Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 19

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 19 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Але камендант назіраў паразу сваіх падначаленых ад самага пачатку. Пакінуўшы коней зводдаль, падкраўся акурат на чужыя галасы. Дачакаўся канца перамоваў і назіркам прайшоў пару дзесяткаў крокаў услед. Супакоены вярнуўся і ціха аклікнуў сваё таварыства.

– Ну што, нецярпліўцы! Дзе ж здабыча? – кінуў дакорлівы позірк на Яцэвіча.

– Ды вось, – збянтэжана адказаў Блід, махнуўшы рукою.

– Што ж, як забралі, то забралі. Добра што не тое, якое нам трэба… А я акурат паспеў з коньмі, – працягваў здзеквацца камендант. – Ты, пан Ціт, хіба не чуў, што сказаў той суворы дзядзька? Збірайся, а то адбярэ лук і зломіць!

Жарскі разумеў, што таварыства не так і завініла. Збег абставін. Але з—за гэтых занадта старанных недарэкаў можна нічога не атрымаць і страціць аказію для важнейшага. А яму конча мець шлях адыходу з прыбыткам. А тут яшчэ нехта ўплішчыўся. Высновы набягалі невясёлыя. Калі б у скрынцы была патрэбная здабыча, ці пакінулі б хлопцаў жывымі, заспеўшы вось так, знянацку? Ці высачылі б пасля і яго самога?

Калі той памянуў Маскву, то мажліва ад Зарудзкага, сцерагуць належнага выканання намі загаду. Добра што не трапіў ім на вочы. Хто скажа, ці не пацікавіліся б наконт самага істотнага, пра што атаман выпытваў і толькі Ціт ведае? Але ж самі палезлі па скрынку, то выходзіць ад нейкага іншага канкурэнта, можа шведаў? Ім дыплом таксама замінае.

Камендант агледзеў сваё панурае войска і ўсміхнуўся.

– Што б там ні было, а палуднаваць давядзецца на новым месцы. Давай, хлопча, завіхайся, – загадаў лісоўцу.

Гэтаму патрэбен рух, нейкі занятак і ачуняе ад паразы раней за астатніх. Ну і ўсім належыць нейкае суцяшэнне, можа забава ў якім шынку. Адскочылі ладны кавалак, перш чым камендант нагледзеў надзейнае месца.

– А я таксама пашчыраваў, – паведаміў Жарскі як пра карчомнае наведванне, калі паселі вакол пачастунку. – Выведаў, выпытаў. Сумятня, адно аднаго не ведаюць. Не паверыце, нават сварку канцлера з гетманам на свае вочы аглядаў. Такая вось аказія!

Разлік апраўдаўся: навіна не штодзённая.

– Ды ну? – разявіў рот Ціт.

– Вось табе і ды—ну! Заадно стала ясна: дакумант пакуль у яснепана Сапегі. Усё на гэта паказвае. Іначай Хадкевіч так не кіпеў бы.

Усе згодам засмяяліся жарту.

– Калі каралю дакумант не спадабаўся, – цярпліва тлумачыў камендант. – То Сапега яго не скамечыць і не выкіне. Можа нават па загаду караля прыхаваў і нікому ні гуку. Ну і ў кожным выпадку абы—дзе не пакіне.

– І тут наш клопат, каб не ўпусціць шанец, – рашыўся прамовіць Яцэвіч.

– Аказія можа падвярнуцца зусім нечакана, кіўнуў Жарскі, задаволены пытаннем ротмістра. – Так што пойдзем услед.

Таварыства вяртала веру ў свае сілы і згуртаванасць.

– Але што там было між канцлерам ды гетманам? – нагадаў пан Блід.

Камендант увесь час быў як сувязь з шырокім светам. А чуткі ды плёткі з жыцця можных для простага чалавека цікавыя не менш чым падзеі ў хаце суседа.

– А тое было, што яснепан вялікі канцлер не ўпадабаў п’яныя выбрыкі пана гетмана. Прыгадаў неадпаведнасць тытулу хлапечых фігляў кшталту распранання і лётання на кані пад вокнамі караля. А найбольш дапёк заўвагай, каб не насылаў сваіх ад’ютантаў да канцлеравых сакратароў з роспытамі і нават патрабаваннямі аддаць ім дыплом.

– Ого! Бач ты! Прагаварыўся, значыць! – усклікнуў пан Касьян.

– А нам падказка! – Ціт пляснуў далонню па стальніцы..

Усе былі рады пацверджанню, што няўдалая спроба ўсё ж мела грунт.

– Тут дзе адгадка? – пан Жарскі пытаў наўпрост у збянтэжагага Аніса. – У тым, што Хадкевіч не ўхваляе старанняў Жулкеўскага наконт маскоўскага стальца для каралевіча, а Сапега іх акцэптуе даволі ахвотна.

Пан Шаблюк старанна заківаў галавою. Яскевіч дадаў сваё меркаванне.

– Як ні гадай, немалы абшар Масковіі прысягнуў Уладыславу Жыгімонтавічу. І дыплом гэта пацвярджае…

Пан Жарскі быў рады заняць таварыства вялікай палітыкай.

– Але непрыемны дакумант блытае карты каралю. Вось, каб дыплом не выплыў падчас перамоваў Хадкевіча з маскавітамі, ён з п'янай галавы запатрабаваў ад Сапегі аддаць яго. А паколькі пры тым шмат чаго лішняга з вуснаў гетмана зляцела, то і пан канцлер не застаўся вінным. Сам кароль мусіў умяшацца. Абодва ж яму патрэбны і сварка іх зусім недарэчы. Я думаю, паны Баболя ды Война нямала тут пастараліся, але пра гэта хіба асобна, – паабяцаў цікавы працяг камендант войска, пацярпеўшага паразу.

Пан Блід прыгадаў нешта падобнае з соймікаў.

– Ды ўжо ж! У сварцы людзі часта выкрычаць тое, пра што і ў думках узгадаць устрымаюцца, – заўважыў пан Кузьма і папрасіў удакладненняў. – А гетман напэўна адкрыкваўся, што нікому такіх даручэнняў не даваў?

– А што ж бы іначай? – засмяяўся камендант. – Ну і пану вялікаму канцлеру не рэзон дзяліцца тым, што пры нагодзе дасца ўжыць з добрай выгадай.

– Палітычная значыць спрэчка? – з задавальненнем адзначыў пан Блід.

Уявілася, якая будзе роскаш апавядаць нешта такое, вярнуўшыся. Адзіны будзе апавядальнік на ўсю карчму ці вінярню!

– Не ўтрымаўся пан Хадкевіч, каб не квэкнуць на пана Сапегу, – працягваў пан Жарскі. – І тут пана канцлера як распаленым ражном шпаранулі. «А ты, Вельзевул, на Інфлянтах пра што больш думаў? – крычыць, забыўшыся пра сваю славутую элаквэнцыю. – Пра свой кашэль, ці пра Рэч Паспалітую? Можа ў пячоры як пустэльнік модлы за яе ўзносіў?» Ужо сам ушчып наконт набожнасці быў непрыемны, а пра пячору лепш было не ўспамінаць. Бо іншыя Пячоры гетману на ачмурэлы розум кінуліся.

Усё таварыства згодам заківала галовамі. Чулі, ведалі. На першы знак згоды ваяваць з Масковіяй гетман у красавіку 1611года заатакаваў сваім інфлянцкім войскам манастыр Пячоры, славуты асяродак праваслаўя. Але не ўсе ведалі, што нават блізкія родзічы працівіліся ўдзелу Хадкевіча ў паходзе на Масковію і зганілі ягоны бязбожны ўчынак.

– А сам вашмосьць на Масковію пнешся дзеля багатых абшараў, а не сталец каралю адваяваць, – гэта ўжо гетман на канцлера. – Ну, не раўнуючы, паны—браты ў карчме за чубы схапіліся, і то ў немалой прычыне маючы той славуты дыплом.

Доўга разбіралася рыцарскае кола пана Жарскага з нягодамі міністраў Вялікага Княства. Калі на ўсе несуладзіцы былі знойдзены карысныя парады, пан Жарскі прапанаваў: – Загад суворага дзядзькі выканалі, вялікаму канцлеру з гетманам пры нагодзе добрай радай дапаможам, а зараз можам параіцца пра свае справы.

Камендант зычліва паляпаў Ціта па плячы.

– Злому дзядзьку лука не аддалі, – прамовіў з ласкавай усмешкай.

Проста з—пад мосту

Намётаў не ставілі. Толькі фурманы, паслухмяныя загаду не спускаць вока з вазоў, наслалі сабе лапніку пад фурамі. Дажджу не запавядалася, было ціха і цёпла. Хто ляжаў, захінуўшыся ў апоньчы на падасланых папонах, хто сядзеў, па маладой недасведчанасці пазіраючы ў агонь. Такая ўжо натура чалавечая – цягне пазіраць на полымя, хоць падшпаркі ведаюць, што, адступіўшы ў цемень лесу, спачатку і блізкага дрэва не ўгледзіш.

І вартавы міжволі ўглядаўся ў вогнішча, час ад часу паходжваючы, каб разагнаць нудоту. Усё, што трэба сцерагчы, навідавоку. Не дзіва, калі нехта адыходзіў у цемень ды вяртаўся на ўтульнае логавішча. Вунь і ля коней нехта тупае, накінуўшы каптур буркі ад камар'я. Клапоціцца, бо драгун на кані не толькі ездзіць. На ім яшчэ і ваюе. Шкода не мог конь крыкнуць вартавому па чалавечы, што чужы між імі ашываецца.

А гэты чужы, пакуль стаць лісоўцам, кім толькі не быў, але зараз прыдалося набытае канакрадам. З чужым канём, асабліва вось так, у невялікім табунку, мог як з уласным управіцца. Тым болей, калі зводзіць не трэба, абы не іржаў, ды не паказваў занепакоенасці прысутнасцю чужога.

Так што лісовец лашчыў драгунскага коніка пад грывай і слухаў размову вахмістра з Бражынам, балазе стаяў ледзь не за іх спінамі.

– Няблага было б спыніцца на дзень—два ў якім дварку, – прамаўляў вахмістр. – І хлопцам адпачыць і коням. Асабліва ж вунь той гаргары.

Вахмістр махнуў трыманай у руцэ галінкай на высозны кадоўб фуры.

– Восі ўжо залішне пішчаць, пане, – сквапліва падхапіў фурман, рады выказванню драгунскага начальства. Яго то можа і не паслухаліся б, а вахмістр, як ні як начальства.

– Ды я не супраць, – адказаў Бражына. – Ведаю нават адзін двор паблізу. У каршэнь нас не гоняць. Абы ўсё цэлае даехала. Добра ладзілі ад таго дня, калі вялікі канцлер, паклікаўшы Бражыну да свае карэты, паказаў на моцнага жаўнера ў барвах сапежанскіх драгунаў.

– Вось табе таварыш на далейшы шлях. У Менск усім заязджаць няма патрэбы, – патлумачыў канцлер. – Возьмеце тыя дзве фуры, можа які воз на правіянт ды рознае прыладдзе і абыдзеце горад ад поўначы, а там на гарадзенскі тракт.

Рухам рукі адправіў драгуна і павярнуўся да Бражыны.

– Каму—нікаму мае фурманкі вочы колюць. Таму гэтыя, – падкрэсліў Сапега, – лепш прыбраць з вачэй. Не забыўся, каму аддаць?

– Будзе зроблена, яснавяльможны пане, – запэўніў Бражына. – Шлях да Гародні знаёмы і, здаецца, на гэты час бяспечны.

– Дасць Бог, але будзь пільным. Вязеш не толькі каштоўнае, але і важнае, – насцярожыў канцлер.

Чамусьці гэтыя словы прыгадаліся Бражыну ля начнога вогнішча.

– Можа і малавата два дзесяткі на такія лясы, – падумалася яму ўслых. – Як то кажуць: у бярозавым лесе любіцца, у сасновым Богу маліцца, у дубовым волю каваць, а ў яловым – душу д’яблу прадаваць. А вунь колькі ельніку трапляецца, – засмяяўся ён, – пэўна і д'ябал не дрэмле.

Вахмістр Сямён Лык за свой ваярскі век перабываў у розных лясах і гаях. Але быў усцешаны, што давераны самога канцлера, раіцца з ім як з роўным, спадзяецца на ягоны досвед. А такіх жа маладзёнаў, з даверам, часта і пыха залівае, толькі сваё меркаванне бачаць дасканалым і адпаведным.

– Там, ля Смаленска, – з роздумам адказаў драгун, – ну, яшчэ перад Воршай можа і было б рызыкоўна з такой аховай. А тут няма страху. Драгуны гэта ж не дворня і не цюры абозныя, – з гонарам закончыў ён.

Бражына немалым высілкам не здрадзіўся з радасцю заехаць да Батарэвічаў. Крук зробіцца невялікі і з падказкі вахмістра. Няблага было б папярэдзіць, што не адзін і высветліць, як там з фуражом.

– Можна было б і заехаць, але не ведаю, як там зараз з дарогаю. Масток на ёй быў не надта, – патлумачыў Бражына. – Трэ’ было б разведаць, бо з нашымі, як вашмосьць кажаш, гаргарамі…Сам дарогу знайду, а вось каму іншаму растлумачыць…Яшчэ, барані Бог, заплутае…

– Гэта праўда, – усміхнуўся вахмістр. – Як няма асаблівых прыкмет, ды малаезджаная…

– Так што ледзь золак выпраўлюся. А вы– напагатове!

Абодва міжволі азірнуліся на фуры, якія пакуль што працавіта адольвалі свой шлях. Па нявыказанай дамове не краналі, што там вязецца і каму.

– Здэцца, возікі моцныя, – ухвальна хмыкнуў Бражына. – Колы надзейныя, восі нічога сабе. Абы падмазваць, як след. Нездарма ж сам вялікі канцлер ставіў нам задачу. У такіх выпадках спраўнае вока патрабуецца. Ну і досвед.

Вахмістр быў не глухі на чалавечыя слабасці.

– Ды ўжо ж.

Пачуўшы пра спраўнае вока, лісовец хіхікнуў сам сабе, паціху адсупаючы за конныя зады. Нібы нічога такога, прытэпаў бліжэй фураў. Фурманы акурат пачыналі мясціцца пад імі і пакуль сон, перагаворваліся пра тое, што не дагаварылі ля вогнішча. Вазакі часам шмат што чуюць, калі побач паноў завіхаюцца з коньмі ды калёсамі.

– Хутчэй бы ўжо тая Гародня. Даводзілася быць?

– Не, неяк не прывялося. Хоць да самога Берасця ганялі.

– А я вось каторы раз. І амаль заўсёды з аховаю. Толькі гэтым разам драгунаў шмат і скрыні ўжо надта вялікія. Па чацвёра гайдукі браліся. А тую велізарную нібы труна то ўвасьмёх на пастронках.

«А вось гэта не для хлопцаў! Толькі пану Жарскаму! Тое там ці не тое, ад фурманаў не дачуешся. Ім з панам Барысом таксама толькі гадаць ды быць напагатове, калі раптам…»

– А гэты шляхціц, ён хто?

– Кажуць важная птушка, хоць і малады.

Малады! – прамовілася не то з недаверам не то ўхваляючы.

Вяртаючыся да сваіх, Ціт спрабаваў угадаць, як магло б выглядаць тое «раптам». Хоць забі, не ўгадвалася! А мела прынесці зусім іншае жыццё—бытаванне. На сваім! І то немалым! Шляхціц жа ён урэшце!

Пачутае лісоўцам усцешыла ўсё таварыства. Як толькі дзве фуры аддзяліліся ад каравану, трымаліся блізютка, хоць нападаць упяцёра на два дзесяткі драгунаў не манілася. На пастоі можа па рознаму скласціся. А тое, што адзін выпраўляецца выведваць надзвычай узрадавала.

– Во на гэтага можам і запаляваць, – весела выгукнуў камендант. – Нават калі нічога не даведаемся – што страцім? За іншымі далей пагонім.

– Але ж ёсць надзея, што гэты ягамосьць нешта ведае? – заўважыў Касьян Яцэвіч. – Ён жа нібы камендант над гэтым абозам.

– Давераны ганец самога канцлера, Бражынам клічуць, – адказаў камендант. – Што вязуць, павінен ведаць, прынамсі з большага. Нездарма канцлер выправіў яго асобна…

Тая велізарная, памерамі з труну, скрыня каменданту проста гнала сон з вачэй. Малайчына лісовец, не прамаргаў і хлопцам не разбалбатаў. Расперазалася б ягонае войска!

…Настрой Ігната Бражыны, наадварот, быў амаль перадсвяточны. Хоць на кароткі час апынецца ў тым адзіным кутку, дзе спаткае сяброўскую прыязнасць, шчырую дабрыню і ласку. Тут можа і пажаліцца і пахваліцца – усё прымуць і зразумеюць… І галоўнае выспацца ў цяпле і мяккасці…, у бяспецы. І Ганна!… Калі і прыйдзе час і мажлівасць атабарыцца недзе ў гэтых мясцінах, то напэўна ж толькі з ёю, адзінай… Для абодвух пан Кіпрыян, хоць не родзіч, а нібыта брат, і бацька, і адзіны ў жыцці дарадчык!

Здавалася і конь адчувае, што хутка апынецца ў цёплай стайні са шчодрым аброкам. Бражына пільна ўзіраўся ў наваколле, пазнаючы знаёмыя дробязі.

А вось гэтай сцежкі раней не было. Не задумваючыся пусціў па ёй каня. Відаць разбітая і парэзаная каляінамі дарога падказала пешым ды конным прабіць сцяжыну, атуленую кустамі і соснамі. Вось—вось павінен выбіцца на апошні перад дваром масток. Ну, вось, агледзець мост і можна назад. Далей дарога помніцца і ніякіх перашкод не павінна быць.

Кінуў погляд у прагал між дрэвамі і паспеў згледзець, як проста з насцілу маста вытыркнулася і знікла галава. Магло б здацца, што прымроілася, так хутка знікла. Імгненна падабраў повад і азірнуўся. Як і чакаў, з прыдарожнага кустоўя за спіною аб’явіўся вершнік. Значыць падрыхтавалі пастку! Не стрымліваючы, лёгкім шэнкелем звёў каня на край дарогі. Раней ручай адольвалі па лагодных схілах берагоў і вершкі і вазамі. Дасць Бог, схілы не апаўзлі. Узвёў курок пісталета і даў шпоры. Конь, паслухмяны поваду, ірвануўся ўзбоч маста па берагавому адхону.

Адзін, з пікай, хлюпаючы па ручаішчы, скочыў з—пад мосту проста на стрэл. Наступны выграмольваўся пад другі пісталет. Паспеў адзначыць, як светла пад мостам, некалькі брусоў насцілу былі разабраныя. Спрытна! Ніхто не паімчыць на злом галавы, а калі конь прыпыніцца выбраць, дзе паставіць нагу, лёгка даць знізу пікай у чэрава. Так і так вершнік будзе ў руках. Бражына стрэліў другі раз, конь сігануў цераз вузкі ручай і Бражына міжволі таргануўся наперад. Гэта і ўратавала. Фуркнула над самым вухам, нібыта нейчыя злая рука тармаснула каптуром апоньчы. Але некалі было азірацца. Узляцеў на высокі бераг, наўскасяк перасягнуў дарогу і ўляцеў між дрэваў на тым жа баку, што і нябачны лучнік. Другой стралы ўжо не пашле – кусты замінаюць. Прынамсі пакуль што. Выбраў зручную пазіцыю і, палахліва азіраючыся, амаль вобмацкам набіў пісталеты. Апошні зарад з мушкету марнаваць, страляючы наўздагад, не варта. Лучнік напэўна змяніў пазіцыю. Толькі зараз адчуў, што за плячыма нешта матляецца. Скасавурыўся і выцягнуў стралу. Прашыла каптур навылёт, але напэўна стукнула ў спражку рэменя торбы і страціла імпэт. Сунуў стралу ў скатку за сядлом і прыслухаўся. Што зараз? Прабівацца да сваіх, але чорт ведае колькі іх тут хаваецца? Уцякаць далей, але што з гэтага? Вахмістр жа не ведае, куды кіравацца. Чакаць, што драгуны пачулі і прыскочуць? Гэта было б найлепш. Але стрэлы з пісталетаў… Хіба што… Ён падхапіў мушкет, крануў каня на край зараснікаў і стрэліў у неба.

Гулкае рэха пакацілася па лесе. А праз колькі хвілін даляцеў адказ. Яшчэ крыху насцярожанага чаканння і за мастом затанцавалі коні, ляснула пару стрэлаў. Бражына вылецеў на дарогу і пад гучныя віваты пагнаў насустрая драгунам.

Ні забітых ні падстрэленых не знайшлі. Зграя відаць невялікая, але палявалі свядома! Іначай якая халера магла іх загнаць пад гэты закінуты масток на малаезджанай дарозе! Шышам тут з голаду памерці, пакуль хто праедзе.

Вахмістр з'явіўся з усім караванам. З палёгкай уздыхнуў, згледзеўшы Бражыну жывога і цэлага. Направілі масток, да самых Батарэвічаў нечаканасцяў не запавядалася і Бражына не ўтрымаўся, каб не апярэдзіць марудныя фуры. Ледзь уляцеўшы ў двор, весела загукаў, як сябры мелі ў звычаі.

– Як тут жывы—здаровы пан Кіпрыян Батарэвіч ды яго сямейнікі?

– Богу дзякаваць! Адно, што не магу сябра абняць, як належыць, – весела адгукнуўся гаспадар. Левае рукаво было спраўна заткнута за пояс. – Як даехаў?

– Ат, глупства! Паспаць бы ў цяпле ды бяспецы з тыдзень, то і хваробы і стома адляцяць, – выказаў Бражына сваю мару ўслых.

– Ну гэта мы табе зладзім, – запэўніў пан Кіпрыян, сам адбіраючы повад з рук сябра.

Госць агледзеў невялікі але спраўны дварок.

– Няблага тут у цябе. Усталёўваешся бачу. Што значыць на сваім, – пахваліў.– А як з грунтамі?

– На маіх валоках не шмат фальваркаў змесціцца, – засмяяўся пан Кіпрыян. – Ды каго б там заняў, хіба дворню.

– А з дворняй як?

– Адзін—два ды дзяўчына. Іншыя з вёскі прыходзяць, так прасцей. А грунты, што на сваім, што дзяржавім, – працягваў Батарэвіч. – Неяк перабіваемся з невялікім прыбыткам. Калі, барані Божа, сухмень ці яшчэ якая бяда, то невядома ці вытрымаем. Але маё шчасце! Марыяна дачакалася і на калецтва маё не зважала. Шкода, бацька згас, так і не пабачыў унукаў.

– З жонкай табе пашанцавала. А як са здароўем?

– Грэх скардзіцца, – адказаў Батарэвіч. – Ці ты можа пра руку?

– Ну і пра гэта, – крыху зніякавеў госць.

– Рукою я, браце, галаву ўратаваў. Заехаў да мяне злева, ззаду. Яму ўсе зручнасці, мне наадварот. Ну, але шаблю ёсць чым трымаць, – з адценнем горычы пажартаваў пан Кіпрыян, паказаўшы сціснуты кулак. – Альбо пісталет…Нават дзеля забавы касіць прымудраюся, хоць які з мяне касец. А пан Бражына, бачу, часам і даўгой зброі ўжывае, – засмяяўся Батарэвіч, згледзеўшы мушкет.

– З пісталетамі пры маіх занятках ямчэй. Ды і ў вочы не кідаецца. Я і табе пару прывёз. Узяў на нейкім баярыне, хоць у шэрагі стаць амаль не давялося, – прызнаўся Бражына. – Ды ўвогуле больш на мяне палююць, чым я на каго кідаюся.

Падыйшоў да торбы і выцягнуў цяжкі скрутак.

– Не магу ўгадаць чые? Не маскоўскія, не нашы. Здаецца не шведскія. Вензелі нейкія ёсць, але хто іх выштукаваў? Ён вызваліў з тканіны два пісталеты. Вочы сябра загарэліся.

– Гэта мне? – з хлапечай радасцю і такім жа недаверам запытаўся ён. – Хто б ні зрабіў – прыгожыя! – у захапленні прамовіў пан Кіпрыян.

– І бой – не пасаромішся! – запэўніў ганец.

– Дык гэта ж італійскія! – усклікнуў Батарэвіч, спрытна ўхапіўшы першы лепшы з выдатнай пары.

Адкінуў вялікім пальцам покрыўку палічкі, дзьмухнуў у адтулінку для пораху, зазірнуў у рулю. Цешыўся як цацкай. Узвёў курок і прыцэліўся. Кляцнуў крэмень, высякаючы доўгую іскру.

– Але ж зручны! Аж шкода, каб у мяне марнаваліся! А сам хоць не горшыя маеш?

– Не турбуйся, – засмяяўся Бражына. – Сябе не абакраў, маю чым бараніцца. Ды і вензелі на гэтых твае. – Вось тут, прыгледзься, менскі злотнік вельмі спрытна твае літаркі падставіў.

Пан Кіпрыян утаропіўся ў сябра.

– Што ж, нічога не зробіш, – гэтак жа ўдаючы скруху, радасна пагадзіўся Батарэвіч. – Давядзецца прыняць.

– А тут вось малому ваяру сцізорык, – Бражына падаў цацку шчасліваму бацьку.

– Але ж будзе радасці! – засмяяўся Батарэвіч.

– А як увогуле жывецца—маецца, як з суседзямі?

– Зноў жа грэх скардзіцца. Суседзі на мае грунты не спакушаюцца, нават Юдыцкі.

Бражына насцярожыўся.

– Юдыцкі, кажаш. Што за яны?

– Не так даўно прысуседзіліся, а зараз хто іх не ведае. Моцна растуць у маёмасці. Дзе ажэнкам, дзе махлярствам. У іх бач, махлярства, нягодства рознае, нібы спадчыннае… Стары Юдыцкі ледзь ліпіць, але пнецца памерці сэнатарам. Працэсуецца наконт дзержавення маёнткаў будучай нявесткі з яе раднёю. Нібыта і на маёнткі ейнага бацькі, лічы свата, лапу цягне, хоць той недзе ў войску, у Інфлянтах.

– Мяне то больш малады цікавіць, – заўважыў Бражына. – Сына маюць?

Пан Кіпрыян здзівіўся нечаканай цікаўнасці.

– Ёсць і сын, але таго недзе блізу караля шукай. Праўда, нібыта, чвэрць яму павінна была скончыцца, меў права вярнуцца. А што табе да яго? – Ды вось падумалася, ці не пацягнула кавалера дадому акурат на момант аднаго злачынства? Не сябры і не ворагі, але нешта нас звязвае. Вось і тут лёс звёў.

Бражына кароткім словамі пераказаў прыгоду ля маста.

– Хто хочаш мог быць, – рашуча выказаўся Батарэвіч. – Наша пушча ніколі не пустуе. Аднаго павесяць – двое другіх за атаманства змагаюцца. Маглі і згледзець.

– Можа і так, але мне той масток іншае нагадвае…Пазней раскажу, – кіўнуў Бражына, адвязваючы сваю кур’ерскую торбу. – Вось хачу, каб схаваў мае паперы да лепшых часоў.

– Ёсць дзе, сам пабачыш! – пахваліўся гаспадар. – Але хадзем, бо гаспадыня зачакалася…

Калі быў уладкаваны караван, у цясноце, але клапатліва размешчаны драгуны, надыйшоў час спакойнай размовы. Бражына збольшага паведаміў свае прыгоды, а пан Кіпрыян палічыў патрэбным крануць справы сямейныя.

– Пакінем манархам іхнія клопаты, зоймемся сваімі. Ганулька, як я казаў, заўтра вяртаецца. Акурат як прадчувала…Заручыны абвесцім – зусім у нас паселіцца. Дварок здамо ў арэнду. Акурат трапіўся сумленны і дбайны чалавек, не змарнуе. Так сама вырашыла, яе пасаг. Да твайго вяртання нейкі грош капне.

Бражына апусціў вочы долу, сарамліва прамовіў.

– Прызнацца, беспасажны прэтэндэнт не зусім добра пачуваецца. Але яснепан канцлер абяцаў… – Вось і добра! – адмахнуўся Батарэвіч. – Нешта ж сам маеш, і яшчэ запрацуеш. Дакупіце зямлі, а то і фальварак які. Усё будзе ладам. Грунт, што афэкт у вас непадробны, ад сэрца. Усе цябе хочуць і прымаюць: Ганулька і мы. А каго яшчэ гэта можа абыходзіць? Пара і табе ўстаткавацца. Можа канцлер зразумее, што пара жанатаму даць нейкую пасаду, каб не падстаўляў галавы без канца. Сам жа кажаш, пра сваю жонку надзвычай дбае.

Бражына пацвердзіў, памаўчаў, і дадаў як апраўданне: – Але трэба зазначыць, не трымаецца яе спадніцы. Увесь час у раз’ездах і клопатах.

– Але не пад сталай пагрозай страты жыцця… – церпка зазначыў Батарэвіч, добра абазнаны з бражынавымі прыгодамі.

– Ну не раўняць жа мне сваю галаву з канцлерскай… Aдно стрымлівае: ці вярнуся з якога чарговага ваяжу.

Пан Кіпрыян уздыхнуў, паківаў галавою, не спяшаўся выказвацца.

– Усім нам нешта пагражае. Каму іншаму і не скажу, але вазьмі маё калецтва. Ці так бы лёгка сам адзін перагараваў? А яна скажу табе, невядома за што была Богу ўдзячна, ці за тое, што вярнуўся жывы, ці што болей ні ў якую сечу мяне не паклічуць. Ні гуку, што калека. Вось і думай!

Вечарам, пры святле грамніцы дайшло і да вайсковых навін і падзей.

– Войска аддаюць пад каманду Хадкевіча, – расказваў Бражына. – Пэўнасці не маю, але ёсць чуткі, што замірэнне блізка. Тады, спадзяюся, і мне дадуць пярэдых, – прамовіў з надзеяй.

– Даў бы Бог! На мой погляд і гэта выправа нічога не прынясе апроч страт. Але чым жа твая надзея жывіцца?

– Ды хоць бы тым, што Хадкевіч і Сапега маюць розны погляд на нашы войны. Хадкевіч лічыць, што больш увагі і грошай належыць Інфлянтам, у чым і з Радзівіламі згодны. А яснепан Леў Сапега пазірае на ўсход. Там у Сапегаў інтэрас. – патлумачыў Бражына складанасці дачыненняў двух міністраў Вялікага Княства.

– А з чым да Гародні? – пацікавіўся Батарэвіч.

– Бог адзін ведае ды вялікі канцлер, – засмяяўся Бражына. – Можа яшчэ той, хто пакаваў. Адначасна, як заўсёды, паперы. Што прыватнае, што дзяржаўнае.

– Трэба разумець, і ў зрабаваным краі здабыча нашых можных не мінае?

– Ці ж не таму і зрабаваны, – усміхнуўся Бражына. – Гэта такім як я нічога ў торбе не змесціш.

– Абы галаву цэлай вынесці, – прамовіў пан Кіпрыян. – Вось і на Гародню, – папярэдзіў з уздыхам, – дарога перакрыта. Гойсае нейкая сотня ці харугва з тых «сталічных». Іх сябры падаліся на Украіну, можа да Берасцейскай эканоміі, а гэтыя нібыта кіруюцца да Гарадзенскай. Ім Сапегі не падабаюцца. Добра, калі жывымі адпусцяць. Бражына задумаўся. Праслізнуць з павольнымі фурамі надзея слабенькая, а дваццаць мушкетаў супраць сотні злога жаўнерства ды яшчэ ў лесе…Кіпрыян мае рацыю… – Але ж павярнуць назад таксама не магу, – запярэчыў Бражына з ноткай роспачы.

– Зменіш накірунак, – супакоіў Батарэвіч. – Праедзеш крыху назад і павернеш да Нёмана. Дарогу сам пакажу. У Пясочным ці ў Свержані знойдзеш якую віцінку. Сапегу не адмовяць. Тавар з драгунамі на судна, а фуры дадому. Некалькі драгунаў з імі, іншыя з коньмі пойдуць берагам. Бражына з надзеяй, але з астаткамі сумненняў зірнуў на Батарэвіча.

– Але ж гэта можа затрымаць?…

– Не больш чым тыя на дарогах, – усміхнуўся Батарэвіч. – Істотна, што абыдзеш небяспеку. Тыя, ля маста, магчыма таксама ад «сталічных»? Не дзіва калі пастка крыху далей падрыхтавана. – Такое нельга адкінуць, – пагадзіўся Бражына, набіраючы пэўнасці. – Чорт ведае, што за яны і ад каго падасланыя. Не так іх было шмат, каб на драгунаў нашых нападаць.

– Вось і я пра тое. Выведка, захоп закладніка. Так выглядае. Значыць, сачылі за вамі, а пасля і за табою асабіста.

Хто—ніхто бачыў, як наладаваныя вазы заехалі, але нікому не прыйшлося, калі і ў якім выглядзе пакінулі гасцінны дварок. Таму меркаванняў і чутак было больш, чым трэба. Але паколькі ў жыцці панства Батарэвічаў аніякіх змен не адбылося, усё вярнулася на звыклыя каляіны бытавання. Віціна з сапежанскімі скарбамі шчасліва зачалілася ў Гародні, а кароль, маючы пры боку вялікага канцлера Сапегу, 24 ліпеня трыюмфальна ўехаў да Вільні.

Тым часам непрыйманне ўсходняй вайны ў Рэчы Паспалітай, асабліва ў Вялікім Княстве, мацнела. Перадсоймавы з'езд у Слоніме трымаўся думкі, што наступальная, з мэтай захопу безнадзейная вайна не па сілах Рэчы Паспалітай. Вялікі канцлер Леў Сапега 12 верасня складаў паслам дакладную рэляцыю пра яе ход.

– Мусім з жалем прызнаць, што бунт маскоўскага паспалітага люду амаль канчаткова знішчыў прыцягальнасць вуніі Масковіі з Рэчай Паспалітай, – вялікі канцлер даў мажлівасць засвоіць сумны пастулат і працягваў. – Апошняя спроба пагаднення была б мажлівая выключна на грунце трактату гетмана Жулкеўскага. Ніякія праявы мужнасці гетмана Хадкевіча не дадуць надзеі на поспех у выпадку працягу вайны. Цяжка вызначыць вінаватага ў распачынанні вайны, але засцярог бы складаць адказнасць на Найяснейшага пана.

Вялікі палітык не збіраўся падважваць уплывы Хадкевіча, не браў адказасць на сябе, але не паказаў нікога іншага. Вельмі іх шмат, каб рашыцца на пералік. Разумней засяродзіць увагу паслоў на пастулатах, датычных Смаленшчыны і Севершчыны, горача падтрыманых усімі соймікамі Вялікага Княства. З імі пойдзецца на восеньскі Сойм 1611 года, балазе і кароль 16 верасня ўрачыста ўехаў да Варшавы.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации