Электронная библиотека » Уладзіслаў Ахроменка » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 30 октября 2018, 18:00


Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +
8

Далейшыя падзеі ў канцлагеры Бяроза-Картузская разгортваліся імкліва. Пасля палудня жандара Янукевіча выклікалі да пана каменданта, вядомага на ўсе Крэсы Ўсходнія вытанчанай жорсткасцю і выкшталцоным эстэцтвам.

Янукевіч уздымаўся па сходах асабняка нібы асуджаны да шыбеніцы. З адчыненых вокнаў лілася паэтычна-змрочная мелодыя до-мінорнага Накцюрна Шапэна. Рыпучыя жандарскія боты міжволі патраплялі ў такт.

Нядаўна памерлы начэльнік дзяржавы маршалак Пілсудзкі ласкава пазіраў з партрэта на пана каменданта, які, натхнёна прымружыўшы вочы, сядзеў за бліскучым кабінетным раялем. Доўгія дагледжаныя пальцы лашчылі клавішы.

Раяль злёгку хіснуўся і падаўся наперад, але неўзабаве выраўняўся і спалохана задрыжэў.

– Вас, бездухоўных хамулаў-беларусінаў, нават Шапэн не праймае! – скрозь зубы працадзіў пан камендант, – раўней трымайце! Гэта вам не бэлькі цягаць!

Трое схуднелых палітвязняў з чырвонымі ад напругі тварамі, ажно жылы выперла, трымалі цяжкі чорны раяль з наўмысна адкручанымі ножкамі. Карціна збольшага нагадвала пахаванне – нібыта зняволеныя сабраліся выносіць дарагую лакіраваную труну.

Янукевіч неабачліва падаўся наперад. Боты непрыстойна рыпнулі. Пан камендант гідліва скрывіўся, але дайграў-такі жалобны накцюрн, праўда, без ранейшай пранікнёнасці.

– До вшысткіх д’яблув, пся крэв, – піяніст зняў цяжкія ноты з пюпітра.

Палітвязні таропка пацягнулі бязногі музычны інструмент у суседні пакой.

– Пане камендажэ, мэльдую… – ляснуў абцасамі жандар.

– Ну ты, Пярдолэк пердалёны, – сантыментальная задуменнасць імгненна выпетрылася з камендантавага твару, – і дзе падзеўся тэй гувняжны фацат Сміт-Весон?

– Шукамы… – Янукевіч з жахам пазіраў на тое, як пальцы з адпаліраванымі пазногцямі сціснулі шырокі карэнчык нотаў, – мною раскрытая разгалінаваная агентурная сетка…

Жандар не паспеў скончыць рапарт – па зубах яму ляснуў важкі, як цагліна ружанскага замка, зборнік накцюрнаў Шапэна.

– Даю табе яшчэ суткі на пошукі ўцекача, – пан камендант пасміхнуўся ласкава, – а як не зловіш, дык сам пойдзеш на яго месца. Пасаджу на ланцуг да тэрарыстаў – забойцаў жандараў.

– Дык я ж ні ў чым, ні што, ні Божа ж мой… – Янукевіч злізаў кроў з рассечанай губы.

– Калі ты пра Крымінальны Кодэкс і артукул карны, то не хвалюйся, знойдзецца. Натхнення і фантазіі ў мяне хопіць. Хочаш, “згвалтаванне” зарганізую?

У свой сіроцкі пакойчык жандар Пярдолэк вярнуўся зняважаным і знясіленым. Лавіць амерыканскага камінтэрнаўца не хацелася. Што са скуры вылузвацца? Усё адно марна! Думаць пра яго – таксама. Хацелася нажлукціцца ды забыцца на ўсю ліхтужную брыду: і на пана каменданта з яго накцюрнамі і бязногім раялем, і на бездухоўных хамулаў-вязняў.

Але грошай у Пярдолка не было ўжо больш за тыдзень. Бліжэйшым месцам, дзе па чутках, жандарам налівалі ў крэдыт, быў шынок “Рыга” ў мястэчку Яблонаўшчына. Дабрацца туды можна было і па чыгунцы, але ўласная матацыклетка скарачала час на дарогу амаль удвая.

9

Вось ужо шэсць гадзін даўжэзны шляхотны “Пакард” крэйсіраваў па гасцінцы ў раёне Бярозы-Картузскай. Кожнага разу лімузін прыпыняўся пад сухой яблыняй-дзічкай. Пасажыр і кіроўца штораз скручвалі шыі, выглядаючы ўцекача – амерыканскага камінтэрнаўца. Але нікога падобнага да яго так і не пабачылі.

Праўда, апоўдні на ўзгорку з’явіўся дзіўны здвоены ровар. Тандэм міжволі прывабіў позіркі і Баяна, і падначаленага яму кіроўцы. Руляваў тандэмам немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам, у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленымі ў боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі, што чарнелі адно пад носам. На раме ровара надзейна мацаваўся землямерчы рыштунак.

Баян на ўсялякі выпадак выцягнуў зжаўцелую амерыканскую газету з абразлівым для тутэйшага цнатлівага вуха назовам “Абсэрвер”. З першай паласы на яго хітра мружыўся Хросны.

– Не супадае, – крыху расчаравана рэзюмаваў чакісты пасля таго, як кінуў позірк на дзіўнаватых фацатаў, – і куды той амерыканскі таварыш падзеўся?

Тым часам вусатыя раварыстыя шпарка ўскаціліся на пагорак і зніклі з далягляду.

– А, можа, яго класавыя ворагі перахапілі?

– Так, ворагаў тутай яшчэ шмат, – таварыш Баян акуратна склаў газету, – паны-пілсудчыкі, падпанкі-асаднікі, ксяндзы-папы, мніхі з мнішкамі, бундаўцы, эсэры, сацыялісты, сіяністы, нацдэмы, беларускія буржуазныя нацыяналісты, буржуазныя паэты, буржуазныя дантысты, буржуазныя тэлеграфісты, буржуазныя смецяры…

– Неўзаранае поле працы наперадзе! – радасна пагадзіўся кіроўца, – нічога, у Курапатах на ўсіх месцаў знойдзецца!

Не паспелі чакістыя сесці ў “Пакард”, як з-за пагорка пачуўся тупат быстрага каня. Неўзабаве на ўзвышшы з’явіўся цэлы эскадрон вершнікаў. Блішчэлі шаблі, чарнелі рулі драбавікоў, а на дзідзе па-над галовамі лунаў штандар з ганарліва раскірэчаным “Бялым Ожэлам”.

– Нашто ты таварышу Праніку пра эскадрон белапалякаў наплёў? – кіроўца насцярожана сачыў за набліжэннем узброеных асаднікаў. – Вось і сурочыў.

– Не ссы ў каністру! – асадзіў панікёра таварыш Баян. – Мы ж недатыкальныя. Імунітэт. Забыўся?

Сівы віславусы вершнік са штандарам на дзідзе спыніўся, падазрона зазірнуў у салон “Пакарда”, дзе трывожна маўчалі чакістыя.

– Естэм войтэм. А кім ёсць панове? – спытаў сівы і прытрымаў паточаную моллю канфедэратку.

– Естэсьмы дыпляматамі консуляту Звёнзку Радзецкего, – з гэтымі словамі таварыш Баян прадэманстраваў дыпламатычныя пашпарты.

Віславусы паглядаў недаверліва. – Маем гонар зрабіць прэзент, – чакісты гасцінна прапанаваў загадзя падрыхтаваную сувенірную літруху “крамлёўкі”, бо ведаў: асаднікі з самааховы купяцца на яе адразу і без ваганняў.

Войт абярэжна ўзяўся за рыльца з рубінавай зоркай і праз шкло прымружыўся на штандар з “Бялым Ожэлам”. Ён трымаў пляшку ўрачыста і пераможна, нібы гетманскую булаву. – То ест праўдзіва вудка! – гукнуў войт.

Твары іншых асаднікаў імгненна праясніліся: слова “вудка” ўздзейнічала на сігнальную сістэму былых ваякаў, як чароўная флейта казачнага знішчальніка пацукоў на зубастых шкоднікаў.

– Панове дыпламаты! Хлопцы, браточкі, таварышкі! – войт з нечаканым сантыментам прыклаў далонь да сэрца, – тут адзін амерыканскі злодзей з Бярозы-Картузскай уцёк. Ад ранку яго шукаем, – з гэтымі словамі ён выцягнуў турэмны фотаздымак Хроснага: – мо, бачылі такога?

– Ды мы яго і самі шукаем, – пасмялеў Баян і зноў разгарнуў нумар “Абсэрвера”. – Дарэчы, якую вам прэмію за яго абяцалі?

– Пан камендант дакляраваў тысенцу злотувэк за мёртвага і паўтысенцы за жывога.

– Абяцанка-цацанка, а… панове – людзі разумныя. Мёртвым нам яго зусім не трэба, а за жывога дам дзве тысенцы, – Баян красамоўна храбустнуў пачкам грошай.

Войт-асаднік прыўзняўся ў страмёнах:

– Паны-братове! Усе чулі?!

Асаднікі радасна загулі, узнятыя над галовамі шаблі ваяўніча заблішчэлі на сонцы.

– І ў дадатак – скрыню “крамлёўкі”! – канчаткова расшчодрыўся на карысць скарумпаваных асаднікаў таварыш Баян.

– Гура!.. Нех жые!.. – бязладна азваўся эскадрон.

Віславусы хіжа выставіў наперад дзіду са штандарам і зароў:

– Пагоня!!!

Конскі пошчак змяшаўся з ваяўнічымі крыкамі вершнікаў-п’янтосаў. Не мінула і хвіліны, як эскадрон асаднікаў знік за пагоркам. Над хмызамі навальнічнай хмарай узняліся спалоханыя крумкачы. На брукаванку пасыпалася лісце. Ад лесу трывожным шчасцем вярталася асадніцкае:

– …ня! …ня!..

Кіроўца запусціў рухавік. Срэбная крылатая фігурка на радыятары “Пакарда” дробна закалацілася.

– Вось ён – прадажніцкі свет капіталу, – задаволены вынікамі перамоваў таварыш Баян уладкаваўся на скураным сядзенні і па-хабёльску, нібы той Белы Арол, разваліў ногі, – рана ці позна гэтыя асаднікі ўсё прададуць ды папрапіваюць. І сваю Рэч Паспалітую прафукаюць, не міне і колькі гадоў.

У перспектыве гасцінца зноў з’явіліся вусатыя раварыстыя на тандэме – тыя самыя.

Але чакістыя больш не звярталі на іх увагі.

10

Яблонаўскія краявіды лашчылі вока местачковай чысцінёй і патрыярхальным спакоем. Павапнаваныя коміны высіліся над старасвецкай дахоўкай і акуратнай гонтай. А дзе-нідзе, нібы навюткая златоўка, ззялі срэбрам ацынкаваныя бляхі дахаў. Празрыстыя дымкі з надворных вяндлярняў струнка выцягваліся да валошкавага неба. З пашы даносілася пастаральнае ценьканне званочкаў. Залаты певень на галоўнай вуліцы эмацыянальна тлумачыў нахабнаму прыхадню-індыку, што юрліва паглядаць на чужых курачак не надта прыстойна. З-за агароджы плябаніі добразычліва рохкаў ружоваскуры парсюк, і ў яго спагадлівых вачах адбіваўся надпіс JANKI на тэнтаваным кодабе “Студэбекера”.

Янка Лабновіч зухавата спыніў машыну каля нізкай стадолы з шыльдай SZYNOK “RYHA” над дзвярыма. З расчыненых вокнаў ліўся тужлівы спеў скрыпкі. Нябачны музыка жалосна выводзіў ці тое адну з пастараляў Агінскага, ці тое жыдоўскую народную песню “Піня памірае”.

– “Рыга”! Прыехалі, дзядзька, – кіроўца выбраўся з кабіны.

Хросны паглядзеў на шыльду, прымружыўся і нічога не сказаў. Безумоўна, ён спадзяваўся ўбачыць зусім іншую Рыгу, але супакоіў сябе думкай, што надпіс на стадоле ўсяго толькі супадзенне, а Янка проста жартуе. Статус уцекача не дазваляў быць залішне гаваркім і асабліва цікаўным. Былы вязень агледзеўся. Нічога падазронага ў вочы не кінулася. Спрадвечны жыццялад беларускага мястэчка гарантаваў спакой, а апетытнае шкварчэнне патэльні, крышталёвы звон чарак і меладычны енк скрыпкі абяцалі змястоўны адпачынак.

– Тут, вядома, менш раскошы, чым у Гародні ці нават у Амерыцы, але ж мудзілы і сюды дабіраюцца, – Лабановіч гасцінна адчыніў дзверы шынка, – ну што, дзядзька. Дарога была доўгая. Падсілкавацца не зашкодзіць.

Хросны толькі быў падаўся наперад, як знерухомеў: ад касцёльнай званіцы раптам паляцеў спалоханы жураўліны крык. Былы палітзняволены неўпрыкмет узняў позірк. Вакол крыжа наразаў колы і трывожна клёкаў шэры жораў. На доўгай птушынай шыі чырванеў гальштук юнага ленінца з БССР.

Лабановіч, аднак, ніяк не зрэагаваў на дзіўную птушку, а таму Хросны палічыў за лепшае зрабіць выгляд, што так і мае быць. Мо, у Яблонаўшчыне завядзёнка такая?

– Дзядзька, – Янка ляснуў далонню па стойцы, – нам пад’есці і па піве. Калі мы зараз не вып’ем за знаёмства, гэта будзе ненатуральна.

– Тады ўжо лепш па чарцы. Частую, – удзячны Хросны выцягнуў з кішэні пачак банкнотаў і позіркам прафесійнага бутлегера ўважліва прайшоўся па шэрагу бутэлек за спіной пейсатага шынкара ў чорнай ядвабнай камізэльцы. – Кошты, як я разумею, выстаўлены за пляшку?

– Хай пан не крыўдуе, але гэта за чарку. Не мая віна. Кошты на спірытусовыя напоі вызначае Рэч Паспалітая. Згодны з панам, кошты такія шалёныя, што пэўна сам маршалак Пілусудзкі, які таксама чарку кульнуць любіў, у труне прапелерам круціцца, – шынкар хітравата скасавурыўся і накруціў на палец даўгі пейс. – Але ж наш фундатар, ягамосць Навум Фабрыкант, дбае пра тутэйшых аматараў чаркі і шкваркі.

Шынкар рассунуў фіранкі на вялікім люстэкру, што вісела над барам. У ім адбіліся размаітыя пляшкі, схаваныя пад стойкай ад суворых вачэй паліцыянтаў. Там жа адпачываў нейкі нерухомы асілак са збітымі кулакамі, і на яго грудзях чорнымі глыжамі блішчэлі шнураваныя баксёрскія пальчаткі.

– Маю гонар прапанаваць па людскіх коштах, – інтымна прашаптаў шынкар, – “віно росо” ўраджаю 1935-га года, кантрабанда з Сіцыліі, ухвалена самім папскім легатам. Калі ж паны праваслаўныя, і Папеж для іх не ёсць аўтарытэтам, рэкамендую “крамлёўку”. Кантрабанда з Усходу.

Хросны намацаў пад кашуляй залаты абразок – падарунак Карлы Спагеці, замовіў пляшку віна для сябе і літруху гарэлкі для Лабановіча.

– Ці не зашмат будзе? – кіроўца “Студэбекера” задуменна ўзважыў пляшку-вежу.

– А хто прымушае піць усё і адразу? – справядліва запярэчыў уцякач з Бярозы-Картузскай.

Праз хвіліну наведвальнікі ўжо сядзелі ў куце каля адчыненага вакна. Злева ад стала блішчэла лакам жоўтае піяніна, справа зяленілася сукно більярда-амерыканкі. Са стойкі, як рулі карабінаў, выторкваліся кіі.

– Ну што, за знаёмства? – пасміхнуўся Янка.

– А то!

Чарка і келіх мажорна бомкнулі. Хросны прыдзірліва пасмакаваў “віно росо” і знайшоў яго някепскім. Гледзячы, як новы знаёмца зухавата кульнуў чарку, былы чыкагскі бутлегер запаліў цыгарку і падрыхтаваўся выслухаць апошнія амерыканскія навіны ад праўдзівага янкі-беларуса. Хросны не ведаў ані людзей, якія наладзілі яму ўцёкі з канцлагера, ані новых бутлегерскіх груповак у Ілінойсе, ані нават таго, ці дзейнічае яшчэ ў Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатах Сухі Закон. Імя цяперашняга прэзідэнта – і тое было яму невядомае.

– Янка, ты? Прывітанне! – ад дзвярэй прагучаў тэнарок з лагодным жыдоўскім акцэнтам. – А казалі, што цябе з амерыканскага пастарунка адразу ў турму павезлі!

– Янкель? Ходзь да нас! – Лабановіч гасцінна адсунуў вольнае крэсла. – Тамтэйшыя паліцыянты, вядома ж, мудзілы! Але мову, на якой з імі можна паразумецца, я ведаю.

Насцярожаны позірк Хроснага ацаніў хударлявую постаць Янкеля. З-за шкельцаў акуляраў жвава бліскалі вочы маладога местачковага гуманітрыя. З-пад пахі Янкеля высакародным бурштынам ззяла скрыпачка. Навершша доўгага смыка ў прыцемку ўспыхвала нібы знічка.

– Смачна піць і есці, – жыд-музыка гідліва глянуў на вэнджаныя свінячыя вушы ў місе, але далікатна змаўчаў, падсеў да стала з іншага боку і з дакладнасцю да грама аблічыў позіркам гарэлку ў пляшцы.

– Таксама янкі? – падазрона запытаўся Хросны.

– Вядома ж! – нахабныя вочы Лабановіча ласкава пасміхнуліся. – З жыдамі мы, беларусы, заўсёды сябравалі і сябраваць будзем. І камерсанты выключныя, і музыкі шчырыя. Вось як наш Фінберг – Янкель-музыка, сапраўдны Смык беларускі. У нашай бізнесовай грамадзе ён за самае прыемнае адказны: за падлік грошай і гармонію духу.

Музыка імпэтна крануў смыком струны.

Грамада з другога канца залы адразу ж адгукнулася:

 
– …са-абрала-ася бедна басота, ды гарэ-элку п’е…
 

І хаця неўзабаве скрыпка змоўкла, спевы, вядома ж, працягваліся, і кожны выводзіў на той матыў, які лічыў адзіна правільным.

– Мы, хоць і не басота, але выпіць не зашкодзіць, – Лабановіч спрактыкавана нахіліў рыльца да сваёй і Янкелевай чарак.

– Глядзі Янка, пі, але без перабору, – скрыпач узяў пляшку і манетай прадрапаў на этыкетцы рыску, – за яе не пераходзь, а не тое будзе, як у той Амерыцы.

– Не малы, памятаю, – Лабановіч паправіў бінт на збітай руцэ.

– Агімула фаірыд! – недаверліва прамовіў скрыпач на ідыш; маўляў: “я ў гэта веру такжа, як у тое, што на небе існуе кірмаш!”

Хросны пытальна зірнуў на Янкеля.

– Наш Янка – хлопец памяркоўны і талерантны, – патлумачыў той, – але, як вып’е больш за сваю норму, хапае більярдны кій – і ну дубасіць мудзіл! Пакуль усіх не пакладзе, не супакоіцца.

– Цалкам даравальная хіба, – дыпламатычна пагадзіўся былы бутлегер.

– Мы ж з хлопцамі як у ваду глядзелі, – працягваў Фінберг, – баяліся яго аднаго ў тую Амерыку выпраўляць. Упільнаваць не было каму, вось і кульнуў залішнюю чарку. А тут – цэлы натоўп мудзіл. Наш Янка, як і мае быць, адразу за кій. Добра-такі паганяў: аднаму руку зламіў, другому – ключыцу, трэцяму – ажно пяць рэбраў. На дзень усяго з-пад увагі яго выпусцілі.

– Як гэта, на дзень? – разгубіўся Хросны. – Дык колькі ж дабірацца да той Амерыкі?

– Як на “Студэбекеры” брукаванкай, то дзве гадзіны, – спакойна растлумачыў Лабановіч, – а цягніком…

Скончыць фразу ён не паспеў – за расчыненымі вокнамі бахнулі стрэлы.

– Халера ясна! – прагучала следам.

Чуйнае вуха Хроснага беспамылкова злавіла ў лаянцы тыпова жандарскую інтанацыю.

Заўсёднікі “Рыгі” і нават пейсаты шынкар пасыпалі на вуліцу. Абачлівы Хросны асцярожна падаўся да адчыненага вакна.

На плошчы перад касцёлам ваяўніча высіўся вершнік-паліцыянт туга перацягнуты рыпучай скураной партупеяй. З рулі ўзнятага рэвальвера сцякаў тонкі струмок блакітнага дыму. Белы конь злосна фыркаў.

– Што, уцячы ад мяне хацеў? – паліцыянт дзьмухнуў у рулю і па-каўбойску крутануў барабан. – Толькі яго ў нашым мястэчку не ставала!

Хросны крыху пасунуў фіранку і працягваў назіраць з-за яе. Па сітуацыі, яму трэба было неадкладна кідацца на ўцёкі, але інтуіцыя і жыццёвы досвед падказвалі, што панікаваць зарана.

Паліцыянт апусціў зброю ў расшпіленую кабуру і злосна зірнуў на местачкоўцаў.

– Чаго вылупіліся?

– А што, нельга? – Лабановіч нахабна выйшаў наперад. – Так, пан паліцыянт трапна сталяе, але зняць небараку з крыжа будзе значна цяжэй.

Да Хроснага дайшло: прадстаўнік улады з’явіўся не па яго душу. Пэўна, у патрыярхальнай Яблонаўшчыне аб’явіўся злодзей яшчэ страшнейшы за “амерыканскага камінтэрнаўца”. Уцякач без ваганняў выйшаў на падворак і нібыта раўнадушна глянуў на званіцу.

На графітна-чорным касцёльным крыжы пагойдваўся застрэлены паліцыянтам жораў у піянерскім гальштуку, той самы, які прывітаў Хроснага і Янку клёканнем у Яблонаўшчыне. Неберака звісаў на гальштуку з каванай папярэчыны, нібы шыбенік.

Паліцыянт пачухаў патыліцу – самому на званіцу было не ўскараскацца. Стралок навязаў каня і падаўся выклікаць па тэлефоне пажарных.

Местачкоўцы з’едлівымі жарцікамі і хабёльскімі кпінамі прывіталі з’яўленне чырвонай машыны з рассоўнымі драбінамі. Мёртвага жорава ў чырвоным гальштуку знялі за колькі хвілін. І тут пана паліцыянта чакала яшчэ адна прыкрая неспадзяванка. Да доўгай птушынай лапы мацавалася колца-капсула з пасланнем:

 
Міхась стаіць адзін на пні,
Ў задуме твар яго ружовы.
Ён думае аб светлым дні,
Калі сустрэнецца з Яжовым!
Піянерская дружа імя сталінскага наркама таварыша Яжова шчыра вітае сваіх прыгнечаных братоў у Заходняй Беларусі! Мацуйцеся, вызваленне не за гарамі!
 

– Разумею цяпер, чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць! – ацаніў неасцярожна зачытанае паліцыянтам Янка Лабановіч.

– І па той бок мяжы суцэльная бездухоўнасць, – жахнуўся Хросны, – калі нават малыя дзеткі так ад шчырага сэрца забаўляюцца!

– І куды толькі нашаму брату-беларусу ў гэтым свеце падацца? – уздыхнуў Янкель. – Хіба, у Злучаныя Штаты?

– Напэўна. – Тонкія губы ўцекача сціснуліся, як цагліны ў сцяне, маршчыны акрэсліліся. – Дык, што вы пра Амерыку казалі? Колькі да яе цягніком дабірацца?

– Дакладна не памятаю, – Лабановіч выцягнуў з кішэні газетную выразку з чыгуначным раскладам руху. – Так-так-так… Са станцыі Яблонаўшчына да паўстанку Амерыка – адна гадзіна сорак пяць хвілін. Ну, і да мястэчка пехатой хвілін дзесяць.

Хросны нават здзівіцца не паспеў: за пажарнай машынай мільганула навюткая канфедэратка. Высокі, відны хлопец у форме харунжага Гарадзенскага ўланскага палка мэтанакіравана выглядаў некага вузкаватымі татарскімі вачыма. Улан упэўнена праціснуўся скрозь натоўп, ускінуў руку і адназначна падаўся да Хроснага. Той нядобра прымружыўся, і рука міжволі намацала ў кішэні рыфлёнае дзяржальна браўнінга.

11

Траскучая матацыклетка неслася па старым гасцінцы, заштрыхаваным ценямі пірамідальных таполяў. Сонца крышылася ў напятых спіцах. Каўчукавыя колы пругка падскоквалі на пукатых камянях. Тонкі гнуты руль калаціўся ў руках жандара Янукевіча, не раўнуючы, як пнеўматычны малаток-адбойнік. Пустая люлька грукацела гучней за бляшаныя ночвы.

Вецер паліраваў шчокі і сушыў слёзы, што каціліся з-пад скураной аблямоўкі акуляраў-кансерваў. Усю дарогу ад Бярозы-Картузскай матацыклісты Пярдолэк песціў-гадаваў адну толькі мару: як ён нагоніць у “Рызе” страху на шынкара, і як зляканы пейсаты выставіць яму ў крэдыт цэлае вядро гарэлкі, якую так смачна і прыемна будзе жлукціць.

Як усе Картуз-Бярозскія жандары, сірата Янукевіч быў непераборлівы: спаць мог у ботах і пальчатках, піць ваду з копанкі, закусваць цвілой хлебнай скарынкай… Але ж гарэлка – яе нічым не заменіш!

Калі да канчатковай мэты падрожжа – шынка “Рыгі”, – заставалася не больш за паўгадзіны трасучкі, здарылася непапраўнае. Пярдолэк, затуманены слязьмі і алкагольнымі мроямі, і сам не зразумеў, адкуль перад пярэднім колам узнік высокі браніраваны багажнік шляхотнага легкавіка. Жандарская рука нервова прыціснула тормаз, але крыху запозна: матацыклеткі мякка тыцнулася ў шырокі бліскучы бампер. Шыкоўны лімузін адразу спыніўся.

Янукевіч скамянеў у паралюшы. Безумоўна, ён разумеў, такая звышдарагая машына належыць вялікаму пану, і здагадваўся, якія жахлівыя наступствы могуць яго напаткаць.

Так яно і здарылася.

Не паспеў Пярдолэк злезці з матацыклеткі, як з салона легкавіка выбраліся двое.

– Ты што, казёл санацыйны, наўмысна правакуеш савецкіх беларусаў на ўзброены канфлікт з вашай рэакцыйнай Польшчай? – агрэсіўна прамовіў звяружны волат з няўсмешлівым тварам і выцягнуў з кішэні савецкі дыпламатычны пашпарт.

– Зараз табе лыч натаўчэм, сунем у багажнік дыпламатычнай машыны і да БССР, у Курапаты! – паабяцаў маладзён без асаблівых прыкметаў.

Натуральна, жандар Янукевіч выдатна ведаў, што такое Курапаты. Камендант Бярозы-Картузскай не раз скардзіўся, што закон не дазваляе яму дзейнічаць з размахам савецкіх калегаў з “эн-ка-вэ-ду”.

– У багажнік сам палезеш, ці дапамагчы? – спытаў звяружны волат.

– Паночкі, родненькія! – па-сіроцку заенчыў жандар. – Дык вы з Саветаў? Таварышкі?

– Маўчаць, лярва жандарская! – маладзён без асаблівых прыкметаў спрактыкавана адчыніў багажнік.

– Давай, залазь! – жорстка загадаў звяружны волат, не раўнуючы, як той Карабас Барабас прапаноўваў Бураціну лезці ў распалены камін.

Янукевіч асцярожна намеціўся ў бок прысадаў, але бакавым зрокам адзначыў, што звяружны волат ужо трымае напагатове страшны чорны маўзер.

– Не трэба бегчы, не трэба… – пасміхнуўся маладзён без асаблівых прыкметаў, – таварыш Баян, прамеджду протчым, варашылаўскі стралок. На расстрэльнай практыцы нават самаму дробнаму ворагу народа за пяцьдзесят метраў у скронь трапляе. А ну, у багажнік, мудзіла!

Грымнула цяжкая, бы тая накрыўка дарагой труны, дзвёрка багажніка, і дзённае святло згасла ў вачох Пярдолка.

І, як падалося яму, назаўсёды.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации