Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 9

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 9 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Змусім і Ганібала да капітуляцыі!

Князь пацягнуўся ўсім целам. Усё—ткі патросся ў сядле зранку.

– Пара і адпачыць старым касцям, – прамовіў да маладога баярына і лена запытаў: – Што там за страляніна была?

– Купка літвы наперлася. Нейкі раз’езд ледзь не ў сярэдзіну войска заляцеў. Дзьмітрый Шуйскі* зарагатаў.

– Можа паддацца спяшаліся? Усіх паклалі? – пацікавіўся як пра нешта не вартае ўвагі.

Маладзён нейкую хвілю памуляўся.

– Уцяклі, святлейшы, – прызнаўся, як хлапчук пра шкоду, і дадаў на апраўданне: – Ад страху! Але пад адным каня падстрэлілі, то пакуль вызваліўся, схапілі…

– Бач, залезлі ў пастку, – зазначыў стратэг, – а каб мелі спераду які дазор, то маглі нам яго пасекчы, ці ў палон забраць, а так маем палоннага. І што кажа?

Малады ваяр не першы раз быў агаломшаны дзіўным бачаннем бяспекі войска на маршы ці пастоі. Але як пярэчыць Дзьмітрыю Шуйскаму, галоўнаму ваяводу, ды яшчэ брату цара Васілія.

– Ну, дык дзе той паланянік? – стомлена павярнуўся да баярына. – У мяне хутка загаворыць.

Па праўдзе, больш дбаў, як забавіць час, чым нешта даведацца. Даручэнец выглянуў і крыкнуў прывесці ліцьвіна. Калі таго ўштурхнулі ў шацёр, князь моўчкі прыгледзеўся, надаўшы твару пануры, злавесны выраз. Але малады паглядны шляхціц не спужаўся і не адвёў вачэй пад упартым поглядам Шуйскага.

– Ну, дык з чым і да каго ехалі? – запытаўся князь.

– Не да цябе, святлейшы, то і з чым не твой клопат, – па маладому задзірыста адказаў палонны.

– Бач ты, які зацяты! А ты ведаеш, хто цябе пытае?

– Тытул брата вялікага князя яшчэ не тытул Ганібала, – пырхнуў маладзён. – А ты на свайго Ганібала не спадзявайся, – пагрозліва папярэдзіў князь. – Дамо і яму навучку!

Заўзятага інтрыгана цікавілі толькі здрады і шпегі. Не прыходзіла ў галаву, што непрыяцель хоча ведаць, колькі ў яго войскаа. Сам мае шмат, і не мусіць трывожыцца.

– Няма табе сэнсу ўпірацца, калі я добры, – пераконваў князь. – Але вы лаціннікі ўсе гэткія.

– А я праваслаўны! – тым жа тонам адгукнуўся ліцьвін. Шуйскі з недаверам прыгледзеўся хлапцу. Ані барады не мае, ды і адзежа нейкая не праваслаўная, відаць лацінская. Допыт пачынаў займаць князя. – А ну, пакажы крыж! – хітра прыжмурыўся.

Пераможна павёў поглядам па прысутных: падлавіў хітруна на спробе зманіць ды выцыганіць спагаду! Але палонны толькі выструніўся, ускінуўшы галаву і з гонарам зазначыў: – Досыць і слова шляхціца! Ну вось, дзеля твайго спакою перажагнаюся.

Палонны перахрысціўся трыма пальцамі на кут, дзе стаяў паходны іканастас князя. Грэх было б сумнявацца ў Боскім трыванню, калі маладзён брэша пад крыжом. Князь патармасіў бараду ў пошуках ганаровага працягу. Вайсковыя пытанні яго не дужа займалі, але вера… – Дык што ж ты, анафема, супраць дрэвлего благочэсція разам з лаціннікамі ідзеш? – ускінуўся князь, спрабуючы ўтрымацца за нітку допыту. Як большасць маскавітаў аніяк не мог уцяміць, чаму ўсе праваслаўныя з Рэчы Паспалітай не кідаюцца ў ногі валадара Трэцяга Рыма і не просяцца пад яго ласкавую руку дзеля абароны ад лацінства. Не разумеў ціхіх, поўных зайздрасці размоваў пра вольнасці суседняй шляхты, пра яе вясёлае жыццё і абазнанасць у шырокім свеце. Не баіцца караля, ды і не вельмі разумее, што гэта такое, гнеў гасудараў. Таму і гэты пеўнік, стоячы перад царскім братам, пагардліва паціскае плячыма, бо звык да смеласці. А жыццё ж напэўна мілуе.

– Няўжо святлейшы лічыць, што я адзін гэткі ў нашага караля? – запытаўся палонны.

– Але ж кароль ваш лаціннік і ератык! – выгукнуў князь, канчаткова забыўшыся на вайсковыя справы. – Не дам веры, што праваслаўны яму шчыра, дабрахоць служыць! Не праваслаўны гэта!

Нават гэтаму ўчарашняму юнаку, лёгка было заўважыць, што не ўсведаміў Гасподзь раба свайго Дзьмітрыя ані ў вайсковым рамястве, ані ў справах веры.

– У вас, на Маскве, як? – запытаўся ліцьвін. – Нават князь перад родным братам, царом, празываецца халопам недастойным, а ў нас кароль усю шляхту братамі называе.

Чуў пра гэта Шуйскі не раз. У душы, вядома, зайздросціў не драбязе шляхецкай, а тым роўным, можным, якіх кароль і пальцам не мог крануць, не тое што дабро адабраць ды паслаць у Каргопаль, а то і на плаху, не бавячыся ў суд. А тыя ж можныя не раз і не двойчы каралю бярвенні пад ногі кідаюць. Але зайздрасць не сястра спагады.

– Вось мы табе заўтра—пазаўтра назбіраем братоў ды і павесім купай, – злосна рагатнуў князь. – А пакуль паставім шанцы сыпаць.

– Смех не грэх, – прамовіў палонны, – але глядзі, князь, як бы заўтра—пазаўтра табе плакаць не давялося. Не раз мы вам скуру гарбавалі. Калі вас шмат, то не трэба шукаць, каго секчы, ці на кап'ё ўссадзіць.

Шуйскі кінуў злосны пагляд на няўрымслівага, але не паспеў нешта стасоўнае прыдумаць. У шацёр убег ад’ютант. Князь узняў галаву і пазяхнуў, паспешліва перахрысціўшы зяпу.

– Што там яшчэ?

Злаваўся на нейкі невядомы пакуль клопат. Маглі б Галіцын і Мезенцаў больш браць на свае плечы і не турбаваць драбнотай галоўнага ваяводу. “Цэлая курапатва змесціцца!” – непрыязна падумаў баярын, аглядаючы пашчу князя ў зарасніках барады і вусоў.– “Мабыць той Хадкевіч, што змалаціў шматкроць лічнейшых шведаў, гэтага ненажэру і п’янюгу і на сотніка не паставіў бы. Дасі веры, што загубілі Скопіна, каб узначаліць войска, але куды завядзе?” – Лазутчык там ад Царова Займішча, святлейшы, – ледзь не па складах, каб падкрэсліць значнасць падзеі, далажыў баярын. – Кажа, ледзь выслізнуў праз аблогу.

Бачыў, што ваявода гатовы прагнаць палоннага, усіх паслаць куды далей ды падрамаць.

– А з чым ён там? – лена пацікавіўся Шуйскі – Можа да Галіцына яго…

Але скрозь дрымоту прабілася думка, што галоўнаму ваяводу вырашаць лёс авангарда, які засеў за валамі і палісадам пад Царовым Займішчам ды, кажуць, адбіваецца ад Жулкеўскага.

– Просіцца з лістом і паведамленнямі да вашай міласці, – напомніў баярын.

Шуйскі цяжка, нібы спрацаваны кавальскі мех, засоп і зноў быў гатовы адкласці размову на потым, але перадумаў.

– Давай ужо, калі прыбег. Мог і пасядзець там. Заўтра—пазаўтра вызвалім іх, калі самі не здолелі.

Вопратка і твар валуеўскага пасланца сведчылі пра цяжкую дарогу ды непраспаную ноч. Можна было здагадацца, што і пра голад ведае не па чутках. Але князь не надта прыглядаўся.

– Ну як там у вас? Ды паланяніка забярыце! – крыкнуў сярдзіта. – Збрыд ён мне.

Не прапанаваў ганцу сесці пасля нізкага паклону, але ад’ютант сам падставіў зэдлік і падтрымаў за плечы маладога ваяра, калі той ледзь не апаў на седала.

– Ваявода Валуеў б’е чалом вашай міласці, дасылае ліст і пераказы.

– Калі будуць пераказы, навошта мне той ліст, – кінуў князь з дакорам – Мог жа і да непрыяцеля трапіць.

Пасланец адмоўна пакруціў галавою.

– Генерал Хорн схапіў француза з лістом гетмана да чужаземцаў, каб пераходзілі да яго на службу. То генерал распарадзіўся француза павесіць, а другі ліст, пры ім знойдзены, вось гэты, гаспадзіну Валуеву перадаў.

Ён выцягнуў з—за пазухі не вельмі ахайна складзены ўчацвёра аркуш. – Гаспадзін Валуеў пакамечыў у злосці, – патлумачыў ганец. – Пасля распрастаў і загадаў найперш паказаць вашай міласці.

Князь узяў ліст, нібы збіраючыся чытаць, але тут жа грэбліва падаў ад’ютанту.

– Не люблю я гэтага лацінства…

Ад’ютант разгарнуў паперыну і прыгледзеўся.

– Ліст беларускага пісьма, святлейшы, – заўважыў ён. – Блізка нашаму.

Князь засоп.

– Ну і чытай па нашаму. Чай Масква трэцім Рымам, а не Вільна!

Лістом паведамлялася, што бліжэйшым часам гетман забярэ большую частку войска ад Царова Займішча, каб скіравацца хутчэй за ўсё супраць галоўнага войска. Такім чынам створыцца аказія вырвацца Валуеву з аблогі, разнесці гэтую частку ды ўдарыць ззаду на войска гетмана на маршы, куды б ён ні кіраваўся. Ад’ютант устрывожана зірнуў на князя. Верыць ці не верыць, вестка надзвычайнай вагі! Разбіць непрыяцеля па частках у кожным выпадку і лягчэй і страт менш. Князь таксама думаў.Але не доўга. – Хітры паляк хоча вывабіць Валуева і разбіць, пакуль мы падаспеем, – прамовіў упэўнена.

– Святлейшы так мяркуе? – рашыўся ад’ютант. – А што ж Валуеў? – ад’ютант хацеў гэта ведаць найперш.

– Ён падумаў тое самае, святлейшы, – пасланец скіраваў адказ князю, – але палічыў, што вам варта пабачыць гэты ліст. Ад’ютант не сумняваўся, што Валуеў не выключае здрады ў атачэнні Жулкеўскага і спадзяецца на абазнанасць галоўнага ваяводы ў гэтай матэрыі. Князь меў неабмежаваныя магчымасці для выведкі, але навошта гэты клопат, калі заўтра—пазаўтра прывядуць хітрага гетмана на шворцы. Псу пад хвост пойдзе ягоная пастка.

– Я вам абодвум кажу, што ліст гэты сам Жулкеўскі і даслаў. Ведае нашу сілу і спадзяецца знішчыць па частках. А як жа яшчэ гэтыя хітрыкі разглядаць? – здзівіўся князь.

Ад’ютант павагаўся, але паспрабаваў прымусіць князя глыбей задумацца над паведамленнем.

– Але ж, дазвольце зазначыць, святлейшы, незычлівых Жулкеўскаму хапае, – ад’ютант пахіліў галаву ў паклоне. – Шмат каму залежыць, каб славуты гетман панёс паразу і не мог прэтэндаваць на заслужаную вялікую булаву. Нават кароль, хоць і даруе, будзе ціха радавацца. Урэшце не такое шматлікае войска страціць, каб шкадаваць.

Князь задумаўся. Разумеў, што Валуеў з Елецкім баяцца браць на сябе ўсю адказнасць у рызыкоўным рашэнні. Ведалі, што атрымаюць, а дакладней страцяць, у выпадку памылкі. Толькі навошта князю ўсё ўзвальваць на сябе? Брат то брат, але не дзіва, калі цар у гневе і здраду прылепіць.

– А што ж Валуеў пераказвае? – запытаўся ад’ютант, каб неяк перапыніць маўчанне.

– З дазволу святлейшага хацеў бы пераказаць па парадку, як загадана. – нясмела прамовіў ганец.

– Што ж расказвай, – міласціва дазволіў князь.

Паварушыўся, прымасціўся, аповяд можа быць і не кароткім.

– Як было загадана вашай міласцю…. – пачаў пасланец.

Князь задаволена крэкнуў і пагладзіў бараду. Рады быў кожнаму напамінку пра сваё ваяводства. Паваявалася за яго, паваявалася… – Як і было загадана, – прагучаў прыемны вуху паўтор, – наша войска заклала ўмацаванне пад Царовым Займішчам. І стала ў ім нашых ды чужаземцаў пад восем тысяч… – Дык і валы насыпалі і палісад паставілі? – запытаўся Шуйскі.

Менавіта такім быў намер: гэтым авангардам прыцягнуць да сябе войска гетмана Жулкеўскага і адначасна закрыць яму дарогу на Мажайск і Маскву.

– Не на ўсё хапіла часу, бо Жулкеўскі ужо 23 чэрвеня быў на месцы, а вечарам сам рушыў на агляд.

– Адзін, сам? – ажывіўся князь. – Варта было забрытаць такога адважнага.

– Не, святлейшы, з атрадам, – крыху здзіўлены пытаннем патлумачыў ваяр. – То гаспадзін Валуеў выслаў насустрач конных ды пешых, тысяч каля трох і адбылася сутычка на грэблі перад нашым умацаваннем.

– А як жа даведаліся, што там гетман? – пацікавіўся ад’ютант.

– Перабег да нас чалавек, з нашых, масковец. Ён і паведаміў.

– Але чаму ж не ўзялі якога лацінніка? – незадаволена запытаў князь, нібы перад ім сядзеў той няўклюда Валуеў.

Ганец не мог прызнацца, што самі страцілі з дзесятак забітымі, а палонным нават ротмістра. Ведаў як будзе сустрэта такое паведамленне.

– Асмелюся нагадаць, святлейшы, – пасланец сумленна стараўся давесці галоўнаму ваяводу стан войска пад Займішчам. – Жулкеўскі адцясніў нас у сам лагер. Два дні мы з ім біліся са значнымі стратамі, а на трэці ён, гетман, узнёс перад лагерам дзве невялічкія фартэцыі і адтуль моцна нам шкодзіць абстрэлам. Так што адрэзаў адыход хоць бы да Мажайска, а ў нас голадна.

Ад'ютант міжволі пакруціў галавой. Вось табе і перакрылі шлях на Мажайск, толькі не Валуеў з Елецкім, а спрытны гетман.

– Пра голад ты ўжо казаў, – пакрывіўся Шуйскі. – Заўтра—пазаўтра вызвалім вас і ўсё наладзіцца. Але ж і самі не спіце.

– Аднойчы мы ўсё ж выбілі іх з таго, як яны называюць, форту і пастралялі нямала, – як на апраўданне сказаў пасланец.

– Вось бачыш, – удабрухаўся князь. – І пастралялі. А ты кажаш… Ад’ютант паспяшаўся на дапамогу ганцу.

– А якія ж, насамрэч, сілы ў гетмана? Ці што выведалі?

– Ад таго ж перабежчыка, – узрадаваўся дапамозе пасланец. – Апроч уласнага палка гетман мае яшчэ тысячы чатыры.

Князь спахмурнеў. Не шмат палонных згорнеш з такой гурмы. Што гэта супраць ягоных тысяч. Але недзе ў душы варушыўся непакой. Прыгадваліся тыя палкі і міжволі бачылася шчэць пахіленых коп’яў ды бляск панцыраў за імі. Не збераніна там, з бору па сасёнцы, прасці Госпадзі. Але князь не паддаўся заўчасным страхам. І ў яго замежнік не саступіць гетманскім, калі яшчэ не пераўзыйдзе ўмельствам. Адно не перастарацца з вынішчэннем… – Дык ён лічы ўсіх і сабраў пад Займішча, – выказаў князь агульнае меркаванне.

Незаўважна для самога сябе канчаткова пазбыўся дрымотнага стану і хацеў большага ўдакладнення. Цешыў перадсмак перамогі.

– Падобна, святлейшы, гетман нікога больш не чакае. Так гаспада нашы, Валуеў і Елецкі загадалі перадаць.

– Што ж, мы на тое і разлічвалі, – ласкава прамовіў князь. – Я ж казаў, што кароль не расшчодрыцца на войска гетману.

Шуйскі павярнуўся да ад’ютанта нібы за прызнаннем яго, князя, прадбачлівасці і вайсковай мудрасці.

– Так, святлейшы, – пацвердзіў баярын. – Калі неадкладна рушыць, то Жулкеўскі будзе заціснуты ў абцугі. Мясцовасць паспрыяе такому манэўру.

Князь пакрывіўся. Панабралася моладзь ад тых немцаў са шведамі розных слоўцаў.

– Менавіта тады і дачуліся, што набліжаецца войска вашай міласці,– працягваў ганец. – То гаспадзін Валуеў і вырашыў прасіць паспяшацца.

– Усяму свой час, – урачыста прамовіў князь. – Усё ў цябе?

Зрабілі адну вылазку, то збяруцца і на другую. Зоймуць гетмана. Але пасланец выклаў яшчэ не ўсё.

– Паведамляе ваявода, што з порахам і кулямі няблага, – заспяшаўся, баючыся, што князь спыніць, – але ж людзей і коней у лагеры даволі, а ежы і нават вады не стае. Трымаецца, але чакае загадаў. Гэта хіба ўсё, святлейшы.

Князь крактануў задаволены. Анічога страшнага. Вернецца пасланец з добрымі весткамі, то і голад сцерпіцца, а праз дзень—другі ўсё будзе найлепш.

– Значыць так і перадай: заўтра—пазаўтра будзем піць гарэлку ў вашай крэпасці, а гетман будзе нам кубкі падаваць, – ён зарагатаў. – А ліст гэты забірай, хай вам будзе напамінкам пра страхі непатрэбныя.

Ад’ютанту адно стаўленне святлейшага да аховы войска бачылася мяжой дураты, але ж ці мае дурата межы. І не давядзеш яму нічога. Ад’ютант аддаў ліст з неахвотаю. Не супраць быў бы падумаць над ім з князямі Галіцыным ды Мезенцавым, яшчэ з кім, хто больш думае пра войска, чым пра келіх ды закусь.

– Можа ганец паспіць гадзін колькі, – паспрабаваў параіць.

Князь незадаволена чмыхнуў.

– Малады, вытрымае. Няхай падкінуць крыху конна, ды ежы якой дайце.

Абодва зразумелі, што размовам канец. Ганец цяжкавата ўзняўся і з паклонам пакінуў шацёр. Ад’ютант крыху затрымаўся.

– Якія будуць загады, святлейшы?

У тоне чулася недагаворанае. Афіцэру карцела падказаць, якіх загадаў не стае. Варожае войска паблізу. Раз’езд яго ўлятае ў самае размяшчэнне, а ўсім гэта нібы забава. Што ж з таго, што іх менш. А хто ведае, колькі дакладна і што ў іх наўме. Іхнія гетманы не лапцем шчі хлебают, хоць бы таму, што лапцей не носяць. Увесь час на войнах: з туркамі, з татарамі, са шведамі. Іх б’юць, і яны б’юць. Але князь толькі напомніў: – Падгані там з вячэрай. Гасцей чакаю. Во, здаецца, першы, – выцягнуў шыю, прыглядаючыся навонкі шатра. – Ступай!

Перад шатром пачуўся глухі стук капытоў па мяккай траве, бразгат збруі і галасы. Прыгнуўшы галаву, у шацёр ступіў генерал Дэлагардзі. За ім яшчэ маладзейшы за яго ад’ютант, перакладчык і даручэнец у адной асобе.

– Заходзь, заходзь, генерал, а то аднаму сумота невыносная, а тут яшчэ дробязямі даймаюць, – паскардзіўся Шуйскі, не ўзнімаючыся насустрач госцю. – Акурат і пачастунак павінен паспець.

Не віталіся, бо мелі размову ранкам. Француз таксама не турбаваўся мажлівай сутычкай “заўтра—пазаўтра”. Быў згодны з князем—ваяводам, што гетман сам пад нож не палезе, а пры такой перавазе вынік бітвы прадвызначаны. Адступаць Жулкеўскаму некуды, ён як у абцугах між валуеўскім “астражком” і войскам Шуйскага. Так што можна выпіць келіх за несумненны поспех. А што адным келіхам не абыдзецца, дык тое ў натуры князя Дзьмітрыя.

– Прысядзь, генерал, ды адпачні, пакуль госці сыйдуцца, – Шуйскі паказаў на лаву, пакрытую татарскім кілімам. Даручэнец апусціўся на зэдлік блізу начальніка. Не ўгадаць было, што прайдзісвет Дэлагардзі разумее, а з чым патрабуе перакладу. Гэта давала час абдумаць адказ не толькі ў размовах з хаўруснікамі—маскавітамі. Даведаўшыся пра з’яўленне Дэлагардзі, прыбег Васіль Бутурлін. Па сяброўску абняліся, папляскалі адзін аднаго па спінах, задаволеныя сустрэчай. Блізка сыйшліся некалі пад камандаю Скопіна—Шуйскага. З вясёлай гаманой уваліліся князі Андрэй Галіцын* і Даніла Мезецкі* са сваімі заступнікамі. Застолле запавядалася ўдалым.

– Спадзяюся, заўтра—пазаўтра і венгерскага скаштуем, – пляскаючы сябе па чэраву, абнадзеіў застольнікаў Галіцын.

– Ды ўжо ж, – падхапіў Шуйскі, – гетман не адну барылку ў абозе мае. Яно ў шляхты ў самай павазе, венгерскае.

– Ну і мы не супраць, – зарагатала грамада.

Няблага і паваяваць, калі пры вялікай сіле, з малымі клопатамі ды пры шчодрым стале. Тое, што не будзь гэты п’янюга царскім братам, нікому і да галавы не ўзбрыло б ставіць яго над войскам, думалася, але не выказвалася. А князь, пэўны сваёй перавагі, лічыў непатрэбнымі розныя там мудрагельствы. Хіба толькі дурань палезе на яго маскоўскую раць з чужаземцамі на дадатак, а гетмана за дурня не трымаў. І чужаземнае войска гэта табе не апалчэнне, і генерал Якаў Понтус Дэлагардзі не баярскі сын з—пад Уладзіміра ці Разані. Бач, паседжвае пеўнем, бо ці не ўсімі маскавітамі пагарджае. А не такая там птушка супраць радавітага баярына. Праўда, сын французскага шляхціца з Лангедока ды Евы Браге, юнацкай сымпатыі шведскага караля Густава—Адольфа, усе вайсковыя навукі з’еў, на вайне ў Лівоніі праславіўся. У дваццаць два гады трапіў на службу да Морыса Аранскага, ці не найлепшага знаўцы ваярскага рамяства. Генрых IV зваў у Францыю, ды пацягнула ў Швецыю. Як толькі цар Васіль Шуйскі папрасіў шведскай дапамогі, кароль і выправіў да яго Якава Понтуса.

Здаецца цар Васіль не прагадаў. Разам са Скопіным Дэлагардзі вырушыў з Ноўгарада на Маскву. Дарогаю разбіў войска Рэчы Паспалітай у Цверы, вызваліў з аблогі Троіца—Сергіеў манастыр і ўвайшоў у сталіцу. Вось з князем Дзьмітрыем ідзе на самога караля, а мімабегам паб’юць і Жулкеўскага. Дзьмітрый Шуйскі абвёў поглядам застольнікаў.

– Трэба войска ды чэлядзь папярэдзіць, каб не надта звярэлі над палоннымі. Усе згодна павярнулі галовы. Маскоўскі звычай патрабаваў ад падначаленых пераймаць і меркаванні і настрой галоўнага ваяводы.

– Я чай не хан Батый, – працягваў той з блазнаватым смехам, – мне адсечаныя галовы не патрэбны. А вось рукі спатрэбяцца.

Падначаленыя няўцямна пазіралі на князя. Той, задаволены іх разгубленасцю, зарагатаў на ўсю моц.

– Што падумалі, сердзешные! Не адсечаныя рукі патрэбны, а пры галовах і нагах спраўных.

Найбольш здагадлівыя заўсміхаліся, паказваючы, што жарт спадабаўся, чакаюць працягу для някемлівых. Князь не адмовіў сабе такой прыемнасці.

– Цар Іван Васільіч, царства яму нябеснае, ведаў, што робіць, калі палонных ліцьвінаў тысячамі прыгнаў на Валдай і на саму Маскву. Майстравіты народ. Што на вайне, што на ворышчы. Вось асаджу іх на сваіх вотчынах уперамешку і няхай стараюцца. А са шляхтай проста: ёсць выкуп – на волю, а няма грошай – пад сякеру і ўвесь сказ!

Весела акінуў вокам застолле. Разуменне было поўнае. Князь Андрэй Галіцын, удзельнік перамог над самазванцам ля Кашыры і ў Туле, Даніла Іваныч Мезецкі, колішні любімец Гадунова, акольнічы, таксама не супраць разжыцца халопамі, ну і астатнія.

– Калі прыгледзець за чэляддзю, то халопаў на ўсіх хопіць. Усё ж там тысяч да васьмі з рознымі “карміцелямі”, – заўважыў Мезецкі.– Адно – не высякаць падчыстую.

Князь успомніў пра валуеўскага лазутчыка. Зараз, у вясёлай грамадзе, страхі Валуева здаваліся нават смешнымі.

– А што надумаў Жулкеўскі! Падмётнае пісьмо ў “астрожак” падкінуў. А там пісана, што гетман частку войска пакіне перад умацаваннем, а з другой на нас рушыць.

Дружны рогат пакрыў апошнія словы. Калі ўсяго войска не Бог ведае колькі, то нават невялікае паслабленне звядзе яго вартасць на нішто.

– А чужаземцаў Хорна іншым лістом заклікаў да сябе на службу.

Швед паспешліва зашаптаў Дэлагардзі на вуха. – Каб хутчэй галовы страціць, – усклікнуў ад’ютант князя Галіцына.

Дэлагардзі падтрымаў вясёлым рогатам: не знойдзе гетман дурняў! Сваім грошай няма плаціць, а чужынцаў спакушае. Але князь Мезецкі заўважыў.

– Гэта дрэнна. На чужаземцах нам моцна залежыць.

– Хорн, не будзь дурак, – са смехам супакоіў Шуйскі, – павесіў таго даручыцеля.

Калі суцішылася чарговая весялосьць, князь Галіцын узняў палец, нагадваючы пра важную акалічнасць.

– Абавязкова, святлейшы, самога гетмана зберагчы. А то калі стане ўпарты яснавяльможны сцяною са сваімі прыбочнымі, могуць і пасекчы ў запале.

Дэлагардзі ізноў весела разрагатаўся, пачуўшы пераклад.

– Гэта мне даручыце, – генерал адклаў нож. Глынуў з кубка. – Аддорак яму вінен.

Француз са знаўствам дасведчанага апавядальніка счакаў, колькі трэба, каб зацікавіць.

– Старая гісторыя, – працягваў весела. – У Інфлянтах, пад Вольмерам, як мы ні бараніліся, мусілі паддацца Жулкеўскаму, – пачакаў пакуль тлумач перакажа, – Чатыры гады ў палоне… Прысягаў, што супраць Рэчы Паспалітай ваяваць не буду ды іначай карта выпала…

Дэлагардзі абвёў застолле забіяцкім поглядам, ці ўсе слухаюць.

– Дык вось тады гетман падарыў мне шыкоўную шубу з футра рысі.

Маскавіты былі ўражаны рыцарскім учынкам. Тое, што рыцар Дэлагардзі не трымаўся свайго слова, прысутных не кранула: за ахвяраваныя царом грошы…

– То я падрыхтаваў яму собаля! – пад агульны рогат выгукнуў француз па маскоўску. Старанна засвоіў сказ, рыхтуючыся да застолля. Вось гэта спосаб збіць пыху з непераможнага гетмана!

– Знамо дело, надо отдаріць! – усклікнуў Шуйскі, узмахам рукі загадваючы наліць кубкі. – Што ён, цікава зараз робіць? – запытаўся ва ўсіх і ў самога сябе.

– А напэўна сядзіць ды прыкідвае, як вытаргаваць памяркоўныя варункі капітуляцыі, – пад агульны смех пераказаў тлумач словы Дэлагардзі.

Шуйскаму спадабалася гэта замежнае слова. Уявіў як будзе каціцца яно па натоўпе, калі павядзе вуліцамі Масквы паланёнага гетмана і ягоных палкоўнікаў.

– Ка—пі—ту—ляцыя! – паўтарыў князь па складах і ўзняў чару. – За капітуляцыю!

Падтрымалі дружна і з гоманам, не ведаючы за што п'юць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации