Текст книги "Падарунак для Адэлі (зборнік)"
Автор книги: Севярын Квяткоўскі
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)
II. Патаемнае жаданьне
Кажуць, каб сны не збываліся, іх трэба распавесьці адразу, як прачнесься. Гэты сон я прысьніў раніцой пасьля купальскае ночы. Магчыма, гісторыя адбылася б і безь мяне. Калі б ня лета і не расчыненыя вокны.
Па шчырасьці, я ніколі не скакаў праз вогнішча й не купаўся галяком на Івана Купалу. І не таму, што ў дзяцінстве ўразіўся гогалеўскімі тапельцамі. Папросту так атрымлівалася, што ўсе свае дарослыя гады “чароўнай ноччу Купальля” я патрапляў у кампанію, якая тое сьвята адзначала ў лепшым выпадку паходам у “Папараць-кветку”.
Шчасьце ў мяне хутчэй асацыюецца ня з кветкай-аднадзёнкай, а зь няўрымсьлівай птушкай ці з чымсьці нават менш улоўным. А можа, справа ў тым, што паводле натуры я не грыбнік, там, ягаднік, і таму ідэя блукаць па лесе ў пошуках немаведама чаго выклікае ў мяне непрыняцьце.
Аднак гэтым разам на Купальле мы выбраліся-такі на адну лясную паляну за Горадам…
Цяжка з пэўнасьцю сказаць, як позна я вярнуўся, бо на прыродзе п’ецца вельмі добра. У кожным выпадку, моцным, атручаным алькаголем сном я спаў нядоўга. Пад раніцу бадун выштурхнуў мяне з ложку. Літар кефіру на кухні, зноў у ложак, і пачаліся трывожныя сны: няўцямныя ўрыўкі, няпэўныя сытуацыі, людзі-ня людзі… Немаведама што.
Як хто, а я навучыўся маніпуляваць уласнымі снамі. Гэта магчыма толькі на сьвітаньні, незадоўга да таго, як арганізм зьбіраецца абуджацца. Памятаеце “Палёт пчалы за сэкунду да абуджэньня” Сальвадора Далі? Карцінка фантасмагарычная, але той, хто яе бачыць, ужо ведае, што гэта сон. Вось у гэты момант ён можа круціць карцінку, як захоча.
– Алё, ці добра чуеш мяне? Алё, дык слухай далей. Выйшлі мы з тралейбуса, а перад намі нейкія коміны, будынкі змрочныя. Іх бачна добра, але навокал цемра – ані месяца, ані ліхтара…
Немалады жаночы голас падаўся мне знаёмым. Зрэшты, ці мала я ведаю галасоў людзей, якіх ніколі ня бачыў.
– …Уяўляеш, праходзім мы засьмечаны жалезьзем фабрычны падворак і неўпрыкмет трапляем у сапраўдны лес. Галя, ці чуеш мяне?..
Жанчына выгукнула апошнія словы так моцна, што ў мяне не засталося сумневаў – голас быў рэальны. Мяркую, што калі б я ўзьняўся і высунуў галаву ў фортку, то здолеў бы даведацца, на якім з падваконьняў стаяў тэлефонны апарат невядомай мне кабеты. Але сілаў не было нават каб расплюшчыць вочы. У моманты, калі жанчына замаўкала, каб пачуць адказы сваёй суразмоўніцы, я ізноў трохі прысынаў.
Урэшце, так бы яно й здарылася, я канчаткова вярнуўся б да сну. Асабіста я прызвычаіўся да штодзённых непатрэбных гукаў, якімі поўніцца дом і вуліца за вакном. Але…
– …Дык слухай, дзеўка. Сунемся мы праз той гушчар, сунемся, як раптам ты закрычыш – а-у!.. Ага, ты закрычала, ня я. І я бачу, што мы з табой абсалютна голыя. І тады адразу ж перад намі зьяўляецца хлопец. Як апрануты? Ну, звычайна, як зараз апранаюцца – табе такія падабаюцца. Джыньсікі нейкія ў яго былі… Сінія, з латкай скураной пад правым каленам, завушніца, акулярчыкі круглыя, кашулька нейкая… Гэта, камізэлька сіняя зь зялёным… Ага, клятчастая. Так, так, заплечнічак з рудой замшы…
Я перавёў позірк на сваю вопратку, раскіданую вакол фатэля. Сон зьнік – нібы й не было.
– …Я пытаюся – скуль ты ўзяўся, ён кажа – скуль і вы… Па што і вы прыйшлі… Гляджу – цябе няма… А ён кажа, маўляў, ідзі ты, цётка, у той бок – вернесься дадому, ты мне й не патрэбная зусім… Ідзі апраніся – тут купальскі лес, а ня лазьня… Алё, алё, чуеш мяне, Галя? Цьху, чорт, што за сувязь.
Я ня спаў, але вочы пакінуў заплюшчанымі. Я на сябе раззлаваўся. Трэба было адразу ж фортку зачыніць ды заняцца сваімі справамі. Голас змоўк, але я працягваў ляжаць, аж пакуль не зазваніў мой уласны тэлефонны апарат. Я выпаўз з ложку і падняў слухаўку.
– Дык слухай! Галя, дай я канцоўку распавяду. Пайшла я з паляны, але праз колькі крокаў павярнулася назад. Вяртаюся, а ты стаіш каля дрэва голая і ўся гарыш. Уяўляеш?! І тут я бачу, што гэта зусім ня ты. Нейкая іншая дзяўчына: высокая, у кароткай празрыстай кашульцы.
Я сабраўся быў адказаць, што кабета памылілася нумарам, але чамусьці не паверыў, што яна памылілася. Таму толькі прасіпеў у адказ: “Галя тут болей не жыве” і паклаў слухаўку.
Галава разламывался на дробныя й буйныя кавалкі. Я зь цяжкасьцю ўзьняў сваё цела з ложку і пасунуўся да лазенкі, дзе пакінуў сінія з латкай джынсы, кашульку, клятчастую камізэльку… Я апрануў свае круглыя акуляры і ўгледзеўся ў сьмярдзючую вопратку, спрэс запэцканую сажай. Мяне званітавала.
Я сабраў сілы разам і пацягнуўся да вакна, каб нарэшце пабачыць, хто ж з суседзяў размаўляў па тэлефоне, каб дазнацца, усё высьветліць. Я доўга і пільна ўглядаўся.
Усе вокны былі зачыненыя.
Майская сага
– Што ж, дзеткі, раскажу я вам як ёсьць пра Кацюшу, пра Кацьку нашу, – Панас Валяр’янавіч палез у кішэню пінжака па цыгарэты ды адразу схаваў сваю “Прыму”.
Вокны 6 “Б” клясы былі адчыненыя, на двары квітнелі яблыневыя сады.
– Сам я не мясцовы, нарадзіўся ў Польшчы, пад Стоўбцамі. А ў вашых лясох апынуўся пасьля абкружэньня. Ішоў сам-адзін да нашых. А куды – і ня ведаў, глядзеў па зорках, што нібыта на ўсход. Вёскі абыходзіў стараной, бо ня ведаў, ці ёсьцека там немцы. Ішоў, як воўк, па начох. Згаладалы быў, абадраны. І вось аднаго разу заснуў я ў лясным хмызьняку, а сон быў чуйны, за кожным хрумстам, кожным шоргатам мне трызьніўся фрыц са “шмайсэрам”.
І вось чую зусім блізка: шух-шух, чпок-чпок, шух-шух, чпок-чпок… Ляжаў – не варушыўся. Але хрумснула галінка пад маім бокам, і ўмомант над галавой засьвісталі кулі. Пазьней я дазнаўся, што гэта Кацьчыны былі кулі, зь ейнага ППШ – адзінага на ўвесь атрад. Бо лепшага ад яе стралка не было сярод народных мсьціўцаў. Што мяне ўратавала? Хіба ноч. Я закрычаў: “Свае!” Але ўмэнт навалілася на мяне з-за сьпіны сіла, і скруціла, і заламала руку. Гэта Кацюша падкралася і мяне скруціла. А тут і ліхтарык мне ў твар. Хлапец адной рукой трымае, а другой шырынку зашпільвае. Пайшлі.
Камандзір спраўдзіў мае дакуманты. І пачаў я служыць за Родзіну ў атрадзе. Адразу ў лягеры пры вогнішчы я разглядзеў твары маіх новых знаёмых. Адзін – хлапец – звычайны вясковы бэйбус. Рабаваты, вочкі хітраватыя, нібы пад дурня косіць, а сам у кішэні дулю трымае. Васіль яго звалі, не ўзьлюбіў я яго адразу ж. А Каця…
Удзівіцельнейшы гэта быў чалавек, дзеткі, удзівіцельнейшы. Вось вы яе ў сваім лісьце завеце “таварыш Андрэева”, “піянэрскі атрад імя партызанкі Андрэевай”… Вось у лісьце напісалі, што на саракавыя ўгодкі Вялікай Пабеды хацелі б насіць імя вашай адважнай зямлячкі…
Напачатку атрад быў невялікі, усе мясцовыя. Хто з раёну, хто з навакольных вёсак. Было пару хлапцоў, што выйшлі з абкружэньня, таксама мясцовыя. Камандзірам быў райкомаўскі Генадзь Пячонка, і жонка была ягоная, Лідзія Мікалаеўна. Пазьней, калі зь вялікай зямлі закінулі падмацаваньне, яшчэ Тацяна-радыстка зьявілася. Іх зь Лідзіяй Мікалаеўнай адным снарадам накрыла пасьля. Ну ды мы ня плакалі доўга, бо ж надта ядавітыя бабы былі. Не любілі яны нашу Кацюшу. А яна душэўны быў чалавек… Цёплы. Ніхто лепш за яе ня мог у рукапашным баі біцца, ніхто лепш не страляў па дзьвіжушчайся мішэні, ніхто лепш ня ведаў лекавыя расьліны… А якую яна ціснула самагонку! Мама дарагая. Раны перавязвала, баршчы варыла, калі было з чаго. Вочы сьціпла патупіць, але слова добрае скажа, падтрымае, када грусна.
Бывала, прыйдзе які баец з заданія, яна яму распрануцца паможа, вады гарачай паднясе, рушнік. Сотку з агурчыкам. І скажа баец пасьля: “Зрабі ласку, Кацюша”. Возьме Кацюша байца за руку і павядзе ў хмызы за базай, калі лета. А калі халодна, дык у зямлянку. А ласку Каця рабіць умела, як усё – добра. Падоўгу зь зямлянкі байцы не выходзілі, калі з Кацяй ішлі. А пасьля баец шчэ там млеець, зь сёмага неба паціху планіруе, а Кацюша ўжо пры іншай справе. То аўтамат разьбярэ – змажа, то вады наносіць – бражку забалтае, то, глядзіш, кашулькі партызанскія пасьцірае ды сушыцца разьвесіць.
Любілі байцы сваю паплечніцу, любілі і цанілі. Не скажу, каб на твар надта прыгожай была, бачыў я і прыгажэйшых. Радыстку Таньку, напрыклад. Але хрэна тая радыстка каму нахвіг была патрэбная, нават з трафейнай касмэтыкай на мордзе…
Валяр’яныч расхваляваўся і зноў дастаў цыгаркі. Тужліва паглядзеў за вакно і працягваў:
– Кацярына красой унутранай брала, някідкай такой, чалавечай красой, душэўнай. Памятаю, пайшлі мы першы раз у начны дазор удвох. Мяне ж не адразу на заданьні сталі пасылаць. Прыглядаліся спачатку, правяралі. А калі прызналі за свайго, паставілі ў чаргу на сумесны дазор з Кацярынай. І гадзіны не праляжалі побач ў варонцы ад снараду, як навалілася на мяне туга невыносная, невытлумачальная. Паклаў я Каці галаву на плячо, пяцярню – на грудзі ейныя вялікія, пругкія, а далей… Далей яна сама ўсё зрабіла. Колькі ў мяне пасьля жанчын было! А так яны рабіць ня ўмелі. Нібы душу праз тое месца зь цябе выцягвала, а пасьля абратна вяртала, уверх-уніз, уверх-уніз…
Улетку 1943 з самалёту скінулі нам чарговы баезапас, харчы і… палітработніка Алёшу. Масквіча. Ён быў хацеў, каб яго звалі Аляксеем Паўлавічам, тада таварышам старшым лейтэнантам, але пасьля першага ж бліжняга бою зьмірыўся з “Алёшам”. Ясна, ледзь не абасраўся пад агнём станковых кулямётаў, зь якіх фрыцы нас палівалі, калі мы бралі харчовыя склады на станцыі за райцэнтрам.
Ох, бяда будзе, падумаў я, убачыўшы Алёшу. На Васіля зуб прапаў адразу ж, як пабачыў я таго госьця з бальшой зямлі. Не люблю худых, прышчавых, зь цёмнымі рэдкімі валасамі і бляклай скурай. Зубы, рэдкія, гнілаватыя, подла так шчэрацца, цьху, бля!
Апэрацыю на станцыі правялі пасьпяхова. Заслалі Кацю, тая прыбрала ахову, а далей была простая справа. Вярнуліся ня тое што з мукой і крупамі – нават з шакалядам і казённым нямецкім шнапсам! І наладзілі мы весялуху. Пасьля трохсот пяцідзесяці глядзім – палітработнік Алёша ачуняў, нос задраў. А Каця з намі чокаецца, але ў гамонку не ўступае, сарамліва сядзіць далей ад вогнішча, у мужчынскія размовы ня лезе.
А ўжо месяцы са тры, а можа і пяць, як мы бязь Лідзіі Мікалаеўны і радысткі Танькі засталіся. А хлапцы расслабіўшыся былі. Ведалі, што пасьля такой апэрацыі з цэнтру тыдні з два заданьняў ня будзе. Валодзя-кулямётчык, што бліжэй да Каці сядзеў, кажа: “А зрабі, дарагая, мне ласку. Што? А! Смакчы проста тут, усе ж свае”.
І паняслась! Ясна, хлапцы жартавалі, парады давалі, але бяз злобы, па-сяброўску. А вогнішча то разгарыцца, то патухне. Калян на гітары затрынькаў, толькі камандзір адзін хроп на шынялі (слабы стаў)… А вось Алёшы не было ў той момант, пэўна, адліць хадзіў. І тут выходзіць зь цямрэчы: “О-ба-на!” А сам хістаецца, ледзь стаіць на нагах. “Ніх…я сабе”, – гаворыць. – “Дык дайце ж я другім нумарам ёй ракам засаджу,” – гаворыць.
А трэба сказаць, што Кацярына сільна не любіла матную лаянку. А палітработнік – тэп-тэп, і давай ззаду прыстройвацца да галубушкі нашай. Дарма ён боўт свой маскоўскі дастаў, бо Каця нават не спынілася – бац нагой, і проста па яйцах. Ад той пары затаіў Алёша на таварыша Андрэеву лютую нянавісьць.
Доўга ён пасьля да Каці не падыходзіў. Мы яго і так супакойвалі, і гэтак. Маўляў, ну чаго па п’яні не бывае. А той заўпарціўся. Рушнік з Каціных рук ня браў, ежу сабе сам наліваў, але ўрэшце пачаў адыходзіць, дазволіў парцянкі свае сьмярдзючыя сьціраць.
А бліжэй да наябарскіх глядзім: то цэпачку Каці падорыць, то гадзіньнічак які калябаранцкі. Сёмага ізноў гулянка была добрая. Ажно спахапіліся, ані Каці, ані Лёшы нямашака. Няма і няма, дзела маладое. Але заходзіць Каця, расчырванелася, пэўна, на марозе, а маразы тады ўжо ў лістападзе былі ого-го якія! “А дзе Лёша?” – пытаем. Толькі плячыма паціснула. Знайшлі мы палітрука ў гаспадарчай зямлянцы: губа набрыняла, броў расьсечаная, за бок трымаецца, за рэбры. “Што, – жартуем, – пад варожы абстрэл патрапіў?” – “Сіфілічная ваша Кацька, вось што”. – “А-а-а, – кажам, – дык ты аналіз браў”. А той працягвае: “Ды й ня баба гэта, пэўна, вы ж бяз портак яе ня бачылі”. А і праўда ня бачылі. Дык што?
Ня ведаў Алёша, што я ў Войску Польскім у 1936-38 гадах у сувязі служыў. Разгадаў я ягоныя коды бясхітрасныя ды падслухаў, як ён пра “здрадніцу” стучаў-выстукваў на сэаньсе сувязі з цэнтрам. Расказаў хлапцам, і той жа ноччу закапалі мы цела “ўбітага ў няраўным баі краснага камандзіра”. Але факт застаўся фактам: Кацярына ніжэй пояса не давала.
У 1944 мяне параніла ў руку, калі прабіваліся насустрач нашым. Далей быў урачысты ўваход савецкіх войскаў у вызвалены горад. Паперадзе на танку ехаў малады палкоўнік, грудзь уся ў ардэнах. Першай з букетам кветак выскачыла дзяўчына. Яна ледзь ня скокнула пад бранявую машыну. Я бачыў, як палкоўнік на сэкунду спыніў позірк на Каці і павярнуўся да натоўпу – рукой махаць…
Панас Валяр’янавіч адчайна махнуў здаровай рукой, падыйшоў да расчыненага вакна і запаліў.
– Вось вы пытаецеся, дзе можна адшукаць згадкі пра “легендарную партызанку Кацярыну Андрэеву”. Каб ня ваш ліст, рабяты, дык, пэўна, не вярнуўся б я ў гэтыя мясьціны ўжо ніколі. Бо ў сорак чацьвертым пасьля ўрачыстага шэсьця войскаў сталася мне тужліва-тужліва. Нібы зразумеў я, што скончылася штосьці добрае, штосьці такое, што ўжо не паўторыцца. Я думаў пра Кацю і баяўся прызнацца сабе. У чым? Нават ня мог патлумачыць словамі. Я блукаў па беразе ракі, па самых пакручастых адхонах, пад якімі бурапенілі магутныя і хуткія плыні, па-над самымі небясьпечнымі вірамі. Далёка за горадам, нават аўтабазы відаць не было.
Тым вечарам я пабачыў Кацярыну здалёк. Белая сукенка, раскіданыя на ветры валасы. Каця прыціскала да грудзей папяровую картку і глядзела на заход сонца. Я зразумеў, ШТО мусіць адбыцца, і пабег да дзяўчыны. Я пасьпеў пабачыць выяву на фотаздымку – той самы палкоўнік, бачаны сёньня, толькі маладзейшы, у форме малодшага камандзіра.
– Мне няма чаго жыць, Панас, – сказала Каця. – Усе гэтыя гады я берагла сваю цноту для яго аднаго. Ты ведаеш, што ня зможаш мне зашкодзіць зрабіць тое, што я мушу зрабіць.
Час для мяне спыніўся, а пасьля пачаў імчаць у тысячу разоў хутчэй. “Што рабіць?! Што рабіць?!” – пульсавала ў маёй галаве. І тады я папрасіў:
– Зрабі ласку напасьледак.
Каця ўсьміхнулася так задуменна і стала на каленкі. Душа мая ізноў зрабілася маленькая-маленькая, ізноў перацякла ніжэй жывата ў маленькую шаравідную прастору бяскостай ткані, але мозг працягваў шалёна працаваць – што рабіць?
Я зноў папрасіў Кацю зрабіць ласку, але разумеў, што доўга так не працягнецца. І раптам выгукнуў:
– Слухай, Каця, а давай у жопу.
Накацілі хмары, вецер пачаў хіліць кроны дрэваў долу. Я амаль не спадзяваўся, але Каця павярнулася, а парыў ветру задраў ёй сукенку. Пад сукенкай нічога не было. Я быў першым мужчынам, якому яна безабаронна адкрыла сваё сакравеннае, сваё самае-самае, беражонае толькі для АДНАГО. Я да сьлязы быў крануты – наколькі яна мне верыла і не чакала ад мяне падману.
Спачатку ішло туга, але па-ціхутачку, па-малютачку справа рушыла. Вецер скавытаў, нібы дзікі зьвер, але ён ня мог заглушыць крыкі і стогны Каці. Першыя стогны жарсьці ў ейным жыцьці.
Ня ведаю, колькі цягнулася насычэньне плоці, кепска памятаю, як мы дабраліся да гораду і як разьвіталіся ля ейнага пад’езду. Памятаю, што фотаздымак Кацярына не парвала і ня выкінула. А назаўтра я зразумеў, што не змагу жыць бяз Каці, што не змагу зьмірыцца зь ейным палкоўнікам, які назаўжды затачыў яе ў манастыр безатветнай любві. Зразумеў, што я кахаю Кацю.
Раніцой я пакінуў горад. Далей былі сталінскія будоўлі ў розных кутках нашай неаб’ятнай Родзіны. Унівэрсітэт, настаўніцтва ў роднай вёсцы на Стаўпеччыне. І вось я тут, у вас. Больш пра Кацярыну я нічога ня чуў.
Панас Валяр’янавіч стаяў сьпінай да зьнямелых шасьціклясьнікаў і паліў ужо трэцюю цыгарэціну.
– Атас! Гарынічна! – закрычаў старшыня атраду Грышка.
Але было позна. Недапалак паляцеў у адзін бок – за вакно, а Валяр’яныч у другі – на падлогу. Так і прыціснуўся тварам да брудных дошак з заламанай за сьпінай рукой.
– Што гэна за блядзь у памяшчэньні курыць! Пры дзецях, блядзь, валасы сівыя, а нарушает.
Валяр’яныч быў рыўком пастаўлены абратна на падлогу. Жаночы голас зьвінеў рашуча, з мэталёвінкай:
– Ну, блядзь, паглядзім… Вой!.. П-а-н-а-с?
– Кацярына?!!
Аслупянелыя піянэры ўжо праз вокны чулі працяг дыялёгу.
– Куды ж ты падзеўся тады, у 1944? Я ж цябе чакала-чакала. Я ж ноч думала-думала і нараніцу рашыла – дам. Толькі табе.
– І як склаўся твой лёс, Каценька?
– Які там лёс? Во, вартую гэную яба…ную школу, каб яна згарэла… Як добра, што ты прыехаў, а то ж я чакала-чакала…
– Ты ДАГЭТУЛЬ чакала?! І ні зь кім?!
– Не, ні зь кім. Я такая, калі рашыла, значыць рашыла. Ідзем, ідзем да мяне.
– Але, Кацюша, у нашым узросьце…
– Я табе дам у нашым узросьце! Зара’ толькі дойдзем, толькі дзьверы закрыем, я табе такі ўзрост зраблю, загойсаеш, як малады!
* * *
– Гэна ж трэба, а-я-я-я-й, ну маладзец, прыехаў-такі…
А я ж як адчувала бульбачкі начысьціла бялізну пасьцірала гарэліцы зрабіла хлапцыпрыходзілі кажуць бабакацяпрадай аяімхуйвам анегарэліцы казлыванючыя нудобраштопрыехаў яжнізькімдляцябе хавалакабтолькізтабой задным аўчораіванаўназаходзіла солі прасіла аяёйатрасцытабеанясолі тымнеяшчэзапалкіневярнулазтаготыдня…
“Здрайствуй, Вася!..”
Пісьменьнік прымружыў вока і пагразіў пальцам кату. Падступны кот-хітрэц прыбраў лапку ад елкавай цацкі. Аблезлы шкляны перчык вырабу канца 50-х жвава гойдаўся на галінцы. Ялінка стаяла ў куце побач з выхадам на балькон. Направа ад дзьвярэй стаяў кампутар – там, дзе раней узвышаўся тэлевізар.
Пісьменьнік сербануў, паставіў пляшку каньяку на журнальны столік за сваёй сьпінаю і павярнуўся да манітору:
…Ой Васёк, Васёк, не васёк мяня,
Не васёк мяня, маіх тры ru@bla.
Пісьменьнік задаволена агледзеў плён сваёй творчасьці і націснуў Enter. Вершык ператварыўся ў факт віртуальнай, то бок інтэрнэтавай, прасторы на адным з сайтаў, на адным з форумаў, які так і зваўся – «Вершы пра Васька”.
Пісьменьнік паглядзеў у бок дзьвярэй на балькон. Там, за дзьвярыма, віравала жыцьцё аматараў віраванага жыцьця: бесперапынна выбухалі пэтарды, ракеты, фэервэркі ды іншая падобная трасца. Нападпітку, п’яныя і п’янюшчыя падлеткі, ды ня толькі яны, гарлалі песьні, фразы й асобныя літары.
Ехаў Вася цераз рэку,
Еў катлету, піў віно,
Думаў, плёну будзе многа,
А на выхадзе – гаўно!
Enter.
“Бляха, вось выйду зараз на балькон і крыкну – МУТАНТЫ!..”
“Але ж нават калі скокну ўніз (сем паверхаў) – хрэна хто заўважыць”.
Пісьменьнік каўтнуў каньяку і набраў нумар тэлефону:
– Дамброўскі, ты мутант, – млява паведаміў Пісьменьнік.
– Ну, дык не пытанне! – радасна адгукнуўся Дамброўскі. – Па пяцьдзясят?
Пісьменьнік моўчкі паклаў слухаўку. Кот уважліва сачыў за гаспадаром, але з-пад канапы не вылазіў.
У адным сяле, ня важна дзе,
Хадзіў Васёк па магазіну,
Ён піва піў, еў мармэляд
І марыў трахнуць цёцю Зіну.
Enter.
Кілішак. Тэлефон:
– Бляха, Дамброўскі, ты проста рэдкасны мудак.
Адбой.
“Калі ўжо прыйдзе Новы год? Якія суткі засталіся…”
Кот асьцярожна вылез з-пад канапы на дыван і нясьпешна скіраваўся да ялінкі. Пісьменьнік запаліў цыгарэціну, адчыніў балькон, каб выходзіў дым, і ўтаропіўся ў манітор, які адлюстроўваў рудую нахабную пысу ката:
– Яшчэ адзін крок – і паляціш за борт.
Жывёла спынілася, пастаяла і вярнулася пад канапу.
Пісьменьнік ізноў набраў нумар, дачакаўся фразы “Ну?” замест “Алё?” і паклаў слухаўку.
Здрайствуй, Вася, Новы год,
Дзе-нідзе кудлаты,
Ты куды ідзеш-брыдзеш?
Адвэнтыст пархаты!
Недапалак паляцеў за балькон. Кот зрабіў выгляд, што пайшоў па справах у іншы пакой. Кампутар завіс і праз хвіліну адвіс. Скавыш вымусіў чхнуць два разы. Але Пісьменьнік не сьпяшаўся падняцца з крэсла, каб зачыніць дзьверы на балькон. Цьвяроза ацаніў колькасьць каньяку ў бутэльцы, каўтануў і набраў нумар:
– Дамброўскі, хочаш, я разаб’ю табе тваё хлябала?
– Га?! Па пяцьдзясят? Ну дык не пытанне, праз пятнаццаць хвілінаў дзе заўжды. ОК?
– Давай.
* * *
Бомж Валодзя павітаўся з надзычайнай павагай. Валодзя сам па сабе чалавек далікатны і ветлівы. Ён прыстрасьціўся начаваць побач з кватэрай яшчэ да таго, як Пісьменьнік зьняў гэтую хату. Валодзя меў асадзістую бараду, выглядаў на няпэўны сталы ўзрост, заўсёды быў вымыты і выпраны, хіба толькі зрэдзьчасу абсіраўся ад перабору.
– Ну вы даёце! Вас учора капітан і старлей прывялі. Кажуць, ціпа, шаноўны, ці сапраўды гэта вашая кватэра? А калі вы адчынілі дзьверы, сказалі, маўляў, вы, шаноўны, так ня ўсердзтвуйце, беражыце сябе. Пажадалі спакойнай ночы ды пайшлі. Але як вы вярталіся, дык тое была незабыўная сцэна!..
Але Пісьменьнік, ня даўшы Валодзю скончыць фразы, сунуў яму ў руку купюру – на бутэльку павідла, а таксама на навагодні заказ, ужо для сябе.
– Харошы ты чалавек, Валодзя. Led Zeppelin любіш, Сартра чытаў, урывак з “Новай Зямлі” ведаеш (“Калі заколеш вепрука ты / Ды не пабегаеш за хату…”). А ноўтбука ня маеш. Быў бы ў цябе пашпарт, я б праспансаваў табе штамп на выезд. Знайшоў бы ты на сьметніку ў Нямеччыне ноўтбук, мы б з табой творчасьць Ясунары Кавабаты абмеркавалі.
“Состояние”. Менавіта гэтае слова круцілася ў галаве Пісьменьніка ў момант абуджэньня. Функцыя “Состояние” на абразку падлучэньня да інтэрнэту з раніцы паказала 36 гадзінаў. Пісьменьнік, чакаючы Валодзю, калі той прынясе з крамы замоўленыя тавары, пераглядаў свае рухі ў інтэрнэце за апошні час.
Паводле “суседа па лесьвічнай пляцоўцы”, Пісьменьнік вярнуўся дадому а трэцяй ночы.
А прачнуўся ён а 13-й.
Так, што на маніторы? “Вася, Вася”… “Дамброўскі мудак”… “Ахвігець”… Пісьменьнік ня стаў глядзець астатнія 28 адчыненых вакенцаў, ён іх пазачыняў і пацёгся да ўваходных дзьвярэй.
Валодзя вярнуў рэшту, а таксама ўручыў пакунак з бутэлькай гарэлкі, трыма бутэлькамі піва, вэнджаным куранём, паўкіляй марынаванай капусты, літрам апэльсінавага соку i пачкам “Winston”.
Руды кот прафэсійным жэстам абнюхаў пакунак. Да надыходу сьвята заставалася менш за суткі.
Зь мінулай ночы Пісьменьнік памятаў толькі адну карцінку. Яны з Дамброўскім і прыяцелем Валікам з плястыковак п’юць “жалудкову”, прывезеную Валікам з Варшавы. Па цэнтральнай вуліцы валіць народ, падае сьнег, а побач у вітрыне гандлёвага цэнтру ляжыць дзяўчына ў бікіні – рэклямуе канапу.
Пісьменьнік зрабіў сабе “адкрутку”: 100 на 100. Адламаў курыную ножку і… з лазенкі пачуўся гук вады.
Адтуль выйшла цалкам аголеная дзяўчына:
– Дзякуй табе за ноч. Твае сябрукі і мянты мяне ўразілі. Я, шчыра кажучы, ня думала, што ў імпрэзы будзе працяг, тым больш такі.
Дзяўчына ўсьміхалася амаль безь іроніі, хутчэй з замілаваньнем. Яна запаліла і села на канапу, сьпінай да сьценкі, да якой папярэдне падперла падушку:
– Вось ужо ня верыла ў навагоднія цуды… Асабліва мне спадабаліся твае допісы пра сучасную японскую літаратуру і вершы пра Васька.
Пісьменьнік моўчкі ўглядаўся ў дзяўчыну. Працягнуў папяльнічку.
– Ведаеш, спадару Пісьменьнік, мне на мыла часта розныя маньякі і падлеткі паведамленьні шлюць. Але я вельмі зьдзівілася, калі ты на маю бдзюльку на тваім форуме адгукнуўся ў прываце. “Люблю паліць, гаварыць, бухаць і трахацца”. А потым яшчэ дадаў “Люблю японскую літаратуру, рудых катоў, Led Zeppelin і сучасную беларускую паэзію”.
Пісьменьнік стаяў зь неглынутай “адкруткай” у рукох. Па целе расьцякалася прыемная млявасьць.
– Я выйшла з гандлёвага цэнтру з бутэлькай віна ў руках. І першае, што пачула – “А ў таблішча?!” і “Ясунары Кавабата”. Вядома, віно зьнікла за колькі хвілінаў. Ведаеш, прыблізна такім я цябе і ўяўляла.
Дзяўчына працягнула руку да “адкруткі”, глынула і з задавальненьнем пацягнулася.
– Прынясі паесьці чаго, і паболей. Калі ласка. …
Перад тым як адрубіць інтэрнэт, глынуць “адкруткі” і скокнуць пад коўдру да аголенай дзяўчыны, Пісьменьнік зайшоў на адну са старонак і напісаў:
“Дзякуй, Вася!”
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.