Электронная библиотека » Уладзіслаў Ахроменка » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 30 октября 2018, 18:00


Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Частка першая
Горкі яблык

1

Начное жытнёвае поле перацінала старасвецкая брукаванка. Масянджовая поўня адбівалася ў бліскучых пукатых камянях старога Віленскага гасцінца. Бляшаная шыльда на ўзбочыне сардэчна вітала тых, хто кіраваўся на поўдзень: “Zapraszamy do Grodno”. З адваротнага боку брутальна чарнеў саматужны надпіс: “Пшэкаў – да дупы”.

Доўгі шляхотны “Пакард” нібыта зматэрыялізаваўся з начной цямрэчы. Сляпучыя конусы святла коса слізганулі па польскім надпісе. Лімузін віртуозна заклаў разварот на вузкай брукаванцы, і святло фараў на імгненне выхапіла з чарнільнай начы шчырае пажаданне польскім прыхадням.

Праз колькі секунд за “Пакардам” азначылася яшчэ колькі легкавікоў. Яны паважна мінулі лімузін і пісьменна блакавалі шлях на Гародню. З салонаў порстка пасыпаліся спрытныя маладзёны відавочна чакісцкай знешнасці. У трэніраваных руках пагрозліва блішчэла зброя савецкай вытворчасці: ручныя кулямёты, карабіны, пісталеты, рэвальверы і нават супрацьтанкавая рушніца.

Звяружны волат без асаблівых высілкаў выцягнуў з машыны і гупнуў на брук паўнюткі мех ручных гранатаў. Поўня нясмела абліла яго няўсмешлівы твар святлом і, нібы спалохаўшыся, адразу схавалася ў раскудлачаных ветрам хмарах.

Бакавое шкло “Пакарда” няспешна спаўзло ў нутро пукатай лакіраванай дзвёркі. З глыбіні шыкоўнага салона пачулася:

– Таварыш Баян, на цябе ўскладзена аператыўная адказнасць за поспех усёй акцыі. Глядзі мне!

Волат наблізіўся да лімузіна і схіліўся да дзвёркі. За рулём “Пакарда” раскашаваў сухотны прыгажун-чакіст з вытанчаным тварам садыста і гіпнатычным позіркам кобры.

– Не пераймайцеся, таварыш Пранік, – няўсмешліва супакоіў той, каго назвалі таварышам Баянам. – Гэтыя бандыты з тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы” – праўдзівыя жмудзіласы! Ухойдаем іх на горкі яблык!

Тым часам іншыя таварышы чакісты таропка займалі пазіцыі за прысадамі абапал гасцінца. Заклацалі затворы, бразнула аб камень жалеза.

– Іхні галоўны, гэты Шалёнас Халерас, абяцаў найсучасны жмудзінскі танк падагнаць, – асцярожна прагучала з цемры.

– Ды хто яны такія – гэтыя жмудзіласы на нашай спрадвечна савецкай зямлі, часова занятай белапольскімі акупантамі?! – падбадзёрыў таварыш Баян, – таварышы, будзьце пільнымі! Сусветная буржуазія не спіць у шапку!

Як толькі поўня зноў паказалася з-за кудзераў нізкіх хмараў, з боку Вільні намалявалася калона канкурэнтаў, тых самых “Лабусаў”. За лабавым шклом галаўнога “Мерседэса”, прабітым бязлітасным святлом чакісцкіх фараў, бялеў выцягнуты, што той цэпелін, твар тыповага жмудзіласа. Леваруч ад легкавіка натужна стракатала матацыклетка “BMW”, з люлькі якой тырчэла хіжая руля нямецкага кулямёта. Следам каціліся тры чорныя блізняты “Опелі”. Замыкаў калону старажытны танк “Рэно” – лаплены-пералаплены ветэран Імперыялістычнай вайны. Агрэсіўны ляск тракаў па старасвецкім бруку зняважыў пранікнёную паэзію пяшчотнай беларускай ночы.

Машыны баявікоў-жмудзінаў заехалі на пагорак і знерухомелі. Матацыклетка з люлькай дала нырца ў кювет і схавалася ў хмызах. Старажытны танк стомлена спыніўся, як бронецягнік на запасным шляху, і нахабна прынюхаўся кулямётнымі рулямі да брукаванкі.

З-за руля “Мерседэса” выбраўся цэпелінападобны фацат – лідэр жмудзінскай партызанска-тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы”, той самы Шалёнас Халерас. Ён вітальна ўскінуў руку і нетаропка рушыў да чакісцкага “Пакарда”. Таварыш Пранік годна падаўся насустрач класаваму ворагу.

– Пралетары ўсіх краінас злучайцеся! – павітаўся Шалёнас, змушаны сітуацыяй і нормамі дыпламатыі.

– Ад мора да мора, – у адпаведнасці з пратаколам пацвердзіў таварыш Пранік і нервова таргануў пашчэнкай.

Пасля абавязковага двубою позіркамі, пагрозлівага скрыгатання зубамі і рыпення партупеямі ідэалагічныя ворагі змушана паціснулі адзін адному рукі. Калі прывітальны рытуал быў вычарпаны дарэшты, таварыш Пранік і Шалёнас Халерас перайшлі непасрэдна да справы.

Нагода перастрэцца на начным Віленскім гасцінцы наспела даўно. Так атрымалася, што напаўсухі закон санацыйнай Польшчы спакусіў заняцца бутлегерствам і засланых з СССР чакістаў з дыверсійнай групоўкі “Халодная галава”, і вялікадзяржаўнікаў-жмудзіласаў з Коўна. Першыя кантрабандна перакідалі ў Заходнюю Беларусь танную маскоўскую “манапольку”, каб свядома спойваць братоў-беларусаў. Другія з такімі ж мэтамі перакуплялі гуртам італьянскае “віно росо” ў партах Мемеля і Кёнігсберга. Усе спірытусовыя напоі паўпадпольна рэалізоўваліся на Крэсах Усходніх праз сетку шынкоў вядомага ў краі бізнесоўца Навума Фабрыканта. Алкагольныя грошы прызначаліся для стварэння шпегоўскіх сетак і шматлікіх баз баевікоў. Сутыкненне гаспадарчых інтарэсаў зрабілася непазбежным пасля таго, як людзі Шалёнаса Халераса пусцілі пад адхон дыпламатычны вагон спеццягніка “Масква-Кёнігсберг” бітма наладаваны “Пасольскай водкай”, прызначанай для Гародні. Халодная вайна ў кожны дзень магла выбухнуць узброеным канфліктам.

– Гардзінас, Лідас і Навагрудакас – спракаветныя аўкштайцкія гарады. Тут Вялікас Ліетувас – па самае Маладзечнас, – вялікадзяржаўна аргументаваў Шалёнас прэтэнзіі на Гарадзеншчыну з Віленскім краем і тыцнуў чакістаму пад нос карту, выдадзеную ў Кейданах.

– Але насельніцтва гэтага краю спрадвеку імкнулася далучыцца да лепшай долі і вышэйшай культуры ўсходніх братоў, – у якасці супрацьаргумента таварыш Пранік выцягнуў з кішэні галіфэ сувенірную літруху “Крамлёўскай”.

Крышталёвая пляшка ў выглядзе Спаскай вежы Маскоўскага крамля крышыла і вясёлкаю распырсквала святло фараў. На накрыўцы брутальна ззяла рубінавая зорка.

Шалёнас у адказ толькі кпліва пасміхнуўся. У хмызах агрэсіўна завуркатала – матацыклетка выкацілася на брук. Кулямётная руля красамоўна ўтаропілася ў “Пакард”. У адказ няўсмешлівы волат Баян нетаропка выдраў колца з супрацьтанкавай гранаты, дэманструючы гатоўнасць да далейшай размовы.

За прысадамі прагучала напружанае:

– Прыцэл на галаўную машыну жмудзілаў!

У начным паветры залунаў уяўны пах яшчэ не спаленага пораху. Мятлікі, што бязмэтна таўкліся ў святле фараў, падаліся баевікам душамі паплечнікаў палеглых у класава-бутлегерскіх войнах.

– Таварыш Пранікас, ці хочуць рускія вайны? – з нечаканым міралюбствам пасміхнуўся Халерас. – Па вялікім рахунку мы робім адну і тую ж справу, хаця і кожны на сваю карысць. Але ж мусім дзейнічаць у тутэйшых неспрыяльных варунках…

Камандзір чакістаў маўчаў, бо не разумеў яшчэ, пра якія-такія “варункі” пляце ідэалагічны вораг.

– … тутэйшы люд – пераважна католікі, – працягваў Халерас, – як пан ксёндз мужыку скажа, так той і зробіць. А ксёндз скажа мужыку тое, што загадае біскуп, біскупу – кардыналас, кардыналу – Папеж. Папежу…

– …таварыш Сталін, – механічна ляпнуў палітычна падкаваны Пранік.

– Папеж адно Пану Богу падпарадкоўваецца, – сувора нагадаў Халерас.

– Дык Бога ж няма! – пераканана прамовіў чакісты і блазнавата пасміхнуўся. – Гэта нават папы ведаюць.

– Але ж Папеж Рымскі ёсць, – жорстка абрэзаў Халерас, – і ён прыслаў нам свайго легата.

Пакуль таварыш чакіст асэнсоўваў слова “легат”, двое жмудзіласаў выцянулі з задняга сядзення “Мерседэса” дробнага сухенькага дзядка, сівую галаву каторага пакрываў недарэчна модны капялюш “барсаліна”.

– Porka Madonna! – незадаволена прабурчэў дзядок у твар разгубленаму чакістаму.

– Легат моліцца… – паважным шэптам пракаментаваў Халерас.

– За каго? – ціха, бо прасякнуўся ўрачыстасццю моманту, спытаў Пранік.

– За ўсіх людзей добрай волі, – пранікнёна азваўся лідэр “Лабусаў”, – а значыць, – ён важка ўзняў палец, – і за таварыша Сталіна.

Пранік страсянуў галавой, каб сагнаць рэлігійнае ачмурэнне:

– Папоўскае цемрашальства! – ён цвыркнуў слінай на брук, – якое дачыненне мае гэты стары жмудзілас да нашых новых канфліктаў? З-пад якога ковенскага плоту вы яго выцягнулі? – сказаў ён не вельмі ўпэўнена, бо шляхотная “барсаліна” відавочна сведчыла пра іншае.

– Piano, signior Pranik, – як сухое лісце зашалясцелі італьянскія словы, – Koza Nostra! Sicilia, Palermo…

Стары звонка пстрыкнуў скручанымі поліартрытам пальцамі і скасавурыўся на галоўнага жмудзіна. Халерас схіліўся да вуха старога і прашаптаў:

– Гэты фацат з савецкіх копаў.

Бяскроўныя вусны сіцылійскага мафіёзі расплыліся ў хіжай усмешцы. Ён адразу ж прыгадаў патрэбнае слова, пачутае ў мінулым жыцці на даху чыкагскай бойні, і нахабна тыцнуў пальцам у Пранікавы грудзі:

– Мудзіла!

– Ты шалёны, стары! Хто цябе дзе хаваў? – імгненна раз’юшыўся чакісты.

– Ён прывёз булу самога Папы Рымскага, – Халерас абачліва стаў паміж Пранікам і сіцылійскім мафіёзі. – Хай пан Спагеціс пацвердзіць свае паўнамоцтвы. Була!

Сухая далонь слізганула ў кішэню плашча. У святле фар разгарнула папяровыя крылы ўлётка з нетутэйшымі словамі.

– Трымай!

Пранік недаверліва ўзіраўся ў двайны фатаздымак легата ў анфас і ў профіль, над якім чарнеў тлусты надпіс “WANTED”. Пад фота расцягнулася нулямі ўнушальная лічба паліцэйскай узнагароды.

– За столькі даляраў Папеж прызначыў слыннага па абодва бакі Атлантыкі сіцылійскага мафіёзі пана Карласа Спагеціса сваім легатам на ўсіх Крэсах Усходніх, – патлумачыў Шалёнас малапісьменнаму чакісту, – цяпер ён і толькі ён мае права праз ксяндзоў загадваць тутэйшым піякам, якія трункі ім ужываць. А ўжываць яны павінны выключна італьянскае “віно росо”. Так што каціся ты са сваёй савецкай манаполькай. Як кажуць тыя бездухоўныя рускія: “кілбаскай па Малой Спаскай”.

Карла Спагеці моршчыў лоб – згадваў другія тутэйшыя слоўцы, якімі кляў чыкагскіх копаў ягоны названы беларускі брат-бутлегер. Прамовіць іх яму не дазволілі двое жмудзіласаў, бо ўзялі пад пахі і шпарка пацягнулі ў салон машыны.

Пакінуты на адзіноце забойца мічыганскага шэрыфа ўладкаваўся на рыпучым скураным сядзенні “Мерседэса” і моўчкі пазіраў на чужы краявід. Тонкія старэчыя вусны дрыжэлі ад крыўды. Замест таго, каб з карысццю бавіць час у перастрэлках з паганымі карабінерамі Мусаліні ў алівавых садах роднай Сіцыліі, ён быў змушаны выконваць нязвыклую для сябе ролю “папскага легата на Крэсах Усходніх”. Так атрымалася, што пасля вяртання на радзіму бацькі Козы Ностры не здолелі падшукаць мафіёзі-перастарку адпаведнай яго статусу пасады, пасля чаго за немалыя грошы здалі яго ў ганаровую арэнду ковенскім тэрарыстам-пачаткоўцам. І хаця стары мафіёзі цяпер раскашаваў у лепшых гатэлях, бардэлях і рэстарацыях, незадаволенасць жыццём усё часцей давалася ў знакі.

– Працуй пільна – і будзе табе Вільня! – задаволены вынікамі сустрэчы Халерас сеў за руль.

– Страляй халерна – і будзе табе Палерма! – механічна перайначыў на свой капыл Карла Спагеці.

Баявікі чакісцкай групоўкі “Халодная галава” вылупленымі вачыма праводзілі картэж нахабных лабусаў. Калі пра яго рух у бок Вільні нагадваў з цемры адно бразгат танка, таварыш Пранік нарэшце перастаў хаўкаць разяўленым ротам.

– Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца? – нясмела нагадаў пра сваё існаванне Баян, – і хто такі той Папеж Рымскі? Колькі ў яго танкавых дывізій?

– Адзін з галоўных ідэалагічных махляроў у свеце капіталу, – завучана адгукнуўся Пранік, – опіум, як той казаў.

– Ясна. А хто мацнейшы за яго ў прадажным свеце капіталу?

– Таварыш Сталін вучыць, пакуль што, да сусветнай рэвалюцыі – Дзядзька Сэм мацнейшы.

– А калі б легат Дзядзькі Сэма з легатам таго Папы Рымскага барукацца пачалі, хто б з іх перамог? – цікаўна прыкінуў Баян.

– Безумоўна, амерыканскі легат папскага.

– Дарэчы, – Баян задуменна пачухаў патыліцу, – мне адзін палітвязень з КПЗБ, што сядзіць у Бярозы-Картузскай, сігналізаваў: у іх тамака аўтарытэтны чыкагскі злодзей-камінтэрнавец тэрмін адбывае. Джон Сміт-Весон. Ён жа – Хросны. З ім мы бы далі прачухацца таму папскаму легату. Загадаеце дзейнічаць, таварыш камандзір?

– З канцлагера Бяроза-Картузская яшчэ ніхто не ўцякаў, – слушна нагадаў Пранік.

– Для сапраўднага чакістага не бывае нічога немагчымага, – запэўніў Баян, – у таго палітвязня-капэзэбоўца ёсць на волі памагатыя з простых. Нейкія Стасік і Чэсік. Ён казаў, калі партыя загадае – сталёвыя драты перагрызуць, зямлю насамі ўзаруць, Нёман па дне пяройдуць.

– Хлопцы хоць надзейныя? – па-чакісцку прымружыўся камандзір.

– Сам іх на вочы не бачыў. Канспірацыя. Але, як той казаў, звяругі! Дык дзейнічаем?

2

– Ну што, таварыш Хросны Сміт-Весон – дзейнічаем, га? – хлопец з паблажлівым тварам вясковага капэзэбоўца таргануў за рукаво турэмнай робы немаладога хударлявага мужчыну.

Хісткі агеньчык свечкі адбіўся ў васільковых, як неба над Мічыган-Возерам, вачах Хроснага.

– Хіба ўсё гатова? – шнары і зморшчыны на разважлівым твары склаліся ў мазаіку зацікаўленасці.

– Га? Зараз усё і пабачыце, і зразумееце, таварыш амерыканскі камінтэрнавец.

– Колькі разоў табе казаць, гэта для Дэфензівы я камуняка, а насамрэч – нармальны тутэйшы буржуазны нацыяналіст.

Капэзэбовец хітра прымружыўся і задзьмуў свечку.

– Зразумеў. Канспірацыя, га?

– Га-га, – нібыта пагадзіўся Хросны і махнуў рукой, – гакала!

Бразнула клямка, вязні выбраліся з вільготнай цемры былой манаскай келлі на свежае лагернае паветра.

Мярцвянае электрычнае святло пражэктараў з ахоўных вышак аблівала старажытныя муры былога Картэзіянскага кляштара, ператворанага прыхаднямі-палякамі ў канцлагер для нацыянальна-свядомых, камуністых і сацыялістых беларусаў. Вецер звінеў калючым дротам агароджы. Ад балотных чаратоў, што пачыналіся адразу за кантрольна-следавай паласой, плыў паўпразрысты туман.

Хросны і капэзэбовец крадком прабраліся ўздоўж сцяны турэмнага корпуса і спыніліся за штабелем жалезабетонных бэлек, якія палітвязні штодня цягалі праз увесь пляц пад прыцэламі карабінаў аховы. Гэтыя фізічныя практыкаванні рабіліся па загадзе пана каменданта. З самое раніцы і да палудня зняволеныя цягалі бэлькі ад лямуса да былой плябаніі, а пасля палудня – ад плябаніі да лямуса.

– А бэлькі не ляснуцца? – насцярожыўся Хросны.

– Нашы сябры-грамадоўцы спецыяляна іх гэтым разам так склалі, каб вам было дзе схавацца, – патлумачыў капэзэбовец.

Палітвязні асцярожна ўскараскаліся па складзеных крыжом бэльках. Адсюль, з вышыні, можна было разгледзець не толькі пругкую спіраль калючага дроту па-над шчарбатым кляштарным мурам, але і балота з рэчкай, за якой прамалёўвалася стужка шашы.

Воля была зусім блізка. Здавалася, варта добра разагнацца, скочыць – і пабяжыш па роснай траве ў вільготную ноч, да цёмнае шашы. Але паміж мурам і кантрольна-следавой паласой сувора паўставалі загостраныя дубовыя слупы, густа пераплеценыя калючым дротам, праз які было не прабрацца, не праціснуцца.

Вецер з балота разгойдваў на ліхтарах бляшаныя конусы са сляпучымі электрычнымі лямпачкамі. Пачварныя цені бязладна кідаліся па лагерным двары. За руінамі касцёла злавесна чырванелі вокны асабняка пана каменданта. З іх даляталі ледзь чутныя гукі накцюрна.

– Нават пасля адбою свайго Шапэна грае. Кат! – маладзён звузіў вочы. – Нічога, мы з ім яшчэ сустрэнемся на барыкадах!

Нябачны кажан са свістам успароў крыламі павертра над галовамі вязняў. У гадавальніку забрахалі сабакі, і лагодныя гукі накцюрна сцішыліся. – А ты казаў, усё гатова, – расчаравана нагадаў Хросны, аглядаючы непахісныя слупы. – Як дзейнічаць збіраешся?

Капэзэбовец хітравата пасміхнуўся і выцягнуў з кішэні жалейку-самаробку.

– Эх, скручу я дудку! Такое зайграю! – прамовіў ён і ціха-ціха зайграў.

Песня жальбы паплыла над тужлівым беларускім краявідам, бязлітасна перакрэсленым калючым дротам. Ноч нечакана адгукнулася далёкім шчаслівым рохканнем. – Стасік, Чэсік! Га?! – узрадваўся заходнекамуністы маладзён.

– Рох-рох, плюх-плюх, – азывалася начное балота.

– А хто там ідзе? – насцярожыўся Хросны.

– Нашыя хлопцы ўжо блізка, – вочы маладога камуніста заззялі падзабытым сялянкім шчасцем.

– Чаму яны рохкаюць?

Малады вязень змоўніцкі прыклаў палец да вуснаў.

З чаратоў, што хісталіся адразу за калючым дротам, выткнуліся дзве вусатыя морды і цікаўна забліскалі дробнымі, што пацеркі, вачанятамі. Насы прагна ўцягвалі паветра, маленькія лапкі нецярпліва абмацвалі траву, нібыта нечага шукалі і не знаходзілі.

– Хлопцы з суседняга барака цэлы тыдзень ані хлеба, ані солі не елі. Для вас стараліся, – пафасна пахваліўся маладзён.

– А гэтыя “рох-рох, плюх-плюх” жэрлі? – недаверліва прымружыў вока беларускі мафіёзі.

– Па начах цэлы тыдзень ім салоны хлеб за драты кідаў, да жалейкі прывучыў. І што цяпер будзе, самі пабачыце. Га?

А ў прывітальным рохканні ўжо прабіваліся ноткі лёгкага расчаравання і нават незадаволенасці.

Капэзэбовец выцягнуў з кішэні загорнутую ў анучку лусту турэмнага хлеба, шчодра пасыпаў яе буйной соллю і кінуў пачастунак на кантрольна-следавую паласу, але гэтым разам не за межы канцлагера, а акурат перад слупамі з нацягнутым дротам. Яго галодныя вочы зайздросна лыпнулі.

Бабры з бліжэйшай рэчкі, ужо тыдзень як прыкормленыя камуністым, звыкла кінуліся да жаданага, але пакуль недасяжнага пачастунку.

Стасік першым тыцнуўся вусатай пысай у калючы дрот і злосна загырчэў. А вось разумнейшы Чэсік адразу сцяміў, як можна дабрацца да салонага хлеба за непраходным бар’ерам. Дробныя, як у дзіцёнка, лапкі абхапілі дубовы слуп. З-пад шырокіх здароўчых зубоў пасыпалася-паляцела пілавінне і трэскі. Неўзабаве слуп нахіліўся, і нацягнутыя драты зазвінелі. Праз колькі хвілін поруч з Чэсікам шчыраваў Стасік. Суседні слуп ён схрумкаў, як тая амерыканская бензапіла. Слупы валіліся адзін за адным, нібы даміношныя косткі, і цягнулі-абрывалі сталёвы дрот.

Галодныя жывёлы спрытна ўхойдалі апошні шэраг слупоў і навыперадкі кінуліся да прысоленага ласунка. Вільготныя шырокія хвасты надзейна замяталі сляды на ўзаранай кантрольнай паласе.

Апалітычныя беларускія бабры Стасік і Чэсік нават не здагадваліся, што праз сваю ненажэрнасць спрычыніліся да беспрэцэдэнтнай чакісцкай акцыі па арганізацыі ўцёкаў з Бярозы-Картузскай. Таварыш Баян, які на загад камандзіра “Халоднай галавы” здзяйсняў аператыўнае кіраўніцтва, прафесійна збудаваў увесь ланцуг выканаўцаў. Уцёкі не каштавалі ані шэляга меднага, бо паслухмяны камуністы, як і мае быць, рызыкаваў жыццём адно за абстрактную ідэю.

У таемным месцы пад балотнай купінай Хроснага ўжо чакала гумовая торба з цывільнай вопраткай, якасна падробленымі дакументамі і пачкам златовак – вядома ж, фальшаваных. Сам Баян на вялікай амерыканскай машыне “Пакард” быў ужо выправіўся з Гародні, каб падабраць уцекача ва ўмоўленым месцы.

Маладзён выцягнуў з бетоннага штабелю прыхаваны драўляны брус і перакінуў яго на мур.

– Ну што, таварыш Хросны… Перадайце прывітанне нашым таварышам з Камінтэрна. Га? – малады камуністы расчулена шморгнуў носам і выцягнуў з кішэні кісет з махоркай, – гэта таварышы грамадоўцы вам у дарогу сабралі.

– Ведаеш, я перадумаў уцякаць, – з нечаканай суворасцю прамовіў той.

– Га? – не паверыў маладзён.

– І па той бок дроту “долі не відаць, кайданы няволі на руках звіняць”, – працытаваў адукаваны Хросны, – дый, што там, зрэшты, добрага быць можа? Асадніцтва, прастытуцыя, парнаграфія, эксплуатацыя, беспрацоў’е, санацыя, дыскрымінацыя, паланізацыя, Дэфензіва… Бездухоўнасць, як той казаў. Бач, бабры – і тыя галодныя.

– А можа, так яно і трэба? – пранікнёна запытаў камуністы.

– Не, хлопча, я лепш тут застануся, сярод сваіх. Тут чыста, цёпла і не страляюць, як у іншых месцах. За калючым дротам выспа стабільнасці і спакою. Мяне паважаюць, у мяне абутак і вопратка па сезоне, гарантаваная ежа тры разы на дзень і ніякага беспрацоў’я. Наш канцлагер – адзінае месца ў свеце, дзе нават прыхадні не сумняваюцца, што ты праўдзівы беларус.

– Усё слушна… Толькі б не было вайны, таварыш Хросны! Мне за кратамі таксама тое-сёе падабаецца. Але ж трэба некаму і там за духоўнасць, за народнае шчасце змагацца! – разгубіўся камуністы. – Калі не вы, дык хто? Га?

– Там, – Хросны паказаў на начную беларускую дрыгву, – барацьбітоў са змагарамі ніколі не бракавала. А дзе плён? Дзе шчаслівае, заможнае жыццё?

– Ад вас плён будзе, так і вашыя таварышы казалі, з гэтага, як яго там … з Чэ-Ка. Га?

– З Чыкага? – знерухомеў Хросны. – Чаму ж ты раней не казаў, што гэта янкі мне ўцёкі зарганізавалі?

– Мо і янкі. Не ведаю. Але яны хлопцы чэ-ка-скія, дакладна. Я ж ад пачатку казаў, – канчаткова сумеўся маладзён, – вас будзе чакаць вялікі амерыканскі самохуд… Сухая яблыня дзічка… На шашы… Дык што ім цяпер сказаць, га?

– Не пераймайся. Сам скажу.

Хросны сунуў у кішэню кісет, раскінуў рукі крыжом і пайшоў па хісткім брусе да шчарбатага кляштарнага мура. Перш чым скочыць, ён азірнуўся:

– Цябе як клічуць?

– З-за жалейкі Пеюном празвалі, – разгубіўся маладзён і войкнуў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации