Текст книги "Аб вечным. Запіскі эзатэрыка"
Автор книги: АлёнКа
Жанр: Эзотерика, Религия
Возрастные ограничения: +18
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)
Размаўляючы ў сне з іншымі людзьмі, вы заўважалі, напэўна, што апынаецеся ў розных колах зносін: сёння, напрыклад, сталі сведкам эратычных сцэн, учора прысутнічалі на навуковай канферэнцыі, дзе абмяркоўваліся плюсы і мінусы тэхнічнага прагрэсу, заўчора прымалі ўдзел ў размове аб праблемах выхавання з групай незнаёмых маладых людзей. Ад чаго залежыць выбар начных субяседнікаў? Безумоўна, ад пытанняў, якія хвалююць на сённяшні дзень і, зразумела, ад таго, аб чым думалі напярэдадні, і ад пажаданняў іншых людзей паразмаўляць з вамі. У сне вы патрапляеце туды, куды ваша душа імкнецца насамрэч.
Якія магчымасці дае чалавеку ўсведамленне адносна свабодных перамяшчэнняў душы падчас начных прыгод?
1). Дастаткова перад сном настроіцца на пазітыў, каб папасці ў добрую кампанію.
2). Можна загадзя выказаць пажаданне убачыць у сне чалавека, якога даўно не бачыў.
3). Можна выслухаць шчырую параду таго, чые погляды вам дарагія.
4). Сон – добры спосаб бясплатна наведаць варажбітку.
6. Яшчэ адной з катэгорый сну з'яўляюцца бачанні або прадбачанні – калі тое, што прыснілася, адбываецца праз некаторы час літаральна.
Вось прыклад такога сну-бачання. У ноч з 2 на 3 чэрвеня 2011 года да мяне ў сне прыйшла Алеся. Яна параіла мне падключыцца на «лайф». Сказала, што плаціць зусім нічога, а карысць з гэтага будзе вялікая. Праз два месяцы сон здзяйсніўся даслоўна. Такім чынам, ён не меў ніякага сімвалічнага значэння, гэта было звычайнае прадбачанне.
7. А бывае і так, што праз сон мы можам бліжэй пазнаёміцца з сабой, з рознымі аспектамі свайго «я».
«Да месца прызначэння можна дайсці, але гэта будзе доўга, а можна і даехаць. Аўтобус стаіць за вуглом, ужо поўны людзей і гатовы адправіцца, трэба падбегчы – і тады я паспею на яго. Падбегла, заходжу, саджуся на свабоднае месца. Заходзіць услед за мной цяжарная жанчына, падобная да мяне, толькі крыху іншая – больш дагледжаная. Усведамляю, што яна – гэта таксама я – іншая я. Жанчына за руку трымае дзіцё. Дзіцё я саджаю побач з сабой. Жанчына застаецца стаяць (хаця яшчэ адно свабоднае месца ёсць у глыбіні аўтобуса, але яна-я не хоча туды ісці, хоча быць побач з дзіцём). Яна дае мне расколаты какос, я яго з'ела. Усе пачынаюць з асуджэннем глядзець на мяне. Жанчына абапіраецца на маці, ёй цяжка стаяць. Я разумею, што трэба ўступіць ёй месца (уступіць месца сабе іншай), устаю, яна садзіцца, я прысела побач на ўскраек крэсла. Дзіўна, але месца ўсім хапіла. Аўтобус крануўся».
З аналізу зразумела, што маё «я» складаецца, як мінімум, з двух састаўляючых: з той мяне, якой я сябе ўяўляю на сёння і з мяне іншай, гатовай прыйсці на змену мне цяперашняй. Я ўступіла месца жанчыне, даўшы тым самым магчымасць развіцца нейкім новым рысам свайго характару. Якім? Больш уважлівым адносінам да сваёй знешнасці (жанчына была дагледжаная), прадуктыўнай творчай арыентацыі (на гэта ўказвае цяжарнасць). За гатоўнасць да змен я атрымала ва ўзнагароду доступ к нейкай таямнічай важнай інфармацыі (расколаты какос). Пры гэтым я не страціла сябе, новыя якасці арганічна перапляліся са сфарміраванымі раней рысамі характару.
8. Праз сон можна даведацца таксама аб унутраным свеце любога чалавека, адлюстраваннем якога з'яўляецца машына або кватэра, яму належачая.
Зацікаўленасць у жыцці аднаго вядомага мне чалавека прывяла да таго, што аднойчы ноччу прысніўся такі сон: «Знаходжуся ў доме, які належыць чалавеку, мяне цікавячаму. Там шмат хламу, ды й цемнавата. Прыйшлі да яго ўтрох: я, мае дачка і маці. Насця гуляецца, а я, мама і ён сядзім за накрытым сталом (стол вялізны, у зале стаіць, посуду на ім шмат, а вось ежы я не заўважыла). У кватэры быў таксама доўгі калідор, вузкі з-за вялікай колькасці размешчаных у ім непатрэбных рэчаў».
Патлумачу ўзнікшыя вобразы. Дом сніўшагася чалавека, як ужо адзначалася, адлюстроўвае яго ўнутраны свет. Калі апісанне пакояў перанесці на рысы характару, то ў выніку прыйдзем да наступных высноў: мой знаёмы надае вельмі шмат увагі непатрэбным рэчам, шмат лішняга трымае ў галаве, што перашкаджае яму ясна мысліць. Ён з'яўляецца чалавекам гасцінным, аднак наведвальнікам ад гэтай яго якасці мала карысці – складана ўстаць сытым з-за пустога стала.
Аналагічным чынам можна аналізаваць змест сноў, дзе вы бачыце машыну, належачую таму ці іншаму чалавеку: яе ўнутраны і знешні выгляд, форма, марка, колер могуць не менш сказаць пра ўладальніка, чым аблічча яго жытла.
9. Перш, чым вы навучыцеся рэалізоўваць праз сон свае мары, папрактыкуемся таксама ў аналізе сноў не вельмі прыемнага зместу.
Прывяду вам некалькі сваіх старых, цудам захаваўшыхся на паперы, сноў.
«Уцякала на машыне з дачкой. Іншых знойдзеных дзяцей разрывалі на часткі маньякі. Мы з ёй знайшлі прытулак у замку. Спалі ў спальні. Маньякі дабраліся і да нас. Але мы ўцяклі на возера. Я ператварылася ў лебедзь. Дзякуючы гэтаму мы з дачкой уратаваліся».
Маньякі і злодзеі звычайна адлюстроўваюць рысы характару, ад якіх трэба пазбавіцца. Усё, што ёсць у вас негатыўнага, у сне прарываецца да сазнання ў выглядзе злодзеяў ці проста ваяўніча настроеных людзей. Такім чынам, нейкія непрывабныя рысы майго характару пагражалі нашаму з дачкой жыццю. Якія? «Мы спалі ў спальні ў замку». Гэта можна расшыфраваць як знаходжанне ў стане своеасаблівай спячкі, калі ты не аддаеш сабе справаздачы, не разумееш сутнасці ўсіх сваіх учынкаў і валоданне такой рысай характару як замкнёнасць. Што нас з дачкой уратавала ў (сапраўды меўшай месца ў жыцці) складанай сітуацыі? «Мы ўцяклі на возера і я пераўтварылася ў лебедзь». Купанне ў возеры сімвалізуе стан закаханасці, а ператварэнне ў лебедзь указвала на тое, што дзеля таго, каб уратавацца, я павінна захоўваць вернасць сабе. Чаму менавіта сабе, а не камусьці іншаму? Таму што лебедзь быў адзін (узаемнае каханне і вернасць мужчыны і жанчыны сімвалізавала б пара лебедзяў) і ён з'яўляўся мною, адлюстроўваў маю сутнасць.
Як бачыце, дасканалы аналіз прысніўшагася кашмару карысны тым, што, пры правільнай яго трактоўцы, ён можа пазначыць, як знайсці выйсце са складанага становішча, у якім вы апынуліся. Таму трэба правільна рэагаваць на непрыемныя сны: не баяцца іх і не спрабаваць забыць, выкінуць з галавы, а ўважліва прааналізаваць і прыняць меры, садзейнічаючыя вырашэнню праблемы.
Яшчэ адзін сон, першая палова якога пакінула пасля сябе непремны асадак.
«За мной гналася нейкае войска. З ім за мяне пачало змагацца іншае, лепшае, але і яго паланянкай мне стаць не хацелася. І тады мой вучань, Дзіма, кажа, што мы можам стаць свабоднымі ад абодвух войскаў, ён ведае, як ад іх уцячы. Зайшоў у пад'езд бліжэйшага дома, выносіць скейт і дзіцячую каляску, сам становіцца на скейт, мне прапануе пасадзіць Насцю ў каляску, тады я здолею хутка рухацца і мяне ніхто не дагоніць. Я так і зрабіла. Дзіма крыху адставаў, але ж нам і было ў розныя бакі. Мы паехалі з Насцяй дахаты. Спачатку я хвалявалася, азіралася назад, потым, убачыўшы знаёмыя абрысы майго дома, супакоілася. Зайшлі ў кватэру. Зачыніла дзверы на замок. Патушыла святло (каб войскі не здолелі нас адшукаць), лямпачкі засталіся гарэць толькі ў калідоры. Думала, можа патушыць і іх, але бацька спакойна сказаў: „Навошта? Гэта ўнутранае святло. Яго акрамя нас ніхто не бачыць, а нам так будзе не цёмна“. Я пагадзілася».
Аналізуючы сон, для мяне было відавочна, што войскі – гэта нейкія мае недахопы, ад якіх я думаю ўцячы. Але якія менавіта? Спрабуючы разгадаць загадку, нечакана атрымала падказку ад свайго вучня (менавіта ад таго, што мне сніўся): хлопчык прынес у школу кніжачку пра Ісуса Хрыста і настойліва прапанаваў мне яе пачытаць. Хутка прабегшыся вачыма па старонках, зразумела, што атрымала кніжку нездарма: каб дасягнуць жаданага, дастаткова было проста верыць, не сумняваючыся і без залішняй ганарыстасці, бо сумненні і гардыня і ёсць тыя войскі, якія спрабавалі захапіць мяне ў палон. Я зразумела гэта, разважаючы пра падзеі апошніх дзён і дзякуючы Дзімінай кнізе. Заадно ўбачыла праз сон і сродак пазбаўлення ад непрыемных пачуццяў: трэба быць самой сабой і тады тваё ўнутранае святло стане шляхам да набыцця спакою і ўпэўненасці ў сабе. А яшчэ варта больш увагі ўдзяляць дачцэ, трэба лепш клапаціцца аб ёй, не пускаць выхаванне на самацёк (я пасадзіла ў сне яе ў каляску).
10. Іншы сон можа быць прадыктаваны дзейнасцю знешніх раздражняльнікаў.
Так, аднойчы ўвечары перад сном пачула, як трэнькае мабільнік – «есці просіць». Хацела падняцца з ложка, паставіць яго на падзарадку, але перадумала – вырашыла правесці чарговы эксперымент. Падумалася: якім чынам «ціўканне» мабільніка на працягу ночы скажыцца на змесце сну? Успамінаючы тое, што прыснілася ноччу, зразумела, што не пралічылася, паставіўшы сабе перад сном такую задачу. Вось што я ўбачыла.
«Я ў двухпакаёвай кватэры. Яна нібыта належыць зараз Андрэю, майму былому мужу, раней жа была агульнай. Пакой справа мне было сказана абсталяваць пад клас, у якім давядзецца вучыць дзяцей. Я пачала там уладкоўвацца, але потым перадумала. Вырашыла, што ў пакоі злева мне будзе лепш працаваць – ён быў прасторней, святлей, утульней, там было дастаткова месца, каб разбіць клас на зоны – гульнёвую, вучэбную, зону адпачынку. Папрасіла Андрэя адчыніць мне пакой злева і дапамагчы вынесці з яго непатрэбныя рэчы – імі аказаліся свяцільні, большасць з каторых была зроблена ў выглядзе тэлефонных апаратаў. Ён пагадзіўся. Тут падышла Насця, у гэты час ёй патэлефанавалі, запрасілі ў рэстаран адзначаць дзень нараджэння. Я дала ёй раней на святкаванне 500.000 рублёў. Андрэй сказаў, што дае ёй яшчэ 500.000 рублёў, так што яна можа гуляць на мільён».
Тлумачэнне. Клас – месца, дзе чалавек нечаму вучыцца. Тады галоўная мэта майго былога замужжа – навучанне. На памылках, трэба думаць. Клас мне быў патрэбен для навучання другіх – значыць, мною будзе зроблена спроба навучыць іншых на маіх памылках. Я буду выкарыстоўваць свой жыццёвы вопыт для навучання другіх людзей. Належачыя Андрэю свяцільні ў выглядзе тэлефонных апаратаў азначаюць, па-першае, што яго жыццё асвячаецца толькі сувязямі з іншымі, сам сабе асвяціць свой шлях ён не можа, а па-другое, узнікненне іх у сне з'яўляецца своеасаблівай рэакцыяй на раздражняльнік, якім быў усю ноч «пілікаючы» мабільны тэлефон. Такім чынам, розныя раздражняльнікі часта ўключаюцца нашай падсвядомасцю ў сюжэт сну, але ад гэтага яны не перастаюць мець сэнс. Тое, што мы з Андрэем скінуліся пароўну на дзень нараджэння Насці, магчыма, ёсць адказ на маё пытанне: ці пагадзіцца ён скінуцца са мной па паўтара мільёна, каб падарыць Насці на 10-годдзе ноўтбук? Так, – адказвае сон, – пагадзіцца. Або, як варыянт, купіць ёй нешта раўназначнае.
Дапісваю пасля святкавання дня нараджэння дачкі. Ноўтбук мне прыйшлося купляць самой, Андрэй адмовіўся ад маёй прапановы. Але, што цікава, праз паўтара месяца, на Новы год, і ён, і я, не дамаўляючыся, купілі Насці падарункаў кожны на 500.000 рублёў. Атрымліваецца, што дзве падзеі будучага ў сне наклаліся адна на адну, адбылося згушчэнне.
Гэта ўсё, што я хацела давесці, датычальна аналізу сноў. Уменне тлумачыць іх будзе яшчэ адной прыступкай на шляху да поўнага авалодання сілай сваёй падсвядомасці.
Г. Апошняе уменне, якое варта было б прыдбаць – гэта асэнсаванне сябе ў сне, што дасць магчымасць скаардынаваць работу свядомасці і падсвядомасці спачатку ў рэчаіснасці сну, а потым і ўдзень. Зрабіць гэта нялёгка, але не немагчыма і пад сілу не толькі Дону Хуану і яго вучню Карласу Кастанедзе. І паказваць, што розум працягвае працаваць нават у сне, можа не толькі ўспрыняцце ўласных рук падчас начнога падарожжа, а любы іншы прадмет (ці частка цела). Вось як гэта здарылася са мной упершыню. Так атрымалася, што я страціла пару залатых завушніц і па адной з двух пар срэбных. Біжутэрыя яшчэ заставалася, але ўвесь час насіць яе не будзеш – вушы баляць. Я знайшла выйсце са склаўшайся сітуацыі: удзень насіла завушніцы, зробленыя з мельхеора, а на ноч надзявала пакінутыя срэбныя: справа – адной формы, злева – другой, што і дапамагло зразумець, што ўсе дзеянні ў сне я рабіла асэнсавана.
Сон. «Я ў доме знаёмага. Ён размаўляе з маёй маці, а я сяджу ад яго цераз стол. Мне сумна стала адной, кранаю сябе за вушы і тут раптам асэнсоўваю, што я прыйшла да яго ў тых жа завушніцах, у якіх лягла спаць (у розных), разумею, што не паспела іх памяняць. Потым…».
Што я хацела сказаць, распавядаючы гэты сон? Паспрабуйце пракалоць вушы, можа гэта вам дапаможа асэнсаваць сябе ў сне. А якая карысць ад кантролю за адбываючыміся там падзеямі розумам, пакажа наступны сон.
«Збіраюся ісці на рэчку. Бацька адгаворвае, кажа, што цёмна ўжо ды й непагадзь. А я адчуваю, што трэба ісці ўсё роўна, што без рэчкі, без вады (без любові) мне не выжыць. Іду, спускаюся па лесвіцы ўніз (збягаю), выскокваю на вуліцу. На двары ноч, неба зацягнута хмарамі, не бачна ні згі, дождж хвошча – касы, балючы, а я ўсё роўна іду, іду да рэчкі, праз густы непралазны лес. Заходжу ў рэчку, вада чыстая, але дно месцамі жоўтае, пясчанае, месцамі чорнае, у глеі. Стараюся ісці па жоўтаму. Пад нагамі пачало адчувацца нешта накшталт скошанага чароту, балюча ступаць, а я ўсё роўна іду, ногі ўжо ўсе параніла і іду. І тут раптам мяне асяніла: можна ж не ісці, а плысці – тады не будзе балюча (дзеля таго, каб перастаць спатыкацца, мучыцца, пакутаваць ад болю, трэба пачаць плысці па цячэнні, падпарадкавацца лёсу, даверыцца Богу). Адарвала ногі ад зямлі і паплыла. І тут пачало святлець: хмары рассеяліся, дождж перастаў, выглянула сонейка. Калі я выплыла з ракі і выйшла на бераг (пад'ём быў круты), надвор'е стаяла зусім добрае і аказалася, што на двары ўвесь гэты час стаяў дзень (а значыць, усе праблемы існуюць толькі ў нас у галаве). Памацала свае завушніцы. Падумала, што я, напэўна, зноў у розных (у якіх сплю). Не, аказалася, што ў аднолькавых – завушніцы былі ў пару (знайшла сваю пару, сваю другую палавіну)». Ключавым у запісе сну з'яўляецца слова: «Падумала». Значыць, усе дзеянні ў сне рабіліся не хаатычна, а асэнсавана, я сама прымала рашэнне, што мне рабіць, а чаго не рабіць, я стала творцам уласнага лёсу, бо тое, што мы робім у сне, з цягам часу адбываецца ў жыцці.
Яшчэ больш паказальным у гэтым плане служыць наступны сон.
«Я з дачкой сярод белых палатак. Тут нас абступаюць мужчыны, вочы ў іх злыя, нядобрыя. Яны хочуць напасць. Я вырашыла, што ім, у першую чаргу, патрэбна я. За маёй спіной вынайшаўся вузкі праход, шчыліна. Я праштурхнула ў яе Насцю, сказала: „Бяжы“! Потым выслізнула сама, іду, гляджу – Насці нідзе няма. І тут разумею, што гэтым злодзеям была патрэбна зусім не я, а мая дачка. Вяртаюся назад, бачу: яны павалілі Насцю на асфальт, збіраюцца наздзекавацца. Я заскочыла ў прастору паміж палаткамі, пачала з імі змагацца. Усяго за некалькі хвілін сну ўсе дэманы, якія імкнуліся захапіць у палон душу маёй дачкі, былі знішчаны».
А не здолей я тады перамагчы ў сне, хто ведае, у якія праблемы гэта вылілася б наяве?..
Разумееце цяпер, у чым заключаецца мэтазгоднасць выкарыстання сазнання? Вам раз і назаўсёды перастануць сніцца кашмары, бо з любых пераплётаў вы выйдзеце пераможцам.
На гэтым наш экскурс у свет сноў лічу завершаным.
Варожбы: святочныя і штодзённыя
Святочныя варожбы.
На сённяшні дзень існуе шмат розных выданняў на гэту тэму. Але тое, аб чым я збіраюся распавесці, вы наўрад ці сустрэнеце дзесь яшчэ. Калі я была студэнткай, мы з дзяўчатамі напярэдадні зімовай сесіі збіраліся ў адным пакоі і варажылі: аб суджаным, аб лёсе, аб тым, як складзецца бягучы год. Кожная з нас прыўносіла свой уклад у агульную справу збіральніцтва як мага большай колькасці спосабаў прадказання будучага лёсу, старалася паказаць самыя цікавыя, «новыя» святочныя варожбы. Чаму слова новыя я ўзяла двукоссе? Таму што нейк дзіўна выкарыстоўваць гэтае слова ў адносінах да звестак, здабытых намі ў сваіх старэнькіх бабуль. І менавіта таму не ўсё, пералічанае ніжэй, можна знайсці ў кнігах: такую ўжо асаблівасць мае вусная народная творчасць – перадавацца «з вуснаў у вусны».
Паспрабую зараз узнавіць у памяці адзін з такіх вечароў, павольна перайшоўшы ў ноч з 24 на 25 снежня 1997 года. Чаму не з 6 на 7 студзеня? Не, сярод нас не было каталічак, усе дзяўчаты належалі да праваслаўнай канфесіі. Але пасля Новага года пачыналіся зімовыя канікулы і мы раз'язджаліся па дамах. Так што абранне дня нараджэння сонейка для здзяйснення спробы атрымаць адказы на лёсавызначальныя пытанні было прадыктавана абставінамі.
З чаго пачаўся той далёкі чароўны вечар, як вы думаеце? Ну, безумоўна, з кубачка заваранай па-турэцку кавы або гарбаты – хто чаму аддаваў перавагу.
№1. Варажба на каве і гарбаце была цэлым рытуалам. Пакуль чайнік павольна закіпаў на адной з двух працуючых на ўвесь блок з 28 чалавек электрычных плітак, мы садзіліся за раскладзены стол-кнігу, ставілі кубкі на талеркі, сыпалі ў іх каву або заварку – каму колькі не шкада, думаючы пры гэтым, што нас чакае ў будучым годзе. Вада закіпела. Дзяўчына, сядзеўшая бліжэй да дзвярэй, схадзіла за чайнікам, наліла кіпені сабе, потым перадала чайнік суседцы злева і г.д. па ланцужку. Хутка пакой напоўніўся прыемным водарам, асалоду ад якога не магло сапсаваць нават усведамленне таго, што зараз атрыманы паганага смаку напой прыйдзецца выпіць без цукру і да дна. Рэшткі пойла трэба было тры разы крутануць у кубку па сонцу, потым левай рукой перавярнуць яго на талерку. І ўжо праз некалькі хвілін з заміраннем сэрца разглядалі атрыманыя выявы: спачатку свае, потым сябровак і ўжо разам спрабавалі іх інтэрпрэтаваць. Звестак аб значэнні ўбачаных вобразаў катастрафічна не хапала, але галоўная функцыя працэдуры была выканана: спаць да 12 гадзін ночы ўжо нікому не хацелася. Аматарам такога роду варажбы магу параіць падыходзіць да аналізу заўважанага на дне шклянкі аналагічна разбору бачанага ў сне – асацыятыўна.
№2. Варажба па ценю.
Пасля гэтага віду варажбы трэба было абавязкова праветрываць памяшканне, каб неўзнарок не задыхнуцца. Але яна была адной з самых любімых і таму праводзілася абавязкова (тым больш, што аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у пакоях тады ці не было, ці яны не працавалі, і нішто не перашкаджала правесці рытуал). Электрычную лямпачку патушылі. Замест яе запалілі воскавую свечку. Потым кожная з нас па чарзе брала чысты ліст паперы, змінала яго (не забываючы зноў жа думаць аб тым, што яе чакае ў наступным годзе), клала на тыльны бок талеркі, падпальвала ад падпаленай свечкі і глядзела на адкідваемы згарэлай паперай цень. Пры гэтым убачаная карона азначала, што некаму адразу пасля заканчэння ўніверсітэта свеціць пасада завуча, а то і дырэктара школы, калыска з дзіцём прадказвала хуткую цяжарнасць, тое ж выява рыбіны, абутак – размяркуюць на працу далёка ад дома (гэта б яшчэ нічога) і ад Магілёва (што ўжо значна горш), курыца, клюючая зерне – верагодна, трапіш у сельскую мясцовасць, дзе настаўніку, акрамя кроўна заработаных, плацяць яшчэ і 20% «сельскіх», бо такая выява абазначала грошы. Убачыш мядзведзя – чакай сватоў; дуб, падкову, вянок, заручальны пярсцёнак – на гэты раз адмовіць жаніху не атрымаецца – хочаш, не хочаш, а вяселле адбудзецца. І гэтак далей. Калі варажба падыходзіла да завяршэння, чад і пах гару ў паветры стаяў неймаверны, але на якія толькі ахвяры не пойдзеш для задавальнення сваёй дапытлівасці.
№3. «Караблікі».
Наступны сродак спасціжэння будучыні мала чым адрозніваўся ад папярэдняга. Для яго ажыццяўлення мы набіралі ў таз вады, ставілі яго пасярод пакоя. Пакуль вада супакойвалася і пераставала калыхацца, бралі пяць аркушоў паперы, на адным з іх пісалі сваё імя, потым зміналі, адкладвалі ўбок. Яшчэ на трох пісалі імёны знаёмых хлопцаў (або тыя мужчынскія імёны, якія падабаліся). Апошні заставаўся чыстым. Гэтыя аркушы таксама камячылі і кідалі ў таз. У апошнюю чаргу запускалі аркушык са сваім імем, падпальвалі яго і ўважліва сачылі за разгортваемай перад вачыма карцінай: калі твая паперка падпальвала іншую – у гэтым годзе выйдзеш замуж за таго, каго «падпаліла», хутчэй трэба тушыць паперку і глядзець імя названага. Пусты аркушык абазначаў незнаёмца. Калі твой «караблік» не падпаліў, а толькі прыстаў да паперкі з імем – будзеш сустракацца з ім у будучым годзе, але з прапановай рукі і сэрца прыйдзецца пачакаць. Калі ж у цябе так і не атрымалася да каго-небудзь хаця б дакрануцца – адчувай задавальненне ад таго, што ў будучым годзе будзеш адпачываць ад чапляння дакучлівых кавалераў. Горш за ўсё, калі твой «карабель» затануў – будзь у такім выпадку ўважлівай, беражы сябе. Аднак, апошняе здараецца вельмі рэдка: паперы, нават абгарэлай, не ўласціва тануць у вадзе.
№4. На імя.
Паколькі ад дыму, утворанага вялікай колькасцю спаленай паперы, ужо пачыналі слязіцца вочы, мы пакідалі на нейкі час пакой і ішлі рыхтавацца да наступнага святадзейства. Кожная брала з сабой столькі паперак, колькі ёй было год. Дык вось, узялі мы па 20 невялічкіх кавалачкаў паперы аднолькавага памеру і пайшлі падарожнічаць па суседніх пакоях. Там паперкі па адной раздаваліся ўсім прысутным (не важна, хлопцы гэта былі ці дзяўчаты), каторыя павінны былі напісаць на іх мужчынскія імены. Былі, безумоўна, такія выпадкі, калі хлопцы пісалі або свае ўласныя імёны, або імёны сваіх аднапакаёўцаў з якой-небудзь прыпіскай (напрыклад, Макс – казёл), але падобных жартаўнікоў было не шмат і варажба ў цэлым праходзіла паспяхова. Што пішуць, глядзець было нельга. Вяртаючыся назад у пакой з 19 спісанымі паперкамі і адной чыстай, мы клалі іх сабе пад падушкі да раніцы. А як толькі развіднела, выцягвалі адну з іх і з хваляваннем чыталі імя таго адзінага, з кім прыйдзецца «век векаваць». Тут трэба зрабіць некалькі агаворак. Варажыць такім чынам можна толькі адзін раз у жыцці, не то прагадаеш свой лёс. Калі выцягнулі адразу дзве паперакі або больш, то вам суджана выйсці замуж два або больш разоў – так заўгодна Богу. Пустая паперка азначае, што вам, хутчэй за ўсё, на родзе напісана заставацца «нявестай Хрыстовай».
№5. Хто першы.
Яшчэ некалькі варожбаў дазвалялі даведацца, хто з нас выйдзе замуж першай. Для гэтага кожная брала па адной пантофлі і, пачынаючы ад дзвярэй, па сонцу мы адна за адной прыкладвалі свой абутак да сцяны, ланцужком, пачынаючы са старэйшай і заканчваючы самай малодшай з нас. Дзеянне працягвалася да таго часу, пакуль мы не абыходзілі так увесь пакой. Тая, якая напрыканцы шляху аказвалася бліжэй за ўсё да дзвярэй, і павінна была хутчэй за ўсіх «вылецець з гнязда».
№6. Хто першы – 2.
Другі рытуал быў падобным. Спачатку адмяралася такая колькасць аднолькавых па даўжыні нітак (пажадана з воўны), якая была патрэбна для прыняцця ўдзелу ў мерапрыемстве ўсіх дзяўчат. Асабістыя ніткі прывязвалі да агульнай. Потым кожная брала па запалцы і мы адначасова падпальвалі іх ад полымя свечкі і (таксама адначасова) падпальвалі свае ніткі. Замуж раней выйдзе тая, чыя нітка згарэла першай. Гэтая варажба павінна падцвердзіць вынікі папярэдняй.
№7. Па любові ці па разліку?
Што ж, з часам адбыцця важнай у жыцці кожнай жанчыны падзеі мы вызначыліся. Але ж хацелася яшчэ даведацца аб тым, як?.. ці за каго?.. Адказаць на пытанні дапамагаў наступны спосаб варажбы. Браўся хлебны мякіш і скатвалася з яго пяць аднолькавых па памеры шарыкаў, у адзін з якіх клалі зернейка. Потым раскідвалі шарыкі такім чынам: адзін – на падваконнік, другі – перад парогам, трэці – на ложак, чацвёрты – у партманет, пяты – у кішэню. Калі ўсе шарыкі раскладзены, пачыналі іх есці адзін за другім. Зернейка аказалася ў шарыку, ляжачым на падваконніку – упершыню ўбачыш суджанага з акна, перад парогам – выйдзеш замуж у гэтым годзе, на ложку – не вядома ў якім годзе, але дакладна «па залёце», у партманеце – за багатага, у кішэні – за каханага.
№8. «Што год бягучы нам рыхтуе»?
Трэба узяць чатыры шклянкі (звычайныя, без малюнка). У адзін з іх наліць вады, змешанай з цукрам (чакае салодкае жыццё), у другі – вады з соллю (салёнае ад слёз жыццё), у трэці – пакласці яйка (будзеш цяжарнай), у чацвёрты – пярсцёнак (выйдзеш замуж). Усё зрабілі, заплюшчылі вочы, сяброўка пераставіла месцамі шклянкі, закруціла вас вакол сябе па ходу гадзінніка так, што вы цалкам страцілі прасторавую арыентоўку. Пасля чаго вы, не расплюшчваючы вачэй, выбіраеце шклянку. Што ўхапілі, таго і чакайце. Дакрануліся да двух шклянак адначасова? Значыць, або Бог блаславіць замужжа ў тым жа годзе дзіцём, або вас папераменна чакаюць чорная і белая палосы ў жыцці.
№9. Картачныя варожбы.
Надышоў самы час раскінуць карты. Паколькі спецыяльных гадальных карт ні ў кога не было, у дурня ж гуляць любілі, таму для варажбы браліся звычайныя ігральныя карты, а каб зрабіць прадказанні больш дакладнымі, садзілі на іх на паўгадзіны нявінніцу. На шчасце, такая яшчэ мелася ў нашым калектыве, апошняя к чацвёртаму курсу. А так як паваражыць на картах мы любілі не толькі ў святкі, то бераглі мы нашу дзяўчынку, ох, як бераглі.
Дарэчы, нездарма бераглі. Наколькі мне вядома, яна так і выйшла замуж цнатлівай і ні разу не пашкадавала аб гэтым. І зараз яны з мужам, кажуць, добра жывуць. Так што, задумайцеся, дзяўчаты, каму яшчэ не позна, наколькі апраўдана імкненне аддаваць першаму сустрэчнаму акрамя сваіх сімпатый, яшчэ і цела. Не факт, што вашу «адданасць» усім і кожнаму ацэніць хоць адзін з доўгай чароды прайшоўшых праз вашу пасцель «закаханцаў», а ваш велічэзны сэксуальны вопыт будучы абраннік. Так, так, гэта я вам кажу, паважаныя васьмікласніцы!
Ну, ды я адхілілася ад тэмы. Здаецца, мы гаварылі пра картачныя варожбы? У наш час можна знайсці шмат кніжак, у якіх выкладаюцца розныя спосабы раскладкі карт і прыводзяцца іх значэнні. Таму не буду засяроджваць на гэтым увагу. Адзначу толькі, што такі від варажбы меў месца на нашых пасядзелках.
№10. На суджанага.
Завершаны гэты незвычайны вечар быў прыгожа. Апошнюю варажбу я запомніла на ўсё жыццё. Ведаеце, што паслужыла завяршальным акордам? Не здагадваецеся? Трэба было роўна апоўначы выйсці на вуліцу і запытаць у першага сустрэчнага мужчыны яго імя. Гэтак жа будуць зваць і вашага суджанага. Таксама варта звярнуць увагу на знешні выгляд спаткаемца. Лічыцца, што будучы муж будзе вельмі да яго падобны.
Мы апрануліся, на ўсякі выпадак перахрысціліся і… «пайшлі ў людзі». І ведаеце, усе дзеўкі як дзеўкі, пасустракалі сваіх «суджаных», нават не выходзячы за сцены інтэрната (што не дзіўна, там, акрамя нас, педфака, жылі яшчэ хлопцы з гістфака і фізмата). Мне ж, акрамя таго, што прыйшлося выйсці вонкі, дык яшчэ і блукаць давялося з паўгадзіны. І тут я, нарэшце, заўважыла адзінага на ўсю вуліцу мужчыну. У мяне і рэч заняло: тое, што ён быў невысокага росту, гэта яшчэ нічога – сама ж не мадэль, а цалавацца з аднолькавага росту партнёрам нават зручней, хоць шыю пры гэтым сабе дакладна не звернеш, але ж ён быў яшчэ і прыкладна ўдвая старэйшы за мяне. Апошняе так і не дазволіла мне тады даведацца, бландынам будзе мой названы альбо брунетам – ён быў ужо сівы. Прама «мара» дваццацігадовай дзяўчыны, што й казаць. Я паглядзела на яго, глыбока ўздыхнула, падумала: а ну яго, такога суджанага, да чорта, развярнулася і пайшла ў другі бок. Але потым апамятавалася. Добра, вырашыла, пайду хоць імя запытаю. Дагнала – добра, ён, падобна, нікуды не спяшаўся і не паспеў далёка адысці. «Извините, пожалуйста, а как Вас зовут?». Ні аб чым не падазраючы «суджаны» паглядзеў на мяне, як на ідыётку, але ўсё ж усміхнуўся ў свае сівыя вусы (усмешка была прыгожая, з ямачкамі на шчаках) і адказаў. Адно толькі слова. Гэтым словам было яго імя. «Спасибо». «Пожалуйста». На гэтым мы мірна разышліся.
Вось такімі сродкамі пазнання сваёй будучыні мы карысталіся.
Гэта тое, што датычыцца святочных варожбаў. Акрамя іх, ёсць яшчэ і штодзённыя.
Штодзённыя варожбы.
Адным з нескладаных сродкаў, дазваляючых даведацца аб адказах на любыя пытанні, з'яўляецца тэлевізар. Як прадказаць будучыню або атрымаць параду па цікавячай праблеме пры яго дапамозе? Дакладна фармулюеце пытанне, бераце пульт, націскаеце на першую парапіўшуюся кнопку, і тое, што будзе даносіцца з блакітнага экрана і ёсць адказ, парада або прадказанне. Гэтак жа можна паваражыць і па любой, першай трапіўшайся на вочы альбо па любімай кнізе.
Таксама добрымі дарадцамі ў самых складаных пытаннях могуць стаць дзеці. Пытаць іх аб чымсьці ўголас зусім не абавязкова. Дастаткова пачаць абдумваць праблему ў прысутнасці дзіцяці, не забываючы пры гэтым прыслухоўвацца да яго лопату. Напрыклад, аднаго разу мне прысніўся сон, расшыфроўка якога, згодна сонніка, абазначала здраду з боку любімага чалавека. І толькі я падумала аб тым, што не, гэта не так, не павінна быць так, і тут мая дачка выдае: «Бабнік». Потым яна пачала расказваць мне сюжэт нейкага мультыка. Я ўсё роўна вырашыла, што памылілася. Толькі так падумала, як зноў пачула ад яе: «Бабнік». Гэта яна вырашыла яшчэ раз расказаць пра той самы мультык. Безумоўна, праверыць падобнага роду звесткі складана. Са свечкай жа не стаяла! І ўсё ж такі, так як у іншых, лёгка правяраемых выпадках Насця яшчэ ні разу не памылілася, адказ на пытанне можна лічыць атрыманым.
Пералічаныя спосабы нават не варажбы, а атрымання адказаў на пытанні, з'яўляюцца аднымі з найбольш простых і даступных кожнаму чалавеку. Карыстайцеся імі на здароўе!
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.