Текст книги "Шал (зборнік)"
Автор книги: Юры Станкевіч
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Зацьменне на месяцы
Як толькі вечар зацямніў шкло ў вокнах, на небе, быццам яе нехта раптоўна вывесіў, з’явілася поўня. Але ніхто з тых, хто весяліўся ў кватэры, яе не заўважыў.
Потым, мімаходзь, успомнілі пра тое, што, ці пісалі ў газеце, ці чулі па радыё, быццам якраз тым вечарам і павінна было адбыцца поўнае зацьменне Месяца. Малазначная гэтая навіна тады нікога не кранула, дый не магла ўразіць: што асаблівага ў зацьменні Месяца?
…Запалілі святло, потым зноў яго патушылі, прынеслі свечкі. Гучала музыка, звінелі келіхі, сплываў да столі цыгарэтны дым.
Вечарынка, між тым, хоць і паволі, але заканчвалася. П’яненькая Ева была ў гэтыя хвіліны асабліва прыгожая. Як танчылі, яе разабрала яшчэ больш. На жанчын, часам здараецца, находзіць іншым разам нешта такое: хочацца стаць самай абаяльнай, рызыкоўнай, жаданай, каб кожны прагнуў да яе ну хоць бы дакрануцца; ці хочацца адцягнуцца іншым чынам: даць каму-небудзь поўху ці ўвогуле скінуць з сябе амаль усё, што надзета. Ева хіхікала, валялася на канапе, паказваючы больш за належнае свае доўгія стройныя ногі, запальвала тонкую карычневага колеру дамскую цыгарэтку і пускала над галавой праз ярка-ружовыя вусны кольцы дыму.
На вечарынцы завіхаліся яшчэ некалькі дзяўчат і хлопцаў. Хлопцы прывялі дзяўчат з сабой і амаль усе былі разбітыя па парах, толькі Ева, царыца гэтага звычайнага, хоць і стыхійнага балявання, была лішняя, у тым сэнсе, што прыйшла на вечарынку адна. Якраз гэтая абставіна толькі падагравала пачуцці і эмоцыі.
Да Евы недвухсэнсава прысуседзіўся Андрэй – плячысты хлопец, з шырокай шыяй барца, але «царыцы» хутка надакучылі яго просталінейныя намёкі, і яна ўскочыла з канапы насустрач Міхасю – высокаму, чарняваму хлопцу, з гожым тварам – і шматабяцальна аддзячыла яму пацалункам у вусны.
Іншыя дзяўчаты роблена ўсміхаліся, часцей прыхарошваліся ля люстэрка і ўвогуле рабілі выгляд, быццам усё гэта іх мала кранае, але раз-пораз спакваля кідалі на Еву красамоўныя, нядобрыя позіркі. Бадай, у кожнай кампаніі адна з усіх дзяўчат ці ў сілу большай прыгажосці, прыцягальнасці для мужчын, ці якіх іншых здольнасцяў, нават не будучы сцервай альбо авантурысткай, заўсёды вызначаецца на першы план, а іншыя імкнуцца не прызнаваць гэтага і нават разбурыць агульнае ўражанне. Так было і цяпер.
Студэнт Стась – высокі хударлявы юнак з доўгім, вузкім тварам і, насуперак усяму, амаль цвярозы, глядзеў на ўвесь гэты, як ён лічыў, балаган халоднымі шэрымі вачыма, якія ўсё прыкмячалі і нічога не пакідалі па-за ўвагай.
Ён увогуле ўжываў спіртное па абставінах. Не таму, што яго арганізм не выносіў алкаголю, а па той простай прычыне, якая глыбока прыхавалася ў яго натуры: Стась быў халодны, абачлівы малады чалавек, які разлічваў усё да дробязяў і ніколі не даваў волі эмоцыям.
Так і цяпер. Ён паназіраў з кута за тым, як віруе вечарына, знерухомеў на некалькі секунд у агульным тлуме і слупах тытунёвага дыму – думаў.
Потым ён зайшоў у пусты пакойчык, знайшоў тэлефон, зняў слухаўку, набраў нумар і сказаў напаўголасу:
– Стары, прывет. Выручай. Сітуацыя простая: дзесьці праз гадзіну я буду ў цябе з адной герл. Трэба дах на энны час. Аддзячу, анягож.
У слухаўцы запанавала непрацяглая паўза, а потым голас (Стась званіў свайму сябру, які часова жыў адзін у двухпакаёвай кватэры) адказаў:
– Вязі тады дваіх, і на маю долю. А то разбудзіш дарэмна пасярод ночы. І выпіць захапі. А то ў мяне пуста.
І сябра, пасмейваючыся, пачаў расказваць Стасю нейкую лухту: як у вёсцы, праз якую правялі чыгунку і пусцілі рух, рэзка ўзрос прырост насельніцтва, а справа была ў тым, даводзіў ён, што людзей сярод ночы будзілі цягнікі. Стась ведаў, што сябра ніколі не жыў ні ў якой вёсцы, увогуле расказваў яму нейкі няўдалы варыянт анекдота, але цярпеў. Урэшце ў слухаўцы змоўкла, і Стась таропка сказаў «чакай» і кінуў яе на рычаг.
Еву, між тым, заносіла. Яна выпіла яшчэ шампанскага, схапіла гітару і заспявала нешта ў стылі панк-року, падробліваючыся пад вядомую спявачку. Хлопцы шчодра ўзнагародзілі яе апладысментамі і адабральнымі воклікамі. Дзяўчаты прамаўчалі, красамоўна крывячы вусны і раз-пораз пераглядваючыся. Двое з іх, якія прыйшлі сюды з Андрэем і Міхасём, пашапталіся ў куце, а потым дэманстратыўна апрануліся і, выклікаўшы таксі, з’ехалі.
Тым не менш, вечарынка ўсё яшчэ працягвалася. Андрэй выклікаў Міхася за дзверы і прапанаваў таму пакінуць Еву ў спакоі. Міхась не згаджаўся.
– Разбярэмся рэальна, – урэшце прапанаваў Андрэй, – кінем, скажам так, жэрабя.
Ён вынуў запалкі, аддзяліў дзве, адну пераламаў напалам і заціснуў у руцэ.
– Выцягнеш даўжэйшую – дык ты праводзіш дзяўчыну.
– Цягнуць твае трэскі не збіраюся. Яна і без таго са мной пойдзе.
– Гэта яшчэ чаму?
– А таму, што я так хачу, – абвастрыў сітуацыю Міхась.
Андрэй коратка размахнуўся і ўдарыў Міхася кулаком у твар. Той паспеў ухіліцца і таму не толькі збярог свой знешні выгляд, а і адказаў саперніку «фронт-кікам» у жывот. Пачалася бойка.
Дзяўчаты, між тым, збіраліся. Студэнт Стась зазірнуў у калідор: самы раз было выкрадаць Еву. Ён лічыў сябе найбольш хітрым і разумным у гэтай кампаніі, у якой шмат хто, на яго погляд, «тырчэў з зямлі».
Стась спусціўся ўніз і пашукаў вачыма Еву, але нечакана дзяўчаты ўзнялі гвалт, бо якраз разнімалі тых, хто біўся. Урэшце ён адшукаў яе. Ева выцягнула з сумачкі люстэрка і падфарбоўвала вусны. Раптам люстэрка выпала і разбілася. Ева захіхікала.
– Стасік, – сказала яна, – вось я люстэрка разбіла, дык ты мне скажы замест яго: праўда, я самая прыгожая?
– А можна, я табе потым раскажу?
– Калі гэта потым? Ты такі дзіўны, але не, ты – хітраван.
– Мы паедзем з табой разам. Так, Евачка? Ты разбіла люстэрка, а толькі я адзін ведаю, як зняць сурокі – інакш табе будзе вельмі кепска.
– Ай, Стасік, мне зусім не страшна. Ты ўсё маніш, маніш. Ну, згода, згода, паедзем.
– Зараз, Евачка, – шапнуў ёй Стась. – Тачку злаўлю і наперад. – Так, так, – хітра ўсміхалася дзяўчына. – Едзем, Стасік, згода, згода, анягож.
Студэнт Стась таропка выбег на асфальт і падняў руку. Калі ж з трэцяй спробы ён спыніў таксі, Евы, шчаслівай, прыгожай і п’яненькай, побач з ім не аказалася. Не было яе і сярод дзяўчат, і з хлопцамі, і ў кватэры.
Ева пайшла адна. Хістаючыся, яна ціхенька пакрочыла ў напрамку да прыпынку аўтобуса, але тыя не хадзілі з апоўначы. Урэшце, ёй было не так і далёка. Ева ціха спявала, радасна хіхікала і часам аж заходзілася ад прыступаў смеху, што так спрытна абхітрыла ўсіх і пазбавілася ад сваіх кавалераў. Зоркі і поўня мігцелі ў яе над галавой.
* * *
У «пяцёрцы» – аддзеле нумар пяць, створаным пры рэспубліканскім міністэрстве ўнутраных спраў з мэтай пошуку зніклых без вестак, следчы Новік – лысаваты, нягеглы чалавек у пацёртым пінжаку, якія завуць «хапункамі», – ужо каторы дзень выклікаў па чарзе ўдзельнікаў вечарынкі. У ва ўсіх было алібі, следчы Новік ведаў гэта, але пратаколы гутарак з імі неабходна было скласці, падшыць у справу і здаць начальству.
Следчы сядзеў у сваім цесным і няўтульным кабінеце, слухаў пра ўжо вядомыя яму факты і малазначныя дэталі: пра шампанскае, пра тое, як танчылі і пелі, пра гітару, пра бойку, разбітае люстэрка і ўрэшце пра поўнае зацьменне Месяца.
Следчы Новік выклікаў па чарзе чарговага ўдзельніка той вечарынкі і пасля гутаркі прасіў распісацца пад пратаколам. Здзівіў следчага Новіка толькі адзін з той кампаніі – студэнт па імені Стась. Але ўжо праз якую хвіліну следчы дапяў, што гэты Стась папросту спакваля кпіць з яго.
Так, студэнт гаварыў яму, што ў той вечар было поўнае зацьменне Месяца, што ён раней чытаў пра сем палётаў амерыканскіх астранаўтаў на той самы Месяц, і што там яны бачылі шмат незвычайнага, але ўсё гэта было адразу засакрэчана, і што на нябачным баку спадарожніка Зямлі размешчаны базы іншапланецян: там, як пчолы ў сотах, іх караблі. Следчы курыў танную цыгарэту маркі «Прыма» і не перабіваючы слухаў. Далей студэнт Стась паведаміў, што па дадзеных уфолагаў, з Зямлі на гэты час скрадзена больш за пяць тысяч чалавек. Дзеля чаго – невядома. Пэўна, тымі іншапланецянамі.
І тады следчы Новік, стараючыся стрымлівацца, выцягнуў з сейфа пухлую папку з фотаздымкамі і пасунуў студэнту.
– Гэта тыя, каго мы потым знаходзім, – сказаў ён. Студэнт Стась праглядзеў з палавіну, а потым раптам стаў шэры і папрасіў вады.
Следчы Новік наліў яму з графіна ў шклянку, пачаставаў цыгарэтай і сказаў:
– Ну, а зараз – пайшоў прэч.
Студэнт Стась ціха выслізнуў з кабінета, а следчы Новік яшчэ нейкі час сядзеў і складаў дадзеныя у спецыяльны міліцэйскі бюлетэнь па пошуку зніклых: «…прапала дзяўчына васямнаццаці гадоў, бландзінка, высокая, сто семдзясят пяць сантыметраў, у блакітнай сукенцы і туфляхшпільках чырвонага колеру»…
Дадому ён ішоў позна ўвечары. Сутонела. У начным небе вісеў яркі, бліскучы і дакладна акрэслены Месяц.
1989 г.
Візіт алігафрэна
Сход праходзіў, як звычайна праходзілі сходы ў апошні час: заняў сваё месца прэзідыум, выступілі выкладчык, сакратары партячэйкі і камітэта камсамола, студэнты. Гаварылі больш пра тое, што шкоднікі і ворагі яшчэ дзейнічаюць ва ўстановах і трэба быць пільнымі, што арыштаваныя раней злачынцы, пэўна, пакінулі пасля сябе агентуру. Як і надоечы, асабліва раз’юшваліся жанчыны: іх выступленні часта пераходзілі ў віск – напружанне ў зале большала, каб потым пайсці на спад.
Студэнт Янка Белавус – сутулы і светлавалосы, з мяккімі рысамі твару – сядзеў у апошнім радзе і глядзеў на сцэну, дзе над прэзідыумам і бліжэй за партрэт правадыра бялела скручанае ў рулон палатно – будучы экран. Напрыканцы абяцалі паказаць мастацкі фільм, які называўся «Партыйны білет».
За шырокім акном, якое было бліжэй да яго і куды ён кідаў іншы раз позірк, віднеўся невялічкі кавалак пахмурнага неба ды палымнела верхавіна кволага клёна, які рос тут, заціснуты з усіх бакоў асфальтам. Раз-пораз з дрэва аддзяляўся крывавачырвоны ліст і планіраваў долу. Пасля самае буйное і прыгожае лісце падбяруць дзяўчаты, астатняе змяце ў вядро прыбіральшчыца. А потым надыдуць халады і ляжа зіма.
Янка Белавус зноў прыслухаўся да таго, што выкрыкваў з трыбуны чарговы прамоўца, і перасмыкнуў плячыма. Твар яго на які міг пакутліва зморшчыўся, але ён інтуітыўна стаў церці моцнымі доўгімі пальцамі запалыя, загарэлыя з лета шчокі і бледны лоб (ён працаваў летам у кепцы – ад сонца), і твар зноў стаў такі, як належыць, – не абыякавы і пагардлівы, а быццам узрушаны і гнеўна зацікаўлены, бо такія былі твары тых, хто сядзеў побач.
Янка Белавус глядзеў, як у фінале фільма зорка нямога кіно Ада Войцік павяла пад пісталетам у органы мужа за тое, што ён утаіў сваё паходжанне – аказаўся з заможнай сялянскай сям’і.
Янка таксама паходзіў з сялянскай сям’і, быў адзіным у бацькоў сынам і змалку выявіў здольнасці да навукі, таму яны вырашылі, хоць і запозна, вучыць яго далей. Ён быў пераросткам сярод аднакурснікаў, але вучыўся добра. Дзве сястры працавалі ў калгасе і, калі Янка наведваўся ў вёску, саромеліся яго. У вёсцы стала неяк вусцішна, бацька больш маўчаў, сказаў толькі яму, каб асцерагаўся людзей там, у Мінску, пакуль такі час, а пытанне «Які такі?» пакінуў без адказу.
Кіно скончылася, і Янка Белавус ішоў па вуліцы. Было ціха і даволі цёпла. Сустрэчныя дзяўчаты здаваліся прыгажэйшымі адна за другую, ён нават азірнуўся, калі трапіла насустрач асабліва пекная. Дзяўчына неўзабаве скіравала за вугал, а ў сябе позаду ён убачыў прыкладна сваіх гадоў хлопца ў шэрым плашчы і кепцы, які таксама спыніўся і глядзеў услед той дзяўчыне. Янку нагадалася, што хлопца ён недзе бачыў і раней, але думка гэтая не затрымалася ў галаве.
Вось дзяўчына – гэта іншая справа. Дзяўчына чымсьці няўлоўна нагадала яму Таццяну – сакратара іх камсамольскай ячэйкі, якая вучылася курсам вышэй, дачку маёра. Таццяна, можа, і не была прыгажэйшая за іншых дзяўчат, але багата апраналася, першая абрэзала касу і зрабіла модную завіўку. Маёр калі-нікалі прыходзіў да яе, Таццяна брала яго пад руку, і яны шпацыравалі нейкі час ля вучэбнага корпуса, ля клёна і далей, а потым чырванатвары, з вялікім ротам і шорсткімі чорнымі валасамі маёр знікаў.
Апошні месяц, зусім нечакана, Таццяна звярнула на яго ўвагу, і Янка нават звадзіў яе аднойчы ў кіно; яны пасля доўга размаўлялі, і не толькі пра кіно, а ўвогуле пра ўсё (Таццяна, не ў прыклад іншым дзяўчатам, увесь час гаварыла пра палітыку), а вечерам, калі стала цёмна і можна было не саромецца сваіх падрапаных чаравікаў, Янка адчуў сябе зусім вольна, разгаварыўся, шмат смяяўся і перацвельваў выкладчыкаў, асабліва тых, хто яму не спадабаўся.
На развітанне Таццяна прагна цалавала яго ў губы, вочы яе блішчэлі ў святле месяца, але да яго не пайшла і да сябе не запрасіла.
Пасля яна раптам некуды знікла, пайшла нават пагалоска, што маёр ніякі ёй не бацька, потым яму падказалі, быццам яна зацікавілася маладзейшым за яе студэнтам-першакурснікам, які нядаўна прыехаў з заходняй вобласці, аж з-пад Ваўкавыска, – гнуткім прыгожым хлопцам, які дрэнна размаўляў па-расейску, але Янка і не вельмі шкадаваў, падсвядома ён заўсёды адчуваў, што тая Таццяна не для яго.
Ён таропка прайшоў ля купкі блатных – каб не прыцягваць іх увагі – і скіраваў да свайго пад’езда. Тут ён выпадкова наняў куток. Лепш было ў якой з хат, якія пачыналіся за квартал, а не ў напаўпадвале, у цагляных сценах, ды на заняткі адсюль побач. А гаспадыня, увесь час пад чаркай жанчына, якая прыбірала і абмывала начальства, многа не брала з яго.
На першым паверсе Янка наймаў у гаспадыні асобны пакойчык, дзе ўмяшчаліся ложак, стол і крэсла. Большага яму і не трэба было. Але неўзабаве ён хацеў пераехаць, бо надакучваў сын гаспадыні Міша – алігафрэн ад нараджэння, які ўвесь час круціўся навокал, і, калі не зачыніш дзверы, уціскаўся ў пакой і прасіў есці – абы набіць рот, і не ішоў, пакуль не атрымліваў няхай сабе і чэрствую скарынку. Янка ахвяраваў яму хлеба, хоць часта не хапала і самому (ён падрабляў грузчыкам на станцыі), а бацькі зрэдку давалі толькі які кавалак сала – пра кілбасы ці там паляндвіцу не было і гамонкі. Вёска галадала.
Янка Белавус крыху паляжаў, адпачнуў, а потым спусціў з ложка ногі і падышоў да акна. Яго ніжнюю палавіну закрывалі танныя паркалёвыя фіранкі. Акно прыцягвала ўвагу: за ім віравала жыццё.
Праз шкло ён убачыў, што збіралася на дождж. Насупраць звычна грувасціліся шэрыя сцены, ля якіх зрэдку мільгалі шэрыя, пацучыныя постаці прахожых. Некалькі дзяўчат у куртках «лыжніцах» гарэзавалі на рагу вуліцы. Працакатала па бруку: невялічкі мышасты каняка цягнуў фурманку. Праваруч, над брамай былой карчмы, кідаўся ў вочы чырвона-зялёны плакат, на якім мажная русавалосая з блакітнымі вачыма сялянка вітала чырвонаармейца з квадратным тварам і ў шлёме з патырчастым піпсам, а пад імі палымнелі вялікія чырвоныя лічбы:
1919–1939
Янка Белавус адгарнуў фіранку і ўбачыў, што на лаўцы насупраць з кійком ля ног сядзіць сляпы. Ён якраз павярнуў голаў, і жэст гэты здаўся знаёмым, нібы ў таго самага хлопца, якога Янка бачыў на вуліцы гадзіну таму, і ўзрост такі самы, і плашч, і кепка-васьміклінка. Вось толькі цёмныя акуляры і кіёк – іх раней не было.
Не ўпершыню ўжо Янка Белавус адчуў непаразумелую трывогу, нейкі дыскамфорт, і пачаў вагацца: калека той ці не – бо моцныя рукі сляпога выторкваліся з рукавоў плашча, на левай быў бачны нават адсюль гадзіннік. «А навошта ён, калі запытацца, сляпому?» – падумаў Янка. І рухі былі ўпэўненыя. А вось вочы – вочы сапраўды хаваліся за зялёнымі шкельцамі.
Кроў быццам спынілася ў ім – з’явіўся страх. «Калі ён калека, – падумаў Янка, – то чаму ён такі здаровы і моцны на выгляд, быццам футбаліст ці значкіст гэпэа. А калі гэта камуфляж, калі чалавек не той, за каго ён сябе выдае, то чаму ён сядзіць насупраць? І чаму ён (а цяпер Янку здавалася, што гэта быў той самы чалавек) ішоў за ім па вуліцы?»
Янка Белавус успомніў, што ў інстытуце шапталіся пра нейкую нявыкрытую арганізацыю, пра тое, што на партрэце правадыра, які вісеў у холе, знайшлі дзве дзірачкі – адну, дзе сэрца, а другую на лбе; што знік, быццам яго і не было, студэнт з-пад Ваўкавыска. Успомніў і тое, што напярэдадні яго выклікалі ў камітэт камсамола, дзе ён меў гутарку з сакратаром – незразумелага ўзросту прылізаным чалавекам з няшчырым тварам, і ў кабінеце сядзеў яшчэ адзін – лысаваты і непрыкметны.
Пыталіся тады ў яго, адкуль родам, што чытае і чаму больш па-беларуску, чаму не выступаў на сходах, як адносіцца да заходнікаў. Спыталі яшчэ, быццам між іншым, ці быў знаёмы з выкладчыкам Маркевічам (па чутках, таго раней арыштавалі), і ці праўда тое, што ён, Янка Белавус, сказаў неяк, быццам у інстытуце занадта ўвагі надаюць палітычным, а не прыкладным, як трэба, навукам. І ён пацвердзіў, што з Маркевічам былі знаёмыя ўсе студэнты, якім той выкладаў, і ён у тым ліку, а пра навукі можа і было сказана нешта падобнае, але ў іншым сэнсе – ён дакладна не памятае. Лысаваты з сакратаром толькі пераглянуліся…
Сляпы на лаўцы запаліў. Янку падалося, што рабіў ён гэта так, як можа рабіць відушчы: дакладным рухам выцягнуў сярнічку, чыркнуў аб скрыначнік. Янка ўспомніў раптам, што калісьці чытаў пра тое, што сляпыя звычайна не кураць, бо не бачаць дым, які выдыхаюць.
І яшчэ адна падзея адбылася, ад чаго было трывожна на душы. Перадусім забралі ноччу суседа – краўца Саковіча, перасяленца з заходняй вобласці.
Напярэдадні той папрасіў Янку патрымаць крыху ў сябе яго дубальтоўку – выдатнай работы «тулку» – падарунак, як ён растлумачыў, былога пана дзеду, які служыў лесніком. Да ружжа, маўляў, падабраўся малалетні сын, а потым ён забярэ, толькі купіць скрыню з замком. Маніў ён тады ці што ўжо адчуваў?
Калі яго забіралі, сусед чамусьці крыкнуў – мо яго ўдарылі, і Янка прачнуўся і ўбачыў праз акно, як на золку двое ў плашчах таропка цягнулі краўца волакам праз вуліцу, а яшчэ адзін, з наганам, подбегам крочыў следам.
Нейкія сілы ў недасяжнай прасторы, за сценамі дамоў, куды яму ніколі не трапіць, вырашалі, каму жыць, а каму памерці. Янка заўважыў, што людзі зараз нібы падзяліліся на дзве катэгорыі: адной, больш упэўненай, якая ні ў чым не сумнявалася, а падмінала ўсё пад сябе, – выпадала жыць, а другая, як ні маскіравалася пад першую, заўсёды мусіла быць выкрытай і пакаранай. «Разгаданыя і непрынятыя»… Вось і ў іх інстытуце першы знік выкладчык Маркевіч – ціхмяны кніжнік і летуценнік (казалі, што на яго данесла жонка), а ў вёсцы, як скупа расказаў бацька, раскулачылі зноў самыя працавітыя сем’і, а старшынёй прыслалі нейкага Чорназіпуннікава, і той перш за ўсё разбурыў царкву і засяліў пустыя хаты раскулачаных крыклівымі прыхаднямі-сваякамі.
Бацька шэптам расказваў пра гэта Янку ў цеснай пуньцы, дзе яны склалі нарыхтаванага крыху на зіму сена (касіць ужо нідзе не дазвалялі), і Янку так і запомнілася: духмяны водар сена і шырокі, шчыры і стомлены твар бацькі, у вачах якога разпораз мільгалі непаразуменне і страх.
Янка Белавус зірнуў яшчэ на сляпога на лаўцы і падумаў пра тое, ці не захварэў ён сам часам, бо тое, што думалася яму іншым разам, не магло быць праўдай, не магло існаваць. Ён адступіў ад акна, укленчыў, сунуў руку пад ложак і адчыніў свой чорны фанерны чамадан, дзе на дне ляжала краўцова «тулка», выцягнуў патранташ з адзіным патронам, пераламаў рулю і, прымераўшы патрон, зарадзіў ружжо.
З ружжом у руцэ ён зноў адгарнуў фіранку і ўбачыў, што на вуліцы тунькаецца Міша – сын гаспадыні. У алігафрэна назіралася стадыя так званай імбецыльнасці: была яўна парушана артыкуляцыя, адсутнічала абстрактнае мысленне, хаця захаваліся такія-сякія працоўныя навыкі: Міша часта хадзіў па суседзях пілаваць і секчы дровы.
У дзяцінстве Міша адседзеў тры гады ў першым класе, дзе асвоіў няхітрую навуку лічбаў. Калі ён пачаў мачыцца ў чарнільніцы, забіраць у меншых ежу, а калі ежы не хапала, есці крэйду – яго адправілі дамоў.
Гэта быў лядашчы дзяцюк без падбародка, але з моцнымі, як у барсука, сківіцамі, у падраным галіфэ і бруднай латанай гімнасцёрцы (ён абажаў усё вайсковае), звонку апрануты ў расхістаны, зашмальцаваны ватнік. У руцэ ён трымаў сшытак. У сшытак Міша занатоўваў нумары ўсіх машын, якія спыняліся паблізу. Гэта і цяпер быў яго «пункцік», нягледзячы на тое, што аднойчы з машыны выскачылі некалькі вайскоўцаў у блакітных фуражках, запіхнулі Мішу ўсярэдзіну і павезлі з сабой. Праз дзень пасля таго, як гаспадыня – яна выконвала абавязкі дворнічыхі і падрабляла прачкай – збегала ў міліцыю, адвячоркам ён з’явіўся дамоў, з сінякамі на твары і выбітым зубам, адляжаўся ў сваім куце, дзе ціха скуголіў амаль суткі, а потым выпрасіў у некага сшытак і зноў радасна запісваў туды вялізнымі, пачварнымі лічбамі нумары машын. Але пасля сваёй вандроўкі ў яго з’явіліся новыя дзівацтвы. Так, Міша часта браў у рукі палку і пачынаў крычаць: «Устаць, рукі па швах! Застралю, сука! Маўчаць, падла!..» Тады мясцовыя прыблатнёныя смяяліся, падбухторвалі яго яшчэ, частавалі «беламорынай», Міша закурваў і, кашляючы, роў: «Крывёю ссаць будзеш, гад! Смірна!..»
Калі голад падціскаў, а ён амаль заўсёды быў галодны, Міша хадзіў па кватэрах і хатах – патрабаваў хлеба. Заходзіў ён і да Янкі, мо часцей, чым да іншых, бо той быў побач і саромеўся зачыняцца ад нябогі.
Янка зноў пачаў занепакоена крочыць ад сцяны да сцяны, ён меркаваў, як на ўсялякі выпадак пазбавіцца ад краўцовага «падарунка» – ружжа, а вярнуць «тулку» не выпадала. Жонка краўца з сынам адразу з’ехалі з кватэры, бо пайшла пагалоска, што кравец – шпіён. Залезці на гарышча і схаваць там? Трэба пачакаць, калі сцямнее. Навокал няпроста і хістка. «А мо ўсе страхі – лухта? – падумаў ён. – Кравец вернецца дадому, а на лаўцы сапраўды сядзіць калека? А што, калі падысці да яго і ўпэўніцца дасканала? Калі гэта сляпы, – вырашыў ён, – то варта лячыцца ад неўрастэніі. Сялянскі сын, а фантазіі, як у істэрычнай жанчыны».
Янка Белавус сунуў ружжо пад коўдру, адчыніў дзверы, прайшоў сырым, прапахлым мачою пад’ездам і выйшаў на вуліцу.
Міша кудысьці знік, а сляпы па-ранейшаму сядзеў, закінуўшы галаву, нібыта прыслухоўваўся да каркання варон ці то нюхаў паветра – мо ён таксама адчуваў, што павінен пайсці дождж.
Янка рашуча пакрочыў праз вуліцу. Ужо зблізку ён разгледзеў, што калеку гадоў пад трыццаць, твар беспародны, з носам, як у качкі, шырокім вузкагубым ротам і вострым лісіным падбародкам.
Вопратка яго зблізу таксама нічога не гаварыла: пыльнік, звычайныя сіняга колеру штаны, чаравікі – вось чаравікі былі скураныя, новыя, амаль не ношаныя.
«Калека ці не?»
Янка падышоў усутыч. Сляпы прыслухаўся.
– На дождж збіраецца, – пачаў Янка, як звычайна пачынаюць размову ў вёсцы, і кашлянуў.
Сляпы павярнуў да яго плоскі, скуласты і востры кнізу твар, але не адказаў.
– Дрэнна бачыце? – тактоўна спытаў Янка. Сляпы раптам расцяў вусны.
– Совсем не вижу, – сказаў ён.
– Яно так, не хваробу выбіраеш, а яна цябе, – паспачуваў з палёгкай Янка і дадаў: – Яшчэ ачуняеце, медыцына ў нас ведае сваю справу.
– Да нет, – адказаў сляпы. – Я в шахте взрывником был, понимаешь? Породу взрывал. Ударной волной меня. А теперь не вижу.
– А гадзіннік? – прысеў побач і з цікаўнасцю спытаў Янка. – Навошта ён вам? Як па ім час пазнаяце?
– А просто, – здагадаўся і крыва ўсміхнуўся сляпы. – Покажу кому – мне и скажут.
Ён выцягнуў руку з кішэні і паказаў. Янка нахіліўся. Дарагі гадзіннік ішоў, секундная стрэлка рухалася.
– Ну, сколько там? – спытаў сляпы.
– Пяць, – чамусьці зманіў Янка, хоць гадзіннік паказваў чацвёртую гадзіну. Але сляпы не адрэагаваў ніяк.
– От и все дела, – сказаў ён. – Ребята из шахты часы подарили. Буржуйские.
Ён раптам зняў акуляры, і Янка ўбачыў мёртвыя прыжмураныя бельмы. Яму стала ніякавата, крыху сорамна, ён супакоіўся зусім, але сляпы ўсё роўна нечым яму не спадабаўся.
Янка прапанаваў:
– Мо закурым?
– Давай, – згадзіўся сляпы.
Ён зноў насунуў на вочы акуляры, працягнуў руку, затым сціснуў папяросу зубамі, і зялёныя шкельцы акуляраў адлюстравалі агеньчык сярнічкі.
– А я вас за агента прыняў, – сказаў Янка і засмяяўся. Смех прагучаў роблена.
– Это почему? – зацікавіўся калека.
– Сляпыя звычайна не кураць – гэта раз, рукі ў вас не шахцёрскія – гэта два, і потым – я вас бачыў быццам.
– Ну, ты даёшь стране угля, – сказаў сляпы і сунуў руку ў кішэню. Другой ён па-ранейшаму прытрымліваў кіёк. – Ну какой из меня шпион?
Янка зусім расслабіўся, паволі выпусціў дым і хацеў растлумачыць калеку, што ён падазраваў у ім не варожага, а нашага агента, зірнуў навокал і… атарапеў.
Проста на іх з ружжом у руках ішоў радасны Міша. Пальцы правай рукі алігафрэна тыркаліся ў куркі, а руля была скіравана на іх.
«Зайшоў у пакой па хлеб і, пакуль мяне не было, угледзеў зброю, – прамільгнула ў галаве ў Янкі. – У яго ж нюх на такія рэчы».
Ён ускочыў з лаўкі. Сляпы па-ранейшаму сядзеў на сваім месцы.
Міша быў узбуджаны, бо ў руках трымаў сапраўднае ружжо. Сліна тонкім струменьчыкам цягнулася ў яго з рота.
– Устаць! – зароў ён. – Застралю, падлы! Янка пабляднеў.
– Міша, – паклікаў ён, надаючы голасу як мага больш пяшчоты і рахманасці, – дай мне стрэльбу!
Алігафрэн адступіў на крок. Ён не збіраўся аддаваць сваю здабычу.
– Рукі за спіну, сукі! Застралю!
Руля хадзіла хадуном. То скіроўвала на іх, то ўбок, то на неба. Нібы ў сне, Янка ўбачыў, як брудны, з чорным пазногцем палец торкаўся пад прыкладам і ўрэшце намацаў курок.
Янка адчуў, як час раптам замарудзіў свой бег. Вось Міша расцягнуў яшчэ больш рот у радаснай усмешцы – сталі бачныя чорныя, сапсаваныя зубы, вось ён утаропіўся ў іх бок непаразумелымі, ухілістымі вачыма. Адразу перавёў позірк на ружжо ў сваіх руках, і зноў на імгненне сустрэўся з іх вачыма – увесь адданы новай гульні.
Янка адчуў, як па спіне папоўз халадок.
– Стой! – крыкнуў ён. – Не трэба!
Але грымнуў ужо стрэл. З рулі выкінуўся дымок. У тое ж імгненне Янка пачуў трэск з таго боку, дзе сядзеў калека, але той ужо і не сядзеў, а, завучаным рухам выхапіўшы з кішэні плашча наган, адскочыў убок і страляў. Акуляраў на яго вачах ужо не было.
Міша заваліўся на спіну, але ружжо яшчэ не выпусціў, цупка трымаў у руцэ. Кулі ўваходзілі яму ў грудзі – гукі былі такія, нібы білі анучай па дошцы. Кроў пырснула ў яго з рота, і ён упаў.
– Там адзін патрон! – крыкнуў Янка.
Але лжэсляпы і так ужо не страляў, дый не варта было. Мёртвы Міша ляжаў тварам угару, неверагодна доўгі ў сваім галіфэ і фуфайцы. Краўцова ружжо валялася побач.
* * *
У дзверы пашкрабалі. Студэнт Янка Белавус саскочыў з ложка. «Ці то драмаў, ці спаў – трэба ж так разгуляцца думкам. Фантазіі такія, што ў самы час па даху зрушыцца», – прамільгнула ў яго галаве. Сэрца білася ў грудзях – ён адчыніў.
Алігафрэн Міша праціснуўся ў дзверы, сустрэўся з ім позіркам і адразу адвёў вочы. Ён, як жывёла, не мог доўга вытрымліваць позірк.
– Дай хлеба, – сказаў ён, з цяжкасцю складваючы словы, і пусціў сліну. Янка з палёгкай уздыхнуў і дастаў з паліцы скарынку.
Міша прагна схапіў яе і адразу пачаў есці. Яго сківіцы, значна больш развітыя за верхнюю частку чэрапа, з храбусценнем перамолвалі счарсцвелы хлеб. «Еш, – падумаў Янка. – Еш, божы чалавек».
Міша апантана жаваў.
Янка Белавус укленчыў і запусціў руку пад ложак, у чамадан. Краўцова ружжо было на месцы. Нагой ён запіхнуў чамадан падалей і моўчкі чакаў, пакуль Міша скончыць есці і пойдзе.
Урэшце алігафрэн пакінуў жаваць, зірнуў спадылба на пустую паліцу і ўздыхнуў.
– Хлеба, – зноў патрабаваў ён, але не настойліва, ён ніколі не настойваў.
– Ну ідзі, Міша, – сказаў яму Янка Белавус. – Бачыш, больш няма.
Міша пайшоў. Дзверы рыпнулі і засталіся адчыненымі. Янка Белавус пасунуўся да акна і адгарнуў фіранку.
На шкле з’явіліся першыя пырскі – пачынаўся дождж.
…На лаўцы сядзеў сляпы.
1989 г.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?