Текст книги "Тэорыя змовы"
Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
– Віват месіру Гастэлу! – азваліся шляхцюкі знізу. – Пане-браце, гайда да сталоў!..
Францыск Гастэла, згінаючыся пад цяжарам здабычы, акуратна абмінаў бляшанага анёла-ахоўніка на касцельнай вежы. Пад чорнымі крыламі нунцыя праплыла грувасткая печ цаглярні з высокім комінам, яміна з замешанай глінай і бясконцыя шыхты сырой цэглы, раскладзенай для пасушкі.
Скіргайла зірнуў долу і здрыгануўся: шчаслівы кат ужо цягнуў да калоды вялізную нагостраную сякеру. Гжэчныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі нецярпліва лезлі на парапет фантана, адкуль было выгадней назіраць справядлівую страту.
Знянацку на замкавым бастыёне выразна акрэсліўся сілуэт вершніка ў каўбойскім стэтсане. У выцягнутай руцэ пагрозліва чарнеў абрэз. Аглушальна ляснуў стрэл – падбіты нунцый імгненна ўвайшоў у штопар. Старарымскае лязо мільганула самотнай знічкай і чвякнула, згасла ў брылах сырой гліны. Трапны стралок няспешна паправіў шырокі стэтсан руляй абрэзу, ператоргнуў затвор і пранізліва паглядзеў з экрана.
– А цяпер – па рогах! – прагучала з кампутарных дынамікаў.
Гламурная панначка палахліва ўцягнула голаў у плечы і жабкай скочыла ў балотнае вакно. Бултыхнула, цёмная вада разбеглася пукатымі коламі.
Позіркі Казла і вершніка на якое імгненне перастрэліся, і нячысцік усё зразумеў… Ён закалаціўся, бзднуў з пераляку, сутаргова падчапіў пуцаценькага на рогі і чорнай маланкай ламануўся ў хмызы.
Хрумсь! Блям! Дзвяк! – гэта разнесла на дробныя аскепкі кампутарны манітор. Зухаваты вершнік скочыў з экрана на балотную выспу і імкліва панёсся за нячысцікам…
9
Аўтапеленгатар з чужынскімі нумарамі сунуўся па шашы з запаволенасцю падбітага танка. Валасатыя рукі прапаршчыка Макрухі няўпэўнена круцілі руль. Капітан Капейкін гучна сёрбаў расол. Заціснутая паміж вайскоўцамі загадчыца Дома Культуры далікатна шаргацела дарожным атласам.
– Ну, і далёка яшчэ? – прасіпеў кіроўца.
Манда Іванаўна правяла пазногцем па мапе.
– Кіламетраў дваццаць. Але можна па прасёлку скасціць… З’езд ву-унь за той вёскай.
На ростанях фургон газануў ядучым выхлапам, важка з’ехаў з асфальту і хіснуўся на рыпучых рэсорах. Капейкін збляднеў, што тая спірахета, і схапіўся за жывот – відавочна, у ім распачаліся некіруемыя хімічныя працэсы.
– Макруха, спыніся, бля, спыніся! – афіцэр штурхануў двёркі, скочыў на зямлю і ледзь паспеў схіліць голаў.
Перасычаны армейскім досведам прапаршчык ніяк не зрэагаваў на пакуты камандзіра. А вось загадчыца Дома Культуры не стрывала.
– Можа, актываванага вугалю? – спачувальна прапанавала яна, рэагуючы больш на гук, чым на карцінку. – У аптэчцы, напэўна, ёсць.
– Пі-іва бы… – Капейкін выцер слізкае падбароддзе рукавом камуфляжа.
– Не ўратуе, – дасведчана прыкінуў Макруха. – Трэба грамаў трыста засадзіць. А то і ўсе трыста пяцьдзесят.
– Нельга ані таго, ані другога! – Манда Іванаўна выбралася з фургона і далікатна зарыентавала пакутніка да расчыненых дзвёрак. – Наш вядзьмак п’яных на дух не зносіць! Адразу за парог выставіць…
– Што ж за жыццё такое пайшло! – капітан трагічна абхапіў голаў. – Куды ні кінь – поўны пісец! Выпіваць нельга. Расею прадалі. Жонка – дура. Дачка – шкура…
– Іншародцы паўсюдна, – падказаў прапаршчык.
– …і апаратура дагэтуль не аджыла! – афіцэр мудрагеліста мацюгнуўся. – А ўсё з-за таго натаўскага метыярыта.
Электроніка на вайсковай базе «Волга-Волга» не працавала ўжо другія суткі, хаця капітан Капейкін рабіў усё, што ўмеў. Спярша сумленна павяртаў на месцы скрадзеныя дэталі. Потым ляснуў па галоўным пульце кавадлам. Пасля выклікаў слесара з таргачоўскага Дому Быту. Але ўсё было дарэмна. Зрэшты, афіцэр меў у запасе яшчэ колькі варыянтаў вырашэння праблемы. Аднак першыя супярэчылі Статуту каравульнай службы, другія гарантавалі непапраўную шкоду здароў’ю, а трэція былі невыканальныя з прычыны абсалютнага вычварэнства.
Прапаршчык Макруха паглядзеў на капітана Капейкіна, пахмяліўся, пагартаў сакрэтныя дакументы, распачаў новую пляшку, агледзеўся, намысліўся, напружыўся, перахрысціўся на антэны і прыйшоў да высновы: усё гэта – інтрыгі мясцовых нячысцікаў, а таму рады можа даць адно аўтарытэтны вядзьмак. Загадчыца Дома Культуры бескарысліва ўзялася паказаць дарогу да тутэйшага варажбіта…
Аўтапеленгатар калываў уздоўж жытнёвага поля. Дзень плавіўся і плыў. Жалезны кодаб накаляўся. У задушлівым салоне лунаў ядучы перагарны смурод.
– Разумею вас, браты-славяне, – спагадліва пракаментавала Манда Іванаўна. – Раз-пораз і выпіць трэба, служба ж цяжкая. Начныя вахты, бяссонныя ночы. Але ў гэтым ёсць і свая прыгажосць! – Наша агульная Расея-матушка багатая на розныя прыгажосці, – сухім горлам засведчыў прапаршчык. – Як той казаў – «прыгажосць уратуе свет!»
– Масавыя расстрэлы ўратуюць свет! – млява ўдакладніў Капейкін. – Мне гэтая служба ўжо во-сь дзе стаіць!
– Ну як жа так можна! – шчыра абурылася Манда Іванаўна. – Навошта вы, таварыш капітан, тут мірнае славянскае неба бароніце? Каб спакойна жылі вашы бацькі на радзіме пад Кастрамой!
– Ды ну яе на хер! – сардэчна адрэагаваў таварыш капітан. – Быў я летась у той вёсцы пад Каатрамой, уцёк праз два дні. Туды аўталаўка раз на месяц прыязджае.
Манда Іванаўна зірнула на Капейкіна непрыязна і падабралася. Вандроўка пачынала яе гнясці.
– Дэпрэсія… – спагадліва скаментаваў Макруха. – А ты, Манда, слушна разважаеш: «ёсць такая прафесія – Радзіму бараніць!» Я вось днямі патрыятычны серыял глядзеў, «Дзяцінства Кутузава» называецца. Пайшлі яны, значыцца, з Суворавым пасля школы Лобным месцам палюбавацца. Сувораў захацеў яшчэ і з Цар-Пушкі пастраляць, а Кутузаў у родную казарму пасунуўся. Па дарозе пераняў яго адзін Абрам: маўляў, пакажы нам з Сарай дарогу да вашай найгалоўнай вайсковай таямніцы – Града Кіцежа! Кутузаў, як і мае быць, яго херамі абклаў, дык пейсаты яму за гэта вока выбіў. Каб Сувораў не прыбег – і другое б высадзіў!..
Капейкін асцярожна памацаў пячонку праз камуфляванае «хэ-бэ».
– Як не запрацуе на «Волзе-Волзе» электроніка – нас з табою замест Града Кіцежа на Востраў Сахалін служыць выправяць! А туды баржа раз на квартал прыходзіць…
– А як тэрарыста з натаўскага спадарожніка адловім – можа, і медалём узнагародзяць! – падсаладзіў Макруха.
Па лабавым шкле захвастала хвоя. Пад коламі зачвякала. Дарога ішла праз багністы гушчар. Абапал цямнелі волаты-валуны, парослыя пяшчотным смарагдавым мохам. Праз адчынены люк пацягнула цвіллю, і ў салоне зрабілася цёмна і няўтульна.
– Мне вось Качан расказваў, – прыгадаў Капейкін, – нібыта тут нейкая балотная выспа-пагорак ёсць, на каторай пасля вайны недабітыя паліцаі на конях хаваліся. Ну, Каліноўскія там, Булак-Балаховічы розныя…
– А ты ведаеш, якія ў іх сапраўдныя прозвішчы? – грэбліва скрывіў вусны Макруха. – Думаеш, у гэтых бульбашоў-калгаснікаў нейкая гісторыя ёсць?
За паваротам адкрылася паляна, асветленая касымі сонечнымі промнямі. Манда Іванаўна глянула наўпрост, напружылася і завібравала: на пагорку высіўся дзіўны вершнік на сівым кані. На тле травеньскага блакіту выразна прамаляваўся мужны профіль, зрэзаны шырокім каўбойскім стэтсанам.
Знянацку ад гушчара пранізліва мэкнула. Ельнік зварухнуўся, нешта чорнае і бухматае злякана скочыла з-за грувасткага валуна. Конь прыўзняўся на дыбкі, вершнік спрактыкавана ўскінуў абрэз.
На нялюдскае гергетанне наклаўся халодны металёвы барытон:
– Трымай, жывёла!
Гудкі дубальтовы стрэл скаціўся ў лагчыну. Парнакапытны завішчаў, бы свінчо, якому адсеклі вуха, і кінуўся ў балотную нізіну. Лясны стралок рушыў наўздагон – прыкметны капялюш замільгаў у лясным лабірынце.
Капітан Капейкін адрэагаваў імгненна.
– Заакіянскі каўбой! – радасна выгукнуў ён. – Фраер са спадарожніка!
– Бей жыдоў, ратуй Расію! – Макруха сутаргова расшпіліў кабуру з «макаравым».
– Адставіць! – трыбунальскім голасам асадзіў афіцэр. – Натаўца браць толькі жыўцом!
Загадчыца Дома Культуры палахліва заплюшчыла вочы. Калі яна зноў глянула праз лабавое шкло, то агаломшана хаўкнула. Прастора паплыла хвалямі, бы міраж, з нябёсаў пяшчотна заспявалі лютні і віёлы да гамба…
На чорна-зялёным тле ельніку невядома адкуль з’явілася пуцаценькае немаўля. Яно няўпэўнена стаяла пасярэдзіне прасёлка і загадкава пасміхалася. Прапаршчык таргануў рычаг скрыні бегаў. Скрыгатнула трансмісія, і аўтапеленгатар хіжа пасунуўся проста на дзіцятка.
– Макруха, спыніцеся! – жахнулася Іванаўна. – Малое ж задавіце!
Афіцэр болеча адштурхнуў кабету локцем. Кіроўца азартна ціскануў на газ. Аўтапеленгатар сунуўся па прасёлку з няўмольнасцю танка. Пуцаценькі нават не зварухнуўся – толькі прыкрыў ружовай далонькай вочы…
Загадчыца Дома Культуры дзейнічала хутчэй на рэфлексах, чым асэнсавана: яна ўчарэпілася ў руль і з усяе моцы крутанула яго.
Глушыцель пункцірна чыркануў паміж глыбокімі каляінамі, і фургон цяжка збочыў з прасёлка. Гнілым зубам хрумснуў бампер аб магутны валун. Лабавое шкло крышталёвымі кубікамі сыпанула ў сярэдзіну, і пасажырку выкінула з кабіны. Аўтапеленгатар прыўзняўся, якую секунду балансаваў на двух колах, а потым гучна заваліўся на бок. Храбуснуў кранштэйн з люстэркам, і машына цяжка заслізгала па мулі ў балотную нізіну…
З ельніку суха клацнуў затвор, ляснуў стрэл – у нізіне ўпэўнена грымнула. Полымя штопарам укруцілася ў неба і шуганула россыпам вясёлых жарынак. Іванаўна зафіксавала позіркам немаўля, похапкам прыціснула яго да грудзей і кінулася ніцма.
Ад балота бязладна енчыла, мацярылася і страляла. Неўзабаве дзве вогненныя постаці з нялюдскім лямантам скаціліся ў цвілую ваду і сцішыліся.
Жанчына асцярожна прыўзняла голаў. З гушчару кульгаў сухенькі дзядок у незашпіленым танкісцкім шаломе. Ён дапамог Іванаўне падняцца, абярэжна захутаў немаўля ў пінжак з муаравымі ветэранскімі калодкамі і сувора зыркнуў на аўтапеленгатар, што чадзіў у нізіне.
– Во быдла! – дзядок смачна сплюнуў.
Загадчыца Дома Культуры прыціснула насоўку да разбітага ілба, крыху павагалася, але ж пацвердзіла салідарным шэптам:
– І што характэрна – рагатае…
10
Сонечны прамень ударыў Скіргайлу проста ў твар. Ён нясмела расплюшчыў вочы і агледзеўся.
Маладзён ляжаў на падлозе. За расчыненым вакном квітнеў травеньскі ранак. Скразняк варушыў сцяжкамі, шамацеў партрэтамі на пацвілых сценах. Індыкатары ноутбука памяркоўна свяціліся ў рэжыме стэнд-бай. З чарупіны даносілася знаёмае цурчэнне сапсаванага крана, і гэта канчаткова пераканала адраджэнца, што ён дома.
Паэт падняўся, асцярожна абмацаў голаў і ўздыхнуў з палёгкай: ганебнага каўпака з бразгатлівымі шархунамі на ім не было. Люстэрка пераканаўча засведчыла: спадар Скіргайла – не дробны сярэднявечны блазан, а сучасны беларускі адраджэнец.
– Прымроілася ж такое… – маладзён здрыгануўся, прыгадваючы, як крылаты нунцый праносіў яго над замкам каралевы Боны.
Сонца раскідала па лінолеуме дрыготкія мазаічныя плямы. У касых промнях хаатычна танчыў пыл. Скручаны кран навісаў над чарупінай, і свет крыва адбіваўся ў нікеляванай дзюбцы.
– Ну, ты і туябень! – знянацку прагучаў з-за паэтавай спіны металёвы барытон. – Ну што? Прасраў Дзіду Лангіна?
Скіргайла працёр вочы, павагаўся, ушчыкнуў сябе за вуха, павагаўся, але ўсё ж такі знайшоў сілы павярнуць голаў.
У фатэлі побач з кампутарам сядзеў незнаёмец зухаватага і небяспечнага выгляду. З-пад шырокага стэтсана блішчэлі сталёвыя вочы. Квадратная сківіца фацата сведчыла пра яго жорсткасць і волю, а абрэз, што шматзначна выторкваўся з кішэні плашча – пра здольнасць бараніць свае гонар і годнасць. Высокія каўбойскія боты ззялі люстэркам, і шпоры срабрыліся, бы сіверныя зорачкі.
Госць абліў маладзёна халодным пранізлівым позіркам і жорстка вырак:
– Тое, што ты душу за Радзіму запрадаў – зразумець яшчэ можна. З кім не бывае… Але нашто ты ў тое ВКЛ палез? Свайго часу замала?
Скіргайла прыціснуў далонню дрыготкі кадык і суха выпхнуў праз горла:
– Дзядзька… А як вы сюды трапілі?
– Праз дзверы, як і мае быць. То што, спадабалася ў сярэднявеччы?
Паэт ачмурэла хаўкнуў, спрабуючы вызначыць маштабы чарговага ліха, што звалілася на яго галаву ў асобе зухаватага фацата ў стэтсане і з абрэзам.
– Я хацеў дапамагчы якому-небудзь Канстанціну Астрожскаму ці Льву Сапегу! – з нечаканым імпэтам патлумачыў адраджэнец.
– Ты сапраўды мог бы ім дапамагчы, – засведчыў госць і ўдакладніў праз паўзу: – Калі б памёр замест іх. Ён нетаропка прайшоўся па скіргайлавым пакойчыку, паблажліва агледзеў нацыяналістычныя фетышы, зафіксаваў вачыма ноутбук і пстрыкнуў кнопкай. На экране з’явілася мапа-застаўка: Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ад мора да мора.
– Эміграцыя, – вынес прысуд незнаёмец і жорстка глянуў на субяседніка. – Так?
– Так… – павагаўся і здаўся паэт.
– А можа, дэзерцірства?
Госць сеў на падвоканне і прымружыўся на Скіргайлу, нібы разглядаў у мікраскоп інфузорыю. Маладзёну сталася ніякавата.
– А як мне жыць у краі, дзе пануе… суцэльная змова супраць гэтага самага краю?! – інфантыльна заенчыў адраджэнец. – Мова, гісторыя, сымболі…
– Наконт «змовы» абсалютна згодны, – нечакана пагадзіўся фацат у стэтсане. – І ці не галоўны змоўнік – ты! Бо не халеры не робіш, каб саматуж змяніць сваё жыццё да лепшага, а спадзяешся адно на цуды. На снайпера, які рана ці позна прыстрэліць казла. На Амерыку-Еўропу, з ласкі каторых нібы і вызваліцца твой край. На суперзброю, якая мусіць сама сабой вынішчыць усіх ворагаў беларушчыны. Так?
– А што я магу? – знясілена прашаптаў Скіргайла.
– Усе людзі падзяляюцца на дзве катэгорыі: на тых, хто раздае падсрачнікі, і на тых, хто іх дастае. Ты, відавочна, з другой… – бязлітасна вызначыў госць. – Нават, маючы ў руках суперзброю цывілізаванага свету, ты так і не здолеў ёй скарыстацца. Такія, як ты, заўсёды дастаюць па дупе, губляюць святыні, крыўдуюць на ўвесь свет і ўрэшце становяцца блазнамі.
Паэт ледзь не заплакаў ад прыніжэння.
– Дзядзька… ідзіце лепш адсюль! І без вас моташна…
– А што не так? Пакрыўдзіўся? Калі мяркуеш, што, сапраўды, варты лепшай долі – натаўчы мне пысу і выкінь са сваёй хаты! – з інтанацыямі загартаванага байца і прафесіянала прапанаваў суразмоўца. – А то я цябе зараз адсюль выкіну. Ну?..
Знявагі апошніх дзён, памножаныя на здзек, відавочна даліся ў знакі. Адраджэнец знянацку адчуў сябе пустым, як бамбук. Ён неўпрыкмет глянуў на падвоканне. Вузкая далонь намацала пустую пляшку з-пад піва і ўхапіла рыльца да хрубасту ў суглобах. Госць недарэчна апусціў галаву. Момант, каб скарыстаць параду, падаўся Скіргайлу зручным…
Але трапнага ўдару ў стэтсан не атрымалася: руку з пляшкай імгненна перахапілі дужыя пальцы.
– Ужо лепш, – з нечаканай павагай канстатаваў настаўнік. – Толькі шклотару лепш не біць, а здаваць у спецыялізаваныя пункты прыёму. А цяпер сядай і ўважліва слухай… малады спецыяліст.
Маладзён імгненна адчуў сябе ў цісках чужой волі, падабраўся і паслухмяна апусціўся ў фатэль.
– Ведаеш, з чаго ўсё пачынаецца? – голас незнаёмца прагучаў куды больш добразычліва. – З самапавагі. Пакуль чалавек не навучыцца паважаць уласны розум і плён уласнае працы – ніхто ў цэлым свеце яго паважаць не стане. І не хрэн вінаваціць у сваіх праблемах іншых.
– Я ж вершы пішу! – паспрабаваў самаапраўдацца паэт, паціраючы балючае запясце.
– Думаеш, хворы на быдлярства народ наслухаецца-начытаецца тваіх вершыкаў і імгненна запаважае сваю мову, культуру і гісторыю? – абсёк суразмоўца. – Не з вершыкаў самапавага пачынаецца! І ўжо, тым больш, не з біцця па дупах…
– А з чаго?
– А ты сам падумай! Даўмеешся – станеш пераможцам!
Пстрыкалі, слаіліся ўгрэтыя ранішнім сонцам шпалеры. У пустой пляшцы на падвоканні навязліва гула палонная муха. Скручаны кран манатонна цурболіў у чарупіну.
– Пераможцам? – сумеўся адраджэнец. – Дык Дзіда Лангіна згубленая! Яна ў замешанай гліне патанула!
– Згубіў – знайдзі! – імгненна пасуворыў госць, і гостры край стэтсана заблішчэў пагрозліва, нібы лязо.
З-за вакна данеслася конскае іржанне. Незнаёмец падняўся, спрактыкавана паправіў стэтсан руляй абрэза і нетаропка падаўся за дзверы.
– Дзядзька… а, дзядзька? – зачаравана прашаптаў паэт. – А вы хто? Каўбой Мальбара ці вандроўны рыцар?
– Не тое і не тое. Прыйдзе час, і я скажу табе, хто я. Ці сам здагадаешся… – дзіўны фацат няспешна адчыніў дзверы. – А пакуль – думай. І Дзіду шукай.
– У тым замку яшчэ дзвёркі былі! – адраджэнец прыўзняўся з фатэля і магнетычна рушыў за госцем. – Такія замкнёныя, жалезныя, таямнічыя. Вы за імі ніколі не бывалі?
Адказу не прагучала. Працокалі і сцішыліся за вакном капыты. Варухнулася фіранка, сонца слізганула па кампутарным маніторы. Выява мапы-застаўкі згасла, і індыкатары ноутбука зноў замігацелі ў рэжыме стэнд-бай.
Сеанс першаснай карэкцыі адраджэнскіх поглядаў прайшоў паспяхова. Малады спецыяліст доўга сядзеў, абхапіўшы голаў, і разважаў: чаму адныя людзі заўсёды раздаюць падсрачнікі, а другія іх дастаюць, і што трэба зрабіць, каб перайсці з другой катэгорыі ў першую?
11
Ведзьмакова хата вабіла зрок высокім жалезным плотам і чырвонай зорачкай на браме.
Стракатая чарга сведчыла пра папулярнасць гаспадара і дэмакратызм яго кліентуры. Гладкі маладзён у афіцыйным стройчыку паблажліва аглядаў сівога механізатара. Бяззубая бабка на мыліцах драматычным шэптам скардзілася на час і лёс. Фарбаваная бландзінка ў папсовым кабрыялеце старана падпраўляла касметыку. Мільгацела колькі чыноўніцкіх твараў з адценнем лёгкай скарумпаванасці.
Талаш прыладкаваў матацыкл за экскурсійным аўтобусам, што недарэчнай стадолай высіўся на вясковай вуліцы. Талашыха выцягнула бутэлечку. Малы энергічна заплямкаў.
– А наш бацюшка гаворыць, што ўсе гэтыя варажбіты-ведзьмакі – забабоны і ерась! – старая неўпрыкмет паправіла нацельны крыжык.
– Не, дык я ж таксама не супраць Госпада Бога, – памяркоўна дэклараваў ветэран. – Хай сабе ён і вядзьмак. Галоўнае, каб чалавек быў харошы!
– Свет не без добрых людзей, – пагадзілася Талашыха. – Каб не той вершнік са стрэльбай…
З турыстычнага аўтобуса данеслася завучана-ўзнёслае:
– …анамальная з’ява ў самым цэнтры Еўропы. У гэтым доме жыве знакаміты вядзьмак-ветэран, сапраўдны беларускі Гіпакрат і Настрадамус…
У салоне бліснулі лінзы, зашчоўкалі фотаапараты. За аб’ектывамі вырачыліся скрыўленыя фізіяноміі. Публіка разглядала, абмяркоўвала і прасякалася.
– …ён прадказаў не толькі гістарычную перамогу нашых хакеістаў на «Лініі Сталіна», але і трыумф нашых гвардзейцаў на «Еўрабачанні»!.. – пафасна абвясціў голас з аўтобуса.
Старыя асцярожна праціснуліся скрозь натоўп да брамы з чырвонай зоркай. Талашыха забрала ад малога бутэлечку і дбайна выцерла яму вусны. Талаш храбуснуў каменьчыкам пад ботам і сціпла кашлянуў.
– Прабачце, тут талончыкі выдаюць, ці запіс які папярэдні?
Але на старых ніхто не зважаў: пад плотам віравалі жарсці і вызначаліся прыярытэты. Заднія сунуліся па-за чаргой, згадваючы ільготы, балячкі, позні час і доўгі шлях да надзеі. Пярэднія стаялі ў брамкі, бы тыя гвардзейцы на апошнім рубяжы. І тут з-за плота данеслася раздражнёнае:
– А ну, ціха ўсе! Я зараджаюся…
Над сцішэлай чаргой шамацелі вясковыя прысады. У канцы вуліцы пастаральна ценькалі званочкі: з пашы вярталіся добрыя і карысныя каровы. З-за жалезнага плоту даносілася ледзь чутнае гудзенне. Цікаўны падлетак паспрабаваў было ўскараскацца на дрэва і зазірнуць на ведзьмаковы падворак, але неадкладна зваліўся ў пыл.
– Напэўна, наш вядзьмак касмічнай энергіяй зараджаецца! – містычна дапусціла бландзінка ў кабрыялеце.
– Ага! Паўлітру перад працай вырашыў засадзіць! – салідарна запэўніў механізатар.
– Ды не, ён ад нашай зямелькі сілу бярэ! – бабуля на мыліцах шморгнула носам.
Неўзабаве ледзь чутнае гудзенне за плотам аформілася ў выразнае выццё рухавіка. Шчоўкнула засаўка. З важкасцю шлюзавай створкі адышла брама. Народ паважліва адступіў паўколам і ўтаропіўся ў бязногага дзядка на інвалідным вазку з электрапрывадам. На старамодным пінжаку цьмяна блішчэў чырвоны ордэн.
– А вы думалі, я Тэрмінатар? – здзекліва запытаўся вядзьмак, сціскаючы ў каструбаватых руках дрот зараднага прыстасавання.
Ад дзядка сыходзілі біятокі панурасці і раздражнёнасці. Ён агледзеў наведвальнікаў учэпістым кравецкім поглядам і спыніўся на Талашысе.
– Адкуль ён у вас? – бязногі паспрабаваў нават прыўзняцца, каб як след разгледзець немаўля.
– Сыночак! – з прыхаваным гонарам засведчыў ветэран.
– Гасподзь Бог паслаў! – старая паднесла дзіцёнка да варажбіта.
Ледзь толькі вядзьмак глянуў на пуцаценькага, яго твар нібы перакрэсліла маланкай. На пергаментных шчоках запалымнелі склератычныя плямы. Дрот вываліўся з пальцаў, штэпсель бразнуў аб асфальт. Дрыготкая рука бездапаможна мацала кнопку задняга ходу. Інвалідны вазок панічна таркануўся назад – жалезная брама з грукатам зачынілася.
– Ідзіце лепш адсюль! – пачулася з-за плоту прыдушанае. – І, каб я вас тут больш ніколі не бачыў!
– А як жа наш сыначка… – разгубілася Талашыха. – Таварыш вядзьмак, майце ж сумленне! – паспрабаваў прысароміць Талаш. – Хоць гляньце, што ў яго за стрэмкі на спіне!
– Мне не тое, што глядзець – дыхаць на яго страшна! – злякана азваўся варажбіт. – Хочаце, каб у мяне новыя ногі адраслі? Вось тады, напэўна, усіх ільготаў і пазбавяць!
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?