіцкага духавенства. Заўв. Я.А.) не папракнула яго за гэта».

Яшчэ больш дэталёвае апавяданне змешчана ў іншым месцы дзённіка і паказвае ўзяцце вар'ята-князя пад варту. Некаторыя легендарныя звесткі апісваюць цэлы штурм чарнаўчыцкай рэзідэнцыі падчас якога князь Марцін нібыта граў на скрыпцы, але Матушэвіч малюе крыху іншую карціну:

«Тады стараста старадубскі расказаў мне пра ўзяццё князя літоўскага крайчага пад апеку князя харунжага вялікага літоўскага. На трох Радзівілаў была падзелена гэтая апека, каб узяць князя крайчага, а менавіта: князя гетмана вялікага літоўскага, на князя харунжага вялікага літоўскага і на князя ваяводу наваградскага. Перш за ўсё, нікому не кажучы загадзя, князь выехаў з Бялай у Чарнаўчыцы і паслаў перад сабой 200 найбольш давераных людзей, каб узяць князя крайчага. Гэтыя людзі акружылі двор у Чарнаўчыцах, калі князь крайчы, які быў папярэджаны аб гэтай апецы і збіраўся ўцякаць з Чарнаўчыц на наступны дзень, выскачыў з пісталетамі, тады яго неадкладна выкралі і выкруцілі пісталеты з рук. Пасля аддадзенага рапарта, што князь крайчы ўжо быў узяты, князь харунжы і стараста старадубскі прыбылі ў Чарнаўчыцы. Там князь харунжы зрабіў прамову пра яго свавольнае жыццё і ўчынкі князя крайчага і загадаў яму пастанову аб папячыцельстве прачытаць, прачытаўшы якую, князь крайчы паабяцаў выправіцца і хацеў даць вялікія сумы князю харунжаму, просячы аб свабодзе, але гэта не дапамагло. Затым князь харунжы спытаўся пра княгіню крайчанку, яго жонку, якая знаходзілася ў зняволенні. Тады князь крайчы даў ключы ад пакоя, дзе яна была зачынена, і яе вывелі адтуль, там жа маленькія княжычы, яе сыны, былі зачынены ў вялікай нязручнасці і смуродзе, таму што ў гэтым адным пакоі яны павінны былі спаць, есцi і задавальняць іншыя патрэбы прыроды. Потым князь харунжы спытаўся пра мэтрэс, якіх таксама выпусцілі з іншага закрытага памяшкання. Іх шмат пыталі аб тым, у каго ёсць дзеці ад князя і як яны патрапілі ў гарэм. Кожная павінна была расказаць сваю гісторыю, і адны казалі, што іх падманулі, іншыя, што іх выкралі сілком, а трэція, што іх прадалі бацькі і маці, а адну парафіяльны ксёндз з Давыд-Гарадка скраў у бацькоў і за 200 дукатаў прадаў. Распавядалі і іншыя жахі, як ён сваіх памерлых дзяцей, народжаных мэтрэсамі, дыстыляваў, як ён верыў габрэям і жадаў ехаць у Амстэрдам. У гэтых мэтрэс адабралі каштоўнасці і даражэйшыя рэчы, i ў сукенках, якія ў іх былі, потым даставілі іх да сваякоў.

Акрамя таго, у фальварку былі кадэткі – маладыя дзяўчаты, з прыгожымі тварамі, з розных саслоўяў, якіх бралі, а па дасягненні паўналецця аддавалі князю. Яны таксама ў вялікім дыскамфорце, босыя і ў кашулях, былі паўсюль, і часта быў моцны голад, і яны заўсёды былі зачыненыя.

Князь баяўся ўсіх людзей, як бы яго не атруцілі, таму ўнутры палаца былі і бровар, і кухня, і півавар, і кухар давераныя. Абед звычайна быў у 6 гадзін дня, а вячэра на досвітку, але часта па некалькі дзён не было ні абеду, ні вячэры.

Князю крайчаму загадалі сесці ў карэту, каб ехаць у Бялу. Ён жа так чапляўся за жонку, што яе ледзь-ледзь вырвалі з яго рук. Нарэшце знайшлі лёкая Міхала, без якога ён не хацеў ехаць, сілай кінулі ў карэту, закрылі яе і прыставілі варту, а затым вывезлі да Бялай. Потым габрэя, ягонага фаварыта, па імені Шымон, які ўсім кіраваў і многім хрысціянам рабіў жудасныя рэчы, знайшлі і пасадзіўшы ў крытыя вазы, вывезлі з усёй яго сям'ёй у Бялу. Потым, па ўказанні гэтага ж жыда, перад тым як яго павезлі, знайшлі 200 тысяч злотых польскіх гатоўкай, каштоўнасці ды іншыя рэчы.

Князь харунжы выехаў у Бялу і там трымаў князя крайчага ў суровым арышце, не даючы яму ні нажа, ні відэльца, не голячы яго, а толькі абстрыгаючы нажнічкамі бараду. Вось такую я тады атрымаў ад старасты старадубскага справаздачу».


Марцін Радзівіл.


Такім чынам, мемуары Матушэвіча апавядаюць пра жанчын, якія знаходзяцца ў гарэме, аднак пра прычыны траплення ў гарэм шляхцічы даведаліся са слоў саміх палонных дам. Ці маглі дзяўчыны пагадзіцца на добраахвотнае пражыванне ў гарэме, улічваючы, што, як напісана ў Матушэвіча, «мэтрэсы» гарэма мелі пры сабе дарагія рэчы, у тым ліку і каштоўныя ўпрыгожванні? Тэарэтычна, так.

Могуць выклікаць сумневы і жахлівыя аповяды аб продажы дачок уласнымі матулямi, а таксама страшных досведах з целамі немаўлятаў. Аднак падобны продаж дзяцей для задавальнення запатрабаванняў паноў апісаны і ў мемуарах знакамітага Казановы, які наведваў Рэч Паспалітую, праўда ў другой палове XVIII стагоддзя, калі князь Марцін ужо знаходзіўся пад апекай радні. Легендарны спакуснік адзначыў, што падчас знаходжання ў Пулавах яму спадабалася сялянка, якую яе бацька прымусіў, ужыўшы фізічную сілу, уступіць у сувязь з госцем. За нявіннасць дзяўчыны Казанава спакойна аддаў 100 флорынаў пасля чаго на яго пасыпаліся іншыя прапановы.

«На раніцу мне сталі прапаноўваць іншых, хаця нават не паказвалі.

– Але дзе ж сама дзяўчына? – пытаўся я ў кашталяна.

– Што Вам да яе асобы, галоўнае, што яна нявінная.

– Так твар якраз і важнейшы за ўсё іншае.

Пасля гэтага іх сталі да мяне вадзіць і перад ад'ездам я дамовіўся яшчэ з адной дзяўчынай. А ўвогуле, скажу, што жанчыны ў тых краях непрыгожыя».

Яшчэ некалькі слоў пра злачынствы Радзівіла.

Польскі гісторык Тэадор Мараўскі, які не жыў у часы князя Марціна, піша пра магната, што «палоннікаў, якія крычалі ў ягоных лёхах, ён называў сваімі спевакамі».

Народжаны яшчэ пазней Мараўскага, гісторык Юльян Барташэвіч паведамляе аб легендарным маньяку наступнае:

«Арыгінальным у гэтых ягоных дзівацтвах было тое, што ён стаў габрэем. Сэрца і душу, і ўвесь свой маёнтак ён аддаў габрэям. Габрэй быў у яго касірам, саветнікам, бліжэйшым сябрам. Кожную пятніцу ляцелі да яго, нібы звар'яцеўшы, габрэі з Брэста…»

Відавочна, што князь сапраўды быў, калі можна так выказацца, яскравым нефармалам, але некаторыя гісторыі, у прыватнасці, пра актыўныя і складаныя заняткі алхіміяй, усё ж выглядаюць сумнеўнымі, зрэшты, няма падстаў адмаўляць жорсткасць, амаральнасць і псіхічныя адхіленні Марціна.

Гісторыя князя яўляе чытачам рэдкі прыклад паўнавартаснага дзеяння так званага «закону бумеранга». Марцін трымаў людзей у зняволенні, здзяйсняючы таксама мноства іншых жудасных учынкаў, і ў выніку сам стаў палонным Гераніма Радзівіла, які, як лічыцца, адрозніваўся схільнасцю да садызму і не так і моцна саступаў у сваіх «дзівацтвах» чарнаўчыцкаму вар'яту. Геранім забраў Марціна ў найпрыгажэйшы замак Радзівілаў у Бялай, якая цяпер размешчана на тэрыторыі Польшчы, і там, як можна зразумець нават са скупых звестак Матушэвіча, былы гаспадар гарэма ўтрымліваўся ў вельмі жорсткіх умовах. Узнагарода знайшла героя.

Памёр князь Марцін у 1782 годзе, і, як напісана ў яго біяграфіях, быў пахаваны ў сямейным склепе, у Нясвіжы. Марцін не быў першым дзіваком з роду Радзівілаў і не стаў апошнім, але гэта, як любяць пісаць многія аўтары, ужо іншая гісторыя.

Фрагмент 15. Брэсцкі сейм, літоўская альтэрнатыва і пара несімпатычных магнатаў

У 1653 годзе ў Брэсце прайшоў сейм Рэчы Паспалітай. Ён аказаўся адзіным сеймам аб'яднанай дзяржавы, праведзеным у горадзе над Бугам. Акрамя таго, гэта быў самы першы сейм Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі ВКЛ. Цяпер, калі Гродна адносна шырока вядома ў асяроддзі беларускіх, польскіх і літоўскіх аматараў гісторыі, як сеймавая сталіца Рэчы Паспалітай, першы літоўскі сейм у Брэсце як бы адціснуты ў цень гродзенскімі сеймамі, у тым ліку і самым знакамітым з іх – апошнім сеймам той шляхецкай рэспублікі.

У якасці прычыны правядзення сейма ў Брэсце польскія даследчыкі называюць дрэнную эпідэмічную сітуацыю ў Польшчы. Як піша гісторык Караль Лапатецкі: «Магчыма, што падчас гэтага сейма сенатары заўважылі прыродныя абарончыя вартасці гэтага месца», і гэта, на думку спецыяліста, магло ў далейшым паўплываць на з'яўленне праектаў дадатковага ўмацавання горада.

Старшынстваваў на тым сейме, то бок быў сеймавым маршалкам, Хрыстафор Пац – дзейны і безумоўна здольны магнат, які, мяркуючы па некаторых фактах, валодаў яшчэ і добрым мастацкім густам. Аднак па-за ўсякім сумневам яго складана назваць сімпатычным чалавекам. Ушлы палітыкан, што не цураўся хабара, зразумела, дзейнічаў перш за ўсё дзеля ўласных інтарэсаў і інтарэсаў сваёй сям'і. Тым не менш, менавіта Пац адыграў вялікую ролю ў гісторыі Гродна, хаця на момант напісання гэтага тэксту мала хто з гродзенцаў, нават краязнаўцаў, ведае пра гэта.

Менавіта Хрыстафор Пац правёў на адным з варшаўскіх сеймаў рашэнне аб тым, што кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай павінен адбывацца ў Гродне. Ці не задумаў Пац гэтую камбінацыю яшчэ ў Брэсце, убачыўшы на практыцы, што сеймы Рэчы Паспалітай можна праводзіць і ў ВКЛ? Хто ведае.


Хрыстафор Пац.


Польскія саноўнікі, зразумела, негатыўна паставіліся да ідэі гродзенскіх сеймаў. Знакаміты польскі пісьменнік XVII стагоддзя, Ян Хрызастом Пасек пісаў пра гэта так:

«Год Гасподні 1679. Сёлета першы сейм у Літве праходзіў у Гродне. Паны-Літва ў нас выбілі такія пастановы, каб два сеймы, адзін за адным, праходзілі ў Кароне, а трэці ў Літве. Гэта было вельмі цяжка: нашым туды ездзіць. Але гэта ўжо назаўжды, калі стала звычаем».


У якасці матыву, які падштурхнуў Паца на прасоўванне так званай «літоўскай альтэрнатывы», гэта значыць склікання гродзенскіх сеймаў, даследнікі звычайна называюць жаданне магната павялічыць значэнне падуладнай яму Гарадзенскай эканоміі. Акрамя таго, Пац капітальна рэканструяваў гарадзенскі замак, які быў моцна разбураны, і для ўвекавечання яго ўчынку ў сцяну аднаго з будынкаў комплексу ўмуравалі памятную табліцу. Відавочна, Хрыстафор зусім не быў супраць услаўлення яго дзеянняў сярод нашчадкаў.

Пасля набыцця статусу сеймавай сталіцы ў Гародню пацягнуліся галоўныя саноўнікі краіны, якія жадалі пабудаваць у горадзе над Нёманам свае рэзідэнцыі, а гродзенскі езуіты ўзвялі буйнейшы і больш уражальны храм, чым іх стары касцёл Пятра і Паўла, на галоўнай плошчы горада.

Няма сумненняў, што менавіта дзякуючы статусу сеймавай сталіцы Гродна быў абраны цэнтрам рэформаў яшчэ аднаго здольнага шляхціца, каралеўскага фаварыта Антонія Тызенгаўза. Яго рэфарматарская дзейнасць сапраўды ўражвала, хоць, як чалавек ён быў дакладна не больш сімпатычным, чым Хрыстафор Пац – яго папярэднік на пасадзе кіраўніка Гарадзенскай эканоміі. Абапіраючыся на свой статус фактычнага намесніка караля ў ВКЛ, Тызенгаўз актыўна канфліктаваў з самымі рознымі людзьмі, у тым ліку і даволі магутнымі шляхціцамі. Успаміны аб бясчынствах Антонія можна знайсці, напрыклад, у мемуарах яго ворага Міхала Залескага.

Усе гісторыі, аднак, маюць пачатак і канец. Несімпатычны Хрыстафор Пац, памяць якога пакуль ніяк не ўшанавана ў тапаніміцы Гродна, памёр у 1684 годзе і быў пахаваны ў адным з найпрыгажэйшых храмаў Літвы, касцёле Пажайлійскага манастыра. Труна магната да гэтага часу мірна стаіць у крыпце храма. Несімпатычны Антоній Тызенгаўз, імя якога носіць цэлая плошча ў Гродне і дзіцячая школа мастацтваў, якая стаіць на ёй, памёр у 1785 годзе. Цела графа, як пішуць гісторыкі, пахавалі ў старым касцёле яго радавога маёнтка ў Жалудку, а пасля знішчэння гэтага храма яго нібыта перанеслі ў новы храм горада. Аднак сваякі Антонія, мабыць, лічылi, што граф павінен быў супакоіцца ў адным з найпрыгажэйшых храмаў Гродна – езуіцкім касцёле, бо менавіта з горадам над Нёманам магната звязвала столькі радасных і цяжкіх для яго падзей. Таму сваякі рэфарматара зрабілі ў святыні езуітаў шыкоўную сімвалічную магілу Тызенгаўза – найлепшы, у мастацкім сэнсе, кенатаф, сярод існуючых у Беларусі.


Кенатаф Антонія Тызенгаўза ў Фарным касцёле.


Неўзабаве пасля смерці Тызенгаўза памерла і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.


Паміж Брэстам і Гродна, нейкі вышэйшы архітэктар нібы зноў прачарціў сувязную лінію, злучыўшы першы літоўскі сейм Рэчы Паспалітай, які прайшоў у Брэсце, і апошні сейм на тэрыторыі ВКЛ, сабраны ў Гродне. Ён, як вядома, стаў і апошнім сеймам усёй польска-літоўскай шляхецкай рэспублікі. Фармальная сталіца ВКЛ – Вільня, так і не прыняла ніводнага сейма аб'яднанай дзяржавы.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации