Электронная библиотека » АлёнКа » » онлайн чтение - страница 8


  • Текст добавлен: 3 августа 2017, 04:52


Автор книги: АлёнКа


Жанр: Эзотерика, Религия


Возрастные ограничения: +18

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Аб рэўнасці, або што зрабіць, каб каханы не здраджваў

«Раўнуе значыць кахае». Не, не так. Не любіць сябе, таму раўнуе цябе. Вось адна з прычын узнікнення гэтага раз'ядаючага душу пачуцця. Разгледзім іншыя прычыны разам са шляхамі набыцця вернасці як якасці характару вашым партнёрам.

Існуе два спосабы вырашэння праблемы. Вы можаце выкарыстоўваць адзін з іх, а лепш (для надзейнасці) абодва. А яшчэ лепш разгледзець усе магчымыя прычыны ўзнікнення здрады і сродкі іх (прычын) пераадолення.

Першае пытанне, на якое варта адказаць: чаму мне здраджвалі? (Я зараз пытаюся ў сябе.)

А. Мне здраджвалі, таму што была «зачэплена» за адносіны, была залежнай, не самадастатковай, у нейкім сэнсе растваралася ў партнёры, страчваючы сябе.

Б. Мне здраджвалі, таму што я раўнавала, іншымі словамі, не давярала цалкам свайму мужчыну.

В. Мне здраджвалі, таму што здраджвала я сама, не мае значэння, на якім узроўні гэта адбывалася: фізічным ці ментальным.

Г. Мне здраджвалі, таму што я гэтага хацела.

Патлумачу. Мне надакучылі не прыносячыя радасці адносіны з (былым) мужам. Несвядома я шукала падстваву, каб разысціся з ім. Адной з такіх падстаў магла быць яго здрада. Фактычна, я марыла аб тым, каб ён мне здрадзіў, што дало б мне падставу для разводу. Мара здзяйснілася. Я была шчасліва развітацца з мужам, ён са мной не вельмі, але стаць ахвярай чужых (тут маіх) жаданняў немагчыма без згоды гэтай самай ахвяры на ахвяру. Так што мне няма ў чым сябе дакарыць.

Працягнем разважанні. Колькасць здраднікаў (у маім выпадку) не супадае з колькасцю пералічаных пунктаў-прычын іх непрыгожых паводзін. Легкадумных партнёраў мне сустрэлася толькі двое. Прычынамі здрады першага паслужылі пункты А і Б, другога – пункты В і Г. Так што, як бачым, прычына можа быць комплекснай.

У першым выпадку, дарэчы, прабачыўшы здраду, працягнула стасункі. Дарэмна (прадоўжыла, прабачаць трэба). Бо так, як раней, ужо больш не было ніколі. Нешта беззваротна памерла ўва мне ў момант, калі даведалася аб здрадзе. Частка душы, напэўна.

А зараз пяройдзем да другога пытання: што трэба зрабіць, каб табе не здраджвалі?

1. Самым надзейным сродкам вырашэння праблемы можа быць замужжа з чалавекам, здольным захоўваць вернасць з пачуцця абавязку. Тады б не трэба было трымаць свае думкі (аб рэўнасці, аб нявернасці) пад безупынным кантролем, гэта напружвае, што й казаць.

Правільна, на ўсіх не хопіць! Таму пераходзім да разгляду другога пункта.

2. Трэба ўразумець, чаму той, каго любіш, здраджвае другой жанчыне (у тым ліку і з табой).

Так, вы ўсё правільна зразумелі. «Свабодных» мужчын мала, на ўсіх не хапае, а тыя, што ёсць, як раз і засталіся «свабоднымі», таму што нікому не патрэбны. Таму прыходзіцца прызнаць той сумны факт, што многія жанчыны (нашай дзяржавы, абагульняць на ўвесь свет не буду) або сустракаюцца зараз, або ўжо мелі вопыт сустрэч з жанатымі мужчынамі. І нечага потым здзіўляцца дзейснасці прымаўкі «На чужым няшчасці свайго шчасця не пабудуеш», датычачайся ў асноўным разглядаемых выпадкаў. Чаму не пабудуеш? Давайце разгледзім механізм дзейнасці адзначанай прымаўкі. Па-першае, сам сэнс гэтых вядомых усім з дзяцінства слоў, эмацыянальна ўспрыняты дзякуючы пачуццю віны за ўчыненае з пункту гледжання грамадскай большасці «зло», будзе садзейнічаць чаканню няшчасця, якое менавіта дзякуючы чаканню і спраўдзіцца. Па-другое, складана давяраць чалавеку, які, будучы жанатым, шукае прыгод на баку, няхай нават гэтай прыгодай будзеш ты сама. Логіка спрацоўвае беспамылкова: падмануў раз і адну, здолее ашукаць другі раз і другую, гэта значыць, мяне.

Перш чым абурацца, што слова «зло» я наўмысна ўзяла ў двукоссе, намякаючы тым самым на тое, што не ўсё тое зло, што такім падаецца, выслухайце.

Усё ў гэтым свеце адбываецца не проста так, а па прычыне. Паколькі здрадзілі вам, то і прычына падзеі знаходзіцца ў вас. Муж-кабель і палюбоўніца-сука з'яўляюцца толькі дапаможнымі сродкамі, дазваляючымі выявіць вашы ўнутраныя праблемы. Таму не клясці іх трэба на чым свет стаіць, а шчыра падзякаваць за атрыманую магчымасць разабрацца ў сабе і зрабіць нейкія канкрэтныя крокі на шляху да самаўдасканалення, будзь-то паляпшэнне якасцяў характару або ўдзяленне больш пільнай увагі свайму знешняму выгляду.

Тут трэба дадаць, што роля курыцы-квактухі не такая ўжо і кепская для жанчыны. Аднак, трэба не забываць, што певень рэдка задавольваецца толькі адной курыцай. Лепш заўсёды заставайся самой сабой – будзь Жанчынай. Тады твой муж будзе храніць табе вернасць. Бо трэба быць сапраўдным ідыётам, каб прамяняць жанчыну на суку (крыху патрафлю гэтымі словамі ўколатаму самалюбству падманутых жонак).

І яшчэ. «Лепшы сродак перамагчы ворага – гэта безумоўна яго палюбіць». Гэты выраз, не памятаю кім сказаны, прызначаны ў роўнай ступені як для ашуканых жанчын, так і для ашуканак. Шчыра палюбіўшы палюбоўніцу мужа або былую жонку мужчыны, з якім вы ўсё ж такі вырашылі пабудаваць сваё шчасце на рознатрывалым падмурку з чужога няшчасця, вы здолееце звесці да мінімуму ўвесь скіраваны ў ваш бок негатыў, які з боку палюбоўніцы будзе праяўляцца, хутчэй за ўсё, праз пачуццё віны (узнікненне агрэсіі тады будзе звязана з жаданнем апраўдаць сябе ва ўласных вачах: ён са мной, таму што яна такая дрэнная, далей пералік…, значыць я не вінаватая), а з боку жанчыны, у якой адабралі мужа, праз агрэсію, выкліканую нежаданнем дзяліцца часткай «уласнасці», дадайце пры гэтым яшчэ зняважаную годнасць… Любоў, выпраменьваемая вамі да саўдзельніц разгарнуўшыхся падзей, будзе садзейнічаць замене пачуцця віны на раскаянне або ўдзячнасць (за тое, як добра вы выхавалі для яе свайго мужа) у першым выпадку, і ўзнікненню разумення, што чалавек не прыватная ўласнасць і таму нікому не належыць, у другім; дапаможа ўвогуле асэнсаваць свае памылкі пацярпеламу баку. Таму што, калі мой любы мне здраджвае, значыць я гэтага хачу.

Па розных прычынах:

1) каб апраўдаць сваю зацікаўленасць у іншых прадстаўніках супрацьлеглага полу – ён мне здраджвае, значыць Я МАЮ ПРАВА ЗАГЛЯДВАЦЦА НА ІНШЫХ;

2) я не люблю яго на самай справе і не хачу дзяліць з ім ложак, мы жывём разам толькі дзеля дзяцей, ды і ўдвох лягчэй пракарміцца, ды й святая справа звычка – НЯХАЙ ЁН ЛЕПШ СПІЦЬ З ІНШЫМІ, А МЯНЕ ПАКІНЕ Ў СПАКОІ, абы толькі дахаты заўсёды вяртаўся;

3) у дзяцінстве мне не хапіла бацькоўскай любові, і я зараз спрабую любымі даступнымі сродкамі выклікаць да сябе ўвагу знаёмых, родных і сяброў – ПАШКАДУЙЦЕ МЯНЕ, гарэтную, калі ласка, мне здрадзіў муж;

4) колькі сябе памятаю, мне заўсёды казалі, што я непрыгожая, з дрэнным характарам, такая складаная і няскладная – ён мне здраджвае, а я яму ўсё выбачаю, сама застаюся вернай, а яшчэ добра гатую, чыста прыбіраю, так добра яго даглядаю; ён такі плахі, а я такая добрая, я лепш за яго, Я ДОБРАЯ;

5) я кахаю яго – да адчаю, да болю, да вар’яцтва; я адчуваю, як каханне паволі выцягвае з мяне апошнія сілы; я больш не магу так; або адносіны з горача, з палка каханым мужчынам разбураць мяне, або… я яшчэ не ўсведамляю гэтага, але ПАЗБЕГНУЦЬ невыноснага душэўнага БОЛЮ АД зводзячага з розуму КАХАННЯ МОЖНА, САСТУПІЎШЫ ЛЮБАГА ІНШАЙ. Чым пакутаваць ад такой любові, лепш разбегчыся. А далей… Калі зямля выбіта з-пад ног, застаецца толькі дзве альтэрнатывы: праваліцца ў пекла або ўзняцца да нябёсаў.

Ну і гэтак далей.

Зразумейце, чаго вы хочаце, і, паўтарусь, адзіны спосаб пазбегнуць нянавісці ў складаных абставінах любоўнага трохкутніка – палюбіць усе яго вуглы.

Дык чаму ж адны людзі здраджваюць другім?

Дакладна адказаць на пытанне магчыма толькі тады, калі ты цалкам валодаеш сітуацыяй. У супрацьлеглым выпадку можна толькі выказаць шэраг меркаванняў на гэты конт. Галоўная прычына, па якой людзі здраджваюць – дэфіцыт любові. Ён заўсёды існуе ў такіх выпадках, але рэдка ўсведамляецца абодвума бакамі. Што яшчэ можа паслужыць прычынай здрады? Відавочна, што гэта рэўнасць, павольна выцякаючая з зачэпленасці за «каханага» (за каханых без двукосся не чапляюцца, іх любяць).

Недавер. Адкуль ён бярэ свае карані?

А) Мы не давяраем тым, хто нам аднойчы здрадзіў і мы аб гэтым даведаліся.

Б). Судзім людзей па сабе.

В). Спрабуем праз высвятленне адносін выпрацаваць такую якасць як упэўненасць у сабе, інакш кажучы, недавер бярэ свой пачатак з нявер'я ва ўласную прывабнасць, з'яўляецца вынікам прыніжанай самаацэнкі, таксама закамплексаванасці.

Г). Пераносім ужо меўшы месца вопыт у нашым жыцці або чужы на дадзеную канкрэтную сітуацыю.

Д). Робім такія вынікі па назіраннях за чалавекам, якім цікавімся.

Што ж, прычыну здрады высветлілі? Значыць, самы час пачаць на яе ўздзейнічаць.

А) – процідзеянне: «Я прабачаю сябе за тыя няправільныя думкі, дзеянні і ўчынкі, якія пабуджалі цябе здраджваць мне, і выбачаю табе за тое, што не супраціўляўся спакусам. Будзь шчаслівы!» з табой обо без цябе рашаць табе, але прабачыць трэба.

Б) – процідзеянне: «Я каго-небудзь яшчэ хачу, акрамя свайго партнёра? Не. А суседа па лесвічнай пляцоўцы? Не. А мужа сяброўкі? І ён мне таксама сто гадоў здаўся. А вядомага кінаакцёра ці, можа, знакамітага артыста? Не, фантазіі не заменяць рэчаіснасці. Значыць, асцерагацца, што мой любы будзе здраджваць мне па гэтай прычыне, у мяне падстаў няма. Ужо ў кім-кім, а ў сабе я ўпэўнена на ўсе сто адсоткаў». Не ўпэўнена?! Тады не скардзіся.

В) – процідзеянне: «Я самая абаяльная і прывабная…». Памятаеце? А хіба можна здрадзіць самай прыгожай, самай разумнай, самай пяшчотнай, любячай, ласкавай? Няма з кім, бо САМАЯ – гэта ТЫ. Ты – тая самая кніга, якую хочацца перачытваць зноў і зноў, нягледзячы нават на на памяць завучаны змест. У адрозненне ад іншых, пра якія думаеш: дачытаць, раз ужо пачаў, ці адкінуць убок пасля першай жа старонкі ды ўзяць новую, можа яна будзе хоць крыху цікавейшая?..

Хоць быць АДЗІНАЙ усё ж лепш, чым нават самай-самай-самай, але з многіх. Згодна! Што рабіць, каб стаць незаменнай? БЫЦЬ самай, а не здавацца. Трэба быць сабой.

Г) – процідзеянне: «Усе людзі розныя і тое, што з вялікай доляй верагоднасці можа адбыцца з адным, не абавязкова адбудзецца і са мной. Ёсць толькі адзін сродак, садзейнічаючы захаванню вернасці – каханне. Неабходна акружыць любімага чалавека любоўю і клопатам (акружыць, а не задушыць у сваіх абдымках, тут вельмі важна разумець розніцу і адчуваць меру), бо калі яму са мной добра, навошта некуды ісці? На баку шукаюць толькі тое, чаго дома няма». І безумоўна, вера, нават не вера, а веданне таго, што «як я буду, так і ён», будзе садзейнічаць умацаванню адносін.

Д) – процідзеянне: «Няма добрых і дрэнных людзей. Ёсць толькі мае чаканні ад іх тых ці іншых учынкаў. Чалавек будзе ў адносінах да мяне тым, чым я яго ўяўляю».

Прывяду прыклад.

Дзіўна, але мой малодшы брат не гуляе. Алеся ўжо два месяцы ў Маскве, а ён не накідваецца на іншых жанчын і не спіць з усім, што рухаецца, як гэта раней заўсёды з ім у такіх выпадках бывала. Чаму? Не, справа тут не ў вялікім і светлым пачуцці. Справа ў наступным: нейк Алеся сказала мне, што яна ніколі не лічыла малога гулякам, вочы ў яго, бач-ты, добрыя, а ў бабнікаў такіх вачэй не бывае. Такім чынам, яна свята верыць, што ён ёй ніколі не здрадзіць, таму што лічыць гэта ў прынцыпе немагчымым – у яго, быццам бы, не той характар. А я ж дакладна ведаю, што гэта не так! Атрымліваецца, яе вера была мацней маіх ведаў і нават мацней «палігамнай прыроды» майго брата. Тады атрымліваецца, ільвіная доля здрад адбываецца толькі з-за таго, што мы іх «прадбачылі»; здраджваючы, мужчына (і жанчына) усяго толькі спраўджвае нашы чаканні. Тады дзеля таго, каб не цягаць на галаве важкае аздабленне з галінастых рагоў, дастаткова памяняць чаканне. Што можа быць прасцей і складаней адначасова!

Няма такой пароды мужчын – «кабель», роўна як і пароды жанчын, у народзе названых «сукамі». Ёсць толькі нашы ўяўленні аб іх. Зразумела, што чым хутчэй вы гэтыя ўяўленні памяняеце, тым часцей на вашым шляху будуць сустракацца надзейныя, прыстойныя людзі.

Запомніце некалькі слоў: «Мне падабаецца, што мой абраннік чалавек разумны, падабаецца, як ён рэагуе на тыя ці іншыя абставіны, падабаюцца рысы яго характару, асабістыя якасці, я атрымліваю ні з чым непараўнальную асалоду толькі ад аднаго гуку яго голасу, мне падабаецца таксама яго знешнасць і манера апранацца. Я не проста прымаю яго такім, які ён ёсць, мне ўсё гэта ў ім падабаецца, я ўсё гэта ў ім люблю». Нават неймаверны храп, які падыме і суседзяў, і рэагаванне на звычайную прастуду як на смяротную небяспеку.

Толькі пры такім раскладзе вы здолееце забяспечыць сябе вечным каханнем з боку чалавека, у якога пачуццё абавязку ну ніяк не хоча атаясамляцца з паняццем вернасці.

Бацькі і дзеці

Бацькі і дзеці. Чаму ўзнімаю праблему ўзаемаадносін паміж пакаленнямі? Хачу бачыць наўкола здаровых людзей – мара, якая можа быць рэалізавана праз зазнанне пачуцця, з якога ўсё пачынаецца. «Усё пачынаецца з кахання».

Бацькі, дзеці, зноў дзеці, маці, бацькі – увесь час мільгаючы перад вачыма калейдаскоп, абумоўлены выбарам прафесіі (настаўніца). А колькі на сваім шляху сустрэла жанчын і мужчын любячых? Адзінкі. Міжасабовыя зносіны паміж астатнімі можна акрэсліць выказваннем: «Божа, якое дзікунства! Няўжо ж самі не бачыце?!»

Віды вар’яцтва.

Від першы. Вар’яцтва распаўсюджанае.

– А ведаеце, мая дачка…

– А мой сын…

– Ой, яшчэ не ўсё! Унучка ж сёлета…

Зварот да бацькоў, пазнаўшых сябе ў россыпу адказаў на, трэба сказаць, нават не заўсёды задаваемыя пытанні. У чым вы бачыце сэнс свайго жыцця? У ТЫМ яго няма. Жыццё вашай дачкі – гэта не ваша жыццё, і лёс сына не мае ніякага дачынення да вашага сэнсу, і ва ўнучкі свой уласны шлях. А я яшчэ раз паўтару: што складае ваш сэнс жыцця?

Можа, вы працуеце над кнігай? Або вырашылі дапісаць карціну, якую задумалі яшчэ да замужжа, ды потым рукі не даходзілі? Займаецеся духоўнымі практыкамі? Над гэтым варта б задумацца, сыход не за гарамі. Разводзіце фіялкі? Вырашылі рэалізаваць колішнюю прыхільнасць да майстравання таго-сяго? Збіраецеся пашырыць кругагляд праз падарожжа?

НЯМА СЭНСУ. СОРАМНА. ВОСЬ І АПРАЎДВАЮ СВАЁ ПУСТОЕ НІКЧЭМНАЕ ІСНАВАННЕ ПОСПЕХАМІ ДЗЯЦЕЙ ДЫ ЎНУКАЎ. ПРА НЯЎДАЧЫ ЛЕПШ МАЎЧАЦЬ, А ТО БЫЦЦАМ І СЭНС ЖЫЦЦЯ СТРАЧВАЕЦЦА.

Пустэча. Гонар за сваіх, падмацаваны зайздрасцю іншых – спосаб запоўніць унутраную пустэчу. Бо дзеля чаго роспавед пра дасягненні, як не з мэтай выклікаць негатыў, падкрэсліваючы вашу перавагу і ўзнімаючы самаацэнку?

Колькі ў нашай краіне такіх бацькоў: пенсіянераў, адбыўшых свой срок на нялюбай працы (як ні круці, а сям’ю ўтрымліваць было трэба), а якая любая – беззваротна забыўшых.

Самы час успомніць! Гэта ў маладосці ён, час, вымяраецца гадзінамі, а ў сталым узросце заплюшчыў вочы, расплюшчыў – і дзясятак год як карова языком злізала. Віной таму ненасычанасць жыцця, дакладней, штучная яго ўшчыльненасць за кошт пустых спраў, аднастайных дзеянняў.

Від другі. Непераможнае вар’яцтва.

(З педагагічнага вопыту).

Настаўніца:

– Кацюша, чаму ты зноў спазнілася на заняткі?

Дзяўчынка:

– Матуля позна з хаты выправіла.

Настаўніца (да маці):

– Вы ведаеце, што Каця сістэматычна спазняецца ў школу? Прыходзячы пасля званка, яна адцягвае ўвагу вучняў ад урока. Я нават не заўсёды паспяваю заказаць ёй абед і сняданак!

Маці:

– Гэта я вінаватая, позна выправіла Каценьку з дому. Хацелася заплесці яе прыгажэй.

Заплесці… Дзяўчо прыходзіць у школу не заўсёды прычэсанае.

***

Настаўніца:

– Каця, па якой прычыне ты і сёння не выканала дамашняе заданне?

Дзяўчынка:

– Не знайшла ручку… страціла просты аловак; некуды падзеўся падручнік; брацік перашкаджаў; маці позна прыйшла з працы; я зрабіла, але не ведаю, дзе мой сшытак.

Сшытак знайшоўся. У заплечніку. Наўмысна (?) выцягнуты з падручніка. Дамашняя работа ў ім адсутнічала.

Настаўніца (да маці):

– Ваша дачка сістэматычна не рыхтуецца да ўрокаў. Адсюль – непаспяваемасць. Прычым дрэнна вучыцца Каця не таму, што не можа. Яна – дзяўчынка кемлівая, на ўроках заўсёды актыўная. А таму што з вашага боку адсутнічае кантроль за вучобай і зацікаўленасць у выніках. Калі маці не хвалююць дасягненні дзіцяці, у апошняга знікае стымул вучыцца. Хіба Вы гэтага не разумееце?..

Маці:

– Ды-ы… на рабоце завал. І прыхварэла я, ціск узняўся. Вы толькі не лайцеся на Каценьку, добра? Я буду кантраляваць выкананне дамашняга задання. Абавязкова.

Этап, калі ў адказ чула: «Вы яго задаяце, гэтае дамашняе, Вы яго з ёю і рабіце», мінуў. Зараз вось ужо год чакаю выканання абяцанага. Колькі яшчэ чакаць? Два, згодна прымаўкі? Тады позна будзе есці лыжкай, якая да месца была б цяпер.

***

Настаўніца:

– Каценька, чаму цябе ўчора ў школе не было?

Дзяўчынка:

– Праспала… хварэла, ванітавала.

Настаўніца (маці):

– Падыдзіце, калі ласка, у школу, заўтра бацькоўскі сход.

Сам-насам.

– Колькасць пропускаў заняткаў вашай дачкой даўно пераваліла за мяжу дапушчальнага. Не верыце ці не асэнсоўваеце гэтага, вазьміце ў рукі класны журнал. Вазьміце, вазьміце. Каця пад нумарам чатыры. Што Вы бачыце? Энкі. Пропускі. Шмат пропускаў. Параўнайце з радкамі насупраць імёнаў Каціных аднакласнікаў. Вы нічога не хочаце мне сказаць? Вы разумееце, што які б не быў настаўнік, ён фізічна не здолее навучыць дзіцё, якое адсутнічае?! Скажыце, якою Вы бачыце будучыню сваёй дачкі? Вы ўяўляеце гэтую маленькую кволую дзяўчынку, цягаючую вёдры з цэментам на, скажам, чацвёрты паверх будучай пабудовы? А так будзе, калі спешна не ўзяцца за розум. Каб атрымаць прафесію, звязаную з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, да якога, зрэшты, у Каці здольнасці, нядрэнна было б спачатку скончыць музычную школу, але за яе трэба плаціць, а ў Вас жа вечна няма грошай: на сшыткі, вокладкі, ручку, лінейку, клей, фарбы…

Маці:

– Так, так, я ўсё разумею. Ды вось хварэла, не магла прасачыць за Кацюшай. Ды й яна ў мяне так часта хварэе. Спраўкі дзе? Будуць спраўкі. Схаджу ў паліклініку, вазьму.

Настаўніца:

– Паўгода счакаўшы?..

ПАРАДА НАСТАЎНІЦЫ.

Шаноўная, ты, пэўна, забылася, што ў цябе сваё жыццё, а ў гора-вучаніцы сваё. Не ўсім быць кандыдатамі навук, камусьці трэба і двары месці, і кароў пасвіць, і прыбіральні чысціць (я не іранізую). А ты ўжо, будзь ласка, навучы сваіх вучняў рабіць з радасцю тое, чым яны прагназуема будуць займацца. Бо хлеб, спечаны з душой, смачна есці без нічога.

Чаму сітуацыя, якая склалася, можа навучыць цябе? Цярпенню (чытай: цярпімасці), пакорлівасці ды, магчыма, адхіленасці. Калі бярэш усё на сябе, ноша рызыкуе стаць непасільнай.

ПАРАДА МАЦІ.

Чаго Вы імкнецеся дасягнуць, такім чынам «засцерагаючы» дачку, а на самай справе апраўдваючы сваю бацькоўскую няздольнасць. Калі Вы намагаецеся вырасціць з яе хлуслівае, выкрутлівае, хваравітае (бо першапачаткова мнімыя хваробы з часам ператвараюцца на хранічныя), непрыстасаванае да (шчаслівага!) жыцця стварэнне, якое замест таго, каб вырашаць узнікаючыя праблемы, стане шукаць, хто ў іх, яе праблемах, вінаваты (шлях у пекла!), калі Вы ў гэтым бачыце свой матчын абавязак, то «поспех» забяспечаны! Ну, а калі не, то неабходна развіць у сабе такую якасць, як патрабавальнасць.

Нішто так не прывучае чалавека да патрабавальнасці, як абуджэнне ў сэрцы аднаго з найпрыгажэйшых пачуццяў – любові.

ПАРАДА ДЗЯЎЧЫНЦЫ.

Ёсць ты і твой лёс. Толькі ты і твой жыццёвы шлях: адзін на адзін, твар да твару, рука аб руку. Твой шлях – не матулін, не братаў, не бацькі, які вас пакінуў – непрыемна, але не смяротна, павер. І толькі ад цябе залежыць, якім ён будзе – не ад маці, не ад брата, не ад бацькі. Твая ўважлівасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць і сіла волі здольныя дапамагчы прайсці твой шлях з годнасцю. Але гэтыя якасці так проста не ўзнікаюць, яны выхоўваюцца, з году ў год, з тыдня на тыдзень, з дня на дзень. Тваё СЁННЯ вырашае, як складзецца лёс заўтра, паслязаўтра, праз много-многа гадоў. І калі ЦЯПЕР ты не возьмеш адказнасць за свае ўчынкі на сябе, тваё ПОТЫМ будзе ўжо не такім варыятыўным. А гэта вельмі важна – мець выбар. Гэта – выйсце.

Трэці, не кожны дзень сустракаемы від вар’яцтва – занядбанасць.

Звычайна арганізаваны хлапчук, сёння сядзіць на ўроку з адсутнічаючым выглядам, раз-пораз пазірае ў акно, на пытанні адказвае, не трапляючы. Па ўсім бачна, што ён нечым засмучаны. Пінжак другі дзень нячышчаны.

– Дзяўчынкі, дапамажыце. Ён жа хлопчык. Мабыць, сам не ўмее.

Узялі за руку, завялі ўніз па калідоры і направа – да ўмывальніка. Прынеслі чысты, толькі крыху вільготны пінжак у клас. Павесілі каля батарэі – урок – і з большага прыведзенае ў парадак адзенне можна апранаць.

– Артур, штось здарылася?

– Ды не, так… нічога.

Крыху памаўчаўшы:

– А Вы нікому не скажаце?

– Калі трэба, буду маўчаць.

– У мяне мама зноў запіла. Толькі нікому-нікому не кажыце. Бо яна пагражала, што калі я прагаваруся, то потым дасць мне дома.

***

Яшчэ праз некаторы час.

– Артур, ну што гэта такое. Сёння які дзень тыдня? Серада. А разам з ёю ўрокі рускай мовы і літаратуры, а ты прынес падручнікі па беларускай. Мне, праўда, прыемны твой нацыяналізм, але як мне выкладаць на дзвюх мовах адначасова?.. Ды ты ўвогуле ўзяў у школу тыя ж кніжкі, што і ўчора! Маці што, табе іх нават не пераклала?!

– Яна зноў… Так і заснула з вечара прама седзячы за сталом, тварам у талерцы. Я сам у школу збіраўся.

***

А потым яшчэ і яшчэ…

Трэба нешта рабіць.

Да бацькі (з маці Артура ён развёўся па зразумелай прычыне, зараз жыве з добрай ласкавай самастойнай жанчынай):

– Калі б суд прысудзіў апеку над непаўналетнім дзіцём Вам, забралі б сына да сябе?

– Без размовы.

– А жонка як да гэтага паставіцца?

– Як паставіцца? Я ж яе дзяцей гляджу, будзе і яна майго глядзець. Вы не хвалюйцеся, усё будзе добра.

***

Пасяджэнне прызначылі праз месяц. Мяне выклікалі ў якасці сведкі. Напярэдадні сніцца сон.

«Вялізны лабірынт: цьмяны, змрочны, бязвыхадны. Мой (вучань) Артур блукае ў ім, з усёй моцы намагаецца выбрацца – і не можа. Вядома, маленькі яшчэ. Наўкола сцены, сцены, сцены. Халодныя, слізкія, цяжкія, душачыя. Падыходжу да хлопчыка, бяру яго за руку і выводжу на шырокі прасторны шлях. „Вось бы ён пайшоў па ім“, – думаецца. Але не. Цуда не здарылася. Артур перасякае дарогу з тым, каб апынуцца ў новым лабірынце – больш светлым, чыстым, прасцей з пункту гледжання праходнасці арганізаваным, але ў лабірынце. Такая ўжо, відаць, яго доля – блукаць у пошуках выхаду».

Сон у руку. Значыць, Артура аддадуць бацьку. Гэта адбудзецца не без майго ўдзелу.

Так, падобная дапамога – гэта вялікая адказнасць, яшчэ адзін цяжар, які я свядома ўскладаю сабе на плечы. Але калі ёсць хоць адзін шанец на мільён, што ў зноўку знойдзенай сям’і дзіцяці будзе лепш, няхай на мізэр, на кроплю, але лепш, я павінна была зрабіць тое, што зрабіла – пераканаўча сведчыць на судзе на карысць бацькі.

***

Новы навучальны год. Артур, як заўсёды цяпер, чысценькі, зграбненькі, з літарка ў літарку выпісаным дамашнім заданнем, адзін з лепшых чытачоў у класе (і гэта той, які ў прошлым годзе не мог добра прачытаць ніводнага сказа, а пісаў так, што яго почырк немагчыма было разабраць), на прапанову застацца на незапланаваны карэкцыйны занятак з элементамі ДПМ, каб зрабіць сваімі рукамі падарункі да Дня маці, сумна адказаў:

– А ў мяне няма маці. Каму я што буду рабіць?

– Ну як жа няма, што ты такое кажаш, Артур? Ты ў нас самы багаты, у цябе ажно дзве маці. Ва ўсіх адна, а ў цябе дзве! Ды табе іншыя яшчэ зайздросціць будуць. Але і абавязкаў у цябе цяпер дадасца: падарункаў таксама два трэба рабіць. Ну ды нічога, мы табе дапаможам. Дапаможам, дзеці?

– Так!

Напэўна, няма большага шчасця на свеце, чым зіхацячыя ад радасці вочы дзіцяці.

А я між тым спакойна магу цяпер рыхтаваць да ўроку дошку на перапынку: ніхто больш не цягне мяне за падол сукенкі і не хапае за руку з вечным: «А Вы ведаеце…”. У новай вялікай сям’і ўсім хапае ўвагі.

Жыць не сваім жыццём – дрэнна, патураць дзецям – шкодна, закінуць іх – не сумленна. А як добра?

Будуючы стасункі з бацькамі, пажадана, каб дзеці пачувалі сябе свабодна. Але гэта павінна быць не салодка-прыкрая ўсёдазволенасць па прычыне бацькоўскай слабахарактарнасці, а свабода без патурання слабасцям і дурным схільнасцям, заснаваная на любові, шчырасці, адкрытасці і ўзаемапавазе.

Трэба разумець, што ёсць рэчы, каторыя спатрэбяцца ў жыцці, абавязкова – тым і вучыце, а ёсць непатрэбныя – імі няхай дзеці займаюцца без прымусу.

Ёсць такое чароўнае слова – ТРЭБА, а што менавіта – сем разоў падумайце, перш чым павучаць.

«Усё пачынаецца з кахання»… Так і ёсць. Пра тое і пішу. А што вы думалі: любоў – гэта «ружовыя акуляры», уздзеў на нос – і ўсё навокал такое добранькае, міленькае, прыгожанькае? Не. То не любоў, а слепата. Любіць – гэта боль. Не адзін, свой, дробны, эгаістычны, а ўсіхні-перажываемы-як-асабісты. Любіць – рай, пекла і чысцец, разам узятыя. Любіць – крыж. Але і святло, і цэласнасць, і гармонія. Неверагоднае шчасце і роспач адначасова. Каханне – батфорты, зберагаючыя ў цнатлівай чысціні ногі, крочачыя скрозь гразь жыццёвага бязладдзя.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации