Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 8

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 8 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Не варта так маркоціцца, пане. Пажывеце тут, то хоць адпачнеце. Налёталіся ж пэўна за гады?

Ганец ведаў, што хлопец спачувае ўсім сэрцам. Для Ваўка пан Бражына чалавек сталы, самавіты, бо ўвесь час пры канцлерах ды гетманах. Быў яму ўдзячны, спазнаўшы стан дзічыны падчас гону. Перахапіў і холаду і голаду, пакуль прыбіўся да казакаў. Ды і там было па рознаму.

– Налётаўся, гэта праўда. Але ж не адлётаўся, – уздыхнуў Бражына. – Абавязак мой завезці—прывезці, і ўсё ў час. Спазненне можа тысячам непапраўна зашкодзіць. А тут кароль з канцлерам на захадзе, а гетман Жулкеўскі – на ўсход і мяне не адпусціць. Што я скажу пану канцлеру? Вось такая бяда, браце!

Нядаўні казак азірнуўся ва ўсе канцы і ціха запытаўся: – А можа нам уцячы ціхенька? – нядаўні ўласны досвед падкінуў Ваўку новую думку.

– Вядро на галаву ды ў кусты? – горка ўсміхнуўся ганец, адстаўляючы кацялок. – Але ж слова гонару…Ды паперы ў іх, а мне без лістоў нельга.

Воўк прыбраў кацялок, паклаў на яго месца скрутак, загорнуты ў анучку, які выцягнуў з—за пазухі. Запытаўся, як пра нешта звычайнае: – Без гэтых?

Бражына разгарнуў анучку і вырачыў вочы.

– Адкуль яны ў цябе? – ён нецярпліва перакідваў лісты, аглядаючы пячаткі.

Уздыхнуў з палёгкай – усе непарушаныя.

– З вашай торбы, пане, – адказаў Воўк. – Я на такія штукі майстар, каб ведалі.

– Што майстар, то бачу, але не магу даўмецца, калі змайстраваў, – прызнаўся ганец ушчыпліва.

Не ўяўляў, як паставяцца да здарэння гетманавы людзі, калі хопяцца прапажы. Воўк здагадаўся, чаго баіцца.

– Не бойцеся, пане. Яны ж абяцалі ў торбу не лезці, а там, як былі паперы, так і ляжаць. Толькі не вашы, а іхныя, так што ім ніякай страты, – гарэзліва ўсміхнуўся Воўк.

Бачыў, што Бражыну паліць цікавасць і не рашыўся цвеліцца звыш меры.

– Гэта як нашы сёдлы ў шацёр зносіў. Там іх торба з паперамі стаяла, а яны на мяне ні мур—мур! Ну і паклаў жмут, свае забраўшы.

Бражына міжволі ўсміхнуўся, пачуўшы гэта “свае”.

– Я, пане, бачыў, як вы непакоіцеся з—за торбы, то і пакарыстаўся. Ваша вам вярнуў, іхняе, хоць і ў вашай торбе, ім засталося. Ці ж не па сумленнасці?

Ганец не стрымаўся ад смеху. Усё ж лепш пачуваўся, маючы лісты пры сабе, чым на чужой ласцы. Свае то свае, але Леў Сапега з Жулкеўскім зусім не браты.

– Зух ты, хлопча! Не падумаў бы, – прызнаўся Бражына. – А ці не з тарбахватаў часам?

Воўк зірнуў ганцу ў вочы.

– Абражаеце, пане, – прамовіў без ценю ўсмешкі і Бражына адчуў нестасоўнасць свайго жарту.

– Прабач, зрабі ласку. Сапраўды, неразумны жарт.

Воўк кіўнуў галавою.

– І вас зразумець можна. Колькі мы знаемся. Але праўду вам кажу, ані разу ў грэх не пакарыстаўся. А вось сабе на шкоду здарылася.

У голасе хлапца пачуўся глыбокі жаль.

– Што ж такое, калі дазволена запытацца?

– Чаму ж не дазволена? З—за панскага жарту ды майго ўмельства і ў казаках апынуўся.

Воўк памаўчаў, нібы вагаўся, ці расказваць, і патлумачыў: – Пан на паляванні загадаў у парахаўнічку прыяцелю дробнага пяску замест пораху насыпаць. Дасюль не ведаю, як тая парахаўнічка ў майго ж пана апынулася. Ну і не змог стрэліць у важны момант. А пасля вырашыў, што гэта мае штукі. – Звера ўпусціў?

– І звера ўпусціў і няшчасця ледзь пазбег, – кіўнуў хлопец. – Але замест сябе вінаваціць, на мне злосць спагнаць вырашыў. А я ж бяды не чакаў. Спадзяваўся, рука, чыя б ні была, адчуе, што з пяском парахаўнічка цяжэйшая.

Хлопец змоўк, даючы Бражыну час здагадацца, чаго пазбегнуў і якім чынам. Можа таксама дзякуючы сваім здольнасцям. Але дапытвацца Бражына не стаў.

– Вось яно як, – паспачуваў. – Ад тае пары, значыць, у беглых ходзіш?

Воўк кіўнуў без ценю вінаватасці, альбо страху. Апошняе ганец адчуў як давер.

– Разумна зрабіў, што ўцёк, – выразна акрэсліў Бражына.

– Кару мне разам прыдумалі такую, што альбо самому засіліцца, альбо ўцёкаў спрабаваць. Але не думайце, што я ненадзейны, – хвалюючыся, запэўніў Воўк. – Вы мяне ўратавалі, то я вам няўдзячнасцю ніколі не адплачу, – запэніў ён.

Ганец злавіў запытальны погляд хлопца і ўсміхнуўся.

– Веру, што надзейны з цябе таварыш. І пабег бы з табою, не вагаючыся. Але, бач, справа ўскладнілася.

– А што ж бо такое? – вырвалася ў Ваўка і ён злёгку пачырванеў. – Калі дазволена запытацца? – дадаў ён, выклікаўшы міжвольную ўсмешку ганца.

Бражына памаўчаў і рашыўся. Не бачыў іншага выйсця.

– Першае, заручыўся словам гонару не ўцякаць. А другое – пасылае мяне гетман у іншы бок, чым мне трэба, – патлумачыў ён.

Воўк ляпнуў сябе па калену.

– А я на што, пане?

Азірнуўся, ці няма каго паблізу, і ціха прамовіў: – Пане, маю цікавую думку, толькі не ведаю як да гэтага паставіцеся…

Ён тут жа змоўк, спалохаўшыся сваёй самаўпэўненасці. Бражына, яшчэ вагаўся, але гэта, сапраўды, было, мабыць, адзіна магчымае выйсце.

– Сотня мая разбітая, ці жывы яшчэ хто, ды і дзе іх шукаць, – згледзеўшы ваганне ганца, пачаў пераконваць Воўк.

– Кажыце, што і каму даручыць. Я пісьму вучаны, – патлумачыў з гонарам, – разам з панічамі. Толькі ўсе лісты запакуем ды сваю пячатку прыладзьце. Мой пан пярсцёнак прыціскаў. І ў вас пэўна ёсць.

– Ёсць, – засмяяўся Бражына. – Зробім, як кажаш. Дам табе лісцік да пана вялікага канцлера. На душы неяк адразу палягчэла. Хлопец кемны і знаходлівы. Можа і “штукі” яго ў нечым дапамогуць. Даруе вялікі канцлер, а можа і яшчэ аднаго ганца—выведніка прыдбае. Не ўсё, праўда, з хлопцам перакажаш, але, даведаўшыся, пан Леў вытрабуе свайго чалавека, тут ужо сумневу няма. А тым часам з Масковіі нешта новае здабудзецца. – Пайду, папрашу паперку на ліст, – паведаміў Бражына, – а ты рыхтуйся паціху. Бо і сядло ж трэба сцягнуць.

– Не турбуйцеся, пане, – супакоіў Воўк. – Сваім часам зробіцца.

Воўк і вялікі канцлер

Дзе ўдалося, дзе пашанцавала, але вось Воўк і перад дзядзінцам кватэры вялікага канцлера. Толькі не блізу Смаленска, бо Найяснейшы пан разам з вялікім канцлерам Сапегам выправіўся да Вільні, 9 ліпеня 1609 года спыніўся ў Воршы, а назаўтра ў Коханаве, сапежынскім уладанні. Здагнаў Воўк здабычу, але як ухапіць.

Шчасліва праслізнуў між дазораў і раз’ездаў, засталося цяжэйшае: мінаваць вартавых і прабіцца да самога канцлера. Паназіраўшы здалёк, заўважыў, што варта ў браме бесперашкодна пускае розныя брычкі, карэты ды каламажкі. Відаць усё гэта людзі знаёмыя, службоўцы вялікага канцлера, альбо сталыя наведвальнікі можа і ад караля. Пра караля Воўк баяўся і думаць, лепш калі ён ад’ехаў.

Перамовы з вартай маглі толькі зашкодзіць: не кожнаму давядзеш, чаму важныя лісты сапраўдны ганец даверыў іншаму чалавеку. Воўк спадзяваўся, што вялікі канцлер ацэніць самае істотнае: лісты дастаўлены некранутымі і ва ўласныя яго рукі.

Першая прыступка – брама з вартавымі. Падказка прыйшла, калі згледзеў, як за некаторымі каламажкамі члэпаў ступою, альбо тросся дробнай рыссю конь са служкам. Ад’ехаўшы далей, каб не трапіць каму на вочы са сваім манэўрам, Воўк цярпліва дачакаўся простага але зграбнага возіка з адпаведным для яго састарэлым панам. Такому патрэбен служка дзеля аховы і паслугаў. Прапусціўшы каламажку, прыстроіўся ўслед, перад брамай ехаў амаль упрытык і штурхануўшы каня, звярнуўся да фурмана з невыразным пытаннем. Той, недачуўшы, схіліўся да вершніка, каб перапытаць. Незадаволены такім нядбальствам пан нешта крыкнуў абодвум. Воўк, як мог гжэчна, пакланіўся і так мінулі браму. Воўк падаўся крыху наперад, па ранейшаму захоўваючы пільнасць. Як толькі вазок спыніўся, саскочыў з каня, нібы гатовы дапамагчы фурману з канём. Стары ягамосьць, не зважаючы на абодвух, жвава злез і пайшоў па сваіх справах. Воўк раскілзаў свайго каня, паслабіў сядзельную папругу і пакорпаўся з тым ды гэтым, трымаючыся пэўны час пры каламажцы і аглядаючы дзядзінец. Фурман узяў свайго карага пад цуглі і павёў бліжэй да стайні, дзе і стаў распрагаць. Воўк заўважыў непадалёк паветку, пад якой стаяла некалькі коней пад сёдламі і як справу прывычную, уладкаваў там свайго. Але ж кудою найбліжэй да вялікага канцлера? Не дапытвацца ж у першага сустрэчнага.

Ён ўжо збіраўся пакрочыць да дзвярэй, якімі ўвесь час снавалі людзі і то не простага стану, калі на плячо лягла нечыя рука. Воўк адразу сцяўся, бо непрыязна лягла, незычліва.

– А ці не будзеш ты, хлопча, Міхеем Рэшкам? Пана Багуна даяжджачым? Спрытная Рука мянушка? Га?

Воўк, тужачыся на спакой, скінуў руку і павярнуўся. Незнаёмы, з выгляду дваровы ці з вайсковай чэлядзі, пільна прыглядаўся. За яго спіною двое дзецюкоў з нядобрымі ўхмылкамі толькі чакалі закліку. Воўк адчуў сябе перад пасткай, якая вось—вось зашчэміць яго ў бязлітасных абдоймах.

– Ганец я да яснавяльможнага пана вялікага канцлера, – сярдзіта адсек Воўк, спрабуючы абыйсці прыліпалу, які заступіў дарогу.

Відаць, усёй тройцы карцела пазабаўляцца бездапаможнай ахвярай, бо памагатыя ступілі ўслед, каб мець яго толькі рукою сягнуць.

– А па мне то рыхтык Міхей Рэшка, збеглы дваровы пана Багуна, нашага суседа, – незнаёмы з дурнаватай здзеклівай ухмылкай азірнуўся на сваіх прыяцеляў, нібы за пацверджаннем. Воўк не чакаў працягу. Скочыў убок і кінуўся па прыступках, дзе на верхняй перамаўляліся трое маладых шляхцюкоў.

– Мне да яснепана вялікага канцлера! – голасна праскандаваў ён яшчэ здалёк. – Важнае паведамленне з вуснаў у вуха! Ад усвяцкага старасты яснепана Яна Пятра Сапегі! Маладзёны зірнулі на яго, мабыць развесяліўшыся такой рэкамендацыяй. Але і пераследнікі як ганчакі кінуліся ўслед.

– Хапай яго, хлопцы! На піва мецьмемы! – гукнуў галоўны.

– Воўк адчайна ірвануў з чужых рук крысо кафтана. Імя Сапегі прывяло ў рух шляхціцаў. Адзін з іх моцнымі штурханцамі адкінуў нападнікаў і паказаў дзверы, расчыненыя другім маладзёнам.

– Хутка туды!

Падганяць не было патрэбы. Уся тройца ўскочыла ў прыцемненыя сені і запляснула дзверы.

– Якое такое паведамленне да вялікага канцлера? – строга запытаўся першы з выратавальнікаў. – Глядзі, калі збрахаў!

Воўк са страхам падумаў, што напэўна чулі пра збеглага. Але ратунак, калі і мажлівы, то ад вялікага канцлера. Аддыхваўся, пазбаўляючыся ад перажытага спалоху.

– Не збрахаў, пане, бо не сабака, – адказаў з годнасцю. – Але ўсё асабіста пану вялікаму канцлеру. Такі загад пана Ігната Бражыны, ягонага ганца. Ён зараз у гетмана Жулкеўскага, як бы ў палоне.

Шляхцюкі крыху засердавалі, але першы, відаць важнейшы, запытаўся: – Як гэта ў палоне? А ну расказвай ды хутка і праўдзіва, – падагнаў Ваўка.

– Я, пане, казАк, але кАзак казаць не звык, – адгукнуўся Воўк.

Маладзёны не толькі не зазлавалі, але заўсміхаліся.

– Добра ўжо, калі такі слоўны, – пахваліў старэйшы. – Самы час пачуць нешта ўцямнае.

Воўк уздыхнуў з палёгкай і як мага дакладней пераказаў свае прыгоды з ганцом і папрасіў як найхутчэй паведаміць пра ўсё вялікаму канцлеру, бо на гэтым залежала Яну Пятру Сапегу, хоць ён, Воўк, з ім і не размаўляў.

Старэйшы нават выказаў шкадаванне, што пан стараста не меў прыемнасці перамовіцца з казаком Ваўком, але тут жа ўстаў і скіраваўся ўглыб пакояў. Воўк крыху асмялеў.

– Як думаеце, дапусцяць мяне да вялікага канцлера, хоць я і не шляхціц?

Шляхцюкі згодна засмяяліся.

– Дапусцяць, абавязкова дапусцяць. Толькі ці ведаеш ты, як сябе паводзіць?

– Я ж у гемана Жулкеўскага ў шатры бываў і не раз, прыгледзеўся, – напомніў Воўк пад дружны рогат маладзёнаў.– Толькі дайце мне нажа, – папрасіў Воўк. – Бо мой пры сядле застаўся.

– А гэта навошта? – устрывожыўся адзін.

– Не здымаць жа мне порткі пры вялікім канцлеру, – дакорліва прамовіў Воўк. – Ды і вам лепш адвярнуцца.

– Але ж хлопча сарамлівы, – прамовіў другі, падаючы невялікі нож.

Воўк паспрабаваў лязо на пазногцю, ухвальна паківаў галавою і стаўшы спіною да шляхціцаў, спусціў порткі. Старанна адпароў прышыты ў самым надзейным месцы пакунак і зацягнуў пояс.

– Дзякую пану, – з годнасцю прамовіў, аддаючы нож з выразным шкадаваннем. Прыдалася б такая цацка. – Вось яны, цэлыя і сухія! – паказаў каштоўны пакунак.

Маладзёны ізноў зарагаталі. Вясёлы прыляцеў казачына.

– Рады прыслужыцца справе і ганцу вялікага канцлера, – з блазнаватай усмешкай адказаў шляхціц, хаваючы нож у похве цісненай скуры з залачонымі абкладкамі. – Цяжка было ў дарозе?

Пытанне прагучала спагадліва і сур’ёзна. Можа і сам маладзён гойсаў у патаемных справах.

– Ды не вельмі, – не стаў грашыць Воўк. – Але ж усіх баішся, да таго ж ад пана гетмана без дазволу рушыў. Думалі да Смаленска, аж на табе! Гнаўся, хоць баяўся.

– З панам Жулкеўскім гэта рызыкоўна, – заўважыў шляхціц.

– Ды ўжо ж, суворы, – уздыхнуў Воўк. – Яго ўсе баяцца, але нам што было рабіць?

Амаль супакоіўся і расла надзея, што ўсё неяк уладкуецца. Абы не схапілі тут, у палацы, бо ад тых, з дзядзінца, выслізне, хоць бы і каня пакінуўшы, чаго не хацелася б. Што ж бо за казак без каня!

– Дарога нібы і недалёкая, – працягваў Воўк тонам бывалага. – Але ж войска паўсюды. А як ганец ідзе пакрыёма, то сваім парадкам выклікае падозру. Вось і мяркуй, як лепш.

– Слушна кажаш, хлопча. Бражыну твайго гетман хутка адпусціць, калі ўжо гэтага не зрабіў, але галоўнае дабраўся цэлы і з лістамі. – Да таго ж сухімі! – падхапіў з усмешкай другі шляхціц. – Хоць баяўся, ані разу не спалохаўся, калі сухія.

Воўк злёгку пачырванеў, але згледзеў добразычлівыя ўсмешкі і сам засмяяўся.

Якраз вярнуўся старэйшы. Заўважыў пакунак у руцэ.

– Лісты? Хадзем, – загадаў Ваўку.

– Загадана ва ўласныя рукі пана вялікага канцлера, – ізноў засцярогся Воўк, прыціскаючы пакунак да грудзей. – Загад пана Бражыны, а ён мне, лічы, жыццё ўратаваў, – патлумачыў сваю настойлівасць.

– Не бойся, не адбяру, – усміхнуўся афіцэр. – Загад выканаеш дакладна.

Пазней Воўк не мог прыгадаць аніякіх падрабязнасцяў сустрэчы з вялікім канцлерам. Усё рабіў, як падшэптваў малады шляхціц. Спыніліся ля дзвярэй з—за якіх глуха далятаў нечый голас.

– Пачакаем, – загадаў афіцэр.

Але дзверы раптам адчыніліся і выпусцілі на калідор чалавека з пукам свечак у руках.

– У яснепана канцлера хто—небудзь? – запытаўся афіцэр.

Чалавек акінуў Ваўка здзіўлена зняважлівым позіркам.

– Яснепан вялікі канцлер складае ліст да яснепані вялікай канцлеравай, – напышліва адказаў запытаны. – Яму перашкаджаць няможна.

Афіцэр прыгледзеўся чалавеку вельмі пільна.

– Можа і нас не прагоніць, калі Адаму Пракапчуку можна.

Той, са свечкамі натапырыўся.

– ПАНУ Пракапчуку, вашмосьць!

Афіцэр склаў пану Пракапчуку здзеклівы паклон.

– Пан Клімэнт Вялічкевіч шчыра перапрашае пана Адама Пракапчука!

Той сярдзіта чмыхнуў і важна аддаліўся.

– Смоўж прыліплівы! – не цырымонячыся кінуў услед пан Клімэнт Вялічкевіч.

– Мне ён таксама не спадабаўся, – даверліва падтрымаў Воўк.

– Не пусціў бы яго ў свой курэнь? – са смехам запытаўся афіцэр.

– Ані ў якім разе! Ненадзейны! – сур'ёзна адказаў Воўк.

Пан Вялічкевіч кінуў на Ваўка здзіўлены але ўхвальны позірк.

– Што ж, хадзем, – злёгку стукнуў у дзверы і расчыніў іх. – Яснепане, ганец ад пана Ігната Бражыны з лістамі! – не сцярпеў без жарту.

Злёгку штурхнуў Ваўка ў плячук, адначасна ледзь заўважным націскам падказаў пакланіцца.

Воўк схіліўся ў паклоне і зірнуўшы на вялікага канцлера, працягнуў пакунак з лістамі.

– Вось, яснавяльможны пане, ва ўласныя рукі, як загадана.

Самавіты, сталых год чалавек у багатых шатах выглядаў так, як і намроіў сабе Воўк па дарозе. Ну можа шаты былі не такія бліскучыя, як думалася, можа і змаршчкі на твары і сівізна не прадгадваліся. І барада з ахайнымі вусамі не старыла.

Затое погляд, пастава былі нібы ў караля! Хоць і караля Ваўку бачыць не здарылася. Ледзь заўважная ўсмешка кранула вусны вялікага канцлера, ён узяў пакунак з рук Ваўка і падаў афіцэру. Той, агледзеўшы пячаткі і кіўнуўшы вялікаму канцлеру на яго маўклівы дазвол, пачаў асцярожна разразаць тканіну прыгожым нажом, які акурат ляжаў на стале побач розных прыладаў пісьма. Леў Сапега прайшоўся да свайго крэсла, сеў.

– Дзе ж навучыўся строга следаваць загадам? Сам хто будзеш?

– Казак я, яснавяльможны пане, Менскага кураня, толькі сотня мая разбіта, уцёк з палону і ўратаваны панам Бражынам, вашым ганцом, застаюся ў ягонай дыспазіцыі.

Выклаў усё адным духам і змоўк з трымценнем сэрца. Сапега ўсміхнуўся, пачуўшы пра дыспазіцыю. Не марнаваў хлопец часу блізу афіцэраў.

– Кароткі жыццяпіс, але ж не поўны. У казаках, як разумею, не так і даўно?

Пытанне гучала як сцверджанне і гэта было самае страшнае. Воўк ужо быў гатовы да найгоршага, але афіцэр акурат паклаў перад канцлерам спрасаваны пачак лістоў і звярнуў яго ўвагу на той што зверху. Сапега прагледзеў, за першым наступны. Гэты заняў ягоную ўвагу надоўга. Прачытаў і, узняўшы вочы, міжволі ўпёрся поглядам у збянтэжаны твар гэтага простага хлопца. Нават калі і падмаляваў юнацкай фантазіяй свае прыгоды, нацярпеўся нямала. Ужо тое, што шукаў паратунку ў вайсковай завірусе, шмат пра што сведчыла. Канцлер мог уявіць, як даводзіцца ягоным і братавым кур’ерам падчас вайны, калі і ў мірны час маглі знікнуць і знікалі ў бясконцых лясах за ўсходнімі межамі Княства. А гэты і сам не ведаў, якую пагрозу свайму жыццю вёз. І давёз, не спазніўся… – Малайчына казак, – пахваліў Сапега. – На час управіўся.

– Гэта пан Бражына, яснепане, – прызнаў Воўк. – З гэтымі лістамі на яго нападалі нават.

Сапега прыгледзеўся хлапцу. Пра свайго ратавальніка азываецца з пашанай, як пра значна старэйшага, як пра апекуна. Гадамі даволі блізкія, і пэўна справа не ў шляхецтве аднаго і сялянскай крыві другога. Тулячая нядоля звязала іх за кароткі час. Падумаў, ці давядзецца гэтаму хлапцу яшчэ калі трапіць да высокіх урадоўцаў, дык няхай яму гэта сустрэча застанецца зычлівай і прыемнай на доўгія гады, калі лёс падорыць іх гэтаму казаку. Можа і не слаць яго назад у тое пекла?

– Дык раскажы мне пра вашу вандроўку. Як да пана гетмана трапілі і чаму вас паланілі. Усё расказвай.

Нечакана дзверы без стука расчыніліся і прапусцілі пана Адама Пракапчука з трохсвечным кандэлябрам. Важна пакрочыў да сцяны і замяніў сваім там вісеўшы. Рабіў усё важна, старанна і няспешна. Нібы нікога няма ў пакоі і яго самога таксама, падумалася Ваўку. Затое пан Клімэнт паводзіў за Смаўжом вельмі незычлівым позіркам, пакуль той не знік за дзвярыма.

Вялікі канцлер не зважаў на прысутнасць Смаўжа. Няспешнымі рухамі пачаў раскладваць лісты, частымі поглядамі паказваючы, што слухае. Навучаны афіцэрам, а яшчэ больш тым, што не першы раз апавядае, Воўк заняў няшмат часу.

– Вось цяпер мне ўсё ясна, – з задавальненнем зазначыў вялікі канцлер. – А цяпер гэтак жа каротка скажы, чаму ўцёк ад свайго пана.

Воўк сумеўся, але пад праніклівым поглядам Сапегі не здолеў бы зманіць. Тым болей, што афіцэры былі сведкамі сутычкі на дзядзінцы і тыя трое маглі дабівацца нейкай ім зручнай справядлівасці. Уздыхнуўшы раз—другі, мужна выклаў сваю кароткую гісторыю, толькі падкрэсліўшы сваё права ратаваць жыццё ад такога ганебнага і незаслужанага прысуду.

– Жыццё, яснавяльможны пане, Богам дадзена, – як апраўданне давёў Воўк, – і марна ім раскідвацца некаму на пацеху лічу грахом! Зла я не ўчыніў.

Сапега маўчаў і думаў, колькі такіх па ягоных маёнтках траціць жыццё ў безнадзейных бунтах, альбо падобных гісторыях. Можна было б і аддаць хлапца тым тром, бо хоць і добры быў бы кур’ер, на службу браць не рэзон, падсцерагуць не тут то там, ды яшчэ з паперамі. Сапраўды, адна яму дарога, у казакі. Колькі год ні пражыве – усе ягоныя, на волі. Хоць якая там воля, таксама вядома. Але ж не ў пастронку завіснуць, не на кол сесці перад аднавяскоўцамі. Вялікі канцлер вырашыў.

– Заапякуйся ім, Клімэнт, – ціха прамовіў да афіцэра і зірнуў на Ваўка. – Ідзі, казак, з панам і ва ўсім яго слухайся. А за выкананне загада хвалю. Малайцы з панам Бражынам!

– Але ж, яснавяльможны пане, пан Бражына…

Вялікі канцлер усміхнуўся.

– Пра яго не думай. Усё будзе добра. Ён павярнуўся да пана Вялічкевіча і да Ваўка даляцела, пакуль адступаў да дзвярэй: – Непакоюся, браце! Вельмі непакоюся. Але ж не паляціш сам. – Намі ўсё падрыхтавана, яснепане. Неадкладна выправім, – запэўніў афіцэр.

Воўк апошні раз пакланіўся і адступіў за дзверы, чакаючы свайго апекуна.

Чакаць давялося даволі доўга. Калі пан Клімэнт нарэшце адчыніў дзверы, даляцелі словы пана канцлера.

– Гэтым людзям усё здаецца, нібыта нічога не робячы, дачакаемся, што Масква сама нам у рукі палезе. Ды яшчэ з Персіяй, – апошняе прагучала вельмі з'едліва.

– Нехапае разумення, яснепане, – адказаў пан Клімэнт і, махнуўшы Ваўку ісці ўслед, пакрочыў шпаркім крокам. – Зараз паразмаўляем, – прамовіў ён, зачыніўшы дзверы невялікага пакойчыка ў канцы калідора, – затым цябе накормяць, апранешся па людску і ў дарогу!

Воўк радасна заківаў. Пан Клімэнт узняў палец на знак увагі.

– Атрымаеш жалезны ліст да пана гетмана Жулкеўскага, але паедзеш да Вільні! – падкрэсліў ён. – Павязеш лекі для пані Гальшкі, Эльжбеты Сапегавай, пані канцлеравай, – паправіўся ён. – Сам разумееш, задача не для кожнага. Ліст не каралеўскі, ніхто цябе не зачэпіць, але будзь пільным. Розныя трапляюцца людзі і на вольнай дарозе.

– Ой, розныя, – уздыхнуў Воўк ледзь не па—старэчы, насмяшыўшы пана Клімэнта.

Афіцэр спаважнеў і строга папярэдзіў: – Спадзяюся на цябе, бо поштай пяць, а то і шэсць тыдняў, а хвароба падганяе.

– Не замаруджу, пане. Конік мой не шпаркі але цягавіты. Абы аўсу ў тарокі далі…

– Гэта будзе, – супакоіў пан Клімэнт. – Рады, што не просіш адпачынку.

Воўк зірнуў на спагадлівага афіцэра і прызнаўся: – Не ў галаве ён мне, пане, з—за тых трох, але неяк выслізну.

– Не патрабуеш выслізваць, – супакоіў афіцэр. – Да Воршы паедзеш з нашым раз’ездам, а там ужо сам. У Вільні знойдзеш кляштар бенедыктынак. Там пані Сапегава кватаруе. У святых сёстраў не зусім добра з ахайнасцю, можа адсюль і хваробы, – ён скрушна ўздыхнуў. – Так што спяшайся як зможаш.

– Ясна, пане. Палягайце на мне, – запэўніў Воўк.

– Тады пайшлі палуднаваць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации