Текст книги "Шал (зборнік)"
Автор книги: Юры Станкевіч
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Высокія шчырыя волаты
Напрыканцы ля прылаўкаў пусцела. Прадаўшчыца Галя з аддзела мужчынскай вопраткі зайшла ў прымерачную. З люстэрка на яе зірнула дзяўчына з прамым носам, нізкім, рашучым ілбом, светлымі валасамі. Крыху бракаваў толькі пярэдні зуб, сапсаваны карыесам.
Галя падфарбавала вусны і падышла да касіркі – худой, з доўгім носам і блізка пасаджанымі вачыма.
– Хутчэй бы зачыніцца, нешта стамілася. А ты як, Зося?
– Як – абы-як. Пасля адпачынку не магу прывыкнуць. Ды масць не пайшла, панчоха распусцілася, недзе зачапіла, пэўна.
– Чорт з ёй, не шкадуй.
– Раніцой бачыла? Трое заходзілі. Метры па два, баскетбалісты, пэўна. Файныя хлопчыкі, хаця што файнага – у каліва пайшлі.
– Кінь ты, жарты ў цябе…
– Нічога не купілі, пасміхаліся толькі.
– Пашыюць як след, дык будуць купляць.
– Чакай, пакуль рак свісне.
– Ну, а там, на поўдні, як? – спытала Галя.
Касірка Зося задумалася, а потым махнула рукой.
– Не кажы, шкадую, што паехала.
– Учора хвалілася ж дзяўчатам.
– То ўчора, а табе, як сяброўцы, скажу: плюнула на ўсё і ўцякла.
– Чаму так? – зацікавілася Галя.
– Мы з Люськай спадарожніцамі аказаліся. Ты ж яе памятаеш – развадная. З ёй, папраўдзе, не хацелася ехаць.
– ?
– Яна, гадаўка, спецыяльна грошай з сабой не ўзяла. Ну, чацвяртак які. Казала, у яе там знаёмых процьма. Ну, быў сапраўды адзін. Афіцыянт з рэстарана. Цьфу! Не мужык, а слімак. Валасаты, ногі кароткія, крывыя. Падонак. Яна ў яго стольнік адразу выцягнула. За што – сама ведаеш. У мяне чацвяртак пазычыла. А потым увогуле пайшла па руках: маўляў, у поездзе абакралі.
Застоллі яны там робяць багатыя – і выпіць, і закусіць, але ж я не п’ю. А яна каньяк нараўне з мужыкамі. Кажуць, каўказцы шчодрыя, на дробязі не разменьваюцца, а як я паглядзела, дык шушамеці шмат. На пляжы ляжыш, падыходзяць проста ў касцюмах, з вуліцы і адразу: «Дэвушка, можно с вами познакомиться?» Адзін за другім. Там усе паважаныя, бач ты. Гэтыя тыя, хто хабар бярэ. А хто не бярэ – тыя проста харошыя. Дык харошых я нешта не вельмі бачыла. Прыкра стала, вось я і паехала дадому.
– А Люська?
– Засталася, паганка. – І ў цябе там ніякіх прыгод не было? – спытала Галя.
– Як бы не так. Адкруціся ад іх, паспрабуй. У першы вечар прагулялі да брамы, а потым… сама ведаеш.
– Сучка ты.
– Сама сучка.
– Запар адна дурнота. І чаму ў нас усё так па-б… Га?
– Што я, ведаю? Пра тую зязюлю і гаварыць не жадаю. І не веру цяпер я гэтым «арам». Цябе таксама ашукаюць.
– Гурам не такі.
– Гурам – на смех курам. Закахаўся, бачыш. Дамоў не едзе. І колькі ён ужо тут?
– Як на спаборніцтвы прыехаў – другі месяц у гасцініцы. Выганяюць, але трымаецца. Кажа, не рушу, пакуль не дасі згоду.
– Няўжо ажаніцца хоча?
– Да сябе запрашае ў госці. У Тбілісі.
– Ён што, молат кідае?
– Ага, легкаатлет.
– Слухай, а як ты з ім?… – і касірка Зося зашаптала сяброўцы на вуха.
– Ану цябе, – пачырванела раптам Галя. – Нам і дзявацца няма куды.
– Ага, з понтам пад зонтам.
Яны замаўчалі, невідушча гледзячы на рэдкіх пакупнікоў, якія тунькаліся па аддзелах. Кожная думала аб нечым сваім.
– Прыгожая ты, – прызнала касірка Зося. – Табе можа і пашанцуе. А ён багаты? Каўказцы заможныя.
– Ды не. Грошы яму не шлюць, а мае не бярэ. На тэлеграмы толькі ўзяў.
– Хгм, – задумалася касірка Зося.
– Я яму і паесці нашу, – сказала Галя.
– Во-во. На ўтрыманні. Уладкавала палюбоўнічка.
– Пайшла к чорту.
– Персікі будзешь кожны дзень есці. Ён жа хваліўся табе, што дрэва пад акном. Там, у Тбілісі.
– Ага, пад акном. Адчыняй і еш.
– А калі паедзеце?
– Не ведаю. Дачакаюся адпачынку. А сёння старэйшы брат яго павінен прыехаць.
– Брат-акселерат. Выйдзеш замуж – табе зайздросціць будуць.
Касірка Зося ўздыхнула, тарганула вострым падбаробкам, вочы яе звузіліся:
– А мяне мой Васіль ніяк не возьме, усё прыглядаецца, як кот пераборлівы. А яшчэ высокі, метр дзевяноста. Высокія мужчыны павінны быць шчырымі, так ці не?
– Так. А памятаеш, як да цябе эстонец заляцаўся? Ну той – Эрвін.
– А-а. Здаравей твайго Гурама.
– Гурам хутка прыйдзе.
– Не прыйдзе, – раптам з прыхаванай злосцю сказала касірка Зося. – Хочаш на заклад?
* * *
– Я человек уважаемый, – з паўднёвым акцэнтам гаварыў у гэты ж прыкладна час мужчына гадоў трыццаці таксісту. – Меня в Тбилиси знают, а вот брат дурачок. Я, Гиви Сулаквелидзе, умный, а Гурам – дурачок. Совсем как в русской сказке: младший – дурачок. И спортсмен в придачу.
– Ха-ха! – падтакнуў таксіст, малады, але з барадой і ў форменным кіцеле. – У анекдоце таксама: адзін брат разумны, другі спартсмен…
Ён удала зрабіў адной рукой паварот, а другой уключыў прыёмнік. Паведамлялі навіны. Таксіст даслухаў, выключыў і неўзабаве затармазіў.
– Прыехалі, – сказаў ён. – Гасцініца для спартсменаў, якія, значыць, зусім дурныя.
Гіві Сулаквелідзе ўсміхнуўся, палез у партманет, расплаціўся і вылез з машыны. Восеньскі кусачы вецер расхінуў крысы яго скуранога пінжака. У Гіві быў доўгі крумкачовы нос, цяжкі ўсходні позірк цёмных вачэй і ладны залаты пярсцёнак на пальцы.
Адміністратарка, немаладая ўжо, з велічным выглядам на твары, абцяжараная масіўнымі завушніцамі, якая сядзела за шкляной загарадкай, сустрэла яго так, як сустракала кожнага кліента – быццам той імкнецца ўсяліцца у яе асабісты дом.
– Только до завтра, – адразу запэўніў яе Гіві Сулаквелідзе. – Вот брата заберу, и домой.
Адміністратарка ўзяла яго пашпарт, разгарнула і сказала:
– А, ведаю вашага брата – вялікі такі, большы за вас. Няўжо забярэце? А то мы не можам даць рады. Пакуль, вядома, бо я жанчына памяркоўная.
– Заберу, дорогая, заберу дурачка. Брат ведь, надо заботиться. Большой, а дурачок.
– Міліцыю выклікаць хацелі: пасяліўся на трое сутак, а жыве месяц. Дзяўчыну да сябе водзіць. І грошы больш не плаціць.
Гіві Сулаквелідзе выцягнуў партманет і заплаціў за ўсё.
– А это вам на шоколадку для дочки, – ён дадаў яшчэ чырвонец.
– Дзякую, у мяне ўнучка ўжо.
Адміністратарка уздыхнула і ўзяла ўсе грошы разам.
– Брат ваш у сябе цяпер, бо ключа няма, – дадала яна. – А вось ваш ключ, бярыце. Усяго вам добрага.
– И вам всего, – сказаў Гіві Сулаквелідзе і пайшоў да ліфта.
У цесным няўтульным пакойчыку Гурам галіўся. Вялізны, з даверлівым напаўдзіцячым тварам, у старых джынсах і швэдры (у гасцініцы было холадна, бо яшчэ не пачаўся ацяпляльны сезон), ён ускочыў з ложка, выключыў брытву і радасна ўсміхнуўся брату. Яна абняліся.
– Добра, што прыляцеў. У цябе камандзіроўка?
– Не, – сказаў Гіві.
Галавой Гурам даставаў амаль да столі. Гіві быў меншы ростам – дзесьці каля ста дзевяноста пяці.
Сулаквелідзе-старэйшы кінуў сумку на ложак, прывітаўся (яны размаўлялі па-свойму) і спытаў іранічна:
– Пагаворым, брат?
– Маці як? – пацікавіўся Гурам.
– Добра. Потым пра яе. У мяне шмат розных спраў, а вымушаны займацца тваімі.
– Якімі? Ты грошы мне прывёз?
– Я прыляцеў па цябе, – сказаў Гіві і пашукаў вачыма, дзе сесці. Яны селі па розныя бакі стала: Гурам на ложак, Гіві ў крэсла.
– Грошы дай. Я сам далячу. Не маленькі.
– Ведаю ўжо ўсё. Але паляціш толькі са мной. Білеты ў мяне ў кішені. Вось.
Ён сапраўды выцягнуў і пакруціў дзве сінія паперкі.
– Галя таксама паляціць, – сказаў Гурам. – Я ж паведамляў.
– Ты што – не разумееш? – закрычаў Гіві. – Я не хачу гэтага, сваякі не хочуць, суседзі не хочуць, у самалёце расказаў – і там не хочуць, маці не хоча, а ў яе сэрца хворае. Яно таксама не хоча. Жаночае сэрца ўсё адчувае.
– Хто яшчэ не хоча?
– Таксіст не хоча.
– Які таксіст, ты што звар’яцеў?
– Той, што мяне сюды прывёз. Гурам пабляднеў.
– Не веру, што маці не хоча. Ён пачаў уставаць, але зноў сеў. Вочы яго бліснулі. Гіві ўладкаваўся ямчэй.
– Ты памятаеш, што бацька гаварыў, калі паміраў? Я цяпер за яго, мяне будзеш слухаць. Табе ўжо дваццаць, ты мужчына, павінен зразумець. Таму я і прыляцеў. Заўтра а дзясятай гадзіне вылятаем разам. Экіпаж знаёмы – землякі. Забяруць.
– Не палячу.
– Паляцім, брат.
– Дзе мае грошы? – На, – Гіві дастаў партманет, расшпіліў. – Купі ёй што-небудзь, развітайся.
Гурам зноў пачаў уставаць. Яго вялізныя кулакі сціснуліся, аж пабялелі. Губы задрыжэлі.
– Ты! – закрычаў ён. – Што вярзеш? Не ведаю хто, але ты не Сулаквелідзе! Сулаквелідзе так не скажа.
Гіві таксама ўстаў, коратка размахнуўся і ўдарыў брата кулаком у твар. Гурам пахіснуўся, не утрымаўся на нагах і сеў на ложак. Той затрашчаў пад ім.
– Думай, што гаворыш, дурань, – сказаў Гіві. – Звычаі нашы ведаеш. У нас не ўхваляюць, калі бярэш дзяўчыну здалёк. Разумееш? Больш тлумачыць не буду, не малы.
Ён забраў сумку і выйшаў. Замок у дзвярах шчоўкнуў. У цішыні гучэла толькі ледзь чутная мелодыя з рэпрадуктара на сцяне. Гудзелі машыны на вуліцы пад акном.
Гурам памацаў нос і паклыпаў у ванную. Там ён змыў кроў, прыклаў да вока і патрымаў крыху насоўку, змочаную ў халоднай вадзе. Потым заляпіў брыво пластырам, паглядзеў у люстэрка, лёг на ложак, закінуў рукі за галаву і пачаў глядзець у столь.
* * *
Магазін «Волат» зачыняўся. Касірка Зося падлічыла грошы – для інкасатара, устала, пацягнулася, памахала доўгімі рукамі – тонкая ў таліі, рухавая, нібы аса, і звярнулася да сяброўкі.
– Пад’ём, маркіза. Ты выпадкова не ведаеш, дзе затрымліваюцца нашы высокія шчырыя мужчыны?
– Прагаварыла, а цяпер блюзнерыш. Але ён прыйдзе.
– Не, – сказала касірка Зося. – Да яго ж брат прыехаў. Брат-дэгенерат.
– Змоўкні.
– Ага, не падабаецца. Калі за тысячу кіламетраў прылятае брат, то не за тым, пэўна, каб парадавацца на вас, галубкоў.
– Зласлівая ты.
– Ды годзе, не крыўдуй, я ж так, па-сяброўску. І трэба ісці, вунь інкасатар паехаў, загадчыца чакае – зачыняемся.
Яны выйшлі праз службовы выхад на панадворак, а потым на вуліцу.
Сцямнела. Уключылася аўтаматыка: успыхнулі ліхтары штучнага святла на слупах. Твары ў прахожых зрабіліся бледна-сінія, з ценямі пад вачыма, нібы ў хворых.
– Ну, – сказала касірка Зося, – няма твайго Гурама. І не пазваніў нават. Галя вінавата апусціла голаў.
– Ты не бядуй, старая, – сказала касірка Зося ўжо спачувальна. – Флаг ім усім у рукі. А хочаш – паедзем са мной?
– Яшчэ пачакаю.
– Пачакай. А як зачакаешся да ачмурэння, дык вось тэлефон. Мяне спытаеш. Машыну за табой прышлём. Кааператары, бізнесмены – высокія, шчырыя. Выбераш любога.
– Ідзі ты.
– Іду, – касірка Зося запхнула паперку ў кішэню сяброўцы.
– А Васіль твой як? – спытала Галя.
– Дурнічка. Ну што з вучонага дзятла возьмеш! Сядзіць над сваімі чарцяжамі і ноччу. Нават прапанову няма калі зрабіць. А дзеўка – што дрэнны тавар: каб не сапсаваўся, трэба хутчэй збыць.
Касірка Зося знікла ў аўтобусе.
Гадзіны праз дзве людзей на тратуарах паменшала. Вецер узмацніўся і працінаў ужо лёгкі Галін плашчык. Між ліхтароў выскачыў раптам з-за хмар малады месяц.
Галя знайшла вачыма тэлефон-аўтамат (у гэтым раёне яшчэ стаялі старыя аўтаматы-будкі) зайшла ў яго, выцягнула з сумачкі цыгарэту і запаліла, зацягнулася некалькі разоў, закашлялася і кінула. Потым дастала з кішэні паперку і набрала нумар.
* * *
Увесь час, пакуль таксі не скіравала з праспекта на аўтастраду і ўжо засталася ззаду грамадзіна кургана, а дарога павярнула ў аэрапорт, браты Сулаквелідзе маўчалі. Развіднела. Гурам быў знешне спакойны. Гіві сачыў за краявідамі, што мільгалі за вокнамі машыны, нешта спяваў напаўголасу, скоса паглядваў на брата, і тады яго жорсткі твар кранала ледзь бачная ўсмешка.
Яны пастаялі, паглядзелі на самалёты. Пасажырскія лайнеры застылі на полі. На некаторых з іх прагравалі рухавікі. Абвясцілі пасадку.
– Пайшлі, – сказаў Сулаквелідзе-старэйшы, – Рамэа.
Гурам паморшчыўся.
– Дамоў прыляцім – я дрэва ссяку. Я ўсе дрэвы пассякаю!
– Якое дрэва? – здзівіўся Гіві.
– Тое, што пад акном расце.
– Жартуеш? – спытаў Гіві.
– Жартуй ты. У цябе жыццё, як жарт.
– Ага, значыць, ты сур’ёзна, – сказаў Гіві. – Значыць, ты добры, сумленны. Ты – Сулаквелідзе. А я – не?
– Не ведаю, брат, – сказаў Гурам.
– А дрэва пры чым? Яго маці саджала.
– Ссяку! – закрычаў Гурам. – Я так хачу! На іх ужо звярталі ўвагу цікаўныя пасажыры.
– Добра, – сказаў Гіві. – Ссячэш. Ты толькі супакойся.
– Я спакойны! – крыкнуў зноў Гурам. – Бачыш, які я спакойны, га?!
– Сціхні.
– Я спакойны! – ужо роў ён па-грузінску на ўвесь аэрадром. – Я зусім спакойны!!
– Сціхні. Нас не пусцяць у самалёт!
– Ненавіджу! Усіх ненавіджу!
Гіві схапіў брата за рукаў курткі і рвануў на сябе. Трэснула па шве.
– Ну, бі яшчэ, – сказаў Гурам. – Ты ж старэйшы, ты ж за бацьку. Бі, я ж не магу адказаць, хоць і мацнейшы. Ну, што не б’еш?
Гіві адпусціў яго. Яны маўчалі, пакуль рэпрадуктар зноў запрашаў на пасадку. Гіві разглядаў малодшага, нібы бачыў яго ўпершыню.
– Вырас ты, – урэшце сказаў ён. – А я, пэўна, старэю.
Потым яны зноў маўчалі. Маўчалі і тады, калі лайнер цяжка адарваўся ад зямлі. У салоне ўсе месцы былі занятыя. Некаторыя пасажыры адразу разгарнулі газеты ці часопісы, а двое насупраць на партатыўнай дошцы пачалі партыю ў шахматы.
1988 г.
Пах мухалоўкі
Асфальт выпраменьваў гарачыню. Яна ўстойліва затрымлівалася сярод рэкламных шчытоў, крамак, вісела ў паветры. Тут, у крамках, у слупах цыгарэтнага дыму сядзелі і гандлявалі юнакі ў спартыўных касцюмах з рэльефна акрэсленымі сківіцамі ды дзяўчаты ў міні-спадніцах з ярка нафарбаванымі вуснамі. Узжоўж вуліцы струменіў натоўп.
Насупраць, праз дарогу, займаліся тым, што зараблялі грошы без аніякага гандлю. Побач з абменнікам валюты знайшлі сабе прытулак мянялы: упэўненага выгляду хлопцы з дзягамі-сумкамі на падцягнутых жыватах. Яны сядзелі і ў некалькіх прыпаркаваных машынах. Шкло ў кабінах было апушчана, і да іх падыходзілі людзі: хто прадаваў, а хто і купляў долары ці маркі. Была сярод іх і дзяўчына з лялечным тварыкам пэтэвэшніцы і цупкім цынічным позіркам.
– Гэй, а ты чаго тут бартуешся? Ты хто такі?
Краем вока Андрэй убачыў, як да сябра Яўгена Раковіча, які лічыў грошы, пасунуўся плячысты, коратка стрыжаны мацак, і падумаў, што вось і тут не абышлося ціха. Крыху раней яны з Яўгенам удала набылі пяцьсот «зялёных» ля стадыёна, потым купілі на Чырвонай, але там адразу засвяціліcя – незнаёмцаў заўсёды выяўлялі даволі хутка, і яму ледзь не адламалі палец на руцэ, і вось цяпер, калі заставалася купіць якіх трыста-чатырыста, не больш – зноў спела бойка.
Андрэй моўчкі заступіў мацаку дарогу і злавіў яго позірк. Шэрыя, крыху пукатыя вочы нічога не выяўлялі. Твар асіметрычны, са зламаным кірпатым носам. Мельгам Андрэй зірнуў і на рукі: суставы напухлыя, пэўна набіў на мяшках, а то і ўводзіў праз шпрыц вазелін ці яшчэ што, дурань.
– Долары, марачкі!
Валютчыкаў было некалькі. Кропка ў іх тут, вядома, абжытая, ні з кім дзяліцца не будуць. Тым больш з чужынцамі. А «разборка» кароткая: пысу наб’юць, ну і грошы, бадай, адбяруць. Калі ж мацакі накшталт гэтага не дадуць рады, то паклічуць «рэксаў» – гэта значыць вулічных байцоў, якім плацяць даніну – дваццаць пяць «зялёных» у тыдзень. Такія вось тут парадкі – ён ужо ўсё выведаў раней.
Мацак мусіў адхіліць яго рукой і, не звяртаючы больш увагі, рэзкім рухам схапіў Яўгена за кашулю. Той усё яшчэ тыцкаў пальцам у калькулятар – лічыў грошы.
– Чакай!
Андрэй перахапіў руку мацака, нечакана прапусціў нямоцны ўдар кулаком у твар – на спалох, і паспеў падставіць локаць на блок: той ужо спрактыкавана біў нагой. Амаль аўтаматычна Андрэй заступіў яму ледзь не за спіну і ўсадзіў бакавы ў сківіцу. Мацак «паплыў» і пачаў асядаць на зямлю.
– Гэй! – узбуджана закрычаў яго напарнік, – паклічце Рэмба і хутчэй! Трымайце яго!
Але трымаць ніхто не спяшаўся. Нахабства ў такіх выпадках заўсёды ўражвае.
«Ну, што яшчэ за Рэмба? – мільганула між тым у галаве ў Андрэя. – Пэўна, той самы «рэкс», якому гэтая парачка «скідвае» дваццаць пяць ці колькі там «баксаў» у тыдзень. Ён азірнуўся: Яўген нервова соўгаў у кішэню зялёныя паперкі. Цяпер той, хто прадаў іх яму, – чарнявы лысы чалавечак у парусінавых шортах – павінен быў забраць абмененыя грошы і – расход. «Толькі б не стаў пералічваць, – ліхаманкава думаў Андрэй, – адзін раз ужо ж лічылі». Вакол іх пагражальна змыкаліся некалькі зусім не слабых на выгляд хлопцаўмянялаў. Мацак падымаўся з асфальта.
Чарнявы не стаў пералічваць.
Андрэй зрабіў крок на дарогу і на ўдачу ўзняў руку: таксі затармазіла, яны з Яўгенам ускочылі ў кабіну, і машына кранулася з месца. З крамкі насупраць ужо беглі трое бамбізаў-«рэксаў» – пэўна, той самы Рэмба з хаўруснікамі.
«Позна, хлопчыкі», – падумаў з палёгкай Андрэй.
– Мёду накаталі, але ж і пчол узлавалі, – усміхнуўся ён.
– Ледзь упісаліся, – сказаў Яўген Раковіч і нервова сунуў у кішэню калькулятар.
– «Бліноў»[1]1
«Бліны» – пацёртыя, рваныя банкноты.
[Закрыть] не нахапаў? – спытаў Андрэй.
Таксіст – сталых гадоў сівы мужчына ў белай тэнісцы – скоса зірнуў на іх, але нічога не сказаў.
– Парадак.
– Ну і клас.
Андрэй прыхіліў галаву да спінкі сядзення і расслабіўся. Вось, быццам, і ўся справа. Тры мільёны Раковіча ператварыліся ў цвёрдую валюту. Дзе той зарабляў свае мільёны і як, Андрэя не цікавіла. Яго справы. У рэшце рэшт, – падумаў Андрэй, – ён і на тых дылераў надта не крыўдуе: разлічваюцца сумленна і даюць крыху больш, чым па дзяржаўным курсе. Ну і прадаюць, адпаведна, танней. Грошы многім даспадобы. Ён бы, вядома, на гэта глупства падпісвацца не стаў, але ж вельмі ўжо прасіў Яўген.
Тры дні таму да яго пастукаў у дзверы Яўген Раковіч, былы Андрэеў аднакласнік. У іх у класе Яўген хадзіў калісьці ў выдатніках, увогуле пакідаў уражанне прабіўнога, нават зухаватага хлопца. Ён быў з «залатой» моладзі: бацька яго займаў уплывовую пасаду ў партыйным апараце. Сястра Яўгена Маша, у якую ў тыя часы Андрэй быў таемна закаханы, зараз павінна была ўжо скончыць кансерваторыю, магчыма, была замужам, а можа і не – Андрэй пасаромеўся спытаць. Тады, колькі гадоў таму, ён і бачыў яе можа тры-чатыры разы, як заходзіў да Раковічаў. Андрэй быў, наадварот, з беднай сям’і, і ў глыбіні душы разумеў, што тое жыццё, якое вялі Раковічы, Маша і яе акружэнне, для яго недасягальнае, як бы ён не высільваўся. Андрэй вучыўся дрэнна, навука давалася яму быццам і не цяжка, але ён аднойчы нібы раз і назаўсёды страціў да яе цікавасць. Ён кампенсаваў гэта ў спартыўнай зале. Звычайна мяккі, нават рахманы, на рынзе, ці, як яны казалі, у «клетцы», Андрэй ператвараўся ў разумнага, спрытнага байца з маланкавай рэакцыяй. Пасля школы быў год у тэхнікуме, потым войска, год у Афганістане, і вось цяпер ён у большасці праводзіў час у сваім пакойчыку, а раз на трое сутак дзяжурыў на мэблевай фабрыцы: там ён лічыўся пажарнікам. На хлеб хапала, а большага яму і не трэба.
Яўген паставіў тады на стол пару пляшак сухога. Яны пагаварылі пра тое-сёе, успомнілі школу, настаўнікаў. Андрэй маўчаў, слухаў і збольшага зацікавіўся толькі тады, калі гаворка зайшла пра Машу.
– Ёсць праблемы? – урэшце спытаў ён, бо дакладна ведаў, што аднакласнік Яўген зайшоў не за тым, каб успамінаць пра школу.
– Так.
Дагледжаны, жвавы твар Яўгена быў дысанансам лысеючаму, няголена-брутальнаму Андрэю. Ён працягваў:
– Трэба дапамога. Хачу купіць валюту, бо прапануюць «вольва». Амаль новую. Танна. Рухавік, як пчолка – правяраў. Ды што казаць, ты ж у гэтым свежы, а без колаў няма бізнесу, нездарма ж іх калісьці прыдумалі, га? Разлікі цяпер у валюце, у касах на «зялёныя» віза трэба. Дык у мяне яе няма, пакуль там дастанеш, а браць «баксы» ў мянялаў – дорага. Купляць на вуліцах наўпрост – на рогі могуць паставіць. Гэта калі адзін займуся. З табой – іншая справа.
Андрэй падумаў.
– Ну і колькі ты так выгадаеш? Яўген выцягнуў калькулятар, палічыў. «Штук» чатырыста, а то і «паўлімона». У мяне ж бацька ўжо не пры ўладзе. Ад усіх гэтых перабудоў – ледзь інсульт не атрымаў, але зачапіўся за адну справу, яны ж адзін аднаго цягнуць, ну і мне трэба падпрагацца.
Андрэй пакрывіўся.
– Прабач. Я заняты.
Раней ён бы згадзіўся. Тады сям’я Раковічаў была для яго нейкім экзатычным аазісам. Ды чароўнасць даўно прайшла.
– Ты не сумнявайся, – закінуў каменьчык Раковіч, – палавіна з гэтага «паўлімона» твая.
– Не маю патрэбы.
– Ну, пайду, – пакрыўджана паморшчыўся Раковіч. – Не хочаш – твая справа. А то мне Машка кажа – ідзі да Андрэя, хіба толькі ён дапаможа. Памятае пра цябе, бачыш.
– Так і сказала? – усміхнуўся і не даў веры Андрэй. «Значыць, не замужам», – вырашыў ён.
– Ага, – намацваў слабае месца Раковіч. – А ты, мо баішся?
– Я, мабыць, проста лайдак, – сказаў Андрэй і – чамусьці перадумаў і згадзіўся. Яны дапілі віно, дамовіліся пра дэталі і разышліся.
…Таксі імчала ўжо ў цэнтры горада. Андрэй памацаў вока, падумаў, што, напэўна, будзе сіняк.
– Едзем да нас, – сказаў Раковіч. – Машка засмажыць чаго-небудзь смачнага. Чарку возьмем, знімем стрэс.
Андрэй дакрануўся да непаголенай шчакі, падумаў пра сіняк і адмовіўся.
– Сёння не магу.
А дні праз тры, калі ён адсыпаўся з дзяжурства, у дзверы пазванілі. Ён адчыніў, і ў пакой зайшоў Яўген, а за ім высокая, стройная, хоць і з кранутымі ўжо ранняй сівізной валасамі Маша ў модных ласінах, што спакусліва абцягвалі сцёгны. Андрэй замітусіўся, пачаў прыбіраць са стала, але Раковіч сказаў:
– А мы за табой. Паедзем да нас, на лецішча. Ніякіх адгаворак. Там усё гатова. Вось і Маша просіць.
– Так, – усміхнулася Маша. – Я цябе памятаю. Такі быў загадкавы хлапчук.
– Ну, збірайся, – прыспешваў Яўген.
Набытая ім «вольва» стаяла ля пад’езда. Раковіч пасадзіў сястру і Андрэя ззаду, сам сеў за руль, матор мякка завуркатаў, яны рушылі.
Размаўлялі мала. Яўген быццам быў засяроджаны машынай. Маша паліла цыгарэту, потым выкінула недакурак.
– Дзе ты працуеш? – пацікавілася яна.
– На адным малым прадпрыемстве, – вяла зманіў Андрэй.
– Перспектывы хоць ёсць? – зірнуў у люстэрка Яўген. – А то, прабач, дома ў цябе небагата…
Маша павярнула да Андрэя прывабны твар, усміхнулася яму вялікім ротам з пульхнымі пажадлівымі вуснамі.
– У нас ёсць для цябе прапанова на будучыню, – сказала яна. – Мы тут разгортваем сваёй сям’ёй адну справу. Лепш так, без чужых. Ты б нам падышоў, ведаем цябе. А работы хопіць. Падумай. Хаця чаго я наперад…
Яна паклала яму на руку вузкую загарэлую далонь.
– Прыедзем, пагаворым, – сказаў Яўген. Андрэй здзівіўся, прамаўчаў. Ён раптам злавіў сябе на думцы, што адчувае нейкі неасэнсаваны дыскамфорт. «Што б гэта магло быць?» – думаў ён, і неўзабаве здагадаўся. Пах. У салоне вісеў непрыемны, саладкаваты пах.
– І што ён вазіў у гэтай тачцы, той фін ці швед? – нібы здагадалася пра яго думкі і спытала Маша. – Пах – быццам мухалоўка цвіце. Я шкло апушчу.
– Мухалоўка? – не зразумеў адразу Андрэй.
– Кветка такая. У нас была раней у кватэры. Пяць пялёсткаў, валосікі нібы ў жывёлы, колеру мяса, апыляецца мухамі. Прыгожая, але пах… мухі так і ляцяць. Яна іх засмоктвае, а яны ўсё роўна. Вось і шкло апусціла – не дапамагае.
– Спыні, – раптам папрасіў сябра Андрэй. – Я зараз.
– А вось якраз і скверык, – зразумеў яго пасвойму і рагатнуў Яўген.
Андрэй імкліва выскачыў з салона і пасунуўся да кустоў. Яму было напляваць, што яны там, у машыне, падумаюць, тая ж Маша. Маша, ды не наша. Толькі б не званітаваць. Ён забег за кусты – там стаяла лаўка – адарваў нейкі ліст, стаў жаваць.
Потым рушыў прэч, прайшоў праз скверык, пераскочыў агароджу. Ззаду засігналілі.
Гэты пах быў яму знаёмы, анягож. Нездарма так танна ўзялі за машыну перакупшчыкі. Варта крыху паляжаць трупу – і ў салоне назаўсёды смурод. Ён ужо ніколі не выветрыцца. Хіба абліць бензінам ды спаліць.
Усе смярдзяць, усё тлен. Так пахла іншы раз там: у кішлаках, у падбітых, абгарэлых бээмпэшках… Увесь свет – мухалоўка…
Ён ішоў і, каб не званітаваць, у думках еў цыбулю з хлебам. Бярэш галоўку цыбулі, рэжаш сцізорыкам, потым кавалачак хлеба, крыху солі… І ясі. Зноў адкусваеш цыбулі і зноў хлеба.
Сігналаў ён ужо не чуў.
1993 г.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?