Электронная библиотека » Юры Станкевіч » » онлайн чтение - страница 1

Текст книги "Шал (зборнік)"


  • Текст добавлен: 19 ноября 2018, 16:40


Автор книги: Юры Станкевіч


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Юры Станкевіч
Шал

© Станкевіч Ю. В., 2012

© ПВУП «Галіяфы»,2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Аповесці

Шал

«…партабачку расчыні

і на чорціка зірні.

ён зусім маленкі, ціхі.

ад яго не будзе ліха…»



«вясёлы пікнічок».

вершаскладанкі.


1

адзін адносна малады чалавек на прозвішча андруш валовіч апоўдні з’явіўся на плошчы правінцыйнага горада сярэдніх памераў. ён зверыўся з гадзіннікам. і з пачуццём узрастаючага дыскамфорту агледзеўся навокал. да сустрэчы з заказчыкам заставалася каля дзесяці хвілін. валовіч не збіраўся чакаць яго больш за дамоўлены час. а пакуль тое – «прабіў» людзей вакол сябе. і нядобра задумаўся.

чалавек на прозвішча андруш валовіч адчувальна пацярпеў к сярэдзіне свайго жыцця. трэцеразрадная пасрэдніцкая фірма па транспарціроўцы лесу, у якой ён працаваў за адсутнасцю ў раённым цэнтры лепшага, узнялася на немалыя грошы. але, як часта бывае ў такіх выпадках, камусьці варта чакаць горшага. што і адбылося з валовічам. успомнілі раптам, быццам ужо колькі год ён з’яўляўся чальцом незарэгістраванай суполкі, якая нейкім чынам зшыхтоўвалася з «зялёнымі». а «зялёныя» калісьці выступілі супраць масавай высечкі лесу. магчыма, гэта паўплывала на падзеі. а магчыма, камусьці спатрэбілася яго сціплая пасада. валовіч колькі год таму скончыў тэхналагічны інстытут. але вартага месца ў жыцці яму не знаходзілася.

дык вось. некалькі тыдняў назад яго з падкрэсленай ветлівасцю папрасілі напісаць заяву аб звальненні. па асабістым жаданні. як з ім няшчыра падзяліўся інфармацыяй дырэктар – даволі малады, паспяховы бізнесовец, але падлаваты па натуры – маўляў, перадусім да яго завіталі двое «адтуль». быццам яны зрабілі «прад’яву»: альбо працаваць далей без нядобранадзейнага ў поглядах валовіча, альбо ў фірме пачнуцца праблемы.

гэта магло быць праўдай. а магло – і не. валовіч уважліва тады выслухаў. і папрасіў чысты аркуш. упарціцца не было сэнсу. бо калі ў доме заводзяцца гніль і клапы з тараканамі – яго варта спаліць. ці ўзарваць. але такая тэорыя не праходзіла. а ў занядбанай кватэры чакала яго штодня жонка аня з дзесяцігадовай дачкой. сям’ю трэба было карміць. так здарылася, што валовіч пасля некалькіх беспаспяховых спробаў знайсці працу стаў «выканаўцам». і справа, як лічыў валовіч, тут была не ў сусветным эканамічным крызісе. яна гнездзілася, напухала гноем глыбей. «выканаўца», між тым, азначала чалавека, які згодны быў брацца амаль за любую працу. у тым ліку і разавую. ехаць на заробкі далёка не выпадала. часам людзі за межамі ціха знікалі. быццам іх і не было. і ніхто іх не шукаў. і валовіч пра тое ведаў.

дык вось. валовіч меў далёка за трыццаць год. гэта быў даволі моцнага целаскладу, але хударлявы мужчына. з еўрапейскімі рысамі твару. светлыя, колеру саломы, валасы на галаве пачыналі ўжо сівець. але лоб удала гарманіраваў з падбародкам. і толькі шэрыя, празрыстыя вочы раз-пораз цямнелі, калі ён быў чымсьці незадаволены. альбо проста злаваў.

вось і цяпер, калі б у яго спыталі, а ён шчыра адказаў, то пэўна, здзівіліся. бо пачулі б, што ён, як ніхто мабыць іншы, ненавідзеў свой родны горад. і, за рэдкім выключэннем, амаль усё, што ў ім існавала. рухалася і – жыло. валовіч меркаваў іншым разам, быццам мае на тое своеасаблівую рацыю. і права. але пра свае пачуцці лічыў за лепшае маўчаць.

гарадская плошча ў старой частцы горада была невялікая, бо ў новай частцы існавала яшчэ адна плошча. з гіганцкім бронзавым помнікам. на ёй праводзіліся парады і маніфестацыі. валовіч у думках неяк здзівіўся: з’яўляецца маральна здаровым суседні народ, ці не? бо ў цэнтры краіны якога амаль дзевяноста гадоў ляжыць насычаны бальзамам і антыгнілевымі растворамі, даўно спруцянелы правадыр. які пры жыцці знішчыў мільёны сваіх жа суграмадзянаў. пытанне заставалася без адказу.

дык вось на плошчы, куды прыйшоў валовіч, было ў гэты час амаль бязлюдна. пасярэдзіне яе цяжка грувасціўся храм. які належаў праваслаўнай царкве. колькі год таму храм нечакана трэснуў на некалькі частак. і цяпер вакол яго вяла завіхаліся рамонтнікі. перад храмам бязглузда месціўся помнік князю. быццам заснавальніку горада. павеў, так бы мовіць, новага часу. ліцвінскі князь з XI стагоддзя быў чамусьці выяўлены ці то знарок, ці то па неадукаванасці, у выглядзе маскавіцкага ваяра. ХVII стагоддзя. у загнутых угору ардынскіх чаравіках. падперазаным хламідай. і з сімвалічным мячом-крыжом у руцэ. ззаду яго постаці выглядаў анёл з тварам трансвестыта. і крыжаваў плошчу трыма пальцамі. наўпрост намякаючы на пасляраскольнае хрысціянства. хоць у свой час, меркаваў валовіч, сапраўдны князь быў паганцам. і, пэўна, насіў еўрапейскія боты. галава псеўдакнязя выглядала занадта малой. а рукі значна большых за яе памераў. насупраць ад помніка стаяў былы заезны дом, альбо карчма. цагляны будынак зроблены на стагоддзі яе былым уладальнікам шаем мазо. які даўно пакінуў гэты свет. але ахвяраваў новай уладзе цяперашні гарадскі вузел сувязі. ззаду ад князя плошчу аблямоўваў прастакутнік кінатэатра. у ім цяпер знайшлі прытулак дробныя прыхаднідзялкі. аднекуль здалёк. тут, у былым кінатэатры, яны ўсталявалі гульнявыя аўтаматы. на большае ў іх, пэўна, не хапала вынаходлівасці. пажадлівыя іх тварыкі раз-пораз з’яўляліся ў дзвярах кінабудынка. і нешта ліхаманкава нагаворвалі ў мабільныя тэлефоны. на тварыках гэтых увішных гаспадаркоў лёгка чытаўся непрыхаваны намер. узбагацець за адну ноч.

на лаўках узбоч плошчы сядзелі некалькі парачак з бутэлькамі піва. яны бесперапынна палілі. часам моцна прысмоктваючыся адзін да аднаго вуснамі. сядзелі і нейкія з выгляду дэграданты. рукі ў іх трэсліся, калі яны разлівалі таннае віно ў адзіную пластыкавую шклянку. па-гаспадарску размясціліся ў зацененым месцы купкі жаўтаскурых. і якіясьці ўсходнікі з крыклівымі, мурзатымі дзецьмі. дзеці калі-нікалі ўскараскваліся на падмурак помніка. да азіяцкіх ботаў псеўдакнязя. акупанта, – злосна думаў валовіч. і адтуль пераможна вішчэлі і гергеталі па-свойму. яшчэ далей месціўся рынак, на які ўвесь час заходзілі і выходзілі тлустыя бабы. ад некаторых з іх моцна несла здушаючымі дэзадарантамі.

сонца, між тым, пераходзіла ў зеніт. і спёка ўзмацнілася. мухі апантана гудзелі вакол. асабліва шмат іх лётала над шлюмперамі-дэградантамі. якія на іх аніяк не зважалі.

у чалавека на прозвішча андруш валовіч раптам з’явілася пачуццё, што за ім сочаць. пачуццё мела невыразнае адценне. але валовіч звярнуў на гэта ўвагу. падсвядомасць, лічыў ён, нас не падманвае. сачыць маглі хіба што з адной з машын, бо некалькі іх прыбартавалася ля вузла сувязі. у адной, са спушчаным шклом кабіны, сядзелі двое: мужчына і жанчына. валовіч не мог вызначыць іх узрост. але тыя яўна назіралі за ім. валовіч зірнуў на гадзіннік. плюс-мінус пяць хвілін. болей не чакаць. такое было ў яго правіла. ён падняўся з лаўкі, і адразу дзверы кабіны расчыніліся. і з машыны вылез мажны чалавек. ён узняў руку ўгору. і валовіч здагадаўся, што гэта заказчык. валовіч зноў сеў на лаўку. заказчык вызначыў яго і, пэўна, сачыў, каб скласці адпаведнае меркаванне. да таго ж, доўгі час плавала ў сеціве PORTFOLIO. якое колькі дзён таму беспрацоўны андруш валовіч размясціў у выглядзе разгорнутай аб’явы. заказчык падышоў. гэта быў даволі моцнага складу чалавек. у дарагім спартовым касцюме. плебейскі твар яго ільсніўся ад поту. заказчык перакінуў ключы ад запальвання з правай рукі ў левую. і пасля секунднай паўзы працягнуў яе валовічу. далей паміж імі пачаўся наступны дыялог:

– дык гэта вы – выканаўца? – спытаў заказчык. валовіч кіўнуў у адказ.

– на сваім блозе вы абмовіліся неяк, што ведаеце айца віталя, экзарсіста з карэлічаў? – магчыма і так, – сказаў валовіч. ён злёгку здзівіўся.

– мяне завуць кірыла. кірыла віж.

– вам пасуе, – вырвалася ў валовіча. і ён дадаў:

– вы сачылі за мной. хто з вамі ў машыне?

заказчык сеў на лаўку побач. яго бледная, незагарэлая лысіна матава блішчэла.

– у мяне да вас далікатная справа. – «мачылава» не прапаноўваць, – праз кароткую паўзу папярэдзіў валовіч.

– і давайце адразу па тэме, – прадоўжыў ён жа.

– згода. у мяне ў машыне дачка. яе зваць канстанцыя. прасцей – каня. ёй дваццаць сем гадоў. яна не замужам. вучылася ў тэатральна-мастацкай акадэміі. але не скончыла. часам яна бывае не зусім здаровая, скажам так. лячылася ў псіхіятрычнай лякарні. амаль месяц. мы – я і мая сям’я – хочам, каб яна наведала экзарсіста. айца віталя ў карэлічах. ведаю, што ён там практыкуе ў мясцовым прыходзе. нам яго параілі дасведчаныя людзі. – і што з таго? – спытаў валовіч. – з вашага блога я вычытаў, што вы цікавіцеся парапсіхалогіяй. да таго ж, вынікала, быццам знаёмыя з айцом віталем.

– я не лекар, а ўсяго толькі выканаўца. заказчык віж кіўнуў, але стаяў на сваім:

– да святара чарга, бо хворых усё больш. гэта нават дзіўна. я б хацеў, каб вы праводзілі дачку ў карэлічы. і там каб яе прыняў экзарсіст віталь. пасля таго даставілі дамоў. за адпаведнае ўзнагароджанне. памеры якога мы вызначым. я не бедны. – чаму вы самі не адвязеце? – спытаў валовіч. – яна не жадае ехаць са мной ці з кім-небудзь са сваякоў. можа, саромеецца. з чужым ёй больш спрыяльна. так яна сама вырашыла. зрэшты, яна адэкватная. ну, хіба што часам здараюцца адхіленні. неспадзяваныя, так бы мовіць. – ёй ставілі дыягназ? – пацікавіўся валовіч.

– так. эмдэпэ. але, але. яны там часта перабольшваюць. па ўсім – звычайная эпілепсія.

валовіч падумаў крыху:

– усё-такі, чаму вы звярнуліся менавіта да мяне? – зноў пацікавіўся ён.

– скажу як ёсць. бо ведаю, за што вас выціснулі з фірмы. вы не злодзей. не мах

ляр. не падманшчык. значыць, мы можам прыйсці да згоды. і, галоўнае, вы знаёмы з айцом віталем. – так, мы разам вучыліся ў школе, – пацвердзіў валовіч. —

– але гэта ў наш час амаль нічога не вырашае. заказчык кірыла віж згодна кіўнуў:

– мяркую, мы паразумеемся. я… «пасунуся», да слова, на столькі, на колькі вы скажаце.

– вы самі – лічыце вашу дачку канстанцыю апантанай? – спытаў андруш валовіч.

– я… не ведаю. але хіба д’ябальская сутнасць не можа ўвайсці ў чалавека? у кожнага з нас?

валовіч выслухаў. а потым заўважыў:

– цалкам верагодна, што вы чыталі альбо даведаліся на словах гісторыю яе хваробы. як яна, прыкладам, паводзіла сябе ў апошні час? у прыватнасці, у лякарні?

зрэдку адмахваючыся ад мух, чалавек на прозвішча кірыла віж папрасіў трымаць размову і ўсё ў цэлым у тайне. а потым пачаў расказваць. справа ў тым, гаварыў ён, што дачка канстанцыя расла нармальнай, як усе дзеці. але – гадоў да дваццаці. потым у яе з’явіўся ўнутраны, так бы мовіць, суразмоўца. далей болей. яна часам пачынала размаўляць з намі. але быццам з чужога голасу. а потым… і той суразмоўца калі-нікалі пачаў гаварыць. так. так. яна мусіла кінуць вучобу. неяк рэзала сабе скуру на жываце, аднойчы – вены. хоць, па праўдзе, у лякарні ёй стала лепей. па выпісцы яна нават завяршыла перадапошні курс. пакуль усё не пачалося зноў. лекар казаў, што шанц ёсць. але малы. яшчэ казаў – яна там выявіла дзіўную хітрасць і вынаходлівасць. аднойчы сцягнула ў медсястры дакументы. пасведчанне. пропуск. набыць халат ёй было зусім проста. яна ўцякла ў горад. дакументы медсястры так і прапалі. цяпер, пакуль яна яшчэ ў здавальняючым стане…

– ну што за мутняк ты вярзеш? га, папуня? – раптам спытаў за спінай дзявочы голас.

абодва суразмоўцы азірнуліся. валовіч адзначыў, што кірыла віж быццам спалохаўся. бо нават уздрыгнуў. у кроку ад валовіча стаяла і ўсміхалася маладая жанчына. высокая. дзесьці каля ста васьмідзесяці, прыкінуў валовіч. твар тонкіх рысаў. прыгожая. стрыжка – па сучаснай модзе. вочы – зялёныя.

– пра якія дакументы ты ўспамінаеш, папуня? каму яны трэба? а які стан мой – то мая справа. вось я зараз і вырашу. паеду з ім, – яна кіўнула на валовіча,

– ці – не. і яна зноў белазуба ўсміхнулася. гледзячы на таго ва ўпор. андруш валовіч узняўся з лаўкі.

– а я яшчэ не даваў згоды, – сказаў ён, па магчымасці, ветліва.

– мяне завуць канстанцыя. можна каня. націск на «а». – каня – па-нашаму кнігаўка, —

машынальна вырвалася ў валовіча, —

– птушка такая.

– люблю птушак, – сказала канстанцыя віж, —

– бо яны – вольныя.

андруш валовіч назваў сваё імя. у думках ён прыгадаў пра тое, што дзяўчына здольная падкрадацца так незаўважна. нібы здань. але ў той жа час адзначыў, што рашэнне ў ім выспела. бо выбіраць яму не выпадала. заставалася дамовіцца пра цану за паслугу. тэрміны. транспарт. іншыя дробязі, якія маглі быць важнымі. нават вельмі. але, як пашанцуе.

дзяўчына працягнула яму далонь. – я ведаю, пра што вы падумалі, – сказала яна. і дадала праз паўзу:

– мы едзем. разам. няхай так.

канстанцыя віж стаяла перад ім, залітая сонцам з галавы да ледзь крываватых ног. апошняе ёй нават пасавала. лёгкая сукенка адкрывала прамыя, загарэлыя плечы. позірк зялёных вачэй быў спакойны. мухі ігнаравалі яе – заўважыў пра сябе валовіч.

– яшчэ не ўсё вырашана, – сказаў ён, больш звяртаючыся да кірылы віжа. але адказала дзяўчына:

– вырашайце без мяне. я пакуль пашпацырую побач. не скупіся, папуля. а то перадумаю. ха-ха.

кірыла віж выцер успацелы твар насоўкай. плебейская яго знешнасць магла падманваць – так меркаваў андруш валовіч. безумоўна, той быў па-свойму вынаходлівы і разліковы. правінцыйны дзялок, якога закранула даволі складаная праблема. без праблем – не бывае.

– я «прабіў» тэлефон айца віталя, – паведаміў віж. —

– гэта было складана. вельмі. але я яму не тэлефанаваў. пакінуў тое для вас. па выніку

– я заплачу вам утрая. ад таго, што вы скажаце.

айца віталя андруш валовіч памятаў са школы. той быў даволі спакойны. нават ціхі і непрыкметны. скончыў будаўнічы каледж у сталіцы. валовіч тады часта ездзіў з ім у цягніку. абодва жылі ў інтэрнатах. пераўтварэнне з ім было нечаканасцю для многіх. і для валовіча таксама. але, меркаваў ён, такое часта здараецца. асабліва ў неспакойны час.

валовіч ведаў, што выгнаннем так званых д’ябальскіх сутнасцяў традыцыйна займаецца царква. і не толькі хрысціянская. гэта робяць святары, мулы, жрацы, равіны, сярэднеазіяцкія шаманы. часта – паспяхова. урэшце, ён меў на тое і сваю асабістую думку. бо лічыў сябе дастатковым матэрыялістам. нават эмпірыкам.

* * *

ужо назаўтра валовіч дазваніўся да адрасата. ён коратка абмаляваў сітуацыю. спачатку – пра сябе. потым – пра дзяўчыну. паведаміў і пра яе верагодны дыягназ. пастаўлены ў псіхіятрычнай лякарні. гаварыў без маны. айцец віталь у сваю чаргу быў шчыры.

– да мяне едуць шмат хворых, – паведаміў ён. —

– не ўсе з іх апантаныя. але значная большасць – менавіта такія. бывае, што сілы маёй недастаткова, каб даць рады д’ябальскай сутнасці. якая авалодвае душой няшчаснага. але раз-пораз вынік бывае пазітыўны. заўтра ў мяне перабор. а вось праз дзень буду чакаць. і буду рады цябе пабачыць, дружа.

пасля чаго валовічу заставалася паведаміць пра размову заказчыку віжу. і папрасіць таго падрыхтаваць на дарогу дачку канстанцыю.

сам ён узяў з сабой у рыбацкую сумку самае неабходнае. апрануўся прасцей. бо, хто ведае, як будзе паводзіць сябе дзяўчына. калі ў яе эпілепсія, то прыступ магчымы. у любы час. дня і ночы. і ў гэты час ён павінен быць падрыхтаваны. бо адказвае і за тую няшчасную каню. хоць на першы погляд яна такой не выглядае.

– едзем паслязаўтра, – канчаткова ўдакладніў ён з заказчыкам. і толькі папрасіў давезці іх абодвух раніцай на вакзал. пасля чаго яны нейкі час дамаўляліся па дэталях.

2

апакаліпсіс, – меркаваў валовіч, – рухаючыся ў чарзе па білеты, – можа быць зусім ціхі. без анёлаў. трубных гукаў. цмокаў і драконаў. прыкладам, канец свету ў адной асобна ўзятай хаце, дзе дэгенерат і псіхапат гвалціць сваё дзіця. інцэст. дарэчы, пра гэта днямі расказаў знаёмы лекар з «хуткай дапамогі». ці канец свету ў адной вёсцы, напрыклад. ці ў абласным горадзе альбо краіне. колькасць псіхапатаў узрасла ў дваццаць пяць разоў. нядаўна пра гэта валовіч выпадкова пачуў па радыё. і цяпер ён раптам успомніў лічбу. а прычыны? – думаў ён. – у чым яны? у чарнобылі? вядома – не зусім. у геннамадыфікаванай ежы? малаверагодна. але ўплыў ёсць у свабодзе поглядаў? так. гэта ўжо цяплей. адзіны садаміцкі фільм, пэўна, наплодзіць столькі секс-вар’ятаў. што імі можна загрузіць цэлы караван «караблёў ёлупаў». і лепш за ўсё – утапіць іх потым дзе-небудзь пасярод ціхага акіяна. які ўсё роўна ўжо амаль мёртвы. ад колькасці пустой пластыкавай тары. зубных шчотак. нафты. ва ўседазволенасці любых поглядаў? амаль горача. але, навошта тады розум? і само жыццё. хіба чалавек – памылка? пісьменніка з сусветным імем залічваюць ў псіхічна хворыя. і топяць яго кнігі ў моры. гэта нармальна? і чаму ўтрымліваюць напаўгнілы труп дзесяцігоддзямі – нармальна? а народу застаецца выплачваць у выглядзе падаткаў астранамічныя сумы. на тое ж утрыманне трупа. не, – меркаваў ён, – нішто ў прыродзе не статычна.

раз-пораз валовіч кідаў насцярожаны позірк на канстанцыю віж. дзяўчына стаяла ў баку ля табло. выгляд у яе быў даволі вялы. ціхая, быццам стомленая. і што за д’ябла дрэмле ў гэтым прывабным целе? – згадваў ён, – і ці д’ябла ўвогуле?

валовіч, як і многія інтраверты, не выносіў чэргаў. якія толькі думкі не прыходзяць у галаву ў гэты час, – меркаваў ён. і не толькі ў чэргах. а і ў крэсле дантыста. у цырульні. за сталом у час вяселля. на гарадскім пляжы. перад экранам тэлевізара. дзе з раніцы да позняй ночы танчаць дураплясы, завываючы папсу. на грамадскіх маніфестацыях. юбілейных парадах. у лазні. у кабінеце муніцыпальнага чыноўніка. на вакзале. як цяпер.

* * *

урэшце ён прасунуў грошы ў акенца касы. і ўзяў два білеты да карэлічаў. але з перасадкай у сталіцы на іншую электрычку. а калі выкараскаўся з чаргі, то канстанцыі віж не было. ну і справы, – падумаў ён. валовіч агледзеўся навокал. летняя раніца дыхала цяплом. сонца ўзыходзіла. самыя розныя людзі віравалі вакол яго і на пероне. валовіч зазірнуў у буфет. потым пастаяў ля туалетаў. да цягніка заставаліся лічаныя хвіліны. і ён вылаяўся амаль уголас. пасля чаго скіраваў у занядбаны скверык. побач. дзе ля засмечаных лавак варушыліся цьмяныя постаці. бразгалі ў пакетах пустыя бутэлькі. у купцы дрэнна апранутых жанчын нешта дзялілі. і нервова палілі, азіраючыся па баках. на іх тварах чыталася пустата.

– ціха сонейка ўстае, – раптам пачуў андруш валовіч шэпт у патыліцу. —

– спаць кузуркам не дае…

ён рэзка азірнуўся. дзяўчына на прозвішча канстанцыя віж усміхалася яму з-за спіны. побач з ёй упэўнена глядзеў на яго заплыўшымі вочкамі даволі малады хлопец. у засаленым трэніровачным касцюме. сліна сцякала ў яго з вугла роту тонкай пісягай на няголены падбародак. азіяцкі скуласты твар не меў аніякага выразу.

– а гэта – марык, – ужо ў поўны голас сказала канстанцыя, – мясцовы факер. – і дадала, па-змоўніцку: —

– ён хоча са мной ажаніцца. праўда, марык? хлопец у адказ плямкнуў губатым ротам.

– я б не супраць. – і спытаў, звяртаючыся ўжо да валовіча: —

– а ты хто?

– конь у паліто, – звыкла сказаў валовіч. каб адвязацца. і ўзяў дзяўчыну за руку.

– гумар разумею, але нам на цягнік, —

дадаў ён. дзяўчына згодна кіўнула. і хіхікнула: —

– бывай, марык!

але хлопец нечакана заўпарціўся. яго тупы твар сказіла зласлівая грымаса. вочы закаціліся ўгору. ён схапіў валовіча за крысо вятроўкі.

– да ты чё? і пачаў застрашваць. саўгануў рукой у кішэню.

– пысу папішу. парву цябе!

на што валовіч коратка і не вельмі моцна торкнуў таму кулаком у падбародак. марык рохкнуў па-свінячы. і паваліўся за куст. і больш не падняўся. ляжаў ціха. жанчыны дзялілі бутэльку піва. і амаль не звярнулі на гэта ўвагі. адна з іх зайшла за дрэвы. і там прысела.

цягнік якраз падышоў. абодва рушылі на перон. валовіч прапусціў канстанцыю наперад. і ўвайшоў у вагон следам. няблага пачалося, змрочна думаў ён. вось толькі, як яно скончыцца? і адзначыў, што настрой і паводзіны дзяўчыны неяк імкліва змяніліся. не ў лепшы бок. – прыгадаў валовіч. ва ўсялякім разе такая сацыяльная гуллівасць яму не ў масць.

у вагоне было шмат людзей. заходзілі яшчэ. нягледзячы на сонечнае надвор’е, вокны былі зачынены. і ў спёку так будуць ехаць, – меркаваў валовіч. і адчыніў са свайго боку. падзьмула свежым паветрам.

– паслухай, канстанцыя, – па магчымасці ветліва сказаў ён, —

– «прыколаў» не трэба. больш. напрыколваешся па прыездзе. з айцом віталем на пару.

дзяўчына нібы страпянулася. цень трывогі прабег па яе твары. але праз секунду да яе зноў вярнуўся ранейшы стан. быццам лёгкага сцёбу.

– а які ён, айцец віталь? сталага веку? малады? прыгожы? а барада ў яго ёсць? люблю, каб з барадой.

валовіч адказаў у яе манеры.

– высокі, чарнабровы. выліты бюль-бюльаглы.

– хто, хто?

– спявак быў такі. дурапляс.

– ты жартуеш, андруш? о-о, як добра! расказаў бы мне пра святара. больш падрабязна. а то я пачынаю, да слова, трымцець. яго баюся. нават больш за «дурку»…

апошнія словы яна вымавіла ў поўны голас. наўмысна. нягледзячы на тое, што месцы на лаўках побач ужо даўно занялі. і з затоенай цікаўнасцю прыслухоўваліся. злева ад валовіча сядзеў надзьмуты зморшчаны чалавечак. сталага веку. каля сваіх ног ён паставіў плоскую драўляную скрыню. з расадай. за ім размясцілася жанчына. з густа падведзенымі бровамі чорнага колеру. у руках яна трымала слоік. запоўнены амаль да краёў зямлёй. – едуць на лецішчы, – адзначыў пра сябе валовіч. усё гэта машынальна. яшчэ насупраць, справа ад канстанцыі, сеў малады вайсковец. у званні маёра. ён зняў з галавы фуражку з высокай туліяй. і адразу пераўтварыўся ў стомленага камандзіровачнага. а каб зняць з яго і кіцель з пагонамі – то ў звычайнага вясковага цесляра. – мільганула ў галаве валовіча. на другой лаўцы сядзелі некалькі рабочых у спецоўках. якія адразу пачалі гуляць у карты.

цягнік таргануўся. дзверы зачыніліся. потым расчыніліся і адразу зноў зачыніліся. вакзал паплыў назад.

– раскажу пасля, – асцярожна паабяцаў валовіч, —

– як прыедзем. а лепш няхай сам табе раскажа. ён, мяркую, валодае словам памайстэрску. бо такая ў яго служба.

канстанцыя віж незадаволена пакрывіла вусны.

– няўжо ты настолькі наіўны. быццам думаеш, што кожнае слова належыць разумець літаральна? —

пасля дадала: —

– мне сумна. і звярнулася да жанчыны. з ненатуральна чорнымі бровамі:

– а што гэта вы вязеце ў слоіку? можа,

чарвячкоў? жанчына захвалявалася.

– а як вы здагадаліся? яны ж у зямлю

пазаточваліся. іх і не бачна зусім. канстанцыя ўсміхнулася. даволі саркастычна.

– я шмат на што здагадваюся. а навошта вам чарвякі? вы з іх настой зробіце? каб вылечыць катаракту?

жанчына стрымана не згадзілася.

– я вязу іх у кампост. бо ў горадзе ім дрэнна.

канстанцыя красамоўна памаўчала з паўхвіліны. і звярнулася. да маёра.

– а што вы на гэта скажаце? таварыш швейк?

маёр разгублена ўсміхнуўся. і апеляваў да валовіча.

– вясёлая дзяўчына. хіба я падобны на

швейка? валовіч крануў руку канстанцыі.

– паводзь сябе прыстойна.

ён адчуваў няёмкасць. нават збянтэжанасць. бо не ўхваляў тых людзей, што імкнуліся звярнуць на сябе ўвагу. эпатажных. крыклівых. мітуслівых. скандальных. апошнім часам такіх большала. з кожным днём. яны віравалі на вуліцах. плошчах. туляліся па піўных барах. сумнеўных начных клубах. вішчэлі з раніцы да вечара на тэлеэкранах. высвятлялі свае, вартыя жалю, адносіны ў крамах. цесных кватэрах з тараканамі. у чэргах. у цягніках, як цяпер, – падумалася яму. але цяпер адбывалася іншае. бо на волю выпаўзала нешта сціснутае ў спружыну. нібы ў пакутуючых на хваробу дэ ля турэта. калі пацыент у прысутнасці лекара стрымліваецца з усіх сіл. а як той зачыняе за сабой дзверы, то ўслед яму гучаць праклёны. самая брудная лаянка. быццам праз гаць раптоўна прарываецца гразевая плынь са смеццем. пустымі пластыкавымі бутэлькамі. гноем. але чаго яму саромецца? ён вязе быццам не зусім здаровага чалавека. выконвае заданне. урэшце, толькі б не нарвацца на горшае. «кідалава», прыкладам. бо ў яго сям’я. якая без яго дапамогі апынецца ў галечы.

але канстанцыя віж не згадзілася. – браня крапка. і танкі нашы хуткія, – адказала яна на заўвагу маёра. – пара збірацца ў лютасны паход? – і дадала. з робленай прыязнасцю: —

– я жартую. не садзіцеся на крыўду. а можна памераць ваш галаўны ўбор? маёр падумаў, узяў фуражку і падняўся з месца. – мне хутка выходзіць. —

сказаў ён і пайшоў да выхаду з вагона. канстанцыя віж скрушна ўздыхнула.

– хэх-х, шкада. такі бравы маёр. я б за яго

замуж пайшла, а не за марыка, – і спытала ўжо ў валовіча:

– навошта ты яго забіў? і дадала, звярнуўшыся да надзьмутага чалавечка. з расадай у скрыні.

– ён забіў марыка, – паказаўшы на валовіча.

чалавечак адкрыў рот. вочы яго зрабіліся ненатуральна вытрашчаныя. ён быў у нерашучасці, што адказаць. і, па ўсёй бачнасці, адчуваў вялікую нязручнасць.

– не ведаю ніякага марыка, – урэшце адказаў ён. —

– і не хачу ведаць.

і, пэўна, у знак пратэсту, зморшчыўся яшчэ больш. а потым заплюшчыў вочы. і адкінуў галаву з адкрытым ротам на спінку сядзення.

– супакойся, канстанцыя, – сказаў валовіч. і палез у сваю сумку.

– хочаш пачытаць? – і выцягнуў з сумкі кніжку. у даволі пацёртай мяккай вокладцы.

– завалялася ад некага. я чытаю часам. у аўтобусе. па дарозе на возера. што трапіцца. табе наўрад ці падыдзе. менавіта гэтая. але адхіліся. бо лепшай няма.

дзяўчына на прозвішча канстанцыя віж асцярожна ўзяла кніжку. двума пальцамі. быццам гадзілася. і прачытала назву:

«абстрагаванне ў жывёл», – і сказала раўнадушна: – што толькі не чытаюць, – але адразу пацікавілася, —

– а пра птушак тут ёсць? пасля чаго пачала гучна чытаць. раскрыўшы наўздагад: —

– «іншым разам прыводзяць меркаванні, што, чым жывёла бліжэй да чалавека, тым яна агідней. два шымпанзе здзекаваліся з птушанят. адзін шымпанзе раскідваў ежу, запрашаючы птушанят наблізіцца да яе, а ў гэты час другі адразу біў іх дротам, які да таго хаваў за спінай. птушаняты ўцякалі, але неўзабаве дазвалялі заманіць сябе зноў, і зноў былі пабітыя. тут дакладна бачная камбінацыя тыпаў паводзін, якія лічацца выключна чалавечымі: кааперацыя, планаванне паслядоўнасці будучых дзеянняў, падман і жорсткасць…» —

і пракаментавала. —

– бедныя птушаняты. але трапна заўважана. цікавае, урэшце, чытво. га, андруш? ты тут пра ўсё прачытаў?

валовіч думаў пра іншае. пра тое, напрыклад, што ён увязаўся ў рызыкоўную справу. што прадугледзець яе ход немагчыма. але грошы. невялікі задатак ён атрымаў. і амаль усё пакінуў жонцы.

– яшчэ не паспеў, – адказаў ён.

канстанцыя перагарнула старонку. – тут яшчэ больш цікава. вось паслухай: «…галовы і тулавы членістаногіх могуць нейкі час жыць асобна. самка багамола ў адказ на заляцанне іншым разам у літаральным сэнсе пазбаўляе свайго сэксуальнага партнёра галавы. у чалавека такія паводзіны лічыліся б асацыяльнымі, але ў насякомых яны звычайная рэч. пазбаўленне мозга здымае сэксуальныя забароны і вымушае тое, што засталося ад самца, да спароўвання. пасля гэтага самка завяршае ўрачыстасць трапезай у адзіночку…».

дзяўчына ажывілася яшчэ больш. яе голас безумоўна дасягаў слыху чалавечка з расадай. і тых, хто сядзеў праз пераход. але той па-ранейшаму рабіў выгляд недатычнасці. да ўсяго, што робіцца вакол яго.

валовіч больш маўчаў. але зрэдку ўстаўляў кароткія словы-каментары. якія ні пра што не сведчылі. душэўны цяжар пакрысе авалодваў ім. апошнім часам гэта адбывалася ўсё часцей.

канстанцыя нейкі час чытала. а потым адкінула кніжку ўбок. і сказала, быццам правакуючы валовіча:

– гэта якраз для мяне. потым дачытаю, а пакуль, бадай, перасяду да іх,

– і кіўнула ў бок карцёжнікаў на суседняй лаўцы. —

– перакінуся ў дурня. з азвярэлымі

пралетарамі. але валовіч рашуча перакрыў ёй шлях.

– не варта.

ён паклаў кніжку ў сумку і раптам убачыў у бакавой кішэні маток тоўстай рыбацкай лёскі. цьмяная думка мільганула ў яго галаве.

– тады я проста прагуляюся, – заўпарцілася канстанцыя. вочы яе заблішчэлі. прыгожы рот кранала раз-пораз змоўніцкая ўсмешка.

– а я не дазваляю, – забараніў валовіч. —

– урэшце, я за цябе ў адказе. але канстанцыя не згадзілася:

– а калі мне трэба. прыкладам, у

прыбіральню? на што валовіч дастаў лёску. зрабіў зашмаргу. і накінуў на руку дзяўчыны. другі канец ён наматаў сабе на далонь.

– будзе трэба – праводжу. куды скажаш. канстанцыя нечакана пацішэла.

– а нішто сабе. я цяпер – як рыбіна. сэксрыбіна? сэкс-рабыня? вось не думала, што ў цябе гэткае распаленае ўяўленне, таварыш выканаўца. звязаць ахвяру лёскай. зацягнуць на якую будоўлю. ха-ха.

валовіч прамаўчаў. – дарэчы, перад кім у адказе, – працягвала яна. —

– што яшчэ за высокі пафас? валовіч патлумачыў:

– ну, перад тваім бацькам. перад маці. на што дзяўчына зняважліва пакрывіла рот.

– ён мне не бацька. папік. ну, айчым. а маці – так. ёй да мяне – як да якой кузуркі. у яе – пасада ў муніцыпалітэце. свая крама. бізнес-сцерва.

і кіўнула ў бок зморшчанага чалавечка:

– упэўнена, што ён не спіць. шыфруецца. а сам слухае, пра што мы гаворым. але навошта яму ведаць пра мяне ўсялякія дэталі? тым больш, што я, —

яна ўзяла руку валовіча і, па-змоўніцку падміргнуўшы, прыклала да жывата, —

– не адна. там нехта ёсць. ты што-небудзь адчуваеш? якую-небудзь аўру? шчыльнасць з прыкметамі клейкасці?

на што валовіч ужо не здзівіўся. а толькі пацікавіўся. —

– адчуваю прыгожы жывот. цёплы. пругкі. у

цябе ўсё гожае. але, чакай, – ён нахіліўся да яе вуха. і спытаў: —

– можа, ты цяжарная? але канстанцыя расчаравана ўздыхнула, —

– у тым-та і справа. што – не. і валовіч убраў руку, згадзіўшыся. —

– як кажуць, праехалі. і ўздыхнуў было з палёгкай. але дарэмна.

нейкі час канстанцыя зноў пільна вывучала постаць чалавечка з расадай. які па-ранейшаму сядзеў, заплюшчыўшы вочы. і з раскрытым ротам. а потым гучна спытала валовіча:

– у цябе муха ёсць? можа, зловіш? – і паказала на супрацьлеглае акно, у шкле якога гудзелі некалькі тлустых асобін.

чорт бы цябе прабраў, – хацеў вылаяцца валовіч. але стрымаўся. і па магчымасці, ветліва пацікавіўся: —

– навошта табе?

канстанцыя, як і раней, па-змоўніцку ўсміхнулася. і сказала, кіўнуўшы на чалавечка з расадай. які прытвараўся, што спіць:

– хачу кінуць яму ў рот. па-мойму, гэта выдатны спосаб будзіць людзей. і лепш – жывую.

чалавечак моўчкі і палахліва падняўся з лаўкі. потым забраў скрыню з расадай. рукі яго трэсліся. і пайшоў у другі канец вагона.

канстанцыя ўздыхнула з палёгкай і нахілілася да валовіча. у проразі сукенкі ён убачыў яе невялікія, пругкія грудзі. незагарэлыя. станіка на іх не было. адчуў дотык і пах яе валасоў.

– вось мы і адны. адносна, канешне. а шкада, шкада. цябе павінны любіць жанчыны. ты мне даруй за ўсё. я ж не супраць цябе. і ты мне – па душы. у табе нейкі правільны стрыжань.

* * *

цягнік рухаўся. і часта спыняўся. пагруквалі колы на рэйках. у канцы вагона плакала, не сунімалася немаўля. прайшоў разносчык газет. потым нейкія ўвішныя гандляры. з асадкамі. нажнічкамі. і іншай дробяззю. нямыя з фотаздымкамі раскладу руху. прабеглі мурзатыя дзеці. нехта ўключыў магнітафон. загучэла папса.


Страницы книги >> 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации