Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 14

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 14 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Дыплом на царства!

З цяжарам на сэрцы набліжаўся гетман Жулкеўскі да Смаленска. Няблага разжыўся на маскоўскай кампаніі. Атрымаў собаля, хоць і не ад Дэлагардзі, і на дадатак пса для палявання на мядзьведзя. Не атрымаўшы грошай ад Рэчы Паспалітай, клаў на войска ўласныя, але маскавіты абавязаліся заплаціць жаўнерам гетмана са свайго скарбца. Толькі не цешыла здабыча амбітнага ваяра. Адчуваў сябе калі не абкрадзеным, то падманутым у надзеях.

Везучы з сабою вяльможных палонных, пакідаў Маскву, не спадзеючыся вярнуцца. Не верылася гетману, што ўдасца пераканаць караля зацвердзіць дамову і такім чынам уратаваць царскую карону для Уладыслава. Але далей не яго клопат. Каму даручыць справу кароль, цяжка гадаць. Можа Льву Сапегу? Усё ж ёсць спосабы пакарыстацца Масквою! Каралевіч сапраўды недасведчаны, але хто стане рэгентам, вырашаць не самім баярам, а каралю Жыгімонту. Можа і выпадзе шчасце—няшчасце вялікаму канцлеру Княства. Нельга ж адмовіць, што вайну зладзіў менавіта ён з хаўруснікамі. Біўся за яе на Сойме, пераконваў, а мо і падкупіў, каго далося, дапяў свайго. Праўда і кароль ішоў у сукурс намерам хітрага ліцьвіна, хоць з уласнымі мэтамі. Але не выключана, што выбера якога—небудзь апантанага езуіта. Тады справа дрэнь! Гетман Жулкеўскі з'явіўся пад Смаленскам неўзабаве ўслед за баярскім пасольствам. Вялікі канцлер сустрэў гетмана з падкрэсленай зычлівасцю.

– Што прывезлі Найяснейшаму пану?

Жулкеўскі разумеў, што Леў Сапега чакае ўдакладненняў таго, пра што чуў ці здагадваўся. Моўчкі падаў скрутак пергаменту з некалькімі пячаткамі. Леў Сапега чытаў уважліва і няспешна. Кожнае слова было важным.

– Дыплом на царства! – урачыстым голасам акрэсліў вагу дакумента. – Ад шчырага сэрца віншую яснепана з выключным поспехам на ніве дыпламатыі, што не часта здараецца знакамітым ваярам. Гэта вялікае суцяшэнне ў параўнанні з тым, што маем тут!

– Але ці кране гэта параўнанне ваярскае сэрца Міласцівага пана? – усумніўся гетман.

– Нажаль, Міласцівы пан усё яшчэ пад уплывам словаў яго правялебнасці Рангоні*: «Царская карона на галаве Жыгімонта ІІІ здавалася б мне найлепшай гарантыяй рэлігійнага адраджэння маскавітаў».

Сапега паўтарыў выказванне папскага нунцыя з удаваным намашчэннем. Іронія была надзвычай трапнаю. Рымскі пасланец кеміў у маскоўскіх справах не лепш чым у кітайскіх.

– Не думаю, што гэта ўдасца яго правялебнасці лепш, чым cum aliis nonnullis сatholicis, з іншымі пэўнымі каталікамі, прыкладам з персіянамі, – з’едліва прамовіў гетман.

– Qui ambulat in tenebris, nescit quo vadit, хто ходзіць у цемры, не ведае куды ідзе, – уздыхнуў вялікі канцлер. – Errare humanum est, чалавеку ўласціва заблудзіцца, але бяда, калі іншых прымушае ісці ўслед. А тым часам дастаткова абыходзіцца з пасламі належным чынам і трымацца прынятых абавязацельстваў, каб усё пайшло па нашай думцы. Паслы па большасці настроены зычліва да пагаднення, заключанага панам. Канцлер беражліва скруціў пергамент і вярнуў гетману. Не хацелася ад першых словаў выкладваць гетману штодзённыя прыкрасці перамоваў. Даведаецца сам, калі дагэтуль не атрымаў дакладных рэляцый.

– Калі б бацькамі і выхавацелямі каралевіча былі ліцьвіны, – з усмешкай шчырага шкадавання ўздыхнуў Сапега, – гэты дыплом пацягнуў бы за сабою шэраг выключных падзей. Дробная саступка, моцны рэгент, надзейны двор… Гэта ж якія мажлівасці! Прыбытковы гандаль, altissima fruimur pace, карыстаемся дасканалым мірам на ўсходзе. А рэлігійная апантанасць ніколі не была маткай дыпламатычных поспехаў… Гетман разумеў, што Сапега нагадвае пра традыцыйную талерантнасць ліцьвінскай шляхты, чаго так не хапае каралеўскай пары і яе атачэнню. Пераважная большасць з іх чужыя на глебе Рэчы Паспалітай. Калі не па крыві, то выхаваннем і духам.

– Згодзен з панам канцлерам, – прамовіў Жулкеўскі,– і хвалююся… Адчуваю, што неўзабаве лёс гэтага дакумента апынецца in summo рericulo, ў найвялікшай небяспецы. Пан несумненна ведае, якія настаўленні дасылаліся мне на Маскву.

Сапега азваўся глыбокім уздыхам поўным невыказанага спачування. Абодва былі амаль пэўныя краху сваіх надзей, шмат у чым стычных.

– Так, cusus particularis, выпадак асаблівы. Таму хачу запэўніць, якой бы ні падалася яснепану мая прамова, ад гэтага моманту вы хвалюецеся не самотна, – пранікнёна запэўніў канцлер, падаючы руку Жулкеўскаму.

– Ведаю, пан канцлер ужыў усе свае здольнасці, каб пераканаць караля ў слушнасці маіх дзеянняў і найхутчэй выслаць каралевіча да Масквы. Што ж калі верх узялі іншыя сілы, – гетман з удзячнасцю паціснуў руку Сапегі.

…Прамова лілася няспынным струменем. Гетман слухаў яе з неакрэсленымі пачуццямі. Лашчылі вуха тырады, дзе яго параўноўвалі з антычнымі ваярамі. Казытала самалюбства, што ад імя караля выказваўся не абы хто, а магутны канкурэнт на палітычнай ніве, вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега.

Ужо адно тое, што менавіта яму, значнейшаму з наяўных урадоўцаў, Жыгімонт ІІІ даручыў прамаўляць ад свайго імя, было вызначэннем. І вялікі канцлер не схібіў у паданні дасягнутага яснавяльможным панам Жулкеўскім як на ваярскай, так і на палітычнай ніве. Лепш не падкрэсліў бы сваіх заслуг і сам гетман.

Але па ранейшаму не адступаў непакой, што пасяліўся ў душы праз пару дзён пасля падпісання дамовы, калі чарговы каралеўскі пасланец прыляцеў з непрыймальнымі для маскавітаў патрабаваннямі. І па дарозе гетмана то кідала ў спадзяванне на радасць караля, то думалася пра нясціслае выкананне яго патрабаванняў.

І вось кароль слухаў з непранікнёным выразам, анічым не выказваючы свайго стаўлення да таго, што гучыць з вуснаў вялікага канцлера. Час ад часу кідаў позірк з—пад цяжкіх павекаў. Ад прыгожых карункавых брыжаў шведскага ўзору па далікатныя рукі на разьбёных парэнчах крэсла гетману бачыўся чалавек, які нават у сне памятае, што ён манарх і пакутуе, што не наследны.

Але што стала, то не адстане. Калі быць шчырым, аніколі не зазнаў ад караля вялікай ласкі, а папрокаў аж надта. Таму не можа шчыра цешыцца нібыта ласкавым прыёмам. Кароль ці то старанна следуе традыцыі, ці несвядома адцягвае непрыемную, як прадчувалася, размову. Не абыдзецца без пытанняў, без пярэчанняў, якія гетман несумненна будзе абвяргаць. Завушнікі караля напэўна шмат што даносілі да прыхільных вушэй Міласцівага пана. Але, перш чым падыйсці да гэтай справы, кароль пажадаў даведацца з першых вуснаў пра маскоўскія падзеі.

– А што той цар—царэвіч, ці як там яго завуць?

Пасля Клушынскай бітвы царэвіч застаўся адзіным вартым увагі канкурэнтам каралевіча Уладыслава.

– Тушынскі вор, Міласцівы Пане, – падказаў Сапега з усмешкай, – застаецца «ворам».

Каму, як не вялікаму канцлеру, сутворцу гэтай вайны, ведаць падрабязнасці. Гетман жа паспрабаваў ухіліцца ад дакладнага адказу.

– Нахаба, Міласцівы пане, інакш не скажаш. Quos Deus vult perdere, каго Бог хоча загубіць, таго пазбаўляе розуму…

Кароль не быў задаволены.

– Мы хочам чуць усё ім сказанае, паколькі пан гетман быў найбліжэй тых мясцін і падзей.

Цяжка было зразумець, прызнанне гэта ці дакор. Як Жулкеўскі здагадваўся, меліся на ўвеце варункі падпарадкавання царыка каралеўскім прапановам.

– Воля ваша, – скарыўся Жулкеўскі. – На прапанову падпарадкавацца Вашай міласці царэвіч адказаў: „Згодны служыць у хлопа, чым з рук караля ягамосьці хлеба выглядаць.” Па прысутных пакаціўся пошум жаху і незадаволенасці. Магло здацца, што значная частка іх пачуццяў прызначаецца пераказчыку.

– Якое нахабства! Нікчэмны імпостар! Плюгавец!

– Але былі з яго боку і сустрэчныя прапановы, – геман прымоўк у чаканні дазволу працягваць.

– Цікава нам, – прамовіў Жыгімонт, не паказваючы ні гневу ні хвалявання.

Жулкеўскі на імгненне задумаўся, укладаючы адказ.

– Тушынскі прэтэндэнт ахвяруе па трыста тысяч злотых штогод на працягу трыццаці год для Рэчы Паспалітай, а сто тысяч каралевічу, калі Міласцівы пан падтрымае старанні царыка наконт маскоўскага трону.

– Шчодры ягамосьць, – здзекліва заўважыў Жыгімонт, павярнуўшыся да Льва Сапегі.

Гетман падумаў, ці не бачыць кароль вялікага канцлера як хроснага бацьку таго пройды. Пакуль справы былі не вельмі, усе наракалі, што Сапега раіў, а зараз то нібы іхняя была задума. Але хто не мачаў пальцы ў гэтым брудзе!

– Да таго ж, – працягваў гетман, – дапаможа здабыць Інфлянты і шведскую карону.

Усе прыціхлі. Шведская карона была смелым напамінкам нават для самога гетмана. Але кароль аніяк не выдзеліў гэтага паведамлення. Толькі зазначыў: – Відаць пані Марына слаба на яго ўплывае.

– О! З ёю не лепш, Міласцівы Пане, – пайшоў на падмогу гетману Леў Сапега. – “Няхай кароль ягамосьць саступіць цару Кракаў, а цар ягамосьць дасць каралю Варшаву!” так выказалася.

Нібы прадчуваў, чым усё скончыцца і на меру магчымасці спрабаваў ратаваць, што дасца, са здабытага Жулкеўскім.

Кароль надалей не гневаўся і не смяяўся, дазваляючы атачэнню самому вызначацца, як паставіцца да пачутага. Гетман быў задаволены, што не мусіў пераказваць словаў дачкі сандамерскага ваяводы, ачмурэлай ад прывіду ўлады. Крануў прыгожа спісаны, замацаваны подпісамі і пячаткамі пергамін, нібы хлапчук, які хоча ўпэўніцца, што каштоўная, так жаданая цацка нідзе не прапала. Мабыць ніводнай вайсковай перамозе та не радаваўся, як здабыццю гэтага незвычайнай вагі дакументу. Дыплом на царства! Ці не адзіны вартасны вынік вайны? Вынік не столькі бітваў, колькі перамоваў, патаемных сустрэч, лістоў і нястомнай працы кур’ераў. Мабыць пераважвае пагадненне ад 1601 году, калі Леў Сапега праз паўтары гады цяжкіх перамоваў вымусіў на маскавітах дваццацігадовы мір. Не адзін канцлер вінаваты, што так важнае пагадненне паламалася.

“Сёння Жулкеўскі абскакаў Сапегу”, – сам сябе пацешыў гетман і спахапіўся, вяртаючы твару адпаведную хвілі ўрачыстасць. – “Ці зразумее Міласцівы пан, што з гэтай паперай Масква лічы ягоная?” – закончыў сваю думку.

Разумее вартасць дасягнутага Леў Сапега. Таму і паблісквае элаквэнцыяй. Але невядома як будзе далей. Ад першых поспехаў Леў Сапега настойваў на вяртанні Смаленшчыны з усёй северскай зямлёю Вялікаму Княству. А Міласцівы пан не толькі прызначыў губернатарам горада свайго ўлюбёнца Патоцкага, але і на пасады ў Смаленшчыне рассадзіў караняжаў. А тыя пачалі звягу, нібыта вялікі канцлер Сапега ні ў генеральным штурме ні ў канчатковым пераможным, пад кулі не лез і людзей сваіх стрымліваў. Брацлаўскі ж ваявода Якуб Патоцкі, якому кароль аддаў уладу над войскам, сам вёў жаўнераў на сцены і таму аддае гэтыя сцены каралю. І Сапегі і Радзівілы адчулі сябе пакрыўджанымі.

Сапегам заўсёды ў галаве абшары і ўплывы, але ці захоча кароль адбіраць землі ад сынавага царства, каб надзяліць сквапны род? Да таго ж каралю ў галаве маскоўская раць у вайне за шведскую карону.

Не дай Божа, калі адначасна з клопатамі пра шведскую карону кароль замахнецца насаджваць у Маскве каталіцкую веру. Гора можа быць вялікае. Гэта ж такі абсяг! І народаў у ім розных, як маку, і веравызнанняў тых не менш.

Што ж, хутка пераканаемся, як пойдзе. Урэшце самі падзеі маглі паўплываць на Міласцівага пана. Калі не спяшацца, добра разважыць, то шмат што дасца палагодзіць, удакладніць і ўзгадніць.

Прывітальная прамова скончылася, як канчаецца рана ці позна ўсё прыемнае. Пункт за пунктам Жулкеўскі пачаў абгрунтоўваць і тлумачыць свае дзеянні, але хіба толькі на твары Льва Сапегі ды яшчэ на адным—двух мог заўважыць разуменне і ўхвалу. Правы і парадкі, Дума ды рознае іншае нібыта прымалася без істотных заўваг. Але дайшло і да спраў веры…

Ні за адзін пункт дамовы гетман так не баяўся як за той, дзе йшло пра пераход каралевіча на праваслаўе. Але не пагадзіся ён, то напэўна не было б ні гэтага пергаменту, ні прысягі баяраў, ні акрычання Уладыслава Жыгімонтавіча царом на пляцах маскоўскіх гарадоў.

– …У праваслаўі суіснуюць розныя плыні. Ёсць і такія, што настойваюць на смяротным пакаранні за пераход на каталіцтва, – цярпліва даводзіў гетман. – Іх захады можна перабіць і адолець толькі лагоднасцю, памяркоўнасцю і паступова. Адпаведна тамтэйшым абставінам, я дзейнічаў pro suo maturo iudicio, згодна са сваім сталым меркаваннем…

Кароль ад першых словаў гетмана пра дасягнутае пагадненне не крыўся са сваім нездавальненнем. Даслухаўшы тлумачэнні, грэбліва патрымаў у руцэ пергамент і, не тоячы гневу, адкінуў. Пячаткі матлянуліся, ціха пляснулі па сталешніцы, скрутак пагойдаўся і ляжаў нібы не вартая ўвагі рэч.

– Не гэтага мы спадзяваліся ад пана гетмана!

Жулкеўскі стаяў, як аглушаны. Ані кроплі развагі і разумення! Незаслужаная крыўда апякла сэрца. Ляцела ў друз уся будыніна, узведзеная коштам велізарных высілкаў і страт. І вялікі канцлер Княства зразумеў, што кароль не зацвердзіць дакумента, але можа ўдасца ўратаваць нешта з палітычнага плёну, які магло даць пагадненне. Адкідванне дыплому стварала нявызначаны стан адносінаў з Масковіяй, працяг вайны без акрэсленых мэтаў, ці бессэнсоўны выхад з яе. Галоўная мэта была дасягнута, па сутнасці, гэтым Дыпломам, а іншыя не мелі шанцаў ды і не былі дакладна вызначаны.

– Можа мае пан гетман што дадаць? – рашыўся на дапамогу Леў Сапега. – На маю думку не зазначана, што, замест de summa rerum armis decernere, аружна ўсю справу вырашыць, мэта дасягнута мірным шляхам. Гэта захавала нам жаўнераў, маючы на думцы незавершаную інфлянцкую кампанію і пагрозу з боку Турцыі, апошнім часам выразна завостраную.

Вялікі палітык разумеў, што дыплом адкрывае магчымасці значна большыя, чым інтрыга з “царэвічамі”. Толькі заслепленасць на спадчынным уладаранні ды шведскай кароне магла патлумачыць стаўленне караля. З недаравальнай лёгкадумнасцю адкідаліся інтарэсы Рэчы Паспалітай, бо не стаялі першымі ў палітычных намерах караля і ягонай каморнай рады.

– Дамова пра хаўрус, але дзеж там пра абавязацельствы Масквы супраць шведаў? – чарговы стратэг пакрыёма нагадвае пра запаветны стакгольмскі сталец. – Толькі гэткія абавязацельствы маглі б акупіць адмову ад здабытых гарадоў і абшараў.

Кароль наўпрост не здрадзіўся, затое памагатыя не скемілі і шыла вылезла з меха. Але Жулкеўскі ўжо ні на што не разлічваў і не лічыў патрэбным адказваць лісліўцу. Кінуў зычлівы погляд на Льва Сапегу і ціха прамовіў.

– Што ж мог бы дадаць, пане канцлер, калі вушы Міласцівага пана закрыты перад маімі довадамі, – з жалем прамовіў ён. – Pro suo maturo iudicio, згодна са сваім разуменнем, – яшчэ раз спаслаўся гетман, – стараўся пазбегнуць памылак папярэдняй выправы.

Ведаў, што стаўленне караля, выказанае так адкрыта, выкліча атаку каралеўскага атачэння. Накінуліся, як на Сойме, калі ён супраціўляўся намерам распачаць гэту вайну, не скончыўшы інфлянцкай. Дзяўблі, як груганнё, а потым амаль увесь цяжар кампаніі звалілі на яго, Жулкеўскага, плечы, большасць войска пакідаючы тут, пад Смаленскам. А зараз выказваюць незадавальненне, што прынёс ім не тыя вынікі, якіх чакалі, і што іх так мала. Чаму ж тады не адклікалі гарнізон з Крамля? Што з ім далей?

– Як жа пан гетман мог абяцаць вяртанне здабытага крывёю нашых жаўнераў? – першым, нібы звяглівы шчанюк з—за бота гаспадара, накінуўся адданы завушнік караля каронны падкаморы Анджэй Боболя. – А пераход на праваслаўе – гэта ж затрата душы!

Неверагодны ханжа, стары кавалер, які казалі ніколі не крануў жанчыны, па чарзе перабыў дваранінам Стэфана Баторыя, Генрыка Валуа, Жыгімонта ІІ Аўгуста, і вось сакратар і дарадца Жыгімонта ІІІ. Радаваўся нягоднік, што заслужаная стокроць гетманам вялікая булава застанецца вакантнай, а то і трапіць не такому здатнаму.

– Так, так, саступкі занадта вялікія. Масква ж была бездапаможнаю, – падхапіў нейкі біскуп. – Маем выпадак, калі in vitium duut culpae fuga, жаданне пазбегнуць памылкі, прыводзіць да яе, – павучальна закончыў ментар.

“І адкуль ты ведаеш, ваяр палацавы, – злосна хмыкнуў сам сабе гетман, ведаючы, што нікога не пераканае, – Не дай Бог спазнаць Рэчы Паспалітай, якія сілы ў Масковіі не вычарпаны”.

Жулкеўскага заўсёды непакоіла і злавала неразуменне каралём і “каморнай радай” простай, здавалася б, асаблівасці: такі значны і моцны, не гледзячы на ўсе беды народ, як маскавіты, не кінецца ніцма перад тым зборышчам езуітаў, што зацята патрабуюць неадкладнага і хуткага “навруцэння”. У Масковіі хапае ўласных апантанцаў веры, каб аддаваць перавагу прыблудным, мовай і звычаямі такім далёкім і нязвыклым.

Усё ж паспрабаваў дастукацца да розуму.

– Зацяжка з пагадненнем завострыць стаўленне маскавітаў, – сілячыся на мяккасць, папярэдзіў гетман. – Да голасу прыйдуць тыя, хто настойвае на супраціве, на збройным адпоры. Нельга забывацца ні пра хаўрус маскавітаў са шведамі, ні пра тушынскага вора. Маю дакладныя звесткі пра збор значнага апалчэння.

– Pacta iurata obstant, пагадненні, замацаваныя прысягай, не дазваляюць вольнага іх трактавання, – нагадаў як папярэдзіў Леў Сапега. – Гэта можа прывесці да непрадказальных дзеянняў абодва бакі. І абодвум будзе на шкоду. Перабыванне нашага гарнізона ў Крамлі страціць усялякі сэнс.

У іншых абставінах голас славутага ўкладальніка Статута меў бы вагу і прымусіў да высноваў. Але да голасу прыходзілі не тыя, хто думаў пра Рэч Паспалітую і разумную палітыку.

– Калі і быў пан гетман прыхільнікам вуніі з Масковіяй, то з дакументу гэтага не вынікае, – з папрокам прамовіў вялікі канцлер Кароны Ваўжынец Гэмбіцкі. – Зацягнуў яснавяльможны пан гэту справу. Замала, ой замала парупіўся пра пашырэнне святой каталіцкай веры. Залішне заверыў схізматыкам. Не разгледзеў malitia heriticorum et conspirationes, злосць ератыкоў і змовы.

Гетман раптам падумаў, што гэтага адукаванага, прыхільнага навукам і мастацтву святара—сенатара зараз магла б замяніць пані Жулкеўская. Апантанасці не менш, а разумення сітуацыі не больш. Зацяты вораг любой схізмы, горача падтрымліваў намер ашчаслівіць Крэмль асобай Міласцівага пана. Айцы езуіты згледзелі, што місія абароны каталіцкага свету перад нявернымі і схізматыкамі добра прыкладаецца да шляхецкіх вольнасцяў. Нібыта забяспечвае іх, узвышае і маральна ўгрунтоўвае. А таму для Рэчы Паспалітай касцёл ва ўсім, касцёл перад усім! Вялікі канцлер, а за круцыфіксам і далягляду не разгледзіць! Не дзіва і не шкода, калі яго сапхне з пасады вунь той малады «Дэмасфэн».

– Але ж мосьці панове і вы, ваша правялебнасць, – гетман стрымліваў раздражненне, – рачце ўзважыць. Люблінская вунія рыхтавалася больш паўтары сотні год. Грунт быў у значнай ступені забяспечаны і то ішло з супрацівам. А вам здаецца, што з такім разлеглым і вялікім цэсарствам, як Масковія, можна дасягнуць падобнага за пару дзесяткаў тыдняў.

– Усім сэрцам падзяляю ваша меркаванне, пане гетман, – стрымана ўставіў Сапега.

– Але ж у Любліне атрымалася, бо душою і сэрцам да справы прыклаліся! – не здаваўся каронны канцлер.

Нібы не ведаюць, што і дагэтуль нават такія як Хадкевічы ды Радзівілы ў лес паглядаюць. А колькі тых, малазначных, памятае і рупіцца пра сваё Княства больш, чым пра вось гэтых варшаўскіх сэнатараў, што паседжваюць за надзейнай аслонай войска і вучаць яго ваяваць так, каб іх задаволіла.

Гетман ледзь не крыкнуў, дык чаму ж не ішлі са мною, каб прыкласціся душою і сэрцам! Чаму не жахнуліся, з якой жменькай выправіў мяне кароль супраць сарака тысяч маскавітаў? Ля Смаленска, пры каралю, утульней? Як казаў святы Аўгустын, прыемна быць на караблі падчас буры, калі ведаеш, што карабель застанецца цэлы. Яшчэ раз вырашыў паспрабаваць, але не паспеў.

– А з тым смяротным пакараннем, то перахапілі схізматыкі думку ў сваіх хаўруснікаў—шведаў, – вылез не вельмі разумна нехта ззаду.

Жыгімонт ледзь заўважна пакрывіўся. Усялякі напамін пра рэлігійныя завастрэнні на сваёй радзіме перажываў востра, хоць і стараўся не паказваць.

– Пра такі звычай не можа быць мовы, – перасцярог сурова. – Дастаткова будзе абыходзіцца з маскавітамі паводле таго ладу, якім падлягаюць волі сваіх паноў.

Натуральна, ці мог новы крыжак Жыгімонт адступіцца ад сваёй задумы. Цень Лаёлы ўзносіў над ім сваё бласлаўленне. Нецяжка было скеміць, што адыход ад маскавіцкай улегласці пацягне жаданне яшчэ большай волі. А ці ўтрымаеш тады Крэмль ды Смаленск?

– Вялікакняская шапка Масковіі ў нашых руках – найлепшае забеспячэнне яе рэлігійнага адраджэння, – зазначыў як неаспрэчнае прымас. – Што да пакарання, то і гэта будзе вызначацца Найяснейшым панам згодна з маскоўскай традыцыяй.

Кароль задаволены кіўнуў. Прымас ледзь не даслоўна пераказаў яго меркаванне, выказанае апостальскаму нунцыю Сыманэту* для паведамлення Рыму. Толькі казалася пра шапку на яго, жыгімонтавай, галаве. І ўскладзеную без папярэдніх умоў, як вынік вайсковай перамогі.

Гетман адчуваў сябе бездапаможным у гэтых тэалагічных спрэчках. Нібы вярнуліся часы крыжовых паходаў, а палітычныя мэты і цвярозыя высновы саступілі заклікам і сімвалам веры.

«Нічога вы не атрымаеце, шаноўныя, – падумаў ён, аглядаючы зацятыя твары і выцягнутыя ў нітачку вусны слуг Божых. – Ані абшараў дзеля пашырэння слова Божага ў вашым тлумачэнні, ані гурмаў нованавруцоных. Патаўчэце ваду ў ступе, лаючы Жулкеўскага, а пасля пабяжыце, не азіраючыся, да Варшавы, да Кракава. І дай вам Бог дабегчы цэлымі.»

Павёў вачыма па нерухомых постацях святароў са складзенымі ў пальцах далонямі. Погляд зачапіўся за скрутак пергаміну на ўскрайку стала. Лёгкі скразняк ці рух паветра ад нейчыяй адзежыны гайдануў яго.

“ Ну і куды зараз гэты дыплом? Зваліцца дзе і затопчуць, як анучу, а колькі сіл і крыві спатрэбілася, каб яго здабыць! Вось табе і “Хрэст цалавала сталіца!” І сам жа прыклаўся, як належала.”

Кароль палічыў далейшую дыскусію непатрэбнай.

– Дзеля слушных прычын не дапушчу, каб мой сын быў маскоўскім царом! Яснавяльможны пан гетман павінен быў разумець і кіравацца гэтымі прычынамі! Sublata causa, tollitur efectum, паколькі прычына адпала, дзеяння не паследуе, – закончыў Жыгімонт, як прыпячатаў.

Леў Сапега палічыў справай гонару хоць добрым словам выказаць сваё спачуванне гетману. Застаўшыся сам насам маглі размаўляць амаль як аднадумцы.

– Пан Бог гвалтам суе гэта гасударства каралю ў рукі, а яны ці то з няўмельства, ці скупасці і ўпартасці гвалтам адпіхаюць.

– Думаю, – азваўся гетман, – ці няма тут злога дзеяння.

– І такое не выключаецца, – пагадзіўся канцлер. – А якія прыбыткі маглі б мець… І палітычныя і гаспадарчыя… Дастаткова краіне суцішыцца і ўсе яе скарбы выйдуць на торг. Ці ж блага было б на тым торжышчы мець прывілеі і пяршэнства?

Жулкеўскі пазіраў некуды перад сабою, нібы ўслед прывідам страчанай перамогі.

– То та ж і яно… Каб так дзейнічалі, як належыць, ужо даўно мог бы быць канец справе, а прынамсі зараз. Аж на табе! – Нічога не скончыцца, – уздыхнуў Сапега. – Наадварот, з—за злога іх справавання і непарадку пойдзе яшчэ ў доўгую справу. Але паспрабуем ратаваць, што дасца. Не за намі апошняе слова, але і мы не апошнія са сваім словам. Панскі дакумант яшчэ не раз выплыве на бурлівыя воды… – Рады чуць такое ад яснепана, – гетман падаў канцлеру сваю малую далонь. – Бо я ні слова больш не дадам.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации