Текст книги "Тэорыя змовы"
Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
6
Скіргайла ўчарэпіўся ў халодны замкавы зубец і асцярожна глянуў наўсцяж.
З высокага мураванага бастыёна адкрывалася начная панарама невядомага сярэднявечнага горада. Змрочныя камяніцы нагадвалі карпусы лепразорыя. Вузкая рака курэла між каменных берагоў, і яе зеленкаватыя воды патыхалі цвіллю. Ад цёмных зарэчных кварталаў раз-пораз даносіўся пераможны быдлячы лямант. Ані патрыятычных сымболяў, ані іх абаронцаў не назіралася, і гэта крыху засмуціла адраджэнца.
– Няўжо наша сталіца такою была? – маладзён пашукаў вачыма вежу Гедыміна, але не знайшоў. – І ў якое ж некультурнае мястэчка я патрапіў?!
Паэт бездапаможна азірнуўся. За ім стаяла маладая сціплая брыгітка. На грудзях срабрылася эстэтнае ўкрыжаванне. Сінія вочы ззялі цнотай і міласэрнасцю. І толькі па хвасце з бухматым пэндзлікам, што выторкваўся з-пад прыполу, у мнішцы можна было пазнаць нядаўнюю спакусніцу.
– Вітаю спадара Скіргайлу ў сталіцы Высокага Адраджэння! Яно ж Квартачэнца, яно ж Рэнесанс, – добразычліва дэкларавала сінявокая. – Гэта Рым, год тысяча пяцьсот дваццаць сёмы. Замак Сан-Анджэла, рэзідэнцыя пантыфіка Клімента VII.
Скіргайла недаверліва задраў падбароддзе, аглядаючы цыклапічны каменны барбакан. На самым версе, між дрыготкіх нябесных сузор’яў, прастаў крылы каменны анёл з доўгім мячом у руцэ. У пустых вачніцах адбівалася мярцвянае святло маладзіка.
– І што… найвялікшая суперзброя цывілізаванага свету цяпер тут? – сумеўся паэт.
– Пакуль тут. Астатняе залежыць ад цябе, – падступна нагадала красуня.
Скіргайлавы вочы ўжо прызвычаіліся да сярэднявечнай цемры. З хаосу пакрысе праступалі постаці, фарбы і гукі. Змрочная камяніца насупраць аказалася жаночым кляштарам. Адтуль наплываў густы, бы з куфля, бом, і крышталёва празрыстыя галасы выводзілі суворы грыгарыянскі харал «Stabat mater». Па рэчцы чарадой праплыў тузін раздзьмутых нябожчыкаў. Паэт здрыгануўся і рэфлекторна адсунуўся ад мураванага зубца.
– Што паробіш! – фальшывая мнішка апярэдзіла пытанне. – Чарговае нашэсце чарговых вандалаў на Вечны Горад!
Юнак тужліва маўчаў. Ён нагадваў летуценніка, які мроіў пра вясёлку, але патрапіў пад халодную залеву. Пахабная рэчаіснасць у каторы раз перамагла светлыя адраджэнскія мары.
– Але ж я… сапраўдны дробны паплечнік тытана Адраджэння? – нясмела нагадаў Скіргайла.
– Усё згодна кантракта, – азвалася панначка крыху загадкава і адступіла ў цемру.
Раптам па-над стромаю Тыбра разнеслася паскуднае гергетанне. З-за моста Элія Адрыяна грымнула, ажно вушы заклала. У рачных хвалях раскрышылася святло паходняў. Па мурах засноўдалі інфернальныя цені.
Скіргайла сфакусаваў зрок. Па мосце тупацеў натоўп бруднага і агрэсіўнага быдла. Барадаты фацат у рагатым шаломе з доўгімі драбінамі на плячы рушыў паперадзе. На суседнім бастыёне неадкладна высунуліся швейцарскія гвардзейцы. Зашкварчэла смала ў катлах, каля бамбардаў запаліліся кнаты. Але ж рагатыя і не збіраліся штурмаваць Сан-Анджэла; жаночы кляштар відавочна быў для іх больш прывабнай мэтай.
– І дзе падзеўся гэты дробны ўрод?! – прагучала над вухам лацінай, і малады спецыяліст са здзіўленнем адзначыў, што ўсё разумее.
Не паспеў Скіргайла хаўкнуць, як атрымаў ашаламляльнага выспятка і склаўся скобкай. Грудзі хрумснулі аб халодныя камяні. У дупе прыпякло. У кішэні тужліва ценькнула пляшка «Аліварыі», абачліва прыхопленая з таргачоўскага ДК.
– Стой непарушна! – шляхотны маладзён у ядвабным камзоле ўсклаў на скіргайлаву спіну цяжкую рулю аркебузы, – зараз я яго нарэшце заб’ю!
Паэт палахліва ўцягнуў голаў у плечы і неўпрыкмет глянуў наніз. Агрэсіўныя дзецюкі ўжо абклалі жаночы кляштар. Правадыр у рагатым шаломе з энтузіязмам караскаўся па хісткіх драбінах. Следам з юрлівым мэканнем сунулася зграя п’яных хаўруснікаў.
– Пэўна, усіх рымскіх курваў яны ўжо перадушылі, і таму ўзяліся за Хрыстовых нявестаў, – аркебузер ззаду Скіргайлы рашуча скіраваў рулю на драбіны, прыстаўленыя да кляштарнай сцяны. – І адно быдла, быдла навокал… У які змрочны час мне даводзіцца жыць! Ну чаму я не нарадзіўся за часамі якога-небудзь Марка Аўрэлія?
На замкавы зубец лёг выразна акрэслены цень. Адраджэнец, па-ранейшаму стоячы рачкі, асцярожна скасавурыўся на сухенькага дзядка са срэбнай барадой. Доўгі барвовы плашч прыкрываў кволую постаць. Вытанчаная рука ўпэўнена сціскала высокі посах. Залаты пярсцёнак мігцеў у цемры чароўнай знічкай.
– Месір, пэўна, забыўся, што горад Святога Пятра насяляюць не толькі грэшныя сін’ярыты і Боскія служкі, – аўтарытэтна абверг стары. – Не перавяліся яшчэ і высакародныя адраджэнцы!
– А нягож, не! – паспрабаваў уклініцца ў дыспут Скіргайла, але трапны ўдар па дупе прымусіў яго зноў стаць рачкі.
– Большасць высакародных адраджэнцаў сканала ў вендэтах, – у голасе аркебузера напяліся і зазвінелі драматычныя струны. – Ацалелыя прафукалі свой Рэнесанс за спрэчкамі і п’янкамі. А тыя адраджэнцы, каторыя могуць яшчэ пахваліцца рэшткамі розуму, паводзяць сабе нават горш за грэшных сін’ярытаў. З тае прычыны нашым краем і апанавала рагатае быдла… Але ж адкуль яго столькі бярэцца?!
– Быдлам не нараджаюцца, а становяцца, – са стомленай посмешкай патлумачыў срэбнабароды. – Але ж быдлізацыя людзей адбываецца неверагодна хутка. Як толькі чалавек перастае самастойна думаць, у яго неадкладна адрастаюць рогі, а мозг адпаведна змяншаецца ў аб’ёме. Неўзабаве рагаты існуе адно на рэфлексах, а таму перастае ўсведамляць гісторыю, культуру, мастацтва, паэзію, адукацыю, пісьменнасць і нават гігіену. Мова яму таксама непатрэбная; дастаткова выклічнікаў, жэстаў і мацюгоў. Праз пэўны час быдла збіваецца ў статак, каб мэкаць ва ўнісон і грызці агульныя ночвы. Але ж кожны рагаты статак рана ці позна ўпадабае Казёл і павядзе яго ў пекла…
– І такіх – цэлы народ! – пыхліва нагадаў маладзён у ядвабным камзоле.
Скіргайла салідарна залыпаў рахманымі, бы ў цяляці, вачыма; маўляў, і з нашым тупарылым быдлячым народам Казла ніколі не зрынуць! Аднак выказаць рэспект і ўважуху не выпадала: аркебузная руля прыціскала адраджэнскую спіну, бы тая чыгуначная рэйка.
– Але хто сказаў, што народ заўжды мае рацыю? – ласкава запярэчыў дзядок.
– Усе так кажуць! Вось і некаторыя адраджэнцы…
– Калі Збаўца ўязджаў у Іерусалім, народ радасна вітаў яго пальмавымі галінкамі. Неўзабаве той жа самы народ лямантаваў «Укрыжуй Яго!» На быдлярства можа захварэць хто заўгодна… Нават цэлы народ! Але і ад гэтай хваробы можна і варта пазбавіцца. Трэба толькі навучыцца думаць і паважаць саміх сябе. І калі самае зацятае быдла нарэшце ўсвядоміць сябе людзьмі, то неадкладна скіне рогі і вырачацца свайго казла…
– Як той казаў, раней каменны анёл Сан-Анджэла ўздымецца ў нябёсы, чым мы дажывем да гэтай светлай часіны! – скептычна азваўся аркебузер у ядвабным камзоле.
Тым часам штурм жаноцкага кляштара працягваўся. Фацат у нялюдскім шаломе дасягнуў другога паверха, з асалодай высадзіў вітраж і пераможна мацюгнуўся.
Рука з мігатлівым пярсцёнкам уладарна прыўзнялася над зубцом.
– Калі месір не будзе такім гаваркім, то першым да тае часіны не дажыве іх правадыр! – дзядок з нечаканым азартам перажагнаў аркебузу. – Страляйце ж, слынны адраджэнец! І, клянуся Целам Хрыстовым, зараз на аднаго казла ў свеце паменее!
Па-над самым скіргайлавым вухам цяжка грымнула – паэт злякана ўцягнуў голаў у плечы. Раскудлачаны пыж пакружляў у начным паветры і паволі паляцеў з бастыёну. Рагаты паскуднік цяжка пахіснуўся ў асветленым акне і навярнуўся. Бразгат латаў давёў, што цела дасягнула бруку. П’яныя хаўруснікі, пазбаўленыя правадыра, бязладна пасунуліся за Тыбр.
Цяжкая руля нарэшце паднялася ад паэтавай спіной. Адраджэнец ганарліва выпрастаўся і, шліфуючы ў галаве прывітальную фразу, павярнуўся да шаноўнага спадарства. Але прадставіцца так і не паспеў: брутальны ўдар шляхотнага бота адкінуў яго далёка ўбок, і паэт зацкаваным кацянём слізгануў за мураваны зубец.
Пякучая крыўда душыла Скіргайлу. Роля падстаўкі для аркебузы, хай нават і адраджэнскай, падавалася відавочна ганебнай. Ён ужо сабраўся было выказацца з гэтай нагоды з імпэтам і ад душы, але рэпліка аркебузера прымусіла неадкладна забыцца на ўсе знявагі.
– Ваша Свяцейшаства, а чаму мы, маючы ў Сан-Анджэла найвялікшую зброю цывілізаванага свету, мусім карыстацца прымітыўнымі бамбардамі, арбалетамі і аркебузамі? Дастаткова аднаго толькі руху, і…
Каламутны маладзік зваліўся за зрэз хмараў. На фартэцыю насунуліся вільготныя начныя цені. Паэт нашаторыў вушы, напружыўся і завібраваў.
– Пра тое, што Дзіда Лангіна ў Сан-Анджэла, ведаем толькі мы з вамі! – дзядок у барвовым плашчы паглядзеў на аркебузера з нечаканай суворасцю. – Дробнага ўрода пад увагу не бярэм… Гэта яшчэ не адраджэнец. У адрозненне ад тых, хто са зброяй у руках бароніць святыню. Але мне зусім не хочацца, каб нашыя аркебузеры, арбалетчыкі і бамбардзіры дазналіся пра суперзброю. Інакш яны забудуцца на свае абавязкі, спадзеючыся адно на Дзіду. Нашто ўводзіць іх у спакусу?
– Менавіта таму Ваша Свяцейшаства і замовілі мне выштукаваць копію?
– Падробку, – спагадліва паправіў срэбнабароды. – Падробкі заўсёды лепшыя за арыгіналы. Іх ствараюць па пэўных замовах для канкрэтных нагодаў, а таму яны вызначаюцца дакладнасцю і выключаюць двухсэнсоўныя тлумачэнні. Падробка застанецца тут… А праўдзівую Дзіду Лангіна мы пераправім у такое месца, дзе ніякае быдла не здагадаецца яе нават шукаць.
– Ці далёка?
– На самы скрай цывілізаванага свету, – стары сцішыў голас да змоўніцкага шэпту. – Увесь час забываюся, як тая зямля завецца… Ці тое Сарматыя, ці тое Літва. На беразе Барысфена стаіць нейкі Таргачоў, уладарніцтва пляменніцы слыннага міланскага герцага Людовіка. Аўгусцейшая Бона Сфорца д’Арагона, жонка тамтэйшага караля Жыгімонта – мая кузіна.
– Няўжо ў гэтай дзікунскай краіне таксама вядуцца нейкія адраджэнцы? – не паверыў маладзён у ядвабным камзоле.
– І нават свядомыя! Яны і ўратуюць святыню. Галоўнае цяпер – незаўважна для ўсіх пераправіць Дзіду туды.
– Але ж місія цалкам невыканальная! Наша фартэцыя ў шчыльнае аблозе.
Дзядок задуменна паглядзеў на каменнага анёла. Доўгі меч пагрозліва блішчэў у святле паходняў. Жалезныя крылы выразна акрэсліваліся на тле глыбокага зорнага космасу.
– Мой нунцый Францыск Гастэла здолее выканаць і не такі загад, – загадкава патлумачыў срэбнабароды. – Нунцый – таксама адраджэнец?
– Ён пакляўся мне ў вернасці на Мадоне Рафаэля! А цяпер, месір Бенвенута, я хацеў бы паглядзець на выштукаваную вамі падробку.
Крокі і словы сцішыліся ў замкавай анфіладзе. Скіргайла нясмела выбраўся з-за каменнага зубца. Зрок, слых і розум відавочна не маглі сінхранізаваць атрыманую інфармацыю. Малады спецыяліст намацаў у кішэні пляшку «Аліварыі», і гэта крыху замірыла яго з рэчаіснасцю.
З цемры бліснула вытанчаная лытка, аблітая клятчастым капронам.
– Спадар Скіргайла нечым незадаволены? – зацурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.
– А чаму гэтыя фацаты называлі мяне, адраджэнскага паэта, дробным уродам? – Скіргайла нервова каўтануў з рыльца.
– Таму што ты насамрэч і ёсць дробны ўрод! – сінявокая брыгітка эфектным рухам паднесла да скіргайлавага твара люстэрка.
Адраджэнец глянуў і скамянеў у паралюшы. Мозг актыўна адмаўляўся ўсвядоміць інфармацыю, баронячы крохкі розум…
Са срэбнага прамакутніка на Скіргайлу глядзеў сумны карлік у блазенскім каўпаку з бліскучымі шархунамі – рыхтык, джокер са старасвецкай картачнай калоды.
Доўгі хвост з дагледжаным пэндзлікам зашархацеў пергаментам з адбіткам казлінага капыта.
– Чытай сам. Згодна «Кантракту на запродаж душы», ты – дробны паплечнік вялікага адраджэнца, – пякельная прыгажуня вяла сваю лінію з прагматычнасцю бульбакапалкі. – Твой гаспадар – месір Бенвенута Чаліні, адраджэнскі тытан, ювелір, штукар і бамбардыр. А ягоны нядаўні суразмоўца, срэбнабароды дзядок з высокім посахам – Папеж Клімент VII з роду Медычаў, праўдзівы сваяк каралевы Боны з роду Сфорцаў. Дзіда Лангіна ўсё яшчэ тут, у Сан-Анджэла. Але завалодаць ёй можна толькі ў тваім цяперашнім абліччы…
Скіргайла мужна праглынуў слёзы.
– І я магу здабыць суперзброю для Беларусі? – самааддана запытаўся ён.
– З маёй дапамогай. Слухай і запамінай…
Халодны змрок канчаткова апанаваў Вечным Горадам. Нізкія хмары паволі ахутвалі замак Сан-Анджала. І толькі каменны анёл-абаронца ганарліва прастаў крылы па-над фартэцыяй, і яго доўгі меч пранізліва залаціўся ў зманлівым месяцовым святле.
7
Рука з гострым пінцэтам хіжа ўзнеслася над спіною пуцаценькага і тарганула з крывавай ранкі бялюткую стрэмку. Немаладая доктарка-педыятр у залатых акулярах крытычна агледзела пёрка на святло. Пінцэт дзінькнуў у стэрылізатар.
– Птушыны грып? – напружыўся Талаш.
– Можа, наступствы Чарнобылю? – шурпатая далонь Талашыхі абярэжна накрыла спіну немаўля.
Залатыя акуляры бліснулі з нечаканай суворасцю.
– Алкаголікі ў сям’і ёсць?
– Ды якія ж з нас алкаголікі! – амаль пакрыўдзіўся стары. – Я так разумею: ці пі, ці працуй. А ў нас з бабай грады…
– Мы ўжо сыночка і зялёнкай мазалі, – тужліва падхапілася Талашыха, – і ў святаянніку мылі, і попелам пасыпалі, і нават яйкам выкатвалі… А ранкі на спіне ўсё адно большаюць і большаюць. Стрэмкі гэтыя зноўку лезуць… І адкуль яно бярэцца?!
Доктарка разгублена зашархацела бланкамі з аналізам крыві. Вынікі бянтэжылі: у дзіцёнка аказаліся ўсе чатыры групы крыві адначасова. Пры гэтым лейкацыты і эрытрацыты былі ў норме, і пра лабараторную памылку не магло нават весціся гаворкі. Клінічная карціна дапаўнялася абсалютна невытлумачальнай паталогіяй: на ружовенькай спіне малога рэл’ефна крывяніліся дзве доўгія ранкі, якія міжволі наводзілі на думкі пра бізуны і гемафілію.
– Першы раз у маёй практыцы такое, – доктарка згасіла хірургічную лямпу над сталом, дастала шпатэль і схілілся над пуцаценькім. – А цяпер скажы «А-а-а…»
Гланды выглядалі здаровымі. Дэталёвы агляд ручак і ножак не выявіў аніякіх паталогій. Рэфлексы цалкам адпавядалі ўзросту. Немаўля адно загадкава пасміхалася і цягнула ручкі да нікіляванага стэтаскопа. Старыя напружана маўчалі; на іх тварах чыталася непахісная вера ва ўсемагутнасць медыцыны.
– Скажыце, а вось казлы… яны на шаленства хварэюць? – драўляна запытаўся Талаш.
– А то! Асабліва, як нашыя.
– Баюся, яго адзін быдляк пагрыз, – Талашыха скрушна шморгнула носам.
– Можа, здымак што пакажа, – абнадзеіла доктарка і неразборліва запоўніла бланк. – Пайшлі…
Кабінет флюраграфіі поўніўся электрычным гудзеннем і шчоўканнем рэле.
Рэнтгенолаг спрактыкавана заправіў у рамку касету. Адсунуўся грувасткі штатыў, халодна бліснула матавая плоскасць экрана.
– Пацярпі, дзіцятка! – Талашыха асцярожна паставіла пуцаценькага на высокую платформу. – Бог жабраваў – і нам казаў!
Немаўля з разуменнем паглядзела на старую і паслухмяна прыціснулася да шкла. Рэнтгенолаг шчоўкнуў тумблерам…
Раптам усярэдзіне апарата мярзотна заскавытала, нібы хтосьці з усяе моцы правёў тупой пілкай па шыферы. Празрыстая амбулаторная шафа жалобна ценькнула. Пад столлю пагрозліва зашкварчэлі стрыжні люмінісцэнтных лямп. Штатыў рэнтгенапарата таргануўся, заскрыгатаў і знерухомеў.
Талашыха палахліва падхапіла немаўля і захутала ў бліскучую плюшавую душагрэйку
– Ой, матухна! – трагічна прашамкала яна. – І што ж гэта такое робіцца?!
Цяжка рыпнулі абабітыя свінцом дзверы, і разношаныя кеды старэчы трывожна зачвякалі па калідоры.
На алейках бальнічнага сада калыхаліся сонечныя плямы. Каля паркана палілі спарахнелае леташняе лісце, і паўпразрысты дым метафізічна размываў краявід. Ветэранскі матацыкл самотна чарнеў пад каштанам. Дзед Талаш засяроджана паліў «казіную ножку» і слухаў доктарку.
– Дзеткі – наша будучыня, – запэўніла яна. – А будучыня – гэта святое!
– Ва ўсіх дзеткі, як дзеткі, – далікатна далучылася да размовы Талашыха. – А што людзі пра нашага падумаюць? Навошта яму тыя пёркі на ранках?
– Паслухай, што чалавек кажа, – ветэран дапамог старой з дзіцёнкам уладкавацца ў люльцы. – Тут адзін вельмі моцны вядзьмак ёсць. Акурат па дарозе да Таргачова.
– Надта дасведчаны ў сваёй справе! – залатыя акуляры доктаркі змоўніцкі заблішчэлі. – Усё лечыць, ад запою да гемарою. Сурокі здымае. Будучыню прадказвае. Да яго нават з Акадэміі навук прыязджаюць!
– Калі не дапаможа, то і не зашкодзіць! – вынесла прысуд Талашыха. – Паехалі!
Сіні лес абапал шашы акрэсліваў прастору. У сініх нябёсах спявалі нябачныя жаўрукі. На галаве былога партызана лапатаў незашпілены танкісцкі шалом. Талашыха маркотна, бы тая Мадона, прыціскала да сябе немаўля.
Знянацку пуцаценькі трывожна зварухнуўся і загукаў.
– Пачакай, скора будзем, тады і паямо, – Талашыха намацала ў сумцы бутэлечку з соскай.
Сталёвы дрот, напяты ўпоперак дарогі, амаль зліваўся з ландшафтам. Матацыкліст заўважыў яго надта позна…
Дрот з усяе моцы ўдарыў у талашовыя грудзі – стары паляцеў долу. Некіруемы матацыкл хіснуўся, падскочыў у каляіне і заваліўся набок. Рухавік пырхнуў белым дымком і захлынуўся. Пуцаценькі выслізнуў з бабіных рук і бездапаможна пакаціўся ў хмызы. Травеньскі краявід імкліва перакрэсліў жахлівы цень.
Пераможнае мэканне наклалася на трагічны лямант старой. Пачварны парнакапытны падчапіў немаўля на рогі і скочыў у непраходны гушчар…
8
Па балотнай выспе блукалі прывідныя цені. Сярод сухіх чаратоў змоўніцкі паблісквалі чортавы вокны. Раскрыты ноутбук таямніча свяціўся на ўломках валуна. Седзячы ў паходным фатэльчыку, Казёл узбуджана сукаў капытамі і пытальна паглядаў на Прашмандоўку.
Сінія вочы агенткі выяўлялі веліч місіі. Упэўнены позірк слізгануў па ноутбуку, прайшоўся па сцяне чаратоў і нарэшце спыніўся на пуцаценькім, які ціхамірна спаў сярод балотнай флоры. На твары красуні выявілася нечаканая сентыментальнасць, якая змянілася дакорлівым: «Ну, ты і Ірад…»
Парнакапытны раздражнёна затрос барадой. У змрочных шкляных вачах неадкладна адбіўся адказ: «Калі Дзіда Лангіна патрапіць у мае капыты – выпрабаваць суперзброю мажліва толькі на ім!»
Твар пякельнай прыгажуні імгненна замкнуўся. Яна падабрала хвост, схілілася над ноутбукам і індэферэнтна зашчоўкала клавішамі.
Чорны манітор выбухнуў урачыстымі зоркамі салюту. Феерверк шаргацеў, сіпеў і раскручваўся вогненымі спіралямі. Агні паволі згасалі, і на экране праяўлялася рамантычная карціна адраджэнскага замка.
Магутныя вежы ўпэўнена падпіралі зорнае неба. З асветленых галерэй рэнесанснага дворыка ліліся чароўныя гукі лютняў і віёлаў да гамба. Шляхотныя кавалеры гжэчна танчылі сарабанду з прыўкраснымі паненкамі. Непадалёк меладычна цурчэў фантан, за якім узвышаліся накрытыя сталы. Зухаватыя выганоўцы-засцянкоўцы, падперазаныя паясамі з цяжкімі дзедаўскімі шаблямі, апетытна прыкладаліся да чарак, кілішкаў, бутэлек і нават жбаноў. Колькі стомленых і ўчадзелых ужо адпачывалі каля фантана.
Казёл паглядзеў на Прашмандоўку трохі здзіўлена. Тая супакойліва пасміхнулася – маўляў, гэта не Батлейка і не кампутарная анімація, неўзабаве пачнецца самае цікавае. І сапраўды, не паспеў рагаты разгледзіць карцінку ў дэталях і ў сукупнасці, як з кампутарных дынамікаў данеслася ледзь улоўная акустычная вібрацыя, якая хутка разраслася ў пагрозлівы рытмічны шоргат.
Урачыста-тужлівая сарабанда зрэзалася на палове такта. Шляхотныя кавалеры, прыўкрасныя паненкі і падпітыя засцянкоўцы сінхронна залупілі бельмы ўгару. На тле цытрынавай поўні выразна акрэсліўся жахлівых памераў кажан. Пачварныя скураныя крылы са свістам праціналі паветра.
– Ні х-х-храна сабе… – уразіліся за сталамі, але не настолькі, каб кінуць выпіваць. Кажан імкліва набліжаўся да замка. Між зубцоў данжона трывожна бліснуў шалом, і каралеўскі найміт-прусак хрыпла загарлаў:
– Ахтунг, ахтунг! У небе Гастэла!
Паветраны падарожнік віртуозна абмінуў недабудаваную касцельную вежу з бляшаным флюгерам-анёлкам, важка спланіраваў у дворык і паставіў на парапет фантана вялізны куфар з прасвідраванымі дзіркамі і абабітымі срэбрам вугламі.
Кампутарны экран паслужліва даў буйны план нябеснага госця. Гэта быў шляхотны фацат у доўгім дарожным плашчы. З-за пояса шматзначна выторкваўся стылет. Меланхалійнасць твару сведчыла пра гатоўнасць ахвярна змагацца за высокія адраджэнскія ідэалы.
– Гэта Сарматыя? Апошні фарпост цывілізаванага свету? – спраўдзіў лятун.
– А то! Вялікае Княства! – прагучала імпэтнае ўдакладненне ад фантана.
– Тады маю гонар назвацца, – госць стомлена склаў за спінай гіганцкія скураныя крылы, – я – месір Францыск Гастэла, нунцый Яго Свяцейшаства Клімента VII.
– Нашаму госцю Франаку – наліць! – неадкладна ўзрадваліся за сталамі.
– Цяпер я бачу, што патрапіў да праўдзівых ліцвінаў! – задаволена вызначыў Гастэла.
Па каменных плітах таропка працокалі абцасы. Госці паважліва расступаліся. Бразнулі шпоры, хіснуліся плюмажы, зашамацеў аксаміт сукняў.
Нябачны цырыманімайстар з галерэяў урачыста абвесціў:
– Яе каралеўская мосць Бона са Сфорцаў!
Каралева выглядала стомленай: тонкія вусны падабраліся ў ломкую лінію, зморшчыны драматычна акрэсліліся. Відаць, жыццё на ўсходнім фарпосце цывілізацыі давалася ёй надта няпроста.
– Радая бачыць месіра Гастэлу ў слынным горадзе Таргачове, – інтэлігентна прывітала гаспадыня замка. – І хто б мог падумаць, што Яго Свяцейшаства наважыцца выправіць свайго нунцыя на крылах, змайстрачаных яшчэ старым педэрастам Леанардам?!
Нунцый неўпрыкмет агледзеў прыўкрасных паненак.
– Хай мяне запішуць у меншасць, але ж я прытрымліваюся састарэлых гетэрасексуальных поглядаў. Лепш любіць сін’ярыт, і пажадана – розных!
– Але ж, самі бачыце, некаторыя вынаходлівыя вычварэнцы здольныя прыносіць карысць! – ласкава запярэчыла Бона. – Не трэба быць такім катэгарычным гамафобам, шаноўны месір. Вы проста яшчэ занадта малады і зялёны.
– Лепш быць зялёным і маладым, чым старым і блакітным! – імпэтна адрэагаваў Гастэла. – Як, напрыклад, адважны бамбардыр Бенвенута Чаліні. Менавіта ён узначаліў купку гвардзейцаў, гуманістаў, дэміургаў ды іншых адраджэнцаў, якія мужна бароняць Сан-Анджэла ад рагатага быдла. Падрабязнасці гэтай абароны, як і ўсяго астатняга, можна дазнацца адсюль, – нунцый з паклонам працягнуў каралеве пергаментны скрутак. І тут куфар, што стаяў у нагах нябеснага госця, скалануўся. У прасвідраваных адтулінах напружана зыркнулі вочы, з сярэдзіны данеслася прыдушанае:
– А нягож! Вольнае паветра – адзіны шлях уратаваць святыню!
Вечка ёмістага куфра адкінулася, і на парапет жвавай малпачкай скочыў карлік у блазенскіх апранахах.
Каралева пранізліва віскнула. Паненкі злякана адступілі ў цемру. Засцянкоўцы крыху пацверазелі і сінхронна пацягнуліся да шабляў.
Дробны блазан зафіксаваў вачыма штандар з «Пагоняй», з палёгкай уздыхнуў, утаропіўся ў каралеву і пырснуў шчаслівым потам.
– Пані-спадарыня Бона? Жывая? – бліскучыя шархуны на каўпаку карліка недаверліва здрыгануліся.
– І калі ён толькі залезці паспеў? – Францыск Гастэла гідліва схапіў дробнага ўрода за каршэнь і выкінуў яго з кадра. – Мае прабачэнні, вашая каралеўская мосць! Яго Свяцейшаства, добры пантыфік Клімент VII папрасіў перахаваць да лепшых часоў у таргачоўскім замку вось гэта…
Патаемнае дно куфра ўрачыста прыўзнялося. У святле паходняў таямніча бліснула сталёвае лязо…
Знянацку экран ноутбука закрэслілі касыя палосы перашкодаў. З дынамікаў палілося мярзотнае трансфарматарнае гудзенне.
Пякельная панначка нервова матлянула хвастом. Парнакапытны брынкліва замэкаў, прыўзняўся з фатэльчыка і агледзеўся. Пуцаценькі, які толькі што салодка спаў паміж балотнай флоры, цяпер свідраваў кампутар нявіннымі валошкавымі вачыма і шкадліва пры гэтым пасміхаўся. Казёл пагрозліва прыўзняў над ім капыто, але ж у гэты час з экрана данеслася ўжо знаёмае яму конскае іржанне, у якім выяўляліся відавочна агрэсіўныя ноткі.
Экран раптоўна аджыў, і гэта прымусіла нячысцікаў забыцца на немаўля. Паводле законаў драматургічных спекуляцый, на экране адразу з’явіўся буйны план: старарымская дзіда на барвовай падушцы. Месяцовы прамень бліснуў на дзюбе пякучай знічкай, і Казёл прагна прымружыў вочы.
На выяву наклаўся ўладны голас Боны:
– Месір Гастэла мусіць засведчыць Яго Свяцейшаству: мы дбайна перахаваем Дзіду Лангіна. Але як толькі рагатае быдла адсунецца ад Рыма, мы неадкладна павернем суперзброю законным уладарам!
Казёл нецярпліва паглядзеў на Прашмандоўку: маўляў, а дзе ж цяпер твой паэт? Без гэтага ідыёта да святыні не падступіцца…
Паэтаў твар узнік у наступным кадры. Стоячы на парапеце фантана, Скіргайла неўпрыкмет касавурыўся на падушку з Дзідай, да якой можна было дацягнуцца рукой. Культавая італьянка знаходзілася на аналагічнай адлегласці. Шархуны блазенскага каўпака нервова дзінькалі: у паэце відавочна адбывалася барацьба паміж імгненнай мэтазгоднасцю і аўтарскім самалюбствам.
Як і мае быць, самалюбства перамагло.
– А можна, я вам свае адраджэнскія вершыкі пачытаю? – дрыготкім голасам прапанаваў малады спецыяліст.
Каралева Бона зірнула на паэта з прыхаванай іроніяй.
– Блазенскія вершы? Зрабі ласку…
Празрыста цурчэў фантан, і пырскі блішчэлі ў святле паходняў таямнічымі дыяментамі. Ад сталоў плыў цудоўны водар стараліцвінскіх прысмакаў.
Скіргайла адкашляўся, выцер спатнелы лоб і ганарліва выпрастаў спіну:
Як паэтычна пахне каўбаса!
Даўно грыбочкі ў бочачцы стамілісь.
А ў пляшачцы так дыхае краса,
Гарэлачка з Палесся прытаілась!
Грамада падтрымала дэкламатара ўхвальным гулам. Шляхотныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі шматзначна перазірнуліся. Засцянкоўцы-выганоўцы голасна дэкларавалі, што такому чалавеку варта наліць.
Адраджэнскі паэт змачыў перасохлае ад хвалявання горла рэшткамі «Аліварыі» і з дакорам глянуў на Бону: маўляў, нашто ты Дзіду Лангіна павяртаць сабралася? А як жа наша шматпакутная Беларусь абароніцца ў будучым ад рагатага быдла?
І Скіргайлаў голас зазвінеў нечаканым металам:
Агні паходняў злякана здрыгануліся. У злавеснай цішы дзінькнула і сцішылася лютня.
– А хто такая «блядзь»? – цікаўна пасьміхнулася каранаваная чужаземка.
Скіргайла не стаў чакаць, пакуль прагучыць старабеларускі адпаведнік. Ён схапіў Дзіду Лангіна разам з папскай булай і на злом галавы кінуўся ў ратавальную цемру.
З данжона неадкладна данеслася каманда найміта-прусака:
– Хальт! Цурук! Хэндэ хох!
Шчоўкнуў арбалет – страла знесла блазенскі каўпак. У натоўпе пагрозліва бразнулі шаблі. Скіргайла бездапаможна азірнуўся і кінуўся да замкавай брамы, прыціскаючы да грудзей Дзіду Лангіна левай рукой, а папскую булу – правай.
Фатэльчык пад Казлом пранізліва рыпнуў – парнакапытны азартна падаўся наперад. Дужыя жоўтыя зубы нервова грызлі капыто, чорная дупа нецярпліва дрыжала. Прашмандоўка закусіла губу, замянціла хвастом і падалася да ноутбука… І толькі пуцаценькі задуменна прымружыўся.
Чароўным дукатам залацілася поўня над замкавым дворыкам, і яе зманлівае святло аблівала самотнага ўцекача, за каторым каціўся раз’юшаны натоўп. Бразгалі шпоры, рыпелі боты, і бліскучыя шаблі зухавата ўздымаліся па-над галовамі.
Скіргайла імчаў з хуткасцю сабакі, якога пераследуе зграя гіцляў. Несіметрычныя зігзагі ўцекача не пакідалі прусаку-арбалетчыку на данжоне аніякіх шанцаў. Але ж засцянкоўцы набліжаліся з нечаканым для піякаў спрытам. Маладзён удала ўхіліўся ад аднаго шляхцюка, адштурхнуў другога і баднуў галавою ў жывот трэцяга. Да замкавай брамы заставалася зусім мала, але падножка чацвёртага зваліла дробнага блазна на брук.
Гострая шабля са свістам пайшла на бездапаможнага паэта. Распластаны Скіргайла злякана заплюшчыў вочы, інстынктыўна прыкрываючыся Дзідай Лангіна…
Гартаваны клінок абрынуўся на суперзброю, але жалобна ценькнуў і шкляным дажджом абсыпаўся на брук. Шляхцюк разгублена захаўкаў, аглядаючы пусты эфес. Гэта дазволіла адраджэнцу падхапіцца і пабегчы далей.
Але час быў страчаны: у браме ўжо пашыхтавалася замкавая варта. Скрыжаваныя алебарды пагрозліва блішчэлі ў месяцовым святле.
– З дарогі! На капусту пашаткую! – дэклараваў злосны карлік, выстаўляючы перад сабой суперзброю.
Вартаўнікі, аднак, не адрэагавалі на папярэджанне. А шабельнікі ўжо набліжаліся з трох бакоў. Няпэўныя агні паходняў скакалі па скляпеннях, гудкім рэхам рассыпаліся крыкі ваяроў-загоншчыкаў.
Пастка з хрубастам зачынялася. Скіргайла замітусіўся, ліхаманкава выглядаючы, куды б схавацца… І тут начны вецер вынес з цемры бялюткае пёрка. Яно крутанулася і паволі паплыло ад брамы, нібыта паказвала шлях да паратунку. Паэт гіпнатычна зірнуў на пёрка і кінуўся следам. За спінай уцекача бразгала зброяй, тупацела абцасамі, імпэтна лаялася шляхецкая лава.
Пёрка праляцела вузкім праходам і бязважка апусцілася на высокі памост, застаўлены пузатымі бочкамі. Дубовыя плахі пругка ўгіналіся пад вінным і піўным цяжарам.
Шляхцюкі адважна наступалі паўколам, выставіўшы наперад клінкі. Шызыя і чырвоныя насы прагна шморгалі, уцягваючы чароўны водар каралеўскіх запасаў. Скіргайла скочыў на памост.
– Зловім урода, пасадзім на палю і… адсвяткуем! – данеслася ананімная прапанова знізу.
– А то! – салідарна адгукнуліся пераследнікі.
Засцянкоўцы адважна палезлі за блазнам, і драўляны пандус імгненна адгукнуўся прагным тупатам.
– А хрэн вам у вочы! – Скіргайла наваліўся плячом на бочку, і засукаў боцікамі.
Бочка цяжка зрушылася, з пагрозлівым грукатам пакацілася насустрач нападнікам, змяла з тузін шляхотных п’янтосаў і смачна вухнула ў мур. За ёй пакацілася наступная. За ёй – яшчэ адна…
Абложнікі панічна разбягаліся. Хрумсцелі абручы, разляталіся клёпкі. Чорнай крывёй пырскала віно, шугала па бруку медавуха, аблокамі шампуню выбухала піва. Вусатыя засцянкоўцы сарамліва паўставалі з піўнога шуму, бы Венеры адраджэнца Батычэлі.
За апошняй бочкай, скінутай на шляхцюкоў, адкрыліся жалезныя дзверцы таемнага ходу. На цяжкім замку трымцела бялюткае пёрка. Скіргайла ўзмахнуў непераможным старарымскім лязом…
Пякельныя істоты знерухомелі перад маніторам у трывожным чаканні развязкі. Пуцаценькі шчасліва мружыўся ў сне. І тут панараму на экране ўзбагаціла адметная дэталь: з-за замкавай вежы паволі выплываў жахлівых памераў кажан. Гіганцкія скураныя крылы на якую секунду засланілі поўню. Відавочна, папскі нунцый Гастэла вырашыў даць рады тутэйшым барацьбітам са змагарамі.
Карцінка ў ноутбуку недарэчна завіравала. Мільганулі замкавы мур і касцельная вежа ў будаўнічых рыштаваннях. Нечакана ў экран упоўз вялізны штандар з геральдычным вершнікам, але праз секунду перад нячысцікамі праявілася іншая карцінка…
Па раскошных зорных нябёсах паволі праплываў крылаты нунцый, несучы здабычу – віхлястага блазна. Скіргайла, задраўшы голаў, бездапаможна вымахваў Дзідай Лангіна правай рукой, і пляшкай з-пад «Аліварыі» – левай.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?