Электронная библиотека » АлёнКа » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 3 августа 2017, 04:52


Автор книги: АлёнКа


Жанр: Эзотерика, Религия


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Мэтазгоднасць выкарыстання магіі

На старонках гэтай главы мне хацелася б пагаварыць аб мэтазгоднасці выкарыстання магіі. Адразу скажу, што размова будзе весціся выключна пра белую магію. Выкарыстоўваць чорную не раю, небяспечна. Па-першае, таму што нават простае пажаданне бліжняму зла заўсёды вернецца назад з узмоцненай сілай, а калі вы выкарыстоўваеце пры гэтым яшчэ і магічныя дзеянні – пакаранне можа быць вельмі суровым і адбіцца не толькі на вас, а і на вашых дзецях, унуках, праўнуках. Па-другое, такія дзеянні патрабуюць пэўных энергетычных затрат, што прыводзіць злога чараўніка (любога злога чалавека) да хуткага старэння. Зразумела, што вядзьмак можа лёгка падсілкавацца энергіяй акружаючых, але з'яўляючыся ўвасабленнем зла, ён можа прыцягнуць да сябе толькі негатыўную энергію, што прыводзіць да ўзнікнення розных захворванняў. І дзякуючы чаму абсалютна здаровага, з чыстымі думкамі чалавека немагчыма сурочыць. Дрэнны чалавек не можа прыцягнуць да сябе пазітыўную энергію станоўчага ва ўсіх адносінах чалавека, так як яны з'яўляюцца рознанакіраванымі, таму могуць толькі адштурхнуцца. Так што хадзіць да часта хварэючай варажбіткі не варта, хутчэй за ўсё яна не толькі варожыць, але і яшчэ замест таго, каб лячыць людзей, калечыць іх. Па-трэцяе, часовае валоданне чорнай уладай пры жыцці прывядзе да вечных пакутаў у пекле на тым свеце.

Чаму, нягледзячы на тое, што царква лічыць інакш, выкарыстальнікам белай магіі пекла не свеціць? Зарыентаванасць іншая. Аднак, плаціць прыйдзецца і тут. І трэба быць да гэтага гатовымі.

Прывяду прыклад. Аднаго разу ў нашай школе выпускаліся тры чацвёртыя класы, адзін з якіх быў інтэграваным. У апошнім працавала я. Зразумела, што адміністрацыі школы трэба было праверыць якасць ведаў вучняў, ажыццяўленне індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходу, шэраг іншых пытанняў, каб потым даць парады настаўнікам, набіраючым дзяцей у пятыя класы, як лепш з імі працаваць. Гэта ўсё зразумела, але вось ніхто не чакаў, што праверка будзе праходзіць напрыканцы мая, калі адзінае, аб чым мараць дзеці ў звычайных класах: хучтэй бы скончыліся ўрокі ды можна было пагуляць на вуліцы. Пра дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўвогуле гаварыць не прыходзіцца.

Дык вось. Папрысутнічалі ў мяне на ўроку раз, другі. На трэці я вырашыла: хопіць, прачытала дзевяць разоў замову «на падыход» (карацей, каб начальства ў спакоі мяне пакінула). І што вы думаеце? З таго дня яны больш ні к кому на ўрокі не хадзілі – на перадапошнім тыдні навучальнага года з Магілёва прыехала праверка глядзець работу адміністрацыі, апошняй было ўжо не да нас. Што лішні раз даказвае: як вы да нас, так і іншыя да вас. А на апошнім тыдні з'явіўся дзяржкантроль. Настаўнікаў чацвёртых класаў (мы прыходзім на работу своечасова) зноў жа не чапалі. Але потым настала расплата. У чэрвені павінна была (і прыехала) яшчэ адна праверка – паглядзець на працу настаўнікаў у школьных лагерах. Ну, а я ж спакойна – замова прачытана, прыходжу на работу першага чэрвеня, рыхтую матэрыялы да працы і тут раптоўна даведваюся, што я, аказваецца, з другога чэрвеня ў адпачынку, а ў лагеры працую ў ліпені – на другую змену. Так, я не трапіла пад чарговую праверку, маё пажаданне споўнілася, але расплацілася за гэта разрыўным адпачынкам. Таму не спяшайцеся на практыцы прымяняць прыёмы белай магіі так часта, як толькі можаце. Прадумайце спачатку, чым вы можаце (і ці хочаце) за гэта заплаціць.

Акрамя нечаканай аплаты, можа здарыцца так, што прачытаныя замовы прынясуць не той вынік, да якога імкнуліся. Вы зусім неспадзявана можаце дасягнуць не той мэты.

Яшчэ адзін прыклад.

Прайшло крыху больш за два месяцы з дня разводу. Мне стала не тое, што сумна, але… Я вырашыла падагнаць Бога, каб ужо хутчэй здзяйснілася хоць што-небудзь цікавае ў маім асабістым жыцці. Дзеля гэтага ўзяла і прачытала замову двароваму на хуткае замужжа. Імя ўказала таго раба Божага, якога сустрэла 13 год таму на вуліцы начнога Магілёва (вырашыла: «чаму быць, таго не абмінуць»). Чытала магічныя словы 31 снежня, пад Новы год. Я сустракала яго ў доме бацькоў. Першага студзеня дзесьці каля апоўначы звініць мой мабільны. Падымаю трубку, адказваю. Тэлефануе мне, хто б вы думалі? Незнаёмы мне малады чалавек з тым жа імем. Ён выпадкова пераблытаў нумар: тэлефанаваў адной, а трапіў да другой. Мы з ім паразмаўлялі дзень, другі, трэці. Гэтага мне было дастаткова, каб зразумець, што ён герой не майго рамана. І калі хлопец зазбіраўся да мяне прыехаць, я яму адмовіла. Так што, падобна, усё абышлося. І калі я і не дасягнула пажаданых вынікаў (дакладней, дасягнула, але не тых, да якіх імкнулася), то, спадзяюся, хаця б Бога не раззлавала. І на тым дзякуй.

Аднак, я не тое хацела сказаць. Вы ўяўляеце сабе сітуацыю, калі б я не паслухалася голасу сэрца і прыняла прапанову? Як моцна я магла б сапсаваць сабе і іншаму чалавеку жыццё! Так што не спяшайцеся прыбягаць да прыёмаў нават белай магіі. Хаця б, не ў лёсавызначальных рэчах. Няхай усё ідзе як ідзе.

А вось паспрыяць поспехам на рабоце можна. Так, яшчэ адным магічным рэцэптам я скарысталася на Ушэсце: спякла лесвіцы і цішком з'ела іх, прыгаворваючы словы, прыведзеныя ў кнізе Я. Крука і А. Катовіч «Залатыя правілы народнай культуры» (папярэдняя замова таксама адтуль). Прычым, нягледзячы на адносна плённае супрацоўніцтва з хатнім і дваровым духамі, усё роўна ўсе дзеянні выконвала хутчэй жартоўна – як чалавек са здаровым розумам, я не магу ставіцца сур'ёзна да такіх дзіцячых рытуалаў. Як зараз разумею, верагодна, дзякуючы гэтай лёгкасці і, як вынік, незачаплення за вынік, у мяне і на гэты раз усё атрымалася: не прайшло і трох месяцаў, як мне прапанавалі павышэнне – перайсці ў РАА працаваць метадыстам (я была простай настаўніцай). Паколькі я не разумею такога павышэння, калі за меншую зарплату трэба знаходзіцца на рабоце больш часу, то я адмовілася ад прапановы, адзначыўшы для сябе, што «лесвіцы» працуюць, але што мне з таго? Можаце ўявіць сабе маё здзіўленне, калі яшчэ праз тры месяцы мне зусім нечакана аўтаматычна перанеслі маю першую кваліфікацыйную катэгорыю як настаўніцы на дэфектолага (мінуючы другую)?! Так што, падобна, магія сапраўды дзейнічае.

Што датычыцца грошай, то іх прыцягваць можна, але будзьце гатовы да таго, што вам іх прыйдзецца зарабіць. Так, дачка аднойчы спытала: «Можна я загадаю жаданне»? «Загадай». Потым я запытала, чаго яна так моцна хоча? Адказала: «Быць багатай».

Грошы. Я ведаю, чаму яны ў мяне заўсёды і ёсць, і няма. Ёсць, таму што я справядліва лічу, што Бог мяне не пакіне і заўсёды дасць на пражыццё. Няма, таму што іх ніколі не бывае ў мяне зашмат. Можа, варта ўзняць узровень дамаганняў – усе ж жаданні рана ці позна здзяйсняюцца. Не, не магу я прымусіць сябе жадаць грошай, не атрымліваецца нейк. Паспрабавала схітраваць: прачытала некалькі разоў коды Рамана Фада, скіраваныя на атрыманне грошай. (Калі я правільна яго зразумела, то жадаць пры гэтым не абавязкова.) Ну і што? Адразу пасля першага ж прачытання мяне паставілі на замену адразу на два класы і я на працягу двух тыдняў працавала больш, чым на дзве стаўкі. Называецца: хочаш грошай – вазьмі ды зарабі. Зараз, калі раптам мяне апаноўвае жаданне мець больш грошай, то я хуценька ўзгадваю добры выраз, які запомніла, гледзячы «Інтэрв’ю з Богам»: «Багаты не той, у каго больш, а той, хто мае патрэбу ў меншым». Імкнуся прытрымлівацца гэтага сцвярджэння і «залатой сярэдзіны» у адносінах да багацця.

Азнаёміўшысь з прыведзенымі вышэй прыкладамі паспяховага выкарыстання белай магіі, у чытача можа скласціся ўражанне, што ўсё, чаго б вы не намагаліся прыцягнуць у сваё жыццё магічнамі сродкамі, абавязкова здзяйсніцца. Між тым, гэта не так. Былі ў маім жыцці і няўдалыя спробы паспрыяць ажыццяўленню сваіх жаданняў. Перш, чым прывесці канткрэтныя прыклады, хачу паведаміць, што мэтазгоднасць настойвання на здзяйсненні вашых задум будзе абавязкова прадэманстравана тымі сродкамі, якімі вы карыстаецеся для прывядзення ў дзеянне магічных аперацый. Тым самым можна ясна ўбачыць, ад сэрца ідзе жаданне або прадыктавана розумам, імкненнем да пашаны, фанабэрыяй ці нейкімі вашымі комплексамі. І калі тое, аб чым марыце, не суадносіцца з патрэбамі душы (а магія абавязкова на гэта ўкажа), варта пераключыць увагу на штосьці іншае.

А зараз прыклады з жыцця.

Калісьці даўным-даўно я думала, што вельмі хачу займець другое дзіцяці. Чаго я толькі не рабіла для рэалізацыі задумы. Усё беспаспяхова. І вось аднойчы мне выпаў шчаслівы выпадак – воляю абставін давялося пабываць у манастыры ў Пустынках. Кажуць, што вада там валодае лекавымі якасцямі, да таго ж, калі кінуць манету на дно святой крынічкі і загадаць жаданне, то яно праз некаторы час споўніцца. Я так і зрабіла: сказала, што хачу зацяжарыць да канца года (на працягу сямі месяцаў) і кінула манетку ў крыніцу. І што вы думаеце? Вада не прыняла грошай – важкую металічную манету здзьмула нечакана наляцеўшым парывам ветру ўбок, на зямлю, па-за межы вадаёма. Як паказала потым жыццё, нарадзіць другое дзіцё ў той час было б катастрофай – я неўзабаве развялася, а гадаваць адной дваіх дзяцей не так лёгка, як аднаго. Да таго ж, разабраўшыся ў сабе, зразумела, што хацела не столькі займець сына, колькі магчымасць адпачыць на працягу трох гадоў у адпачынку па дагляду за дзіцём ад работы ў школе. Карацей, сілы стыхій апынуліся тады разумнейшымі за мяне, за што я ім шчыра ўдзячная, бо адляцеўшая ўбок манета прымусіла мяне тады добра задумацца: чаму?

Яшчэ прыклад. Па старой звычцы я кідаю ў Купальскае вогнішча пісульку з напісаным на ёй жаданнем, веручы, што полымя, «прачытаўшы» напісанае, будзе садзейнічаць яго здзяйсненню.

Аднаго разу паперка не патрапіла ў вогнішча: падзьмуў вецер і яе аднесла прэч – агонь не прыняў жаданне. Праз некаторы час я зразумела, што хацела не таго, але стыхія, зноў жа, адчула гэта раней за мяне.

У такіх выпадках заўсёды трэба прыслухоўвацца да знакаў, пасылаемых нам наваколлем, бо дзейнічаючы наперакор волі лёсу (сваім падсвядомым жаданням), можна толькі пашкодзіць сабе.

І яшчэ адна выснова добра бачна з прыведзеных прыкладаў: пры дапамозе белай магіі можна дасягнуць толькі таго, што і так вам наканавана. Чорная можа дзейнічаць насуперак. Але насуперак чаму? Калі добра прыгледзецца, то, выкарыстоўваючы прыёмы чорнай магіі, вы дзейнічаеце насуперак вашым сапраўдным жаданням – тым, якія адпавядаюць вашай глыбіннай сутнасці, што вядзе да разладу з самім сабой, да дысгармоніі, вынікам каторай з'яўляецца ўзнікненне рознага роду фізічных і псіхічных захворванняў. Вам гэта трэба?

А калі заняцце белай магіяй здольнае прывесці толькі да таго, што і так адбудзецца, будзь на тое ваша воля, то для чаго яна патрэбна? Каб узмацніць сілу веры ў тым выпадку, калі сама па сабе яна недастаткова моцная. Выкананне пэўных магічных рытуалаў некаторы час служыць чалавеку мыліцамі, патрэбнымі хвораму да таго часу, пакуль ён не будзе дастаткова цвёрда трымацца на нагах, каб хадзіць без падпорак. Магія і ўсё, што стаіць за гэтым словам, ёсць пераходны этап на шляху ад нявер'я да Бога. Чалавеку, перажыўшаму пачуццё свайго адзінства з Творцам, магія становіцца больш не патрэбна. Яму дастаткова веры ў тое, што ўсе яго жаданні споўняцца, нават памылковыя, калі своечасова не раскаяцца ў іх ўзнікненні. Калі ўспрымаць магію як пераходны этап ў самаразвіцці, то нічога дрэннага ў яе існаванні няма. Праблемы пачынаюцца тады, калі чалавек зацыкляецца на абавязковым правядзенні абрадаў. І не трэба тут расказваць пра іх дзейснасць. Таму што яны сапраўды дзейнічаюць, але варта дадаць: толькі ў той ступені, у якой мы верым у мэтазгоднасць выканання тых ці іншых рытуалаў. Але ж можна проста верыць, і дастаткова проста верыць, правільна верыць, не робячы ніякіх непатрэбных і незразумелых дзеянняў.

На гэтым я лічу сваю задачу – паказаць значэнне магіі і мэтазгоднасць яе выкарыстання – выкананай. Пісаць аб практычных прыёмах прымянення белай магіі няма патрэбы – літаратуры на гэту тэму хоць адбаўляй, дастаткова толькі скіраваць свае ногі ў бок бліжэйшай кнігарні. Вось толькі ці варта гэта рабіць? Падумайце!..

Шляхі атрымання ведаў

Калі я кажу аб шляхах атрымання ведаў, што вам прыгадваецца ў першую чаргу? Энцыклапедыі і даведнікі, іншыя кнігі, тэле– і радыёперадачы, вусныя размовы. Так, усё пералічанае з'яўляецца сапраўды добрай крыніцай інфармацыі. Скажу толькі, як з найбольшай карысцю ёю карыстацца. Першае, што трэба зрабіць – паслаць у Космас запрос: сесці, легчы, стаць пасярод пакоя, выйсці на прыроду (галоўнае, выбраць такое месца і позу, каб вам было камфортна), мысленна максімальна сканцэнтравацца на пытанні, потым вымавіць яго (не мае значэння, уголас або пра сябе) і забыць, адпусціць, выкінуць з галавы. І калі вы не пашкадавалі энергіі, літаральна ў лічаныя гадзіны, у крайнім выпадку, праз некалькі дзён на вас градам пасыплецца неабходная інфармацыя з усіх, часам нечаканых бакоў. Толькі паспявайце яе перарабляць.

У мяне, напрыклад, не так даўно цікавасць выклікалі сем смяротных грахоў, мне захацелася ведаць іх поўны пералік. Я добра арыентуюся ў тым, якія звесткі можна атрымаць з кніг, стаячых на маёй кніжнай паліцы і дакладна ведала, што там нічога такога няма. Як быць? Ісці ў бібліятэку, прасіць там: «дайце тое, не ведаю што» – не самае лепшае рашэнне. Да бліжэйшай кнігарні 20 км, і не факт, што знайду там патрабуемае. Паколькі іншага выйсця я не бачыла, то проста сфармулявала пытанне і запаслась цярпеннем. Чакаць прыйшлося не доўга. У выхадныя паехала да бацькоў у вёску, вырашыла перабраць скрыню са сваімі старымі паперкамі. Неўзабаве сярод гэтага хламу знайшла праграмку ад спектакля трохгадовай даўніны, які так і называўся «7 смяротных грахоў», і там жа быў пералік усіх грахоў з іх кароткім апісаннем. Я нават не памятала, што ў мяне гэтая праграмка была – і вось, на табе – ну не цуд?!

Можа, тэма і ў чытача выклікае цікавасць? Прывяду хаця б пералік грахоў, лічачыхся найбольш цяжкімі: «лянота, гардыня, гнеў, абжорства, юр, прагнасць, зайздрасць». Цяпер засталося толькі пакаяцца і – прамой наводкай у рай!

Яшчэ адной, я б сказала, самай надзейнай крыніцай інфармацыі, з'яўляюцца сны. Калі вы ўважліва чыталі Біблію, то заўважылі, што падобным сродкам не грэбавалі нават цары і фараоны, не гаворачы ўжо аб простых смяротных. А людзей, умеючых тлумачыць сны, як правіла, цанілі і шанавалі. Так што не грэх і нам навучыцца карыстацца звесткамі, атрыманымі ў начны час сутак.

Таксама заўсёды можна паваражыць. Я не лічу гэта грахом, мяркую, Бог хацеў бы, каб мы здолелі разабрацца ў сабе. Думаю, ён і дае нам магчымасць пражыць зямное жыццё для таго, каб мы пазналі сябе і праз гэта самаўдасканалілісь. Варажба (звычайная, не святочная) – толькі адзін са сродкаў даведацца аб сваіх жаданнях, памкненнях. Галоўнае не забываць, што калі варажбітка сказала вам шмат дрэннага (а трэба адзначыць, што добрая варажбітка так ніколі не зробіць, яна можа толькі на нешта намякнуць, даць параду і не больш за тое), трэба пераасэнсаваць атрыманую інфармацыю, зразумець чаму, адкуль ідзе негатыў і перапраграмаваць сітуацыю на паспяховую. Калі ж вы не ведаеце, добрая тая варажбітка ці не і не ўпэўнены на ўсе 100% у сваіх праграмісцкіх здольнасцях, раю не варажыць зусім: можаце зрабіць сабе горш, свядома ці несвядома праграмуючы сябе на сітуацыю непаспяховасці па выніках варажбы.

Такім чынам, варажба толькі тады дабро, калі яна ўспрымаецца як адзін са спосабаў пазнання сябе.

Аднак большасць ідзе да сэнсітыва не за тым. Ідзе тады, калі яго абразілі, пакрыўдзілі, падманулі, здрадзілі, пакінулі. Ідзе для таго, каб пачуць, што Ён вернецца (лепш няхай на пузе прыпаўзе, нікому не патрэбны, усімі забыты, закінуты, знясілены), а Яна (куды, с…, лезеш? у мяне ж дзеці – дзейсны сродак не сардэчнай турботы, не – шантажу, а табе каб пуста было!) атрымае па заслугах. Мы спяшаемся да бабулькі-шаптухі-вядунні насамрэч з адзінай мэтай: пачуць падцвярджэнне сваёй «праваты».

Хм, варажбітка сказала не тое, што чакала пачуць… Паеду да дзеда-ведзьмака-ведуна, вось ён дакладна «усю праўду» выкладзе – моцны, кажуць!.. Наконт Яго і Яе трапіў – я і сама «прадчувала», што без псуты (сурокаў, прывароту) тут не абышлося. А вось наконт маёй віны (сапраўды разумны чалавеча папаўся!) нешта дзядок наплёў. Я ж усімі сіламі намагалася захаваць…

Захаваць што ты намагалася? Хоць адна з вас, дарэмна выкінуўшых грошы з сямейнага бюджэту, тыя грошы, якія маглі б пайсці на «горача любімых» дзяцей, хоць адна сказала: я хачу захаваць сям’ю, таму што люблю?! «Я цябе люблю», сказанае спакойна, адкрыта, шчыра – проста так, толькі таму што захацелася сказаць – парыў душы, і без боязі (да адчаю) застацца ў адзіноце або быць прыніжанай безадказнасцю, здольнае тварыць цуды.

Складаныя сітуацыі маюць мэтай навучанне, а мы – недалюбленыя бацькамі дзеці – дзяржаўная праблема – карыстаемся імі як спосабам выклікаць жаль.

Ёсць яшчэ адна прычына, вымушаючая людзей звяртацца да празорцаў (часта, але не заўсёды, ў двукоссі) – недавер да Бога. Паклаўшымся на яго волю варажбітка без патрэбы.

Пяройдзем да наступнага сродку атрымання ведаў – да дзяцей. Яны больш тонка рэагуюць на хвалі касмічнай энергіі, пэўна, таму, што больш насычаны любоўю да ўсяго жывога.

Каб не быць галаслоўнай, прывяду прыклады рэагавання васьмігодак, каторых вучу ў школе, і сваёй дзесяцігадовай дачкі на мае думкі, пачуцці, запытанні.

Так, калі мяне апаноўвалі думкі пра каханне, дзеці пачыналі дарыць сардэчкі. Толькі пачала разважаць пра тое, патрэбна мне яшчэ адно дзіцё ці хопіць аднаго, дачка папрасіла купіць ёй наклейкі з рыбкамі і абклеіла імі шафу, просячы ў дадатак пагуляць з ёй у рыбак – гульню, умовы якой і назву яна сама прыдумала (рыба – сімвал цяжарнасці). Пачала думаць пра грошы, дзеці ў школьным лагеры (я па склаўшайся традыцыі вяду ў іх там выяўленчае мастацтва) замест малюнкаў па тэме нарэзалі паперак і намалявалі на іх сімвал даляра. Парачку падарылі мне – так я ўраз стала мільянершай.

Прыкладаў можна прывесці шмат. Галоўнае, зразумейце – дзеці вельмі добра словамі або ўчынкамі адлюстроўваюць ваш унутраны свет. Карыстайцеся гэтым веданнем. Яно дасць разуменне, чаго трэба чакаць у бліжэйшай будучыні, якая як раз і фарміруецца нашымі думкамі.

Не горшай крыніцай інфармацыі з'яўляецца раслінны і жывёльны свет.

Прывяду прыклады. Едучы ў сваты, мой былы муж падарыў сваёй будучай цешчы і маёй маці букет белых руж. Яна паставіла кветкі ў ваду, дачакалася, пакуль яны пусцяць карані, і высадзіла ружы ў квятнік. Атрымаўся прыгожы ружовы куст. Прыкладна ў той жа час знаёмыя падарылі нам з мужам расліну, якую хтосьці заве «грашовым дрэвам», я ж клікала яе «дрэвам жыцця». Расліны раслі і прыгажэлі на працягу 6 гадоў. Потым без усялякай бачнай прычыны пачалі хварэць. Яшчэ праз два гады ружа засохла, а я развялася. Што датычыцца дрэва жыцця, то, спрабуючы яго ўратаваць, я абрэзала ўсё старое лісце і нават вецце, пакінуўшы толькі ствол. Расліна ажыла і зноў зазелянела, і пачала выглядаць нават лепш, чым раней. А я зрабіла выснову: каб выжыць, трэба адсечы без шкадаванняў старыя, нічога больш нікому не даючыя, зжыўшыя сябе адносіны і пачаць усё зноўку, спачатку, з нуля. Гэта было правільнае рашэнне. Але не ў тым справа: вы бачыце, наколькі расліны адчувальней за нас у тым, што датычыцца чалавечых узаемаадносін? Так што не спяшайцеся выкінуць цераз плячо свой вясельны букет, пасадзіце кветкі ў зямлю. Такое дзеянне дазволіць вам загадзя даведацца аб пагражаючай вашаму шлюбу небяспецы. Гэта трэба дзеля таго, каб вы або прынялі меры для захавання адносін, або былі гатовыя да іх скасавання, калі лічыце, што так для вас будзе лепш.

Раскажу яшчэ адзін выпадак з майго жыцця, калі расліны дакладна адлюстроўвалі мае пачуцці. Так здарылася, што мне падабалася адразу двое мужын. Адзін з іх (не буду зараз тлумачыць чаму) асацыяваўся ў мяне з памідорамі, другі – з перцам. Дык вось, у год, калі я больш любіла першага, у нас быў такі ўраджай памідораў, як ніколі дагэтуль. У наступным годзе, калі я аддала перавагу другому – памідораў амаль не было, а вось перац не ведалі, куды дзяваць. Зараз надышоў трэці год. Па маіх адчуваннях, памідоры ў гэтым годзе можна не саджаць – бессэнсоўна, усё роўна з іх нічога не будзе. Аднак, маці хіба што дакажаш.

Аб тым, што будучыню можна перапраграмаваць, наступнае распавяданне. Добрымі вестунамі, праўда, нядобрых звестак, часам бываюць птушкі. Так, напярэдадні смерці свякрыві, жыўшае ў іх двары сямейства буслоў згарэла: абарваліся электрычныя правады, канцы якіх упалі як раз у буслінае гняздо. Праз некаторы час у яе акно стукнуўся крумкач. Першае і другое прадвяшчала хуткую смерць аднаму з дамачадцаў. Нічога не зрабіўшы для папярэджання няшчасця, свякруха ў тым жа годзе і памерла. У хуткім часе падобнае здарылася і ў маім доме. Загадкавым чынам да нас у пакой заляцела сініца, таксама вястуння смерці. Тым не менш усе засталіся жывымі. А не кінь я тады ўсё і не пераедзь да бацькоў, хто ведае?..

Папярэдзіць аб будучым развіцці падзей могуць не толькі жывыя істоты, але і звычайныя рэчы, прадметы.

Даўным-даўно, я тады была маладой, ні аб чым не задумваючайся дзяўчынай, мне спадабаўся адзін мужчына. Як потым выявілася, пачуцці былі ўзаемнымі. Нашы адносіны пачаліся са спрэчкі: ён сцвярджаў, што мне ніколі не зляпіць падсвечнік за адзін вечар, я запэўніла яго ў адваротным. Увечары таго ж дня я прыйшла да яго ў майстэрню (мой каханы быў скульптарам) … Дарэчы, я зрабіла-такі падсвечнік за вечар, так што ён дагэтуль павінен мне бутэльку шампанскага. Выява вырабу мела форму карабля і атрымала назву «Тытанік». Фактычна, гэта было пачаткам канца – адносіны былі такімі ж прыгожымі, як і карабель з аднайменнага кінафільму, і такімі ж бесперспектыўнымі. Шкада, што зразумела я гэта толькі праз шмат год і наколькі лягчэй было б будаваць стасункі з новымі людзьмі, усведамляючы, што навакольны свет з'яўляецца адлюстраваннем нашых думак, пачуццяў і жаданняў. Дастаткова навучыцца чытаць сваё абкружэнне, як чытаеш кнігу, і ты даведаешся, чаго хочаш на самай справе, з тым, каб потым прыняць будучае развіццё падзей, як належнае, або змяніць яго паводле свайго вырашэння.

Каб вы лепш зразумелі, што абсалютна ўсё бачанае, пачутае і адчутае вамі сёння ёсць адлюстраванне вашых учарашніх думак, дзеянняў, спадзяванняў, прывяду вам на гэтых старонках для нагляднасці адзін дзень з майго жыцця з падрабязным аналізам прычын адбываючыхся падзей.

Першага красавіка. Першы дзень выхаду на працу пасля канікул. Ісці не хочацца, але ж трэба. Прыйшла ў свой клас і ахнула: ацяпленне адключылі, слупок тэрмометра паказвае 12 градусаў (год эканоміі і беражлівасці!). Вось вам і першы адбітак нежадання зарабляць на хлеб «у поце твару свайго»; холадна на душы – холадна ў памяшканні. (Дома, між тым, 24 градусы – люблю сваю кватэру). Пасля першага ўроку сутыкнулася яшчэ з адной праблемай: у пачатковай школе адключылі электрапліты, прыйшлося весці дзяцей на сняданак у іншы будынак. Як вынік, палова другога ўрока была сарваная, на радасць дзецям і як адлюстраванне маіх (думаю, што і не толькі маіх) думак «хутчэй бы ўжо сёння ўрокі скончыліся». К трэцяму ўроку крыху ажывілася – у вачах маіх вучняў адразу ж прамільгнула цікавасць да вывучаемага матэрыялу, атапленне ўключылі і к канцу ўрока халодныя дагэтуль батарэі ўжо кіпелі. На «фортачцы» чытала кнігу Р. Моудзі «Вяртанне назад». У прачытаным урыўку ішла гаворка пра незадачлівага пісьменніка, каторы два жыцці патраціў на напісанне навэл, але ніводная з іх не была апублікаваная – знак для мяне, што зараз самы час пазбавіцца ад сумных думак наконт пылячыхся ў шафе на сённяшні дзень ужо двух маіх рукапісаў, замяняючы іх верай у поспех.

Што перашкодзіла пісьменніку – герою твора Моудзі – дасягнуць пажаданых вынікаў? Неабходнасць даказаць сваім блізкім, што ён нечага варты (патрэба, звычайна абумоўленая комплексам непаўнавартаснасці), жаданне дамагчыся поспеху з мэтай належным чынам забяспечыць сваю сям'ю, вымушаную жыць у галечы падчас няўдалых спроб пісьменніка стварыць нешта, вартае ўвагі выдаўца. Адным словам, яму перашкодзіла «зачэпленасць» за вынік.

А зараз аналіз сваёй сітуацыі: прачытаны ўрывак своечасова напомніў аб важнасці менавіта працэсу працы над творам і другараднасці такіх пабочных вынікаў як вядомасць ці забяспечанасць, якія магла б прынесці публікацыя кніг. Трэба таксама памятаць, што галоўная мэта маёй працы – дапамагчы людзям разабрацца ў сабе і сваім жыцці. Дастаткова памятаць гэтыя дзве рэчы, і жаданне споўніцца само сабой. Не трэба абіваць парогі выдавецтваў – толькі што прачытанае ў кнізе Моудзі паказвае бессэнсоўнасць такіх дзеянняў. Патрэбныя дзверы самі расчыняцца ў свой час, дастаткова толькі ў гэта верыць.

Тут варта звярнуць увагу на адну акалічнасць: патрэбныя дзверы самі расчыняцца ў свой час, але – трэба захацець пастукацца. Тады і толькі тады вам дастаткова будзе ледзьве крануць іх кончыкамі пальцаў, і можаце пераступаць цераз парог. Дзверы абавязкова адчыняцца, але не раней, чым расплюшчацца вочы.

На перапынку паміж карэкцыйнымі заняткамі і гуртком уключыла ноўтбук і паставіла дзецям мультыплікацыйны фільм, каб яны не насіліся па калідоры нібы шалёныя. Рыхтуючыся да заняткаў, краем вуха пачула фразу з мультыка: «…апублікавалі ў часопісах, прычым у самых дарагіх». Адзначыла пра сябе, што цяпер мае думкі рухаюцца ў правільным накірунку. Але, каб не рызыкаваць, ідучы пасля работы ў краму, вырашыла заняцца аўтатрэнінгам: «Я – вядомая пісьменніца. Я публікуюсь у прэстыжных часопісах. Мае кнігі выдаюцца». Паўтараючы пра сябе гэтыя словы, сустрэла па дарозе ўпэўнена крочачую бабулю без кійка і жанчыну ў празрыстых акулярах. (Гл. прыкметы). Такім чынам, праблема была вырашана.

Прыйшоўшы дадому, я міжволі ад думак аб працы перайшла да ўспамінаў аб каханым. Неўзабаве мне на вочы трапілася такое ж, як ў яго, імя на старонцы адной з газет, увечары па тэлевізары ўбачыла чалавека, знешне падобнага да яго. Значыць, ён мяне памятае. Добра.

Бадай што, больш нічога, вартага ўвагі, не здарылася са мной за гэты дзень – звычайны дзень звычайнага чалавека, падобны на тысячы іншых дзён. Адрознівае яго толькі адна асаблівасць – апісаны дзень быў пражыты асэнсавана.

Што значыць пражыць жыццё асэнсавана? Гэта значыць пражыць яго з разуменнем, што ў нізкай заработнай плаце настаўніка вінаваты не ўрад і не дзяржава, а выкананне сваіх працоўных абавязкаў большасцю з нас па прынцыпе «хутчэй бы ўрокі скончыліся». Пачнем укладваць у работу душу, прыйдуць і грошы, і павага, і прызнанне. Працаваць з душой – гэта не значыць пісаць падрабязныя канспекты ўрокаў, скурпулёзна весці ўсю патрабуемую дакументацыю, большасць з каторай не патрэбна нікому: ні настаўніку, ні правяраючаму; не значыць, што трэба патрабаваць ад дзяцей дасканалага ведання ўсіх прадметаў згодна праграмы. Працаваць з душой – значыць разумець патрэбы кожнага дзіцяці, прадбачыць, якія менавіта веды яму спатрэбяцца ў жыцці. Трэба дапамагчы дзецям раскрыцца як асобам, даць ім магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял, іх патэнцыял, а не вашы чаканні, жаданні, спадзяванні. Працаваць з душой – значыць любіць сваіх вучняў, адчуваць іх, здолець наладзіцца з імі на адну хвалю, стаць на прамежак часу, названы ўрокам, адным цэлым са сваімі дзецьмі. Гэта значыць выхаваць з іх Чалавекаў. Трэба пачаць вучыць дзяцей, перш за ўсё, вучыць жыццю, а не забіваць іх галовы звесткамі, аб якіх у іх памяці праз 10—20 год нічога не застанецца. Толькі такім чынам можна вярнуць былы аўтарытэт адказнай прафесіі «настаўнік». І толькі калі працэс навучання і выхавання дзяцей для цябе з'яўляецца сэнсам жыцця, толькі ў такім выпадку «настаўнік – гэта гучыць горда».

Пражыць жыццё асэнсавана, таксама значыць не абвінавачваць мужа ці то жонку ў недахопе клопату і пашаны з іх боку, а ўласных дзяцей – у няўважлівасці і абыякавасці да вашай персоны, а зразумець, што жадаючым быць любімымі трэба перш-наперш навучыцца любіць самім. Адносіны вашых блізкіх да вас з'яўляюцца абсалютнай праекцыяй вашых пачуццяў да іх. І калі вас не задавальняюць узаемаадносіны з кім бы то не было, змяняйце свае эмоцыі на пазітыўныя, а ўзаемнасць прыйдзе.

Жыць асэнсавана – гэта значыць цалкам усведамляць, што існуе толькі адзін творца ўсяго, што б ні здарылася ў тваім жыцці, як добрага, так і дрэннага, – ты сам. Адзін. Адзін на адзін са сваім лёсам.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации