Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 12 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Гэтыя двое аб'явіліся не адразу…
Адкуль бы ні вылезлі гэтыя двое, сочаць за ім. Ад баяраў? Царскія? Аб'явіліся не адразу. А можа паленаваўся часцей азірнуцца і ў час не згледзеў. Бражына паспрабаваў прыспешыць перад узгоркам, каб мінаваўшы лагчынку, з наступнага ўбачыць сваіх пераследнікаў на той жа адлегласці. Два ўзгоркі і лагчына між імі, ні бліжэй ні далей. Паспрабаваць галопу? Але і пад імі напэўна не здыхлі. Спыніўся нібы падцягнуць папругу і тыя паслухмяна стрымалі коней. Выбіраюць час і месца нападу, ці гоняць на падрыхтаваную засаду, каб з перавагай, без страляніны? Кур'ера і дапытаць цікава. Але не першая забава, дасць Бог, пашанцуе.
Няўжо помсцяць, што не даў звесці гетмана ілжывымі весткамі? Не, хутчэй палююць на паперы Жулкеўскага, бо ведаюць, каму вязу. Надвячоркам трэба большай чуйнасці, але ці не вырашыцца справа да змяркання? Надарылася б магчымасць здагнаць які гурт падарожных, глядзіш, абыйшлося б без страляніны, але зноў жа, ці будзе ён сваім?
Раптам спахапіўся, што пазнае мясціну. У трывожных думках не заўважыў, што дарога знаёмая да дробязяў, сваім часам не раз ёю ехалася. Тут і варта паспрабаваць, пакуль не ссутонела. Калі не памыліцца і ўзгорак укрые на некалькі хвілін, патрапіцца на тую дарожку. Не зарасла ж яна за гэты час. Як толькі страціў тых з вачэй, пагнаў галопам ускрай дарогі, каб не праляцець патрэбнае месца. Калі памяць не здраджвае, яно на саменькім нізе лагчыны. Пан Бражына прадраўся праз кусты на ўтравелую дарожку, зручную нават для двух вершнікаў побач. Асобныя кусцікі не заміналі ўпэўніцца, што не памыліўся.
Бачылася нейкая наканаванасць, што ізноў ратуецца гэтым шляхам. Першым разам у маленькай леснічоўцы падгаілася рана, другім заскочыў аддзячыць людзям за дабрыню. Магчыма сёння там іншыя людзі, а можа і ніхто не жыве. Ды і патрэбы няма заязджаць.
Відаць рана супакоіўся. Лясныя прыцемкі палыхнулі стрэлам, і куля свіснула над самай галавою. Пан Бражына міжвольна прыгнуўся на пробліск і павольна спаўзаў з сядла нібы паранены ці забіты. Фартэль стары, але прыдатны. Конь ступіў яшчэ некалькі крокаў, і спыніўся. Бражына саслізнуў пад лазовы куст, каб конь засланіў ад другога стрэлу. Цяпер без шолаху затаіцца. Конь адыйшоў яшчэ на пару сажняў. Бражына напружваў вочы, але нічога разгледзець не мог. Павінны вылезці, каб пераканацца, што з ім, дабіць, калі паранены, разжыцца канём. Але відаць і тым цярпення не пазычаць, маюць досвед. Не даацаніў іх. Залішне паспадзяваўся на сваю хітрасць, а яны ведалі сцежку заехаць наперад. Так прайшло некалькі пакутлівых хвілін.
Спачатку ледзь чутна шапатнулі галіны па той бок сцежкі. Здалося, даляцеў шэпт. Ізноў ціша, рашучы трэск ламачча, і адзін за адным выграмаліліся на дарогу. Пастаялі перашэптваючыся, але адзін не вытрымаў.
– Ды капцы яму! Жывы застагнаў бы, а то і заенчыў. Мае кулі не хібяць!
– Я і не кажу, але ж нездарма папярэдзілі, што малады але хітрун, якіх пашукаць. Праўда, калі збег, конь так і гэтак наш.
Голас першага чуўся ўжо зусім выразна.
– Хацеў бы я зірнуць, як бы ты хітраваў ці бег з куляй у мазгаўні, – хрыплы смех усё ж сведчыў прытоенае хваляванне.
Бражына асцярожна ўзвёў куркі пісталетаў. Яшчэ хвілю патаптаўшыся, мусілі пераканацца. А яму трэба забіць абодвух. Ніякага паланення, ніякай ласкі. Барацьба з двума ў начным лесе не варожыць перамогі. Але каб жа ўгадаць з якога боку зойдуць. Кусты навокал падказвалі найбольш верагодны, і пан Бражына асцярожна павярнуў галаву, каб начас згледзець постаці на тле неба. Павінны ж над ім схіліцца, кашэль намацаць, паперы, калі дзеля іх гналіся. Гэта і будзе адпаведны момант, ні раней, ні пазней! Страляць толькі ва ўпор.
Не гадаў, ці паспелі тыя здзівіцца, перш чым струмені грымучага агню з абедзьвух рук уяўнага нябожчыка звалілі іх у густую траву. Адзін яшчэ жыў. Бражына выхапіў кінжал на поясе замахоўца і дабіў яго адным дакладным штыхом.
Падумаўшы хвілю, выстраліў з пісталетаў абодвух замахоўцаў і кінуў ім блізу рук. Нехта ж з’явіцца праверыць: няхай варожаць, ці не самі пазабіваліся.
– Як нехта казаў, калі не музыка, – мармытнуў, невядома чаму злуючыся, – не бяры скрыпкі ў рукі.
Сеў на каня і рушыў старым шляхам. Двух засад напэўна не рыхтавалі, але азіраўся як злодзей. Да паселішча дабраўся позна, але дым над кузняй пыхкаў у такт кавальскага меху.
Ганец прыгледзеўся і не заўважыў нічога падазронага. Пад'ехаў, пачакаў хвілінку і саскочыў. Прыгнуўшы галаву ступіў у дымны пах і чырванаватую цьмянасць кузьні. Каваль толькі што перастаў варухаць ручкай мяха і глянуў на прыбыша.
– Трэба падковамі заняцца, – крыкнуў Бражына, – але грошай не маю!
– А бяз грошай падковы не трымаюцца, – падаў голас стары.
Седзячы на калодцы, асцярожна мэцаў шурпатым пальцам насечку сярпа. Мабыць заявіўся забраць прыладу, а заадно паслухаць навіны, якія да кузьні, як і да шынка сплываюцца разам з наведвальнікамі. – Магу сплаціць вухналямі беларускай работы, – прапанаваў ганец і каваль хуткім крокам падступіўся ледзь не ўпрытык.
– Кажаш, беларускай работы? Пакажы.
Бражына выцягнуў з скуранога мяшэчка некалькі цвікоў. Каваль чамусьці выцер рукі аб скураны фартух, выбраў адзін і падкінуўшы яго на далоні, прыгледзеўся пры святле горна.
– Неблагая работа, мабыць сапраўды беларускія. Магу і ўзяць.
Каваль забраў мяшэчак з рук ганца і прыкінуў яго вагу.
– Магу і ўзяць. Паказвай капыты.
Паставіў мяшэчак на кавадла і скіраваўся на двор. Калі ўжо так, то па чарзе агледзелі ці спраўна трымаюцца ўсе чатыры падковы. Заадно і перамовіліся.
– Мяне перастрэлі ці здагналі, – ціха прамовіў ганец, азірнуўшыся.
– Мабыць ішлі ўслед, бо тут нікога не было. Адбіўся?
– Зваліў абодвух, таму мушу памяняць кірунак, кругаля рушыць, – сказаў Бражына. – Але перад тым трэба пераседзець у надзейным месцы. Няблага было б прыгледзецца, хто тымі зоймецца. Павінны ж пацікавіцца. Ды і коней я не забраў. – Ясна, – кіўнуў каваль. – А скажы, пане—браце, калі мяне забяруць адсюль? – Але ж кузьню маеш неблагую. А дома што?
– Няміла мне ўсё тут, ды і шаблю трымаць забудуся.
Бацьку вось пахаваў. Няўжо і мне ў чужую зямлю легчы?
– Перадам вялікаму канцлеру.
– А цяпер, прынясу прыладдзе ды крыху паляскаю.
Па кароткім удаванні направы, развіталіся.
– Там далей, – махнуў рукою, – мой хутарок. Павернеш налева і проста перад сабою, пакуль не наткнешся. Знойдзеш хлапца, спашлешся. Разгасцюйся. Ніхто туды не лазіць, але мей вочы на наваколле.
– Пастараюся, – паабяцаў Бражына.
Няхай жыве Уладыслаў Жыгімонтавіч! Многая лета!
Здараецца ў трагічныя дні, што народ нават прыход захопнікаў сустракае як запаведзь парадку і ладу. Асабліва, калі ў сваіх правадырах не бачыць згоды і старання, а не надта жорсткі захопнік трымаецца ў прыймальных межах. Так і з войскам Жулкеўскага. Яшчэ пры Васілю Шуйскім маскавіты захоўваліся зычліва і часта прыносілі гетману патрэбныя весткі. А лісты гетмана важным асобам на Маскве і універсалы, якія служылі згубе Шуйскага, ахвотна неслі да сталіцы.
Жулкеўскі новымі універсаламі абвяшчаў, што ідзе супакоіць край і абараніць люд ад рабункаў і гвалту, а трон аддасць каралевічу Уладыславу Жыгімонтавічу, на міласцівае цараванне. Гарады і крэпасці на шляху Жулкеўскага, не маючы сілы абараніцца, адзін за адным агалошвалі падданства каралевічу.
Пад Масквою войска гетмана стала на Харашэўскіх лугах. Ізноў выправіўшыся на сталіцу, царык разам з Янам Пятром Сапегам, уладкаваўся за мілю ад сталіцы па другі бок горада. Там і знайшоў яго Бражына.
…Ян Пётр Сапега сустрэў ганца гучным воклічам.
– Ізноў да нас, вашмосьць? Доўга шукаў?
– Заявіўся ганец ледзь не разам з тым, хто яго паслаў, – засмяяўся Бражына. – Пытаў, дзе цар Дзьмітрый, ну і гнаўся ўслед. Пакінулі наседжанае месца?
– Тушын маеш на думцы? Шмат змен апошнім часам, шмат, – адказаў усвяцкі стараста, паківаўшы галавою. – Як і ў вас, дарэчы.
Запрасіў сесці, даючы зразумець, што з размовай не падганяе і часу мае досыць.
– Дзеля ўсіх тых зменаў і прысланы, яснепане, – прамовіў Бражына, вымаючы лісты Жулкеўскага.
– Можа перахопіш чаго, пакуль прагледжу? – спахапіўся стараста.
Не чакаючы згоды, крыкнуў да ўваходу і як з—пад зямлі з’явіўся паручнік Малей. Прывіталіся, не тоячы радасці.
– Вазьмі яго, браце, бо галадаў дарогаю, – паказаў на ганца Сапега. – Сам бачыш! Horribile dictu, страх казаць!
Бражына адзначыў, што гетман, бо стаў ім для войска царэвіча 25 чэрвеня 1610 года замест князя Ражынскага, трымаецца падкрэслена зычліва. Што таму прычынай, здагадацца пакуль не мог, але пачуваўся вальней.
Калі ганец вярнуўся ў шацёр Сапегі, гетман яшчэ сядзеў над лістамі. Перачытваў іх ці проста думаў?
– Ну, зараз можам і пагутарыць. Дык быў пад Клушыным?
– Не давялося, – адказаў Бражына, – sic fata tulere, так лёс прынёс. Сцярог Валуева, але і мяне сцераглі.
Ён як смяшней расказаў усю прыгоду са сваім затрыманнем.
– Ну іх таксама можна зразумець, – нібы суцешыў у крыўдзе гетман. – І з Валуевым, як бачыш, спатрэбілася.
Было ясна, што мае на думцы прылучэнне да Жулкеўскага войска з Царова Займішча.
– Бач, адначасна прыйшлі да Масквы, – адзначыў Сапега. – O, me miserum, о, я няшчасны! – усміхнуўся ён.
– Падказваюць на словах, яснепане, не так спяшацца, як удаваць, і пазбягаць сутыкнення, – прамовіў Бражына. – Пану гетману залежыць, каб баяры напалохаліся і самі запрасілі абароны ад цара—царэвіча, ну і ад вас, – усміхнуўся ён.
Для Сапегі гетман Жулкеўскі быў найперш жаўнерам, які не меў часу азірацца за палітыкай, але гэта не значыла, што не меў у ёй кемлівасці.
– Абароны ці дапамогі? – палічыў патрэбным удакладніць Сапега. – У залежнасці ад таго і спалох наводзіць, – патлумачыў ён. – Раз’езды, набегі, лісты падмётныя…Як мне здаецца, пан гетман стараецца пераканаць караля, што толькі заняўшы сталіцу, можна адолець баламуцтва і вэрхал, ахапіўшыя Масковію. І хоча, каб я яму ў гэтым дапамог?
– Пан гетман лічыць, – пераказаў Бражына, – што наконт дапамогі не варта рупіцца: войска ў маскавітаў лічы няма. – Слушна, – прызнаў Сапега. – Страх наганяць a casu ad casum, ад выпадку да выпадку, мне як гетману зараз лягчэй. І царык наш нічога не западозрыць, калі баярскія маёнткі пацярэбім. Як толькі даляцела вестка пра Клушын, ён кінуўся збіраць, каго далося, і ўжо праз тыдзень рушыў на Маскву. Ну і мне нічога іншага не заставалася.
Жулкеўскі вырушыў на два дні пазней, прыгадалася Бражыну.
– А што ж кароль? – не хаваючы з'едлівасці, прамовіў Сапега. Усё слухае Patres patriae. Па ранейшаму блытае айцоў Айчыны з айцамі езуітамі?
Бражына павагаўся, ці выпадае яму даваць падрабязныя тлумачэнні, але не стрымаў спакусы.
– Так. Яснепан вялікі канцлер, даючы наказы, не таіўся, што нягнуткасць атачэння караля ў справах веравызнання можа зруйнаваць усю задуму. У гэтым, здаецца, вялікі канцлер з панам Жулкеўскім аднадумцы. Па словах яснепана Жулкеўскага, Найяснейшы пан настойвае на цвёрдасці ў гэтай матэрыі.
Сапега ўлавіў незадаволенасць у словах Бражыны.
– Ой жа з гэтай цвёрдасцю! – усклікнуў сярдзіта. – А куды ж маім дзецца, калі да іх цвёрда? Я толькі абяцаннем жолду ды каралеўскім дараваннем правінаў і атрымліваю паслухмянасць, tertium non datur, трэцяга не дадзена. Так і перакажы гетману Жулкеўскаму, а дасць Бог і каралю. Няхай не здаецца Найяснейшаму пану, што Масковія зусім не мае сілы і паддасца на цвёрдасць.
Бражына усміхнуўся, паказваючы, што прымае пачутае як жарт.
– Ну, да караля мне як да неба, а вось да вялікага канцлера з'явіцца абавязаны. Вашы словы, пане, ён каралю перакажа абавязкова.
– Дай Божа, каб паслухаўся, – з горкай усмешкай прамовіў Сапега. – Як войска, то наша зграя няшмат вартая, але як зграя вельмі небяспечная. І кінуцца можа за кожным. Хоць бы і за царэвічам, пакрыўджаным тымі, хто яго сюды даслаў. Дорага ўсё гэта можа каштаваць Рэчы Паспалітай.
Новаабраны гетман пакуль не мог уявіць, асабліва з улікам пераказанага ганцом, куды дзець царыка, калі на трон мяркуецца каралевіч? Ці не загадаюць яму, Яну Пятру Сапегу, прыбраць тушынскага “вора”, якому разам з іншымі цалаваў руку як уладару Масковіі? Але ж гэта не просты стралец: загінуў і па ім! Як бачыш, чарговая легенда зменіць сённяшнюю і смута палыхне новым полымем, з новым царыкам.
– Маю немалы клопат з баярамі, – Сапега пакруціў галавою. – Патрабуюць, каб у належны момант схіліў усе царыкавы войскі падтрымаць каралевіча. А тут нават сваім жолду не плочана! А што з той галотай, сялянамі ды халопамі? Яны ж дагэтуль вераць, што “ісцінны” цар не даў абяцанай волі, бо перашкаджаюць баяры.
Бражына рашыўся перапыніць гетмана сваім пытаннем.
– Чулася, чым болей дваран пакідала калускі лагер, тым больш наплывала гарадской галоты ды вясковых.
– Так, – незадаволена пацвердзіў Сапега. – І ўсе спрэс менаваліся казакамі! А пан Жулкеўскі па ранейшаму трымаецца думкі пра вунію? – запытаўся, каб перавесці размову на іншае.
– Дынастычную, – удакладніў ганец. – Так і загадаў перадаць яснепану і на Маскву данесці, што не адступіцца.
– Маеш туды ехаць? Небяспечна. Асабліва зараз.
– А дзе бяспечна, яснепане? – горка ўсміхнуўся Бражына. – Раз казе смерць.
– Твая праўда, – спачувальна прызнаў гетман. – Вучу ксяндза пацерам, – хмыкнуў і прамовіў у задуменні: – Кажуць, за маладым смерць услед бяжыць, але ганцоў яна спераду чакае. Выглядае, калі памыліцеся і не туды супіце—павернеце. Так што мей вочы вакол галавы!
– Пастараюся, яснепане! – запэўніў шчыра.
А хто зойме трон, аднадумства не было. Дваранскія прадстаўнікі ў Земскім саборы мелі колькасную перавагу і не хацелі перадавяраць сямібаяршчыне вырашэнне сваіх спраў у перамовах з Жулкеўскім. Амаль паўтысячы дваран, стольнікаў і баярскіх дзяцей на чале з князем Чаркаскім з’явіліся да гетмана са сваімі пастулатамі і пачулі шмат і розных абяцанак.
Жулкеўскі папрасіў дзень на роздум, калі з’явіўся ганец ад караля. Нечаканыя перамогі гетмана схілілі Жыгімонта перагледзець ранейшыя, смаленскія, дамоўленасці з маскавітамі.
Ён пачаў адкрыта дамагацца царскага трону для сябе. Баяўся, што пятнаццацігадовага Уладыслава, калі не звядуць са свету, то зрусіфікуюць, а падпарадкаваць праваслаўе Рыму здолее толькі ён, Жыгімонт. Не прайшла злосць ад ліста караля, ледзь паспеў гетман з палкоўнікамі прысягнуць на пункты пагаднення, як 30 жніўня ганец прывёз сціслыя інструкцыі, каб Масква прысягала Жыгімонту і Уладыславу разам! Каб не адпіхнуць маскавітаў, з якімі знайшоў агульную мову, гетман рашыўся затаіць змест каралеўскіх жаданняў. Не ўгадаеш, як там будзе з Уладыславам, з яго рэгентам, але кароль Жыгімонт распаліць такія жарсці, што ніякай крывёю не зальеш. Заставалася апошняя спроба: выслаць пасольства баяраў да Смаленска.
Гетман аглядаў імянітых наведвальнікаў, стараючыся ўкрыць змрочны настрой.
– «Фёдар Мсціслаўскі! Ці не ў ліку галоўных, княжа? Няўжо азвалася беларуская кроў? Але ж карані даўно абарваліся. Якой выгады спадзяешся ад колішніх сваіх? Ці не таму адмаўляўся ад прастолу і Шуйскаму прысягаў, што ўсё прадбачыў? А князь Васіль Галіцын напэўна не думае пра шапку Манамаха на галаве каралевіча. Сваю падставіць фанатычнаму Гермагену, нязгоднаму на лацінніка. А вунь і Даніла Мезецкі, учарашні непрыяцель…і Фёдар Шэрамецеў. Яны ўпусцілі войска Рэчы Паспалітай у Маскву і прывялі жыхароў да прысягі каралевічу Уладыславу. Яны ж разаслалі па ўсёй Масковіі «ізвестітельные» граматы з патрабаваннем прысягі каралевічу. Усе нібыта прыхільныя каралевічу, каралю ды ягонаму гетману. Але ад якога часу і да якога?…»
На прызначаны баярамі дзень перамоваў насупраць Дзявочага манастыра быў разбіты маскавітамі вялікі намёт. Даўшы заклады, абодва бакі з’ехаліся ў роўнай лічбе. Пакланіліся з сёдлаў, спешыліся і прывіталіся. Засеўшы ў намёце, ад імя ўсяго царства дэкляравалі, што зычаць сабе ў вялікія князі Уладыслава Жыгімонтавіча.
Жулкеўскі разумеў, як цяжка баярам прымаць сваю паразу. Не налягаў на сваю сілу і не ўхіляўся ад клапатлівых пытанняў. Каб хоць неяк зменшыць горыч, маскавіты настойліва высоўвалі сустрэчныя патрабаванні.
– Кароль павінен спыніць аблогу Смаленска, – паважна выказваўся адзін. І захопленыя гарады і крэпасці таксама вярнуць, – паспешліва дадаваў іншы.
Гетман вытрымліваў хвілю маўчання, думаў, лавіў кіўкі сваіх прыбочных.
– Прымаем гэтыя патрабаванні, – адказваў гетман. – Упэўнены, што Найяснейшы пан Жыгімонт ІІІ на гэта прыстане. – А як з тым, каб суд не мог караць нікога смерцю ці пазбаўляць маёмасці без доказу віны? – асцярожна, але настойліва пацікавіўся трэці.
– Але ж шаноўныя баяры добра ведаюць, што ў Рэчы Паспалітай менавіта так чыніцца, – цярпліва тлумачыў гетман далёка не першы раз. – І каралевіч змалку выхоўваецца ў такім разуменні права.
Ведаў, што на гэтым баярам залежыць ці не ў першую чаргу. Тое бяспраўе пры ўдаванай баярскай моцы, як вярыгі збівала кожны крок Маскоўскай дзяржавы наперад, збірала вакол уладара нікчэмнасці і нягодніцтва. Але як будзе з шляхоцкімі вольнасцямі, прыкладам, у Астрахані ці Казані, гетман і сам сабе не мог бы патлумачыць.
– Я мяркую, – працягваў гетман, пільна назіраючы, які водгук маюць ягоныя словы, – я мяркую, што і Маскоўская дзяржава будзе кіравацца манархам у суладдзі з Думай баяраў і земскімі выбарнымі, як у нас з Сэнатам і Соймам. Так і ўстакуецца належны лад.
– Гэта было б акурат тое, пра што мы каторыя гады, праўда цішком, але няспынна гаворым, – зазначыў Галіцын.
Баяры згодна заківалі галовамі.
– Каб усё намі жаданае раптам не зламалася, каралевіч павінен ажаніцца з праваслаўнай і не ўваходзіць у дамовы з Папам. Ну і не дапускаць людзей з Рэчы Паспалітай на дзяржаўныя пасады.
Гетман выказаў спадзяванне, што і гэта дасца ўлагодзіць дадатковымі перамовамі. Найбольш рызыкаваў на вяртанні гарадоў і адыходу ад Смаленска. Ведаў, што гэтыя саступкі не адпавядаюць намерам Жыгімонта ІІІ. Алеж у іншым выпадку аніякага пагаднення не будзе і ўсе панесеныя выдаткі не дадуць аніякага плёну. Разбіццё войска Шуйскага не азначае разгрому Маскоўскай дзяржавы. Шмат абшараў некранутых вайною, досыць народу, каб сабраць новае войска, знойдуцца сродкі і дзеля найму чужаземцаў. Застаецца спадзявацца, што каралю гэта ўдасца растлумачыць. А пакуль трэба задаволіцца атрыманым поспехам.
16 жніўня 1610 года Мсціслаўскі, Філарэт Раманаў, Васіль Галіцын і саборныя чыны прывезлі гетману канчатковы тэкст пагаднення. Наступным днём пасланцы Жулкеўскага Валуеў і Салтыкоў з’явіліся ў Крамлі і зачыталі народу тэкст узгодненага дагавору. У аснову лягло пагадненне, падпісанае тушынскім пасламі пад Смаленскам. Толькі выкінулі пункты пра пажалаванне людзей “меншых станов” за іх заслугі, ды пра свабодны выезд за мяжу дзеля адукацыі. Маскоўскія чыны тут жа прайшлі ва Успенскі сабор і прынеслі прысягу. З Крамля баяры, служылыя людзі і насельніцтва пайшлі на Новадзевіч’е поле, дзе іх чакалі Жулкеўскі з палкоўнікамі і больш дзесяці тысяч расейцаў. Уклад, на моцы якога каралевіч Уладыслаў, прыняўшы праваслаўе, прызнаваўся царом, быў падпісаны і змацаваны пячаткамі Мсціслаўскага, Галіцына і Шарамецева і двух думных дзякаў 27 (17) жніўня 1610 года. Вядома, не ўсе прыйшлі на поле. Не ўсе былі згодны на каралевіча. Гермаген рашуча выступаў супраць саступак на карысць каталіцтва і працягваў настойваць на смяротным пакаранні тых, хто пяройдзе ў папскую веру пасля ўцаравання Уладыслава. Гетман ведаў, што падобны пункт дамовы для караля непрыймальны, як і прыняцце праваслаўя Уладыславам, але 27 жніўня прысягнуў на варункі, прапанаваныя Масквою. Праўда зранку мусіў заняцца застарэлым клопатам, бо час прыспешваў. Самая пара дапамагчы Яну Сапегу закілзаць сваю няўрымслівую гурму. На світанні 27 жніўня пры падтрымцы палкоў князя Мсціслаўскага акружыў лагер царыка ў сяле Каломенскім і прад’явіў ультыматум Яну Сапегу з патрабаваннем пакінуць царыка. Сам Сапега нібыта быў згодны, але каменданты і жаўнеры павялі нарады ды перамовы аж да 1 верасня і адказалі адмоўна. Жулкеўскі не хацеў праліцця крыві намарна і сваім парадкам пачаў перамовы з імпостарам. Царык на прапанову пакланіцца каралю і атрымаць гарадзенскую ці самборскую эканомію не пагадзіўся і, не спадзеючыся перамогі, выслізнуў з Каломенскага да бліжэйшага Нікольскага манастыра.
А тым часам ад 28 жніўня на Дзявічым Полі сем тыдняў, апрача нядзель натоўпы жыхароў сталіцы цалавалі крыж на вернасць каралевічу Уладыславу. Прысягалі па восем, дзесяць, а то і дванаццаць тысяч штодзённа.
– Няхай жыве цар Уладыслаў Жыгімонтавіч і яго дынастыя ў вяках! – крычалі маскавіты, навучаныя Сямібаяршчынай.
– Вось, першыя тысячы падданых каралевіч ужо мае, – задаволена прамовіў гетман. – Пастараемся, каб іх найхутчэй паболела.
Грымела музыка, білі званы ў цэрквах, стралялі гарматы. Людзі спадзяваліся на змены і паляпшэнні, прынамсі на канец смуты. Сярод іх раскідвалі медалі з надпісам:”Вялікі князь Усёй Расеі Уладыслаў Жыгімонтавіч.” Трыста тысяч прысягнула ў сталіцы. Услед за Масквою прывёў да прысягі свой Зарайск ваявода князь Дзьмітрый Пажарскі, а Ляпуноў разанцаў. За чвэрць года ўся маскоўская зямля, апроч Смаленска і захопленага Понтусам Дэлагардзі, прызнала сваім гасударом каралевіча. Жулкеўскаму выдалі рэгаліі царскай улады. Сам закватараваў на Крамлі і наладзіў шчодры пачастунак з багатымі падарункамі, а праз колькі дзён пышным прыёмам адказаў князь Мсціслаўскі.
– Ну і што мы маем на сённяшні дзень? – пытанне было амаль рытарычнае, але ад’ютант ведаў, што звычка падводзіць рысу пад шэрагам спраў дазваляе гетману канчаткова ацаніць слушнасць ці памылковасць сваіх рашэнняў.
– Тушынцы, яснепане, натоўпамі валяць у сталіцу, – ад’ютант не стрымаўся ад усмешкі. – І што смешнае, той жа непахісны Гермаген усім дае разграшэнне, у тым ліку і Міхаілу Салтыкову.
Гетман толькі крактануў на такую згаворлівасць непахіснага абаронцы праваслаўя. Не верыў у пакорлівасць патрыярха, які з апірышча праваслаўя няўхільна ператвараўся ў апостала супраціву прыхадням.
– Што ж, як кажуць маскавіты, воран ворану вачэй не выклюе. Што да тушынцаў, то яны ўсюды прыносяць вэрхал, – заўважыў гетман. – Лепш ужо нязгодныя.
– І такія ёсць, яснепане, – нібы на суцяшэнне падхапіў ад’ютант. – Шэраговыя манахі Сіманава манастыра паслалі некалькіх братоў з паклонам да царыка на другі дзень пасля прысягі. Іншы люд туды ж пацягнуўся.
– А вось гэта можа і няблага. Што б ні апавядалі там пра нас, шмат праслізне станоўчага, – з задавальненнем прамовіў Жулкеўскі.– Што з іхным пасольствам?
– Нібыта ўсё ладам. Мітрапаліт Растоўскі Філарэт Раманаў, князі Васіль Васільіч і Андрэй Васільіч Галіцын узначаляць пасольства. Паслоў, сцісла вызначаючы, пяцёра духоўнага стану і пяцёра свецкіх.
Жулкеўскі нецярпліва махнуў рукою.
– Ну, гэтых я сам пераконваў, – перапыніў афіцэра.
– Пасольства вялікае, але астатніх, світу, падрыхтавалі хутка, – працягваў ад’ютант. – Каля паўсотні чалавек з усіх чыноў і палат Земскага сабора. Ад Думы – Галіцын, акольнічы Мезенцаў, думны дваранін Васіль Сукін і двое думных дзякоў.
Афіцэр адклаў скарыстаны аркуш і перахапіў паветра.
– Ад Служылай курыі – маскоўскія дваране, стольнікі і выбарныя дваране з Смаленска, Ноўгараду, Разані, Яраслаўля, Кастрамы і двух дзесяткаў драбнейшых гарадоў. Стралецкі гарнізон – галава Іван Казлоў і сямёра стральцоў, сталічны пасад – багаты госць Іван Кашурын, кравецкі майстар, злотнік і трое іншых гандлёвых людзей. Ну і Захар Ляпуноў, без Ляпуновых аніяк. Вось, здаецца ўсё, – аддыхаючыся, закончыў ад’ютант.
– Добра, усіх не ўпомніш, – адмахнуўся гетман. – Важна, што галоўных выправім са сталіцы. Філарэт увесь час свайго сына на цара прапануе, а Васіль Галіцын сябе самога. Збаламуцяць люд і не агледзішся.
Ад'ютант паківаў галавою і весела паведаміў: – Смех падумаць, яснепане, што б сказаў пан Сапега, пра Яна Пятра мова…Што б сказаў, даведаўшыся, што келар Свята Троіцкага манастыра да караля Жыгімонта едзе. З—за чаго адзін другога ў аблозе трымаў?
– І не ўгледзіш, як Аўраамій Паліцын пачне празывацца правялебнасцю, – хмыкнуў Жулкеўскі.
Патрыярх Гермаген, бласлаўляючы паслоў ва Успенскім саборы, настаўляў не паддавацца на каралеўскія абяцанкі, непарушна стаяць за праваслаўе. Філарэт запэўніў, што хутчэй на смерць пойдуць, чым адступяцца ад дамоўленага. Так ці гэтак настойліва кружлялі чуткі пра супраціў нежаданым гасцям. Выспявала, мацнела нязгода з капітулянтамі.
– Як у іх пойдзе пад Смаленскам? – не то сам сабе не то да ад’ютанта прамовіў Жулкеўскі.– Найяснейшы пан, а тым больш ягонае атачэнне, не ўхваляюць нашай памяркоўнасці. Усё настойваюць на тоне вострым, на руцэ цвёрдай, асабліва ў пытаннях праваслаўя, – гетман нібы цытаваў лісты з каралеўскай канцылярыі.
– Ваявода Шэін ізноў адкінуў маніфэст з заклікам паддацца. Пан Карніцкі, аршанскі гараднічы пана Андрэя Сапегі, асабіста даставіў ліст смалянам, – прамовіў ад’ютант, адкладаючы чарговае данясенне.
Вусны гетмана кранула насмешлівая ўхмылка.
– Кароль таксама не зычыць сабе простай капітуляцыі, – уздыхнуў гетман. – Бляск перамогі штурмам лічыць неад'емнай часткай кампаніі.
Не толькі з каралеўскіх лістоў даведаўся, што перамогу пад Клушынам і захоп Крамля кароль, не вагаючыся, залічыў да ўласных поспехаў. Надзейныя зычлівыя людзі паведамлялі, што Міласцівы пан усё часцей замест шведскіх мрояў, пачаў узгадваць, што па кудзелі паходзіць ад сына Сонькі Гальшанскай, Казіміра і цвярской Юльяны, а гэта дае поўнае права на крамлёўскі пасад. Можа таму і абарона гетманам жыцця Шуйскіх не падабалася каранаванаму місыянеру. – Пара рыхтаваць у дарогу братоў Шуйскіх. Ім тут нічога добрага не свеціць, – уздыхнуў Жулкеўскі. – Але спачатку разложым войска на зіму.
– Баяры, яснепане, рвуцца да вас, не даюць спакою. Баяцца царыка, – патлумачыў ад’ютант настырнасць баяраў. – Непакояцца, што з вашым ад’ездам пачнуцца непарадкі. – Будуць тлуміць галаву, адказвай: камендант Гасеўскі непарадкаў не дапусціць, – прамовіў гетман і дадаў не для вушэй старонніх. – Гэты ліцьвін будзе ўсіх трымаць у цуглях.
Жулкеўскі быў абсалютна ўпэўнены, што больш надзейнага каменданта Крамля, чым суровы рэферэндар Вялікага Княства Аляксандр Гасеўскі, у войску не знойдзеш.
– Пакінуць войска па вёсках было б лепей, – тлумачыўся гетман. – Не ўзнікла б уражання заваёвы, на чым мне вельмі залежыць. А ў горадзе баюся сваволі. Каму, апроч цябе, магу даверыць крамлёўскае каменданцтва? Бачыш, самі маскавіты патрабуюць, каб іх закілзалі. Стральцоў сваіх вырашылі разаслаць па іншых замках. Прыдумалі неблагую адгаворку – небяспека ад іх сябра Дэлагардзі.
– Пры такім сябры іншых ворагаў не патрабуецца, – азваўся Гасеўскі.– Я думаю, калі зойдзем ноччу, без воклічаў, штандараў не разгорнем, Масква пусціць нас без пярэчанняў. Абыйдзецца.
Так і адбылося ў ноч з 20 на 21 верасня. Каб не дражніць і не даць палічыць, як мала таго войска, размясціліся ў розных канцах. Амаль дзень у дзень стольнік Васіль Іванавіч Бутурлін адпрасіўся ў баяраў наведаць свой маёнтак, а злоўлены пасланец Ляпунова на тартурах паказаў на стольніка, што ізмысліў злое. – На дыбу! На дыбу яго, зламысніка! – адзін перад адным выгуквалі баяры, не так раззлаваныя як перапалоханыя, што іх палічаць прыхільнікамі змоўшчыкаў. Не абы хто на чале, Бутурлін!
Баяры не завагаліся катаваць Бутурліна ў сваёй прысутнасці.
– Знаць, яшчэ пры цалаванні крыжа ізмысліў смуту да ізмену!
Бутурлін не надта ўпіраўся і амаль адразу ж павініўся, спадзеючыся на ласку. – З'ехаўся ў Разані з Пракопіем Ляпуновым. Змовіліся пабіць прыхадняў на Маскве і пайсці вайною на караля і навязанага ў гасудары каралевіча Уладыслава. Усё дзеля сваёй зямлі. Што ж, не пашанцавала. Ваша сіла.
Не адзін з прысутных падтрымаў бы змоўшчыкаў, калі б верыў у перамогу.
– Сіл за сабою, насамрэч, не шмат налічыш, – папракалі неразважнага стольніка. – Людзям згуба, і гораду разруха. Пра гэта думалі?
– Разлічвалі падгаварыць розных немцаў, іх жа процьма на Маскве, – апраўдваўся Бутурлін. – Ноччу наляцелі б на прыхадняў. Можа і ўдалося б ачысціць Маскву.
– Што ж, – пракрактаў нехта смялейшы, – аднойчы такое ўдалося… Добра бачылася, што не сам Бутурлін зладзіў змову, патрыярх Гермаген быў натхніцелем. Бутурліна не кранулі, затое з пасланцом вэждацца не сталі.
– На кол негадзіўца і ўвесь сказ! – не завагаліся баяры.
– Не угомоніць смутьянов, коль не прішлёт патріарх новыя граматы Пракопію Ляпунову. Ды і гарадам не зашкодзіць!
Вызвольны рух мацнеў знізу і, каб яго аслабіць і спыніць, трэба было не дапусціць зборышч у Маскве.
– Калі ж патрыярх не пагодзіцца, а так хутчэй за ўсё і будзе, трэба паклікаць на Разаншчыну, бо блізкая да Масквы, чаркасаў, казакоў з Украіны.
– Як бы да тых чаркасаў не пабеглі натоўпы маскоўскіх «воров»? Тады самі не ўправімся.
Але патрыярх, замест угавораў бласлаўляў усеагульны паход на Маскву, дазваляў прысягу каралевічу толькі пры ўмове пераходу яго на праваслаўе і вызвалення дзяржавы ад ліцьвінскіх і польскіх палкоў. З вялікімі цяжкасцямі, заступніцтвам цудатворцы Ніколы Зарайскага, зборышча чэрні ўдалося разбіць і прагнаць каго на Маскву, каго аж на Украіну.
Гетману Жулкеўскаму заставаўся адзін клопат. Яшчэ 5 верасня, узважыўшы сітуацыю, наладзіў перад лагерам Яна Пятра Сапегі збройную дэманстрацыю. Крыху пужануць, трохі папярэдзіць, а заадно і падтрымаць пана Яна перад нязгоднымі камандзірамі. Сапега, даўшы сабе і падначаленым прыкінуць выгады і страты розных шляхоў, сам схіліўся да ўзнаўлення перамоваў пра пераход разам з войскам на бок караля. Праз дзень генеральнае кола заакцэптавала ўмовы пагаднення Яна Пятра Сапегі з Жулкеўскім, а 24 верасня Сапега рушыў ад Масквы і разлажыў свае войскі на зіму ў ваколіцах Мешчоўска блізу Калугі. Праз месяц паслы караля прывезлі яму згоду на прыняцце войска на службу. На працягу снежня пераконваў свае атрады да поўнага пагаднення з Жыгімонтам і дапяў свайго. Васіля Шуйскага 14 кастрычніка 1610 года перавезлі ў Троіцкі манастыр, а 22 кастрычніка разам з братамі перадалі палякам, а тыя вывезлі іх да Рэчы Паспалітай. Войска Рэчы Паспалітай, пакінутае ў сталіцы, і маскоўцы жылі з каменем запазухай. Хоць і сыйшлі з горада васемнаццаць тысяч стральцоў, людзі Гасеўскага штодзень мелі па некалькі разоў трывогі, так што коні ўвесь час стаялі пад сёдламі. Трывожныя весткі даляталі з Ніжняга Ноўгарада. Кружылі граматы супраць захопнікаў, варожых праваслаўнай веры. Ежы, праўда, хапала таннай і ўдосталь.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?