Текст книги "Аб вечным. Запіскі эзатэрыка"
Автор книги: АлёнКа
Жанр: Эзотерика, Религия
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)
У Алекса яшчэ з дзяцінства ўрачы праслухоўвалі шумы ў сэрцы, ужо з падлеткавага ўзросту ён пакутуе ад павышанага ціску, яму не было яшчэ і трыццаці гадоў, як пачалі балець ногі ў выніку, як вы, напэўна, здагадаліся, усё таго ж рэўматызму. Прастатыту пакуль няма, і зараз у многім ад бацькі залежыць наяўнасць або адсутнасць дадзенага захворвання ў брата Алесі ў больш сталым узросце, чым ён зараз і ў больш маладым, чым яго бацька на сёння.
Для чаго я ўсё гэта расказваю? Каб патлумачыць прычыну пераходу нашымі продкамі да экзагаміі.
Вы ўяўляеце сабе, што б адбылося, калі б шлюбы, як гэта і было, верагодна, раней, заключаліся паміж братам і сястрой (роднымі і стрыечнымі), паміж маці і сынам, бацькам і дачкой, паміж членамі аднаго роду? Непазбежнае наследаванне ў такім разе аднолькавых хвароб хутка прывяло б да выраджэння роду (абедзвюх ліній), да яго поўнага вынішчэння.
А што адбываецца пры экзагаміі? Больш павольнае выміранне ў выніку перакрыжавання розных хвароб.
Зразумела, што каб выжыць, трэба клапаціцца аб здароўі сваім і сваіх родных, прычым жанчыне трэба думаць найперш пра маці і дачку, мужчыну варта выказаць клопат у адносінах да бацькі і сына.
Але якое дачыненне да гэтага мае татэмізм? Каб адказаць на пастаўленае пытанне, неабходна зрабіць дапушчэнне, што душы людзей некалі належалі целу жывёл, кожнае з каторых мае свае рысы характару, звычкі, прыроджаныя здольнасці, свае асаблівасці і слабыя бакі.
Што адрознівае ваўка ад іншых? Апішам яго пры дапамозе прыметнікаў: драпежны, жорсткі, бязлітасны, вытрыманы, але і праніклівы, разумны, добры стратэг і аналітык, ды яшчэ верны (ваўкі манагамныя жывёлы).
Якая галоўная рыса чалавека? Чалавечнасць.
Атрымліваецца, эвалюцыяніраваўшы з узроўню ваўка да статусу чалавека, душа (ці то дух), дзеля таго, каб не вярнуцца назад у сваё зыходнае становішча, павінна пераплавіць лютасць і бессардэчнасць ваўка на добрасардэчнасць чалавека, астатнія якасці я б пакінула. Калі гэтага не зрабіць, лёгка здагадацца, што больш за ўсё пакутаваць у людзей, узяўшых свой пачатак ад ваўкоў будзе сэрца. (І менавіта дзеля таго, каб не забываць, праяўлення якіх характэрных асаблівасцей варта сцерагчыся, каб не рэгрэсіраваць, людзі напачатку так добра ведалі, да якога татэма належалі.) Жадаючым крочыць уперад трэба пазбягаць жыцця па законе джунгляў.
На тое мы і людзі, каб змагчы пераадолець сваю жывёльную прыроду і падпарадкаваць сабе інстынкты, а не сябе інстынктам.
Далей зразумела, што шлюбы, заключаныя паміж членамі аднаго і таго ж татэма пры невырашаных праблемах вядуць да дэградацыі асобы і праз асобу да ўсяго роду-племя цалкам.
А пры вырашаных? Прывітанне, мая другая палоўка!
Але ж, «мы зорная памяць адзін аднаго»?..
Аб табу
Рэгламентацыі, законы, табу.
Чытаючы кнігу Я. Крука і А. Катовіч «Залатыя правілы народнай культуры» і сутыкнуўшыся з шэрагам рытуальных прадпісанняў, немагчыма не задацца пытаннем: адкуль бяруць свой пачатак шматлікія табу, чым яны выкліканы, як дзейнічаюць і што зрабіць, каб не дзейнічалі?
Для таго, каб адказаць на пастаўленыя пытанні, варта звярнуцца да кнігі З. Фрэйда «Татэм і табу». Толькі паяднаўшы цікавыя звесткі на тэму «табу» славутага псіхааналітыка з наследдзем славянскай народнай культуры, сабраным нашым айчынным этнографам, дадаўшы да таго ж свой уласны вопыт пражытых год, можна дасягнуць пэўных вынікаў у рамках правадзімага даследвання.
Пачнем разглядаць праблему з пытання: што такое табу? Адказ знойдзем у Фрэйда: «… табу мае два супрацьлеглых напрамкі. З аднаго боку, яно абазначае – святы, з другога боку – жудасны, небяспечны, забаронены, нячысты. Процілегласць табу па-палінезійску называецца „noa“ – звычайны, агульнадаступны. Такім чынам, з табу звязана прадстаўленне чагосьці, патрабуючага асцярожнасці, табу выяўляецца, па сутнасці, у забаронах і абмежаваннях. Выкарыстоўваемае намі спалучэнне „святое трапятанне“ часта супадае з сэнсам табу» [З. Фрэйд «Татэм і табу»]. І далей: «…выражэнне табу… падкрэслівае прыкмету, робячуюся ў рэшце рэшт агульнай і для святога, і для нячыстага, – боязь дакранання да яго».
Такім чынам, табу можна акрэсліць адным словам – недатыкальнае. Чаму? На гэта пытанне зноў жа адказаў Фрэйд. Адкажам і мы. Што адзінае мае сэнс забараняць? Тое, чаго больш за ўсё жадаеш. Накладваць табу на непажаданае ніхто не стане. Навошта, калі яно і так нікому непатрэбна? А зараз накладзем толькі што сказанае на абрадавую практыку беларусаў [фарзац кнігі Я. Крука, А. Катовіч «Залатыя правілы народнай культуры»].
1. «Не сядай на парог», «не вітайся цераз парог», каб тым самым не патурбаваць продкаў (парог здаўна лічыўся зонай смерці).
Але, памятаем, што забараняць рабіць варта толькі тое, што зрабіць вельмі хочацца? Вынік? Чалавек падсвядома жадае тым ці іншым чынам уступіць у сувязь з памерлымі родзічамі, з тым светам. Больш за тое, існаванне забароны на судакрананне з парогам (з люстэркам, калі ў доме ёсць памерлы) даказвае, што дасягненне такіх стасункаў магчыма: забараняць нездзяйсняльнае было б глупствам. Што дае чалавеку здольнасць міжпрасторавага падарожжа, гэта ўжо іншае пытанне. Відавочна адно: дадзенае табу выклікана страхам, па-першае, смерці, па-другое, сустрэчы з невядомым. Пераадоленне боязі дасць нам магчымасць пазнаць невядомае і пазбавіцца ад забабонаў. Прымхі – тое, што ідзе аберуч з верай; «суеверие» – сумесна з верай. Адбярыце ў «суеверия» веру – і яно аўтаматычна страціць сваю моц. Дык можа, будзем верыць толькі ў лепшае?!
2. «Нельга везці ўперад нагамі спячае дзіцё або хворага», таму што так выносяць з хаты памерлых.
Паміж радкоў гэтага табу бязгучна стаіўся адзначаны раней страх сустрэчы са смерцю. Прычым, гэты страх хутчэй за ўсё і прыцягне хваробу і смерць у жыццё ваша і вашых блізкіх. Бо прычынай няшчасця часта з'яўляецца яго чаканне, а зусім не спосаб перамяшчэння немаўля на калясцы.
Так што чалавеку, не задумваючамуся аб небяспецы, нягледзячы на парушэнне табу, хутчэй за ўсё, нічога не пагражае.
Тым не менш, з апошняй забаронай я б раіла быць паўважлівей. Невядома яшчэ, што ў вас там запісана глыбока ў падсвядомасці. Самі можам не ўсведамляць, у што верым. У любым выпадку, сапраўдная любоў да дзяцей не дазволіць вам зрабіць нешта, што магло б ім пашкодзіць, незалежна ад глыбіні ведаў і намаганняў прымяняць іх на практыцы – рука не падымецца, у літаральным сэнсе гэтага слова. Або Бог не дапусціць, калі так для вас гучыць лепш.
Дарэчы, узнікшыя ў нашым стагоддзі каляскі-трансформеры, якія дазваляюць па сваім жаданні перакідваць ручку, вар'іруючы месцапалажэнне малога (з-за чаго ён будзе рухацца напераменку то ўперад галавой, то нагамі), таксама выкідкі, выпадкі якіх пачасціліся, ясна сведчаць аб несвядомым нежаданні моладзі мець дзяцей (калі лічыць, што ў падсвядомасці большасці існуе-такі табу на перамяшчэнне жывога чалавека нагамі ўперад). Віной таму нелюбоў. Аднак, магчыма, такая акалічнасць проста патрабуе ад нас большай гнуткасці мыслення, і толькі.
3. «Каб нявеста лёгка нарадзіла першынца, яна не павінна была дакранацца да парога хаты жаніха, таму жаніх браў яе на рукі і пераносіў цераз парог».
Неабходнасць прытрымлівацца гэтай парады з'яўляецца маўклівым сведкам негатыўных адносін родзічаў (і продкаў) мужа да яго жонкі. У адваротным выпадку дзяўчыну не пераносілі б цераз парог, а насупраць, маладыя б спыніліся каля парога і папрасілі ў родных падтрымкі і дапамогі. Боязь таго, што суродзічы табе нашкодзяць, можа быць выклікана адпаведным пажаданнем ім смерці з твайго боку: я ведаю, што жадаю роду мужа блага, асцерагаюсь, што мае дрэнныя думкі выклікаюць адпаведны негатыў з іх боку, утоіць думкі яшчэ можна паспрабаваць (беспаспяхова, «нутром» адчуюць негатыў і будуць адносіцца да вас адпаведна!) ад жывых, але не ад прадстаўнікоў таго свету – адсюль патрэба быць перанесенай цераз тую зону, праз якую, верагодна, можа адбыцца кантакт з духамі памерлых.
Дастаткова зразумець адну рэч: чалавек не ўласнасць, сын не належыць бацькам па праве нараджэння, муж не належыць жонцы па праве шлюбу, і тады не трэба будзе гуляць у хованкі ні з чыімі продкамі. Толькі пажаданне блага можа ператварыцца ў блага для цябе самой. Да добрых адносін ніхто не будзе ставіцца варожа, незалежна ад таго, продкі яны твае і твайго названага, нашчадкі або сучаснікі.
4. «Пасля таго як маладыя паедуць у храм вянчацца… падлогу не вымятаюць і не мыюць».
Забарона мыць падлогу за маладымі (выкананне гэтага дзеяння пазбавіла б дом ад рэшты пакінутай імі энергіі, наяўнасць каторай нібы магнітам будзе цягнуць дзяцей назад) выклікана нармальным жаданнем адасобіцца ад толькі што ўтворанай сям'і. (Памятаем, што мы забараняем толькі прагна жадаемае!) Ненатуральным з'яўляецца табу, спрыяючае вяртанню маладых у дом бацькоў з тым, каб і далей пражываць разам з імі.
Паважаныя бацькі, не бойцеся адпусціць сваіх дзяцей, знайдзіце сэнс жыцця ў саміх сабе, гэта будзе садзейнічаць скасаванню пачуцця двухбаковай залежнасці, наяўнасць якой як нельга лепш сведчыць аб адсутнасці іншага пачуцця – любові.
Гэтак жа справы і з перавернутай кнігай: калі ты добрасумленна вывучыш яе змест, то як потым ні варочай – веды нікуды не знікнуць, а не вывучыў – хоць тыдзень спі з расчыненым падручнікам пад падушкай, у галаве ў цябе ад гэтага не дадасца.
5. Большасць астатніх рэгламентацый абумоўлена прынцыпам падабенства.
Магчыма, камусьці падасца, што я пішу гэтыя радкі, крытыкуючы; спрабую давесці да чытача, што няма патрэбы ў рытуалах, калі разумееш сэнс – жыцця і смерці.
Зусім не. Наадварот, калі памёр бацька, першым, за што ў той момант ўхапілася, як тонучы за саломіну, была кніга Я. Крука. За паўтары гадзіны, што брат ехаў да мяне, каб забраць і адвезці ў вёску да адышоўшага ў іншы свет бацьку і не ведаючай, куды падзецца ад роспачы, маці, я вывучыла старонкі, прысвечаныя пахавальным абрадам, ледзь не на памяць.
Тады навошта пішу? Ва ўсім вінавата непераадольнае жаданне зазірнуць: а што там, на недасягальнай глыбіні чалавечай псіхікі, на самым дне душы.
Разглядаць шматлікія табу далей няма патрэбы пры ўмове, што вы засвоілі галоўнае: забароне падлягае толькі жадаемае. Правілы і нормы паводзін з'явіліся як спроба пераадолення чалавекам сваіх жаданняў.
«Не забівай» – запаведзь, адрасаваная перш-наперш патэнцыяльным забойцам і менш за ўсё кранаючая за душу як раз гэтую катэгорыю людзей. Такім чынам, казаць «не забівай» таму, хто да гэтага не імкнецца, няма сэнсу, ён не заб'е, таму што ў яго адсутнічае жаданне забіваць. Заклікаць да захавання правапарадку жорсткага, агрэсіўна настроенага чалавека з парушанай псіхікай няма сэнсу, таму што ён не стане вас слухаць. Што рабіць? Лячыць: дабрынёй, сардэчнасцю, цярпімасцю, ласкай, пяшчотай – любоўю. Забойцамі не нараджаюцца, імі становяцца ў выніку недахопу ўвагі, павагі, разумення, прыняцця.
«Не крадзі» – запаведзь для злодзея. «Палячыць» апошніх можна, даходліва растлумачыўшы, што магчымасць атрымання «лёгкага хлеба» – гэта ілюзія. За крадзенае ўсё роўна прыйдзецца заплаціць, невядома толькі, калі і чым. Таму лепш разлічыцца за атрыманыя даброты загадзя агавораным коштам.
Засцерагчы сябе ад злодзеяў можна, практыкуючы давер'е.
«Не распуснічай» – звяртанне да мужчын і жанчын, не прымаючых сябе такімі, якія яны ёсць, і самасцвярджаючыміся, калекцыяніруючы палавых партнёраў.
Хваліце часцей свайго абранніка, не лянуйцеся штохвілінна даказваць яму сваімі дзеяннямі, словамі, учынкамі, як вы яго любіце, шануеце, цэніце, дайце адчуць, што ён лепшы, і жаданне знайсці падцвярджэнне сваёй значнасці і ўнікальнасці набаку паступова знікне і запаведзь будзе выканана.
Надакучылі шматлікія табу, не хочаце чуць больш ні слова маралі, сэрца рвецца на свабоду? Памяняйце жаданне смерці на жаданне жыць, замяняйце імкненні да разбурэння творчым натхненнем, прамыйце сабе мазгі, змяніце накірунак думак у сонечны бок, перавярніце сазнанне! Усяго адзін толькі крок у бок, процілеглы нянавісці, смерці і безадказнасці і насустрач любові, жыццю і адказнасці – і вас ужо не спыніць на шляху, дзе няма слова «не», дзе яно непатрэбна.
Падагульнім. Нават дасканалае выкананне любых правіл, прынцыпаў, законаў і рытуалаў – нішто без вывучэння феномену веры.
Добрае стаўленне да сябе, да навакольнага свету, да ўсіх людзей наогул – лепшая гарантыя вашага сямейнага і асабістага шчасця, стабільнага дабрабыту, прафесійнага росту, удачлівасці і паспяховасці.
«Узлюбі бліжняга свайго» і «самога сябе» – вось тая адзіная запаведзь, якой дастаткова прытрымлівацца, усё астатняе атрымаецца нібыта само сабой.
Быць або здавацца
Часам даводзілася чуць у свой адрас словы: «Ты створана для кахання». Любіць? Не, я прывыкла, што мужчыны выказваюць у адносінах да мяне павагу, але не любоў. У тыя рэдкія моманты, калі мая душа, стомленая ад павагі, імкнулася да кахання, я, згодна парады гора-псіхолагаў, рабіла выгляд, што дура. Дзейнічала безадмоўна.
***
– Табе прыемна слухаць, як я спяваю «блатняк» на (дрэнна наладжанай) гітары?
«Ты што, здзекуешся над маім слыхам, недамузыкант-студэнт будаўнічага каледжа»?
– Так, падабаецца. //Больш не прыходзь да мяне.
***
– Табе падабаецца, калі ў хлопца вялікія рукі?
«Мне падабаюцца рукі, якія ўмеюць без памылак пісаць ці то набіраць на пішучай машынцы, цяпер на камп'ютары, кранаючыя за душу рэчы».
– Так, мне падабаюцца твае рукі-чорнарабочага-адразу пасля дзевяці класаў-на заводзе. //Нам трэба развітацца. Назаўсёды. Прабач. Так, я ўсё добра абдумала. Ну навошта ж было так ляскаць дзвярыма?.. Яны тут прычым.
***
– Ты ж любіш гваздзікі?
«Выбраць кветкі горш для падарунка ты не мог, закаханы ў самога сябе-інтэлігент-беднасць не загана»?
– Так, я люблю гваздзікі. //Я пакідаю цябе. Не, ніякага сяброўства з элементамі флірту. Не пачнем па-новаму. Усё скончана, разумееш? «Таму што таму».
***
– Табе даспадобы так? А вось гэтак? А яшчэ інакш?
«Я нібы матылёк к агню імкнулась так непераможна ў любоў чароўную… А ты ляпіў з гліны мой твар і маю непрыкрытую постаць – тою, якою бачыў, а тая, нябачная, раставала ў тваіх руках нібы васковая свечка, пакрысе сыходзячы на нішто».
– Так, мне падабаецца ўсё, што ты робіш, любы.
– Як ты думаеш, як я вучылася ў школе?
– Думаю, што на тры-чатыры.
– Не адгадаў, на выдатна. //Прывітанне. Будзь ласкавы, не тэлефануй мне больш. І не прыязджай. Навошта ты прыехаў, я ж прасіла гэтага не рабіць?.. Я выходжу замуж. Ён зараз на кухні, п’е каву разам з сябрам. Пазнаёміць?! Не дуры, вяртайся туды, адкуль прыехаў… Асцярожна! Ноч жа на двары…
***
Так, так, так…
Заўсёдашняе «так» – чароўнае слова, якое ператварае мужчыну (любога!) на самаўлюбёнае гусяня, самадавольнае індычаня: займацца птушкагадоўляй лягчэй, чым дагадзіць мужчыну, не абмінаючы ўвагай свае ўласныя інтарэсы. «Так» – магічнае слова, якое загадкавым чынам ператварае жанчыну з асобы на нікчэмнасць. «Так» – галоўнае слова фатальнай жанчыны, каторай лёсам наканавана не быць шчаслівай (як у ваду глядзеў універсітэцкі выкладчык філасофіі!) у сваёй адзіноце да таго часу, пакуль яна не адчуе тую прывабнасць, усю тую асалоду, якую нясуць з сабою словы «я лічу», «на маю думку», «я мяркую», «Я ХАЧУ». У мяне цяпер ёсць Я. І я больш ніколі не здраджу сабе: не буду дурай – не буду выстаўляць сябе дурай.
Гэта важна яшчэ і таму, што з усім пагаджаючыся, пад усіх падладжваючыся – сцелючыся, з цягам часу страчваеш сябе і ўжо сам не ведаеш, хто ты і чаго твая душа жадае сама па сабе, без аглядкі на іншых. Губляецца мэта – і жыцця ў табе становіцца ўсё меней. Аж да крытычнай кропкі, пасля якой – або смерць, або адраджэнне.
Шукаючы свой сэнс, запытала ў Бога: у чым маё прызначэнне?
2010 год. Ноч з 4 на 5 снежня. Голас у сне прамовіў: «Твая місія на зямлі – любіць… Твой ключ – каханне. Ты павінна даваць людзям і неарганічным істотам любоў, каб яны маглі ўзляцець. [Незадоўга да гэтага бачыла сон, дзе (у тым сне я лётала) да мяне прыходзілі некаторыя з апосталаў (дакладна памятаю Пятра), прасілі, каб навучыла лётаць – у іх не атрымлівалася]. Зараз можаш перавярнуць кальцо назад». Калі прачнулася, знайшла пярсцёнак перавернутым каменьчыкам унутр, да далоні.
Значыць, любіць…
Любіць – гэта як? Прасцей за ўсё зноў і зноў адказваць на гэтае пытанне ў мяне атрымліваецца эпісталярна. Так я знайшла свой сэнс быцця. Зараз, рэагуючы на раз-пораз усплываючае пытанне: якая? я бяру свае рукапісы, перачытваю – і бачу адказ.
Калі я хачу зразумець, хто ёсць ён, аўтар прачытаных мною радкоў або ён, прамоўца (нават калі слухачка ўсяго адна), дарэчы ўспамінаю выслоўе «У каго чаго баліць, той аб тым і гаворыць» – і раблю свае высновы з яго слоў.
Напрыклад, калі нехта ён скажа: «У мяне ў душы пануе мір», а сам тым часам піша пра вайну, у адказ на спробу ахарактарызаваць яго, у мяне перад вачыма прабягаюць словы «няма міру для мяне, хоць і вайны няма». Сам застаешся знешне спакойным, твае ж кнігі крычаць мне: дапамажы, выцягні мае страсці і жахі на паверхню.
Ты маеш права не пагаджацца са мной. Дык і Фрэйд не лічыў сябе сэксуальна заклапочаным, але ж як разумны чалавек ты павінен разумець, што менавіта незадаволеная сексуальнасць прасочваецца скрозь усе творы псіхааналітыка праз тэорыю лібіда.
Літаратурныя пошукі ўраўнаважанага чалавека выклікаюць адпаведную гармонію ў душах яго чытачоў.
Мы заўсёды даём іншым толькі тое, што маем самі.
Дай пачытаць твой твор – і я скажу, хто ты. Скажы мне пару слоў – і я скажу, хто ты. Як выглядае дом? Твой дом, што я прысню. У вочы зазірну – і я скажу, хто ты.
Наколькі неабходнае Кола Неабходнасці
Час ляціць, бяжыць, раптам спыніцца, адпачне і зноў пойдзе. І зацягне ў сябе, закруціцца, завіруе з няўмольнай неабходнасцю, як той колаўзварот: вады ў прыродзе, дня і ночы, зімы і лета – Кола Лёсу.
Увесь свет пабудаваны на вярчэнні. Дык што, бег можа быць толькі па крузе? «Круціцца нібы вавёрка ў коле». А я вось вазьму і саступлю! Не жадаю хадзіць кругом ды навокала, хачу па прамой – так хутчэй.
Гэта зараз я магу сабе дазволіць раскошу згуляць з лёсам у хачу-не хачу, буду-не буду. Раней гульні не было месца ў маім жыцці, заснаваным на сляпым падпарадкаванні лічыцца, што волі лёсу, а каму на самай справе?, што наклала свой адбітак на мае даўнішнія сны.
19 красавіка 2011 года. «Уся сям'я сабралася ў бацькоўскай хаце. Да нас у госці прыехала цётка Валя. Дзядзька Коля спазняецца. Вырашылі рыхтавацца да свята без яго. Я забрала дачку, апранаю яе ў нейкае дзіўнае збудаванне, у бронь. Толькі мы з ёй ведаем, што яна ў броні, для вачэй астатніх людзей гэтая вопратка нябачная, але яна здатная абараніць Насцю ад любых шкодных уздзеянняў збоку».
Кола Фартуны – дзядзька Коля – не спяшаецца зрабіць паварот. Так яно і было. Я пражыла яшчэ адзін год-калі-нічога-не адбываецца, акрамя хіба што ахутвання недададзенымі ў раннім дзяцінстве пяшчотай і любоўю – нябачнай бронню – дачкі.
3 студзеня 2012 года. «Пераскокваючы праз колы, бяру бар'ер за бар'ерам. Выканала ўсё належным чынам. Іду ў школу, чамусьці ў вясковую, дзе некалі вучылася. Дырэктар, Мікалай Аляксандравіч сказаў, што за дакладнае, зладжанае пераадоленне ўсіх перашкод мяне чакае ўзнагарода».
Кола Фартуны, тут у выглядзе Мікалая Аляксандравіча, вырашыла ўсміхнуцца мне? Калі і так, то яго, Кола, усмешка не кранула мяне – уся ўвага была сканцэнтравана на паласе перашкодаў. Урэшце, выпрабаванні скончыліся. З мяне даволі. Скачок! убок, падалей ад нястомнай каруселі…
Гадзіннік у доме спыніўся. Даўно ўжо, з месяц. І нікому няма да гэтага справы. Я ведаю чаму: стаіць нерухома кола ветрака пераменаў. І што з таго? Я не спяшаюся жыць.
Але што гэта? Сёння на досвітку, пракручваючы ў галаве прыйшоўшы ўначы на розум сон, рэзка расплюшчыла вочы ад ахапіўшага мяне такога глыбокага, пранізлівага, халоднага прадчування блізкага небыцця.
Memento mori. Чаму? Я ж так мала яшчэ пажыла – няма і сарака… Усё сон. Гэта ён прымусіў мяне заўважыць тое, чаго бачыць так не хацелася, задумацца аб тым, аб чым іншыя думаць пачынаюць ў семдзесят год. У сне я бачыла сябе нявестай на вяселлі, у белай вясельнай сукенцы – для мяне к смерці.
Што чытала ў апошні час? Івана Шамякіна «З дзённікаў» – «…кожны новы год набліжае да фіналу»; дыялог паміж Святланай Дзянісавай і Аляксеем Селянінавым – аб смерці; аповесць Алены Брава, якую хочацца чытаць і перачытваць, «Бязлітасны мой воін» – пра тое, як «сутыкненне з абсалютным, на жаль, часта заканчваецца разбурэннем псіхікі, смерцю». А песня Кіпелава «Рэкі часоў», якая мяне так узрушыла: «вечнасць глядзіць у вочы…» і далей «сэнсу жыць долей няма, калі ведаць, як уладкаваны свет»?
Значыць, думкі аб смерці няслушна прытаіліся дзесьці ў глыбіні падсвядомасці. Вось і матылёк ужо каторы раз прылятае да мяне ў пакой дома і нават у школе, увогуле выявы матылькоў часта пачалі сустракацца – народная прыкмета хуткай смерці.
Пару гадзін таму выцягнула калоду карт Таро разам з тлумачальнай кнігай, хацела пачытаць пра Кола Фартуны, а замест гэтага давялося чытаць пра карту Смерці, якая выпадкова выпала з калоды і ўпала долу, да маіх ног.
Сэнсу жыць долей няма, калі ведаць як уладкаваны свет. Хочацца ж, каб і іншыя ведалі. Апошні месяц мяне не пакідае пачуццё ўнутранай гармоніі, заспакоенасці, усёзразумеласці, любові да ўсяго, што бачу, чую і адчуваю навокал – з такім пачуццём паміраць не страшна, усведамляеш, што раз на гэтым свеце дасягнуў стану ўраўнаважанасці, то й на тым будзеш шчаслівы.
Смерць. Аднойчы ўжо сутыкнуўшыся з ёю, я ведаю, што памірае толькі цела, а ты сам, твая асоба працягвае жыць. Гэта робіць думкі аб пераходзе ў іншы свет не такімі жудаснымі. Адзінае – боязь невядомасці існуе-такі: як там ды што, свае ж, напэўна, парадкі, другія законы. Але не страшней, чым пераходзіць з адной працы на другую, пераязджаць з аднаго горада ў другі. Любыя перамены нясуць у сабе момант смерці: памірае старое, скасаваны прывычныя ўмовы, зніклі старыя знаёмыя, паступова адыходзяць у цень былыя сябры – каб саступіць месца новаму. Тыя, хто баяцца пераменаў, заканамерна будуць баяцца і смерці. Я не баюся ні таго, ні другога. Іншае пытанне: ці хачу я памерці цяпер? Думаю, што я б спакойна перажыла сваю смерць, але калі шчыра адказаць на пытанне: ці хачу зараз? не, не хачу. Чаму не хачу? Таму што мне падабаецца жыць, мне цікава жыць, да таго ж я не ўсё яшчэ зрабіла з таго, што хацела: не надрукавала напісанае, не дапісала пачатае, не пачала новае, не выгадавала дачку (хаця б да яе замужжа), недалюбіла.
Такім чынам, усе прыкметы смерці з гэтага моманту і далей прашу цябе, мая свядомасць, лічыць прыкметамі не смерці самой па сабе, фізічнай, а смерці старога спосабу жыцця; значыць, у хуткім часе мяне закружыць вецер пераменаў.
Пайшла завяла гадзіннік. Цік-так, цік-так… «у-сё вяр-та-ец-ца на кру-гі сва-я» – адстуквае рытм майго жыцця хатні гадзіннік. Сумна. Што ж, сёння пасумую – заўтра парадуюсь, я ўжо прымірылася з сістэмай ківача, на якой заснавана жыццё. Трэба добра пасумаваць, ад душы, тады і радасць будзе найвялікшай. І зараз галоўнае не збіцца і зноў не пачаць прагназаваць, як усё будзе. Як будзе, так будзе, так к лепшаму!
І няхай узлёты і падзенні, каханне і боль разлукі, радасць і смутак бясконца змяняюць адно аднаго. Задача чалавека не ў тым, каб затрымаць ход кола – у спыненні руху хавае свой фарфоравы твар смерць. Мая мэта – па-іншаму адносіцца да цыклічнасці: трэба навучыцца смяяцца да слёз, адчуваць боль ад радасці, перажываць кожны дзень, любую падзею шчыра, поўна, да глыбіні душы, да дна, цалкам аддаючыся на волю пачуцця – у гэтым шчасце, а ў адмаўленні-небыцці толькі пустэча-смерць – не тая не страшная фізічная, іншая – перакрэсліваючая сам сэнс жыцця духоўная.
Я смяюсь, пакутую, жадаю, захапляюсь, плачу, «я люблю, а значыць, я жыву».
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.