Электронная библиотека » Юры Станкевіч » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Шал (зборнік)"


  • Текст добавлен: 19 ноября 2018, 16:40


Автор книги: Юры Станкевіч


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +
6

калі страшны суд, пра які казаў айцец віталь, даўно пачаўся. і на якім павінны раскрыцца таямніцы чалавечых душ. то менавіта чалавечыя душы прымуць на сябе першы ўдар. – меркаваў валовіч. – што і назіраецца ў сучасны момант. і справа, верагодна, нават не ў тым, што гінуць лясы і рэкі. моры і акіяны. і кіты тысячамі выкідваюцца на берагі. а птушкі захлынаюцца ў нафце. а ў тым, што незаўважна прыйшло агульнае непаразуменне. бабілон. сапраўды, калі багі захацелі б пакараць сваіх малпачак. якія выйшлі з-пад кантролю. то ў першую чаргу пазбавілі б іх розуму. што і адбываецца. валовіч раптам прыгадаў пра тое, як шмат апантаных бачыў на вуліцах. у сціснутых кватэрах з тараканамі. ва ўстановах. на святах дураплясаў. на тэлеэкранах. і адагнаў непажаданую тугу. але, каб не было няправільнага, то як бы вызначылі тое, што правільна, падумаў ён.

цягнік, між тым, крануўся. адзінокая постаць айца віталя сплыла назад. яшчэ кароткі час валовіч бачыў яго праз шкло.

* * *

у вагоне электрычкі з карэлічаў было шмат людзей. але месцы валовічу і яго падапечнай знайшліся. у самай сярэдзіне. у канцы вагона ігралі на гітары. гікалі і падсвіствалі. некалькі маладых на падпітку. былі сярод іх і дзяўчаты. апранутыя як прастытуткі. яны часам пускаліся ў скокі. валовіч паспрабаваў адчыніць акно. але атлусцелыя кабеты за спінай адразу ўсчалі лямант. канстанцыя паранейшаму была вялая. яна схіліла голаў валовічу на плячо. ён вырашыў, што дзяўчына заснула. быццам і не было ранейшых усплёскаў істэрычнай зласлівасці. нават спробы забіць яго.

але жанчынам мы даруем амаль усё, – меркаваў валовіч. – яны маюць усё большы ўплыў у старым свеце. жывуць нашмат дольш за нас. выхоўваюць дзяцей так, як ім хочацца. іх усёдазволенасць разбурыла не адну дзяржаву.

валовіч, урэшце, прымусіў сябе адчуваць душэўную раўнавагу. і нават спакой. такое ў яго аказалася заданне. нічога дзіўнага. праз некалькі гадзін ён вернецца дадому. толькі здасць канстанцыю яе айчыму. і атрымае грошы. што дазволіць яму нейкі час знаходзіцца на плаву жыцця. магчыма, ён знойдзе сабе якую працу. потым. а можа і ў хуткім часе. як, урэшце, пашанцуе.

у вагон зайшлі кантралёры. у летняй форме чыгуначнікаў. і пачалі правяраць білеты. валовіч паказаў ім свае. іх прабілі кампосцерам. кантралёры пайшлі далей. і спыніліся перад купкай жаўтаскурых жанчын. у адказ на тое, каб прад’явіць квіткі, тыя запелі па-свойму. песня была доўгая. кантралёры чакалі. у іх быў дурнаваты выгляд. урэшце, яны пайшлі. так і не даўшы жанчынам рады. але тут жа накінуліся на хлопца. безбілетніка. хутчэй за ўсё – студэнта, – меркаваў валовіч. пачалі выпісваць яму штраф. вакол ажывіліся. прагна сачылі.

канстанцыя па-ранейшаму драмала. праўда, калі ён у чарговы раз кінуў на яе вокам, то злавіў на сабе яе імгненны позірк. але вырашыў, што памыляецца. бо вочы ў яе былі зноў заплюшчаныя. а на твары – спакой. тым не менш, выцягнуў з кішэні лёску. і накінуў адну пятлю на кісць рукі дзяўчыны. вельмі асцярожна. а другую – сабе.

у праходах пачалі бегаць мурзатыя і нахабныя дзеці.

– грошай, дай! – крычалі яны то аднаму, то другому пасажыру. і некаторыя давалі. дробныя паперкі. потым у вагон уціснуліся двое маладых і мажных мужчын з дурнаватымі тварамі. у аднаго ў руках была гармонь. другі трымаў у руцэ невялікі бубен са званочкамі. а ў другой руцэ – фанерную скрыню са шчылінай пасярэдзіне. туды, як здагадаўся валовіч, пэўна, павінны былі кідаць грошы. Яны зайгралі на гармоні. і пачалі адбіваць рытм на бубне. а потым заспявалі па-расейску. слоў валовіч не падзяляў. бо яны адскоквалі ад свядомасці. і раствараліся ў пустаце.

 
– тирлитирлитирлили
тюрлирлениайлюли…
 

і, не спяшаючыся, рушылі па праходзе. падсоўваючы пасажырам скрыню са шчылінай. зрэдку ім туды таксама кідалі дробныя паперкі. яны параўняліся з месцам, дзе сядзелі валовіч і яго падапечная. і раптам дзяўчына на прозвішча канстанцыя віж абудзілася. і ўхапіла аднаго з музыкаў. за рукаў кашулі. той з гатоўнасцю спыніўся. нават пакінуў трэсці бубнам.

– можа, грошай пазычыш? беднай жанчыне? —

спытала яна. даволі ласкава.

таўсматы музыка сумеўся. навокал адразу сцішыліся і пачалі прыслухоўвацца.

– ты такі тупы? – зноў пацікавілася дзяўчына. і засунула руку ў скрыню.

– інвалідзік? у калгасе цяжка працаваць?

бубнач вырваў скрыню ў яе з рук. бабы за спінай у валовіча ажывіліся. і падтакнулі:

– і праўда. такія маладыя. здаровыя. акурат кабаны. а яны па вагонах жабракуюць. музыкі паімкнуліся рухацца далей. але канстанцыя не адпускала рукаў.

– чуеш ты, бюль-бюль-аглы, – спытала яна бубнача:

– а хто з вас муж, а хто – жонка? вы ж, спадзяюся, традыцыйнай арыентацыі?

замінаючы канфлікт, валовіч улез у непажаданую гутарку. адчапіў руку дзяўчыны. ад бубнача. і прапанаваў першае, што прыйшло ў голаў:

– вы б спелі што-небудзь па-нашаму. не на чужой мове. збацаеце?

жанчына ў капялюшыку, якая сядзела насупраць, ля самага праходу, раптам абурылася:

– а чіво гэта для вас чужое? спытала яна. з ноткамі істэрыі.

– чім вам наш рускій язык не нравітца?

бубнач з гарманістам зрушылі з месца. і пасунуліся далей. канстанцыя сказала ім услед.

– пакуль, педыкі! заходзьце яшчэ! між тым бабы за спінай у валовіча не

сунімаліся. – да какая разніца – какой язык? мову ім давай! а что мне з той мовы? мовай не пад’ясі.

на што канстанцыя пакпіла па-езуіцку:

– мова – не вош. адразу не заб’ёш…

але яе не зразумелі. з розных бакоў пасыпаліся рэплікі. баба сталага веку, што сядзела праз праход, выкрыкнула. у паўзе:

– нацыяналісты! усё дашчэнту давялі!

на што ёй ва ўнісон за спінай азвалася яшчэ адна:

– да гарбач, сволач, разваліў!

валовіч звыкла адчуў, як вяртаецца туга. яму нават нясцерпна захацелася апынуцца ў цішыні. у сваёй, няхай і занядбанай, кватэрцы. у душэўным спакоі.

– ці спынецца, урэшце, гэта рохканне? мову

то хоць не чапайце. – сказаў ён. быццам нягучна. сам сабе. але ў паўзе яго нечакана пачулі. пасыпаліся заўвагі. іншыя даволі зласлівыя.

– хто как хаціт. тот так і гаварыт.

– жыць не дают. разумнікі.

– нацугі. канстанцыя нібы ўзляцела:

– спыніцеся! закрычала яна ўслед музыкам. якія ўжо выходзілі з вагона.

– я ўспомніла! хачу песню! вось гэту:

– остановите музыку! скажу вам я! скажу вам я! с другим танцует девушка моя!

жанчына ў капялюшыку падтрымала адабральна:

– правільна! я ж помню. это бюль-бюль

оглы! харошая песня! яе перабілі бабы за спінай у валовіча: —

– эта не бюль-бюль-оглы. эта магомаев пел. муслім.

у размову нервова ўмяшалася яшчэ адна. праз праход:

– не муслім. вы няправільна гаварыце. бабы абурыліся:

– чіво эта неправільна? так, хто эта пел? тая, што сядзела праз праход, узвілася з месца.

– эта тыніс мягге пел! надо знать! навокал загаманілі:

– какой ішчо мяге? эта не наш! канстанцыя была ў захапленні:

– куды? куды вы цягу далі? – закрычала яна ў спіны музыкам. —

– мы хацім гэту песню! але двое з гармонню і бубнам ужо таропка выйшлі. у суседні вагон.

у канцы яго, за спінай, зноў зацвэнькалі на гітары. пачалі гікаць. затанчылі. але неўзабаве кінулі. ад неспакойнай суполкі аддзяліўся адзін. і няцвёрдай хадой скіраваў да валовіча. утаропіўшыся ў яго позіркам выцвілых. свіных вочак. з даўгімі, сальнымі валасамі. кірпаты нос быццам нешта вынюхваў.

канстанцыя між тым трыумфавала.

– правільна! і я люблю эту песню! і нягучна запела. нізкім, не сваім голасам:

– тирлитирлитирлили тюрлирлениайлюли…

і нечакана дадала. на вуха валовічу:

– а вось і марык ідзе. двайнік. клон. ха-ха.

хлопец пасвідраваў вачыма валовічаў твар. яго слінявы рот нядобра перакрывіла. на спалох бярэ, – вяла падумаў валовіч. – хоча вэрхалу. і хоча быць пабітым. комплекс наздрова. з гогалеўскай паэмы.

– а чё ты выламваешся, га? чё, панармальнаму гаварыць не можаш? – з націскам спытаў маладзён.

валовіч адцапіў лёску са сваёй рукі. – а, ты менавіта да мяне? з базарам? – спытаў ён маладзёна. —

і дадаў амаль лагодна:

– дык я з табой свінню не пасвіў.

на што канстанцыя радасна зашаптала. вочы яе блішчэлі:

– свінню не пас. свінапас! і сказала ўжо ўголас:

– а вось і «паганяла»:

– сві-на-пас!

маладзён пасунуўся на валовіча. намагаючыся ўхапіць. рукастай даланёй. на гэта валовіч падняўся з месца. і ўдарыў таго хукам злева. прыцэльна. у падбародак. і не спудлаваў. маладзён пачаў асядаць. на жанчыну ў капялюшыку. тая ўзвыла з перапуду. да маладзёна ўжо беглі. на дапамогу. замахалі рукамі. перашкаджаючы адзін аднаму.

нехта завішчэў:

– міліцыю! міліцыю выклікайце!

на сігнальную кнопку з адпаведнай шыльдай ужо торкалі пальцам.

над гэтым вэрхалам лунаў радасны голас канстанцыі віж.

– астанавіце музыку! скажу вам я! – яна тыкала пальцам у твар маладзёну. асалавеламу. і без каардынацыі. і працягвала. у рыфму:

– ну, хіба гэта не свіння?

урэшце ў вагон увайшоў міліцыянт. а за ім – другі: абодва – маладыя. вузкаплечыя. але яшчэ без прыкметных жыватоў. у аднаго з іх з-пад брыля фуражкі выторкваўся чуб. зусім, як у казакоў. перыяду імперыі, – падумаў валовіч. чубаты быў шараговец. а яго напарнік з сяржанцкімі нашыўкамі.

– гэта ў вас тут бойка? што здарылася? – запытаўся сяржант.

яму адразу пачалі паказваць на сярэдзіну вагона. дзе яшчэ валтузіліся вакол валовіча. шараговец насунуў на чуб фуражку. і адхінуў тых, хто яму перашкаджаў.

– так. хто «цярпіла»? – спытаў ён. і паправіўся:

– хто пацярпелы?

адразу загаманілі атлусцелыя жанчыны. за спінай у валовіча. узбуджана паказвалі на яго пальцамі. даводзілі, што менавіта ён усчаў бойку. – нацыяналіст. – даносілі яны. – руская мова яму не падабаецца. – такія і бомбы падкладаюць.

канстанцыя ўзняла руку. як вучаніца ў школе.

– я – пацярпелая. кіўнула на п’яных маладзёнаў: – і вось яны. і яны, – паказаўшы на жанчын.

сяржант неахвотна ўзначаліў дазнанне. спытаў, агледзеўшы валовіча:

– і гэта ўсё ён?

канстанцыя віж скрушна кіўнула галавой. у знак згоды. і патлумачыла:

– я – патранажная медсястра. з

псіхіятрычнай лякарні. куды яго, – яна паказала на валовіча, —

– мне трэба даставіць ужо сёння. як вы разумееце, ён не надта адэкватны. але цалкам транспартабельны. ён спачатку быў згодны ехаць на месца лячэння. але зараз заўпарціўся. звязаў мяне лёскай. вось зірніце. ён жа здаровы мужык.

сяржант азадачана ссунуў фуражку. на патыліцу. – у вас ёсць дакументы? – спытаў ён у канстанцыі. —

– пакажыце. калі вам не цяжка. валовіч на ўсё гэта ўсміхнуўся.

– не давайце ёй веры. яна жартуе. гэта я вязу яе ад экзарсіста. шараговец красамоўна зірнуў на сяржанта. —

– ад каго? – пацікавіўся ён спачувальна. і забраў з рук канстанцыі паперкі і пасведчанне. сяржант пераняў іх. і пачаў чытаць: —

– так. сарока лада міхайлаўна. медсястра.

рэспубліканская псіхіятрычная клініка. валовіч перапыніў яго. —

– ды не яна гэта. давайце разбярэмся. бачыце – яна прыхварэла. я вязу яе дамоў. сяржант прысеў насупраць. яму з гэтай нагоды вызваліла месца жанчына ў капялюшыку.

– эйш, нацуга пракляты. дык яшчэ і псіх. – пракаментавала тая ў адрас валовіча. —

– а з выгляду – прыстойны. адразу і не разгледзіш. валовіч ужо з цяжкасцю стрымліваўся. – выйшла бы ты прэч, клімактэрычка, – сказаў ён. але яшчэ даволі спакойна.

жанчына адразу завішчэла. замахнулася на валовіча сумкай. праз праход.

– забярыце яго! мы тут усе ў сведкі пойдзем!

сяржант вытрымаў невялікую паўзу. і звярнуўся ўжо да валовіча.

– прад’явіце вашы дакументы. грамадзянін.

валовіч пацягнуўся да сваёй рыбацкай сумкі. расшпіліў замок. і ўспомніў, што ў спешцы не браў нічога. дый навошта яму былі дакументы? каму прад’яўляць?

– у мяне іх няма. – сказаў ён. шараговец, які, стоячы, зазірнуў у раскрытую сумку валовіча, спытаў:

– а чаму там у вас камень?

і паказаў на ружовага колеру, з украпінамі, брукаванец. які валовіч знайшоў раней на храмавым падворку. і адтуль прынёс айцу віталю.

– вы не супраць, што я яго забяру? а то яшчэ ўжывяце тут. у вагоне. валовіч перадыхнуў. ён змусіў сябе гаварыць спакойна. і па справе.

– гэта яна мне падклала. – ён паказаў на дзяўчыну. —

– сцягнула яго ў экзарсіста. я б не раіў вам браць гэты камень у рукі. бо цалкам, магчыма, туды загнаная «бесавіца». калі тая выйшла вось з яе. —

ён зноў кіўнуў на канстанцыю. быў злы на яе.

– а можа, і не выйшла. можа, іх там дзве, а то і больш.

канстанцыя засмяялася. зрабіла адпаведны выраз на сваім прыгожым твары. кранула міліцыянта за руку.

– ну, вы самі чуеце. і каментаваць не трэба. добра, што вы з’явіліся. я б адна з ім не справілася. калі вам не цяжка, звяжыцеся па рацыі. няхай вышлюць з лякарні брыгаду. прама да цягніка. тым больш, што мы ўжо амаль у сталіцы.

шараговец пацікавіўся. пакуль сяржант раздумваў над прапановай.

– а чаму яго адразу з брыгадай не скіравалі?

хто гэта вас адну прымусіў? канстанцыя развяла рукамі. і патлумачыла:

– эканамічны крызіс, як кажуць. самі ведаеце.

то паліва няма. то яшчэ чаго. вось і вязу. адна. валовіч сказаў:

– не давайце ёй веры. яна – апантаная. вельмі хітрая. выкрутлівая. і дакументы скрала. і камень.

на што дзяўчына зрабіла свой каментар:

– бачыце. у яго абвастрэнне. ён і тут усчаў

бойку. а раней – забіў марыка. сяржант узняў голаў. нібы ганчак.

– калі гэта – раней? і якога марыка? валовіч толькі фыркнуў. але не надта весела.

– яна трызніць. няхай скажа. я яшчэ зрабіў падкоп. да стакгольма. ха-ха.

сяржант збольшага супакоіў жанчыну ў капялюшыку. і пацікавіўся ў канстанцыі:

– вы кажаце пра забойства нейкага марыка? вы былі сведкай забойства?

дзяўчына на прозвішча канстанцыя віж адказала на гэта. пасля секунднай паўзы. што прозвішча марыка не ведае і сведкай забойства не была. валовіч ужо з цяжкасцю стрымліваў сябе. і толькі заўважыў:

– а вы праверце па сваіх зводках. і пабачыце. хто з нас хлусіць.

між тым, сяржант выйшаў у тамбур. і выцягнуў рацыю. валовіч убачыў праз шкло, як той гаварыў. але слоў, вядома, разабраць не мог.

напруга ў вагоне пакрысе зменшылася. за акном з’явіліся ўжо аднастайныя будынкі прыгарада. яшчэ праз некалькі хвілін канстанцыя ўсхапілася. са свайго месца. падняўся і валовіч.

– я пакуль у прыбіральню, – патлумачыла міліцыянтам дзяўчына. і выйшла з вагона. валовічу выйсці не дазволілі. міліцыянты.

«хуткая» са спецбрыгадай ужо чакала. на вакзале. нягледзячы на пратэсты, валовіча запіхалі ў машыну. хапіліся медсястры сарокі лады. але яе нідзе не знайшлі. санітары, а іх было двое, выглядалі небяспечна. скуластыя. з пустымі раўнадушнымі вачыма. пэўна, студэнты з інстытута фізічнай культуры. – вырашыў валовіч. – гледзячы на іх набітыя касцяшкі рук. – падпрацоўваюць такім чынам. ну, разбярэмся.

– ну, што, напалеон? – сказаў валовічу адзін з іх. абыякава:

– паедзем на адпачынак?

валовіч паціснуў плячыма. бо па розуме трэба было стрымацца. і выцягнуў надалоннік. але адзін з санітараў нечакана выхапіў яго. і сунуў сабе ў кішэню.

– вярні мабілу, – як мага ветліва папрасіў валовіч. —

– я пазваню жонцы. і ў адказ пачуў:

– пазвоніш з вострава. святой алены.

7

мы не прадбачым наколькі і ў чым таямніцы нашага свету. – меркаваў валовіч. – бо ўсё, да чаго мы тычымся, – плынь. якая сцякае немаведама куды. змазаныя фотаздымкі. на якіх выяўлены цьмяныя сілуэты. а само жыццё неверагодна кароткае. і яго прайм-тайм скарочвае агульны тэрмін. яшчэ ў два разы. працэс можа паскарацца. бо, цалкам верагодна, што ў чалавецтве запушчаны механізм. генетычнага і сацыяльнага выроду. і душы людзей трымцяць пад нябачнымі ўдарамі лёсу. і ламаюцца знянацку. хто кіне выклік гэтаму пагрозліваму наступу? адказу няма. мы нават не можам сфармуляваць праблему. ніхто. і айцец віталь таксама.

* * *

лекар быў даволі малады. быкаваты на выгляд. лысіна не псавала яго знешнасці. вочы хаваліся за акулярамі. у тонкай залатой аправе. масіўны залаты ланцужок абрамляў моцную шыю. ён моўчкі выслухаў валовіча. зрэдку кідаючы ў яго бок раўнадушны позірк. на просьбу адпусціць неадкладна – нічога не паабяцаў. нешта пісаў на лісце паперы. абмінуў і другую просьбу. патэлефанаваць дадому. абнадзеіў, што неўзабаве ўсё высветліцца. а вызваліць пакуль не мае права. бо міліцыянты аформілі паказанні. жанчын. што вы – справакавалі бойку. паводзілі сябе неадэкватна. ну, і ўсё іншае.

– разбярэмся, – паабяцаў лекар. даволі крывадушна.

пасля чаго знаёмы санітар адвёў валовіча ў палату. якая ўяўляла з сябе асобны бокс. з закратаванымі вокнамі.

валовічу паказалі ложак у нішы. праверылі кішэні. на прадмет чаго-небудзь вострага. паведамілі, што неўзабаве пераапрануць у бальнічнае. але ён сказаў, што такога рабіць не варта. бо неўзабаве, можа, нават сёння, мусіць адсюль пайсці. але гэтую яго выказаную думку пакінулі без увагі.

бокс нагадваў малпоўню. хворыя таўкліся ўзад-уперад. без бачных патрэб. хоць тут існавала і своеасаблівая іерархія. як у тых жа малпаў, – адзначыў пра сябе валовіч. сядзеў за калодай картаў і мясцовы аўтарытэт. распісаны сінім тату. у атачэнні некалькіх. яшчэ маладых асобін. таксама «распісаных». астатнія хворыя пужліва ціснуліся ад іх падалей. да сценаў. праз паўгадзіны ад іх аддзяліліся двое. і з намерам падышлі да валовіча. у іх вачах чыталася хітрасць. і жорсткасць. яму міжволі зноў успомніліся дзве малпы. з кніжкі «абстрагаванне ў жывёл». якія заманьвалі птушанят, а потым збівалі іх дротам. пра што чытала ўголас канстанцыя віж. у цягніку. валовіч пачаў успамінаць прозвішча медсястры. дакументы якой выкрала канстанцыя. і прад’явіла міліцыянтам. каб спытаць у тутэйшых. ці працуе ў гэтай клініцы тая медсястра. але яму не далі. «распісаныя» патрабавалі пазычыць ім яго вопратку. каб пры нагодзе схадзіць у горад. валовіч выслухаў і адмовіў. пастрашыўшы колькі хвілін, яны пасунуліся на яго з кулакамі. валовіч не стаў чакаць. а напаў на іх даволі рашуча. біў нагамі. што ён добра ўмеў рабіць. і што было для «распісаных» нечаканасцю. непажаданай. бо ён паклаў на падлогу абодвух. астатнія тры палезлі таксама. але на шум выклікалі санітараў. пакуль яны дайшлі да нішы, валовіч паклаў яшчэ аднаго. насуперак апаскі, што санітары пачнуць над ім паглум. але тое не адбылося. санітары (а гэта былі ўсё тыя ж самыя знаёмыя) пацікавілся. дзе ён навучыўся лаўкікам. і ці не даводзілася яму «стаяць у клетцы». валовіч адказаў ім. што навучыўся ў войску. а на пытанне – дзе і кім служыў – паведаміў. што – «пры штабе». гумар яго быў ацэнены. – быць табе ў гэтай хаце старэйшым, – сказалі яны. – галоўным напалеонам.

валовіч падумаў. і прапанаваў з надзеяй:

– мабілу, мо, вернеце. на радзіму?

і яму прынеслі яго надалоннік. ужо амаль разраджаны. але валовіч здолеў пазваніць жонцы ані. і сказаць, што крыху затрымаецца. але неўзабаве вернецца. а потым – заказчыку. і па-хуткаму расказаў. што адбылося. і, вядома, пра канстанцыю.

– я ж вам казаў! каб сцерагліся! закрычаў той у слухаўку, —

– я папярэджваў!

але тут надалоннік заклініла. тым не менш, валовіч быў задаволены і гэтым, няхай сціплым, вынікам. ён зноў вярнуўся да сваіх пытанняў. па-першае, даведацца пра медсястру. па-другое, знайсці канстанцыю. але на яго пытанне пра медсястру проста не адказалі. дакладней, праігнаравалі. а каб знайсці былую падапечную, трэба было выбрацца адсюль.

між тым, сутонела. валовіч палез у кішэні. і раптам знайшоў там складзеную ўдвая паперчыну. і ўспомніў, што на ёй прозвішча «бесавіцы». якое абяцаў і напісаў яму айцец віталь. валовіч разгарнуў лісток. і прачытаў:

«сарока лада».

і пасля роздуму прыгадаў раптам радкі са скандынаўскага эпасу:

– не давярай ні дзевы словам ні жонцы гаворкам – на коле іх злеплена сэрца каварства ў грудзях іх.

і, прааналізаваўшы, зразумеў. што імя, якога так дабіваўся айцец віталь, было не імем «бесавіцы». а імем з дакументаў. скрадзеных раней канстанцыяй. у лякарні. тая падманула і святара. значыць, меркаваў валовіч, выгнання хутчэй за ўсё не адбылося. а гэта, магчыма, можа ўскосна значыць і тое, што, бадай, аніякіх д’ябальскіх сутнасцяў не існуе. а прабіваецца ў наш свет раз-пораз звычайны збой. у праграме. але і пра гэта мы наўрад ці даведаемся. бо можам і далей толькі гадаць. не атрымліваючы аніякіх доказаў.

мы нават не ведаем. у чым сапраўдны сэнс суадносін знакамітага трохкутніка: адам – ева – змей. ці можна тады залічыць і еву ў апантаныя д’ябальскай сутнасцю? бо са свяшчэннага пісання не зусім ясна – з кім менавіта. і дэ-факта – таямніча размаўляў адам у садзе? можа ўжо тады ён цьмяна прадчуваў жахлівыя наступствы будучых сэксуальных рэвалюцый. нашэсця садамітаў. сусветных метафізічных мутацый. а можа, пра ўсё гэта яго і папярэджваў творца?

ноччу валовіч амаль не спаў. раніцай запатрабаваў адвесці яго да лекара. адмовіўся ад ежы. але просьбу яго пакінулі без увагі. дзверы на ўваход і на выхад былі без ручак. як ён заўважыў, медыкусы іх адчынялі маючы кожны свой ключ. прайшоў дзень. і яшчэ адна ноч. адзін са знаёмых санітараў даўно змяніўся. той, хто яго замяніў, быў даволі нягеглы. і валовіч задумаў уцёкі. чакаў зручнага моманту. які, урэшце, і наступіў. нягеглы санітар зайшоў у бокс. па нейкіх сваіх справах. валовіч паклікаў яго:

– хадзіце сюды! ёсць пытанне!

той падышоў усутыч. і схіліў да валовіча, які сядзеў на ложку, незадаволены твар. гэта быў, на выгляд, вясковы мужычок. яшчэ малады. які аддаў перавагу працы ў калгасе. на карысць лякарні. валовіч кульнуў яго долу. запіхнуў у рот рушнік. другім звязаў ногі. трэці паслужліва перадалі яму «распісаныя». якія па-звычцы гулялі ў карты. але з такой нагоды адразу кінулі. валовіч звязаў санітару і рукі. папярэдне сцягнуўшы з таго халат. і каўпак. за ім з жахам назіралі. валовіч апрануў халат, насунуў каўпак. і знайшоў у кішэні ключ ад дзвярэй. пасля чаго ўпэўнена выйшаў вонкі. спусціўся па лесвіцы. і апынуўся на падворку. дзе бадзяліся хворыя з іншых карпусоў. прабягалі медсёстры. ніхто не звяртаў на яго ўвагі. і валовіч скіраваў да брамы. якая была расчынена. за ёй зняў з сябе халат і каўпак. усё кінуў у кусты. і рушыў да аўтобуснага прыпынку.

нейкі час ён стаяў. у чаканні аўтобуса. а потым стома ўзяла сваё. і ён сеў на лаўку. купка жанчын побач абмяркоўвала нешта сваё. «ду-ду-ду-бубу-бу», – аднастайна гудзелі іх галасы. валовіч заплюшчыў вочы. слабы ветрык ціха абвяваў яму твар.

– бон жур, таварыш напалеон!

жорсткая рука лягла яму на плячо. трое санітараў атачылі яго. з усіх бакоў. насцярожана назіралі. адзін – з тых самых старых знаёмых. з набітымі касцяшкамі рук. – пэўна, займаецца ўсходнімі адзінаборствамі. – падумаў валовіч.

– і вам таго ж, – адказаў ён.

санітары злосна пераглянуліся. акрамя студэнтаадзінаборцы. той па-змоўніцку ўсміхнуўся валовічу. і весела прапанаваў:

– пайшлі, таварыш напалеон. у хату!


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации