Электронная библиотека » Уладзіслаў Ахроменка » » онлайн чтение - страница 6


  • Текст добавлен: 30 октября 2018, 18:00


Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 6 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Кепска будзе, – злавесна паабяцаў местачковы баксёр-каваль.

Паліцыянт збялеў і ціха прашаптаў:

– Не трэба, Ваня…

– Трэба! Яшчэ як трэба! – магутным басам запэўніў малады асілак.

Баксёрская пальчатка плюхнула каню паміж вушэй. Небарака пахіснуўся, захрыпеў і заваліўся на падлогу.

– Такога я нават на чыкагскіх бойнях не бачыў! – у захапленні прамовіў Хросны.

Іван Брыль сарамяжліва пачырванеў, пасміхнуўся, зняў пальчатку і выцягнуў з яе велічэзную навюткую падкову.

– На шчасце нашу, – патлумачыў ён.

– Перапрашаю, панове, але неўзабаве тут будзе поўна паліцыянтаў, – змоўніцкі папярэдзіў шынкар, – то не я, пан пробашч іх выклікаў.

Хросны зразумеў, трэба сыходзіць і, як мага хутчэй: сённяшніх уражанняў былому вязню было аж занадта. Дый абяцанка, дадзеная маці, забавязвала да збольшага прыстойных паводзін.

– Хлопцы-янкі! Гайда на свежае паветра! – запрасіў ён.

Калі Янка, Іван, Янкель і Аянька выскачылі з вокнаў, Хросны ўскінуў руку з браўнінгам і, амаль не цэлячы, стрэліў у жырандолю. Крышталёвы вадаспад абрынуўся на галовы тутэйшых і нетутэйшых. Цемра смалой заліла залу. На імгненне ўсё сцішылася, але праз колькі секунд бойка ўсчалася з новым імпэтам.

Неўзабаве за разбітымі вокнамі нізка зароў дужы рухавік “Студэбекера”. Даўжэзны грузавік няўклюдна развярнуўся на пляцы і са згашанымі фарамі пакаціў у бок гарадзенскага тракта.

17

Прамень электрычнага ліхтарыка працяў атрамантавую цемру разгромленага шынка. Жоўтая авальная пляма прайшлася па запырсканых верашчакай, крывёй і мачанкай сценах, на секунду зафіксавала падраны зялёны абажур, што матляўся над раскурочаным більярдам, раскрышылася ў раструшчаным люстэрку за барнай стойкай і бяздушна прабеглася па шчарбатай пашчы знявечанага піяніна.

Прамень паволі апусціўся на падлогу, крыху затрымаўся на аднавусым войце, другі вус каторага самотна звісаў з расколатай чаркі. Побач з правадыром асаднікаў ціха-мірна адпачываў звяружны волат у пашматаванай скуранцы. Квадратныя сківіцы па-бульдожаму сціскалі канфедэратку з пагрызеным брыльком. Мужчына без асаблівых прыкметаў, апрануты ў такую ж самую скуранку, ляжаў пад вакном і пускаў ружовую сліну.

Каля барнай стойкі зрэдчас уздрыгваў агаломшаны белы конь. Прыціснуты ім паліцыянт бездапаможна шкроб падлогу пазногцямі. Вільготная цемра патыхала алкаголем, крывёю і баявым потам. З кутоў раз-пораз сыходзілі хваравітае трызненне, бязладныя праклёны і ціхія енкі.

Празрыста блямкнуў званочак ровара-тандэма. Вусаты дзядзька з васпаватым тварам, апрануты ў паўвайсковы фрэнч, грэбліва падсунуў да сябе нагой зашмальцаваны штандар з “Бялым Ожэлам” і скіраваў прамень ліхтарыка на твар свайго спадарожніка-раварыстага з псіхапатычнымі вачыма.

– Хычнікі, таварыш Адзік! – уразіўся ўладальнік ліхтарыка.

– Я-а, я-а, геносэ Юзік, – згодна азваўся псіхапат.

– Жыць стала лучшэ, жыць стала весялей, таварыш Адзік! – рабы вусач гідліва выцер штандарам бліскучы, як люстэрка, бот, – ну што, паехалі дальша этую нашу зэмлю дзяліць?

– Драг нах Остэн, геносэ Юзік! – згодна пасміхнуўся другі раварысты.

Ледзь толькі яны вынеслі ровар за дзверы, за піянінам азначыўся асцярожны рух. Бела-русы мужчына ў жандарскім мундзіры, на якім не ставала паловы гузікаў і аднаго пагона, выбраўся з-за інструмента і, агледзеўшы пабаявіска, шчыра перажагнаўся:

– Краю мой родны, як выкляты Богам…

Ціха і порстка, бы той дробны пацучок, скочыў ён да непрытомнага волата ў пашматаванай скуранцы. Жандарскія пальцы з прафесійнай лоўкасцю прайшліся па кішэнях. Здабыча – цяжкі пачак банкнот па сто златовак – прымусіла жандара задаволена пасміхнуцца.

– Гэта табе, Віця, не ў сарціры за голымі дупамі падглядаць, – канстатаваў крадун і схаваў грошы за халяву бота. Ён падабраў чужы недапалак, пераскочыў цераз разбітую жырандолю і выйшаў на пляц.

Над сонным мястэчкам раскінуўся чорны аксаміт неба, на якім зіхцелі дыяменты зораў. Шызыя празрыстыя дымкі слупкамі ўзнімаліся з комінаў. З расчыненага вакна бліжэйшай хаткі даносілася кранальная калыханка.

– Якое неба!.. Якія зоры!.. – бела-русы замілавана пыхнуў дымам. – Як шкада, што Мікола Хапернік гэтага не бачыць!

На гарадзенскім тракце заскавыталі сірэны паліцэйскіх машын. Крадун палахліва азірнуўся і кінуўся ў супрацьлеглы бок. На ўскрайку мястэчка ён перакрэсліў ноч агеньчыкам недапалка і канчаткова распусціўся ў антрацытавай цемры.

18

Фары “Студэбекера” праціналі мазутовую цемру гарадзенскага гасцінца, нібы пражэктары крэйсера. У жоўтых конусах святла хаатычна мільгацела розная крылатая брыда-чамяра. Абапал брукаванкі праносіліся змярцвелыя прысады. Неўзабаве праявілася шыльда-ўказальнік “Grodno – 50 km.”.

Збітыя Янкавы рукі ўпэўнена ляжалі на вялізным рулі. Побач белавежскім мядзведзем узвышаўся Іван Брыль, на адным калені асілка ўладкаваўся Янкель Фінберг са скрыпічным футаралам, на другім, як на кані, сядзеў Аянька Кільмандовіч з шабляй у лакіраваных похвах. Хросны туліўся да дзвёркі і трывожна пазіраў у бакавое люстэрка. Пагоні пакуль што не назіралася.

– Спраўныя вы хлопцы, – нарэшце даў ён адзнаку янкавым подзвігам у шынку.

– Мы і самі ведаем, што спраўныя, дзядзька Хросны, – упэўненым басам пагадзіўся Брыль, – а што з таго? Вось Янка цэлымі днямі па тыя яблыкі ездзіць. І што, шмат з таго мае? Ці Аянька ў сваім уланскім палку? Або Янкель са сваёй скрыпачкай? А я? Штодня каля кавадла тупаю, падковы для асадніцкіх коней раблю. Усе мы працуем ад рана да рана. На чарку яшчэ так-сяк зарабляем, а вось на шкварку і кніжку не заўсёды застаецца. Няўжо мы горшыя за якога асадніка ці чакістага?

– Вы – лепш! – пасміхнуўся Хросны. – Я гэта адразу скеміў.

Раптоўна ў бакавым люстэрку намаляваліся дзве бухматыя светлавыя кропкі і неўзабаве дубальтовае святло фараў расквітнела ў адбітку пялёсткамі-промнямі. Доўгі браніраваны “Пакард” нагнаў грузавік і прыладзіўся злева.

З акна дзвёркі ледзь не да пояса высунуўся збіты звяружны волат у пашкуматанай скуранцы.

– Імем вялікага Сталіна! Стаяць! – у валатоўскай руцэ пагрозліва бліснуў страшны чорны маўзер.

– Ідзі ў дупу, мудзіла чакісты, – душэўна адрэагаваў Лабановіч.

Чакісты мудзіла ўмомант скіраваў зброю на Янку, але стрэліць не паспеў. Дакладны даварот руля – і масіўны бампер “Студэбекера” трапна садануў у пярэдняе кола легкавіка. “Пакард” вільнуў і з жахлівым хрубастам знік у кювеце.

– Fuck you! – былы настаўнік імпэтна паказаў нябачным у цемры чакістым узняты палец. – Даганяючы – не пацалуешся!

Кіламетраў пяць праехалі без прыгодаў, але за паваротам на Кемелішкі ўцекачоў чакала прыкрая неспадзяванка. Старасвецкую брукаванку надзейна перагароджвалі фурманкі, за якімі засеў, мо, з тузін паліцыянтаў. Рулі карабінаў, што красамоўна вытыркаліся з-за іх, не пакідалі надзеі на паратунак.

Безумоўна, праваахоўнікі, якія прыбылі ў пагромлены шынок, ужо паведамілі пра “Студэбекер” ва ўсе навакольныя пастарункі.

Янка асуджана ўздыхнуў і змушана спыніў грузавік.

– Прыехалі, – ледзь чутна вымавіў ён.

Вочы ва ўсіх янкаў разгублена згаслі. Сітуацыя падавалася цалкам безвыходнай. І толькі Хросны глядзеўся спакойным, як гранітны валун, і мужным, нібыта геральдычны вершнік з “Пагоні”. Непахісная ўпэўненасць у сваёй справядлівасці надавала яму веры ў перамогу праўды над крыўдай.

А на ўзбочыне ўжо высіўся суворы паліцыянт з вялікім бляшаным рупарам.

– Усім выйсці з машыны! Пры спробе ўцёкаў страляем неадкладна!

Хросны спакойна зірнуў на Лабановіча:

– Янка, удай, нібыта ўступаеш у перамовы. Паспрабуй задурыць ім галовы. Слухайся мяне і не стаўляй залішніх пытанняў. Мы пераможам, абяцаю.

Янка паслухмяна выткнуўся з дзвёркі:

– А калі мы не станем уцякаць, што нам за гэта будзе? – з местачковай непасрэднасцю спытаў ён.

– Які, аднак, цікаўны… – здзівіўся паліцыянт у рупар.

– Цікаўнасць – шлях у светлую будучыню, – імпэтна дакляраваў былы настаўнік.

– Нашто вам, беларусінам, тое, чаго ў вас няма і ніколі не будзе? – з’едліва азваўся бляшаны рупар.

Хросны нядобра прымружыўся і страшным шэптам загадаў Лабановічу:

– На “тры” цісні акселератар. Раз… два…

19

Свіснуў раз, свіснуў два шустры паравозік, і возікі спыніліся каля перона гарадзенскага вакзала.

Пасажыры першага класа ганарліва скіраваліся ў буфет. Пасажыры другога класа зашаргацелі газетамі з пакроеным салам, цыбуляй і гуркамі. Астатнія толькі мацалі ў кішэнях пустыя гаманцы, зайздросна лыпалі вачыма і каўталі сліну.

Бела-русы фацат у дзіўным жандарскім мундзіры, на якім неставала паловы гузікаў і аднаго пагона, пацучком слізгануў у натоўпе, шморгнуў носам і пасунуўся да таксафона.

– Пан Мікалай, як адарваў пана ад тэлескопа, то выбачаюся … – лісліва выдыхнуў у слухаўку Пярдолэк, – так, гэта я… Так, з Гародні, толькі што прыехаў. Ці можна да вас?.. Мне толькі ноч у вас перабыць ды дзень пратрымацца… Так, вядома ж, разумею – дзявочыя дупы прыгажэйшыя за розныя сірыўсы і зоркі венеры! Зараз прыеду і разам паназіраем!

Віктар Янукевіч павесіў слухаўку, палахліва азірнуўся і падаўся да стаянкі рамізнікаў.

– Ну ты, жыд-хам-быдла, – звярнуўся Пярдолэк да вазніцы ў лапсердаку і па-хабёльску раскінуўся ў брычцы, – хуценька на Гарадніцу!

Шлях Пярдолка пралягаў да Міколы Хаперніка – адстаўнога генерала Дэфензівы, а цяпер астранома-аматара.

Розніца ва ўзросце, сацыяльным статусе і адукаванасці не замінала іх пяшчотнаму і працягламу сяброўству. І Янукевіча, і Хаперніка аб’ядноўвала адно патаемнае заганнае захапленне. Абодва яны не ўяўлялі жыцця без падглядання за дзявочымі дупамі, цыцкамі ды іншымі інтымнымі часткамі целаў.

20

Па-над цёмным гарадзенскім гасцінцам заламіла дугу асвятляльная ракета, са шкварчэннем сыпанула жарынкамі і паволі закацілася за край зубчасты бору. Хросны праводзіў яе насцярожаным позіркам і толькі пасля гэтага вымавіў:

– Тры!!!

Лабановіч пытальна паглядзеў на беларускага мафіёзі.

– Што ты вылупіўся, як маскаль на вош? – у вачах Хроснага заззялі драпежные воўчыя агеньчыкі. – Акселератар цісні!

– Дык мы ж… таго… людзей падавім, – гуманна заўважыў кіроўца.

– А хіба яны людзі? Хто гэтым мудзілам бездухоўным даў права людзьмі звацца? – канчаткова раз’юшыўся Хросны і позіркам паказаў на паліцыянта з бляшаным рупарам. – Рабі, што сказана!

Пагрозліва зароў рухавік, магутныя колы слізганулі па камянях, і “Студэбекер” начакана для паліцыянтаў ірвануў з месца. Мудзіла з бляшаным рупарам не паспеў нават скамандваць: “Агонь!”, як знік пад бамперам. Рупар адсечанай галавой пакаціўся ў кювет. Пад гумовымі коламі нешта хрумкнула. Цяжкі грузавік ляцеў на паліцэйскія фурманкі, нібы казачны цмок на бярозавы гай. Бязладна заляскалі стрэлы. Ценькнула і згасла левая фара. Бакавое люстэрка разляцелася шрапнельнымі пырскамі. “Студэбекер” з усяе сілы ўрэзаўся ў імправізаваную барыкаду. Нягеглыя фурманкі разляцеліся трэскамі, нібы сялянскія дрыны ад рыцарскага мяча. Мудзілы ў паліцэйскіх мундзірах запанікавалі, нібы мышы перад здаравузным хіжым катом, і кінуліся па кюветах.

Ззаду бязладна страляла, лямантавала і брыдка лаялася. Але шлях быў вольны.

Вецер свістаў у кранштэйнах бакавых люстэрак. Лабановіч ціснуў на акселератар з усяе моцы, ажно нага самлела. Іван, Аянька і Янкель зніякавела маўчалі – першы раз у жыцці ім давялося стацца саўдзельнікамі сур’ёзнага злачынства. Хросны спакойна выцягнуў цыгарэту і размяў яе сухімі моцнымі пальцамі.

– Трох ці чатырох збілі… – збялелымі вуснамі прамовіў Лабановіч.

– Ды не пераймайцеся, хлопцы, – спагадліва супакоіў беларускі мафіёзі, – адным мудзілам больш, адным менш… хто іх, зрэшты, лічыць?

– Дык нам што – і далей іх давіць? – шчыра жахнуўся Янка.

– А ты перавыхоўваць іх сабраўся?! – пасміхнуўся Хросны вясёлым д’яблам. – Тлумачыць мудзілу, што ён мудзіла, усё адно, што танчыць мазурку ў прывакзальнай прыбіральні. Бо мудзілізм рэч непапраўная. Мудзілы прагнуць кіраваць нашым жыццём, не пытаючыся на то нашага дазволу. Насуперак сваёй гістарычнай асуджанасці, мудзілы імкнуцца пазбавіць нас нашай веры, нашай мовы, нашых дзялак і нашай свядомасці, каб падмяніць іх сваімі. Гэта і ёсць мудзілізацыя ўсяго краю. А таму кожны беларускі буржуазны нацыяналіст павінен бараніць свой край, гонар, годнасць і бізнес ад размаітых бездухоўных мудзіл. А для гэтага раз-пораз даводзіцца пераступаць праз кроў. Інакш мудзілы, не вагаючычся, пераступяць праз вашу.

Хлопцы памаўчалі: па іх праясненых тварах было відаць, што жыццёвая пазіцыя новага знаёмага прыйшлася маладзёнам даспадобы.

– Куды едзем? – Лабановіч з павагай паглядзеў на Хроснага.

– У светлую будучыню, – загадкава пасміхнуўся той. – Загляне сонца і ў наша ваконца! Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня! Паглядзі, як усход разгараецца, колькі ў хмарках залётных агня!

І сапраўды, у перспектыве гасцінца пад нізкімі свінцовымі аблокамі пяшчотнай чырванню займалася світальная паска. Вільготны ветрык заносіў у кабіну водар лугавых кветак, маладой хвоі і скошанай недаспелай травы. Ранішняя раса дыяментава блішчэла на жытнёвых калоссях.

– Наша ніва! – замілавана прамовіў Хросны.

– Shit наша доля! – пахмурна азваўся Янка Лабановіч, – капец нашай садовай грамадзе “Яблонаўшчына”.

– А зохэн вэй, – трагічна бліснуў шкельцамі акуляраў Янкель Фінберг, – што за жыццё без гешэфту?!..

– Кавальскую ліцэнзію, лічы, ужо адабралі, – Іван Брыль сціснуў кулакі.

– І ў войску мне больш не служыць, – Аянька Кільмандавіч нервова камечыў цямляк на эфесе, – карацей: ані чаркі, ані шкваркі, ані арабскіх цукатаў з горкага беларускага яблыка.

Хросны з пасмешкай выслухаў скаргі наіўных местачковых маладзёнаў. У ягоных халодных вачах чыталася ўпэўненасць у тым, што кожны, апроч мудзілаў, вядома ж, мае права на ўласнае шчасце. Ён глядзеў на спадарожнікаў-янак па-бацькоўскі прыдзірліва, пэўна, казачны Тата Карла так ацэньваў цурбэлак, перш чым зрабіць з яго Бураціну.

– Што ні робіцца, усё да лепшага, – рэзюмаваў ён. – На Беларусі Бог жыве. А Хрыстос, як вядома, прызямліўся ў Гародні, куды мы цяпер і кіруемся. Я ж, хлопцы, не такі просты, як вы, пэўна, падумалі! Я ж сюды… да родных ніў, да роднай хаты аж з самой Амерыкі вярнуўся!

Кільмандовіч глянуў недаверліва.

– Ды не з той, дзе сала нясмачнае і бульба дробная, – патлумачыў дзядзька. – З амерыканскай Амерыкі! З Ілінойсу! З Чыкага!

– А кім ты там працаваў, дзядзька Хросны? – зацікавіўся Фінберг.

– Гангстэрам. Бандытам па-тутэйшаму. Сваю дзялку меў, добра быў, разгарнуўся, – былы лідэр бутлегерскай сеткі “Тутэйшыя” з замілаваннем прыгадаў маштабную перастрэлку на старых чыкагскіх бойнях.

“Студэбекер” ехаў пагоркам. Сонца ўжо буяла па-над лесам. Вецер канчаткова знёс хмары. На чыстым ясным даляглядзе ўрачыста прамалёўваліся званіцы гарадзенскіх храмаў. Акуратныя старасвецкія дамкі патаналі ў шчыльнай зелені садоў.

Былы настаўнік беспамылкова пазнаў высокую вежу Фары Вітаўта і перажагнаўся па-каталіцку. Баксёр згледзеў па-над Нёманам старажытную Каложу і перахрысціўся па-праваслаўнаму. Скрыпач адшукаў вачыма харальную сінагогу і пакрыў галаву ярмолкай. Улан скіраваў позірк на паблеклы ў ранішнім небе танюткі маладзік і пасуворыў.

– Прыгожа, як у кіно! – ацаніў краявід Лабановіч, – але ж мудзілы ў гэтым горадзе яшчэ зласнейшыя за нашых… Не люблю я места, па-расейску “горад”, надта там цяснота і вялікі сморад! – прыгадаў Багушэвіча былы настаўнік.

– Але ж вялікія грошы адно ў гарадах і вядуцца. Светлую будучыню без грошай не збудуеш, – слушна запярэчыў былы бутлегер.

– А як тыя грошы зарабіць? Хіба нам польскія банкі рабаваць? – прыкінуў Іван Брыль.

– Што за бездухоўнасць такая! – шчыра абурыўся беларускі мафіёзі. – Ёсць шмат іншых прывабных і карысных заняткаў. Тутэйшы люд павінен атрымаць тое, чаго прыхадні яго свядома пазбаўляюць. Без чаго, напрыклад, не можа абысціся праўдзівы беларускі буржуазны нацыяналіст?

– Ну… шмат без чаго, – Лабановіч узяўся загінаць пальцы, – без сваёй школы, свайго тракту і свайго касцёла…

– …без сваёй кніжкі, сваёй гаспадаркі і сваёй царквы, – запэўніў Іван Брыль.

– …без свайго гешэфту, сваёй скрыпачкі і сваёй сінагогі, – вызначыў Янкель Фінберг.

– …ну і, натуральна, без сваёй Пагоні, свайго войска і сваёй мячэці, – імпэтна скончыў Аянька Кільмандовіч.

Былы чыкагскі бутлегер цярпліва даслухаў пералік традыцыйных тутэйшых каштоўнасцей:

– Хлопцы, вы ж на галоўнае забыліся! Хіба беларускі буржуазны нацыяналіст можа жыць без чаркі і шкваркі – для каго свінскай, для каго гусінай?

Логіка Хроснага была жалезнай. Спрачацца не мела сэнсу.

– Прапануеш нам самім моцныя трункі вырабляць? Дык у Рэчы Паспалітай такое закон забараняе! – расчаравана ўздыхнуў Лабановіч… – Дзяржаўная манаполія на вытворчасць спіртнога. Пілсудзкі, трасца ягонаму бацьку, прыдумаў.

– Закон для таго і існуе, каб яго абыходзіць, – слушна нагадаў беларускі мафіёзі. – Не пераймайцеся, хлопцы! Усё толькі пачынаецца!..

– Ну, добра, – нібыта пагадзіўся практычны Янкель. – А з чаго тыя трункі рабіць? Сыравіну ў вяскоўцаў скупляць? Жыта, бульбу, буракі. Так?

– Ёсць яшчэ горкі яблык, – загадкава пасміхнуўся Хросны.

Частка другая
CUD NAD NIEMNEM

1

Галоўная гарадзенская вуліца Раскоша лашчыла вока цнатлівай чысцінёй бруку, вясёлкавым бляскам вітрынаў і самазадаволеным спакоем.

Дрыготка зіхацелі завушніцы і пярсцёнкі пекных паненак, якія бязмэтна пераходзілі ад крамы да крамы. Над вірлівым натоўпам ветліва прыўзнімаліся модныя капелюшы, кепі і цыліндры. Дарагія легкавікі блішчэлі на сонцы люстраным лакам і нікелем. Піраміды памаранчыкаў на вулічных ятках міжволі вабілі зрок. З адчыненых вокнаў рэстарацый лілася ледзь чутная гамана, і крышталёвае бомканне чарак спаборнічала з меладычным блямканнем музычнага аўтамата.

Але атмасфера сціплай буржуазнай абаяльнасці амаль не адчувалася ў зацененым дворыку за некалькі кварталаў. Злосна лямантавалі і біліся за селядцовую галаву бадзяжныя коткі. Па-над перапоўненым сметнікам нямецкімі бамбавозамі гулі тлустыя мухі. З-пад недаедкаў ляніва выбраўся вялізны пацук і добразычліва ашчэрыў зубастую пашчу.

Двое маладых крэсовых хаблоў, якія жлукцілі піва пад аблушчанай сцяной, арганічна ўпісваліся ў дваравы краявід.

– Гэтыя беларускія нацыяналісты ўшчэнт ачмурэлі! – паскардзіўся хабёл у модным кепі з расколатым лакіраваным брыльком. – Я тут нядаўна ў газеце пра нейкую страшную цётку-адраджэнку чытаў. Нібыта вярталася яна з рынку, і прычапіліся да яе трое здаравузных польскіх мудзілаў. Маўляў, Гародня – спрадвечны польскі горад, а ты, тупая бульбашка, з’язджай у сваю бэ-эс-эс-эрыю. І як ты мяркуеш, што тая нацыяналістка зрабіла? З кошыка цялячую нагу дастала – і ну ўсіх ганяць! Аднаму мудзілу руку зламіла, другому – ключыцу, трэцяму – ажно пяць рэбраў…

– Ты ж глядзі, яшчэ адна Эмілія Плятар знайшлася! – хабёл у брудных ботах недаверліва скрывіўся і цыркнуў пад ногі доўгай жоўтай сліной. – То ёсць пшэсада! Не веру! Ну, хай руку, ну, хай ключыцу… Але каб яшчэ і пяць рэбраў!

– Ненавіджу беларускіх нацыяналістаў, – хабёл у кепі дапіў піва і зубамі адкаркаваў наступную пляшку, – нічога святога для іх няма. Раней Кайзеру служылі. Цяпер ад Саветаў грошы дастаюць. Заўтра янкі прададуцца. Хто ім плоціць, тым і служаць. Юды праклятыя!

– Я іх таксама ненавіджу, – звыкла азваўся хабёл у нячышчаных ботах, – а пра ўсіх гэтых цётак-тэрарыстак яны самі плёткі і распускаюць, каб іх баяліся.

– Ды хто іх баіцца? – рагатнуў уладальнік кепі. – Страшны рак, ды ў дупе зубы!

Неўзабаве выпітае піва нагадала пра сябе: хаблоў пацягнула на мочавыпусканне. Бясплатнага сарціра паблізу не было. Але пад’езд бліжэйшага дома падаваўся вельмі прыдатным для гэтага месцам.

Першым не ўседзеў хабёл у кепі з расколатым брыльком.

– Пільнуй, каб хто не зайшоў, – папрасіў ён брата па розуме і слізгануў за дзверы.

Нецярплівец стаў да сцяны, расшпіліў нагавіцы і мярзотным струменчыкам зацурболіў у кут. Неўзабаве аднекуль зверху пачуліся цяжкія мерныя крокі, нібыта каменны Камандор спускаўся сходамі. Уладальнік кепі з расколатым брыльком нават голаў не павярнуў, а дарма…

Бязлітасна моцныя пальцы схапілі яго за каўнер і лёгка прыўзнялі над свежай калюжынай. Хабёл уцягнуў голаў у плечы і палахліва скасавурыўся. У паўцемры пад’езда ўзвышалася магутная постаць цёткі-валатоўкі. Вочы яе нядобра блішчэлі. Маладзён паспрабаваў вылузнуцца з марынаркі, як той вужака са скуры. Але перуновы голас прымусіў яго зніякавець.

– А ў сваёй хаце малады чалавек таксама сікае па кутах? – з выкшталцоным беларускім вымаўленнем пацікавілася страшная цётка.

– Эмілія Плятар!.. Жывая!.. – жахнуўся сваёй здагадкі сікун.

– Я – Эмілія Вастрабрамская, – годным барытонам паправіла валатоўка, – а вы малады чалавек, так і не адказалі на маё пытанне!

– Прабачце цётачка Вастрабрамская, я больш не буду… – прыніжана заенчыў маладзён.

– Ці не хочаце вы прыбраць сваё паскудства?

– Хачу, вельмі хачу! – з энтузіазмам азваўся хабёл.

Паскуднік дрыготкімі рукамі скамечыў свой модны кепі, апусціўся на кукішкі і ўзяўся ганяць калюжыну. Цётка Эмілія добразычліва паглядала, як спраўна ён увіхаецца.

Неўзабаве рыпнулі дзверы. У пад’езд зайшоў хабёл у нячышчаных ботах. Сцэна, якую ён убачыў, прымусіла яго ачмурэла прысвіснуць.

– Гля…

– Гэта вас сям’я і школа навучылі непаважліва ставіцца да чужога майна? – з бездакорнай ветлівасцю ўдакладніла цётка Эмілія.

Хабёл у брудных ботах памкнуўся быў адказаць доўгай смярдзючай фразай, складнікі для якой не адшукаліся б нават у слоўніку Ластоўскага, але выпадкова перахапіў зляканы позірк прыяцеля. Аматар паскудзіць у чужых пад’ездах сядзеў на кукішках і на мігі паказваў яму, як тая цётка можа лёгка зламіць руку, ключыцу і ўсё астатняе.

Калі падлога ў куце была ўжо амаль сухая, хаблы, што тыя ракі, папяціліся да выхаду.

– Прабачце, мы больш не будзем! – паабяцаў маладзён у брудных ботах.

– Дзякуй за навуку! – кланяўся яго прыяцель, прыціскаючы да грудзей пацяжэлую кепі.

– Я ніколі не верыла ў выхаваўчую моц слова, – пракаментавала цётка-валатоўка. – Толькі біццё і праца здольныя ператвараць хаблоў у сапраўдных людзей. Гэты спосаб спарадзіў ужо нямала неафітаў!

Неўзабаве хаблы шпарка беглі па Раскошы. Піва ім больш не хацелася. Але нізкі стэповы гул рухавіка міжволі змусіў некультурных маладзёнаў азірнуцца. Па галоўнай гарадзенскай вуліцы браненосна сунуўся магутны “Студэбекер”. На тэнтаваным кодабе красамоўна бялеў надпіс JANKI. За лабавым шклом прамалёўваліся твары тыповых беларускіх нацыяналістаў. Півапойцы злякана паўліпалі ў сцяну.

– Праўду ў газетах пішуць, – уразіўся хабёл у мокрым кепі, – гэтыя беларускія нацыяналісты – самыя страшныя людзі. Я ж пралетар, і градаў у мяне няма! Дзе хачу, там і паскуджу! – Яны ж, гады, працоўнага чалавека за быдла трымаюць, – пачулася ў адказ, – толькі гэтыя звяругі маглі прыдумаць такі здзек – уласным кепі чужую падлогу мыць!

Тым часам “Студэбекер” мінуў хаблоў і заехаў у правулак. Неўзабаве Хросны з хлопцамі-янкі ўжо падымаліся старымі шчарбатымі сходамі. Сухі палец беларускага мафіёзі прыціснуў гузік званка.

– З вяртаннем на Радзіму, сынок, – Эмілія Вастрабрамская крытычна зірнула на сына і ўважліва агледзела Янку, Івана, Янкеля і Аяньку. – Гэта твая новая гангстэрская групоўка?

– Пакуль што – мафіёзі-пачаткоўцы, – па-бацькоўску пасміхнуўся Хросны, – але ўжо скончаныя буржуазныя нацыяналісты. Мама, каб вы толькі бычылі, як яны бездухоўных мудзілаў ганяюць!

– Я іх таксама ненавіджу, – паяснела з твару цётка-адраджэнка, – хаблы, зрэшты, яшчэ так-сяк перавыхоўваюцца… А вось мудзілаў трэба толькі на горкі яблык збіваць. Без жалю і без літасці. Што я раз-пораз і раблю. У вас, маладыя людзі, яшчэ будзе нагода ў гэтым пераканацца. А цяпер прашу ўсіх да стала. У мяне сёння цялячы біфштэкс, натуральна, з крывёй. Як ты, сыночак, яшчэ ў дзяцінстве любіў!

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации