Текст книги "Рыбін горад"
Автор книги: Наталка Бабіна
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Ты нас да шчасця вядзі ўпярод…
Хоць Мішыку, відаць, карцела распытаць, што такое са мной здарылася, але пры хлопцах было няёмка, і гэта дазволіла мне праз пэўны час, пазбегнуўшы непрыемных размоваў, уцячы дадому.
Антон тут быў і не заехаў. Як гэта разумець?
А сёмай я выйшла да мяжы. Хвіліна ў хвіліну зза кустоў, зза Буга данёсся акардэонны акорд, і нябачны хор злучна праспяваў:
Я зараўла «Брава!» і з усяе сілы загрукала паленам у жалезны тазік. Мяркуючы па колькасці галасоў, Зара пашыхтавала на беразе Буга ўсіх беларускіх жыхароў пансіёна. А можа, і не толькі беларускіх, бо, здаецца, трохі чуваць быў польскі акцэнт. Заявілі пра сябе гімнам. Пустых словаў, канечне, ніхто не памятаў, таму інтэрпрэтавалі па-свойму. Адказам на мой грукат былі бурныя воплескі зза Буга. Сеанс сувязі адбыўся.
– Вірыш, Алко, а шо то було? – заінтрыгаваная Лёніха спяшала напярэймы ад сваёй хаты.
– Фесціваль сучаснай песні, цётко!
Вечар быў мяккі, як шаўковая хустка. Я ўяўляла, як цяпер Ленка з дзецьмі з берага Буга вяртаюцца дахаты, уяўляла польскую вячэру, якой іх там частуюць – флякі, сівенькія ліверныя паштэты, салатка з парэю, пірожныя, на стале свечка, можа, грае скрыпка… А можа, святар, гаспадар скансену, з нашых, што ацалелі ў Кастамалотах пасля аперацыі «Вісла» і ўвайшлі ў сілу праз шэсцьдзесят год, і тады на стале гуркі, квас, паляндвіца, і картопля з мясам, і варэнікі, і зноў-такі скрыпка грае…
Ой, десь грає, ой, десь грає,
Скрипка виграває…
А ў мяне на вячэру віскі. І медныя ствалы хвояў навокал. І сонца скосымі промнямі. А квасу няма. Пасля смерці бабулі ніхто больш не гатуе квас, кіслы квас з хлеба, і з цыбуляй. Смак гэтага квасу, безумоўна, лепшы за смак алкаголю, але ў мяне ён не ўдасца. Я, канечне, магу пакласці ў трохлітровы слоік нарэзаны кавалкамі хлеб і заліць вадой, але без бабулі няма каму дадаць туды ні церпкай горычы адзінокіх воўчых зімаў, ні цукру празрыстых восеньскіх дзён, ні адрабінкі паху ядлаўцовага дыму, ні ванілі даўняй, даўняй мелодыі, што плыла калісьці над магутнай цёмнай ракой… У мяне няма ўсіх гэтых прыправаў.
Красамоўная цішыня летняга вечара разлілася лесам, а потым штосілы пхнула мяне ў спіну, і я ўздрыгнула. І так закарцела да бабулі, што я зачыніла хату і хутка, амаль подбегам кінулася на могілкі. Калі лесам, гэта хвілінаў дваццаць хады.
Вечарам на лясных аддаленых могілках бязлюдна. Наведнікаў няма. Толькі тыя, хто на ПМЖ, мае аднавяскоўцы, глядзелі на мяне з авальных медальёнаў помнікаў. Жанчыны ў хустках, збянтэжаныя мужчыны без шапак… І шум бар’якоў над усім. Нікога з іх не саромеючыся, я рухнула на свежую магілу, абхапіла яе рукамі і завыла. Я плакала так, як не дазволіла сабе плакаць на пахаванні. Пясок змакрэў у мяне пад тварам, абсыпаўся пад жыватом. Праз нейкі час я адчула, што на мяне глядзяць жывыя. Двое маладзенькіх памежнікаў стаялі за дротам і пільна сачылі за мной. Могілкі нашыя ў лесе каля самай мяжы, а магіла бабулі – у першым ад яе радзе. Я раззлавалася.
– Што вылупіліся? Спектакль вам тут? Канцэрт «За Беларусь»? Ідзіце адсюль, вартуйце, а то шпіёны набягуць! – злосна кінула я, і двое хлопчыкаў пры аўтаматах і штых-нажах, ні слова не прамовіўшы ў адказ, паслухмяна пакіравалі выконваць свой пачэсны абавязак і неад’емнае права.
Я села і выцерла слёзы. Паправіла пясок на магіле. Лягчэй мне не стала, але, выплакаўшыся, звычайна набываеш сілу жыць далей.
І тут недзе пачулася падазрона знаёмае трымценне роварнага званочка. Зноў Лёніха? Званочак аціх.
Гэта была яна. Не маючы жадання сустракацца з кім бы то ні было, я адрачкавала назад ды схавалася за вянкамі. Лёніха, пэўна, таксама не мела жадання ні з кім сустракацца. Ровар яна пакінула ля брамкі. Азіраючыся, падышла да самага дроту мяжы, паглядзела ўправаўлева, і, гнучыся наперад мацней, чым звычайна, слізганула да склепа.
На нашых могілках ёсць старая каплічка і склеп. Калі і кім яны былі узведзеныя – невядома. Можа, які пан тут жыў і збудаваў іх, не ведаю. У свой час, нягледзячы на забароны дарослых, мы іх грунтоўна даследавалі. У каплічцы захавалася толькі палінялая Матка Божая, а ў невялічкім напаўзаглыбленым у зямлю склепе і ўвогуле нічога, акрамя пылу і павуціння. Адзін кут там абсыпаўся, а з земляной падлогі вытыркаліся карані дрэваў, сваім падабенствам да змеяў надаючы закінутаму склепу яшчэ больш таямнічасці.
Сухая пастава Лёніхі мільганула паміж магілаў і я, ад здзіўлення вылупіўшы вочы, пабачыла, што мая шаноўная суседка, зусім як я сорак год таму назад, пралезла ў маленькае акенца склепа! Карычневая сухая рука ў праёме акна трошкі затрымалася, нешта шчоўкнула – і ўсё сціхла.
Я закрыла рот, высілкам волі вярнуўшы на месца сківіцу. Што гэта значыць? Навошта Лёніха палезла ў гэтае сутарэнне, ды яшчэ проці ночы? Ды яшчэ скрадаючыся, каб ніхто не пабачыў?!
Ціша, якая панавала на могілках у гэты час пачатку прыцемку, падалася мне напружанай. З-за помнікаў паціхеньку выходзіў сіні змрок, з лапаў хваін сыпаўся дробненькі бліскучы флёр часу… Недзе пранізліва, на адной ноце загула сігналізацыя. І знянацку, як тады ноччу на гародзе, я пабачыла за паласой агромністую белую постаць. Яна плыла над зямлёй, адлятаў назад белы балахон, і нешта страшнае чарнела на месцы галавы… Прывід набліжаўся да мяне.
Нервы ў мяне ўсё ж зрабіліся неважнецкія. Я ледзьве стрымалася, каб не закрычаць.
Раптам прывід знік некуды, як не бывала. Вось быў, быў, імкліва плыў над травой, і раптам прапаў. Як пад зямлю праваліўся. Нервы ў мяне здалі, і я панеслася адтуль пярэмутам. Як яшчэ інсульту не здабыла, па ўзросце мне належнага…
Мне не было страшна ісці лесам да могілак – бо што будзе суджана, тое не будзе адчуджана. Мне абсалютна не было страшна вечарам на могілках – урэшце, тут ляжалі многія блізкія і родныя мне людзі, і продкі мае і гэтых людзей, і ніводзін з іх, я пэўная, не зрабіў бы мне нічога благога ні жывым, ні мёртвым… Але гэтая гіганцкая прывідная фігура сталася той кропляй, што перапаўняе кубак. Мой кубак перапоўніўся. Вытлумачыць тое, што пабачыла на свае вочы вось ужо другі раз, я не магла. Я хуткахутка пайшла прэч, разпораз аглядаючыся, бо мне здавалася, што за маёй спінай бязгучна ўстае зпад зямлі белы прывід. Не важна, што мне пяцьдзясят, не важна, што вакол шумяць машыны ды дызелі, гудуць правады, скрыжоўваюцца электрамагнітныя хвалі… Укаранёны за вякі, а можа, і прыроджаны страх, боязь нячыстай сілы, адчуванне сваёй поўнай безабароннасці падняло мяне з зямлі і стрымгалоў пагнала з могілак. Сэрца маё калацілася аб грудзіну, я задыхалася ад бегу і разпораз азіралася – мне здавалася, што за мной гоніцца нешта з разяўленай акрываўленай пашчай…
Ноччу я ляжала без сну. Час ад часу пагаўквалі мае вартаўнікі, шумелі машыны на шашы, выла сігналізацыя на мяжы – звычайныя начныя гукі. Было вельмі цёмна, ледзьледзь можна разгледзець вокны. Пякла рана на спіне, і я варочалася, шукаючы і не знаходзячы зручнай позы.
І чаго, калі добра падумаць, я папёрлася проці ночы на могілкі? Такога страху нацярпелася, зноў падглядзела нейкую чужую таямніцу. А хіба ж бабуля там, у магіле? Калі дзе і засталося ад яе нешта, то тут, дома. Тут, дома, дзе год за годам цякло яе жыццё, а не там, на могілках, дзе закапалі яе цела на трэці дзень пасля смерці. Прыпадала да магілы! Бач, сантыменты! Бабуля ніколі б так не зрабіла. Гэта было зусім не па-ейнаму. Не, гэта ўсё віскі! Алкаголь! Піць не трэба, то жыць спакайней будзе! І далей, калі ўжо нячыстая прынесла цябе туды, калі ты ўжо спрычынілася да чужой таямніцы, то трэ было разгледзець як след, куды палезла Лёніха, што за сатана боўтаўся за мяжой, куды ён падзеўся? Калі ў склеп пралезла Лёніха, трэ было палезці і табе! І што б я там пабачыла? – запярэчыла я сама сабе, і ўяўленне, трэніраванае кнігамі Стывена Кінга, адразу паказала, што: сатана ў белых апранахах у закінутым склепе смокча кроў з Лёнісінай шыі… Я чарговы раз крутанулася ў ложку.
Не, гэтак не пойдзе. Якая вось толькі што мільганула прадуктыўная думка? А, што бабулю варта было б шукаць – калі ўвогуле яе можна знайсці – не на лясных могілках, а тут, дома. У прыступе тугі і бяссоння я адкінула прасціну, устала, і, не запальваючы святла, навобмацак, праз кухню, падалася да бабулінага пакоя, да «той хаты». Вось так і бабуля штоночы хадзіла, не запальваючы святла. Яна часта ўставала ноччу. І пад яе босыя ступакі траплялі пясчынкі, ігліца, трэскі, сухія галінкі. Ступакі ў мяне такія ж – шырокія, з вялікімі косткамі і шурпатымі, з трэшчынамі, пятамі, і ігліца на падлозе цяпер трапляецца. Але я ніколі не адчую сябе ёю, Макрыняй, старою і моцнаю жанчынай з цяжкім характарам. Якая мяне гадавала. І выгадавала. Пра якую я мала што знаю і не даведаюся больш нічога. Не даведаюся, пра што яна думала, ходзячы штоночы па хаце – спачатку старой, драўлянай, потым пераробленай і разбудаванай. Ці была яна хоць калі-небудзь шчаслівая? Я пра гэта ніколі не пыталася, а зараз ні сілы майго ўяўлення, ні сілы розуму не хопіць, каб знайсці адказ. І яшчэ аднаго адказу я не ведаю, адказу на пытанне: ці адчую я сама калі-небудзь сябе шчаслівай? Ці хоць раз адчую сябе шчаслівай за ўсе тыя гады, што засталіся мне?
У «той хаце» ўсё як пры бабулі. Ложак, стол, вышываныя карціны на сценах – дама з аленем, пара танцуе кракавяк, васількі цвітуць… І пахне, як пры ёй – яе целам, саломай з матраца, пер’ем і трохі пяском. Я села на ложак і заплюшчыла вочы. Ні павеву, ні дотыку… На двары пад акном гаўкнула Джына, бразнуў яе ланцуг. Я прыўзняла фіранку і нават не здзівілася: нечая постаць чарнела за плотам. Нехта, хто б гэта ні быў, глядзеў на дом сярод ночы. Постаць рушыла ўздоўж плота, пабегла па сваім дроце і Джына, падала голас і забегала Джыда… Я пераходзіла з пакоя ў пакой, ідучы за тым, хто абыходзіў хату знадворку, а паміж намі неспакойна бегалі сабакі. Абышоўшы поўнае кола, вярнулася ў «тую хату». Цёмная постаць, пастаяўшы, адступіла ў цемру.
Называй рэчы сваімі імёнамі
Антон жорсткім, кароткім рухам падсунуў да мяне паперы.
– Зразумей, мне гэта проста неабходна.
Мы сядзелі ў двары, за старым драўляным чорным ад часу сталом; Антонаў «мерсэдэс» пабліскваў за плотам, мужыкі, з якімі разам ён прыехаў, пайшлі гуляць па лесе, а мой муж – згодна з дакументамі, ужо сямнаццаць год як былы, – холадна глядзеў на мяне і гаварыў: – Давай называць рэчы сваімі імёнамі. Ты, дакладней, некаторыя факты з тваёй біяграфіі, будуць у маёй перадвыбарчай кампаніі камянямі, якія пацягнуць мяне на дно.
«Але ж гэта было сямнаццаць год таму!» – хацела сказаць я, і ён нібыта пачуў:
– Прычым табе шанцуе на розныя гісторыі. Так, сямнаццаць год таму, так. Спатыкнулася жанчына, бо перажыла трагедыю, але выправілася, вярнулася да нармальнага жыцця, – ён імкліва і раздражнёна ўстаў і захадзіў перад лаўкай. – Крымінальная справа закрытая, але ж у архівах яна засталася, і яе абавязкова дастануць! Зразумей, у нас адзінае выйсце – зрабіць так, як я табе прапаную: аформіць дакументы заднім днём, нібіта мы ўжо тады былі ў разводзе… Гэта адзіная магчымасць вывесці цябе зпад агню і мяне зпад агню. Я пра ўсё дамовіўся, ёсць людзі, якія падпішуць. Гэта трэба для нас абаіх…
Антон прасіў падпісаць дакументы, згодна з якімі мы нібыта аформілі развод сямнаццаць год таму. Ашаломленая, я перабірала іх, намагалася прачытаць і не магла зразумець ні слова. Як жа разанула па сэрцы гэтае «табе шанцуе на розныя гісторыі»…
Мне зноў прыйшлося апусціць галаву, як некалькі дзён таму, калі тым самым папракала мяне сястра. Але цяпер, разам з пачуццём правіны, якое для мяне зрабілася ўжо звыклым і неадступна суправаджала столькі год, хваля раздражнення паднялася насупраць такой самай хвалі, якую выпраменьваў Антон. «Але ж не ты тады займаўся маімі справамі, а Улянка! Табе было ўсё адно, хай бы я там і здохла на вуліцы Люксембург, хай бы мяне і ў турму на ўсё жыццё пасадзілі!»
– І твая сястра дае жару, – Антон хадзіў туды-сюды ўсё большымі коламі і выказваўся: – Працаваць на мяне яна адмовілася, а стала даверанай асобай Гарабца. Жонка-наркаманка і яе сястра-нацыяналістка! Добры прыкуп для прэзідэнцкай кампаніі…
Я шырока расплюшчыла вочы: Уляна – давераная асоба Гарабца? Гэта навіна. Гарабец быў адным з тых палітыкаў, якіх ведала нават я. Ды яго нават і палітыкам не назавеш, прынамсі, абавязковай усмешачкай ён усміхацца не ўмеў. Ён да апошняга заставаўся ў краіне і толькі пасля замаху, у якім ён цудам ацалеў, быў вымушаны з’ехаць. За мяжой ён не пакінуў дзейнасці, і рапухі ў тэлевізары працягвалі раз на тыдзень выкрываць гэтага палітычнага папрашайку. Не рэагаваць яны не маглі. Нават тыя, хто не слухае радыё «Свабода», былі ў курсе ягоных справаў: сёння яго прыняў прэзідэнт Польшчы, учора ён выступаў у Сенаце ЗША, заўтра – у ААН. Праз недагляд ці праз жаданне прымножыць колькасць апазіцыйных кандыдатаў у законе не знайшлося прычэпак, каб забараніць удзел у выбарах чалавеку, які знаходзіцца за мяжой, таму выбаркам яго зарэгістраваў кандыдатам. Праўда, рапухам памянялі тактыку, і пра яго, як і пра ўсіх астатніх альтэрнатыўных кандыдатаў, перасталі нават згадваць. І даверанай асобай гэтага чалавека была мая сястра!
Антон сцішыў голас.
– Да цябе ўжо прыходзілі з тэлебачання? Яшчэ не? Прыйдуць канечне. Да мяне прыходзілі, пыталіся пра цябе і тваю сястру. Я сказаў, што нічога не ведаю, што мы сямнаццаць гадоў не жывем разам, і што я яшчэ тады згубіў з табой усялякія кантакты. Пасля гэтага візіту я і вырашыў прасіць цябе пра тое, пра што прашу – калі ласка, не губі нас, давай аформім развод! Вось дакументы на кватэру – я купіў табе двухпакаёўку на Чырвонаармейскай. Ведаеш, я ўжо адвёз туды твае рэчы. Вось ключы. Падпішы дакументы, і калі да цябе прыйдуць – прашу толькі пра адно: скажы тое ж, што і я – што не маеш са мной ніякіх кантактаў.
Выраз «адняло мову» мае не толькі пераносны, але і прамы сэнс. Я хацела гаварыць, але звязкі звяло. Ён хоча адкупіцца ад тэлерапух адрачэннем ад мяне. Наіўнасць ці проста нагода, каб зрабіць тое, што даўно хацелася?
А з яго тварам нешта рабілася. Суровы твар з халоднымі вачыма, але ў выразе вуснаў, іх складцы трымцела нешта… Каб не бачыць, як ён заплача, я хутчэй узяла ручку і паставіла на дакументах свае подпісы.
Ён сказаў «дзякуй» і ўмелым жэстам згроб у стос паперы. Трохі павагаўшыся, ён нахіліўся, каб мяне пацалаваць. Я адхіснулася. Ягоныя ахоўнікі ці дарадцы, але выглядам хутчэй ахоўнікі, скоса паглядаючы, трымаючыся наводдаль, прайшлі да машыны, і «мерсэдэс» ад’ехаў.
…Добра памятаю, як калісьці ў студэнцкія гады пасля лыжнай прагулкі або падчас гульні ў баскетбол з сярэдзіны раптам паднімалася пачуццё «я маладая», пачуццё мускульнай радасці, пачуццё свята; памятаю, пасля родаў таксама нечаканае пачуццё «я – гэта жыццё», і ўрачыстую музыку, маю музыку, якая гучала ўва мне тады. Цяпер жа я таксама выразна і таксама поўна, як калісьці маладосць і мацярынства, зноў адчула тое, што цьмяна і падспудна адчуваю ўжо сямнаццаць гадоў: я – старая, старая і вычарпаная.
І яшчэ я падумала, што на працягу ўсёй размовы з Антонам, пасля таго, як ён выказаў сваю просьбу, я не сказала ніводнага слова.
Старасць – гэта маўчанне.
Я адчуваю сябе старой
З-за лядоўні я дастала віскі. «Джэк Дэніэлз». Верны, хай сабе і падступны сябар, пякучы пярэварацень.
Думкі блыталіся хвастамі, чапляючыся адна за другую.
Пра што цяпер трэба думаць? Стукаючы рыльцам бутэлькі аб кубак, я наліла сабе.
Трэба супакоіцца. Трэба ўзяць сябе ў рукі. Глынула, прайшла і села на ганак. Перада мной рассцілаўся краявід, знаёмы з дзяцінства: шаты бар’якоў, далей лугавіна з купінамі аплеценых ажынамі ракітаў, пясчаныя выдмы з купкамі ядлоўцу, між іх дарога. Шэрае, зялёнае, гаркавае ўбранне зямлі. Вужыныя зялёныя сцежкі, чорныя – чалавечыя. Шулякі ў небе, над імі – шляхі самалётаў.
Я старая. Старая, якая, адставіўшы кубак, плача на ганку, а куры стаяць навокал, схіліўшы набок галовы.
Праз некалькі хвілінаў старая абцёрла слёзы, схадзіла па пшаніцу і сыпнула яе курам, зноў уселася на ганак і ўзялася за кубак.
Чарговая порцыя навінаў. Халера, час было б ужо звыкнуць за гэтае лета! Антон кінуў мяне, як недакурак, бо я замінаю. Чалавек, якога я кахала і лічыла сваім мужам ад Бога, трываў мяне побач толькі па інерцыі. І як даўно? Мо з самага пачатку? Крыўда расла ўва мне прапарцыйна выпітаму. А напэўна ж, цяпер такім самым чынам, заднім днём, ён аформіць шлюб з якой-небудзь больш прыдатнай для ягоных мэтаў асобай: якойнебудзь, блін, жалезнай бізнэслэдзі ці, наадварот, мурмурачкай з блакітнымі вочкамі… Вось шкада, не спытала, якая такая будзе лічыцца яго жонкай… Лічыцца? Гэта я толькі лічылася… Мо ў яго ўсе гэтыя гады была другая сям’я, сапраўдная? Бо якая з мяне, сапраўды, жонка?
Пасля смерці дачкі, пасля таго, як я зразумела, што больш не зацяжару ніколі, мяне скінула з катушак, і, шчыра кажучы, мне гэта было да фені. У Менску ёсць запаветныя месцы, і хліпкія цені, што туляюцца там, маюць многа сапраўды чалавечых якасцяў. Антон угаворваў мяне і вадзіў да прыватных дактароў (яны ў той час асабліва не афішавалі сваёй дзейнасці), Улянка ўгаворвала і нават біла, і зноў-такі вадзіла да дактароў, але я збягала і зноў напівалася. Я адчувала, што тупею, у мяне пачала балець пячонка, але і гэта мяне не абыходзіла. Не думаць пра сваіх дзяцей, якія ніколі не народзяцца, пра гэтыя навек замураваныя ўва мне зародкі, якіх ніхто не пабудзіць, мне ўдавалася толькі ў кампаніі маіх люксембургскіх ценяў. Там ведалі рэцэпты.
Потым я сустрэла Гошу. Ён не быў падобны да ценю – вялікі, спакойны, з шырокім прыемным тварам, ён выпраменьваў прывабнасць. Мы з ім пасябравалі. Ні на якое каханне я тады не была здольная ні духоўна, ні фізічна, а вось сябрам яго лічыла. Як высветлілася потым, ён выкарыстоўваў многа такіх дурніц, як я. «Слухай, па-сяброўску, аднясі, калі ласка, гэты пакунак на гэты адрас, а? А то я не паспяваю». Сама не ведаючы таго, я зрабілася наркакур’ерам. Не, я здагадвалася, вядома, тым больш, што і сама на той час ужо была наркаманкай, але і гэта мне было да фені. Адзін раз ён адправіў мяне з чарговым даручэннем, даў ключ, наказаўшы пакінуць пакет там і там, потым замкнуць кватэру і вярнуцца. У кватэры, куды я прыйшла, на ложку ў спальні ляжаў мёртвы хлопчыкпадлетак. Не паспела я закрычаць, як у кватэру ўварваліся міліцыянты, накінуліся, скруцілі рукі. Разгарнулі пакунак, які я трымала ў руках, – там быў гераін.
Так я апынулася ў турме. Паўтара года. На Валадарцы. Там, у турэмнай бальніцы, мяне лячылі ад наркаманіі – і хто прайшоў праз гэта, пройдзе праз усё іншае. Так, прынамсі, я тады лічыла.
Сястра, з якой да таго мы год не размаўлялі, прыйшла да мяне адразу, як дазволілі спатканне. Выглядала яна такой сама змарнелай, худой і жоўтай, як я, хоць і не сядзела ў турме. На той час справа была ўжо абсалютна ясная: абаяльны Гоша кіраваў цэлай наркасеткай і спакойна і спрактыкавана час ад часу падстаўляў такіх лапухоў, як я, каб адвесці небяспеку ад сябе і іншых акулаў гэтага бізнэсу. Ён дзейнічаў беспамылкова: калі ад перадазавання памёр шаснаццацігадовы хлопец – магчыма, на вачах Гошы, – ён накіраваў мяне да яго дадому якраз у той час, калі туды павінна была прыбыць міліцыя. Усё было разыграна, як па нотах. Міліцыя мела труп наркамана і мяне – з доказам злачынства, з гераінам. Апошняе іх радавала. Мне свяціла нямала. Гоша пералёг у іншы бярлог, і ўсе мае тлумачэнні павіслі ў паветры: ніхто не жыў па названых мной адрасах, ніхто не бадзяўся ў тых дамах, у тых завулках… Следчы – яго прозвішча я тут, канечне, не назаву – мне не верыў. Не паверыў ён і Улянцы, але сустракаўся з ёй некалькі разоў. Карацей, з улікам майго мінулага мне прысудзілі 1,5 года і час знаходжання Ў СІЗА залічылі як час адбыцця пакарання. З суда я выйшла на волю.
Улянка вяла мяне пад руку, Антон ішоў побач, але я была не з імі.
Бруд і боль турэмнага жыцця не дратавалі мяне так, як усведамленне таго, што я – хоць і ўскосна, хоць і міжволі – спрычынілася да смерці хлопчыка. Твары ягоных бацькоў на судзе… Не, мне гэтага не забыць.
Навучаная досведам, я больш не тулілася ні да людзей, ні да ценяў – проста купляла выпіўку і надзіралася на самоце.
Чаму Антон не развёўся са мною тады? Тады гэта было б мне не так балюча. Я тады наогул мала што адчувала.
Час ад часу, з пляшкай у торбе, я кіравалася па вялікім коле: радзільня на Падлеснай, 2-я бальніца, Бараўляны, Паўночныя могілкі… Пад кожным плотам я выпівала па глытку. Аднойчы ў выніку заснула на той самай рашотцы гастранома ля другой бальніцы, на якой звалілася тры гады таму, у дзень, калі першы раз даведалася пра дыягназ дачушкі. І мяне зноў падняла Вайцяшонак – са сваім сабачкам, бы нейкі вартаўнік, яна абыходзіць менскія вуліцы, у тым ліку і дзеля таго, каб падымаць з бруднага снегу азызлых п’яных душагубцаў. Праз тыдзень яна ж адвезла мяне ў Навінкі. Там лячылі калі і не турэмнымі, то вельмі блізкімі да іх метадамі, бясплатна, мо таму я і выкараскалася. Адносна. Падвысіла свой статус: мяне перавялі з алкаголікаў у п’яніцы. Але за мной заўжды сочаць і, у прыватнасці, сочаць, каб дома не было алкаголю.
Але годзе ўжо, чаго гэта я кінулася ва ўспаміны? Навошта рваць сэрца? Усё пагашана попелам.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?