Текст книги "Тэорыя змовы"
Автор книги: Уладзіслаў Ахроменка
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
12
– … нацыяналіст на ўсю галаву адмарожаны… – старшыня таргачоўскага райвыканкама задуменна чухаў за вухам сімпатычнага племяннога парсючка. – Прашмандоўка з кампутара… каўбойскі піндос з абрэзам…
Пад столлю ўтульнага свінарніка лянотна гулі тлустыя смарагдавыя мухі. Парсючок песціўся на каленях Качана і расчулена рохкаў. Загадчыца Дома Культуры стаяла каля загарадкі і пахмурна паглядала на мясцовага начальніка.
– Таго вершніка і Капейкін з Макрухам на ўласныя вочы бачылі, – Іванаўна ўпарта падціснула вусны і з нечаканай злоснасцю дадала: – гэта ж проста ірады нейкія! Дзіцятка задавіць хацелі!
Капрызлівы кабанчык вывернуўся пузам дагары, падціснуў ногі і патрабавальна віскнуў. Качан ласкава прымружыўся і далікатна зашкроб пазногцямі пяшчотна-ружовую скурку.
– Ды бачыўся я з нашымі славянскімі братамі, – неахвотна азваўся старшыня.
– Няўжо працверазелі? – сумелася загадчыца Дома Культуры.
– Ды, як табе сказаць… Спачатку таксама пра амерыканскі конны дэсант плялі. Потым пахмяліліся і вырашылі, што надта ўжо стаміліся на баявым дзяжурстве. Маўляў, прытрызнілася.
– А аўтапеленгатар?
– Згарэў у выніку самазапалення, – Качан адмахнуўся ад дакучлівай мухі, якая лезла яму проста ў твар. – Зацямь сабе, Іванаўна, і іншым скажы: ніякіх цудаў на нашай Сінявокай быць не можа. Тут усё стабільна. Пра гэта нават мой Аўка ведае.
Парсючок тыцнуў лычом у старшынёўскі твар і шчасліва прымружыўся.
– А як жа метэарыт? – не здавалася кабета. – Увесь горад пра яго гаворыць!
– Нашыя камунальшчыкі пасля свята Перамогі два самазвалы пляшак з замчышча выграблі. Некаторыя грамадзяне дагэтуль зялёных чорцікаў і белых коней ловяць.
– Ну, а дзеўка, якая нашага нацыяналіста ў кампутар зацягнула? – вочы загадчыцы ДК заззялі прагай здаровага сэнсу, – што, таксама прытрызнілася? Мы ж самі на ўласныя вочы…
– Ды не бачыў я ніякай дзеўкі, – надзіва роўным голасам засведчыў Качан. – А калі хто і бачыў, дык хай нервы сабе падлечыць… Іванаўна, ты сапраўды такая дурная, ці толькі прыкідваешся?
На твары кабеты праявілася шчырае непаразуменне. Іванаўна выцерла насоўкай спатнелы лоб, нервова паправіла шасцімесячны перманент і разгублена прашаптала:
– Пятровіч, ды што ж ты такое гаворыш…
Старшыня райвыканкама па-бацькоўску абярэжна паставіў кабанчыка ў загарадку і з салодкім хрубастам пацягнуўся – гузік кашулі адляцеў на падлогу.
– Бачыш? – Качан гаспадарскім рухам расчыніў дзверы прыватнаўласніцкага свінарніка.
У дзвярным праёме, нібыта ў раме, праменіўся ідылічны краявід. Выкладзеная наборнай пліткай сцежка вяла да Дняпра. Абапал яе цяжка гайдаліся ядвабныя цюльпаны, раскашавалі нарцысы, пад травеньскім ветрыкам танютка трымцелі іх пяшчотныя пялёсткі. Перспектыву замыкала грунтоўная лазня з металадахоўкай, шклопакетамі і спадарожнікавай антэнай. Магутныя калоны надавалі будыніне падабенства са шляхецкай сядзібай. І толькі вялізныя майткі, што сушыліся на вяроўцы перад самым уваходам, відавочна не ўпісваліся ў эстэтыку стабільнасці.
Местачковы начальнік дакорліва паглядзеў на субяседніцу.
– А цяпер, Іванаўна, чыста па-чалавечаскі. Уяві на хвілінку, што з намі ўсімі станецца, калі сюды якія кантралёры панаедуць… твае цуды расследваць. Зловяць яны таго каўбоя? Хрэн! І дзеўка назад з кампутара не вылезе. А без справаздачы павяртацца нельга. Значыцца, да нас, мясцовай эліты, неадкладна дакалупаюцца, – Качан скрывіўся, нібыта ад раптоўнага зубнога болю. – Так за якую скрыню цвікоў і з пасады зляцець можна. Калі не горш… Нам гэта трэба?
Павевам з Дняпра ветразем раздзьмуліся майткі на вяроўцы. Кабанчык у загародцы абурана рохкнуў і сцішыўся. Качан сеў на кукішкі, выглядаючы адляцелы гузік.
– Мо, Пятровіч, ты і маеш рацыю, – намыслілася загадчыца ДК. – Але ж я думаю…
– Ну, і што добрага ў тваім думанні? – раздражнёна перапыніў местачковы начальнік. – Ты на Аўку паглядзі. Вось ён дакладна не думае. І што, горш яму ад гэтага?
– А са Скіргайлам што? Ён жа пра таргачоўскія цуды па ўсім інтэрнэце растрындзіць!
– Ну, такім, як гэты, ніводная камісія веры не дасць, – адмахнуўся Качан. – А каб не трындзеў абы дзе і абы што – мы ў нашым Таргачове інтэрнэт сувора абмяжуем. Акурат паводле дзейснага заканадаўства. Дый увогуле, ты працай, працай яго нагрузі! Дзяржава гэтага нацыяналіста за свае грошы карміла-паіла, вучыла-выхоўвала, так што хай цяпер і адпрацоўвае. Яго б на праізвоцтва, як калісьці мяне… Дык якое ў цябе там у плане бліжэйшае культурнае мерапрыемства намячаецца?
Іванаўна паслухмяна зашамацела нататнікам і афіцыйна абвесціла:
– Батлейка.
– Што, зноў пра цара Ірада?
– Культурна-відовішчнае мерапрыемства на вайскова-патрыятычную тэму. Аніякай пагрозы маралі, грамадскаму парадку, правам і свабодам грамадзянаў, – драўляным голасам засведчыла загадчыца ДК. – У галоўнай ролі – малады спецыяліст Скіргайла.
– Правільна, трэба рэпертуар мяняць. Вось, хай наш паэт і нясе светач культуры. І ніякіх вершыкаў! – Качан шчоўкнуў наборнымі замочкамі начальніцкага партфеля і выцягнуў бярозавы венік. – Спадзяюся, мы з табой па ўсіх пунктах паразумеліся?
– То я ў ДК, на рэпетыцыю? – Іванаўна пасуворыла з твару і падалася да дзвярэй.
– А лазня? – з немудрагелістым падтэкстам нагадаў старшыня і шматзначна храбуснуў венікам. – Вось дзе сапраўдны цуд прыроды!
Загадчыца Дома Культуры паказальна праігнаравала падтэкст і кантэкст, афіцыйна замкнулася і пасунулася прэч.
Развітальна бразнула клямка сталёвых веснічак качановай сядзібы. Іванаўна з пагардай глянула на бліскучыя шклопакеты і прашаптала:
– Са сваім Аўкам у лазні культурную праграму арганізоўвай… Кабан раздзьмуты!
13
З шырокай каналізацыйнай трубы булькацела, цурболіла і чвякала. Паміж валамі адстойніка дробна дрыжэла загусцелая вадкасць. Ядучая пара па-над палямі фільтрацыі міжволі наводзіла на думкі пра газавыя атакі і пякельныя чаны.
Казёл сядзеў на іржавай трубе і засяроджана мацаў капытом рэшткі адстрэляных рогаў.
– А твой паэт-ідыёт абсалютна непрадказальны ў паводзінах! – скрушна рэзюмаваў ён.
– Затое нестандартны ў канчатковым выніку! – імпэтна падбадзёрыла Прашмандоўка. – Сітуацыя далёка не безнадзейная. Дзіда Лангіна трапіла ў сырую гліну. Яе запяклі ў адной з цаглінаў. З цэглы збудавалі касцёл. Рэшткі касцёла дагэтуль высяцца на замчышчы.
У казліных вачах ліхаманкава зашчоўкалі лічбы.
– Сто дваццаць сем тысяч трыста пяцьдзесят дзевяць цаглінаў, – беспамылкова падрахаваў парнакапытны.
– Без спецтэхнікі не абысціся. Дый галоўнае, нам, нячысцікам, да святыні не падступіцца, – далікатна нагадала красуня.
– Патрэбны антыкрызісны план, – падсумаваў Казёл. – І ён у мяне ёсць. Пакуль ты са сваім маладым спецыялістам цацкалася, я тут аднаго ўрода завербаваў.
– Ці задорага? – з прафесійнай цікаўнасцю запыталася інфернальная агентка.
– Звычайная для падобнай публікі такса: мільён даляраў і скрыня гарэлкі.
– І гэта – за несмяротную душу? – тонкае брыво Прашмандоўкі недаверліва прыўзнялося.
– Ён яшчэ прапаноўваў мне маму-тату, аўтаматы-кулямёты, планы-шыфры і нават родную вёску ў Кастрамской вобласці, – нячысцік спрытна нашчоўкаў кнопкі мабільніка. – Зараз сама і пабачыш…
Не паспеў згаснуць экранчык, як з хмызоў данеслася прыдушанае:
– Зямеля? Іду ўжо! Іду!
З атрутнага туману прывідным ценем выбраўся капітан Капейкін. Расеец пазнавальна зірнуў на трубу і прыязна пасміхнуўся бязрогаму.
– Ты мяне паважаеш? – паролем прагучала прывітанне.
– Яшчэ як! – імпэтна запэўніў Казёл. – Таму што ты сапраўдны рускі віцязь і вельмі круты пацан!
– Тады налівай!
– Давай шклянку.
Афіцэр спрактыкавана расшпіліў кабуру і выцягнуў адтуль гранчак. У капытах нячысціка імгненна матэрыялізавалася паўлітруха гарэлкі. Алюмініевы корак ценькнуў аб трубу. Капітан Капейкін зачаравана назіраў, як празрыстая вадкасць выцякае з рыльца.
– Ну, за перамогу, бля, над гэтымі… рознымі нярускімі фраерамі! – афіцэр з вайсковай базы «Волга-Волга» урачыста прыўзняў сасуд, чаркнуўся з трубой і выпіў нагбом.
– За нашу перамогу! – важка ўдакладніў парнакапытны.
– Аднаво гуля-яем!.. – Капейкін зухавата ляснуў гранчак аб бетановы падмурак трубы – гострыя аскепкі шрапнеллю пырснулі ў бакі. – Расея – шчодрая душа!..
Казёл шматзначна глянуў на Прашмандоўку: маўляў, бачыш, з якой кліентурай даводзіцца працаваць? Агентка спачувальна ўздыхнула.
– Які бабе-ец! – вайсковец абсмактаў гламурную прыгажуню хцівым позіркам. – Трэба і за яе выпіць… Налівай, кентуха! Гусары п’юць стоячы!
Капітан паспрабаваў было прыабняць гламурную красуню, але тая неадкладна выцяла па афіцэрскай пысе хвастом. З Капейкіна вылецеў гук, нібыта балалайкай з усяе моцы храснулі ў сцяну. На шчацэ імгненна набрыняла чырвоная паска.
– Мы служым у іншых войсках, – спакойна нагадала чартоўка.
– Не будзем спрачацца, – Казёл міралюбна перадаў пляшку вайскоўцу. – Паводле маіх падлікаў, ты паспеў выжлукціць усю скрыню гарэлкі і прагуляць… м-м-м… трыста сорак шэсць даляраў сорак дзевяць цэнтаў. Пакуль не прасадзіў астатняе, маю зрабіць канкрэтную прапанову. Ці не зарганізаваць табе які-небудзь бізнес?
– Што спіздзіць трэба? – імгненна адрэагаваў расеец.
– Нічога. Трэба інвеставаць твае грошы ў адну справу вельмі карысную для сусветнага славянства. Не хвалюйся, навучу, – супакоіў парнакапытны. – Але, каб распачаць уласны бізнес, неабходна зруйнаваць рэшткі касцёла на замчышчы.
– Капішча ватыканскіх сатаністаў! – узрадаваўся Капейкін. – Ды я туды роту сваіх чучмекаў наганю, з ламамі і кавадламі! За гадзіну і расхерачым…
Казёл прыязна затрос барадой. У пукатых вачах закружлялі пякельныя агеньчыкі.
– Значыцца, недзе праз тыдзень мы і атрымаем Дзіду Лангіна, – мройліва мэкнуў нячысцік. – І тады ніхто і ніколі не зможа нас спыніць! Спярша канчаткова падпарадкуем тутэйшы край. Потым – сусветнае панаванне. Потым…
– А хто казаў пра двупалярную пабудову Сусвету? – нечакана абсекла Прашмандоўка. – Нават Пан Бог – і той не дапускае манаполіі на ўладу… Бо дазваляе і пекла, і нас з табой!
Парнакапытны нібыта не пачуў.
– Вершнік з лесу відавочна паспрабуе зноўку ўскладніць нам жыццё. А таму патрэбны жывы шчыт. Ім зможа стаць толькі…
– …пуцаценькі?
– Менавіта. Агентка Прашмандоўка, слухай чарговае заданне. Першае: выправіцца да Талаша з Талашыхай. Другое: пасадзіць немаўля ў мех. Трэцяе: прыцягнуць да мяне вось сюды! – нячысцік важка гупнуў капытом у трубу, і яна забулькацела з падвоенай энэргіяй.
– А калі я адмоўлюся выконваць такое заданне? – незалежна прымружылася панначка.
Казёл адсунуўся на які крок, недаверліва лыпнуў вачыма і прашаптаў:
– Прашмандовачка, да што ты такое гаворыш… Як гэта «адмоўлюся»?..
Лёгкі ветрык варушыў гламурную фрызуру чартоўкі. Сінія вочы ззялі недарэчным гуманізмам.
– Я пякельная агентка, але ўсё ж такі жанчына, – патлумачыла Прашмандоўка. – І шкодзіць дзіцёнку не буду.
– Думаеш, мне надта ўжо падабаецца быць казлом? – маркотна запытаўся Казёл. – Але…
– Кожны адказвае за сябе сам!
Красуня крутанулася на тонкіх абцасах і, нават не развітваючыся, рушыла прэч. Яе вытанчаная постаць паволі распускалася ў малочнай пары, што слалася па-над палямі фільтрацыі.
– Ды ў цябе зваротнай дарогі няма! – разгублена выгукнуў нячысцік. – Куды табе, хвастатай, падацца? На неба? А каму ты там патрэбная?!
Прашмандоўка годна падабрала хвост пад спадніцу і не адказала. Неўзабаве размыты сілуэт канчаткова знік у тумане.
Ад трубы даляцеў голас падзабытага капітана Капейкіна:
– Ні хера сабе… Па гаўне, як па сухому! Алё, бабе-е-ец, спыніся, бля, спыніся!.. Тэлефончык хоць пакінь!..
Афіцэр размяў нягнуткія ногі і гіпнатычна падаўся следам, але імгненна вухнуў у фекаліі. Стрыжаная галава раз-пораз паказвалася і знікала ў загусцелай вадкасці. Рукі бездапаможна хапалі паветра.
– Ратуйце! – злякана выгукнуў капітан.
Парнакапытны павагаўся, але ўсё ж працягнуў яму доўгі кій.
– Яна, хоць і нячысцік, але ўсё ж такі нізрынуты анёл, – Казёл рэзануў Капейкіна такім позіркам, ад якога апошняму захацелася неадкладна скараціцца ў аскарыду. – А ты… ты проста гаўно на палачцы!
Ветрык паволі зносіў атрутную пару да Дняпра. Вайсковец скакаў па траве, абтрасаючы бруд, мацюгаўся і прыгадваў танкі, якія гразі не баяцца. А Казёл засяроджана глядзеў перад сабой і паўтараў пранікнёна:
– Якая жэншчына… якая жэнчшына…
14
Пахмурная чарга талерантна абмінала газон і ўпіналася ў металёвую будку з надпісам «Прыём шклатары». Пад сарамлівае ценьканне торбаў, мяхоў і скрыняў людства паволі рухалася да акенца, у якім шныпарылі ўвішныя рукі прыёмшчыцы.
Скіргайла меланхалійна пасоўваў грувасткую валізу з піўнымі пляшкамі і думаў. Адно паўшар’е адраджэнскага мозга ў каторы раз аналізавала словы загадкавага вершніка пра падсрачнікі і самапавагу. Другое энэргічна пярэчыла: Дзіда Лангіна страчаная, а таму перамагчы ворагаў беларушчыны не выпадае. Ці то паэт адшукае суперзброю саматуж, ці да скону жыцця будзе сядзець у сваім пакойчыку і пад маркотнае цурчэнне сапсаванага крана цешыцца гульнямі ў ВКЛ…
Так, пад развагі пра гаротны лёс Бацькаўшчыны і змарнаваныя магчымасці, адраджэнец паціху наблізіўся да акенца. Ён ужо было ўзяўся выстаўляць парожнія пляшкі з валізы, як перад ім недарэчна ўкруціўся лядашчы стары з бляклымі медалямі на старамодным ветэранскім пінжаку.
– Прыміце, – пакручаная палеартрытам рука сунула ў акенца дзве пляшкі з-пад гарэлкі.
Чуйныя, як у сляпога, пальцы прыёмшчыцы прайшліся па рыльцах.
– Бітыя не бярэм, – азвалася яна. – Бачыце – абадкі шчарбатыя…
– Я – ветэран вайны і «органаў»! – вертухайскія медалі на пінжаку пагрозліва блямкнулі. – Я Беларусію пасля Вялікай Айчынай ад нацыяналістычных недабіткаў вызваляў! Вось заяўлю на цябе куды трэба…
Прыёмшчыца ўздыхнула, павагалася, але ж дала вызваліцелю колькі купюраў. Малады спецыяліст непрыязна зірнуў на старога чакіста і бомкнуў пляшкамі аб прылавак.
– Гэтую не вазьму, – цётка вярнула паэту пляшку з-пад «Аліварыі». – Бруд усярэдзіне. І сапраўды: праз цёмна-зялёнае шкло няпэўна прамалёўвалася нешта скураное і засохлае. Маладзён перакуліў пляшку і паляпаў па донцы: на далонь выслізнуў ладны пергаментны скрутак.
Скіргайла недаверліва разгарнуў пергамент і захаўкаў. Між паўшар’яў мозга імгненным зігзагам прабег сіні электрычны сполах. Ён трымаў булу яго Свяцейшаства Клімента VII да таргачоўскай кузіны каралевы Боны…
Радкі рукапіснай лаціны беглі змейкамі і расплываліся ў вачах. Паэт прытуліўся плячом да сцяны і паспрабаваў было асэнсаваць.
– Інструкцыя ад заакіянскіх гаспадароў? – выкрывальна прагучала над вухам. – А ну дай сюды! – пільны дзядок працягнуў да адраджэнскага манускрыпта вузлаватыя пальцы.
Скіргайла паспешліва сунуў булу ў кішэню і заняў незалежную позу.
– Гэта наша гісторыя, – патлумачыў ён памяркоўна.
– Якая яшчэ «наша гісторыя»? – абурыўся стары, і яго зубны пратэз клацнуў, нібы аўтаматны затвор на лагернай вышцы. – Там жа ўсё не па-руску напісана!
Спрэчка мелася стацца бесперспектыўнай. Адраджэнец асцярожна адступіў назад і, пазабыўшыся пра валізу, пасунуўся праз натоўп.
– Алё, грошы за пляшкі забяры! – пачулася з акенца. – Не, вы толькі гляньце на яго… Лячыцца трэба!..
– Я б яго ў доктара-шкодніка лячыў! – стрэліў у скіргайлаву патыліцу ветэранскі каментар… …Ноч залівала адраджэнскі пакойчык густым фіялетавым атрамантам. Вялікія князі, асветнікі, святыя і інсургенты спачувальна мружыліся са зманлівай паўцемры. Змоўніцкі свяціўся кампутарны манітор, шчоўкалі клавішы, шаргацеў лацінскі слоўнік, і паэт радок за радком прасякаўся змярцвелай мовай цэзараў, інквізітараў і фармацэўтаў. Змест папскага ліста падаўся яму цьмяным, як у цэнтурыях Настрадамуса, і пафасным, бы ў мадрыгалах Петраркі.
Але ж апошні абзац не вымагаў каментараў.
– «Рагатыя сканаюць, і Нябёсы пашлюць Дзіду Лангіна таму, хто здзейсніць праўдзівы подзвіг. Змагар возьме Святыню ў рукі, спасцігне лічбу звера, распачне з гэтым зверам двубой і заб’е яго!» – ўражана дэкламаваў Скіргайла і праз выразную паўзу запытаўся нясмела: – і няўжо ж гэтым змагаром стануся я?..
15
Малінавы золак цнатліва зіхацеў на даляглядзе. Бляклы месяц акварэльна размываўся бяздоннымі дняпроўскімі водамі. Залатая зорачка сарамліва здрыганулася на ядвабных нябёсах, крыху павагалася і з крышталёвым дзвонам скацілася на гонтавы дах Талашовай хаты.
Рыпнулі дзверы, віскнула прыступка. Разношаныя кеды разгублена прачвякалі да гародчыка. Талашыха недаверліва агледзелася, пляснула ў ладкі і ледзь чутна прашаптала:
– Ой, Божухна… Ды што гэта такое на нашай зямельцы робіцца? Тала-аш, ідзі глянь!
На градах буяў праўдзівы цуд. Сакаўныя стрэлы цыбулі стромка цягнуліся вышэй за плот. Паміж цёмна-зялёнымі шыхтамі часныку бухмаціліся карункавыя хвалі кропу, залаціліся пругкія перцы. Панская раскоша памідораў цешыла вока барвовым атласам. Пупырчатыя гуркі сарамліва выторкваліся з-пад шырокіх лістоў. Залацістыя дыскі сланечнікаў годна віталі памаранчавае сонейка.
– А гэта ж яшчэ травень не скончыўся! – Талаш уражана аглядаў дзялку. – Во цуд, дык цуд… І за што нам такое шчасце?
Да старых ціхенька падышоў пуцаценькі. Прахалодны дняпроўскі ветрык пяшчоціў ягоную белую кашулю да пятаў. Хлопчык агледзеў дзялку яснымі блакітнымі вачыма і добразычліва пасміхнуўся.
– Вясна стаіць цёплая, лета будзе вясёлым, а восень – крывавай! – вельмі выразна прамовіў ён.
Частка другая. Змагар
1
Сімпатычны рагаты слімачок няспешна сунуўся вышчарбленым касцельным мурам. На барвовых цаглінах пункцірна блішчэў слюдзяны след. Скіргайла зацікаўлена прасачыў за істотай, адступіў на які крок і агледзеўся.
Рэшткі касцёла ўрачыста камянелі па-над шатамі замчышча. Са шчарбатых контрфорсаў сарамліва прабіваліся чэзлыя дрэўцы. У пустых вокнах маляўніча выгіналіся старажытныя скляпенні. Ад руін патыхала куродымам, цвіллю і стараліцвінскімі таямніцамі.
Раптам над вухам крышталёва ценькнула, ледзь чутна порхнулі крылы. Імклівая птушка здзяўбла слімачка, села на гзымсу і з цікаўнасцю глянула на Скіргайлу.
– Святыню шукаць – гэта табе не казюрку дзяўбсці! – адраджэнец выцягнуў з валізы самаробны металашукальнік. Вочы маладзёна блішчэлі прагай рэальнага дзеяння. Ён прыставіў да сцяны доўгія драбіны і надзеў навушнікі. Пальцы сціснулі штатыў металашукальніка, бы рыцарскі меч.
Пошукі ішлі марудна; Скіргайла сунуўся па аблушчаным муры, бы той слімачок. Маладзёну даводзілася раз-пораз злазіць з драбінаў, каб пераставіць іх да недаследванага ўчастка сцяны. Зжоўклая трава, што тырчэла між цэглай-пальчаткай, суха шкрабала металёвую рамку. Мох высцілаў фрызы дзіўнай смарагдавай мазаікай, і на дотык крыху нагадваў плюшавую заслону ў актавай зале ДК.
Сонца пераваліла зеніт і ўпэўненай дугой пакацілася на захад. Светлавыя плямы на сценах паволі ссоўваліся і бляклі. Ад Дняпра пацягнула холадам. У глянцавых шатах сцішыліся птушкі, затое ў вільготнай нізіне млява заквахталі жабы.
Знянацку ў навушніках выразна запішчэла. Адраджэнец здрыгануўся, збляднеў, таргануў кадыком і сцяўся. Рамка металашукальніка недаверліва прайшлася па той самай цагліне, што азвалася піскам.
Гук паўтарыўся.
Маладзён зняў навушнікі, выцер імгненна спатнелы лоб і няпэўна заазіраўся. Усярэдзіне відавочна месцілася нешта доўгое, металёвае і, магчыма, сакральнае. Скіргайла агледзеўся, дастаў з кішэні цюбік з фарбай і выцягнуў руку, каб пазначыць цагліну. І тут за спінай стошана заскрыгатала – малады спецыяліст інстынктыўна павярнуў голаў…
Проста на яго імкліва ляцеў гіганцкі металёвы шар. Скіргайла рэфлекторна ўцягнуў голаў у плечы і ўчарэпіўся ў мур. Шар з усяе моцы вухнуў у касцельную сцяну. Храбуснулі хісткія драбіны, металашукальнік паляцеў долу, і паэта адкінула ў непраходныя зарасці крапівы.
Адраджэнец на якую секунду страціў прытомнасць, а калі ачуняў, то жахнуўся…
Старажытная сцяна нібы набрыняла шэрай пухлінай. Пыл парадзеў, і з каламутнага воблака спакваля праявіўся абрыс металёвай будаўнічай стралы. На раскудлачаным тросе пагрозліва гойдалася вялізнае ядро.
У хуткім часе з-за дрэваў выкаціла і сама разбуральная спаруда – дужы экскаватар на гусенічнай хадзе. Скрыгатала жалеза, хрумсцела цэгла пад тракамі, і на гэтыя гукі, бы на шампур, нанізаўся хрыпаты голас капітана Капейкіна:
– Макруха, спыніся, бля, спыніся! Не трэба ў друз! У мяне ж на цэглу пакупнік ёсць!
Скіргайла лыпнуў, хаўкнуў і перажыў галавакружэнне. Карціна выглядала занадта брутальнай, каб паверыць у яе адразу.
З кабіны экскаватара няспешна вылез Макруха. Прапаршчык з вайсковай базы «Волга-Волга» падышоў да магутнага касцельнага мура і здзіўлена сплюнуў.
– Гля, стаіць! – валасаты палец Макрухі недаверліва пакалупаў ацалелую сцяну. – Можа, трацілам?..
– Зараз нашы чучмекі пад’едуць, з усім, чым мае быць, – дзелавіта паведаміў Капейкін. – Нашаму салдату ўсё па плячы! А два салдаты са страйбату замяняюць экскаватар…
У вільготнай нізіне злякана сцішыліся жабкі. Жалобна ценькнула птушачка на касцельнай званіцы. Адраджэнец паспрабаваў было прыўзняцца, але толькі прыдушана войкнуў; ён моцна пабіў калена. І тут з-за руінаў данёсся голас, інтанаваны ледзь стрыманым абурэннем:
– Хто загадаў ламіць гісторыка-культурную спадчыну? Пісьмовы дазвол ёсць?
Загадчыца Дома Культуры з’явілася на замчышчы вельмі дарэчы – нібы выпадковы мінак у цёмным завулку, дзе замыслілі забойства. Яна сувора агледзела касцельную сцяну са следам разбуральнага ядра, падабралася і зірнула на вайскоўцаў з непрыхаванай агідай.
– Ды ўсё ў нас ёсць, Манда, – капітан Капейкін зашархацеў паперчынай з філялетавай пячаткай райвыканкама. – Валі лепш адсюль на хрэн… А то і табе што-небудзь зломім.
– У сваёй Кастрамской вобласці ламі, ірад! – прапанавала Іванаўна з нечаканай злоснасцю. – А тут усё ж такі – цэнтр Еўропы!
– Да нас фашысты не дайшлі, а ў вас тут – былі! – імпэтна засведчыў маскоўскі афіцэр. – Вось яны вам любоў да розных выраджэнскіх еўропаў і прынеслі!
Макруха прымірэнча пасміхнуўся.
– Мы ж для вас, беларусцаў, стараемся, – патлумачыў ён з інтанацыямі паблажлівага каланізатара, які даводзіць недасведчаным афрыканцам свае культурніцкія перавагі. – У гэтым так званым храме польска-літоўскія феадалы труцілі вашу славянскую свядомасць так званымі агульначалавечымі каштоўнасцямі. І, пэўна, не за проста так, а па канкрэтнай жыдоўскай замове.
– Ісус Хрыстос таксама быў з яўрэяў! – паспрабавала было заступіцца Іванаўна. – І ўсе ягоныя вучні. Ды нават сама Божая Маці!..
– Заакіянскія прыдумкі! – агрэсіўна ашчэрыўся прапаршчык. – Нашымі яны былі: рускімі і праваслаўнымі!
Скіргайла бездапаможна сціснуў кулакі і зноў пашкадаваў пра страчаную ім Дзіду Лангіна. Ворагі беларушчыны ў каторы раз нішчылі тое, што яшчэ можна было адрадзіць.
А на замчышчы ўжо хіжа гырчэў цёмна-зялёны «КамАЗ» з двухгаловым арлом на дзвёрках і шыльдачкай «ЛЮДИ» на тэнтаваным кодабе. З-пад брызенту пасыпаліся скуластыя вузкавокія вайскоўцы ў аднолькавых кімірсэнаўскіх камуфляжах. Бляшаны рэпрадуктар на кабіне грузавіка бухнуў барабанам, зароў геліконам, і над аплылымі брыламі замчышча раскацілася «Прощание славянки». На ўрачыстыя акорды раз-пораз накладаліся азіяцкія рэплікі і вайсковыя мацюгі.
Вакол касцёла імгненна пашнуравалася ачапленне. Загадчыца Дома Культуры паспрабавала было пратэставаць, але яе неадкладна адсунулі з месца падзеяў.
Капітан Капейкін правёў кароткі інструктаж:
– Касцёл – расхерачыць. Падмурак – пакінуць. Цагліны не біць, а складаць у штабель. Тут адзін казёл усё гуртам купляе, яму і завязем!
Камуфляваныя постаці недарэчна засноўдалі пад бажніцай. Лом – класічны расейскі спосаб вырашэння ўсіх праблемаў, – спрацаваў і цяпер. Бліскучыя металёвыя стрыжні хаатычна мігацелі на тле старажытных муроў. Знаёмы абрыс спакваля аплываў, нібы кавалак рафінаду ў шклянцы з гарбатай. Перад вачыма Скіргайлы міжволі праплылі і зніклі кадры з «Animals planet»: зграя хіжых мурашоў бязлітасна шматуе прыгожага жывога жука…
Незапатрабаваны экскаватар з металёвым шарам крыва высіўся за «КамАЗам». Макруха паглядаў на яго са шкадобай; разбуральніцкія інстынкты відавочна віравалі ў вайскоўцу. Знянацку прапаршчык неадэкватна хаўкнуў пашчэнкай і сутаргова выхапіў цагліну з сярэдзіны штабеля.
– А я раней у спецназе служыў! – шчасліва выгукнуў ён і з усяе моцы гахнуў цаглінай аб уласны голаў.
Цагліна неадкладна хрумснула і пераламілася. Расеец блазнавата рагатнуў, сплюнуў, выцер скрываўлены лоб і ганарліва прадэманстраваў уломкі. У запёклай гліне цьмяна бліснула старажытным металам.
– Арматура, напэўна, – намысліўся Капейкін. – Дай глянуць…
За ачапленнем збіўся невялічкі натоўп: пенсіянеркі з клункамі, пацаны з півам, рабацягі ў спецоўках. Пад абарончым мурам засяроджана смактаў «чарнілы» самотны калдыр, і ягоны сюрэалістычны твар па-мастацку разнастаіў вечаровы ландшафт. Таргачоўцы назіралі за карцінай разбурэння з лянотнай абыякавасцю. Адсутнасць адэкватнай рэакцыі выразна дэманстравала адзінства тутэйшага народа з нетутэйшым войскам.
Скіргайла, трымаючыся за пабітае калена, нарэшце выбраўся з зарасцяў.
– Што ж вы глядзіце! – адраджэнец трагічна скрывіў рот. – Гэта ж вашыя дзяды-прадзеды будавалі! Як самі сябе не паважаеце, ды хоць пра іх узгадайце! Потым жа будуць гаварыць: маўляў, у беларусаў ніколі сваёй гісторыі не было… Ды я ж за ўсё гэта… душу запрадаў!..
– Гэтым нацыяналістам паўсюдна нейкая гісторыя мроіцца, – раздражнёна азвалася бабка ў зашмальцаванай хустцы. – Мне што – пенсію ад тваёй гісторыі падвысяць?..
– Кажуць, нашыя славянскія братаны тут нафту знайшлі, – мройліва дапусціў мужчына ў ватоўцы. – Ці газ… Зажывем нарэшце, як у Маскве!
– Да што ты, свядомы, са сваёй палітыкай усюды лезеш! – хлопец у дэрмацінавай марынарцы зрабіў выгляд, што хоча кінуць у Скіргайлу піўной пляшкай. – Нам у «бурсе» расказвалі, хто і за што вам, прадацелям, плоціць!..
Адраджэнец хацеў было запярэчыць, але толькі сплюнуў, знясілена махнуў рукой і закульгаў прэч.
Шарая гадзіна апанавала замчышчам. Попельныя нябёсы пракалолі дрыготкія зорачкі. У абеліска-фантана запаліліся бляклыя ліхтары. Пачварныя цені Ганса і Фрыца ўпэўнена наклаліся на бомбу з аблушчаным надпісам «За Беларусь!» У аблоках сарамліва праслізнуў месяц. Пад замчышчам дробна замігцелі першыя электрычныя агеньчыкі. З вокнаў панэльных пяціпавярховікаў палілося мярцвянае тэлевізійнае святло.
Таргачоў асцярожна вечарэў…
Скіргайла шморгнуў носам, хліпнуў горлам і пагразіў краявіду кулаком.
– Паганае быдла! – надрыўна прашаптаў ён. – Подлы, закамплексаваны, тупарылы народзішка са страўнікам замест мазгоў! Вас трахаюць ва ўсе адтуліны, а вы яшчэ і дзякуеце за гэта! Я не хачу больш пісаць для вас вершы!.. Я не хачу больш шукаць для вас Дзіду!..
Думкі ліліся, нібы цітры на незразумелай мове, і паэт ніяк не мог іх перакласці. Вочы зачапіліся адно за апошні радок: «Рагатыя сканаюць, і Нябёсы пашлюць Дзіду Лангіна таму, хто здзейсніць праўдзівы подзвіг.»
Маладзён сеў на парапет і прымружыўся на помнік Гастэлу…
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?