Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 21

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 21 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Ці быць Мацюшку царом на Маскве?

– Значыць новы цар на Маскве?

– Ад 2 сакавіка 1612 года, яснавяльможны пане! – сакратар паслужліва пакланіўся гетману, чакаючы працягу. Хадкевіч усміхнуўся. Ніколі не быў моцным палітыкам. Але тут не пра бітвы пойдзе. Спрабаваў разважыць сітуацыю, задумаўся. Поспех новага царыка, гэтага Мацюшкі,– ды хто яго раней ведаў? – ненаўмысна але старанна рыхтаваў прайдзісвет Зарудзкі.

– Але ж узвышэнне Мацюшкі для Зарудзкага як кубел халоднай вады, – Хадкевіч кінуў спадылба ўважлівы погляд, ці слухаюць яго. – Ён жа настойліва ваяваў за марынінага «ворёнка»! І што зараз?

Сакратар зрабіў глыбокі ўдых, паказваючы гатовасць і жаданне нешта ўставіць. Гетман кіўнуў.

– Мажліва атаман спадзяецца выкарыстаць пскоўскага вора дзеля ўсталявання на троне Марыны з яе “царэвічам”, – прамовіў сакратар не надта ўпэўнена. – Сябе ў такім выпадку бачыць рэгентам, хоць правіцель з яго, як з нечага куля! Але калі Мацюшка – Дзімітрый, то “ворёнок” ягоны сын, не пасынак! Пагодзіцца бацька саступіць трон малалетку? І навошта яму побач нейкі Зарудзкі? Дай Бог управіцца з Пажарскімі, Трубяцкімі ды крамлёўскімі вязнямі—хаўруснікамі.

Гетман таксама не надзяляў баярскае зборышча ў Крамлі вялікай пашанай. Ведаў ім цану, не чакаў ад іх дапамогі і не дужа цікавіўся іх бяспекай.

– Я думаю, варта пераняць нешта ад айцоў—езуітаў, – нібы сам сабе з панурай усмешкай прамовіў Хадкевіч. – Калі нельга адолець непрыяцеля сілай, то ўнесці няпэўнасць і ўзаемны недавер у яго гурмы.

– Слухаю, яснавяльможны пане, – пахіліў галаву сакратар.

– Сказаць – адно, здзейсніць – зусім іншае, – хмыкнуў у задуменні, нібы ў супярэчнасць толькі што сказанаму. – Я заўсёды баранюся, што не палітык, але ж усе войны ад палітыкі, то і гетману без яе аніяк. – З гэтага вынікае… – паслужліва падказаў сакратар.

– Зварот да Яраслаўля Зарудзкі расцаніў як мяцеж. Вось гэтым нам і трэба пакарыстацца, – патлумачыў Хадкевіч.

– Мажліва і замах на князя Пажарскага прыдасца, – нясмела прапанаваў сакратар.

– Калі дзеіць разумна, – пагадзіўся гетман. – Зарудзкі рашыўся на яго толькі таму, што мае яшчэ послух між казацтва. Не таюся, рады ўратаванню князя. Шмат ваявод на Масковіі, але тут выключнае спалучэнне адданасці сваёй зямлі і ваярскага куншту, – працягваў Хадкевіч. – Спадзяюся авантура Зарудзкага павернецца супраць яго самога.

Ад'ютант зазірнуў у пакой.

– Кур'ер з паперамі да яснепана гетмана.

– Давай яго сюды.

Прагляд лістоў не заняў шмат часу і не перабіў гетману намераў. З прыхамаці, ці сапраўды цікавіўся думкай сапежанскага ганца, запытаўся ў Бражыны: – Ведаеш, вашмосьць, Зарудзкага?

– Даводзілася бачыць і чуць, яснавяльможны пане.

– Кажуць, атаман мітусіцца? – гетман пільна прыгледзеўся малавядомаму кур’еру. – Ці гэта плёткі?

Тое, штомаладзён з сапежанскіх, не натхняе верыць, але ж у каралеўскіх справах не павінна жартаваць.

– Ён жа і так няўрымслівы? – вырашыў удакладніць гетман.

– Так, яснавяльможны пане, выключна нецярплівы, але і настойлівы, – адказаў Бражына. – Пераказваю думку яснепана Яна Пятра Сапегі ды іншых, хто яго добра ведае. Мая, з дазволу яснепана, з тымі супадае.

Бач ты, смелы! Думка яго супадае! І яшчэ адзін Сапега. Але што ж пра нябожчыка. Гетман памаўчаў.

– Значыць, калі яго загналі ў кут, то паддасца на цкаванне? – прамовіў нібы сам сабе і зноў зірнуў на кур’ера, патрабуючы выказацца.

Бражына перачакаў патрэбны дзеля павагі адрэзак часу і рашыўся прамовіць.

– Ён неадукаваны, але разумны, яснавяльможны пане, кемлівы. Хітры надзвычай, таму інтрыгу супраць яго трэба рыхтаваць старанна і нацкоўваць у адпаведным кірунку.

Бач ты! – ізноў падумалася гетману. – Здагадаўся, чаму яго распытваюць.

– І які ж кірунак мажлівай інтрыгі вашмосьць мне параіць? – крыху насмешліва запытаўся Хадкевіч.

Але Бражына разумеў, што насмешка тут для покрыва. Гетман насамрэч разважае мажлівасць інтрыгі. Прыгадалася гісторыя з Жулкеўскім і ў душы варухнулася трывога, ці ізноў не ўжыюць канцлерскага ганца ў сваіх мэтах. Так ці гэтак мусіў адказваць.

– Найбольш адпаведным было б пасварыць атамана з яго ўласным войскам. Кінуць зерне нязгоды і падозры ў здрадзе таварыству. – Чаму так лічыш?

– Войска ягонае вельмі нагадвае ватагу, – прамовіў Бражына. – Найперш на адданасці атаману трымаецца. Калі папаўзуць шэпты нібыта атаман за вялікія даброты і вызначэнні ад караля гатовы забыцца на таварыства… Гетман павярнуўся да сакратара, паказаў сабраць паперы. Зірнуў на ганца. – Няблага, няблага, вашмосьць, – прапанова супадала з яго ўласнай думкай. – Падкінуць яму нешта спакуслівае.

– Але не грошы, яснавяльможны пане! – паспешліва ўставіў Бражына і разгубіўся ад уласнай смеласці.

– Чаму ж не грошы? – гетман як і не заўважыў ні залішняй смеласці ні зніякавення маладзёна.

– Гонар, яснавяльможны пане, – рашуча патлумачыў Бражына. – Прагне гонарам адпавядаць набытаму статусу. Раптам зрабіўся баярынам! Тое ды другое ў нашай шляхты пераняў.

– Слушна мяркуеш, – пахваліў гетман. – Каго ж пашлем з тым лістом? – павярнуўся да сакратара.

– Справа можа скончыцца горлам, – папярэдзіў той, нібы самому гетману пагражала небяспека.

– Трэба выбраць, каго не шкода, і каго атаман прыме як свайго, – спакойна прамовіў гетман і нечакана звярнуўся да Бражыны. – Маеш такіх знаёмцаў на Масковіі? Хадкевіч не разводзіўся над пачуццямі, калі справа патрабавала цвёрдасці. Зарудзкага трэба піхнуць на здраду як найхутчэй. І гэты ганец павінен прыкласці свае старанні. Бражына мог удаваць, што перабірае магчымых ахвяр гетманавай інтрыгі, а насамрэч думаў пра ўласную бяспеку. Як ні круці, трэба некага выправіць у пекла. Не тое, каб пакутваў сумленнем, але свайго следу нельга пакінуць. Здаецца, нешта вымалёўваецца. Бясконца ўзважваць не выпадала, вынік быў прадвызначаны, мог толькі пагадзіцца з непазбежным.

– Знайду, яснавяльможны пане, – адказаў з уздыхам. – Толькі грошай не маю, а тут яны неабходны.

– Не будзе клопату, – гетман вымоўна зірнуў на сакратара. Той адказаў паслужлівым кіўком.

Неўзабаве ў земскі лагер з’явіўся лазутчык і перадаў атаману ліст ад гетмана Хадкевіча. Зарудзкі не даў адказу, але не арыштаваў лазутчыка, нават дазволіў застацца ў табарах нібыта на земскай службе. Пасаваў да ягонага войска, а можа вырашыў захаваць магчымасць патаемнай сувязі з непрыяцелем. Не паведаміў нікому з прыхільнікаў. Ротмістр Хмялеўскі*, з'явіўся да Трубяцкога і сяброў падмаскоўнага савета.

– Маю важную справу на шыі, вашмосьці, – нібы асільваючы самога сябе, прамовіў Хмялеўскі. Левая рука міжвольна ахапіла похвы шаблі. Не прысягнуў бы, што не давядзецца яе ўжыць. – Не з—за дробязі ж прымусілі збірацца ўвесь падмаскоўны савет, – хмыкнуў князь Трубяцкой. – І ў мяне розных спраў хапае. – Самі разважыце, ці варта мяне слухаць, – церпка прымовіў ротмістр.

Абвёў сабраных насцярожаным позіркам, адступіцца ўжо немагчыма. – Дык слухаем, – вырашыў за ўсіх Трубяцкой. – У чым жа бяда?

– А бяда ў тым, – пачаў Хмялеўскі, – што пан Зарудзкі мае каншахты з непрыяцелем.

Такога не чакалася. Ніхто не рашаўся парушыць маўчанне. Падтрымаць ротмістра то гэта ж разам з ім абвінаваціць атамана! Запярэчыць? Дык не ўсе тут за тым жа атаманам.

– З якім непрыяцелем? – нарэшце прагучала з кута. Знайшоўся не так смелы як нецярплівы ды цікаўны. Сапраўды, ад пэўнага часу ўсе ўсім здаваліся непрыяцелямі. Хаўрусы ўзнікалі і распадаліся, разам пралітая кроў не ўзмацняла іх і не розніла. Надзённая патрэба, прыхамаць правадыроў, гвалт натоўпу вырашаў куды і за кім кінецца гурма і на кім спагоніць сваю злосць альбо адчай. Трэба быць пільным, каб не драмаць, калі трэба знікнуць.

– Найважнейшы наш непрыяцель, бо наймацнейшы, гетман Хадкевіч, – цвёрда вызначыў Хмялеўскі, каб мець апірышча для далейшага выказвання. – Пан Зарудзкі гэтымі днямі атрымаў ад яго ліст. Зместа не ведаю, але не думаю, што пана Зарудзкага запрашаюць на паляванне.

Савет спахмурнеў. Ротмістр напэўна не палез бы на ражна дзеля забавы. Але як савету да справы паставіцца?

– Працягвай, пан, – прапанавалі слухачы, бо пакуль што не ўсведамлялі сябе суддзямі.– Але, зрабі ласку, выкладвай доказы.

– Разумею, што патрэбны доказы, – прамовіў Хмялеўскі. – Магу паказаць даручыцеля. Думаю, ён пацвердзіць.

– Як гэта! – усклікнулі ледзь не ўсе ў адзін голас.

Ротмістр зразумеў, што доказ прыняты. Як перамовіцца з даручыцелем добра ведае большасць прысутных. Зараз абы не выскачыў каторы да Зарудзкага. Але мала верагодна, каб рашыўся, пакуль усё не пачуе.

– А так! – адказаў Хмялеўскі. – Ягамосьць не толькі не ўцёк, але застаўся на земскай службе. А вы ўжо гадайце, земству ён будзе служыць, пану Зарудзкаму, гетману ці ўсім разам?

– І ад кожнага жолд! Няблага! – выгукнуў нейкі жартаўнік.

Нібы ўсім палегчала, пайшлі шэпты, пераглядванні. Але ротмістр маўчаў і зноў запанавала цішыня, густая, нібы асенні туман.

– Дык што, пан Зарудзкі прыняў на службу непрыяцельскага лазутчыка? – незвычайная навіна даходзіла да некага з цяжкасцю.

– А што вашмосьць не скеміў? – запытаўся Хмялеўскі. – Ягамосьць пачуваецца цалкам бестурботна, можна сказаць па свойску, бо падзяліўся таямніцамі з братамі—палякамі, таксама занятымі на земскай службе. Да гэтых нічога не маю, – засцярогся ротмістр. – Можа і самі прыйшлі б да вас, каб былі крыху смялейшыя ці разумнейшыя. Але са мною, бач, не таіліся.

Кожны акідаў поглядам прысутных і спрабаваў угадаць, як яны ставяцца да пачутага. Не дай Бог справа выплыве на шырокія воды, невядома што пачне казацтва. Каб не скончылася сцінаннем савета. Сцяць гэтага ротмістра і ўсё пусціць у небыццё? Але каму яшчэ расказаў і ці ўсё тут выклаў? Яшчэ ж тыя палякі, як іх знойдзеш без імені?

Даслухаўшы ротмістра, савет на шчасце адважнаму Хмялеўскаму зычыў сабе разважыць справу асобна. Наймацней налягалі на гэта правадыры казацтва і князь Трубяцкой, бліжэйшы хаўруснік Зарудзкага. Ён жа і падаў першую прапанову.

– Трэба неадкладна схапіць таго пройду, – прамовіў рашуча, – і папярэдзіць Зарудзкага, каб не выстаўляўся з тым лістом і не ўздумаў хваліцца, што кароль кліча яго ў вялікія гетманы. Ад яго можна чакаць!

– Нагадаць яму пра Ляпунова, то скеміць! – прагучала чарговая парада.

Аднадушны ўхвальны гул сведчыў, што саветчыкі ў парушанай справе спадзяюцца на князя, бо каму іншаму размова з атаманам можа блага скончыцца.

– Перагавару з Зарудзкім, – паабяцаў задаволены Трубяцкой, – а наконт арышту няхай пара нашых скочыць і распарадзіцца.

Прадбачанне Хадкевіча спраўдзілася. У той жа вечар лазутчык апынуўся на тартурах. А да ротмістра прыцемкамі з’явілася пара таварышаў.

– Хапай, вашмосьць, зброю, конь чакае, – ціха загадаў адзін. – Лазутчык пайшоў да Абрама на піва, сам разумееш, твая чарга наступная. Лепш пакрыць справу трупамі, чым чысціць уласныя шэрагі на самым версе. Не сказаць, каб ротмістр не чакаў непрыемнасцей ад сваёй смеласці і рашучасці.

– Дзякуй хлопцы! – Хмялеўскі горача паціснуў рукі таварышаў. – Дай Бог нам не сыйсціся ў бітве.

– Ляці да Пажарскага, – параілі прыяцелі. – Ён ваяр здольны і дваранін ганаровы. Там і нашых сустрэнеш, не будзеш самотны.

– Гэта хіба адзіны шлях, каб захаваць гонар, – пагадзіўся Хмялеўскі і сунуў нагу ў стрэмя. – Бо да караля шлях закрыты.

Хмялеўскага памагатыя Зарудзкага не знайшлі, чуткі ўсплылі і шэпты пра здраду правадыра між казакамі ад гэтага часу не спыняліся ні на дзень. Але імпэту атаман не страціў і ад намераў сваіх не адступаўся. У сярэдзіне сакавіка 1612 года апалчэнне пастанавіла накіраваць у Пскоў новае пасольства і Зарудзкі ўплішчыў у яго склад свайго супольніка.

– Ну, не ўдалося ім выкруціцца! – Зарудзкі задаволена пацёр далонямі.– А так жа стараліся!

Пляшчэеў шматзначна паківаў галавою.

– Са мною іх хітрыкі не пройдуць, – рагатнуў ён. – І казакоў супакоім. Вазьму сотні тры з сабою, будзе іхняму “цару” ахова. І мне таксама.

– А як жа іначай! – усклікнуў Зарудзкі. – Я ж ведаю, што Трубяцкой з гэтымі хітрунамі даўно прапаноўвалі Пажарскаму да іх змовы далучыцца, але той адмовіўся. Не ведаю чаму.

– Чаму б ні было, добра што сталася па нашаму. Прывязу “цара” на Маскву, будзе ў нашых руках, то не паяднаецца з казакамі паміма нас.

Зарудзкі ціха падступіў да дзвярэй, расчыніў іх раптоўным рухам, выглянуў.

– А то раптам які вынюхвае, – патлумачыў, зачыняючы. – Хадкевіч нібыта збіраецца за правіянтам. Збароўскі са сваім палком бунтуе. Ёсць шанец ухапіць Крэмль. Калі ўпраўлюся, пакуль прывязеш Мацюшку, Масква можа быць нашай, а з ёй і ўся Масковія.

– Хто валодае Крамлём…А то і Трубяцкой захоча з Мацюшкам сваю гульню ладзіць.

11 красавіка 1612 года пасольства прыбыло ў Пскоў. Асцярожны Пляшчэеў прылюдна прызнаў “ісціннага” Дзьмітрыя і пацалаваў руку, на якую ахвотна плюнуў бы. Пільна разглядаўся, хто і чым дапаможа ў ягоных намерах. Ненаўмысна дапамаглі шведы. У маі аблажылі пскоўскі Порхаў і пляшчэеўскія паплечнікі ўзяліся дапамагаць “цару” ў абароне. Мацюшкавы казацкія атрады былі выдалены з горада, але “цару” не далі збегчы з крэпасці.

18 мая грукат у вароты разбудзіў Яго Вялікасць сярод ночы. Мацюшка без шапкі, у адным плашчы, на неасядланым кані кінуўся наўцёкі ад невядомай небяспекі пад аховай князя Хаванскага* і некалькіх казакоў. Не ведаў, што Хаванскі адзін з галоўных змоўшчыкаў. Неўпрыкмет ахоўнікі адпадалі, затое пагоня з Пскова надзейна трымала след. На трэці дзень, 20 мая, Мацюшку схапілі і пасадзілі пад стражу. Ад Пляшчэева ў Маскву паляцеў ганец.

А на Маскве на пачатку чэрвеня полк Збароўскага, спусташыўшы казну, пакінуў Крэмль і з вялікім абозам пайшоў да Смаленска. З—за невыразнай пазіцыі караля, не падмацаванай аніякімі дзеяннямі, сядзенне ў Крамлі падалося бессэнсоўным нават жаўнерам ці не самага баяздольнага палка гарнізона.

Але сілы ў крамлёўскіх абаронцаў яшчэ заставаліся. 24 ліпеня яны зрабілі вылазку і вытрымалі цяжкі бой з атрадам ваяводы Міхаіла Дзьмітрыева, які дайшоў да Масквы. Стаў па загаду Пажарскага асобна ад казакоў, як і іншыя атрады ўкраінных гарадоў, што адклікнуліся на граматы князя. Выстаяў гарнізон і супраць Зарудзкага, натхнёнага нізлажэннем Мацюшкі і асмеленага зыходам Хадкевіча пад Валакаламск дзеля збору правіянту. Не захапіўшы так неабходнага Крамля, атаман ноччу на 28 ліпеня адступіў да Каломны, дзе была «царыца» Марына, затым на Разаншчыну.

Другое апалчэнне, таксама пакарысталася адсутнасцю Хадкевіча. Пажарскі з галоўнымі сіламі выступіў з Яраслаўля на Маскву, яшчэ не ведаючы пра ўцёкі Зарудзкага. Апалчэнне, гатовае да паходу яшчэ ў студзені 1612 года, чатыры з нечым сотні вёрст ад Ніжняга да Масквы па Уладзімірскаму тракту магло прайсці за два тыдні, ну хай за месяц, але з’явілася толькі ноччу на 20 жніўня.

Князь і ягоныя паплечнікі разумелі, што не зацесніўшы сувязяў з Ноўгарадам Вялікім, можна загубіць тое, што зроблена. Наўгародзкая бяда была з самых пякучых.

Наўгародзкія паслы з'явіліся ў Яраслаўлі акурат тады, калі Іван Зарудзкі спрабаваў авалодаць Крамлём.

– Шведскі каралевіч зараз у дарозе і хутка будзе ў Ноўгарадзе, – пахваліліся сваімі поспехамі. Князь Пажарскі кінуў на паслоў пахмурны погляд. Абмяняўся позіркамі са Сцяпанам Тацішчавым*. Той не так даўно адвозіў граматы земскага ўраду мітрапаліту Ісідору і князю Адоеўскаму, з запытам наконт дачыненняў са шведамі. Прамовіў з папрокам: – Ці ж не вам, імянітым людзям, усведамляць, што ёсць Масква і што Ноўгарад. Не дадзена тое зямлі, што стольнаму гораду. А вы спакусіліся самастойна выбіраць гасудара, ды яшчэ з чужаземцаў.

Паслы перачакалі хвіліну дзеля павагі князя, збіраючы думкі.

– Не мелі іншага выйсця. Да таго ж толькі выносілі прапановы, – паспрабавалі апраўдацца наўгародцы.

Тлумачэнні паслоў не задаволілі Пажарскага.

– Мы асобным лістом уведамілі Дэлагардзі, што рады быць з вамі ў адным савеце, калі шведскі кароль дасць свайго брата на гасударства, ахрысціўшы яго ў праваслаўную веру. А што робіць Ноўгарад? Тут жа выступае перад шведамі як самастойная зямля, непадуладная маскоўскаму прастолу, – падкрэсліў князь апошні сказ.

Вырашыў раскрыць карты, але не ісці на разрыў з такой важнай зямлёю як Наўгародчына. Працягваў больш тонам прыяцельскага дакору, чым суровай наганы.

– “Уже мы в этом іскусілісь, чтоб і шведскій король не сделал с намі также как польскій”. – памяркоўна дадаў князь. – Вось Жыгімонт ізноў насылае на нас Хадкевіча. Трымае ў палоне нашых паслоў. А як жа лягчэй нам было б з князем Васільем Васільічам! Я за такую справу без князя Галіцына не ўзяўся б, калі б не прымус баяр з ўсёй зямлёю. Так што ні Земскага сабора ў Яраслаўлі ні тым больш цара абраць не па часе. Ды і раці нашы, – уздыхнуў Пажарскі, – давядзецца выпраўляць на Маскву. – Не забывыймася, што Зарудзкі са сваімі гурмамі не нясе дабра дзяржаве.

Усе галовы пахіліліся ў згодзе. Атаманавы зграі былі страшней іншаземнага ворага, бо шкодзілі паўсюдна і знянацку, а людзі ў іх нібыта свае.

–І ад шведаў дабра не чакаць, такое я вынес меркаванне і падобна яно пацвярджаецца, – падтрымаў Тацішчаў. – Сустракаліся мы ў маі, зараз ліпень, а дапамогі іхняй як не было так і няма.

– Не думаю, што яна з'явіцца, – падвёў рысу Пажарскі. – Сваімі сіламі трэба ўпраўляцца. Не лёгка было ніжагародцам пагадзіцца аддаць пятую, а то і трэцюю частку маёмасці. У маламаёмных усю маёмасць прадавалі, немаёмных жа з сем’ямі аддавалі ў кабалу. Манастыры суровым падаткам абклалі. Але дзе і каму вызваленне давалася танным коштам?

Князь абвёў наўгародзкае пасольства дакорлівым позіркам. Тыя моўчкі паківалі галовамі. Сам, князь, здагадайся, што гэта значыць: спагаду ці недавер.

– А нам трэба адстаяць Маскву і прагнаць з нашых зямель літоўскіх і польскіх людзей, – вызначый бліжэйшую задачу Пажарскі. – А пазней, сабраўшы сілы, вернем Ноўгарад. Вось нам ставяць у віну, што сядзім у Яраслаўлі. А мы тут, не патрабуючы мечаў, узялі ў аблогу нашу ўласную смуту. Пакідаючы гарады «воровскім» дружынам і казацкім шайкам, невядома, ці ўдасца вызваліць Кітай—горад ці Крэмль. Неразумна было спяшацца. А хто на гэтым настойваў? Найперш, як кажа патрыярх, казацкая атаманьня. Ім вэрхал у дзяржаве найбольш адпавядае. І тушынскім баярам хацелася б адарваць наша апалчэнне ад прыхільных яму гарадоў, каб там, на Маскве, развеяць яго ва ўсе бакі. Зараз ім гэта не ўдасца. Калі паслы выйшлі, князь пераглянуўся з Тацішчавым, кіўнулі адзін аднаму ў поўнай згодзе.

– Возьмем прыклад са шведаў, – ціха прамовіў Пажарскі. – Зацягнем справу, як і яны. З двума непрыяцелямі нам не выстаяць.

Зарудзкі бачыў, як мацнее ўлада Пажарскага, як гуртуюцца вакол Яраслаўля навакольныя і украінныя гарады, як перабягаюць да апалчэння раці пасадзкіх, пакрыўджаныя ягоным разбойным казацтвам. А не будзь гэтага сумленнага князя ўсё пойдзе іначай! …Пажарскі яшчэ не ачуняў ад ран і стаяў на парозе, падтрыманы казаком Раманам. Вакол ціснуліся людзі. Усім хацелася побач князя назіраць, як праходзіць гарматны нарад, падрыхтаваны да Масквы. Раптам Раман са согнам асунуўся на зямлю. Князь пазбаўлены апірышча, сам пахіснуўся і паспрабаваў выбрацца з гурмы. Занепакоіўся, што з Раманам. Натоўп крыху раздаўся, але людзі не давалі Пажарскаму выбрацца. «Князь, цябе хочуць забіць!» – крыкнулі побач з ім. «А вось і нож! «– скрываўленая зброя замігцела ў нечыяй руцэ і нібы харугва з'яднала ўсіх раз'юшаных здрадлівым нападам. Гэта ж шчасце, што трапілі казаку ў нагу, а не князю пад лапатку ці ў чэрава! Схоплены на гарачым казак Сценька прызнаўся, што ён ад Зарудзкага. З тартурамі нідзе і ніколі не было затрымкі, Сценька павініўся і паказаў таварышаў. Схопленыя не запіраліся і міласцю князя былі разасланы ў гарады па турмах, а зласнейшых узялі ў Маскву, дзеля выкрыцця ліхадзейства. Там усе яны прызналі віну перад раццю, але князь не даў забіць ніводнага. Ведаў, што завадатары і натхніцелі не гэтыя ўчарашнія сяляне і адпусціў іх на волю. Гэта памножыць яму добрую славу. Браты Шарамецевы, князь Шахаўской, Іван Пляшчэеў ды князь Іван Засекін з таварышамі пад'юджваюць легкаверных на ўсялякае зло, на рабункі і забойствы на дарогах. Менавіта ім непатрэбен спакой і лад у дзяржаве. Учарашнія тушынцы распальвалі недавер і варажнечу да Пажарскага і Мініна, не пагаджаліся на аб’яднанне сіл і кіраўніцтва. Доўга не прызнаваліся ў спробе раскалоць і заблытаць ніжагародзкі рух прысягаю чарговаму «вору». Пасля працяглай цяганіны, у апошніх днях верасня нарэшце ўдалося дамовіцца з Трубяцкім наконт сумеснага дзеяння, па прыгавору ўсіх саслоўяў.

А кароль Жыгімонт разам з каралевічам Уладыславам той жа ранняй восенню павёў на Масковію чатырохтысячнае войска. Ледзь пераступіўшы мяжу, Жыгімонт звярнуўся да маскавітаў з адозвай. Гетман Хадкевіч чакаў яго пад Вязьмай, маючы апроч сваіх жаўнераў больш тысячы конніцы са смаленскага гарнізона, балазе вестка пра наступ выклікала ў Маскве разгубленасць і маскоўскія ваяводы адыйшлі ад Смаленска.

Выправа ізноў рыхтавалася слімачым ходам і знецярплівены Хадкевіч пачаў дзейнічаць сам. Сабраўшы па чатыры тысячы жаўнераў і казакоў, выкліканых каралём, гетман дайшоў да прадполля Масквы з велізарным абозам правіянту для абложаных, але ўжо не мог усцерагчы гарнізон Крамля ад капітуляцыі.

Ранкам першага дня верасня войска Хадкевіча сфарсавала раку Маскву і ўдарыла на маскавітаў ля Дзявічага Поля. Але маскавіты старанна падрыхтаваліся да абароны, і пасля сямі гадзін бою Хадкевіч загадаў адступіць.

На трэці дзень гетман кінуў у бой усё войска. Упартае і працяглае змаганне, калі вагі перамогі схіляліся то на адзін то на другі бок, прынесла Хадкевічу першую паразу ў асабіста кіраванай бітве. Гетман упершыню меў перад сабою народнае войска, якое бараніла свой край, не зважаючы на часовыя няўдачы і недахоп досведу. Хоць ягоныя жаўнеры былі здальнейшыя за маскавітаў, саступалі ім духам. Гетман адыйшоў ад Масквы.

Нясплочаныя сапежанскія харугвы тут жа завязалі канфедэрацыю і адступіліся ад Хадкевіча. Нязломны гетман, сабраўшы крыху правіянту, яшчэ раз паспрабаваў дабрацца да Крамля. Гарнізон заставаўся пэўнай зарукай магчымага поспеху з падыходам падмацавання. Але маскавіты стаялі цвёрда і немагчыма было весці наступ такімі малымі сіламі. Гетман адыйшоў да Вязьмы чакаць караля. Але аб'яднанае толькі на пачатку кастрычніка войска мела няпоўных сем тысячаў і па ранейшаму не мела шанцаў у змаганні з шматлікім апалчэннем.

Пасля трох няўдалых штурмаў войска караля засела пад Валакаламскам, а крамлёўскі гарнізон усё яшчэ здзекліва адказваў на прапановы Пажарскага здацца на ўмовах захавання жыцця. Але рашучы паварот падзей наспяваў няўмольна.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации