Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 6

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 6 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Слушна, – прызнаў гэты госць.

Мінай прыгледзеўся Бражыну, ці прызнае, што ўсё—ткі знайшоўся дапытлівы, западозрыў і нездарма. – Пан Ільяш кажа, цар Дзьмітрый шпегаў баіцца, то паўсюдна віжоў рассылае, – кажа Сцяпан. – Усіх баіцца, і шведаў і жыгімонтавых, так што часцей азірайцеся.

Бражына ўсміхнуўся, падміргнуў дабраахвотнаму выведніку.

– Не здагадваліся, што наш уплішчыўся раней за шведаў і немцаў. Мінай паружавеў задаволены, але тут жа ўздыхнуў вінавата.

– Пасля было не разабраць. З нечым корпаліся, грукалі. А затым пра грошы. Абы грошы, – Сцяпан так нядбала прамовіў, нібы са знаўствам. – Хады знойдуцца. Пан пры гетмане чалавека мае, пры князю Ражынскім, значыць.

– О, такі чалавек на кручку заўсёды будзе патрэбны, – той швед у адказ. Мінай злосна хмыкнуў. – Мне так здалося, пане, – насмеліўся на заўвагу, – Сцяпана кальнула, што і ён разам з панам сваім на кручку. І можа стаць непатрэбным. Яшчэ здалося, нібы той бялявы хацеў бы і Сцяпана выкарыстаць супраць пана Юдыцкага.

Бражына ўхвальна паківаў галавою.

– Такі ў шпегаванні звычай. А калі ж наступная сустрэча? – запытаўся нецярпліва.

– Па словах Сцяпана, на другі дзень як ягоны пан вернецца. Выходзіць заўтра, але можа акурат сёння ноччу, – як нешта звычайнае паведаміў бывалы выведнік Мінай. – Гэта як лічыць прыбыццё.

Стоячы па другі бок буланкі, Бражына злавіў руку хлапца і моцна паціснуў. – Малайчына, хлопча, але той швед моцна патурбаваны і адлежваецца! Што ж пачнем?

– Прасачу, пане, – ахвяраваўся Мінай. – Альбо той бялявы з'явіцца, альбо Сцяпан да іх пойдзе.

– Урэшце, калі марна прасядзім, не схуднеем, – вырашыў Бражына да вялікай радасці свайго памагатага.

Размова можа пайсці па нямецку, таму дамовіліся, што Мінай стане на старожы, а слухаць Бражына будзе сам. Паручніку вырашылі пакуль нічога не казаць. На пэўнае здзіўленне бялявы з'явіўся, але не забавіў, крутнуўся ля стайні і амаль непрыкметна знік. Выправіліся пешкі, можа таму і спазніліся. Асцярожна агледзеўшы наваколле, заўважылі двое коней пад трухлявай паветкай і каля яе бялявага памагатага. Ён не надта крыўся, відаць сцярог коней, але і ўваход у зямлянку меў на воку. Сцяпана бачна не было. Мажліва сядзеў з панамі.

– Вось сюдой паўзіце і бачком да сцяны, паказаў Мінай дарожку пад кустамі. – Толькі ж ціхенька, да зямлі шчыльней і на галінкі зважайце, каб той не згледзеў, – папярэдзіў шэптам.

…Як і Мінаю сваім часам, не адразу чулася, як хацелася б. Але пакрысе вуха прызвычаілася і мала што пралятала незразуметым. Шкода ўпушчанага, але і так слухаць было што… – А ліцьвін твой не абы дзе, у пана Сапегі атабарыўся, як свой. Не думаеш, што мог усё падстроіць? – голас Юдыцкага пазнаваўся лёгка.

Даляцела гучнае хмыканне з выразнай насмешкай. Швед са стогам крактануў і азваўся па нейкім часе. – Каб ты сам ляжаў пад той сякерай… Нямала паваяваў, каб не скеміць, дзе ўдаюць, а дзе насамрэч забіць наважыліся. Пароль назваў і руку падаў належную. Праўда, у правай трымаў кінжал.

Бражына замёр ад нечаканасці. Пароль? – не паверыў пачутаму, але адкінуў роздум на пасля.

– Калі пароль, то ведаў каго ратуе. Нічога сабе тарапаты! – паспачуваў Юдыцкі.

Пачуўся ўздых і голас Хёка.

– Ведаў… Гэта ты трапна… Не пры кожным пароль падаваць, – адзначыў швед. – Можа чакаў, калі вызвалюся з тым торгам. Нас не пахваляць, калі нітку абарвем. Хопіць твайго нападу ў лесе… Ізноў пачуўся цяжкі ўздых. Напэўна давалася ў знакі прыгода са страмёнамі. Відаць сустрэчу нельга было адкласці, калі цярпенні не затрымалі… – Усё ж не ясна з маім нападам, – з ноткай трывогі вярнуўся да справы Юдыцкі. – Ці мяне ўвялі ў зман, ці ён не той, за каго зараз падаецца. Што сапежанскі, сам не хавае. – ён памаўчаў. – Калі гэты ганец нейкім чынам даведаецца пра наша…знаёмства і ён не ваш, то сустрэўшы мяне ў каралеўскім войску… – Можа трэба было прызнаць яго канакрадам? – насмешліва запытаўся Хёк. – Ды адразу павесіць, калі ў лесе не пашанцавала?

– Дык жа Гнядко ад жарабяці пры мне, не мог мяне не прызнаць, – услед Хёку засмяяўся Юдыцкі.

Смех змоўшчыкаў падаўся Бражыну брыдкім, нават абразлівым. «Калі б я да вашага рогату далучыўся, усім тром было б не да весялосьці,» – хмыкнуў сам сабе.

– Але пры чым тут Сапегі, калі ён наш? – швед палічыў што досыць жартаў.

– Ты ў справах Княства мала абазнаны, – крыху паблажліва прамовіў Юдыцкі. – Сапегі, брат, усюды пры чым. Наш вялікі канцлер чалавек важкіх здольнасцей, – даводзіў павучальна, – не горш вашага Оксэнштэрны. Не Леў Сапега Мнішхаў, хутчэй яны яго апекі шукалі.

– Бач які сын Княства! – рагатнуў Хёк. – Але згодны, тваё меркаванне больш адпавядае сапраўднасці. Завадатар маскоўскай інтрыгі, несумненна ваш вялікі канцлер, іншыя хіба што здатныя скамарохі.

– Сваё даражэй, – неяк вінавата прамовіў Юдыцкі. – Урэшце, не так супраць сваіх стаю, як супраць маскавітаў.

– Слабое суцяшэнне, вашмосьць, – бязлітасна спраставаў швед. – Зробіш, што загадаем. Як і я, не маеш выбару. Хоць я і швед, больш ваяр чым выведнік, але не ведаю, калі дадуць асесці на ўтульнай мызе, а запрацаваў на яе сумленна.

Юдыцкі ніяк не азваўся на кпіну. Мабыць адчуў розніцу між ім і гэтым Хёкам. Швед працуе на сваіх, а ён, ліцьвін… Бражыну раптам падумалася, ці не ўблытаўся па маладосці, хоць бы з—за адданасці кальвінскім Радзівілам. Тыя здавён са шведамі то б'юцца то цалуюцца.

– Пра шведскую карону для варшаўскіх Вазаў Сапегам не баліць, – Юдыцкі працягваў пераконваць недасведчанага супольніка. – Ім колішнія ўладанні на Смаленшчыне вярнуць. Уплывы на Крамлі такім царом забяспечыць, каб пасля не спакусіўся на страчанае. Вас з Інфлянтаў выперці і Сапегам і Радзівілам важна. Рыга, вольны сплыў па Дзвіне. Таму стараюцца караля Жыгімонта наставіць, нібыта, адтуль бліжэй да стакгольмскага трону, чым з Гданьска.

Абодва зарагаталі, швед крыху змушана. Бражына пакруціў галавою. Гадай тут, дзеля чаго Юдыцкі пляце павуцінне з гэтым шведам, калі так вялікага канцлера нахвальвае!

– Значыць, Сапегі ў нечым з гетманам Жулкеўскім згодныя: вунія без вайны, праваслаўны каралевіч на Крамлі? – удакладніў швед. – Няблага б знайсці якога небараку пры вялікім канцлеры вашага Княства. Цішыня запанавала на добрую хвіліну. Відаць Юдыцкі прыкідваў на якім адказе больш выйграе.

– Можа і ёсць, – пагадзіўся нібы нехаця. – калі не пакрыўджаныя, то бедныя і сквапныя. Іх прасцей перакупіць… – Лягчэй пайшла б наша бліжэйшая задача, – прамовіў швед, – не даць войскам Ражанскага і Яна Сапегі перакінуцца да караля, калі Шуйскі пойдзе на дапамогу Смаленску. А тым часам нашы падмацуюць Шуйскага і разам удараць і па Жулкеўскаму і па каралю. Калі вашы загразнуць на Масковіі, Інфлянтаў Вялікаму Княству не мець! А Вялікі Ноўгарад зваліцца нам у рукі нібы спелы яблык…Так што трэба баламуціць тую канфедэрацыю… І да вашага вялікага канцлера чарга дойдзе…Тым больш і палякі ва ўсёй аферы яго вінавацяць.

Юдыцкі азваўся не адразу.

– Не ва ўсім маюць рацыю, – зазначыў з выразным націскам. – Важна, каб царэвіч Дзьмітрый не ўдарыў Шуйскаму ў спіну. – Яшчэ мінулым вераснем у Тушыне даведаліся, што Шуйскаму далі час да Пакравоў дамовіцца з ліцьвінамі альбо саступіць ім гасударства. Не так пайшло, але папярэджанне застаецца. Лепш аб'яднаць Дзьмітрыя з Шуйскім. Хто каго паб'е, яны Жыгімонта ці наадварот, вам жа без розніцы, калі вы пра Ноўгарад і яго землі марыце.

Хёк з'едліва засмяяўся.

– Пірава перамога для абодвух? Няблага! Так і Жыгімонту Вазу мара пра шведскую карону з галавы выветрыцца, – прызнаў швед. – А ліцьвінам у Інфлянтах давядзецца па ранейшаму супраць нас адным стаяць. Бо калі б Хадкевічу больш войска…А нам жа і Пскоў патрэбен. Бражына ўспомніў прадказанне вялікага канцлера, што шведы скарыстаюць смуту, паквапяцца на Ноўгарад, а то і далей. Стрыманы смех належаў Юдыцкаму.

– Ты нібыта спачуваеш Хадкевічу ў яго нястачах з жаўнерствам. А не баіцеся, што кароль з Дзьмітрыем аб'яднаецца? Масковію захопяць і пасля разам супраць вас выступяць.

Ці то швед быў зусім не пасведчаны ў маскоўскія падзеі, ці Юдыцкаму карцела выведаць яго асабістае стаўленне да каралеўскіх намераў, горача падтрыманых «каморнай радай».

– Гэта было б небяспечна, – прызнаў швед. – Але на такое аб'яднанне час патрэбен. Ды і Жыгімонту не рэзон нейкаму прыблуду шапку Манамаха саступаць. Невядома яшчэ, чым валацуга адплоціць, калі на Крамлі ўсталюецца.

Бражына не адчуў у тоне Хёка прыязнасці да тушынскага цара.

– Канешне Швецыі ў шкоду, калі Рэч Паспалітая памацнее за кошт Масковіі. Зямлі не мерана, люду – не лічана… Калі разам на Швецыю пойдуць, не ўзрадуешся! Глядзіш і за мора давядзецца адступіць.

Але ціхі смех шведа нібы выключаў страх перад падобнай мажлівасцю.

– Так што прыглядайся да майго знаёмца, – прамовіў з націскам, вяртаючыся да рупнага пытання. – Думаю, лепш яго не кранаць, – падкрэсліў Хёк. – Выкрасці паперы пры нагодзе гэта так…прыдалося б…У цябе будзе важнейшы клопат на шыі. Лісты падрыхтаваны, чалавек таксама. Можаш не цырымоніцца. Твая галава, каб стралец быў бездакорны. Ну і знікнуць у адпаведны момант. Бо Жулкеўскі і на вострую палю можа ўссадзіць, калі здагадаецца.

Працяглае маўчанне падказвала, што размова дабягае канца.

– Калі выправа пойдзе па нашай мыслі, павінна ўдацца, – прамовіў Юдыцкі.– Нават уцякаць няма патрэбы, чвэрць мая канчаецца, змагу ад'ехаць без перашкод і падозраў.

– Тады, здаецца ўсё, – швед, здавалася, падводзіў рысу.

Пара было адпаўзаць, пакуль каторы не выйшаў. Крыху аддаліўшыся, даў знак Мінаю і паспешліва рушыў да рэзідэнцыі. Не азіраўся, пэўны мінаевай аховы.

Заваліўшыся на пасланне, адчуў як стаміўся, але доўга не мог змружыць вачэй. Не давалі супакою думкі. Юдыцкі пры царыку, ён жа са шведамі і Ян Сапега яго не адпрэчвае. А грум ягоны на стала ўплішчыўся ў сапежанскую рэзідэнцыю. Якую ролю выконвае хлапец, застаючыся тут падчас адсутнасці Юдыцкага? Чаму той не бярэ яго з сабою? Выглядае, Сцяпан не так грум, як пасланец між шведам і Юдыцкім. Каму кінецца ў вочы, калі сустрэне служку шведа ў гаманлівым шынку. І з тым здабычным Гнядком: Юдыцкі насамрэч яго не згледзеў ля Лаўры, ці быў змушаны прыкідвацца тут на двары? Апошняй думкай была, калі ж вярнуўся Юдыцкі?

Смерць Міная

Але назаўтра найперш падумалася не пра Юдыцкага. Ледзь золак устрывожаны паручнік аклікнуў Бражыну праз адчыненыя дзверы.

– Пайшлі. Нашага Міная знайшлі з нажом у спіне.

– Нежывы?! – але падсвядома адчуў бессэнсоўнасць пытання.

– Панесла яго халера поначы! – замест адказу прамовіў паручнік.

Яны пайшлі пустою вулкаю. Двое хлапцоў з дзяружкай за пару крокаў услед.

– Цікаўскі быў. А навокал такія закалоты. Усё марыў выведнікам быць ці ганцом, як ты. Можа таму і трапіў у бяду.

Абодвум прыхільнасць Міная да сапежанскага ганца, гатовасць прыслужыць чым—кольвечы, бачылася менавіта так. Але Бражына адчуваў страту вастрэй. Мінай высачыў Юдыцкага са Сцяпанам. Дапамог ухапіць нітку пакуль невядомага але злавеснага клубка. І вось такі канец.

– Стаў для некага нежаданым сведкам, – няпэўна выказаўся Малей.

Уводзіць паручніка ў іх з Мінаем таямніцу Бражына лічыў заўчасным. Але ці не вінаваты ў гібелі хлапца? Сцярог яго і не ўсцярогся сам. І дзе зараз Юдыцкі са сваім грумам—супольнікам. Міжволі думалася пра іх датычнасць да здарэння. Ці можа тыя шведы?

Падсцераглі Міная зусім непадалёку ад рэзідэнцыі. Як зваліўся тварам наперад, так і ляжаў. Але памёр не адразу. Пазнаць было, што спрабаваў паўзці. Слядоў рабунку нябачна, па кішэнях не лазілі, цела не краналі. Паручнік апусціўся на калена і ледзь крануў нож, нібы баючыся прынесці боль забітаму. – Не ярыжкі, – кіўнуў Бражыну. – Рабаўнікі нажа не пакінулі б.

Хлопцы раскінулі дзяружку і ўжо хацелі перакладваць цела, але Бражына спыніў іх.

– Пачакайце, – папрасіў, прысядаючы побач з целам. – Нешта тут не так. – Біў са знаўствам, – паказаў паручнік Бражыну. – Але чаму нож пакінуў? Майстэрскі выраб, – прыцмокнуў са знаўствам. – Відаць, нехта спудзіў.

Ганец здзівіў Малея ўпэўненым тонам.

– Шведская сталь, і мае адметнасць, па якой можна дайсці да ўладальніка. А пакінуты наўмысна. Можа спроба адвесці падазрэнне, а можа папярэджанне ўладальніку… Гэта ж мой нож… Бражына адным рыўком выхапіў нож з раны. Старанна выцер лязо аб крысо мінаевага каптана і паказаў паручніку. Малей утрапёна зірнуў на ганца.

– Каб не ведаў, хто ты насамрэч, чорт ведае, што падумалася б! – прамовіў ледзь не шэптам. – Але ж хто мог бы супраць цябе сведчыць? Выходзіць, папярэджваюць! Каб спужаўся і не даходзіў, чым хлопец зацікавіўся? Менавіта, каб ты, а не хто іншы не высвятляў, што ды як.

Бражыну нават здалося, што паручнік пачынае сумнявацца, ці то Бражына спаў на суседнім пасланні. – Можа і на такое спадзяваліся? – прамовіў Бражына ў задуменні. Не зводзіў вачэй з купкі пяску пад рукою забітага. Магло здацца, што згроб яе, канаючы, апошнімі рухамі, але нешта адмаўляла такое простае тлумачэнне. Асцярожна, наколькі давалася, падняў і адвёў спруцянелую руку. – Зірні, браце, і скажы, што гэта? – Бражына асцярожна, каб не парушыць, паказаў пальцам.

Паручнік прыгледзеўся і ўхвальна зірнуў на ганца.

– Сказаў бы, што гэта…адбітак рукі, левай?

Ганец уздыхнуў з палёгкай: не памыліўся.

– Але прыгледзься…Палічы пальцы… – Мезенага бракуе! – выдыхнуў паручнік. – Падказка! Бедны хлопец… Не стаў Мінай ахвярай збіраў на цёмнай вулцы. Палёг у бязглуздай і ўсеабдымнай вайне, што ішла па нямераных абшарах Масковіі. За што загінуў, за каго, і сказаць цяжка, але не здаваўся ў сваю апошнюю гадзіну, змагаўся, каб нечага дапяць, перадаць сваім. Можа, каб адпомсцілі, а можа засцерагчы перад небяспекаю.

– Што рабіць будзем? – запытаўся паручнік.

Чамусьці звязваў усе падзеі не з сабою, а з Бражынам, дзеля якога тут апынуўся і якім павінен апекавацца. – Першае: знішчым след, – адказаў той.

– А другое, – дадаў, памаўчаўшы, паручнік, – як на мой розум, трэба табе, браце, вымятацца адсюль як найхутчэй. Едзьма сёння ж. Міная мы ўжо не вернем, але я не ўсцерагу, каб ты не пайшоў за ім. Мне пан галаву скруціць, – закончыў спалохана. – Не патраплю я ва ўсім гэтым… Бражына панура выслухаў Малеевы скаргі. Толькі зараз спахапіўся, што трымае нож у руках. Сунуў пад вопратку за пояс.

– Разумна раіш, – кіўнуў, уздыхнуўшы. – Але паеду сам—адзін. Так менш заўважна. Паперы мушу данесці кожнаму паасобку. Каб не змовіліся і былі гатовы да апошняга «пералёту», як будзе на тое пара і загад, – хмыкнуў нявесела. – Што да небяспекі, то sed pereundi mille figurae, ёсць тысяча спосабаў загінуць, а ў Тушыне напэўна ні Юдыцкага ні ягонага Сцяпана ўжо няма.

Сапраўды, ні Гнядка, ні сцяпанавага Сіўкі, ні таго шкрэбала ў стайні не знайшлі. – Пан Юдыцкі яшчэ за дня ад'ехаў, – патлумачыў стары стаенны. – Казаў хутка не чакаць. А Сцяпан ягоны ноччу прыбег і некуды папёрся. Заўсёды так, як пан з'едзе.

Бражына кінуў на паручніка вымоўны погляд. Выходзіла і Сцяпан цікаваў за Мінаем, але ці заўважыў самога ганца ля зямлянкі? Ці ведаюць Хёк з Юдыцкім, што іх хаўрус раскрыты? Шмат што ад гэтага залежыць для самотнага кур'ера.

– Прачытай, браце, за мяне малітву над Мінаем. Не дам рады супакоіць сябе, што не спрычыніўся да яго гібелі, – папрасіў ужо з сядла. – Калі і так, ці то ж наўмысна? – уздыхнуў Малей, паціскаючы яму руку. – Будзь і ты асцярожны, пане—браце! Bene vixit qui bene latuit, як некалі казалі.

– Той добра пражыў сваё жыццё, хто добра хаваўся? Паспрабуем! – ганец даў буланцы шпоры.

Тры гасудары для Масковіі

Місія каралеўскіх высланнікаў прыбыла ў лагер пад Тушынам 16 лістапада 1609 года. – Не дзіва, што яны адхапілі такі кавалак Масковіі, – галава пасольства Станіслаў Стадніцкі*, пшэмыскі кашталян, павёў рукою, аглядаючы тушынскі лагер. – Ладнае, пане—браце, мястэчка! Калі тут усе пад зброяй…, – ён вымоўна абарваў сказ.

Камендант васьмісот коннікаў эскорту кіўнуў, пацвярджаючы заўвагу. Не прызнаваўся, што крыху трывожыцца, як вярнуцца жывому і цэламу ад гэтай хеўры. У Найяснейшага пана ўсяго войска ў разы менш, чым тут у царыка. А пара ўцёкам не спрыяе, снежань на носе.

– Тут, кажуць, нашых шмат. Можа з імі неяк дамовіцца?

– Але ж і непрыяцелі караля менавіта сюды збегліся, – засмяяўся кашталян. – З імі як?

Больш дасведчаны ў сітуацыі, не палохаўся. Войска царыка моцнае тым, што засталося яшчэ ад Першага Дзьмітрыя. Апанавала ўсё апроч Смаленска, Пскова і Вялікага Ноўгарада, дзе і думныя баяры трымаліся Шуйскага, але ад пэўнага часу поспехі пайшлі на спад і глум. Усё большую моц і самастойнасць мелі людзі гетмана Ражынскага. І цёмны люд на вачах траціў веру ў добрага цара.

– Дзе ж яны трымаюць свайго манарха? – рагатнуў пан кашталян, спрабуючы ўгадаць між скопішча разнастайных будынкаў найбольш прадстаўнічы і не мог. – Урэшце нам найперш патрэбны пан Ражынскі і «патрыярх» Філарэт.

У размовах з патрыярхам, правінцыйнымі баярамі, з казакамі, умовы вуніі не выклікалі асаблівых спрэчак. Параіўшыся з бліжэйшымі памочнікамі, кашталян вырашыў не наведваць царыка з царыцаю, якія даўно пачуваліся палоннымі сваіх «падданых» з Рэчы Паспалітай. Пакуль ішлі перамовы, царык сядзеў не так пад аховай як пад каравулам у сваім «цераме» і біўся думкай, ці не пра яго грэшную галаву дамаўляюцца? Не раз упрошваў князя Ражынскага падзяліцца навінамі, але дабіўся таго, што лепш было не чуць. – Хіба забыўся, што гетманы Рэчы Паспалітай маюць права на замежныя дачыненні? А табе што да таго, навошта да мяне камісары прыехалі? – прахрыпеў у п'яным ачмурэнні. – Ці ж я, гетман Ражынскі, мушу кожнаму спавядацца ў сваіх задумах? Чорт ма ведае, хто ты сам? Досыць мы крыві за цябе пралілі, а карысці ні на мезены палец!

Ражынскі сунуў расцапежаную далонь пад нос «гасудару» і паказаў меру той карысці.

– Будзеш дурыць галаву, то ўрэжу кіем і буду мець спакой, – прыгразіў «царскі» гетман.

Кемнаму даволі. Не чакаць жа, пакуль выдадуць каралеўскім паслам. Дзе ён возьме чатыры ці, як іншыя патрабуюць, сем мільёнаў для гэтай узброенай хеўры. Калі кароль паабяцае, прададуць яго, не таргуючыся. У тую ж ноч, з 6на7(27) снежня. царык, пераапрануты селянінам, на возе з дрывамі з'ехаў да Калугі, пакінуўшы царыцу. Назаўтра ў тушынскім лагеры страляніна і вэрхал: дзе цар? Людзі пана Тышкевіча, перакананыя, што Ражынскі альбо забіў царыка, альбо ўвязніў, сыпанулі кулямі па шатрах князя—гетмана. Гетманавы людзі абоз не аддалі, але мусілі адступіць. Па ўсяму лагеру пачалі дзяліцца: адны за царыкам, іншыя да караля, астатнія на самапас. Калі казакі Зарудзкага не паддаліся ўгаворам ісці да караля, атаман паспрабаваў вярнуць паслушэнства сілай. Конніца Ражынскага падтрымала Зарудзкага і нязгодныя з правадырамі ўслалі сваімі целамі шлях да Калугі. А царык рассылаў адозвы, што Ражынскі з Салтыковым пасягалі на яго жыццё і патрабаваў адхіліць князя ад гетманства. Апошнім спадзяваннем імпостара быў Ян Пётр Сапега. Але перамовы не спыніліся.

– Давайце пакуль што не будзем пра грошы, – прапанаваў Стадніцкі. Баяры разумелі, што, трындзячы пра грошы, няўзнак зайшлі ў тупік без выйсця. Хіба толькі назад. Стадніцкі стараўся ўратаваць, што мажліва ў новай сітуацыі: дамовіцца з тымі, хто не пайшоў да Калугі. – Вы, ваша свяцейшаства, – Стадніцкі пашанотна пахіліўся перад Філарэтам Раманавым. – Вы, шаноўныя паны баярства, – вынайшаў адмысловы зварот кашталян, – вы ўсе дасведчаныя жыццём людзі і адзіна вам падуладна сённяшняя сітуацыя. Найлепшым, калі не адзіным выйсцем былі б перамовы з самім каралём Жыгімонтам. Найяснейшы пан выключна зычліва ставіцца да такога кроку. Імпостар у караля выклікае натуральную агіду, а пасольства імянітых будзе вітаць з усёй сардэчнасцю.

Імянітыя слухалі па рознаму. Адны з непранікнёным выразам твару, іншыя спагадліва ківалі высокімі шапкамі, так, што бароды ўпіраліся ў грудзі.

– Я лічыў бы давераную мне каралём задачу выкананай, калі б яго свяцейшаства блаславіў такое пасольства, а можа з ласкі сваёй і далучыўся, – Стадніцкі склаў чарговы, яшчэ ніжэйшы, паклон Філарэту.

Патрыярх, які ўзяў на сябе старшынства над тушынскім урадам, не ўстаяў перад такім пахлебствам і блаславіў задуму.

– Я думаю мая адсутнасць тут зараз была б непажаданай. Таму Міхаіл Салтыкоў—Марозаў, – патрыярх павёў рукою, – думныя баяры Пляшчэеў* ды Малчанаў* годна выканаюць наша даручэнне.

– Натуральна, возьмем з сабою пару соцень людзей, – мякка але настойліва падказаў Салтыкоў.

– Бласлаўляю! – прамовіў Філарэт. – Рыхтуйцеся з Богам!

Вялікае баярскае пасольства, амаль дзве з паловай сотні асоб, на чале з прыхільнымі каралевічу Міхаілам і Іванам Салтыковымі, Малчанавым, Львом Пляшчэевым, Юрыем Хварасцінскім*, Васілём Рубец—Масальскім* прыбыло пад Смаленск тады, калі кароль падумваў пра адступленне і замірэнне. Аўдыенцыю атрымала акурат апошнім днём студзеня. Былы гадуноўскі ваявода, затым набліжаны першага царэвіча і нарэшце думны баярын чарговага “цара” Міхаіл Глебавіч Салтыкоў першы цалаваў руку каралю і пачаў прамову. Пасля ягоны сын Іван біў чалом ад патрыярха Філарэта і ўсяго духавенства. Наступны прамоўца зрабіў тое ж ад дваранаў. Стары Салтыкоў выклаў прапанову маскоўскага трону каралевічу Уладыславу.

– Калі кароль пойдзе на Маскву, – пераконваў пасол, – усе ад Васіля Шуйскага адступяцца. Уся зямля прыме каралевіча на царства ахвотна і без крыві.

Леў Сапега ўхвальна пахіліў галаву, кароль захоўваў непранікнёны выраз твару. Была істотная перашкода, якую нельга абыйсці і цяжка адолець. Са слязьмі на вачах прасіў пасол захаваць веру і абрады.

– Вашай міласць, – пасол пакланіўся Жыгімонту, – з усёй павагай мушу паведаміць: без праліцця крыві стаць нашым гасударом не зможаце. Вельмі мала хто згодны на караля іншай веры. Яшчэ раз мушу нагадаць, што мы патрабуем хрышчэння каралевіча на праваслаўе, прыняцця ім кароны з рук патрыярха і ніякага пашырэння каталіцтва.

Вялікі канцлер Леў Сапега ад імя караля запэўніў, што Жыгімонт ІІІ рады прымаць іх ахвоту і зычлівасць. Веры парушаць не думае, а цэрквы будзе бараніць і памнажаць. Хоць каранаваны місыянер не падзяляў выказаных канцлерам ад яго імя пастулатаў, усю ноч з нядзелі на панядзелак, 1лютага, білі званы і грымелі салюты.

Канцлеру патрабавалася ўсё майстэрства, каб не даць сарвацца перамовам. Ад першага дня пайшло і не спынялася таптанне вакол веравызнання будучага цара Масковіі. Паслы патрабавалі яснага адказу, бо мелі падставы меркаваць, што кароль хітруе. Дарадцамі ў яго не толькі разважлівы і разумны Леў Сапега.

– Пакуль заўчасна каралевічу выпраўляцца на Маскву, – Леў Сапега даў зразумець, што і сам падзяляе гэту думку караля. – Не здолее з—за маладога веку супакоіць і кіраваць разарванай краінай. Як толькі краіна суцішыцца, Міласцівы пан не будзе адмаўляць. Калі будзе на тое воля Божая і згода ўсёй зямлі, каралевіч прыбудзе неадкладна і ўшануе ўсе дамоўленасці.

– Што ж, гэта разумна, – пагадзіліся паслы. – Мы таксама прагнем спакою і міру. Спадзяемся і ў гэтым на дапамогу Яго Вялікасці караля.

Размова пра дапамогу ішла лягчэй для абодвух бакоў.

– Найяснейшы пан не раз даводзіў да шырокага ведама, што прыйшоў не на згубу гэтай дзяржавы, а на супакаенне. І не самахоць, а запрошаны думнымі баярамі, – нагадваў вялікі канцлер. – Рэч Паспалітая прагне спакою на ўсходніх межах і карыснага абодвум бакам гандлю. Зыходзячы з гэтага, кароль не браў з сабою артылерыі, ваеных прыладаў ды і людзей павёў няшмат. Аднак з улікам новай сітуацыі, пасылае па гарматы і людзей, каб, узмацніўшыся, ісці на Маскву.

Маскавіты пацвердзілі, што на выказанае прыстане ўся Масква, улучна з тымі, хто пры Шуйскім. Леў Сапега быў дастаткова абазнаны, каб паверыць у такую магчымасць. Баяры баяліся і тыраніі Васіля Шуйскага і “казацкага цара” Дзьмітрыя. Усё ж наследны каралевіч, хай і перахрышчаны з лацінства, не ў прыклад лягчэй успрымаецца.

Пасля двутыднёвых перамоваў пагадзіліся, што цар Уладыслаў пяройдзе на праваслаўе, карануецца па праваслаўнаму абраду і будзе кіраваць разам з Баярскай думай ды свяшчэнным саборам. Ва ўсім астатнім захаваецца ранейшы лад з наданнем дваранству правоў, падобных шляхоцкім у Рэчы Паспалітай. 14 лютага 1610 года падпісалі трактат, па якому каралевіч прызнаваўся царом Масковіі. Баяры на дамову прысягнулі, а Жыгімонт пайшоў на хітрасць, устрымаўся. Быў перакананы, што гетман Жулкеўскі пераможа з наяўнымі сіламі, а яму прыпадзе трыюмфаваць у Смаленску, атрымаць ключы ад Крамля, ды запанаваць у заваяванай краіне. На паставу караля паўплывалі весткі, што царык, ратуючы жыццё, уцёк з Тушына да Калугі. На думку Льва Сапегі абставіны не спрыялі каралеўскім задумам.

– Найяснейшы пане, – канцлер паспрабаваў астудзіць каралеўскі запал, – уцёкі тушынскага “цара”нясуць нам больш шкоды, чым карысці.

Габрыэль Война*, падканцлер Вялікага Княства і адкрыты нядобразычлівец Сапегі, аж ускінуўся.

– Што гэта яснепан кажа! Навіна выключна шчаслівая і варожыць хуткі наш поспех.

– Ці не зычыце, яснавяльможны пане, большага шанцавання імпостару, чым свайму каралю?

– з прыхаванай з’едлівасцю запытаўся пан Баболя*, першы па лісьлівасьці трэці ўдзельнік кароткага дыспуту.

Вялікі падкаморы каронны Анджэй Боболя захіхікаў, нібыта зводзячы сказанае да жарту. Вялікі канцлер не лічыў патрэбным азывацца на гэты сабачы брэх, ясны па намерах і неўразумелы па словах. Але кароль, які мог у знерваванні даць гэтаму шаптуну і падпявалу па пысе, разумеў прыхаваны сэнс сапегавых словаў.

– Дыспазыцыя ад моманту ўцёкаў “царыка” вызваліла цара Васіля Шуйскага ад неабходнасці азірацца на пагрозу Маскве ад тушынскага войска, – настойліва тлумачыў Леў Сапега. – Калі частка гэтага войска пяройдзе да Шуйскага, ён, узмацніўшыся, можа рушыць на дапамогу Смаленску. На маю думку, належыць учыніць пэўныя захады супраць такой магчымасці.

Апанэнтаў перастала цягнуць на смешыкі. Ведалі, што для Міласцівага пана значыць захоп Смаленска. А войска ў яго няшмат.

– Маеш рацыю, яснепан, – падумаўшы, неахвотна прызнаў кароль. – Як бы нам самых вартасных з Тушына, калі не перацягнуць, то хоць бы ўстрымаць ад выступу супраць нас. Займіся гэтым неадкладна, бо час бяжыць.

Кароль усведамляў, каго паслухаюцца ліцьвіны ў Крамлі і Тушыне, ці дзе іх яшчэ чэрці панеслі. Не Баболю ж да іх слаць.

У Тушыне войска Яна Пятра Сапегі захавала рэшткі ваярскага парадку, хоць па чутках усвяцкі стараста меў немалыя клопаты. Выперты ад Троіца—Сергіева манастыра Скопіным апошнім тыднем студзеня пайшоў да Дмітрава, але націск маскавітаў на пачатку сакавіка змусіў пакінуць горад. Нечаканая смерць князя Ражынскага ў красавіку падказала Яну Пятру калужскі напрамак. Балазе царыца Марына яшчэ ў канцы лютага прыбегла з Тушына да сапежанскага лагеру і магла паспрыяць атрыманню Сапегам гетманства ў войску самазванца. Гэткі крок не пасварыў бы старасту з каралём, бо Жыгімонт дзеля сваіх мэтаў шукаў збліжэння з царыкам. Генеральнае кола калужскага войска абрала Яна Пятра гетманам 25 чэрвеня.

Але вялікі канцлер Леў Сапега не спадзяваўся значнага паляпшэння сітуацыі. Памятаючы, што ўсе лісты пераказваюцца каралеве, піша да жонкі: «Але я сумняваюся, каб што з таго было. Бо і мы не маем з чым і з кім туды ісці, вельмі нас малая жменька. І нашы людзі, што пры царыку, паведамляюць пра цяжкасці: шмат хочуць грошай, якіх няма, а яны без грошай нічога добрага не хочуць учыніць.” Ведаў, што не разгалошвае таямніцы. Нават недасведчанаму ясна, што наяўнымі сіламі кампаніі не выйграць, калі засяродзіцца на захопе Смаленска. А каралева Канстанцыя настойвала на аблозе Смаленска і яго захопе. Сам канцлер, адзін з ініцыятараў выправы і яе накірунку на Смаленск, прызнаваў рацыю гетману Жулкеўскаму. Спеліў кволую надзею, што каралева зразумее: пры наяўных сілах і абставінах патрабуюцца змены намераў.

«І так баюся, што толькі іх небаракаў на большыя яткі выдадзем: альбо Шуйскі, альбо той імпостар іх памардуе», – пяро спраўна слізгала па аркушы, выкладаючы замест сямейных дачыненняў дзяржаўныя клопаты. – «Гэтыя недастаткі, слабасць наша, усяму перашкодзіць і папсуе ўсё. Хоць тое кожны з нас сваім вокам бачыць, што аказіі вялікія надаюцца і лёгка было да атрымання таго панства, калі б было чым падтрымаць…»

Шкода было змарнаваных магчымасцей, але нельга і адступацца, не выкарыстаўшы тых, што засталіся. Наперадзе перамовы аб замірэнні і трэба мець да іх свае козыры. Усё сведчыць, што будучыня цара Васіля Шуйскага вымалёўваецца даволі змрочна. Тушынцы выкарысталі яго колішнюю задуму прапанаваць каралевічу Уладыславу маскоўскі сталец, каб пазбавіцца ад самога Шуйскага. Дваранства больш не спадзявалася сваімі сіламі абмежаваць царскую ўладу. Усё больш пашыралася марная надзея дабіцца правоў праз вунію з Рэчай Паспалітай. Але і баярам кандыдатура каралевіча Уладыслава прыпала да сэрца. Галава думы князь Фёдар Мсціслаўскі, Філарэт Раманаў, галава тушынскага ўраду, спадзяваліся падпарадкаваць маладога цара сваёй волі. Раманаў рызыкнуў выправіцца да караля, але быў вернуты ў Маскву войскам.

Кароль не даслаў тушынцам абяцанай дапамогі. Магчыма і не збіраўся выконваць дамову, балазе ўрад Філарэта Раманава разваліўся назаўтра пасля яе падпісання. Салтыкоў і іншыя паслы засталіся ў каралеўскім лагеры, невядома ў якой, але не пачэснай ролі.

Ад гэтага моманту на Масковіі кожны мог прыхіліцца да таго гасудара, які яму больш падабаўся: законны сядзеў на Маскве, “воровской” у Калузе, а трэці, каралевіч Уладыслаў Жыгімонтавіч, недзе далёка.

Большасць мясцовых тушынцаў выправілася да Масквы альбо Калугі. Працяглы торг Скопіна са шведамі ў Аляксандраўскай слабадзе не ўратаваў Карэлу. Нягледзячы на супраціў жыхароў, крэпасць прызначылі аддаць шведам.

На другім тыдні сакавіка Міхаіл Васільевіч Скопін—Шуйскі ў суправаджэнні шведаў уехаў у Маскву як трыюмфатар. Аблога мінавала і маскавіты віталі героя лепш чым ягонага дзядзьку, цара Васіля. Няўрымслівы Пракопій Ляпуноў клікаў яго на цараванне. Узлёт пляменніка вельмі не падабаўся зайздросніку Дзьмітрыю Шуйскаму, які толькі сябе бачыў галоўным ваяводам, калі не прымяраў употай на сваю фанабэрыстую галаву шапку Манамаха.

А тут і герой памёр, як шапталі, атручаны жонкаю царскага брата. Цар Васіль адразу ж паслаў брата Дзьмітрыя з сарака тысячамі маскоўскага войска і васьмю тысячамі ад Дэлагардзі разграміць войска царыка і адагнаць караля Жыгімонта ад Смаленска. Цар Васіль усё яшчэ баяўся, ці не дапамагае кароль царыку, каб помсціць за смерць палякаў пры забіцці першага самазванца.

На пачатак сваёй кампаніі Дзмітрый выправіў некалькі сот немцаў захапіць ці хоць бы аблажыць Белую.

А войска польнага гетмана Кароны Станіслава Жулкеўскага, дванаццаць харугваў гусарыі ды дзве казацкія, разам больш чым паўтары тысячы коней і шэсць соцень пяхоты, паволі цягнула насустрач маскоўскаму. Не расчодрыўся кароль, але была надзея сабраць тое—сёе па захопленых гарадках ды далучыць атрады, што біліся з маскавітамі на паграніччы, пакуль кароль не сцягнуў іх пад Смаленск.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации