Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Аркадзь Ліцьвін
Дыплом на царства
Частка I. Кур’ер Вялікага княства
“Найбольшым няшчасцем ёсць, калі правяць чужаземцы: адсюль родзіцца прыгнёт і вяліка небяспека для вольнасці,”
Біскуп мерсэбурскі Тытмар, нямецкі летапісец (975–1018 гг.)
“Восемдзесяць год з гакам правілі Рэчай Паспалітай маральныя чужаземцы – народжаныя ў Грыпсхольме, у Лобзаве і ў Кракаве”
Павел Ясеніца“ Рэч Паспалітая Абодвух Народаў”
Уступ
Адкуль пайшла смута?
Слабога розумам цара Фёдара Іаанавіча ягоны апякун Барыс Гадуноў моцна напужаў пагрозаю з боку царэвіча Дзьмітрыя*. Выправілі малога разам з маці, пятай жонкай Івана Жахлівага Марыяй Нагой, да Угліча, удзелу, прызначанага царэвічу бацькам. Да Ніжняга Ноўгарада выслалі апекуна Дзьмітрыя і патаемнага пачынальніка смуты імянітага баярына Багдана Якаўлевіча Бельскага*. Праз сем год пасля бацькі 3 чэрвеня (15 мая) 1591 года ў Углічы загінуў Дзьмітрый, а яшчэ праз сем, вечарам 26 (6) студзеня 1598 году на маскоўскім Крамлі аддаў Богу душу 40-гадовы вялікі князь маскоўскі Фёдар Іаанавіч. Вялікая княгіня Ірына з Гадуновых адраклася ад улады і пайшла шукаць суцяшэння ў манастыры.
Суседзі, ліцьвіны ды палякі, з безначаллем давалі сабе рады, хоць часам і без войнаў не абыходзіліся, а для Масковіі гэта было не ў звычаі. Але з Божай ласкі ўсё кацілася сваім парадкам, без вэрхалу, і абмеркаванне, хто сядзе на пасад, адклалі на 40 дзён. Межы закрылі адразу, каб ні туды ні назад, ані падарожнаму, ані купцу, ані віжу ці шпегу тым болей. Да двух ваяводаў дадалі яшчэ чацвярых. Варты па крэпасці стаялі што ні крок, моцныя раз’езды па ваколіцах пільна зыркалі на падарожных. Купцы польскія, ліцьвінскія ды розныя “нямецкія” сядзелі па гарадах на дзяржаўным кошце ды рассылалі служак вынюхаць сцежку—шчыліну, каб праслізнуць дадому з грашыма ды таварамі. Нават ганцоў ад улады выпраўлялі пад наглядам. Не к дабру непрыяцелям ведаць, у якіх абставінах будзе абірацца новы ўладар. Таму і прапанову Рэчы Паспалітай паклікаць на маскоўскі трон каралевіча Уладыслава адкінулі адразу. З усёй Еўропы да Масковіі прыглядаліся, бо немалая дзяржава і войска ў яе адпаведнае. І галоў прыдатных пад шапку Манамаха хапала. Праўда, люд на Маскве непакоіўся, каб не пакаціліся, як камень з гары, збройныя сутычкі, бо канца ім не будзе. А як жа абраць вялікага князя ў ваенных забурэннях?
Найбольш шанцаў на вялікакняскую шапку мелі Барыс Гадуноў, Багдан Бельскі, Фёдар Мсціслаўскі, Фёдар Раманаў. Як на забаву, трое апошніх мелі продкамі людзей з Вялікага Княства. Самы рашучы, Багдан Бельскі з’явіўся ў Маскве адразу пасля смерці вялікага князя з ладным гуртам набліжаных. Але бліжэй усіх да ўлады быў Барыс Гадуноў. Што яму з абяцанкі каралём Жыгімонтам ІІІ пасады правіцеля пры каралевічу, калі паўстала магчымасць самаўладдзя.
Хітры Гадун, пагадзіўся на цараванне 21 лютага 1585 года, але венчаны на царства толькі 1 верасня 1598 года, таксама нядоўга насіў шапку Манамаха.
Але за гэты час вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега выкарыстаў абранне Гадунова дзеля заключэння Вечнага міру Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Было спадзяванне, што пры пэўных настроях у Маскве выбарны, а не спадчынны манарх улічыць думку Земскага сабору, як у Рэчы Паспалітай кароль – меркаванні паслоў Сойма.
І тут высветлілася, што ліцьвіны за “вечны мір”, а караняжам ён не даспадобы. І гэта тады, калі Карл Судэрманскі* рыхтаваўся адабраць у Рэчы Паспалітай Інфлянты. А «вечны мір» з Масковіяй пазбавіў бы шведаў яе падтрымкі, ліквідаваў небяспеку вайны з двума непрыяцелямі, калі не ўзгадваць татараў.
Кароль Жыгімонт не адразу ацаніў сітуацыю. Але калі Карл Судэрманскі захапіў Фінляндыю і апынуўся ў Эстоніі, а валашскі гаспадар Міхай захапіў Сямігроддзе і навязаў зносіны з царом, Жыгімонт ачомаўся і даручыў Льву Сапегу рыхтаваць грамату ў Маскву. Сапегавы прыхільнікі заскарбілі падтрымку караля абяцанкай забяспечыць фінансава вайну за шведскую карону. Агульнымі высілкамі дабіліся для Сапегі надзвычайных паўнамоцтваў на падпісанне Вечнага міру.
Вялікі канцлер выбраўся ў Маскву 27 верасня 1600 года, маючы пад рукою Іллю Пельгрымоўскага, сакратара Княства, Андрэя Варапая, аршанскага земскага суддзю, віцебскага ваяводу Івана Сапегу ды ад Кароны – Станіслава Варшавецкага. Падарожнічалі тры тыдні: дзве сотні вазоў харчу і пажыткаў, розных падарункаў і прылад не давалі спяшацца. Тысяча аховы ды абслугі таксама не магла гнаць рыссю.
У сталіцы, як і ў кожным паселішчы па дарозе, пасольства сустрэлі ўрачыста і гасцінна. Але ўжо на другі дзень, 17 лістапада, пачаліся непрыемнасці. Каб свабодна хадзіць па Маскве, не было гаворкі. Тое ж і пра сустрэчы з падданымі цара Барыса без дазволу. Пасольства сядзела бы ў вязніцы за высокім плотам і пад аховай.
Не дзіва, што і шведскае пасольства з’явілася ў Маскве ўслед за пасольствам Рэчы Паспалітай. Нібы дзеля паказу шведаў правезлі перад домам каралеўскага пасольства.
Бясконца адкладвалі цырымонію прадстаўлення манарху. Праўда, працякалі чуткі, што цару няможацца, так што і да благой весткі недалёка. За цэлы месяц чакання толькі і адбылося незвычайнае, што пажар у суседніх дварах. Канцлер узлаваўся і прыгразіў, што падумае, як паставіцца да такога абыходжання, ды яшчэ ў небяспецы згарэць за чарговым пажарам.
Праз дзесяць дзён, 26 лістапада адбыўся прыём паслоў царом Барысам, а праз тыдзень пачаліся перамовы па артыкулах «вечнага міру». Але як жа без нечаканасцяў? Хоць бы такой, што цара прадстаўляў 10 гадовы сын Фёдар і ўвесь першы дзень занялі размовы пра прызнанне Барысу царскага тытулу. Каб умацаваць новую дынастыю, баяры пачалі з гістарычнай казкі пра каранаванне Уладзіміра Манамаха і прызнанне яму царскага тытулу візантыйскімі імператарамі. Калі ж Леў Сапега паказаў паперы падпісаныя маскоўскімі ўладарамі як вялікімі князямі, маскавіты прыгразілі ўжыць дзеля прызнання зброю.
Артыкулы Вечнага міру былі абвешчаны толькі наступным днём. Каб іх усвядоміць патрабаваўся час, таму адказ быў атрыманы праз тры дні. Баяры пачалі торг. Але ні дабіць торгу, ні тым больш піць магарыча не давялося.
Паабедняй парою 23 (13) красавіка 1605 года, у выніку нечаканага параксызму, магчыма ад дзеяння атруты, маючы пяцьдзесят чатыры гады, Барыс Гадуноў скончыў цараванне, пакінуўшы трон сыну Фёдару*. Але з царскай сям'ёю жвава ўправіліся князі Васіль Галіцын і Рубец-Масальскі з дваранамі Малчанавым і Шэфетдзінавым, а ўсіх родзічаў Гадуна, больш сямі дзесяткаў сямействаў, тут жа выправілі ў ссылку.
Засада, цары і «царэвічы»
Сцяжына была добра знаёмая абодвум. У шырокім полі нікога не бачна, цёмная смуга лесу яшчэ далекавата і коннік трываў у лёгкім адранцвенні, якое апаноўвае падчас доўгага пакалыхвання ў сядле, калі падковы аднастайна выстукваюць, што да пастою і начлегу не блізка. Конь сам пераходзіў з лёгкай рысі на спакойны крок і зноўку на рысь. – Колькі яшчэ давядзецца ваяжаваць з-за гэтага другога Дзьмітрыя, – лена думалася чалавеку.
Ні адмовіцца, ні іншым спосабам пазбегнуць цяжкой службы не мог і толькі міжволі лаяў імянітых вінавайцаў сваіх вандровак. Што чулася ад старэйшых, а што і сам дасведчыў у падзеях бурлівых год. Гары яны гарам маскоўскія закалоты, але сёння мусіш ведаць, што да чаго, дзеля ўласнага ацалення. Балазе ад юнацкіх год быў няблага ўсвядомлены ў дачыненнях з усходнім суседам Вялікага Княства. Яно век, кажуць, не мела спакою, само іншым не давала, але надта востра пайшло за царом, як яны завуць, Іванам Чацвертым. Як пайшло ад сакавіцкага дня 1584 году, калі сканаў гэты вылюдак і негадзівец Іван Жахлівы, так і няма тым маскоўскім закалотам спыну.
Калі пасля смерці Гадуна яснепан Леў Сапега страціў надзею дапяць свайго праз Вечны мір, па абодва бакі мяжы шмат казалася і шапталася, што дзеецца нешта зусім незвычайнае… Нібыта царэвіч Дзімітрый цудам ацалеў у маскоўскай разні і мае прынесці люду шчасце і выбавенне з усіх згрызот і пакут. Дзеля таго, нібыта, у лістападзе таго ж 1605 года ў Кракаве ўзяў шлюб per procura з дачкою сандамерскага ваяводы Марынай Мнішах*. За адсутнага, дзеля патаемнасці і бянтэжлівасці, царэвіча маладую вёў пад вянец выдатны маскоўскі дыпламат дзяк Афанасі Власьеў*. Што гэта сведчыла? Адно і неаспрэчнае: рыхтуе царэвіч адпаведную хвілю, чакайце яго, добрыя людзі.
– І ўзбілася такі адчайная пара на крамлёўскі сталец! – прамармытаў ганец у свае маладыя вусы.
Спыніў каня, старанна агледзеў збрую, падцягнуў сядзельную папругу, спраўдзіў, ці не рассыпаўся порах на палічках пісталетаў. Неўзабаве і ўзлессе, час насцярожыцца. Не было лесу, гайка ці парослага хмызняком логу, адкуль не магла б выскачыць гайня двуногіх ваўкоў, званых шышамі, збройных цара Васіля, альбо зухаў царэвіча, цікаўных да ганцоў і кур'ераў.
Ці то сапраўды быў намер вялікага канцлера Сапегі, ці шмат іншых можных прыклала свае старанні, але карысці з уваскрэслага царэвіча атрымалася вобмаль. На світанні 27 (17) траўня 1606 года ў Маскве выбухнула паўстанне і ледзь не надоечы каранаваны Дзьмітрый страціў жыццё. Колішні прыхільнік Грышкі Атрэп'ева няблага прыклаўся да змовы супраць Самазванца і, пакінуўшы чудаўскую келлю, як новаменаваны мітрапаліт круціцкі Пафнуцій заняўся палітыкай. Не пуставаць жа святому месцу: нарок на царства імянітага баярына Васіля Шуйскага* і з нагоды ўрачыстасці адслужыў малебен. Цырымонія па праву належала старэйшым іерархам – наўгародскаму ці растоўскаму мітрапалітам, але ад пэўнага часу на Масковіі ўсё з'іначвалася.
Можа таму ў ліпені 1607 года, асоба “грубых і брыдкіх звычаяў” адразу назвалася не царэвічам, а царом Дзьмітрыем, Божай ласкай ацалеўшым не толькі ў маскоўскай разні, але і падчас крывавага паўстання. Чаму ж не паверыць чарговаму цуду, калі і люд і баяры з дваранамі толькі ад цара чакаюць усялякіх даброт і прыбытку? А найперш спакою і абароненасці. Толькі не бачылася ні таго, ні другога, ні трэцяга з чацвертым.
«С царства Бориса было всё в разорении и в кровопролитии, не бывало покоя тринадцать лет, но всегда плач и слёзы», – адзначыў пазней летапісец і меў рацыю.
Вось і лес, і цішыня, толькі птушкі цвіркаюць. Знаёмая вузкая сцежка між густога хмызняку была бітая, конь пайшоў добрай рыссю і нечакана для чалавека скочыў. Звярыным чуццём адчуў небяспеку, але замаскаваная яма была даўгою, заднія ногі праваліліся, зламаўшы тонкія жэрдкі прысыпанага зямлёй насцілу, а вершнік з размаху пляснуўся на шыю каня. Паспеў выхапіць ногі са страмёнаў і шчупаком кінуцца пад бліжэйшы куст, перш чым дзве ці тры прызначаныя яму стралы прашамацелі ў лістоце. Пара наступных фуркнула з зараснікаў і спыніла пакуты каня, які яшчэ тузаўся, спрабуючы выкараскацца з ямы, а на сцежку выскачылі людзі. Малады, па панску апрануты, сярдзіта падганяў: – Хапай! Плачу за жывога ці мёртвага! Драмалі, халера на вас!
Трое з трэскам уламаліся ў густы падлесак, адзін старанна распраўляў колцы так і не ўжытага аркана.
– Кінь свой пастронак! – пагардліва рыкнуў правадыр. – Гані да коней! Туды ж пабег!
Сцежка крутым выгінам мінала палянку і ўцякач вылецеў на яе, ломячыся напрасткі. На бягу выхапіў кароткі корд і секануў вартавога, не чакаўшага нападу. Не выбіраючы, ірвануў повад першага з краю каня і ўзляцеў у сядло. Конь закруціўся, паспрабаваў узбрыкнуць, але, пачаставаны шпорамі, пагнаў сцежкай, роўнай тут, як стрэліў. «Добра, што не спудзілі вартавога, – мільганула думка. – А каб з мушкетаў ці пісталетаў…»
Як адказ, ляснуў запознены стрэл і ганец міжволі прыгнуўся. Кланяюся не гэтай кулі, а наступнай, закпіў са свайго міжвольнага страху, разумеючы, што і наступная пойдзе ўвослеп. Пераслед нібы не замарудзіў, але нападнікі разумелі, што шанцаў не маюць.
– Мала, што такога шчупака ўпусцілі, дык і каня не ўсцераглі! – злаваўся правадыр, сцёбаючы плёткай па кустах у бяссільнай злосці. – Такога каня!
– Гэта не шчупак, пане, а чысты ўюн, – нясмела запярэчыў чалавек з лукам. – З—пад мае стралы выслізнуў. Хіба толькі плячук і пацярпеў замест шыі.
– Глядзі, каб з—за гэтага твая шыя замест плячэй не пацярпела, – злосна азваўся правадыр.
Шчасце не мінула смелага, але гнаў пакуль конь не пачаў выдыхацца. Запаволіў, па нейкім часе спыніўся. Хвілінку паслухаўшы, вырашыў не збочваць. Каб падрыхтаваць такую пастку, патрэбен час, значыць ведалі, якім шляхам паедзе і калі. Не падумаюць, што памкнецца ўцякаць той жа сцяжынай. «Уратаваў, верны косю! Не лётаць больш разам! Зямля табе пухам, калі гэта не блюзнерства», – пашкадаваў надзейнага таварыша вандровак. – «Вартавы! – пырхнуў пагардліва. – Хто дрэмле на варце, сам вінаваты. Каб іншым часам, то і парку коней льга было б прыхапіць. Усё ж нейкі грош!»
Але пара было гэтаму даць адпачынак, заадно і сабе. Саскочыў, паслабіў сядзельную папругу, раскілзаў, каб пашчыпаў крыху чэзлай травы. Папаіць, нажаль, нічога не трапілася. Гарачка ўцёкаў паволі саступала месца ўсведамленню перажытай небяспекі. Зашмат давялося бачыць забітых, каб захаваць юнацкую веру ва ўласную несмяротнасць. Каб не конь і ўласны спрыт, ніхто і не ўведаў бы, дзе і калі знік. Але трэба спадзявацца на свой досвед, на шанец, на ўдачу. Дзеля адзінай істоты, якой на ягоным ацаленні сапраўды залежала. – Беражыся, родны, – упрошвала на апошняе развітанне. – Апроч цябе нікога не маю… Памятай пра гэта… – Не бойся, Гануся, нічога са мною не здарыцца, – супакойваў як мог. Ведаў, што можа здарыцца. – Слухайся пана Кіпрыяна, і ўсё будзе добра, – прыкрыў горыч няўдалым жартам.
Яна мужна не паддавалася роспачы і прасіла, каб не рызыкаваў на злом галавы, каб памятаў, дзеля каго павінен берагчыся.
– Пан Кіпрыян для мяне і брат, і бацька, але ж кожнаму хочацца мець некага роднага…, – прамовіла ціха, як для сябе самой. – Хто жывым вяртаецца… – «Ці не яе малітвы абераглі?» – падумаў шчаслівец.
Але не час быў разжалобіцца. Агледзеў здабычу. Жарабец гнядой масці быў здатны, сядло і збруя нічога сабе. Толькі страмёны высакавата, папусьціць путлішчы і будзе самраз. Аніякіх гербавых ці іншых знакаў нідзе не заўважыў. Найбольш узрадавалі пісталеты ў абодвух ольстрах. Парахаўнічка і зарады, на шчасце, з ім, так што са зброяй не найгорш. Праверыў, ці надзейна заціснуты крамяні, падсыпаў драбнюткага пораху на палічкі, асцярожна прыціснуў покрыўкі. Можа так здарыцца, што і выхапіць не паспееш, але да стрэлу зброя павінна быць заўжды гатова.
Пашныпарыў па торбах і сярод рознай драбязы знайшоў падчарсцвелы, але прыдатны хлеб, пляшку слабой гарэлкі і крыху вяндліны. У малой берасцянцы соль. Нават крэсіва з губою, так што меў іх зараз два, бо сваё заўсёды трымаў у кішэні. Пашкадаваў страчанае. Палярына ў скрутку ля задняй лукі, пісталеты ля пярэдняй. У торбах запас ежы, прылады дзеля нагляду за канём. Конь і ўсё пры сядле былі яго гаспадаркай, бо іншай не меў. І зноў збірай—набывай.
Перахапіўшы, што мелася, можна было рушыць далей. Едучы, раз-пораз спыняўся, прыслухоўваўся і не мог пазбавіцца ад думкі, хто ж спрабаваў яго ўпаляваць? Шмат непрыяцеляў у яснепана Льва Сапегі*. І тут, на Масковіі, і дома, у Вялікім Княстве, у Кароне. Вялікі канцлер Княства не залічаў сябе да апазіцыі каралю і ягонай «каморнай радзе», але заўжды хадзіў уласнымі сцежкамі.
Хоць бы тымі, калі ў руках вялікага канцлера апынуўся лёс трох краін, Масковіі, Кароны Польскай і Вялікага Княства. Ён жа разумеў, што падпісанне Вечнага міру патрабуе ад маскавітаў неверагоднага глупства альбо выключнай дальнабачнасці. Ні першага ні другога не спадзяваўся. Хіба цуд здзейсніць такі подпіс. Бо замест простага міру вялікі канцлер двума дзесяткамі артыкулаў прапанаваў аб’яднанне трох краін у адну. На Варшаўскім Сойме караняжы ўбачылі ў гэтым жаданне вырваць ад іх лакомае Вялікае Княства, ладны кавалак якога яны ўжо адхапілі на Украіне. Да таго ж з Вечным мірам каронныя палітыкі трацілі пужала, якім звыклі ціснуць на Вільню і украінскіх паслоў. Кінуліся даводзіць, што Рэч Паспалітая не такая слабая, каб выпрошваць мір у маскавітаў. Але вялікі канцлер не збіраўся саступаць і складваць рукі.
Не раз чулася, як даводзіў падначаленым, што ўсё, што аджыло свой век, не прызнае паразы, пакуль не адпомсціць таму, што прыходзіць яму на змену. А помста часта сляпая і б'е па служылай драбноце і б'е балюча, часам смяротна. Усім прыдаліся б паперы з торбы даверанага ганца. А разгадаць самыя хітрыя характэры людзі ўсюды знойдуцца. А яшчэ ж і шведы! Мала з імі клопату ў Інфлянтах, каб і тут лезлі? Але ж шныпараць, халера на іх! Усплыла ў памяці размова ў канцылярыі вялікага канцлера.
– Пакуль даедзеш, то і шведы свой гон распачнуць, – спачувальна прамовіў сакратар, падаючы старанна запакаваныя паперы.
– Нацерпіцца цар Васіль з гэтымі шведамі… – падаў голас пісар, адарваўшы вочы ад паперы, каб замяніць пяро. – Нібыта ўпарта адмаўляўся ад прапанаванай Карлам ІХ дапамогі, аж вось маем: не хто—небудзь, а Скопін—Шуйскі*, царскі пляменнік, перамаўляецца з пасланцом шведскага караля!
Cакратары, пісары і драбнейшыя службоўцы асалоджвалі нудоту корпання ў паперах цікавымі звесткамі з жыцця саноўных і яшчэ больш саноўных асоб.
– Ну не дурань жа цар, каб не бачыць, як хітры швед то нацкоўвае яго на Рэч Паспалітую, то шле ганцоў да Тушына, а сам цягне лапы да Капор'я, Івангораду, Нотэбургу, да іншых крэпасцяў Масковіі, каб адгарадзіць яе ад Балтыйскага мора.
– Яшчэ калі яснепан Леў Сапега насцярожваў Найяснейшага пана, што швед можа схаўрусіцца з Масковіяй і тады Рэч Паспалітая апынецца між двух агнёў! – усклікнуў шчыры прыхільнік таленту вялікага канцлера. – Усё так, – пагаджаўся сакратар, як больш дасведчаны, бо набліжаны, – але як давядзеш сваю рацыю крамлёўскаму ўладару, хоць і той мае пэўную долю розуму. Ды ці варта яго ўсведамляць, маючы на думцы карысць уласнага гаспадарства?
– Абмішуляць шведы маскавітаў, – не здаваўся апанэнт. – У лютым жа дамову падпісалі: асобнага міру з Рэчай Паспалітай не заключаць, ваяваць з намі да перамогі, а палонных выдаваць шведам. Гэта ж трэба такое паскудзтва ў дамову! Толькі нашчадак ардынцаў мог дадумацца выдаць палоннага іншаму ворагу! Ды за адно гэта!… А яшчэ пачакай, што тыя шведы навычвараюць!
– Цар вунь адмовіўся ад правоў на Лівонію, саступіў шведам у вечнае валоданне горад Карэлу з уездам і то не жаліцца, – суцешылі гарачага. – Неблагі набытак для шведскай кароны, бо людзі пад мушкет у іх заўсёды знойдуцца. Пагадненне вядома таемнае, але чутно, на Маскве пра яго вераб'і цвіркаюць.
На суцяшэнне відавочных страт шведы паабяцалі цару крэпасці, якія ваявода Скопін—Шуйскі лёгка адваюе з дапамогай шведскіх жаўнераў пад камандай славутага Дэлагардзі*.
– Уліта едет, когда то будет! Так у іх, здаецца, кажуць, – пагардліва хмыкнуў недаверлівы.
Як там Уліта, а шведы сапраўды не спяшаліся. Вясною 1609 года корпусы Дэлагардзі і Эвергарда Горна* падыйшлі да Ноўгарада і 31 (10) траўня з войскам Скопіна—Шуйскага пайшлі на Маскву. Якуб Дэлагардзі вёў за сабою дзве тысячы коннікаў і тры пяхоты. З вышыні сваіх дваццаці сямі год паблажліва аглядаў недавучанае войска маскавітаў і яго дваццацітрох гадовага ваяводу. Ля Цверы перамаглі пана Збароўскага*, але за сотню вёрст ад сталіцы шведы адмовіліся ісці далей. Бач, плату атрымалі толькі за два месяцы замест чатырох і горад Карэлу дагэтуль не перадалі. Цар замітусіўся з пошукамі грошай і выкананнем іншых пунктаў дамовы.
«Наше царское величество вам, любительному государю Каролусу королю, за вашу любовь, дружбу, вспоможение и протори, которые вам учинились и вперед учинятся, полное воздаяние воздадим, – паспешліва пераконваў царскі ліст, – чего вы у нашего царского величества по достоинству ни попросите: города, или земли, или уезда.»
Зямель у Масковіі досыць, а Васілю Шуйскаму, асочанаму ў Маскве нібы ў пастцы, на шведах залежала больш чым на ўласным апалчэнні.
Караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ* уваход шведскага войска ў межы Масковіі не ўзрадаваў. Менш года таму каралеўскія паслы князь Ян Друцкі-Сакалінскі* і Станіслаў Вітоўскі* падпісалі з Масквою перамір'е на чатыры гады. Можа дапамагло папярэджанне Льва Сапегі на пагрозы маскоўскіх баяраў пачаць вайну: – Вайну вы пачаць можаце, але канец вайны ў руках Божых.
Так то яно так, але істінно православное воінство Бог не пакіне сваёй ласкай. Таму і ў дзень падпісання перамір'я да неверагоднасці цёмны цар Васіль вагаўся, ці не выправіцца разам са шведамі паліць Вільню. Хоць па дамове меў выпусціць палонныз з Рэчы Паспалітай, а кароль Жыгімонт адклікаць партызанаў «царэвіча» Дзьмітрыя, не ўсе палонныя атрымалі волю і прыхільнікі Дзьмітрыя таксама не паслухаліся.
Парушэнне перамір'я Масковіяй было зручнай нагодай дзеля крыжовай выправы каталікоў супраць праваслаўя. Не так моцныя ў геаграфіі, як у веры клерыкалы пераконвалі караля Жыгімонта мімабегам змяніць і веравызнанне Пэрсіі, якая недзе там блізка за Масквою! – Найяснейшы пане! – даводзілі гарачыя. – Маем неаспрэчныя сведчанні надзейнага чалавека. Айцец Францішак не мог памыляцца.
Айцец Францішак Рыкарда, езуіт, місіянэр з тытулам пасла Рэчы Паспалітай у Персіі, настойліва запэўніваў, што тамтэйшы шах гасцінна прыме хрысціян з добрым войскам. Ну а там круцыфікс у рукі і Бог бацька!
– Пачакайце, святыя айцы і нецярплівыя вашмосьці, – стрымлівалі цверазейшыя. – Не ў ваду ж ад дажджу. Не так проста Масковію зваяваць, як некаму здаецца. – Бог, дух наш усюдыісны, дазваляе адным тое, што не дазваляе іншым, – пярэчылі непахісныя ў веры. – Веліч думак першых у тым, што ў іх закладзены няўхільны намер Божы.
Але і без Пэрсіі місія выглядала велічна. Жыгімонт ІІІ Ваза, выбарны кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі, народжаны ад шведа Яна ІІІ Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта Старога*, быў апантаны прагай абсалютнай улады. Найлягчэй яе атрымаць праз cпадчынную карону свеяў, готаў і вандалаў, якую лічыў належнай яму ад маладосці. Бабуля Ягелонка зрабіла Жыгімонта выбарным манархам у Рэчы Паспалітай, а ягоная місія – стварыць спадчынную дынастыю. Пратэстанцкаму Стакгольму, які не хоча мець над сабою караля—каталіка, раней ці пазней дасць рады. Cijus regio, ejus religio, чыя зямля, таго і вера! І з родным дзядзькам Карлам Судэрманскім*, які змусіў Рыксдаг здэтранізаваць сына караля Яна ІІІ, каб самому стаць рэгентам, а затым і каралём, управіцца. Скораная Масковія дапаможа сваім войскам і спрычыніцца да векапомных падзей.
– Вялікі князь Альгерд, славуты мечам і розумам, быў жанаты з маскоўскай князёўнай, – даводзіў вучоны біскуп менш вучоным панам—братам. – Кроў Рурыкавічаў ў жылах маткі Ягелонкі дае Найяснейшаму пану поўнае права на крамлёўскі пасад.
Паны-браты тым часам прыкідвалі, у што выльецца здабыццё таго пасаду і якія атрымаюць з яго карысці. Вялікія мроіліся сумненні. Тым большыя, чым слабейшы надзел меў пан—брат і чым бліжэй была яго рука да шаблі ці гусарскага кап'я. Лёгка і галавой налажыць. Апроч гэтага бязлітасны наступ ваяўнічага каталіцызму на ўсіх, не ўзнаваных за братоў, супярэчыў самой сутнасці Рэчы Паспалітай як дзяржавы розных народаў і веравызнанняў і не захапляў большасці шляхты, у прыватнасці ў шматканфесійным Вялікім Княстве.
– Пачэсная місія рыцарства – вярнуць шапку Манамаха яе праўнаму нашчадку, Rex a Deo coronatus, каралю ад Бога, Жыгімонту Вазу, – урачыста прамаўляў святы айцец, песцячы ў сэрцы яшчэ значнейшыя мары.
– Божа міласэрны, – думалі не надта лёгкаверныя старыя рыцары, – абарані нашых хлопцаў ад апантаных у гадзіну смутку.
Безумоўна, не ўсё, чаго хочацца, лёгкадасяжнае, хоць іншым часам здаецца, пальцам руш і атрымаеш. Як усе гэтыя кароны і вялікакняскія шапкі змясціць на адной галаве, ніхто сабе галавы не тлуміў. Урэшце можна мяняць пры нагодзе.
– Падпарадкаваўшы Масковію, Найяснейшы пан скіруе сваё і маскоўскае войска на паўночны захад, – тут святы айцец не памыляўся ў напрамку. – Дзеля апанавання ўпрагнёнай Швецыі Міласцівы пан мае падтрымку Святога Прастолу і шэрагу каталіцкіх манархаў. Нішто так не мацуе адзінства ў дзяржаве, як панаванне над іншымі народамі. Узгадайма магутны Рым!
Няблага было б прыгадаць, чым тая рымская магутнасць скончылася, але і без таго святы айцец і сам кароль не сумняваліся, што арыстакратыя Швецыі, мае кім заняць прастол і без гадаванцаў Рымскага Папы. І хаўрус з Масковіяй Стакгольм выкарыстае ў барацьбе з дынастычнымі задумамі варшаўскага летуценніка. Але знойдзецца каму даць зачэпку і ў Швецыі, каб кароль Жыгімонт мог кінуць войска на нязгодную Айчыну. – Не ўсе за ўзурпатара Карла Судэрманскага! Не ўсе супраць святой каталіцкай веры, з якой толькі і магчыма Збавенне! – упэўнена абвяшчалі правялебныя натхніцелі.
Цвярозым палітыкам скандынаўскія далягляды выглядалі не так велічна, як хімерычна. Найяснейшы пан намерваўся асесці ў Стакгольме, пакінуўшы ў Рэчы Паспалітай каранаванага пры жыцці бацькі каралевіча Уладыслава*. Правіць замест яго будзе губернатар у асобе аўстрыйскага прынца. А на нязгодную з парушэннем законаў і традыцый шляхту ўправа знойдзецца! Хоць бы з дапамогай цэсарскага войска. Шляхта падкручвала вуса і круціла галовамі. Дык дзеля ўсяго гэтага біскупы, свецкі і законны клер, апантана заклікаюць на крыжовы паход, які ператворыць ахопленую схізмай Масковію ў надзейнага і моцнага хаўрусніка?
Ішло кварцянае войска, найміты, магнацкія харугвы, шляхта са сваімі почтамі і літоўскія татары, запароскія казакі. Гналіся чароды і цягнулі абозы. І пакуль тая Масковія, жаўнерства няспынна рабавала ўласную краіну, падчышчаючы сусекі Беларусі не горш за пацукоў. А ў вялікага канцлера Княства Льва Сапегі былі свае думкі наконт усёй кампаніі, дзеля якіх патрабаваў свежых і дакладных звестак. Без іх і дасведчаны палітык мог памыліцца ў вызнаяэнні паходу: паўнавартасная вайна, авантура, ці адмысловая кампанія дзеля сціслых намераў?
Вясна 1609 года прынесла нямала бед маскавітам і без нашэсця з захаду. Тушынскі царык аблажыў Каломну і амаль канчаткова замкнуў кола вакол Масквы. Мацнейшыя галовы між дваран, пры ўсёй нянавісці да Васіля Шуйскага, ад пачатку мірыліся з ім дзеля захавання парадку. Але голад і хваробы збіралі сваё страшнае жніво. Нязгодныя з абраннем цара Васіля пакарысталіся абставінамі і зладзілі змову, але ваявода Васіль Бутурлін*, выдаў іх намеры і непарадкі не ўсчаліся.
Каб задушыць супраціў, Васіль Шуйскі, апантаны страхам шпіёнства і падшэптаў, выслаў з Масквы шмат думскіх баяраў, а розных прыхільнікаў «царэвіча» Дзьмітрыя пазбавіў тытула і саслаў у выгнанне. Не ўдалося вывесці паслухмянага Пафнуція на патрыяршы прастол. Не прайшла і асоба казанскага мітрапаліта Гермагена*, крутога ў словах і дзеях. З ім царква дапамагла б цару закілзаць непаслухмяных і няпэўных, але Свяшчэнны Сабор нарок патрыярхам Філарэта, у міры баярына Фёдара Нікіціча Раманава*. Трацячы падтрымку атачэння і пасадскага люду, цар Васіль усё больш спадзяваўся на замежных наймітаў.
– Усё гэта разумна, – кракталі баяры спрадвечных радоў. – Але пажалаваць чын думнага двараніна, калі тыя Ляпуновы ніколі не засядалі ў Баярскай думе…гэта ўжо занадта…
Высокія шапкі, як перакуленыя вёдры, пагойдваліся ў трывожнай згодзе. Ці тое яшчэ будзе!
– Штож, разумны гасудар бярэ не толькі бізуном але і пернікам, – зазначалі больш памяркоўныя і ніжэйшыя паходжаннем. – Не прагадаў гасудар з Пракопіем Ляпуновым, ні ў чым не прагадаў. Узгадайце ж, быў правадыр незадаволеных, а зараз удвох з братам за гасударом.
У сярэдзіне лістапада 1606 года падчас штурма Масквы Балотнікавым* Пракопій Ляпуноў з пяцьцю сотнямі конных дваранаў перайшоў на бок царскіх ваяводаў і паўстанцам давялося адступіць.
На шчасце цара і ўваскрэслы «царэвіч», здаецца, не меў сілы ўтрымаць пад наглядам вялізны захоплены абшар. Просты люд толькі цярпеў, а розных «прыхільнікаў» ды памагатых цікавілі рабунак і здабыча. Каб «царык» не махлярыў пры падзеле, шляхта з Рэчы Паспалітай, дасведчаная ў самакіраванні, абрала камісію з дзесяці чалавек. Ні царык, ні «царыца» Марына не маглі карыстацца грашыма без ведама гэтых «дэцэмвіраў». Князь Раман Ражынскі*, апошні Гедымінавіч, ведучы з Вялікага Княства тысячу коннікаў, прыстаў да царыка адным з першых яшчэ ў Арле і хутка выбіўся ў гетманы тушынскага войска. Ад усіх, не выключаючы тушынскіх баяраў, патрабаваў паслушэнства, ды і на царыка пазіраў з гетманскага сядла.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?