Электронная библиотека » Уладзіслаў Ахроменка » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 30 октября 2018, 18:00


Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +
12

Гарадзенскі ўлан выглядаў шляхотна, як маршалак местачковага сойміку, і энергічна, як паспяховы сперматазоід. Ён адразу прывітаўся з грамадой па-беларуску, і гэта прымусіла Хроснага затрымаць браўнінг у кішэні.

– Во, Хросны, знаёмся, – пасміхнуўся Янка, – Аянька Кільмандовіч, харунжы. Наш галоўны спецыяліст спакушаць пекных паненак.

– Аянька, ты ў Яблонаўшчыну да Ядзвігі ці да Ганны завітаў? – з усмешкай пацікавіўся Янкель.

– Да вас, сябры даражэнькія! – тутэйшы татарын зухавата выцягнуў з нагруднай кішэні фрэнча партманэт, – даўно разам не сядзелі. Частую ўсіх!

Праз колькі хвілін Янка Лабановіч, Янкель Фінберг і Аянька Кільмандовіч сядзелі за адным сталом з Хросным. Пейсаты шынкар у ядвабнай камізэльцы паслужліва выстаўляў перад гасцямі патэльні з яешняю, місы з гуркамі і талеркі з грыбамі. Чароўны водар мачанкі плыў ад вялізнага чыгунка. З-пад кропу і пятрушкі бялелі танюткія, як папера, скрылькі сала.

Кільмандовіч стаў з чаркай у руцэ, нібы тая Статуя Свабоды з паходняй, і ўрачыста прапанаваў:

– Каб табе, Янка, ніколі больш у амерыканскім пастарунку час бавіць не давялося!

– Дзякуй! Някепскае пажаданне для былога настаўніка ангельскай мовы, – нібыта пагадзіўся Лабановіч.

– Як той казаў, заракалася свіння… – уздыхнуў Янкель. – Калі б пшэкі не зачынілі беларускую школку, цябе б адтуль рана ці позна за агрэсіўны нораў і свае б выперлі.

– А што зробіш, калі на прасторах жыцця столькі мудзіл? – Янка кульнуў чарку і падчапіў на відэлец салоны грузд.

– Няўжо ў амерыканскім пастарунку так пагана? – недаверліва прымружыўся былы чыкагскі бутлегер.

– Тутэйшыя кажуць, горш толькі ў Бярозе-Картузскай, – патлумачыў Аянька, – ды і Амерыка тая – мястэчка гідкае, дзвесці двароў, апроч жыдоў – адно галадранцы жывуць…

Мозг Хроснага нібы токам працяла. У валошкавых нябёсах над шынком ціха бомкнулі нябачныя крышталёвыя званы. Гэтыя сімпатычныя хлопцы аказаліся зусім не тымі “янкі з Чыкага”, на дапамогу якіх ён так разлічваў. Вялікі амерыканскі самохуд, пра які казаў малады капэзэбовец, надпіс JANKI на тэнтаваным кодабе, натуральная амерыканская лаянка былога настаўніка замежнай мовы – усё гэта магло ўвесці ў зман не толькі былога палітвязня, а нават і праўдзівага шэрыфа Джона Сміта-Весона! Аднак, заставалася невядомым, хто ж тады пакінуў на балоце гумовы мех з карысным для ўцекача спшэнтам і хто рыхтаваў уцёкі.

– … сала там нясмачнае, бо кабанчыкаў правільна гадаваць не ўмеюць, – перахапіў Лабановіч і ўзяўся пералічваць іншыя амерыканскія заганы, – бульба дробная, а жандары – усе, як адзін, мудзілы.

– Дык па-вашаму Амерыка – гэта самае паскуднае мястэчка? – шэптам жахнуўся Хросны.

– Каб не наш агульны бізнес, то гары яна гарам тая Амерыка! – Лабановіч зноў перакуліў кілішак, і вочы яго злосна заблішчэлі. – Але ж дзеўкі ладныя, азёры прыгожыя і яблыневы сад урадлівы.

– Дык вы, значыцца, тутэйшыя? – канчаткова зніякавеў уцякач, – а чаму ж тады на кодабе “студэбекера” напісана, што вы – JANKI?

– А мы і ёсць янкі – усе чацвёра. У Яблонаўшчыне гадаваліся, тут і круцімся. Далей Гародні бываць не выпадае, – звыкла канстатаваў Лабановіч, – я каталік – Янка, жыд Фінберг – Янкель, татарын Кільмандовіч – Аянька. Ёсць у нашай грамадзе яшчэ адзін Янка – местачковы праваслаўны асілак Іван Брыль. Так кавалём робіць, але баксёр ад Бога. Хук правай у яго такі, што гэты стол праб’е. Вялікі аматар адпраўляць у накаўт розных мудзіл. Мы б яго з вамі пазнаёмілі. Але, нажаль, ён ад учарашняга дня нежывы.

Хросны шчыра перажагнаўся і зірнуў на стойку.

– Супакой, Пан Езус, яго душу.

– Нежывы, яшчэ не значыць – нябожчык, – слушна заўважыў улан, – наш баксёр учора на хутар хадзіў кабана біць, выжлукціў вядро самагону пад паўпуд свежаніны, а як вяртаўся ў шынок, збіў на горкі яблык трох мудзілаў. Цяпер перад вечарам адпачывае.

Шынкар перахапіў позірк Кільмандовіча і, безумоўна, зразумеў, пра каго той гаворыць. Ён вінавата пасміхнуўся і выцягнуў з-пад стойкі шнураваныя баксёрскія пальчаткі, кожная з каторых была крыху большая за чайнік.

Былы палітвязень асэнсаваў інфармацыю з каменным тварам. Ён стаўся ахвяраю фантастычнага збегу абставінаў. Але шляху назад ужо не было.

На добры розум, уцякач з Бярозы-Картузскай мусіў падзякваць хлопцам за кампанію і тэрмінова сыходзіць. Безумоўна, жандары і агенты Дэфензівы палявалі на яго па ўсіх Крэсах Усходніх, як тыя егеры на ваўка. Праўда, у шынку “Рыга” іх пакуль не назіралася, але ж гэта было пытаннем часу. Заставалася ці чакаць тых паляўнічых, ці паспрабаваць дабрацца да Гародні свінячымі сцежкамі. А родны горад даў бы яму свабоду манеўра.

– Ну што… Бывайце здаровы, жывіце багата, – падзякваў Хросны, дэманструючы, што ашчаджае чужы час і шануе тутэйшую гасціннасць. – Яшчэ па адной, і я пайду..

– Янку больш не наліваць! – Фінберг сілком выдраў з рук былога настаўніка літруху з “крамлёўкай” і паказаў на акрэсленую манеткай рыску. – І не трэба так злосна паглядаць на мудзіл за першым столікам. Тым больш, што свае паўлітры ты ўжо выжлукціў. Табе ж заўтра ў Кемелішкі да пана Кардонскага ехаць. Тамтэйшы нацыяналісты спадар Раман прасіў цябе на аднога мудзілу наезд зрабіць. Так і сказаў: маўляў, як спадар Янка мудзілу на горкі яблык не саб’е, у Злучаныя Штаты з’еду. Хіба забыўся?

Хросны глынуў віна і цяжка падняўся.

– Што за бізнес у тутэйшых янкі? – пацікавіўся ён на развітанне і слушна нагадаў прымаўку: – каб добра піць, трэба шмат рабіць!

– Мы ўсе чацвёра бізнесовую грамаду зарганізавалі. У местачкоўцаў горкі яблык скупляем на сушку. Варшаўскія пшэкі з той сушкі арабскія цукаты робяць і ў Кёнігсбергу за немалыя грошы немчыкам прадаюць, – Янкель неўпрыкмет адставіў недапітую літруху за піяніна. – Мы б і самі намайстрачыліся тыя каланіяльныя цукаты падрабляць, але ж пшэкі тутэйшаму чалавеку разгарнуцца не даюць. Ужываны “Студэбекер” грамадой для наездаў купілі – і тое добра. А пра большае і не варта марыць.

– У жыцці заўсёды ёсць месца для мары. І ў Амерыцы, і ў Яблонаўшчыне, і нават у Чыкага, – сур’ёзна запэўніў Хросны, – дарэчы, дзе ў вас тэлефон? Мне ў Гародню зазваніць трэба.

– У пейсатага ў хаце ёсць, – Лабановіч шчоўкнуў пальцамі. – Шаноўны пан шынкар, дай чалавеку зазваніць! Ну што, дзядзька Хросны… Прыемна было з табой пасядзець і культурна выпіць. Калі спатрэбіцца якога мудзілу на горкі яблык збіць, то заўсёды з задавальненнем! – развітаўся былы настаўнік і толькі цяпер спахапіўся, што недапітая пляшка дзіўным чынам кудысьці знікла.

13

– …паночкі-таварышы, паночкі-таварышы… – сіроцкі енк Янукевіча прабіваўся з нетраў багажніка.

Паланёны жандар лемантаваў ужо ці не гадзіну. Палахлівае скавытанне не маглі заглушыць ані шоргат колаў па бруку, ані гул магутнага рухавіка “Пакарда”.

– Задзёўб, паскуда! – сказаў чакісты Баян і брудна вылаяўся. – Трэба было яго на месцы канчаць. Усё адно таварыш Пранік нам гэтую жандарскую контру за амерыканскага камінтэрнаўца не залічыць. Хіба што зусім п’яны будзе.

– Баюся, як не знойдзем мы таго дзеўбанутага камінтэрнаўца, прымусіць нас таварыш Пранік у мінскім парку Чэлюскінцаў з парашутнай вышкі скакаць… Без парашутаў.

– Мо ў Дэфензіву перабегчы? – з тыпова чакісцкай безпрынцыповасцю ўзяўся разважаць таварыш Баян. – Грошы плоцяць большыя, галіфэ носяць шырэйшыя, боты выдаюць хромавыя. Праўда, гарэлка тут задарагая. Але, хрэн з ёй! У нас і свая ёсць.

– Таварыш Пранік нас і ў Дэфензіве дастане, – сур’езна запярэчыў кіроўца.

“Пакард” падскочыў на пукатым камяні брукаванкі. З багажніка неадкладна адгукнуўся Пярдолэк:

– Паночкі чакістыя, паночкі чакістыя… Адпусціце гаротнага сірату! Я ўсё-ўсё для вас зраблю!

– Злаві колам якуюсь яміну, каб яго добра падкінула, – шчыра папрасіў старэйшы чакісты.

Пажаданне было выканана праз колькі сотняў метраў. Багажнік азваўся жахлівым крыкам.

– А ў БССР дарогі яшчэ горшыя! І так да самых Курапатаў паедзеш, паскуда! – крыкнуў Баян.

– Не трэба мяне ў Курапаты! – істэрычна заскавытаў Янукевіч.

– А сапраўды, ён мае рацыю… – пагадзіўся кіроўца, – Колькі можна пра тыя Курапаты талдычыць? У БССР і сваіх ворагаў народу страляць не перастраляць. Давай, тут яго і кончым. Акурат каля той сімпатычнай копанкі, на ростанях. Так бы мовіць, на прасторах жыцця.

За лабавым шклом мільганула шыльда:

SADOVAJA HRAMADA “JABLONAUSZCZYNA”

SZYNOK “RYHA”

Шыкоўны лімузін цяжка з’ехаў на пашу і спыніўся каля самай вады. На чорнай, нібы адлітай са шкла, паверхні жаўцелі сантыментальныя гарлачыкі, і бухматыя чмялі праціналі вечаровае паветра басавітым гудзеннем. Таварыш Баян выцягнуў з кішэні ўлюбёны маўзер і з асалодай шчоўкнуў абоймай.

– Прыехалі, халера белапольская. Вылазь. Дадзенымі мне паўнамоцтвамі замяняю табе Курапаты гэтай копанкай.

Пярдолэк паслухмяна выбраўся з багажніка. Пад вокам пяшчотна сінеў свежы гуз. Металёвае чэрава “Пакарда” сапраўды не было прыстасаванае для перавозкі жывых пасажыраў. Янукевіч, як толькі згледзеў заплылымі вачыма маўзер, адразу ж бухнуўся на калені.

– Вы што – хочаце мяне забіць? – дрыготкім шэптам жахнуўся ён.

– Ані ў якім разе! – цвёрда адсёк чакісты. – Забіваюць людзей адно злачынцы. Але ты не чалавек, а класавы вораг, і таму мы цябе не заб’ем, а выканаем.

– Таварышкі! Не трэба! Я ж свой! – залямантаваў класавы вораг, – ну не пашэнціла мне нарадзіцца ў Савецкай Беларусі, як усё жыццё марыў! Я б у “эн-ка-вэ-ду” служыць пайшоў! А так давялося ў жандары падацца. Я вам усіх здам! Пра ўсё раскажу! І пра белапольскіх калегаў! І пра пана каменданта! Яшчэ той рэакцыянер са сваім Шапэнам!

– Шапэн? – тлушч на разумным лобе таварыша Баяна сабраўся ў задуменныя складкі. – Ведаеш такога?

Кіроўца няпэўна знізаў плячыма.

– Здаецца, нейкі белапольскі генерал, – азваўся ён пасля непрацяглага роздуму, – нешта на палітінфармацыі казалі, але дакладна не памятаю. Выконвай ворага ды паехалі!

Баян апусціў засцерагальнік маўзера і тыцнуў рулю ў патыліцу ледзьве жывому з пераляку Пярдолку.

– Дазваляю памаліцца твайму няіснаму буржуазнаму Богу, – літасціва дазволіў чакісты, – толькі хутка.

Янукевіч малітоўна склаў рукі – як вучылі яго ў Школе Падставовай сёстры-кармеліткі:

– Пан Бог, я, вядома ж, мудзіла грэшны, – у параксізме шчырасці пачаў ён, – але ж свае службовыя абавязкі выконваў спраўна. Я нарадзіўся тут – жандарам. Мне на сэрцы золатам вышывалі краты. Пан Бог, калі ты насамрэч існуеш, зрабі, каб я неадкладна патрапіў у пекла…

Чакістыя зацікаўлена прыслухоўваліся да шчырай жандарскай малітвы.

– …і зрабі мяне ў пекле начальнікам. Хоць самым дробненькім! – Пярдолэк ажно вочы закаціў пад лоб. – Прысягаю Табе, што буду служыць спраўна і абавязкова даслужуся да пякельнага каменданта. І як да мяне патрапіць камендант Бярозы-Картузскай са сваім бязногім раялем, то я і яго разам з бездухоўным Шапэнам на раяльных струнах за яйцы падвешу. Хай будзе воля Твая. Амэн.

Таварыш Баян паволі апусціў руку з маўзерам.

– Чакай, чакай… Ты што, у Бярозе-Картузскай служыш? – шчыра здзівіўся ён.

– Служыў… – злякана прамармытаў Віктар Янукевіч, – да сённяшняй раніцы. Але з камуністых і з так званых “свядомых” ніколі не здзекваўся… больш належнага.

Таварыш Баян разгарнуў амерыканскую газету з партрэтам Хроснага.

– Амерыканскі таварыш у вас сядзіць?

– Сядзеў, – скрушна прызнаўся асуджаны на смерць, не зводзячы вачэй з маўзера, – гэта я яму ўцячы дапамог. Яго ўсе жандары шукаюць, але ж, вядома, не знойдуць… – Пярдолэк нібы сфінктрам адчуў, што выкананне можа быць адкладзена, і гэта натхніла яго на далейшую хлусню…

Янукевіч нахабна вёрз пра тое, як поначы грыз дубовыя слупы і зубамі перакусваў калючы дрот, натхнёна плявузгаў пра закапаныя на балотнай выспе парашут, рацыю, выбухоўку ды іншыя шпегоўскія транты, асцярожна маніў пра свае сувязі з ка-пэ-зэ-боўскім падполлем..

– Не веру! Ну што ты брэшаш? Вось таварыш Ленін ніколі не брахаў, – сувора перапыніў чакісты Баян. – Карацей, казёл санацыйны, калі ведаеш, дзе шукаць таварыша Сміта-Весона, дык кажы. Як не схлусіш, атрымаеш вось гэта! – Баян выняў са схованкі ладны пакунак польскіх банкнотаў і тыцнуў пад нос Пярдолку. – А калі схлусіш, выканаю, як ворага народа. Дык дзе той амерыканец?

Янукевіч бездапаможна азірнуўся. З усяго багацця тутэйшага краявіду ягоны позірк выхапіў адно прыдарожную шыльду. Чакісцкі маўзер адназначна тыцнуўся яму пад бараду.

– У “Рызе”, у шынку… Там у крэдыт наліваюць, – самі сабой зляцелі з языка словы, якія ўсю дарогу ад Бярозы-Картузскай круціліся ў Пярдолкавай галаве.

Таварыш Баян і кіроўца змоўніцкі перазірнуліся.

– А вось цяпер – веру! – нарэшце прамовіў старэйшы чакісты, – дзе ж яшчэ ўцекачу вольнае жыццё святкаваць, як не за чаркай?

Праз колькі хвілін доўгі чорны “Пакард” нахабна каціў па галоўнай вуліцы Яблонаўшчыны. Парсюкі і дзеці з панічным віскам выскоквалі з-пад колаў браніраванага легкавіка. Сабакі заходзіліся брэхам, коткі сіпелі, бабулькі жагналіся.

Янукевіч раскашаваў на пярэднім сядзенні машыны. Пасля цёмнага цеснага багажніка ён пачуваўся нібы кум каралю. Жандар гнаў прэч страшныя думкі пра свой далейшы лёс, супакойвачы сябе: як перад смерцю не надыхаецца, так хоць нажлукціцца паспее.

14

Пяшчотныя сонечныя промні праціналі смарагдавыя шаты прысадаў, льсніліся на бліскучых, нібы скураных камлях старых бярозаў, чароўнымі жарынкамі ўспыхвалі на вільготных камянях брукаванкі.

Кувала зязюля ў бярозавым лесе. Малая беларусачка ў васільковым вяночку гнала па гасцінцы авечак. Крышталёва чысты дзіцячы дыскант кранальна выводзіў:

 
Яшчэ Польска не згінэла,
Але згінуць мусі!
Яшчэ поляк беларусу
Боты чысціць будзе!
 

Раптоўна пастаральны спакой парушыў пошчак быстрых коняў. У перспектыве гасцінца ўзнялася хмара пылу, над якой ганарліва лунаў чырвоны штандар з раскірэчаным “Бялым Ожэлам”.

– Пагоня!.. Пагоня!.. – раз-пораз ляцела па-над дарогай.

Беларусачка абачліва сагнала чараду авечак на пашу. Неўзабаве з пылу зматэрыялізаваліся асаднікі на грозных канях. Тыя самыя, якіх таварыш Баян завербаваў для пошукаў уцекача з Бярозы-Картузскай. У белай пене праносіліся коні, рваліся, мкнуліся і цяжка хрыпелі. Віславусы войт пагардліва скасавурыўся на дзяўчынку.

– Пся крэв! Амерыканскага шпега, што з Бярозы-Картузскай уцёк, не бачыла?

– Не, паночкі, толькі двух вусатых дзядзькаў на ровары.

І сапраўды: на пагорку ўжо расклалі землямерны рыштунак тыя самыя раварыстыя, якія так і не зацікавілі чакістых на “Пакардзе”. Дзядзька з васпаватым тварам, апрануты ў напаўвайсковы фрэнч, нетаропка распальваў люльку. Другі дзядзька з тэатральнымі вусікамі на псіхапатычным твары задуменна калупаў насцяком бота беларускую зямлю.

Віславусы войт уважліва прыгледзеўся да дзіўных землямераў. Ані той, ані другі відавочна не падпадалі пад вызначэнне “амерыканскі шпег”. Затое шыльда-ўказальнік з надпісам SZYNOK “RYHA” міжволі прывабіла стомленых пагоняй піякаў. Вечар у шынку справядліва асацыяваўся ў іх з поўнай чаркай, хрумсткай шкваркай ды іншымі немудрагелістымі забавамі.

– Ці хцэ паньства шукаць амерыканскага ўцекача ў шынку? – імпэтна прапанаваў войт.

– Оўшэм! Пэўне! У шынок! – ахвотна пагадзіліся да крыўднага цвярозыя асаднікі.

Пагоня арганізавана збочыла з гасцінца да Яблонаўшчыны.

– Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Цьфу на вас, мудзілы бездухоўныя, – беларусачка злосна плюнула ў пыл і пагнала авечак далей.

15

Эбанітавая тэлефонная слухаўка падавалася Хроснаму цяжкой, як прас, бо ён прыціскаў яе да вуха ўжо хвілін пятнаццаць. Пальцы паспелі знямець, а ў навушніку цурчэў і цурчэў жаночы барытон:

– … як святкуеш вызваленне, то святкуй. Дазваляю крыху пагуляць. Толькі шмат не пі і не забывайся закусваць, ты ў мяне з дзяцінства на страўнік хворы. Да дзевак асабліва не заляцайся, па кутах не ціскай. А як будзеш ціскаць, то, каб ніхто не бачыў. Да паліцыянтаў не чапляйся, а як самі прычэпяцца, дык гузікі і пагоны з іх не зрывай. Пакуль канчаткова не сп’янеў, зайдзі да касцёла і пастаў свечку Маці Божай Вастрабрамскай за цудоўнае сваё ўратаванне. А яшчэ…

– Прабачце, мама, я ўжо дарослы. – Хросны замілавана глядзеў, як у шынкаровай хаце валтузяцца і пішчаць малыя чарнявыя жыдзяняты: – я ж заўсёды быў паслухмяным сынам.

– А хто ў Амерыку без майго дазволу з’ехаў? – з’едліва запярэчыла слухаўка.

– Зраблю ўсё, як вы сказалі, мама. І адразу ж дахаты, – шчыра запэўніў уцякач.

Хросны паклаў слухаўку, сунуў у спатнелую далонь шынкара златоўку і выйшаў на падворак.

Шарая гадзіна ўжо панавала ў мястэчку. У запаленых вокнах бялелі карункавыя фіранкі. З касцёла плылі пругкія акорды аргана і анёльскія спевы. Хросны прыпыніўся на пляцы акурат пасярэдзіне паміж храмам і шынком. Промні касцёльных жырандоляў расквечвалі гатычны вітраж з выявамі Страшнага Суда. Беларускі мафіёзі пабожна перажагнаўся, загадзя зняў капялюш, прыціснуў яго да грудзей, пранікнёна, як малітву, прашаптаў:

– Маці Вастрабрамская… Ты прабач. Ты прымі свайго сына…

Але ён не паспеў зрабіць і кроку, як на пляц да касцёла вылецелі вершнікіасаднікі. Штандар з “Бялым Ожэлам” пагрозліва лунаў над паточанымі моллю канфедэраткамі.

– Не злавілі амэрыканчыка сёння – злапаем заўтра. А цяпер, паны-братове, гайда ў шынок, святкаваць будучыя поспехі! – імпэтна прапанаваў віславусы войт.

Былы палітвязень насунуў капялюш на самыя вочы і падаўся ў завулак. Але там яго напаткала куды больш прыкрая неспадзяванка. Проста на Хроснага з дурнаватым аўтаматызмам сунуўся цяжкі “Пакард”. Той самы, які колькі гадзін таму нахабна прасаваў шашу. І хаця беларускага мафіёзі заўсёды вызначалі мужнасць і разважлівасць, ён не ўстрымаўся ад здзіўленага воклічу. За лабавым шклом шляхотнага самохуда бялеў твар жандарскага афіцэра Янукевіча – аднаго з самых бездухоўных мудзіл канцлагера Бяроза-Картузская.

Сітуацыя падавалася цалкам безвыходнай. Ззаду гойсалі вершнікі з “Бялым Ожэлам”, насустрач сунуўся легкавік з ворагам-жандарам і ягонымі дзіўнаватымі памагатымі.

Рашэнне з’явілася імгненна: выпадковае знаёмства з тутэйшымі янкі давала хаця б нейкі шанец на паратунак, якім грэх было не скарыстацца. Хросны кінуўся да шынка “Рыга”, чые вокны гасцінна свяціліся ў прыцемках. На шчасце, дзверы кухні ніхто не паспеў прымкнуць, і ўцякач бязгучна слізгануў у цемру калідора. Клямка ценькнула, цяжка скрыгатнула засаўка. А за дзвярыма ўжо чуўся тупат ботаў па прыступках.

– Паночкі-чакістыя, – Хросны беспамылкова пазнаў голас Пярдолка, – слова гонару, не хлушу, гэты амерыканскі камінтэрнавец там хаваецца! Не да касцёлу ж яму пасля турмы бегчы!

Хросны праціснуўся паміж скрынямі і апынуўся ў зале.

Слаісты тытунёвы дым лунаў на-над сталамі. Жалобна спявала скрыпачка Янкеля Фінберга. З касцяным гукам сутыкаліся шары на більярдзе. Звінелі чаркі, шкрэблі па талерках нажы з відэльцамі, храбусцелі гуркі.

А за вокнамі ўжо фыркалі асадніцкія коні, і нецярпліўцы-п’янтосы нахабна звінелі шпорамі на ганку. Але былы чыкагскі бутлегер паспеў-такі дабегчы да парадных дзвярэй і хуценька зачыніцца з сярэдзіны.

– Дзядзька Хросны! – Лабановіч паклаў кій на більярдны стол. – А хіба ты дахаты не паехаў?

– Вырашыў ячшэ пару чарак кульнуць. Дапаможаш? – Хросны зафіксаваў позіркам недапітую літруху “крамлёўкі”, абачліва прыхаваную Янкелем за піяніна, і хітравата пасміхнуўся.

– Яно б, вядома ж, не зашкодзіла, але сябры больш за паўлітры піць не раяць, – уздыхнуў былы школьны настаўнік. – Шалёным, кажуць, раблюся. Мудзілаў, маўляў, ганяю. Ага, не ашалееш, калі навокал адныя мудзілы!

– Вось і вып’ем з табой за тое, каб розным мудзілам жыццё горкім яблыкам падалося! – шляхотна прапанаваў уцякач. – Хай здохнуць тыя, хто не шануе беларускі буржуазны нацыяналізм!

На зялёным сукне більярда ўжо заманліва паблісквалі дзве поўныя, як вока, ёмістыя чаркі.

– Калі мы за такое не вып’ем, гэта будзе ненатуральна! – радасна пагадзіўся Лабановіч і без ваганняў кульнуў.

16

Дзверы на кухню вылецелі з першага ж удару – разбег не спатрэбіўся. Праз колькі хвілін у тлумнай зале з’явіліся тры фацаты. Двое ў кароткіх скуранках і галіфэ выглядалі як сапраўдныя мудзілы і паводзілі сябе адпаведным чынам. Трэці, яшчэ большы мудзіла, чым яго спадарожнікі, быў апрануты ў жандарскую форму з шаўронамі аховы Бяроз-Картузскага канцлагера. Ледзьве зірнуўшы на Хроснага, ён радасна гукнуў:

– Вось ён, злодзей Сміт-Весон! Я ж казаў вам, паночкі-чакістыя, што амерыканскі шпег-камінтэрнавец тут хаваецца!

Рукі мудзіл у скуранках і галіфэ сінхронна пацягнуліся да ўнутраных кішэняў. А ў дзверы параднага ўваходу ўжо нецярпліва гупалі кулакі і боты піякаў-асаднікаў, і гэта прымусіла мудзіл у скуранках прытрымаць рукі і крыху адступіцца ад більярда.

Неўзабаве капітулявалі парадныя дзверы. Першым у залу ўваліўся віславусы войт са штандарам у руках.

– Вітамы вшысткіх! – павітаўся ён з грамадой і адразу ж скіраваў да стойкі. – Вудкі для полякув!

За спіной войта ўжо прагавіта тупацелі боты іншых асаднікаў.

– А плаціць хто будзе? – навучаны жыццёвым досведам адразу ўдакладніў шынкар.

Віславусы пытальна азірнуўся на крэсовых аматараў чаркі і шкваркі. І тут на вочы яму вельмі дарэчна трапіўся той самы амерыканскі фацат, за якога савецкія дыпламаты абяцалі шалёныя грошы. Войт распяліў рот і вырачыў вочы.

– Дзве тысенцы злотувэк! – узрадавана зароў ён. – Браты-панове! Мы шпегуна злавілі! Лапайце яго, хто там бліжэй!

– Счакай, пан войт. Я першы яго заўважыў! – ганарліва заступіў дарогу Пярдолэк.

Рука ў жандарскім абшлазе хіжа пацягнулася да нядаўняга палітвязня.

– Не позвалем! – дзіда са штандарам імгненна абрынулася жандару на галаву.

Натуральна, гэты ўчынак не застаўся без адказу. Пярдолэк спрытна садраў штандар з дзяржальна, гучна шморгнуў носам і смачна харкнуў віславусаму ў пысу. Пасля чаго зухавата выцер вусны скамечанай анучай.

Тым часам Янка Лабановіч уліў сабе ў горла рэшту гарэлкі, схаваў кій за спіной і няспешна падаўся да месца канфлікту. Позірк былога настаўніка з агідай слізгануў па жандарскай форме і цяжка лёг на бела-русы твар.

– Слухай, мудзіла, ты якую Школу Падставовую канчаў? – нядобра спытаў Лабановіч, – ці не ты гэта за сёстрамі-кармеліткамі ў прыбіральні падглядаў?

– Гэта быў не я, – толькі і паспеў вымавіць Пярдолэк, як залітае свінцом дзяржальна кія ляснула яму па зубах.

Таварыш Баян выйшаў на святло і ашчэрыўся, як канвойны сабака.

– Крок управа, крок улева лічу за ўцёкі! Скок на месцы – правакацыя! Страляю без папярэджання! – чакісты ўзняў маўзер і тройчы стрэліў у столь.

Залу апанавала прыгнечаная цішыня – рыхтык, на апошнім сойме Рэчы Паспалітай. Асаднікі баязліва адступалі і ціснуліся адзін да аднаго. Шынкарова галава імгненна знікла пад стойкай. Янкель апусціў смык. Улан Аянька красамоўна паклаў руку на эфес шаблі і зацікаўлена зірнуў на прыхадняў.

– Таварыш амерыканскі камінтэрнавец, – з дрыготкай усмешкай прамовіў кіроўца “Пакарда”, – гэта мы з таварышам Баянам вам уцёкі зарганізавалі. Сядайце ў машыну, калі ласка. Завязем вас у надзейнае месца.

Пярдолэк абцёр з вуснаў крывавую юшку і нагадаў:

– А як жа мае грошы? Я ж цяпер з вамі заадно! Лічыце мяне камуністым!..

Калі да апошняга моманту Хросны яшчэ спрабаваў асэнсаваць – чаго ад яго дамагаюцца мудзілы ў скуранках, то пасля пачутага больш не вагаўся:

– Уцёкі мне арганізавалі спадар Стасік са спадаром Чэсікам, – дыпламатычна нагадаў ён, – сяджу, культурна выпіваю. Да маладзіц не заляцаюся. Пагоны і гузікі з паноў жандараў не зрываю. А вас, мудзілы, бачу першы раз у жыцці і, спадзяюся, апошні.

– А як жа інтэрнацыянальная салідарнасць? – канчаткова разгубіўся кіроўца. – Таварыш Пранік наказваў…

– Ды ў труне я бачыў вашу салідарнасць з вашымі пранікамі! Я праўдзівы беларускі буржуазны нацыяналіст, хаця і чыкагскі мафіёзі, – агрэсіўна зыркнуў Хросны.

Доўгая руля маўзера дэманстратыўна скіравалася ў лоб былога бутлегера.

– Так ён яшчэ несвядомы! – жахнуўся таварыш Баян, – будзем сілком браць! Нічога, і не такіх перавыхоўвалі!

– Гэта я несвядомы? – нядобра прымружыўся Хросны.

Яго рука незаўважна слізганула ў кішэню. У сухую далонь ладна легла рыфлёнае дзяржальна браўнінга. Стрэл праз кішэню гарантаваў смерць толькі аднаго мудзілы ў скуранцы, але ж, заставаўся і другі, не кажучы пра Пярдолка і недарэчна цвярозых асаднікаў.

Вецер, што заляцеў у расчыненыя дзверы, азваўся ў коміне, хіснуў, злавесна рыпнуў зялёным абажурам над більярдным сталом. Цені на сценах і падлозе пагрозліва зрушыліся. Мярцвяна-зеленкаватае святло легла на твар Баяна. Раптам у злавеснай цішы стала чутна, як у барнай стойцы мілуецца шашаль. А ад касцёла па-ранейшаму несліся строгія і ўрачыстыя гукі імшы. Арганісты выконваў “Dies irae” – “Дзень гневу”. Духоўная музыка кранала сэрцы нават самых бездухоўных мудзіл, спакушала задумацца пра вечнае, пра сэнс жыцця і лёс Радзімы… І тут брутальна нагадаў пра сябе былы настаўнік: – Гаўна табе на лапаце, а не нашага госця! – більярдны шар прафуркатаў каля скроні Хроснага, нібы гаўбічны снарад, і гучна ляснуў чакістага мудзілу ў лоб.

Ачмурэлы таварыш Баян бездапаможна ўскінуў руку з маўзерам, і як мех з лайном, зваліўся на суседні стол, за якім шляхотна гулялі трое маладзёнаў-засцянкоўцаў. Натуральна, яны не маглі дараваць такога нахабства: на чакісцкі голаў неадкладна апусцілася цяжкая чыгуновая патэльня з верашчакай. Кіроўца “Пакарда” было выцягнуў рэвальвер, каб заступіцца за старэйшага таварыша, але трапна кінутая пляшка выбіла зброю. Чакісты заенчыў, прыціснуў да жывата скрываўленую руку, закруціўся, як той вужака на вуголлях, і тут жа атрымаў венскім крэслам па галаве.

– Нашых б’юць! – адчайна залямантаваў Пярдолэк.

Хаця ён яшчэ і насіў польскі жандарскі мундзір, але ў выпадку загібелі чакістых рызыкаваў застацца без абяцанай прэміі.

Падобная думка напаткала не толькі Бяроз-Картузскага жандара, але і віславусага.

– Не позвалем! – зароў войт брыдка скрыўленым ротам.

Асаднікі, як адзін, схапіліся за шаблі. Забразгалі шпоры, пагрозліва бліснулі клінкі.

– Напшуд! – ад жахлівага крыку прыхадняў палахліва заценькалі пляшкі за стойкай.

Грамада заўсёднікаў хіснулася да сценаў. Войт пераможна агледзеў местачкоўцаў, якія паўліпалі ў сцены, як барэльефы.

– Ешчэ Польска не згінэла! – пыхліва зазначыў ён. – А вы, беларускія мужыкі, вырадкі цемры сярмяжнай!

Такой абразы на роднай зямлі не маглі дараваць нават талерантныя і памяркоўныя яблонаўцы.

Першым не стрываў уланскі харунжы Кільмандовіч. Ён узбіўся на більярд з нагамі, свіснуў шабляй над галавой і голасна дакляраваў:

– Жыве Беларусь!

– Бог з намі! – згодна адгукнуўся Лабановіч і шалёна бліснуў п’янымі вачыма. – І поц з імі, – Янкель Фінберг зняў акуляры і ўрэзаў на скрыпцы папуры з “Лявоніхі” і “Хавы Нагілы”.

Усё гэта і сталася сігналам да агульнай бойкі. Лёталі, крышыліся крэслы і зэдлікі, ламіліся сталы, разляталіся пляшкі, надзяваліся на галовы місы з салонымі грыбамі, меладычна храбусцела пад нагамі шкло.

Кільмандовіч, стоячы на більярдзе, віртуозна фехтаваў, адбіваўся шабляй і нагамі адразу ад чатырох асаднікаў. Лабановіч натхнёна ганяў па зале смяротна зляканага Пярдолка, зрываючы з яго пагоны, партупею і гузікі. Фінберг, адклаўшы скрыпку, з надзвычайным спрытам трапна кідаўся ў асадніцкія пысы варшаўскімі пірожнымі. І толькі Хросны не браў удзелу ў маштабнай бойцы. Ён сядзеў на падваконні каля самай стойкі, нетаропка паліў цыгару і замілавана назіраў, як спрытныя беларускія маладзёны лупцуюць прыхадняў. З-пад стойкі паказалася пейсатая галава са зляканымі вачыма: – Пан камінтэрнавец, пан камінтэрнавец! – баязліва прашаптаў шынкар, – гэта ж з-за вас пачалося. Мо, вы паедзеце, як вам і прапаноўвалі? Нашто мне тут такі гармідар і гвалт? А хто аплоціць, сталы, крэслы, фатэлі, більярд, пляшкі і посуд?..

Хросны паклаў на стойку тры банкноты па сто златовак: – Спадзяюся, дастаткова?

– Дзякуй, ягамосць! – радасна пасміхнуўся шынкар. – Дэвіз усіх устаноў Навума Фабрыканта: “Любы капрыз за вашы грошы!” Дарэчы, пан камінтэрнавец даў болей ажно на дзевятнаццаць златовак.

– Але ж бойка яшчэ не скончылася, – слушна нагадаў Хросны. – Колькі, напрыклад, каштуе ваша жырандоля?

– Амаль сапраўднае венецыянскае шкло. На гарадзенскім кірмашы васемнаццаць златовак выдаў. – Адну златоўку забярэш сабе, – пасміхнуўся беларускі мафіёзі, – купіш цукерак для сваіх дзетак.

Тым часам таварыш Баян крыху акрыяў, стаў на карачкі і паспрабаваў было ўгрызці Янкеля за лытку. Але здзейсніць свой канібальскі намер не паспеў, бо па ім неадкладна прабегся натоўп зляканых асаднікаў у цяжкіх падкаваных ботах, гнаных ашалелым ад залішняй чаркі Лабановічам.

– Што, страшна, мазэфакеры бездухоўныя? Гэта вам не беларускія школкі зачыняць! – драў горла былы настаўнік, лупцуючы кіем па карках.

Але асаднікі ўсё ж пакрысе перамагалі тутэйшых. Нажы, відэльцы і ножкі ад сталоў не ішлі ані ў якае параўнанне з шаблямі і кавалерыйскімі цесакамі. Праўда, дапамога была на падыходзе. На пляцы перад шынком мільгалі галовы мясцовых католікаў, якія ціхамірна вярталіся з вечаровай імшы. Асадніцкае хабёльства не магло застацца па-за ўвагаў шчырых беларускіх вернікаў. Бліжэйшы штыкетнік імгненна разабралі на дрыны. Натоўп пасыпаўся ў шынок праз адчыненыя дзверы і высаджаныя вокны.

Цяпер віславусаму з яго войскам давялося біцца на два франты. Звінелі шаблі, мільгацелі дрыны, падалі агаломшаныя, стагналі параненыя. Енкі і бразгат акампаніравалі жахлівай бойцы.

Пярдолэк баязліва схаваўся за піяніна і круглымі ад жаху вачыма назіраў, як ненівісны яму Лабановіч шляхотна фехтаваў кіем з шабельнікам-войтам. І тут гукавая палітра нечакана ўзбагацілася трывожным конскім іржаннем. У залу шынка на белым кані ўехаў паліцыянт. Той самы, які ўдзень застрэліў жорава ў піянерскім гальштуку. Прадстаўнік улады прафесійна ацаніў абстаноўку, выцягнуў бізун і з асалодай выцінаў усіх, хто трапляўся на дарозе. Раз’юшаны вершнік праразаў натоўп, нібы гарачы нож масла.

Далейшы шлях яму перагарадзіла стойка бара. Конь скасавурыўся спярша на Хроснага, пацягнуўся пысай да нешматлікіх ацалелых пляшак і вясёла ашчэрыў зубы. Паліцыянт стомлена апусціў бізун. Цяпер вершнік глядзеўся манументальна і дзяржаўна, нібы конны помнік Юзафу Панятоўскаму перад Бельведэрам.

– Пэўна, пан паліцыянт жадае выпіць? – з бездакорнай ветлівасццю прапанаваў шынкар.

– З дарогі, быдла! Пся крэв! – пачулася ў адказ.

Паліцыянцкі конь падаўся наперад, стойка с хрумстам хіснулася. З-пад яе прагучала глыбокая контрактава:

– Сам ты пся крэв! Мудзіла!

Паліцыянт нават здзівіцца не паспеў, як над стойкай узвысілася нязграбная постаць, крыху меншая за белавежскага мядзведзя. На заспаным твары чыталіся незадаволенасць жыццём і нерастрачаная моц. Кулак памерам з чайнік паправіў праваслаўны крыжык на шыі і нетаропка знік у шнураванай баксёрскай пальчатцы.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации