Электронная библиотека » Наталка Бабіна » » онлайн чтение - страница 5

Текст книги "Рыбін горад"


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 21:40


Автор книги: Наталка Бабіна


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Калі мы прыйшлі дадому, Улянін мабільнік, які яна забыла, надрываючыся, аж скакаў па кухні, а да плота падрульваў Ленчын бусік.

Улянка вярнулася ад тэлефона задуменная, патлумачыла:

– Мне трэба заўтра на адзін дзень у Менск, тэрмінова выклікаюць.

– Ну дык чаго ты кіснеш? З’ездзі, калі трэба.

– Нt хочацца тут вас пакідаць.

– А што, ёсць нейкія навіны? – пацікавілася Ленка. – Што тут у вас увогуле? Як справы?

– Ды без асаблівых пераменаў, – паціснула я плячыма, – можна сказаць.

– Ох, трэба пагаварыць, – Ленка зірнула на гадзіннік, – маю дзесяць хвілінаў. Перш за ўсё, Алка, ты больш неапазнаных лятальных аб’ектаў не бачыла? Ну там, смерці ці яшчэ якой жанчыны ў белым?

– Можаце лічыць мяне вар’яткай, але, калі ласка, не ў вочы! Гэта не глюкі! Я не была тады п’янай, я потым выпіла. І я бачыла нейкую мумію на мяжы. І хопіць ужо, Уляна, выстаўляць мяне на пасмешышча і рабіць з мяне дуру.

– Чаго ты расхадзілася? Я перадала Ленцы тое, што ты расказвала, яна спытала ў цябе… Хто тут робіць з цябе дуру? Ды нас тут ужо горшы за жанчыну ў белым візітант наведаў, – сястра павярнулася да Зарніцкай. – Гэты ўжо і мне ў вочы кінуўся.

– Літаральна? – узняла бровы Зарніцкая.

– Пакуль не, – і Улянка расказала пра размову з Іванам Міітрічам.

– Значыць, гэта праўда, – спахмурнела Ленка. – Мне казалі, што Кукаль хоча будаваць недзе цэнтр адпачынку, і я нават бачыла праект… Шчыра кажучы, нават чула, што ў Дабрацічах…

– Дык ты яго ведаеш? І ў яго сабак лечыш?

– У яго жывёлаў няма, але жыць у Брэсце і не ведаць Кукаля немагчыма.

– Раскажы.

– Ды асабліва няма чаго расказваць. Багаты. Заснаваў прэмію «Брастчанін года». Катэдж у яго ў Вычулках. Праўда, чуткі пра яго розныя ходзяць. Аднойчы ў кампаніі чула, як адзін такі Куля даводзіў, седзячы ў лазні, што Кукаль – галоўны туташні бандыт, прычым бандыт, так бы мовіць, беззаконны.

– А Куля – гэта хто?

– Кулееў яго прозвішча. Таксама цаца. Ён, бач ты, бандыт законны, развіў там у лазні цэлую тэорыю пра тое, што ва ўсе часы, пачынаючы ад княжых цівуноў, існавалі людзі, больш ці менш набліжаныя да дзяржавы, якія дапамагалі ёй рэгуляваць фінансавыя дачыненні паміж людзьмі… І ён, маўляў, займаецца гэтым, бо гэта патрэбна грамадству.

– Дык ён як гэта, крыша?

– Менавіта.

– І цябе крышуе?

– Не, я яму не па зубах, але не ў гэтым справа. Куля вяшчаў, што, маўляў, Кукаль зусім расперазаўся, зрывае дамовы, не трымае слова… Што ён падабраў пад сябе – шляхам брутальнага збіцця і нават забойства – і рэкеціраў на мяжы, і путанаў на менскай шашы, і наркату, што ў прыгарадных вёсках, ён арганізаваў немалую сетку прытонаў… Што з гэтага ўсяго, а зусім не з рэстаранаў і не з рынку, цякуць яго вялізныя даходы. Куля нават цішком распавёў, што менавіта Кукаль – замоўнік забойства Радыёнава. А, вы ж не ведаеце, мінулай вясной у нас адбылося жорсткае забойства: начальніка гарадской міліцыі Радыёнава знайшлі разам з маленькім сынам забітымі ў Льнянскім лесе. Забойцаў, канечне, не знайшлі, але пасля гэтага ў газетах перасталі з’яўляцца артыкулы пра тое, што вось мытнікі зноў знайшлі партыю наркотыкаў, а міліцыя накрыла відэацэнтр дзіцячай парнаграфіі…

Мы маўчалі. Шумелі сосны. Што тут будзеш гаварыць? Што тут скажаш? Зло віравала; ці быў Кукаль яго ачольнікам, ці не быў, а зло віравала, танчыла, балявала, падбіраючыся да нашай зямлі, якую Кукаль назваў грунтамі. Я б і саступіла, але побач са мной, на шляху гэтага дзікага танца, на парозе гэтай бальнай залы, стаяла сястра, і я ведала, што яна якраз не адыдзе. Ну а калі так, то і я буду побач з ёй.

– Не, Кукаль не падсыпаў бы ў каву кардыёстым, – пахітала галавой Ленка, калі Улянка прапанавала ёй гэтую версію. – Нават калі лічыць, што ён на такое здольны. Ён папросту падаслаў бы каго са сваіх ахоўнікаў – а іх у яго досыць – з нажом ці пісталетам – і справе канец. Хутка і надзейна. Тут нехта знаёмы, нехта, хто ведаў асаблівасці стану вашага здароўя…

– Але навошта? На якую халеру?

– А гэта ўжо, дзеўкі, не ў мяне пытайцеся, а ў сябе.

– Чуеш, а чаго ён так учапіўся за Дабрацічы, гэты Кукаль? Чаму яму менавіта тут закарцела будавацца? – спытала Уляна.

– А я знаю? У багатых свае капрызы: вось заманулася, і ўсё. Месца ля мяжы, недалёка ад трасы – на кліентаў спадзяецца. Дальнабойшчыкі там розныя, турысты… А можа, радовішча тут адшукаў нейкае. Нафту. Дык хоча купіць зямлю, пакуль ніхто не дазнаўся, я ведаю?

То ніц!

У задуменні, нага за нагу, брыла я на гарод, маючы ў руках матычку і вілы, а ў галаве – цвёрды намер давесці да ладу граду з трускаўкамі – як даніну памяці бабулі; бо па мне – то хай згараць яны ад гэтай пякельнай сушы, гэтыя трускаўкі, чым хутчэй, тым лепей… Сёння раніцай Улянка паехала ў Менск. У гарачцы збораў, кармёжцы клятай свінні (халера, ну нашто мне яна? – я ж, ясная справа, нават не змагу ўзяць у рот адбіўныя з гэтых тлустых сцёгнаў, бо буду памятаць гэтыя кемлівыя вочы!) я на нейкі час забылася на пытанні, якія займалі мяне ў апошнія дні, а вось цяпер, у адносна вольную хвіліну, па дарозе на гарод, яны зноў выплылі на паверхню, як бурбалкі балотнага газу з чорных нетраў. Прааналізаваўшы яшчэ раз усё, што адбылося, я вырашыла, што час ужо спалохацца і прыняць нейкія захады дзеля абароны сябе.

Раптам зза куста вывернулася на дарогу жанчына.

Спалохацца я паспела. А прыняць захады – не.

– Аксанка?! Як ты мяне напалохала! – я хацела з палёгкай уздыхнуць, але ўздых засеў мне ў горле.

Твар у яе быў жахлівы. Маска белай смерці. Калі спачатку я ўздрыгнула проста ад нечаканасці, то, прыгледзеўшыся, застрашылася менавіта таго, што кіпела ў яе вачах. Апошні раз мы бачыліся на пахаванні бабы, і тады, паабяцаўшы адна адной сустрэцца найбліжэйшымі днямі, рассталіся зусім мірна. Але цяпер яна была раз’юшаная, быццам вось толькі што, за хвіліну да гэтага, я нясцерпна яе пакрыўдзіла, зрабіла нейкую неймаверную шкоду, здрадзіла, забіла яе дзіця… Поўныя вусны аж скруціла ад злосці, а вялікія вочы звузіліся да шчалюбінаў.

– Ах ты, гадзіна! – ускрыкнула яна і моцна пхнула мяне ў грудзі.

Я ўпала ніцма, выпусціўшы з рук свой сельскагаспадарчы інвентар.

Аксанка схапіла маю цяпку, замахнулася зза пляча і секанула па мне. Я ў гэты момант ужо паднімалася, але адхіліцца не паспела – вострае лязо ўрэзалася мне ў спіну, пад лапатку. Гэта была старая бабуліна матычка, вастрынёй яна не саступала нажу: зробленая на замову кавалём адразу па вайне, з лёгкім альховым, адлякаваным часам тронкам.

Ад шоку, болю, нечаканасці я зноў упала.

– Аксанка, ты што!?

– Заб’ю! – Аксанка схапіла вілы.

Гавораць, у стрэсавыя, небяспечныя для жыцця моманты людзі набываюць неймаверную моц і спрыт і дзякуючы гэтаму выратоўваюцца. Можа быць. Але да мяне гэта не мае дачынення. Воля ў мяне занадта слабая – гэта я адчувала не раз. Фатальна адчула цяпер. Замест таго, каб крычаць, уцякаць, хоць нешта рабіць, я толькі няўцямна, да межаў магчымага расплюшчанымі вачыма глядзела на Аксанку, на ўзнятыя нада мной вілы і не магла нават варухнуцца.

Але памерці на дарозе ў гарод ад рук сяброўкі дзяцінства мне суджана не было.

Раптам твар яе перамяніўся, змякчэў, і я зразумела, што застануся жывой. З усяе сілы яна ўвагнала вілы ў пясок побач з маёй галавой і, выдыхнуўшы з нянавісцю: «Каб ты здохла, праклінаю цябе!» – знікла за кустом, як і не было.

Я здолела вырваць цяпку са спіны. Кроў на сталёвым лязе, як густая фарбагуаш.

Я страціла прытомнасць.

Далейшае памятаю ўрыўкамі.

Добра памятаю пясчынкі – маленькія валуны, белыя, залатыя, шэрыя перад маімі вачыма. Заклапочаны мураш у роздуме круціць вусікамі. Чырвоная пляма на пяску каля майго пляча.

Лялька-маладая. Закусіўшы губу, абсыпаная ружовай пудрай, з нафарбаванымі бураком шчокамі, яна сядзіць побач, выцягнуўшы загарэлыя да кален і малочныя вышэй ногі, малюе пальцам па чырвонай крывавай пляме і з цікавасцю разглядае мяне.

– Лялька, калі ласка, пакліч каго-небудзь, – з цяжкасцю разляпіўшы вусны, папрасіла я. – Скажы мацеры.

– У тую нядзелю мы былі ў царкве, – адказала Лялька. – І ў тамтую нядзелю.

Яна сядзела побач са мной, перасыпаючы са жменькі ў жменьку пясок… Рукі прыгожыя, тонкія…

Потым, памятаю, твар Ярашыхі качаўся нада мной, бы ў сіняй смузе – карычневы ад сонца твар, у рамцы белай хусткі, на тле высокага неба:

– …цярпі, Алка! То ніц, Алка, то ніц. Вочы не заплюшчуй! – але я, мусіць, заплюшчыла вочы.

Памятаю прэтэнзію фельчаркі з хуткай:

– Ну, разве можно было вырывать из раны мотычку? Ничего нельзя было трогать, – бурчэла яна, увішна перабінтоўваючы мне спіну.

У бальніцу першай да мяне прыляцела Зарніцкая.

– Ну, ведаеш, гэта ўжо перабор! – накінулася яна на мяне з парога. – Сяджу, нікога не чапаю, пачыняю прымуса, тут звоняць з бальніцы, што ты паступіла з сечанай ранай!

– Я папрасіла цябе паклікаць, – прашаптала я.

Ад лекаў, якіх мне шчодрай рукой тут адмералі, нямеў язык ды хіліла ў сон.

– Жывёлаў тваіх суседка гэтая, што цябе знайшла, Вера Мікалаеўна, сказала, пакорміць. Але што, дзеля Бога, з табой здарылася? Хто цябе так?

Я коратка расказала Ленцы пра напад Аксанкі, з якой яна, дарэчы, пару разоў сустракалася, падкрэсліўшы, што нічога не разумею ў прычынах такога экстравагантнага ўчынку і пакуль прашу яе, Ленку, шчыльна трымаць рот на замку на гэты конт.

– Экстравагантнага!? Яна ж магла цябе забіць! – Ленка рашуча абцягнула сваю чырвоную марынарку. – Значыцца, вось што! Вы можаце там што хочаце вытвараць, але заўтра, калі цябе выпішуць – а доктар кажа, што заўтра можна выпісаць, бо ў цябе галоўным чынам быў шок ад болю, а з яго цябе вывелі – я папрашу Хведзьку прывезці табе чатырох пітбультэр’ераў! Маўчы! Ён начэпіць іх на двары, дык хоць буду мець пэўнасць, што ніхто да цябе без тваёй згоды не даскочыць. Заадно патрымаеш іх, пакуль я не вярнуся, – бо мы заўтра ў адпачынак ў Польшчу, у Кастамалоты. – Раптам яе наведала новая думка. – І ведаеш што? Давай мы возьмем з сабой і Уляніных дзяцей!

Я, толькі выведзеная з шоку, ледзьве не ўпала ў яго назад.

– Ашалела! Столькі народу з сабой папрэш?!

– Ну і што? Казік з Лінай ужо не немаўляты, а мае кабылкі дык і зусім дарослыя. Ім там напэўна будзе цікава. Нас запрасіў мясцовы святар, ён арганізаваў у Кастамалотах невялікі скансен: экскурсіі па наваколлі, царква, якую пабудавалі адразу па прыняцці уніі, старыя дамы пад саламянымі стрэхамі… Нашы з лячэбніцы ўжо былі, проста ў захапленні засталіся. Ёсць што паглядзець. Рыбалка на Бугу, зноў жа. А то, як гаворыць мой муж, – горад над Бугам, горад над Бугам… а таго Буга ў вочы не пабачыш… Словам, звані Уляне, хай бяжыць да натарыуса афармляць дазвол на выезд. Хай дзеці лепш пабудуць за мяжой. Уляна як у вір скача, ты ў нешта такое ўляпалася незразумелае – давай пакуль патрымаем дзяцей далей ад роднай краіны.

Уляна павінна была прывезці ў Дабрацічы з Менска сваіх дзяцей, Ліну ды Казіка, але з улікам апошніх падзеяў іхняе знаходжанне ў Дабрацічах выглядала ўжо папросту небяспечным. Таму прапанова Зарніцкай прываблівала.

Ліна – хросніца ЗарынадБугам, і тая ставіцца да яе з асаблівай пяшчотай. Ды і наогул яна, хоць і носіць чырвоныя пінжакі і варочае мільёнамі, ставіцца з пяшчотай да ўсяго, што варушыцца – зрэшты, і да таго, што не варушыцца таксама. І дочкі яе, «кабылкі», такія ж, як мама. Замежныя пашпарты ў Уліных дзяцей былі – помніцца, і дазвол на выезд Уляна з Юркам афармлялі яшчэ на пачатку лета – словам, я прызнала, што гэта было б някепска, перагаварыла з сястрой, і Лена памчалася ўсё арганізоўваць, паабяцаўшы праз дзве гадзіны прыехаць яшчэ раз.

Але пра які вір гаварыла Зарніцкая? Што ў яго скача Уляна? Я не паспела гэтага абдумаць, бо мяне наведаў яшчэ адзін чалавек.

Ён увайшоў без стуку, павітаўся, сеў каля ложка без запрашэння і паглядзеў на мяне вельмі пільна. Я пракінулася ад дрымоты.

– Ала Анатолеўна Бабылёва? Аднойчы мы ўжо бачыліся. Мяне завуць Андрэй Ільіч Рудкоўскі, і я, калі памятаеце, дабрацінскі ўчастковы інспектар.

Гэта быў той самы малады чалавек, які нядаўна заходзіў на наш двор, каб напіцца.

– Раскажыце, калі ласка, што з вамі адбылося.

Адкрыты, малады, нават яшчэ хлапечы твар, цёмныя валасы па модзе. Раскрыў тэчку, чакае, трохі прыжмурыўшыся.

– А чаму вы рашылі, што нешта здарылася? Хто вас паклікаў?

– Паведамілі з бальніцы. Яны абавязаны паведамляць у міліцыю па месцы жыхарства пра ўсе траўмы, калі ёсць падазрэнне аб нападзе і нанясенні цялесных пашкоджанняў.

Сімпатычны. У яго абліччы няма ні абыякавасці, ні хлуслівасці, якія звычайна на паўметра вытыркаюцца з прысаў начальніцкага панства. Але ці магла я расказаць яму, што адбылося? Я глядзела на яго, а перад маім унутраным зрокам паўставалі іншыя карціны.

…Дзевяцігадовыя, мы з Аксанкай ноччу на могілках. Адзеравянеўшы, чакаем з’яўлення над свежай магілай фосфару – гэтага страху нашага дзяцінства, пачвары таго свету, у існаванні якой мы ніколі не сумняваліся. Мы паспрачаліся з хлопцамі з нашага класа, што не збаімся праседзець на могілках ноч і ўпільнаваць фосфар, які, як мы меркавалі, меўся адыходзіць з магілы памерлага вяскоўца на трэці дзень пасля пахавання.

І мы сапраўды бачылі яго! Белы слуп падняўся з зямлі, пахістаўся ў паветры і крануўся у наш бок. Дзіка віскочучы, мы кінуліся бегчы, а зза агароджы нам азваліся хлапечыя віскі: там чакалі хлопчыкі. Усе яны беглі прэч, і толькі Сярожык Басацкі – чубаты, з вялікімі рабацінкамі на збялелым твары – бег да нас: ратаваць. Потым нашыя неакцябрацкія паводзіны разбіралі на лінейцы, а потымпотым, пасля школы, Аксанка і Сярожык пажаніліся…

…Дзесяцігадовыя, мы з Аксанкай вяртаемся са школы. Завіруха. Замест таго, каб ісці па чыгунцы, мы вырашылі праставаць лесам і, вядома, заблукалі. Я хутка скарылася. Каб не Аксанка, я б замерзла. Але яна не давала мне спыняцца, не давала заснуць. Усю ноч мы хадзілі кругамі каля вёскі, аж пакуль нас не знайшлі. З тае пары і ў мяне, і ў яе абмарожаныя пальцы, баляць на холадзе.

…Поле да гарызонту. Мы з Аксанкай, сагнуўшыся, дзяўбем буракі. І гаворым. Сонца прыпякае ў нашыя спіны, перацягнутыя шнуркамі купальнікаў. Перад намі будучыня, як гэтае поле, – да гарызонту. Не канчаюцца радкі, і не канчаюцца размовы. Нам па пятнаццаць.

Гарызонт наблізіўся. Цяпер у Аксанкі трое дзяцей і два ўнукі.

Не, мілы хлопчык, я не буду табе нічога расказваць. Што ты тут зразумееш, якой справядлівасці даб’ешся? Я разбяруся з усім сама.

– Расказваць няма чаго. Нехта выскачыў зза карча, пхнуў і ўдарыў мяне. Я страціла прытомнасць і больш нічога не памятаю. Ачуняла толькі тут.

– Але, мяркуючы па месцы знаходжання раны, вы не маглі не бачыць таго, хто на вас напаў.

Я паспрабавала паціснуць плячыма і зморшчылася ад болю.

– Не бачыла, не помню.

– Разумееце, калі вы нікога не бачылі, – выразна гледзячы мне ў вочы, з націскам сказаў малады міліцыянер, – нам будзе цяжка знайсці таго, хто вас ударыў. Можа стацца, нам гэта нават не ўдасца.

Я маўчала.

– Такс, – раптам раззлаваўся міліцыянер. – А пра адказнасць за дачу непраўдзівых паказанняў вы ведаеце?

– Ведаю. Але мне сапраўды няма чаго дадаць.

Малады чалавек паглядзеў на мяне з раптоўнай пагардай. Памаўчаў. Ляснуў тэчкай.

– Што ж, папраўляйцеся, – і пайшоў.

Цяпер я знаю, як бывае…

Уся арава заехала да мяне назаўтра з раніцы. Зарніцкая са сваім мужам Алежкам-герантаманам, дзве дарослыя дачкі Зарніцкай – адна з сынулямгадавічком, Ліна з Казікам ды Чапік з Пончыкам, якіх гаспадары ніяк не маглі пакінуць дома і якім дзякуючы шырокім сувязям іх гаспадыні дазволілі прайсці да мяне ў траўматалогію. Апошнія бесперапынна гаўкалі, першыя гаварылі ўсе разам. Выглядала гэта ўнушальна.

– Мы не надоўга, – абвясціла Ленка, заходзячы. – Ужо трэба спяшацца на мяжу, там дамоўлена, дык мусова паспець, пакуль змена не скончылася, а то прыйдзецца тры дні стаяць у чарзе. Слухай, я толькі ў апошні момант успомніла, што табе трэба прывезці адзежу, бо не паедзеш жа ты з Берасця ў той дзяружцы, у якой цябе сюды даставілі. Вось тут мой касцюм. Праз гадзіну па цябе Хведзька заедзе, завязе ў Дабрацічы. І сабак прыхопіць. Ну ўсё, дзеці, пайшлі. Вечарам мы выйдзем да Буга, дамо табе які знак, слухай! Мы вырашылі, што кожны вечар будзем табе «ўжывую» даваць нейкі знак, што ў нас усё ў парадку, каб ты не хвалявалася. І, на прамілы Бог, каб у цябе ўсё было без аніякіх глупстваў! – рэзюмавала Зарніцкая.

Праз гадзіну, калі я выйшла на бальнічны ганак, Хведзька, які ў чаканні мяне самазаглыблена паліў за стырном пікапа, мяне не пазнаў, а калі я падышла да яго, прысвіснуў:

– Ого! Для пацыенткі траўматалогіі ты выглядаеш няблага. Простатакі жанчынавамп. Табе чырвонае да твару.

Што ж, цяпер смела можна сказаць: традыцыйны Ленчын крывавачырвоны пінжак калі і не ператварыў мяне ў вампіршу, то спрычыніўся да маіх далейшых прыгодаў.

Але пакуль што прыгоды пакінулі мяне ў спакоі: мы хутка дабраліся, і дом я знайшла ў поўным парадку.

Курыны статак спалохана забіўся пад бэз, калі Хведзька вывеў з пікапа сабак. Чатыры пародныя белыя пітбультэр’еры мелі змрочны выгляд пустыннікаў, што да адыходу ў пустэльню добра зведалі свет. Яны зналі, чаго ад свету чакаць. Джына, Джыда, Джым і Джэк. Сківіцы і маленькія чырванаватыя вочы маглі застрашыць любога. Пакуль Хведзька нацягваў драты, па якіх сабакі будуць бегаць па перыметры хаты, яны спакойна сядзелі ля ганка і незаўважна азіраліся.

– Зараз гаспадыня вас пакорміць, – Хведзька гаварыў з імі такім самым тонам, як і са мной. – Тут будзеце жыць, я вам казаў. Вартаваць гаспадыню, – Хведзька садануў малатком па пальцы і ціха заскуголіў. Сабакі далікатна адвярнулі морды.

– Зараз дай ім паесці, – распарадзіўся Хведзька, трасучы параненым пальцам. – Ды не бойся ты! Цябе яны не пакусаюць. І нікога з нармальных гасцей не пакусаюць. Разумныя. Людзей наскрозь бачаць, псіхолагі. Зарніцкая ж выхоўвала.

Я з недаверам узяла з рук Хведзькі чатыры міскі з мясам і, пад яго падбадзёрванне, пападсоўвала пад ружовыя сабачыя насы.

Хведзька тым часам на кожным рагу хаты паставіў нешта накшталт партатыўных будак.

– Ну, усё! Паводзь сябе спакойна. Не хлусі ім – яны фальшу страх як не любяць, вось за гэта могуць і грызануць. Калі будуць пытанні – райся з імі, а не – звані мне. Бывай! – і зялёны Хведзькаў пікап знік за хвоямі.

– Прывітанне вам, сабакі! – сказала я, разбіраючы павадкі, каб адвесці іх па месцах службы. – Кажу вам шчыра, без ценю фальшу: не ведаю, каго я цяпер баюся больш – таго, ад каго вы мяне павінны вартаваць, ці вас, вартаўнікоў. Страх перад сабакамі на ўсё жыццё быў загнаны мне пад скуру зубамі вашых калегаў. Дабрацінскія сабакі псіхолагамі, відаць, не былі. А можа, таксама не пераносілі фальшу і наперад бачылі, якой наскрозь фальшывай істотай я зраблюся потым – усе мы зробімся потым, лепш сказаць. І калі Мухтар зрываўся з ланцуга, усё жывое, што магло схавацца, хавалася. Дык скажыце мне адразу, сабакі, як вы ставіцеся да алкаголікаў, бо, зноў-такі скажу шчыра, зараз я хачу трошкі выпіць, то вы хоць не супраць?

Джына, якую я якраз навязвала, падняла цяжкую морду і коратка гаўкнула.

Сабакі з маўклівай цікавасцю назіралі, як я карміла сваю жывёльную каманду (свіння выклікала ў іх асаблівы інтарэс, і яны ажыўлена забразгалі ланцугамі, калі я адчыніла хлеў), насіла ваду, хадзіла ў лёх. Нарэшце з ладнай талеркай яечні са скваркамі і кубкам усё таго ж віскі я прыладзілася ля стала на дварэ.

Гавораць, каб пераадолець цягу да алкаголю, трэба перш-наперш усвядоміць: я алкаголік. Не маю такога жадання. Ну як без алкаголю я перажыла б гэтыя дні? Я палуднавала, прысёрбваючы віскі, і адчувала, як паступова напятае ў грудзях распускаецца. Шумелі над галавой бар’які. Парывы і павевы ветру, рух разнародных малекулаў праз зялёныя шапкі ігліцы, абапал магутных бронзавых камлёў – у любую спёку на вогкі, воглы, сыры гук «ш», вечны гук, арытмічнае дыханне часу. Адна. Раптам я падумала: як жа ж даўно я не была вось так адна, сама з сабой, пад бар’якамі. Адчуванне адзіноты, як некалі даўно адчуванне маладосці, знянацку паднялося з цьмянай сярэдзіны і запоўніла мяне ўсю. Гэта было як вяртанне ў рай, балотны рай адвечнай адзіноты. На чорнай спарахнелай лаўцы, лаўцы нябачных прамінулых гадоў, нарэшце сядзела не дачка, не жонка, не згарэлая маці, не пакупніца і не пакутніца, не кліентка, не грамадзянка, нават не аматарка абсенту – тут сядзела я, галава – два вухі, тахкала маё сэрца, цякла ў цемры кроў, недзе там крылася таксама душа і, бясспрэчна, бесперапынна ішоў працэс атлянення… Не хачу я ні пра што думаць, ні пра смерць бабулі, ні пра Івана Мітрыча, ні пра Аксанку. Да яснай халеры гэта ўсё, а то не вытрымаю.

Я павольна абышла вакол хаты, дала сабакам па скварачцы і вярнулася на лаўку. І тут, як працяг песні, якую я чула ўсярэдзіне, зза дрэваў данеслася:

Тепер я знаю, як буває в осені…

Я чекав. Може, чув, а може ні…

Два галасы, вельмі нізкія, магутныя і, безумоўна, жывыя. Сабакі прыўзнялі галовы, куры замёрлі.

Тут даўно ўжо ніхто так не выспеўваў. Тыя шматгалоссі, што я чула ў дзяцінстве штовечар ля кожнай хаты, калі сонца сядала за Буг, а людзі спявалі, пасеўшы на ганках, аднесены ўжо ветрам гісторыі ў няведамыя выраі. Апошні раз жывую песню я чула два гады таму, калі спраўляла юбілей Ярашыха: на вечаровым дызелі ад’ехала ў Брэст расейская частка радні, пачырванела неба на захадзе і пасінела на ўсходзе, а тыя, хто застаўся, спявалі, здолеўшы, як некалі, падзяліцца на некалькі галасоў. Першы голас цягнулі бабуля, Лёніха і Ярашыха. Ярашыха глядзела ў зямлю, а бабуля некуды ў аблокі, не бачачы іх, а толькі слухаючы, уся ператварыўшыся ў слых і памяць… Здаецца, тады яна спявала апошні раз. Так, апошні раз яна спявала, калі ёй было 95; тады ад яе пачуццяў ужо амаль нічога не засталося… А я не спявала ніколі, калі не лічыць урокаў спеваў у школе.

І сёння песня зноў чулася ад Ярашысінай хаты. Адным глытком дапіўшы віскі, я пайшла на гукі.

Два шыкоўныя хлопцы (мускулы, брытыя галовы з асяледцамі, шырокія худыя твары, шырэзныя джынсы, шырэзныя майкі без рукавоў, ланцугі да жывата) стаялі пасярод двара адзін да аднаго спінамі і выводзілі руляды, ад якіх трапятала лісце вінаграду над іх галовамі. На плоце, на які я сперлася, звінелі глечыкі і слоікі.

Ярашыха бокамбокам, каб не трапіць у камеру, на якую здымаў іх спевы трэці хлопец, падышла да мяне.

– Здарова была! У вас адна курка закульгала, чы ты бачыла?

– Бачыла, цётка. Дзякуй вам, што скорую выклікалі… Каб ня вітэ, мяне б, можа, ужэ й не было б на свеце… І што за хатаю глядзелі… Я аддзячу…

– Заходзь на двор, сядай вуньдзега, паслухай, як хлопцы спяваюць! Аддзячу – яшчэ што выдумай. Яшчэ хабару мне дай!

Ярашыха зноў бокамбокам некуды сышла. Мне спадабалася, што яна не стала распытваць, што са мною адбылося.

Песня скончылася, і да мяне падышоў Мішык.

– Здароў! Ну, як ты пачуваешся?

Я прамармытала нешта.

– Гэта мае сябры, гурт «Ї» з Луцка. На фестываль прыехалі ў Брэст – фестываль сучаснай песні, каб ты ведала.

– Цудоўна спяваеце, – сказала я хлопцам. – Першае месца абавязкова будзе за вамі.

– Ала Бабылёва, – прадставіў мяне Мішык.

– Ні, пані Ала, фестиваль вже скінчився, – сказаў адзін з іх, працягнуўшы мне моцную руку. – В нас – приз глядацкіх симпатій. А перше місце – в білоруски… До слова, продюсер Антон Бабыльов – ваш чоловік? От його протеже якраз і зайняла перше місце.

Я моўчкі глядзела на ўкраінца. Антон заняўся прадусарствам спявачак? Нешта новае. Але ж не выпадае гаварыць, што не ведаеш, чым там займаецца твой родны муж, таму я толькі кіўнула з разумным выглядам.

– Ми домовилися з паном Антоном про гастролі в Мінську. Вельми приємний і діловий в вас чоловік. А тепер от приїхали до пана Міхала, хочемо, щоб дав нам для пісні свого тексту. В його віршах – душа цієї землі…

Хлопец узяў з лаўкі ліст паперы і нізка, з пералівамі, праспяваў:

 
Шелепає вітер, щось шепче – не чути,
Під боки лускоче замерлу калину…
Зжовтілого листя летять парашути
Щебече, як плаче, безчасна пташина…
А в очах стоїть безнадійність порожня,
Нудою мовчання затрушую душу,
І мерві думок дати ради не можна
Бо шарпає вітер, і свище, і сушить…
 

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации