Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 16 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Хто вораг і хто хаўруснік наўгародцам?
Яшчэ ад той пары, калі абаронца і спрыяльнік святой Русі ад часоў Кулікава поля святы Сергій, аб’явіўся Кузьму Мінічу Сухаруку з наказам разбудзіць спячых, Ніжні Ноўгарад цвёрда трымаў верхавенства ў супраціве захопнікам. Прападобны Сергій вуснамі свайго абранца загадаў збіраць казну, склікаць ратных людзей ды вызваляць Маскоўскае гасударства ад ворагаў.
Было тое, ці прымроілася не так можа богабойнаму, як патрыятычнаму і палітычна спрытнаму пасадскаму, але заклік ягоны, ды ўласны прыклад, падзейнічалі. Меў у веры сваёй несумненную перавагу над прыхаднямі з Рэчы Паспалітай, якія не надта ведалі, дзеля чаго апроч здабычы заявіліся на Масковію. Толькі нешматлікія і не моцныя розумам верылі ў наўруцэнне Масковіі, а тым больш Пэрсіі, якая, халера ведае, дзе хаваецца за гарамі, морамі, стэпамі.
Святое пакліканне дапамагло Казьму Мініну знайсці надзейнага паплечніка. Абодва прыйшліся да сэрцаў пасадскага люду і значнай часткі дваранства.
– Не кожны, стаўшы старастам, першым і добраахвотна паклаў бы перад народам сваю маёмасць, – з глыбокай пашанай прамовіў князь Дзьмітрый Пажарскі. – Тое, што пасадскі загадвае скарбам, аддзяляе грашовую справу ад ратнай, абодвум на карысць, з тым і ўсяму міру.
– Ды ўжо ж, – пагаджаліся ваяводы. – Зарудзкі раздаваў казну аднадумцам ды прыбочным, а ратнікі галадалі ды разбягаліся. А казна ж не з неба – гарады давалі! – Згуртуем гарады вакол Ніжняга – ратнікаў збяром, – пераконваў князь нерашучых. – Гвалтам ды рабункам разбэшчанага казацтва канец паложым. Пакуль з бліжэйшымі бедамі не разбяромся, марнаваць сілы на караля не варта. Ягоная шляхта і так доўга не вытрымае.
– У вясёлым жыцці замілаваныя, – з зайздрасцю прамовіў нехта з маладзейшых. – Балі, плясы, забавы…
– Ад шведа нам большай бяды чакаць, – князь вярнуў прысутных да галоўнага, – але і тут трэба з аглядкай.
Дзмітрый Пажарскі, не так знакаміты родам, як ваярскімі поспехамі і адданасцю сваёй зямлі, на ваяводу ніжагародзкага апалчэння быў абраны ўсім мірам. Хоць земскі вызвольны рух не надта аглядаўся на князёў царквы, патрыярх Гермаген горача падтрымаў абранніка сваімі казанямі.
А Жыгімонт усё яшчэ спадзяваўся на перамогу над Масковіяй і ўгаворваў дацкага караля Хрысціяна* не нападаць на Швецыю, каб атрымаць яе ў цэласці. Да таго ж, калі Хрысціян паслухаецца, Швецыя не забярэ свайго войска з Масковіі і аблегчыць Жыгімонту задачу.
А шведы і так даваліся ў знакі. Ля Вялікага Ноўгарада Дэлагардзі сабраў недабіткі наймітаў з—пад Клушына, захапіў і зрабаваў Ладагу, напаў на Арэшак, затым аблажыў Карэлу, абяцаную шведам Васілём Шуйскім. Ваявода Іван Пушкін, даведаўшыся пра падзенне цара Васіля, амаль паўгоду не аддаваў горад. Калі ў лютым 1611 году з двух тысяч абаронцаў прыдатных заставалася каля сотні, пачаў перамовы з Дэлагардзі, а 2 сакавіка пакінуў крэпасць на ганаровых умовах і сыйшоў у Арэшак. Здрадлівы Дэлагардзі даў адпачыць войску і напаў на Арэшак, але не ўсё кату масленка: замест здабычы на дзесяці вазах павёз трупы сваіх жаўнераў да Выбарга.
А недасведчаны ў хітрыках дыпламатыі Пракофій Ляпуноў аніяк не мог вызваліцца ад чараў “сяброўскіх” зваротаў шведскага караля Карла IX да маскоўскіх і наўгародзкіх чыноў. Правадыр апалчэння натхняўся марнымі надзеямі і слаў ганца за ганцом у Ноўгарад. Патрабаваў дамовіцца, каб Дэлагардзі як найхутчэй ішоў на дапамогу супраць Жыгімонта.
Не дзіва, што наўгародцы разгубіліся: хто вораг а хто хаўруснік? Рэч Паспалітая займала Крэмль, магла кінуць войскі на Ноўгарад з Інфлянтаў, з—пад Смаленску, з самога Вялікага Княства, Масква сама прасіла дапамогі. Тым часам шведскі кароль прапануе наўгародцам мір, хаўрус і абарону супраць Рэчы Паспалітай. Але пяцітысячнае войска Дэлагардзі пасля ўсіх разбояў засела ў Іжорскім пагосце і не квапіцца ў паход, спасылаючыся на стан дарог. Разводдзе пасля зацяжной зімы сапраўды спрыяла падману.
Канец сакавіка 1611 года прынёс новы клопат: Івангорад громам гармат абвяшчаў чарговае цудоўнае ацаленне царэвіча Дзьмітрыя. Масква дзівілася: башку адсеклі, а ўсё жывы! Але новаспечаныя з беглых прыгонных казакі гатовы былі падтрымаць каго заўгодна, абы не накідваў ім ніякай улады.
Наўгародцы, якіх падганялі з Масквы і Стакгольму, у канцы красавіка заявіліся ў шведскі лагер “з поўнай формулай пагаднення”. Паслы дамагаліся пацверджання дамовы між Масковіяй і Швецыяй і аднаўлення сумесных ваенных дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай. Як першы крок прасілі Дэлагардзі прагнаць былых тушынцаў з Івангорада і іншых крэпасцей. За плату наўгародскія ўлады – мітрапаліт Ісідор*, ваявода князь Адоеўскі*, дваране і ўсялякага чыну людзі – згаджаліся аддаць Карлу ІХ “за почесть” некалькі занеўскіх пагостаў. А несмяротны «царэвіч» па цяплу, 8 ліпеня, з’явіўся пад сценамі Пскова, але мусіў адступіць з падыходам атрада Горна. Шведы хацелі самі валодаць горадам, а не звязвацца з нейкім Мацюшкам.
Ляпуноў і тут не ўсведаміў пагрозы шведскай “дапамогі”! Паслаў да Дэлагардзі свайго надзейнага паплечніка ваяводу Васіля Бутурліна. Паранены пад Клушынам, нацярпеўся ў палоне, вярнуўшыся ў Маскву, быў арыштаваны Гасеўскім, але здолеў уцячы. Непарушны сын Масковіі рашуча адмаўляў пагадненне з Жыгімонтам, але залішне давяраў шведам і колішняму сябру па зброі Дэлагардзі.
Уладу ў ляпуноўскім апалчэнні ажыццяўляў Земскі сабор, часцей званы Саветам усёй зямлі, але галоўныя правадыры Пракофій Ляпуноў, князь Трубяцкой і атаман Зарудзкі паспрабавалі стварыць нейкае падабенства ўрада. Тройца ўвесь час спрачалася, як удасканаліць часовае кіраванне краінай.
– Ну вось, – Пракофій Ляпуноў абвёў вачыма сядзеўшых насупраць не то супольнікаў не то супернікаў, – Савет зямлі даверыў нашай тройцы ўладу, але з ёй жа і адказнасць.
– Што ж, Савету зямлі відней, – азваўся Дзьмітрый Трубяцкой, самы радавіты з прысутных, хоць атрымаў баярства ў Тушыне. – Мы людзі ратныя, павінны выконваць.
Погляд Трубяцкога міжвольна затрымаўся на трэцім, Іване Зарудзкім. Баярын з бязродных казакоў – такога яшчэ на Маскве не здаралася! Але ж прызнаўшы баярскі чын Зарудзкага, Савет зямлі тым самым прызнаваў ягоных казакоў паўнапраўнымі ўдзельнікамі апалчэння. Маўчыць баярын Зарудзкі, але пра што думае? Чакай бяды ад ягонай вольніцы!
– Ачысціць Маскоўскае гаспадарства ад польскіх і літоўскіх людзей, адрадзіць дзяржаўнасць – вось наша першая і галоўная думка! – урачыста прамовіў Ляпуноў. – А другая – сабраць і хоць крыху вымуштраваць войска. Бо без войска пра першую думку можна і не ўзгадваць, – ушчыпліва зазначыў Трубяцкой. – І чаму дваранства адседжваецца па іменіях ды тлусцее? Лічу, хто да траўня не з'явіцца ў апалчэнне, павінен страціць зямельныя ўладанні.
Зарудзкі ласа аблізнуўся. Пагуляюць хлопцы на тым адбіранні дваранскай маёмасці.
– Ці не варта нам абмеркаваць свае ўзгодненыя прапановы на Сабор? – Ляпуноў стараўся не даводзіць да спрэчак. – Улада мы, то ад нас чакаюць нейкіх крокаў і прапаноў. Але ж, каб прылюдна выглядаць згодам, лепш дамовіцца загадзя.
– Разумна, – пагадзіўся Трубяцкой.
Зарудзкі, павагаўшыся, кіўнуў.
– Я думаю, мы павінны абяцаць свабоду ўсім казакам: з халопаў, з прыгонных, – выказаўся Ляпуноў. Зарудзкі ажывіўся, закоўзаў па лаве. Прыкідваў, як паднясе казакам, што думка належыць яму, клапатліваму атаману.
– Калі яны пойдуць у апалчэнне супраць баярскага ўраду і ворага, – удакладніў атаман.
Хто будзе ворагам для казацкай хмары, для «атаманні», як кажа пра іх патрыярх Гермаген, вырашаць таксама не гэтым дваранам ці баярам, а яму, прыроджанаму правадыру. Ляпуноў ведаў адзіны спосаб, як запабегнуць гэтым памкненням.
– Я думаю, мы згодам прымаем, што шапка Манамаха пасуе толькі ісцінна праваслаўнаму маскоўскаму чалавеку, а не ўчарашняму лацінніку? – Ляпуноў з прыязнай усмешкай зірнуў на супольнікаў па трыюмвірату. – Жулкеўскі на шчасце, нічога не дабіўся, спадзяюся і ў пана Сапегі не выгарыць.
– Несумненна, – сквапліва пацвердзіў Зарудзкі.– Люд сам гасудара вызначыць.
Адмаўляць абранне цара было б неразумна. Атаману, як і ягоным казакам, не па душы нават гэты земскі ўрад. І Ляпуноў і Трубяцкой ведалі, што Зарудзкі цішком з тымі, хто замест польскага ці шведскага каралевіча не супраць прыняць «ворёнка», што падрастае пад рукою, у Каломне. Калі “ворёнок” атрымае трон, каханак Марыны стане пры ім правіцелем. Тады і Ляпуноў і Трубяцкой будуць непатрэбны. І сын Зарудзкага ад першай жонкі пад рукою, даўно прыстроены ў двары Марыны. Прыдасца на таварыша «царэвічу».
Для Трубяцкога трэці па ліку «царэвіч», Мацюшка ці то Сідорка, хоць гаршчком яго назаві… можа таксама неблагая аказія? Але ж не выказвацца пра гэта тут і зараз. Вось ізноў аб'явіўся Ян Пётр Сапега. А што? Калі Трубяцкому не адмаўляюць баярства, то чаму Сапегу не нагадаць пра сваё «гетманства»? І адно і другое ад таго ж царыка, а калі ён жывы…Трэба прыглядацца, каб не апярэдзілі. За Мацюшкам войска не густа – прыме кожнага.
Першае апалчэнне з’явілася пад Масквой у сакавіку 1611 года, а ў красавіку Пракофій Ляпуноў, Зарудзкі і іншыя ваяводы правялі прысягу ў палках. Пайшло і дваранства ў абложны лагер пад Маскву.
А жаўнеры Сапегі, атрымаўшы чарговую абяцанку, пастанавілі служыць каралю і яшчэ на пачатку мая 1611 года вырушылі пад Маскву. Сам Ян Пётр злучыўся з імі пад Мажайскам і 17 чэрвеня стаў лагерам за мілю ад сталіцы.
– Значыць гетман Сапега да Масквы наблізіўся, але з тымі, хто нас трымае ў аблозе, ваяваць не збіраецца? – удакладніў паведамленне Аляксандр Гасеўскі, камендант крамлёўскага гарнізона. – Можа прымярае шапку Манамаха, таму і не хоча сварыцца з маскавітамі. Але ж мы патрабуем дапамогі.
Ганец не мог даць уцямнага адказу.
– Цяжка сказаць. Як бы там ні было, штурм Смаленска адбыўся. За радаю гетмана Жулкеўскага доўга адкладалі, але нарэшце ваявода Шэін здаўся Якубу Патоцкаму. Расклад сіл змяніўся і яснепан Сапега раіць гэтым кіравацца, – памяркоўна выказаўся Бражына. – Маскву гэта моцна прыбіла, – не без слабога адценню спагады зазначыў Гасеўскі. Меў свае паразы і разумеў чужую горыч. – Трох год да сотні нехапіла, як атрымалі Смаленск і вось страцілі. Нібыта сын—малалетак адвёў мужнага ваяводу ад намеру загінуць, баронячыся ў вежы?
– Кажуць так і было, – пацвердзіў Бражына. – Што тычыцца дапамогі, думаю яснепан Ян Пётр выканае загад па забеспячэнню вашага гарнізона.
А Ян Пётр Сапега вырушыў 14 ліпеня, заняў Братошын, Аляксандраўскую Слабаду, аблажыў Пераяслаўль Залескі, але роўна праз месяц стаў пад Масквой. Днём пазней здабыў Белы Горад.
Войска Сапегі моцна раззлавалася на Жыгімонта з—за адсутнасці абяцанага жолду, не вяло ніякіх ваенных дзеянняў, і ўрэшце пастанавіла кінуць службу пасля 15 верасня. Ізноў Ян Сапега быў не канкурэнт атаману Зарудзкаму, але атаман не зводзіў вока з суперніка.
– Як думаеш, што зараз пачне Ян Сапега? Мне ягоныя шашні з Захарам Ляпуновым ад пачатку не спадабаліся.
– Нічога добрага ў гэтым няма, – пагадзіўся Пляшчэеў. – Але тыя сувязі ні да чаго не прывялі. Ці не меў Ляпуноў на думцы зацягнуць Сапегу ў перамовы, каб стрымаць ягоны наступ.
– І такое магло быць, хоць той Ляпуноў ужо век не прызнаецца, – злосна прамовіў Зарудзкі. – Тут вось данеслі, што Сапега пайшоў на падмаскоўскія замкі па дамове з Гасеўскім. Відаць не перахітрыў яго Ляпуноў. Але дапамог сапежанскаму ганцу ўплішчыцца да Гасеўскага.
Злосна бліснуў вачыма некуды за вакно, дзе ладзілі нягодствы акаянныя ліцьвіны.
– Землякі ж усе трое, – хмыкнуў Пляшчэеў.– Вось і правіянту Гасеўскаму падкінулі.
– Ды і ганец той праныра якіх мала! – ледзь не плюнуў атаман. – Вельмі прыдаўся б мне да адной справы. – зірнуў з—пад ілба і падміргнуў.
– То загадай схапіць, – параіў Пляшчэеў.– Самраз, пакуль на воку. – падміргнуў у адказ.
Абодва памаўчалі, узважваючы новую дыспазіцыю. Выправа ўсвяцкага старасты магла азначаць, што частка маскоўскіх сіл пагоніцца за ім, а Сапега ізноў здабудзе так неабходны крамлёўскаму гарнізону правіянт. Лягчэй будзе дачакацца каралеўскай выручкі.
Але на Маскву кароль не пайшоў. Неўзабаве пасля заняцця Смаленска разам з Львом Сапегам выбраўся да Вільні рыхтаваць Сойм.
Кароль і гетман
Кароткі пастой на лясной дарозе каралеўскі караван сустрэў вясёлым гоманам. Зсядалі з коней, выграмольваліся з карэтаў, саскоквалі з брычак. У аддаленні пад аховай жаўнераў спыняўся гаспадарчы абоз. Забегалі фурманы і машталеры, лэпаючы пад чапракамі конскія спіны, аглядаючы вупраж, падмазваючы восі. Бронь Божа якога недагляду падчас руху!
Кароль Жыгімонт нядбалым узмахам далоні паказаў, што не зычыць сабе нічыйго таварыства і адыйшоў у цень разгалістага клёна. Прыхіліўся да шурпатага ствала і прыкрыў вочы. Услухоўваўся ў шэпт лістоты і здавалася не чуў гаманы і крутаніны. Не часта мог дазволіць сабе хвілю адасабнення.
Двое каралеўскіх дарадцаў, стары і малады, пакарысталіся магчымасцю распрастаць самлелыя ў каленях ногі і заадно пагутарыць, не азіраючыся на чужыя вушы і не замінаючы сваёй размовай Найяснейшаму пану.
– Нарэшце скончылася гэта нявызначанасць з выправай, – з уздыхам палёгкі, нібы скінуў з плячэй невыносны цяжар, прамовіў Анджэй Баболя.
Каронны падкаморы выразна запрашаў да прыемнай і змястоўнай размовы.
– Што ж, вялікалітоўскі гетман не саступае свайму папярэдніку, – азваўся Фэлікс Шчэнсны Крыскі, падканцлер кароны. – А ў пэўных здольнасцях нават пераўзыходзіць… Такое прызнанне з вуснаў караняжа шмат каштавала. У Баболі былі свае прычыны для задавальнення.
– Я то проста шчаслівы з—за такой замены, – з замілаваннем паведаміў ён.
– Можа пан Хадкевіч адзначаецца меншай гнуткасцю ў справах палітычных, затое шчыры каталік і беззаганны рэгаліст. Ну і вялікі сябра езуітаў. Так што памылак пана Жулкеўскага калі не сам то з іх дапамогаю пазбегне. Адно, што не тоіцца са сваёй непрыхільнасцю да маскоўскай выправы.
Крыскі быў прыхільнікам рашучай дзейнасці на Ўсходзе, але не так па—Гэмбіцкаму як па—Жулкеўскаму. Настойліва і паслядоўна, але гнутка, па—людску.
– Маё стаўленне да выбару Міласцівага пана выключна станоўчае.
– Як я разумею, у Коханаве спыняцца не будзем?
Пытанне пана Баболі падказвала, пра што хацеў бы паразмаўляць.
– Хіба ненадоўга, – прыкінуў пан Крыскі. – Едзем да Талачына. – Маёмасць пані канцлеравай…
– Ну, пан Леў сам не пакідае ўвагай. Касцёл там, школа, шпіталь нават… Усё яго стараннямі…
Лепш пахваліць славутага ліцьвіна, бо напэўна што благое праз гэтага вось Баболю, дайшло б да яго.
– Дбае, значыць, – не то ўхвальна, не то падкусліва адзначыў Баболя. – Так што і яснепан Хадкевіч туды з’явіцца. Ганца, пэўна загадзя дашле. Можа крыху лягчэй яму пойдзе ў гэтай выправе?
– Хто ж сёння скажа, але ў Інфлянтах, трэба прызнаць, нялёгка яму даводзілася, – паспачуваў Крыскі.– Праўда, на яго думку, маскоўскія выправы толькі адцягваюць сродкі і жаўнераў ад важнейшай Інфлянцкай. Даюць шведам магчымасць умацаваць пазіцыі і пасіліць войскі вышкаленымі наймітамі з Францыі, Галандыі і Германіі.
Пастулаты гетмана Хадкевіча наконт інфлянцкай кампаніі былі вядомы не менш, чым ягоныя славутыя перамогі над шведамі.
– У пэўнай ступені, як вайсковец, мае рацыю, але мог бы і не дражніць Найяснейшага пана сваёй празмернай самастойнасцю ды халерычнай натураю, – з нотка прыганы прызнаў Баболя. – Але справы веры…, адоленне схізмы… Ну і тая інфлянцкая вайна не без прыбытку…
Стасункі Крыскага з вялікім гетманам Княства Янам Хадкевічам вызначаліся ўзаемнай павагай, амаль сяброўствам. Таму ведаў, што вялікія прыбыткі гетман сплочвае немалымі стратамі на здароўі.
– Гэта як чуткі ходзяць, – памяркоўна зазначыў падканцлер. – Сам пан гетман што іншае кажа. Свае ложыць раз—пораз. Нездарма ж пані гетманава не раз і не аднаму жалілася, не дбае пан Ян пра будучыню. Ні сабою не апякуецца, як належыць, таму і хваробы даймаюць, ні пра сям’ю не думае.
Баболя кіўнуў, aле з’едлівая натура інтрыгана і падлізы не давала спакою.
– Чулася, што пані гетманава са сваякамі моцна пана Яна ўрабляе. На яе думку, іншым гетманам і пашаны і даравізны надаецца не ў прыклад больш, – слухач павінен быў зразумець, што насамрэч не так. – Цвердзіць, што і Замойскі* сваім часам і Жулкеўскі, перш чым на якую вайну ісці, з каралём торг учынялі. Нібыта толькі дзякуючы гетманству, ў можныя выбіліся. Зайздросніца, якіх мала!
Крыскі засмяяўся. Чуў пра бабскае звяганне ад самога Хадкевіча. Калі каго і баяўся славуты ваяр, то хіба сваёй любай Зосенькі. Ані ворагі ані кароль не ўводзілі яго ў сполах ці бяздумнае паслушэнства. Не ў прыклад вось гэтаму Баболю. Хадкевіч выдатна разумее, што дзейнічаць самы час.
– Што ж, пані гетманава мае пэўную рацыю. Яснепан гетман у можных ад продкаў сваіх, – з падкрэсленай пашанай прамовіў Крыскі. – І ўласных здольнасцей Бог яму не пашкадаваў.Самі ж ведаеце: выдатны вучань Віленскай Акадэміі меў гонар прамаўляць лацінай да самога караля Батуры, шматгадовыя штудыі за мяжою таксама не без поспехаў. Вось пані гетманавай і здаецца, што не толькі не набыў, а нават страціў з айцавізны, служачы каралю і Рэчы Паспалітай. Пэўна ж не крыўся ад жонкі, што нават срэбра ў застаў аддаваў, каб тых зухаў у Гародні і Берасці заспакоіць.
– Але ж тыя, з Гародні, нібыта з інспірацыі самога гетмана? – заўважыў Баболя.
– З чыёй бы ні завязалі канфедэрацыю, грошы патрабуюць, – уздыхнуў Крыскі. – А ў Міласцівага пана іх няма.
– Можа тымі саступкамі і войска распесціў? Усселі на каршэнь.
– І такое можа быць, – пагадзіўся Крыскі. – Але пры ўсім тым пан Ян хіба наймацнейшы з нашых гетманаў. Не параўнацца з ім анікому. Паважаю ягоныя амбіцыі: чым у сораме перад ворагам з поля сыйсці, смерць бы выбраў. І войска яго разумее.
– Aut vincere, aut mori, перамагчы, альбо памерці. Так, у Інфлянтах давёў свае здольнасці, – нібы нехаця, прызнаў Баболя. – Праўда, што да памірання, гэта больш тычыцца ягоных жаўнераў, – дадаў ушчыпліва. – Але як пойдзе сустрэча з Найяснейшым панам?
Крыскі ўсміхнуўся – Хіба ў абодвух трэба пытацца, – падканцлер памаўчаў. – На мой розум гетман будзе адстойваць сваё бачанне кампаніі нават перад каралём.
Баболя азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць.
– Я гэта да таго, што хацеў бы ўзгодніць нашы думкі. Вы ж ведаеце, з кім ён на Масковіі можа сустрэцца. Там жа колькі правадыроў ракашанскіх! Страх уявіць! – жахнуўся і перажагнаўся.
Фаварызаваны прыбочны часам атрымліваў па пысе ад Міласцівага пана, але пратэктар езуітаў, здольны ўладкаваць кожную справу ад палітычных па гандлёвыя, мог кожнаму нашкодзіць. З ім нават падканцлеру трэба быць пільным.
– Гэта праўда, – пагадзіўся Крыскі. – Дадайце яшчэ тых, хто стаяў з Янушам Радзівілам на левым флангу пад Гузавым. Занадта шмат, каб кароль не трывожыўся. Гэтыя ліцьвіны… Баболя сквапліва заківаў. Памяць рокашу і няпэўнасць ягоных першых дзён моцна сядзела ў душы лісьліўца.
– Во—во! Пакуль варагавалі, пакуль ваявалі пад Гузавам адзін супраць аднаго, была шкода, але не маглі выступіць супраць караля разам і не маглі згуртаваць усю вялікалітоўскую шляхту. Але што зараз?
Крыскі адмоўна пакруціў галавою.
– Калі Ян Хадкевіч даў слова, то ніколі яго не парушыць, – зазначыў як неаспрэчнасць. – Апошнім часам Найяснейшы пан выразна яго фаварызуе. Разумее, што нікога лепшага для сваіх задумаў не знойдзе. Нават каралева і сын пана Яна дапамагалі наставіць гетмана ў належным напрамку.
Не заўсёды стасункі караля з Хадкевічам былі сонечныя. Хапала і хмурнасці. Бездакорны ваяр ніколі не выступаў з задумамі рэформ, нават у вайсковасці не назаляў з прапановамі, лічыў сябе толькі жаўнерам, а стварыць ваенны флот раіў не адзін ён. Але вялікае значэнне гетмана ў Княстве, настойлівыя патрабаванні «упартага ліцьвіна» жолду для згаладнелага войска раздражнялі больш усякіх рэформаў. Добра, што пры ўсім тым і пры нясплочаным войску амаль ніколі не спыняў вайсковых дзеянняў.
– Сын? Не даводзілася чуць, – здзівіўся Баболя.
– Праз каралевіча Уладыслава, – усміхнуўся Крыскі.
– Шмат у каго з ліцьвіноў гарачка рокашу дагэтуль не прайшла, – вярнуўся Баболя да сваёй думкі. – І заклікаў не забыліся. Вось і непакоюся, пад якімі штандарамі гетман Хадкевіч з Радзівіламі яднаецца. А тут яшчэ ягоная сустрэча з вялікім канцлерам.
Баболя нават прыпыніўся, каб надаць значнасць сваёй трывозе.
– Два міністры Княства ў сённяшніх абставінах могуць моцна паспрачацца, але могуць і цесна паладзіць. Як на шкоду так і на карысць Міласціваму пану.
Крыскі зразумеў намёк пройды. Даўняя варажнеча Хадкевіча і Льва Сапегі не раз выкарыстоўвалася супраць Вялікага Княства. На Соймах, падчас нарад у караля, на шляхецкіх з'ездах і генералах.
– Слушнае папярэджанне, – Крыскі расставіў акцэнты належным чынам. – Наш клопат, каб выйшла на карысць менавіта нашым прагненням. Пан Леў хваравіта прымае і гневаецца, калі чуе, што Смаленшчына здабыта польскай зброяй… – Але ж нездарма яго папракалі, што беражэ сябе і вялікалітоўскае войска не пасылае ў агонь, – уставіў Баболя пашыраную плётку. – Ну, гэта ж мы такое пашыраем, – дзеля справядлівасці ўдакладніў Крыскі. – Але ўявіўшы, што вялікі канцлер і вялікі гетман аб'яднаюцца, каб адстойваць Смаленшчыну і Севершчыну… – Гэтага нельга дапусціць! – усклікнуў Баболя. – Досыць таго, што пан Леў сваім Статутам супраць Кароны забяспечыўся. Аддаць ліцьвінам новаздабытае, то што атрымаюць ваяры з Кароны?
Крыскі, захоўваючы знешнія выразы пашаны, вырашыў паставіць перад здольным інтрыганам бліжэйшую задачу, бо сам кароль гэтага не зробіць: падобныя гутаркі не пасуюць да маестату.
– Незалежна ад паставы Найяснейшага пана, паяднання гетмана і вялікага канцлера не павінна адбыцца. А гэта сустрэча – адзіная на працяглы час у будучым. Даволі паяднання гетмана з панам падчашым.
Крыскі пільна зірнуў у вочы падкаморага і злавіў неаспрэчны знак кемлівасці: задача схоплена і ад гэтага моманту шукаецца найлепшае вырашэнне.
Сваім часам Хадкевіч хваравіта адчуў страту каралеўскай ласкі на карысць Януша Радзівіла з—за адмоўнага стаўлення гетмана да маскоўскіх выпраў.
– Пэўная трывога наконт дачыненняў гетмана з панам Радзівілам мае грунт, – Крыскі вырашыў пакінуць справу Сапегі. – Як бы ні грызліся можныя ліцьвіны, стаўленне да Кароны маюць аднолькавае. У абароне правоў Вялікага Княства заадно і Хадкевічы, традыцыйна перакананыя рэгалісты, і Радзівілы, амаль да ўсіх каралёў непрыхільныя, і ўсе іншыя знакамітыя, калі іх не сутыкаць ілбамі.
Ён усміхнуўся, відаць прыпомніўшы нейкі клапатлівы выпадак з пасваранымі шваграмі.
– Не зважаючы, што Хадкевічы з Радзівіламі няспынна варагуюць, – падхіхікнуў Баболя.
Падканцлер памаўчаў, прыкідваючы ці варта кранаць слізкаватую тэму. Палічыў, што варта хоць бы дзеля падтрымкі гетмана.
– Ведаю, што ад пэўнага часу гетман і пан падчашы пішуць адзін аднаму. Не казаць ужо, што з нясвіскімі Радзівіламі поўны лад.
З—за ліцьвінскай прагі самастойнасці караняжы, часта безпадстаўна, непакоіліся пра лёс вуніі, а з ёю і варшаўскай дамінацыі ў Рэчы Паспалітай.
– Але ж нам, здаецца пара, – устрывожыўся Баболя. – Нельга каб Найяснейшы пан чакаў нас!
Ад каравана чуліся заклікі, нават трубка заграла, заіржалі коні.
…Ян Хадкевіч спаткаў каралеўскі караван раніцою чатыры мілі ад Воршы.
– Дарогай перамовімся і часу не страцім, – запрасіў кароль гетмана да сваёй карэты. – Зручней, чым у сядле, на наш век.
Хадкевіч падзякаваў за ласку, але трымаўся насцярожана. З натуры недаверлівы, меў падставы непакоіцца. Вартыя даверу людзі папярэджвалі наконт зайздроснікаў, гатовых утапіць яго ў лыжцы вады. Абставіны ж менавіта самраз дзеля такіх намераў. Пасля рознай драбязы размова дайшла да істотнага.
– Кажуць, вашмосьць, пагадзіўся з панам падчашым? Нібыта віленскі ваявода меў вас звесці?
Тон караля не сведчыў задавальнення тым пагадненнем. Дасюль розныя закіды гетман абвяргаў даволі нязмушана, з годнасцю. Але далей трэба быць пільным, бо і на яснепана Мікалая Крыштапа Радзівіла* нейкі цень наводзіцца.
– Зацны старэча пан Мікалай, – з глыбокай пашанай прамовіў гетман. – Шкадую, што некім крыўда яму чыніцца, як і мне дарэчы, нібы мы абое да чаго благога спрычыніліся.
Кароль злёгку прыхмурыўся. Ого, Радзівілы! Сваім часам маладзюткі падчашы літоўскі Януш Радзівіл вельмі настойліва дабіваўся гетманскай булавы. Заклік караля, каб спачатку “прывучыўся гетманскім павіннасцям” раз’юшыў пыхліўца. На сойме 1603 года накінуўся на Яна Хадкевіча, бо таму свяціла ўпрагнёная булава. Калі пачаў выспяваць рокаш, Януш пацягнуў за сабою малодшага брата Крыштапа і распачаў заклікі да дэтранізацыі Жыгімонта ІІІ. Пераемнікам, жах уявіць, бачыў вылюдка Габрыэля Баторага, сямігродзкага князя. Наладзіў зносіны з ім, з маскавітамі, з абаронцамі праваслаўя ў Рэчы Паспалітай Астрожскімі. Праўда, Ян Хадкевіч, завязаўшы ў Гародні прадворскую канфедэрацыю, пачаў адцягваць людзей з шэрагаў Радзівіла.
Пасля паразы ракашанаў гетман Жулкеўскі настойліва раіў пагадненне. Хадкевіч, наадварот, лічыў замірэнне заўчасным і асачыў Януша Радзівіла разам з ягонымі жаўнерамі на замках. Кароль настойваў на сатысфакцыі, але абодва правадыры, Зэбжыдоўскі ў Кароне і Януш Радзівіл у Вялікім Княстве, упарта адмаўляліся перапрасіць яго. Далікатнай справай заняўся Сэнат. Так ці гэтак, у канцы красавіка—пачатку мая 1608 году перапросіны былі зладжаны, Хадкевіч выпусціў Радзівіла з пасткі, а на студзеньскім Сойме 1609 года ракашанам была абвешчана амністыя. Заняліся і сканфедэраваным войскам. Але Януш Радзівіл займацца далейшымі змовамі не перастаў.
Варожасць Радзівіла з Хадкевічам найперш адбівалася на кампаніі ў Інфлянтах і дзеля дабра дзяржавы пасярэднікам у перамовах выступіў Леў Сапега і схіліў да фармальнага паяднання. А вось зараз самі пайшлі на сціслейшыя дачыненні. Невядома, што лепш для караля і каморнай рады, пагадненне ці працяг варажнечы Хадкевіча з Радзівілам?
– У чым жа і ад каго тая крыўда, пане гетман?
Не адказваць каралю немагчыма, але і выкладваць чуткі, няхай і праўдзівыя, не да твару вайсковаму міністру Вялікага Княства.
– Ад каго, пра тое лепш памаўчу, калі Міласцівы пан не будзе настойваць, – ціха прамовіў Хадкевіч. – А ў чым, рады патлумачыць. Вось жа не бяруць людзі да ўвагі, што пан ваявода зычы згоды, але такім спосабам, каб спачатку пан падчашы Вашай Каралеўскай Мосьці пакланіўся, потым са мною пагадзіўся. Сам жа я не маю з панам падчашым нічога асабістага. Дзеля задавальнення Вашай Каралеўскай Мосьці паяднаюся з ім, бо трэба таго Айчыне, трэба мне, трэба дзеткам маім, абы ў згодзе жылі, а тым старанней Вашай Каралеўскай Мосьці і Рэчы Паспалітай служылі.
Кароль слухаў, не перапыняючы. Ці сам гетман верыць ва ўсё сказанае? Чатыры гады таму, ад сёмага па восьмы, вялі сапраўдную пад’яздовую вайну са стралянінай і людзкімі ахвярамі. У чым толькі не вінаваціў пан Хадкевіч свайго непрыяцеля?
– Геркулес гэты! – грымеў гетман на ўсіх зборнях, прыляпіўшы свайму ворагу на ўздзіў пачэсную мянушку. – Насылае сваю чэлядзь на маіх людзей, службу мардуе нібы якіх шышоў, на кур'ераў маіх палюе, як на прыблудаў варожых! Мала яго хцівасці і жорсткасці, не грэбуе замахі на маё жыццё чыніць. З дзесятак забойцаў насылаў. На сына майго адзінага замахваецца.
Абражаў праціўніка і знеслаўляў, дзе толькі давалася, супраць службы Радзівіла сваю насылаў, ды пляндраваў сваімі жаўнерамі ягоныя ўладанні. Але не выпадала каралю нагадваць пра ўсё гэта акурат зараз.
Гетман прымоўк, мажліва чакаючы каралеўскай заўвагі, але не ўтрымаўся пан падканцлер, каб не ўставіць сваё.
– Наконт вашмосьці не сумняюся, – адразу ж запэўніў Крыскі, – але што да пана літоўскага падчашага, надзеі не маю. Гэта ж якую трэба мець злосць, каб даведаўшыся пра шчаслівую перамогу Яго Каралеўскай Мосьці з узяццем Смаленска, замест радасці, млосна яму стала! А зараз нібыта, і Айчыне і Найяснейшаму пану памысловасці зычыць. Здаецца, перапрашэнне ягонае хутчэй на ашуканства чым на паслужлівасць выглядацьме.
Гетман не падхапіў прапанаванага напрамку. Ніколі не папускаўся на прынаду ад караняжаў, хай сабе і зычлівых.
– Пра млоснасць нічога не ведаю, – усумніўся ён. – Тое ведаю, што хворы, таму мог які прыпадак здарыцца, але не думаю, каб са злосьці. Не магу паверыць, пра ашуканне Найяснейшага пана, шляхціц жа і з якога роду! Радзівіл!
Але пан падканцлер не саступаў. Спадзяваўся, што каралю адпавядае ягонае выказванне, як і тое, што перавёў размову з гетманам на сябе. Усё ж не на пустым месцы чуткі, нібыта цешыўся пан Хадкевіч, пабачыўшы, як блукае на пабоішчы між Гузавам і Ароньскам белы конь Януша Радзівіла без вершніка…
– Але ж добра ведаем, што за практыкі чыніць! – усклікнуў пан Крыскі ва ўдаваным абурэнні. – З чым да яго паны Гербурт ды Гарайскі сваіх людзей шматкроць дасылалі?
Гетман зразумеў, што спрабуюць выпытаць яго асабістае стаўленне да памянутых апазіцыяністаў. Ян Шчэнсны Гербурт*, як і Пётр Гарайскі* – вядомыя незадаволеныя. Чуў, што Гарайскі аж у Канстантынопалі скардзіўся паслу англійскага караля на свайго ўласнага. Нібыта і сына свайго абяцаў туды паслаць. Але гетман вырашыў не паглыбляцца ў гэту тэму.
– На гэта нічога не скажу. Калі хочаце копіі якіх лістоў паказаць, што ж зірну…
Але на гэта каралеўскія дарадцы не рыхтаваліся. На тым і прыехалі да Талачына…
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?